355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 26)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 26 (всего у книги 32 страниц)

А вось на пахаванне бабулі я не патрапіла.

Радня наша нешматлікая і няблізкая, усе паехалі забіраць памерлую бабулю з бальніцы. Мама ніякіх сябровак і сардэчных суседак не мела, і мяне пакінулі адну рыхтаваць пахавальны стол. У дзевятнаццаць гаспадарчыя мае здольнасці абмяжоўваліся падзабытымі школьнымі ўрокамі працы і ўменнем адкрыць бляшанку кансерваў. Тым не менш салаты я падрыхтавала, нарэзала, што трэба было нарэзаць, вось толькі з катлетамі – асноўным блюдам стала – атрымаўся аблом. Пакуль бабуля магла, кухня была на ёй... І катлеты ў яе атрымліваліся адмысловыя – і не падгарэлыя, мяккія, і чорнага колеру. Вось і я, плачучы, пякла катлеты і чакала, пакуль яны стануць чорнага колеру, як у бабулі... Але яны толькі змяншаліся ў памерах... Пакуль не сталі з грэцкі арэх. Затое амаль чорныя.

І вось скажыце – трагічны які эпізод жыцця, а памятаюцца перш за ўсё тыя няшчасныя катлеты...

А вянок з уласна зробленых кветак я так для бабулі і не падрыхтавала. І цяпер на Радаўніцу, на Дзяды купляем стандартныя шыкоўныя вянкі...


Як мы ў Кіеве начавалі

У маім савецкім дзяцінстве асабліва карыснымі лічыліся кнігі, якія загартоўвалі волю і выхоўвалі альтруізм. Напрыклад, пра піянераў-падпольшчыкаў, якія моўчкі пераносілі страшэнныя катаванні, а потым іх імёнамі называлі вуліцы. У звязку з ваеннымі кнігамі былі тыя, што распавядалі пра дзяцей, якія пераадольвалі цяжкія хваробы ў спецбальніцах, інтэрнатах і санаторыях. Помню аповеды пра санаторый для туберкулёзнікаў у Крыме, пра інтэрнат для дзяцей, хворых на раматуз, пра палату дзяўчынак, што лечацца апаратам Елізар’ева, які выпроствае косткі... Маленькія пацыенты змагаліся з болем, у іх былі свае гульні і моцнае сяброўства, так што мне нават хацелася патрапіць на іх месца. Гэта вам не «Чароўная гара» Томаса Мана з філасофскім нагрувашчваннем, а ідэалагічнае выхаванне, даходлівае, як дзягай па азадку... Галоўнае, я ж сама ў дзяцінстве пакаштавала бальніц, і нічога добрага там не бачыла... Розніца паміж рэальнымі бальніцамі і апісанымі ў мастацкіх творах была такой жа, як між кадрамі «Кубанскіх казакаў» і рэальнай калгаснай украінскай вёскай, што зведала Галадамор.

Цяжка паверыць, але здараецца, што і рэальныя бальніцы дораць перажыванні карнавальна-літаратурныя... Клас маёй дачкі адпраўляўся на травенькія святы на экскурсію ў Кіеў... Паехалі і многія бацькі. Перад адпраўленнем наша настаўніца папрасіла праверыць, ці ва ўсіх з сабой дакументы. І выявілася, што я замест свайго пашпарта прыхапіла сынаў... Я пакорліва выйшла з аўтобуса. Але наша цудоўная настаўніца Зінаіда Кірылаўна тут жа арганізавала ратунак: маці аднакласніцы маёй дачкі была на машыне, мы хуценька зматаліся за пашпартам, і я зноў апынулася ў аўтобусе...

Гэта быў лёс.

Ноч прайшла пад бадзёрае гарланне падрастаючага пакалення.

На раніцу вабноты Кіева ўспрымаліся трохі паралельна свядомасці, і марылася пра той гатэль у самым цэнтры горада, які нам абяцала турфірма.

Але прадстаўніца турфірмы патлумачыла, што вось прыкрасць, святочныя накладкі, шыкоўны гатэль пакуль не падрыхтаваны, трэба адразу на шпацыр, а заселімся потым...

Паглядзелі Сафійскі сабор, палазілі па пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры, прыклаліся да труны з машчамі Іллі Мурамца, падзівіліся на металёвую Радзіму-Маці, з ажыўленым варыянтам якой, нават у чалавечай прапорцыі, страшна было б сустрэцца на люднай вуліцы, а не тое што на пустэльным беразе...

Вазілі нас па горадзе, пакуль не сцямнела, і нават самыя шустрыя шкаляры цяпер гатовыя былі ўлегчыся хоць у бронзавым чоўне Шчэка, Харыва і сястры іхняй Лыбедзі, паклаўшы пад галаву шматлікія вясельныя вянкі, якія па традыцыі туды шпурляюць украінскія маладажоны. Таму вестка, што замест шыкоўнага гатэлю нас прымуць у таксама шыкоўным, але можа не настолькі, успрынялася з палёгкай.

Праз густую ўкраінскую ноч, якую там-сям прабівалі прывідныя свечкі каштанаў, аўтобус пад’ехаў да нейкага парку, лесу, карацей – «зялёнай зоны»... У святле фараў вымаляваліся дыхтоўныя жалезныя вароты і бетонная агароджа. Наверсе агароджы ў некалькі радоў працягваўся калючы дрот. З-за варотаў выломваўся сур’ёзны сабачы брэх. Ахоўнікі выглядалі не менш сур’ёзна. Нават узброеныя, як спецназаўцы.

Вароты з жудкім лязгатам не адчыніліся, а ад’ехалі ўбок. За імі бачыліся толькі дрэвы, падсвечаныя рэдкімі ліхтарамі.

Калі пад хрыплы лямант аўчаркі вароты зачыніліся за намі, узнікла панічнае пачуццё, відаць, родам з генетычнай памяці, што выйсці назад не ўдасца. Аўтобус ціха ехаў па прысадах, вакол панавала цемра. Нарэшце спыніўся перад двухпавярховым будынкам, які разгледзець цалкам было немагчыма.

Сустракалі нас кабеты ў белых халатах. Рэцэпшэна не прадугледжвалася. Не было і ключоў ад нумароў. Як, уласна кажучы, і саміх нумароў. Нам гасцінна прапанавалі займаць тыя месцы, якія падабаюцца.

Месцаў хапала. Будыніна, відаць, калісьці была панскай сядзібай, з анфіладамі, гасцёўнямі, будуарамі... Цяпер усё гэта было застаўленае двух’яруснымі металёвымі ложкамі, казённа засцеленымі. Некаторыя ложкі былі дзіцячымі, меліся там жа і скрыні з цацкамі, таннымі і гігіенічнымі, якія лёгка мыюцца ў расчынні соды.

– Дзіцячы садок санаторнага тыпу! – жыццярадасна патлумачыла адна з кабетаў. А прадстаўніца турфірмы дадала, што маем проста шчаслівы выпадак – людзі на выходныя засталіся працаваць дзеля нас, заезджанцаў, згадзіліся прыняць...

Але гэта нагадвала блёкат. Бясконцыя анфілады паўцёмных пустых пакояў, бляклыя сцены, металёвыя панцырныя ложкі, пафарбаваныя ў белы колер з чорнымі плямамі аблезлінаў, спецыфічны незразумелы пах... А вакол дзесьці там калючы дрот... Мы з дачкой і яе сяброўкай спыніліся ў адным з вялізных пакояў – акрамя нас, сюды ніхто не дайшоў. Занялі месцы на ніжнім ярусе... Дзяўчаты, якія ледзь не млелі ад стомы, улягліся. Мне неяк не спадабалася, што пад прасцінамі была падкладзеная цырата. Я вырашыла даследаваць дзіўнае месца. Над драўлянымі дзвярыма, фарбаванымі зялёнай алейнай фарбай, драмала лямпачка ў шкляным авальным футарале з чырвоным надпісам «Пост № 2»... У куце – абцерханы пісьмовы стол, з якога старанна былі прыбраныя ўсе «доказы»... Затое пад празрыстым пластыкам ляжалі спісаныя лісткі са слупкамі прозвішчаў і лячэбнымі прызначэннямі... І я даведалася, што мы знаходзімся ў адным з карпусоў псіханеўралагічнага дыспансеру, а менавіта ў тым, дзе лечаць дзяцей з энурэзам. Тых, што ноччу мочаць пад сабой ложак і каго на рэчыцкім Палессі, калі верыць этнографу Чэславу Пяткевічу, лячылі выключна збіццём.

Так, тут маглі б адбывацца падзеі адной з кніжак майго дзяцінства.

Пераначуеш – болей пачуеш... Але на раніцу новага мы не пачулі, а я не стала агучваць сваё адкрыццё... Нас пагрузілі ў аўтобус і павезлі далей любавацца краявідамі. Спецыфічны пах пераследваў мяне яшчэ некалькі дзён, нават па вяртанні ў Мінск.

Я здагадвалася, што шыкоўнага гатэлю, хутчэй за ўсё нам і не прадназначалася, а гэты быццам бы «выпадковы» начлег – добрая магчымасць падзарабіць для беднай медыцынскай установы і ўвішнай турфірмы.

Але сёння я ўспамінаю тое падарожжа, начлег у кіеўскай псіхушцы, старую сядзібу за калючым дротам, у засені вялізных дрэваў без злосці... І ўсё здаецца толькі трохі смешным і нават настальгічна-рамантычным.


Я, ангельская каралева і белыя пальчаткі

Стрыечны брат маёй маці, інжынер, на некалькі гадоў быў пасланы разам з сям’ёй у Англію «па абмене», працаваць на вытворчасці. Гэта было проста неверагоднае шанцаванне, і час ад часу мы атрымлівалі лісты з нетутэйшымі маркамі і паштоўкі, усыпаныя блішчынкамі, з замежнымі надпісамі. А аднойчы ў лісце сваякі прыслалі каляровы фотаздымак – парадны партрэт каралевы. У яе быў зусім не лялечны, разумны і добры твар, дасканалая пастава, зацягнутая ў белую пералівістую сукенку, на сіняй стужцы цераз плячо зіхацелі вялізныя дыяментавыя сняжынкі ордэнаў... І, вядома, на галаве красавалася самая сапраўдная каралеўская карона!

Каралева сталася маёй улюбёнай субяседніцай. Я разумела, што ёй не вельмі ўтульна ў нашай «хрушчоўцы», таму старалася абкружыць належнай раскошай. Са срэбнай і залатой фальгі нарабіла цэлыя сервізы – талерачкі, кубкі, чаркі, лыжкі... Посуд складала ў «залаты» куфэрачак з алюмінію, набыты ў цацачнай краме «Бураціна». І час ад часу каралева мела магчымасць узначальваць сапраўднае каралеўскае застолле... Праўда, я так і не знайшла цацкі, вартай сесці разам з ёй за стол, так што даводзілася мне замяняць каралеве ўсю прыдворную публіку...

Потым нашы сваякі вярнуліся. Мая стрыечная бабуля Воля бясконца з гонарам распавядала пра новыя манеры, якія ейны сын, нявестка ды ўнучка прывезлі з замежжа. Выключальнікі перарабілі, каб былі на ўзроўні апушчанай рукі, цукру не ўжываюць... Мая сястра паспела павучыцца ў ангельскай школе, і бабуля Воля па ейнай просьбе звязала ёй з тонкіх белых баваўняных нітак летнія пальчаткі – бо менавіта ў такіх у Англіі яна хадзіла ў сваю школу...

У якасці падарунка бедным сваякам, які мусіў далучыць і нас да арыстакратычных звычак, такія ж пальчаткі былі звязаныя і мне.

У маім уяўленні яны былі цалкам матэрыяльным прывітаннем ад ангельскай каралевы.

Я, напэўна, дзесьці ў глыбінях свядомасці разумела, што ісці ў звычайную савецкую школу ў такіх пальчатках не зусім бяспечна, але ж я была паслухмянай дзяўчынкай, да таго ж свет рэальны кранаў мяне куды менш, чым кніжна-фантазійны. Ад застрашлівага і нуднага побыту я заўсёды адгароджвалася мроямі, высноўваючы ў галаве сюжэты, сюжэты, сюжэты... І першага верасня мяне ўрачыста выправілі ў школу з арыстакратычным аксесуарам. Якраз было вельмі цёпла, ангельскія белыя пальчаткі дзіўнавата спалучаліся з форменным фартушком з акцябрацкім значком і сціплымі паношанымі сандалікамі фабрыкі «Прамень».

Раён быў працоўны, школа знаходзілася ля завода ацяпляльнага абсталявання, станцыі «Радыятарная» і турмы. Многія «хрушчоўкі» былі заселеныя нядаўнімі вяскоўцамі ды жыхарамі працоўных інтэрнатаў. Вучні кучкаваліся перад будынкам школы, заціснутым паміж «хрушчовак», спрабуючы ў адчайнай беганіне і штурханіне здабыць яшчэ хоць крыху волі...

На мяне заазіраліся... Пасля пачалі паказваць пальцамі... Нехта выкрыкнуў: «Зіма-лета-папугай, наша лета не пугай!», але я ніяк не адгукнулася, паглынутая ўспамінамі пра апошні чытаны прыгодніцкі раман кшталту трох мушкецёраў. Нехта з хлопчыкаў паўстаў на маю абарону: «У яе проста рукі баляць! Праўда?» Я холадна адпрэчыла гэты варыянт. «Значыць, гэта каб зручней партфель насіць?» – падумаўшы, высунуў гіпотэзу мой абаронца. «Так ходзяць у школу ў Англіі!» – спакойна прамовіла я і адвярнулася. Некалькі дзяўчатак, што сімпатызавалі мне, падыходзілі па адной і шэптам раілі зняць пальчаткі, бо «так будзе лепей»... Я паціскала плячыма: «Так носяць у Англіі!» – і працягвала лунаць у мроях, дзе дзейнічалі каралеўскія асобы.

Між тым школьны натоўп віраваў, вакол мяне ўтварылася кола пустэчы – нават сяброўкі не наважваліся стаць побач. Асабліва пільны хлопчык паспяшаўся паведаміць настаўнікам аб крамольнай падзеі крыкамі: «Ала Пятроўна, а яна ў белых пальчатках!» А вакол ужо чуўся шэпт «буржуйка!».

Настаўнікі зразумелі, што трэба ўмешвацца.

– Людачка, а чаму ты ў пальчатках? – папыталася адна.

– Так носяць у ангельскай школе! – сціпла адказала я, не прыўносячы ў адказ ані каліва снабізму.

– Адкуль ты ведаеш?

– У мяне сястра там вучылася! – зноў сціпла адказала я, шчыра не разумеючы, у чым, уласна, праблема?

Настаўніцы разгублена пашапталіся, пасля чаго мне было загадана пальчаткі зняць.

– А чаму? – наіўна папыталася я. Уцямнага адказу не атрымала, але паслухалася, тым больш што пальчаткі страшэнна мне абрыдзелі, у іх было горача, яны мулялі рукі... Зняла, схавала ў партфель... І так і не ўсвядоміла, наколькі парушыла нейкія няпісаныя правілы гульні. Маю маму выклікалі ў школу адмыслова, каб папярэдзіць – больш ніякіх белых пальчатак, і ўвогуле ніякіх «замашак»!

Фотаздымак ангельскай каралевы дасюль стаіць на маёй кніжнай паліцы. Аднойчы пабываў у Ангельшчыне мой сын, які прывёз адтуль два светлавыя мячы «Зоркавых войнаў», якія свецяцца і гудуць дасюль, калі націснуць на кнопачкі...

А яшчэ бывае ў мяне час ад часу адчуванне, што я зноў стаю сярод натоўпу ў белых карункавых пальчатках... Але я ніколі больш не схаваю іх у школьны партфель.

АПАВЯДАННІ

Кветка малайскага лёну

Атрамантавая пляма на белай паверхні парты нагадвала профіль Гогаля. Нізкая грыўка, востры дзюбаты нос, вусы...

Міхась столькі сёння глядзеў на гэтую плямку, што калі б зараз заплюшчыў вочы – усё роўна працягваў бы яе бачыць.

Каб ён быў дзяжурным, дык зараз жа прыйшлося б узяць сцізорык і сашкрабаць аўтара Вія з фарбаванай дошкі.

Але невядома, ці давядзецца яму, Міхасю Саколічу, толькі што выключанаму з піянераў, калі-небудзь навязаць на руку чырвоную павязку з надпісам «Дзяжурны». Чырвоная павязка – гэта ж давер, а ён даверу не варты.

Аднакласнікі разыходзіліся, нязвыкла прыціхлыя. Ніводзін, нават лепшы сябрук Грышка Жамокін, не зірнуў на развітанне на Міхася, нібыта такі позірк засведчыў бы пра іхнюю нетрываласць у змаганні з варожымі элементамі. Дырэктрыса, строга падцяўшы і без таго вузкія і бляклыя вусны, прайшла паўз Міхася ў дзверы класа... Нібыта яшчэ ўчора не ўсміхалася яму пры сустрэчах, не даравала шматлікія прагулы і паламаны на заднім двары школы бэз (ну, паваліліся туды падчас барукання з Грышкам).

Яшчэ б – як не паважаць сына адказнага супрацоўніка з Наркамата ўнутраных спраў! Ды ён, Міхась, і сам па сабе ладны, нібыта ажыў гіпсавы піянер з прысадаў гарадскога парку – круглы твар, буйныя светлыя кудзеры, шырока расстаўленыя нахабныя блакітныя вочы, трохі кірпаты нос, задзірыстая пастава... Усе яму ўсміхаліся, усе хацелі з ім сябраваць... І за гэтым хавалася не проста любоў – а страх. Міхась з п’янкім задавальненнем адчуваў гэты страх і ў поглядзе дырэктрысы, і на дне гарэзных вачэй дзяўчынкі за суседняй партай, і ў тым, як Грышка стрымлівае свой кулак, каб не ўдарыць на поўную сілу... Таму Саколічу на хвілю падалося, што падчас сходу прывідная рука тузанула нейкі рубільнік, і твары ўсіх прысутных згаслі знутры, як вокны, за якімі больш не гараць лямпачкі Ільіча. Адзін настаўнік геаграфіі Сігізмунд Станіслававіч Тарвецкі (за адно імя можна знелюбіць) і пасля сходу не змяніўся – ягоная фанабэрыстая надзьмутая фізіяномія, напэўна, увогуле змяніцца не можа. Вось хто аскалёпак старога рэжыму... Невысокі, але падцягнуты, сівыя валасы і вусы ўкладзеныя валасінка да валасінкі, як прыклееныя, і ўвесь такі акуратны, нібыта парушынкі разлятаюцца ў бакі ад адной думкі, каб прызямліцца на ягоны выпрасаваны касцюмчык. І да таго ж гэты сівы дадатак да пенснэ ў адрозненне ад іншых выкладчыкаў яго, Міхася, шчыра ўзненавідзеў з першага ўрока. Міхась на ягоны расповед пра славутых беларусаў, якія рабілі геаграфічныя адкрыцці, гучна прамовіў, што буржуйскія падарожнікі займаліся паняволеннем неграў і індзейцаў, і іх расстрэльваць трэба, а не вучыць пра іх.

Сігізмунд Станіслававіч тады злосна ўпёрся позіркам у Міхася і працадзіў скрозь зубы нешта пра самаўпэўненых невукаў... А тады пачалося: на кожным уроку «буржуй» (гэтак з Міхасёвай падачы празвалі настаўніка ў класе) чапляўся, задаваў дурныя пытанні – усё, каб давесці, што ён, Міхась, нічога не кеміць у геаграфіі... А колькі разоў пакідаў пасля ўрокаў! Саколіч дасюль без нянавісці не можа ўспомніць: пусты клас, вясёлыя галасы аднакласнікаў за вокнамі, схіленая над кнігамі сівая галава «буржуя»... Шоргат старонак, якія той перагортвае тонкімі пальцамі так часта, што Міхась напачатку не мог даць веры, што чалавек здольны так хутка чытаць. Але варта загледзецца, адарваўшыся ад вывучэння раздзела падручніка – занудны голас:

– Няўжо вам нецікава, Саколіч? Не хацелася ні разу пабываць у прэрыях? Хаця б дзеля таго, каб дапамагчы працоўным мексіканцам?

Вось шашаль папяровы... І нічогенька ж не баіцца. Усе настаўнікі школы ў гэтым годзе пачалі выкладаць на мове вялікага Леніна, каб наблізіць час зліцця ўсіх народаў СССР у адну магутную нацыю, а ён упарта размаўляе па-беларуску. Гэта ён, ён павінен быў быць сёння на Міхасёвым месцы, і слухаць пра варожыя вылазкі, і паныла маўчаць, не знаходзячы апраўданняў...

Праўда, аднакласнікі ўрокі геаграфіі любілі. Міхась часам таксама заслухоўваўся «буржуйскімі» байкамі пра пампасы-лампасы, канквістадораў і індзейскіх правадыроў... Да таго ж Сігізмунд Станіслававіч заўсёды прыносіў з сабой на ўрок нешта цікавае – якую-небудзь масайскую маску, з дапамогай якой добра было б удаваць вобраз Сусветнага Імперыялізму падчас выступлення агітбрыгады, альбо выцвілы егіпецкі пергамент з выявамі пляскатых шыракаплечых фараонаў, альбо кавалак вулканічнай лавы – падобны да бруднага вясновага лёду, пабітага воспай сонечных промняў.

Часам і Міхась нават забываўся на тое, што ўрок вядзе пракляты «буржуй»... Але ўспамінаў, і тады... Асабліва добра ўдалася задумка з чучалам браняносца, гэтак удала пачэпленага на матузкі, што выскачыў проста ў абдоймы Сігізмунда Станіслававіча, калі той адчыніў шафу ў кабінеце геаграфіі.

Атрамантавы Гогаль пачаў падазрона раздвойвацца, расплывацца ў вясёлкавым тумане... З выратавальнага забыцця вярталіся толькі што перажытыя хвіліны – адна за адной... Гэтак чалавек хаваецца ад дажджу пад навес, а калі дождж ужо скончыўся, палатно раптам прарываецца, і назапашаная на ім халодная вільгаць абрыньваецца на галаву небаракі – адразу па кроплі, тады жменямі, а тады – вадаспадам.

Яго бацька – вораг народа! Добра замаскаваны, хітры, але яго выкрылі... Трацкіст, польскі шпіён, ангельскі выведца... Сабатажнік і тэрарыст. Як піянер мог жыць з такім у адной кватэры – і не раскусіць? Ну хоць цяпер, калі ўжо позна, трэба цвёрда адрачыся ад такога сваяцтва. Павініцца перад таварышамі. Прызнацца ў сваім пасобніцтве ворагу.

«Ну што ты маўчыш, Саколіч?»

Чырвоны гальштук з яго амаль сарвалі – так што мяккая тканіна нечакана балюча шаргатнула па шыі.

А яшчэ – і гэта зусім невытумачальна, як блёкат – нечы зласлівы шэпт: «Насіў воўк, панеслі і ваўка...»

Правільна, не хапала яшчэ расплакацца! Міхась злосна пацёр вочы шорсткім рукавом пінжака. Добра, што застаўся насамоце.

Нехта з-за спіны крануў яго за плячук. Хлопец спалохана зірнуў назад... «Буржуй» Тарвецкі! Гэткі ж фанабэрысты, як заўсёды.

– У вас ёсць якія-небудзь сваякі ў Менску?

Міхась неўразумела маўчаў. Настаўнік зрабіў колькі крокаў і стаў перад нелюбімым вучнем чорным слупом, шыльдачкі не хапала – «Абыходзіць за сто крокаў».

– Вам... нельга дахаты.

Міхась разляпіў вусны (трэба ж – ён, аказваецца, не вымавіў ні слова цягам усяго дня).

– Чаму? Мама...

– Вашай маці дома няма. І прыслугі таксама.

Тарвецкі вымаўляў словы, як на ўроку, спакойна, важка, нібыта складаў з цяжкіх, дасканала адшліфаваных каменняў піраміду – так, што ляза ў зазоры не ўсунуць.

Міхась з нянавісцю зірнуў у шэрыя, нібы сакавіцкае неба, вочы настаўніка геаграфіі, схаваныя здрадліва празрыстымі шкельцамі пенснэ.

– Я пайду дадому...

Тарвецкі цярпліва паўтарыў:

– Там нікога няма. Кватэра апячатана. Вашу маці... забралі. Яна, вядома, хутка вернецца. Але пакуль што вам трэба дзесьці перабыць. Вам ёсць да каго пайсці? Сябры? Сваякі?

Міхась, зусім агаломшаны, глядзеў на запэцканую парту. Свет рассыпаўся, як разбітае люстра, засталася адна шыкоўная бронзавая рамка. У кожным аскалёпачку друзу крывіўся твар «буржуя». Куды ісці, калі замест твайго адбітку – кавалак сцяны ў пустой рамцы?

Настаўнік геаграфіі ўздыхнуў і зноў крануў інтэлігенцкай рукой плячо былога піянера.

– Уставайце...

Міхась не адразу асэнсаваў, куды яны кіруюцца. Папраўдзе, яму было ўсё роўна. Толькі калі пачалі падымацца па шырокіх прыступках пад’езда каменнага дома на рагу Савецкай, успомніў: гэта ж дом «буржуя». Яны з сябрукамі колькі разоў сачылі за ім, рыхтуючы сюрпрызы кшталту рассыпанага па брукаванцы гароху (старэчу Тарвецкага, аднак, не так лёгка аказалася зваліць з ног – спрытны, гад).

Дзверы на другім паверсе расчыніліся цяжка, з металёвым рыпеннем, бы ў склеп. І з кватэры пацягнула нейкім застарэлым пахам... І цёмна там было, як у склепе. Некалькі імгненняў Міхась увогуле нічога не мог разгледзець і застыў недарэчнай лялькай, выставіўшы наперад рукі. Рэзкі шоргат – і святло ўдарыла па вачах... Гэта Сігізмунд Станіслававіч рассунуў на вокнах у зале цяжкія парцьеры. Міхась заплюшчыў вочы, а калі вярнулася здольнасць бачыць... Навошта чалавеку столькі кніг? Паліцы ўздымаліся ад падлогі да высокай столі, кнігі стракацелі вокладкамі і выпраменьвалі пыл... Парушынкі скакалі ў светлавых слупах, нібыта радаваліся прыходу новага чалавека – можа, не будзе такім аматарам акуратнасці, як гаспадар, скончыцца гэтая вечная вайна з мокрымі анучамі?

...Буржуй, як ёсць буржуй. Але, падобна жыве адзін: ні сям’і, ні прыслугі... Няўжо сам прыбіраецца ды гатуе?

– Есці хочаце, малады чалавек?

Пытанне настаўніка змусіла Саколіча асэнсаваць, што – так, сапраўды... Свет зруйнаваўся, а есці ўсё роўна хочацца. І піць, аказваецца, таксама страшэнна хочацца...

Вядома, тое, што падавала на стол Фаня, домработніца Саколічаў, было куды лепей... У настаўніка геаграфіі не аказалася ўвогуле нічога смачнага. Сітны хлеб, тварог, колькі скрылёчкаў сала... Верх «раскошы» – абаранкі. Гарбату Тарвецкі заварваў з сушаных зёлак. Міхась быў бы не супраць, пакуль гаспадар важдаўся на кухні, палазіць па кватэры, дзе акрамя кніг на паліцах грувасцілася яшчэ шмат цікавостак – ад чучалаў птахаў да агромністых ракавін, але Тарвецкі загадаў госцю сядзець і не варушыцца... У другі час так бы Міхась і паслухаўся... Ды цяпер самому хацелася стаіцца, заціхнуць, нібыта тады бяда пройдзе міма, не заўважыўшы...

Але яна дакладна ведае, дзе цябе шукаць, як спрактыкаваны злодзей вылічвае ўсе хітрыя хованкі гаспадароў, беспамылкова вытрэсваючы грошы з вышыванай падушкі на канапе альбо з развінчанага карнізу.

Міхась асцярожна пацягваў гарбату з зёлкамі, пазіраючы спадылба на Тарвецкага, які ў белай кашулі і камізэльцы выглядаў яшчэ больш па-буржуйску.

– Пераначуеце ў мяне, а заўтра пасля заняткаў вырашым, куды вас падзець,– усё тым жа сухім голасам адказаў на непрамоўленае пытанне гаспадар.

– Я не пайду ў школу,– зацяўся Міхась.– Я... я ў Камсамольск-на-Амуры паеду!

«Буржуй» зрабіў ласку пасміхнуцца:

– Хоць на Чукотку, малады чалавек. Але толькі пасля атрымання сярэдняй адукацыі.

– Нашто мне цяпер ваша адукацыя?

Сігізмунд Станіслававіч паставіў на белы абрус парцалянавую філіжанку з намаляванай на ёй сіняй птушкай з неверагодна доўгім хвастом.

– Веды – адзінае, што мы можам забраць з сабою ў любых жыццёвых варунках. Адзінае, што не здрадзіць. Жыццё для вас не закончана, Саколіч. І давайце з’ясуем. Калі вы чакаеце, што я буду вас шкадаваць ды выціраць вам соплі, памыляецеся. Калі вы – няварты ўвагі шматок анучы, не здольны вытрываць спасланых Богам выпрабаванняў, дык не трэба дзівіцца, што вамі будуць выціраць падлогу. Калі вы – мужчына, дык трывайце і ўпарта выбірайцеся з яміны, куды вас будуць раз за разам саштурхоўваць.

Настаўнік гаварыў невыносна жорстка, нібыта біў па шчоках істэрыка. Міхась ускінуў калматую светлавалосую галаву.

– Я не ануча! І Бога няма!

– І першае, і другое пытанне чалавек мусіць вырашыць для сябе сам, не зважаючы на меркаванні іншых. Хапіла ж у вас сілы не адрачыся на сходзе ад свайго бацькі.

Дзіўна, але разам з усплёскам нянавісці да географа Міхась адчуў дзіўную палёгку: нібыта яго, зняможанага і зняверанага, нехта моцны падняў за каўнер, адвалок убок і страсянуў: «Вочы расплюшчы, недарэка! Вось жа дарога! Чаго ты папёр у дрыгву?»

Жыццё падалося нечым асобным ад яго самога, празрыстай, прасякнутай святлом субстанцыяй. Яна віравала вакол, як папяровыя парушынкі, вольна праходзіла скрозь цела, якое ўсё стваралася з гэткіх жа сонечных парушынак, і ўсе яны маглі аднойчы некуды адляцець, як пылок з кветкі, і з’яднацца са светлымі аблокамі...

Але нашто яму аблокі, калі ў яго больш няма чырвонага гальштука?

«Ворагі вельмі хітрыя, сынок,– павучаў бацька.– Ты мусіш верыць толькі таварышу Сталіну!»

Бацька вельмі не любіў такіх «інтэлігенцікаў», як Тарвецкі, казаў, што варта любога з іх прыціснуць – і вылезе гнілое буржуйскае нутро.

Можа, гэта тыя, каго ён «прыціскаў», інтэлігенцікі з гнілым нутром, і ачарнілі бацьку, агаварылі яго? Ці... заразілі сваёй гніллю, пошасцю? І... маці таксама?

– Мой бацька – не вораг!

Міхась адчуў, што слёзы наварочваюцца на вочы... Нізавошта не паказаць сваёй слабасці перад гэтым!..

Тарвецкі, аднак, відаць, заўважыў... Кінуў фанабэрыста:

– Лішніх насовак у мяне няма! І прыслугі таксама. Спадзяюся, вы ўмееце мыць посуд, Саколіч?

А потым Міхась сядзеў на цвёрдай скураной канапе – скура была прыбіта цвікамі з масянжовымі круглымі капялюшыкамі, і канапа здавалася апранутай у сярэдневечны даспех, і чытаў узяты наўгад з паліцы дарэвалюцыйны падручнік па геаграфіі – у вокладцы, якая нагадвала зялёны мармур, з крохкімі жоўтымі старонкамі і штампам «Аптекарскій магазинъ А. И. Федоровъ»... Тарвецкі за шырозазным, як маленькі карабель, сталом правяраў сшыткі. Здавалася б, геаграфія – не матэматыка, але «буржуй» увесь час задаваў то сачыненні, то выпісваць цікавыя звесткі пра краіны... Апошняе, пра што давялося пісаць Міхасю, была Малайзія. Але што там наконт яе – забіце, не памятаў. Хіба два словы «пальмавы алей».

У старым падручніку ён таксама знайшоў Малайзію: «Население Ост-Индскаго архипелага состоитъ преимущественно из Малайскихъ племен, которыя на востоке смешиваются съ Папуасами. Многие островитяне утратили уже нравы и веру своихъ отцов и приняли подъ влиянием колонистовъ европейский образъ жизни».

Вось бы з’ехаць туды... Вызваляць малайцаў ад каланістаў, вяртаць ім іхнюю мову ды норавы... А тут няхай самі разбіраюцца...

– Цікавіцеся экзатычнымі краінамі? – Міхась ледзь не падскочыў ад голасу Тарвецкага проста над сабой.– Што, з’ехаць ад праблемаў хочацца?

– Нічога не хочацца...– прабурчэў Міхась, трохі зніякавелы ад таго, што ягоныя думкі нібы прачыталі.

Тарвецкі таксама прысеў на канапу і задумна глядзеў перад сабой.

– Адзін мой... знаёмы таксама вельмі паважаў і любіў свайго бацьку. Той быў калісьці ўдзельнікам паўстання... Прайшоў катаргу, вярнуўся, ажаніўся... А калі нарадзіўся сын, неўзабаве памёр ад перажытага. Чалавек, які здаў яго царскім уладам, былы сябра, універсітэцкі аднакурснік, жыў таксама – але ў сталіцы... Зрабіў кар’еру, стаў вялікім чыноўнікам. Жонка паўстанца была высакароднай, патрыятычнай кабетай, і лічыла пачэсным звязаць лёс з героем-пакутнікам, нашмат старэйшым ад сябе. Яна з гонарам насіла сваю жалобу. І калі сын падрос, вырашыў адпомсціць за бацьку.

– Забіць таго белагвардзейца? – Вочы Саколіча заблішчэлі.

– Так... Але таго не проста было забіць, бо яго ахоўвалі. Ён нідзе не паказваўся сам. Тады мой знаёмы звязаўся з групай адчайных, якія не баяліся караць катаў. Гады пайшлі на падрыхтоўку... Хлопец стаў студэнтам універсітэта ў тым горадзе, дзе жыў здраднік. Ён вывучыў усе ягоныя звычкі і яго дзеянні. Ён намагаўся рабіць поспехі ў сваёй навуцы, каб стацца сябрам Геаграфічнага таварыства, праславіцца, атрымаць магчымасць наведваць афіцыйныя мерапрыемствы, дзе бывалі вышэйшыя чыноўнікі... Лічыце, гэта яму ўдалося. І прысуд быў выкананы.

– Як?

– На жаль, не стрэл... Бомба... Самая папулярная на той час зброя. Маладыя змагары звыклі спаць на дынаміце, снедаць за сталом, на якім стаялі колбы з нітрагліцэрынам... Майго знаёмага схапілі.

– І павесілі? – Саколіч нават з нагамі залез на канапу, страціўшы пострах перад гаспадаром.

– Не... Дваццаць гадоў катаргі.– Тарвецкі задумна пагладжваў свае запясці.– Ён адбыў тры... Як ён ганарыўся сабою! З якой лёгкасцю насіў кайданы! А тады сустрэўся з былымі таварышамі бацькі. Даведаўся, што жывуць там, у тайзе, некалькі інсургентаў – пасля катаргі іх пакінулі на вечнае пасяленне. І што яны ваявалі ў тым самым атрадзе, дзе і бацька... Малады катаржанін адразу паспрабаваў паведаміць пра сябе, сустрэцца... Але ніводзін не захацеў да яго прыйсці. Мой знаёмы вырашыў, што яны проста вельмі старыя... Нарэшце яму ўдалося спаткацца з адным з іх... Як хацелася пачуць захопленых успамінаў пра бацьку! Не пачуў. Паступова – усе шкадавалі яго, не хацелі гаварыць наўпрост – зразумеў: усё мана... Ягоны бацька не быў для іх героем. Некаторыя лічылі яго проста за баязліўца. Былі і ўпэўненыя, быццам ён – здраднік. Забіты юнаком чалавек сапраўды ўціхамірваў паўстанне – але рабіў гэта па перакананні, выконваючы сваю працу... Ім пагарджалі менш, чым юнаковым бацькам, які – варта было арыштаваць – зламаўся, як сцябло льну пад ударамі біла церніцы... А потым, адпушчаны пасля суда, які стаў для многіх смяротным прысудам, да канца жыцця ўдаваў з сябе мужную ахвяру... Затлуміў мазгі маладзенькай суседцы... Усё жыццё зайздросціў універсітэцкаму сябру, які рабіў кар’еру ў Піцеры... Пасля гэтага мой знаёмы з катаргі ўцёк.

– Як?

– Доўга расказваць. Калі душа ахопленая пякельным агнём, цела прапаліць сабе шлях. Ішоў праз тайгу, да мора. Наняўся матросам на маленькую рыбацкую шхуну з Ганконга – у іх трое памерла ад жаўтухі. Японія, Карэя, Інданэзія, паўвостраў Малака... Ён блукаў па такіх экзатычных месцах, што экзотыка навязала на зубах. І марыў вярнуцца на Беларусь. Тым болей ён не ездзіў у зручных калясках пад парасонам, у пробкавым шлеме і белым пінжаку... Хадзіў пешкі, наймаючыся на самую чорную працу, каб зарабіць грошай на далейшы шлях. Аднойчы яго нанялі пераапранаць нябожчыкаў – ніжэй у той краіне апусціцца немагчыма. Насіў цюкі з шоўкам. Збіраў пальмавы алей. Нават нейкі час змей вучыўся лавіць. Больш за ўсё яму не хапала... Ведаеш, чаго? Лёну. Беларускага лёну. Сіняга пяшчотнага поля, праз якое так любіў бегаць у дзяцінстве. Але аказалася, лён ёсць і на паўвостраве Малака – новазеландскі лён, зусім не падобны да нашага. З шорсткімі лістамі веерам, з жоўтымі кветкамі... Зараз пакажу...

Тарвецкі падышоў да шафы, з-за шкла якой так і мецілі выскачыць засушаныя яшчаркі.

– Вось...

На далані географа ляжала сухая кветка, нібыта зробленая з выцвілага егіпецкага пергаменту.

– Нічога асаблівага, на тытунь падобна,– прабурчэў Міхась.

– Яна была яркай, як дзьмухавец,– сумна прамовіў географ.

– А што з вашым сябрам здарылася далей? – пытанне прагучэла глухавата, бо Міхася паволі пачало хіліць у сон. Тарвецкі зразумеў гэта і загаварыў сушэй, кароткімі, як насечанымі, фразамі:

– Усялякае было. Паміраў. Выжываў. Аднойчы зарабіў татуіровак ледзь не на ўсім целе – што зробіш, гасціннасць тубыльцаў... Прыстроіўся качагарам на ангельскае судна. І ўрэшце патрапіў у Еўропу... Ахопленую вайной. Але ён даў сабе слова – больш ніколі нікога не заб’е. Ірваўся на Беларусь, як апантаны. Беларусь сустрэла папялішчамі. Са сваякоў – нікога. Немцы... Беларускі ўрад... Палякі... Зноў Саветы... Самае цікавае, што пры кожнай уладзе яго садзілі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю