355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 23)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 32 страниц)

А вось мадэмуазэль Алін, іх строгая, уражлівая мадэмуазэль Алін нечакана апранула яркі ўбор гарэзлівай Каламбіны. Радусь захінаўся ў белы плашч з нашытым крыжам. Ганка і Гапка – у неверагоднай шырыні крыналінах і ў каронах, але якіх каралеў сёстры мусілі ўвасабляць – ведалі дакладна толькі яны самі. Сярод стракатага натоўпу вылучаўся Стасік у простым чорным пінжаку, з каўняром пад горла. Але ён прымаў такія гордыя позы, спрабуючы годна адказаць на жарты рудзенькіх сясцёр, што ягоны касцюм цалкам мог сысці за карнавальны – рамантычны герой, высакародны змагар. А вось пан Міхал выйшаў у легкадумным строі тамбурмажора, у велізарным ківеры і з велізарным жа бліскучым жазлом, якім з усяе сілы стукнуў у падлогу.

– Карнавал пачынаецца!

Вусы ў пана Міхала былі пышныя свае, і ўсміхаўся ён у іх так весела, што ўсе засмяяліся у адказ, запляскалі ў ладкі. Але Гапка закрычала:

– Пачакайце, яшчэ Настассі няма!

Некалькі вясёлых галасоў гукнулі дзяўчыну. Раптам з галерэі другога паверха пачулася працяглая ўсходняя мелодыя дзівоснай прыгажосці. Нехта сыпануў блішчынкі, і над лесвіцай закружыўся фантастычны лёгкі снегапад. На верхняй прыступцы замерла прывідная фігура. На дзяўчыне, грацыёзнай, бы крынічны струменьчык, была смарагдавая, расшытая камянямі і залатой біццю доўгая шаўковая кашуля, падпяразаная шырокім залацістым пасам, з-пад кашулі выглядалі шальвары з белага атласу, з блякла-зялёнымі расліннымі ўзорамі. Ножкі – у залатых чаравіках з загнутымі насамі, на турбане з белага шоўку уздрыгваюць дзівосныя пёры, а твар прыкрывае празрысты вэлюм, быццам кавалак русалчынага сну. Нават Анцік не адразу пазнаў сястру – вось чаго яна так падоўгу зачынялася ў сваім пакоі і вось куды знікла матчына цюлевая палярына! Толькі вялізныя шэрыя вочы схаваць немагчыма – адразу пазнаеш.

Дзяўчына павольна спускалася па лесвіцы, ступаючы ў такт пералівістай мелодыі. Праз вэлюм праглядвала ўсмешка. Нарэшце агульнае ашаламленне прайшло, усе зноў запляскалі, прыветна закрычалі. Да ўсходняй прынцэсы з двух бакоў кінуліся, прапаноўваючы руку, элегантны Радусь у белым касцюме паладзіна і Стась у чорным. Прынцэса крыху памарудзіла, а пасля звонка рассмяялася і працягнула абедзве рукі палкім рыцарам.

– Танцы! – закрычаў пан Міхал на правах кіраўніка.

І танцы пачаліся... І закруцілі галовы, і прымусілі сэрцы біцца шалёна, быццам ад знясільваючых уцёкаў ад прозы заўтрашняга дня. Вядома, з’явіліся калядоўшчыкі – з казою, мядзведзем, цыганом і цыбатым буслам, які страшна шчоўкаў драўлянай вострай дзюбай. А якія былі падарункі! Анцік асабліва ўзрушыўся атрыманым ад бацькі мікраскопам з дваццацікратным павелічэннем і Стасевым шыкоўным наборам для стварэння этымалагічнай калекцыі (бедныя будуць кузуркі ў наваколлі карвараўскага дома!).

А ў давяршэнне – прагулка на санках.

Вядома, беднага Анціка адправілі спаць.

Які несправядлівы свет!

Дзяўчына ў смарагдава-бела-залацістым пералівістым уборы ціха ішла па паўцёмных калідорах маёнтка, смех і гуд свята заціхалі недзе далёка. Урэшце, там, дзе канец калідора расшыраўся ў пакой эркера – круглую залу з вялікімі вокнамі, што выступала перад фасадам дома, быццам волатаў ліхтар, на фоне заснежанага акна ўбачылася нечая постаць.

– Стась! Чаму ты ўцёк?

Юнак змрочна сузіраў асветленыя дрыготкім агеньчыкам лампады яслі – васковы Хрыстос цягнецца ручкамі да схіленай над ім маці з васковым жа прыўкрасна-сумным тварам, авечачкі – як жывыя, пухнатыя, забаўныя, бычок, здаецца, так бы і замыкаў ад радасна-дурнаватага здзіўлення...

– Ста-ась!

У голасе дзяўчыны гучаў дакор, нібыта на адрас непаслухмянага дзіцяці. Сумотнік нарэшце прыўзняў галаву як мага больш ганарліва.

– Не хвалюйцеся за мяне, спадарыня Настасся. Я прывык да адзіноты. Падумаць захацелася сам-насам, паразважаць.

– Ды ты проста пакрыўдзіўся, што я з Радусем танчу.

Добра, што ў цемры не відаць, калі чырванееш. Стась з усіх сіл намагаўся зрабіць голас спакойным. Выглядаць смешным перад гэтым дзяўчом! Невыносна.

– Я, прабачце, не заўважыў, з кім вы танчылі, і лічу ваш выбар вашай жа асабістай справай. Мой настрой не залежыць ад... ад дзявочых капрызаў.

Усё-ткі выдаў сябе, сказаўшы пра капрызы. Цяпер – толькі сысці... Змагар за сацыяльную справядлівасць, называецца... Бедны Вертэр...

Пакуль юнак, утаропіўшыся ў кут, шчыра асыпаў сябе ў думках крыўднымі мянушкамі, Настасся ціха паклала руку яму на плячо.

– Дурненькі... Радусь проста мой сябар дзяцінства, самаўпэўнены дэндзі. Мне такі спадабацца не можа. Ну, перастань дзьмуцца...

Стась не вытрываў, павярнуўся да дзяўчыны, схапіў яе прахалодныя далонькі, як два пялёсткі, у свае рукі, прыпаў да іх гарачымі вуснамі.

– Прабач... Я паводзіўся, як дзіцё...

– А ты і ёсць дзіцё,– засмяялася Настасся,– хоць і лічыш сябе тургенеўскім Базаравым.

– Але Тургенеў у многім меў рацыю.– Стась зноў пасумнеў.– Нават твае бацькі – якія б ні былі разумныя, прыстойныя людзі, застаюцца панамі, людзьмі свайго класа. Ім нікуды не падзецца ад віны перад простым народам. Паглядзі, колькі сёння страчана грошай на забавы – можна было б накарміць цэлую вёску! Дарэмнае, заганнае спальванне часу!

Настасся паківала галавой:

– Мне цяжка спрачацца з табой – вядома, ты больш за мяне ведаеш, ты старэйшы... Але хіба не варта траціцца проста для таго, каб чалавек парадаваўся? Хіба ты не бачыў, што сёння ў Рэчыцы прыходзілі сяляне і іх дзеці і таксама атрымалі свята – і падарункі, вядома. Людзі цягнуцца да прыгажосці. Гэты хлопец, што граў сёння на флейце... У дзяцінстве ў яго адбіралі дудачку і білі ёю па вуснах – каб не займаўся дарэмнай справай. А ён выразаў новую – і граў... Цяпер ён вучыцца ў кансерваторыі – наш бацька дапамог. А вось гэтыя яслі... Іх майстравалі не паны – прыслуга. Паглядзі, з якой любоўю тут зроблена кожная дэталь. Людзей ніхто не змушаў, ніхто не загадваў гэта рабіць. Знішчы гэтую прыгажосць, калі можаш!

– Мяшчанства...

Стась нахіліўся, узяў у рукі маленькага Хрыста... Пальцы склаліся, каб шчоўкнуць у васковы лобік... Расціснуліся... Стась асцярожна паклаў ляльку на месца, нібыта жывое немаўля. Уздыхнуў... І загаварыў іншым тонам, мякка і даверліва:

– Напэўна, твая праўда... Нават у тым свеце, які калі-небудзь пабудуюць нашыя нашчадкі, не знікнуць прыгажосць і каханне. Але... я не хачу, каб ты ператварылася ў спешчаную паненку, загубіла сваю жывую душу ў павятовым «свецкім жыцці». Вядома, твае бацькі не зразумеюць... Як не разумеюць мае, хаця яны таксама добрыя, сумленныя людзі, а бацька паспеў і слаўна паваяваць. Дык вось... Пры нашым універсітэце адкрыліся курсы для жанчын... Табе спаўняецца васямнаццаць...

– І мне давядзецца коратка пастрыгчыся? – рассмяялася Наста.

– Чаму? – разгубіўся Стась.

– Ну як жа, усе курсісткі – каротка стрыжаныя. А ў мяне – вунь якія косы...– Наста гарэзліва прыўзняла рукамі пышныя русыя пасмачкі, перавітыя тонкімі залатымі ніцямі з перлінамі.

І Стась не вытрымаў, каб не дакрануцца – асцярожна-асцярожна, быццам баяўся пашкодзіць – да гэтага духмянага вадаспада.

– Ну, я думаю, можна абысціся і без стрыжкі... Але... Ты згодная?!!

– Хіба ты сумняваўся?

– Дарагая...

Дзве постаці наблізіліся адна да адной, замерлі...

Потым хлопец прашаптаў:

– Я мог бы за цябе памерці... З радасцю.

Яна закрыла яго вусны даланёй:

– Нашто гаварыць пра смерць!

Юнак шчасліва рассмяяўся:

– Сапраўды... Перад намі – жыццё, дарога з балота – на шырокі прастор. Мы можам фіктыўна пажаніцца – і ты атрымаеш волю і зможаш сама распараджацца сваім лёсам. Так многія курсісткі зрабілі.

– Фіктыўна? – Наста сказала гэта так холадна, з такой адчужанасцю і крыўдай, што Стась упаў на калені, адчуваючы сябе нягоднікам.

– Любая! Я толькі хацеў сказаць, што ты – вольная і ад мяне. Я ніколі, чуеш – ніколі – не буду навязваць табе свае рашэнні. Ты – асоба, ты – чалавек, роўны мне...

Настасся коратка ўздыхнула:

– А хто табе сказаў, што я хачу быць вольнай ад цябе?

– Мілая...

Постаці зноў зліліся ў прывідным водблеску месячнага святла, што выпраменьваў снег за шырокімі вокнамі. Дзесьці пачуліся вясёлыя крыкі тых, хто выпраўляўся на санную прагулку. Звінелі, аддаляючыся, бомы... Раптам па калідоры паплыў агеньчык свечкі, пачуліся галасы.

Хлопец і дзяўчына інстынктыўна прыціснуліся адно да аднаго, прыселі, стаіліся ў цёмным куце – як у гульні ў жмуркі. Галасы набліжаліся.

– Навошта ты прымаеш у доме гэтага залескага паніча? – маці гаварыла не злосна, хутчэй горка-стомлена.

– Дарагая, ён добры хлопчык... І ні ў чым не вінаваты,– гэта адказваў бацька.

– А ў чым былі вінаватыя твае браты? Ты сам? У тым, што хацелі волі для свайго народу? Забывацца на пакуты тых, хто ахвяраваў сабою дзеля справядлівасці,– ганебна.– Маці была нечувана рэзкай.– Вось сёння... пад час карнавалу... Я проста не магла глядзець, як дзве няшчасныя сіраты – Ганулька і Агапка – жартуюць з сынам ката і забойцы іх бацькі. Твайго брата, між іншым.

Бацька памаўчаў, чуваць былі толькі яго цяжкія крокі – пан Міхал меў звычку падчас цяжкіх роздумаў хадзіць...

– Наўрад ці хлопец ведае пра справы дваццацігадовай даўнасці. Ён, як мне падаецца, чалавек сумленны і таксама хоча справядлівасці для народа...

Маці горка рассмяялася:

– Дараваць і забываць – гэта мы, беларусы, умеем. Ты ўжо забыўся, што Залессе належала тваім продкам на працягу пяці стагоддзяў? Ты забыўся, што трыццаць сем’яў з Залесся панам палкоўнікам, цяперашнім гаспадаром, былі высланыя ў Сібір, за дапамогу бунтаўшчыкам – былым іхнім панам? А мужчыны перад гэтым пакаштавалі бізуна. І ніхто з сасланых не вярнуўся. А цяпер на грошы, сабраныя з залескіх сялян, вучыцца гэты высакародны паніч. Які таксама збіраецца сялян вызваляць... Няхай бы вызваліў хоць аднаго з тых, сасланых ягоным бацькам!

– Магда, ты несправядлівая... Дзеці мусяць быць вольныя ад жаху мінулага.

– І ты дапусціш, каб твая дачка, а ў мяне ёсць такія падазрэнні, пакахала сына падлюгі і ката, чалавека, які колісь гнаіў цябе ў каменным лёху і загадваў карміць сялёдкай і не даваць вады, каб змусіць прадаць братоў? А табе было ўсяго васямнаццаць, і яны не мелі ніякіх доказаў, што ты быў інсургентам... І калі я дабілася спаткання, ты быў увесь спухлы і скусаны пацукамі і вошамі, і не мог трымацца на нагах... А калі цябе пацягнулі назад, я бачыла, як гэты... чалавек... ударыў цябе па твары, папярэдне надзеўшы скураную пальчатку. Як быццам выконваў непрыемную, але карысную і патрэбную працу. Я не магу гэтага забыць, Міхал...

Жанчына заплакала. Бацька загаварыў нешта суцяшальнае, дзверы грукнулі, і галасы сціхлі.

Дзве постаці засталіся ў прыцемку залы з вялікімі вокнамі. Цяпер яны ўжо не прыціскаліся адна да адной. Стаялі побач, але так нерухома, быццам між імі ўзнік нябачны архангел з вогненным мячом.

Раптам адна постаць сарвалася з месца і пабегла.

– Стась! – у Насты не было сіл нават закрычаць, з яе вуснаў вылецеў нейкі хрыплы шэпт.

З вуліцы зноў даносіліся вясёлыя галасы, перагукваліся бомы, ляпалі дзверы – святочная ноч заканчвалася.

Залескага паніча знайшлі пад вечар наступнага дня на дарозе ў Залессе. Чаму ён пайшоў пешкі ў самую сцюжу, ды яшчэ не па бальшаку, а праз лес, дзе самыя сумёты?

Пасля гэтага здарэння залескі маёнтак быў прададзены нейкаму немцу, які спакусіўся ўчасткам лесу з гонкімі карабельнымі соснамі, што прадаваўся разам з маёнткам. Хутка там застукалі сякеры, зашоргалі пілы, і Залессе ператварылася ў высечку, зарослую панылым асіннікам, пасярод якой цямнеў, як помнік былому жыццю, занядбаны дом з забітымі аканіцамі – новы гаспадар там не жыў.

Настасся Карвар пасля заканчэння гімназіі паступіла на жаночыя курсы пры Санкт-Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. Асабліва быў у захапленні ад гэтага яе малодшы брат Антон – цяпер сястра прывозіла яму ў падарунак новыя кнігі па біялогіі і заспіртаваных яшчарак.

На Каляды ў маёнтку Рэчыцы больш не ладзіліся пышныя карнавалы.


Дом з драўлянымі львамі

Яны прыйшлі якраз на праваслаўнае Вадохрышча, калі зорны Вознік спыніў сваю калясніцу над цёмным сілуэтам капліцы. Яе добра было відаць з вокнаў сядзібы, чый ганак вартавалі два драўляныя львы, замеценыя снегам аж па разяўленыя пашчы.

Гэта была ненадзейная ахова. Адзін маленькі, але жывы сабачка быў бы карысней за тыя вялікія, нязграбныя, пашчапаныя часам і непагаддзю страшыдлы. І адзін з нечаканых гасцей пастукаў у шыбу...

Іх было трое. Два – зусім юнакі, са змучанымі інтэлігентнымі тварамі, апранутыя ў, відаць, нязвыклае для іх сялянскае адзенне. Трэці, гадоў пад трыццаць, бялявы і светлавокі, быў у салдацкім шынялі, з кішэні якога тырчэў стары пісталет. Бялявы час ад часу браўся за яго неўсвядомленым рухам. «Нібыта састарэлая паненка за пудраніцу з люстэркавай накрыўкай»,– з недарэчнай іроніяй падумалася гаспадару сядзібы. Сам гаспадар, сівы хударлявы старэча ў выцертым на локцях, але акуратным старасвецкім пінжаку, стаяў, абапершыся на кульбачку, пасярод вітальні, асветленай чырванаватым агеньчыкам газоўкі, і спакойна глядзеў на прыхадняў крыху выцвілымі сінімі вачыма.

– Вы адчынілі нам,– старэйшы госць намагаўся гаварыць гэтак жа спакойна.– Вы адчынілі, хаця ведалі, што нас шукаюць. Гэта добра, што вы не змусілі нас да гвалту. Ходзяць чуткі, што калісьці вы гэтаксама былі выгнаннікам. Нам трэба толькі трохі ежы і пару гадзін адпачынку... Цёплай парою нас хаваў бы і карміў лес. А цяпер...

Гаспадар схіліў сівую, як снег, галаву:

– На гэтай зямлі ўвесьчасна нехта ўцякае ад пагоні, а нехта даганяе... Калі б іх сляды заставаліся на паверхні зямлі вечна, наш край нагадваў бы вычварныя карункі з незлічонымі абарванымі ніткамі-лёсамі. Я адпусціў пакаёўку на святы да яе сваякоў. Ніхто старонні вас не ўбачыць і не пачуе... Так што можаце нават пераначаваць. Распранайцеся і пойдзем у гасцёўню.

...У каміне скакалі чырвоныя Вогнікі ў вастраверхіх капялюшыках. Здавалася, што яны зацята будуюць маленькі гатычны сабор з многімі вежамі. Але іх будоўля рассыпалася іскрамі-цаглінкамі на чорныя вуглі... І праз імгненне адбудоўвалася ізноў.

...Дзіўны гэта быў дом. Нават таму, што меўся камін, хаця сапраўдныя цяпло і карысць несумненна давала вялікая грубка ў правым ад дзвярэй куце. Мусіць, нехта з ранейшых уладальнікаў сядзібы знаходзіўся пад уплывам рамантызму. А чаго толькі не было на сценах, на паліцах высокіх этажэрак, на каржакаватых камодах! Гравюры на біблейскія тэмы з наіўным сярэднявечным маралізатарствам і прадметным бачаннем надсвядомага. Тыя мастакі дакладна ведалі, як выглядае Меланхолія, Боль, Пошасць, Смерць... А таго, чыё аблічча вядомае да драбніц – чаго ж баяцца? На парцэлянавым посудзе лёталі сінія райскія птушкі, драўляныя грубаватыя скульптуры мясцовай работы, падобныя да львоў ля ганка, суседнічалі з вытанчанымі бронзавымі статуэткамі. З высокай шафы мармуровы Гамер пазіраў невідушчымі вачыма на жахлівую афрыканскую маску. Але галоўнымі ў доме былі кнігі. Паветра гэтак насыцілася папяровым пылам, што здавалася, яго можна было гартаць. Адразу казытала ў носе...

Госці сядзелі перад камінам у плеценых з лазы фатэлях. Юнакі не маглі стрымаць цікаўнасці і крадма кідалі позіркі па баках... Крадма, бо ім зусім не хацелася выглядаць менш годна за свайго бялявага правадыра. А той піў сваю гарбату з гэткім цудоўным суровым выглядам, і інкруставаны пісталет, старасвецкі дуэльны пісталет без пары, ляжаў на ягоных каленях.

Гаспадар адкінуўся на высокую спінку крэсла, абабітага чорнай скурай.

– Як мне ўсё-ткі да вас звяртацца?

Бялявы кінуў папераджальны позірк на таварышаў:

– Можаце зваць мяне Сцяпанам... Вядома, гэта не сапраўднае імя.

Маладзён з кароткімі цёмнымі валасамі, трохі хвалістымі, і ледзь заўважнымі вусікамі, чымсьці вельмі падобны да месяцатварых юнакоў з карцін Караваджа, прадставіўся Кастусём. Другі, танклявы і, відаць, ад прыроды ціхмяны, са змрочнай задзірыстасцю назваўся Робертам.

«Роберт-д’ябал»... Та-та-та – ці-та-та... Рамантыкі, халера. Гэтай зямлі шанцуе на рамантыкаў... Мусіць, рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю?»

– Я не буду ні пра што распытваць, не хвалюйцеся... Давайце лепш сам нешта распавяду, раз вы сталіся наведнікамі майго хатняга музея.

Гаспадар, цяжка абапёршыся на кавеньку, устаў і падышоў да паліц. Ён здымаў адну за адной старыя кнігі, гартаў і тлумачыў, што напісаныя яны на старабеларускай мове. А яшчэ называлася яна літоўскай, хаця цяпер тую назву звязваюць зусім з іншай мовай... А Літвой калісьці называўся ўвесь гэты край. І на мове, на якой цяпер тут гаворыць толькі просты люд, размаўлялі князі і каралі і пісаліся дзяржаўныя дакументы. І паслы вялікіх дзяржаў вучылі гэтую мову, таму што тут таксама была вялікая дзяржава. Са сваімі філосафамі і паэтамі, блюзнерамі і святымі пакутнікамі, палкаводцамі і чароўнымі дамамі...

– Дык што, назад, да залатога веку? – Вочы Сцяпана гарэлі незразумелай гаспадару пагардай.– Можна падумаць, тады не існавала прыгоннага права, не прыпадабнялася людское жыццё нікчэмнай сцяблінцы... Не пасыпалі вашы ўлюбёныя князі дарогі соллю, у той час як іх падданыя мерлі з голаду... І не палілі вашых улюбёных філосафаў на вогнішчах інквізіцыі... Мінулае трэба хаваць разам з тыранамі, якія ў ім ўладарылі.

Гаспадар крыху разгубіўся ад запалу гэтых слоў.

– Гісторыя ў кожнай нацыі крывавая. Веліч і злачынства заўсёды побач... І злачынства заўсёды больш... Але трэба ведаць сваю гісторыю, менавіта сваю, і ганарыцца ёю. Паважаць самога сябе, сваю культуру, сваю мову...

Сцяпан паблажліва ўсміхнуўся:

– Прыгожыя словы. Народу патрэбная справядлівасць. Галодны і непісьменны не можа ганарыцца тым, што нейкі князь, які колісь лупцаваў ягонага прадзеда, перамог другога князя, які лупцаваў гэткага ж раба...

– Толькі той, хто паважае гісторыю і мову свайго народа, мае гонар чалавека. І ён ніколі не стане рабом.

Сцяпан нязграбна сунуў пісталет у кішэню сурдута, усхапіўся з крэсла, ірвануў з рук танклявага Роберта важкі том і шпурнуў на падлогу – ажно вылецела некалькі пажаўцелых старонак, нібыта лісты да памерлага адрасата.

– Вось ваша «гісторыя»! Парахно, якое рассыпаецца на вачах. Вы занадта былі знітаваныя з ім. Таму ваша справа не перамагла. А наша – пераможа! Бо мы абтрасём гэтае парахно са сваіх ног. У свеце справядлівасці і роўнасці, які мы збудуем, ва ўсіх будзе адна гісторыя – без войнаў і тыранаў, і адна мова – бо знікнуць межы і варажнеча...

Гаспадар сумна глядзеў на кінутую кнігу.

– Тыя, што гоняцца за вамі, таксама сцвярджаюць, што ўвесь свет мусіць размаўляць на адной мове... Праўда, яны дакладна ведаюць, на якой – на мове іх імперыі...

Чарнявы юнак, які назваўся Кастусём, пакрыўдзіўся:

– Вы, напэўна, з тых, што за плакальшчыкам Дастаеўскім паўтараюць наконт слязінкі дзіцяці, гвалту баяцца... Што, па-вашаму, усе мы мусім сядзець, як вы, уткнуўшы насы ў старыя кнігі?

Гаспадар уздыхнуў:

– Калісьці я таксама быў упэўнены ў сваёй праваце. Быў гатовы забіваць тых, хто абараняў няпраўду. Трыццаць гадоў таму... Свет, на жаль, не змяніўся... Але цяпер я ўпэўнены хаця б у тым, што ніхто не ведае дакладнага рэцэпта яго пераўтварэння.

Усе трое гасцей паблажліва ўсміхнуліся. Стары дзівак! Бездапаможны і разгублены... Нават шкада яго і хочацца нешта патлумачыць. Але ці зразумее?

Гаспадар узяў з камоды невялікі куфэрак з чырвонага дрэва, асцярожна, двума пальцамі, дастаў адтуль пяро незвычайнага сіняга колеру.

– Усе палююць за сіняй птушкай шчасця... Агульнага шчасця, для ўсіх і для кожнага. І мала хто ведае, што сіняя птушка жыве ў сапраўднасці. Я калісьці знайшоў яе пяро. Сіняя птушка жыве высока ў гарах, яна падобная да нашага голуба. І на яе палююць зусім не алегарычна. Хутка гэты від зусім знікне. Калі чалавек не можа абараніць ад уласнай сквапнасці і жорсткасці гэтую кволую істоту, ці дасца яму ў рукі тая, міфічная?

Шыбы заінелі. Але навокал было так ціха, што ў доме з драўлянымі львамі пачулі далёкі пошчак капытоў, прыглушаны снегам.

Старэйшы госць зноў выхапіў пісталет і адрывіста спытаў гаспадара:

– У вас ёсць зброя?

Стары не азваўся на пытанне, сказаў цвёрда і хутка:

– За камінам – хованка. Задняя сценка адчыняецца, калі націснуць на ручку там, справа, з унутранага боку паліцы... Вось так... Прыйдзецца скакаць цераз агонь. Як на Купалле... Скакалі, мусіць, з дзяўчатамі? Ці гэта ніжэй вашай рэвалюцыйнай годнасці? Вось так... Зачыніце дзверцы знутры...

Вогнікі працягвалі будаваць свае гатычныя вежы, але, здавалася, у іх працы з’явіўся большы імпэт, бо яна сталася яшчэ больш значнай – ратавала чалавечыя жыцці.

Нават пан жандарскі ротмістр, які працягнуў да чужога агменю азяблыя падчас доўгай пагоні рукі, працягнуў, не здымаючы пальчатак, ні на хвілю не западозрыў, што мэта яго доўгай вандроўкі аддзеленая ад яго ўсяго гэтай мігатлівай завесай агню.

Жандары не былі ўпэўненыя, што злачынцы хаваюцца менавіта ў гэтым доме. Завіруха старанна зраўняла сляды, змяшала з іншымі. Але верагоднасць была вялікая. Прынамсі, што злачынцы заходзілі сюды. Гаспадар дома з драўлянымі львамі лічыўся нядобранадзейным. Пан ротмістр так і нагадаў яму. І што за дзіўная звычка піць гарбату з некалькіх кубкаў?

Тры кубкі з рэшткамі недапітай гарбаты, пакінутыя на маленькім століку пасярод пакоя, сапраўды глядзеліся недарэчы ў гэтым самотным доме.

– Вы пойдзеце з намі,– змрочна сказаў ротмістр. Ён узвышаўся над прыгорбленай постаццю гаспадара, як цёмная Бабруйская крэпасць над ціхмянай рачулкай Бабруйкай.– Нават павага да вашага ўзросту (дарэчы, за такі час можна было б і паразумнець), не змусіць мяне адмовіцца ад выканання свайго доўгу. Мы знайшлі ў вас дастаткова заганнага...

Там, дзе ля кніжных паліц, дружна чхаючы ад пылу, завіхаліся жандары, адчайна шаргаталі старонкі і глуха падалі на падлогу кнігі. Адна з іх, адшпурнутая асабліва злосна, упала пад ногі гаспадару, нібыта параненая птушка. На шмуцтытуле значылася: «Багагласьнік. Канты, псальмы, лацінскія гімны і пастаралькі для пачцівого і богаўгоднаго сьпевання і прадстаўленьня». Ротмістр грэбліва крануў кнігу наском бруднага бота.

– Уніяцкая? Схізматыкаў? Ну-ну! Толькі шчырая дапамога следству можа прымусіць нас забыцца на гэтыя агідныя сапраўднаму хрысціяніну рэчы.

Гаспадар глядзеў проста ў вочы жандару:

– Я нічым не магу дапамагчы следству.

Ротмістр з блазенскім здзіўленнем развёў рукамі:

– Вы дзівак! Вам, мусіць, здаецца, што паўтараюцца падзеі вашай маладосці. Але, запэўніваю, тыя маладыя людзі, якіх вы абараняеце, зусім не ў вашым гусце. Тэрарысты, фанатыкі... Яны не лятуць з аголенай шабляй наперадзе мужнага атрада. Іх стыль – кінуць бомбу, стрэліць у спіну. Чулі пра забойства генерала Мяскова з сям’ёй? Іхняя справа. Паверце, ваша шляхецкая годнасць застанецца незаплямленай, калі вы падкажаце, у які бок рушылі злачынцы. Маўчанне вам задорага абыдзецца... І, паверце, экзатычнай вандроўкай па Афрыцы на гэты раз для вас не скончыцца.

Стары паківаў галавою:

– Я жыў цікава і доўга. Мабыць, больш доўга, чым спадзяваўся і чым заслужыў. Калісьці я здзіўляўся ўсяму і шмат чаму абураўся. Вастрыня пачуццяў, на жаль, з узростам прытупляецца. Магчыма, таму не магу падзяліць вашае абурэнне ці пашкадаваць сябе. Выбачайце.

Ён стаяў, такі кволы, худы і прыгорблены, у сінім старым пінжаку, зашпіленым на ўсе гузікі да горла, і чымсьці страшэнна нагадваў хворую птушку... Птушку на выбоіне скалы, якая ўсё роўна не дасца ў рукі паляўнічаму – хутчэй кіне саслабелае цела, якое больш не трымаюць крылы, у прорву.

Ротмістр штурхнуў нагой кінутую кнігу. Жоўтыя старонкі разляцеліся па і без таго засмечаным пакоі. Жандарскі правадыр некалькі разоў запар чхнуў. Халера, ну і пылішча... Як гэты стары тут жыве? Не чалавек, а нейкі шашаль. Куды яго везці? Памрэ па дарозе.

Нехта з жандараў, відаць, надзвычай дасціпная ў жандарскім асяроддзі асоба, на развітанне строс снег з галавы драўлянага льва і сунуў яму ў пашчу шматок сена. Пачвара адразу зрабілася нейкай жаласнай і камічна бяскрыўднай.

Гаспадар моўчкі сядзеў у крэсле з высокай спінкай перад камінам, у якім дагаралі счарнелыя старонкі. Яны курчыліся на вуголлі, як жывыя. Вогнікі рупліва пераварочвалі іх, скакалі па іх, каб хутчэй рассыпаць на тло.

Тыя, што хаваліся за агнём, ужо апранутыя, з невялікімі вузельчыкамі, рыхтаваліся сыходзіць.

Светлавокі Сцяпан, у шынелі і шапцы-аблавушцы, вымавіў:

– Дзякуем вам. Вы дапамаглі рэвалюцыйнай справе.

– Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць...– ціха прагаварыў стары.

– Можа, і вы з намі пойдзеце? – выявіў недарэчны энтузіязм чарнявы Кастусь. І сумеўся пад з’едлівым позіркам Сцяпана.

Стары мімаволі ўсміхнуўся:

– Дзякуй, юнача, што так высока ацаніў мае магчымасці.... На жаль, я сапраўды стары. І нават каб меў сілы – у мяне няма ўпэўненасці, што ўдасца разблытаць карункі шляхоў... Калісьці я спрабаваў гэта зрабіць з вашым бацькам, Кастусь... Дакладней, калі не памыляюся, Вінцэнт...– Стары не заўважыў, як ад гэтых слоў тузануўся Сцяпан і сунуў руку ў кішэню.– Вы ўжо не крыўдуйце, што я трохі парушыў вашу канспірацыю. Вы так на яго падобны... Як цікава... Калісьці ён таксама хаваўся тут, за камінам. Мы і цяпер часам згадваем...

Гаспадар відавочна расчуліўся. Напэўна, ён яшчэ доўжыў бы свае ўспаміны. Але Сцяпан зрабіў крок наперад. Голас яго гучаў цвёрда – як бой вежавага гадзінніка.

– Нам час ісці. Мы сапраўды вам удзячныя. Мы згадаем вас у новай гісторыі, якую напішам. Гэтая гісторыя засведчыць нашую непахіснасць і вялікія ахвяры, якімі здабываецца воля.

Дуэльны пісталет пазбавіўся ад сваёй адзінай кулі. Вакол чорнай недарэчнай дзіркі ў ілбе старога гаспадара амаль не паказалася крыві. Тонкі чырвоны струменьчык чамусьці выцек з кутка рота, калі цела нязграбна звесілася з крэсла набок.

– Навошта?! Ён выратаваў нам жыццё! – Танклявы Роберт аж тросся ад узрушэння.

Кастусь-Вінцэнт аслупянела глядзеў перад сабой і нешта шаптаў.

Сцяпан пастараўся надаць голасу важкасці:

– Гэта было неабходна. Ён пазнаў Вінцэнта... А ён стары, слабы, даўно адышоў ад барацьбы і нічога не разумее. Нават калі б не выдаў нас жандарам, абавязкова распавёў бы Вінцэнтаваму бацьку... Пакаёўцы... Святару... У ягонай жа хованцы – памятаеце? – Біблія ляжала! Ды яшчэ з закладкамі. Мы не можам рызыкаваць.– Сцяпан спрытна зараджаў пісталет, любуючыся ім, нібы дзіця сваёй цацкай. Нават голас яго зрабіўся амаль ласкавы: – Ну што б гэты стары небарака рабіў у новым свеце? Ды і не дажыў бы да яго перамогі. Усё роўна скора памёр бы. Рушылі...

Кастусь, стараючыся не глядзець на чорнае крэсла, павольна пасунуўся да дзвярэй. Сцяпан азірнуўся на таго, хто назваўся гаспадару Робертам.

– Юраська, ачуняй! Наша справа слабых не церпіць.

Танклявы юнак стаяў, апусціўшы вочы, з падціснутымі – аж збялелі – вуснамі.

– Я не пайду з табой.

Сцяпан ад нечаканасці тузануўся:

– Такімі словамі не кідаюцца.

– А я не жартую.– Юнак падняў на правадыра вочы, спакойныя, глыбокія вочы...

– Ты ведаеш, як мы абыходзімся са здраднікамі? – металёва прагаварыў Сцяпан і скіраваў пісталет на юнака.

Роберт-Юрась не варухнуўся. Сцяпан кінуў хуткі позірк на Кастуся, які напяўся і сціснуў кулакі, і зразумеў, што рызыкуе згубіць і гэтага... Малакасосы праклятыя... Пісталет паволі апусціўся.

– Баязлівец! Слюнцяй! Няўжо з-за смерці старога шашаля ты адрачэшся ад сваіх таварышаў?

Юрась прагаварыў павольна:

– Проста я таксама згубіў упэўненасць у тым, што ведаю правільны рэцэпт пераўтварэння свету.

– Пашкадуеш...

Дзверы злосна грукнулі, але ў цішы зімовай ночы іх злосць мела не большую сілу, чымсьці трэск палена ў грубцы.

...Зорны Вознік адвёз сваю калясніцу некуды за край кладоў. Драўляныя львы ля ганка старой сядзібы глядзелі проста перад сабой вырачанымі ад незразумелага гневу вачыма. А ў каміне апошнія вогнікі падскоквалі на чорных вуголлях. Іх пышны бліскучы сабор рассыпаўся дарэшты, і цаглінкі бездапаможна гублялі бляск. Юнак у сялянскім кажусе і студэнцкай фуражцы падняў з падлогі знявечаную кнігу, акуратна зраўняў адарваныя старонкі і паклаў яе ў свой хатуль. Потым падышоў да камоды, адчыніў куфэрачак з чырвонага дрэва і дастаў адтуль сіняе пяро. Паглядзеў скрозь яго на цьмяны агеньчык газоўкі, схаваў за пазухай. Ужо стоячы ў дзвярах, павярнуўся ў бок чорнага крэсла. Напэўна, трэба было б накрыць твар нябожчыка якой хусткай... Закрыць яму вочы... Але юнак баяўся зрабіць штосьці не так, не па звычаі, і яшчэ больш абразіць гэты дом. Таму проста перахрысціўся – а ён даўно гэтага не рабіў! – і здушаным ад хвалявання голасам вымавіў:

– Даруйце... Даруйце, калі ласка...

...Ад ганка з драўлянымі львамі па бялюткім, бялюткім снезе цягнуліся тры ланцугі слядоў. Адзін, напалову замецены, след ад цэлага коннага атрада кіраваўся на захад, да бліжэйшага мястэчка. Другі ланцуг, намнога танейшы – на поўнач, у бок цёмнай крэпасці лесу. І адзін самотны след цягнуўся туды, дзе хутка мусіла ўзысці барвовае зімовае сонца.


Экскурсавод

Палкаводзец нічога не ведаў пра Паэта.

Не дзіўна – у часе яны амаль не сутыкнуліся. Паэт нарадзіўся ў старажытным радавым маёнтку на «заходніх крэсах» вялікай імперыі тады, калі састарэлы Палкаводзец, амаль аглухлы ад некалькіх кантузій, скручаны раматусам і цяжарам царскіх узнагарод, яшчэ наведваў велікасвецкія балі, але ўжо не для таго, каб танчыць. Палкаводзец уладкоўваўся ў ганаровым фатэлі, паблажліва прымаў ліслівыя кампліменты, якіх усё роўна не чуў, і доўга сядзеў так, сівы, няўклюдны пугач у яркім святле соцень свечак, усё яшчэ пагрозны і магутны... Ён спазнаў шмат славутых, амаль неверагодных перамог, і аднойчы пратрубілі яму залатыя трубы Нікі ў той мясціне, дзе суджана было нарадзіцца Паэту. Палкаводзец заняў пад свой штаб маёнтак недабітых ворагаў – дзеда і бацькі Паэта, і некалькі дзён яго дзябёлыя ад’ютанты забаўляліся стралянінай па залатых галоўках купідонаў на столі...

І гэта мінулася...

Уладары маёнтка вымалілі дараванне ва ўлад, і Паэт нарадзіўся і жыў у радавым гняздзе. Тут спазнаў першае нешчаслівае каханне, адсюль з’ехаў у вялікі свет, які не песціць ні паэтаў, ні палкаводцаў, але толькі – Імя. Паэт любіў сваю зямлю; дзівак – ён ажыўляў яе мову, яе абылганую гісторыю. І калі Айчына паклікала яго – пайшоў за яе ў безнадзейную, загадзя прайграную бойку. І загінуў. І імя яго засталося амаль невядомым.

Прынамсі, для мяне, калі я трапіла ў дом адпачынку, галоўны корпус якога месціўся ў старым маёнтку. Як маладому спецыялісту, на працы мне не маглі прапанаваць нічога больш шыкоўнага. Аднак і гэта было цудоўна – двухпавярховы доўгі будынак з беленымі калонамі хаваўся ў прысадах векавых ліп, пад вокнамі буяў бэз, за рэшткамі каванай агароджы пачынаўся адхон да рэчкі – некалі яна па выкапаных ірвах мусіла аббягаць маёнтак. Але сядзіба, даўно аддадзеная на літасць усіх, не мае больш патрэбы ў стыхійных вартавых. Сцены пакояў пакрывала невыразная крэйдавая фарба, ляпніну на столі замазалі пабелкай так густа, што замест анёльскіх тварыкаў выяўляліся бясформенныя шэрыя камякі. Нас, новых «адпачываючых», папярэдзілі, што дом – помнік архітэктуры. А таксама, што ў галоўным корпусе працуе музей, прысвечаны асобе Паэта, які калісьці тут нарадзіўся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю