355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 22)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 32 страниц)

Галена павольна вярталася ў пакой. Заўтра ўсё будзе як і раней... Не, ён не мае права так абысціся з імі!

Маці адчыніла амаль адразу – нібыта і не спала. Дзіўна было бачыць яе ў белым.

– Алесь вярнуўся!.. Мама, чуеш? Той малады паломнік – гэта ён, Алесь! Ён сыходзіць на досвітку. Хоча пастрыгчыся ў манахі. Мама, калі ты з ім пагаворыш...

Пані Вайтылава ўзялася рукою за касяк дзвярэй. Рука дробна дрыжэла.

– Што ты гаворыш, дурнічка? Табе прыснілася.

Галена горача схапіла маці за дрыжачую руку – зусім халодная...

– Павер, мамачка! Гэта Алесь... Ён уцёк з катаргі. Яму трэба дапамагчы. Ён змэнчаны, спакутаваны... Можа быць, і душа ў яго надарвалася ад пакуты. Пагавары з ім! Затрымай!

Цяпер у пані дрыжэлі нават вусны. На хвілю Галене падалося, што маці ўголас заплача. Але тая моцна адштурхнула ад сябе дзяўчыну.

– Ты гаворыш абы-што. Мой сын ніколі не заначаваў бы ў доме здрадніка і забойцы братоў. Я больш не хачу пра гэта размаўляць.

Дзверы зачыніліся. Бразгнуў замок. Потым зашаргаталі шуфлядкі камоды. Галена зразумела – маці дастае дагератыпы і старыя лісты... І зноў хвалі мінулага паглынаюць гэты пракляты дом.

Перад клумбай у форме вычварнага вензеля, на якой апошнія восеньскія кветкі зіхацелі барвай і беллю, дзядок дробна кланяўся і шаптаў словы ўдзячнае малітвы. Так што здавалася, быццам ягоныя паклоны адрасаваныя не дому, што прытуліў на ноч, а менавіта гэтай пышнай клумбе, нібыта паганскаму алтару. Галена з Алесем адышліся да варотаў. Ні абняць, ні прыціснуць да сябе на развітанне... Убачаць, данясуць... Грудзі дзяўчыны разрываліся ад стоенага плачу.

– Не журыся, мілая.– Алесь ласкава крануў яе валасы. Галена заплюшчыла вочы, каб дарэшты запомніць адчуванне апошняе ласкі роднага чалавека.– Не журыся,– паўтарыў той.– Знайдзі сабе мужа. Не трэба героя, проста – сумленнага чалавека. Я буду маліцца за цябе.

Апошні братаў падарунак – ладанка. Бязлітасна грукнулі вароты. Быццам вечка труны. Галена ў прыпадку гневу азірнулася на ненавісны дом. У акне на другім паверсе ўпалі фіранкі.

Маці ведала...

Галена больш не магла стрымліваць плачу. І раптам адгукнуўся варонін крык. Дзяўчына паглядзела ўверх – сапраўды, над паркам кружлялі вароны. Вярнуліся... Зноў заселяць месца, дзе вынішчылі іх продкаў.

У наступным годзе паненка Вайтылава пабралася з настаўнікам Гайваронскай земскай школы. Гэта быў страшэнны мезальянс – Гайвароны не так даўно належалі Вайтылавым. І настаўнік быў галадранец, нават не дваранін. Маладыя пасяліліся ў вёсцы, у сціплым настаўнікавым доме.

Пані Вайтылава на ганебны ўчынак дачкі аніяк не адрэагавала. Праўда, казалі, што яна пашкодзілася ў розуме. Не дзіўна – столькі пакутавала па трох загінулых сынах.


Хлебазоры

Ён ніколі не адшукае патрэбных слоў!

Агеньчык свечкі падбіраўся ўсё бліжэй да дзюбы срэбнага грыфона-падсвечніка. Вось ужо чорны пасак кнота скурчыўся, скруціўся, падобна маленькай змейцы, у лужыне воску, зашыпеў, як сапраўды жывая змяя... Цені выпаўзлі з кутоў, імгненна запаланіўшы ўвесь пакой.

Вінцэнт, аслеплены раптоўнай цемрай, з прыкрасцю кінуў асадку на стол, відаць, запэцкаўшы атрамантам напалову спісаны аркуш. Трэба гукнуць, каб прынеслі агню, запалілі новую свечку...

Але ён чамусьці гэтага не зрабіў. Сядзеў і глядзеў у цёмнае акно, на неба, па якім прадрапвалася яркая плямка – быццам за чорным задымленым шклом-небасхілам хаваўся свет бляску і святла. Знічка... Вінцэсь ужо даўно не загадваў жаданняў на знічкі. Ніводнае ж са загаданых дасюль не спраўдзілася. Можа быць, ён проста не ведаў, чаго пажадаць? Напрыклад, спакойнага, усталяванага жыцця... Бо гэтага яму адмерана – хоць задушыся тым спакоем... Сорак гадоў – а яму ўсё спакойна... Быццам карабель, замест таго каб адпусціць у мора, адразу паставілі ў сухі док, і дошкі ягоныя ўжо патрэскаліся ад тугі па хвалях... А за акном між тым палыхнула чырванаватае святло, нібы той, прыўкрасны, сусвет падаў знак аб сваім існаванні – не ўсё яшчэ згублена ў цемры часу.

Сухія навальніцы? На пачатку лістапада?

У дзверы настойліва пастукалі. Ну, так, час вячэры. Роўна а шостай вечара. Не раней і не пазней. Колькі дзяцей у гэтым доме заставаліся без салодкага за тое, што спазняліся да ўрачыстага сямейнага стала! А сёння вячэра асаблівая – Асяніны, Змітраўскія Дзяды. Продкі сядуць разам з жывымі нашчадкамі за стол, і ён ізноў уявіць – ці сапраўды ўбачыць – прывідныя вочы, што паглядаюць з паблажлівым дакорам.

Вінцэсь намацаў рукой кульбачку, што звалілася на падлогу, абапёрся, рыўком падняў з крэсла сваё дужае цела. Так, усё яшчэ дужае – яны з братам абодва былі плячыстыя, высокія, хваліставалосыя. За буйную грыву валасоў ім нават далі мянушку Львяняты.

Цяпер кудзеры Вінцэся зусім сівыя... Але целу ён не даў саслабець, спесціцца, заплысці тлушчам. Як бывалы ваяр нават падчас доўгага зацішша трымае напагатове зброю.

Хаця ён, Вінцэсь, не ваяр...

За сталом сабралася ўжо ўся сям’я – чакалі толькі яго. І бацька, як і некалі, сурова зірнуў з-пад насупленых броваў – цяпер ужо зусім белых. Што ж, Вінцэсь не супраць саступіць сваё салодкае... Ну хаця б малодшай сваёй дачушцы, гарэзе Янінцы. Вунь як яна па-змоўніцку пазірае на бацьку і ўсміхаецца краёчкам ружовага роціка. Відаць, паспела выхапіць з куцці кавалачак празрыста-мядовага цукату і зжаваць, маленькая блюзнерка. Гэтаксама міла ўсміхалася калісьці Марыя, яе маці і Вінцэсева жонка. Яна сядзіць злева ад свёкра, па-ранейшаму стройная і прыгожая, толькі рысы твару сталі больш рэзкімі, між броваў пралягла зморшчына, а вусны ўжо даўно не кранае ўсмешка. Апошні раз яна бесклапотна ўсміхалася, мабыць, яшчэ калі была нявестай старэйшага Вінцэсевага брата, Славаміра.

У іх добрая сям’я – у Вінцэся і Марыі. І цудоўныя дзеткі, і згода, і... Але вось жа не ўсміхаецца Марыя чамусьці так, як колісь... Бацька, старэйшы з роду, цяжка абапіраючыся рукамі аб старажытны дубовы стол, за якім сядзела мо з дваццаць пакаленняў роду Севярынічаў, падняўся і надтрэснутым, але ўсё яшчэ гучным голасам прачытаў малітву. Потым кінуў пад стол рытуальны кавалак хлеба.

– Стаўры, Гаўры, ідзіце куццю есці...

Сын Габрусь, ужо падлетак, падобны на жвавае галчаня, гэткі ж калматагаловы, як Вінцэсь, нешта шапнуў сястрычцы Янінцы, і тая ледзь чутна віскнула і падабрала ножкі. Відаць, пагразіў, вісус, што прывідныя паляўнічыя сабакі Дзядоў – Стаўры і Гаўры – зараз укусяць пад сталом.

Так, прывіды наносяць раны больш балючыя і незагойныя, чым рэальная зброя. Вінцэсь глядзіць на дальні кут стала, дзе перад пустым крэслам – міска, у якую адкладзена па лыжцы ад кожнай стравы, і чарка гарэлкі, з якой ніхто не адап’е. Цікава... Славамір быў старэйшы ўсяго на год, але ён ужо мае права заняць месца на гэтым пустым крэсле, як Вінцэсеў продак, і судзіць яго сваёй прывіднай уладай... А за што, Божа мілы?

Прайшло ўжо дваццаць гадоў. На папялішчах, што засталіся ад многіх сядзіб, выраслі маладыя дрэўцы. Бацька не хацеў, каб ад роду Севярынічаў засталося толькі папялішча і – няхай слаўная – памяць. А яны абодва – і Славамір, і Вінцэсь – збіраліся далучыцца да інсургентаў, як і амаль усе іх сябры па Віленскім універсітэце. Столькі разам марылі, складалі ўзнёслыя вершы, а яшчэ вучыліся трапна страляць і добра валодаць шабляй... Але бацька вырашыў іначай. Вядома, Севярынічы ніколі не ўнікалі бойкі, асабліва калі гэта – бойка за волю. Таму няхай адзін з сыноў падтрымае гонар роду. А другі мусіць падтрымаць ягоны працяг – і застацца, бо калі загінуць абодва, герб разаб’юць на магіле таго, хто з іх трох памрэ апошнім. Не засталося ў свеце больш ніводнага Севярыніча, а ў жылах іхніх цячэ кроў вялікіх князёў, і занадта вялікая раскоша – касаваць такі род.

Па традыцыі, што існавала ў іх краях, заставацца на дзедаўшчыне мусіў малодшы.

Слова бацькі для іх заўсёды было законам. Але Вінцэсь збіраўся аслухацца. І ён бы паехаў за Славамірам, калі б не прыкрае здарэнне. Раніцай ён звычайна наведваў свайго Аякса, белага, з шэрымі падпалінамі каня, падоранага яму яшчэ жарабём. Чамусьці менавіта ў тую раніцу, што была прызначаная для ад’езду, бервяно, цераз якое ён няўважна пераступаў столькі год, сарвалася з падпорак і прыціснула нагу. Добра, што побач аказаўся конюх Базыль, іначай пракаветная сасна – таўшчынёй у паўабхвата – нарабіла б яшчэ большай бяды, бо Вінцэсь паваліўся і амаль страціў прытомнасць ад болю. Пералом аказаўся цяжкі, ступак ледзь не раструшчыў, Вінцэсь кульгае дасюль. Бацька тады сказаў: «Божая воля... Знак лёсу». А Славамір суцешыў: «Мы ўсё роўна будзем змагацца разам, браце!»

І з’ехаў, каб праз год загінуць самай слаўнай для мужчыны з рыцарскага роду смерцю – у бойцы, пад штандарам выбітнага вайскаводцы, адабраўшы жыцці многіх ворагаў.

Вінцэсь пасля таго, як вымушаны быў застацца, па загаду бацькі кінуў універсітэт. І – ніякіх зносін з інсургентамі. Іх сям’я і так пад падазрэннем. Вядома, Вінцэся і бацьку таксама цягалі на допыты. Але абышлося. Хаця небяспека была большай, чым ведаў бацька,– Вінцэсь не раз дапамагаў сябрам, чым мог, і не раз у яго пакоі начаваў госць з лесу, каб яшчэ перад досвіткам сысці рамантычным шляхам – праз акно.

Ніхто не здрадзіў, не выдаў.

Вінцэсь выйшаў з крывавае сячкарні чысценькім. А столькі разоў марыў загінуць...

А галоўнае – Марыя...

Так, вядома, ён кахаў яе. Яны са Славамірам былі надта падобныя, каб мець розныя густы наконт ідэалу жанчыны. Горкае імя, у якім з’ядналіся пыл біблейскай пустэльні і дыяменты горада Магдалы. На тонкіх запясцях Марыі бранзалеты пазвоньвалі, як сігналы аб прыбыцці нябеснага чоўна – пераправы на іншы бераг, дзе можна толькі ўдыхнуць пах валасоў каханае жанчыны – і спазнаць сэнс жыцця. Марыя – Ева... Смак яблыка звязвае ў роце, быццам няшчырыя словы, і ты ўжо загінуў і не хочаш ратавання ад салодкай атруты.

Яна па начах вышывала штандар для іхняга атрада. І, вядома, Славамір быў яе героем, якога сустракаюць раз у жыцці.

Віна з’явілася даўно. Яшчэ тады, калі Вінцэсь выпадкова падгледзеў іх спатканне ў квітнеючым садзе – Марыі і Славаміра. Дзяўчына, у белай простай сукенцы, гнуткая і вясёлая, слізгала між дрэваў русалкай, квецень упляталася ў яе цёмныя косы, і Славамір лавіў сваё шчасце між шурпатых яблыневых ствалоў, у духмяным дажджы пялёсткаў. І смех іхні стаіць дасюль увушшу ў Вінцэся – быццам разбіваюцца яго ўласныя крышталёвыя замкі... І ён дасюль не можа дараваць сабе, што не адвёў вачэй, калі іх вусны – магчыма, першы раз – злучыліся... І зусім недаравальны боль, які працяў тады душу, змусіў сціснуць кулакі так, што востры аловак, заціснуты ў правай руцэ, глыбока ўвайшоў у даланю,– Вінцэсь прыладкаваўся з запаветным сшыткам-чарнавіком у сваім улюбёным сховішчы, у разгалінаванні старой яблыні. Боль ад раны адчуўся толькі тады, калі Марыя і Славамір сышлі кудысьці ў бок рэчкі, трымаючыся за рукі, як дзеці, і іхні смех рассеяўся ў веснавым паветры.

Вінцэсь толькі спадзяецца, што ніколі – ні словам, ні позіркам, ні ўздыхам – не даў зразумець дарагім людзям свае нізкія – ён шчыра так лічыў – пачуцці.

Марыя мусіла ўвайсці ў сям’ю Севярынічаў.

Гэта было абгаворана яшчэ да ейнага нараджэння. І калі загінуў Славамір – Вінцэсю давялося заняць месца брата. Стаць ценем яго кахання, адабраць у мёртвага адзінае, што ў таго засталося на зямлі,– памяць і слёзы. Ведаць, што ноччу яна цягнецца да вуснаў – не ягоных... І, раптам усведамляючы прысутнасць іншага, жывога – кожны раз скаланаецца і змушае сябе да пакоры... І ён, як лясны бог Пан, абдымае замест каханай толькі сухі журлівы трыснёг...

Вершнік на белым кані, з узнятай угару шабляй... Чаго варты перад ім кульгавы дэзерцір, які адседзеўся ад слаўных боек пад жончыным бокам?

Свечка, пастаўленая ў місу з бурштынавым зернем, асвятляла шлях нябожчыкаў да памінальнага стала. Марыя моўчкі ўзіралася ў вясёлы агеньчык, быццам заварожаная ягоным спагадлівым бляскам, а Вінцэсю здавалася, святло ўтварае вакол стала кола, якое толькі і абараняе ад зліцця жывога і мёртвага, віны і пакарання, праўды і маны...

– Тата,– шапнуў Габрусь, раптам пасур’ёзнеўшы.– А я сёння чуў цікавае слова...

– Кажы,– Вінцэнт цёпла ўсміхнуўся сыну.

– На кухні старая Анця гаварыла: «Бачыла сёння хлебазор над Цівуновай пушчай. Мусіць, зіма сцюдзёная будзе». Я перапытаўся, хлебазор, відаць, тое, што па-руску зарніца, сухая маланка. Чаму такое дзіўнае слова, тата,– «хлебазор»?

– Пасля паразважаем разам. Дзякуй, сынок, гэта сапраўды каштоўныя звесткі, я занясу тваё слова ў картатэку,– прамовіў Вінцэсь, і Габрусь прасвятлеў тварам.

Марыя адно зірнула раўнадушна-паблажліва. А дзед з’едліва выказаўся:

– Яшчэ не кінуў свае штудыі? Мужыкі табе нагавораць, за дзесяць жыццяў не пазапісваеш. Антоні Вырвіч, між іншым, мануфактуру збіраецца адчыняць па вырабу габеленаў. Выпісаў з Нямеччыны машыны і майстра-мастака...

– Прагрэсіст пан Антоні вядомы,– спакойна зазначыў Вінцэнт.– Памятаю, мне яшчэ гадоў дзесяць было, ездзілі да яго ў госці. І мы са Славамірам прыбеглі да вас у залу з рэвам, што ў сенцах сядзіць мужык-казёл, і прасілі, каб гэткае страхоцце адправілі назад у вёску. А пан Антоні і кажа з мілай усмешкай: «Дурню, гэта ж мужык пакараны, яму рагаціну надзелі, а ногі яго ў крэслах». І на мануфактуры ягонай будуць працаваць няшчасныя дзеўкі, адабраныя ад сям’і, і траціць вочы і здароўе на падробкі французскіх габеленаў, хаця маглі б у сваіх хатах, спяваючы, выткаць непаўторныя, з тонкім арнаментам і каларыстыкай посцілкі.

– Спрачацца не буду. Ты ў нас вядомы знаўца мужыцкіх вырабаў.– Бацька замаўчаў, і нават маленькая Янінка не наважылася больш перапыніць суровае маўчанне, быццам гэта было як разарваць павуту гіганцкае Арахны, што запляла, знерухоміла ўсё навокал, і выклікаць тым з’яўленне багіні зла.

Агеньчык свечкі крыху ўздрыгваў, і ад гэтага цені ў пакоі варушыліся, плылі карагодам вакол жывых.

Так, трэба яшчэ папрацаваць сёння... Колькі часу? Сем? Пачатак восьмай? Часу заўсёды не хапала. Вунь іх колькі, рукапісаў, картак з сабранымі моўнымі самацветамі – Вінцэсь усур’ёз узяўся за даследаванні адразу пасля таго, як усвядоміў, што ваярская доля ад яго забраная. Інтарэс да мясцовай гаворкі ўзнік яшчэ ва ўніверсітэце. Тады найбольш прагрэсіўныя, разумныя выкладчыкі самі заклікалі да гэтага. Належала вывучыць, так бы мовіць, чым жыве душа насельніцтва далучаных да імперыі новых губерніяў. На гэта даваліся, няхай небагатыя, сродкі. І расійскія філолагі нават не чакалі, што напаткаюць такі скарб, што на іх вачах узнімецца з цемры няведання цэлая Атлантыда самабытнай культуры. Курганы, на якія па начах выходзяць прывідныя рыцары і лірнікі, азёры, на дне якіх – патанулыя гарады, пракаветны свет русалак, жытнікаў, лесуноў, свет ваярскіх песень і чысцюткай славянскай мовы... Інтарэс у спецыялістаў да гэтага не згасаў. Таму была магчымасць зрабіць хоць нешта для сваёй краіны, адкрыць яе свету.

Вінцэсь не шкадаваў сябе, не зважаючы на нараканні, неразуменне, пагарду, на хворую нагу. Ён абхадзіў і аб’ездзіў усе навакольныя вёскі і вёскі далейшыя, згубленыя ў пушчах і балотах. Знаходзіў у закінутых уніяцкіх цэркаўках старадрукі, паедзеныя мышамі, са старонак якіх ззялі вясёлкамі мініяцюры даўно памерлых мастакоў. За дваццаць гадоў зроблена нямала – зборнік легенд і паданняў, кароткі слоўнік беларускай гаворкі, артыкулы ў навуковых выданнях Масквы і Санкт-Пецярбурга, Кракава і Прагі... А колькі яшчэ чакае ў рукапісах! Ёсць імя, аўтарытэт... Але – там, у вузкіх інтэлігенцкіх колах. Тут у яго няма нічога, акрамя права насіць прозвішча, праслаўленае героямі, што загінулі за радзіму.

Добра, хоць Габрусь падзяляе бацькава захапленне... Нават не захапленне ўжо – апантанасць. Недарэмна расказваліся ў дзіцячым пакоі дзівосныя казкі пра вужыную каралеву і асілка Машэку, пра Багародзіцу, якая хадзіла па гэтай зямлі і пабіла нагу аб камень, і пра цмока, які закахаўся ў сялянскую дзяўчыну і прыходзіў да яе панічам у чырвоным жупане... У гімназіі, дзе вучыцца Габрусь, добрыя выкладчыкі па моўных дысцыплінах. І здольнасці ў хлопца маюцца...

Вінцэсь акуратна напісаў на чыстай картцы слова – тое, што вычуў Габрусь. Але гэта было апошняе, што ўдалося ў гэты дзень зрабіць... І, магчыма, апошняе ягонае даследаванне ўвогуле.

Тое, што напрарокавалі чырвоныя хлебазоры, не было нечаканасцю для Вінцэся.

Чаму прыхадні абралі менавіта вечар Асянін для свае нядобрае справы? Напэўна, непакоіліся, што ён, некім папярэджаны, уцячэ, з’едзе. Ды і не лічылі, што робяць нешта нядобрае. Пан Вінцэсь Севярыніч мусіў неадкладна паехаць з імі, у губернскі горад, дзе праводзіцца следства з нагоды выяўлення ў выдадзеных ім кніжках крамольных, непачцівых да імператарскай улады выказванняў... Ёсць і яшчэ адна брашурка. Хадзіла па руках студэнтаў. Аўтар схаваўся пад псеўданімам – але такія-сякія здагадкі ў следства маюцца.

На гэты раз пакой быў асветлены ярка – свечкі гарэлі ва ўсіх падсвечніках, быццам на балі ці пахаванні. Вінцэсь сядзеў у крэсле з кнігай у руках і зрэдку кідаў позірк на тое, як жандары звальваюць у вялікі мех ягоныя рукапісы, ссыпаюць карткі з картатэкі. Дзіўна, але ён адчуваў сапраўды толькі спакой і стому. Зразумела, многае загіне. Але – не ўсё. Ён недарэмна спяшаўся. Адзіная турбота – падвёў выдаўцоў. Але іх выратуе яго маўчанне. Прынамсі, ён зробіць для гэтага ўсё, што ў чалавечых сілах – і нават крыху больш.

– Гэта нейкая памылка,– голас бацькі гучаў так разгублена, што Вінцэся працяў востры жаль.– Мой сын не мог ні ў чым правініцца.

Вінцэсь горка ўсміхнуўся. Вядома, бацька лічыў яго зусім бясшкодным, дакладней – бескарысным дзіваком.

– Ён проста вывучае мовы,– гэта загаварыла Марыя, таксама разгублена, аж голас трымціць.– Ён вучоны... Яго друкавалі ў часопісе імператарскай Акадэміі... Палавінная Дзямідаўская прэмія за «Параўнаўчы слоўнік геаграфічных назваў славянскіх»... Ягоныя доследы ўхваляў сам Надзеждзін!

Гэта ж трэба! А Вінцэсь лічыў, што Марыя ніколі не цікавілася яго справамі!

– Мовазнаўства, шаноўная пані, можа быць страшнейшым за ўзброенае паўстанне,– голас гучаў, як на лекцыі, бач, якога інтэлігентнага Харона прыслалі па ягоную душу...– Вы ведаеце, што ваш муж і ваш, пан Севярыніч, сын сцвярджае ў сваіх ксёнжачках? – цяпер голас дрыжэў ад абурэння.– Што расійска-крывіцкі дыялект, на якім гавораць мясцовыя хлопы, гэтая брудная, грубая, неўразумелая хамская гаворка ёсць асобная мова! Якая стаіць упоравень з вялікай рускай ці той жа нямецкай! І доказна, трэба заўважыць, сцвярджае. Прынамсі, маладыя розумы такое чытанне можа збянтэжыць. А што з гэтага вынікае? Новы бунт? А якія прыклады прыводзіць – схізмацкія песні пра бойкі з маскалямі! Куды толькі глядзелі ўсе гэтыя акадэмікі!

І яшчэ дадаў, ужо зусім не па-лектарску, што каб служыў ён тут дваццаць год таму, выкараніў бы ўсю заразу бунту дашчэнту.

Грозны прамоўца зайшоў у пакой, дзе знаходзіўся арыштаваны. Малады, прыгожы, вусы заліхвацкія – як у гусарскага кавалергарда, ноздры ваяўніча раздзімаюцца. Відаць, незадаволены, што арышт пазбаўлены баявітасці,– бунтаўшчык не адстрэльваецца, не хаваецца, нават не каецца. Відаць, Вінцэсеў спакой, ды яшчэ тое, што дзяржаўны злачынца чытае кнігу, змусілі госця страціць раўнавагу. Ён груба выхапіў з рук гаспадара невялікі томік.

– Байран... «Шыльёнскі вязень»...– насмешна тыцнуў кнігу ўладальніку.– Што ж, гэта – чытайце... Рыхтуйцеся, так бы мовіць, тэарэтычна.

Жандары збіралі з падлогі апошнія карткі, рассыпаныя, быццам загадкавы пасьянс, які ў выпадку, калі сыдзецца, адчыніў бы чарадзейнымі словамі дзверы ў дзівосны свет. Але госці не верылі ў чарадзейнасць слоў.

У ліхтары, падвешаным на бронзавым гаку над ганкам, гарэла свечка, і агеньчык трымцеў яркай хусткай, якой хтосьці адчайна махае, развітваючыся. Бацька стаяў у вітальні перад расчыненымі на вуліцу дзвярыма і... неверагодна, але так! – плакаў. Ён не глядзеў на Вінцэся, толькі плечы ўздрыгвалі. А вось – Габрусь. Закусіў вусны, стараецца не ўраніць слязы. Адно вочы гараць. Дай, Божа, каб гэтаму Севярынічу не давялося даводзіць сваю годнасць, сыходзячы ў лес ці турму. Затое Янінка плача – ёй, вядома, не патлумачылі, што адбываецца, але хіба можна падмануць яе чуйнае сэрцайка? Вунь як яно калоціцца – Вінцэсь расцалаваў залітыя слязьмі ружовыя шчочкі малой, што кінулася да яго, абшчаперыла з усіх сіл слабымі ручкамі... Шаптаў нешта суцяшальнае... Вядома, ён вернецца, хутка, і з прыгожай лялькай, ведаеш, у такой пышнай каралеўскай сукенцы. Ідзі, маленькая, укладвайся ў ложак... Нянька павяла дзяўчынку на другі паверх, у дзіцячы пакой, туды, дзе на століку – змайстраваны Вінцэсем палац з ліпавых трэсачак, аздоблены кавалачкамі бурштыну – жытло вужынай каралевы.

Прыслуга тоўпіцца... Спалоханыя, цікаўныя – не ўсе памятаюць, як яно было дваццаць год таму...

Марыя выйшла за ім на ганак. Вядома, ім дазволяць развітацца... Тут, у святле прыадчыненых дзвярэй, на скразняку, у час, калі вецер залятае ў цёплае чэрава дома, выстуджвае жытло.

Як яна пазірае... Быццам хоча разгледзець адбітак ў старым люстэрку з адслоенай амальгамай.

– Што з табой зробяць?

А ён думаў пачуць: «Што ты зрабіў?»

– Не хвалюйся, не думаю, што чакае страта. Найгоршае, што можа быць – высылка. З гаспадаркай ты зладзіш без мяне – у цябе гэта атрымліваецца лепей. Даруй...

Вінцэсь ведаў, што высылка – занадта мякка. Наўрад ці абыдзецца без заключэння ў якісь каменны лёх, без допытаў. У салдаты – наўрад, ён жа кульгавы... А на катаргу – цалкам магчыма. Але не, такіх, як ён, звычайна хаваюць жыўцом у крэпасці. Ды навошта Марыі пра гэта ведаць? Усе пакуты, якія наперадзе,– нішто перад дваццаццю гадамі адзіноты і самакатавання.

– Калі цябе сашлюць, я буду прасіць, каб паехаць за табою.

Вінцэсь нахіліў ссівелую калматую галаву:

– Не трэба, дарагая. Твае клопаты павінны быць пра дзяцей, бацьку... Я спраўлюся сам.

Жанчына неяк дзіўна рассмяялася:

– Ты заўсёды быў такі... Ганарлівы да дурасці. Вырашыў пакараць сябе адзінотай, а пакараў і мяне.

– Прабач...– Вінцэсь, намаганнем волі здушыўшы боль (гэта ён умее), пацалаваў яе – лёгка-лёгка – у лоб.

Марыя нечакана абхапіла ягоную галаву, і ён адчуў, якія гарачыя яе вусны,– упершыню яна цалавала не прывід, а менавіта яго, Вінцэся. А можа, сапраўды ўсе гэтыя гады толькі ён сам выклікаў з’яўленне прывідаў? А ён мог бы быць шчаслівым... Але шчаслівым нечакана пачуўся толькі цяпер – як жаўнер, які пасля пакутлівых блуканняў дагнаў свой полк, нават ведаючы, што той мусіць ісці ў апошнюю бойку.

Ужо ля фурманкі, у якую ўсеўся, чакаючы арыштаванага, малады афіцэр, Вінцэся дагнаў конюх Базыль, ужо зусім старэнькі, сагнуўся, цалуючы пану руку.

– Думаў сказаць пану перад сваёй смерцю... Ды, відаць, Бог цяпер загадвае. Мая віна, пане... Бервяно, што на нагу вашую звалілася... Гэта ж я ноччу падпілаваў апоры. Ведаў, куды вы кожны дзень ступаеце.

Вінцэсь быў агаломшаны.

– Навошта ты гэта зрабіў?

Базыль тросся ад плачу:

– Прабачце, пане... Стары пан загадаў. Каб толькі трохі пакалечыць... Казаў, іначай заб’юць вас... Даруйце, пане. Грэх на душы маёй.

Перад тым як фурманка выехала за браму, Вінцэсь апошні раз азірнуўся на свой дом. Над дахам палыхнула чырвонае святло – хлебазор. Сухая маланка.

...І Славамір паклаў нябачную руку Вінцэсю на плячо: «Ну што, браце, я ж сказаў, што мы будзем біцца разам!»


Цені забытага карнавалу

Пазалочаная фольга склейвалася кепска, і ад гэтага латы здаваліся бязлітасна пасечанымі варожым мячом. Аднак Анцік не хацеў і чуць пра іншы карнавальны касцюм. Ён будзе толькі срэбным рыцарам! Такім жа, як на іхнім гербе. Старэйшая сястра, шэравокая Настасся, ужо зусім зазлавала, перапэцканая клеем, аблепленая срэбнымі ашмёткамі,– вось выдумкі малечы!

Але ў сям’і Карвароў Каляды святкаваліся з асаблівым размахам. Нават бацька, такі звычайна заклапочаны і сур’ёзны, не лічыў ганебным упрыгожваць ялінку, дапамагаць у прыдумцы карнавальных жартаў і гульняў.

На гэтыя Каляды таксама чакалася шмат сюрпрызаў. Дарослыя блукалі па доме з таямнічым выглядам. Калматая котка Заіра, матчына ўлюбёнка, уцякала з віскам з кутняга пакойчыка, дзе адбываліся рэпетыцыі. І, вядома, па шафках і шуфлядках хаваліся скрыначкі і пакуначкі з падарункамі. У іхняй сям’і быў звычай, акрамя куплёнага, дарыць адно аднаму нешта, зробленае сваімі рукамі. Ну хаця б аксамітны вацок, вышыты незабудкамі, або выразанага з ліпавай драўніны конніка, нехлямяжага, але вельмі баявітага.

Анцік, прадстаўнік найноўшага, прагматычнага, пакалення, вырашыў пытанне вельмі проста: склаў спіс таго, што б ён жадаў атрымаць ад кожнага з сямейнікаў. Не дзіўна – усё, пра што ён марыў, тычылася доследаў у прыродазнаўчых навуках, а набываць у якасці каляднага падарунка кварту фармаліну, далібог, нікому б і ў галаву не прыйшло. Хаця Анцікава калекцыя заспіртаваных апалонікаў, жабак, яшчарак ды іншых малапрывабных істот карысталася вялікім поспехам у Настассіных сябровак – Анцік спецыяльна завабліваў неспрактыкаваных дзяўчатак у свой пакой, каб пачуць прыемнае хлапечаму вуху верашчанне. Акуратныя шэрагі расстаўленых па паліцах слоікаў, у якіх плавала ўсялякае страхоцце, рабілі ўражанне не толькі на гімназістак. Адзіны, у кім калекцыя выклікае замілаванне,– сусед Стась. Ён ужо вучыцца на першым курсе медыцынскага ўніверсітэта, адрасціў доўгія валасы і нават спрабуе адпусціць бараду, хаця пакуль яна не вельмі самавітая і, сказаць па праўдзе, на званне барады нават не цягне.

Стасік вельмі разумны і смелы. І пазнаёміліся яны з ім, калі тры гады таму чарнавокі сарамлівы падлетак даў нырца ў страшны Баламутаў вір, каб дастаць Настассін саламяны капялюшык. Гувернантка-францужанка тады ад жаху самлела, і давялося пырскаць ёй у твар вадою і пасля доўга ўпрошваць, каб не расказвала нікому пра неразумны ўчынак «сэра Ланцэлота» – так мадэмуазэль Алін празвала Стася. Анціку было ўсяго восем год, але новы знаёмца размаўляў з ім, як з дарослым, і пра вельмі сур’ёзныя рэчы – напрыклад, як зладжана дыхальная сістэма жабы, або пра жывёльны магнетызм ці тэорыю эвалюцыі Дарвіна.

Анцік шчыра дзівіўся, чаму яны раней ніколі не бачыліся са Стасікам? Маёнткі ж побач – Залессе, адкуль родам Стась, і іхнія Рэчыцы, і ў доме Карвароў заўсёды любілі гасцей. Прынамсі, пасля таго выпадку над вірам Стасік пачаў заходзіць падчас кожных вакацый. Пра Стасевых бацькоў Анцік не ведаў нічога, акрамя таго, што залескі пан – палкоўнік у адстаўцы і мае сувязі ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль і прыехаў. Ніякіх спробаў зблізіцца з кімсьці з суседзяў залескія паны не рабілі. Ды якое гэта мела значэнне, калі са Стасевай лёгкай рукі калекцыі птушыных пёраў і яек і шмат чаго іншага папаўняліся, а жывёльны свет маёнтка Рэчыцы ўзбагаціўся дзвюма парамі дзівосных галубоў – белых, як малако, і пухнатых, быццам растрапаліся, прадзіраючыся скрозь аблокі.

Але паступова Анцік пачаў з прыкрасцю падазраваць, што заходзіць старэйшы сябар не столькі для таго, каб прынесці яму новую кніжку пра жывёл, а каб пабачыцца з капрызуляй Настассяй і завесці з ёй нецікавыя гаворкі пра нейкага Дастаеўскага, Славацкага, Заля і ўвогуле пра незразумелыя Анціку рэчы, тыпу жаночай эмансіпацыі. Прычым яны заўсёды спрачаліся – Стасік паблажліва, захоўваючы мужчынскую годнасць, Наста – горача, аж да слёз. І яе шэрыя вочы так гарэлі, а голас гняўліва дрыжэў, што Анцік, напэўна, уцёк бы ад гэткай шалёнай. Нават мадэмуазэль Алін, якая не раз была сведкай падобных звадак, не вытрымлівала і бегла па нюхацельную соль – для сябе, вядома. А Стась адно ўсміхаўся. І Анцік кожны раз думаў з патаемным задавальненнем, што цяпер яго сястрыца не захоча больш сустракацца з чарнавокім задзіракам. Але, калі госць сыходзіў, хлопчык са здзіўленнем заўважаў на твары Насты дзіўную мяккую ўсмешку, а позірк сястры пралятаў, не затрымліваючыся, праз нецікавыя прадметы інтэр’ера ў нейкія нетутэйшыя далячыні.

З’явілася тая ўсмешка на ейных вуснах і цяпер, калі пакаёўка прыбегла з паведамленнем, што прыйшоў залескі паніч. Анцік кінуўся на лесвіцу, перавесіўся ўніз. Стась з’явіўся ў неверагодна шыкоўным выглядзе: паўзверх доўгай чорнай бравэркі – плед у краткі, на доўгіх валасах – капялюш з шырокімі брыламі, з якіх зараз страсаліся цэлыя снегавыя сумёты. А ў руках – два прыгожанькія пакуначкі!

– А, наш юны сусед! Гэта ваш карнавальны касцюм?

Бацька, пан Міхал Карвар, заўсёды чамусьці размаўляў са Стасікам жартаўліва. Але малады чалавек адказаў годна, з прыхаваным выклікам:

– Так апранаюцца студэнты, пан Міхал.

– Ну-ну... А як жа шынель, мундзір, фуражка з гербам, пальчаткі?

– Мы пратэстуем супраць нашэння формы,– голас Стасеў гучаў урачыста.– Бяднейшыя студэнты не могуць яе набыць, таму ім пагражае выключэнне. Гэта дыскрымінацыя! Мы вырашылі ўсе хадзіць на заняткі ў цывільным!

– Што ж, ухваляю,– бацька сказаў гэта ўжо сур’ёзна.– Але сённяшнім вечарам, юнача, жадаю вам толькі шчыра весяліцца.

Гасцей, як заўсёды, было шмат. Прыехала пані Марыся, удава дзядзькі Анатоля, брата пана Міхала. Шмат гадоў пані Марысю бачылі толькі ў чорным, хаця сёння на ёй серабрыста-шэры раброн. З паняй Марысяй дочкі, смяшлівыя рудзенькія Ганка і Гапка. Вось пан Міхал сустракае сям’ю з маёнтка Гаркавічы: пан Вітольд, хударлявы, з каротка стрыжанымі сівымі валасамі і кавенькай, падобны на рымскага легіянера, таўсманная і дабрэнная пані Ядвіга, іх сын Радусь, будучы юрыст, элегантны і ўраўнаважаны да сумоты. Вясёлая святочная мітусня напоўніла дом даверху, як рознакаляровыя каменьчыкі напаўняюць куфэрак прыгажуні.

– Карнавал! Карнавал! Маскі, рыхтуйцеся!

Анцік кінуўся ў свой пакой. Латы выглядаюць як сапраўдныя... А меч – дык і ўвогуле сапраўдны: старажытны, ваярскі, вышчарблены ў многіх бойках – таму і дазволілі ўзяць, што страціў былую вастрыню. Вядома, не зусім рыцарскі – такі кароткі меч называўся корд і выкарыстоўваўся для бліжняга бою. Хлопчык не ўтрымаўся, каб не ўзмахнуць сваёй зброяй, направа, налева, рэзкі выпад – і цмок падыхае на рудой ад атрутнай крыві траве.

У зале ўжо збіраліся маскі. Старэйшыя госці, што не бралі ўдзел у пераапрананні, уладкаваліся на крэслах ля сцен. Пані Ядвіга, вядома, пасунулася да століка з пачастункам – цукаты ў маёнтку Рэчыцы былі адметныя.

Маці ў светла-зялёнай сукенцы, ветлая і прыгожая, з гэткімі ж вялізнымі шэрымі вачыма, як у Насты, падыходзіла то да аднаго, то да другога госця, і ад яе слоў, пагляда, усмешкі прасвятляліся твары – быццам сонечны прамень слізгаў па хвалях ручая.

Наста зайздросціла матчынаму ўменню прымусіць самага сур’ёзнага чалавека усміхнуцца, прыадчыніць душу насустрач. Здавалася, пані Карвар правяла жыццё ў казачным свеце, дзе проста няма благіх людзей і вялікіх няшчасцяў,– такая яна была ўся светлая, даверлівая, ніколі не павышала голасу. Як сапраўдная фея.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю