355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 27)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 32 страниц)

– За што? – адкінуўшы сон, натапырыў вушы Саколіч.

– Не шанцавала, відаць,– з’едліва пракаментаваў географ.– Ад немцаў беларусы выкупілі – ён згадзіўся працаваць у сакратарыяце новага ўрада... А палякі дык ледзь не расстралялі – палічылі савецкім шпіёнам. Прыйшла савецкая ўлада – зноў забралі, ужо як польскага шпіёна. Добра, у кіраўніцтве аказаўся чалавек з групы, што калісь рыхтавала замах у Піцеры. Калі ўспомніць, што мой знаёмы паспытаў пару дзясяткаў каталажак падчас сваіх блуканняў па Азіі-Еўропе, і з кожнай вызваляўся, дык ён нейкі... улюбёнец духу вязніцаў.

– І што цяпер з гэтым чалавекам? – зноў санліва пацікавіўся Саколіч.

– Мяркую, з ім усё някепска. Але што ён не зрабіў для свайго народа і часткі таго, што мог бы – гэта таксама дакладна. Ці ненавідзеў ён свайго бацьку? Ведаеш, з цягам часу зразумеў, што мусіць быць яму ўдзячны. Кім бы ён вырас, ведаючы, што сын здрадніка і баязліўца? А так ён – сын героя.

Ужо правальваючыся ў сон, Саколіч чуў сярдзітыя словы Тарвецкага:

– Ну зусім ніякага выхавання ў гэтых савецкіх барчукоў... Хоць бы распрануўся, ці што.

А тады пад яго галаву прасунулася падушка.

Сон прыйшоў стракатымі птахамі і пачварнымі ліянамі, якія варушыліся, быццам шчупальцы... І яшчэ ўсплыў голас бацькі – аднекуль далёка, з дзіцячай памяці: «Не, ты чуеш, Зойка, якую контру давялося дапытваць... Кашулю сцягнулі – а пад ёй татуіроўкі на ўсю спіну! Ды яшчэ каляровыя – як твая хустка ў птушкі. Кажа, дзікуны распісалі... Ну, мы таксама яму распішам!»

...Назаўтра сын ворага народа Міхась Саколіч у кабінеце дырэктара кляўся перад суворымі людзьмі ў штацкім, што надалей будзе пільным, што гэта інтэлігенцік з гнілым нутром Тарвецкі, замаскаваны шпіён, загубіў ягонага бацьку, каб адпомсціць за свой арышт. Ён і яго, Міхася, спрабаваў заразіць буржуйскай пошасцю: гаварыў, што Бог ёсць, што бальшавікі памыляюцца...

Варожае адроддзе, канешне, хлапец... Але са здольнасцямі. Да настаўніка варта прыгледзецца.

...У кабінет да цэнзара зайшоў высокі худы чалавек у акулярах. Было відаць, што чалавеку больш за ўсё хочацца ў гэты момант апынуцца ў іншым месцы, але абавязак мацней за непамыснасць, і чалавек з усяе моцы ўдае дзелавы пазітыў.

– Вось, зірніце, калі ласка... Аўтара дзесяць гадоў як рэабілітавалі, а рукапіс дасюль не выдадзены. Наша выдавецтва хоць сёння гатовае. Цудоўныя пазнавальныя аповесці для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту. Вы ж ведаеце, як не хапае нам такой літаратуры... Але ў план ніяк не можам паставіць. Паўплывайце вы на перастрахоўшчыкаў!

Цэнзар, сівагаловы мажны чалавек з паважнасцю, якая зрабілася ўжо ягонай другой абалонкай, утаропіў шырока расстаўленыя блакітныя вочы на тэчку.

– Сігізмунд Станіслававіч Тарвецкі... Гэта хто?

– Гэта беларускі пісьменнік! – заспяшаўся выдавец.– Шмат падарожнічаў... Выкладаў у мінскіх школах геаграфію. Некалькі апавяданняў надрукаваў у сярэдзіне трыццатых гадоў. Нашы спецыялісты лічаць – не горш, чым Янка Маўр, пісаў! Дый сам Маўр яго памятае, добра адзываецца...

Твар цэнзара, застылы, як мерзлае цеста, не змяніўся ніводнай рысачкай.

– І дзе гэты ваш... Тарвецкі быў у часы акупацыі?

Хударлявае цела выдаўца напружылася: а чаго яшчэ чакаў, тут усё вядома...

– Быў на акупаванай тэрыторыі... Але ж вы самі падумайце: які трагічны лёс! У трыццаць сёмым арыштавалі па нейкіх недарэчных абвінавачваннях... Чатыры гады адседзеў у Карагандзе, а перад самай вайной прыехаў на Беларусь. А тут – бамбёжкі, немцы... Так, ён уладкаваўся працаваць у школу – але ж супрацоўнічаў з падпольшчыкамі. Яго немцы забралі, дапытвалі, потым адправілі ў лагер смяротнікаў Калдычава... Адтуль у сорак чацвёртым вызвалілі партызаны. А ў сорак шостым яго зноў арыштавалі – як нямецкага паслугача. Дзе ён загінуў, нікому не вядома. Але ж – рэабілітаваны цалкам!

Гаспадар кабінета лена пабарабаніў моцнымі, неінтэлігенцкімі, пальцамі па стале, нібыта маленькі барабаншчык сігналізаваў пачатак атакі.

– Нейкі слізкі ваш Тарвецкі. Такое ўражанне, што ён і дасюль дзесьці блукае па свеце, ад турмы да турмы. Пільней трэба быць, таварыш, асабліва на фоне халоднай вайны. Ну, пакідайце, пагляджу.

Выдавец здушыў дурное жаданне пакланіцца і выйшаў, назнарок стараючыся захаваць спіну выпрастанай.

Старонкі ціха шаргаталі, выпраменьваючы папяровы пыл.

«А цікава напісана, жывенька,– думаў цэнзар, прабягаючы вачыма радкі.– Пампасы-лампасы, прэрыі-шмерыі... Пра Малайзію гэтак... кранальна. Бач, артыст які аказаўся ў душы ўлюбёнец духу вязніцаў...»

Зачакаўся гэты рукапіс... Бач, папера жоўтая, крохкая – нібы засушаная кветка малайскага лёну... Дакладней, новазеландскага.

Шырокая рука з сівымі валаскамі пацягнулася да хваста аднаго са штампаў, якія сядзелі на стале ў чаканні, як птушкі-падлаеды, вусны пяшчотна пахукалі на ўрачыстую гуму... Гума моцна прыціснулася да паперы, быццам прысмакталася ў п’яным пацалунку...

На першым лісце засталіся роўныя, як шыбеніца, сінія літары «У архіў».

І подпіс цэнзара: «М. Саколіч».

2009

Шклянка цемры з прысмакам крыві

Хто сказаў, што ноч – сляпая? У яе – тысячы вачэй. І ўсе бязлітасныя, быццам прыцэл нагана.

Можа, так проста здавалася ад таго, што ў горадзе панавала чорная восень, якая бессаромна скінула з сябе апошні сентыментальна залаты лісток, што пад вокнамі туляўся позні вечар, калі сумленныя тубыльцы нават гарбату ўжо выпілі, а халодны дождж біў, біў, біў нябачнымі ў цемры бізунамі паўмёртвую зямлю ў ганебных гнілых лахманах травы і лістоты. Карацей, дасканалыя дэкарацыі для гатычнага рамана...

Хведар не надта любіў гатычныя раманы. Калі папраўдзе, дык ён прачытаў іх усяго два – у старым выданні, яшчэ з яцямі, на пажаўцелай паперы... Знайшоў на гарышчы, у куфры, у якім бабуля захоўвала праедзеныя моллю старарэжымныя салопы ды капялюшыкі, якія, відаць, Хведаравы сваякі проста не змаглі ў свой час вымяняць і на акраец жытняга хлеба. Кнігі, цяжкія, прапахлыя плесняй, нібыта ўвільготненыя слязамі павятовай паненкі, называліся «Замак Атранта» і «Франкенштэйн».

Толькі павятовых паненак палохаць... Прывідныя мніхі, пустыя рыцарскія латы, якія ходзяць па замкавых сценах, жывыя трупы і замураваныя мнішкі... Той, хто прайшоў вайну, наўрад спалохаецца прывіда, а той, хто пабываў у... сучасных сутарэннях, наўрад жахнецца, уявіўшы ржавыя ланцугі на голых цагляных сценах...

Дождж гэтак моцна ўдарыў у шыбу мокрай лапай, што Хведар нібыта адчуў на твары дробныя мокрыя кроплі. Нават электрычнае святло лямпачкі здрыганулася, як агеньчык класічна-гатычнай свечкі.

Трэба заторгнуць фіранкі... Калісьці бялюткія, туга накрухмаленыя, цяпер яны нагадвалі адначасова апалую квецень і павуцінне. Дзіва што – паўгода без гаспадыні... І паветра ў хаце мёртвае, нежылое – як ні праветрываў, як ні прапальваў грубку.

А хадзіць яшчэ цяжка. І рукі дрыжаць. На правай усё яшчэ час ад часу агнём гарыць мезенец, пазбаўлены пазногця. Вось халера. Нічога, цела моцнае, цела вытрымае. Адновіцца, набудзе былую жвавасць, як рыбіна, што сарвалася з кручка.

А што да душы... Савецкі афіцэр у душу не верыць.

Таму тое, што невыносна вярэдзіць, спараджаючы начныя жахі, смела можна назваць сапсаванымі нервамі.

Хведар горка ўсміхаецца, ягонае шыракаватае, з буйнымі рысамі аблічча, на імгненне цямнее. Пры поглядзе на такога, як ён, і думкі пра нервовасць і чуллівасць не павінна ўзнікаць. Напэўна, так калісьці выглядаў прафесійны паяўнічы на зубраў – каржакаваты, дужы, з пільнымі, нібыта прыжмуранымі вачыма пад густымі бровамі.

Нэ-эрвы...

Дзякуй Богу, што не вар’яцтва.

Хаця савецкаму афіцэру, нават за паўкрока да адстаўкі, не належыць згадваць Бога...

Быць унукам буржуазнага нацыяналіста і цемрашала яму таксама не належыць, няхай косткі ніколі не бачанага дзеда ўжо гадоў семдзесят, відаць, як гніюць у ненажэрнай сібірскай глебе. Але на фронце пагоны даюць не за паходжанне.

Яго біяграфію ператрэслі за гэтыя дні, напэўна, да сёмага калена...

І навошта яму заманулася ў тым клятым мястэчку выскачыць з цягніка, каб збегаць у вакзальны буфет! Цяпер любая гарбата для яго будзе аддаваць прысмакам крыві.

Чарговы мокры ўдар дажджу ў шыбы, і – сінхронна – стук у дзверы.

Прывід не мог бы выбраць лепшага моманту для свайго з’яўлення.

Герой гатычнага рамана сцішыўся б і скрозь дрыжыкі пачаў услухоўвацца ў таямнічыя гукі і змушаць сябе да дзеяння... Хведар проста падкульгаў да дзвярэй і адчыніў іх.

Лепей бы гэта быў прывід.

Светлавалосая круглатварая дзяўчына з блакітнымі шырока расстаўленымі вачыма, з упартым носікам з ледзь заўважнымі рабацінкамі, у шэрым шынялі, наскрозь прамоклым, глядзела на гаспадара, як чорная восень. Проста і бязлітасна.

Хаця, уласна кажучы, нічога страшнага ў дзяўчыне не было. Наадварот – калі б ён упершыню сустрэў яе на танцпляцоўцы, мог бы запрасіць на вальс. Гэтай крамянай дзяўчыне хацелася даць у рукі серп (альбо, з увагі на жаночае раўнапраўе, молат) і сфатаграфаваць для першамайскага плаката. Каб не струмені вады, якія жаласна сцякалі са светлых кос, і не застылы выраз круглага аблічча.

Але Хведар аддаў бы ўсё на свеце, каб болей ніколі не бачыць гэтых блакітных вачэй. Мімаволі ўскалыхнуўся тужлівы спалох: няўжо яшчэ не ўсё? Ён болей не можа... Не хоча... Звярыны, ганебны пострах... Хведар здушыў яго. Як там казала бабуля... Нікому не будзе дадзены крыж цяжэйшы за той, які ён можа панесці.

Госця холадна прамовіла:

– Дазвольце ўвайсці, таварыш Сапяжынскі.

Вось як, «таварыш»... Можа, не так усё дрэнна? Дадаў у голас воцату і жоўці:

– Як я магу вам адмовіць, таварыш Рабко...

Хведар адступіў у пакой, позірк ягоны мімаволі слізгануў у дождж і цемру – колькі прывідаў з нядаўняга мінулага яшчэ выплывуць?

Дзяўчына заўважыла позірк гаспадара:

– Я прыйшла адна.

Гаспадар пастараўся не паказаць здзіўлення і палёгкі. Ён прычыніў дзверы, намагаючыся нават выпадкова не дакрануцца да постаці ў мокрым шынялі... Бо было дурное адчуванне – ад гэтага дотыку званітуе, як нервовую паненку ад дотыку да старой грыбастай рапухі.

Дождж, ноч і восень чакалі за дзвярыма. Смерць пазірала блакітнымі, шырока расстаўленымі камсамольскімі вачыма.

– Я адна. Я прыйшла без зброі. І... ніхто не ведае, што я ў вас. І... вось...

Яна працягнула спісаны круглым школьным почыркам аркушык.

Хведар моўчкі ўзяў:

«Я, Валянціна Рабко, сыходжу з жыцця па ўласнай волі. Прашу нікога не вініць у маёй...»

Што за блёкат?!! Хведар разгублена падняў вочы на госцю. Тая глядзела некуды за ягонае плячо, у нежылую цішу выстылай хаты.

– Пасля таго, што я... з вамі рабіла... Я...– выдыхнула, нібы даючы нырца ў халодную ваду.– Карацей, я зраблю ўсё, што вы хочаце.

І глядзіць, ледзь не з выклікам.

Вось як... Хведар не ведаў, ці смяяцца яму, ці плакаць. Павятовыя паненкі не змяніліся за апошнія дзесяць стагоддзяў. Хаця ім уручылі па камсамольскім білеце, навучылі прыёмам самба і прэзентавалі наганы. Сумленне маладога спецыяліста КДБ замучыла. Дзівосы. І што, ён, Хведар, павінен гэтае ейнае хворае сумленне лекаваць? Чым? Загадаць павесіцца? Ці ўласнаручна прыдушыць?

Сапраўды, цягам бясконцых дзесяці дзён марыў пра гэта, лічы, штохвілі.

...Пасля двух гадоў у пераможанай Германіі (служыў у вайсковай частцы ў Патсдаме) ён атрымаў накіраванне ў Вялікія Лукі, у артылерыйскую брыгаду. Марыў дэмабілізавацца – урэшце два гады як скончылася вайна. Вярнуцца ва ўніверсітэт, узяцца за дысертацыю, заглыбіцца ва ўлюбёныя лічбы-формулы... У штабе велікалуцкай брыгады апынуўся былы аднапалчанін, скандаліст, але добры мужык, таму мелася ўпэўненасць, што паспрыяе. А пакуль выпрасіў у яго авансам незаконную паслугу – затрымацца на колькі дзён, каб заехаць у родную хату. Бабуля паўгода як памерла, дачакаўшыся Перамогі, але не дачакаўшыся яго, унука. Хаця яму так неабходна было нешта паспець сказаць ёй... Маці загінула яшчэ ў вайну – патрапіла пад бамбёжку, калі вярталася з барахолкі, дзе выменьвала нейкія транты на ежу.

Так што ён ехаў на радзіму, шчасліўчык, абранец лёсу, і яго ніхто не чакаў. Рукі-ногі цэлыя, на грудзях – тры медалі і ордэн, на пагонах новенькія капітанскія зорачкі...

Калі да роднага горада заставалася ехаць гадзінаў пяць, цягнік спыніўся на станцыі абласнога цэнтра, і пайшла пагалоска, што прастаяць тут не менш гадзіны. Людзі абурана загулі. Хтосьці працягваў драмаць, некаторыя пацягнуліся на спакусныя агні станцыі. І ён таксама...

Гэтыя хвілі ён пракручваў у памяці бясконца. Вось буфетчыца ў накрухмаленай белай шапачцы, і нібыта прыклеены да лба каштанавы кудзерчык, працявае шклянку з гарбатай, усміхаецца. Вось ён стаіць адзін ля маленькага століка – драўляны грыбок на тонкай-тонкай ножцы... Непадалёк, за такім жа «грыбком», сямейная пара – маладыя, ён у ватоўцы, яна – у выцертым паліто і белым платочку. Дзіўны стары ў шапцы-аблавушцы, аблезлай так, што немагчыма вызначыць, са скуры якога звера яна была выраблена, у гэткім жа аблезлым футры, з торбачкай у руках, са страшэнна худым тварам, зрэзаным глыбокімі зморшчынамі і зарослым чорна-сівым шчаціннем, ходзіць між столікаў, нічога не просячы, але, вядома, яму даюць – хто сухар, хто – вараную бульбіну. Позірк светлых, як рачныя каменьчыкі, вачэй старога не мог і на імгненне запыніцца ні на чым – гэтак пераступаюць босымі нагамі па гарачым вуголлі, дзе кожнае прамаруджванне адгукнецца болем.

Раптам вочы старога ўтаропіліся ў Хведара – нібыта наторкнуліся на нешта вострае. На дне іх ускалыхнуўся вар’яцкі жах, стары выгнуўся, як ад болю, і загарлаў:

– Гэта ты! Ты страляў! Я пазнаў цябе, фашысцкі гад! Ты!

Далейшае нагадвала дурны сон.

Вар’яту верылі. Яму, Хведару – не. Вар’ят быў свой, ён застаўся апошнім сведкам страшнага расстрэлу, пасля чаго і паехаў у небаракі дах. Народ усё яшчэ хварэў вайной, часам здавалася, што людзей на мыліцах, на вазочках – дошка на калёсіках, на вуліцах гарадоў болей, чым здаровых. Паўсюль лавілі шпіёнаў, паліцаяў, замаскаваных фашысцкіх недабіткаў. А ў Хведара аказаўся нямецкі гадзіннік, прыгожы скураны нататнічак з нямецкімі словамі, выціснутымі на вокладцы, а ў нататнічку – формулы, лічбачкі... І яшчэ – патрапаная кніжка кішэннага фармату на нямецкай мове. Мэры Шэлі, «Франкенштэйн».

І па дакументах выходзіла, што зараз ён мусіць быць не тут, на гэтай чыгуначнай станцыі, а ў вайсковай частцы Вялікіх Лук.

Усё давяршыла тэлефанаванне ў Вялікія Лукі. На пытанне, ці прыбыў на месца службы капітан Фёдар Станіслававіч Сапяжынскі, бадзёры голас адказаў, што няхай пільнае начальства не хвалюецца залішне, бо франтавікі ў адрозненне ад тылавых пацукоў ніколі не позняцца. Аднапалчанін, як абяцаў, «адмазваў», нахабна (і звыкла) парушаючы вайсковы статут дзеля франтавога братэрства...

Для Хведара гэтае сяброўскае геройства азначала прысуд.

Ён мог зразумець сілу нянавісці месцічаў. У ім ужо многія «пазнавалі» забойцу свайго бацькі, ката сястры, згубцу дзяцей... Інстынктыўная патрэба – убачыць вінаватага ў тым, што абрушылася тваё жыццё, і хай ён сплоціць...

Чамусьці ярчэй за ўсё запомнілася, як з яго здзіралі медалі...

Вядома, ён ведаў, што памылка рана ці позна высветліцца.

Але вельмі хутка пачало здавацца, што гэта назаўсёды, і надзеі няма. Так, ён спрабаваў быць спакойным, і тлумачыць, і ставіў сябе на іх месца – сам жа, калі трэба было, выстраліў здрадніку ў патыліцу, не вагаючыся, і ніякага шкадавання не меў да маладзенькага бялявага хлапца, лічы, падлетка. Нібыта той і чалавекам перастаў быць пасля таго, як, узняўшы рукі і нягегла прыгнуўшыся, рушыў у бок немцаў, усхліпваючы, молячы, благаючы...

А потым з’явілася яна, штодзень (ці штоночы?) на колькі гадзінаў падмяняючы спрактыкаваных барацьбітоў са шпіянажам. Як ён зразумеў, даверылі «збіваць з яго фанабэрыю» таварышу Валянціне менавіта таму, што палічылі, гэта асабліва крыўдна – дарослы дужы мужык цалкам ва ўладзе сцервознай дзеўкі. Толькі-толькі скончыла курсы, амбіцыйная, страшэнна перажывае, што не паспела паваяваць на фронце...

Сваё першае заданне таварыш Рабко выконвала са стаханаўскім імпэтам.

Хведара зноў тузанула ад успамінаў.

А цяпер яна стаіць перад ім, і кажа, што выканае ўсё...

Хведар сціснуў сківіцы, памаўчаў. І прагаварыў халодна:

– Ну давай распранайся.

Госця, не змяніўшыся ў твары, расшпіліла гузікі мокрага шыняля, ледзь не абламаўшы караткаватыя моцныя пальцы. Пашукала, куды пакласці шынель... Зірнула на нерухомага гаспадара... кінула на падлогу. Узялася расшпільваць кофтачку, на хвілю замарудзілася:

– Толькі... Я мала што ўмею. Ну... Такога...

Хведар ледзь не застагнаў ад агіды – да яе, да сябе, да сітуацыі.

– Адставіць! Ідыётка!

Ад яго рэву яна ледзь не павалілася. Вочы – аж круглыя ад спалоху.

Што ж, яму трэба было перакрыкваць гарматы, калі камандаваў гарматным разлікам.

– Зашпіліцеся, мадам.

На яе шчоках запунсавелі плямы. Як у гераіні першамайскага плаката. Мёртвае паветра хаты, здавалася, згушчаецца, як перад навальніцай. Хведар цадзіў скрозь зубы:

– Значыць, хочаш, каб я з табой штосьці ўтварыў – на знак прабачэння? Дык што з табой зрабіць – згвалціць? Набіць пысу? Паставіць на калені гадзінак на дзесяць? Ці прыстрэліць? Га?

Валянціна зглытнула, утаропіўшыся ў падлогу з пісягамі няўмела вымытага бруду.

– Што, цяжка адчуваць сябе навалаччу?

Яна прыкусіла губу.

Хведар жорстка працягваў:

– Я не дам табе палёгкі, выявіўшыся навалаччу сам.

– І... як мне далей... жыць з гэтым?

І глядзіць яснымі блакітнымі вачыма. Хто ведаў, што ў паненкі такая тонкасць пачуццяў.

– Як жыць? – Хведар пасміхнуўся.– А як жывуць твае старэйшыя калегі, якія мяне дапытвалі? Чамусьці лейтэнант Кравец альбо маёр Тусклы не прыехалі да мяне з просьбай набіць ім пысы. Спяць па начах спакойна. Што яны табе сказалі? Што вы ўсе проста выконвалі сваю працу, так?

– Так...– Валянціна круціла гузік на кофтачцы, нібыта гэты касцяны кругляшок смяротна правінаваціўся перад ёю.– Сказалі, што лепей, калі пацерпяць дзесяць невінаватых, чым прапусціць аднаго сапраўднага дыверсанта ці здрадніка.

– А ты, значыць, так не лічыш? Ці верыш, што да мяне не арыштавалі ніводнага невіноўнага? І што я – апошні, каго забралі памылкова?

Таварыш Рабко стаяла, унурыўшыся.

– Не ведаю...

Вецер за вокнамі зноў пачаў шалець, кідацца ў вокны, быццам галодны птах. Людзі таксама ў пошуках ратунку лятуць на святло прыгожай ідэі, і не разумеюць, што за нябачная сцяна раптам вырастае перад іх шчырым парывам, чаму аб яе ў кроў разбіваюцца іхнія лёсы.

Зямля пад сценамі кожнай утопіі ўсыпана пер’ямі і заліта крывёй. А ў цёплай хаце, ля агменю цешацца сваёй справядлівасцю выбраныя... Якім не дадзена шкадаваць тых, што слепа б’юцца ў вокны.

Дзяўчына пераступіла з нагі на нагу, Хведар зразумеў, як яна стамілася. Што ж... Трэба завяршаць размову. Запрашаць прысесці неяк не хацелася. Вось жа не пашанцавала дзеўцы – першае заданне, і трапіла на памылкова арыштаванага героя вайны.

– Спадзяюся, вы зразумелі, што мне ад вас нічога не трэба?

Валянціна прыгладзіла мокрыя косы. Словы застравалі ў яе горле. Нарэшце яна прамовіла:

– Мне... мне... страшна сябе самой. Гэта аказалася так... проста. Рабіць іншаму балюча. Прыніжаць.

– Вам яшчэ неаднойчы давядзецца гэта рабіць,– абыякава прамовіў Хведар.– Гэта, прабачце, праца, якую вы абралі. Не адчуваеце ў сабе дастаткова моцы – сыходзьце.

Дзяўчына ўпарта затрэсла галавой:

– Я ворагаў ненавіджу. Фашыстаў шкадаваць не збіраюся.

Хведар глядзеў у правы дальні кут, туды, дзе яшчэ на яго памяці калісьці вісеў абраз, і яму, зусім маленькаму, бабуля тлумачыла: «Гэта Божанька, Хведзечка. Ён добры, ён усіх прабачае».

– Я нарадзіўся ў год рэвалюцыі,– павольна прамовіў Хведар, адчуваючы, як прагна Валянціна ловіць ягоныя словы – першыя без здзеку і гневу.– Я вельмі ганарыўся тым, што я равеснік Вялікага Кастрычніка. Калі мне было шаснаццаць, нам у піянерскім атрадзе распавялі пра Паўліка Марозава, замардаванага кулакамі. Мы ўсе захацелі таксама ўчыніць нешта гераічнае, стаць падобнымі да Паўліка. На наступны дзень кожны павінен быў на агульным сходзе выкрыць якія-небудзь правіны перад савецкай уладай сваякоў альбо суседзяў, асабліва калі хто з іх хавае ў хаце абразы, ці іншыя прадметы культу, ці антысавецкую літаратуру альбо зброю. Я рыхтаваўся, аж на месцы падскокваў ад нецярпення. І калі надышла мая чарга, спяшаючыся, паведаміў, што на гарышчы нашага дому стаяць вялікія куфры, у адным старая адзежа, а ў другім бабуля хавае падазроныя паперы, напісаныя на замежнай мове. Я неяк туды крадма лазіў, бачыў...

Мяне пахвалілі. Таварыш у ваеннай форме доўга трос руку і казаў пра піянерскую сумленнасць... Я быў шчаслівы. А ўвечары таго ж дня ў нас пачаўся ператрус.

Куфар з паперамі звалаклі ўніз. Пажаўцелыя аркушы, спісаныя няроўным почыркам. Калі скласці ў адзін стос, былі б, напэўна, вышынёй з мяне.

– Польскія дакуменцікі! – задаволена абвесціў адзін з тых, хто рабіў вобыск.

Бабуля голасам, якога я ў яе ніколі не чуў, пачала тлумачыць, што гэта напісана не па-польску, а па-беларуску, што гэта архіў яе мужа, майго дзеда. Беларуская мова была забароненая, і таму пісалі лацінскімі літарамі і не мелі магчымасці друкаваць. А дзед быў хаця і дужа веруючы, але змагар за народную волю, яго саслалі ў Сібір, дзе ён і памёр, а маёнтак канфіскавалі, і яны з маленькай дачкой, маёй маці, пераехалі сюды, у горад, у маленькую хату... І паперы маюць вялікую каштоўнасць для Беларусі... І... калі іх зараз забяруць, гэта будзе для яе ўсё роўна, што другі раз забіраюць яе мужа...

І бабуля пачала душыцца слязьмі. Гэта трохі зменшыла маю ганарлівую радасць – бо я ні разу не бачыў, каб бабуля плакала.

Таварыш, які кіраваў вобыскам, пагартаў паперы і сказаў, што яны ўсе – на рэлігійную тэматыку. Усе прапагандуюць хрысціянскія перажыткі. А калі ў майго дзеда быў маёнтак, значыць, ён прадстаўнік эксплуататарскага класа. І нічога каштоўнага ў гэтых спарахнелых стосах быць не можа.

Паперы звезлі, і мы пра іх больш ніколі нічога не чулі. А бабуля больш ніколі са мной не размаўляла. Яна... прынцыповая была. Неяк я разгаварыўся з калегам па ўніверсітэце, з філфаку... Той, даведаўшыся гісторыю пра зніклыя паперы, ледзь сівыя валасы на сабе не рваў. Такія каштоўныя гістарычныя дакументы зніклі.

І я, толькі пасталеўшы, зразумеў, што зрабіў. Але ўжо няма ў каго прасіць прабачэння.

Валянціна неўразумела глядзела на гаспадара.

– Але... вы ж проста выконвалі свой доўг. Вы зрабілі правільна.

Хведар горка пасміхнуўся:

– У такім выпадку і ты ўсё рабіла правільна. Фашысты таксама былі перакананыя, што ўсё робяць правільна. Што нас можна знішчаць, бо мы не людзі. Я хадзіў па тэрыторыі канцлагера, там, у Нямеччыне... Больш за ўсё мяне ўразіла ведаеш, што? Парадак. Чысціня. Сартаваныя ў асобныя кучы паліто, кофты, абрэзаныя валасы, дзіцячы абутак... Іх уладальнікаў спалілі ў акуратных крэматорыях – строга па спісах. Увечары пасля «экскурсіі» мы змусілі пажылога немца, гаспадара хаты, дзе часова кватаравалі, вычысціць нашы боты. Мы не білі яго, не абражалі, не стралялі над вухам з пісталета, як, напэўна, рабіў ягоны сын на захопленай славянскай зямлі. Проста стаялі моўчкі і глядзелі, як чыстакроўны арыец, завіхаючыся, пацеючы ад страху, начышчае, начышчае, начышчае брудную кірзу.

Хведар рыпнуў зубамі ад раптоўнага прыліву нянавісці:

– І ні ён, ні ягоныя бюргеры-суседзі не жадалі ведаць, што робіцца за ўпрыгожанымі калючым дротам сценамі за пару соцень метраў ад іхніх дамоў. Чалавек вельмі лёгка ператвараецца ў звера. І вельмі лёгка пераконвае сябе, што праўда – на ягоным баку. Вось мая маці... Яна загінула, калі ішла на базар, нешта выменьваць... Гэта значыць жыла пры немцах, нешта спрабавала зарабіць, гандлявала... Што ж яна, здрадніца была? Калі мераць строга – то так... А калі не па-гэбісцку, а па-чалавечы?

Раптам дзяўчына нібыта перамянілася. Падняла з падлогі мокры цяжкі шынель, усцягнула на сябе – без нервовасці, хутка, але ўпэўнена. Зашпілілася, змрочна выпрасталася. Хведар скалануўся... Ён пазнаў ранейшую супрацоўніцу КДБ, без полу і ўзросту – чалавек-функцыя, якая глядзела з грэблівай нянавісцю і чырванела ад насалоды, калі яму рабілася нясцерпна балюча.

– Я сапраўды ўсё рабіла правільна. Засумнявалася, дурніца. А ты... ты параўноўваеш супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі з фашыстамі?!! А яшчэ франтавік... Панская парода, адно слова!

Яна выхапіла з ягоных рук сваю «перадсмяротную» цыдулку.

– Паслухай, ты няправільна зразумела...

У адказ ляснулі дзверы.

Хведар, зняможаны, апуціўся на венскае крэсла са спінкай у выглядзе драўлянага вензеля, прытуліў забінтаваную руку да грудзей, як дзіцёнка. Нават пачаў гушкаць – каб супакоіць пульсуючы боль. Разбалбатаўся, дурань... Знайшоў каму душу адкрываць. Самота, браце, да дабра не даводзіць... Пашкадаваў гадзюку. На фронце было прасцей... Думка падалася такой крамольнай, што Хведар нават галавой патрос, каб адагнаць гэты блёкат.

За ім прыйшлі назаўтра. На гэты раз памылка выключалася. Ён мусіў адказваць за сябе. Спыталі з яго па поўнай. Не лёс быў трапіць капітану Сапяжынскаму ў Вялікія Лукі. Прынамсі, у бліжэйшыя пятнаццаць гадоў, на якія яго асудзілі. З Валянцінай Рабко ён падчас следства не сустракаўся – толькі пазнаваў у цытатах з даносу яе голас.

...У цягніку Мінск – Масква дружна пазвоньвалі казённыя лыжачкі ў гранёных шклянках з гарбатай. Нехта з нешматлікіх пасажыраў, можа, каб адагнаць тугу, што непазбежна ўзнікае пры поглядзе на восеньскую цемру, што згушчаецца за вокнамі вагона, і прадчуванне бяссоннай ночы, разварочваў хатнія прыпасы – бутэрброды з кілбасой, запечаную курыцу, успетую ў якасці дарожнай ежы яшчэ Ільфам і Пятровым... Ну і тое-сёе, каб не есці сухама...

Немалады каржакаваты пасажыр, які апынуўся адзін у купэ, здавольваўся жытнёвай кавай. Па-першае, натуральнай кавы ў цягніку не аказалася, па-другое, ён не любіў гарбаты. Калі ён памешваў лыжачкай у шклянцы, можна было заўважыць, што на мезенцы няма пазногця. Што ж, па ўзросце пасажыр павінен быў прайсці вайну, таму ніякія шнары і сляды раненняў не здзівілі б назіральнікаў, але мужчына ў купэ знаходзіўся на самоце. Каротка стрыжаныя валасы амаль сівыя, але ад усёй постаці сыходзіць спакойная сіла: моцныя плечы, шырокі ў выліцах твар, пільныя цёмныя вочы. Дужы склад цела было добра відаць таму, што пасажыр павесіў свой пінжак у кут купэ, на драўляныя плечыкі, і застаўся ў шэрай вадалазцы – стыльным тонкім швэдары з каўняром пад горла (такія ў Савецкім Саюзе яшчэ не рабілі). Мужчына адпіў кавы і кінуў сумны позірк на стос тэчак, які ляжаў тут жа, на століку. Ну не было калі як след рыхтавацца да канферэнцыі. Значыць, давядзецца праглядаць цяпер. Зноў не ўдасца выспацца...

У дзверы купэ нехта пастукаў, хутчэй сімвалічна, чым пытаючыся даволу ўвайсці, бо дзверы зараз жа расчыніліся. Правадніца, таўсманая, уся нібыта вылітая з нейкага цвёрдага матэрыялу, з невыразным пляскатым тварам і светлымі, шырока расстаўленымі і таксама невыразнымі вачыма, гучна спыталася:

– Бялізну браць будзеце?

Адзіны насельнік купэ чамусьці маўчаў, гледзячы на гаспадыню вагона, як спрактыкаваны мастацтвазнаўца на выдатна вядомую яму карціну выбітнога майстра, якую толькі што абвесцілі падробкай.

– Мужчына, не затрымлівайце мяне! Калі будзеце браць, адзін рубель пяцьдзясят капеек.

Пасажыр, страсянуўшы з сябе аслупяненне, пацягнуўся ў кут, да пінжака, дастаў з яго кішэні партманэ.

– А грошы, мужчына, у грамадскіх месцах пры сабе трыймайце. А то знікне якая трасца, на правадніка адразу насядаюць. Нехта ў іх заўсёды вінаваты...

Звяглівы голас правадніцы гучэў ужо ў калідоры, было чуваць, як яна стукае ў дзверы наступнага купэ...

Хведар закрыў твар рукамі.

Не пазнала... Ці зрабіла выгляд, што не пазнала? Хіба па ёй зразумееш...

Дый і пра што ім размаўляць? Ці таварыш Рабко зноў захоча пакаяцца перад ім, цяпер ужо за шэсць гадоў лагераў, куды патрапіў пасля яе даносу, у Сібір, як калісьці ягоны дзед? Не, каяцца дама не будзе. Хутчэй, дасюль шкадуе аб сваёй юнацкай часовай слабасці, калі прыехала ў хату былога паддоследнага са смешнай цыдулкай: «Прашу нікога не вініць у маёй смерці», гатовая нават быць забітай, абы пазбавіцца пакутаў сумлення.

А можа, захоча і сёння давесці, што... органы не памыляюцца?

Гідкі халодны пострах заварушыўся пад сэрцам, як смоўж. Вось жа – заўважыла, напэўна, што на ім замежныя рэчы. А падчас апошняй камандзіроўкі ў Браціславу была тая зусім не патрэбная і занадта шчырая размова з суайчыннікам-эмігрантам... І Сапяжынскі, калі пісаў закрытую справаздачу пра іхнюю навуковую групу – а што вы думалі, выпусціў бы яго хто за мяжу, каб не згадзіўся «адчытацца» перад органамі?– пра ўсіх калег сумленна напісаў, а пра сваю гэтую размову – не. А потым яму перадалі ад таго эмігранта настальгічны падарунак – гатычны раман «Франкенштэйн» у перакладзе на беларускую мову. І ён з радасцю прыняў. А яшчэ ёсць запісаныя па просьбе сябрука-гісторыка ўспаміны – усё, што ведаў пра дзеда, тэолага і паўстанца. Зусім мала, абрыўкі падслуханых бабуліных размоў, тое, што засталося ў памяці з прагледжаных дзедавых папер – зноў асобныя фразы, назвы твораў... Сябрук сказаў – пакуль, вядома, гэта не пойдзе, але калі-небудзь... Абяцаў нікому не паказваць...

Ёсць і яшчэ грашкі... Зараз данос, няхай ад звычайнай правадніцы – і накрыецца паездка ў Люблін...

Урэшце, для яго ўсё скончылася добра. У лагерах патрапіў у спецыяльнае тэхнічнае бюро – выручылі навуковыя веды, артылерыйскі вопыт і ўдача: якраз тэрмінова спатрэбіўся спецыяліст ягонага профілю. Потым – вызваленне ў пераломным пяцьдзясят трэцім, пасля смерці Сталіна. Рэабілітацыя, універсітэт...

А вось у таварыш Рабко, здаецца, кар’ера не пайшла... А ён думаў, што яна ўжо прынамсі маёр альбо падпалкоўнік.

Цягнік працягваў сваю манатонную песню, ці то жальбу, ці то безнадзейны праклён, нібыта металёвы Франкенштэйн, ажыўлены для рабскай працы. І нікому не было справы да ягоных механічных высілак, да таго, ці правільна б’ецца яго жалезнае сэрца, і да машыніста, які ўглядаецца ў ноч, у якую ляціць нібыта сам па сабе часовы дом для некалькіх соцень людзей, што так лёгка можа стаць іх апошнім домам, ператварыцца ў човен Харона.

...Цягнік па адной выплёўваў заспаныя душы на змрочны, як бераг Леты, перон Беларускага вакзала. Хведар Сапяжынскі, у плашчы, з партфелем, з насунутым нізка на вочы капелюшам прасунуўся міма правадніцы... Але позірк нібыта сам па сабе слізгануў убок. На мезенцы кароткапалай рукі, што трымала чырвоны флажок, не было пазногця.

Калі Хведар, ужо аддаліўшыся ад ярка асветленага вакзала, праходзіў міма сметніцы, то, асцярожліва азірнуўшыся, выкінуў у яе загорнуты ў газету «Правда» патрапаны кішэнны томік з гатычнымі літарамі на вокладцы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю