Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 31 страниц)
І таму трэба прызнаць, што бальшыня «апаратчыкаў» і «актывістаў», а таксама і шмат «добранадзейных» паходзіла з інтэлігенцыі. Гэта сьведчыла аб аслабленьні палітычнай пазыцыі інтэлігенцыі, найбольш выбітныя прадстаўнікі якой або загінулі, або адсутнічалі ў краіне. Аднак, гэта зусім ня значыць, што бальшыня інтэлігенцыі падтрымала рэжым[21]21
Нічога дзіўнага, што такі абсалютна ілжывы погляд заўсёды абвяшчала афіцыйная прапаганда. Але горш, што зь ім можна сустрэцца таксама і ў публікацыях, выдадзеных на эміграцыі. Напрыклад A. Michnik, Kościół, Lewica, Dialog, Paryż, 1977, str. 22/23 i J. Gross, «W dwadzieścia lat później», Aneks Nr. 13/14, str. 169. Безумоўна, нельга пакладацца на публікацыі з гэтага пэрыяду, выдадзеныя ў ПНР. Тыя, хто быў супраць рэжыму, папросту ня мелі права голасу.
[Закрыть].
Бальшыня была супраць, але была змушана маўчаць, тым часам калі крыклівая меншыня «апаратчыкаў» і «актывістаў» мела ў распараджэньні ўсе сродкі і абвяшчала марксізм-ленінізм, першынство саветаў і хвалу партыі[22]22
«Скутыя розумы» Мілаша былі якраз пісьменьнікамі, якія сталі «актывістамі». Лічу, што кніга зусім не адбівае сапраўдны стан рэчаў. У накіненым Польшчы крайне прымітыўным марксізьме насамрэч не было нічога, што магло б прывабіць інтэлектуала. Крыніцай усёй зьявы быў страх і апартунізм.
[Закрыть]. Да бальшыні інтэлігентаў, і ўпаасобку інтэлектуалаў, улада ставілася зь недаверам; яны мелі наглядчыкаў у асобе «апаратчыкаў» і падпадалі пад прыніжальныя націскі і зьдзекі.
Маўклівая апазыцыя не прыносіла нікому ні славы, ні хвалы. Нават найбольш нонканфармісцкая пазыцыя заставалася нікому не вядомай, паколькі выяўленьне яе прынесла б яшчэ больш шкоды таму, хто яе займаў. Апрача таго, у пануючай атмасфэры фрустрацыі і безнадзейнасьці яна часта не знаходзіла прызнаньня нават у падобна думаючых, паколькі лічылася данкіхоцтвам, якое ні да чога не вядзе. Аб ступені пашырэньня маўклівай апазыцыі сьведчыла адно цкаваньне апазыцыянэраў: забароны публікацый, забароны выкладаньня, «зьняцьцё» з пасадаў, забароны выяжджаць за мяжу і, канечне, абмінаньне пры прэміях, узнагародах і адзначэньнях.
Пры гэткіх умовах не было гаворкі, каб маўклівыя апазыцыянэры маглі што-небудзь зьдзейсьніць або некаму дапамагчы. Пазбаўленыя магчымасьці самастойнага дзеяньня, яны жылі пачуцьцём бясьсільнасьці і безнадзейнасьці. Адзіным іх апірышчам магло быць прызнаньне вузкага кола найбліжэйшых людзей.
Ступень адпорнасьці апазыцыянэраў на ўціскі была, відавочна, вельмі рознай. Але рознай таксама была сіла ўціскаў, розныя акалічнасьці і ўмовы ў кожным выпадку, таму цяжка меркаваць аб пазыцыі асобных індывідаў. Трэба памятаць, што паслухмянае выкананьне некаторых загадаў уладаў яшчэ зусім ня сьведчыла аб пазытыўным стаўленьні да рэжыму[23]23
Такім паўсюль і без пратэсту выкананым загадам быў, напрыклад, удзел у выбарах. Амаль ніхто не ўхіляўся ад яго, мяркуючы, што гэтым абсалютна нічога не дасягне і пры гэтым выкліча на сябе жорсткія рэпрэсіі.
[Закрыть].
Разьвіцьцё якой-небудзь дзейнасьці патрабавала выйсьці з пазыцыі маўклівасьці і згоды з пэўнымі саступкамі адносна ўлады. Няшмат людзей з шчыра апазыцыйным настроем наважваліся пайсьці гэткім шляхам, мяркуючы, што робячы адносна дробныя саступкі, яны дасягаюць пазытыўных вынікаў ці, прынамсі, прадухіляюць сур’ёзную шкоду. Шлях такой апазыцыі, схаваны за заслонай актыўнасьці, быў цяжкім і сьлізкім. Саступкі маглі аказацца шкоднымі, а карысьць невялікай. Цяжка таксама было вызначыць мяжу дапушчальных кампрамісаў, якая падзяляла такія паводзіны ад паводзінаў «добранадзейных». Выпадкаў такой сукрытай «апазыцыі» было няшмат і яшчэ менш такіх, якія б сапраўды прыносілі нейкія выразныя дадатныя вынікі. Але трэба ўшанаваць прызнаньнем тых, хто сумленна спрабаваў праводзіць такую апазыцыю.
* * *
Падзел польскага грамадзтва на «апаратчыкаў», «актывістаў», «добранадзейных» і «звычайных людзей»(маўклівая апазыцыя) варта заўсёды мець наўвеце, калі дыскутуецца сытуацыя ў краіне[24]24
Цікава было б акрэсьліць колькасны склад гэтых паасобных групаў. Дакуль адпаведныя апытаньні ня будуць праведзены, мы можам ацэньваць яго толькі на вока. Такая ацэнка прапануе наступныя лічбы: «апаратчыкі» – 1%, «актывісты» – 1%, «добранадзейныя» – 6–8%, «звычайныя людзі» (маўклівая апазыцыя) – троху больш за 90%. Гэтыя лічбы датычаць канца сталінізму. Цікава, наколькі яны зьмяніліся з таго часу.
[Закрыть]. Гэты падзел аформіўся ў пэрыяд сталінізму, але працягваецца дагэтуль і існуе ў сьвядомасьці людзей. Трэба ўсьведамляць, што найглыбейшая лінія падзелу аддзяляе апаратчыкаў ПАРП ад астатняга грамадзтва. Гэта выклікана тым, што якраз апаратчыкі ажыцьцяўляюць уладу, прыціскаючы, эксплюатуючы і прыніжаючы ўсіх іншых. «Актывісты», «добранадзейныя» і «звычайныя людзі» зьяўляюцца таму аб’ектам адміністрацыі, якая знаходзіцца ў руках апаратчыкаў, і розьняцца паміж сабой тым, якую пазыцыю яны займаюць да ўладных вярхоў.
Найбольшае значэньне для будучыні мае група «маўклівай апазыцыі». Дзеля таго што ў пэрыяд сталінізму яна захавала жыцьцястойкасьць перад націскамі партыі, яна стала базай для пазьнейшых яўных апазыцыйных выступаў і для адроджанай актыўнай апазыцыі.
5. Апазыцыйныя фракцыі ўнутры партыі і аўтэнтычная дэмакратычная і незалежніцкая апазыцыя
а) Супрацьлежнасьць пазыцый і мэтаў
Надыход сталінізму паклаў канец актыўнай апазыцыі. Неабмежаваную ўладу атрымала партыя.
ПАРП уяўлялася з пачатку маналітам, прынамсі для тых, хто пазіраў на яе звонку. Але пасьля пэўнага часу ў ёй пачалі выяўляцца адрозьненьні, а пасьля і спрэчкі ды бойкі паміж яе рознымі фракцыямі. Фракцыйныя міжусобіцы неўзабаве сталі важным элемэнтам разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Польшчы і застаюцца ім дагэтуль. Апрача таго, яны аказваюць уплыў на ўмовы, у якіх можа дзейнічаць аўтэнтычная апазыцыя. Таму трэба асэнсаваць іх сутнасьць, а таксама высьветліць, чым фракцыйная апазыцыя адрозьніваецца ад аўтэнтычнай незалежніцкай апазыцыі.
Бойкі паміж фракцыямі ПАРП вядуцца за тое, якая з фракцый атрымае мандат ажыцьцяўленьня ўлады ў Польшчы з рук СССР. Такім чынам, можна гаварыць аб фракцыі, што знаходзіцца ўва ўладзе, і аб фракцыі, што імкнецца да ўлады (апазыцыйнай). Але ня трэба сабе ўяўляць, што палажэньне гэтых фракцый аналягічнае ўрадавай бальшыні і апазыцыйнай меншыні пры парлямэнтарным ладзе. У партыі зусім інакш: усе фракцыі адначасна зьяўляюцца часткамі партыйнага і ўрадавага апарату, гаворка йдзе толькі пра тое, якія пасады яны займаюць і якімі зьяўляюцца іх рэальныя ўплывы. А менавіта, хто займае пасаду чальца Палітбюро, сакратара ЦК, хто трымае ў руках бясьпеку, цэнзуру і г.д. Чыімі людзьмі ёсьць першыя сакратары ў найважнейшых ваяводзтвах (Варшава, Сылезія). Таму фракцыйная барацьба ёсьць барацьбой за ўладу для чальцоў фракцыі. Перамогу ў гэтай барацьбе вызначаюць у апошняй інстанцыі саветы. Таму перамагае той, хто давядзе, што будзе служыць саветам найбольш верна і найбольш дзейсна. Навідавоку, што ніводная з гэтых партый ня ставіць пад сумнеў кіраўнічай ролі партыі і прынцыпаў пануючага ў Польшчы ладу. Усе фракцыі ПАРП хочуць утрымаць гэты лад, бо яны ўзьніклі зь яго і толькі ў ім могуць існаваць. Яны могуць адрозьнівацца выбарам сродкаў, якімі хочуць палепшыць, удасканаліць і ўзмацніць лад[25]25
Тэмай дадзенага нарысу ёсьць стасункі паміж уладай і аўтэнтычнай апазыцыяй. Таму я буду гаварыць аб фракцыйных змаганьнях унутры партыі роўна настолькі, наколькі яны маюць значэньне для аўтэнтычнай апазыцыі. Але гісторыя розных фракцый у ПРП і ПАРП заслугоўвае падрабязнага разгляду. Мы павінны больш ведаць пра кляны з Пулаваў і Натоліна, пра партызанаў і паліцэйскую фракцыю, пра дагматыкаў, рэвізіяністаў, дысыдэнтаў і шматлікіх іншых. Іх разборкі вызначаюць слабасьць ПАРП і таму зьяўляюцца для грамадзтва спрыяльнай акалічнасьцю.
[Закрыть]. Такім чынам, фракцыйная апазыцыя ўнутры ПАРП ёсьць нечым зусім адрозным ад аўтэнтычнай незалежніцкай апазыцыі.
Аўтэнтычная апазыцыя палягае ў прыняцьці палітычнай пазыцыі і ў правядзеньні дзейнасьці, скіраванай супраць таталітарнага ладу (саветызму), які пануе ў Польшчы, супраць ПАРП, якая ў гэтым ладзе ажыцьцяўляе ўладу і супраць савецкай дамінацыі, якая забясьпечвае гэты лад. Як канцавую мэту яна ставіць сабе ліквідацыю пануючага ў Польшчы ладу[26]26
Гэтая мэта можа сёньня падавацца недасяжнай. Гэта, аднак, ня значыць, што не выпадае яе сабе стаўляць. Незалежнасьці і дэмакратыі мы зможам дасягнуць некалі ў будучыні толькі тады, калі так і не замірымся з накіненым нам саветызмам.
[Закрыть]. Яе бліжэйшыя мэты – яго аслабленьне і тым самым абарона грамадзтва ад бяспраўя, уціску і эксплюатацыі з боку ўлады, якая рэпрэзэнтуе лад.
Такім чынам, паміж незалежніцкай апазыцыяй і партыяй ці якой-колечы яе фракцыяй існуе поўная супрацьлежнасьць мэтаў. Партыя хоча ўтрымаць саветызм і савецкую дамінацыю, а незалежніцкая апазыцыя імкнецца да вяртаньня дэмакратыі і незалежнасьці. Партыя хоча ўзмацніць лад, а апазыцыя хоча яго аслабіць.
Для грамадзтва па сутнасьці ўсё роўна, якая з існуючых фракцый ПАРП прыйдзе да ўлады, бо кожная будзе праводзіць палітыку, дыктаваную саветамі. Тым ня менш, сам працэс барацьбы за ўладу паміж фракцыямі дае грамадзтву пэўныя магчымасьці, якія трэба ўсьвядоміць і якія належыць выкарыстаць.
б) Сцэнар фракцыйнага змаганьня
З досьведу мы ведаем, што фракцыйныя міжусобіцы заўсёды адбываюцца паводле пэўнай схемы (сцэнару). Актыўную ролю ў іх адыгрывае тая фракцыя, якая імкнецца да ўлады, гэта, значыць апазыцыйная фракцыя.
Першым яе тактычным крокам ёсьць стварэньне ўражаньня, што фракцыя, якая цяпер знаходзіцца ўва ўладзе, не выконвае належна сваіх заданьняў, г.зн. заданьняў, у выкананьні якіх зацікаўлены саветы. Найбольш пераконлівым довадам няздатнасьці кіруючай каманды ёсьць няздольнасьць утрымаць палякаў у спакоі і ляяльнасьці. Апазыцыйная фракцыя мае тады аказію сказаць саветам: «Глядзіце, як яны сябе кампрамэтуюць, прывялі да такой сытуацыі, а цяпер ня могуць даць сабе рады. Дайце нам уладу, і мы пакажам, які будзе спакой і парадак». Каб стварыць такую сытуацыю, фракцыя гатова нават ініцыяваць крытыку кіруючай групы і выклікаць розныя выступы. Якраз у гэтым крыніца правакацыі, аб якой заўсёды чуваць на пачатку розных непакояў і забурэньняў. Можна нават сказаць, што да апошняга часу ніводная больш-менш сьмелая акцыя не магла распачацца без правакацыі, таму што калі нават існавалі вельмі сур’ёзныя прычыны для незадавальненьня, звычайныя людзі нічога не прадпрымалі, бо ім гэта падавалася безнадзейным. Але зусім іншая сытуацыя, калі незадаволеныя даведваюцца, што выражэньне незадавальненьня будзе на руку нейкай партыйнай фракцыі. Гэта стварае пэўную страхоўку незадаволеным і падахвочвае высоўваць свае пастуляты.
Дзеля гэтага ў часе вядзеньня такой фракцыйнай барацьбы грамадзтва перажывае пэрыяд «адлігі», падчас якога можна дыхаць свабадней. У гэтым часе ўзьнікаюць магчымасьці манэўру паміж варожымі фракцыямі. Фракцыя, што імкнецца да ўлады, стараецца здабыць пэўную папулярнасьць у грамадзтве. З гэтай мэтай яна дэкляруе адыход ад саветызму, сьцьвярджаючы ці то лібэральныя, ці то «нацыянальныя» лёзунгі. Адбываюцца зьмены атмасфэры і абуджаюцца надзеі. Людзі пачынаюць дамагацца сваіх правоў, супраціўляцца ціску, атмасфэра не спрыяе рэпрэсіям, і ў выніку грамадзтва, карыстаючы з аслабленьня апарату ўлады, здабывае для сябе свабоды, якія ўяўляюць сабой поступ у параўнаньні з ранейшым пэрыядам. Таму ў пэрыяд узмацненьня фракцыйных рознагалосьсяў можа часова ўзьнікаць т.зв. аб’ектыўнае супадзеньне інтарэсаў паміж фракцыяй, якая імкнецца да ўлады, і грамадзтвам, дарма што па сутнасьці кожны з бакоў імкнецца да нечага іншага: фракцыя – захапіць уладу, а грамадзтва – аслабіць уціск. Аднак паколькі абодва бакі зацікаўлены ў аслабленьні групы, якая ў дадзены момант ажыцьцяўляе ўладу, у гэтым пункце іх інтарэсы супадаюць. Гэтае аб’ектыўнае супадзеньне інтарэсаў доўжыцца толькі датуль, дакуль фракцыя ня прыйдзе да ўлады.
Захапіўшы ўладу, новая каманда робіць некалькі саступак, якія лёгка пасьля скасаваць, арганізуе сабе ўдзячнасьць народу за вяртаньне парадку, заклікае да спакою і «павелічэньня намаганьняў». Надыходзіць спакой, пасьля чаго новая ўлада паступова адмаўляецца ад саступак, і ўсё вяртаецца ў папярэдні стан.
Таму грамадзтву ніяк не выпадае адорваць апазыцыйную фракцыю або яе прадстаўнікоў сапраўдным і доўгатрывалым даверам. Гэта было б адыходам ад незалежніцкай пазыцыі, бо фракцыя, якая прыходзіць да ўлады, дзеля ўжо самога гэтага факту, становіцца агентурай саветаў, і таму галоўным ворагам польскага грамадзтва.
в) Адрозьненьне фракцыйнай апазыцыі ад аўтэнтычнай апазыцыі
Згаданая вышэй схільнасьць партыйнай апазыцыі ствараць бачнасьць падтрымкі з боку грамадзтва можа часам прыводзіць да цяжкасьцяў пры адрозьненьні фракцыйнай апазыцыі ад аўтэнтычнай апазыцыі. Разьвязаць гэткі сумлеў можна пры ўсьведамленьні сапраўднага палітычнага значэньня праводжанай дзейнасьці і таго, хто фактычна праводзіць гэтую дзейнасьць. Адносна меншае значэньне маюць абвешчаныя праграмныя дэклярацыі апазыцыйных групаў.
Апора на апублікаваныя выказваньні можа нават прыводзіць часам да памылковых высноваў. Бо, з аднаго боку, пекныя дэклярацыі могуць хаваць дзейнасьць, якая выклікае шмат пытаньняў, а з другога – сапраўдная незалежніцкая апазыцыя можа быць вельмі стрыманай у пляне яўнага вызнаваньня сваіх мэтаў, каб не правакаваць рэпрэсіі, якія б абцяжылі ці нават зрабілі немагчымай яе дзейнасьць[27]27
Але гэткая стрыманасьць надзвычай не пасуе для выказваньняў, якія публікуюцца на эміграцыі. Як і аўтары з Польшчы (што пішуць, безумоўна, пад псэўданімамі), так і эміграцыйныя аўтары павінны займаць вельмі рашучую незалежніцкую пазыцыю. Краіна чакае ад эміграцыі, што незалежніцкая дзейнасьць, якая вядзецца ў Польшчы, знойдзе сваё выражэньне і ў незалежным слове, якое прагучыць на эміграцыі. Палавінныя і тым больш згодніцкія выказваньні ў эміграцыйнай прэсе могуць абуджаць у краіне толькі недавер, паняверку і зьнеахвочанасьць.
[Закрыть]. Таму калі гаворка йдзе пра выказваньні аўтэнтычных апазыцыйных групаў, можа, найбольш істотна тое, чаго нельга ў іх знайсьці, напрыклад, запэўніваньняў аб супадзеньні інтарэсаў народу і партыі, заклікаў да дыялёгу і супрацоўніцтва з партыяй і да вяртаньня да яе даверу. Бо такія лёзунгі цалкам супярэчаць пазыцыі незалежніцкай апазыцыі. Адшукаць жа іх можна ў выказваньнях апазыцыі, што пакладае свае надзеі на партыю.
У сваёй практычнай дзейнасьці незалежніцкая апазыцыя паказвае праўду аб таталітарнай сутнасьці пануючага ў Польшчы ладу і аб падпарадкаваньні Польшчы СССР, фармуе пазыцыю супраціву гэтай сытуацыі, вымушае ўлады да саступак і імкнецца прывесьці ў дзеяньне прынцыпы дэмакратыі. Антыпартыйнае вастрыё ейнай дзейнасьці для незалежніцкай апазыцыі найбольш характэрна. У сваю чаргу, дзейнасьць фракцыйнай апазыцыі ніколі не намагаецца дыскрэдытаваць усю партыю і падарваць яе ролю ў краіне.
Аўтэнтычную апазыцыю найпрасьцей пазнаць па людзях, якія яе праводзяць. Рух, на чале якога стаяць дзеячы, вядомыя сваёй антыпартыйнай і антысавецкай пазыцыяй у мінуласьці, дае найлепшую гарантыю незалежніцкай апазыцыі сёньня.
Не заўсёды, аднак, справа бывае такой простай. Часта здараецца, што ў апазыцыйным руху бяруць удзел і нават займаюць у ім кіраўнічыя пазыцыі людзі, якія мелі партыйную мінуўшчыну. Яны трапляюць туды таму, што ўдзел партыйных зьяўляецца пэўнага роду страхоўкай для аўтэнтычных апазыцыянэраў. (Я тлумачыў гэта вышэй, пішучы аб сцэнары фракцыйных міжусобіц.)
Удзел людзей з партыйным мінулым у аўтэнтычным апазыцыйным руху ў прынцыпе будзіць непакой, але гэта не азначае, што такі рух з гэтай прычыны мусіць абавязкова страціць незалежніцкі характар. У сувязі з гэтым могуць узьнікаць два апрычоныя варыянты разьвіцьця сытуацыі.
Першы варыянт палягае ў тым, што некалі зьвязаныя з партыяй людзі незваротна зьмянілі свае пагляды і шчыра хочуць далучыцца да антыпартыйнай апазыцыі.Тады аўтэнтычнай апазыцыі яны ў прынцыпе не пагражаюць.
Само сабой зразумела, што такія новыя апазыцыянэры мусяць вельмі рашуча парваць з сваёй партыйнай мінуўшчынай і сувязямі з партыйнымі структурамі, каб не пакінуць найменшых сумневаў, што ў партыю яны ня вернуцца і ёй не падпарадкуюцца. Пры выкананьні гэтай умовы можна задумацца над добрымі і благімі бакамі ўдзелу ранейшых партыйных у апазыцыйным руху.
Калі гаварыць пра пазытыўны бок, то трэба сьцьвердзіць, што яны часта больш дынамічныя, адважныя і рашучыя, чымся апазыцыянэры, якія паходзяць з звычайных людзей. Гэта выклікана тым, што апаратчыкі заўсёды былі побач з цэнтрамі ўлады. Усё ж ім Польшча належыць трыццаць гадоў, і яны здолелі набыць самаўпэўненасьць, тым часам калі звычайныя людзі нясуць у сабе досьвед страху, паняверкі і галечы; яны прызвычаіліся да таго, што ім усё забаронена і што за супраціў уладзе на іх абрынуцца жорсткія санкцыі. Пры гэтых умовах нічога дзіўнага, што ў першай фазе апазыцыйнага руху партыйныя адыгрываюць часта больш актыўную ролю і часам нават становяцца на чале.
Зь іншага боку, яны абцяжваюць апазыцыйны рух. Бо кожны рух ацэньваецца паводле таго, хто ў ім бярэ ўдзел. Прысутнасьць у ім былых партыйных, і, у прыватнасьці, былых апаратчыкаў мусіць абуджаць неспакой. Нават калі ў індывідуальных выпадках гэты недавер будзе неапраўданы, то цяжка яму дзівіцца: паводзіны партыйных далі для гэтага ажно зашмат прыклёпаў. Таму можна чакаць, што ў меру таго як апазыцыйны рух будзе ўзмацняцца і думка бальшыні будзе атрымліваць у ім голас, былыя партыйныя будуць у ім адыгрываць усё меншую ролю.
Існуе, аднак, і другі варыянт сытуацыі, які стварае пагрозу для аўтэнтычнага апазыцыйнага руху. А менавіта, можа аказацца (параўнай апісаны вышэй сцэнар фракцыйных міжусобіц), што дзеяньні, распачатыя звычайнымі людзьмі, маюць характар аўтэнтычнай апазыцыі, але кіруюць імі фракцыйныя апазыцыянэры, якія рэпрэзэнтуюць інтарэсы сваёй фракцыі ў барацьбе за ўладу ўнутры партыі. Расклад такі вельмі небясьпечны, бо можа прывесьці або да заняпаду апазыцыйнага ладу ў той момант, калі кіраўнікі яўна пярэйдуць на партыйныя пазыцыі, або, што яшчэ горш, да пазбаўленьня яго незалежніцкага характару і падпарадкаваньня яго партыйным мэтам. Гэта здаралася шмат разоў у мінулым (1956, 1968, 1970).
Таму трэба выяўляць партыйных апазыцыянэраў, каб у пару прадухіліць гэтую небясьпеку. Безумоўна, існуюць пэўныя вонкавыя адзнакі, якія робяць гэта магчымым. Іх дае сама партыя ў выніку лёгказаўважальнай розьніцы ў трактоўцы фракцыйных і аўтэнтычных апазыцыянэраў.
Дзеячы, зьвязаныя з партыяй, нават апазыцыянэры, заўсёды маюць большыя свабоды ў параўнаньні з звычайнымі людзьмі. Ім даруецца шмат рэчаў, якія б звычайным людзям не прайшлі беспакарана, і нават калі да іх ужываюцца нейкія санкцыі, то значна больш мяккія. І калі часам яны трапляюць у вязьніцу, то і там зь імі абыходзяцца зусім інакш[28]28
Дастаткова параўнаць, як абыходзіліся ў вязьніцы з Пузякам і Фельдорфам, а як з Гамулкам і Спыхальскім, на якую пэнсію быў адпраўлены Эўгеніюш Квяткоўскі, а на якую Гіляры Мінц. Тым часам калі звычайныя людзі натыкаюцца на зьдзек і цкаваньне за любую праяву неляяльнасьці да рэжыму, мы бачым апазыцыянэраў, якія адзначаны ордэнамі і дзяржаўнымі ўзнагародамі, якія жывуць у прызначаных для эліты дамах, якіх абслугоўвае ўрадавая лякарня, якія карыстаюцца дамамі адпачынку для намэнклятуры, якія езьдзяць за мяжу бязь цяжкасьцяў, нібыта адумысьля для напісаньня апазыцыйных дэклярацый, і якія нават адкрыта супрацоўнічаюць з эміграцыйнымі асяродкамі, найменшы кантакт зь якімі пагражае суровымі насьледкамі звычайнаму чалавеку.
[Закрыть]. Гэта здараецца перадусім таму, што фракцыйны апазыцыянэр зазвычай мае нейкае апірышча ў партыі, зь якім апарат прымусу мусіць лічыцца. Нават будучы часова ў апазыцыі, ён можа мець асабістыя знаёмствы ў высокапастаўленых партыйных сфэрах і ніколі не вядома, ці ня вернецца ён да ляяльнасьці. Гэта ставіць заслон брутальнай бязьлітаснасьці, зь якой трактуюцца звычайныя людзі. Таму выступы фракцыйных апазыцыянэраў бываюць значна больш сьмелымі і рашучымі і часта маюць большы розгалас, чымся выступы аўтэнтычных апазыцыянэраў. Праз гэта можа нават паўстаць памылковае ўражаньне, што якраз фракцыяністы – гэта сапраўдныя апазыцыянэры, тым часам калі яны часта пры гэтым выконваюць асобныя інструкцыі, выдадзеныя кіраўніцтвам фракцыі, якая заплянавала іх «адважны» выступ як элемэнт сваёй стратэгіі. Адважна выступаючы, яны рызыкуюць значна менш, чымся аўтэнтычныя апазыцыянэры.
Людзі ў Польшчы, аднак, лёгка адрозьніваюць аўтэнтычных апазыцыянэраў, якія сапраўды выступаюць супраць рэжыму і партыі, ад фракцыйных апазыцыянэраў, якія вядуць сваю гульню ў рамках партыі. І таму яны дакладна адрозьніваюць незалежніцкую апазыцыю ад партыйнай фракцыі. Ня так лёгка гэта ўдаецца эміграцыі.
г) Дзейнасьць, якая не зьяўляецца апазыцыяй
Часам здараецца, што за апазыцыю ўважаюць дзейнасьць, якая насамрэч ніякай апазыцыяй не зьяўляецца.
Найчасьцей гаворка тут вядзецца пра дзейнасьць, якая мае на мэце ўдасканальваньне функцыяваньня ладу. Без пастаноўкі пад сумнеў яго падставаў (улады партыі і дамінацыі саветаў) прапануюцца розныя рэформы, якія маюць на мэце лепшую арганізацыю апарату ўлады, павышэньне эфэктыўнасьці эканомікі або павелічэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Часам такія рэформы ці іх спробы ёсьць элемэнтам фракцыйнага змаганьня, але бываюць выпадкі, калі яны пачынаюцца таксама без жаданьня паслужыць інтарэсам партыі, у найлепшай інтэнцыі прынесьці карысьць эканоміцы або ўсяму народу. Такая дзейнасьць часам можа прыносіць дадатныя вынікі ў канкрэтных справах. Але трэба памятаць, што яе вынікі заўсёды абмежаваныя, бо сапраўднага паляпшэньня сытуацыі нельга дасягнуць без падрыву асноваў ладу[29]29
Я пісаў аб гэтым у «Socjalizm w Polsce», Kultura, № 9 (276), 1970 і ў «Różne reformy i różni reformatorzy», Kultura, № 9 (288), 1971, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
[Закрыть]. Таму апрача прызнаньня, якога часта заслугоўваюць яе ініцыятары, палітычныя вынікі такой акцыі трэба лічыць прынамсі сумнеўнымі: яны ствараюць бачнасьць вырашэньня праблем, якія ў рамках ладу вырашыць нельга.
Яшчэ адным родам дзейнасьці, які неапраўдана лічыцца апазыцыйным, ёсьць дапамога людзям, якія ніяк не правініліся перад рэжымам, але нягледзячы на гэта сталі ахвярамі нясправядлівасьці і злоўжываньняў. Гэта нешта накшталт дабрачыннай дзейнасьці – прынясеньне дапамогі ў індывідуальных выпадках[30]30
Нядаўна ў эміграцыйнай прэсе (Tydzień Polski, № 18 z 6.5.1978) быў згаданы «Ётэм» – Юзаф Мушкат, журналіст, які дзейнічаў у Польшчы ў пяцьдзясятыя гады. Ён спэцыялізаваўся на т.зв. прэсавых інтэрвэнцыях і зрабіў многім людзям (некалькім сотням?) вельмі шмат добрага. Безумоўна, у яго былі «падвязкі» недзе высока ў ЦК, і ён не баяўся беспардонна кляйміць злоўжываньні партыйных начальнічкаў. Ён стаў нечым накшталт бюро апекі. Скончылася тым, чым мусіла скончыцца пры ўладзе ПАРП. Тыя начальнічкі, якім ён дапякаў, зьвярнуліся ў ЦК, і яго прымусілі маўчаць. Неўзабаве ён выехаў за мяжу. Яго дзейнасьць уяўляе сабой прыклад актыўнасьці, якая дае дадатныя вынікі для паасобных людзей, але безвыніковая ў грамадзкім маштабе.
[Закрыть]. Яна, бясспрэчна, прыносіць карысьць людзям, але яе палітычны сэнс хутчэй нэгатыўны, бо яна стварае ўражаньне (ілжывае), што такім чынам можна ўдасканаліць лад[31]31
Таму такая актыўнасьць прынцыпова розьніцца ад актыўнасьці, праводжанай, напрыклад, KOR’ам, які бароніць рабочых, перасьледаваных за калектыўныя палітычныя выступы і дамагаецца павагі да грамадзянскіх правоў, а таму несумненна ажыцьцяўляе палітычную апазыцыю да рэжыму.
[Закрыть].
6.Фракцыйная барацьба і адраджэньне актыўнай незалежніцкай апазыцыі: 1956–1976
а) Кастрычнік 1956
Першая вялікая бітва паміж фракцыямі разыгралася ў 1956 г., а яе кульмінацыйным момантам быў т. зв. Польскі кастрычнік. Няма патрэбы паўтараць тут яго хаду. Літаратура аб ім досыць багатая[32]32
W. Jedlicki, Klub Krzywego Koła, Instytut Literacki, Paryż, 1963 i Październik 1956, Instytut Badania Zagadnień Krajowych, Londyn, 1963. E. Wacowska, Poznań 1956 – Grudzień 1970, Instytut Literacki, Paryż, 1971.
[Закрыть]. Калі гаворка заходзіць аб інтэрпрэтацыі гэтых падзеяў, то надзвычай удала зьдзейсьніў яе Ядліцкі. Варта толькі прыгадаць, што ацэнка Ядліцкага знайшла пасьля поўнае пацьверджаньне ў мэмуарах Хрушчова[33]33
Khrushchev, Remembers, A. Deutsch, London, 1974. Разьдзел «Polish October», cc. 196–207.
[Закрыть]. У вельмі вялікім скарачэньні хаду Кастрычніка можна прадставіць наступным парадкам.
У выніку зьменаў, адбытых у Маскве пасьля Сталіна, кіруючыя ў Польшчы вярхі ПАРП, якія пасьля будуць названыя «пулаўскай фракцыяй», адчулі пагрозу ад ніжэйшых узроўняў апарату, дзе ўзьнікла фракцыя пад назвай «натолінская». Пулавяне прадпрынялі манэўр, які быў пакліканы ўтрымаць іх пры ўладзе. Шляхам пашырэньня ў партыі прамовы Хрушчова на ХХ-тым зьезьдзе партыі, аслабленьня цэнзуры і сьцішэньня дзейнасьці спэцслужбаў яны выклікалі настрой «адлігі». Затым яны адхілілі найбольш скампрамэтаваных кіраўнікоў і зьвярнуліся па дапамогу да пазбаўленых пасадаў і арыштаваных дзеячаў – да Гамулкі і яго найбліжэйшых таварышаў. Такім чынам партыя атрымала пэўную папулярнасьць, што дазволіла Гамулку, які стаяў ужо на чале пулавян, запэўніць Хрушчова, што ён зможа схіліць палякаў да ляяльнасьці, не зьвяртаючыся па дапамогу да савецкіх танкаў. Як вядома, гэтае абавязаньне ён сумленна выканаў. Менш скрупулёзна ён паводзіў сябе адносна сваіх партнэраў у Польшчы. Абавязаньняў што да польскага грамадзтва ён ня спраўдзіў, за выняткам пэўнага зьмяншэньня ліхадзействаў спэцслужбаў і спыненьня прымусовай калектывізацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён падвёў нават пулавянаў, якія паставілі яго на вяршыню ўлады, бо дазволіў рост уплываў натолінцаў. Падтрымліваючых яго маладых партыйных актывістаў разагнаў, а іх часопіс «Рo prostu» зачыніў.
Сапраўднае значэньне Кастрычніка ня зводзіцца, аднак, толькі да партыйных міжусобіц, у якіх грамадзтва было толькі гледачом. Кастрычнік абудзіў надзеі і даў імпульс аўтэнтычнай апазыцыі. Яна зьявілася неспадзявана і раптоўна.
Першым яе выступам былі познаньскія падзеі, другім – паводзіны насельніцтва Варшавы ў кастрычніку 1956 г. Трэцім – акцыя сялян супраць каапэрацыйных таварыстваў. Чацьвертым – тое, што пісаў часопіс «Рo prostu». Нягледзячы на тое, што гэты часопіс рабіўся людзьмі з партыі ці ZMR*, ён у шматлікіх артыкулах выкрываў тэрор спэцслужбаў і эксплюатацыю рабочых і заняў супрацьлежную партыі пазыцыю[34]34
Тое, што пісаў тады часопіс «Рo prostu» дае праўдзівую карціну ўмоваў, пры якіх жылі палякі ў пэрыяд сталінізму. Вельмі карысным было б выданьне збору зьмешчаных там матэрыялаў.
[Закрыть]. Ён быў неўзабаве зачынены.
Аўтэнтычная апазыцыя была хутка задушана, але Кастрычнік застаўся ў памяці людзей як спадзеўны ўспамін, што ўладу партыі можна пахіснуць. У гэтым палягае яго найвялікшае значэньне.
б) 1957–1967
Пасьля Кастрычніка ўсе ўжо ведалі, што ў партыі існуюць варожыя фракцыі, якія калі-небудзь могуць прывесьці яе да крызысу і ўжо цяпер аслабляюць яе згуртаванасьць. Нягледзячы на тое, што на працягу доўгага пэрыяду кіраваньня Гамулкі захоўвалася пэўная раўнавага паміж фракцыямі, якія Гамулка нацкоўваў адна супраць адной, і таму да адкрытых канфліктаў не даходзіла. Агулам беручы, траціла, аднак, глебу пулаўская фракцыя і набывала значэньне натолінская. Не выпадае апісваць тут усе церці і ўнутраныя разборкі ў ПАРП. Значнымі этапамі ліквідацыі асяродкаў партыйнай апазыцыі было закрыцьцё часопісу «Рo prostu» ў 1957, закрыцьцё Клюбу Крывога Кола ў 1962 г., адмаўленьне ад праектаў эканамічных рэформаў, падрыхтаваных Эканамічнай Радай, і роспуск Рады ў 1962 г. Канфлікт у партыі абвастрыўся і выявіўся падчас сьмерці і паховінаў Голянда ў сьнежні 1962 г. Новую плынь партыйнай апазыцыі запачаткаваў «Адкрыты ліст да партыі» Кураня і Мадзялеўскага ў 1965 г.[35]35
J. Kuroń i K. Modzielewski, List odwarty do partii, Instytut Literacki, Paryż, 1966.
[Закрыть] Гэты выступ, спачатку нібыта адасоблены, аказаў, аднак, уплыў на далейшыя падзеі.
в) Сакавік 1968
Новыя пэрыяд адкрываюць сакавіцкія падзеі 1968 г. Аб іх напісана вельмі шмат[36]36
Wydarzenia marcowe 1968 i Polskie przedwiośnie, Instytut Literacki, Paryż, 1969. Krótkie spięcie, Instytut Literacki, Paryż,1977.
[Закрыть], і таму няма патрэбы яшчэ раз спыняцца на гэтым. Усё пачалося з акцыі супраць палітыкі партыі ў справе цэнзуры, але сапраўдным праціўнікам была фракцыя партызанаў, якая ў гэты час цалкам падначаліла сабе службу бясьпекі і ўплыў якой у партыі шпарка рос.
Падзеі, якія распачаліся, выйшлі з-пад кантролю іхных ініцыятараў. Рух студэнцкіх пратэстаў і страйкаў пашырыўся на ўсю Польшчу і набыў характар аўтэнтычнай апазыцыі, скіраванай супраць партыі і ладу. Нягледзячы на запярэчаньні і спробы зьмякчыць яго лёзунгі ў страху перад рэпрэсіямі, гэткі характар руху не падлягае сумлеву. Такі факт мае вялікае значэньне, бо пачынаючы з гэтага моманту дынаміка аўтэнтычнай апазыцыі ўжо заўсёды будзе выходзіць за вузкапартыйныя мэты фракцыйных ініцыятараў і пераймаць кіраўніцтва распачатай імі акцыі. Гэта вартая самай пільнай увагі заканамернасьць польскага палітычнага жыцьця. На жаль, гэта не азначае, што аўтэнтычная апазыцыя дасягнула ў сакавіцкіх падзеях 1968 г. нейкіх сапраўдных посьпехаў. Яе найбольшым дасягненьнем было тое, што рух пратэсту ахапіў усю Польшчу і патрапіў сфармуляваць пэўныя супольныя антыпартыйныя прынцыпы («няма хлеба без свабоды», «прэса маніць» і г.д.). Ён выступіў пэўным этапам на шляху фармаваньня палітычных падставаў у Польшчы. Не было, аднак, перадумоваў, каб гэтыя спантанныя парываньні ператварыліся ў пасьлядоўную і доўгатрывалую апазыцыю да рэжыму. Не было ні палітычных канцэпцый, ні кіраўнікоў, якія б маглі прывесьці да гэтага. Студэнцкі рух заняпаў, і разгарэлася студэнцкая барацьба.
На гэты раз нетыповым чынам ініцыятыву ўзяла ў свае рукі фракцыя, што была пры ўладзе. Адбіўшы атаку, яна рашуча выступіла супраць апазыцыйнай фракцыі. Здавалася, што яна раз і назаўсёды пастанавіла зьнішчыць праціўніка. У партыі пачаліся чысткі ў такім маштабе, якога ПАРП раней ня ведала. Брутальныя рэпрэсіі, якія ў мінулым ужываліся толькі да звычайных людзей, першы раз былі з такой сілай ужытыя ўва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Тыя, хто практыкаваў гэтыя подлыя мэтады зьнішчэньня праціўнікаў пры сталінізьме, пераканаліся, што маюць цямлівых вучняў. Маладое пакаленьне выпускнікоў партыйных школаў ужыла гэтыя мэтады да сваіх настаўнікаў.
Вельмі хутка выявіўся і ганебны бок усёй гэтай апэрацыі. Аказалася, што лёзунгам гэтай барацьбы ўнутры партыі стаў т.зв. антысіянізм, які зьяўляецца ня чым іншым, як звычайным антысэмітызмам, што па сутнасьці партыя была заклапочана не ачышчэньнем ад сталіністаў, а пазбаўленьнем пасадаў людзей жыдоўскага паходжаньня.
Антысэміцкая палітыка партыі выклікала выбух сымпатый да перасьледаваных і асуджэньне ўжытых мэтадаў. Грамадзтва заўсёды пазірала на партыю з дамешкай страху і пагарды. Цяпер стала відавочна, наколькі была апраўданая гэтая пагарда. Вобраз партыі, якая называе сябе марксісцкай і прапагандуе ды ажыцьцяўляе антысэмітызм, глыбока кампрамэтуючы. Чаго ж вартыя ўсе партыйныя вучобы і ўся афіцыйная ідэалёгія! Аказалася, што антысэміцкі курс здабыў падтрымку ўсяго апарату. Не было пратэстаў, не было фронды, апрача пратэстаў самых зацікаўленых. Партыя яшчэ раз заслужыла асуджэньне ўсімі прыстойнымі людзьмі. Яна таксама прынесла Польшчы агромністую шкоду ў пляне сусьветнай грамадзкай думкі, якая не заўсёды можа адрозьніць палітыку партыі ад сапраўдных настрояў грамадзтва. З такімі меркаваньнямі партыя, аднак, ня мае завядзёнкі лічыцца. Насоўваецца пытаньне, што яна перасьледавала гэткай ганебнай палітыкай. Атрыманыя карысьці прыдаліся па сутнасьці ня партыі, а членам кіруючай фракцыі: адхіліўшы праціўнікаў, яны папросту адкрылі сабе шлях да хутчэйшага кар’ернага прасоўваньня ў партыйным і дзяржаўным апараце. Гэта насамрэч мелася на ўвазе. Можна таксама здагадвацца аб узбочных мэтах. Разьлічвалі на тое, што антысэміцкія лёзунгі дадуць партыі своеасаблівы розгалас у грамадзтве. Наагул вынік быў адваротны. Але, на жаль, трэба прызнаць, што, як здаецца, партыя знайшла пэўную колькасьць людзей, якія ўхвалілі яе антысэміцкую палітыку. Пошук сабе прыхільнікаў гэткага роду і пры дапамозе гэткіх мэтадаў сьведчыць толькі аб тым, як нізка партыя ўпала.
г) Сьнежань 1970
Элемэнт фракцыйнай барацьбы адыграў, бясспрэчна, пэўную ролю ў падзеях на ўзьбярэжжы ў 1970 г. Вельмі цяжка даведацца, якім быў ланцуг правакацый і контраправакацый у ранейшай фазе забурэньняў. Можна, аднак, з усёй упэўненасьцю сьцьвердзіць, што амаль адразу арганізатары страцілі ўплыў на падзеі, якія пачалі разгортвацца некіроўным і непрадбачаным чынам. Іх маторам быў дух апазыцыі, які праяўляўся ў нянавісьці да партыі. Потым паступова кіраўніцтва падзеямі пачалі пераймаць страйкавыя камітэты, якія можна прызнаць органамі аўтэнтычнай апазыцыі. Яны ўпершыню дасягнулі пэўных посьпехаў. Найперш Шчэцін змусіў Герэка прыехаць на размову з адкрытай апазыцыяй. Гэты факт мае гістарычнае значэньне. Гэта быў па сутнасьці маральны посьпех, бо ў сапраўднасьці рабочыя нічога не дасягнулі. Але сур’ёзнага палітычнага посьпеху дасягнулі лодзкія тэкстыльшчыцы ў лютым 1971 г., калі змусілі партыю вярнуць цэны назад.
д) Чэрвень 1976
Чэрвеньскія падзеі 1976 г. адбыліся паводле ўсталяванай ужо традыцыі рабочых бунтаў, з той толькі розьніцай, што аказіяй да іх не была «адліга», якая суправаджае зазвычай фракцыйныя міжусобіцы. Гэта не азначае, што фракцыйныя разборкі не адыгралі ў іх ніякай ролі. Аднак роля гэтая дагэтуль ня высьветленая. Здавалася, што падзеі засьпелі кіраўніцтва партыі зьнянацку. Характэрнай была таксама хуткая саступка ўладаў перад патрабаваньнямі рабочых.
е) Апазыцыйныя сьветапоглядныя групы
Апрача апісаных вышэй кароткатрывалых апазыцыйных акцый у гэты пэрыяд зьявілася таксама іншая плынь актыўнай апазыцыі ў выглядзе невялікіх групаў, якія імкнуліся да сфармаваньня апазыцыйнай сьвядомасьці. Дзейнічалі яны тайна і, безумоўна, ніхто дакладна ня ведае, колькі іх было і які быў дыяпазон іх уплываў.
Аб дзейнасьці гэтых групаў грамадзтва даведвалася ў выпадку яўных рэпрэсій да іх чальцоў. У 1970 годзе адбыўся працэс «Татэрнікаў». У 1971 – працэс «Руху», на якім Анджэй Чума ўпершыню адкрыта сфармуляваў крэда аўтэнтычнага апазыцыянэра[37]37
Гл.: Sąd orzekł, Instytut Literacki, Paryż, 1972, str. 192–195.
[Закрыть]. У 1972 годзе браты Кавальчыкі атрымалі драконаўскі прысуд за незвычайную ў польскіх умовах дэманстрацыю[38]38
Кавальчыкі дагэтуль сядзяць у турме. Аб іх забыліся ў такой ступені, што нядаўна можна было прачытаць у эміграцыйным часопісе, што «...у Польшчы няма палітычных вязьняў» (Tydzień Polski, № 42 z dn. 22.10.1977, str. 5, szpalta 6).
[Закрыть].
ж) Пэтыцыі і пратэсты
Іншай зноў жа апазыцыйнай плыньню было выступленьне супраць палітыкі ўладаў шляхам пэтыцый і пратэстаў.
Першай і таму часта згадванай спробай быў «Ліст 34» у справе паперы ад 13 сакавіка 1964 г. Модна мець сумневы, ці выпадае залічыць гэты выступ да праяваў аўтэнтычнай апазыцыі. Ён робіць уражаньне, што падпісанты зусім ня мелі такіх інтэнцый, бо гэты ліст сфармуляваны з найбольшай пашанай да ўладаў, а зьмешчаная ў ім просьба вельмі сьціплая[39]39
Трэба таксама памятаць, што з 34 падпісантаў 16 адклікалі свае подпісы пад ціскам уладаў. Гэта яшчэ зьмяншае вагу гэтага выступу. Гл.: G.de Cerezay, «Polska Gomułki i list 34», Kultura, № 10 (204), 1964, str. 3–26.
[Закрыть]. Розгалас і характар апазыцыйнага акту яму надалі самі ўлады сваёй рэакцыяй, несумернай са значэньнем самога выступу.
Былі пасьля і іншыя пэтыцыі: у справе палякаў у Савецкім Саюзе[40]40
Т. зв. «Ліст пятнаццаці» зь лістапада 1966 г.
[Закрыть], у абарону асуджаных на працэсе Руху[41]41
Складзены міністру юстыцыі 17 падпісантамі напрыканцы 1971 г. (Nа Antenie, № 108, marzec 1972, str. 32).
[Закрыть] і ў абарону братоў Кавальчыкаў[42]42
Гл.: Na Antenie, № 120, marzec 1973, str.31.
[Закрыть].
Найбольшы, аднак, розгалас і значэньне мела акцыя пратэсту адносна паправак да канстытуцыі, якая разгарнулася на пачатку 1976 г.[43]43
Гэтую акцыю распачаў мэмарыял 59, складзены старшыню Сойму 5 сьнежня 1976 году (Kultura, № 1 (340) – 2 (341), 1976, str. 235–236).
[Закрыть] Трэба заўважыць, што ў самой аснове гэтай акцыі можна было б знайсьці прынамсі два парадоксы. Па-першае, магло б здавацца, што выступ накіраваны на абарону берутаўскай канстытуцыі 1952 году, зь якой зьвязаны найгоршы досьвед сталінізму, а па-другое, што патрабуецца скасаваньне паправак, якія ня ўводзілі нічога новага, а толькі санкцыявалі здаўна існуючы стан рэчаў. А ў дадатак агульнавядома, што тыя ці іншыя фармулёўкі ня маюць ніякага значэньня, бо пры існуючай сыстэме літара канстытуцыі ніколі не выконвалася і ня будзе выконвацца. Таму ўва ўсёй гэтай акцыі быў элемэнт фікцыі, бо ўсе як бы дамовіліся, быццам вераць, што тэкст канстытуцыі мае хоць якое значэньне.