355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 18)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 31 страниц)

С.Б.: Ці выпрацавалі Вы на працягу свайго шматгадовага экспэрымэнтаваньня з мовай нейкую агульную філязофію слова або сукупнасьць поглядаў на моўную прыроду фантастычна-гратэскавых жанраў?

С.Л.: Паколькі мову можна дасьледаваць толькі мовай і найперш матэматычнай (але гэта таксама sui generis мова), паўстае праблема самазваротнасьці, але ў тэхнічны абсяг гэтых справаў я не хачу цяпер уваходзіць. Агульна кажучы, мой погляд на прыроду мовы роднасны з тым, што выклаў у сваёй кнізе Налімаў («Вероятностная модель языка», Масква, 1974, выд. «Наука»). На жаль, я не магу сфармуляваць яго галоўнага тэзысу, бо ён выходзіць з абсягу сваёй спэцыяльнасьці: гэта матэматык, які зьвярнуўся да лінгвістыкі і трактуе яе ў рэчышчы тэорыі імавернасьці, пры дапамозе функцыі, якая называецца функцыяй Бэйса (Bayes’a). Мова, кажучы спрошчана і сьцісла, не складаецца са словаў, хаця зь іх і складаецца. Элемэнты, якія яе ўтвараюць, маюць вышэйшы статус і адпавядаюць пэўным дачыненьням (рэляцыям). Адчуваны пры дапамозе органаў пачуцьцяў сьвет адбіваецца ў мове. Дзеясловы паходзяць стуль, адкуль і зьявы «ў руху», «у зьмяненьні», а назоўнікі стуль, адкуль і пэўныя «рэчы».

Калі размаўляеш зь людзьмі са здаровым розумам і сярэдняй адукацыяй, можна заўважыць, што на ўзроўні асабістага жыцьцёвага досьведу яны выдатна ўва ўсім разьбіраюцца, а калі размова зь імі выходзіць за гэтыя межы, яны могуць несьці поўную лухту. Хатняя гаспадыня не паверыць, што гаршчок, пакінуты ў варыўні, можа абярнуцца ў голуба, але лёгка верыць уплыву зорак на чалавечы кон. Абсяг асвоеных поймаў пераходзіць у абсяг «нявысваеных» паступова і вельмі індывідуальна. Ня так даўно я чытаў выдадзенага ў нас Арыстотэля. У ім цяжка разабрацца, бо за відавочнае ён мае пытаньні, якія кожны сучасны чалавек павінен мець за цалкам адвольныя выдумкі. Таму калі рушыць не ў мінуўшчыну, а ў будучыню і нейкім цудам стварыць мову, якая будзе паўсядзённай і агульнаўжывальнай праз сто гадоў, напісаныя на ёй кнігі ніхто б ня змог прачытаць цяпер з задавальненьнем. Але калі зьвярнуцца не да будучыні людзей, а неяк у бок – «да іншых разумных істот», ступень адсутнасьці зразумеласьці будзе ў незьлічоныя разы большай. Таму я ня ў стане сур’ёзна напісаць кнігу, у якой гамоняць паміж сабой такія «іншыя істоты». Гэта шыта надта белымі ніткамі. Можна або ўжыць гратэск, або паказаць міжцывілізацыйныя бар’еры, як я паспрабаваў у «Эдэне». Нельга ў рэалістычным рамане сьцьвярджаць, што герой можа апладніць жанчыну на другім баку акіяну пры дапамозе тэлефона, або што блохі – гэта здэгенэраваны від кенгуру. Аднак калі паказваецца «іншы сьвет, іншая плянэта», сярэдні чытач пазбаўляецца крытэраў верагоднасьці. Ім можна маніпуляваць як заўгодна. На гэтым факце паразытуе дзевяноста дзевяць працэнтаў Science Fiction. Супольнымі намаганьнямі аўтары стварылі сыстэмы «рэальных» суадносінаў, абылгалі ўвесь космас, яго асноўныя фізычныя законы, растапталі асноўныя прынцыпы эвалюцыйнай біялёгіі, і дзякуючы гэтым працам узьнікла скарбонка лухты, зь якой цяпер можа карыстаць кожны тыповы science-fictioner. А хто выпадае з гэтага парадку, мае тым меншыя шанцы на прызнаньне ў чытачоў, чым хутчэй гэтыя чытачы імкнуцца авалодаць гэнай скарбонкай. У ЗША мяне найбольш цэняць eggheads, пачынаючы з навукоўцаў, прыродазнаўцаў, а для тыповых заўзятараў тамашняй SF я перадусім незразумелы, бо яны ж «ужо наперад добра ведаюць», ЯК і АБ ЧЫМ павінна быць напісана кожная такая кніга. Таму на радзіме SF у мяне менш сымпатыкаў, чымся ў Эўропе, бо на яе амэрыканскія ўзоры ўплывалі ня так доўга і так паўсюдна не замацаваліся. Тут, зрэшты, пануе абавязковая сымэтрыя, бо я, у сваю чаргу, ня ў стане чытаць тамашнюю SF.

Што да нэалягізмаў, то я мяркую, што абмяжоўваюся немінучым мінімумам. Калі б я сапраўды заняўся выдумваньнем мовы нейкай іншай эпохі, я збаёдаў бы паўжыцьця, каб стварыць зусім незразумелую кнігу, да якой бы я далучыў слоўнік з, натуральна, таксама мной прыдуманай энцыкляпэдыяй. Дадам яшчэ, што я міжволі стараюся ўнікаць гумарыстыкі і зьвяртаюся да адпаведнай лексыкі толькі ў творах, напісаных у гратэскавым ключы.

С.Б.: У адной са сваіх кніг Вы напісалі, што «мэтафізыка – гэта сукупнасьць аб’яднаўчых фактараў, сукупнасьць правіл, што надаюць сэнс і дазваляюць яго зразумець». Нічога лепш ня сее мэтафізычнага паражэнства, чымся Ваша любая навука, якая добра далася ў знакі ўсім рэлігіям і мэтафізычным сыстэмам.

С.Л.: Я пісаў аб гэтых рэчах значна больш рафінаваным, лепш аргумэнтаваным і стылістычна прыгажэйшым чынам, чымся тое магу зрабіць тут. Мэтафізычнае паражэнства? Мне здаецца, што ў маштабе міжземнаморскай, сэкулярызаванай культуры галоўнай вартасьцю ёсьць праўда. І гэта безадносна да тых наступстваў, якія яна выклікае. Таксама факт, і як факт мусіць быць прынята да ведама, што існуе культурны рэлятывізм, абумоўлены самім фактам існаваньня мноства культур, многіх рэлігій і нятоеснасьці аксіялягічных сыстэм, якія вызнаваліся асобнымі гістарычнымі фармацыямі. З гэтага рэлятывізму зусім не вынікае, што культуры можна мяняць як пальчаткі. Дзякуючы рэлятывізму мы ведаем, што ніводная рэч ня ёсьць ні немінучай, ні адзінай, таму што людзі немінуча патрабуюць нейкага культурнага гібрыду. Культура – гэта інструмэнт, які тым лепш функцыянуе, чым менш людзі, якія яго «скультуралізавалі», усьведамляюць, што яны яго стварылі. Санкцыя культуры павінна зьмяшчацца не ў людзкой цямкасьці, а ў трансцэндэнцыі. Тут няма супярэчнасьці. Гэта так, нібыта мы хацелі сказаць, што калі чалавек ведае, што памрэ, то няварта жыць. Мы ведаем, што абавязкова памрэм, але, тым ня менш, ня хочам пераставаць жыць.

С.Б.: Калі б я запытаўся ў Вас – надзвычай сур’ёзна і без іранічных падтэкстаў – аб ступені Вашага ўкладу ў польскую літаратуру, то як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне?

С.Л.: Цяпер ён бадай што нулявы. Уклад бывае такім, якім ён вызначаны кампэтэнтнымі спэцыялістамі. Экспэрты, абмяркоўваючы літаратурныя падзеі апошніх трыццацёх, сарака гадоў, ня згадвалі майго прозьвішча. У гэтага дзьве прычыны. Па-першае, да мяне цяжка знайсьці слушны падыход. Я кот, што ходзіць сам па сабе. Для крытыкаў я мог бы нарадзіцца – на шчасьце, гэтага мне яшчэ ніхто не сказаў – у Бразыліі, Новай Зэляндыі, на Вогненнай Зямлі або быць эскімосам. У часы Сталіна аб такіх гаварылі: безродный космополит. Гэтае пытаньне, безумоўна, прынцыповае, бо з пункту гледжаньня навукоўца, што піша гісторыю літаратуры, разьлічаную на замежжа – тады ўсё відаць больш выразна, – неабходна паслугоўвацца пэўнымі адзінкамі, якія заўсёды шырэйшыя, чымся прозьвішчы. Існуюць эпохі, фазы, кірункі, згуртаваньні, плыні і школы. Я нікуды не належу, бо я ніадкуль.

Я мяркую, што інтэгральна належу да польскай літаратуры, але ўся парадыгма маёй творчасьці выходзіць не з рамантызму, не з пазытывізму, а з таго, што ёсьць дваццацістагоднім інтэлектуальным здабыткам чалавецтва. Гэта была несупынная спроба, калі нас залівалі ўсё большыя хвалі сусьветных ператварэньняў, захаваць вызначальнае палажэньне для літаратуры, не патапіць і не загубіць літаратуры, каб яна ня стала толькі сэйсмографам адзінкавых канвульсій духу, які не разумее, што зь ім робіцца. Гэта, безумоўна, ня тая рэч, якую можна аднесьці да пэўнай школы.

Я нядаўна размаўляў з «патрыярхам польскай літаратурнай крытыкі» Янам Блоньскім, які напісаў вялікі агляд літаратурнай творчасьці апошніх дзесяцігодзьдзяў і які шчыра сказаў мне, што не зьмясьціў мяне ў гэтым аглядзе, бо я нідзе не пасаваў яму. Ён заявіў: «Ня бачу для цябе месца». «Як аб чалавеку магу, як аб пісьменьніку – не», – дадаў потым. Крытык папросту павінен мець нейкую сыстэму, ён павінен уводзіць таксаномію. Там ня можа зьявіцца пэрсанаж, які напалову шафа, напалову аўтамабіль і ў дадатак мае рысы швейнай машынкі. А яшчэ гэта – род жывёлы. Што ён, бедны, павінен зрабіць? Перадусім ён павінен мець інтэлектуальных продкаў, і тут ужо пачынаецца клопат. Але нягледзячы на гэта Блоньскі – вельмі прыстойны крытык. Калі ён перабываў у Францыі і выйшла ў сьвет «Summa technologiae», ён тады з энтузіязмам пракамэнтаваў яе ў нейкім часопісе – што ня мела, безумоўна, ніякага значэньня – і напісаў, што гэта, бясспрэчна, літаратура sui generis, але літаратура. Адначасова ён падкрэсьліў, што не патрапіў зьмясьціць мяне ў якім-небудзь парадку. Падобныя закіды, зрэшты, высунуў і Калакоўскі, які раскрытыкаваў «Summu» ў «Twуrczoњci», а потым даслаў да мяне прыватны ліст, у якім пісаў, што бачыць «бліск першароднай інтэлектуальнасьці», але гэта чужое яго мэнтальнасьці, і нашыя ўяўленьні аб галяктыцы такія аддаленыя і непераадольныя, што няма да мяне падыходу і крытэраў.

Асобныя кнігі часам атрымлівалі дадатныя рэцэнзіі, але трактаваліся яны так, нібыта нехта прынёс вазон для кветак, але тут невядома, ці гэта ночны гаршчок, каструля з гарохавым супам, плюйніца або прыгожая скульптура. Невядома што! Таму выклікала клопат тое, што я быў няўлоўным і нелякалізаваным. Цяжка было зразумець тое, аб чым ішла гаворка. Сёньня, калі аб «Масцы» піша нейкі заходні прафэсар, то ён сходу заўважае, што гэта кніга аб вольнай волі. Ён папросту адразу ўваходзіць у сапраўдную праблематыку, а не блукае сярод рэмарак, у якіх сам твор адыходзіць на задні плян. Якраз аб гэтым і ідзе гаворка.

І тут зьяўляецца другая прычына, таму што каб дакапацца да тых рэчаў, аб якіх я пісаў, трэба быць падкаваным у гэтых пытаньнях. Кожны пісьменьнік прыцягвае наагул нейкі тып крытыкі: або на грунце духоўнай роднасьці, або падобнага погляду на сьвет, або пераходу праз тоесныя культурныя фармацыі. І ў маім выпадку зусім ня так. Усе крытыкі, якія ў нашай краіне задаюць тон літаратурнаму жыцьцю, зьяўляюцца паляністамі. Прынамсі пераважная бальшыня. Тым часам я зь іншай парафіі. Вы самі мне нядаўна прыносілі апублікаваныя ў часопісах закіды аб незразумеласьці. Так, гэта праўда і гэта таксама выразна выяўляецца ў тым, што мае даўнейшыя кнігі, у якіх было менш інтэлектуальнага элемэнту, мелі значна большыя тыражы. Крытык таксама аказваецца некампэтэнтным. Я ўяўляю сабе, напрыклад, што аб маёй творчасьці можна напісаць кнігу, якая была б зусім адчужанай асноўнаму масіву літаратуры і прэзэнтавала б маю ролю як антэны, што з апярэджаньнем выхоплівае адкрыцьці або вынаходы навуковай думкі ў галіне фундамэнтальных праблем. Возьмем, напрыклад, мой тэзыс з «Голема» аб узаемадачыненьнях спадчыннай субстанцыі і арганізмаў. Калі б нехта захацеў за гэта ўзяцца, гэта б вымагала ад яго калясальнай эрудыцыі, якая б поўніцай выходзіла за абсяг літаратуры. Між тым у маіх кнігах ёсьць мноства такіх рэчаў, і гэта з розных сфэраў навуковага пазнаньня. Гэта б не была праца, якую можна назваць літаратурна-крытычнай. Я стаю наводшыбе. Таму мяне выгналі з усіх сусьветаў, бо я ня змог укараніцца ні ў водным. Дзякуючы гэтаму я і мусіў адысьці ад фантастыкі, бо яна ўступіла ў выразную супярэчнасьць з мысьленьнем і навукай.

У ФРГ усе мае тыражы б’е адна кніга Толкіена «Валадар пярсьцёнкаў», якая апавядае аб эльфах. Гэта ў пляне літаратуры не найгоршае, гэта ня трызьненьне з галяктычнымі кашмарамі, але і тут ёсьць пэўныя засьцярогі. Сьвет панавыдумляных фальклёраў, чараў, барацьбы дабра зь ліхам і сьвятла зь цемрай. Гэта надзвычай характэрнае ўвасабленьне эскапісцкай літаратуры нашых жудасных часоў. Гэта антыподы. Мы ня хочам быць думаючым трысьнягом, ня хочам ведаць, якія прыкрасьці могуць нас чакаць. Мы хочам быць недзе ў іншым месцы, бо там больш прыемна. Гэта прычына, дастатковая для існаваньня такой літаратуры.

С.Б.: Ці Ваш, такі станаўко скептычны погляд на цывілізацыйную сапраўднасьць дваццатага стагодзьдзя дазваляе сьцьвярджаць, што ўжо назіраецца паталёгія культуры?

С.Л.: Ізноў цяжкая рэч. Паталёгія культуры прадугледжвае, што існуе нейкая надкультурная норма. Калі меркаваць, што мы належым да міжземнаморскай культуры ў яе сучаснай фазе, то трэба сказаць, што паталёгія культуры пануе паўсюль. Можа, гэта прыкра і дзіўна, але для нас tertium comparationis зьяўляецца мінулым часам. (...)

Вэрдыкт, у якім месцы назіраецца паталёгія культуры, вельмі цяжкі і рызыкоўны. Скуль ведаць, ці назіраліся ў адзінаццатым стагодзьдзі ў Кітаі паталягічныя зьявы? Як рацыяналіст і атэіст будзе ацэньваць эпоху, у якую добры Бог асуджаў на пакуты незаконнанароджанае і неахрышчанае дзіцё? Дзе тыя іманэнтныя і ўведзеныя звонку крытэры, паводле якіх можна было б гэта ацаніць? Цяпер у нас культура, якая нагадвае жудаснае чэрава, што паглынула парэшткі раней існых культур і ўтварыла зь іх кашу. Гэта відаць у масавай культуры, калі людзям не стае іх уласнай рэлігіі, і яны шукаюць сабе нейкага гуру. (...) Гэта цяжкая справа, і на яе немагчыма даць кароткі адказ. Тут трэба было б напісаць кнігу.

С.Б.: Дзякую за размову.

Тэкст перакладзены паводле: Stanisław Bereś. Rozmowy z Lemem, Kraków, 1989.

* Cтаніслаў Лем – адзін зь нешматлікіх польскіх інтэлектуалаў, з творчасьцю якіх можна вычарпальна пазнаёміцца праз Інтэрнэт. Асобе і творчаму даробку Лема прысьвечаныя дзьве багатыя на зьвесткі інтэрнэт-старонкі – Oficjalna strona Stanisława Lema / The Official Stanislaw Lem Site – www.lem.pl (пералічым ейныя падзагалоўкі – «Lem o sobie», «Kalendarium», «Autobiografia», «Zdjęcia», «Dzieła», «Galeria okładek», «Rysunki Lema», «Galeria Daniela Mroza», «Opowiadania», «Forum», «Bibliografia» і г.д.), а таксама Nieoficjalna strona www.lem.mcs.net.pl, як сьцьвярджае рэкляма, «w całości poświęcona wspaniałej postaci jaką jest Stanisław Lem. Znajdziesz na niej: wywiady, eseje, felietony, aforyzmy, zdjęcia...».

За апошнія колькі гадоў Лем стаўся доктарам honoris causa ўнівэрсытэту ў Аполі, а таксама атрымаў спэцыяльную прэмію «na II Targach Ksiаэki w Krakowie».

У 1998 годзе «Wydawnictwo Literackie» распачало выданьне збору твораў Станіслава Лема пад рэдакцыяй ведамага польскага крытыка Еж’я Яжэмбскага.

Сярод апошніх публікацыяў Лема адзначым інтэрвію «Палякі ня ведаюць, што такое дэмакратыя – і таму якая-любя катастрофа магчымая» (Literatura, № 125, 1995, s. 38–39), кнігі «Dialogi, Stanisщaw Lem. T. 1» (Agencja Praw Autorskich i Wydawnictwo INTERART, 1996) «Katar» (Wydawnictwo Literackie, 1998), «Wizja lokalna» (Wydawnictwo Literackie, 1998), «Bomba megabitowa» (Wydawnictwo Literackie, 1999). Сёлета выйшла кніга «Przekładaniec» (Wydawnictwo Literackie, 2000). Здабылі розгалас гэткія апошнія крытычныя артыкулы і працы пра Лема – «Лем сярод іншых» (Twórczość, № 12, 1995, s. 70–85), «Лем і тры эвалюцыі» Малгажаты Шпакоўскай (Konteksty, № 2, 1995, s. 39–47).


У кірунку да Лема. Паслоўе перакладніка

Кампілятарскі жанр біяграфічнай даведкі з элемэнтамі рэтраспэктыўнага агляду, інтрадукцыі ў вялікшы тэкставы масіў, да якога мы прыступаем, мае жорстка дэтэрмінаваную структуру. Як правіла, ён вызначаецца спалучэньнем агульных зьвестак аб жыцьці таго ці іншага аўтара з элемэнтам уласна літаратуразнаўчай рэфлексіі, і было б сьмешна спрабаваць тут нешта зьмяніць.

Вядомы польскі пісьменьнік Станіслаў Лем нарадзіўся 12 лістапада 1921 г. у Львове, у сям’і Самуэля Лема і Сабіны з Вольнэраў, прадстаўнікоў інтэлігенцкага асяродзьдзя. Тут, у Галіччыне, праходзіць усё маленства будучага пісьменьніка, тут жа ён канчае і сярэднюю школу (1939 г.). Пасьля далучэньня Заходняй Украіны да СССР Лем у 1940 г. стаецца студэнтам тамашняга мэдыцынскага інстытуту – але ненадоўга, бо неўзабаве ўжо нямецкія войскі ўваходзяць у Львоў. Змрочны пэрыяд нямецкай акупацыі азначыўся для Лема працай аўтамабільным мэханікам. У 1944 г., пасьля акту вызваленьня Львова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Лем працягвае навучаньне ў мэдыцынскім інстытуце гэтага гораду. Аднак гэта былі апошнія гады жыцьця пісьменьніка на сваёй малой радзіме – акцыя рэпатрыяцыі польскага насельніцтва ў 1946 г. змушае яго перабрацца ў Кракаў, дзе ён і асядае настала. У Кракаве Лем аднаўляе свае навуковыя студыі – у 1946–1948 гг. ён актыўна займаецца ў тамтэйшым Ягелонскім унівэрсытэце, што заканамерна канчаецца атрыманьнем дыплёму. Разам з тым, менавіта тут пачынаецца новая старонка жыцьця Лема – у яго абуджаецца цяга да літаратурнай творчасьці. Зваротным пунктам тут быў 1946 г. – якраз гэтым годам датуюцца яго першыя публікацыі. Маецца на ўвазе дэбют Лема ў катавіцкім тыднёвіку «Nowy Њwiat Przygod» з раманам «Чалавек з Марса». Адначасова ён займаецца напісаньнем артыкулаў для спэцыялізаванай мэдыцынскай прэсы, піша рэцэнзіі і фэльетоны, апавяданьні і вершы, супрацоўнічае з часопісам «Їycie Literackie». А ўжо на пачатку пяцьдзясятых гадоў Лем па сутнасьці стаецца прафэсійным літаратарам. Яго творчасьць знаходзіць шырокі розгалас і прызнаньне – пералічым толькі асноўныя моманты: у 1957 г. Лем атрымлівае прэмію г. Кракава за раман «Нястрачаны час»; у 1965 г. – літаратурную прэмію ІІ ступені Міністэрства культуры і мастацтва за творчыя здабыткі; у 1973 г. – літаратурную прэмію Міністэрства культуры і мастацтва І ступені за кнігі «Голас Госпада» і «Поўны вакуум»; і, нарэшце, у 1976 г. – дзяржаўную прэмію І ступені. Сваімі прэміямі яго ўзнагароджваюць і польскія часопісы «Problemy» (1968) ды «Miesięcznik Literacki» (1971). У 1972 годзе Лем уваходзіць у камісію Польскай акадэміі навук «Польшча 2000», а таксама стаецца сябрам амэрыканскіх таварыстваў «Science Fiction Research Association» і «Science Fiction Writers of America».

Нейкі час Станіслаў Лем жыў у Вене.

Уплыў творчасьці гэтага пісьменьніка надзвычай магутны. Даходзіць да таго, што касманаўты заяўляюць, што сталі імі дзякуючы кнігам С. Лема. Яго мова, бліскучае майстэрства слова, аказала ўзьдзеяньне на ўсю польскую публіцыстыку.

У чым адметнасьць творчасьці Лема? Рэч у тым, што гэты пісьменьнік па сутнасьці выступае песьняром постіндустрыяльнага грамадзтва. Яго творы з усёй вастрынёй адбіваюць заняпад дагэтулешняй этыкі, паталягічныя зьявы на целе сучаснай культуры. Якраз дзякуючы гэтаму Лем імкнецца адсочваць магчымыя грамадзкія сытуацыі і біялягічныя мадэлі. Да таго ж, тэхналягічная ўсемагутнасьць прыводзіць да поўнага пераасэнсаваньня чалавечага наканаваньня. (Гэта неблагая нагода, каб паспрабаваць даць рэтраспэктыўны аналіз творчасьці Лема.)

Калі ня браць у разьлік ужо згаданых артыкулаў, вершы і «Чалавека з Марса», то першая кніга Лема не была фантастыкай. «Нястрачаны час» быў напісаны напрыканцы 40-ых гадоў і апісваў мэдыцынскае асяродзьдзе ў апошнія 2 гады вайны і пасьляваенны час. Нягледзячы на гэта, кніга пабачыла сьвет толькі ў 1955 г., бо зьмяшчала ў сабе шэраг невыгодных для ўладаў момантаў.

Але сапраўдным дэбютам стала кніга «Астранаўты» (1951), якая прынесла Лему славу нават у тыя непрыхільныя для фантастыкі часы. «Астранаўты» апавядаюць аб падарожжы на Вэнэру, якая пагражае Зямлі. Але жыхары Вэнэры ўрэшце зьнішчаюць саміх сябе. На Зямлі пануе татальны камунізм, усё складваецца проста выдатна. Пазьней былі апублікаваны досыць няроўныя апавяданьні «Сэзам і іншыя апавяданьні» (1954), якія вызначаліся маўклівай прысутнасьцю асноўных прынцыпаў сацрэалізму. Да месца тут будзе падкрэсьліць, што Лем у тыя часы актыўна ангажаваўся ў палітыку і зацята граміў капіталістаў ды імпэрыялістаў. Пазьней яго неабыякавасьць да палітыкі выявіцца пад іншым ракурсам – у перакананьні, што перадумовай грамадзкіх дэфармацыяў зьяўляецца маніпуляцыя інфармацыяй.

Далёка за межамі Польшчы стала вядомай наступная кніга Лема «Воблака Магеляна» (1955), досыць узьнёслая аповесьць аб зорных падарожжах. Дарэчы, сам Лем выказваецца аб гэтай сваёй рэчы досыць суха. Кніга нарысаў «Дыялёгі» (1957) ужо рыхтавала глебу пад будучыя эсэ Лема, а «Зорныя дзёньнікі» (1957) ужо ўводзілі элемэнт гратэску і знакамітую постаць Іёна Тыхага. Гэтыя дзёньнікі пазьней шматразова памнажаліся, зьмянялі праблематыку, узбагачаліся. Што да апавяданьняў, то Лем выкарыстоўвае карысную для аўтара, але невыгодную для чытача тактыку: шматлікія перавыданьні ў значнай частцы адных і тых жа твораў: «Уварваньне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Месяцовая ноч» (1963), «Ратуйма космас» (1966). Таму мы засяродзімся на адназначна арыгінальных творах.

Важнае значэньне для разуменьня ўсёй творчасьці Лема мае «Эдэн» (1959), раман па матывах касьмічнай рабінзанады. Касманаўты зь Зямлі рамантуюць сваю разьбітую ракету і адначасова знаёмяцца з таталітарным грамадзтвам «дубэльтаў», дзе быў няўдала праведзены біялягічны экспэрымэнт, дадзеныя аб якім мясцовыя ўлады хаваюць. У тым жа годзе выходзіць кніга «Сьледзтва», аповесьць, паводле словаў самога Лема, аб непазнавальнасьці сьвету, аб выпадковасьці і статыстыцы. Далей зьяўляецца «Вяртаньне з зорак» (1961), троху сэнтымэнтальная кніга аб тым, як касманаўты вяртаюцца на пераўтвораную Зямлю, дзе з моманту іх старту мінулася больш як сто гадоў. Найважнейшай зьменай зьяўляецца ўсеагульная «бэтызацыя», мерапрыемства, скіраванае супраць гвалтоўных актаў у дачыненьні да каго б там ні было.

«Дзёньнік, знойдзены ў ваньне» (1961) – вельмі своеасаблівы раман, нарацыя зь нейкага падпольнага «Трэцяга Пэнтагону», шпіёнскай установы, якая змагаецца з самой сабой і дзе кожны зьяўляецца «шматузроўневым» шпіёнам. А неўзабаве пабачыў сьвет і архітвор Лема – «Салярыс» (1961) – кніга аб спробах кантактаў людзей з «думаючым» акіянам, які выконвае іх самыя прыхаваныя жаданьні, выклікаючы тым самым неймаверныя і трагічныя сытуацыі. Па матывах гэтай кнігі зьняў свой фільм расійскі рэжысэр Андрэй Таркоўскі (1973).

У сваю чаргу, «Summa technologiae» (1964) з пэрспэктывы часу ўспрымаецца як адна з найлепшых кніг Лема, якая апавядае аб пэрспэктывах тэхналягічнай омніпатэнцыі, якая адначасова і ўзбагачае, і нішчыць чалавечую істоту. «Казкі робатаў» (1964) уяўляюць сабой прэтэкст да слыннай «Кібэрыяды» (1965), казкі, якую робаты апавядаюць робатам. Робаты маюць антрапаморфны выгляд, іх сьвет нагадвае Сярэднявечча, бо яны закутыя ў бляху, як у рыцарскія дасьпехі. Характэрна, што пры дапамозе іроніі і гратэску Лем тут спрабуе закрануць фундамэнтальныя праблемы анталёгіі. У 1964 г. быў апублікаваны «Непераможны», невялікі раман аб «нэкрарэвалюцыі» робатаў, зрэдукаваных да мікрачастачак, якія аб’ядноўваюцца ў вялікія думаючыя сыстэмы і зь якімі людзі вядуць беспасьпяховую вайну.

Зусім іншую танальнасьць мае «Высокі замак» (1966), успаміны аб вельмі нетыповым львоўскім маленстве, у якіх акрэсьленыя абрысы набывае прывід «гратэскавага грамадзтва». «Голас Госпада» (1968) адкрывае новы этап у творчасьці Лема: дзеяньне тут вельмі павольнае, апісваецца змадэляваная сытуацыя, інакш кажучы, на зьмену дзеяньню тут прыходзіць мысьленьне. У тым жа 1968 годзе зьяўляецца зборнік «Аповесьці аб пілёту Пірксу», аб галоўным пэрсанажу якога мы пагаворым крыху пазьней асобна.

Канец шэсьцьдзясятых – пачатак семдзясятых гадоў азначаецца выхадам вельмі канцэптуальных, але часам і «цьмяных» кніг Лема: гэта найперш праца аб тэорыі літаратурнага твору «Філязофія выпадку» (1968), якая стваралася як спроба новага прачытаньня фэнамэналёгіі Р. Інгардэна. «Фантастыка і футуралёгія» (1970) апавядае аб літаратуры Science Fiction і пэрспэктывах футуралягічнага мысьленьня, а ў «Поўным вакууме» (1972) зьмешчаныя рэцэнзіі на неіснуючыя кнігі, дзякуючы якім, відавочна, гэты твор карыстаўся пэўнай папулярнасьцю.

Прыкладна ў гэты час выходзяць і два ўласна літаратурныя творы Лема, «Футуралягічны кангрэс» і «Прафэсар А.Доньда», з сэрыі прыгодаў Іёна Тыхага, якія, так сказаць, кідаюць цень на будучыню нашай цывілізацыі. Канец жа 70-ых гг. азначаецца зьяўленьнем зборнікаў апавяданьняў «Маска» (1976) і «Насмарк» (1976).

На пачатку наступнага дзесяцігодзьдзя выходзяць кнігі «Голем XIV» (1981) і «Бібліятэка ХХІ стагодзьдзя» (1986), якія па сутнасьці зьяўляюцца своеасаблівымі, вельмі змрочнымі эсэ. Іён Тыхі ізноў фігуруе ў якасьці героя двух раманаў Лема – «Лякальнага погляду» (1982) і «Міру на Зямлі» (1987), што таксама ў прынцыпе можна клясыфікаваць не як эпіку, а хутчэй як эсэ. А вышэйзгаданы пілёт Піркс зьяўляецца ў новым аповедзе аб няўдалай спробе кантакту – маецца на ўвазе кніга «Фіяска» (1987).

Такім чынам, творчы дар Лема рэалізоўваўся ў абсягу літаратуры, эсэсістыкі, філязофіі, тэхнікі і тэхналёгіі, а таксама – праўда, у меншай ступені – у публіцыстыцы і драматургіі. Аднак найбольшых посьпехаў Лем дасягнуў у галіне прозы, нечым сярэднім паміж фабульным раманам і эсэ. Суадносіны гэтых двух пачаткаў увесь час зьмяняліся – першая фаза творчасьці Лема мае перадусім прыгодніцкі характар, і доўжыцца недзе да шэсьцьдзясятых гадоў. Пазьней надыходзіць пэрыяд гратэску і адначасова эсэ. А недзе зь сярэдзіны семдзясятых гадоў Лем пачынае пісаць у першую чаргу раманы з акрэсьленай фабулай. Варта адзначыць, што на працягу гэтага этапу адбывалася і эвалюцыя ідэалягічных асноваў сьветабачаньня Лема – ён усё больш схіляецца да пазнавальнага пэсымізму (як прыватную праяву гэтага можна ўважаць яго рашучае змаганьне з прызнаньнем, напрыклад, парапсыхалягічных зьяваў).

Што датычыць тэматычнай парадыгмы творчасьці Лема, то ў ёй таксама можна вылучыць некалькі тэматычных пластоў, своеасаблівых аўтарскіх мікрасусьветаў. Першы зь іх – гэта сьвет пілёта, назіральніка, пасіўнага аб’екта. Гэта пласт першай фазы творчасьці Лема, якая вядомая па постаці пілёта Піркса, найбольш папулярнага пэрсанажа гэтага пісьменьніка. Але сам Лем, здаецца, больш цэніць Іёна Тыхага, гратэскавага, амаль мюнхаўзенскага героя, прайдзісьвета ўсіх магчымых галяктык. Недалёка ад іх знаходзяцца і троху менш знакамітыя Трурль і Кляпаўсіуш, робаты-канструктары. Падчас гэтай фазы адбываецца вялікая праца з мовай, ствараюцца нэалягізмы, базысныя паняцьці. Таму ў тэматычнае кола заканамерна ўваходзіць Установа, Паліцыя, Сьледзтва, міжчалавечы Лябірынт.

Тэма лябірынту прысутнічае і ў наступнай фазе творчасьці Лема, інтэрпрэтацыя якой, на нашу думку, будзе больш адэкватнай на ўзроўні ключавых архетыпаў. Гэта, як мы ўжо казалі, лябірынт, які ляжыць у аснове ўсяго напісанага Лемам, а таксама выпадак. Выпадак (тут цяжка ня ўбачыць уплыву філязофскай сыстэмы Райхенбаха) у рэшце рэшт вытлумачвае ўсё, і нават тое, што выглядае як разумнае дзеяньне. Сюды ж належыць і тэма кантакту. Ужо з самага пачатку Лем скептычна ставіўся да гэтай справы. У «Астранаўтах» цывілізацыя Вэнэры паказана як замкнёная ў самой сабе і варожая любым кантактам. У «Воблаку Магеляна» кантакт не ўдаецца, а ў «Эдэне» ён увогуле немагчымы. У «Салярысе» спроба кантакту таксама не дае памысных вынікаў, і ізноў дарэмнымі будуць спробы «выйсьця зь сябе» ў «Непераможным», «Голасе Госпада», «Фіяску». Тут, здавалася б, за малазначнымі фактамі адсутнасьці кантакту крыецца квінтэсэнцыя духоўнага досьведу ХХ стагодзьдзя: немагчымасьць завязаць кантакт зь нечым іншым, немагчымасьць паразуменьня з уласным лёсам, з трансцэндэнцыяй, з Богам. Лем заяўляе пра свой атэізм, але нягледзячы на гэта якраз яму можна прыпісаць надзвычай інтэнсіўны пошук Бога – нават калі апошні і не існуе.

Можа ўзьнікнуць уражаньне, што творчасьць Лема адбывалася ў разрыве з польскай літаратурнай традыцыяй, і нават больш таго, што паміж імі існуюць антаганістычныя дачыненьні. Гэта слушна толькі часткова, паколькі ў Лема ў польскай літаратуры існавалі папярэднікі (назавем прозьвішчы Жулаўскага і Грабіньскага). Па-другое, зь ёй Лема лучаць і некаторыя выяўленчыя фігуры – гратэск, які вельмі часта прысутнічае ў яго творчасьці і які мае багатую перадгісторыю ў польскай літаратуры (прыгадаем, як непаўторна рэалізавалася гэтая фігура ў творах Станіслава Віткевіча), а таксама структура апавяданьня або, выражаючыся сухой навуковай мовай, дыгрэсіўная прырода нарацыі. Але разам з гэтым нацыянальны вымер занадта цесны для Лема, паколькі ён унівэрсальны пісьменьнік, які творыць у маштабе чалавецтва, жыцьця, сьвядомасьці ці, увогуле, экзыстэнцыі. Таму ў Лема адсутнічае польскацэнтрычнасьць, а яго праблематыка блізкая кожнаму, хто разважаў над такімі агульнымі пытаньнямі, як прырода і межы сьвету, чалавечая кандыцыя, праблема розуму, пазнаньня, існаваньня і атрыбутаў Бога (можа якраз дзякуючы гэтаму прадуктыўным таксама будзе прачытаньне яго творчасьці ў кантэксьце сусьветнай літаратуры: вытокі першай праглядаюцца ў «Эпасе аб Гільгамешу», у творах Лукіяна, Г. Уэлса, у romans scientifiques Жуля Вэрна і г.д., апрача таго, творчыя канцэпцыі Лема перажылі пэўны ўплыў францускага структуралізму і nouveau roman).

Станіслаў Лем у сваіх творах, як правіла, не выходзіць за межы і традыцыйнай паэтыкі Science Fiction, якая рэалізуецца ў двух кірунках: перадусім шляхам праектаваньня будучага, чужога і фантастычнага сьвету, зьмяненьня парадку сьвету і адданьня яго ў рукі жаданьняў-прагненьняў неабмежаваных прастораў, у якіх яны могуць разьвівацца розным чынам: як сукрытыя прагненьні або як трывіяльныя, ідэалягічныя ці зашыфраваныя памкненьні. Адначасна паэтыка SF прадугледжвае крытыку і дэканструкцыю мовы, якая вызначаецца праз часавы і лягічны прыярытэт азначанага. Дэканструкцыя праводзіцца так, што значэньне галяктычных прастораў выяўляецца як эфэкт функцыянальна-фантастычнага тэксту. Не беспасярэдняя сапраўднасьць, якая пачуцьцёва зьяўляецца пры сузіраньні, ёсьць прадметам сьвядомасьці, а сапраўднасьць ужо ўяўленая, выдуманая, моўна рэпрэзэнтаваная або сканструяваная. Тым ня менш, сьвядомасьць у кожным выпадку застаецца інтэнцыянальнай. Гэта сьвядомасьць Чагосьці.

Таму ня дзіўна, што творчасьць Лема дзякуючы сваёй усеабсяжнасьці і шматаблічнасьці прыцягнула ўвагу структуральна-сэмантычнай, псыха-і шызааналітычнай крытыкі; яна таксама разглядаецца ў кантэксьце філязофіі Дзэн, фэнамэналёгіі і моўна-аналітычнай філязофіі, адметнай рысай якой выступае строгае разьмежаваньне значэньня і сэнсу, прычым азначаны моўным знакам рэпрэзэнтацыйны аб’ект уяўляе значэньне, а выражаны сэнс – гэта толькі спосаб існаваньня моўных зьместаў.

І ўсё ж, у чым складнікі посьпеху Лема?

Наш адказ на гэта пытаньне будзе такім: даступнасьць яго кніг, якія выдаюцца вялікімі тыражамі і перакладзены на дзясяткі моваў, існаваньне вялікай крытычнай літаратуры аб ім, факт прыналежнасьці Лема да ліку тых пісьменьнікаў, якія абавязкова згадваюцца ўва ўсіх выданьнях, прысьвечаных SF як жанру, унівэрсальнасьць разгляданых ім пытаньняў, што робіць Лема ня толькі цікавым, але і зразумелым для чытачоў з розных краінаў сьвету, і, нарэшце, авалоданьне Лемам амаль усімі жанрамі «вялікай» апавядальнай літаратуры: аўтабіяграфіяй, навуковай эсэістыкай, тэарэтычна-літаратуразнаўчым нарысам, дэтэктыўным раманам.

Якраз гэта і робіць магчымым шлях у кірунку да Лема.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю