Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 29 (всего у книги 31 страниц)
У вачах ксяндза-дэкана Макоўскi быў нацыяналiстам, адным з тых крыклiвых дзеячоў, якiя толькi абцяжарваюць жыцьцё нармальным людзям. У вачах старшынi ксёндз быў ворагам летувiсаў, адсталым цемрашалам, зь якiм ня варта нават уздымаць палемiку. Ксёндз Казiмеж Гацкi зусiм нядаўна прыбыў у Сэйны з найлепшымi намерамі, поўны добрай волi да летувiсаў, уважаючы сябе за iх сябра. Ён лічыць сябе за вельмi талерантную асобу i мае ў гэтым сто працэнтаў упэўненасьцi. Старшыня Бранiслаў Макоўскi, якi зьяўляецца таксама вядомым гiсторыкам, аўтарам кнiгi «Летувiсы ў Польшчы», таксама ня мае благiх iнтэнцыяў да палякаў. Ён лiчыць сябе абароньнiкам уцiсканай меншынi ў Польшчы i асобай вельмi талерантнай, у чым таксама мае сто працэнтаў упэўненасьцi. Абодва карыстаюцца павагай многiх людзей, а iх мысьленьне i дзейнасьць нiчым асаблiва ня розьняцца ад нашага. Толькi калi яны сустрэлiся на прасьцягу паўзьмежжа, памiж iмi ўзьнiкла спрэчка, рахунак якой уяўляецца наступным чынам: талеранцыя i 100% рацыі плюс талеранцыя i 100% рацыi раўняецца адсутнасьцi талеранцыi i канфлiкту рацыяў.
Вось прыклад спрэчкi, адной з тых, якiя на паўзьмежжах мы перажываем несупынна i зь якiмi мы ня ў стане даць рады. Не адчуваецца нястачы добрых iнтэнцыяў. Я ўпэўнены, што пры арганiзацыi заплянаванай на чэрвень гэтага году сустрэчы творцаў польскай i летувiскай культуры, мэтай якой ёсьць чарговая спроба зблiжэньня палякаў i летувiсаў, супрацоўнiчаць будуць як ксёндз Гацкi, так i старшыня Макоўскi. Як ужо сёньня вядома, ксёндз будзе гаспадаром канцэрту летувiскай арганнай музыкi ў сэйненскай базылiцы, а старшыня, якi прыедзе ўдзельнiчаць у самой сустрэчы, сёньня служыць сваiмi ведамi i кантактамi арганiзатарам з агульнапольскага клюбу паклоньнiкаў Летувы. Такiм чынам, як i шмат хто з нас, яны заангажаваны ў справу, якую мы лiчым слушнай i патрэбнай. Але чаму тады нам ня ўсё ўдаецца? Безумоўна, выпадае шмат гаварыць аб пэўным недахопе кампэтэнцыi. Можна спрабаваць гэта зьмянiць, арганiзуючы рознага роду сустрэчы i трэнiнгi, вучачыся мэтадам вырашэньня канфлiктаў i адкрытага дыялёгу. Можна стварыць спэцыяльныя арганiзацыi, запрасiць паўнамоцных прадстаўнiкоў уладаў, царквы i мяншыняў, вельмi паважаных радаў i iншых iнстытуцыяў. Можна выпрацоўваць i ўдасканальваць права з думкай аб мяншынях, аб слабейшых, аб талеранцыi. Усё гэта, безумоўна, будзе неабходным i карысным, выявiць занядбанасьць i прабелы, якiя ўжо даўно трэба было прадухiлiць. I на гэтым усё, больш нiчога. Гіероглiф паўзьмежжа i надалей застанецца нерасшыфраваным. Талеранцыя? Лешак Калакоўскi ў сваёй гутарцы аб талеранцыi на польскiм тэлебачаньнi пераконваў, што яе асноўным гарантам права не зьяўляецца. Закон або пастанова аб талеранцыi могуць шмат дапамагчы, але гэта яшчэ не абяцае таго, што грамадзтва гэтай дзяржавы будзе талерантным. «Паўтараю, – гаварыў Калакоўскi, – талеранцыя ў меншай ступенi забясьпечваецца правам, а ў большай умацаваньнем талерантных узвычаеньняў». Ну што ж, думаць аб сабе як аб чалавеку талерантным – а хто ж з нас думае iнакш – гэта адно, а наша талеранцыя ў сытуацыi выпрабаваньня, гэта другое. Доўгiя гады я стараўся адшукаць у голасе Іншага нейкай веды аб талерантным чалавеку, але нiколi не атрымлiваў пазытыўнага адказу, якiм бы падкрэсьлiвалася iснаваньне нейкiх рысаў, якiмi можна авалодаць i тым самым стаць талерантным. Можа, гэта дзiўна, але ўсё паказвала на тое, што гаворка iдзе хутчэй аб выбаўленьнi ад нечага, аб сьцiшэньнi... Сёньня я думаю аб талерантным чалавеку як аб такiм, хто не давярае свайму перакананьню аб уласнай талеранцыi, не дае ўмацаваць сябе ў гэтым меркаваньнi i несупынна паддае яго сумневу.
4.
З часу той вечаровай размовы зь Вiктарам Вiнiкайцiсам мне не давала спакою думка, што ён жыхар таго прасьцягу, да якога я ня маю доступу. У гэтым я зайздросьцiў яму. Калi хацеў, ён мог таксама знаходзiцца ў маiм сьвеце, браму якога ён пераступаў бязь цяжкасьцi. Зрэшты, ён ведаў гэты сьвет наскрозь i ўмеў у iм спраўна перамяшчацца. Мы шмат разоў размаўлялi аб гiстарычных працэсах, якія i дагэтуль ідуць на паўзьмежжы. Ён часам прыходзiў у нашу кнiгараньку ў «Белай сынагозе», каб купiць кнiгi Ласоўскага, Макоўскага, Грэймаса, Жукаса i iншых. Мне iмпанавалi яго гiстарычныя веды. Ён ведаў вытокi напружаньняў, а таксама ў якой форме яны назiраюцца сёньня. Ён трапна прадбачыў праблемы, якiя ўзьнiкаюць у новага прыхадня, якi ўступае ў зону паўзьмежжа. Ты мусiш вытрымаць у сытуацыi памiж молатам i кавадлам, нават калi табе дадзела лiчыцца не-сваiм. Застанься ня-свой i не мяркуй наiўна, што табе ўдасца замiрыць молат з кавадлам. Шукай хутчэй для сябе трэцяга шляху, а ён праходзiць заўсёды блiжэй да чалавека, чымся да супольнасьцi. Пасьля пэўнага часу можа аказацца, што ты не адзiн. Памятай, што гэта не Варшава, дзе часам, каб вырашыць нейкую праблему, трэба ўзрушаць грамадзкую думку, арганiзоўваць пратэст або дэманстрацыю, праводзiць акцыю ў сродках масавай iнфармацыi. На паўзьмежжы ты такiм чынам распалiш пажар, якi цяжка будзе пагасiць. Тут лепей не датыкацца да жывой раны. Калi ты хочаш патрапiць у мэту, да якой iмкнешся, не глядзi нiколi наўпрост, а заўсёды трохi вышэй цi нiжэй, трошкi збоку.
Добрыя парады, якiя я пачуў у голасе Iншага, патрапiлi выдатна сьцерцi мяжу памiж абкружаючым мяне сьветам i тым, што найбольш асабiстае. Ён, безумоўна, хацеў, каб я не аддзяляў сапраўднасьцi паўзьмежжа ад сваiх уласных слабасьцяў, каб я iшоў далей, пакiдаючы за сабой дзяржаўныя, нацыянальныя i культурныя межы, скiроўваючыся да праўды аб самiм сабе.
Я назiраў за Вiнiкайцiсам, як ён суправаджаў гасьцей па кляштары, плаўна пераходзячы з польскай мовы на летувiскую. Кожны меў яго за свайго, а хутчэй хацеў мець за свайго, хоць усе i адчувалi, што яны толькi мiнакi ў месцы, якое ёсць яго домам. Ён ведаў iх мовы i звычаi. Дарма што ён адчыняў перад iмi розныя дзьверы, праводзiў iх у катакомбы i на вежу, ён усё-такi пакiдаў iх заўсёды перад брамай, якую пераступаў толькi адзiн, уваходзячы ў самы цэнтар. Ён там i жыў – грамадзянiн цэнтру.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Вяртаньне Сярэдняй Эўропы
Памяці недастаткова, каб захаваць адзінства із сваёй зямлёй, з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ воля расшырэньня гарызонтаў і ахвота перажыцьця новых прыгодаў.
Жан-Мары Дамэнак, «Эўропа: выклік для культуры».
Здарылася гэта ў Грацы, дзе я затрымаўся па дарозе на Поўдзень. Здарылася гэта амаль на самай лініі, якую Чэрчыль у 1946 годзе працягнуў ад Шчэціна да Трыесту і назваў «зялезнай заслонай». Некалі гэтта затрымваўся Іва Андрыч, навучаючыся ўва ўнівэрсытэтах то Заграбу, то Вены, то Кракава, то Грацу. Калісь гэта было ў парадку рэчаў, а сёньня такое цяжка ўявіць. Гэта тут напрыканцы дваццатых гадоў XIX-га стагодзьдзя студэнт філязофіі Станка Враз, славенец, сустрэў Людэвіта Гая, харвацкага лідэра Ілірыйскага Руху, і пад ягоным уплывам стаўся харвацкім пісьменьнікам. Такое сёньня гэтаксама цяжка ўявіць. Гэта ў тутэйшых колах, на бачынах заснаванага пасьлей у Заграбе Врацам літаратурнага часапіса «Kolo», бурліва абмяркоўвалася ідэя адзінства славян, ідэя стварэньня разам з братамі сэрбамі супольнае мовы, супольнае фэдэрацыі... А потым адкрыліся чарговыя карты гісторыі Сярэдняй Эўропы: Ясеновац, Вукавар... Бывалі гэтта таксама палякі. У нейкі момант я нават падумаў аб каўні на вуліцы Тронэтгоф, дзе некалі можна было прыдбаць польскія часапісы, але падумку гэтую я ўборзьдзе адкінуў на карысьць сьціплае рэстарацыі з багатым мэню, як і прыстала сталіцы Стырыі.
Калі толькі я ўвайшоў да рэстарацыі, адзін стары, кінуўшы праз вакно позірк на рэгістрацыйны нумар майго самаходу, падышоў да мяне і спытаўся: «Ваша зь Сярэдняй Эўропы?» У мяне мову заняло. Што за пытаньне? Тут, на самай лініі ня так даўна яшчэ існай «зялезнай заслоны», гэты чалавек пра што ў ісьце ў мяне пытаецца? Пра прыналежнасьць да іншай Эўропы, гэтай беднай, хаатычнай, што пагражае людзём, якія жывуць у спакоі і дастатку? А можа ён мае наўвеце тое, што дзеецца ў колішняй Югаславіі? А можа антысэмітызм? Застаецца яшчэ пытаньне правоў чалавека (і жанок), нацыянальных мяншыняў (дагэтуль яшчэ ёсьць, трасца, і да таго ж вечна незадаволеныя), нястачы дысцыпліны, ляноты, п’янства, талеранцыі (але яна падцінае чыстую тоеснасьць), нацыяналізму (ну і што з таго, што на Захадзе ён таксама няблага маецца, наш значна горшы), плюралізму (дапушчэньня існаваньня чысьленых праўдаў, але ж ёсьць адна і абсалютная), летуценнасьці, наіўнасьці, сьмяцьця і адпадаючых тынкаў на вуліцах, пэўных пахаў... Што ён мае наўвеце? Усе гэтыя думкі перапляліся ў маёй крохкай сярэднеэўрапейскай постаці перад абліччам гэтага ахайна апраненага спадара, у гэтай бездакорна чыстай гасподзе, у якой аплата вядзецца стабільнай валютай, у гэтым заможным, рупатліва парадкаваным месьце, насельнікі якога могуць лякацца адно... Я адказаў: «Еду з Польшчы. Але таксама можна, відаць, сказаць, што... зь Сярэдняй Эўропы». Сытуацыя троху нагадвала размову з афіцыянткай у маім мястэчку, калі на зробленую замову я пачуў цьвярозае: «Але ў гэтым ёсьць сьвініна». Адказваючы, што ня ў гэтым рэч, я нават не прыпушчаў, наколькі вялікае расчараваньне я ёй дастаўлю. Урэшце ўсё было б ясна, ну і добра мець прынамсі аднаго жыда ў мястэчку. Ну так, але тады я выкрыў толькі пэўнае фальшывае ўяўленьне. А цяпер я ня мог запярэчыць. Я мог папраўдзе гэтага другога сказу не дадаваць, «з Польшчы» было б якраз досыць, альбо дадаць сьмела і папросту «з Эўропы». Я адчуў, аднак, што такім парадкам я б зьлякаўся і што гэты чалавек ведаў бы аб гэтым.
– Тады запрашаю да століка. Добра часам пагаманіць зь некім аб справах істотна няважных, або баржджэй важных неістотна. Калі Ваша не абразішся, то сёньня я прастаўляю, а назаўтрае – разумееш Ваша, назаўтрае – Ваша прастаўляеш. Я запярэчыў, сказаўшы, што заўтра я мушу быць у Любляне, на што пачуў гэткі адказ: «Ваша нічога не зразумеў. Зрэшты, Ваша мяркуеш, што мяне няма ў Любляне?»
Такім чынам, гэта здарылася ў Грацы, на славенскіх мапах пазначаным як Град’ец. Дзіўная гамана. Я намаўляў яго, што Сярэдняя Эўропа – гэта адно фантом і да таго ж фантом анахранічны. Ён быў іншае думкі. У пэўны момант я падумаў нават, што гэта фрустраваны анты-эўрапеец, які хапаецца за ідэю «нявіннай і чыстай» Сярэдняй Эўропы толькі затым, каб супрацьстаўляць сябе эўракратам і ўніфікатарам. Калі чуюцца галасы некаторых інтэлектуалаў аб тым, як мы патрэбныя Эўропе, або аб тым, што мы адзіныя перахавалі дух і праўдзівыя вартасьці эўрапейскае спадчыны, якія ў іншых мясцох усюдых ужо загінулі, то – пры ўмове, што падобныя галасы маглі гучэць таксама і ў XIX стагодзьдзі – цяжка дзівіцца нашым рамантыкам, а таксама некаторым песьняром ідэі Сярэдняй Эўропы, што паддаліся спакусе мэсіянізму. Што да майго суразмоўцы, гэта было, аднак, толькі павярхоўнае ўражаньне, якое ўборзьдзе перарасло ў зацікаўленьне ягонай асобай.
Паколькі я здагадаўся, што перада мной заўзятар прамінулых часоў, размову я распачаў, іранічным тонам разважаючы аб хваравітай габсбурскай і ягайлаўскай настальгіі, аб адзінстве ў разнароднасьці, аб «сьвятой блытаніне», аб «блуканьні, якое пасоўвае нас наперад», аб талеранцыі, якая падобная да букету розных красак, кожная зь якіх пахне йнакш, дапаўняючыся, аднак, узаемна; аб дзіўных краінах, у якіх «прынцыпам кіраваньня была тэорыя як так, так і гэдак», а баржджэй (беручы пад увагу наймудрэйшую мернасьць) ні так, ні гэдак, што троху пасьлей ператварылася ў я за, і нават супраць; аб гэтым ці то Ўсходзе, ці то Захадзе, што валодае «задаткамі шматпартыйнае сыстэмы і прызвычаеньнем да аднапартыйнае»; аб зьяве, што валодае «манаполіяй на няпэўнасьць», «гарызонт» якое «ёсьць надзвычай няясны»; аб краю, які нават паэты ўважалі «баржджэй за гарачкавы сон, чымся за нешта канкрэтнае». Да таго ж усё ўфарбавана ў ружовы калёр, пад якім крыецца агрэсія, ксэнафобія і ўзбрынялая пыхаватасьць. Навет калі ён перабольшваў, калі ягоныя ўспаміны былі іншымі, гэта і так прамінулы сьвет, затопленая Атлянтыда. Я прыводзіў прыклады Андрыча, Враца. Што засталося з гэтага ўсяго? Просьба прыгледзецца да паведамленьняў у сёньняшняй прэсе з колішняй Югаславіі. А ці ў вашай тэлевізіі не паказваюць рэпартажаў з сучаснай Сылезіі або Трансыльваніі?
Ён падтакваў, як бы хочучы мяне супакоіць. Так, Сярэдняй Эўропы «ўжо няма і яшчэ няма». Ён зьвярнуў увагу, што падобна як я, калі толькі пачынаў гаварыць аб Сярэдняй Эўропе, якга прыводзіў цытаты. А калі толькі ў далейшых ягоных выказваньнях пачалі зьяўляцца далікатныя аналёгіі, амбівалентнасьці, аўтаіранічныя дыгрэсіі, лёгкая дыстанцыя да найістатнейшых справаў, парадоксы і паліфанічныя сугалосьсі, я няўзнак пачаў адчуваць усё большую зь ім блізіню. З гэтай думкай «ужо няма і яшчэ няма» я мог не згаджацца, але ўжо само ейнае гучаньне і канструкцыя былі прыцягальнымі.
– Ваша пытаешся, што з гэтага засталося? Цывілізацыйная матэрыя. Яна сапраўды вельмі панішчаная, але не да канца. Яна застаецца навочнай сьледамкай апошняй цывілізацыі гэтага кантынэнту. Потым былі ўжо толькі нацыянальныя культуры. Гэтая цывілізацыйная матэрыя застанецца апірышчам для тых, хто вырушвае ў пошуку шыршых гарызонтаў і новых прыгодаў.
– Значыцца, куды мы павінны былі б ісьці?
– Да Сярэдняй Эўропы.
– Нонсэнс. Ваша кажаш, як Зьбігнеў Бжазіньскі на лекцыі з цыклю імя Сэтан-Уотсана: «Усходняя Эўропа на шляху вяртаньня да Сярэдняй Эўропы». Але гэта было даўно і няпраўда. Назіркам за Леапольдам Унгерам, пытаньне на сёньня: «Як выйсьці зь Сярэдняй Эўропы і ўвайсьці ў Эўропу». Я жыву на ўсходняй мяжы Польшчы. Гэтым часам туды прыплываюць вялікія сродкі з Брусэлю на памежныя інвэстыцыі. Усе кажуць, што гэта павінна быць усходняя мяжа Эўрапейскага Зьвязу. Ёсьць нават гэткія, хто, узышоўшы на навакольны ўзгорак, кідае позірк на Ўсход і бачыць іншы кантынэнт, які спавіла імгла і які імкліва аддаляецца. Загэтым адзіная істотная турбота ў тым, зь якога боку гэтай «зялезнай заслоны» – авохці мне, выбачаюся – новага limes Эўропы мы апынемся. Тое самае датыкаецца новае структуры бясьпекі. Дзе Ваша хочаш знайсьці ў гэтых працэсах месца для Сярэдняй Эўропы? Можа, яна была патрэбна ў пэўны мамэнт, як часовая ідэя, што дапамагала баржджэй адарвацца ад Усходу. А цяпер? Бо ж мы ўжо блізу Захад. Для нас гэта пераходны пэрыяд, але пэрыяд кансэквэнтнага і станаўкога прылучэньня да эўрапейскіх структураў.
Цяпер, адылі, я спасьцерагаю, што калі я пачынаю гаварыць аб Эўрапейскім Зьвязе і таму падобных справах, то мова мая зьмяняецца, міжволі дысціплінуецца, а месца цытатаў займаюць клішэ.
– А калі гэты пераходны этап акажацца пэрманэнтным? Так і застанецеся, прыгорненыя да нечага іншага, чымся вы самыя ёсьць, у чаканьні, у чарзе, бачачы шанцы для сябе ў аслабленьні суседа. Так, быццам у сябе, але зьверненыя ў іншы бок, дзе дзеецца адаптацыя, а не стварэньне, абцяжарваньне, а не вывальненьне, дзе абвяшчаецца сцэнар на жыцьцё, напісаны некім іншым. Заўсёды ў правінцыі, бо чым ёсьць правінцыя, як не перайманьнем чужых наўзораў.
– Ну добра, – зачарпнуўшы паветра, я паволі зьбіраю сілы для далейшай палемікі пасьля гэтага ўдару ў, што гэтта шмат гаварыць, чулае месца. – Прыгледземся бліжэй да гэтай нашай Сярэдняй Эўропы. Што ў нас гэтта ёсьць? Колькі канцэпцыяў, напрыклад, Палацкага, Наўмана, Пілсудзкага, Масарыка. Усе яны аказаліся нерэальнымі. Апошняя, дысыдэнцкая, у восемдзясятых гадох атрымала розгалас у сьвеце. Дыскусія разгарэлася пасьля зьяўленьня эсэ Мілана Кундэры «Разарваны Захад, або Трагедыя Сярэдняй Эўропы», дарма што ўперад гэтую праблему закраналі Чэслаў Мілаш, Ёзэф Крутвар або аўтары, засярэджаныя наўкола рэдагаванага Ладзіславам Матэйкам часапісу «Cross Currents». Здаецца, што ў гэты пэрыяд было дасягнута шмат. «Усходні эўрапеец ужо мае собскае каралеўства. Яно ўзьнікае ў месцы ягонага жыцьця. Гэта каралеўства духу, але моцна ўкарэненае ў сапраўднасьці. Усходні эўрапеец пасьляялцінскага пакаленьня сёньня патрапіць ужо абысьціся бяз культу Захаду і, шчыра кажучы, усё радзей думае аб ім, усё слабей памятае. Ён надзвычай паглынуты собскім жыцьцём – ён творыць новыя йменьні Эўропы, у сябе, на месцы». Пекныя словы Барбары Таруньчык з «Zeszytуw Literackich» 1987 году. Нешта мусіла быць збудаванае, каб на гэты конт можна было выказвацца. У гэтым жа часе ізь зьместу «Zeszytуw Literackich» зьнікае рубрыка «Эўропа Цэнтру» – калі мы ўжо ў сябе і творым «новыя йменьні Эўропы», то няма сэнсу далей імкнуцца да Сярэдняй Эўропы. Патрэбны былі, аднак, адно два гады, каб пераканацца, што гэта зусім ня так. Аказалася, што гэнае «ў сябе» – гэта адно часовае месца пабыту, што трэба згарнуць намёты і рушыць у дарогу да лепшай, нармальнай урэшце Эўропы. Справа Сярэдняй Эўропы вельмі хутка сталася анахранічнай. Выпіхнутая на бакавую каляіну, яна не пасьпявала за ходам падзеяў. Яна вярнулася да свайго ўлюблёнага стану пэўнай нерэальнасьці і перабываньня ў вакууме, да – як кажацца ў Каралеўстве Цэканіі – «актыўнага пасывізму». Вось, напрыклад, зьявілася «Gazeta Њrodkowoeuropejska», дадатак да нашай галоўнай газэты «Gazety Wyborczej», і – як бы гэта сказаць – троху выглядае на аднаўленьне славутай вэлясыпэднай Гонкі Міру, толькі што Ўсходні Бэрлін быў заменены Будапэштам, а побач з Прагай зьявілася Браціслава як асобная сталіца. І гэта ўсё з новага павеву. Няма Бухарэсту, Кіева, Вільні, Любляны і некалькіх яшчэ сталіц, якія імкнуцца да сярэднеэўрапейскасьці. Дарма што я буду несправядлівы да шмат якіх цікавых тэкстаў, што там былі апублікаваныя, але мне падаецца, што газэта падзяляе сумны лёс т. зв. Вышаградзкай Групы. Спакусьліва было б прыраўнаць ейныя дзеяньні да слыннай Паралельнай Акцыі з «Чалавека бяз свомасьцяў» Музіля, якая «пакуль канчаткова адкладвае справу аўтэнтычнага дзеяньня да пазьнейшага заглыбленьня ў думку актыўнага пасывізму».
– Калі ласка, калі ласка, так Ваша дапытваўся наконт таго, што засталося з гэнага сьвету. Але хай Ваша будзе ласкавы працягваць далей. Я асабліва цікаўлюся справамі, якія дзеюцца вонках «вышаградзкага кола». Мне здаецца, што там адбываецца шмат цікавага. Зь Вільні да мяне даходзяць чуткі, што Альміс Грыбаўскас знайшоў урэшце падтрыманьне для ідэі выданьня часапісу пад назвай «Сярэдняя Эўропа» і ўжо зьявіўся ягоны першы нумар. Тое, што замірае ў Празе, можа, ажыве ў Вільні. Дарэчы, «Zeszyty Literackie» не прывярнулі пасьлей гэтае рубрыкі «Эўропа Цэнтру»?
– Прывярнулі. Гэтаксама факт, што ідэя Сярэдняй Эўропы набыла большы разгон вонках Вышаградзкае Групы. У апошнім нумары часапісу «Ї», выдаванага ў Львове маладой украінскай інтэлігенцыяй, вялікімі літарамі выдрукавана думка Ота фон Габсбурга, выказаная ў размове з Алегам Заячкіўскім: «Украіна гэтаксама належыць да Сярэдняй Эўропы». У тым жа Львове Цэнтар гуманітарных досьледаў пры Ўнівэрсытэце імя Івана Франка ў пазамінулую восень арганізаваў канфэрэнцыю пад назвай «Новая Ўкраіна – Новая Эўропа», падчас якой асноўным пытаньнем сталася сярэднеэўрапейская тоеснасьць. У Менску зьявіўся часапіс «Фрагмэнты», з падзагалоўкам «сярэднеэўрапейскі культурны агляд». Калі я нядаўна езьдзіў туды на сэмінар «Другая Эўропа», я сустрэў шмат людзёў, што былі пад магутным уражаньнем перакладзенага якраз на беларускую мову і апублікаванага ў «Фрагмэнтах» эсэ Кундэры аб трагедыі Сярэдняй Эўропы. Для адных гэта было вычуцьцё супольнасьці конаў і шанец на здабыцьцё ўтрачанае тоеснасьці, для іншых уцёкі ад Расіі. Нехта цьвяроза канстатаваў: «Гэтая ідэя можа прынесьці пазытыўныя вынікі пры ўмове, што яе ініцыятары і рэалізатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная ідэя, часовая ідэя, (…) што гэта тактыка, а не стратэгія, «фізыка», а не мэтафізыка». Нехта іншы падазрона паглядаў у бок Польшчы, баючыся, што за пазаркой ідэяй стаяць новыя імпэрыяльныя прэтэнзіі. На падобнай сустрэчы ў Заграбе я сустрэўся із староньнікамі нацыянальнага гаспадарства і нацыянальных тоеснасьцяў, якім ідэя Сярэдняй Эўропы была патрэбна для абароны гэтых вартасьцяў ад эўрапейскай уніфікацыі. Яны гэтаксама патрабавалі паведаміць сьвету, што яны – у адрозьненьне хаця б ад сэрбаў – гэта не Балканы, што яны – гэта акурат Сярэдняя Эўропа. Што я магу дадаць яшчэ? «Сярэдняя Эўропа ёсьць супоўна расьцятай, накшталт павялічанага Балканскага Паўатоку. Дзеля таксама і гэтага цяпер няма ніякага сэнсу пасуляць якія-колечы пляны ці праекты». Не, гэта ня словы некага з аналітыкаў бягучае сытуацыі ў нашым рэгіёне. Гэдак пісаў пад канец свайго жыцьця Фрыдрых Наўман у апошнім нумары выдаванага ім самым тыднёвіку «Mittel-Europa». Быў сьнежань 1918 году.
– Нягледзячы на гэта я, аднак, хацеў бы Вашу нешта пасуліць. Значыцца, цяпер палудзень, а пасьля, пасьля…
Вось жа здарылася гэта ў Грацы, у часе, калі частка жыхароў цешылася з прыгоды адкрыцьця музэю Арнольда Шварцнэгера, а частка перажывала, што падчас адбыванага тут Экумэнічнага Кангрэсу ў чарговы раз быў збаёданы шанец сустрэчы духовых кіраўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы. Мой сумоўнік працягваў свае разважаньні аб пэўным палемічным што да Паралельнай Акцыі прадпрыемстве, якое ён назваў Сярэднеэўрапейскай Акцыяй. Гэта павінен быць супрацьлежны полюс да размавітых самітаў, сустрэчаў на высокім узроўні, стварэньня высокіх камісіяў і ўнівэрсальных канцэпцыяў. Яны маюць сваё значэньне, але далёка не дастатковае. Цяжка не згадзіцца з тымі, хто мяркуе, што ідэя Сярэдняй Эўропы ёсьць утопіяй, калі бачыць у ёй магчымасьць стварэньня нейкай супольнай палітычна-эканамічна-культурнай структуры ў гэтым рэгіёне. Усялякія наднацыянальныя ініцыятывы тут слабыя і трацяць значэньне ў прыраўнаньні з падобнымі эўрапейскімі ініцыятывамі. Дужа нерэалістычнымі падаюцца намаганьні прышчапіць згары супольную ідэю пэўнага груду інтэлектуалаў, якая б была прынятая рознымі гаспадарствамі і нацыямі. Аднак усё гэта не перакрэсьлівае яшчэ самой справы Сярэдняй Эўропы, а адно паказвае, чым яна ня можа стаць, калі яна ня хоча застацца ў сфэры лятункаў, якім ніколі не наканавана зрэалізавацца. Сярэднеэўрапейская Акцыя – гэта крэацыя, а не рэстаўрацыя, гэта не хаўрусы гаспадарстваў і стратэгіі ўрадаў, а штодзённае супрацавенства паміж грамадзянамі, местамі і рэгіёнамі; гэта купцы, што таруюць новыя шляхі, і прадпрымальнікі, што прыцягваюць супольныя інвэстыцыі; гэта адкрытыя для суседзтва ўнівэрсытэты, выдавецтвы і сродкі масавае інфармацыі; гэта інтэркультурнае ўзаемадзеяньне, школьныя праграмы з інтэграцыйным характарам, моладзевыя лягеры, дыскусійныя клюбы, вандроўкі, моўныя курсы і спартовыя спадужніцтвы. Вельмі не стае гэткай пабудовы на самым нізе, арганічнай, цёплай дзеля міжнародных кантактаў і адначасна сьмелай у сваіх амбіцыях і размаху. Гэта праца як пры складаньні мазаікі, падчас чаго не паслугуюцца вялікімі плошчамі, а малымі шкельцамі цярпліва дапасоўваюць іх да сябе. Так узьнікае разнародная цэласьць.
Нядаўна з прыгоды падрыхтаванага прэзыдэнтамі польска-ўкраінскага паяднаньня ў тэлевізійную перадачу «W centrum uwagi» былі запрошаныя тры госьці – першы рэпрэзэнтаваў серадовішчы польскіх вэтэранаў і патрабаваў сатысфакцыяў за выгубленьне польскае люднасьці на Валыні; другі прэзэнтаваў украінскую меншыню ў Польшчы і патрабаваў сатысфакцыяў за акцыю «Вісла». Паколькі падрыхтаваны дакумэнт павінен быў узяць у разьлік іхныя жаданьні, абодва спадары выглядалі на задаволеных. Добры настрой размовы папсаваў, адылі, трэці з гасьцёў, які заміж таго каб суладна падкрэсьліць некалькігадовую працу, укладзеную ў падрыхтаваньне гэтага дакумэнту, ні стуль ні сьсюль выразіў перасьцярогу, што гэтае паяднаньне застанецца толькі на паперы, што насамрэч мы два апошнія гады так і праспалі, робячы вельмі няшмат, што дагэтуль не распрацаваныя і ня выдадзеныя адпаведныя школьныя падручнікі, што няшмат зроблена для польска-ўкраінскага паяднаньня на ўзроўні рэгіянальных супольнасьцяў і г.д. Прэзыдэнты падпісалі гэты дакумэнт, а адразу пасьля ў Перамышлі была зроблена спроба заблякаваць арганізацыю фэстывалю ўкраінскае культуры, у Львове былі ўгнюшаныя могілкі «Orl№t Lwowskich», у Кіеве быў збэшчаны польскі сьцяг разам зь іншымі сьцягамі суседніх краін, у Лешні зьнішчаны памятны знак, прысьвечаны ахвярам акцыі «Вісла»… Гэтым трэцім госьцем у тэлевізійнай студыі быў Багдан Скарадзіньскі. Я памеркаваў, што ягоная пазыцыя ў ісьце выражае дух Сярэднеэўрапейскай Акцыі. Гэткая акцыя ў сваёй аснове ёсьць нечым іншым, чымся ўдзел у справах, што йдуць пратараваным шляхам і бальшынёй успрымаюцца як нешта відавочнае. Людзі, што бяруць у ёй удзел, не згаджаюцца зь існай візіяй сьвету, яны нецярплівыя і збунтаваныя, яны нястомна перапраўляюцца да другога, ня ведамага яшчэ берагу. І такім чынам вяртаюцца да сябе.
Вось жа, слухаючы аповед майго сумоўніка, я пачаў дапаўняць яго сваімі собскімі дасьведчаньнямі і роздумамі. Я ўсьвядоміў для сябе, што ўзглядна лёгка стацца ў іх эўрапейцам: школа дае веду аб заходнеэўрапейскай гісторыі і культуры, можна бязь цяжкасьці навучыцца ангельскае ці нямецкае мовы, у кнігарні ёсьць кнігі Ўартана ці Эка, а да таго ж няма жаднае спапярэдлівасьці. Значна цяжэй, аднак, быць сярэднеэўрапейцам у Сэйнах і ўзнаямляцца, напрыклад, із сваімі сужыхарамі і найбліжшымі суседзямі летувісамі: у школе можна няшмат даведацца аб іхнай гісторыі, а аб культуры і наагул нічога, мовы ня вучаць як у школе, так і на курсах, у кнігарні няма кніг Баранаўскаса ці Венцловы, а да гэтага ўсяго дадаюцца яшчэ крыўды і спапярэдлівасьці. Ініцыюючы Сярэднеэўрапейскую Акцыю, трэба зьвярнуцца да ўзбочнага шляху, супоўна яшчэ не пратараванага. Ці рэальна гэта? Гэта пытаньне пра магчымасьць узьнікненьня Сярэдняй Эўропы.
Стары з Грацу на мае непакоі адказаў чарговай цытатай із скарбніцы мудрасьці Цэканіі: «Калі існуе вычуцьцё сапраўднасьці, мусіць існаваць і вычуцьцё магчымасьці». На разьвітаньне – адчуваючы патрэбу выказаць словы спадзеву на паўторны шлях – дакінуў яшчэ: «Пачуцьцё магчымае сапраўднасьці належыць стаўляць вышэй за пачуцьцё сапраўдных магчымасьцяў».
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Беларусь ня будзе выключэньнем
з Кшыштафам Чыжэўскiм размаўляюць Валянцiн Акудовiч i Валерка Булгакаў
Валянцiн АКУДОВIЧ: Спадар Кшыштаф, калi Вы ня супраць, мы хацелi б распачаць гаворку з Вашай бiяграфii. Калi ласка, колькі словаў пра сябе.
Кшыштаф ЧЫЖЭЎСКI: Я нарадзiўся праездам у Варшаве падчас шляху маiх бацькоў з Усходу на Захад. Гэта быў 1958 год. Маленства я правёў у невялiкiм мястэчку ў Вялiкай Польшчы, але ў школу пайшоў ужо ў Познанi. У тамашнiм унiвэрсытэце iмя Адама Мiцкевiча я атрымаў дыплём магiстра польскай фiлялёгii. Мая магістарская праца мела назву «Кнiга шляху Чэслава Мiлаша». Ужо тады мяне захапляў чалавек вандроўны, homo viator, якi ў пошуках таямнiцы падарожнiчае ў глыб сьвету і ў глыб самога сябе адначасна. Абаранiць працу пра Мiлаша, якi быў забароненым пiсьменьнiкам, тады было нялёгка, але ў нашым унiвэрсытэце, дзе адным з маiх выкладчыкаў быў Станiслаў Бараньчак, панавала адносна лiбэральная атмасфэра. Я быў заангажаваны ў дзейнасьць студэнцкай апазыцыі, арганiзацыю «лётаючага ўнiвэрсытэту», падпольны выдавецкi рух (у тым лiку выдаў том вершаў Мiлаша з уласным уступам). Ужо пазьней, калi было абвешчана ваеннае становiшча, я разам з Рафалам Групiньскiм заснаваў падпольны часопiс «Час культуры», якi сёньня зьяўляецца адным з найважнейшых культурных часопiсаў у Польшчы.
Аднак падчас навучаньня ўва ўнiвэрсытэце я бываў у Познанi адно спарадычна. Мяне поўнiцай захапiў тады тэатар, у прыватнасьці адмысловае «антрапалягiчнае вандраваньне». Яшчэ ў часе вучобы ў гiмназii я быў моцна зьвязаны з дэкляматарскiм рухам i аматарскiм тэатрам. Тады гэта было прыўкраснае асяродзьдзе чулых, незалежных i шукаючых людзей, якiя на працягу году сустракалiся ў розных месцах Польшчы, каб дэклямаваць або пяяць паэзiю, прэзэнтаваць манадрамы або тэатральныя спэктаклi. Як гадунец гэтага руху, пасьля першага году навучаньня ўва ўнiвэрсытэце я трапiў у мясцовасьць Гардзянiцэ пад Люблiнам, дзе якраз i стваралася новая тэатральная група... Я застаўся там на шэсьць гадоў. З тэатрам «Гардзянiцэ» я аб’ехаў усю Эўропу, ад Ляпляндыi да Сыцылii, але – што нашмат важней – я пабываў i ў сёлах усходняга i паўднёвага ўзьмежжа Польшчы, пазнаёмiўся зь летувiскай, беларускай, жыдоўскай, цыганскай культурай... адным словам, са сьветам, аб якiм, гадуючыся ў Познанi, я ня меў найменшага панятку. Наш спэктакль «Варажба», заснаваны на «Дзядох» Мiцкевiча, нарадзiўся падчас выправаў у сёлы, разьмешчаныя непадалёк ад Крушынян пры беларускай мяжы, на гару Грабарку, у Вершалiн i г.д.
У канцы 1983 году я вярнуўся ў Познань, дзе выкладаў (у тым лiку гiсторыю культуры i эстэтыку) у Вышэйшай мастацкай школе. Адначасна ў Доме культуры я з групай прыяцеляў з Познанi, Люблiна i Чарнай Дамбруўкi, што Кашубшчыне, выступiў iнiцыятарам культурнай i тэатральнай працы. Неўзабаве з гэтага асяродзьдзя вылучыўся калектыў людзей, зь якiм я прыняў рашэньне аб пераезьдзе ў Сэйны, мястэчка пры польска-летувiскай мяжы, дзе мы стварылі сьпярша Фонд «Паўзьмежжа» (1990 год), а пазьней ваяводзкі Цэнтар «Паўзьмежжа – мастацтваў, культур, нацыяў» (1991 год). Я i дагэтуль кiрую гэтымi ўстановамi, якiя ўсё шырэй ажыцьцяўляюць культурную, дасьледнiцкую i адукацыйную дзейнасьць у паўзьмежжах Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Адначасна я зьяўляюся галоўным рэдактарам часопiсу «Краснагруда», чытаю цыклiчныя або аднаразовыя лекцыi ў розных вучэльнях Польшчы i за мяжой, напрыклад, год таму ў Вiленскiм унiвэрсытэце я правёў лекцыю аб спадчыне Вялiкага Княства Лiтоўскага.
В.А.: З той жа нагоды яшчэ i адцягненае пытаньне: мера тоеснасьцi iнтэлектуальных рэфлексiяў Кшыштафа Чыжэўскага гiсторыi падзеяў. Плён iнтэлектуальных рэфлексiяў цi, шырэй, iнтэлектуальнай дзейнасьцi, напэўна, фармуе бiяграфiю суб’екта, але цi ёсьць бiяграфiя суб’екта тым, ад чаго залежыць чын i кшталты iнтэлектуальнага рэфлексаваньня? Адным словам, цi ўплывае бiяграфiя Кшыштафа Чыжэўскага на тое, што i як ён прадумваў у сфэры iнтэлектуальнай праблематыкi?
К.Ч.: Сярод людзей бываюць такiя, якiя зьдзяйсьняюць далёкiя падарожжы, не пакiдаючы дому або свайго кабiнэту (такiм быў Кант або Бруна Шульц), а таксама такiя, якiя маюць свой дом у дарозе. Я, вiдавочна, належу да другiх. Я чалавек дзеяньня, практыкi, надзвычай адчувальны на mimesis, на дотык сапраўднага, якое ўтойваецца i несупынна запрашае да далейшага падарожжа. Таму сьпярша адбываецца пагружэньне ў жыцьцё, у канкрэтную практыку, адкрытасьць да прыгодаў i перажываньняў, а пасьля надыходзiць рэфлексія... Мае iнтэлектуальныя развагi нагадваюць занятак вандроўнiка, якi затрымлiваецца ў нейкай схованцы ў гарах, каб пераначаваць, адкрывае нататнiк i спрабуе назваць тое, што на працягу дня ён перажыў. У гэтым сэнсе маё жыцьцё мае аснаватворнае значэньне для iнтэлектуальнай рэфлексii. Каб мець, чым запоўнiць нататнiк, я выбiраюся ў падарожжа, ахвочы да адкрытай прасторы, беспасярэдніх сустрэч зь людзьмi, пагружэньня ў новую стыхiю, у невядомае...