Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 31 страниц)
Зьбігнеў Бжазіньскі*
Агонія камунізму
Фэномэн камунізму мае рысы гістарычнай драмы. Народжаны зь нецярплівага ідэалізму, які адкідаў несправядлівасьць ранейшага ладу, камунізм жадаў лепшага, больш гуманнага грамадзтва – але спарадзіў масавы прыгнёт. Ён быў адлюстраваньнем аптымістычнай веры ў сілу розуму, здольную пабудаваць дасканалае грамадзтва. Ён мабілізаваў наймагутнейшыя пачуцьці – чалавекалюбства і нянавісьць да прыгнёту – у імя маральна абгрунтаванай грамадзкай мэханікі. Ён заваяваў некаторыя сусьветна ведамыя розумы і некаторыя найбольш ідэйныя сэрцы – і нягледзячы на гэта прывёў да некаторых найгоршых злачынстваў гэтага, роўна як і якога-колечы іншага стагодзьдзя.
Апрача гэтага, камунізм рэпрэзэнтаваў няўдалую спробу поўнай рацыяналізацыі грамадзкага жыцьця. Ён меркаваў, што пісьменнае, палітычна сьведамае грамадзтва можа пачаць кантраляваць грамадзкае разьвіцьцё, накіроўваючы соцыяэканамічныя ператварэньні да наперад закладзеных мэтаў. Гісторыя тады была б ужо не спантанным, у вялікай меры выпадковым працэсам, а снадзівам калектыўнага інтэлекту і маральных мэтаў чалавецтва. Такім чынам, камунізм жадаў шляхам арганізаваных захадаў гарманійна спалучыць палітычны рацыяналізм з грамадзкай маральнасьцю.
Аднак на практыцы празьмерная вера ў чалавечы розум, схільнасьць, свомая зацятым змаганьням за ўладу, ператвараць дыскусійныя гістарычныя ацэнкі ў дагматычныя аксыёмы, лёгчыня, зь якой маральная крыўда выраджаецца ў перакананую ў сваёй апраўданасьці палітычную нянавісьць, і, асабліва, ленінскае спалучэньне марксізму з адсталай аўтакратычнай традыцыяй Расіі – усё гэта адмяніла марксізм у снадзіва палітычнага прыгнёту, выяўна супярэчнага зь ягонымі собскімі маральнымі матывацыямі.
Разьдзел 21. Усеабсяжны крызыс
Камунізм знаходзіцца сёньня ў стане ўсеабсяжнага крызысу, як у сэнсе ідэалёгіі, так і сыстэмы. Памеры гэтага крызысу із значнай відавочнасьцю можна ўбачыць у сьвятле пяцёх важных працэсаў:
1. У вачох камуністых на ўсім сьвеце савецкі досьвед – ужо не прадмет культу – з гэтага моманту павінен не пераймацца, а адмаўляцца. Такім парадкам, камунізм цяпер ня мае практычнага ўзору, якому маглі б насьледаваць іншыя.
2. У Савецкім Саюзе невырашальная дылема камуністычнага ладу замыкаецца ў тым, што эканамічнае разьвіцьцё магчымае толькі за кошт палітычнай стабільнасьці, тымчасам як палітычную стабільнасьць можна ўтрымаць адно коштам эканамічнага заняпаду.
3. Ува Ўсходняй Эўропе згубнай заганай камунізму ёсьць партыйная манаполія на ўладу, прычыны якой замыкаюцца ў савецкім дамінаваньні. Сёньня, калі мінулася сорак гадоў пасьля навязваньня камунізму, элімінацыя як чужога, так і партыйнага дамінаваньня паўсюль разглядаецца як абавязковая папярэдняя ўмова грамадзкага адраджэньня.
4. У Кітаі ідэалягічная дыфузія камунізму будзе цаной эканамічных посьпехаў. Сучасны Кітай, мабыць, увойдзе ў дваццаць першае стагодзьдзе яшчэ пад уладай камунізму, але гэта будзе не камуністычны Кітай.
5. Эра маналітнага камуністычнага руху ў сьвеце, пабудаванага на супольным веравызнаньні, адышла ў невараць. У сярэдзіне восемдзясятых гадоў наступіў канец ідэі руху камуністычных партый, аб’яднаных дактрынай і дзейнасьцю.
Разам узятае, усё гэта ня толькі азначае паўсюдны крызыс камунізму, але й вястуе ягоны заняпад як уплывовай, палітычнай і ідэалягічнай сілы ў сучасным сьвеце. Гэты крызыс знаходзіць цяпер выяўленьне ўва ўзрастаючых грамадзкіх узрушэньнях, спрычыненых благім станам эканомікі ў камуністычных дзяржавах, а таксама ў страце даверу да самой дактрыны камуністычнымі ўладнымі элітамі. У камуністычных краінах пагляд, што сацыялізм рэпрэзэнтуе нейкі больш дасканалы грамадзкі лад, або стаў ужо зусім дыскрэдытаваным, або трактуецца з усё большым скептыцызмам. Апрача гэтага, сусьветны камунізм ня можа ўжо прапанаваць такой грамадзкай мадэлі, якая б паслужыла арыенцірам на будучыню.
Клясычная марксісцка-ленінская дэфініцыя «ўсеабсяжнага крызысу капіталізму» – які, як заявіў Крэмль у 1961 годзе, ужо распачаўся – дасканала пасуе да цяперашняй сытуацыі камунізму. Калі ў гэтую заяву ўставіць слова «камунізм» або нейкую згадку аб Савецкім Саюзе ў месца «імпэрыялізму» ці «капіталізму», а тэрмін «рынкавая дэмакратыя» заміж «сацыялізму», паўстане жудасна верная карціна сучаснага камунізму:
Камунізм у цяперашняй стадыі разьвіцьця ёсьць савецкім імпэрыялізмам на этапе яго заняпаду і банкруцтва. Немінучы працэс раскладаньня ахінуў камунізм зь верху і да нізу, улучна зь ягонай палітыкай і ідэалёгіяй...
Усеабсяжны крызыс камунізму знаходзіць выражэньне ў наступных фактах: несупынны адыход новых краін ад савецкай мадэлі; аслабленьне пазыцый камуністычных краін у эканамічным спаборніцтве з разьвітымі краінамі рынкавай эканомікі; распад савецкага блёку; паглыбленьне супярэчнасьці паміж камунізмам ды разьвіцьцём дзяржаўна-манапалісцкага сацыялізму, з аднаго боку, і ўзрастаньнем мілітарызму, з другога; узрастаючая нутраная дэстабілізацыя і раскладаньне камуністычнай эканомікі, выяўныя ўва ўсё большай няздольнасьці камунізму да поўнага выкарыстаньня вытворчых сілаў – нізкі тэмп росту вытворчасьці, цыклічныя крызысы, пастойная няздатнасьць поўнага выкарыстаньня прадукцыйных сілаў, хранічная няпоўная занятасьць; беспрэцэдэнтнае ўзрастаньне палітычнай рэакцыі на ўсіх франтох; устанаўленьне ў пэўных камуністычных краінах тыраніі асобных кіраўнікоў і глыбокі крызыс камуністычнай палітыкі і ідэалёгіі.
Калі гэтая дэфініцыя, апранутая ў марксісцкую ідэалёгію, ляпідарна характарызуе ўсеабсяжны крызыс камунізму, то, аднак, памеры і ступень гэтага крызысу розныя для розных краін. Прыведзеная табліца зьмяшчае прыблізную – і, прызнацца, абапёртую на суб’ектыўных ацэнках – ацэнку ступені крызысу ў паасобных камуністычных краінах. Для камунізму палітычны посьпех раўняецца дзейснаму кантролю, і чым менш трэба прымусу, каб накінуць і ўтрымаць поўны кантроль, тым большы гэты посьпех. Дзеля гэтага, нават калі ня ўсе з гэтых крытэраў маюць аднолькавае значэньне, высокая колькасьць пунктаў азначае, што не ўдалося пабудаваць дзейсна функцыянуючую ленінскую палітычную структуру, надаць новую форму грамадзтву і стварыць прадукцыйную эканоміку з цэнтральным плянаваньнем.
Зь пятнаццацёх ацэненых рэжымаў ніводзін не атрымаў хаця б набліжанага да дасканалага рэйтынгу, які б азначаў квітнеючую ленінскую сыстэму, якая карыстаецца шчырым падтрыманьнем народу. Толькі чатыры мелі менш, чымся дзесяць пунктаў, што паказвае, што яны не знаходзяцца ў стане крызысу. Аднак пяць атрымалі 20 ці больш пунктаў, а гэта азначае стан спаважнага крызысу. Больш таго, з гэтай узглядна «больш удалай» чацьверкі найважнейшая краіна, Кітай, здолела пазьбегчы крызысу ў сапраўднасьці дзякуючы дыфузіі свайго камунізму на вельмі шырокім фронце. Гэта дазволіла рэжыму даць грамадзтву пэўную матывацыю, прышчапіць яму троху аптымізму – але коштам адмовы ад некаторых цэнтральных догматаў камуністычнай дактрыны. Засталыя тры рэжымы – Усходняя Нямеччына, Баўгарыя і Паўночая Карэя – выявілі большую дзейснасьць, як у абсягу ўтрыманьня рэпрэсійнай сыстэмы, так і ў абсягу кіраваньня дзяржаўнай эканомікай. Яны таксама сустрэлі меншы супраціў з боку грамадзтва ў працэсе камуністычнай перабудоўлі. Усе іншыя камуністычныя рэжымы знаходзяцца на розных стадыях крызысу. Іхныя спробы стварыць новую сыстэму ня толькі не далі ў выніку наватарскай, прадукцыйнай эканомікі, але і прывялі да росту грамадзкага, а ў некаторых выпадках і палітычнага незадавальненьня.
Такім чынам, з увагі на паглыбленьне паўсюднага крызысу камунізму неабходна сфармуляваць канчальны дыягназ ягоных гістарычных дасягненьняў і прагноз пэрспэктываў на наступнае стагодзьдзе.
Разьдзел 22. Гістарычны балянс
Паўсюдны крызыс камунізму быў запраграмаваны бедным балянсам ягоных дасягненьняў. Тое, што спачатна ў ім прыцягвала, у значнай меры вынікала з факту, што на пачатку дваццатага стагодзьдзя чысьленыя спасярод існых тады сыстэмаў – нават дэмакратычныя – не рэагавалі як сьлед на нягоды і несправядлівасьці раньнекапіталістычнай фазы індустрыялізацыі. Аднак таксама факт, што ніводны камуністычны рэжым не пераняў улады ў выніку свабодна выражанай волі народу. Ніводная кіраўнічая камуністычная эліта – нават пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў улады – ня выявіла жаданьня здабыць палітычны мандат, дазволіўшы народу свабодна выказацца, ці хоча ён і надалей камунізму. Гэтае нежаданьне паддаць камунізм тэсту дэмакратыі часткова ёсьць вынікам маніхейскага, самазванскага мэсіянскага пачуцьця, якое зрабілася элемэнтам дактрыны марксізму-ленінізму і часткова выплывае з усьведамленьня таго, што камунізм ува ўладзе не ўзумеў задаволіць грамадзкіх памкненьняў да матэрыяльнага дабрабыту і асабістага шчасьця. Дасюль не чутно пра годныя ўвагі ўцёкі ў камуністычныя краіны людзей, якіх бы прыцягваў тамашні стыль жыцьця, тымчасам як жаданьне разьвітацца з камунізмам навідавоку як у выпадку семдзесятгодняй савецкай сыстэмы, так і саракагодняй сыстэмы ў Польшчы і пятнаццацьгодняй у Віетнаме.
Апрыч гэтага, гістарычныя дасягненьні камунізму як сыстэмы арганізацыі грамадзтва крылі ў сабе хваравітую дыспрапорцыю паміж безьліччу чалавечых ахвяраў, якія панёс народ, і некаторымі бесьпярэчнымі соцыяэканамічнымі выгадамі, якія былі дасягнутыя дзякуючы гэтаму. Прыраўнаньне камуністычных і некамуністычных краін на падобным этапе соцыяэканамічнага разьвіцьця – напрыклад, Усходняй Нямеччыны і Чэхаславаччыны з Заходняй Нямеччынай, Польшчы з Гішпаніяй, Вугоршчыны і Югаславіі з Аўстрыяй і Італіяй, а таксама Кітаю зь Індыяй – паказвае, што ў ісьце ніводны камуністычны рэжым ня здолеў палепшыць сваю пазыцыю што да свайго адпаведніка ў пляне валавага нацыянальнага прадукту, канкурэнцыі на сусьветных рынках ці, наапошку, узроўню жыцьця ў краіне. Адно Кітай дасяг перавагі над Індыяй, якая сама была ахвярай надзвычай бюракратычнай і quasi-сацыялістычнай сыстэмы, дый толькі пасьля таго, як Пэкін пачаў свой адыход ад марксісцка-ленінскай артадоксіі. Савецкі Саюз апыніўся ня толькі за Злучанымі Штатамі, але і за Японіяй. Паміж 1960 і 1968 гг. Японія, маючы менш як палавіну насельніцтва Савецкага Саюзу, зраўналася зь ім у пляне валавага нацыянальнага даходу, дарма што спачатна адставала ад яго больш як у тры разы.
Адсталасьць камуністычнай эканомікі выяўляецца яшчэ больш, калі ход ідзе аб канкурэнтназдольнасьці ў сусьветным маштабе. У 1985 г., калі агульная сума абаротаў Злучаных Штатаў і Японіі на сусьветных рынках склала адпаведна 576 і 308 мільярдаў даляраў, савецкі эквівалент склаў 66 мільярдаў. У дадатак гандлёвы профіль Масквы нагадваў краіны Трэцяга сьвету. Амаль тры чвэрткі яе экспарту прыпадала на здабываючую прамысловасьць, прычым нафта і газ склалі 49%, золата – 18%, драўніна – 4%, дыямэнты – 2%. На камуністычныя краіны – якія засяляе збольшага адна траціна насельніцтва земнай апукі – прыпадае толькі 10% cуcьветнага экспарту, адно 3% тэхналягічных інавацыяў і рыхтык 1% дапамогі для разьвіваных краін. Уся Ўсходняя Эўропа экспартуе менш машынаў для прамыслова разьвітых дэмакратычных краінаў, чымся Сынгапур.
Нягодны балянс камунізму знаходзіць сваё адлюстраваньне ўва ўзроўні жыцьця людзей. Праз сарок гадоў пасьля другой сусьветнай вайны савецкі ўрад рэглямэнтуе і надалей продаж мяса, а апошнімі часамі стаў рэглямэнтаваць продаж цукру. Паводле савецкага тыднёвіка «Неделя» (нумар ад 27 чэрвеня – 7 ліпеня 1988 году) жыхаром Сьвярдлоўску, а таксама сьвярдлоўскага раёну выдалі «сьветла-жоўтыя харчовыя карткі. У кожным мікрараёне ёсьць асоба, упаўнаважаная для іх раздачы. Каля 800 грамаў каўбасы на месяц... 400 грамаў масла. Таксама 2 кілі мяса на год – на майскія і кастрычніцкія сьвяты. У некаторыя дні нельга нават дастаць ні макароны, ні крупаў». «Пакуль, – дадае «Неделя», – валей не гаварыць з гэтымі людзьмі аб перестройке».
З афіцыйнай савецкай статыстыкі, адкрытай у эру гласности, вынікае, што каля 40% усяго насельніцтва і 79% паджылых людзей жыве ў беднасьці. Як піша савецкая аўтарка Н.М. Рымашэўская, толькі адна траціна савецкіх дамовых гаспадарак мае гарачую ваду, а адна траціна ня мае нават халоднай вады. «Известия» ад 26 сьнежня 1986 году паведамілі, што сям’я з чатырох чалавек некваліфікаванага рабочага, як правіла, больш як восем год мусіць жыць у адным пакоі памерам два з палавінай на паўмэтра, перш як атрымае лепшае жытло. Таму ня будзе перабольшаньнем сказаць, што бедныя на Захадзе жывуць на такім жа самым матэрыяльным узроўні, што і сярэдняя кляса ў Савецкім Саюзе.
Статыстыка прыватных аўтамабіляў – у сучасным сьвеце гэта дакладны паказьнік даступнасьці спажывецкага патэнцыялу – сьведчыць пра тое ж самае. Заходнія краіны амаль дасягнулі насычэньня рынку ў гэтай галіне. У 1983 годзе адзін аўтамабіль прыпадаў на 1,8 жыхара Амэрыкі; гэты паказьнік склаў 4,4 для Японіі, 2,5 для Нямеччыны і 2,8 для Італіі, але толькі адзін аўтамабіль на 14,2 прыпадаў у Савецкім Саюзе, пры паказьніках 5,8 у Чэхаславаччыне і 10,8 у Польшчы. Няма дзіва, што ў пераліку на душу насельніцтва чорныя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы маюць больш прыватных аўтамабіляў, чымся грамадзяне Савецкага Саюзу.
Усе гэтыя няўдачы ў галіне эканомікі выклікаюць усё больш сур’ёзны экалягічны крызыс у камуністычных дзяржавах. Ува Ўсходняй Эўропе сытуацыя выглядае вылучна драматычна для вялікай часткі тэрыторыі Польшчы і некаторых часткаў Усходняй Нямеччыны і Чэхаславаччыны. У Савецкім Саюзе ўсе прамысловыя раёны ўвогуле вельмі забруджаныя, прычым экалягічная сытуацыя, як выглядае, надзвычай небясьпечная ў Арменіі, дзе высокатаксычныя прамысловыя адыходы, як правіла, зьліваюцца ў рэкі. Усе камуністычныя дзяржавы, зь іх навязьлівай ідэяй паскоранай індустрыялізацыі, ідуць на недаравальныя парушэньні ў гэтай галіне, ня робячы нават найбольш прымітыўных захадаў з мэтай абароны асяродзьдзя і зь вялікім спазьненьнем рэагуючы на паглыбленьне крызысу. Пагаршэньне экалягічных варункаў і вельмі благая сыстэма аховы здароўя прыводзяць да ашаламляльнага росту сьмяротнасьці ўва ўсіх узроставых групах і ўва ўсіх краінах савецкага блёку. Хлопчык, які нарадзіўся сёньня ў Савецкім Саюзе, паводле параўнальных дасьледаваньняў Ніка Эбэргардта з гарвардзкага Цэнтру дэмаграфічных дасьледаваньняў, пражыве менш, чымся хлопчык, які нарадзіўся ў Мэксыцы.
Нічога з гэтага, што было сказана вышэй, не запярэчвае факту, што камуністычныя дзяржавы зрабілі вялікі крок наперад перадусім у разьвіцьці цяжкой прамысловасьці, а таксама – асабліва ў спачатную фазу камуністычнага кіраваньня – у абсягу сацыяльнай абароны насельніцтва і асьветы. Аднак гэты прагрэс быў дасягнуты проста ашаламляльным коштам чалавечых ахвяраў. Ува ўсёй гісторыі чалавецтва ніводны экспэрымэнт у галіне перабудовы грамадзтва не абыходзіўся такім коштам, а таксама ня быў такім раскідонлівым – калі браць пад увагу лёс чалавека, як сутыкненьне з камунізмам у дваццатым стагодзьдзі. Ніхто ня ў стане дакладна падлічыць усе гэтыя выдаткі, паколькі гэтыя рэжымы зьдзяйсьнялі фізычныя рэпрэсіі ў абставінах сакрэтнасьці, а таксама таму, што зьвязаныя з гэтым псыхалягічныя і культурныя страты не паддаюцца колькаснай ацэнцы. Аднак можна хаця б прыблізна ацаніць катэгорыі чалавечых пакутаў, якія былі прычыненыя марксісцка-ленінскімі рэжымамі ў працэсе камуністычнага ператварэньня грамадзтва. Выкрыцьцё даўнейшых злачынстваў, якое адбываецца сёньня ў Савецкім Саюзе і ў Кітаі – якое дадало новыя дадзеныя аб ахвярах камуністычнага экспэрымэнту ў галіне грамадзкай інжынэрыі – палягчае гэтае заданьне і пераконвае ў высновах зь яго нават заходніх скептыкаў.
Да чалавечых ахвяраў прыводзілі:
1. Рэпрэсіі без суду й сьледзтва ў працэсе заваёвы ўлады. Ня лічачы забітых у рэвалюцыйных сутыкненьнях і грамадзянскіх войнах, можна дапусьціць, што такія экзэкуцыі каштавалі жыцьця прынамсі мільёну чалавек у Савецкім Саюзе, некалькім мільёнам чалавек у Кітаі, каля 100000 ува Ўсходняй Эўропе і прынамсі 150000 у Віетнаме.
2. Рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў і чальцоў руху супраціву пасьля заваёвы ўлады. Гэткія забойствы доўжыліся зазвычай колькі гадоў, калі камуністы ўзмацнялі сваю ўладу над краінай. Прыблізныя ацэнкі схіляюць пазначыць гэтыя лічбы на тым жа ўзроўні, што і ў першай катэгорыі – ураджай сьмерці ў колькасьці каля 5 мільёнаў для першых дзьвюх катэгорыяў.
3. Выгубленьне людзей, што належаць да розных грамадзкіх групаў, якія лічацца патэнцыйна варожымі, не зважаючы на сапраўдную пазыцыю ахвяраў. Гэтыя групы, як правіла, абыймалі былых афіцэраў, дзяржаўных урадоўцаў, арыстакратаў, абшарнікаў, духавенства і капіталістаў. Некаторых забівалі, іншых зьмяшчалі ў працоўным лягеры, дзе бальшыня гінула. Хаця ацэнкі гэтай катэгорыі могуць вельмі адрозьнівацца, апублікаваныя апошнім часам савецкія, усходнеэўрапейскія і кітайскія дадзеныя паказваюць, што колькасьць ахвяраў была вельмі высокая, ня меншая, безумоўна, ад 3 да 5 мільёнаў.
4. Ліквідацыя прыватнай уласнасьці ў сялян. Тыповым для гэтай катэгорыі было фізычнае выгубленьне клясы кулакоў у Савецкім Саюзе ў выніку рэпрэсіяў і зьняволеньня ў працоўных лягерох. Дзеля таго што колькасьць савецкіх і кітайскіх ахвяраў сягала колькіх мільёнаў, а ў Віетнаме і Паўночнай Карэі колькіх сотняў тысяч, колькасьць палеглых у гэтай катэгорыі трэба ацэньваць мінімум у 10 мільёнаў чалавек.
5. Ахвяры масавых дэпартацыяў і прымусовых перасяленьняў. Гэтая палітыка, якая адыгрывала такую вялікую ролю падчас кампаніі калектывізацыі ў Савецкім Саюзе, ува Ўсходняй Эўропе і асабліва ў Кітаі падчас барацьбы зь зямельнымі ўласьнікамі і пры заснаваньні камунаў у пэрыяд Вялікага Скачка, прывяла да голаду, эпідэміяў і іншых нягодаў. Якія-любя ацэнкі павінны таксама браць пад увагу савецкую палітыку дэпартацыі асобаў з падазроных нерасійскіх нацыяў – латышоў, летувісаў, эстонцаў з балтыцкіх рэспублік, палякаў з заходніх абшараў Савецкага Саюзу, татараў з Крыму і іншых, у аддаленыя рэгіёны Сібіру. Самыя сьвежыя савецкія ацэнкі вызначаюць колькасьць ахвяраў ад 7 да 10 мільёнаў толькі ў Савецкім Саюзе, але калі гаворка заходзіць пра Кітай, некаторыя ацэнкі гавораць аб 27 мільёнах. Асьцярожны, але пры гэтым страшны падрахунак дае ў суме як найменш 30 мільёнаў ахвяраў.
6. Рэпрэсіі або зьняволеньне ў працоўныя лягеры камуністаў, якія палі ахвярай чыстак. У Савецкім Саюзе колькасьць камуністаў, зьняволеных падчас барацьбы за ўладу і розных чыстак, а пасьля расстраляных у 1936–1938 гадох, можна сьмела ацаніць пад мільён. Ува Ўсходняй Эўропе напрыканцы саракавых гадоў і на пачатку пяцьдзясятых былі забітыя і зьняволеныя дзясяткі тысяч камуністаў. У Кітаі – асабліва падчас культурнай рэвалюцыі – такі ж самы лёс напаткаў колькі мільёнаў чалавек.
7. Фізычныя і псыхічныя насьледкі працяглага зьняволеньня і прымусовай працы. У савецкія часы амністыі ў сярэдзіне пяцьдзясятых гадоў прынесьлі вызваленьне некалькім мільёнам чалавек, якія ў пэўных выпадках праседзелі ў турме дваццаць гадоў у надзвычай цяжкіх умовах. Падобныя амністыі былі абвешчаныя ў Эўропе пасьля выкрыцьця Сталіна Хрушчовым у 1956 годзе і ў Кітаі пасьля заканчэньня культурнай рэвалюцыі на пачатку семдзясятых.
8. Перасьлед сем’яў ахвяраў рэжыму. У Савецкім Саюзе сем’і людзей, якія траплялі ў першыя шэсьць катэгорыяў, станавіліся ахвярай розных перасьледаў – ад дыскрымінацыі пры атрыманьні жылплошчы і працы і да дэпартацыяў, зьняволеньня і пакараньня сьмерцю.
9. Прасякаючая ўсё грамадзтва атмасфэра страху ды пачуцьцё індывідуальнай і палітычнай ізаляцыі. На працягу значнай часткі пэрыяду перабудовы грамадзтва, ажыцьцяўлянага пры дапамозе гвалту, цэлыя сацыяльныя групы – натуральна, не рабочыя і бяднейшыя сяляне – былі асуджаныя на праявы ідэалягічнай варажнечы з боку бюракратыі.
Гэтыя сацыяльныя страты – а яны абыймаюць як найменш 50 мільёнаў чалавечых жыцьцяў – сьведчаць, безумоўна, аб самым легкадумным і марнатраўным у гісторыі экспэрымэнце ў галіне грамадзкай інжынэрыі. Калі ўзяць пад увагу сучасную схільнасьць камуністычных рэжымаў да прызнаньняў, што ў мінулым яны цярпелі паразы з прычыны «памылак і недахопаў» і што неабходныя значныя зьмены ў іх палітыцы, чалавечая трагедыя становіцца яшчэ большай. Іншымі словамі, савецкія, кітайскія і некаторыя ўсходнеэўрапейскія кіраўнікі прызналі, што ранейшыя камуністычныя ініцыятывы былі непрадуктыўныя ў соцыяэканамічным сэнсе, ня кажучы ўжо аб тым, што яны былі агідныя маральна.
Такім чынам, вялікае фіяска камунізму пацягнула за сабой у скандэнсаванай форме марнаваньне і зьніштажэньне грамадзкіх здольнасьцяў і талентаў, а таксама штучнае стрымліваньне аўтэнтычнага палітычнага жыцьця ў грамадзтве; надзвычай высокія чалавечыя ахвяры наўзамен за сапраўды дасягнутыя эканамічныя посьпехі і ў выніку памяншэньне прадукцыйнасьці з прычыны празьмернай цэнтралізацыі ў маштабе дзяржавы; паступовае пагаршэньне бюракратычнай сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня, якая спачатку зьяўлялася галоўным здабыткам камуністычнага рэжыму; і, нарэшце, стрымліваньне дзякуючы дагматычным абмежаваньням разьвіцьця навукі і мастацтва.
Гэтае гістарычнае фіяска, сёньня ўжо адкрыта прызнанае тымі камуністычнымі кіраўнікамі, якія выступаюць за рэформы, мае глыбейшае карэньне, чымся «памылкі і недахопы», на якія зазвычай наракаюць. Яно вынікае з апэратыўных, інстытуцыянальных і філязофскіх недахопаў камуністычнага экспэрымэнту. Шчыра кажучы, яно ўкарэнена глыбака ў існасьці практыкі марксізму-ленінізму.
На апэратыўным узроўні марксісцка-ленінскі стыль прыняцьця рашэньняў прывёў да ўзьнікненьня проста паранаідальнай атмасфэры і да ўсё больш частага выкарыстаньня сілы як мэтаду вырашэньня грамадзкіх і палітычных праблемаў. Усе найбольш значныя камуністычныя кіраўнікі – Ленін, Сталін, Мао ці іх пасьлядоўнікі ўва Ўсходняй Эўропе і Трэцім Сьвеце – паводзілі сябе так, быццам былі змоўнікамі ўва ўладзе, жрацамі тайнай сэкты, сходкі якіх трэба хаваць ад варожага абкружэньня. Заслона сакрэтнасьці захінала іх пачынаньні, іх асобы, нават іх сем’і. Але адначасна, паколькі яны лічылі сябе абдоранымі незраўнанай ведай аб гісторыі чалавецтва і тым самым упаўнаважанымі вызначаць будучы лёс чалавецтва ў выпадку патрэбы нават пры дапамозе сілы, яны з глыбокім недаверам ставіліся да кожнага, хто не падзяляў іх адмысловага спосабу бачаньня. Дырэктыва «хто ня з намі, той супраць нас» стварыла стыль паводзінаў, які інтэрпрэтаваў крытыку як варожасьць, перашкоды як сабатаж, іншыя погляды як здраду. У такім кантэксьце любая карэкцыя палітычнай лініі магла адбыцца адно пасьля катастрафічных паразаў.
Інстытуцыянальныя недахопы яшчэ ўзмацнілі гэтую дэфармацыю стылю паводзінаў. Камуністычны стыль працы абумовіў узьнікненьне палітычных сыстэмаў, якія не валодалі засьцерагальнымі мэханізмамі. Сыгналы аб збоях, як правіла, даходзілі да кіраўніцтва са спазьненьнем; дэзынфармацыя зь месцаў далятала да вярхоў хутчэй; страх не дазваляў займаць сумленную пазыцыю. Кіраўнік сутаргава трымаўся ўлады датуль, дакуль гэта яму дазваляў фізычны і палітычны стан, а замена яго іншым была зазвычай вынікам працяглага палітычнага канфлікту, які даводзіў да крайнасьці згаданыя вышэй маніхейскія тэндэнцыі. Адсутнасьць адпаведных мэханізмаў замены кіраўнікоў, якія кепска выконвалі свае абавязкі, прыводзіла да таго, што фактычна ажыцьцяўленьне ўлады, а не эфэктыўнасьць або неэфэктыўнасьць палітычнай лініі, станавілася зарукай працяглага знаходжаньня пры ўладзе.
Яшчэ больш істотнымі былі філязофскія карані фіяска. У канцавым рахунку марксісцка-ленінская палітыка выходзіла з прынцыпова памылковага разуменьня гісторыі і фатальна няправільнага разуменьня чалавечай прыроды. Таму фіяска камунізму, у рэшце рэшт, мае інтэлектуальны характар. Ён ня ўзяў пад увагу найважнейшых чалавечых памкненьняў: да свабоды індывіда, да права самавыражэньня ў мастацтве і духовай сфэры, і, больш за тое, – у эпоху асьветы і сродкаў масавай камунікацыі – да права палітычнага выбару. Ён недаацаніў арганічную ўзаемасувязь паміж эканамічнай эфэктыўнасьцю і наватарствам, з аднаго боку, і індывідуальным імкненьнем да асабістага дабрабыту, з другога. Такім чынам, камунізм задушыў усё творчае ў грамадзтве, насуперак таму, што рэклямаваў сябе як найбольш творчы і наватарскі грамадзкі лад.
Гэтае інтэлектуальнае фіяска камунізму цяжарам вісіць над камунізмам і ў міжнародным маштабе. Марксізм-ленінізм не прадказаў і не зразумеў асноўных тэндэнцыяў, якія фармавалі міжнародную сытуацыю ў дваццатым стагодзьдзі. Ён недаацаніў ролю этнічнасьці і нацыяналізму, у выніку чаго міжкамуністычныя нацыянальныя канфлікты аказаліся неспадзяваным шокам. Гэтыя канфлікты павялічвала, у сваю чаргу, вынікаючая зь іх тэндэнцыя асобных камуністычных партыяў да ўзаемных абвінавачаньняў у дактрынальнай ерасі. Так было ў выпадку ідэалягічна дэструкцыйнага савецка-югаслаўскага і савецка-кітайскага канфлікту. Камунізм таксама няправільна разумеў прыцягальную сілу рэлігіі і таму быў не падрыхтаваны да супраціву рыма-каталікоў у Польшчы ці да адраджэньня ісламу ў самім Савецкім Саюзе. І апошняя, хоць і ня менш важная рэч: тэхнатронная рэвалюцыя, якая нагэтулькі трансфармавала саму сутнасьць падзелу ўлады і грамадзкай структуры ў разьвітых капіталістычных краінах, засьпела камунізм у фазе зацятай адданасьці састарэлым канцэпцыям, узьніклым на ранейшых этапах прамысловай рэвалюцыі.
Усе гэтыя апэратыўныя, інстытуцыянальныя і філязофскія фактары разам абумовілі палітычную лінію, якая ў рэшце рэшт мусіць прывесьці ня толькі да крызысу камунізму, але і павялічыць няпэўнасьць што да ягонае будучыні.
Разьдзел 23. Пэрспэктывы на будучыню
У 2017 годзе, калі мінула сто гадоў пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі, рыштаваньні пакрываюць маўзалей Леніна на ранейшай Краснай плошчы, перайменаванай цяпер у Плошчу свабоды. Гэтыя рыштаваньні прыхоўваюць перабудову маўзалею ўва ўезд у падземную стаянку, прызначаную для турысцкіх натоўпаў, што наведваюць стала дзейную выстаўку ў Крамлі «Сто змарнаваных гадоў – пяцьдзясят мільёнаў змарнаваных жыцьцяў».
Гэты тэкст не настолькі неймаверны, як гэта падаецца на першы погляд. У сутнасьці прыдуманая навіна з Масквы 2017 году праўдападобная амаль у такой жа ступені, як і погляд, што цяперашняя сыстэма датрывае да гэтага часу бяз значных пераменаў і што ў стагодзьдзе бальшавіцкай рэвалюцыі яшчэ адзін кіраўнік будзе зычыць савецкім народам посьпехаў, адначасна звальваючы віну на сваіх папярэднікаў – у ліку якіх апыніцца і Гарбачоў, а таксама Брэжнеў і Сталін – за так і не пераадоленыя цяжкасьці.
Гарбачоў даў выхад сілам, дзеля якіх разрыў гістарычнай кантынуальнасьці стаецца больш праўдападобным, чымся кантынуальнасьць. Усе разважаньні наконт будучыні камунізму ў Савецкім Саюзе залежаць таму ад адказу на адно пытаньне: палітыка Гарбачова ёсьць сьведчаньнем аднаўленьня або разбурэньня камунізму? Нягледзячы на ўсю рыторыку Гарбачова на тэмы жыцьцёвасьці камунізму адказ на гэтае пытаньне хінецца хутчэй на карысьць разбурэньня, чымся аднаўленьня. Калі яго перестройка і выклікала дагэтуль якія-небудзь яўныя зьмены, то яны палягаюць у адыходзе ад догматаў марксізму-ленінізму як у тэорыі, так і на практыцы. Ува ўсходняй Эўропе і ў Кітаі, дзе, безумоўна, рэформы больш пасьлядоўныя і больш прагматычныя, гэтая тэндэнцыя яшчэ больш яўная.
Агульная тэндэнцыя ў лягеры сучаснага камунізму, у тым ліку і ў Савецкім Саюзе, выяўляецца ў адыходзе ад усяго, што некалі лічылася істотным. У абсягу эканомікі ідэя дзяржаўнай уласнасьці ці калектыўнай у сельскай гаспадарцы, у сэктары паслугаў і нават прамысловасьці адкідаецца як лішні баляст або ў большай ці меншай ступені асуджаецца. Аб’ектам атакаў ёсьць таксама цэнтральнае плянаваньне і вызначэньне цэнаў, прычым адбываецца нясьмелы зрух у кірунку рынкавых мэханізмаў. У абсягу палітыкі слабне поўны камуністычны кантроль за сродкамі інфармацыі. Ідэалягічная індактрынацыя саступае месца ідэалягічнаму адмежаваньню ад «чужых» уплываў. Дамінаваньне адзінай партыі ў палітычным дыялёгу з грамадзтвам усё больш атакуецца ў некалькіх камуністычных дзяржавах. Недатыкальным у прынцыпе застаецца толькі манаполія камуністаў на вяршэнства палітычнай улады.
Больш за тое, камуністычную ідэалёгію дыскрэдытуе ня толькі практыка, але й самі камуністычныя кіраўнікі. Займаючыся нечым накшалт гістарычнага strip-tease’у, яны адрываюць – зьдзіраюць зь сябе, калі так можна выразіцца – чарговыя слаі сваёй уласнай дактрынальнай мінуўшчыны. Верныя ленінцы пачынаюць, безумоўна, задумвацца, што засталося з усёй спадчыны, калі чуюць, што дваццаць гадоў брэжнявізму былі эрай стагнацыі і карупцыі; калі даведваюцца, што Хрушчоў, раней абвінавачаны за сваё дзесяцігодзьдзе «недарэчных праектаў», у сапраўднасьці быў прадвесьнікам перестройки; калі яны зьяўляюцца сьведкамі выкрываньня дваццаціпяцігодзьдзя сталінізму як часу «яўных злачынстваў» і калі некаторыя зь іх шэптам гавораць, што рэвізіянізм Гарбачова азначае пачатак фактычнай адмовы ад ленінізму. Аналягічна ў Кітаі мааізм, некалі незачэпная сьвятыня, стаецца цяпер аб’ектам крытычнай рэвізіі, тым часам як ува Ўсходняй Эўропе да бальшыні былых камуністычных кіраўнікоў пасьмяротна высунута абвінавачаньне ў сталінізьме. Усё гэта зьдзірае зь цела марксізм-ленінізм-сталінізм да голых касьцей марксізму улучна – марксізм XIX стагодзьдзя ня можа, відавочна, даць патрэбных парадаў для пераадоленьня праблемаў сьвету на парозе дваццаць першага стагодзьдзя.
Такім чынам, камунізм знаходзіцца ў гістарычнай трансфармацыі. Ці гэтая трансфармацыя прынясе больш эфэктыўны ў эканамічным сэнсе і больш плюралістычны ў палітычным сэнсе лад? Адказ на гэта гучыць іначай у залежнасьці ад краіны. Калі гаворка йдзе пра Савецкі Саюз, то скептыцызм тут будзе вельмі дарэчы. Дужа няпэўнымі выглядаюць магчымасьці таго, што пачынаньні Гарбачова прывядуць у выніку да заснаванай на канкурэнцыі і інтэграванай у сусьветны рынак эканомікі і палітычнага ладу, пры якім людзі будуць кіраваць сабой самі пры ненавязьлівай апецы абыякавай да ўсяго камуністычнай партыі. Антыдэмакратычная ленінская спадчына, шматнацыянальны характар дзяржавы і глыбока засвоеныя цэнтралізацыйныя тэндэнцыі – усё гэта разам аслабляе падаўкосьць грамадзтва да эфэктыўнага перайманьня палітычнай і адміністрацыйнай адказнасьці і тым самым робіць немагчымым гэткага роду хаду падзеяў.
Пасьпяховае ўвядзеньне плюралізму ў Савецкім Саюзе менш імавернае, чымся чатыры іншыя магчымасьці. Першая – гэта працяглы і нічым ня стрымліваны крызыс сыстэмы, які будзе доўжыцца без хоць нейкага вырашэньня колькі дзясяткаў гадоў і пэрыядычна перапыняцца выбухамі грамадзкай незадаволенасьці сярод масаў гарадзкога насельніцтва, усё больш расчараваных у матэрыяльных умовах жыцьця, асабліва сярод палітычна больш непакорных нярускіх народаў. Другой магчымасьцю ёсьць чарговы застой: зь цягам часу сумятня нарэшце сьцішыцца, а цэнтралістычныя традыцыі расійскай мінуўшчыны зноў возьмуць верх. У пэўны момант гэта магло б прывесьці да трэцяй магчымасьці, дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненага войскам і КДБ (пры гэтым магчымая заўчасная сьмерць Гарбачова) і апраўданага перад грамадзкай думкай эмацыйным зваротам да вялікарускага нацыяналізму. Чацьвертая магчымасьць – на гэтай стадыі значна менш імаверная – палягае ў канчальным ператварэньні працяглага крызысу ў поўнае і адназначнае выкрыцьцё камуністычнага рэжыму, што прывяло б да рэалізацыі таго прыдуманага сцэнару, які быў назначаны на пачатку разьдзелу. Гэтая апошняя магчымасьць магла б выклікаць распад Савецкага Саюзу як адзінай дзяржавы, што немінуча прывяло б да праліцьця крыві ў выніку буйнамаштабных нацыянальных і этнічных канфліктаў.