355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 14)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 31 страниц)

Аднак – нагадаем – гаворка ішла ня толькі пра адзіноту. Гаворка ішла і пра спаталеньне прагі хвалы. Прага хвалы не выклікае прыхільнасьці ў асьвечанай публікі, і ў любым выпадку яе надта выяўнае маніфэставаньне не ўспрымаецца за адзнаку добрага густу. Але так сталася. Бог стварыў сьвет для сваёй хвалы і пасьпяшаўся азнаёміць людзей з матывамі гэтага ўчынку. Нястача сьціпласьці была кампэнсавана годнай пахвалы шчырасьцю.

Што ж – можаце сказаць вы – матыў быў мала хвалебны, а вынікі працы ня дужа памысныя. Не магу з гэтым згадзіцца. Я не сьцьвярджаю, што створаны так сьвет – гэта надта ўдалы твор, і ў любым выпадку меркаваньне, што ён быў пабудаваны абсалютна мудрай і ўсемагутнай істотай, падаецца мне моцна перабольшаным. Аднак я важуся сьцьвярджаць, што – нават такі – ён нясе на сабе пэўны адбітак велічы, скажу нават больш – генію. Ён – як і шмат якія чалавечыя дзеі – хаатычны, бязь яснай ідэі, своеасаблівы кіч, няўмелы, бяз смаку; хаўрусаваньне зь ім часта бывае непрыемным. Аднак – паўтараю – гэта сапраўды вялікі, вабны твор. Довадаў на карысьць гэтага шмат, і я гатовы прадставіць іх у адпаведны момант. У кожным выпадку гэта факт – і ён мае найважнейшае значэньне для ацэнкі, – што сьвет паддаецца пэўнаму ўдасканаленьню, і пры вялізных намаганьнях вялізнай масы людзей можна ў ім ажыцьцявіць малюпасенькія зьмены да лепшага; гісторыя, насуперак усяму, у пэўнай меры пацьвярджае такі погляд.

Якая адсюль мараль? Такая вось страшна банальная: каштоўныя вынікі можна часам атрымаць, дзейнічаючы зь нізкіх матываў.

Ці бывае і адваротнае? Безумоўна. Пра гэта сьведчыць гісторыя стасункаў паміж Богам і народам Ізраілю.

<...>

3. Каін, або Інтэрпрэтацыя прынцыпу: кожнаму паводле заслуг

Як вядома, Каін быў аратаем, а Авель – пастухом быдла. Было, на першы погляд, натуральнай рэччу, што першы склаў Богу ахвяру з кукурузы, ільну, буракоў і падобных пладоў – а другі з туку, мяса, каракуля і бараніх кумпякоў... Але, на жаль, таксама было натуральна, што з пункту гледжаньня рынкавых цэнаў ахвяра Авеля ўяўляла сабой дар непараўнальна большы і што якраз ёй Бог зацікавіўся, а на прэзэнты Каіна махнуў пагардліва рукой і, можа, нават сказаў нешта грэшнае; не выпадае, зрэшты, тут разважаць, ці быў ён вэгетарыянцам – тады, мабыць, справа набыла б зусім іншы абарот. У любым выпадку здарылася тое, што здарылася. Насьледкі мы ведаем.

Так ці інакш, рэакцыя Бога на ахвяры братоў зьяўляецца найлепшай інтэрпрэтацыяй прынцыпу: кожнаму паводле заслугаў. Гэты прынцып у выніку няўдалай фармулёўкі пазьней тлумачыўся няправільна. Слова «заслугі» памылкова наводзіць на думку, што пры вызначэньні ўзнагароды пад увагу бярэцца толькі намаганьне чалавека, колькасьць укладзенай працы і добрай волі. Пры такой сыстэме, безумоўна, ахвяры абодвух братоў былі б роўнымі, бо кожны даў тое, чым валодаў у выніку ўстаноўленага падзелу працы: адзін кукурузу, другі бараноў. Але якраз тут Бог выявіў сапраўдную сутнасьць справядлівасьці. Справядлівасьць пры вызначэньні ўзнагароды ня можа разрозьніваць аб’ектыўных умоваў, пры якіх праца або «заслугі» даюць вынік, – яна ня можа браць пад увагу тое, што некага доля зрабіла аратаем, а некага жывёлагадоўцам. Яна прымае ў разьлік толькі аб’ектыўныя вынікі працы. У рэшце рэшт Каін, відаць, мог пастарацца б аб нечым лепшым, у найгоршым выпадку ён мог абакрасьці свайго брата і здабытым скласьці Богу ахвяру; гэта не было б вельмі добра, але, канечне, значна больш абачліва ў сэнсе насьледкаў, чымся тое, што здарылася, зрэшты, можна меркаваць, што і Бог скрозь пальцы паглядзеў бы на дробную правіну, зь якой бы ён сам атрымаў спажытак. Але Каін – не! Ён хацеў быць сумленным і прынёс, што меў, а потым ня вытрымаў, ня мог зьнесьці несправядлівасьці, якую, на яго думку, ён перажыў. І фактычна выявіў або непасьлядоўнасьць, або невуцтва і наіўнасьць. Калі ведаў наперад, у чым палягае справядлівасьць, але наважыўся паводзіць сябе сумленна, павінен быў вытрымаць гэтую ролю да канца і не дазволіць захапіць сябе злосьці з-за тых фактаў, якія можна было лёгка прадбачыць. Калі ня ведаў – выявіў нагэтулькі крайнюю наіўнасьць, што па сутнасьці і ня варты літасьці.

Мараль: трэба разьлічваць на ўзнагароду паводле рынкавай цаны, а не паводле таго, колькі працы мы ўклалі ў канкрэтную рэч. Гэта было даведзена многімі вучонымі – у тым ліку Карлам Марксам, – ня кажучы ўжо аб штодзённым жыцьці. Наш прыяцель ці брат возьме, можа, пад увагу нашую добрую волю, стараньні, намаганьні і зычлівыя памкненьні, але ня прыяцель і ня брат прыдумаў справядлівасьць, якая зьяўляецца грамадзкім або боскім творам, і ў любым выпадку ёсьць законам, які зважае на плён нашых дзеяньняў, а не на нашы інтэнцыі. Трымаючыся гэтага прынцыпу, мы можам даставіць сабе нямала шчасьця: кожны нечаканы грош звыш рынкавай цаны мы будзем уважаць за надзвычайную спагаду лёсу; але дакуль мы будзем наперад зважаць на тое, што атрымліваем яго насуперак справядлівасьці, мы будзем жыць у несупынным засмучэньні, будзем жывіць крыўду да ўсяго сьвету і ўрэшце можам уласнага брата забіць ад злосьці.

4. Ной, або Спакусы салідарнасьці

Калі Бог урэшце вельмі запозьнена пашкадаваў, што стварыў чалавечы род, і пад уражаньнем насьледкаў уласнай легкадумнасьці наважыўся патапіць свае няўдалыя падабенствы, ён палічыў, як вядома, Ноя за адзіную фігуру, якой варта было ацалець. Пры гэтым ён зрабіў адну безразважнасьць і адну несправядлівасьць. Безразважнасьць – бо ён мог ужо нагэтулькі ведаць людзей, каб прадбачыць, што калі хоць адна чалавечая пара застанецца на зямлі, усё пачнецца зноў і за колькі гадоў вернуцца ўсе клопаты. Несправядлівасьць – бо раззлавалі яго толькі чалавечыя злачынствы, дык жа нашто было выгубляць усю жывёлу, якая ўсё ж не была вінаватая.

Але мы ня будзем удавацца ў гэтыя падрабязнасьці. Нас цікавіць нешта іншае. Нас цікавіць Ной.

Ной быў лісьліўцам бязь меры. Калі настаўнік, аб якім з пэўных крыніц вядома, што ён надзвычай гняўлівы, зайздросьлівы, помсьлівы і схільны да злосьці, кідае перуны на ўсю клясу і толькі аднаго вучня абсыпае пахваламі, можна бязь цяжкасьці здагадацца, якіх памераў сягала прыслужніцкая лісьлівасьць такога прывілеяванага гадунца. Але і Ной меў іскру сумленьня ў сэрцы. Дакуль таргі з Госпадам канчаліся толькі крыкам і пагрозамі, ён убіваўся ў яго ласку, дагаджаў яму і лісьлівіў. Але ўрэшце ён убачыў, што справа набывае небясьпечны абарот – гаворка ішла ўжо аб жыцьці чалавецтва. Ной доўга разважаў над сваёй сытуацыяй: з аднаго боку, элемэнтарная чалавечая салідарнасьць не дазваляла яму адрывацца ад сваіх братоў і сясьцёр, якім пагражала выгубленьне, і карыстацца апекай якраз таго тырана, які нішчыць усю радзіну і сяброў. «Сумленны чалавек, – гаварыў ён сабе, – у гэтай сытуацыі павінен пайсьці разам з засуджанымі на сьмерць і падзяліць іх лёс, замест таго каб прымаць ласку ў таго, хто іх перасьлядуе. Калі нават яны былі вінаватыя, было б непрыстойна кідаць іх усіх у няшчасьці і ратаваць сваю шкуру. Нягледзячы на ўсё, – думаў ён, – я больш чалавек, чымся Бог, і мяне абавязвае чалавечая салідарнасьць. Але з другога боку – я цяпер адзіны шанец адраджэньня чалавецтва». Бог выразна паказаў яму, што не плянуе пакінуць пасьля пагрому нікога, апрача яго і ягонай найбліжэйшай радзіны (за выключэньнем братоў і сясьцёр). «Калі я наважуся, – казаў сабе Ной, – на добраахвотную сьмерць у імя чалавечага братэрства, тым самым зьнішчыцца адзіная магчымасьць адраджэньня сьвету; а зь іншага боку, калі гэта не найлепей уладкаваны сьвет, то ці варта, каб ён існаваў». Вось дылема Ноя – учыніць зраду або выклікаць канец сьвету. Ніхто яшчэ не ставіўся перад такім жудасным выбарам; ніводны чалавек не трапляў у такую сытуацыю, калі лёс чалавецтва сапраўды залежыць ад яго рашэньня, пры тым, што ацаліць чалавецтва ён можа толькі сваім маральным зьнеслаўленьнем. «Праўда, – меркаваў Ной, – калі я наважуся ўрэшце на сьмерць для захаваньня перад самім сабой свайго гонару – ніхто празь мяне ня будзе больш пакутаваць, бо было б бессэнсоўна казаць, што я прынясу крыўду сваім неіснуючым нашчадкам таму, што яны так і ня зьявяцца, і ў 1749 годзе ад стварэньня сьвету (такая дакладная дата патопу) ці, інакш, у 2011 годзе да нараджэньня Хрыста было б наіўна меркаваць, што я раблю нешта кепскае толькі таму, што ў 1957 годзе пасьля нараджэньня Хрыста, гэта значыць праз 3968 год, ня будзе нікога, хто б мог апавесьці аб маім геройстве. Таму, відаць, найлепей будзе паводзіць сябе прыстойна і адначасна пакончыць раз і назаўсёды з гэтай блага прадуманай авантурай. Але з другога боку – я не магу пазбыцца думкі, што існаваньне сьвету зьяўляецца нечым вартым, мэтай, якая сама зь сябе вартая намаганьняў; я ня ў стане гэтага абгрунтаваць, і ніякія рацыянальныя аргумэнты не прыходзяць мне да галавы, аднак гэтае перакананьне нагэтулькі ўкарэненае ўва мне, што я ня ведаю, як адмовіцца ад яго».

Пасьля доўгіх ваганьняў Ной вырашыў, што возьме на сябе ганьбу татальнай зрады чалавецтву, калі толькі гэтым можна захаваць чалавецтва. У гэты час, пасьля доўгіх рэфлексіяў, ён быў ужо зусім іншым чалавекам. Ён пачаў саромецца былой лісьлівасьці і добра разумеў памылкі і пралікі таго жыцьця. Цяпер ён пачаў думаць шырэй: «Наколькі больш ахвотна я пагадзіўся б на ганьбу дзеля захаваньня сьвету, каб жа ня тое, што я захоўваю сьвет у сваёй уласнай асобе і атрымліваю карысьць ад свайго ўчынку. Бо ніхто ня дасьць мне веры, што я дзею зь іншых матываў, а не дзеля ратаваньня самога сябе – тым больш выходзячы з такой высокай грамадзкай думкі, якую я прышчапіў да сябе». Пазыцыя Ноя сапраўды была гераічнай – ён згадзіўся паглыбіць сваю ганьбу сьвядома. Калі ён паведаміў братом і знаёмым аб сваім рашэньні, усе адвярнуліся ад яго з пагардай і падумалі, што Ной папросту застаўся такім, якім яго ведалі, – непапраўным лісьліўцам. Нікому не прыйшло да галавы, наколькі драматычным было яго рашэньне. Ной з пакорай вытрымаў гэта. Але вырашыў, што за гэта адпомсьціць Тырану – узгадуе сваіх дзяцей такім чынам, што ўжо пасьля некалькіх пакаленьняў усе бунты і закалоты папярэдняй эпохі зблякнуць у аччу дэспата перад новымі падзеямі, нашчадкі Ноя будуць бандай свавольных і непапраўных бунтаўнікоў, заўзятых блюзьнераў і стануць вечнай дакукай Валадару. Так і здарылася, хаця Ной ужо гэтага ня бачыў.

Такім чынам, ён сеў у струг, зрадзіў сяброў, бацькаўшчыны і братоў. Мараль: варта часам па-прыслужніцку саступаць валадаром і зраджваць сваіх сяброў – але толькі тады, калі пэўна і ясна ведаем, што гэта адзіны спосаб захаваць усё чалавецтва. Дагэтуль Ной застаецца адзіным, хто ставаў перад такой дылемай.

<...>

8. Бог, або Адноснасьць міласэрнасьці

Гэтая гісторыя вельмі кароткая і нескладаная: яна зьмяшчае толькі аснову, пытаньне і мараль.

АСНОВА: Псалміст кажа пра Бога (Пс. 136,10.15), які паразіў Эгіпэт з усімі першароднымі: – бо на вякі міласэрнасьць яго.

І скінуў Фараона з войскам у Чырвонае Мора; – бо на вякі міласэрнасьць яго.

ПЫТАНЬНЕ: Што думаюць Эгіпэт і Фараон аб міласэрнасьці Бога?

МАРАЛЬ: Міласэрнасьць і дабрачыннасьць ня могуць быць для ўсіх. Ужываючы гэтыя словы, дадаем заўсёды: для каго? І калі мы робім дабрачыннасьць народам, запытаемся ў іх таксама, што яны думаюць на гэты конт. Напрыклад, народ Эгіпту?

Тэкст перакладзены паводле: Leszek Kołakowski. Bajki różne. Opowieści biblijne. Rozmowy z diabłem. Warszawa, Iskry, 1990.


Лешак Калакоўскі: вехі жыцьця і творчасьці

23 кастрычніка 1927 г. – дзень народзінаў Лешака Калакоўскага, чальца Міжнароднага Інстытуту філязофіі Брытанскай Акадэміі, ганаровага чальца Амэрыканскай акадэміі Мастацтваў і Навук, сябры Баварскай акадэміі Мастацтваў. Сын Ежага Калакоўскага, публіцыста, дзеяча асьветы і каапэрацыі (загінуў у 1943 г.) і Люцыяны Петрусевіч, настаўніцы. Нарадзіўся ён у Радамі, дзе і правёў амаль усе свае школьныя гады. Але ў сувязі зь пераездам бацькоў школу давялося канчаць у Лодзі. Якраз з гэтага гораду ён і быў выселены разам з усёй сям’ёй нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.

1945 г. – Лешак Калакоўскі вяртаецца ў Лодзь пасьля вызваленьня Польшчы ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і экстэрнам здае экзамэны на атэстат сталасьці. У гэтым жа годзе ён пачынае навучаньне філязофіі ўва ўнівэрсытэце Лодзі.

1947 г. – апублікаваў першы артыкул пад назвай «Дыялектычныя імпрэсіі».

1947–1949 гг. – працуе ў якасьці асыстэнта на катадры лёгікі ўнівэрсытэту Лодзі.

1948 г. – друкуе артыкулы і рэцэнзіі.

1949 г. – ажаніўся з Тамарай Дымэнсон, пазьней – дакторкай-псыхіятаркай.

1949 г. – пераводзіцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт.

1950 г. – у Варшаўскім унівэрсытэце атрымлівае навуковую ступень магістра.

1950–1953 гг. – працуе ў Варшаўскім унівэрсытэце на катадры філязофіі ў якасьці асыстэнта.

1953 г. – абараніў у Варшаўскім унівэрсытэце кандыдацкую дысэртацыю пад назвай «Сьпіноза як гістарычная зьява сваёй эпохі».

1953–1955 гг. – адначасова супрацоўнічае з Інстытутам грамадзкіх навук.

1953 г. – атрымлівае пасаду ад’юнкта на катадры філязофіі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

1955 г. – робіцца супрацоўнікам Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай Акадэміі навук.

1956–1968 гг. – загадвае катадрай гісторыі філязофіі Новага часу Варшаўскага ўнівэрсытэту. Паралельна з гэтым працуе ў рэдакцыях аддзелаў філязофіі буйных польскіх навуковых выдавецтваў.

1956 г. – стаецца дацэнтам катадры філязофіі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

1957 г. – дэбютаваў як празаік творам «Ключ нябесны, або Аповеды, пабудаваныя на сьвятой гісторыі і для навучаньня і перасьцярогі прызначаныя».

1957 г. – на працягу году перабывае ў Францыі і Галяндыі, дзе праводзіць дасьледаваньні рэлігійнай думкі XVII ст.

1964 г. – Лешаку Калакоўскаму прысуджаецца годнасьць экстраардынарнага прафэсара.

1966 г. – выключаны з партыі пасьля прачытаньня ў Варшаўскім унівэрсытэце спавешчаньня «Польская культура ў апошняе дзесяцігодзьдзе».

1968 г. – пазбаўленьне пасады прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту.

лістапад 1968 г. – выезд у Канаду на запрашэньне ўнівэрсытэту McGill у Манрэалі.

1969 г. – атрымлівае катадру філязофіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі.

1970 г. – пастаянна працуе ў Оксфардзе, дзе выкладае ў «All Souls College».

1975 г. – выкладае ў Ельскім унівэрсытэце (Нью-Хавэн).

1981–1982 г. – працуе ў Інстытуце грамадзкай думкі ў Чыкага.

У цяперашнім часе жыве ў Оксфардзе (Англія).

* Лешак Калакоўскі – адзін з найбольш вядомых у сьвеце польскіх філёзафаў, гісторык філязофіі, прызнаны майстра алегарычнай прозы, эсэіст, публіцыст. Сфэра яго навуковых зацікаўленьняў вагаецца ад лібэралізму XIX стагодзьдзя да філязофіі культуры і рэлігіі. Пачынаючы толькі з 1996 году ў Польшчы было выдадзена 12 кніг гэтага аўтара: «Główne nurty marksizmu.Część I. Powstanie», Zysk i S-ka, 2000

(у кнізе апісваецца гісторыя марксізму; аўтар стараецца даць уяўленьне аб гісторыі дактрыны, зьмясьціўшы найважнейшыя зьвесткі, якімі можа скарыстацца кожны); «Mini wykłady o maxi sprawach», Znak, 1999;«Mini wykłady o maxi sprawach – seria druga», Znak, 2000; «Kultura i fetysze», PWN, 2000 ; «Moje słuszne pogłаdy na wszystko», Znak, 1999 ; «Stan filozofii wspуłczesnej», Jurgen Habermas..., IFiS PAN, 1996;«Rozmowy z diabłem», Prуszyński i S-ka, 1998; «Myśli wyszukane», Znak, 2000; «Bergson», PWN, 1997 ;

«Jeśli Boga nie ma... Horror metaphysicus», Zysk i S-ka, 1999; «Świadomość religijna i więź kościelna – studia nad chrześcijaństwem bezwyznaniowym XVII wieku», PWN, 1997; «Mini wykłady o maxi sprawach. Seria trzecia i ostatnia», Znak, 2000.

Лешак Калакоўскі – чалец Ганаровага Камітэту Цэнтру палітычнай думкі ў Кракаве. У 2000 годзе напісаў паслоўе да перавыдадзенага ў Лёндане польскага перакладу Мовазнаўства» Іосіфа Сталіна.

Выбраную бібліяграфію твораў Калакоўскага можна знайсьці на інтэрнэт-старонцы http://www.polska2000.pl/en/authors/kolakowski_leszek.html Бібліяграфія ўлучае ў сябе пераклады яго твораў на нямецкую, ангельскую, харвацкую, чэскую, францускую, сэрбскую, швэдзкую і гішпанскую мовы. Поўная ж бібліяграфія твораў Калакоўскага з 1947 і да 1996 году ўлучна месьціцца пад інтэрнэт-адрасам http://eber.kul.lublin.pl/~polhome/PolPhil/KolakBiblio.html

Анджэй Карашэўскі*
Паміж багацьцем і беднасьцю

David S. Landes, The Wealth and Poverty of Nations: Why some are so rich and some so poor. New York: W.W.Norton, 1998.

Рэлігія ёсьць часткай культуры, можа, нават найважнейшай часткай культуры, якая фармуе спосаб нашага мысьленьня і ўсю сыстэму маральных пачуцьцяў. Няверуючыя і нават проста антыклерыкалы калі-некалі думаюць, што гэтая важнасьць рэлігіі ў нашым жыцьці іх не датычыць, але гэта памылковае ўражаньне. Мы – спадкаемцы мэнтальнасьці, сфармаванай падчас доўгатрывалага гістарычнага працэсу, незалежна ад таго, ці належым мы да традыцыяналістаў ці да бунтаўнікоў. Тэарэтычна ўсе мы ўсьведамляем, што рэлігіі былі пачаткам і фундамэнтам новых цывілізацый, і гэтыя ж рэлігіі ставаліся каменем на шыі, робячы немагчымым паразуменьне ды прыстасаваньне да новых умоваў у зьмененым сьвеце. На практыцы мы зазвычай адносім гэтую веду да далёкай гісторыі, глыбока перакананыя, што яна мала стасуецца сучаснасьці. Мы ведаем, што арабскі сьвет страціў сваю дынамічнасьць і ўспрымальнасьць на пераломе XIII і XIV стагодзьдзяў і дагэтуль яе не вярнуў. Кітай стагодзьдзямі сіляў натхненьне з твораў Канфуцыя, каб застыгнуць нарэшце ў самаўпэўненым перакананьні – маўляў, сьвет нічога ня можа яму прапанаваць. Чым больш артадаксальную галіну хрысьціянства спавядае краіна, тым больш бедных, што пакладаюцца на ласку божую. Усе праваслаўныя краіны сёньня больш адсталыя, чымся краіны каталіцкія, а краіны з каталіцкай традыцыяй натужна адпрацоўваюць запазычанасьць перад пратэстанцкімі краінамі. Шукаючы крыніцы багацьця нацыяў, Адам Сьміт на першае месца стаўляў вольны абмен тавараў і паслугаў. У гэты самы час у Польшчы абсалютная бальшыня палітычных і рэлігійных элітаў трактавала такія ідэі як гарэзію, абразьлівую для Бога. Пакуль Бог маўчыць, тлумачэньне таго, што Яго абражае, бяруць на сябе простыя сьмяротныя.

Пытаньне Адама Сьміта пра крыніцы багацьця нацыяў застаецца ў сіле. Два гады таму ў Злучаных Штатах зьявілася кніга аднаго з найлепшых сучасных гісторыкаў эканомікі Дэвіда Лэндза пад прыкметнай назвай «Дабрабыт і галеча нацыяў: чаму адны багацеюць, іншыя галеюць?». На працягу некалькіх месяцаў гэтая кніжка некалькі разоў перавыдавалася і перакладалася на многія замежныя мовы. Лэндз ня мае аднаго адказу на пытаньне пра крыніцы багацьця адных і прычыны беднасьці іншых нацыяў. Надзвычай маляўніча ён апісвае эканамічную гісторыю сьвету, паказваючы, якая незьлічоная колькасьць чыньнікаў (і выпадкаў) вызначае лёс нацыі. Але найперш ён – вучань Адама Сьміта і Макса Вэбэра. Акурат культура, ці, баржджэй, сфармаваная рэлігійнай традыцыяй мэнтальнасьць вырашальна ўплывае на здольнасьць разьвязваць узьніклыя праблемы ці наадварот, заставацца ў зачараваным коле беднасьці, укрыўджанасьці, няўдалых паўстаньняў, рэвалюцыяў і дыктатураў.

Увага аўтара засяроджваецца перадусім на эстафэтнай палачцы лідэраў і на лёсе тых, каму ўзнагародай ёсьць толькі мартыралёгія. У шмат якіх выпадках учорашнія лідэры аказваюцца аўтсайдэрамі. Кітайцы дагэтуль цешацца тым, што шмат вынаходзтваў, якія сталіся нарожным каменем прагрэсу Эўропы, былі пазычаныя ад іх. Праблема, аднак, у тым, што калі хрысьціянская цывілізацыя заахвочвала людзей, якія цікавіліся інавацыямі і шукалі новае прыстасаваньне розным вынаходзтвам, кітайская цывілізацыя сфармавала тып чалавека, перакананага ўва ўласнай дасканаласьці, упэўненага, што рэшта сьвету – гэта барбары, ад якіх варта адмежавацца. Першыя партугальскія місіянэры, прыбыўшы ў Кітай, прывезьлі з сабой гадзіньнік, эпахальнае вынаходзтва, якое адкрывала шлях навуцы, новым формам мэханізацыі, новаму грамадзкаму ладу. Гадзіньнік зацікавіў нават кітайцаў, але дзеля таго што спрэчка вялася пра тое, атрыбуты чыйго розуму маюць больш боскую сілу (а езуіты не хавалі, што гадзіньнік ды іншыя вынаходзтвы ёсьць довадам эўрапейскай вышэйшасьці і павінны служыць аргумэнтам на карысьць пераходу ў праўдзівую веру), кітайцы зразумелі намінку і дзеля прынцыпу разам з вадою вылілі і дзіцянё.

На думку Лэндза, наперад калёны бегуноў Эўропу выштурхнула тое, што было вынайдзенае вынаходзтва. І тут ён зноў спасылаецца на Сьміта: умоваю попыту на інавацыі быў пераход да таварнай эканомікі і сыстэматычнае расшырэньне рынку. Пад канец Сярэднявечча, адначасна з вызваленьнем ад прыгону і паступовым пераходам да чыншавай эканомікі, мы назіраем у Заходняй Эўропе тэхналягічны выбух. Здаўна вядомаму вадзяному млыну знаходзяць новае прыстасаваньне. Лэндз надзвычай высака ацэньвае вынаходзтва акуляраў, якія на пачатку XIV стагодзьдзя масава вырабляліся ў Італіі, – яны ня толькі падаўжалі прадукцыйны век шмат якіх рамесьнікаў, але й адкрывалі новы абсяг дасьледаваньня навакольнага сьвету. Мэханічны гадзіньнік быў ня толькі ключом да новай мэханікі, але і вынаходзтвам велізманага палітычнага значэньня. Створаны напрыканцы XIII стагодзьдзя, ён пашырыўся з хуткасьцю маланкі, падрываючы царкоўную манаполію на вымярэньне часу. Царкоўны час быў часам «прыродным», і больш як сто гадоў Царква не прызнавала д’ябальскага вынаходзтва. Такім чынам, у першыя часы новыя цуды тэхнікі напышліва ўзвышаліся на вежах ратушаў, узбуджаючы цікавасьць разявакаў і зьмяншаючы прычараваньне храмаў. Паступова не царкоўны звон, а гадзіньнік на ратушы стаў рэгуляваць час працы й публічных спатканьняў. Гэта была рэвалюцыя, значэньне якой не маглі ацаніць яе творцы. Але яе адчулі мусульмане, і, падобна да кітайцаў, адкінулі новае вынаходзтва, глыбака перакананыя, што не машына, а малітва мае рэгуляваць чалавечы час.

Разам зь зьяўленьнем мэханічнага гадзіньніка ў тэхніцы адкрываўся шлях да дакладнасьці і мініятурызацыі. Існуе цесная сувязь паміж мэханічным гадзіньнікам і цэлай гамай інструмэнтаў, якія адразу распаўсюдзіліся і ў мястох, і ў сёлах.

Чарговым вынаходзтвам, якое ў вялікай меры паспрыяла эўрапейцам у доўгатрывалым утрыманьні першынства ў эканамічнай канкурэнцыі, быў друк. Падобна да паперы, пораху і дзясяткаў іншых рэчаў, якія вынайшлі кітайцы, але ўдасканалілі і ўвялі ў агульны ўжытак эўрапейцы, друк стаў пашыральнікам навукі, тэхнічных і арганізацыйных вынаходзтваў.

Адкуль гэтая розьніца ў падыходзе, адкуль узялося гэтае зацікаўленьне навакольным сьветам і тэхнікай і як вынік гэты попыт на новыя вынаходзтвы? Перш як утварыўся адносна вялікі рынак з грашыма і кліентурай, яму папярэднічала традыцыя атэнскай дэмакратыі, а пасьля хрысьціянскага двоеўладзьдзя. Хрысьціянская Эўропа не зазнала дэспатычнай манаполіі рэлігійнай ці палітычнай улады. Богу богава, кесару кесарава. Апрача таго, з двума панамі заўсёды лягчэй. Усходні дэспатызм, які Лэндз называе гідраўлічным, меў, аднак, свае градацыі. Японцы, якія перанялі пісьмо, рэлігію і большую частку тэхнічнай культуры ад кітайцаў, ня мелі маральнага супраціву, прымаючы навацыі і ад іншых. Яны зь першага моманту захоплена зрэагавалі на эўрапейскія вынаходзтвы, да таго ж ня толькі што да самой тэхнікі, але і што да папулярызаванай пры яе пасярэдніцтве рэлігіі. Хто ведае, якім бы быў далейшы лёс Японіі, калі б ня поўная шчырасьць прыбышоў з Эўропы, якія паінфармавалі, што заглабаньне новых краін – вельмі лёгкая і зручная справа дзякуючы дапамозе тых, хто спавядае новую супольную веру. У такой сытуацыі японцы забілі зь дзьве сотні белых і не адзін дзясятак тысяч раскосых хрысьціян і спынілі ўсё гэта на некалькі стагодзьдзяў. І што самае дзіўнае: іхная гатовасьць пераймаць навінкі ад іншых ператрывала гэтую досыць доўгую пярэрву.

Надзвычай павучальна прасачыць, як эканамічнае першынство пераходзіла ад адной краіны Эўропы да другой. Неймаверныя посьпехі італійскіх мястоў, Францыі, маленькай Партугаліі, Гішпаніі – і страта гэтай перавагі амаль неўзабаве, тады, калі Царква ставалася адзіным вартаўніком якой-любя праўды. Рэлігійная артадаксальнасьць прыводзіла, з аднаго боку, да выбуху ксэнафобіі (як рэлігійнай, так і этнічнай), зь іншага – да хваравітай падазронасьці да ўсяго новага. Люстрацыі падлягала ўсё наскрозь, а асьветныя ўстановы дбалі перадусім пра тое, каб вынішчыць нездаровую цікаўнасьць. Наступствы не прымусілі чакаць: абязьлюджваньне мястоў, уцёкі спэцыялістаў у іншыя краіны, расавыя і рэлігійныя чысткі, якія спустошылі банкаўскую сфэру, гандаль, мэдыцыну і г.д., абыякавасьць да навукі і скарачэньне рынку. Неўзабаве ўсе гэтыя зьмены даюцца ў знакі таксама пры арганізацыі і ўзбраеньні войска. Сьвяты Дух быў на баку езуітаў, але рахункі за стаўку на неталерантнасьць аплочвалі падданыя багабойных валадароў.

Шмат месца прысьвячае Дэвід Лэндз аналізу розных узораў пратэстанцкага і каталіцкага каляніялізму. Гішпанцы і партугальцы вырушаюць у сьвет на пошукі залатога руна. Сёньня, з гістарычнай пэрспэктывы, мы можам сказаць, што Паўночная Амэрыка мела проста лепшыя прыродныя ўмовы – лепшую зямлю, лепшы клімат, лепшыя камунікацыйныя магчымасьці, важную сыравіну. Аднак ад самага пачатку пратэстанцкія і каталіцкія калянізатары стаўлялі сабе цалкам розныя мэты. Гішпанцы і партугальцы шукаюць найперш золата і срэбра. У чарговыя паходы амаль на сто працэнтаў рушылі маладыя адзінотныя мужчыны са зьбяднелай шляхты. Тым часам сярод брытанскіх або галяндзкіх калянізатараў пераважалі цэлыя сем’і, як правіла, тут ёсьць таксама земляробы і рамесьнікі. У першую фазу калянізацыі імгненна павялічваюцца гішпанскія і партугальскія запасы золата і срэбра, выклікаючы лявінападобнае ўзрастаньне імпарту і паступовае скарачэньне ўласнай вытворчасьці. Сыстэма пасяленьня ў заваяваных краёх падпарадкоўваецца таму самаму прынцыпу ксэнафобіі, які дзейнічае ў мэтраполіі. У гішпанскія калёніі пускаюць толькі гішпанцаў-каталікоў. Партугальцы мусілі быць больш цярпімымі і прымалі кожнага, абы гэта толькі быў шчыры каталік. Адміністрацыйная сыстэма гэтых калёній займалася перадусім транспартаваньнем здабычы на бацькаўшчыну і пільнаваньнем духоўнай чысьціні. Першы занятак быў дастаткова прыбытковым, каб карупцыя сталася галоўным прынцыпам падзелу пасадаў у калёніях, а другое дазваляла не пускаць на поле бітвы ўсіх непажаданых праціўнікаў. Гішпанцы пачуваліся валадарамі найвышэйшай духоўнай культуры і бяз зайздрасьці пазіралі на захоп «убогіх» земляў брытанцамі і на прымітыўныя звычаі жыхароў брытанскіх калёніяў. У той час, калі брытанскія і галяндзкія калёніі імгненна сталіся самастойнымі ў сфэры вытворчасьці інструмэнтаў, зброі, караблёў і г.д., каталіцкія калёніі амаль усё завозілі з сваіх мэтраполіяў (а дзеля таго што вытворчасьць там заняпала, гэта часта былі брытанскія або нямецкія вырабы). Злучаныя Штаты здабылі незалежнасьць, бо адчулі сябе эксплюатаванымі, а насельніцтва ня мела ахвоты згаджацца з абмежаваньнямі эканамічнага разьвіцьця, якія наклаў Лёндан. Краіны Паўночнай Амэрыкі стаюцца незалежнымі ў XIX стагодзьдзі ў выніку палітычнага і эканамічнага банкруцтва іхных мэтраполіяў. Незалежнасьць звалілася на іх так сама, як нядаўна на колішнія савецкія рэспублікі.

Лэндз зьвяртаецца да пытаньня, над якім ужо шмат хто задумваўся: чаму прамысловая рэвалюцыя адбылася ў Англіі і ці сапраўды гэта была рэвалюцыя? Для яго другая частка гэтага пытаньня ёсьць уступам да адказу на першую. Выбух вынаходніцтва на пачатку XIX стагодзьдзя – гэта толькі паскарэньне працэсу, які цягнуўся ўжо задоўга да гэтага. Чаму ў Англіі – бо Англія першая адмовілася ад прыгону і перайшла на чыншавае гаспадараньне ў земляробстве, бо мела найбольш разьвіты падзел працы, бо мела найвышэйшы адсотак пісьменнага насельніцтва, бо рамяство не было абмежавана цэхамі да такой ступені, як у іншых краінах, бо тут быў найбольшы развой дакладных навук і найбольшае назапашваньне тэхнічнай веды. Чаму ў Англіі, а не ў Нямеччыне, Італіі або Францыі? Рэнэсанс зь яго паваротам да дакладных навук пачаўся ў Італіі, але італійскія або ганзэйскія месты цярпелі на гіпэртрафію ўлады рамесьніцкіх цэхаў, якія дбалі пра тое, каб масавая вытворчасьць не нанесла шкоды іхным прыбыткам. Штосьці падобнае было ў Францыі. Больш за тое, Францыя і Італія ў выніку контрарэфармацыі, перасьледу пратэстантаў і жыдоў страцілі мноства спэцыялістаў. (Лэндз зьвяртае ўвагу на тое, што, напрыклад, бальшыню францускіх вытворцаў гадзіньнікаў складалі пратэстанты, і яны або загінулі, або былі выгнаныя.)

Іншай спадчынай сярэднявечча (нашмат мацнейшай на мацерыку, чымся ў Англіі) былі бар’еры межаў і мытняў, якія перашкаджалі гандлю. Мытныя зборы на ўсіх месцкіх раздарожжах і на рэчках. «Валы і жыды па чатыры пфэнінгі», – цытуе Лэндз інфармацыю, якая сустракалася на брамах шмат якіх нямецкіх мястоў. Безумоўна, усе гэтыя зборы стваралі ніяк не падваліны інфраструктуры, а толькі перашкоды для гандлю. У Нямеччыне гэтыя мытні выглядалі на параною. Толькі Напалеон прымусіў звольніць гандаль ад мытаў па лініі Рэйну, пасьля мытную сыстэму спрабавалі ўпарадкаваць у 1834 годзе, але ў асобных нямецкіх краінах раздарожжы пасьпяхова служылі бар’ерам для прагрэсу гандлю яшчэ ў семдзясятых гадох мінулага стагодзьдзя. Хто ведае, ці толькі разьвіты заморскі гандаль, ці таксама іншыя чыньнікі абумовілі тое, што пошасьць мытных бар’ераў нарабіла менш шкоды ў Англіі, чымся ў якой-любя іншай краіне Заходняй Эўропы, аднак гэта мела значэньне для разьвіцьця рынку і для пашырэньня тэхнічных навацыяў.

Шмат значыў для пачатку прамысловай рэвалюцыі ў Англіі таксама факт вельмі разьвітай перад тым саматужнай вытворчасьці ваўняных тканін. Забаўна, бо задоўга да прамысловай рэвалюцыі шукалі магчымасьці мэханізацыі прадзеньня і ткацтва, але пералом зьдзеяўся ў сувязі з імпартам бавоўны з Індыі. Бавоўна дзякуючы даўжэйшаму валакну аказалася лягчэйшым матэрыялам. Аднак з таго моманту, калі зьявіліся першыя прадзільныя машыны і кросны, мэханізацыя ўва ўсёй тэкстыльнай прамысловасьці рушыла поўным ходам.

Лэндз шмат разоў падкрэсьлівае, што пры вялікіх інавацыйных скачках усё залежыць ад таго, ці гатовае да іх грамадзтва і ці будзе суправаджацца выкарыстаньне новых прыладаў належным доглядам за імі, ці зьявіцца служба іхнага рамонту і тэндэнцыя да іх сыстэматычнага ўдасканаленьня. Адсутнасьць догляду і абслугоўваньня – сыстэматычная прычына паразаў уводжанай зьверху індустрыялізацыі або (як было ў выпадку з былымі калёніямі) перайманьня гатовай інфраструктуры новай уладай. Лэндз падае статыстыку шляхоў камунікацыі, пакінутых калянізатарамі ў Індыі і Афрыцы і беспрэцэдэнтна хуткі тэмп іх зьнішчэньня. Ён таксама паказвае, як часта поўным непаразуменьнем абвярталіся розныя праекты дапамогі такім краінам, якія ня бралі пад увагу культурныя і кліматычныя адметнасьці і ўзровень падрыхтаванасьці спажыўцоў. Мары пра раптоўны скачок у сучаснасьць, якую стварыў нехта іншы, зазвычай аказваліся скачком праз галаву ў парожні басэйн. Адной з прычын гэтых трагічных паводле наступстваў задумаў ёсьць памылковая інтэрпрэтацыя прычын уласнай адсталасьці. Былыя калёніі або напаўкалёніі маюць глыбокую патрэбу тлумачыць усе свае паразы эксплюатацыяй калянізатараў і мэтаскіраваным тармажэньнем прамысловага развою ў іхных краінах. Калі пры гэтым закранаюцца рэлігійныя адметнасьці, гарчэль набывае дадатковы сакральны вымер. Цалкам ігнаруецца факт, што гэтыя краіны лучылі ў залежнасьць дзеля папярэдніх слабасьцяў, найважнейшымі зь якіх былі, як правіла, прымусовая праца, адсутнасьць падзелу працы, фанатызм, блякаваньне асьветы ўладнымі элітамі і глыбокая варожасьць да вольнага гандлю. Бачачы ўсялякія перашкоды толькі ў вонкавых чыньніках, яны лучаюць у чарговыя пасткі, якія яшчэ больш аддаляюць іх ад найбольш разьвітых краін. Тут зьяўляецца чарговы элемэнт зачараванага кола: дзеля таго што гэта сьвет вінаваты ў нашай нядолі, то новыя праблемы выклікаюць узмацненьне разнастайных фанатызмаў і радыкалізмаў. Лэндз не належыць да палітычна карэктных. Ён ніяк не спрабуе прыменшыць сквапнасьць і драпежнасьць магутнейшых, але таксама ўважае, што танная сэнтымэнтальнасьць да тых, хто апыніўся ў прайгранкавым становішчы, нікому не дапамагае. Арабскія краіны і надалей характарызуе дэспатызм, а паступленьні ад продажу нафты блізу не павелічаюць іх вытворчых магутнасьцяў. Лацінская Амэрыка часткова страціла сваю глыбокую варожасьць да Злучаных Штатаў і зь пераменным посьпехам спрабуе сёньня мадэрнізаваць сваю эканоміку. Але і надалей тут не відаць нават спробы аналізу і разуменьня нутраных прычын назапашаных праблем. Падобнаю, толькі значна горшаю, бачыцца сытуацыя ў Расіі. Наколькі тут вінаваты камунізм, а наколькі мы маем справу з ранейшай спадчынай? На палёх роздумаў пра тое, чаму прамысловая рэвалюцыя зьдзеялася ў Англіі, Дэвід Лэндз піша:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю