355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 10)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 31 страниц)

Тым ня менш, акцыя ў справе канстытуцыі была важнай і патрэбнай. Яна была пэўным выклікам рэжыму, сьцьвярджэньнем, маўляў грамадзтва ўсьведамляе, што кіруецца насуперак сваёй волі партыяй і што Польшча паддадзена савецкай дамінацыі, аб чым рэжым хоча нават унесьці запіс у канстытуцыю. У гэтым выкрывальніцкім сэнсе акцыя была вялікім посьпехам. Таксама характэрна, што ўлада ня ўжыла сур’ёзных рэпрэсій да арганізатараў акцыі.

з) Актыўная апазыцыя ў 1956–1976 гадох

Актыўная апазыцыя, абуджаная ў 1956 г., так ужо і не замірала цалкам. Яна разьвівалася трыма на першы погляд незалежнымі адзін ад аднаго шляхамі.

Першы – гэта спантанныя акцыі, актыўныя выступы супраць палітыкі рэжыму. Такія выступы ўлада душыла, ужываючы сілу, коштам крывавых ахвяраў.

Другі – гэта стварэньне групаў з апазыцыйным сьветапоглядам. У выпадку іх выкрыцьця над іхнымі ўдзельнікамі праводзіліся працэсы, на якіх іх прысуджалі да турмы.

Трэці – гэта пратэсты і пэтыцыі. Улада рэагавала на іх пераважна цкаваньнем іх удзельнікаў.

Слабасьцю ўсіх трох апазыцыйных практык была іхная кароткатрываласьць. Некаторыя выступы доўжыліся ўсяго некалькі дзён. Нават апазыцыйныя групы, здаецца, не існавалі больш, як некалькі месяцаў. Пратэсты і пэтыцыі па сваёй прыродзе былі аднаразовымі акцыямі.

Другой слабасьцю была адсутнасьць узаемадзеяньня паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Падставы выступаў рабочых і інтэлігенцыі былі рознымі, яны адбываліся ў розны час і не карысталіся ўзаемнай падтрымкай.

Пераадоленьне гэтых дзьвюх слабасьцяў адбылося толькі на наступным этапе апазыцыйнага руху, які распачаўся ў другой палове 1976 году.


7. Царква і каталіцкія дзеячы

а) Царква як апірышча маральных традыцый і вартасьцяў

Разглядаючы пытаньне аўтэнтычнай апазыцыі, не выпадае абмінаць ролі Царквы, якая займае ў Польшчы надзвычай адмысловую пазыцыю. Дарма што Царква не праводзіць палітычнай дзейнасьці, самім сваім існаваньнем яна стала заслонам для варожай Польшчы дзейнасьці партыі і саветаў. У пэрыяд сталінізму, пасьля зьнішчэньня ўсіх традыцыйных польскіх інстытутаў, пасьля абясшкоджаньня людзей, якія былі носьбітамі нацыянальнай культуры, Царква заставалася адзіным інстытутам, непарыўна зьвязаным з гісторыяй нацыі, які ацалеў у нязьменнай форме. Нягледзячы на тэрор і ўціск, Царква не падпарадкавалася ўладзе і тым самым стала сымбалем незьнішчальнасьці нацыянальнай традыцыі і ўвасабленьнем надзеі на лепшую будучыню.

Калі сталінізм мінуўся і прымас Польшчы вярнуўся з «ізаляцыі», пазыцыя Царквы яшчэ больш узмацнілася. Перасьлед, зьвязаны зь сьвяткаваньнем тысячагодзьдзя і цкаваньне па справе ліста Польскага Епіскапату нямецкім біскупам ізноў павысіла аўтарытэт Царквы і прымаса ў грамадзтве, бо яны паказалі, што ў Польшчы ёсьць сіла, якая ня слухаецца загадаў партыі[44]44
  Цікава, як часта роля Царквы і прымаса Польшчы разумеецца кепска нават яе прыхільнікамі. Падаю ніжэй тыповы прыклад гэткага канфузу. Маючы на ўвазе кастрычнік 1956 г., сп. Марыя Віноўска піша: «....Найвышэйшыя партыйныя дзеячы заклікалі прымаса Польшчы, каб ён выратаваў Польшчу ад лёсу Вугоршчыны (Kultura, № 5 (356), 1977, str. 15–16). Пры гэтым агульнавядома, што саветы ня ўжылі сілы таму, што Гамулка запэўніў Хрушчова, што зможа ўтрымаць палякаў у ляяльнасьці без савецкай інтэрвэнцыі. Хрушчоў Гамулку паверыў, а Гамулка гэтае абавязаньне выканаў. Пры гэтым міжпартыйным паразуменьні, якое мела на мэце ўзмацненьне савецкай дамінацыі ў Польшчы, дапамога кардынала не была Гамулку патрэбная. І, безумоўна, кардынал ніколі б не прыклаў рукі да такой ганебнай зьдзелкі. Гамулка вызваліў кардынала з-пад арышту, таму што лічыў, што гэткі захад распружыць антыпартыйныя настроі ў краіне. Таму сваім вызваленьнем кардынал быў абавязаны прызнаньню, якім ён карыстаўся ў грамадзтве, а не гатоўнасьці выконваць заданьні партыі. Ён ніколі не прыслухоўваўся да «закліку найвышэйшых партыйных уладаў» і, безумоўна, ня будзе гэтага рабіць і надалей. Бо кожны ведае, што гэтыя ўлады гавораць голасам нашых савецкіх акупантаў. Наколькі я ведаю, ляяльнасьць сп.Віноўскай да кардынала не падлягае найменшаму сумневу, але якраз таму гэты прыклад выдатна паказвае, да чаго вядуць памылкі ў палітычным мысьленьні.


[Закрыть]
. Гэта, безумоўна, мае палітычнае значэньне, але не азначае, што Царква можа замяніць палітычную апазыцыю. Царква зьяўляецца абаронцай сыстэмы маральных вартасьяў, якія блізкія ідэалёгіі дэмакратычнай і незалежніцкай апазыцыі. Яна ёсьць апірышчам маральнасьці і ўзорам вернасьці прынцыпам. Яна, аднак, не праводзіць і ня можа праводзіць палітычнай дзейнасьці, бо ў яе сутнасьці не закладзена імкненьне да здабыцьця і ажыцьцяўленьня ўлады. І таму Царква не зьяўляецца апазыцыяй, але, зь іншага боку, нельга сьцьвярджаць, што яна супрацоўнічае з рэжымам або што «падтрымлівае Герэка»[45]45
  Такія фармулёўкі апошнім часам досыць часта можна пачуць на эміграцыі: напрыклад, Е.Хілецкі: «Wyszyński, Gierek i co dalej?», Tydzień Polski, № 48 z dn. 3.12.1977, str. 1, i Каталік з ПНР: «Gierek, Prymas, Papież», Tydzień Polski, № 50 z 17.12.1977, str. 5.


[Закрыть]
. Царква дзейнічае ў Польшчы, і таму ў шматлікіх пытаньнях, безумоўна, яна залежная ад уладаў (пабудова цэркваў і г.д.). Такім чынам, яна мусіць мець з уладамі дачыненьні. Яна ў большай ці меншай ступені цкуецца ўладамі, у залежнасьці ад розных фазаў, празь якія праходзіць палітыка партыі, і ў залежнасьці ад акалічнасьцяў чыніць гэтаму цкаваньню большы ці меншы супраціў. Безумоўна, ня можа быць і гаворкі аб супадзеньні сыстэмы вартасьцяў паміж Царквой і партыяй. Ува ўсіх важных справах яны цалкам супрацьлежныя[46]46
  Безумоўна, у разьлік не бяруцца маргінальныя справы, такія, напрыклад, што Царква і дзяржава асуджаюць бандытызм. Але і гэта не азначае, што Царква будзе супрацоўнічаць зь дзяржавай у полі барацьбы з бандытызмам.


[Закрыть]
і не пакідаюць поля для кампрамісу. Пад кіраўніцтвам кардынала Вышыньскага Царква не пайшла на ніводны капмпраміс у прынцыповых пытаньнях.

б) Роля каталіцкіх дзеячаў

Палітыку сьвецкіх каталіцкіх дзеячаў трэба разглядаць асобна ад палітыкі Царквы. Каталіцкая прэса, і перадусім «Tygodnik Powszechny» мае, бясспрэчна, вялікія заслугі ў тым, што на працягу многіх гадоў абвяшчала пагляды, незалежныя ад партыі. Цяжка, аднак, выказаць словы прызнаньня да розных каталіцкіх груповак, што бяруць удзел у палітычным жыцьці ПНР. Усё пачалося ад Pax’у*, які яўна супрацоўнічаў з партыяй у барацьбе з уплывамі Царквы. Гісторыя іншых групаў таксама вартая жалю. Яна прывяла да сэрыі расколаў, якія кожныя некалькі гадоў выносяць на паверхню новыя групы, усё больш згодніцкія ў дачыненьні да партыі. Усе дасягненьні каталіцкіх групаў у Сойме за пэрыяд у дваццаць гадоў – гэта пара някепскіх прамоваў, перадусім у 1968 годзе, некалькі рэзалюцый па добрых справах, але вельмі асьцярожных, і адзін голас, які ўстрымаўся, у галасаваньні над папраўкамі да Канстытуцыі.

Гэта можна тлумачыць ня толькі падатлівасьцю каталіцкіх дзеячаў на ўплывы асяродкаў улады, але і абмыльнай палітычнай канцэпцыяй. Як здаецца, яны разьлічваюць на тое, што паслухмянасьцю і гатовасьцю да кампрамісу здолеюць нечага дасягнуць. Але такая палітыка прыводзіць да страты аўтарытэту ў грамадзтве, а на партыю ня робіць ніякага ўражаньня. Гэтыя дзеячы атрыманьне некалькіх мандатаў у Сойме ўважаюць за посьпех, але адразу пасьля іх атрыманьня высільваюцца ў саступлівасьці, каб гэтых мандатаў ня страціць. Менш «гнуткія», безумоўна, не вытрымліваюць гэтага спаборніцтва і выключаюцца з Сойму. Гэта прывяло да таго, што цяпер у Сойме няма ніводнай каталіцкай групы, якая б была хоць вонкава незалежнай.

У выніку дзейнасьць каталіцкіх групаў, якія ў рознай ступені калябарацуюць з рэжымам, служыць толькі маскаваньню таталітарнай сутнасьці ўлады ў Польшчы і стварэньню бачнасьці яе ўяўнага лібэралізму і талеранцыі спэцыяльна для наіўных чужаземцаў. Яе ніяк нельга залічаць да аўтэнтычнай апазыцыі. Нават тады, калі калябарацыя не датычыць нейкай партыйнай фракцыі, якая стаіць пры ўладзе[47]47
  Любая форма саступкі ў сьветапоглядных пытаньнях можа толькі прынесьці шкоду каталіцкім групам. Ідэалёгія марксізму-ленінізму збанкрутавала цалкам, і няма нічога дзіўнага, што яе ранейшыя прыхільнікі гатовыя шукаць ратунку ў любым кампрамісе. Каталікі, аднак, ня маюць падставы для саступак, паколькі маральная пазыцыя Царквы ніколі не была ў Польшчы мацнейшай. Апрача гэтага, гэтымі саступкамі яны нічога не атрымаюць. Заігрываньні з камуністамі толькі кампрамэтуюць іх у вачах грамадзтва.


[Закрыть]
.

Найважнейшая рэч у тым, што манэўры каталіцкіх дзеячаў ня йдуць на карысьць Царкве. Нават калі яны не скіраваны непасрэдна супраць касьцёлу, як дзейнасьць Pax’у, яны шкодзяць яму ўскосна, ужываючы назву «каталіцызм» для прыхоўваньня дзейнасьці, што выклікае сур’ёзныя засьцярогі. На шчасьце, здаецца, што людзі ў Польшчы добра ўжо навучыліся адрозьніваць Царкву і прымасу ад розных каталіцкіх палітыкаў.


8. Палітычныя канцэпцыі і мэтады дзейнасьці апазыцыі

Існуе некалькі пытаньняў, зьвязаных зь дзейнасьцю апазыцыі, і адносна якіх дагэтуль яшчэ існуе шмат непаразуменьняў. Іх варта тут коратка абмеркаваць і растлумачыць.

а) Савецкая інтэрвэнцыя

У розных дыскусіях, што датычаць сытуацыі ў Польшчы, часта чуюцца асьцярогі перад узброенай савецкай інтэрвэнцыяй. Гэтая інтэрвэнцыя ўяўляецца нечым найгоршым, што можа нас спаткаць. І адначасна розныя партыйныя фракцыі даюць нам зразумець, што толькі яны змогуць зьберагчы нас ад гэткай інтэрвэнцыі. У гэтых аргумэнтах шмат міталёгіі, а часта і жаданьня зацямніць сытуацыю.

Перадусім трэба сьцьвердзіць, што савецкая інтэрвэнцыя ў польскія справы адбылася ў 1944–45 гады і яе насьледкі ва ўсёй паўнаце адчувальныя і дагэтуль. Ніводная новая інтэрвэнцыя нічога ня зьменіць у гэтай прыкрай сытуацыі. Доказам на карысьць гэтага будзе параўнаньне сытуацыі краін, у якіх паўторная ўзброеная інтэрвэнцыя адбылася (ГДР, Вугоршчына і Чэхаславаччына), і тых, дзе гэткай інтэрвэнцыі не было (Польшча, Румынія, Баўгарыя). Паміж палажэньнем у гэтых дзьвюх групах не відаць выразнай розьніцы.

Поўная гарантыя ад савецкай інтэрвэнцыі магчыма толькі ў сытуацыі, якая была б для Польшчы найгоршай, а менавіта, калі б польскі народ адмовіўся ад сваіх незалежніцкіх памкненьняў, калі б у ім вычарпалася палітычная думка і згніла маральнасьць. Адным словам, калі б палякі замірыліся зь няволяй. Тады пэўна ўзброеная інтэрвэнцыя нам ня будзе пагражаць. Таму трэба прызнаць, што стан пагрозы ў выглядзе савецкай інтэрвэнцыі ёсьць нармальным станам, у якім у цяперашніх варунках дадзена жыць палякам. Якраз гэтая пагроза сьведчыць, што мы яшчэ жывем.

Але адкуль бярэцца гэтая заўзятасьць з боку ПАРП бараніць нас ад савецкай інтэрвэнцыі? На гэтае пытаньне лёгка знайсьці адказ. Саветам не патрабуецца інтэрвэнцыя тады, калі іх стаўленікі ў Польшчы належна выконваюць свае заданьні, г.зн. калі патрапляюць трымаць палякаў у стане ляяльнасьці. Найлепш гэтыя заданьні выконвалі Берут, Бэрман і Мінц, эфэктыўна тэрарызуючы палякаў у пэрыяд сталінізму. Тады інтэрвэнцыя пэўна не была патрэбная. Не была таксама патрэбная інтэрвэнцыя ў кастрычніку 1956 г., калі Гамулка прысягнуў саветам, што бязь іх дапамогі верне спакой у Польшчы. Крывавыя рэпрэсіі на ўзьбярэжжы ў 1970 годзе таксама паказалі саветам, што інтэрвэнцыі не патрабуецца.

Саветы наважацца на інтэрвэнцыю тады, калі іх стаўленікі ў Польшчы ня змогуць даць сабе рады з палякамі. Таму інтэрвэнцыя – гэта перадусім дыскваліфікацыя кіраўнічай эліты ў Польшчы і нясе для яе прысуд палітычнай сьмерці. Калі прадстаўнікі рэжыму гавораць (зазвычай шэптам) аб пагрозе савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчы, то насамрэч маюць наўвеце пагрозу для сваіх уласных пасадаў.

Гэты страх перад савецкай інтэрвэнцыяй можна выкарыстоўваць на карысьць грамадзтва і незалежніцкай апазыцыі. І фактычна гэта нядаўна зрабілі ўжо рабочыя «Урсусу».

Можна прыняць за пэўную рэч, што саветы вельмі ня любяць, калі ім разьбіраюць рэйкі, асабліва ў кірунку да Лабы. Таму акцыя рабочых «Урсусу» была выразна антысавецкай. І якраз таму мела такі посьпех[48]48
  Рабочыя «Урсусу» выявілі надзвычайную інтуіцыю ў выбары сродкаў для дасягненьня сваіх мэтаў. І калі ў іх быў дарадчык, то быў ім чалавек, які дасканала разумее мэханізм дзеяньня ўлады ў Польшчы і СССР.


[Закрыть]
. Ярашэвіч зразумеў, што калі ён ня вырашыць пытаньня, то цягам наступных 24 гадзін інтэрвэнцыя можа зьдзьмуць яго з прэм’ерскага крэсла і закончыць яго палітычную кар’еру. З гэтай самай прычыны кіраўніцтва партыі было таксама ў вялікім страху. Павышэньне цэнаў было адкладзена да наступнага дня.

Аказваецца, што пагроза савецкай інтэрвэнцыі можа схіляць уладу да саступак грамадзтву. Гэта вынікае з таго, што інтэрвэнцыя пагражае кіраўніцтву партыі значна больш, чымся звычайным людзям. Партыя зацікаўлена як найхутчэй вярнуць спакой. Прычына, дзеля якой партыя ў 1976 годзе наважылася вярнуць спакой шляхам саступак замест таго, каб застрэліць некалькі сотняў рабочых, як гэта зрабіў Гамулка ў 1970 г., ёсьць вынікам зьмены ўнутранай сытуацыі ў Польшчы. А менавіта, што паміж 1970 і 1976 гг. палітычная сьвядомасьць зрабіла ў Польшчы вялікі поступ, а салідарнасьць рабочых вельмі ўзрасла. Дзеля гэта партыя мае апраўданыя перасьцярогі, што крывавыя рэпрэсіі могуць прывесьці да расшырэньня бунту, які ня ўдасца спыніць унутранымі сродкамі.

Можна, відаць, разьлічваць на тое, што сытуацыя будзе разьвівацца ў гэткім кірунку, гэта значыць, што ўлада будзе ўсё больш баяцца тарнаваць брутальныя рэпрэсіі. З часам і саветы могуць прыйсьці да думкі, што інтэрвэнцыя можа прынесьці ім больш шкоды, чымся карысьці. Надыходу такой сытуацыі трэба яшчэ чакаць. Узьнікнуць яна можа як вынік шматлікіх фактараў, зь якіх найважнейшым будзе, з аднаго боку, нязломная пазыцыя ўсяго грамадзтва, а, з другога, адносная слабасьць СССР з унутраных ці міжнародных прыклёпаў.

Такім чынам, існуе два зусім адрозныя паміж сабой спосабы ўнікнуць савецкай інтэрвэнцыі: або шляхам прыніжальнай ляяльнасьці да саветаў і іх польскіх стаўленікаў, або пры дамапозе такой пазыцыі ўсёй нацыі, якая прывядзе да таго, што саветы палічаць інтэрвэнцыю надта рызыкоўнай. Няма патрэбы дыскутаваць, які зь іх нам трэба выбраць.

б) Фінляндызацыя

Тэрмін «фінляндызацыя» час ад часу ўсплывае ў дыскусіях на тэму будучыні Польшчы. Часам нават гаворыцца, што добра было б, каб жа Польшча была фінляндызавана[49]49
  Прапановы фінляндызацыі Польшчы былі высунутыя Я. Куранем у інтэрвію для газэты «Le Monde» 29.1.1977, с. 2 (перадрук у «Dissent in Poland», London, 1977, P. 174–175), а таксама на прэс-канфэрэнцыі ад 9.12.1976 В.Бруса, Л.Калакоўскага і А.Міхніка (справаздача з канфэрэнцыі ў «Tygodniu Polskim» ад 18.12.1976, с.12).


[Закрыть]
. Канцэпцыі гэткага роду вынікаюць з абсалютна памылковага ўяўленьня, у чым гэтая фінляндызацыя палягае.

Фінляндызацыя ёсьць працэсам далейшага ўмацаваньня залежнасьці краінаў Заходняй Эўропы ад Савецкага Саюзу. Яна зьдзяйсьняецца такім чынам, што саветы аказваюць на гэтыя краіны эканамічны і палітычны ўціск, як дыпляматычным шляхам, так і ўскосна празь мясцовыя камуністычныя партыі і іншыя падкантрольныя камуністам асяродкі. Паступова прэса перастае пісаць усю праўду аб Савецкім Саюзе, радыё і тэлевізія выключаюць праграмы, якія могуць быць нямілымі саветам, палітычныя ўцекачы з-за «жалезнай заслоны» прымаюцца неахвотна, і ў любым выпадку ім усё цяжэй атрымаць голас, антысавецкія выказваньні ў парлямэнцкіх дэбатах становяцца ўсё больш рэдкімі і, што найважнейшае, палітыкі, вядомыя сваімі антысавецкімі выказваньнямі, страчваюць шанцы на атрыманьне ўплывовых пасадаў. Замежная палітыка дзяржавы становіцца надзвычай талерантнай да камуністычнай інфільтрацыі.

Адным словам, гэты працэс прыводзіць да палітычнай сытуацыі, у якой шэраг гадоў знаходзіцца Фінляндыя. Гэта сытуацыя незалежнай дзяржавы, але не зусім. Абмежаваньне яе незалежнасьці палягае на нібыта добраахвотнай, стала практыкаванай ляяльнасьці перад савецкімі націскамі.

Можна было б зьдзіўляцца, што такі працэс адмаўленьня ад сваёй незалежнасьці ўвогуле магчымы. На жаль, яго праявы мы бачым у шмат якіх краінах. Яму спрыяюць фальшывая інфармацыя аб Савецкім Саюзе, індыфэрэнтнасьць у палітычных і грамадзкіх справах, адсутнасьць укарэненасьці дэмакратычных установаў, часам таксама аргумэнтацыя вялікіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у гандлі з СССР, і заўсёды страх перад насьледкамі супрацьстаўленьня яго ціску. Праведзеная да канца фінляндызацыя азначала б распаўсюджаньне статусу паў-сатэлітаў на ўсе незалежныя дзяржавы Эўропы без патрэбы якой-колечы ваеннай інтэрвэнцыі з боку Савецкага Саюзу.

Хаця статус паў-сатэліта зьяўляецца прыніжальным для незалежнай дзяржавы, аднак пэрспэктыва зьмены статусу Польшчы са звычайнага сатэліту на фінскі статус, паў-сатэліцкі, можа падавацца прыцягальнай. На жаль, невядома, як гэтага дасягнуць. Працэс фінляндызацыі пасоўваецца толькі ў адзін бок: а менавіта, гэта працэс абмежаваньня незалежнасьці на карысьць залежнасьці ад саветаў. Ціск саветаў і схільнасьць да падпарадкаваньня гэтаму ціску – вось сілы, якія пасоўваюць гэты працэс наперад. Гэтыя сілы, ужытыя да Польшчы, не прывялі б да фінляндызацыі, але толькі да яшчэ большай залежнасьці Польшчы ад саветаў. Фінляндызацыя як мэта польскай палітыкі ёсьць звычайнай ілюзіяй.

Мы, безумоўна, спадзяемся, што Савецкі Саюз некалі аслабне да такой ступені, што ня будзе здольны ўтрымліваць сваіх сатэлітаў у паслушэнстве. Але тады мы будзем дамагацца незалежнасьці, а не фінляндзкага статусу.

в) Эўракамунізм

Часам даводзіцца чуць, што канцэпцыі эўракамунізму могуць мець нейкае значэньне для сёньняшняй палітыкі ў польскай справе[50]50
  Гл. G. Herling-Grudziński i A. Michnik: «Dwugłos o Eurokomunizmie», Kultura, № 4 (355), kwiecieс 1977, дзе прадстаўлены розныя пункты гледжаньня на гэтую тэму. Таксама інтэрвію А. Міхніка для L’Espresso, прыведзенае ў Orzeł Biały – Na Antenie, № 149, styczeс 1977, str. 26, а таксама «Eurokomunizm i Europa Wschodnia» (зацемка аб артыкуле Г. Гэрлінга-Грудзіньскага ў Il Giornale 25.2.1978), Kultura, № 4 (367), kwiecień 1978, str. 70–73.


[Закрыть]
. Але дыскусія на гэтую тэму, як правіла, пакідае шмат няяснасьцяў.

Эўракамунізм – гэта тактыка камуністычных партый на Захадзе Эўропы здабыцьця ўлады легальным шляхам у рамках парлямэнтарных сыстэмаў. Гэтая тактыка патрабуе адмовіцца ад канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту і пераканаць грамадзкую думку, што камуністычная партыя ня ёсьць агентурай Савецкага Саюзу. Без спаўненьня гэтых дзьвюх умоваў камуністычныя партыі ня маюць шанцаў прыйсьці да ўлады легальным шляхам. Гэтым тлумачацца памкненьні камуністаў здабыць новае аблічча ў грамадзкай думцы на Захадзе. Як эўракамуністы будуць паводзіць сябе пасьля прыходу да ўлады ў якой-небудзь краіне Заходняй Эўропы, гэтага мы дакладна ня ведаем, але прагнозы, што яны акажуцца дасканалымі дэмакратамі, здаюцца троху наіўнымі. Гэта, зрэшты, не адносіцца да нашай тэмы, бо мы не займаемся тут Заходняй Эўропай.

Калі, аднак, гаворка заходзіць аб справе незалежнасьці Польшчы, то мы добра памятаем, што заходнеэўрапейскія камуністы заўсёды былі нашымі ворагамі. Яны прымалі накінуты Польшчы саветамі лад і прызнавалі яго сацыялізмам. Партыі, падкантрольныя саветам у краінах народнай дэмакратыі, яны называлі братнімі партыямі і былі зь імі ў найлепшых стасунках. Яны не рэагавалі на тэрор, ілжывыя абвінавачваньні і сфабрыкаваныя працэсы. Ня бачылі ні палітычнага ціску, ні эксплюатацыі людзей працы. Гэтая пазыцыя захавалася дагэтуль. Апошнія выступы ў абарону правоў чалавека датычаць індывідуальных выпадкаў і ніколі не зьмяшчаюць асуджэньня ні ладу, што пануе ў Польшчы, ні кіруючай у ёй ПАРП.

Але яны ня толькі ня маюць ахвоты нам дапамагаць, але таксама ня маюць магчымасьці. Так дагэтуль і не атрымаўшы нідзе ўлады, яны самі чакаюць дапамогі ад «братніх партый», якія знаходзяцца ўва ўладзе ў савецкім блёку.

Таму разьлічваць на эўракамуністаў у справе незалежнасьці Польшчы ёсьць палітычнай наіўнасьцю або манэўрам фракцыйнай апазыцыі, для якой хаўрус з эўракамуністамі можа прынесьці карысьць ува ўнутрыпартыйных разборках.

г) Дыялёг апазыцыі з партыяй

У размаітых выказваньнях мы чуем аб тым, што такі дыялёг быў бы пажаданы[51]51
  Прэс-канфэрэнцыя ў Лёндане, Kultura, № 1–2 (352–353), styczeс–luty 1977, str. 163–165. Справаздача з прэс-канфэрэнцыі ў Tygodniu Polskim z dn.18.12.1976, str. 12. Інтэрвію Я.Кураня для Le Monde z 29.1.1977. K. Modzelewski: «List Otwarty do E. Gierka», Aneks, № 13–14, 1977, str. 49–70.


[Закрыть]
. Варта, аднак, папытацца, ці магчымы ён увогуле? Мы маем, безумоўна, наўвеце дыялёг, які павінна была б распачаць з партыяй аўтэнтычная апазыцыя.

Цяжкасьць ці нават немагчымасьць такога дыялёгу палягае ў поўнай супрацьлежнасьці інтарэсаў польскага грамадзтва і партыі, а па сутнасьці, савецкай улады, якую рэпрэзэнтуе партыя. У прынцыповых пытаньнях, а менавіта незалежнасьці і дэмакратыі, паразуменьне немагчымае, бо гэтыя пастуляты азначаюць ліквідацыю партыі і канец савецкай дамінацыі. Прыхільнікі дыялёгу падкрэсьліваюць, што ён павінен вярнуць давер паміж грамадзтвам і партыяй. Дзіўна, што гаворыцца аб вяртаньні даверу, якога ніколі не было. Важнейшае, аднак, у тым, што гэты пастулят непрымальны для аўтэнтычнай апазыцыі з прынцыповых прычын. Абуджэньне палітычнай сьвядомасьці грамадзтва палягае перадусім у тым, каб яно заняло незалежніцкую пазыцыю, супрацьлежную саветызму, што пануе ў Польшчы. Гэта значыць, каб яно зразумела, што партыя, якая знаходзіцца пры ўладзе, ёсьць галоўным ворагам палякаў, да якога ніколі нельга мець даверу і які саступае толькі пад націскам і ад страху. Ужо сам факт навязаньня дыялёгу быў бы запярэчаньнем гэтай пазыцыі.

Гаворачы пра менш прынцыповыя справы, трэба сказаць, што цяжкасьці ў навязваньні дыялёгу вельмі значныя. Любое паразуменьне ня будзе мець сэнсу, калі не існуе гарантыя яго выкананьня. З досьведу мы ведаем, што ад усіх саступак, зробленых падчас пэрыяду крызысу, ПАРП заўсёды адмаўлялася, калі толькі цяжкасьці канчаліся. Пры існуючым ладзе апазыцыя ня мае ніякіх сродкаў, якія б маглі забясьпечыць выкананьне дамоваў. Апрача таго, цяпер няма і доўга ня будзе нікога, хто б меў права выступаць перад партыяй ад імя ўсяго грамадзтва. Дыялёг палягае на выстаўленьні патрабаваньняў і выкананьні саступак. Ніхто цяпер ня мае права рабіць саступкі ад імя ўсіх палякаў. Калі раней партыя рабіла выгляд, што праводзіць дыялёг з грамадзтвам, то як прадстаўнікі грамадзтва выступалі партыйныя вылучэнцы. Гэта заўсёды быў ашуканскі маналёг партыі, які меў наўвеце распружыць варожыя партыі настроі. З такім аўтэнтычная апазыцыя ня можа мець нічога супольнага.

Стаўленьне апазыцыі да партыі мусіць абапірацца на зусім іншыя падставы. Апазыцыя павінна імкнуцца стварыць у краіне такую сытуацыю, каб ПАРП баялася пасоўвацца задалёка ці то ў галіне эканомікі (эксплюатацыі рабочых і зьніжэньня ўзроўню жыцьця) ці палітычнага ўціску (правоў чалавека і палітычных правоў). Цяжка дакладна вызначыць, дзе пралягаюць гэтыя межы талеранцыі, і цяжка таксама сказаць, у чым будзе складацца рэакцыя грамадзтва, калі яны будуць пераадолены. Сутнасьць пытаньня, аднак, ясная, ідзецца пра тое, каб улада баялася гэтай рэакцыі. Ілюстрацыяй такой сытуацыі ёсьць паводзіны ў часе забурэньняў 1970 і 1976 гг. У 1976 годзе ўлады не насьмеліліся дзейнічаць з такой брутальнасьцю, як у 1970 годзе. Яны скасавалі павышэньне цэнаў ужо назаўтрае, а не праз два месяцы, і было відаць, што яны пачынаюць лічыцца з грамадзкай думкай. Гэта быў непасрэдны вынік адраджэньня аўтэнтычнай апазыцыі.

Можна дапускаць, што гэты працэс будзе разьвівацца і надалей. Гэта значыць, што з аднаго боку апазыцыя будзе кансалідавацца, выступаць усё больш пасьлядоўна і абумоўліваць усё вузейшае поле для варожых грамадзтву манэўраў ПАРП. Але да гэтай мэты прыводзіць не дыялёг, а непасрэдная актыўнасьць або пагроза гэткай актыўнасьці.

д) Легальнасьць і публічнасьць

Асноўнай праблемай для аўтэнтычнай апазыцыі ёсьць пытаньне, павінна яна быць яўнай ці кансьпірацыйнай, легальнай або функцыянуючай па-за законам. Ува ўмовах саветызму ня можа быць адназначнага адказу на гэтае, здавалася б, простае пытаньне. Таму што існуе вялікая колькасьць разыходжаньняў паміж тым, што напісана ў канстытуцыі і законах, і штодзённай практыкай уладаў, якія, як вядома, не дазваляюць грамадзтву карыстацца прадугледжанымі законам свабодамі. Такім чынам, легальнай або нелегальнай, г.зн. перасьледаванай законам, ёсьць дзейнасьць, на практыцы вырашаюць не апазыцыянэры, а ўлады. І таму ніводная апазыцыйная акцыя ня можа мець пэўнасьці, ці не сутыкнецца яна зь перасьледам і таму ці ня стане ў гэтым сэнсе нелегальнай. На практыцы большая частка апазыцыйнай дзейнасьці праводзіцца і, безумоўна, будзе праводзіцца ў межах, дазволеных пісаным правам, але будзе далёка выступаць за межы таго, што на практыцы дазваляюць спэцслужбы. Перасьлед за дзейнасьць, якую не забараняе закон, дае апазыцыянэрам моцную пазыцыю, калі дойдзе да судовай справы, а таксама пры апэляцыі да грамадзкай думкі. Любая такая справа, якая атрымлівае грамадзкі розгалас, выкрывае прыроду саветызму і кампрамэтуе лад. Таму існуюць сур’ёзныя аргумэнты на карысьць таго, каб апазыцыйную дзейнасьць праводзіць у межах закону. Гэта, аднак, не дае ніякай гарантыі, што яна ня будзе забараняцца ці перасьледавацца ўладамі. Таму няма ніякай падставы, каб рух, які імкнецца да зьмены ладу і ставіць пад сумнеў яго фундамэнтальныя асновы, заўсёды скрупулёзна выконваў існуючыя нормы права. Кіравацца трэба актуальнай сытуацыяй і веліччу справы, за якую змагаецца апазыцыя.

Падобным парадкам справа стаіць і з публічнасьцю. Абнародаваньне прозьвішчаў сябраў апазыцыйных ячэек, якое апошнім часам стала практыкуецца, мае вялізарнае маральнае і палітычнае значэньне. Яно паказвае ўсяму грамадзтву, што ёсьць людзі, якія не баяцца прызнацца ў тым, што зьяўляюцца апазыцыянэрамі. Вялікая частка дзейнасьці, якая знаходзіцца ў межах пісанага права, можа заставацца публічнай. Але зноў-такі іншая частка гэтай дзейнасьці не павінна абнародавацца папросту дзеля таго, каб улада не магла надта лёгка выкараніць гэтую дзейнасьць, ужываючы беззаконьне.

Такім чынам, умовы палітычнай дзейнасьці пры саветызьме такія, што апазыцыя павінна быць у залежнасьці ад акалічнасьцяў легальнай ці нелегальнай, яўнай або кансьпірацыйнай. Гэта будзе вынікаць з паводзінаў уладаў, а таксама будзе залежаць і ад самых дзеячаў, якія павінны вызначыцца, якую і калі ўжыць тактыку.

ж) Плюралізм

Апазыцыя, якая змагаецца за дэмакратыю, мусіць быць плюралістычнай, таму што плюралізм ёсьць перадумовай дэмакратыі. Яна павінна рэпрэзэнтаваць розныя адценьні палітычнай думкі і розныя канцэпцыі іх рэалізацыі. Супольнай для ўсіх апазыцыйных рухаў мусіць быць толькі барацьба з саветызмам і імкненьне да дэмакратыі і незалежнасьці.

Плюралізм апазыцыі ўтвараецца спантанна. Таму калі падкрэсьліваецца яго неабходнасьць, то не для таго, каб яго захаваць, а для таго, каб супрацьстаяць яго элімінацыі.

Плюралізм павінен быць аўтэнтычным. Таму ня будзе плюралізмам стварэньне некалькіх фасадных арганізацый, якія па сутнасьці знаходзяцца пад кантролем аднаго палітычнага цэнтру. Гэткі спосаб дзейнасьці належыць да тактычных прыёмаў камуністычных партый, якія, як вядома, супраць рэалізму.

Апазыцыйная група, якая прызнае плюралізм, не імкнецца да манаполіі. Палеміка зь іншымі групамі, безумоўна, дапушчальная і нават пажаданая, абсалютна дарэчнай зьяўляецца таксама палітычная барацьба за ўплывы. Імкненьне ж да поўнага зьнішчэньня праціўніка супярэчыць прынцыпам плюралізму, бо папросту яго ліквідуе. Таму недапушчальна пазбаўляць іншыя апазыцыйныя групы сродкаў інфармацыі, што ўва ўмовах апазыцыйнай дзейнасьці ёсьць справай істотнага значэньня, а таксама дыскрэдытаваць іх у вачах грамадзтва шляхам паклёпу і пісаць на іх даносы варожай ім уладзе.

Эміграцыя магла б вельмі памагчы аўтэнтычнай апазыцыі на Бацькаўшчыне, калі б падтрымлівала яе плюралістычную структуру, даўшы магчымасьць усім апазыцыйным групам выказацца на старонках эміграцыйных выданьняў[52]52
  Такую пазыцыю вельмі рашуча сфармулявала рэдакцыя «Kultury» («O pomoc dla opozycji w Kraju», Kultura, № 11 (362), listopad 1977, str.55–56). Цяпер мы чакаем, каб іншыя выданьні пайшлі за гэтым часопісам.


[Закрыть]
.


9. Незалежніцкая апазыцыя ў 1976/77 гадох і яе пэрспэктывы на будучыню

а) Новы этап

У сярэдзіне 1976 году наступіў пералом у гісторыі польскай незалежніцкай апазыцыі. Ён палягаў у дзьвюх прынцыповых зьменах у спосабе яе дзейнасьці.

Па-першае, быў ліквідаваны падзел паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Пасьля рабочага бунту ў чэрвені 1976 г. рабочыя не засталіся самотнымі і безабароннымі перад брутальнай рэакцыяй уладаў і адчулі падтрымку і дапамогу з боку арганізаваных групаў інтэлігенцыі.

Па-другое, апазыцыйныя асяродкі зьмянілі характар. Дагэтуль яны ўзьнікалі спантанна, калі нарастала хваля апазыцыі, але распадаліся і чэзьлі, калі гэтая хваля ападала. Цяпер яны арганізаваліся як доўгатрывалыя асяродкі. Яны прынялі прынцып публічнасьці і дзейнасьці, якая не парушае канстытуцыі і дзеючага заканадаўства, і тым самым кінулі выклік беззаконьню, якое паўсюдна чыніцца ўладамі. Яны паставілі сабе дзьве непасрэдныя задачы: абарона правоў чалавека і грамадзяніна і разьвіцьцё палітычнай сьвядомасьці грамадзтва. Гэтай мэце служаць шматлікія непадцэнзурныя выданьні і лекцыі «Лётаючага ўнівэрсытэту» (Таварыства навуковых курсаў).

Ідэалягічнае аблічча гэтых апазыцыйных асяродкаў сфармавалася яшчэ не зусім. Падаецца, аднак, што ў ім зьмяшчаюцца наступныя элемэнты, супольныя ўсім асяродкам: імкненьне да незалежнасьці і дэмакратыі і, такім чынам, супрацьстаўленьне савецкай дамінацыі і саветызму як ладу, які пануе ў Польшчы, нэгатыўнае стаўленьне да партыі і такіх яе падразьдзяленьняў, як прафсаюзы і падкантрольныя моладзевыя арганізацыі, нявера ў зьмены і рэформы, ажыцьцяўляныя ў межах ладу, разьлік на палітычныя зьмены, якія будуць паступова падрываць і аслабляць лад, стрыманасьць да раптоўных дэманстрацый і выступаў, зразуменьне таго, што яшчэ не прыйшла адпаведная для гэтага часіна, а таксама стаўка на абуджэньне палітычнай сьвядомасьці ў самых шырокіх колах інтэлігентаў і рабочых. Таму не падлягае сумневу, што ў Польшчы нарэшце ўзьнік апазыцыйны рух, які імкнецца да дэмакратыі і незалежнасьці.

Гэта велізарная зьмена да лепшага для ўнутранай сытуацыі ў краіне. Яна адбылася зь зьдзіўляльнай хуткасьцю[53]53
  Пра тое, што існуюць умовы для ўзьнікненьня апазыцыі, я пісаў у нарысе «Адзіны шлях» (Kultura, № 3 (294), marzec 1972, перадрук у O myśl polityczną, Londyn, 1976). Я таксама сьцьвярджаў, што трэба чакаць хуткага разьвіцьця апазыцыі ў Польшчы.


[Закрыть]
. Яе ўмагчыміў перадусім прагрэс у палітычнай сьвядомасьці грамадзтва, гэта значыць, усё больш шырокае разуменьне таго, што адзіным шляхам здабыцьця чаго-небудзь ад уладаў ёсьць нязломнае сьцьвярджэньне сваіх правоў, пазыцыя салідарнасьці перад варожай людзям уладай і пераадоленьне страху. Такім чынам, дагэтуль маўклівая апазыцыя пачала набываць актыўную пазыцыю. У дадзены момант, аднак, яшчэ адносна малая частка звычайных людзей прыняла гэтую пазыцыю. Але маса дагэтуль маўклівых апазыцыянэраў агромністая. Таму актыўная апазыцыя мае вельмі шырокую базу ў грамадзтве.

Таксама і палітыка ўладаў цяпер іншая, чымся ў мінулым. У дачыненьні да ўдзельнікаў чэрвеньскіх падзеяў былі, праўда, ужытыя постфактум брутальныя рэпрэсіі, але рэакцыю ўладаў на самыя падзеі і іх палітыку да ўзьнікаючай апазыцыі можна назваць хутчэй стрыманымі. Прычынай гэтага ёсьць слабасьць і няпэўнасьць улады, якія паходзяць ад страху перад магчымасьцю сапраўды масавага руху. Гаворка ідзе аб палітычнай слабасьці ўлады, бо тэхнічных сродкаў у яе досыць.

Гэта, аднак, зусім не азначае, што ўлада адмовілася ад барацьбы з апазыцыяй. Варта хутчэй меркаваць, што побач з дагэтуль ужыванымі паліцэйскімі рэпрэсіямі яна намерана ўжываць сродкі палітычнай барацьбы.

б) Тры перашкоды на шляху незалежніцкай апазыцыі

Незалежніцкая апазыцыя, якая так стыхійна разьвілася ў 1976/1977 гг., павінна лічыцца зь перашкодамі, якія яна абавязкова напаткае на сваім шляху. Ад іх пераадоленьня залежыць яе будучыня.

Першай зь іх ёсьць пасіўнасьць грамадзтва і яго ляяльнасьць да ўлады. Вышэй я абмаляваў (разьдзел 4) падзел грамадзтва паводле палітычнай пазыцыі, які ў Польшчы сфармаваў сталінізм. Сярод гэтых групаў «апаратчыкі» і «актывісты» існуюць і надалей у амаль нязьменным выглядзе і колькасьці. Тым ня менш, зьмены адбыліся ў групе «добранадзейных» і «маўклівай» апазыцыі. А менавіта, павялічылася колькасьць «добранадзейных», г.зн. тых, хто дазваньня падпарадкоўваецца рэжыму і не праяўляе схільнасьці да якой-колечы апазыцыі. Гэта не зьяўляецца вынікам павелічэньня націску ўлады. У параўнаньні з пэрыядам сталінізму націск істотна зьменшыўся. Гэта хутчэй натуральны вынік некалькіх дзесяцігодзьдзяў, якія не прынесьлі прынцыповых зьменаў у пануючай у Польшчы сыстэме і шматкроць пакладалі канец усім надзеям. Пакаленьне, якое брала ўдзел у барацьбе за незалежнасьць, састарылася, і частка яго ўжо не жыве. Польская інтэлігенцыя, якая была носьбітам нацыянальнай традыцыі, ужо ня тая, якой была[54]54
  Пар. уступ да зборніку маіх артыкулаў «O myśl polityczną», Londyn, 1976.


[Закрыть]
. У выніку многія з тых, каго напрыканцы сталінізму можна было залічыць да маўклівай апазыцыі, зьмянілі сваю пазыцыю. Уладкаваліся неяк у рамках існуючага ладу, дбалі толькі пра свае інтарэсы і цяпер для польскай справы страчаны. Цяжка сказаць, які цяпер абсяг гэтага працэсу разлажэньня, але ён безумоўна адбываецца. Ён абумоўлены ўмовамі, у якіх змушаны жыць палякі, а не рэалізацыяй нейкай палітычнай канцэпцыі. Ён, аднак, знаходзіць апірышча ў дактрыне, якая ўважае абарону «субстанцыі» або фізычнага існаваньня нацыі за найважнейшую справу[55]55
  Дактрына гэтая, маючы сваю крыніцу ў антыпаўстанскай ідэалёгіі нацыянальных дэмакратаў, здабыла цяпер досыць шмат прыхільнікаў у розных галінах грамадзкай думкі.


[Закрыть]
. Абарона «субстанцыі», на жаль, прыводзіць простай дарогай да замірэньня з пануючым у Польшчы рэжымам. Таму яна супадае з інтарэсамі партыі і падрывае шанцы разьвіцьця любой апазыцыі. Апазыцыйныя дзеячы павінны ўсьведамляць гэтую небясьпеку і энэргічна ёй супрацьдзейнічаць.

Але працэс ператварэньня групы «маўклівай апазыцыі» набыў таксама і іншую якасьць. Калі з аднаго боку яна разлажылася і павялічыла колькасьць «добранадзейных», то з другога яна ўзмацнілася і кансалідавалася, ператвараючыся ў яўную і актыўную апазыцыю. Можна спадзявацца, што якраз гэты працэс будзе набываць размах.

* * *

Другая перашкода, якая можа напаткаць аўтэнтычную апазыцыю ў будучыні, ёсьць зьмена палітычнага клімату і надыход палітычных замаразкаў, вяртаньне да палітычных рэпрэсій да апазыцыі. На жаль, трэба лічыцца з тым, што такая фаза савецкай палітыкі раней ці пазьней можа наступіць. Шэрагі апазыцыі тады парадзеюць, а яе цэнтры будуць змушаныя прыстасавацца да іншых умоваў. Можна, аднак, меркаваць, што гэтым разам нават жорсткія рэпрэсіі ня здолеюць цалкам зьнішчыць апазыцыю, а, як гэта ўжо бывала ў нашай гісторыі, выклічуць тым самым большую рашучасьць і пастанову ажыцьцяўляць цалкам кансьпірацыйную дзейнасьць. Да гэтага апазыцыя мусіць быць падрыхтавана.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю