Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 27 (всего у книги 31 страниц)
Але здараецца, што аматару ўдаецца зрабiць вялiкую справу. Ну так, але гэта зусiм яшчэ не азначае, што ён яе ўмее рабiць. Ён можа займець праблемы з паўтарэньнем гэтага. «Я не валодаю ключом ад нiводнага замка. I таму магу адчынiць усе. I таму, адчыняючы кожны адразу, у другi раз я не адчыню нiводнага. Бо я не ўладальнiк, а захавальнiк таямнiцы». Ня ведаю, цi патрапiў бы Барыска, адзiн з герояў фiльму Андрэя Таркоўскага «Рублёў», яшчэ раз знайсьцi патрэбную глiну для пабудовы звону i яшчэ раз беспамылкова вызначыць патрэбныя складнiкi сумесi. Гiсторыя гэтага дзецюка – гэта адна з найхарашэйшых аповесьцяў, прасякнутых этасам аматара. Ён быў абраны князем на будаўнiка звону толькi таму, што iснавала перакананьне: ягоны бацька, гiсэрны майстра, перад сьмерцю пераказаў яму таямнiцу пабудовы званоў. Але гэта была няпраўда. Ён не валодаў таямнiцай. Ня ведаючы нiчога, дзеючы адно так, як яму падказвае сэрца, ён стаў на чале сябрыны, кожны зь якой сапраўды быў майстрам у сваёй прафэсii, аднак нiхто ня быў у змозе зрабiць, каб здабыты з глыбiнi зямлi, зь цёмнай матэрыi, звон выдаў чысты гук. Усё адрозьнiвае гэтага адчайнага дзецюка ад ягоных супрацаўнёў: тое, што ён собскiмi рукамi капае яму пад звон, чаго не зрабiў бы нiводны прафэсiйны гiсэр, што ён не валодае iх спакоем i ўпэўненасьцю, але яму нададзены дар незвычайнага ўслухоўваньня ў сьвет, хаця ён i разумее, што рызыкуе жыцьцём, што над ім валадарыць iншы час, якi загадвае чакаць i ня дзеяць тады, калi павiнна быць выкананая праца, да таго ж ён не сабраў, як ягоныя таварышы, земных пладоў сваёй працы, не пайшоў па ўзнагароду да валадара. Што для iх шчасьце – для яго няшчасьце. Ён прабiваўся праз тлум зусiм у iншы бок, туды, дзе яго чакаў Андрэй Рублёў, моўкны майстра, якi страцiў веру, а разам зь ёй i творчыя патэнцыi. Ён патрабаваў Барыскi, акту ягонага сэрца, каб узяцца за пэндзаль. Бо што азначае ягоная рука, такая спрытная тэхнiчна, бязь iскры? Таркоўскi зьнячэўку размаляваў гэты чорна-шэра-сiвы фiльм усiмi фарбамi абразоў Рублёва.
Цната чаканьня, часам насуперак усякай лёгiцы, аддае аматара ў валадараньне iншага часу, аддае яго абсалютна ў iншыя рукi. Праўда, тады гэта немагчыма зьнесьцi i гэта можа разьюшыць чалавека, як гэта i зрабiў Барыска з сваiмi здольнiкамi. Не вядома, чаго ён чакае i чаго хоча. Падобнае было з адным цадыкам з Пшысухi, якi нiколi не распачынаў малiтвы ў прызначаныя для гэтага гадзiны i несупынна нечага чакаў, дарма што ягоныя вернiкi ўжо даўно былі сабраліся ў бажнiцы. А каго слухаў або чым кiраваўся Сталкер, герой iншага фiльму Таркоўскага, абiраючы такi, а ня iншы шлях па зоне, такi, а ня iншы час i спосаб дасягненьня канцавога пункту? Гэта ўсё, безумоўна, раздражняе людзей, якiя пацiскаюць плячыма або стукаюць сябе ў лоб. Тымчасам аматар найбольш баiцца зусiм не таго. Працытую яшчэ раз Цьвятаеву: «Баяцца не чарнавiка, пакрэмзанага падчас розных пошукаў, ня белага аркуша, а собскага i свавольнага аркуша».
Iснуе яшчэ шмат сытуацыяў, у якiх аматар з такiм сваiм спосабам дзеяньняў i цанаваньня будзе спракуджвацца людзям, паступаючы часта несправядлiва, без талеранцыi, выклiкаючы злабу i агiду. Прыкладам, яго цяжка пераканаць добра выконваць рэчы, абапёртыя на прынцыпе дасканаласьцi. Бывае, што, назiраючы iх, ён ня можа перамагчы, сарамотнiк, пачуцьця нуды i ўпорыста бачыць трагедыю, цi хоць рэшткi яе ў тым, зь якой рупатлiвасьцю тут стараюцца прадухiлiць памылкi i слабасьцi. Больш таго, з выкананых рэчаў ён можа, дрэнь такая, выхапiць найгоршае, вычварнае i слабейшае. I не дапаможа спэцыялiст, якi будзе яму тлумачыць, што гэта слабая якасьць, толькi часовая няўдача, што ёсьць жа i лепшае... Ён усiм сэрцам будзе баранiць тое, што коле вока кожнаму спэцыялiсту.
Тое самае датычыць i гiсторыi, аб якой клапоцяцца, што, зрэшты, i зразумела, так шмат прызнаных i заслужаных людзей. Ён тым часам як бы не зацямляе, адкiдае яе i ацэньвае iнакш. У гэтым ён нагадвае мацi – там, дзе сьвет для ейнага сына бачыць шчасьце, яна зацямляе толькi няшчасьце. Але цi патрапiць сьвет пакахаць ейнага сына? Цi мае сьвет сэрца?
Калi крытычна ацанiць усе гэтыя заганы аматара, то цяжка запярэчыць, што гэта якраз яны абцяжарваюць ягоны ўдзел у вялiкiм спадужнiцтве, што разгортваецца ў абсягу мастацкай працы i ў якiм ён можа i хоча браць удзел. Тымчасам адшчапенства цягне за сабой далейшыя насьледкi. Паспрабуй не працаваць, i абачыш, што такая пазыцыя збоку выглядае лёгкай. Празь нейкi час гэта можа ўяўляць iстотнае заданьне: нiчога не рабiць. Якраз цяпер, калi такi магутны ўцiск амбiцыяў, пагонi, здабыцьця, якраз цяпер на пытаньне: што робiш? адказаць: нiчога не раблю; над чым ты працуеш? над нiчым; што ўмееш? нiчога ня ўмею. Гаворка iдзе аб па сутнасьцi зададзеным самому сабе пытаньнi. Хто я ў той момант, калi я ўсё аддаю, нiчым не валодаю, нiчога ня ўмею, да нiчога не iмкнуся? Цi ёсьць я яшчэ? Цi маю сваё iмя? Аматар узмацняецца ў такi момант. Ты можаш шмат гадоў сумленна над нечым працаваць, можаш многаму навучыцца i шмат дасягнуць, але ў жыцьцi прыйдзе такi момант, калi ты ўсё аддасi, калi табе давядзецца аддаць гэта ўсё за бесцань, за фiгу з макам. I калi ты i надалей будзеш стаяць на сваiх нагах, калi не затрэцца тваё iмя, гэта значыць, што ўсе гэтыя гады ты працаваў над нечым зусiм iншым, нечым непараўнальна больш важным, чымся нейкiя званьнi i палажэньне ў сьвеце.
Гэта наша сустрэча ў Чарнай Дамбруўцы мае ў сваёй назьве слова «тэатар», але я, калi шчыра, ня бачу спасярод нас нiводнага актора, сцэнографа або рэжысэра. У сэнсе такога iмя ў жыцьцi. Я мяркую, што аматар, нават калi б ён хацеў так паставiць справу, гэта значыць, атаясамiцца зь нейкiм з гэтых вызначэньняў, заўсёды ляжа на полi бiтвы. Таму што нават калi б ён усё жыцьцё iнтэнсіўна рыхтаваўся, дасягнуў вялiкай прафэсiйнасьцi, якая б магла б супернiчаць з прафэсiйнасьцю найлепшага адумыслоўцы, i калi б нават гiсторыя пацьвердзiла ягоныя дасягненьнi, то для яго самога, для ягонага нутранога голасу, жыцьцё было б нязьдзейсьненым. Я ня ведаю, чаму так здараецца. Можа надзвычай вялiкай стала туга? Можа ёсьць нейкая доля праўды ў гэтай прыпавесьцi аб перапоўненай Богам чалавечай судзiне? У кожным разе аматар мусiць шукаць сваё iмя, сваю таямнiцу ня там, дзе ўсе. Ёсьць шмат шляхоў. Я б надаў вагу таму, якi вядзе празь непадзельнасьць творчай працы аматара зь ягоным жыцьцёвым этасам, з тым, як ён прысутны ў кожную часiну свайго жыцьця. Тут нельга нiчога адасобiць цi схаваць. Нiколi аматар не схаваецца за свае здабыткi, нават самыя дасканалыя. Кожная заслона ў выглядзе формы або майстэрства стаецца празрыстай. Калi нешта будзе не ў парадку зь ягоным жыцьцёвым этасам, гэта будзе праглядацца i праз найбольш дасканалую гульню i тэхнiчнае ўмельства. Такое ўжо ў яго наканаваньне.
Усе мы ведаем з жыцьця сытуацыю язды «зайцам». Iснуюць людзi, якiя могуць гэта зрабiць, якiм шматкроць удаецца праехаць на аўтобусе без талёнаў. Ёсьць таксама i такiя, якiя толькi раз ня будуць мець талёнаў, i адразу зьявiцца кантралёр ды аштрафуе iх. Гэта аматары. Iм нiколi не ўдаецца праехаць «зайцам».
Можа быць нехта, хто слухае мяне дагэтуль, зробiць з маёй прамовы такую выснову, што трэба перастаць працаваць, пачаць пагарджаць любымi здабыткамi, кнiгi аднесьцi ў сьвiран, перастаць адказваць як на закiды з боку грамадзтва, так i на ўсе аргумэнты тых, хто атакуе нас за аматарства, ну i... вынiк гэтага быў бы сумны. Я ўпэўнiваю вас, што безь вялiкiх цяжкасьцяў можна знайсьцi прыклады, што выкрываюць дэградацыю аматарскага серадовiшча, дзе навiдавоку танная спантаннасьць, сьляпое самазадавальненьне, беспрычыннае ўнiканьне ад працы, дзе за грош можна купiць усю так званую альтэрнатыўнасьць. Выбiраючы iншую аргумэнтацыю, я зважаю на час, у якi нам давялося сустрэцца. Я магу ўявiць сабе iншы час, калi б адчувалася вялiкая патрэба гаварыць аб напружанай тэхнiчнай працы, аб атрыманьнi прафэсii, аб пагонi за ведамi. Аднак сёньня гэтыя словы ня маюць сапраўднай вагi, яны падпарадкоўваюцца сiлам прыцягненьня гэтага сьвету, сiлам унiфiкуючым i агрэсiўным, якiя, як i кожны наркотык, дастаўляюць асалоду, высмоктваючы зь людзей мазольную працу, i ўрэшце кiдаюць iх, абсалютна зьнясiленых. Праца зьдзяйсьняецца ў вялiкiм стрэсе i напружаньнi, на мяжы вытрываласьцi, але ейная энэргiя самазьнiшчаецца. Нешта iншае забываецца, нешта застаецца ў абсягу нашай гаспадаркi, як засыпаная студня. Якраз гэта не дае спакою тым, хто шукае вытокi, усiм Падарожнiкам Усходу. На досьвiтку яны ўстануць iзноў i возьмуцца за цяжкую працу. Бо дзьве стралы павiнны дасягнуць мёртвага пункту, каб у iм пачала вiраваць новая магута: першая – гэта незалежнасьць, адмова; другая – гэта страла, якая пацьвярджае гэтую незалежнасьць. Гэта дакладна так, як у вершы Аляксандра Вата пад назвай «Гёльдэрлiн»: «пацьвердзiць сваю незалежнасьць». Адно цяпер выяўляецца другi бок таго, аб чым дагэтуль гаварылi, бок напружанай увагi, намаганьня, спраставанага на дацьцё сьведчаньня, на канчальную адказнасьць за тое, што робiцца. А гэта найцяжэйшая праца. «Адмовай уходаць» – гэта яшчэ раз Цьвятаева. Я не змагу шмат сказаць аб гэтым другiм боку, але думаю, што гэтага i ня трэба. Аб гэтым найбольш сказаў, мабыць, Гесэ ў аповесьцi аб Кнульпу. Гэта сапраўды найпрасьцейшая рэч, найпрасьцейшы ў сьвеце рытуал – увага, услухоўваньне ў нутраны голас, вольны ад усялякай iдэалёгii, адкрыты для прасторы таямнiцы.
На заканчэньне адзiн трывожны анэкдот з «Жыцьцяпiсаў» Плютарха, якi ёсьць яшчэ адной спробай наблiзiцца да сакрэту этасу аматара: «Калi Антыстэнэсу было паведамлена, што Iсмэнiяс выдатна грае на флейце, першы слушна адказаў: значыцца, ён больш не прыдатны да нiчога; у адваротным выпадку ён ня граў бы так добра».
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Ад межаў да самога цэнтру, або Эўрапейцы ў пошуку тоеснасьці
Яшчэ зусім нядаўна, у шэсьцьдзясятыя гады, Заходняя Эўропа імкнулася да скасаваньня межаў, што падзяляюць людзей, дзяржавы і нацыі. Дынамічнае разьвіцьцё сучаснай тэхнікі, а таксама ўзрастаючая колькасьць праблем, вырашэньне якіх было магчыма толькі па-над межамі, – такіх, як экалёгія ці бясьпека – усё гэта, здавалася, пацьвярджала прадказаньне МакЛюэна аб «глябальнай вёсцы», сусьветнай супольнасьці, у якой межы страцяць усялякае значэньне. Гэтаму спрыяла перакананьне, што дзякуючы гэтаму разьвіцьцю падзеяў зьнікнуць этнічныя канфлікты і ўсялякі нацыянальны сэпаратызм. Падобнае цьверджаньне можна было знайсьці і на Ўсходзе кантынэнту ў камуністычнай ідэалёгіі, толькі там вызваленьнем ад нацыянальных фобіяў павінен быў стаць новы, уніфікаваны чалавечы выраб – «homo sovieticus». Усходні інтэрнацыяналізм у сапраўднасьці аказаўся адно абалонкай, за якой крыўся пасьлядоўна культываваны тут шавінізм. Гэты факт найзырчэй выкрывалі межы «братніх дзяржаваў», што ашчэрваліся нянавісьцю і варажнечай. Гэта былі своеасаблівыя палосы-зоны, да якіх было страшна набліжацца. Падарожнік, у якога ўсе дакумэнты былі ў парадку, які ня вёз ніякай кантрабанды і які ня меў з сабой нават забароненых кніг, на мяжы пачуваўся вінаватым, зьняважаным і прыніжаным. Жыхар дзяржаваў з гэтага боку бэрлінскага муру з зайздрасьцю спасьцерагаў працэсы, што адбываліся ў Заходняй Эўропе. Сьвет адкрытых межаў сымбалізаваў свабоду.
У 1990 годзе быў разбураны бэрлінскі мур, што павінна было даць пачатак адкрыцьцю межаў ува ўсёй Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. У той жа час узьніклі акропленыя новай крывёй межы ў былой Югаславіі, незразумелая для многіх мяжа падзяляе Чэхію і Славаччыну, цэлая сетка межаў пакрыла прасьцяг колішняга СССР.
Пераацэнцы падлягае само разуменьне мяжы: усё часьцей у імя якраз свабоды і прадухіленьня пагрозаў сувэрэннасьці грамадзяне дамагаюцца ўтрываленьня межаў ці нават іх закрыцьця.
Такая сытуацыя ўва ўсходняй частцы Эўропы, аднак ці толькі тут? Нягледзячы на спраўджаныя прагнозы аб мадэрнізацыі і тэхнічным прагрэсе, нягледзячы на імклівы працэс задзіночаньня Эўропы, напрыканцы ХХ стагодзьдзя ніхто сур’ёзна не гаворыць аб поўным скасаваньні межаў на нашым кантынэнце. Якраз наадварот, чуюцца ўсё больш магутныя галасы ў іх абарону, у абарону захаваньня ўласнай адметнасьці. Тэхніка зрабіла вельмі шмат, але яна бездапаможная што да ляку чальцоў супольнасьці перад яе поўнай адкрытасьцю. Нельга таксама гаварыць аб зьнікненьні этнічных канфліктаў, а сьвядомасьць нацыянальнай прыналежнасьці, нягледзячы на зьмены ў ёй, дагэтуль застаецца важкай сілай, што аказвае ўплыў на сучасных эўрапейцаў.
Эўропа перажыла ўжо шмат розных формаў існаваньня мяжы. Яе ўзводзілі, каб падзяляць, адпалохваць і ізалёўваць, каб бараніць, а таксама, каб злучаць і сустракаць. Зьмена падыходу да праблемы мяжы заўсёды была моцна зьвязана з узьнікаючым новым тыпам сьветапогляду. Цяперашні момант – гэта час пераацэнак, заняпаду старых сыстэмаў і гіерархіяў, дзеля чаго важным становіцца паўторнае пытаньне аб разуменьні мяжы сёньня, калі адбываюцца дэбаты аб Эўрапейскім Саюзе ці аб Эўропе рэгіёнаў.
Дзяржаўныя межы, геаграфічныя межы ня будуць асноўнай тэмай гэтых разважаньняў. Нас больш цікавіць культурны, грамадзкі і псыхалягічны аспэкт мяжы ў жыцьці эўрапейцаў.
Жан-Мары Дамэнак у сваёй кнізе «Эўропа: выклік для культуры» (Europe: le dйfн culturel) вось так разглядае Эўропу, межы якой сьціраюцца: «Пераходзячы на другі бок Райну Эўрапейскім мостам, мы нават не заўважаем, што пераходзім з Францыі ў Нямеччыну. Калісьці, яшчэ дзіцем, я з заходняга берагу Райну назіраў пры дапамозе бінокля майго дзеда-артылерыста манэўры маладых нацыстаў. Сёньня мяне агортвае радасьць, якую, аднак, суправаджае пэўны непакой: я ўжо ня бачу межаў маёй тэрыторыі, дарма што мяжа (finis) заўсёды была тым, што мяне акрэсьлівае (dйfinit), абумоўлівае, што вызначае мае ўласныя абмежаваньні».
Трэба пагадзіцца, што для эўрапейца такі погляд зьмяшчае цяжкую ў пляне вырашэньня супярэчнасьць: з аднаго боку, радасьць ад пераадоленьня, а па сутнасьці ад выбаўленьня ад межаў, з другога боку – патрэба ўстанаўленьня мяжы, якая мяне акрэсьлівае, вызначае маю тоеснасьць. Інакш кажучы, туга па адчужэньні сустракаецца з тугой па ўкараненьні.
І вось такім чынам мы дапялі да самага асяродку палемікі, якая адбываецца ў сёньняшняй Эўропе і ангажуе людзей палітыкі, эканомікі, культуры і навукі. І няма нічога дзіўнага, што мы толькі пачынаем удзельнічаць у выпрацоўцы новага кшталту аб’яднанай Эўропы. Палеміка ўзмацнілася пасьля публікацыі вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў, якія праводзіліся наўперад сярод маладога пакаленьня эўрапейцаў і якія выявілі ўзрастаючую перавагу поглядаў, зьвернутых да ўкараненьня, над поглядамі, зьвернутымі да адчужэньня. Як жа мы далёка ад шэсьцьдзясятых гадоў! Варта запытаць: ці прыведзеныя тут погляды неабходна прызнаць узаемавыключальнымі? Ці трэба шукаць вырашэньня ў прызнаньні рацыі аднаго з бакоў? Ці не належыць папросту дазволіць узьнікнуць гэтай супярэчнасьці, якая зьявіцца так жа натуральна, як і ў гэтым сьведчаньні Дамэнака? Ці не такі па сваёй сутнасьці эўрапейскі дух, што сягае сваімі каранямі разнастайнасьці і шматгалосься, што пагарджае чысткамі і рэдукцыяй рэчаў да аднаго вымеру? Дазволіць узьнікнуць гэтай супярэчнасьці азначае прызнаць яе прыналежнай натуры Эўропы, азначае так будаваць яе кшталт, каб ён зьмясьціў тое, што дзе-небудзь яшчэ зьмясьціць будзе немагчыма, што разарве любую іншую, з нашага мэталу зробленую судзіну. У гэтым і задача сапраўднага будаўніка, бо – як гаварыў мой майстра, цясьляр і старавер – не вялікая штука збудаваць сабе страху над галавой, значна цяжэй збудаваць такую страху, якая не захінае неба! Да такой будовы імкнуцца тыя, хто выпрацоўвае кшталт Эўропы рэгіёнаў, Эўропы, у якой яшчэ раз унівэрсальнае народзіцца з таго, што зьяўляецца адметным.
Мяжа сьвятая
Чалавек, які ўстаўляе мяжу, вельмі часта вызначае лінію прыналежнасьці да сфэры сакральнага. Парушэньне такой мяжы раўназначнае зьнявазе Бога. У «Законах» Плятона мы знаходзім якраз такую думку, укладзеную ў вусны самога Зэўса, апекуна межаў, якога грэкі называлі Геркоёс – Памежны: «Хай ніхто ня зрушыць каменя, які аддзяляе яго маёмасьць ад маёмасьці суседа...». Ганна Арэнт, інтэрпрэтуючы гэты фрагмэнт у «The Human Condition», падкрэсьлівае, што тым, што змушала грэкаў бараніць незачэпнасьць межаў, была «не пашана да прыватнай уласнасьці, так як мы разумеем яе сёньня, але факт, што без валоданьня домам чалавек ня ў стане ўзяць удзел у справах гэтага сьвету, бо ён не заняў у ім свайго ўласнага месца». Славяне садзілі на межах дрэвы ігрушы, сьцяць якія – як верылі паўсюль – азначала няшчасьце. Мы баранілі сваё месца, сваю адметнасьць, і таму тое, што – як кажа Дамэнак – нас акрэсьлівае, што стварае нам магчымасьць асабістага ўдзелу ў справах гэтага сьвету. Адкрытым застаецца пытаньне аб прасторавым абсягу гэтага месца. Некалі гэта было найбліжэйшае абкружэньне, сямейная маёмасьць, наша малая радзіма, муры нашага гораду... Сёньня ў нас нацыянальныя дзяржавы са сваімі ахоўванымі межамі і пачуцьцё, што мы страцілі ўласнае месца.
Мяжа адносная
Яна паходзіць з той часткі Эўропы, у якой цяжка знайсьці што-небудзь больш няпэўнае, чымся дзяржаўныя межы. Тут можна сустрэць людзей, якія, не зьмяняючы на працягу ўсяго жыцьця месца свайго жыхарства, былі грамадзянамі трох, а нават і чатырох дзяржаваў. Межы маёй краіны пасьля другой сусьветнай вайны былі перанесены на сто, а часам і больш кілямэтраў на Захад.
Адноснасьць межаў яшчэ больш падкрэсьлівае факт іх часта абсурднага разьмяшчэньня, якое пагарджае ўсялякімі нормамі рацыянальнага мысьленьня і належнага ўспрыманьня сапраўднасьці. Здараецца, што мяжа тут праходзіць праз цэнтар мясцовасьці, падзяляючы зь незразумелых прычынаў сем’і ці людзей, што гавораць на адной і той мове. Пасля першай сусьветнай вайны ў Цэнтральнай Эўропе ўзьнікла – заміж сямёх – чатырнаццаць дзяржаваў, і цяпер у ёй няма дзяржавы, якая б уважала свае межы за справядлівыя – і гэта спадчына мірных трактатаў, заключаных у выніку абедзьвюх войнаў. «Гэтыя межы вызначала алоўкам на стале, на якім сьвяткаваліся іх ваенныя перамогі, група палітычных і вайсковых псыхапатаў», – сьцьвярджае прафэсар Кучэра з Прагі.
Я сам жыву паблізу т.зв. «патройнага стыку», месца, нязвычнага ў гэтай частцы Эўропы, у якім, пачынаючы ад XV стагодзьдзя, нязьменна сыходзяцца межы трох дзяржаваў – былога Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Літоўскага і Крыжацкага Ордэна; сёньня Польшчы, Летувы і Калінінградзкай вобласьці Расіі.
Я падаю гэты прыклад як выключэньне, што пацьвярджае правіла.
Гэтаму спрыяе зьява нязвычнай міграцыйнай дынамікі жыхароў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, выкліканай ці то эканамічнымі прычынамі (у апошні час напрыклад, вандроўкі румынскіх цыганоў у Польшчу і Нямеччыну ці вяртаньне трансыльванскіх вугорцаў у Вугоршчыну), ці то прымусовымі дэпартацыямі, што праводзіліся камуністычным рэжымам (перасяленьне ўкраінскага насельніцтва з усходу на захад Польшчы, дэпартацыя судэцкіх немцаў з Чэхаславаччыны ў Нямеччыну). Прыклады можна множыць. На Захадзе падобныя зьявы ня мелі месца, ці, прынамсі, былі не ў такой ступені. Тым ня менш, якраз там, наўперад з прычыны прагрэсуючага працэсу адкрыцьця і сьціраньня дзяржаўных межаў, узьнікла ўзрастаючае пачуцьцё адноснасьці і часовасьці межаў. У выніку жыхары абедзьвюх, яшчэ нядаўна падзеленых, частак Эўропы сёньня ў аднолькавай ступені тужаць па месцы, межавы камень якога ня быў бы парушаны і якое б спрыяла нашаму ўкараненьню.
Таксама ўсё больш відавочным становіцца перакананьне, што памежная лінія гэтага месца ўжо ня будзе памежнай лініяй нацыянальнай дзяржавы, а хутчэй нашага бацькоўскага, роднага рэгіёну, зь якім нам лягчэй поўніцай сябе атаясаміць.
Мяжа парушана
Эўрапейскі дух так жа моцна, як да ўкараненьня, імкнецца і да адчужэньня, выбаўленьня ад лякальных прыналежнасьцяў. Несупыннае перасяганьне межаў ёсьць выклікам, які эўрапеец намагаецца з радасьцю агораць.
За гэтым стаіць неспатольная цікавасьць да сьвету, адкрытасьць для адметнасьці, спасьцераганьне багацьця ў разнароднасьці. За гэтым стаіць і прагненьне стварыць надлякальную структуру, цывілізацыю з унівэрсальным характарам, якая б абымала і асвойвала па магчымасьці больш розных прастораў. Якраз такой была лацінская цывілізацыя. Такой была і «Republique des Letters», што была зыніцыявана гугенотамі, выгнанымі Людовікам XIV напрыканцы XVII стагодзьдзя. Спасярод элітаў розных краінаў яны распаўсюджвалі кнігі, што друкавалі самі, дзякуючы чаму француская мова стала мовай супольнага, эўрапейскага паразуменьня. Прыналежнасьць да гэтай рэспублікі атаесамлялася з абсалютным і поўным адмаўленьнем ад усялякай рэлігійнай, нацыянальнай і нават сямейнай прыналежнасьці. Такім чынам, гэта крайні прыклад супрацьстаўленьня сябе лякальнасьці і дыскрэдытацыі ўсялякай адметнасьці.
Інакш стаяла справа з лацінскай цывілізацыяй, якая дзякуючы хрысьціянству стала ўспрымальнай да лякальнага калярыту і якая паглынула і тым самым захавала рэгіянальныя адметнасьці. Яе адзінствам было адзінства ў разнароднасьці.
Безумоўна, якраз з таго духу, што несупынна імкнуўся да перасяганьня межаў, і нарадзілася сёньняшняе эўрапейскае задзіночаньне. Не падлягае сумневу, што яго зьдзейсьненьне створыць зусім новую якасьць у гісторыі Эўропы. Тым ня менш прыведзенае мной водгульле розных аб’яднальных канцэпцыяў зь мінуўшчыны ўсплывае ў сёньняшніх дыскусіях пад знакам саюзу.
Таксама трэба памятаць, што якраз дзякуючы імкненьню да парушэньня межаў Эўропа, як ніякая іншая культура, несупынна застаецца дынамічнай, несупынна адкрытай і экспансіўнай.
Межы Эўропы
Вельмі цяжка ўзяць і сказаць, дзе праходзяць межы Эўропы. Дагэтуль, напрыклад, ідуць спрэчкі аб яе ўсходняй мяжы. Герадот змяшчаў яе на Доне, дэ Голь на Ўрале, а да апошняга часу былі яшчэ і такія, хто ўпарта зьмяшчаў яе на Эльбе. Сёньня ўсё часьцей гавораць аб Эўропе ад Атлянтыкі да Ўралу. А дзе праходзяць яе межы на Поўдні?
Гэта прагучыць парадаксальна, але ўнівэрсалізм эўрапейцаў заўсёды меў свае межы. Была ўнівэрсальная эўрапейская цывілізацыя, якая ахоўвала свае межы, што аддзялялі яе ад сьвету барбараў. Таму пачынаючы ад «limes» – межаў Рымскай імпэрыі – само існаваньне Эўропы абумоўлена выразьлівым устанаўленьнем яе геаграфічных лініяў. Гэтыя межы, відавочна, можна было, ці нават – як сьцьвярджалі цывілізацыйныя місіянэры – трэба было расшыраць. Само слова, што вызначала эўрапейцаў – «europeenses», зьявілася ўпершыню як вызначэньне хрысьціянскіх ваяроў, якія ў VIII стагодзьдзі змагаліся за расшырэньне імпэрыі Карла Вялікага. Сьвядомасьць існаваньня мяжы, што аддзяляла нас, жыхароў Дзяржавы Цэнтру, ад чужых, якіх мы на працягу доўгага часу абразьліва называлі барбарамі, сьведчыла аб існаваньні нашай эўрапейскай тоеснасьці. Трэба памятаць, што нашы «limes» ніколі не былі такімі шчыльнымі і замкнёнымі, як, напрыклад, кітайская сьцяна, яны былі і межамі пранікненьня ўзаемных уплываў, значэньне якіх для разьвіцьця Эўропы не падлягае дыскусіі. Тым ня менш сам факт іх існаваньня вызначаў нашу адметнасьць і наш характар.
Былі зьдзейсьнены разнастайныя спробы парушэньня ці нават скасаваньня тых жа самых межаў. Асабліва ў нашым стагодзьдзі адкрытасьць Эўропы для іншых цывілізацыяў, да чаго асабліва спрычынілася дынамічнае разьвіцьцё антрапалёгіі культуры, мела ня толькі пазнавальны характар, паколькі гэта суправаджалася падрывам эўрацэнтрызму і супрацьстаўленьнем пыхлівай Эўропе мудрасьці іншых культур. У выніку, аднак, эўрапейская культура стала яшчэ больш разнароднай, а «limes» у нашай сьвядомасьці існуюць і надалей. Існуюць, дарэчы, як сьвядомасьць пагрозы, што, безумоўна, заўсёды і актывізоўвала ўсе спробы аб’яднаньня Эўропы.
Такая сытуацыя і сёньня. Коўнгоў-Калергі, які ў Вене ў 1923 годзе сваёй кнігай пад назвай «Пан-Эўропа» заклаў падваліны пад сёньняшні эўрапейскі саюз, перасьцерагаў ад Саветаў, бачачы на барбарскім Усходзе галоўную пагрозу для Эўропы. У тым, што перасьцярогі Калергі не былі беспадстаўнымі, пераконвае польскі пісьменьнік Станіслаў Вінчэнз, што ў кнізе «Дыялёгі з Саветамі» апісвае рэакцыі людзей, якія на вестку аб уступленьні Чырвонай Арміі ў Польшчу пачыналі паліць кнігі, бо іх наяўнасьць магла стаць прычынай уласнай згубы. Сёньняшнія дзеяньні эўрапейцаў, скіраваныя на абарону ў тым ліку і кнігі ад амэрыканскага засільля, ад масавай кічавай культуры, адразу нагадваюць намаганьні па ўстанаўленьні мяжы, новых «limes» у абароне эўрапейскай тоеснасьці.
Эўропа Цэнтру
Узмацненьне і пільная ахова межаў, ці то «limes», ці то межаў нацыянальных дзяржаваў, мае месца ня толькі ў эпоху ўзрастаючай пагрозы звонку. Магутных межаў дамагаецца слабы цэнтар. Інакш кажучы, гэта наш нутраны крызыс, наша тоеснасьць, якая знаходзіцца пад пагрозай, прыводзіць да таго, што мы пачынаем надаваць вялікую вагу мяжы, якая павінна нас абараніць. У такой сытуацыі нараджаюцца напружаньні і лёгка ўспыхваюць канфлікты.
На пачатку я быў згадаў, што сёньня зьмяняецца наша разуменьне межаў у параўнаньні, напрыклад, з шэсьцьдзясятымі гадамі. Вытокаў такога стану рэчаў варта шукаць у нутраных праблемах саміх эўрапейцаў. Усё больш настойліва артыкуляваная патрэба ўкараненьня выражае непакой, зьвязаны са стратай уласнага месца. Захапленьне магчымасьцю лёгкага перамяшчэньня, здабыцьця прасторы, адкрытасьцю межаў саступае месца пошуку шляхоў, што вядуць да асяродку, да самога цэнтру.
А дзе шукаць цэнтар у сучаснай Эўропе? Мы ўжо даўно страцілі Рым як цэнтар, што зіхціць на ўсю нашу цывілізацыю. У мінуўшчыну таксама адышоў пэрыяд, падчас якога ролю цэнтру маглі выконваць некаторыя гарады з магутным культурным і палітычным патэнцыялам – такія, як Парыж або Вена. Не ўдаецца гэтай ролі адыгрываць і сучасным цэнтрам эўрапейскай адміністрацыі, Брусэлю ці Страсбургу, за якімі сапраўды стаіць Эўропа адкрытых межаў, але Эўропа ўніфікаваная.
Калі я добра распазнаю імкненьні эўрапейцаў, найзырчэй выражаныя ў існуючай супярэчнасьці паміж выразьлівым устанаўленьнем межаў свайго месца і іх несупынным парушэньнем, то новай Эўропай, якая ўзьнікне ў найбліжэйшым часе, будзе Эўропа рэгіёнаў. Бо мне здаецца, што толькі такая яе форма зробіць магчымым дасягненьне сучасным эўрапейцам цэнтру, што ўкарэньвае і вызначае яго ў сваёй адметнасьці і адначасова забясьпечвае яму ўдзел у справах гэтага сьвету, у тым, што паўсюднае.
Што такое Эўропа рэгіёнаў? Гэта куля, цэнтар якой паўсюль, а межы нідзе. Гэтае адмысловае вызначэньне Бога, сфармуляванае яшчэ гермэтычнай традыцыяй і дзякуючы сярэднявечным містыкам прысабечанае хрысьціянствам, падаецца надзвычай трапным і ў адносінах да нашых разважаньняў. Узьнікненьне малых і вялікшых рэгіёнаў – гэта ўзьнікненьне аўтэнтычных цэнтраў, што знаходзяцца паблізу чалавека і што як мага паўней яго выражаюць. Гэты працэс неабходны ў часе ўзьнікненьня эўрапейскага саюзу, неабходны для раўнавагі. Адкрыцьцё ці скасаваньне межаў выкліча ўзмацненьне разнароднасьці і адметнасьці, якія будуць бараніцца ад уніфікацыі. І гэта натуральная зьява. Так спараджаецца далёка не чужое эўрапейскаму досьведу адзінства ў разнароднасьці. Узьнікненьне рэгіёнаў – гэта імкненьне да пошуку цэнтру, рух унутро. Адначасна ўзмоцнены цэнтар адчыніць межы, прыцішыць нашы страхі перад адкрытасьцю і зьмяшэньнем, і тым самым спрычыніцца да павелічэньня шанцаў рэалізацыі ідэі эўрапейскай супольнасьці.
Фальшывым зьяўляецца цьверджаньне, што ў імкненьні эўрапейцаў да ўкараненьня ў сваіх малых рэгіёнах крыецца небясьпека прымату партыкулярных інтарэсаў, ксэнафобіі і нацыяналізму. Нацыяналізм надышоў з пэрыфэрыі. Ён нарадзіўся сярод людзей, аддаленых ад цэнтру, які жылі з комплексам цэнтру і былі эксплюатаваныя цэнтрам. У гэтым сэнсе нацыяналізм зьяўляецца плодам пэрыяду нарастаючай дыспрапорцыі паміж палітычна-культурным цэнтрам і рэгіянальна-этнічнай правінцыяй. Рэальную процівагу гэтаму можа стварыць Эўропа, якая заснуе цэнтры на пэрыфэрыях і асяродак якой будзе паўсюль.
Эўропа рэгіёнаў, баронячы адметнасьці і разнароднасьці як багацьці, якія яе самавызначаюць, безумоўна, ня будзе імкнуцца да сьціраньня існуючых межаў. Існаваньне магутных рэгіянальных цэнтраў будзе захоўваць і ўмацоўваць гэтыя межы. У гэтым няма супярэчнасьці, паколькі першапачатковае значэньне самога слова «мяжа», лацінскага «finis» і роднаснага яму «finitimus» – памежны, зьвязана хутчэй з паняцьцем блізкага суседзтва, чымся з поўнай ізаляцыяй. У гэтым спэцыфіка рэгіёну, які можна назваць рэгіёнам паўзьмежжа, і таму такім, у якім межы ідуць унутро, а не навонкі блізкага нам прасьцягу. Існаваньне жывога цэнтру аслабляе адно тыя межы, якія ідуць навонкі, якія ізалююць і замыкаюць, натуральным чынам узмацняючы існаваньне межаў, што ідуць унутро і вызначаюць характар рэгіёну.
Існаваньне і разьвіцьцё рэгіёнаў паўзьмежжа, якіх у сучаснай, шматкультурнай Эўропе будзе ўзьнікаць усё больш, надзвычай важнае ў працэсе ажыцьцяўленьня эўрапейскага задзіночаньня. Бо якраз у гэтых рэгіёнах мае шанцы найхутчэй утварыцца аўтэнтычная супольнасьць, народжаная ў змаганьні магутных адметнасьцяў. Якраз тут выразьліва ўстаноўленыя межы будуць супадаць ува ўнівэрсальным цэнтры. Так будзе ўзьнікаць Эўропа Цэнтру. І тады, можа, нам удасца збудаваць такую страху над нашай галавой, якая ня будзе захінаць неба.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
З пэрспэктывы Трансыльваніі
Дарагі Аляксандру*!
На тваю прапанову размовы адказваю – як гэта ўжо некалі было – лістом. Папярэдні я напісаў табе, калі ты падрыхтоўваў бліскучы нумар «Кантэкстаў», прысьвечаны антрапалёгіі тэатру і альтэрнатыўнай культуры. Я тады быў у «Падарожжы на Ўсход» з калектывам, што якраз у тым – 1990 годзе – стварыў Фонд «Паўзьмежжа», а пазьней Цэнтар «Паўзьмежжа – мастацтваў, культур, нацыяў» з сядзібай у Сэйнах.
Сёньня ты падрыхтоўваеш выданьне «Кантэкстаў», прысьвечаных Летуве, ты бываў у маім доме на шляху ў Вільню і Коўню, запісваючы адрасы і цяжкія для завучваньня прозьвішчы.
Тое, што тут перацінаюцца нашы шляхі, што такі гэтым разам кантэкст нашай размовы, найбольш яскрава адлюстроўвае эвалюцыю, якую перажылі нашы пошукі. Сёньня мы заангажаваныя ў спасьціжэньне Летувы, у прысутнасьць Летувы. Сёньня мы ўсё лепш паўтараем прозьвішчы, вучымся мэлёдыі словаў, якія ў вуснах паляка не асвоены зусім, нібыта мы чуем голас не з суседзтва, што трывае стагодзьдзі, а з далёкага кантынэнту.
І пры ўсім гэтым ты прапануеш – і гэта яшчэ адзін доказ тваёй д’ябальскай інтуіцыі – назваць нашу размову «З пэрспэктывы Трансыльваніі», што адразу надае прадмету нашых зацікаўленьняў належныя, шырэйшыя вымеры.