Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 31 страниц)
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
* Рэфэрат, прачытаны падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Горад і народная культура ў гісторыі Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны», праведзенай 7–9 кастрычніка 1994 г. Міжнародным Цэнтрам культуры ў Кракаве.
*Анатоні Падраза – вядомы польскі гісторык і культурны дзеяч. Прафэсар, доктар габілітаваны. Працуе ў Інстытуце гісторыі Ягелонскага ўнівэрсытэту (Кракаў). Намесьнік старшыні «Усходнеэўрапейскай камісіі» пры Польскай акадэміі навук. Гэтая камісія ўлучае каля 40 дасьледнікаў, што займаюцца рознымі аспэктамі гісторыі і культуры Ўсходняй Эўропы. Ёй падрыхтаваны энцыкляпэдычны даведнік па Ўкраіне. Чалец Грамадзкага камітэту аднаўленьня помнікаў архітэктуры Кракава.
Удзельнічаў у стварэньні нядаўна выдадзенай калектыўнай манаграфіі «Królowie elekcyjni. Leksykon biograficzny. Praca zbiorowa pod redakcjа Ireny Kaniewskiej (Wydawnictwo Literackie)» – навукова-папулярнай біяграфіі ўсіх выбраных каралёў Рэчы Паспалітай.
У 1999/2000 навучальным годзе прачытаў курс лекцыяў на гістарычным факультэце Ягелонскага ўнівэрсытэту пад назвай «Europa jedna i podzielona w czasach nowożytnych (XVI–XVIII w.) – rozważania o wielkich regionach historycznych».
Здабыў вядомасьць ува ўсёй Польшчы сваімі дасьледаваньнямі на тэму «Польска-ўкраінскія дачыненьні эпохі Новага часу».
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды аўтара.
*Рышард Радзік
Беларусь і Сярэдне-Ўсходняя Эўропа
Культурныя перадумовы палітычна-эканамічных ператварэньняў
Сярэдне-Ўсходняя Эўропа ніколі не была эканамічным, палітычным або культурным маналітам. Пасьля другой сусьветнай вайны накінутая сыстэма ў шматлікіх аспэктах прыпадобіла да сябе ахопленыя ёй краіны. Падавалася, што зьмяншаюцца адрозьненьні, якія падзяляюць іх. Гэтая тэндэнцыя была рашуча адкінута пасьля 1989 году, калі ў аўтарытарнай Масквы больш ня стала сілы навязваць іншым собскія палітычна-эканамічныя рашэньні. Аказалася, што некаторыя краіны значна лепш даюць сабе рады, пакладаючыся на саміх сябе, іншыя – прынамсі дагэтуль – ня ў стане ў адэкватнай ступені спраўна кіраваць сваю эканоміку, эфэктыўна мадэрнізаваць свой палітычны лад. Падзел Сярэдне-Ўсходняй Эўропы паводле эканамічнага крытэру: узроўню эканамічнай эфэктыўнасьці, і палітычнага: ступені палітычнай дэмакратызацыі, стаўся досыць выразьлівым. Безумоўныя эканамічныя і палітычныя лідэры тут – краіны Вышаградзкай Групы (абмінем у гэтых разважаньнях колішнюю Югаславію, ГДР або Альбанію). Спасярод чатырох краін гэтай групы Польшча, Славаччына і Чэхія вырозьніваюцца на фоне ўсяго рэгіёну шпаркім тэмпам эканамічнага ўзросту. Польшча як першая краіна ўва ўсім сярэдне-ўсходнім рэгіёне перасягла ўзровень нацыянальнага даходу да перакрышу камунізму. Таму яна нагнала страчанае на пачатку 90-х гадоў. Усе сябры Вышаградзкай Групы таксама лідэры ў працэсе прытарнаваньня собскіх эканомік і палітычнай сфэры, дзяржаўнага ўладкаваньня і права да заходнеэўрапейскіх узораў (у гэтым пляне апошнім часам шмат крытыкі выклікае ступень палітычнай трансфармацыі ў Славаччыне). Гэтыя краіны маюць, безумоўна, найвялікшыя шанцы на ўваход першымі ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO (у гэтым апошнім выпадку няясная пазыцыя Славаччыны).
Засталыя дзяржавы трэба падзяліць на тры групы. Адну зь іх складаюць дзьве краіны: Румынія і Баўгарыя. Другую – тры ўзбалтыцкія рэспублікі: Летува, Латвія і Эстонія. Засталыя краіны – гэта эўрапейская частка СНД: Украіна, Беларусь і Малдова. Спасярод гэтых дзяржаваў найменшы спад нацыянальнага даходу меў месца ў Румыніі і Баўгарыі. Больш за тое, у Румыніі ў мінулым (1995) годзе зафіксаваны нават высокі, роўны Польшчы і Славаччыне, узрост нацыянальнага даходу на 7%. Абедзьве, аднак, маюць велізарныя праблемы з трансфармацыяй эканомікі і палітычнай сыстэмы. Яны і цяпер далёкія ад стварэньня асноваў, на якіх магла б быць пабудаваная здаровая капіталістычная эканоміка ды парлямэнтарная дэмакратыя заходняга тыпу. У іх узьнікаюць праблемы, даўно невядомыя ў краінах Вышаградзкай Групы (напрыклад, апошнія цяжкасьці з забесьпячэньнем хлебам у Баўгарыі). Разрыў паміж вышаградзкай чацьверкай і дзьвюма балканскімі рэспублікамі выяўна павялічыўся пасьля заняпаду камунізму.
Яшчэ больш павялічылася дыстанцыя паміж Вышаградзкай Групай і рэспублікамі былога СССР. Апошнія эвалюцыянуюць у двух розных кірунках. Узбалтыцкія краіны, дарма што спад нацыянальнага даходу склаў у сярэднім каля 50% (найбольшы ў Летуве, найменшы ў Эстоніі), апошнім часам пачалі выкарасквацца з крызысу. Гэта асабліва тычыцца Эстоніі, якая ў пляне некаторых эканамічна-палітычных парамэтраў ужо набліжаецца да вышаградзкай чацьверкі. Беручы пад увагу тэмпы эканамічна-палітычнай трансфармацыі, узбалтыцкія рэспублікі маюць значна большыя шанцы, чымся абедзьве балканскія краіны, на выхад з крызысу, збліжэньне з Захадам і сябраўство ў Эўрапейскім Зьвязе. Істотная праблема для іх замыкаецца ў становішчы ў гэтым пытаньні Расіі, а таксама ў палітычнай і эканамічнай пазыцыі вельмі шматлікай (за выняткам Летувы) расійскамоўнай мяншыні, што засталася ў гэтых краінах пасьля савецкага пэрыяду. Як і ўва ўзбалтыцкіх краінах, так і ў трох рэспубліках СНД нацыянальны даход зьнізіўся ў 90-х гадох у сярэднім на 50% (найменш у Беларусі, найбольш у Малдове). Эканамічная сытуацыя ў гэтых краінах, безумоўна, найгоршая спасярод усяго прасьцягу Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. У Беларусі і Ўкраіне не прадугледжваецца ўзросту нацыянальнага даходу і ў бягучым (1996) годзе. Асабліва сумнеўныя пэрспэктывы ў Беларусі, дзе не праводзяцца істотныя структурныя рэформы. Беларускую эканоміку характарызуе нізкі ўзровень прыватызацыі, вялікая ступень цэнтралізацыі і нестабільныя праўныя нормы, несупынны і значны спад інвэстыцыяў, ліквідацыя цягам апошняга году валютных рэзэрваў краіны (у Польшчы яны складаюць 18 мільярдаў даляраў, больш як валютныя рэзэрвы Расіі). Калі ў Польшчу замежныя інвэстары ў 90-ыя гады інвэставалі ад 8 да 10 мільярдаў даляраў (розьніца вынікае з адрозных мэтадаў падліку), то для Беларусі гэта лічба ў некалькі дзясяткаў разоў меншая (у 1 паўгодзьдзі бягучага году ў Польшчы – 2 мільярды USD, а ў Беларусі – некалькі дзясяткаў мільёнаў). Паводле апошняга рапарту Сусьветнага Банку (1996), найвышэйшай ступені лібэралізацыі эканомік краін разгляданага рэгіёну Эўропы дасяглі краіны Вышаградзкай Групы і ўзбалтыцкія рэспублікі. Найніжэйшага – Беларусь, у нязначна лепшай пазыцыі знаходзіцца і Ўкраіна (не беручы пад увагу Малдовы). Вышэй сягнулі нават Узбэкістан і Віетнам. Сярэднія пазыцыі ў табэлі занялі Баўгарыя і троху больш за яе эканамічна лібэральная Румынія. Найбольшая таксама – паводле ацэнак заходніх фінансавых інстытуцыяў – рызыка інвэставаньня ў рэспубліках СНД, найменшая – у краінах вышаградзкай чацьверкі.
У пляне эканамічных паказьнікаў, і асабліва праводжаных рэформаў, Беларусь знаходзіцца ў палажэньні, наагул горшым, чымся Расія. Ня толькі эканамічна, але і палітычна ды мэнтальна яна ў вялікай ступені яшчэ перабывае ў сацыялізьме. З году ў год усё больш відавочнай стаецца мяжа, што падзяляе Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу на дзьве часткі. Па ейным заходнім баку застаюцца краіны, што наагул шпарчэй выходзяць з эканамічнага крызысу, узьніклага пасьля заняпаду колішняй сыстэмы. Больш за тое, гэтыя краіны – незалежна ад тэмпу ўзросту іхнага нацыянальнага даходу – найхутчэй датарноўваюцца да правіл, абавязковых у рынкавых эканоміках, ажыцьцяўляюць структурныя рэформы, іхная палітычна-праўная сыстэма выразьліва набліжаецца да заходняй. Гэта чатыры вышаградзкія краіны і тры ўзбалтыцкія (якія адрозьніваюцца хутчэй глыбінёй эканамічнага крызысу, чымся мэтадамі выхаду зь яго і спадарожнай гэтаму дэтэрмінацыяй – у найгоршым палажэньні тут знаходзіцца Летува). Гэтыя дзяржавы характарызуе станаўкая, адназначная празаходняя пазыцыя (Эўрапейскі Зьвяз, NATO).
Па ўсходнім баку застаюцца дзьве балканскія краіны ды рэспублікі цяперашняй СНД. Некаторыя зь іх не праводзяць рэформаў блізу зусім – як Беларусь, іншыя робяць гэта ў ступені, значна меншай за краіны «заходняй групы» – напрыклад, Баўгарыя і Румынія, нягледзячы на пэўныя эканамічныя посьпехі апошняй. Мадэрнізацыя сыстэмы палітычнага ўладкаваньня зьдзяйсьняецца там яшчэ больш павольна. Гэтыя краіны зьмешчаныя на горшых пазыцыях у табэлі эканамічнай рызыкі інвэставаньня, яны больш карумпаваныя, напару з амаль выяўна функцыянуючымі мафійнымі структурамі, нярэдка зь неадладжаным гандлем. Частка зь іх настроена выяўна больш прарасійска, чымся праэўрапейска (Беларусь, значная частка грамадзтва ўсходняй і сярэдняй Украіны, завіслая – пазыцыяй сваіх грамадзян – паміж Расіяй і Захадам Баўгарыя). Адно Румынія вэрбальна адназначна празаходняя.
Вышэйапісаная мяжа збольшага супадае зь лініямі, праведзенымі шматлікімі дасьледнікамі гісторыі гэтай часткі нашага кантынэнту, паводле якіх вылучаюцца два блізкія паміж сабой культурныя колы, якія былі разарваны ў часы сацыялізму і якія ажываюць цяпер. Сэмуэль П. Хантынгтан праводзіць лінію, што цягнецца з поўначы на поўдзень кантынэнту і вылучае абедзьве часткі Эўропы, пачынаючы зь мяжы Фінляндыі з Расіяй і канчаючы на мяжы паміж Харваччынай і Славеніяй ды засталай часткай колішняй Югаславіі. «Народы, што знаходзяцца на поўнач і захад ад гэтай лініі, – заўважае гарвардзкі палітоляг, – гэта пратэстанты або каталікі. Гэтыя народы падзяляе супольны досьвед эўрапейскай гісторыі – фэўдалізм, рэнэсанс, рэфармацыя, асьветніцтва, француская рэвалюцыя, прамысловая рэвалюцыя. Наагул яны знаходзяцца ў лепшай эканамічнай сытуацыі, чымся народы з усходу, і могуць чакаць хутчэйшага ўлучэньня ў эўрапейскую эканоміку, а таксама больш саліднай пабудовы дэмакратычнай сыстэмы. Народы, што знаходзяцца на ўсход або на поўдзень ад гэнай памежнай лініі, – праваслаўныя альбо мусульманскія, яны гістарычна належалі да атаманскай імпэрыі або да імпэрыі расійскіх цароў, эўрапейскія працэсы закраналі іх адно нязначна і наагул яны ў горшай эканамічнай сытуацыі і значна менш праўдападобным падаецца разьвіцьцё ў іх стабільнай дэмакратычнай сыстэмы. Зялезную ідэалягічную заслону заступіла аксамітная культурная заслона – гэта цяпер найбольш значэнны падзел у Эўропе»[Unia brzeska: Geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów słowiańskich, praca zbiorowa pod red.: R. Luznego, F. Ziejki, A. Kępińskiego, Kraków, 1994.].
Аналягічна бачыць гэтыя межы Ален Бэзансон. На яго думку, каб не расійскія захопнікі і ня выхад з гульні Турэччыны, усходняя мяжа Эўропы супадала б зь межамі колішніх пруска-швэдзкай, польска-літоўскай і аўстра-вугорскай супольнасьцяў[115]115
A.Besanson, Wschodnie granice Europy, «Res Publica Nowa», 1996, № 1, s. 4 (першапублікацыя ў «Commentaire», № 71, восень 1995).
[Закрыть]. Захоп Расіяй беларуска-ўкраінскіх земляў, ліквідацыя уніі і ўводжаньне на яе месца праваслаўя перасунула межы так зразуметай Эўропы на некалькі сот кілямэтраў. Фармаваньне новых падзелаў, абумоўленых упаасобку магчымасьцяй уступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, паводле межаў рэлігійнай прыналежнасьці занепакойвае некаторыя грамадзтвы, шмат інтэлектуалаў, а таксама палітыкаў. Назначаньне гэтых межаў наагул ня ёсьць вынікам бачаньня Эўропы ў катэгорыях рэлігійнай «лепшыні» або «гаршыні» Гэта вынікае не з sacrum, а з profanum, створаным чалавекам культурным абніцаваньнем асноўных праўдаў веры, з шматстагодняй традыцыі адметных грамадзкіх, палітычных, эканамічных практык, у под якіх лягла троху іншая сыстэма вартасьцяў, наагул сьвецкіх, хоць часам апэлюючых і да рэлігіі. Велізманы разрыў, які ўзьнік (і значна павялічваецца) цягам кароткага пэрыяду 90-ых гадоў паміж Беларусяй і Польшчай, змушае задумацца над прычынамі гэтай зьявы, адначасна прыгадваючы і словы Хантынгтана і Бэзансона.
Мяне асабліва цікавяць культурныя (і таксама вынікаючыя з формы грамадзкай структуры) перадумовы палітычных і эканамічных працэсаў, пошук адказу на пытаньне: ці існуюць і якія гэта дзейнікі, вызначэньне якіх прынамсі часткова парадкавала б часам ілюзорны хаос і ўяўную адвольнасьць рэакцыяў грамадзтваў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы.
Культура
Узьнікненьне сваіх культур з традыцыі Рыму або Бізантыі злучана з адметным для паасобных краін гістарычным досьведам, што асабліва мадыфікуе іхную палітычную культуру. Баўгарыя і Румынія вельмі доўгі час паддаваліся турэцкім уплывам, Расія – мангольскім, а Ўкраіна і Беларусь – польскім, а пасьля расійскім. Значная частка Польшчы ў пэрыядзе акупацыі знаходзілася ў імпэрыі Раманавых.
У адваротнасьць ад хутчэй прагматычнай, рацыяналістычнай – хаця і інтэлектуалісцкай – а з часам і нават і матэрыялістычнай лацінскай Эўропы, праваслаўе ў сваім грамадзкім вымеры хутчэй сузіральнае, падаўкое на «нябеснае валадарства ідэі» (С.Булгакаў), яно напару набывае выгляд канкрэтных – і ўспрынятых вельмі эмацыйна – грамадзкіх канцэпцыяў. Усход, безумоўна, больш як Захад міталягізуе і ідэалізуе абкружаючую яго сапраўднасьць. У Расіі схільнасьць да дасягненьня ідэалу, прагненьне рэалізацыі высакародных мэтаў за любую цану, уважаючы вядучыя да іх сяродкі за нешта другараднае, выявілася ўва ўсталяваным бальшавікамі ладзе.
У Беларусі ўзаеміны паміж Царквой і дзяржавай вынікаюць – на ўзор Расіі – з падпарадкаваньня Царквы афіцыйнай уладзе, а ў апошнія гады – з апірышча дзяржавы на Царкву, вонкавага выкарыстаньня ейнай прысутнасьці, відарысу, атрыбутаў. У сэкулярызаванай Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка падчас публічных урачыстасьцяў абкружае сябе высокімі праваслаўнымі дастойнікамі з запалам, роўным таму, зь якім ранейшыя валадары Беларусі кідалі іх у вязьніцы і высылалі на Калыму. Прысутнасьць Царквы ў публічным жыцьці ёсьць перадусім, згодна з традыцыяй, вынікам ейнага інструмэнтальнага трактаваньня чарговымі ўладамі, што адрозьнівае Беларусь ад партнэрска-суперніцкіх узаемінаў абедзьвюх інстытуцыяў у ейнага заходняга суседа.
Праваслаўныя грамадзтвы сфармавалі надзвычай слабыя структуры (пабудовы) сярэдняга ўзроўню, а наймя такія, якія б не былі зыніцыяваныя й кантраляваныя дзяржавай. Яны не стварылі магутных інстытуцыйных і неінстытуцыйных формаў супрацьдзеяньня дзяржаве, дэспатызму. Існую на ўзроўні групы актыўнасьць дзяржава ў ХХ стагодзьдзі была ў стане часткова зьнішчыць і часткова падпарадкаваць сабе. Гэтыя грамадзтвы не заснавалі мэханізмаў дэмакратычнай і аўтаномнай чыннасьці, абапёртай на актыўнасьці, якой сьцьвярджаецца незалежнасьць індывіда. Найчасьцей яна заставалася сам-насам з адміністрацыйным малохам дзяржавы. Грамадзтва й рэлігія былі нагэтулькі дужа злучаныя зь дзяржавай, што пасьля яны былі ня ў стане супрацьдзеяць ёй. У масавым маштабе ня ўзьніклі значэнныя формы абароны, прыклады паводзінаў і катэгорыі мысьленьня, якія б палегчылі перажыцьцё гэтага без блізу поўнай грамадзкай пакоры. Супраціў меў перадусім індывідуальны вымер, абапіраючыся ў гэтым на традыцыі праваслаўнай духовасьці.
Зразумела, што рэформы ў гэткага тыпу грамадзтвах, асабліва ўдалыя рэформы, зазвычай праводзіліся «згары». Грамадзтва было наагул надзвычай слабое, каб праводзіць собскія прапановы. Ягонае разьвіцьцё ў наступак грамадзкіх выбухаў і рэвалюцыяў, а не паступовай эвалюцыі, часта было вынікам адсутнасьці інстытуцыйных структур, якія б спрыялі распружаньню і былі б у стане рэалізоўваць памкненьні грамадзтва, эфэктыўна ўплываючы на дзейнасьць уладаў. Ажыцьцёўленыя ў Беларусі ў дзевяностых гадох сьціплыя захады, скіраваныя на пабудову гэткага тыпу інстытуцыйных струкгураў, былі зь цягам часу рэзка спыненыя, што часткова адбылося ў выніку рэакцыі на гэткага тыпу палітыку з боку бальшыні грамадзтва. Традыцыйнае для Ўсходу разьмеркаваньне ўлады ў грамадзтве (або таксама ўзглядам грамадзтва), якое ў грамадзкай сьвядомасьці выяўляецца ў тым ліку і ў рэзкім падзеле на «нас» і «іх», абцяжвае борздае рэагаваньне на грамадзкія пастуляты, а таксама паступовую эвалюцыю сыстэмы. У гэткага тыпу палітычнай сыстэме выбары ў фармальна прадстаўнічыя органы ўлады зазвычай азначаюць імклівае ўмацаваньне плебісцытных мэханізмаў.
Гэтыя залежнасьці, мэханізмы дзейнасьці і ператварэньняў пасьля друтой сусьветнай вайны былі часткова перанесеныя ў краіны Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Ужо ў ХІХ стагодзьдзі быў заўважны іхны ўплыў на польскае грамадзтва ў Расійскай імпэрыі. Ён выяўляўся ў схільнасьці да разьвіцьця шляхам паўстаньняў-рэвалюцыяў, у стаўленьні да дзяржавы, закону. Зьмены ў выніку паступовай эвалюцыі сыстэмы, якія маюць інстытуцыйную форму, саступкі на карысьць грамадзтва, якое ўсё больш і больш стаецца суб’ектам грамадзкіх і палітычных дзеяньняў, – гэта мадэль значна бліжэйшая аўстра-вугорскай манархіі, і нават дзяржаве Гогэнцалернаў, чымся царскай Расіі. Гэтая апошняя, кіруючы сілай, часам ласкай, але ніколі да 1905 году не саступаючы ўлады дэмакратычным інстытуцыям, прынучала народ, які прызвычаіўся да дэмакратычнай улады над сабой (польская шляхта), да несупынных бунтаў і ўрэшце забурэньняў. Таму і галічанскія палякі былі ў многіх адносінах бліжэйшыя сваёй палітычнай культурай некаторым іншым грамадзтвам Габсбурскай дзяржавы, чымся палякам у Расійскай імпэрыі (падобнае было – зважаючы на адпаведныя ўзаеміны – і ў выпадку той часткі Польшчы, якая апынілася ў складзе нямецкай дзяржавы). Пасьля другой сусьветнай вайны разьвіцьцё польскага грамадзтва шляхам частых закалотаў было вынікам несупыннай канфрантацыі нацыі, што валодае магутнымі вызвольнымі традыцыямі і актыўным шляхотна-інтэлігенцкім этасам палітычнай дзейнасьці, з уведзенай дзяржавай сыстэмай вартасьцяў, узьніклай на Ўсходзе і распаўсюджванай у створаных там формах. Таму яно было вынікам заблякаваньня мэханізмаў, што забясьпечваюць разьвіцьцё шляхам эвалюцыі.
Грамадзтвы паасобных рэгіёнаў Эўропы розьняцца сваім стаўленьнем да дзяржавы. Шмат нацыяў Заходняй Эўропы фармавалася вакол інстытуцыяў дзяржавы і ўстаноўленых імі межаў. Шматстагодняе існаваньне гэтых дзяржаваў дало іхным жыхаром пачуцьцё пэўнасьці іхнага нацыянальнага й дзяржаўнага быцьця. Напару гэта прыводзіла іхных грамадзянаў да прагматычнага й нават спажывецкага стаўленьня да собскага гаспадарства. Гаспадарства забясьпечвае іхныя інтарэсы, умагчымляе актыўную эканамічную дзейнасьць, гарантуючы палітычна-праўную стабільнасьць. Дыстанцыя спаміж грамадзтвам і дзяржавай (уладай), дарма што яна ўсьцяж існуе, зьмяншаецца ў выніку пачуцьця ўдзелу ягоных грамадзянаў у працэсе ажыцьцяўленьня ўлады, наўперад на мясцовым узроўні, узроўні самакіраваньня. У Сярэдняй Эўропе стаўленьне да дзяржавы наагул досыць амбівалентнае. Ухваляльна-эмацыйнае, дужа ідэалягізаванае, апэлюючае да нацыянальных ідэалаў, гісторыі. Якраз нацыянальная дзяржава ёсьць відавочным здабыткам ХІХ– і ХХ-стагодняй нацыянальна-вызвольнай барацьбы, і ў гэтым аспэкце яна перажывае, безумоўна, большую міталягізацыю, чымся на Захадзе. Аднак адначасна над штодзённым стаўленьнем да дзяржаўных інстытуцыяў ляжыць цяжар традыцыяў іхнага колішняга адмаўленьня, узьніклых у пэрыяд імклівага пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці ў гэтых грамадзтвах, калі дзяржава найчасьцей была чужым, захопніцкім арганізмам. Навідавоку таксама прагматычна-патрабавальнае стаўленьне да дзяржавы як да не зусім собскай, узьніклае ў пэрыяд сацыялізму. У Сярэдняй Эўропе якраз нацыі стваралі дзяржавы.
Інакшая сытуацыя ў Беларусі. Савецкая дзяржава стварыла беларускае грамадзтва ў яго цяперашняй форме. Яна не сфармавала беларускай нацыі, як і нацыя не пабудавала дзяржавы (паколькі грамадзтва ў сваёй асноўнай масе так і не было «нацыялізавана»). Гэтая дзяржава ня ёсьць вынікам рэалізацыі нацыянальнай мэты-міту, ідэалу нацыянальна-вызвольнай барацьбы, напяцьця грамадзкіх эмоцыяў. Гістарычная сьвядомасьць ейных жыхароў рэдка выходзіць за савецкі пэрыяд. Савецкі Саюз ня лічыцца грамадзкімі масамі зьнявольнікам беларусаў. Назіраецца таксама адсутнасьць пачуцьця, што дзяржава (улада) – гэта «мы», традыцыяў актыўнасьці на ўзроўні самакіраваньня і дастатковага аўтарытэту мясцовых уладаў. Рэспубліка Беларусь успрымаецца сваімі грамадзянамі баржджэй у спажывецка-сацыяльных катэгорыях, чымся ў нацыянальных. На ўзор Зінаіды Сікевіч у яе апісаньні расійцаў можна сказаць, што і беларусы трактуюць сваё гаспадарства як калектыўнага бацьку, інстытуцыю, якая калі не выконвае сваіх бацькоўскіх функцыяў, то не заслугоўвае грамадзкай падтрымкі. «Пэрсаніфікацыяй такой дзяржавы ёсьць прэзыдэнт-правадыр, які толькі тады будзе заслугоўваць грамадзкага прызнаньня, калі будзе паводзіць сябе як правадыр, а ня звычны чалавек, што часова займае высокую пасаду»[116]116
Z. Sikiewicz, Mentalność radziecka w wiadomości masowej Rosjan. Referat wygіoszony na IX Ogólnopolskim Zjeździe Socjologicznym, Lublin, 27–30 czerwca 1994 r. (машынапіс).
[Закрыть]. Таму галасуюць за «бацьку», які сам выбавіць краіну, вышэй за закон стаўляючы эфэктыўнасьць дзеяньня. Згодна з гэткім тыпам мысьленьня просты чалавек зрабіць можа няшмат. Гэтая патэрналісцкая мэнтальнасьць наўпрост выводзіцца з расійскіх традыцыяў. Апазыцыя «мы» й «яны» вырастае з схільнасьці да выяўленьня групавой, калектыўнай пазыцыі (варожай індывідуалізму), тыпу «мы» людзі простыя, сьціплыя, сумленныя (былыя савецкія), нічым не адметныя. Пры гэткім падыходзе сьвет нескладаны, дыхатамічны. Адчуваецца туга за мудрым і магутным бацькам, які будзе ў стане хутка й станаўко ўсё ізноў упарадкаваць. Рэха гэткага тыпу мэнтальнасьці з рознай сілай чуецца ўва ўсёй Сярэдне-Ўсходняй Эўропе.
На Захадзе ідэя свабоды набыла магутны індывідуальны вымер. Яе падтрымала буржуазія, а пасьля сярэдняя кляса. У Сярэдняй Эўропе моцна выявіўся ейны супольнасны, нацыянальны вымер, які пашыраўся мясцовай інтэлігенцыяй. У Беларусі праявы індывідуалізму вельмі слабыя, нацыя ў ісьце так і не сфармавалася, цяжка гаварыць – абмінаючы вузкія серадовішчы інтэлектуалаў – аб інтэлігенцыі з традыцыямі сярэднеэўрапейскага або расійскага тыпу (баржджэй аб клясе «дзяржаўнай бюракратыі»), і пагатоў аб буржуазіі або сярэдняй клясе. Ідэя свабоды валодае гэтта, безумоўна, меншай мабілізацыйнай сілай, чымся ў засталых дзьвюх частках Эўропы. Яна распаўсюджвалася як калектыўна ўсьвядомленая неабходнасьць. У беларускіх умовах нястачы матэрыяльных дабротаў як свабода заходнеэўрапейскага тыпу, так і паймо нацыі не адчуваецца шмат кім як патрэба першай неабходнасьці.
У адваротнасьць ад Захаду, дзе грамадзкія структуры ўтвараліся наўперад пры апірышчы на валоданьне собскасьцяй, у былым Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі, грамадзкая стратыфікацыя фармавалася перадусім пры апірышчы на валоданьне ўладай. Доступ да матэрыяльных дабротаў залежаў ад ступені ўдзелу ўва ажыцьцяўленьні ўлады, прычым у такім маштабе, які не спатыкаўся ў Польшчы. Вынікам гэтага (г.зн. слабой залежнасьці паміж працай і даходамі) быў нізкі ўзровень этасу працы, слабое разьвіцьцё індывідуальнай ініцыятывы, уніфікацыя грамадзтва, якое замыкалася на самым сабе. Распаўсюджвалася пыха што да падуладных і пакора што да ўлады. У гэтай сыстэме адказнасьць азначала страх перад начальствам і поўнае падпарадкаваньне яму, а не кампэтэнцыю і дбайнасьць аб падуладных. Палітычны нонканфармізм вынішчаўся ня толькі ўладамі. Дысыдэнты часта ўважаліся масамі, як у Расіі, так і ў Беларусі, за не зусім нармальных людзей. Масы не атаесамлялі сябе зь імі. Іх лічылі дзівакамі. З падазронам ставіліся і да індывідуальнага супрацьстаўленьня грамадзтву, дзяржаве, і, такім чынам, калектыву. Улада на Ўсходзе бяз Бога, і нават скіраваная супраць Бога, мела сакральны вымер. Ня ў меншай ступені ёй цяжка супрацьстаяць і цяпер. Безумоўна, гэта лягчэй удаецца найбольш празаходняму Беларускаму Народнаму Фронту, чымся камуністам або аграрнікам. БНФ і ў іншым пляне парывае з усходняй палітычнай традыцыяй – відавочнай, напрыклад, у цяперашняй Расіі – згодна зь якой на чале партыі стаіць правадыр, які мае наўкола сябе не палітычных партнэраў, значэнных постацяў, а толькі партыйныя масы. Прэзыдэнт Лукашэнка не дапускае такіх сытуацыяў. Прэзыдэнт Ельцын аслабляе эвэнтуальныя пагрозы, супрацьстаўляючы сабе палітыкаў і ў меру магчымасьці сутыкаючы іх паміж сабой. БНФ – і гэта вельмі відавочна – узгадаваў шмат наступнікаў Пазьняка.
У Беларусі слаба разьвіваецца рынкавая эканоміка. Стаўленьне да яе ў значнай ступені вынікае з валоданьня собскасьцяй. Сродкі вытворчасьці ў Беларусі ў пераважнай бальшыні знаходзяцца ў руках дзяржавы, і тут у апошнія часы мала што зьмянілася. Каля 15% зямлі знаходзіцца ў прыватным валоданьні. Гэта, аднак – узьніклыя ўжо ў савецкія часы – прысядзібныя надзелы, лецішчы і толькі 3 тысячы сялянскіх гаспадарак (якія называюцца фэрмэрскімі). Яны даюць прыблізна палавіну, а ў 1996 годзе, магчыма, і бальшыню сельскагаспадарчай прадукцыі. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 80% жыхароў Беларусі прымае прыватную собскасьць на зямлю, і 20% выказваецца супраць гэтага[117]117
Гл. «Свабода», 16 ліпеня 1996 г., с. 3.
[Закрыть]. Падтрыманьне гэтае, аднак, слабое, вэрбальнае, яго не суправаджае праўна-палітычная актыўнасьць, імкненьне атрымаць зямлю. Жаданьне валодаць собскасьцяй (прадпрымальніцтва), разам з спадарожнай гэтаму рызыкай і адказнасьцяй, як падаецца, адносна невялікае. Паводле дасьледаваньняў «Эўрабаромэтру», 53% жыхароў краін, што ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, у 1995 годзе падтрымвалі рынкавую эканоміку (супраць было 26%). У краінах СНД «за» было 22%, а «супраць» – 59% (значна лепшыя паказчыкі былі ўва Ўзбалтыцы). Цягам апошніх гадоў працэнт праціўнікаў рынкавай эканомікі ўзрос у Расіі і на Ўкраіне. У Беларусі розьніца паміж прыхільнікамі і будучымі ў меншыні праціўнікамі рынку зьменшылася да 13%[118]118
«Свабода», 19 красавіка 1996 г., с. 5.
[Закрыть]. У савецкай Беларусі не выпадала быць багатым. Собскасьць была заменена ідэяй грамадзкага эгалітарызму.
Дэмакратыі й рынкавай эканоміцы спрыяе хутчэй індывідуалізм, чымся ўкарэнены ў мэнтальнасьці беларусаў калектывізм, прыватная собскасьць, чымся дзяржаўная собскасьць, дыфэрэнцыяцыя грамадзтва, чымся эгалітарызм, вяршэнства закону, чымся права індывіда або групы да неабмежаванага вяршэнства нібыта ў імя інтарэсаў народу. Беларусы не стварылі інстытуцыйных варункаў для належнага функцыяваньня рынкавай эканомікі, прычыны чаго палягаюць у вызнаваных імі вартасьцях. Падобныя словы можна аднесьці і да існуючай цяпер у Беларусі палітычнай сытуацыі. Яна – вынік грамадзкага выбару апошніх двух гадоў. Гэта не азначае, што гэткі стан рэчаў будзе нязьменны. Аднак, безумоўна, гатовасьць да ажыцьцяўленьня палітычных (зьвязаных з ладам) і эканамічных зьменаў была, ёсьць і напэўна яшчэ нейкі час будзе ў Беларусі меншай, чымся ў Чэхіі, Польшчы або ў Вугоршчыне.
Грамадзкія структуры
На культурныя падзелы ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе накладаюцца істотныя адметнасьці ў грамадзкіх структурах паміж паасобнымі нацыямі, што насяляюць яе. Іх кшталт вызначае форму й сілу артыкуляцыі грамадзкіх ідэалаў, забясьпечвае магчымасьць культывацыі традыцыі, зьмяшчаючы ў большай ці меншай ступені імпэратыў несупыннай грамадзка-палітычнай актыўнасьці. У нацыяў, якія валодалі выпрабаванай стагодзьдзямі грамадзкай структурай, існавалі слаі – шляхта, а пасьля ўзьніклая зь яе інтэлігенцыя – якія выконвалі палітычныя й культурныя ролі, што забясьпечвалі бесьперапыннасьць існаваньня нацыі пры апірышчы на яе палітычна-дзяржаўныя традыцыі. Таму ў іх існаваў актыўны этас, што схіляў грамадзтва, у выпадку пагрозы для ягонай свабоды, тоеснасьці, да працяглых палітычных акцыяў, напару нават гвалтоўных. Актыўнасьць грамадзтваў, эліты якіх выводзяцца зь селавых серадовішчаў, напару зь мяшчанства, была іншага роду. Яна была больш пазытывісцкай, менш рамантычнай і індывідуалісцкай, а таксама ў меншай ступені настроенай на паўстанцкія закалоты. Гэта было відаць у пэрыяд некалькіх дзясяткаў пасьляваенных гадоў «рэальнага сацыялізму». Пасьля 1956 году найбольш палітычна адкрытымі, лібэральнымі былі Польшча і Вугоршчына. Толькі там да 1989 году зьдзяйсьняліся ініцыяваныя «зьнізу», грамадзтвам, палітычныя забурэньні (1956 – у Вугоршчыне і некалькі разоў у Польшчы). «Праская вясна» 1968 году была запачаткаваная тагачаснымі ўладамі Чэхаславаччыны; яна атрымала масавае падтрыманьне ў сялянска-гарадзкім асяродзьдзі. Падобных падзеяў не было ў Баўгарыі, Румыніі (румынская рэвалюцыя канца 1989 году была ініцыяваная вугорскай мяншыняй трансыльванскай Тымішаары), ні у падпарадкаваным расійцам СССР (я абмінаю ГДР і бэрлінскае паўстаньне 1953 году). Працэс дэмакратызацыі ўва ўзбалтыцкіх рэспубліках канца 80-х гадоў быў ініцыяваны ў значнай ступені палітычнымі элітамі гэтых краін, ён атрымаў у тамашніх грамадзтвах хуткае й масавае падтрыманьне, якое шакавала – як можна прыпушчаць – і самых ініцыятараў. Гэтыя зьявы ня мелі сваіх – так рана й выяўна ўзьніклых – адпаведнікаў у Беларусі, у Расіі, а таксама ўва ўсходняй Украіне (на фоне якой выгодна вырозьніваўся захад краіны).
Як у выпадку Чэхаславаччыны, так і Ўзбалтыкі, грамадзкія масы ўплывалі на радыкалізацыю праграмы ды хуткую інстытуталізацыю новаўзьніклых рухаў. У гэтых грамадзтвах былі досыць моцна ўкарэненыя ідэі дэмакратыі, свабоды й незалежнасьці, дарма што ў выніку нястачы ў пэрыяд набыцьця нацыянальнага аблічча ў гэтых грамадзтвах – і, такім чынам, у вельмі істотны пэрыяд фармаваньня іхнай культуры: собскіх вышэйшых слаёў і зьвязаных з гэтым традыцыяў актыўных грамадзянскіх акцыяў – масавае, дзейснае падтрыманьне гэтых ідэяў грамадзтвам патрабавала ў тагачасных умовах наагул ініцыяцыі або санкцыі «згары».
Таму можна сьцьвердзіць, што ідэі дэмакратыі й свабоды былі жывыя ў некаторых грамадзтвах і абумоўлівалі іх несупынную актыўнасьць (Польшча, Вугоршчына), у іншых яны таксама былі прысутныя, але актыўна артыкуляваліся толькі часам, як бы з дазволу ўладнай эліты (Чэхаславаччына, а ў апошнія гады Савецкага Саюзу – Эстонія, Латвія й Летува). У праваслаўных грамадзтвах гэтыя ідэі не былі такімі блізкімі масам або, магчыма, не ўкарэньваліся так лёгка. Пасьля 1989 году аказалася, што для палітычнай і эканамічнай перамогі не патрэбныя паўстанцкія шляхотна-інтэлігенцкія традыцыі, а дастаткова буржуазнага этасу дбайнасьці й працавітасьці. Якраз таму палітычным лідэрам (у пляне палітычнай стабільнасьці), а можа і эканамічным, у апошнія часы ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе стаюцца чэхі (як гэта й было перад вайной), а не кіраваныя посткамуністамі палякі й вугорцы. І да нядаўнага яшчэ ў бальшыні сялянскай Польшчы гучаць галасы расчараваньня, пратэсту супраць адкрытасьці для сьвету, што складае ўсё большую перашкоду актыўным, элітарысцкім імкненьням хуткага рэфармаваньня краіны. Падобныя зьявы таксама выяўна назіраюцца ў суседняй сялянскай Славаччыне й Летуве. Традыцыі буржуазнага, часта пратэстанцкага этасу добрай працы, відавочна, існуюць у некалі таксама сялянскіх грамадзтвах, якія, аднак, у дужай ступені дазнавалі ўплыў нямецкай культуры: наўперад у каталіцкай, а цяпер дужа сэкулярызаванай Чэхіі, пратэстанцкай Эстоніі й гэткай жа ў значнай частцы Латвіі (дзе латышы, аднак, складаюць троху больш за палавіну насельнікаў краіны). Спасярод праваслаўных дзяржаваў Расія вылучаецца актыўным, інтэлігенцкім этасам сваіх элітаў, што, аднак, значна менш назіраецца па-за вялікімі гарадамі краіны, якія традыцыйна засяроджваюць расійскую інтэлігенцыю і ўладную эліту. Масква й Пецярбург выяўна розьняцца ад Менску й Кіева. У сваю чаргу далёкая, местачковая й селавая расійская правінцыя сваёй інэртнасьцяй нагадвае беларускую і ўкраінскую.