Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 31 страниц)
Чэслаў Мілаш*
Канец Вялікага Княства Літоўскага
(Пра Юзафа Мацкевіча)
Прушыньскі, Івашкевіч. А цяпер да мяне ў думках прыходзіць і зусім адрозны ад іх чалавек і пісьменьнік, Юзаф Мацкевіч. Да вайны ён быў супрацоўнікам віленскага «Słowa», рэдактар якога, ягоны брат, Станіслаў Мацкевіч, рабіў шмат шуму, палемізаваў артыкуламі, займаўся палітыкай, біўся ў двубоях (на шаблях), за апазыцыйнасьць лучыў у лягер у Бярозе Картускай. А Юзаф сядзеў недзе ў рэдакцыі, і больш пра яго нічога не было вядома. Пазьней усё перамянілася. Станіслаў у гісторыі польскага прыгожага пісьменства застаўся публіцыстым, а Юзаф – раманістым.
Юзаф Мацкевіч у 1938 годзе выдаў «Бунт тваняў». Гэта былі ягоныя рэпартажы зь Віленшчыны, зьбертыя ў падарожжах на аўтобусе і на конным вазку па дарогах Беларусі. Калі я цяпер у Каліфорніі разважаю аб гэнай краіне, яна падаецца мне захапляльнай, з рэдкім багацьцем пераплеценых нацыянальных, канфэсійных, клясавых стыхій, а гэтаксама надзеленай багацьцем свае гісторыі. Я магу ацаніць гэта ўжо таму, што чытаў сёе-тое аб гісторыі калёній, напрыклад, карыбскіх абтокаў. Экзотыка, пальмы, трапічнае мора – і жуда поўнай гістарычнай пустэчы, хцівасьці, эксплюатацыі, пераважна крымінальная кроніка белых авантурнікаў і піратаў. Міжваенная Віленшчына, хоць шэрая, паміж сасновым лесам і тваньню, мусіла б і сваёй мінуўшчынай і цяпершчынай натхніць шмат пісьменьнікаў. Чамусьці тады іх не было. Напэўна, яны б зьявіліся, прамежак часу ў дваццаць гадоў проста закароткі. Апрача таго, існавалі перашкоды. Тыя, хто пісаў па-польску, расьлі ў традыцыях шляхецкага двору, і ім даводзілася б вырывацца з гэтай заклятай арбіты, каб пабачыць шырэйшую сапраўднасьць. Беларусы, зацыкленыя ў сваім нацыянальным супраціве, яшчэ нічога не дасягнулі, апрача паэзіі (Максім Танк); віленская група «Junge Wilno» таго ж пакаленьня і схільнасьцяў, што і «Żagary»[103]103
«Żagary» – літаратурнае згуртаваньне маладых польскіх пісьменьнікаў у Вільні, узьніклае наўкола часапісу з аднайменным найменьнем, заснаванага ў 1931 годзе. У якасьці назову згуртаваньня было выкарыстанае летувіскае слова, якое ў перакладзе азначае «сухое гальлё», «трусак». Сярод праграмных прынцыпаў дасьледнікі адзначаюць «антыэстэтызм», «нэасымбалізм», «поўную свабоду творчасьці». Да згуртаваньня ў розны час належалі Тэадор Буйніцкі (1907–1944), Ежы Загурскі (1907–1984), Ежы Путрамэнт (1910–1986), Аляксандар Рымкевіч (1913–1983) і сам аўтар дадзенага эсэ Чэслаў Мілаш.
[Закрыть], пісала на ідыш і была паэтычнай. Вільня дала славутага празаіка, Хаіма Градэ, храністага малых жыдоўскіх мястэчак Летувы і Беларусі, але ён атрымаў прызнаньне пасьля вайны, у Амэрыцы, як і Ісаак Башэвіс Зынгер.
Юзаф Мацкевіч у «Бунце тваняў» укладаў свае рэпартажы зь незалежнасьцю і непакорай, што неўзабаве спрычыніла яму адно няшчасьці. Ён выйшаў за звычную польскую арбіту і заміж двароў заняўся правінцыяй «тутэйшых», што ўдому гаварылі па-польску або па-беларуску, і, упаасобку, зьявай папулярных у гэтай правінцыі рэлігійных сэктаў, варожых як да каталіцызму, так і да праваслаўя. Гэтаксама ў кнігу патрапіла шмат штодзённасьці краю. Падобная Віленшчына паўстае ў рамане Флярыяна Чарнышэвіча «Chłopcy z Nowoszyszek», напісаным у Аргентыне. Ягонай галоўнай тэмай ёсьць сутыкненьне паміж каталікамі і праваслаўнымі, у абсягу адной і той жа вёскі, што азначала ня столькі выбар на карысьць польскай ці беларускай нацыянальнасьці, колькі дзяржаўны выбар за Польшчу або за Саветы. Як бы канчаткова сэктанцкая Віленшчына ўлілася ў гэты гармідар, мы ніколі не даведаемся.
Падчас маёй віленскай маладосьці я амаль зусім ня ведаў Юзафа Мацкевіча. Буркатлівы, з тых, чый крыху крывы нос заглядвае ў чарку, у фуражцы, часта ў палатняных строях і ў даўгіх ботах, ён выглядаў на шарачковага шляхціца проста зь вёскі. Ён любіў уночы выпіць у віленскіх рэстарацыях, як і іншы супрацоўнік «Słowa», Ежы Вышамірскі, але ў адваротнасьць ад яго, літаратурай не цікавіўся. А ўжо пра паэзію зь ім зусім не было сэнсу гаманіць. Хоць меў, здаецца, вялікую эрудыцыю ў нярэдкім у нас тады кірунку: у расійскай літаратуры дзевятнаццатага стагодзьдзя.
* * *
Я б ня змог уявіць яго як літаратара Варшавы або Кракава. Ён жыў у горадзе, які і надалей заставаўся для яго сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, і ён быў патрыётам гэтага краю. Я мяркую, што ўжо сёньня малодшым пакаленьням цяжка сабе ўявіць, пра які суплёт ляяльнасьці тут ішла гаворка і чаму такія, як ён, аднолькава варожа ставіліся як да польскіх патрыётаў, так і да патрыётаў летувіскіх або беларускіх. Нядаўна я ізноў перачытаў артыкулы і эсэ Мацкевіча, выдадзеныя ў Лёндане, дзе ён гаворыць аб «нутраным падзеле» Вялікага Княства, зьдзеяным палякамі, летувісамі і беларусамі. «Пераможца ўсіх не аб’явіўся. Папросту гэткага не было. Кожны хацеў толькі ўрваць для сябе кавалак». Я ўважаю яго за найбольш праўдалюбнага пісьменьніка і мяркую, што ён зусім не перабольшвае, калі піша: «Адсюль узьнікла спрэчка, якая перарасла ў адкрытую бойку за мову, за культуру, за традыцыю, інтэрпрэтацыю гісторыі, за рэлігію. Бойка адбывалася таксама і на кулакох, на аглоблях, на пісталетах, а напрыканцы, падчас апошняй вайны, на даносах у гестапа ці НКВД. Нянавісьць, паводле ўсіх законаў прыроды, нараджала нянавісьць».
Паводле Мацкевіча, польскі бок нясе можа найбольшую адказнасьць, бо «пераможцы ў бойцы за спадчыну ўсіх земляў Вялікага Княства» былі спольшчаныя і культурна, і палітычна, так што ўзьнікаючым нацыяналізмам яны ўзумелі супрацьставіць толькі польскі нацыяналізм. «У выніку яны апыніліся ў собскай краіне ў драматычнай сытуацыі прадстаўнікоў іншае дзяржавы, а адсюль да залічэньня іх у агенты чужога ўплыву абсалютнай бальшынёй жыхароў быў ужо толькі адзін крок».
Прыклад мае сям’і? Мой браценьнік Оскар Мілаш быў першым прадстаўніком незалежнае Летувы ў Парыжы, што для палякаў было раўназначна зрадзе. Бацькі мае матулі, Кунаты, былі ляяльнымі грамадзянамі Летувы польскае нацыянальнасьці, па-летувіску не гаварылі. Мая матуля мела два грамадзянствы, летувіскае і польскае, заўсёды залічала сябе да польскае нацыянальнасьці, летувіскую ведала слаба. Адылі ейная сястра гаварыла па-летувіску бегла. Мой бацька быў абвешчаны ў Летуве зраднікам з прыклёпу свае прыналежнасьці да POW[104]104
POW – Polska Organizacja Wojskowa (Польская вайсковая арганізацыя). Тайная вайсковая арганізацыя, створаная зь ініцыятывы Ю. Пілсудзкага ў кастрычніку 1914 году ў Варшаве, якая аб’яднала «Polskie Drużyny Strzeleckie» і «Związek Strzelecki». Дзеяла ў Каралеўстве Польскім, пасьля таксама на Галіччыне, Украіне, Расіі, Летуве (гэтым і тлумачыцца рэзка адмоўнае стаўленьне новых летувіскіх уладаў да гэтага прапольскага ўтварэньня. Спачатна галоўнай мэтай POW было ажыцьцяўленьне выведча-дывэрсійнай дзейнасьці супраць Расіі; у 1915–1917 гг., пасьля нямецкай акупацыі Каралеўства Польскага, перайшла на напаўлегальны стан; у 1915 г. частка чальцоў POW уступіла ў I Брыгаду Легіёнаў Польскіх. Займала варожую пазыцыю да кастрычніцкага перавароту ў Расіі; удзельнічала ў перайманьні ўлады ў Галіччыне і раззбраеньні немцаў у Каралеўстве Польскім. Галоўнакамандуючы – Ю.Пілсудзкі, а пасьля ягонага арышту (ліпень 1917) – Э.Рыдз-Сьміглы.
[Закрыть]. Ён быў зьмешчаны ў чорным сьпісе, якім забараняўся ягоны ўезд у краіну свайго нараджэньня. Тым ня менш 17 верасьня 1939 году, калі яму ўдалося дабрацца да летувіскай мяжы зь мястэчка Глыбокае, дзе ён працаваў павятовым інжынэрам, летувісы праявілі да яго высакароднасьць, як і да мноства ўцекачоў з Польшчы, і нягледзячы на тое, што ведалі, кім ён ёсьць, упусьцілі яго ў Летуву. Там ён не перасьледаваўся за свае даўныя грахі.
На думку Мацкевіча, адзіным сьвядомым патрыётам Вялікага Княства быў Людвік Абрамовіч, рэдактар і выдавец «Przeglądu Wileńskiego». Ён выстаўляў прэтэнзію на поўную перамогу, пры поўным раўнапраўі народаў, што асяляюць гэтыя землі. Ягоная праграма розьнілася ад усіх фэдэрацыйных падумак, у тым ліку і ад фэдэралізму Пілсудзкага, бо яны кіраваліся перадусім польскімі інтарэсамі і шукалі выгадаў для Польшчы. З гэтай пэрспэктывы як аднабаковая адмова палякаў выконваць Сувальскі Трактат і захоп Вільні, так і фікцыйнасьць «Сярэдняй Літвы» клаліся цяжарам на плечы прыхільнікаў «ягелонскай ідэі». Ня ведаю, як Мацкевіч ставіўся да ксяндза Валяр’яна Мяйштовіча, які ўважаў Вялікае Княства за створ сваіх продкаў, амаль за собскасьць вялікапанскіх радоў і ўслаўляў патрыярхальныя стасункі паміж дваром і селаком. Відаць, ён залічаў яго да тых, «самазразумелая» польскасьць якіх несла адказнасьць за недавер да ідэі Хаўрусу з боку летувісаў і беларусаў, таму што яны нават з большай ахвотай мелі дачыненьні з адкрытымі нацыяналістымі.
* * *
Перадваенная Вільня вярнулася, калі я цяпер чытаў (у карэктуры) мэмуары Люсі С. Давідовіч «From That Place and Time». Узгадаваная ў Нью-Ёрку, яна правяла 1938–1939 год у Вільні, ажыцьцяўляючы дасьледаваньні ў тамашнім Жыдоўскім Навуковым Інстытуце. Гэта вельмі карысная кніга, бо яна нагадвае аб іншай важнай Вільні, жыдоўскія традыцыі якой здабылі ёй імя «Ерусаліму Поўначы». Збольшага трэцяя частка яе люднасьці мела няшмат супольнага зь дзяржавай, у якой яна апынілася, гаварыла на ідыш і часткова, у сваім верхнім слаі, па-расійску. Мэмуары Давідовіч, якая ня ведала польскай, закранаюць перадусім падзел на «мы» і «вы», а таксама перасьледы. Адзін зь ейных віленскіх прыяцеляў, журналісты, страціў вока падчас студэнцкіх антысэміцкіх забурэньняў у 1931 годзе (гэта я памятаю). Апошні перадваенны год азначыўся поўнай перамогай эндэцкай праграмы, увасобленай у жыцьцё OZON[105]105
OZON – Obóz Zjednoczenia Narodowego (Лягер нацыянальнага задзіночаньня) – польская cанацыйная палітычная арганізацыя. Існавала з 1937 па 1939 гг. Асноўнай мэтай абвяшчала спробу задзіночаньня элемэнтаў, што падтрымлівалі санацыю. Вызнавала лёзунгі мілітарызацыі краіны, засяроджаньня грамадзтва вакол войска і Э. Рыдз-Сьміглага.
[Закрыть]: пікетаваньне жыдоўскіх крамаў, праекты закону, які забараняў бы рытуальныя забойствы, мноства распараджэньняў наконт прымусовай палянізацыі, і апрыч усяго гэтага антысэміцкая прапаганда, у якой супаравалі паміж сабой урадавая прэса і прэса пазьнейшага сьвятога, Айца Максыміліяна Кольбэ. Вільня, згодна з паведамленьнямі Давідовіч, была небясьпечным горадам: паўтараліся напады хуліганаў, узброеных палкамі, так што кожная сустрэча з маладымі палякамі пагражала зьбіцьцём. Давідовіч прызнае, жанкі і дзеці ня білі, што, аднак, не зьмяншала адмоўнага эфэкту гэткіх здарэньняў.
Гэтую Вільню, мусіць, варта прыгадаць, калі кажацца аб канцы Вялікага Княства. Бравая польская моладзь, што калякамі цяла сваіх калегаў па ўнівэрсытэце і чыніла паляваньні на мінакоў, неўзабаве магла пабачыць савецкія танкі, аточаныя радасным грудам жыдоўскае моладзі, хаця сумлеўна, што ў ейных развагах спалучыліся прычына і насьледак. Сцэны гэтага радаснага вітаньня на вуліцах Вільні ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе апісвае Хаім Градэ («My Mother’s Sabbath Pays», пераклад зь ідыш), а паколькі ён быў рупатлівым пісьменьнікам і дбаў пра аб’ектывізм, дык апавядае тамсама, як у той жа самы дзень ён пайшоў у катадральны касьцёл і як шкада яму было зьбертага там сьмяротна сумнага груду вернікаў.
Маё бліжэйшае знаёмства з Мацкевічам адбылося ў 1940 годзе, калі Юозас Калюот’іс, рэдактар «Naujoji Romuva», дапамог мне дабрацца да летувіскай тады Вільні, што, зрэшты, я лічыў пераходным этапам. Мацкевіч рэдагаваў адну зь дзьвюх выходзячых тады польскіх газэтаў у Вільні, «Gazetę Codzienną». Заступнікам рэдактара быў мой калега з «Żagarów», Тэадор Буйніцкі. Я стаў супрацоўнікам гэтай газэты, як і шмат літаратараў, мясцовых і ўцекачоў, у тым ліку Сьвятаполк Карпіньскі і Януш Мінкевіч. Палемізуючы пасьля доўгіх гадоў з маім эсэ пра Буйніцкага, Мацкевіч («Аб пэўнай апошняй спробе і застрэленым Буйніцкім» (1954) не згаджаўся з маім вызначэньнем ягонай праграмы як абароны «польскага кантону» ў абсягу Летувы. І, бясспрэчна, ні «польскі кантон», ні Польшча, ні Летува не маглі задаволіць гэтага пасьлядоўніка Вялікага Княства, калі ён хацеў ісьці сьлядамі Людвіка Абрамовіча. На практыцы, аднак, праграма «Gazety Codziennej» зводзілася да гэтага, і гэта адрозьнівала яе ад «Kuriera Wileńskiego», які стаўся голасам польскай артадоксіі, вызнаванай бальшынёй польскай Вільні: для яе прыналежнасьць Вільні да Летувы была папросту летувіскай акупацыяй.
З Мацкевічам я так бліжэй не пасябраваў, бо гэта было іншае пакаленьне і іншы склад розуму. Я паважаў яго як пісьменьніка, а таксама чалавека добрай волі, які робіць, што можа, і гэтай пашаны я не пазбыўся і дасюль. Што не замінала мне разважаць над ягоным пакручастым конам. Спасярод шляхты Вялікага Княства было ці мала адчайных авантурнікаў, да якіх я б залічыў ягонага брата Станіслава, але быў ведамы таксама тып ціхага, але заўзятага авантурніка, які свайго ня ўпусьціць. Акурат такім я ўяўляю сабе Юзафа. Насоўваецца пытаньне, у якой ступені самадыйны і свавольны індывід, перакананы, што справядлівасьць на ягоным баку, мае абавязак або права выступаць супраць грамадзкай думкі. Каб забыцца, што гэтая думка рэпрэзэнтуе і нашую сымпатыю або антыпатыю да яе, трэба вялікае намаганьне, але толькі тады пытаньне пра грамадзкую ролю канфармізму набывае сэнс. Мацкевіч абарачаўся ў сваім віленскім шляхоцкім асяродзьдзі колішніх кавалерыстых вайны 1920 году, такіх жа самых, як і ён, цяпер зазвычай ураднікаў, але таксама дуэлянтаў і паляўнічых, як, напрыклад, ягоны прыяцель Міхал Паўлікоўскі зь Меншчыны, які рэдагаваў паляўнічы дадатак да «Słowa» пад назвай «Дзе гэта, дзе зайгралі паляўнічыя ражкі...» (з трыма кропкамі, так!). Тым ня менш ён вылучаўся на гэтым фоне. На яго вельмі моцна паўплывала расійская гімназія і ягонае, у школьных гадох, фанатычнае зацікаўленьне кнігамі з абсягу заалёгіі і арніталёгіі (у чым мы былі падобныя), з адукацыі і з здольнасьцяў назіраць ён быў прыродазнаўцам. Можа, гэтая нібыта пазытывісцкая пастава прышчапіла яму скептыцызм да «польскай Вільні». Ён заатакаваў гэтую Вільню зь першых нумароў «Gazety Codziennej», публікуючы артыкулы, у якіх роспач і гнеў з прыклёпу верасьнёўскай паразы распружваліся ў зацятых нападах на ўсю міжваенную Польшчу, не пакідаючы каменя на камені. Ён не любіў ні Пілсудзкага, ні санацыі (дарма што працаваў у санацыйным «Słowie»), але каб знайсьці цяпер супрацоўніка ў асобе Пятра Каўнацкага, «нацыяналістага», і разам зь ім высьмеяць аддзелы «палкоўнікаў», дарма што яго нічога апрача гэтага з Каўнацкім ня лучыла, гэта ўжо было занадта. Гэта выглядала на глум з паваленай Польшчы, каб спадабацца летувіскім гаспадаром. Несупынна ўцісканая цэнзурай і абвінавачаная летувісамі ў падрыўных тэндэнцыях (бо што гэта за падступная балбатня аб Вялікім Княстве?) «Gazeta Codzienna» дала пачатак бурлівым сваркам, у якіх сукрытым аргумэнтам супраць яе была «калябарацыя з акупантам». Іншымі словамі, Мацкевіч выявіў талент трапляць у такую сытуацыю, каб быць бітым абодвума бакамі. Гэта мелася паўтарыцца пасьлей. Бясспрэчна, пачуцьці гневу і гаркоты пасьля паразы былі паўсюднымі, і ён даваў ім выражэньне, будучы агорненым згрызотамі, а не таму, каб некаму дагадзіць. Але бальшыня, хоць адчувала тое ж самае, стрымлівала сябе, бо неяк нядобра мыць брудныя хусты ў гэткую сумную часіну.
Вільня гэнага кароткага пэрыяду, калі яна была прылучана да незалежнай Летувы, перацяжараная ўцекачамі, паддадзеная пахутчанай літуанізацыі, законам і палкай, калі трэба (тыя, хто нядаўна біў жыды, цяпер былі бітыя, хаця ня толькі яны, можна было атрымаць і за сьпеў у касьцёле па-польску), сплывала малаком і мёдам, як гэта ўмеюць абладзіць гаспадарлівыя летувісы, мела знакамітыя рэстарацыі і каўні, у якіх гандаль вёўся за валюту, купляліся пашпарты і візы, плянаваліся падарожжы на Захад, а перадусім была горадам самых розных чутак і заўсёды непамысных ведамак. Летува, аточаная варожымі гаспадарствамі, прыцягвала, маўляў абток збаўленьня, няшчасных, якія гатовыя былі апрастаць ногі ў вандроўцы празь мяжу, але, апыніўшыся ў пункце сваіх летуценьняў, заўважалі, што патрапілі ў пастку. Летакі з Коўні на Захад, праз нэўтральную Швэцыю, нейкі час курсавалі. Я нават сам зьвярнуўся з просьбай да неафіцыйнага польскага прадстаўніцтва ў Коўні, быў залічаны, ужо меў месца, калі вылетам быў пакладзены канец.
Ня думаю, што польска-летувіскія напружанасьці мяне вельмі закраналі. Хаця прыязьньства з Калюот’ісам, які арганізоўваў польска-летувіскія сустрэчы, г.зн. польскіх і летувіскіх рэпрэзэнтацыйных постацяў, каб гэтыя напружанасьці зьняць, павінна было мяне ангажаваць у гэтым кірунку. Nota bene: Калюот’іс, з Коўні, ня ведаў польскай ня толькі падчас майго візыту ў Коўню ў 1938 годзе, але і цяпер, і мы гаварылі па-француску. (Яго навучаньне ў Парыжы аказалася благім прыгатаваньнем для будучага доўгагадовага зьняволеньня ў Гулагу.) Маштабнасьць і пагрозьлівасьць падзеяў пазбаўляла вагі польска-летувіскія церці, і я хіба папросту паціскаў плячыма. Мацкевіч у згаданым ужо эсэ закідае мне дэфармацыю праўды, калі я кажу, што «шмат нянавісьці паміж летувісамі і палякамі адышло ў невараць». Як ён заўважае, у Вільні, у выніку нацыяналістычнай і нямудрай палітыкі летувіскіх уладаў, варожасьць польскамоўнай люднасьці расла. Лякальна, так. Аднак, незалежна ад абапольных прэтэнзій, існаваў фундамэнтальны факт людзкіх паводзінаў Летувы ў дні верасьнёўскай паразы, а гэтаксама, як я гаварыў, неадпаведнасьць, і нават сьмяхотнасьць нацыянальных сварак.
Я не ўзумею ўзнавіць сваіх тагачасных думак. Гэта адна з маіх фазаў такой вялікай, амаль псыхапатычнай зьнясіленасьці, а зь іншага боку, дзеяньняў, падпарадкаваных аднэй абсэсіі. Я ня мог пісаць вершаў, што, як для мяне, дастатковы довад хваробы, і ўсю энэргію я баёдаў, намагаючыся вывезьці Янку з Варшавы і ўспамагчы ёй дабрацца на Захад, але адныя межы пасьля другіх аказваліся надта небясьпечнымі або немагчымымі. Было досыць шмат заняткаў, каб унікаць яснага зразуменьня. Хто, зрэшты, яго меў. Шок верасьня 1939 г. быў такім дужым, што гэтае перажываньне вымагала часу, перш як належна асесьці.
* * *
Вось жа, справа зь Вільняй няясная. Ня тое, каб я адрокся ад сваіх палітычных перакананьняў. Маё супрацоўніцтва з «Gazetą Codzienną» ў значнай меры тлумачыцца асобай Буйніцкага, бо ён пераважна займаўся ў газэце літаратурай. Апрыч таго, мне насамрэч былі бліжэйшымі «краёўцы», чымся прававерныя патрыятычныя палякі, а як сваяк Оскара Мілаша, які хацеў Вільні для Летувы, я ня мог гадаваць у сабе варажнечу да «летувіскай акупацыі».
Урад летувіскага гаспадарства не даваў нам, аднак, ніякай палёгкі, наадварот, ён праводзіў у Вільні неразумную палітыку, дзеючы супраць собскіх інтарэсаў. Падзел жыхароў на розныя катэгорыі прадугледжваў залічэньне бальшыні зь іх да «некарэннага насельніцтва» або «ўцекачоў» – у якраз гэткіх групах апыняліся нават спаконвечныя віленчукі. Права на летувіскія пашпарты было адно ў тых, хто быў прапісаны ў акрэсьленых пунктах пачынаючы, бадай, з 1920 году, але зьмешчаная ў гэтых пашпартох рубрыка «нацыянальнасьць» мела на мэце абмежаваньне колькасьці паўнапраўных грамадзянаў. Я аддаў перавагу пашпарту, чымся паперцы ўцекача, але ж якую нацыянальнасьць я мог заявіць, як ня польскую? Зрэшты, я мусіў неўзабаве зьнішчыць гэты пашпарт падчас пераправы з Зафіяй Раговіч у General Gouvernement[106]106
General Gouvernement – адм.-паліт. утварэньне нямецкіх акупацыйных уладаў на частцы польскіх земляў, ня ўлучаных у ІІІ Рэйх (дата фармальнага ўзьнікненьня – 26 кастрычніка 1939 г.); у жніўні 1941 г. да General Gouvernement былі далучаныя тэрыторыі львоўскага, станіслаўскага, цярнопальскага і валынскага ваяводзтваў; General Gouvernement падзялялася на т.зв. дыстрыкты. Генэральны губэрнатар, Г.Франк, меў рэзыдэнцыю ў Кракаве.
[Закрыть], бо ён не адпавядаў фальшываму пропуску жыхара Сувалак.
З тымі колішнімі «жагарыстымі», якія пайшлі ў камунізм, я не шукаў кантактаў. Пакт Молатава—Рыбэнтропа іх цалкам выкрываў. Адным з апошніх (але кіслых) маіх выступаў наконт іх на бачынах «Po prostu» была просьба аб прыняцьці ў Народны Фронт у 1936 годзе, і я шмат бы даў, каб перачытаць яго сёньня. Праўда, я быў запрошаны на сход, дзе абмяркоўвалі новую назву пэрыёдыка пасьля закрыцьця «Po prostu» цэнзурай. Гэтая назва «Karta» – мой унёсак, бо, як і «Żagary», яна паходзіла з майго сьціплага запасу летувіскіх словаў. «Karta» значыць пакаленьне, «viena karta» азначае ўдар, зусім інакш па-польску, з чаго паўстае жаданая шматзначнасьць. Пасьля пары нумароў пэрыёдык быў забаронены і зьнік.
Палітычна найбліжэйшымі мне былі цяпер у Вільні сацыялістыя. Гэта была група, якая ўтварыла собскую арганізацыю «Wolność» і якая складалася з уцекачоў і мясцовых. З прыхадняў: Уладыслаў Маліноўскі і ягоная жонка Галіна, Стэфан Сальман (ведамы пасьлей як Стэфан Арскі) з жонкай Магдай Гэрц, Зьбігнеў Мінцэр, Зафія Раговіч, Вацлаў Загурскі, зь мясцовых Рэната Маенова, Уладыслаў Рыньца. Я трымаўся зь імі. «Wolność» мела ўплывовага апекуна за мяжой, Оскара Ланге, тады прафэсара эканомікі Чыкагскага ўнівэрсытэту. Дзякуючы яму радзіны Маліноўскіх і Сальманаў дабраліся да Амэрыкі, праз Расію і Японію, здаецца, з швэдзкімі пашпартамі. Мінцэр, Загурскі, Зафія Раговіч і я нелегальна прывандравалі ў Варшаву, я з Зафіяй, якая ўжо пару разоў выконвала місію кур’ера па маршруце Сувальшчына – Усходняя Прусія – Райх – General Gouvernement. Яна была жонкай Вацлава Раговіча і тады мела каля пяцьдзесяцёх. Я згадваю яе як добрага кампаньёна.
У каўню Рудніцкага насупраць катадральнага касьцёлу раптам даносіцца гучны грукат зялезьзя, уезд савецкіх танкаў. Гэта дасюль для мяне адно з найсумнейшых здарэньняў майго жыцьця, бо я ясна ўсьведамляў незваротнае і меў брыдкае пачуцьцё, што я сьведка стаптаньня безабаронных народаў, якім дарма спадзявацца на якое-колечы права. Якраз так выглядае досьвед няшчасьця. Акурат тады пала Францыя. Два монстры дзялілі здабычу, распачынаючы тысячагадовае, як ім здавалася, панаваньне над Эўропай.
Што б сталася, каб жа я ня ўцёк зь Вільні? Я б апыніўся ў «Prawdzie Wileńskiej», як Буйніцкі, або зь белымі мядзьведзямі. Хоць Януш Мінкевіч і іншыя ўратаваліся, арганізаваўшы літаратурнае кабарэ. Пра зьмест іхных тэкстаў мне нічога, зрэшты, не вядома. Тое, што тады наступіла, было верна апісана ў рамане Мацкевіча «Дарога ў нікуды».
З Мацкевічам я ня бачыўся, такім парадкам, зь лета 1940 да лета 1944 году, калі ён зьявіўся ў Варшаве. Інакш кажучы, я ня быў сьведкам ягоных пачынаньняў у акупаванай немцамі Вільні. Абвінавачаньні ў калябарацыі паходзілі з тых самых колаў, якія мелі зуб на Мацкевіча яшчэ ў пэрыяд 1939–1940 гг., і г.зн. прэцэдэнт быў ужо створаны. Калі над адным з найлепшых польскіх раманістых чыніцца негалосны суд, бяз права абароны, варта, відаць, задумацца, якія погляды ён абвяшчаў у сваіх творах, а таксама, кім былі ягоныя абвінавачвальнікі. Мацкевіч у тым, што ён пісаў, ніколі не выкручваўся. Яму можна верыць, калі ён вытлумачвае непаразуменьне вакол прозьвішча – у артыкуле («„Рэдактар“ Багдан Мацкевіч»). Яму можна таксама верыць, калі ён у сваіх раманах і пасьляваенных эсэ без засьцярогаў выкладае сваю пазыцыю. Бо, на маю думку, ягоная пазыцыя была нагэтулькі абсалютна ня-польскай, г.зн. адваротнай той, якая лічылася аксыёмай у мазгох агромністай бальшыні палякаў, што калі б ён быў нават беззаганным, яму б належала прышчапіць віну. Артадаксальны польскі пагляд на адбываную вайну прадугледжваў вернасьць заходнім хаўрусьнікам, вяртаньне польскае дзяржавы ў межы 1939 году. У гэта верыла «польская Вільня» і ейнае войска, АК[107]107
АК – Армія Краёва – кансьпірацыйная вайсковая арганізацыя, падпарадкаваная польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лёндане. Узьнікла 14 лютага 1942 г., распушчаная 19 студзеня 1945 г.
[Закрыть]. Для Мацкевіча гэта былі мроі аднэй нацыянальнай меншыні, якая часовы стан міжваенных гадоў хацела зрабіць сталым. У гэтай частцы Эўропы перамогу магла атрымаць або Нямеччына, або Расія, і як летувісы, так і беларусы ды ўкраінцы ведалі, што нельга ставіць на Захад. Насельніцтва земляў колішняга Вялікага Княства (за выняткам палякаў і жыдоў) вітала немцаў з энтузіязмам і, як ведама, толькі невытлумачальнае нямецкае вар’яцтва прывяло да зьмены настрояў. Заставаўся камунізм, які Мацкевіч уважаў за вялікае ліха. Барацьбу зь ім ён стаўляў на першае месца, вышэй за нацыянальныя інтарэсы, і закідаў АК, што дзеючы нібыта на карысьць заходніх дэмакратый, яна ў існасьці дапамагае перамозе іхнага хаўрусьніка, г.зн. Масквы. Пасьля таго, як мінуліся дзесяцігодзьдзі, трэба прызнаць, што гэтая ацэнка добра адлюстроўвала лёс Польшчы, якая, супраціўляючыся адным і другім, пакладала надзеі на далёкіх і абыякавых трэціх. На жаль, гэтая рэалістычная ацэнка добра служыла толькі Мацкевічу-раманістаму, дазваляючы бязьлітасна паказаць тупікі гісторыі. Ніхто, нават сам Мацкевіч, не падтрымаў бы ўдзелу ў нямецкай крыжавой выправе, дастаткова самымі немцамі скампрамэтаванай.
Зь ягоных твораў вынікае, што калі б ён мог уваскрасіць царскую Расію, то б уваскрасіў, бо ўважаў яе за дзяржаву, дзе ў пашане быў закон і талеранцыя, асабліва ў параўнаньні з тым, што паўсюль усчалося пасьля першай сусьветнай вайны. Тут ён таксама ішоў абсалютна супраць польскага гледзішча, якое паміж Расіяй і камунізмам ахвотна стаўляла знак роўнасьці, чаму, зрэшты, цяжка дзівіцца, паколькі, напрыклад, савецкая палітыка масавага вывазу палякаў зь беларускіх і ўкраінскіх земляў, распачатая адразу пасьля рэвалюцыі, была далейшым працягам царскай палітыкі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, з той розьніцай, што сродкі тарнаваліся яшчэ больш жорсткія. Мацкевіч катэгарычна супярэчыў таму, каб прызнаць камунізм за спэцыфічна расійскі твор, і не адчуваў ніякай варожасьці да расійцаў, на якіх папросту спала няшчасьце камуністычнай улады.
Чым ён займаўся ў Вільні пад нямецкай акупацыяй, цяжка сказаць. Калі б вайна была паміж Расіяй і Нямеччынай, ён, напэўна, не вагаючыся, стаў бы на бок Расіі, але калі вялася вялікая гульня за вывальненьне народаў ад камунізму, яму, тэарэтычна, даводзілася быць прыхільнікам нейкага пярэдыху або пагадненьня зь немцамі, што, шчыра кажучы, ня розьніцца ад калябарацыі. Акурат гэтулькі можна выснаваць зь ягоных пасьляваенных твораў, бо тады ў Вільні дзейным калябарантам ён ня быў.
Адным з галоўных аргумэнтаў, ужываных тымі, хто рашуча асуджае Мацкевіча, быў артыкул Паўла Ясяніцы «Маральныя згрызоты крэсовага шляхціца», напісаны кімсьці, хто тады быў у Вільні і як сам кажа: «Служыў у Арміі Краёвай, у аддзеле прапаганды, і пільнае чытаньне жоўтай прэсы ўваходзіла ў мае абавязкі». Я задаў сабе працы і адшукаў кнігу Ясяніцы «Сьляды сутычак», у якой фігуруе гэты тэкст. Ясяніца, як вядома, псэўданім. Пад ім выступаў мой калега з «Акадэмічнага клюбу валацугаў» у Вільні, тады студэнт гісторыі, Лех Бэйнар, які ў нас меў мянушку Бахус. Прозьвішча зусім не жыдоўскае, як спрабавалі шаптаць, а татарскае. Бэйнар паходзіў з татарскай шляхты, хаця, наколькі я ведаю, ужо ня быў магамэтанінам. А імя Лех і пасьлей набытае прозьвішча Ясяніца сьведчаць аб каталіцка-пястаўскіх прыхільнасьцях яго і ягонай радзіны.
Калі спаважны гісторык і сьведка падзеяў піша нагэтулькі легкадумную рэч, то ўжо што гаварыць аб іншых. Бэйнар быў чалавекам сумленным і бясстрашным, ён ня мог згадзіцца з тым, што для Мацкевіча было ясным, змагаўся да канца ў аддзеле «Łupaszki» і пасьля вайны быў засуджаны на сьмерць. Уратаваў яго, здаецца, Баляслаў Пясецкі, шэф «Paxu»[108]108
«Pax» – польская грамадзкая арганізацыя сьвецкіх каталіцкіх дзеячоў, заснаваная ў 1945 г.
[Закрыть]. Я не прыгадваю сабе, каб Бэйнар у нашым клюбе валацугаў выяўляў свае палітычныя перакананьні. Зацяты эндэк быў у нас адзін, Казімеж Галабурда, які быў высланы і памёр у Гулагу ад дызэнтэрыі. Зь іншых сяброў клюбу наш сэньёр Гасюліс быў расстраляны савецкімі ўладамі за зрываньне плякатаў; Буйніцкі застрэлены за супрацоўніцтва з тымі ж самымі ўладамі; Ендрыхоўскі быў «выбраны» ў Сойм Летувы і галасаваў за ўлучэньне Летувы ў Саюз.
Маральнае абурэньне Бэйнара шчырае, і, паўтараючы за «Эпіцэнтрам цямрэчы» Конрада: «Агіда! Агіда!», – я, напэўна, выражу пачуцьці шмат якіх сваіх равесьнікаў. Угледзеўшыся, аднак, бліжэй у ягоны артыкул, ня знойдзеш у ім амаль нічога, апрыч пачуцьцёвай экзальтацыі.
Першы закід датыкаецца да характару Мацкевіча, якога Бэйнар абвінавачвае ў баязьліўстве, бо калі ён пасуляў супраціў камунізму нават коштам зьнішчэньня ўсяго польскага народу, то чаму ён не пайшоў у лес (як ён сам, Бэйнар?) Для тых, хто знаў Мацкевіча, гэта адно дэмагагічны прыхватак. Другі закід датыкаецца да раману «Дарога ў нікуды», які Бэйнар называе нікчэмным. Чаму? Таму што іншыя нацыянальнасьці паказаныя ў ім прыхільна, а палякі ачэрненыя і што ім няма згадкі аб ZWZ[109]109
ZWZ – Związek Walki Zbrojnej (Зьвяз збройнай барацьбы) – кансьпірацыйная вайсковая арганізацыя, створаная польскім эміграцыйным урадам на пачатку 1940. Галоўнай мэтай прызнавалася дывэрсійна-сабатажная дзейнасьць. Галоўнакамандуючы – ген. К. Сасноўскі (з чэрвеня 1940). У 1942 годзе перайменавана ў Армію Краёвую.
[Закрыть], зь якога пасьлей нарадзілася АК. А таксама таму, што ў гэтай кнізе няма любосьці да роднай зямлі, як у «Пану Тадэвушу»(?). Адылі «Дарога ў нікуды» існуе і абароніць сябе сама. Атака на яе навядзе, можа, на прычыны, зь якіх цяжка быць польскім раманістым. Калі б нехта ў мінулым стагодзьдзі выявіў Польшчу так, як Гогаль Расію ў «Мёртвых душах», то абавязкова заслужыў бы найменьне нікчэмніка. Трэці, зрэшты, закід – што Мацкевіч друкаваўся ў бульварнай прэсе. Безумоўна, ён не павінен быў гэтага рабіць. Але што ён друкаваў? Якраз некалькі разьдзелаў «Дарогі ў нікуды», якую Бэйнар палічыў пасквілем.
У цкаваньні Мацкевіча брала ўдзел дзіўная грамада – і патрыёты, і сукрытыя агенты віноўнікаў забойства ў Катыні. Гэтыя апошнія і былі найбольш зацікаўленыя ў тым, каб абвясьціць сьведку фашыстым і калябарантам. Якраз цяпер я зазірнуў у тэчку зь лістамі Мацкевіча да мяне, датаванымі 1969–1970 гг. Яны тычацца захадаў, якія я рабіў, каб пасуліць ягоныя кнігі амэрыканскім і нямецкім выдаўцам, з малым посьпехам, бо кожны раз трапляўся нехта з палякаў, аруплены, каб перашкодзіць выданьню кнігі. Мацкевіч і ягоная жонка, Барбара Тапорска, таксама знакамітае дараваньне, жылі ў крайняй беднасьці. Мушу пагадзіцца з тым, што Мацкевіч піша ў адным зь лістоў, – у параўнаньні зь імі Гамбровічу дужа пашчасьціла.
* * *
Мацкевіч паплаціўся за сваё падарожжа ў 1943 г. у Катынь на запросіны нямецкіх уладаў. З польскіх пісьменьнікаў туды яшчэ езьдзіў Фэрдынанд Гётэль. У Варшаве памяталі яго перадваенныя адкрытыя пахвалы фашызму, а ў 1940 годзе ў яго пракінуліся нясьмелыя схільнасьці да калябарацыі, бо ён зарэгістраваўся як прадстаўнік вольнае прафэсіі, літаратар, і намаўляў калегаў да гэтага ж самага. Шмат хто зарэгістраваўся, бо нібыта так больш бясьпечна. Аднак Гётэль меў добрае пачуцьцё грамадзкай кан’юнктуры і загадаў патрыятычнага кодэксу, а таксама больш не пасоўваўся ў згодніцтве што да немцаў. І дарма што ён паехаў у Катынь, ніхто яго пасьлей на эміграцыі не абвінавачваў у калябарацыі. А Мацкевіч, які з усімі быў на нажох, не лічыўся з грамадзкай думкай і быў паводле ўдачы чалавекам сварлівым, выехаўшы ў Катынь, узмацніў непрыхільныя да ягонай асобы настроі, і нікога не цікавіла, што паехаў ён з згоды польскіх падпольных уладаў.
Ці павінны былі палякі, у імя вышэйшых дыпляматычных інтарэсаў, удаваць, што яны нічагусенькі немцам ня вераць і дадаць катынскія могілкі да іншых гітлерскіх злачынстваў? Гэта б запатрабавала здушэньня ў сабе маральнага пратэсту, нечалавечай амаль дысцыпліны. Савецкая дзяржава прыкладала велічэзныя намаганьні, каб пераканаць увесь сьвет у сваёй нявіннасьці, і ейныя хаўрусьнікі ўважалі гэта за чыстую манэту або ўдавалі, што ўважаюць, таму палякі заставаліся сам-насам, з праўдай, якую абвяшчалі іхныя ворагі. І хто б паверыў, бо ўсім былі вядомыя іхныя антысавецкія «крыўды». Вось парадксальнае раўнаньне, годнае філязофскага аналізу.
Нядаўна, адведваючы знаёмых, я выпадкова ўзяў з паліцы тоўстую кнігу амэрыканскага карэспандэнта ў Маскве Гарысана Э. Сэльсбэры «Journey For Our Times» (1983) і натрапіў на ўрывак, дзе адлюстроўваецца падарожжа заходніх дыпляматаў і журналістых у Катынь. Я чытаў гэта, і мяне ледзьве не пацягнула на ваніты:
«Кэці Гарыман жыла ў Маскве з сваім бацькам, цяпер паслом у Маскве. У яе была пасада ў «Office of War Information», і адначасна яна спаўняла функцыі гаспадыні дому, уносячы жыцьцё і весялосьць у банальныя сцэнары. Яна перарабіла банкетную залю пасольства ў корт для гульні ў бадмінтон і знайшла запас старых галівудзкіх фільмаў на страсе. Яны былі такія крохкія, што лопаліся штохвіліны падчас паказу, аднак мы пушчалі іх і так».
«Кэці была ў Маскве, калі абвясьцілі навіну пра Катынь, і сказала, што хоча паехаць. Расійцы неўзабаве запрасілі яе і Джона Мэльбі, маладога attachй пасольства. Яны падрыхтавалі спэцыяльны цягнік – міжнародныя wagon-lits, вагон-рэстарацыя, абніцаваная чырвоным дрэвам, мноства ікры, шампанскага, масла, белага хлеба, вэнджанай ласосі, букатак, біф-строганаў, катлетаў па-кіеўску – і мы вырушылі, каб пабачыць адну зь вялікіх трагедый вайны».
«Расійцы адбілі Смаленск у верасьні 1943 году і памкнуліся цяпер запусьціць сваю прапагандысцкую бомбу. Заходнія карэспандэнты былі запрошаныя як частка дэкарацыі. Мне ня думаецца, каб удзел Кэці Гарыман і Джона Мэльбі быў санкцыянаваны палітыкай U.S. Я мяркую, што гэта зьдзеялася як прадыктаваны імгненьнем рэфлекс, дарма што Эвэрэл Гарыман насамрэч бачыў досыць «лёнданскіх» палякаў і калі вярнуўся з Катыні, сказаў мне, што ад пачатку быў перакананы ў тым, што палякі купіліся на нямецкую вэрсію злачынства, і тое, што яму паказалі, умацавала яго ў гэтым перакананьні».