355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 25)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 31 страниц)

Аляксандар Ф’ют*
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам

Ува Ўсходняй Эўропе заўжды пануе ліха.

Усходнюю Эўропу гэта захапіла.

Ува Ўсходняй Эўропе заўжды няміла.

Быў чалавек, і ўжо няма яго праз хвілю.

Ч. Мілаш. Нататнік: Пэнсыльванія.

Дзе насамрэч шукаць Сярэднюю Эўропу? На мапе? У гістарычнай памяці? У фантазіях? А можа ў літаратуры? І ці наагул варта яшчэ ўваскрашаць гэты тэрмін, калі дыскусіі, якія ён спараджаў, згасьлі, а палітычна-грамадзкія рэаліі нагэтулькі далекасяжна зьмяніліся? Пагатоў, што ад самага пачатку існаваньне Сярэдняй Эўропы падавалася прынамсі ілюзорным, выклікала цэлы шэраг пярэчаньняў. «Я дапускаю, што існуе нешта такое, як Сярэдняя Еўропа»[158]158
  Cz. Miłosz: O naszej Europie. «Kultura», № 4, 1986.


[Закрыть]
, – пісаў Чэслаў Мілаш, а Даніла Кіш канстатаваў, што «яна ўсё больш нагадвае сёньня гэнага цмока з Алка ў «Атоку Пінгвінаў» Анатоля Франса <...> ніхто з тых, хто цьвердзіў, што яго бачыў, ня мог сказаць, як ён выглядае»[159]159
  D. Kiš: Wariacje na tematy środkowoeuropejskie. «Res Publica», № 1, 1989.


[Закрыть]
. Для Кундэры гэтая частка кантынэнту была «разарваным Захадам»[160]160
  M. Kundera: Zachód porwany albo tragedia Europy Środkowej. «Zeszyty Literackie», № 5, 1988.


[Закрыть]
, для Бродзкага – «заходняй Азіяй»[161]161
  J.Brodski: Dlaczego Kundera myli się co do Dostojewskiego. «Zeszyty Literackie», № 11, 1985.


[Закрыть]
. Бо, у ісьце, Сярэднюю Эўропу можна прыблізна геаграфічна лякалізаваць, але далей пачынаюцца ўласна рупаты. Ейны прасьцяг і анталягічны статус і надалей застаецца досыць неакрэсьленым, межы размываюцца і капрызна блытаюцца. Калі ўявіць сабе фізычную мапу ўсёй Эўропы, на якую нехта пасьлядоўна накладвае празрыстыя клішы, якія пасьлядоўна вылучаюць уплывы Рыму і Бізантыі, лацінскай і старацаркоўнаславянскай мовы, каталіцызму і праваслаўя, вымалёўваюцца абшары заняпалых каралеўстваў і зьніклых імпэрыяў, рухі пэўных нацыянальных групаў і рэлігійныя асяродкі, ня кажучы аб засягу камунізму, – у пэўны момант лініі пачынаюць размывацца і блытаюцца. Гэта, без сумлеву, якраз тут. Тут, дзе найбольшая заблытанасьць і згушчанасьць, месьціцца Сярэдняя Эўропа.

Ці варта, аднак, і надалей настойваць на гэтым пайме? Так, адказвалі яго абароньнікі. Калі не спрацоўваюць геаграфічныя, гістарычныя або палітычныя аргумэнты, трэба зьвярнуцца па культурныя аргумэнты. Або – міжволі паўтараючы словы рамантыкаў – перанесьціся ў краіну духу. «Сярэдняя Эўропа – гэта не гаспадарства, а культура, кон. Ейныя межы ўяўныя, і іх даводзіцца вызначаць наноў, выходзячы з кожнай новай гістарычнай сытуацыі»[162]162
  M. Kundera, op. cit.


[Закрыть]
, – даводзіў Кундэра. Мілаш, у сваю чаргу, пераконваў, што «гігіенічная, так бы мовіць, падстава для абраньня тэрміну «Сярэдняя Эўропа» ў тым, што ён дазваляе шукаць спэцыфічнасьці ейнай культуры і бароніць нас ад абмыльных аналёгій»[163]163
  Cz. Miłosz, op. cit.


[Закрыть]
. Паводле Кіша, гэтае паймо «ў галіне культуры ўжо можа азначаць толькі апэляцыю да генэалягічнага дрэва Эўропы як да свайго собскага дрэва (...) азначае яшчэ верагодную патрэбу прызнаць гэтае супольнае паходжаньне, не зважаючы на адрозьненьні або якраз зь іхнай прычыны»[164]164
  D. Kiš, op. cit.


[Закрыть]
.

Упор на адзінства там, дзе надзвычай выяўна панавала разнароднасьць, у вялікай меры зьясьняўся, безумоўна, тым, што паймо Сярэдняй Эўропы зьяўлялася галоўна ў творах эмігрантаў і дысыдэнтаў, набываючы наўперад палітычны падтэкст. Спраставанае супраць дамінаваньня Савецкага Саюзу над гэтым абшарам кантынэнту, яно было згадкай аб існаваньні «горшай», забытай Эўропы, сьпісанай у архіў ялцінскім трактатам[165]165
  Найбольш грунтоўная бібліяграфія на тэму дыскусій аб Сярэдняй Эўропе ўтрымліваeцца ў: J. Olejniczak: Arkadia i małe ojczyzny. Vincenz – Stempowski – Wittlin – Miłosz. Kraków, 1992.


[Закрыть]
. Чаму я прыгадаў гэтыя агульнавядомыя факты? Таму, што генэза тэрміну і акалічнасьці яго ўзьнікненьня ў значнай меры ўплываюць на ягонае разуменьне і далейшае функцыянаваньне ажно да сучаснага моманту. Сярод іх трэба вылучыць, першае, падкрэсьліваньне трывалых сувязяў з культурнай і цывілізацыйнай спадчынай Заходняй Эўропы, нярэдка з пропускам Нямеччыны і Аўстрыі і як бы коштам Расіі, якую вымыкаюць з гэтых сувязяў. Другое, пошук супольных рысаў – нечага накшталт культурнай парадыгмы сьведам’я жыхароў гэтага прасьцягу – з выразьлівым замоўчваньнем або дэманстрацыйнай пагардай да адрозных рысаў. Урэшце, трэцяе – зьяўляецца рэтраспэкцыйная ўтопія ў выглядзе ідэалізацыі некалі існых на гэтым абшары шматнацыянальных і шматкультурных гаспадарстваў: Вялікага Княства Літоўскага і аўстра-вугорскай манархіі. Але ўсюдых упорыста пракідаецца аснаватворная праблема: як заставацца вольным у паліморфнай супольнасьці? Шляхецкая дэмакратыя разьвязала гэтую праблему часткова, абмяжоўваючыся адной прывілеяванай столкай. Аўстра-Вугоршчына, асабліва ў апошнюю фазу свайго існаваньня, адкідала памкненьні паасобных нацыяў да самавызначэньня. За дваццаць міжваенных гадоў утапічныя грамадзкія праекты, увасобленыя ў жыцьцё, выявілі сваю злавеснасьць. Ідэя вышэйшасьці адной нацыі над іншай скончылася генацыдам. Ідэя поўнай роўнасьці стварыла новую форму нявольніцтва.

Таму, калі шукаюць супольныя рысы Сярэдняй Эўропы, навязьлівым рэфрэнам вяртаецца гісторыя. Тая даўная і гэтая цяперашняя, запісаная ў калектыўным сьведам’і і перажываная ў дадзены момант. Ейны рэльефны відарыс – наўперад памяць паразы, прыніжальны досьвед прайгранкі. Мілаш нават робіць выснову, што «гістарычныя ўяўленьні заўсёды кормяцца калектыўнай памяцяй і пачуцьцём пагрозы»[166]166
  Cz. Miłosz, op. cit.


[Закрыть]
. Яму ўтаруе Конрад: «Наша ўяўленьне гісторыі абмяжоўваецца рэтраспэкцыйным летуценьнем: каб жа тады склалася інакш, то ўсё б пайшло гладка. Амаль-перамогі, нібы-дасягненьні, а пасьля горкі экстаз самаабвінавачаньняў»[167]167
  G. Konrad: Dekadenci to my. «Krasnogruda», № 1, 1993.


[Закрыть]
. Паляк і вугорац – два браты... у няшчасьці. Яны думаюць падобна, хаця іх падзяляе ня толькі адлежнасьць ад Амэрыкі да Эўропы, але і час: першае выказваньне паходзіць з пачатку восемдзясятых гадоў, другое зь дзевяцьдзясятых. Хіба – апрача Восені Народаў – у нашым аўтадыягназе нічога не зьмянілася? І надалей сярэднеэўрапейцы, паводле словаў Тамаша Лубеньскага, пакутуюць на «комплекс замкнёнасьці», «комплекс пэрыфэрыі» і «хваробу намадызму»[168]168
  Гл.: T. Lubieсski: Porachunki sumienia. Warszawa, 1994.


[Закрыть]
?

Перш як паспрабаваць адказаць на гэтае пытаньне, варта прызнаць, што ідэя Сярэдняй Эўропы ад самага пачатку знаходзіла вялікшы розгалас у Чэхіі, Вугоршчыне або ў краінах колішняй Югаславіі, чымся ў Польшчы. Чаму? Адной з прычын было, напрыклад, тое, што польскія землі былі падзеленыя паміж трыма гаспадарствамі, адно зь якіх распасьціралася далёка ў стэпы Азіі і прыналежнасьць якога да Эўропы нярэдка стаўлялася пад сумлеў, другое адмаўляла насельнікам цэнтральнай часткі кантынэнту называцца сапраўднымі эўрапейцамі, абдорваючы іх пагардлівым найменьнем Mitteleuropa, а трэцяе было ўблытана ў нутраныя нацыянальныя канфлікты. У гістарычнай памяці палякаў і надалей жыве абраз Рэчы Паспалітай, і загэтым яны не выстаўляюць прэтэнзій – як чэхі, вугорцы, славенцы – на габсбурскую манархію, якая збаёдала шанец стварэньня фэдэрацыі раўнапраўных малых дзяржаваў. Постаць дабрадушнага караля з бакенбардамі яшчэ ўзбуджае пэўны сантымэнт у жыхароў Кракава, сантымэнт супоўна незразумелы для насельнікаў Пазнані ці Варшавы. Адсюль вынятковасьць становішча Мілаша. Цяжка дзівіцца, што народжаны каля Коўні як царскі падданы, сьведка нараджэньня і экспансіі нацыяналізму дваццатага стагодзьдзя, у азоранай легендай гістарычнай мінуўшчыне Літвы ён шукае зразы для «Эўропы радзім».

Але малая папулярнасьць ідэі Сярэдняй Эўропы ў Польшчы мае яшчэ іншыя прычыны. Сярод іх у тым ліку і пытаньне прыналежнасьці да Эўропы. Як абгрунтавана даводзіць Багдан Цывіньскі[169]169
  B. Cywiński: Mój kawałek Europy. Warszawa, 1994.


[Закрыть]
, гэтае своеасаблівае прыхарошваньне лёгка паставіць пад сумлеў, калі зьвярнуцца да геаграфічных, гістарычных або эканамічных аргумэнтаў. Польшча для эўрапейцаў – гэта далёкая краіна, у гісторыі кантынэнту пастойна запозьненая, цывілізацыйна адсталая. Але, тым ня менш, патрэбная нейкай Эўропе, бо яна становіць сабой важны складнік яе духовай тоеснасьці. У чым тады палягае каштоўнасьць польскасьці? Цывіньскі асьцярожна кажа, што ён засяроджваецца на пазытыўных рысах стэрэатыпу паляка, да якіх адносяцца адвага і ахвярнасьць, здольнасьць да салідарных дзеяньняў, вернасьць каталіцызму і падпарадкаванасьць паводзінаў перадусім пачуцьцям. Вучоны прывёў тым самым, хоць і з засьцярогамі, набор традыцыйных прынцыпаў. Як бы ігнаруючы факт, што польскае грамадзтва за апошнія пяцьдзясят гадоў перажыло глыбокую мэтамарфозу і гэныя даўныя меры не заўсёды маюць прытарнаваньне. Наапошку, аднак, ён прызнае, што эўрапейскасьць ня ёсьць «вартасьцяй самой у сабе. Яна ёсьць баржджэй спосабам перажываньня вартасьцяў, прыступных чалавеку, спосабам, які свойскі эўрапейцу, бо ён паклікаецца на ведамыя яму культурныя кады і на запісаныя ў іх успаміны аб пэўных гістарычных даведаньнях». Дадаючы: «Дзеля гэтага «агульначалавечая», абстрактная вартасьць убіраецца ў строі блізкай нам сымболікі, а на ейным ахове стаяць ведамыя нам з гісторыі або зь легендаў героі»[170]170
  Ibidem, s. 12.


[Закрыть]
. Намагаючыся ўскосна давесьці прыналежнасьць Польшчы да Эўропы, Цывіньскі выяўна абсалютызуе пры гэтым мяжу паміж Усходам і Захадам. Ён сьцьвярджае, што крытэрам, важнейшым за веравызнаньне, ёсьць «тып грамадзка-палітычнага ладу і філязофія чалавека і грамадзтва, якая стаіць за ім»: загэтым па адным баку пануе закон, па другім – «воля абсалютнага валадара»[171]171
  Ibidem, s. 13.


[Закрыть]
. Гэтага роду абагульненьні лёгка паставіць пад сумлеў. Бо хіба Захад заўсёды кіраваўся законам, а ня воляй валадароў? Або ці ў Расію не пранікалі дэмакратычныя ідэі? Але прытарнаваная тут стратэгія, нягледзячы на шматлікія заганы, паўторыцца яшчэ ня раз.

* * *

Сілкаваны настальгіяй, летуценьнем або сукрытымі комплексамі, дыялёг выгнанцаў зь Сярэдняй Эўропы не заглух у пустцы, наадварот – ён выклікаў на Захадзе надзвычай жывы рэзананс. Прамовіла пачуцьцё сукрытай віны? Настальгія за ўстойлівым сэнсам? Прагненьне самасьцьвярджэньня? Як бы там ні было, заходнеэўрапейскія інтэлектуалы і пісьменьнікі проста навыперадкі бегалі адзін за адным, каб узяць удзел у дэбатах. Уборзьдзе, зрэшты, яны набылі форму міжнародных канфэрэнцый, падчас якіх – зазвычай адныя і тыя ж удзельнікі – заўзята разглядаюць размавітыя гістарычныя, палітычныя, гаспадарчыя, культурныя аспэкты жыцьця ў гэтай частцы кантынэнту. Сярэдняя Эўропа стаецца ў пэўным сэнсе моднай. Ейная адметнасьць і апрычонасьць выявілася ня толькі ў словах, запісаных дысыдэнтамі, але і ў штодзённым жыцьці насельнікаў дзяржаваў, захінутых зялезнай заслонай, як у пакутнай праўдзе палітычных рэалій, так і ў кампэнсацыйнай гістарычнай фікцыі.

Добрым прыкладам гэтага ёсьць ведамае эсэ Цімаці Гартана Аша з вымоўным назовам «Ці існуе Сярэдняя Эўропа?»[172]172
  «Zeszyty Literackie», № 17. Перадрук у: Pomimo i wbrew. Eseje o Europie Środkowej. Przeł. A. Husarska. Londyn, 1990.


[Закрыть]
. Абапіраючыся на эсэ Гавэла, Міхніка і Конрада, аўтар выкрывае мітатворныя схільнасьці ў мысьленьні ўсходнеэўрапейскіх дысыдэнтаў, замоўчваньне імі цяжкіх і далікатных праблем, напрыклад, стаўленьня да Нямеччыны і нацыянальных меншасьцяў, ён даходзіць да высновы, што «кожная спроба прэпарацыі нейкай супольнай сярэднеэўрапейскай «эсэнцыі» гісторыі прыводзіць толькі да абсурдных спрашчэньняў або безьзмястоўных абагульненьняў», а само паймо немагчыма абараніць як «сьведчаньне супольнай гісторыі»[173]173
  Op. cit., s. 31–32.


[Закрыть]
. Тым самым яно зводзіцца ў ісьце да паставаў, ідэяў і вартасьцяў, выведзеных незалежнымі інтэлектуаламі з досьведу жыцьця ў камуністычнай сыстэме. Набор прынцыпаў надзвычай просты і, няма сумлеву, годны павагі. Гэта «імпэратыў жыцьця ў праўдзе, адмаўленьне ад усілства, барацьба за грамадзянскую супольнасьць»[174]174
  Ibidem, s. 47.


[Закрыть]
. Але якую карысьць могуць атрымаць з гэтага заходнія інтэлектуалы? Паводле Аша, развагі апазыцыянэраў не зьмяшчаюць надта шмат новых ідэяў, але яны могуць паслужыць ключом да мэханізмаў таталітарызму. «Яны ёсьць ідэалягічнай вакцынай, якая аказвае збавенны ўплыў на існыя ў Заходняй Эўропе рухі за мір. Яны становяць сабой годны перайманьня прыклад маральнай адказнасьці і асабістай адвагі. Яны нагадваюць, што «ідэі і словы маюць вагу»[175]175
  Ibidem, s. 49.


[Закрыть]
, і таму да іх нельга легкаважка падыходзіць і імі злоўжываць. Няцяжка зацеміць, што ў гэтых меркаваньнях трапнасьць назіраньняў ідзе ўзапар зь незнаёмасьцю рэалій, а таксама схільнасьцю да празьмерных абагульненьняў. Зь іншага боку, усё часьцей чуецца – напару яшчэ і агучанае прадстаўнікамі розных арыентацый – перакананьне, што на гэтым забытым прасьцягу перахаваліся тыя вартасьці эўрапейскай культуры, якія на Захадзе былі або зруйнаваныя, або адкіненыя.

Але, як было сказана, для заходнеэўрапейцаў Сярэдняя Эўропа перастае паступова быць адно грамадзка-палітычным праектам або зямлёй, па якой ходзяць белыя мядзьведзі. Вельмі цікавым сьведчаньнем з гэтага гледзішча ёсьць запіскі Ганса Магнуса Энцэнзбэргера, які наведаў Польшчу ў 1986 годзе. Быстры і праніклівы назіральнік, не спабыты сымпатыі да палякаў, ён фіксуе наўперад кантрасты і парадоксы. Ён адведвае малыя і вялікія месты, бярэ ўдзел у патрыятычных імшах, бывае ў інтэлігенцкіх дамох, размаўляе з Тадэвушам Ружэвічам і Рышардам Капусьціньскім. Гэта як фатаграфія, на якой быў схоплены гэны пэрыяд з усім яго патасам і сьмяхотнасьцю. Але ейным нэгатывам ёсьць як адметнасьць грамадзкай і культурнай асноведзі, так і розьніца ў мэнтальнасьці і сьветаглядзе. Прадстаўнік народу, які «сваю гісторыю высадзіў ў паветра»[176]176
  H. M. Enzensberger: Czechy nad morzem i inne eseje. Przeł. i wstępem opatrzył A. Kopacki. Lódź, 1992, s. 143.


[Закрыть]
, за галоўную рысу палякаў уважае «маніякальную сузіральніцкую памяць»[177]177
  Ibidem, s. 102.


[Закрыть]
, а адбудову Варшавы называе «свайго роду донкіхоцтвам у гераічных танах»[178]178
  Ibidem, s. 95.


[Закрыть]
. Жыхар краіны, якую характарызуе «непахісная гегемонія middle class»[179]179
  Ibidem, s. 149.


[Закрыть]
, ён зь зьдзіўленьнем канстатуе, што ў Польшчы ніхто не падцінае прывілеяванай пазыцыі інтэлектуальнай эліты. Прагматык і былы «левы», расчараваны ў сваіх ранейшых паглядах, ён дзівіцца польскай здольнасьці ператрываньня, але ганіць празьмерную перавагу нацыянальнай пыхі і пачуцьця гонару над здаровай развагай. Чалец дазваньня сэкулярызаванага грамадзтва адцямляе: «Патрыятызм і рэлігія твораць гэтта містычную амальгаму»[180]180
  Ibidem, s. 111.


[Закрыть]
. Вандроўка ў прасторы, і да таго ж неаддаленай, тады аказваецца падарожжам у часе, зрушэньнем гісторыі Эўропы – у іншыя эпохі, пройшлыя ўжо фазы цывілізацыі. Не абавязкова, аднак, у бок своеасаблівай рэзэрвацыі, здольнай адно сьмяшыць і расчульваць. Бо, на думку Энцэнзбэргера: «Эўропа патрабуе Польшчу. – Нават на вашыя абмылы ёсьць пільная патрэба»[181]181
  Ibidem, s. 138.


[Закрыть]
.

Дыскусія над Сярэдняй Эўропай не абмяжоўваецца такога роду адзінкавымі выправамі на маладасьледаваны і троху экзатычны прасьцяг. Што цікава, яна зыходзіцца ў часе ці нават стаецца свайго роду каталізатарам рэфлексій над усёй эўрапейскай спадчынай. І ў гэтых рэфлексіях сярэднеэўрапейскія інтэлектуалы адыгралі значэнную ролю. Напрыклад, падчас сэсіі ў Кастэль Гандольфа ў 1987 годзе пад назовам «Эўропа і што з гэтага вынікае»[182]182
  Гл.: Rozmowy w Castel Gandolfo 1985. T. 2. Europa i co z tego wynika. Przyg. i przed. K. Michalski. Warszawa, 1990.


[Закрыть]
, дзе была разгледжана ў тым ліку праблема хрысьціянскай генэалёгіі эўрапейскай культуры, стаўленьня Эўропы да ісламу, унівэрсалізму і эўропацэнтрызму, голас палякаў прагучэў досыць характэрным чынам. Лешак Калакоўскі зьвярнуў увагу на драмаючы ў хрысьціянстве таталітарны патэнцыял, Чэслаў Мілаш горкім прывілеем сярэднеэўрапейца назваў тое, што мяжу паміж праўдай і маной, дабром і ліхам ён праводзіць згодна з сваім беспасярэднім досьведам, а Яцэк Вазьнякоўскі галоўную пагрозу эўрапейскаму «адзінству ў шматстайнасьці» ўгледзеў у «грамадзкай атамізацыі» і ў «татальным або таталізуючым уніфармізьме»[183]183
  Ibidem, s. 184.


[Закрыть]
. А ў выступе Кшыштафа Помяна ўся гісторыя Эўропы прадстала як адмежаваныя распадам тры ейныя задзіночаньні: першае – у сярэднявеччы, на руінах Рымскай імпэрыі, другое – у XVIII стагодзьдзі, абапёртае на навукова-гістарычную культуру й зыніцыяванае Рэспублікай Вучоных, і трэцяе, што дзеецца цяпер. Няцяжка зацеміць, колькі і гэтая канцэпцыя сіляе зь сярэднеэўрапейскага досьведу, будучы яшчэ адной спробай знайсьці нашае месца ў эўрапейскай супольнасьці.

У жаданьні наноў і йнакш асэнсаваць злучво эўрапейскай гісторыі, а таксама расшыфраваць кіруючыя ёй мэханізмы Помян, зрэшты, не адзіны. Надзвычай цікавым прыкладам гэтага ёсьць кнігі двух французаў: Эдгара Морына «Думаць: Эўропа» і Жан-Мары Дамэнака «Эўропа: выклік для культуры». Мор’ін робіць высновы з расчараваньня заходніх інтэлектуалаў марксізмам. І таму, прадстаўляючы гісторыю Эўропы, у месца канфлікту клясаў ён устаўляе – сягаючы да Бахціна – дыялягічнасьць, а ў месца дыялектычнага матэрыялізму – часткова паклікаючыся на гістарыязафічную канцэпцыю дэ Віко – канцэпцыю «віру». На ягоную думку: «У эўрапейскай культуры важнымі ёсьць ня толькі праводныя ідэі (хрысьціянства, гуманізм, розум, навука), але гэтыя ідэі разам із сваімі супрацьлежнасьцямі. Эўрапейскі гені замыкаецца ня толькі ў плюралізьме і зьменах, але таксама ў дыялёгу плюралізмаў, які вытварае зьмены. Ён замыкаецца не ў прадукаваньні новага як таковага, а ў антаганізьме старога з новым (...). Інакш кажучы, у жыцьці і станаўленьні эўрапейскай культуры важнае значаньне маюць апладняючыя сустрэчы размавітасьцяў, антаганізмаў, канкурэнцый, узаемадапаўненьняў, гэта значыць, якраз іхная дыялёгіка. Якраз яна ёсьць вытворцам-вырабам «вірлівага» суплёту, у якім кожны элемэнт ці момант ёсьць адначасна прычынай і насьледкам усяго суплёту, які перарастае ў туманную сьпіраль. Дыялёгіка – гэта якраз карэнь эўрапейскай культурнай тоеснасьці, а ня той ці іншы зь ейных элемэнтаў або момантаў»[184]184
  E. Morin: Myśleć: Europa. Przeł. J. Leczycki. Warszawa, 1988.


[Закрыть]
.

Новае эўрапейскае сьведам’е нараджаецца, паводле Морына, з адкрыцьця супольнасьці наканаваньня. Сярэдняй Эўропе пры гэтым прыпадае асаблівае месца. Ейная сустрэча з таталітарызмам надала перажываньню супольнасьці кону сілу і глыбіню, якіх дарэмна шукаць на Захадзе. Заходнім інтэлектуалам, у сваю чаргу, заняпад ідэі сацыялізму нанаў адкрыў значаньне дэмакратыі, «дабрадзейства плюралізму і антаганізму». Пры гэтым надыходзіць паказальны зрух у гіерархіі вартасьцяў. Морын кажа, што «зварот да думкі, якая сьмела супрацьстаіць небыцьцю – вось жывая праява нігілізму, канчальны прадукт прыгодаў эўрапейскага розуму, канчальны насьледак утраты фундамэнтаў, канцавое вязьмо шалёнай пагоні за першай аксіёмай. Тут, але толькі пры ўмове, што будзе заключаны хаўрус з крытычнай рацыянальнасьцю, эўрапейскі нігілізм вучыць нас супрацьстаяць няпэўнасьці і страху ад наканаваньня»[185]185
  Ibidem, s. 120.


[Закрыть]
.

Заданьне, якое нас чакае, кажа Морын, – выйсьці за нацыю і за правінцыю. «Мы жывем аблудай, што тоеснасьць – гэта непадзельнае адзінства, дарма што гэта заўсёды unitas multiplex. Мы ўсе ёсьць істамі з чысьленнымі тоеснасьцямі ў тым сэнсе, што спалучаем у сабе фамільную, лякальную, рэгіянальную, нацыянальную, наднацыянальную (славянскую, германскую, лацінскую) тоеснасьць і, у сьцягу прылучаёў, рэлігійную і дактрынальную тоеснасьць»[186]186
  Ibidem, s. 123.


[Закрыть]
. Гэныя тоеснасьці могуць уступаць у канфлікт, але могуць быць таксама формай нутранога ўзбагачэньня. Загэтым эўрапейская тоеснасьць павінна стаць ня толькі часткай плянэтарнай тоеснасьці, але таксама пэўнай ейнай мадэляй, якая лучыць ідэю мэтанацыі з ідэяй правінцыі.

Мабыць, і ў гэтым месцы варта спаслацца на сярэднеэўрапейскі досьвед. Аджа ён як бы выяўляе нэгатыўны бок канцэпцыі Морына. Бо дзе больш, як не на гэтым прасьцягу, выгубляльны вір уцягваў цэлыя народы? Дзе дыялёг перарастаў баржджэй у бурлівую спрэчку і ходаньне? І дзе больш балюча былі адчутыя насьледкі стагодзьдзя ідэалёгій і фальшывых мэсіянізмаў? Але для сярэднеэўрапейцаў ідэя мэтанацыі магла б быць збавенным лекам ад хваравітага нацыяналізму, а трактаваньне Эўропы як правінцыі сьвету магло б вылекаваць іх ад комплексу перабываньня наўзбоч гісторыі. Адылі, ці мусіць гэта адбывацца пад знакам Ніцшэ? Ці сапраўды гераічны нігілізм ёсьць адзінай зразай на будучыню?

Дамэнак, палемізуючы з Морынам, робіць большы націск на энэргетычныя, а не дыялягічныя, собствы эўрапейскае культуры, на ейную здольнасьць да самаператварэньня. Як ён адцямляе: «Гісторыя – гэта не давяроная праўда, ні цалком ужо змрочная сапраўднасьць. Гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе прошлыя падзеі, каб на гэтым подзе аналізаваць сваю цяперычыню і плянаваць будучыню». Бо няма адной эўрапейскай культуры, а ёсьць культура Эўропы, сілу якой вызначае адметнасьць кожнай нацыянальнай культуры. Эўрапейская культура існавала, гэта праўда, але толькі «ў кароткіх проблісках, зь якіх найпазарчэйшым была фаза юдэа-чэска-германскай культуры ў 1880–1930 гадох»[187]187
  J. M. Domenach: Europa: Wyzwanie dla kultury. Przeł. A. Sikorska. Warszawa, 1992, s. 7–8.


[Закрыть]
.

Але пярэйсьце ад нацыянальных дзяржаваў да Эўропы як культурнай супольнасьці налучыць на шмат замінаў. Адной зь іх ёсьць ўзрост своеасаблівага фундамэнталізму, які на Захадзе выражаецца ў апэляцыі да рэлігійнай і этнічнай тоеснасьці як адатруты на масавую касмапалітычную культуру. Дамэнак бароніць ідэю нацыянальнай дзяржавы, але разумее яе як супольнасьць, абапёртую на сувэрэнным рашэньні індывідаў, што ўтвараюць яе. На ягонае перакананьне, толькі так зразуметая ідэя становіць сабой процівагу як ізаляцыянісцкім памкненьням малых групаў, так і тэндэнцыі да ўніфікацыі ў Эўропе культуры і эканомікі. Як тады шукаць эўрапейскую тоеснасьць? Пэўна, ня так, як шукалася нацыянальная тоеснасьць, не спалучаючы яе з нацыяналістычнай і расісцкай ідэалёгіяй.

Эўрапейская тоеснасьць павінна быць пакліканьнем, а не дэтэрмінантай. Тымчасам, зацямляе Дамэнак, працэсы ў цяперашняй Эўропе выражаюць патрэбу ўкараненьня і заразом нястачу зацікаўленьня культурай суседзяў. Утвараецца Эўропа без гістарычнага сьведам’я. Заміж Эўропы гуманістых – Эўропа масаў, зацікаўленых адно тэхнікай і эканомікай. Прыклад Францыі сьведчыць, што пад пагрозай апынілася і адметнасьць, і ўнівэрсальнасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яна падлягае ўціску амэрыканізацыі, паколькі не ўзумела перайсьці ад культуры элітарнай, шанаванай вонках Францыі, да культуры масавай. «Амэрыканская культура для сёньняшняй месцкай папуляцыі ёсьць (...) нечым натуральным чынам унівэрсальным, бо яна адлюстроўвае адпаведнасьць індывідуальнай творчасьці з агульнай сытуацыяй»[188]188
  Ibidem, s. 42.


[Закрыть]
.

Загэтым узьнікае асьцярога, што ў грамадзтве, узвычаеньні і мэнтальнасьць якога фармуюцца здабыткамі тэхнікі, традыцыйная культура ня здолее ператрываць. Фундамэнталізм, сутаргавае трыманьне за анахранічную традыцыю шмат не абяцаюць. «Памяці не дастаткова, каб захаваць лучнасьць із сваёй зямлёй, з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ воля расшырэньня гарызонтаў і ахвота перажываньня новых прыгодаў»[189]189
  Ibidem, s. 45.


[Закрыть]
.

Павучальнай у гэтым сэнсе ёсьць, паводле Дамэнака, навука Сярэдняй Эўропы. Пры гэтым ён мае наўвеце культуру Вены, творцамі якой былі жыды, «што становіць сабой яшчэ адзін довад на карысьць таго, што не ўкараненьне, а выкараненьне аказваецца плённым у крытычных часох». І якраз «гэты юдаізм (пераважна антырэлігійны і асыміляваны) быў апошняй перамогай Эўропы, сапраўды вернай сваёй культуры, якая – перш як яе зьнішчыў фанатызм – дала сьвету ключы ад новай цывілізацыі»[190]190
  Ibidem.


[Закрыть]
. Дамэнак, што зьдзіўляе, гаворыць аб усёй Эўропе словамі, пад якімі маглі б падпісацца колішнія абароньнікі ідэі Сярэдняй Эўропы: «Эўропа ні геаграфічная прастора, ні гістарычная субстанцыя. Гэта перадусім духовая прастора: злучво хрысьціянізаваных земляў, якія перанялі патройную спадчыну юдаізму, Грэцыі і Рыму»[191]191
  Ibidem, s. 48.


[Закрыть]
. Галоўная вартасьць гэтай культуры ў «пацьверджаньні, паглыбленьні і ўдасканаленьні чалавечай асобы ў ейнай непаўторнасьці, у ейнай харашбе і правах»[192]192
  Ibidem, s. 51.


[Закрыть]
. У подзе эўрапейскага духу ляжыць здольнасьць перасягаць абмежаваньні і несупынна стаўляць пад сумлеў собскія структуры. Яна можа аказвацца небясьпечнай, як гэта паказалі сусьветныя войны, але адначасна ёсьць жаралом ейнага пастойнага адраджэньня. Карацей кажучы, стан крызысу ёсьць у Эўропе не часовым забурэньнем, а пастойным станам.

Эўрапейская тоеснасьць як вартасьць, залежная ад нацыянальных культур, хаця сама і ня будучая культурай, будзе адказам на найважнейшыя выклікі эпохі, выходзішчам цывілізацыйных чаканьняў і грамадзкай палітыкі. Абапёртая на супольнасьці кону, яна можа стаць падставай інтэграцыйных захадаў. Настрою зьняверанасьці, які суправаджае адыход у мінуўшчыну нацыянальнай дзяржавы, Дамэнак супрацьстаўляе праект Эўропы розумаў і Эўропы грамадзянаў. Эўропы, якая, выкарыстоўваючы патэнцыял кожнай нацыі, можа дзейсна адказаць на паўсталыя перад ёй выклікі ў сфэры грамадзкай палітыкі, экалёгіі, а таксама культурнай інтэграцыі, якая вядзе да новага рэнэсансу. Ён бачыць шанец на згасаньне шмат якіх гістарычных, ідэалягічных і рэлігійных канфліктаў у патрэбе паклікацца на адныя і тыя ж вартасьці. Але адыход ад нацыянальнай дзяржавы да палітычнай структуры без гістарычнага прэцэдэнту прыводзіць да таго, што ў заходняй думцы адчуваецца нястача тэарэтычных падставаў для адбыванай эвалюцыі. Адныя галасы – з сарказмам зацямляе францускі думаньнік – якія можна ўчуць у гэтай пустцы, даносяцца да нас зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы: гэта перасьледаваныя дысыдэнты, якія не баяцца вымавіць слова «свабода». Палякі, чэхі, вугорцы і цэлыя легіёны вялікіх сьведкаў Гулагу... Жудасны парадокс: подаў існаваньня супольнай Эўропы, а гэтаксама ейнай душы, нам трэба шукаць вонках Эўропы дванаццацёх»[193]193
  Ibidem, s. 73.


[Закрыть]
. Таму неабходна зьвярнуцца да традыцыі дзевятнаццатага стагодзьдзя, сіляючы зь яе ідэю неадасабленьня самасьцьвярджэньня індывіда ад кону супольнасьці. Паводле Дамэнака, рэцэпт для Эўропы будучыні – гэта развой сярэдніх местаў, раўнавага паміж правінцыяй і цэнтрам, а таксама разгляд узаемінаў цэлага і часткі не ў «катэгорыях ссумаваньня і інтэграцыі», а «ў падвойнай пэрспэктыве: цэлае залучана ў частцы, а частка ў цэлым»[194]194
  Ibidem, s. 78.


[Закрыть]
.

* * *

Як відаць, адной з найбольш адметных рысаў ідэі Сярэдняй Эўропы ёсьць тое, што нарадзілася яна ў фантазіі і сэрцах пісьменьнікаў-выгнанцаў і існавала пераважна на паперы. Перабывала, калі хочаце, у слове. Зусім як у рамантызьме. Гэта ў вялікай ступені зьясьняе, чаму ейны разлог такі малавыразьлівы і досыць неакрэсьлены. Рамантычны радавод заразом тлумачыць, чаму дагэтуль яна корміцца аднымі і тымі ж крыўдамі і лякамі, жывіць адныя і тыя ж спапярэдлівасьці. Калі славенскі пісьменьнік кажа, што тоеснасьць ягонае нацыі «дзеля нябытнасьці гістарычна-палітычных сілаў пацьвярджалася культурай і літаратурай»[195]195
  D. Jancar: Terra incognita. Przeł. J. Pomorska. Warszawa, 1993, s. 42.


[Закрыть]
– то пад гэтым сьцьвярджэньнем маглі б падпісацца і чэскія, вугорскія і польcкія пісьменьнікі. Але ўжо не – аўстрыйскія, расійскія і нямецкія. Бо ў гэных літаратурах нябытуе такое істотнае пачуцьцё пагрозы. Яснае ўсьведамленьне, што – як пісаў Мілан Кундэра – нацыянальная экзыстэнцыя стаіць пад знакам запытаньня[196]196
  M. Kundera, op. cit.


[Закрыть]
. Бо малая нацыя ўсьведамляе факт, што можа чыста зьнікці. Яна бярэ ўдзел у эўрапейскай гісторыі, але ёй наканавана роля аўтсайдэра і ахвяры.

Ці можна тады вылучыць у гэтых літаратурах тое, што становіць сабой у іх, так бы мовіць, экстракт сярэднеэўрапейскасьці? Такія спробы рабіліся шматкроць, але сама іх шматлікасьць схінае да роздуму. Бо, з аднаго боку, памкненьне да самавызначэньня ёсьць выяўна артыкуляванай патрэбай прызнаньня сваёй самабытнасьці, выняткавасьці і арыгінальнасьці. З другога – у іх досыць парадаксальна падкрэсьліваецца, што гэтыя літаратуры становяць сабой інтэгральную частку літаратуры Захаду. У гісторыі літаратур – што, можа, становіць сабой чарговы довад іх рамантычнай генэалёгіі – аўтары шукаюць галоўна пацьверджаньня сваіх дыягназаў сярэднеэўрапейскай мэнтальнасьці. І там таксама знаходзяць апірышча, мяркуючы, што гэта адзіная сфэра, у якой не раздаюцца воклічы этнічных нянавісьцяў і аціхае бразгат зброі. Дзе існаваньне эўрапейскай культурнай спадчыны такое ж натуральнае, як паветра. Даніла Кіш нат цьвердзіць, што адрознай рысай паэтыкі сярэднеэўрапейскага пісьменства ёсьць «іманэнтная прысутнасьць культуры», што выражаецца ў багацьці і разнастайнасьці рэмінісцэнцый, алюзій і ў пераасэнсаваньні матываў і сымбаляў міжземнамор’я. Паводле Мілаша, гэткай рысай ёсьць «сьведам’е гісторыі», якое абумаўляе ўчынкі герояў і зьмяняе кансыстэнцыю бэлетрыстычнага часу. У адваротнасьць ад заходнеэўрапейскай літаратуры, дзе «час нэўтральны, бясколерны, бязважкі, плыве без зыгзагаў, без імклівых выгінаў, стромкіх парогаў», у пісьменьнікаў зь Сярэдняй Эўропы ён «інтэнсіўны, спазматычны, поўны неспадзяванак»[197]197
  Cz. Miłosz, op. cit.


[Закрыть]
. Бо гісторыя гэтта сузіраецца вачыма сьведкаў або ахвяраў, прыходзіць звонку і зьнянацку. Зьнішчальная, як стыхія, няўрымсьлівая, як паліцыя таталітарнай дзяржавы. Якраз гэта прыводзіць да таго, што мяжа, якая аддзяляе дабро ад ліха, застаецца выразьліва праведзенай, а праўда, годнасьць ды мэтафізычны элемэнт у людзкіх душах захоўваюць сваё даўнае значаньне. Іншымі словамі, літаратура Сярэдняй Эўропы перахавала з эўрапейскай спадчыны тое, што найкаштаўнейшае ў ёй, і што на Захадзе было зглумлена, забыта або занядбана. Для Кундэры гэткім найкаштаўнейшым спадкам заходняй літаратуры, упаасобку францускай, ёсьць думка і літаратурныя зразы асьветніцтва. Карацей кажучы, гэты ўяўны сярэднеэўрапейскі літаратурны экстракт ёсьць зазвычай гіпастазаваньнем собстваў літаратуры адной нацыі або характэрных для аднаго твору рысаў. Наколькі ілюзорнымі бываюць такія спробы, паказвае нарыс Барбары Таруньчык, якая важыцца шукаць духу Сярэдняй Эўропы ў творах супрацаўнёў «Zeszytуw Literackich»[198]198
  Гл.: B. Toruńczyk: O królach i duchach – z opowieści wschodnio-europejskich. «Zeszyty Literackie», № 20, 1988.


[Закрыть]
.

У гэтым месцы ўзьнікае прынцыповае пытаньне: ці не былі гэтыя ілюзіі насьледкам паняволеньня? Аджа лёгка давесьці, гістарычнае сьведам’е ў роўнай ступені прасякае як польскія, чэскія ці вугорскія раманы, так і расійскія ды нямецкія. Што і ў іх няцяжка знайсьці чысьленыя сьляды грэка-рымскай культурнай спадчыны. Што і там час бяжыць спазматычна. Тады ці няма ў літаратуры Сярэдняй Эўропы тэмаў, якія б адразьнялі яе ад іншых эўрапейскіх літаратур? Я мяркую, што можна выразьніць прынамсі тры такія тэмы. Гэта: непрыняцьцё пэрыфэрыйнасьці, пачуцьцё рухомасьці межаў, а таксама праблематычная тоеснасьць. Першая тэма выводзіцца з больш ці менш прыхаванага комплексу непаўнавартасьці. Пільнай патрэбы давесьці сабе і сьвету, што мы ня горшыя за тых, хто насяляе культурныя цэнтры. Што мы ня нейкія бязродзічы і маем права ганарыцца творамі, якія могуць на роўных супараваць з найлепшымі. Другая тэма ёсьць, відаць, рэфлексам досьведу, які спараджае перабываньне ў прасьцягу шырака зразуметых крэсаў. У сфэры несупыннага осмасу альбо канфліктаў паміж грамадзтвамі, якія легітымуюцца адрознай культурай, асобным абычаём, сваёй рэлігіяй, іншай мовай. Адсюль таксама выплывае, спраектаваная ў больш ці менш аддаленую гістарычную мінуўшчыну, утопія гарманійнага сужыцьця. Наапошку трэцяя тэма. Праблематычнасьць тоеснасьці можна разумець дваяка: яна ўяўляе сабой заданьне, якое трэба разьвязаць і заразом ёсьць нечым толькі гіпатэтычным, устаноўленым на момант, патрабуючым аднаўленьня намаганьняў. А бывае так таму, што працэс самавызначэньня налучае на размавітыя перашкоды. Ён паклікаецца на тыя зразы і сымбалі, якія або цяжка расшыфраваць, або якія нагэтулькі перамяшаныя паміж сабой, што іх немагчыма скласьці ў празрыстую сыстэму. Іншыя яшчэ пагрозы нясе гамагенізацыя, сьпярша праводжаная таталітарнай сыстэмай, якая пасьлядоўна выгубляе тое, што адзінкавае і непаўторнае, на карысьць ідэалягічнай уявы, абапёртая пераважна, хаця і ня толькі, на амэрыканскіх зразах масавае культуры. Безумоўна, ступень пагрозы з боку гэтай апошняй непараўнальна меншая. Аджа яна не валодае формамі рэпрэсій і не аказвае такога гнятлівага, як таталітарная сыстэма, націску. Гэтай пагрозы нельга, аднак, недаацэньваць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю