355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 28)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 31 страниц)

Так, прыгадваючы ў памяці ўсе нашы размовы ў Цімахавізьне, Сэйнах, Варшаве.., усе пастаўленыя табой пытаньні, я пачынаю пісаць.

* * *

Чаму пэрспэктыва Трансыльваніі важная для нашай размовы? Таму што яна зьмяшчае Польшчу і Летуву ў пэўнай сыстэме спалучаных судзінаў, якія ўзаемна абумоўлены і аказваюць адзін на аднаго магутны ўплыў. Гэта сыстэма ўбірае ў сябе, безумоўна, паўзьмежжы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы з сваёй пячаткай гістарычных сувязяў, зьменлівых межаў, культурных сваяцтваў. На гэта наклалася яшчэ пячатка супольнасьці сацыялістычнага лягеру, аб якой мы цешыліся, што яна будзе неўзабаве пераадолена, а ў сапраўднасьці мы будзем змагацца зь ёй яшчэ дзесяцігодзьдзі.

Само паймо паўзьмежжа ў сучасны момант тут непапулярнае. Зьвязана гэта з тым, што, згаджаючыся на сапраўднасьць паўзьмежжа, ты пагаджаешся на адмаўленьне ад выключнасьці, напрыклад, летувіскасьці або польскасьці на дадзеным прасьцягу. Узяць хаця б Вільню – летувісы столькі змагаліся, каб мець яе за сваю, за сваю сталіцу. А тут цяпер беларусы абвяшчаюць сьвету, што іх духоўнай сталіцай зьяўляецца Вільня і спакойна прапануюць, каб гэты горад стаў сталіцай усіх нас – летувісаў, палякаў, беларусаў, жыдоў... Аднак гэта тут ужо ў нас ёсьць. Тут ніводны народ не зьяўляецца ўласьнікам усяго.

У выніку перад намі заўсёды стаяць два магчымыя сцэнары паводзін: або мы будзем хацець усё мець ва ўласнасьці і тады пачнем пісаць на мурох лёзунгі накшталт «Польшча для палякаў» і старанна будаваць вобраз кожнага іншага як чужніка і ворага, або дом свой збудуем адкрытым, разьвіваючы добрасуседзтва і пашану да іншага.

Істотная праблема ў гэтым выпадку замыкаецца ня ў тым, што будзе прыняты першы сцэнар, бо сьвядомых і актыўных нацыяналістаў у нас няшмат, а праявы ксэнафобіі хоць і распаўсюджаныя, але застаюцца, тым ня менш, у бальшыні месцаў адмоўнай рысай. Праблема палягае ў тым, што вялізная бальшыня нас лічыць, што дастаткова ня быць нацыяналістам, мець дэмакратычныя пагляды, і ўсё будзе ў парадку. Тым часам адкрыты дом трэба будаваць; тут патрэбна выканаць вялікую працу, патрэбна мець вялікае сэрца.

Падобная сытуацыя і з паймом талеранцыі; само лацінскае слова «tolerare» – зносіць, утрымвае ў сабе нешта пасіўнае, і таму мае рацыю Ян Павел ІІ, кажучы: «Талеранцыя – гэта замала...». Але аб талеранцыі пазьней.

Цяпер я хачу толькі зазначыць, што поле пабудовы, завязваньня ніцяў супольнасьці ў часе нарастаючай хвалі працэсаў дэзынтэграцыі на паўзьмежжах, я б вызначыў як адно з найістатнейшых поляў дзеяньня нашага Цэнтру ў Сэйнах.

Вось жа для мяне асабіста пераломам у поглядах на паўзьмежжа як на сыстэму, што засяроджвае ўсю гэтую нашую частку Эўропы ў адзін арганізм, былі падарожжы ў Трансыльванію. Раней былі толькі інтуіцыі, адзінкавыя здагадкі, чытаньне кніг.

Была, напрыклад, дыскусія аб Цэнтральнай Эўропе ў 80-х гадох, зыніцыяваная слынным эсэ Кундэры «Разарваны Захад, або Трагедыя Цэнтральнай Эўропы», у якой узялі ўдзел Мілаш, Гавэл, Конрад, Венцлова, Міхнік, Янчар і інш.

Але тады ідэя Цэнтральнай Эўропы была зразумета занадта вузка і знаходзілася ў занадта моцнай залежнасьці. Апрача гэтага, яна ўзьнікала перадусім у апазыцыі да Расіі, да Савецкага Саюзу. У той момант, калі слабла пагроза залежнасьці ад Масквы і зьявіліся шанцы ўвасабленьня ідэі ў жыцьцё, дыскусія прыціхла, інтэлектуалы пачалі рэдка зьвяртацца да гэтай тэмы, на арэну ўступілі партыкулярныя інтарэсы паасобных дзяржаваў, а падпісанае Вышаградзкае пагадненьне, калі – нягледзячы на шматлікія непаразуменьні і супрацівы – і стараецца быць дзе-небудзь рэалізаваным, то адно ў эканамічнай галіне.

* * *

Восень 1989 году закончыла пэўны разьдзел у падыходзе да праблемы Цэнтральнай Эўропы. І хаця гэта быў цікавы разьдзел, багаты на цудоўныя эсэ, бліскучыя гістарычна-культурныя аналізы, аднак выявіліся ўсе ягоныя слабасьці: пэўны акадэмізм, адсутнасьць увасабленьня і ўмацаваньня ў рэаліях бягучага жыцьця. Паступова ставалася ясна, што Цэнтральную Эўропу пачынае заступаць Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа, і побач з Вугоршчынай, Чэхіяй, Славаччынай і Польшчай ёсьць таксама Летува, Беларусь, Румынія і іншыя краіны; што тут зводзяцца на нішто любыя гістарычныя стэрэатыпы, паколькі мы маем дачыненьні з новым выклікам і нанова мусім уфармаваць прасьцяг паміж Расіяй і Нямеччынай. І перадусім няшмат даюць ужо дыспуты, канфэрэнцыі і навуковыя сэсіі.

Разам з дэмакратыяй, дэцэнтралізацыяй, рэгіяналізацыяй трэба сысьці да людзей, да малых бацькаўшчынаў і там распачаць дзеяньні.

Такім чынам адкрыецца абсяг арганічнай працы, якую нам належыць выканаць. Цяжка ўявіць сабе які-небудзь род ідэалёгіі, хаця б найбольш высакароднай, які б у гэтай сытуацыі быў пажаданы і выніковы. Патрэбны хутчэй мэханізм, які б прыстасоўваў людзей да жыцьця на паўзьмежжы ў сытуацыі адкрытасьці і шанцаў на годнае суіснаваньне.

Таму наша місія павінна палягаць якраз у стварэньні такога мэханізму. Можна сказаць, што тое, чым мы займаемся ў Сэйнах, – гэта пэўнага кшталту лябараторыя, у якой мы шукаем новыя формы дзеяньня, культурнай і адукацыйнай актыўнасьці, новыя спосабы анімацыі жыцьця ў малых бацькаўшчынах, якія б адпавядалі выклікам часу.

Гэта нялёгка. Супраціў матэрыі вялізны.

Перадусім мы непадрыхтаваныя да адэкватнага ўспрыманьня сапраўднасьці, якая раптоўна перад намі ўзьнікла.

Каб нешта тут пабудаваць, трэба ведаць сваіх суседзяў, разумець іх пункт гледжаньня, захоўваць дыстанцыю што да ўласнай мэгаляманіі. Такім жа парадкам трэба і паглыбляць пазнаньне самога сябе. Бо адным з самых драматычных пытаньняў, якія ўзьніклі гэтым часам, ёсьць пытаньне аб уласнай тоеснасьці.

Аднак калі паспрабаваць вызначыць нашу ступень дасьведчанасьці ў гэтых галінах, сьмела можна сказаць, што яна дылетанцкая. І працяглы час не відаць якой-небудзь істотнай зьмены ў падыходзе да гэтых праблем у школах, парафіях ці ў сродках масавай інфармацыі. Безумоўна, існуюць розныя адзінкавыя ініцыятывы, у тым ліку і выдавецкія. У «падпольныя» часы зьявілася кніга Багдана Скарадзіньскага «Беларусы, летувісы, украінцы», а таксама першыя нумары «Lithuanii». І твая «Polska Sztuka Ludowa. Konteksty» паклала далёка не адну цаглінку ў гэты будынак. Гэтага, аднак, сёньня замала, і я мяркую, што ты разумееш, чаму так патрэбны гэты мэханізм.

Я мяркую цяпер так, што гэты пэрыяд – ужо амаль мітычны – нязвычнага суіснаваньня нацыяў і культур, які быў апісаны Вінчэнзам і Стэпоўскім, быў дзіцячым, прад-рэфлексіўным пэрыядам, пэрыядам пэўнай натуральнасьці і празрыстасьці існуючага парадку. Да гэтай эпохі няма вяртаньня, як няма вяртаньня да маленства. Цяпер настаў пэрыяд сьпеласьці, абуджанай рэфлексіі, і без разьвіцьця сьвядомасьці, яе несупыннага паглыбленьня, мы не дамо сабе тут рады. Гэта датычыць ня толькі эліт, але і ўсіх нас. І таму я яшчэ раз паўтараю – патрэбны мэханізм, паколькі сьвядомасьць для нас зьяўляецца пытаньнем жыцьцёвага праксысу.

Ты скажаш, што сёньня вельмі шмат запушчаных мэханізмаў: курсы замежных моваў (наўперад заходніх), кампутарныя курсы, курсы мэнэджмэнту, маркетынгу і г.д. Згода. Усе яны патрэбны. Але выходзячы з гэтага самага прынцыпу, патрэбны цэнтральнаэўрапейскі мэханізм, што б суадносіў нас з нашым месцам жыхарства. І таксама простая і відавочная была б яго мэта: знаходзіцца ў пульсе жыцьця, ня стаць анахранізмам, узьніклым яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі.

Нягледзячы на тое, што гэтая праца павінна быць разьлічана на доўгія гады, што яна павінна быць грунтоўнай і павольнай, яна, аднак, ужыцьцяўляецца пад вялікім ціскам часу і акалічнасьцяў. Навідавоку непакой і пасьпех. Палаюць Балканы, але гэта мяжа можа ўзгарэцца і ў нас. І што рабіць у такой сытуацыі: арганізоўваць гуманітарны канвой або брацца за працу ў сябе, за падрыхтоўку, напрыклад, сустрэчы польскай і летувіскай моладзі? І першае, і другое ёсьць тым жа самым.

Безумоўна, каб узяцца за гэтую працу, каб закласьці пад ёй сапраўдны падмурак, нельга кіравацца страхам і думаць адно аб прэвэнтыўных дзеяньнях.

Я не ўяўляю сабе гэтага інакш як толькі творчую працу, што паклікаецца на пазытыўныя сілы, на іх духовую энэргію і цьвярозыя пабудовы.

Уся мая надзея абапіраецца на перакананьні, якое досыць часта пацьвярджаецца жыцьцём, што гэтыя сілы пераважаюць на нашых паўзьмежжах. Можа яны больш сукрытыя, нясьмелыя і часта неўсьвядомленыя. Не стае імпульсаў да іх вызваленьня. Мы ўсё яшчэ тут стаім на слабых нагах і не паказваем выгляду, бачачы, што важнейшае, і не сьпяшаемся, каб першаму працягнуць руку.

І тым важнейшым зьяўляецца пераадоленьне такога стану рэчаў, знаходжаньне моцных месцаў і чэрпаньне зь іх энэргіі для дзеяньня.

У гэтым месцы пара ўжо зьвярнуцца да прыгаданай табой Трансыльваніі, якая выклікала ўсе мае дагэтулешнія рэфлексіі.

Безумоўна, гэта месца моцы. Калі б трэба было параўнаць яго зь іншым знаным мной месцам у гэтай частцы Эўропы, я б без сумлеву параўнаў яго зь Вільняй. Няма гораду ў Трансыльваніі, якому б адпавядала Вільня, але ступень кандэнсацыі духовых сілаў, зьвязаных з багацьцем культур і традыцыяў, якім валодае сталіца былога Вялікага Княства Літоўскага, знаходзіць свой адпаведнік у цэлай сетцы гарадоў і мікрарэгіёнаў Трансыльваніі, што займаюць плошчу больш як тысячу квадратных кілямэтраў. І гэта ніякая не памежная правінцыя – у рэгіёне Ксік жывуць сэклеры, вельмі прывязаныя да сваіх традыцыяў карпацкія вугорцы, гэта самы цэнтар сучаснай Румыніі. І як у выпадку Вільні ці Кіеўскай Русі прынамсі дзьве сучасныя нацыі бачаць у Трансыльваніі калыску сваёй культуры і нацыянальнага адраджэньня. А побач з румынамі і вугорцамі сантымэнт да гэтай зямлі маюць сасы і швабы, жыды, русіны, цыганы... Пры першым сутыкненьні з гэтай стыхіяй сёньня ўзьнікае ўражаньне, што пэрыяд панаваньня «Генія Карпат»** канчаткова спустошыў гэты сад, але гэта толькі на першы погляд. Досыць увайсьці ў гасподы, у якіх навідавоку багатыя бібліятэкі, каштоўныя абразы, дасканалыя вырабы народных майстроў, досыць паразмаўляць зь людзьмі, і пераканаешся, што традыцыя тут захавала сваю бесьперапыннасьць, што ня змоўклі ўнівэрсытэты і асяродкі інтэлігенцыі, што і надалей жывой застаецца народная культура. А што з гэтага вынікае на сёньня, на заўтра?

Перадусім пэўная сьветапоглядная пазыцыя, пэўны духовы фармат чалавека, які б я вызначыў коратка як глыбака талеранцыйны. Можа здавацца, што гэтага так няшмат. Бо кожны з нас ухваляе талеранцыю. Таксама і там у цябе ў Варшаве каго ні спытаць, то відавочна кожны будзе талеранцыйным. Ну так, але адно толькі там, у Трансыльваніі, стаецца ясна, аб чым мы ў сапраўднасьці гаворым. Талеранцыя – гэта паймо, якое да таго моманту, калі яно застаецца ў сфэры нашых інтэнцыяў і ўяўленьняў, зьяўляецца абсалютна марным, пустым і не азначае нічога. Адно жыцьцёвыя выпрабаваньні, несупынна паўтараныя, усё больш цяжкія, паступова надаюць яму значэньне. А ў Трансыльваніі ў гэтым пляне як у вулеі – ідзе неперапыненая праца, і так ужо спакон веку.

У гэтым сэнсе пазыцыя, аб якой я гавару, – гэта нешта нашмат важнейшае, нешта такое, што можа стаць дамінантай грамадзкага жыцьця ці нават цэлай цывілізацыі. Безумоўна, імавернасьць гэтага невялікая, паколькі ёй даводзіцца чыніць супраціў усім прошукам злых сілаў, канфліктам, ксэнафобіі і г.д. Мы даходзім цяпер да справы, нязьмерна істотнай, на маю думку, для нашай размовы. Вось у нас, з аднаго боку, пазыцыя талеранцыі, побач зь якой мы заўсёды нясьмела ставім патэнцыяльнае «можа». Але гэта пазыцыя выклікае і выяўляе тут, на паўзьмежжах, сваю бязьлітасную супрацьлежнасьць – пазыцыю ізаляцыі, варажнечы, неталеранцыі. Таму гэта дыхатамія, гэта драма супрацьлежнасьцяў і ёсьць штодзённай рэальнасьцю жыхароў паўзьмежжа, ёсьць неабходнасьцю зьдзяйсьненьня выбару, працы над самім сабой і ў абсягу супольнасьці. Гэтым, калі шчыра, і ёсьць для мяне Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа: драмай, у якой пазыцыя адкрытасьці, пабрацімства і павагі да іншага змагаецца з пазыцыяй вузкага партыкулярызму, нацыянальнага эгаізму і ксэнафобіі. ХХ стагодзьдзе прызвычаіла нас да сытуацый, у якіх перамагала гэтая другая пазыцыя, і ў сувязі з гэтым мы не спрабуем нават сабе рэальна ўявіць рэчаіснасьць, у якой якраз адваротная ёй пазыцыя атрымала б сапраўдны посьпех. Бо яна мусіць атрымаць посьпех. І ніякім чынам нам ад гэтага ня выкруціцца. Мы не дамо рады з сабой, з жыцьцём супольнасьці без выпрацоўкі ў сабе пазыцыі глыбокай талеранцыі. І толькі пасьля гэтага ідзе вялікая сьветапоглядная і духовая праца.

І якраз гэта выклікае тут захапленьне і становіць сабой заруку вялікага культурнага і цывілізацыйнага патэнцыялу. У нас у Польшчы часта існуе ўяўленьне аб летувісах як нацыяналістах, асьлепленых сваёй нацыянальнасьцю і незычлівых да суседзяў. Гэта несправядлівае абагульненьне, а палякам, якія абвяшчаюць гэтую думку, варта было б тады адказаць, што, напрыклад, у Гішпаніі аб каталёнцах гавораць «polacco», маючы на ўвазе іх схільнасьці да нацыяналізму.

Тым ня менш, зазнаёміўшыся колькі гадоў таму зь летувісамі, я назіраў у іх пэўную нацыянальную экзальтацыю і нэрвовую абарону ад усяго, што зьяўлялася хоць нейкай пагрозай для летувіскасьці і што падавалася мне тады зразумелым, беручы пад увагу гісторыю. Але я пішу пра гэта таму, што такі стан у маіх выпадковых знаёмых быў дынамічным станам і падлягаў пераменам. Пры дапамозе перадусім Вільні. Таму былі людзі, для якіх ксэнафобія або неталеранцыя былі нечым абразьлівым. А паколькі жыцьцё ў Вільні штодня змушала іх да канфрантацыі пазыцыяў, да суіснаваньня з адметнасьцю, то цягам гэтых гадоў я назіраў іх эвалюцыю ў бок адкрытасьці і талеранцыі. Вось прыклад незаўважальнай працы, якая несупынна адбываецца на паўзьмежжах. І за гэтым стаіць па сутнасьці не праблема стаўленьня да нацыянальнасьці, рэлігіі ці ўзвычаеньняў, а духовага фармату, якім валодае чалавек.

Я мяркую, што напрыканцы будзе карысна прыгадаць апавяданьне Ежы Стэмпоўскага аб тым, як ён прыбыў з сваёй даліны Днястра ў цэнтральную Польшчу, магчыма, у Варшаву, і якое расчараваньне ён перажыў тады, калі сутыкнуўся там – прыводжу цытату – «з нацыянальнымі пачуцьцямі, якія выяўляліся крыкліва, галасіста, амаль бессаромна. Такія маніфэстацыі падаліся мне вельмі благім густам, свомым невукам і прастаком».

Трымайся ў гэтай Варшаве, Аляксандру!

Кшыштаф Чыжэўскі

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

* Адкрыты ліст да Аляксандра Яцкоўскага, галоўнага рэдактара польскага часопісу «Konteksty. Polska Sztuka Ludowa» (Зацем перакладніка).

** Маецца на ўвазе перыяд, калі на чале Румыніі стаяў дыктатар Н.Чаўшэску (Зацем перакладніка).


З пэрспэктывы паўзьмежжа
Голас Іншага

З паўзьмежжам клопат – тым, што табе так дорага, ты нiколi ня зможаш завалодаць цалкам, ты заўсёды мусiш гэтым дзялiцца. А калi б так усё ж такi стала – у вынiку гвалту або iншай злыбяды – што нiхто апрача тваiх не прэтэндуе на гэтае месца, тады акажацца, што гэтага, так табе дарагога, ужо няма.

1.

Я ня быў упэўнены, цi гэтыя словы вымавiў сам Вiктар Вiнiкайцiс, зь якiм я стаяў на высокай строме кляштару над Вiграмi, цi гэта таксама быў нейкi iншы голас. Дагасала якраз восень 1990 году. Ён – са жмутом ключэй, якiя ён забраў са сваёй старажоўкi ўнiзе, адчыняючы i зачыняючы дзьверы ў касьцёл, кельлi i катакомбы, запальваючы i гасячы сьвятло, ляпаючы па сходах угару i ўнiз – патрапiў ужо выпытаць у мяне ўсё, да чаго я iмкнуўся, скiроўваючыся на паўзьмежжа. Калi мы затрымалiся на строме, спакойна i доўга паглядаючы на ўсходнi бераг возера, я ўжо толькi слухаў. Чый гэта быў голас? Сёньня ўжо няма сярод нас «апошняга самотнiка», як мы называлi Вiнiкайцiса, а я i дагэтуль вяду дыялёг з голасам, якi я тады пачуў, з голасам Iншага.

Спачатку я быў перакананы, што ён хаваецца ў iншай мове, у iншай нацыянальнасьцi або канфэсii. Гэта не было пазбаўлена сэнсу. Я таксама адчуў, што павялiчылася мая ўражлiвасьць на голас людзей, якiя думаюць iнакш. А пры гэтым я заўважыў, што набываю дыстанцыю да сапраўднасьцi, раблюся алергiчным на маналёг, на iдэалёгiю, на выключнасьць адной пазыцыi...

Я прыгадваю, як у маленстве бег да мамы, каб апавесьцi ёй, што здарылася ў двары i як я быў укрыўджаны сваiмi сябрамi. А потым прыходзiў мой брат i прыгадваў новыя дэталi, якiя я абмiнаў, i да таго ж iнакш iнтэрпрэтаваў хаду ўсяго сутыкненьня. Я злаваўся, што мой расказ ня можа быць канчатковым, што брат супраць мяне, што не магу пераканаць маму толькi ў маёй праўдзе. Цi не прыгадвае гэта сытуацыю лекцыі гiсторыi ў школе ў Сэйнах, калi настаўнiк – дапусьцiм, летувiс – прыступiў бы да абмеркаваньня тэмы польска-летувiскай вайны ў 1918–1920 гадох, маючы ў клясе польскiх i летувiскiх вучняў. Ён хацеў бы мець толькi летувiскiх, бо палякi ведаюць сваё. Таму, напэўна, i адны, i другiя па абодвух баках хочуць мець чыста польскiя i чыста летувiскiя школы. I можа якраз з прычыны такiх клопатаў згаданая лекцыя цалкам выдуманая, бо ў школе ў Сэйнах гавораць аб розных войнах па ўсiм сьвеце, але нiколi аб той, у якой дзядулi вучняў бiлiся памiж сабой, аб якой нагадваюць сямейныя архiвы i магiлы палеглых, цырымонiя наведзiнаў якiх адбываецца штогод.

З голасам Іншага iснуе клопат. У школе яго ўдаецца змоўчыць, але ў жыцьцi нiколi не ўдаецца заглушыць гэтай маўклiнi. Нязносна з гэтым жыць, але тут – на паўзьмежжы – нельга iнакш. Наколькi спакайнейшым горадам быў бы, напрыклад, Беласток, каб жа не такi Сакрат Яновiч. «Пiсьменьнiк ён, канечне, добры, – тлумачыў мне некалi адзiн уцьвелены журналiст, – але тое, што ён вырабляе, выходзiць за межы здаровага розуму». Гаворачы гэта, ён нэрвова гартаў кнiгу ў пошуку аргумэнтаў, якiя б «выявiлi трызьненьнi гэтага беларуса». Ён нешта там знайшоў, але ня быў да канца задаволены, i толькi коратка абагульнiў: але ж гэтыя людзi маюць вольны выбар, нiхто iх не змушае да таго, каб яны адмаўлялiся ад вывучэньня беларускай мовы або перакiдалiся ў палякаў. Самi таго хочуць. Тым часам Сакрат зацiнаўся i сьцьвярджаў, што дакуль гэтым людзям ня будуць створаныя ўмовы для азнаямленьня зь беларускай гiсторыяй i культурай, датуль нельга гаварыць аб iх вольным выбары. Але i сам Сакрат Яновiч не зазнае спакою ў сваiх Крынках, у якiя ён вярнуўся зь Беластоку некалькi гадоў таму. I гаворка ня йдзе ўжо толькi пра мясцовага ксяндза, для якога Госпад Бог разумее адно па-польску, а не па-беларуску. З палякамi яшчэ нiшто сабе, пасьля столькi гадоў спрэчак жыцьцё неяк склалася. У рэшце рэшт усе карты былi ўжо адкрыты i вядомыя, як каза аблупленая. I вось нi стуль, нi сьсюль на яго «беларускiх разлогах» зьявiлiся ўкраiнцы. У Бельску Падляскім выдаецца нават часопіс «Над Бугам і Нарвою». Сацыёлагi, этнолягi i мовазнаўцы пачынаюць пiсаць аб гэтым спаважныя дысэртацыi, заснаваныя на тэрытарыяльных дасьледаваньнях. Сакрат мае свае аргумэнты, бярэ пяро, уступае ў дыспуты. Ён, аднак, усьведамляе, што ня здолее скляпаць сапраўднасьці на свой капыл, што раз прыведзеная ў дзеяньне дынамiка паўзьмежжа кiруецца сваiмi законамi, што яго голас – гэта ледзь чутнае гучаньне жалейкi.

Спрабую высваiць голас Iншага, якi так неспадзеўкi ўварваўся ў маё жыцьцё тут, на паўзьмежжы, i якi я навучыўся слухаць. Часам мне здаецца, што ён зусiм ня йдзе знутра, што гэта ўва мне нехта гаворыць, што ён ёсьць маiм голасам, безь якога я не змагу ўжо быць сабой. А калi так, то што тады яго адсутнасьць, жаданьне яго змоўчыць або нежаданьне яго слухаць.

2.

«А хто Ваша такi?» – спытаўся я ў Вiнiкайцiса пасьля таго, як ужо сам сказаў, што я паляк i хрысьцiянiн, узгадаваны ў каталiцкай традыцыi.Тады ён троху падаўся назад i скурчыўся, неяк пачынаючы не гаварыць нармальна, а крычаць, або гаварыць прынамсi ў некалькi разоў галасьней, чымся таго патрабавала наша размова. У адказ я атрымаў таямнiчую ўсьмешку i мармытаньне накшталт «а нашто гэта каму ведаць...», чым, здаецца, ён хутчэй гаварыў: «Цiшэй... разьняволься, чалавеча... спакойна». Што ён хацеў гэтым сказаць? Што лепей не раскiдвацца такiмi нацыянальнымi або рэлiгiйнымi дэклярацыямi, бо нiколi нiчога не вядома? Цi ж ня быў, гэткiм чынам, закрануты страх, якi застаўся пасьля папярэдняй эпохi, бо хiба ён ня быў выклiканы дэмакратыяй або маёй асобай? Не. Ён не на тое хацеў зьвярнуць увагу ў гэты момант нашай размовы. Я пачуваўся хутчэй як госьць, якi сваiмi паводзiнамi парушае пэўныя правiлы, даўно ўстаноўленыя гаспадарамi дому. Я паводзiў сябе нетактоўна, але чаму? Лепей зразумець гэта мне дапамог Ежы Стэмпоўскi, якi «У далiне Днястра» апiсаў сваё расчараваньне, перажытае пасьля прыбыцьця ў цэнтральную Польшчу, дзе ён сустрэўся з «нацыянальнымi пачуцьцямi, якiя выяўлялiся крыклiва, галасiста, амаль бессаромна. Такiя манiфэстацыi падалiся мне вельмi благiм густам, свомым невукам i прастаком».

Мне здаецца, што я ведаю, што меў на ўвазе Стэмпоўскi, бо гэты «стыль» дагэтуль у модзе. Я да сёньня яго не заўважаў, бо ён нагэтулькi паўсюдны, вiдавочны i натуральны, нават празрысты. Усюды адбываўся несупынны матч, у якiм задача заўзятараў – у выхваленьнi сваiх, а задача сваiх – біць у чужыя вароты. Цi можна паводзiць сябе iнакш на стадыёне? Разгляданы з гэтай пэрспэктывы, напрыклад, дыялёг Чэслава Мiлаша з Томасам Венцловам аб Вiльнi, аб паляках i летувiсах будзе абапольным біцьцём ува ўласныя вароты, што мы звычайна папросту называем «самагубствам». На стадыёне гэта параза, але яны, вiдавочна – у адрозьненьне ад мяне – выхоўвалiся не на стадыёне. I таму дзе? На паўзьмежжы? Тады, як падаецца, паўзьмежжа – гэта толькi стадыён, на якiм адбываецца несупынная барацьба адных супраць другiх.

Тым часам гэты голас з размовы зь Вiнiкайцiсам, здавалася, гаварыў аб зусiм iншых прынцыпах, абавязковых у доме жыхароў паўзьмежжа. Можа, няшмат ужо жыве з тых, хто захаваў памяць аб тых прынцыпах, можа, iх дапасаваньне да сапраўднасьцi, што зьмяняецца навокал, было занадта цяжкiм, можа, яны патрапiлi пад паўсюднае забыцьцё... Тым ня менш спадар Вiктар стаяў на iх варце, валодаў пэўнай забытай мовай. Пазьней я сустракаў такiх людзей у розных месцах на паўзьмежжах, бязь цяжкасьцi распазнаваў iх голас у штодзённым жыцьцi, у мастацтве, у палiтыцы... Яны валодалi пэўнай тайнiцай, якую можна параўнаць з мастацтвам быць сабой у сьпеве, у якiм удзельнiчаюць шмат галасоў, або з мастацтвам пабудовы мосту, якi злучае стромкiя берагi iмклiвай ракi i зьмяшчае ў сабе вобраз спакойнай харашынi, гонкую лiнiю, вытанчаны арнамэнт i лёгчыню. Iва Андрыч сказаў бы аб iх у сваёй мове neimar (будаўнiк мосту). Ён надзвычай цанiў iх майстэрства, усьведамляючы, што калi яно будзе забытае, Босьнiя i ўся Югаславiя можа ператварыцца ў пекла. Зрэшты, гэта немалое мастацтва, паколькi найменшая няўважнасьць або памылка пацягнуць за сабой фальш, дысгармонiю i дэструкцыю.

Я сустракаў гэтых людзей у месцах, якiя трохi нагадвалi мястэчка зь фiльму Вэрнэра Герцага «Шкляное сэрца». Я маю на ўвазе сытуацыю чалавечай супольнасьцi, раптам пазбытай тайнiцы (у фiльме гэта тайнiца выплаўкi спэцыяльнага шкла), якая дагэтуль рабiла iх жыцьцё нiштаватым, асэнсаваным i поўным. Калi тыя, хто да гэтай пары стаялi на яе варце, памiраюць, не пакiдаючы пасьля сябе наступнiкаў, жыцьцё – як мазаiка – распадаецца на дробныя кавалкi, адарваныя, каструбаватыя, пазбаўленыя сэнсу, зь якiх цяжка скласьцi цэльную выяву. Калi пасьля такога краху нават i зьявяцца людзi з ранейшымі ведамі, ужо нiхто ня будзе разумець iх мовы, нiхто ня будзе слухаць iх голасу, i нiколi яны ня змогуць пераказаць сваёй тайнiцы. Яны жывуць адзiнцом, чужыя сярод сваiх, адыходзячы няўзнак, як адышоў «апошнi самотнiк».

У той вечар Вiнiкайцiс найвыразьней стараўся накiраваць мяне на шлях той старой веды. Як i належыць для чалавека паўзьмежжа, ён не рабiў гэтага наўпрост, асьцярожна абыходзiў кожную праблему, нiколi надта да яе не наблiжаючыся, заўсёды канцэнтруючыся на дробных дэталях, пабочных для асноўнай тэмы, абрываючы сябе на паўслове, часам змаўкаючы, каб я мог прыслухоўвацца. Калi я пачаў дапытвацца аб нацыянальных справах, аб тым, паляк ён цi летувiс, каталiк цi хто там яшчэ, ён самiм жэстам цела даў мне зразумець, што так ня трэба, што тут – насуперак таму, што я сабе наўяўляў – нiхто не балбоча аб гэтым на кожным рагу вулiцы, не выцягвае гэтага пры кожнай прыдатнай аказii. Адно прыежджыя з цэнтру пытаюцца аб гэтым. Мой знаёмы з Сэйнаў заўсёды гаворыць, што як дае «ў карак Воўку», яго не цiкавiць, што ён русак цi стараабраднiк, а толькi тое, што ён яго раззлаваў, робячы нейкую дурноту. Але журналiст ужо з гэтага можа зрабiць справу i адвучыць майго знаёмага ад спантанных паводзiнаў i натуральных рэфлексаў, паколькi гэта ўжо «нацыянальная» або «канфэсiйная справа». Гэта паралiзуе. Аднак ня толькi гэта меў на ўвазе Вiнiкайцiс, якi ўстрымлiваў мяне ад дапытваньняў пра нацыянальныя дэклярацыi. Безумоўна, у гульню тут не ўступаюць нiякiя сьветапоглядныя меркаваньнi, у якiх можна адшукаць жаданьне схаваць уласную нацыянальную тоеснасьць, яе асымiляцыю, падрыў або нешта iншае ў гэтым родзе. Якраз наадварот. Гаворка хутчэй тут iдзе пра пытаньне густу, на што зьвяртаў увагу Стэмпоўскi. Застаецца толькi расшыфраваць задуму ранейшых гаспадароў дому, якiя, устанаўляючы прынцыпы добрага густу, усё-такi бачылi, дзе праходзiць мяжа, за якой пачынаецца ўжо фальш i зьнiшчэньне. Пазьней я шмат разоў пераконваўся ў жыцьцёвай мудрасьцi, сукрытай у малазначным, здавалася б, i фанабэрыстым эстэтычным пачуцьцi таго джэнтэльмэна з шляхецкiм радаводам з далiны Днястра. Калi ў 1985 годзе я дабраўся да разьмешчанага на поўначы Босьнii гораду Тузлы, у якiм яшчэ йшла вайна, я спытаўся ў сяброў, якiя жывуць там, чаму тых, хто страляе ў iх з навакольных узгоркаў, яны называюць «чэтнiкамi». Аказалася, што тут ня маюць найменшага значэньня гiстарычныя аналёгii, што апэлююць да парафашыстоўскiх згуртаваньняў «усташоў» i «чэтнiкаў», якiя iснавалi ў часе другой сусьветнай вайны. Важнейшым было тое, каб не называць iх сэрбамi. Чаму? Бо сэрбы – гэта таксама суседзi ў iх доме, часам чальцы iх сем’яў, грамадзяне Босьнii. А мае сябры заўсёды верылi ў шматкультурную Босьнiю, у якой iм давядзецца жыць разам зь iншымi. Таму лепей гаварыць аб чэтнiках, лепей ня ўзгадваць iмён народаў, якiя далi выхад такiм дэманiчным сiлам. Бо вайна скончыцца, а жыць трэба будзе далей нармальна.

3.

З урыўкаў забытых словаў, недагаворак i знакаў, пакiнутых Вiктарам Вiнiкайцiсам, якiя часта тады былi для мяне незразумелымi i нечытэльнымi, я стараюся пачуць голас Iншага. Гэта нялёгка, i нагадвае працэс рэканструяваньня забытай мовы, падчас якога асобныя словы або фразы пачынаюць поўнiцай выяўляць свой сэнс толькi тады, калi адкрытыя будуць прынцыпы i ўвесь кантэкст iх функцыянаваньня. Каб iх зразумець, трэба пачаць iмi гаварыць i iмi жыць, трэба зьвярнуцца да ўзвычаеньняў, у якiх яны былi ўкарэнены.

Ня так даўно Стэфан Хвiн параўнаў сваю працу над «Ганэманам», раманам, якi рэканструюе сьвет германа-славянскага Гданьску, з працай палеантоляга. Падобнае параўнаньне можна ўжыць i ў адносiнах да шмат якiх творцаў культуры, якiя працуюць цяпер у Памор’i, Вармii, Мазурах, Сылезii, Лемкаўшчыне, Падляшшы, Сувальшчыне... Такая цяпер наша доля, людзей, якiя знаходзяцца ўжо ня толькi ў цесных каморках нацыянальнай дзяржавы, але таксама на аскепках зьнiклай цывiлiзацыi. Шукаючы ўласнага месца i самiх сябе, мы схiляемся над кожнай дробязьзю, адчуваем пашану да старых прадметаў, уважлiва намацваем сьляды мiнуўшчыны. I ўсё гэта ў надзеi на адкрыцьцё парадыгмы, якой мы не атрымалi ў спадчыну, але якая ёсьць гiероглiфам гэтай зямлi. Таму гаворка ня йдзе аб вяртаньнi да мiнуўшчыны, прынамсi, ня толькi аб гэтым. Гэта не пытаньне рэсантымэнту i настальгii, характэрных для старэйшых пакаленьняў. Расшыфраваньне гэтай парадыгмы патрэбна для жыцьця цяпер, паколькi ў ёй схаваны ключ да не аднога скарбу, да брамаў гораду i рэгiёну, да этасу людзей, якiя тут жывуць. Сёньня ўжо ня так важна высьвятленьне таго, чаму брамы былi замкнёныя i хто ў гэтым вiнаваты. Больш важна адшукаць да iх ключ. Безь яго мы будзем, як i дагэтуль, бяздомнымi, або хутчэй жыць у правiнцыi, на ўскарайках i пэрыфэрыях, перакананыя, што там наша карэньне, у гэтых субкультурах, гетах, у асобных мiкрараёнах, у якiх мы пабудавалi стадыёны. Там можна быць палякам, немцам, летувiсам... Гэтаму мы навучылiся зусiм няблага. Аднак дагэтуль мы ня можам стаць грамадзянамi цэнтру. Гэта азначае, што мы ня ў стане суiснаваць з сабой iнакш, як на стадыёне. Гэта асаблiва выяўна вiдаць з пэрспэктывы паўзьмежжа. Тут асаблiва цяжка жыць з запячатаным гiероглiфам уласнага месца. Штохвiлiны даходзiць да сутычак, не стае кампэтэнцыi ў супольным вырашэньнi праблем, спробы дыялёгу канчаюцца маналёгамi, у адкрытых людзей павялiчваецца колькасьць ворагаў, нарастае падазронасьць да тых, хто першы працягвае руку да згоды. I ўсё гэта незразумела чаму дзеецца, неяк так мiжвольна, пад узьдзеяньнем сiлы iнэрцыi. Бо нiхто гэтага ня хоча i, прынамсi, няшмат тых, хто мае ў гэтым свой iнтарэс. Невядома, аднак, як сабе з гэтым даць рады. Нават тыя, хто мае найлепшыя iнтэнцыi, хто перакананы ў сваёй добрай волi ня толькi да сваiх, урэшце апыняюцца ў тупiку з цэлым стосам праблем i – ня могучы iсьцi далей – пачынаюць падавацца назад, разгубленыя i бездапаможныя.

Верасень 1995 году быў пэрыядам чарговага напружаньня ў Сэйнах. Арганiзацыi летувiсаў у Польшчы напiсалi скаргi бiскупу Зембу (да ведама Ватыкану, кардынала Глемпа, Епiскапату Летувы i г.д.) на касьцельную гiерархiю, якая адмаўляе iм у набажэнствах на роднай мове. Яны абвiнавачвалi, асаблiва дэкана сэйненскай парафii, у «сьвядомых дзеяньнях, якiя шкодзяць захаваньню пачуцьця нацыянальнай тоеснасьцi». Навiдавоку быў факт, што ў некалькiх касьцёлах, у якiх дагэтуль адбывалiся iмшы на летувiскай мове (напр., у Сэйнах, Жагарах, Смалянах, Сувалках), у гэты пэрыяд iх перасталi адпраўляць. Прычынай была адсутнасьць ксяндза-летувiса або такога, якi б ведаў летувiскую мову. Можа, касьцельная гiерархiя дзейнiчала надта млява, недаацэньваючы вагi праблемы для летувiсаў. Можа, цяжка было знайсьцi сьвятара пасьля таго здарэньня, калі парафiяне з Пуньску холадна разьвiталiся са сваiм пробашчам, ксяндзом Дзярмейкам, не пускаючы яго ў свае дамы, калi ён iшоў з калядой. За гэтым усiм, безумоўна, крыюцца доўгiя гiсторыi падзеяў, якiя папярэднiчалi факту. Я ня буду iх цяпер прыгадваць. Цяпер важна тое, што пасьля гэтага лiста ксёндз Казiмеж Гацкi, дэкан сэйненскай парафii, страцiў цярпеньне. «Przegі№d Sejneсski» апублiкаваў яго поўнае жалю i крыўды выступленьне, вельмi агрэсiўнае да летувiсаў. Яму адказаў Бранiслаў Макоўскi, старшыня рады Супольнасцi летувiсаў у Польшчы, не ўздымаючы, аднак, палемiкi, абмяжоўваючыся агульнымi сьцьвярджэньнямi накшталт: «Мы, сьвядомыя сваiх правоў i абавязкаў у Царкве i дзяржаве...». У абодвух выступленьнях цяжка было ўбачыць хаця б далiкатную iнтэнцыю завязаць дыялёг, моманту сумневу ўва ўласных меркаваньнях, крытыкi, скiраванай да ўласнага асяродзьдзя.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю