355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 31)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 31 (всего у книги 31 страниц)

Будзем лiтаратурай глыбокай правiнцыi? Так, але ў гэтым яе вялiкi шанец на непаўторнасьць! Прашу зьвярнуць увагу на ўбоства слоўнiка i яго мэтафарычную бясколернасьць у людзей зь вялiкiх гарадоў. Дык жа гэта паказальна ў шмат якiх аспэктах, наўперад успрыманьня чалавека чалавекам. Слова як iнструмэнт, яго шматстайнасьць i багацьце, заўсёды красавала недзе ў экалягiчна чыстай Барбарыi, i, узятае там i прыцягнутае на рынак культуры, падлягала апрацоўцы й пераацэнцы.

Гаворачы аб пагрозах, трэба памятаць i аб тых, насьледкам якiх можа быць страта аблiчча нацыянальнага творцы, ператварэньне ў польскага пiсьменьнiка беларускай мовы. Гэта можна прадэманстраваць пры дапамозе эфэкту корка, пагружанага ў ваду... Адносна лёгка цi нават падсьвядома наступае заклапочанасьць праблемамi, якiя з усёй непазьбежнасьцю прадвызначаюць лёс гэтага закутка, як у фiзычным, так i ў духовым маштабе, адначасна будучы прадуктам нацыi, што валодае дзяржавай. Нельга праяўляць глухату да Польшчы, але трэба зважаць, каб яе мэлёдыi не заглушылi ўласнага аркестраваньня.

Я вяртаюся да не даказанага да канца параўнаньня: плавок з коркавага дрэва можна выкарыстаць як добрую мысьленную фігуру. Гэта знак на паверхнi бачанага, якi сыгналiзуе аб належнай глыбiнi. Без вудара, тым ня менш, гэта толькi вычварнае сьмецьце. Так бывае зь беларускiм словам, не ўкарэненым у роднай глебе; бы ссохлае пустазельле, якое матляецца вятрамi i вiхурамi. Яго iснаваньне апраўдана толькi тады, калi яно расьце i квiтнее, i дае плады. Калi яго заступiць iншае, зусім чужое – зьменiцца вiзуальны краявiд, зьява на выгляд амаль неiстотная, але – i тут адбываецца драма ў прыродзе – перажывае дэградацыю сфармаваная эпохамi беспасярэдняя падглеба. Тэрыторыя, пацярпелая ад асымiляцыi, вельмi доўга не ажывае, што проста-такi хрэстаматыйна iлюструе прасьцяг гiстарычнага Падляшша на карце лiтаратурнай Польшчы; колiшняя Седлецкая губэрня ў палянiзацыйным параксізьме здолела выдаць на сьвет выбiтную постаць Мiкалая Янчука з Корнiцы, аднаго зь першых прафэсараў Беларускага ўнiвэрсытэту, знаўцы ўсходнеславянскiх лiтаратур. I больш не нараджае для культуры аж па сёньняшнi дзень, перш як ня будзе даведзена да канца рэкультывацыя, скiраваная на зьлiцьцё гэтага рэгiёну з арэалам этнiчна польскiм, як моўнага, так i псыхалягiчнага. Досьвед чалавецтва ў пэрыяд асымiляцыi культур, пажыраньня адной другою, выразьлiва апэлюе да шэксьпiраўскага «быць або ня быць». Мяншыня, засмактаная бальшынёй, – гэта яшчэ малая драма. Нашмат большая разгортваецца ў выглядзе культурастваральнага апустыньваньня асыміляванага прасьцягу, зьніштажэньня ўзьнiклых у iм гуманiстычных вартасьцяў. Культуру можна лёгка зьнiшчыць, але пасьля гэтага яна ўжо не паддаецца аднаўленьню (што зьдзіўляе невукаў пры пасадах).

Беларускi пiсьменьнiк у Польшчы як мастацкая iндывiдуальнасьць насамрэч мала рызыкуе знаходжаньнем у iзаляцыi, апрача аб’ектыўна функцыянуючага бар’еру мовы. Але яму на калiўца цяжэй з гэтай прычыны, чымся тыповаму для краiны правiнцыялу пяра. Гэтае меркаваньне нiчым не пярэчыць маiм ранейшым высновам, калi мець наўвеце ўнiкальна адораных iндывiдаў. Але ўся лiтаратурная драбяза ня мае шанцаў выплыць на шырэйшыя воды, дарма што, назiраючы з супрацьлежнага – польскага – боку, атрымвае для сябе яна непараўнальна большае задавальненьне ў пляне чытацкага ўспрыманьня дзякуючы зацытаванай псыхалёгii абложанай цьвярдынi. Гэта дабратворна не ўплывае на ўзровень тэкстаў i прафэсiйны рост, схiляе да эпiгонства або нават шматслоўнасьцi, да грамадзка-палiтычнага прыслужнiцтва. Пазалiтаратурныя кiраўнiчыя амбiцыi баналiзуюць талент, надзьмуваюць яго павятовай генiяльнасьцю, якая лопаецца, як мыльная бурбалка, пры сутыкненьнi з сапраўды рэальнай лiтаратурай. На жаль, гэта надзвычай частая драма аўтараў «Белавежы», якая, на шчасьце, досыць хутка ўсьведамляецца iмi. Але яна заўсёды прысутнiчае, мiгочучы ў эмоцыях i знарочыста невыразнай лiнii гарызонту, што адмяжоўвае неба iдэi i зямлю жыцьця; памiж iснаваньнем як творцы i як беларуса.

У нейкiм з сваiх iнтэрвiю я канстатаваў, што стаў беларускiм пiсьменьнiкам ад палякаў i, больш таго, дзякуючы якраз iм. Гэта застала зьнянацку i мяне самога. Я пачаў разважаць над мэханiзмамi майго выпадку. Журналiст, прапануючы мне такое пытаньне, меў наўвеце маштаб выдавецка-чытацкага розгаласу, але я адразу зарыентаваўся, што гаворка тут iдзе аб звычным кругазвароце рэчаў: твор надае большую цану аўтару, калi ён перакладзены на iншыя мовы, найлепей у тым лепшым замежжы, прынамсi за ваколiцай; ён прысьпешвае яго належную ацэнку.

Завяршаецца мой пералiк спэцыфiчных клопатаў пiсьменьнiка беларускай меншынi, бо ўсе астатнiя такiя ж самыя, незалежна ад нацыянальнасьцi й мовы. Безумоўна, зварот да дылем творчасьцi, маёй i калегаў, а таксама роздум над тым, што польскае слова ў Польшчы само просiцца на вусны i паперу, а беларускае трэба спэцыяльна «выклiкаць», мог быць недастаткова ўсеабсяжным. Як бы штучна гэта ні гучала, але не адзiн я ўбачыў у гэнай дадатковай мазольнай натузе будаваньня фразы менавіта плюс, своеасаблiвы элемэнт мастацкага фiльтру. Начэпнасьць польшчыны, нiбы неспадзеўкi, дала карысны павеў, якi выдзьмуў прэч з прыгаршчы беларускiх зярнятаў апошняе пустазельле (легчыня кампанаваньня фразаў – абстрагуючыся ад генiяльнай рукi – немiнуча прыводзiць да засьмячэньня празьмернай шматслоўнасьцю, лексычнай перагружанасьцю). Вось такая дробная зацемка пад самы фiнал гэтых развагаў.

Тэкст перакладзены паводле: Pomerania, № 12, 1994.


Дастаеўскі Беларусі

Vasil Bykau: «Ściana», tłum. Czesław Seniuch, Jan Maksymiuk, wyd. SETPro, Białystok, 1999.

У беластоцкім выдавецтве «SETPro» выйшла кніга «Ściana», у якую ўвайшлі некалькі дзясяткаў новых апавяданьняў і навэляў, выдатна перакладзеных Чэславам Сэнюхам і Янам Максімюком.

Быкаў ужо ў гадох, але дагэтуль прадуктыўна працуе на ніве літаратуры, дарма што адчуў патрэбу пакінуць бацькаўшчыну, якая знаходзіцца пад уладай д’ябальскага рэжыму Лукашэнкі. Сьпярша ён разам з жонкай знайшоў прытулак у Фінляндыі, а пасьля ў Нямеччыне. Гэты былы лейтэнант дывізіённай артылерыі часоў вялікай апошняй вайны, які цудам уратаваўся ад цяжкіх ранаў на палёх бітваў Вугоршчыны і Аўстрыі, дэбютаваў адно на пачатку шэсьцьдзясятых, маючы амаль сорак гадоў. Гэтаму, безумоўна, паспрыяла славутая адліга. Каб жа не яна, то, магчыма, ён бы і ня ўзяўся за пяро.

Чаму? Таму, што калі Быкаў пачаў бы пісаць раней, ён бы ня меў ніякіх шанцаў апублікаваць свае творы. Больш за тое, гэта б пагражала высылкай у сібірскія лягеры. Быкаў проста арганічна ня зносіць брахні, ідэалягічнага зглумленьня чалавечай асобы, адыходу ад маральнасьці. У сваіх творах ён выяўляе праўду аб вайне, вядомай яму з уласнага досьведу. Адзін пазытыўны герой – жаўнер, ублытаны ня ўласнай воляю ў экстрэмальныя сытуацыі і па сутнасьці гамлетаўскія дылемы.

Так аб вайне ў Савецкім Саюзе да яго ніхто не пісаў. У модзе былі творы з панарамным ахопам, з паказам штабаў, гераічных камандзіраў і палітрукоў з жаўнерамі на фоне. Зь цягам утварылася плынь пад назвай «літаратура акопнай праўды», якая вызначалася тым, што дзеяньне твораў перастала абмяжоўвацца штабнымі памяшканьнямі і апісаньнямі ваенных баталіяў, а аўтарская ўвага стала сягаць да «засраных акопаў і завашыўленых зямлянкаў».

Быкаў пайшоў далей. Ён засяродзіўся на «атаме вайны», г. зн. на долі асобнага жаўнера; часам таксама на яго беспасярэдніх начальніках, на сяржантах і лейтэнантах, які застала тая ж самая бяда. Штабныя ж работнікі – гэта іншы сьвет, для якога вайсковыя нізы – нішто.

У сваіх мастацка-літаратурных аналізах Быкаў дасягае ўнівэрсальнага вымеру – якое грамадзтва, такая і армія.

Калі чытаеш аповесьці Васіля Быкава, узьнікае ўражаньне, што пэрыпэтыі вайны ў іх – гэта нешта другараднае, матэрыял, які аўтар найлепш ведае і якім можа найлепш пакарыстацца пры ўзьвядзеньні архітэктуры твору. Хай гэта «Здрада», «Праклятая вышыня» або «Пастка», «Дажыць да сьвітаньня» або «Мёртвым не баліць».

Ня толькі цэнтральныя ўлады абвінавачвалі пісьменьніка ў ачарненьні рэчаіснасьці. У Беларусі Быкаў таксама ня меў апірышча, таму што, ня лічачы адзінкавых выпадкаў, тут так і не сфармаваўся дысыдэнцкі рух. Пісьменьніка падтрымлівалі маскоўскія лібэралы, пераважна з асяродзьдзя слыннага некалі літаратурнага часопісу «Новый Мир», рэдагаванага Аляксандрам Твардоўскім, які публікаваў забароненыя ў Менску тэксты вялікага беларуса. Трэба пры гэтым адначасна сказаць, што тады Быкава амаль імгненна перакладалі і выдавалі таксама і ў Польшчы, дзякуючы захадам і аўтарытэту такіх пісьменьнікаў, як Віктар Варашыльскі, Анджэй Дравіч або Ян Гушча. Нягледзячы на сапраўды сусьветную вядомасьць, стаўленьне да Васіля Быкава ў даперабудоўныя часы з боку ўладаў вагалася ад непрыязьні да падлабунства, бо ўлады стараліся аблашчыць пісьменьніка і выкарыстаць для сваіх патрэбаў. Але неўзабаве зьявіўся Гарбачоў са сваёй утопіяй рэфармаваньня нерэфармоўнага камунізму, наданьня нялюдзкаму ладу людзкага аблічча; тады Быкаў пачаў уголас прамаўляць як пісьменьнік і чалавек. Ён стаў сумленьнем беларускай нацыі, знакавай постацьцю – як той, хто ніколі не выракаўся праўды ні словам, ні справай.

На жаль, БССР, перайменаваная ў незалежную Рэспубліку Беларусь пасьля распаду СССР, стала не дэмакратычнай дзяржавай, а нечым накшталт аскепку імпэрыі. Савецкая намэнклятура, перажыўшы часовыя паразы, поўніцай утрымала тут уладу і спрыяла ўзьнікненьню аўтарытарнага рэжыму. Яго ўзмацненьне адбылося пяць гадоў таму, пачаўшыся з сэрыі палітычных забойстваў, мэтай якіх было аслабленьне апазыцыі. У дадзены момант шмат яе лідэраў апынілася на эміграцыі, у тым ліку і ў Польшчы. Быкаў прытуліўся сьпярша ў Скандынавіі.

У кантэксьце гэтай сытуацыі знамянальным ёсьць выезд зь Беларусі старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Някляева сьпярша ў Варшаву, а потым у Хэльсынкі. Някляеў ня быў у апазыцыі, аднак ня змог вынесьці антыбеларускага курсу палітыкі Лукашэнкі, накіраванай на поўнае зьнішчэньне беларускай мовы і ўгрунтаванай на ёй нацыянальнай культуры. Гэты парадокс, што беларуская дзяржава імкнецца да падрыву беларушчыны, г. зн. да самаадмаўленьня, з гледзішча нармальнага розуму цяжка вытлумачыць. Дзяржава, якая намагаецца стаць калёніяй іншай дзяржавы? Стала марыць аб тым, каб перастаць быць самой сабой?! Незалежнасьць, за якую іншыя народы пралівалі кроў пакаленьнямі, для Беларусі стаецца каменем на шыі? Як жа гэта растлумачыць? Хваробай?

Быкаў у нядаўным інтэрвію, апублікаваным у «Gazecie Wyborczej», поўніцца нядобрымі перажываньнямі і інтуіцыямі. Памятаючы свае шматлікія размовы з Васілём, тыя, якія адбываліся трыццаць гадоў назад, а таксама тыя, што вяліся пару гадоў назад, я ведаю, што ён ніколі ня меў ілюзіяў да homo sovieticus’a, таму што, нягледзячы на ўсе спробы ідэалізацыі, дасканала ведаў яго. Быкаў паводзіў сябе, быццам Міцкевіч у Расіі, не даючы сябе маральна зьнішчыць.

Быкаў дасьледуе прычыны гэткага лёсу Беларусі і беларусаў, дзякуючы чаму ўсё часьцей у яго творчасьці зьяўляецца партызанская тэматыка, менш знаёмая яму з уласнага досьведу. Зьяўляецца таксама гістарычная, паўстанцкая тэматыка, якая закранае нады няўдалай пабудовы беларускай незалежнасьці пасьля першай сусьветнай вайны. Пісьменьнік мае тую перавагу над палітыкам і якім-небудзь прэзыдэнтам, што гэта не палітыка вызначае яго месца ў гісторыі. Калі перасечны паляк пазірае цяпер на мінуўшчыну вачыма Генрыка Сянкевіча, то перасечны беларус, безумоўна, ня будзе на яе глядзець вачыма прэзыдэнта (ня той талент і ня тая магія слова).

Згаданая «Ściana» – гэты збор напісаных апошнім часам твораў, выданьню якога ў Менску паспрыяла патрыятычнае асяродзьдзе, – зьмяшчае ў сабе атляс беларускіх нягодаў. Мэтафарай гэтых нягодаў ёсьць фінал аднайменнага твору, у якім вязень заўзята бурыць каменную сьцяну, каб нарэшце вырвацца на волю, але аказваецца, што ён апыніўся на турэмным дворыку, паблізу ад шыбеніцы. «Жыцьцё ў турме, як і сьмерць, ня мела сэнсу», – канстатуе аўтар. Чалавек завіс у касьмічным вакууме, у якім яго проста няма, дарма што ў зямных умовах ён жыве, есьць і дыхае, і нешта там бачыць.

Гістарычная драма Беларусі і беларусаў, стала прысутная ў прозе Быкава, не прыводзіць да таго, што яго творчасьць стаецца малазразумелай для іншых. У рэчаіснасьці ўсё наадварот. Пісьменьнік выяўляе гэтую драму ня столькі праз палітычныя рэаліі, колькі праз асэнсаваньне чалавека як такога. Кранальную сцэну калектыўнага самагубства беларускіх паўстанцаў са слуцкай брыгады дваццатага году, пасьля прайгранай бальшавікам кампаніі, пісьменьнік прадстаўляе без гістэрыі («На чорных лядах»). Трагедыя адбываецца спакойна, можна сказаць, разважліва і лягічна. Без узьнёслых жэстаў, па-сялянску, прадметна. У мяне гэта выклікала асацыяцыю са сьмерцю маёй бабулі – днём раней яна дала сям’і апошнія распараджэньні і, спраўдзіўшы, што яны зразуметыя правільна, неўзабаве ціхенька памерла. Гэткая сьмерць не была канцом сьвету.

Быкаў не выносіць ілюзіяў, і дзеля гэтага ён зусім непрыдатны да прапагандысцкага выкарыстаньня. Дарма што яго тэксты ня маюць займаючага дыханьне дзеяньня, яны чытаюцца запоем. Бо яны – гэта захапляльнае падарожжа ў глыб чалавечай душы, выяўленьне ўсё іншых яе краявідаў. Яго можна назваць «Дастаеўскім беларускай літаратуры», але настолькі своеасаблівым, што яго цікавіць не псыхалёгія літаратурнага героя наагул, не барацьба дабра са злом, а выяўленьне велічы і ўвадначас подласьці ў маленькім чалавеку, уцягнутым у колы гісторыі. Усё пачынаецца неўспадзеўкі. Жыў-быў сабе маленькі чалавек, які збольшага трымаўся дзесяцёх запаведзяў, хутчэй інстынктыўна, дзякуючы натуральным маральным інстынктам. І зьнячэўку яго ўпіхнулі ў вір часу і эпохі, якую ён, як правіла, не да канца разумее. Увогуле ён зьбіты з панталыку, а калі і паддаецца злу, то зусім не з разьліку: ён проста не вытрымлівае. І што выходзіць? Пры сутыкненьні індывіда са злом часьцей прайграе першы. У індывідуальным вымеры пераадоленьне зла дабром канчаецца на крыжы. Таму дабро вымагае ахвярнасьці, адданасьці. У гэтым палягае ўнівэрсальная драма Беларусі – у яе сумленнай бясьсільнасьці да д’ябальскай сілы. Аднак так не павінна быць у будучыні. Вось мая рэфлексія.

Учытваючыся ў «Ścianę» Васіля Быкава, з кожным наступным тэкстам трапляеш не ў дэпрэсію, а, наадварот, узрастае ахвота, жаданьне ачышчэньня. Акурат у гэтым месьціцца незапатрабаваная прыцягальнасьць, сіла самога дабра як антыподу антычалавечых паводзінаў літургіі Зла. Мы ля сьцяны, бы сыны Ізраілю.

Тэкст перакладзены паводле: Gazeta Wyborcza, 8 sierpnia 2000.


Думкі і згадкі розных часоў

У 1953 годзе патрапіла мне на вочы праца беларускага навукоўца Дабрыніна пра Скарыну – дакладнай назвы ня памятаю. Кніжка тая была навуковая, пісалася яна, пэўна, больш для спэцыялістаў, чым для шырокай грамадзкасьці, але на мяне зрабіла вялікі ўплыў: як, маўляў, мы дагэтуль ня ведалі, што мы, беларусы, ня нейкае лапатнае быдла, што мы маем беспасярэдняе дачыненьне да эўрапейскае цывілізацыі – бач ты, кніжкі выдавалі, ды яшчэ калі, ды яшчэ якія... Карацей, гэта было сапраўдным адкрыцьцём, і я, натуральна, ня мог трымаць яго ў сакрэце – адразу падзяліўся ім зь сябрамі. Тыя напачатку не паверылі: «Ён жа Пранцішак, пэўна, католік, паляк, мо ня наш...» Давялося даць ім тую працу прачытаць. Пайшла тая кніжка па руках, і маіх аднадумцаў адразу пабольшала. Тое калектыўнае чытаньне мела нечаканы працяг: мы сарганізавалі напаўпадпольны гурток моладзі нацыянальна-асьветнага накірунку – гэткая абгрунтаваная ўзростам і нечаканым пачуцьцём беларускай сьвядомасьці гульня ў рамантыку. Я нават нарабіў сябрам гуртка саматужныя пасьведчаньні з гербам БССР (пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг на той час, натуральна, ніхто з нас ня ведаў). Убачыў аднойчы тыя легітымацыі адзін мой знаёмы і за галаву ўхапіўся: ты што, дурань, калі іх заўважыць хто-небудзь з агентаў ці «стукачоў» УБ (маецца на ўвазе «Uprawa Bezpieczeсstwa» – польскі аналяг КДБ. – Зацем перакладніка.), ведаеш, што яны вам «прышыюць»? А то былі пяцьдзясятыя гады, эпоха Бэрута... Як ні было шкада, але тыя паперкі давялося занесьці на гарышча і паціху спаліць – ледзьве пажару не нарабілі...

Прычыны таго, чаму ясны сон пра Беларусь так і застаўся адно сном, прычым небясьпечным з часам, цалкам банальна тлумачацца самою натурай Савецкага Саюзу. Дамінавала ў ім, як ува ўсякай імпэрыі, тэндэнцыя этнічнай уніфармізацыі, ад тысячагодзьдзяў вядомая ўтопія цывілізацыйна-прасторавай нівэляцыі і псыха-культуралягічнага маналіту. Тым часам нацыі нараджаюцца не з фанабэрыі паэтаў або ідэолягаў. Яны – няўхільны вынік асобнасьці лёсу, які не паддаецца аніякаму тэрору. Фізычнае зьніштажэньне нацыястваральнай праслойкі можа прынесьці злачынным ініцыятарам ня болей, чымся духоўную мэтысізацыю, але ніколі праглынаньне тэрытарыяльнай супольнасьці. Чаму? Адказ увачавідкі: імпэрскі цэнтар мусіў бы тады падзяліцца сваім дабрабытам аднолькава ў карысьць унутраных калёніяў, што непазьбежна паставіла б крыж на цэмэнтуючай ролі самой мэтраполіі. Ня кажучы ўжо пра практычную нерэальнасьць таго. У гэтым і адвечная тайніца-нятайніца нежыцьцяздольнасьці тых трэціх-пятых Рымаў, іх немінучага распаду й высьпяваньня «канфлікту хлеба» між цэнтрам, менавіта, і эмансыпацыйна зарыентаванымі пэрыфэрыямі. Не здараецца тое раней, усё ж, за чарговую рэвалюцыю ў вытворчасьці, тэхналягічную, якая абавязкова парушае ўстаялыя парадкі, дэцэнтралізуе і разладжвае структуры іх, эканамічна аўтанамізуючы шанцы правінцыі на незалежнае разьвіцьцё. Калі раб, зьменены ў прыгоннага халопа, паказаў сябе прадуктыўнейшым, упаў антычны Рым як адзіны распараднік багацьця; зьяўленьне наёмнай працы прадвырашала далейшы прагрэс, ушыркі немагчымы без абароны яго новымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі на занядбаных іншародных ускраінах... Цывілізацыйная анахранічнасьць Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік закладзена ня столькі ў спробе ўжыцьцяўленьня старога, як сам сьвет, міту Раю на Зямлі, колькі якраз у зрыве ім кантакту з сусьветнай эканомікай, што і адштурхнула СССР у маргінальнасьць. У рэцыдыў проста нэафэадальных суадносінаў, у пэрсанальную і духоўную паднявольнасьць. Мілітарызацыя гаспадаркі, без чаго Саюз пратрымаўся б усяго гістарычнае імгненьне, заўсёды прарочыць у будучым ляскатлівую катастрофу і працяглы пасьля яе хаос. Дарэчы будзе тут заўважыць між іншага, што ў пасьляіндустрыяльную эпоху і паступовую ў ёй аўтаматызацыю працы ды мінімалізацыю патрэбы ў простым высілку чалавечых рук, а таксама рэдукцыю да мінімуму сыравіны, калёніі перастаюць быць крыніцай багацьця і пачынаюць абцяжарваць цэнтральны бюджэт хуткім дэфіцытам, што і зьявілася галоўным стымулам імклівага дэмантажу, скажам, Брытанскай імпэрыі. Партугальская, як прымітыўнейшая, пратрымалася даўжэй, мала менш за расейскую.

Канцэпцыя – у пэрспэктыве – савецкай нацыі на базе расейскай культурнасьці амаль цалкам рэалізавана адно ў Беларусі. Адкуль узяўся тут гэткі, незразумелы ў Эўропе, энтузіязм ажно датэрмінова выканаць указы абяцальнікаў камуністычнай дарэмшчыны? Справа выглядае складана, але такою яна ня ёсьць. Правёўшы чыста тактычны па сутнасьці эпізод т.зв. беларусізацыі, да голасу зноў было дапушчана небеларускае гарадзкое асяродзьдзе, якое ніколі не паводзіла сябе інакш як пятая калёна расійскага імпэрыялізму. Акаляючае яго гарадызаванае сялянства (бяздольныя мігранты) пачувалася шчасьлівым у індустрыяльным паратунку, ва ўцёках ад калгаснага ярма, і кіравалася яно, ясная справа, ня сэрцам, але страўнікам. Гэтыя людзі-жываты, нагаладаўшыся, нічога ня бачылі далей канца свайго носа. Гэта была ня нацыя, а толькі яшчэ матэрыял для яе.

Каталіцкая рэлігія ў часы майго маленства ўспрымалася як элітарная рэлігія – рэлігія паноў, шляхты, месьцічаў. Праваслаўе ж было рэлігіяй людзей простых – сялян і рамесьнікаў. Каталіцызм дагэтуль для мяне зьяўляецца троху іншым сьветам. Мяне вельмі цікавіць каталіцкая філязофія, напрыклад Тамаша з Аквіну. Бо каталіцызм надзвычай рацыянальны, прасякнуты мысьленьнем аб Богу. У праваслаўі з Богам не размаўляюць, а папросту хаўрусуюць. У каталіцызьме дамінуе катэгорыя ratio, а ў праваслаўі – катэгорыя emotio. Таму каталіцызм быў у стане стварыць вялікія філязофскія сыстэмы, а праваслаўе – не. З гэтай прычыны я маю падвойнае стаўленьне да канфэсіі. Каталіцызм цікавіць мяне інтэлектуальна, але ў Бога я веру як праваслаўны, як паэт. Бо праваслаўе – гэта рэлігія паэтаў, і я ўсіх паэтаў у Эўропе намаўляю, каб яны сталі праваслаўнымі.

Мая сытуацыя – беларускага пісьменьніка – тыповая для лёсу аўтара скалянізаванага народу. Я дагэтуль ня маю шанцаў на рэгулярны друк у Рэспубліцы Беларусі... Безумоўна, я маю пачуцьцё пэўнага камфорту: усе мае кнігі апублікаваныя ў Польшчы ў перакладзе, некаторыя на эміграцыі або ў ангельскамоўным сьвеце, але – паўтараю – амаль нічога, мала, было апублікавана ў Менску. Я не асабліва шкадую з гэтай прычыны, і нікога не вінавачу пэрсанальна. Можа таму, што зь цягам гадоў зьмяняецца пісьменьніцкая рэакцыя, узьнікае дыстанцыя да сваёй творчасьці, да самога сябе. Некалі я быў нецярплівы, меркаваў, што калі нейкі твор ня будзе апублікаваны, будзе забыты, то адбудзецца страта і для мяне, і для культуры. Цяпер я ведаю, і нават добра, што канчатковую вэрыфікацыю некаторых твораў зьдзейсьніць час. Добры тэкст заўсёды праб’ецца.

Польскія беларусы лічацца нацыянальнай меншынёй. Гэта, аднак, паступова перастае быць адназначным. Перш за ўсё ў моц тых агульнаграмадзкіх працэсаў, якія набіраюць размах у Беларусі. Наша Беласточчына страчвае пачуцьцё ідэнтыфікацыі з усебеларускім арэалам, на якім існуе мацярынская нам дзяржава. Апошняя, на жаль, пераўтвараецца ў сваё запярэчаньне, робячыся творам выключна сацыяльна-адміністрацыйным, расійскай правінцыйнай аўтаноміяй з правамі міжнароднага суб’екта. Дэгенэруецца ў яшчэ адну дзяржаву рускіх, у якой этнонім «беларус» рэдукуецца да рэгіянальнага (тыпу: сібірак, масквіч).

Небеларускі імідж Рэспублікі Беларусі накшталт тыповых у Трэцім Сьвеце сацыяльных рэспублік, цалкам прасякнутых духоўнасьцю нядаўніх калянізатараў, не дарэшты высушвае ў нас эмацыянальныя сувязі з першапляменнай Бацькаўшчынай. Разам з тым вельмі моцна ў нэгатыўным сэнсе ўплывае на тое эканамічны і цывілізацыйны заняпад, які наглядаецца наагул на славянскім Усходзе, а ў Беларусі ў асаблівасьці. У той час, калі ў Польшчы і ў іншых былых краінах т.зв. народнай дэмакратыі адбываецца цяпер імклівае разьвіцьцё гаспадаркі і культуры, у Беларусі набывае рысы нейкай дзіўнай нестабільнасьці ўпадак у бездань галечы і беспрасьвецьця...

Беларуская літаратура выйшла з кантынэнтальнага засьценку і дасягнула эўрапейскага кантэксту на памежжы пяцьдзясятых і шэсьцьдзясятых гадоў. Гэта не было нейкім асабліва вялікім спазьненьнем, калі зважаць, што не нашмат раней на Захадзе атрымала прызнаньне таксама і сучасная польская літаратура... Сёньня над абшарамі беларускага прыгожага пісьменства гуляюць ужо іншыя вятры... Беларуская літаратура заўсёды існавала на грані зрынаньня сваёй нацыянальнасьці ў гістарычнае прадоньне, і таму яна ў пэўнай меры прызвычаілася пастаянна жыць у суседзтве сьмяротнай пагрозы з боку каляніяльных асымілятараў. Можа, гэта не найгорш для падвышэньня творчага напружаньня ў ёй, аднак не найлепей уплывала на яе далейшы ўдзел ува ўнівэрсальным літаратурным працэсе.

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

* Сакрат Яновіч – пісьменьнік, эсэіст, буйны культурны дзеяч Польшчы, рэдактар альманаху «Annus Albaruthenicus/Год Беларускі», кіраўнік мастацкага асяродку «Villa Sokrates» у памежным мястэчку Крынкі, чалец Згуртаваньня беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы «Белавежа», з 1970 году – чалец «Саюзу польскіх літаратараў». У 1996 годзе за літаратурныя заслугі рашэньнем польскага ўраду быў узнагароджаны «Krzyżem Kawalerskim Orderu Odrodzenia Polski». Піша па-польску і па-беларуску.

У 1999 годзе Сакрат Яновіч разам з мастаком Лёнікам Тарасэвічам выступіў супраць заснаваньня і функцыяваньня новага беларускамоўнага радыё «Рацыя», якое перадае з Варшавы. «Я ніколі ня быў энтузіястам заснаваньня такой радыёстанцыі. У гэтым сэнсе я згаджаюся з аргумэнтамі спадара Еж’я Гедройца», – пісаў у лісьце «Gazecie Wyborczej» спадар Сакрат. У сваю чаргу, яшчэ за год да гэтага ліста Ежы Гедройц назваў саму ідэю такога радыё «шкоднай для польскіх нацыянальных інтарэсаў».

23–26 кастрычніка 1999 году Яновіч узяў удзел у арганізаванай у Кракаве польска-нямецка-францускай літаратурнай канфэрэнцыі «Трыялёг» (іншыя выступоўцы – Ганс Энцэнзбэргер, Тадэвуш Канвіцкі).

У тым жа 1999 годзе Сакрат Яновіч «за шматлікія публікацыі, накіраваныя на ліквідацыю ўсіх гістарычных непаразуменьняў і ўсіх крыўдаў, нанесеных беларускаму жыхарству пры польскім панаваньні» быў узнагароджаны прэміяй «Tęczowe Laury-99».

У 2000 годзе на базе асяродку «Villa Sokrates» была праведзеная літаратурная імпрэза «Беларускі трыялёг» – сустрэча пісьменьнікаў з Польшчы, Беларусі і Заходняй Эўропы.

Паводле аўтарскай задумы, альманах «Annus Albaruthenicus/Год Беларускі» павінен стаць першым у гісторыі беларускім часопісам, прызначаным не для беларусаў, а для Эўропы. Беларусы – гэта новая нацыя Эўропы, якая родзіцца на нашых вачох. Падтрымка нацыянальных і культурных традыцыяў ёсьць абавязкам беларусаў у Польшчы.

Пераклады зьдзейсьненыя з ласкавай згоды аўтара.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю