Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 31 страниц)
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды аўтара.
Юзаф Бахеньскі*
Духоўная сытуацыя часу
I
Карл Яспэрс, адзін з найбольш славутых мысьліцеляў XX стагодзьдзя, выдаў калісь кнігу пад назвай Die geistige Situation der Zeit – «Духоўная сытуацыя часу». Кніга была апублікавана ў пэрыяд, поўны палітычных забурэньняў, – і няма дзіва, што філязаф закрануў у ёй перадусім грамадзкія і палітычныя справы. Але яе загалоўку можна таксама надаць і глыбейшае значэньне: яго можна аднесьці да падставаў нашай думкі і чыну, гэта значыць, нашага сьветапогляду. У гэтым значэньні ён ужыты і тут.
Уражаньне, што ў гэтым сэнсе мы знаходзімся на пераломе, сёньня шырока распаўсюджанае. У Злучаных Штатах, напрыклад, шырыцца рух пад назвай New Age – «Новая эпоха». Даныя ўвагі ня маюць нічога супольнага з поглядамі прадстаўнікоў гэтага руху (які напару мяжуе з ірацыяналізмам і псэўдамістычным зьмяшэньнем паняцьцяў), выяўляючы адно простае сьцьвярджэньне[1]1
Я выкарыстоўваю магчымасьць, каб прыгадаць: цьверджаньне ня ёсьць тым самым, што і сьцьвярджэньне. Зьмяшэньне гэтых двух паняцьцяў характэрна, на жаль, для барбарызаванай мовы нашай краіны.
[Закрыть], што мы жывем падчас згаданага пералому. Гаворка не ідзе аб тым, якім чалавецтва мае быць і якім будзе, але толькі аб пасуленьні нэгатыўнага вызначэньня, у якой меры адбыўся разрыў зь мінуўшчынай.
Якія вынікі гэтага разрыву? Можна было б памеркаваць, што гаворка ідзе аб сьветапоглядзе. Вось жа сьветапогляды сапраўды закранутыя крызысам, але ня ў тым сэнсе, што гаворка ідзе толькі аб адным сьветапоглядзе. Разрыў зь мінуўшчынай сягае глыбей, ён датычыць перадумоваў усіх сьветапоглядаў, рамак, у якіх яны паўсталі. Дарма што прыняцьцё сьветапогляду ёсьць у прынцыпе адвольным: у тым пляне, што ніхто ня можа быць прымушаны яго прыняць, не бывае так, каб у кожнай эпосе ў нас зьяўлялася магчымасьць прыняцьця кожнага мажлівага сьветапогляду. У гэтым сэнсе наша свабода мае межы.
Гэтыя межы вызначае найперш стан навуковай веды данай эпохі. Прыводзячы толькі адзін прыклад: у XХ стагодзьдзі нельга не прыняць погляду, згодна зь якім сонца кружыніцца вакол Зямлі. Па-другое, наша свабода ў прыманьні сьветапоглядаў абмежавана калектыўным дасьведчаньнем чалавецтва. Такім дасьведчаньнем, аб якім яшчэ пойдзе мова, ёсьць факты чалавечай лютасьці цягам майго пакаленьня. Любы сьветапогляд, які знаходзіцца ў супярэчнасьці з гэтым дасьведчаньнем, цяпер ня можа быць прыняты.
Не існуе ў дастатковай ступені адназначнай тэрміналёгіі, калі гаворка ідзе аб такіх перадумовах. Безумоўна, яны не сьветапогляды і, такім чынам, ні рэлігія, ні ідэалёгія, ні філязофія. Дзеля нястачы лепшых выражэньняў назавем створаныя навукай і дасьведчаньнем рамкі «духоўнай сытуацыяй», а супольныя сьветапоглядам элемэнты – «асноўнай ідэяй» данай эпохі.
Увагі, зьмешчаныя вышэй, можна абагульніць у наступнай думцы: у даны момант мы перажываем крызыс, выкліканы зьменай духоўнай сытуацыі і зьвязаным зь ёй разрывам з асноўнымі ідэямі, прынятымі ў мінуўшчыне.
Пры гэтым гаворка ідзе выключна аб духоўнай сытуацыі інтэлектуальнай эліты нашага культурнага кола. Эліты, бо масы, нават масы адукаваных людзей, перажываюць духоўныя зьмены зь вялікім спазьненьнем, іншага разу пасьля некалькіх пакаленьняў нашага кола, бо, насуперак прапагандзе шматлікіх ідэолягаў, усе іншыя цывілізацыі перабываюць у працэсе згасаньня.
ІІ
Нават павярхоўны аналіз паказвае, што ў нашым культурным коле мы маем дачыненьні зь дзьвюма ўзаемна незалежнымі супольнасьцямі (zespoіami) падзеяў: адна – гэта згаданы пералом, другая – гэта расклад. Нашы сацыёлягі ўжо даўно заўважалі праявы гэтага раскладу і пісалі аб «упадку» і «цяжкай хваробе» Захаду. На самой рэчы, у бальшыні грамадзтваў, належачых да нашага кола, навідавоку ўсе сымптомы раскладу: аслабленьне грамадзкіх сувязяў, зьнікненьне волі ўзброенай абароны, адсутнасьць жаданьня нараджаць дзяцей, скептыцызм і да таго падобнае[2]2
У польскай літаратуры дасканалая – на маю думку – распрацоўка гэтага пытаньня зьмешчана ў кнізе праф. Гэнрыка Скалімоўскага «Zmierzch światopoglądu naukowego». «Odnowa», Londyn, 1974.
[Закрыть]. Дык жа можна сьцьвердзіць вынікненьне адначасова зь пераломам (у духоўнай сытуацыі і яе асноўнай ідэі) незалежных ад яго праяваў грамадзкага раскладу?
Гэты факт не цікавіць нас тут беспасярэдне. Мы згадалі аб ім толькі таму, што яго наява абцяжвае аналіз пералому. Спалучэньне двух у прынцыпе міжсобку незалежных працэсаў прывяло да таго, што іншага разу вельмі цяжка здаць сабе лічбы, што ёсьць наступкам раскладу, а што належыць да нашага пералому.
Што істотнага ў асноўнай ідэі і ў чым замыкаецца пералом, аб якім ідзе гаворка?
Асноўная ідэя – гэта супольнасьць адказаў, пэўнае стаўленьне да пытаньняў, уважаных у даным пэрыядзе за асноўныя. Такіх пытаньняў шмат, і цяжка было б абмеркаваць усе. Мы абмяжуемся наступнымі чатырма, якія цяпер здаюцца найважнейшымі:
– якое месца займае чалавек у сусьвеце?
– ці існуе прагрэс?
– што можа нам даць навука?
– наколькі вялікая чалавечая сіла або бясьсільнасьць?
Перш як прыступіць да абмеркаваньня сёньняшніх адказаў на гэтыя пытаньні, варта яшчэ прыгадаць важны факт: масы, таксама і масы інтэлігенцыі, дагэтуль знаходзяцца пад уплывам дзьвюх асноўных ідэяў: сярэднявечнай і асьветніцкай.
Сярэднявечча яшчэ ўсьцяж жыве ў каталіцкіх краінах. Гаворка ідзе ня толькі аб хрысьціянстве, але таксама і аб іншых біблійных сьветапоглядах. Безумоўна, яго ўплыў на інтэлігенцыю слабейшы за ўплыў Асьветніцтва, але ня менш істотны.
Пад «Асьветніцтвам» мы тут разумеем погляды і супольныя элемэнты такіх сьветапоглядаў, як лібэральна-агнастычны і марксісцка-ленінскі, што маюць свае вытокі ў «філязофіі» XVIII стагодзьдзя. Гэтая сытуацыя сёньня аказвае вырашальны ўплыў на бальшыню інтэлігентаў у нашым культурным коле. Такім чынам, істу сучаснага крызысу становіць разрыў з асноўнай ідэяй Асьветніцтва і, у меншай ступені, зь сярэднявечнай ідэяй, якая яшчэ ўсьцяж аказвае ўплыў на масы.
ІІІ
Якія адказы дае сярэднявечная ідэя на нашы чатыры пытаньні?
Што да месца чалавека ў сусьвеце, яе адказ рашуча антрапацэнтрычны. З пункту гледжаньня ранейшай навукі палажэньне ўяўлялася так: чалавек – валадар зямлі; Зямля ёсьць цэнтрам сьвету; Сонца і плянэты кружыняцца вакол яе; зоркі – ня што іншае, як рамкі гэтай земнай і, такім чынам, чалавечай сыстэмы. Біялёгія вучыць, што чалавек – істота адзіная ў сваім родзе, якая ўзвышаецца над усім іншым у сьвеце. Такім чынам, чалавек – цэнтар сусьвету. Гэтая антрапалягічная канцэпцыя ўзмацняецца яшчэ і біблійнай верай: паводле яе, сьвет быў створаны для чалавека, які ня толькі яго цэнтар, але і адзіная мэта.
Сярэднявечны адказ на пытаньне аб прагрэсе таксама станаўко нэгатыўны. Нягледзячы на велізарны аўтарытэт сьв. Аўгустына, першаадкрывальніка і радыкальнага прыхільніка эвалюцыі, сярэднявечны чалавек ня верыць у касьмічны прагрэс, і тым менш у грамадзкі. Яго канцэпцыя сьвету і грамадзтва хутчэй статычная.
Што да праблемы навукі, Сярэднявечча займае памяркоўнае становішча. Яно верыць у магчымасьць пазнаньня, прызнае вартасьць навукі, але адрозьнівае (ясна і востра пачаўшы ад сьв. Тамаша з Аквіну) веду ад веры. Вера, сьветапогляд ня могуць быць даведзенымі.
Наапошку кажучы аб магчымасьцях, адкрытых перад чалавекам, у Сярэднявеччы станаўко пераважае пачуцьцё бясьсільнасьці.
Падрахоўваючы: асноўная ідэя Сярэднявечча абнімае антрапацэнтрычную канцэпцыю, статычнае разуменьне сьвету, памяркоўны рацыяналізм і перакананьне, што магчымасьці чалавека абмежаваныя.
IV
Гэтую ідэю паступова, пачынаючы ад XVIII стагодзьдзя, заступае новая ідэя, якую называюць «асьветніцкай». Адзін складнік сярэднявечнай ідэі быў прыняты і нават увыразьнены, але мадэрны чалавек адкінуў, адносна глыбока перапрацаваўшы, іншыя складнікі.
Прымаецца антрапацэнтрызм, і яму надаецца радыкальны выгляд. Гэта, вядома, дзіўна, бо якраз у гэтым пэрыядзе навука дае ўсё болей пераконлівых аргумэнтаў супраць меркаваньня, што чалавек займае адмысловае месца ў сьвеце. Калі б астраноміі і біялёгіі не існавала, антрапацэнтрызм акурат цяпер адсьвяткаваў бы найвялікшую перамогу як у філязафічнай думцы, так і ў вераньнях масаў.
Калі ж казаць аб трох іншых пытаньнях, то ў Асьветніцтва навідавоку станаўкі разрыў зь Сярэднявеччам.
Такім чынам, найперш сьцьвярджаецца вера ў неабмежаваны прагрэс – што ёсьць яшчэ адным гістарычным дзівам, паколькі найважнейшыя аргумэнты, якія сьведчылі б аб ім, зьявіліся адно ў другой палавіне XIX стагодзьдзя.
Таксама вызнаецца, у адваротнасьць ад Сярэднявечча, неабмежаваны рацыяналізм. Чалавек можа ўсё вывучыць і ўсё зразумець. Навука ня знае межаў. Тое, што ляжыць вонках яе абсягаў, ёсьць простым забабонам.
Урэшце, пад узьдзеяньнем навукі і тэхнікі чалавек пачынае верыць у сваю неабмежаваную сілу. Маркс выдатна адлюстраваў гэтую веру, калі пісаў, што Прамэтэй, які выкраў у багоў агонь, ёсьць самым высакародным сьвятым у філязафічным календары. Такім чынам, асноўная ідэя Асьветніцтва абнімае крайні антрапацэнтрызм, веру ў прагрэс, крайні рацыяналізм і веру ў неабмежаваныя магчымасьці чалавека.
V
Так у цэлым уяўляюцца гэныя дзьве ідэі, што паўсталі ў мінуўшчыне і дагэтуль яшчэ аказваюць вялікі ўплыў на масы. Тым ня менш – і гэта найважнейшае цьверджаньне гэтых разважаньняў – гаворка ідзе аб вераньнях, што належаць да сівой мінуўшчыны: як сярэднявечная, так і асьветніцкая асноўная ідэя не адпавядаюць сучаснай духоўнай сытуацыі і як таковыя мусяць быць уважаныя за перажытыя.
Пачнем ад месца чалавека ў сусьвеце: якой уяўляецца сучасная духоўная сытуацыя ў гэтым сэнсе? Катастрафічнай для антрапацэнтрызму, супольнага для абедзьвюх даўнейшых асноўных ідэяў. Астраномія адназначна сьцьвердзіла, што Зямля ня ёсьць цэнтрам Сонечнай сыстэмы, што гэтая сыстэма ёсьць ня ўсёй сапраўднасьцю, але нязначным фрагмэнтам яе, што яна не знаходзіцца нават у цэнтры Млечнага шляху, што вонках гэтага Млечнага шляху існуе шмат (магчыма, мільярды) іншых падобных туманнасьцяў, што адлегласьці ў сусьвеце вымяраюцца мільёнамі парсэкаў (парсэк – гэта больш за 30 800 мільярдаў кілямэтраў), а час —мільярдамі гадоў. Думка, што істота, якая жыве цягам часьцінкі касьмічнай сэкунды на паверхні Зямлі, гэтага неймаверна малога фрагмэнту сьвету, ёсьць яго цэнтрам – гэтая думка сёньня падаецца нам цалкам беспадстаўнай.
Заразом сучасная біялёгія і псыхалёгія нанесьлі сьмяротны ўдар міту аб нібыта выключных уласьцівасьцях чалавека, аб яго ўзвышэньні над прыродай. Яны выявілі, што чалавек, як і іншыя жывёлы, ёсьць папросту вынікам эвалюцыйнага разьвіцьця жыцьця на Зямлі.
Праўда, гаворка можа весьціся аб так званым «антрапічным прынцыпе», згодна зь якім чалавек зьяўляецца мэтай усяго касьмічнага працэсу. За гэты прынцып выказваліся таксама і некаторыя вядомыя астраномы. Але, наколькі можна зарыентавацца, няма падставы ўважаць гэты «прынцып» за вынік строгіх навук. Супраць гэтага прамаўляюць чатыры меркаваньні: 1) антрапічны прынцып належыць да касмалёгіі, якая апэруе на памежжы навук і мэтафізычных спэкуляцыяў; 2) адносна яго няма згоды паміж спэцыялістамі; 3) існуе падазрон, што тут мы маем дачыненьні зь яшчэ адным непамысным пранікненьнем спэцыялістаў у чужую ім галіну. Гісторыя навук поўная такога роду пранікненьняў, хоць і ажыцьцёўленых перадавымі навукоўцамі, але іншага разу кампрамэтуючых іх – досыць прыгадаць філязафаваньне Джынса, Эдынгтона, Планка і Гайзэнбэрга; 4) уплыў сьветапоглядных матываў падаецца відавочным. Згаданы «прынцып» ня ёсьць, такім чынам, спаважным аргумэнтам супраць так добра ўгрунтаванага цьверджаньня, што чалавек у сьвеце ёсьць фрагмэнтам без значэньня. А тое, што і абароньнікі аджылых сьветапоглядаў будуць хапацца гэтага «прынцыпу», як тапелец саломінкі, можна было прадбачыць. Насуперак іх прапагандзе варта сьцьвердзіць, што пэўныя і выдатна ўгрунтаваныя вынікі прыродазнаўчых навук твораць духоўную сытуацыю, якая выключае ўсякі антрапацэнтрызм. Чалавек ня можа быць уважаны за цэнтар сусьвету.
Такім парадкам, у гэтым сэнсе мы маем дачыненьні з радыкальным запярэчаньнем асноўнага складніка як сярэднявечнай, так і асьветніцкай ідэі. Новая духоўная сытуацыя не дазваляе нам мысьліць антрапацэнтрычна.
VI
Пералом закранае таксама і іншыя пытаньні, але палажэньне зьяўляецца своеасаблівым у кожным з гэтых выпадкаў.
Як вынікі навук, так і гістарычнае дасьведчаньне зь вялікай сілай спрыяюць разрыву зь верай у прагрэс. У кожным разе сярод таго, што нам цяпер вядома, мы не знаходзім аргумэнтаў, якія б прамаўлялі за касьмічны прагрэс. Калі прыняць тэорыю вялікага выбуху (big bang), як гэта робіць бальшыня астраномаў, трэба разумець гісторыю сусьвету як працэс несупыннай дэградацыі – што можна было б, зрэшты, вывесьці з другога закону тэрмадынамікі[3]3
Закранаючы цесна з гэтым зьвязанае пытаньне існаваньня інтэлекту па-за нашай зямлёй, можна парэкамэндаваць яго ўсебаковы разгляд у кнізе, выданай Э. Рэйджыс: Extraterrestrians, Cambridge, 1985.
[Закрыть]. Але нават згодна з тэорыяй несупыннага тварэньня (continuos creation) у сусьвеце няма прагрэсу. Сучасная навука не дае падставы для веры ў касьмічны прагрэс.
З зусім іншай прычыны сучаснаму чалавеку, бадай, яшчэ цяжэй верыць у касьмічны прагрэс чалавецтва. Праўда, існуе галіна, у якой такі прагрэс ужо некалькі стагодзьдзяў відавочны, – а менавіта галіна жыцьця, а таксама прыродазнаўчых навук, зьвязаная з тэхнікай. Гэтага прагрэсу, якога Сярэднявечча ня знала, немагчыма сёньня запярэчыць.
Але новая духоўная сытуацыя ўлучае ня толькі ўсьведамленьне гэтага факту. Яе істотным складнікам ёсьць таксама дасьведчаньне чалавечай лютасьці, перажытай папярэднім пакаленьнем у такой ступені, што сёньня не выпадае сур’ёзна гаварыць аб маральным прагрэсе чалавецтва. Заразом страх перад наступкамі ядравай вайны і засьмячэньне прыроды прывялі да таго, што прагрэс навукі і тэхнікі ня толькі не атаесамляецца з прагрэсам чалавецтва, але і пачынае пагражаць яго існаваньню. Дасьведчаньне чалавечай лютасьці і боязь наступкаў тэхнікі робяць немагчымай у сучасны момант веру ў гістарычны прагрэс у якой-любя істотна важнай галіне.
У выніку гэтай новай сытуацыі мы зьяўляемся сьведкамі радыкальнага ў гэтым сэнсе разрыву з ідэяй Асьветніцтва, але адначасова (у адваротнасьць ад палажэньня ў справе антрапацэнтрызму) набліжэньня да сярэднявечнай ідэі.
Пераходзячы да справы вартасьці навукі, мы сьцьвярджаем падобны адыход ад становішча Асьветніцтва ў дваякім сэнсе. З аднаго боку, як было ўжо згадана, яе практычная вартасьць ад часоў Хірасімы ўсё болей стаіць пад знакам запытаньня. Зь іншага боку, сучасная крытыка навукі і дасьледаваньні тэорыі сьветапогляду пахіснулі аптымістычны настрой навукі. Ня толькі яе практычнае значэньне, але і тэарэтычная вартасьць усё болей стаўляюцца пад сумнеў.
У значным ліку выпадкаў гаворка ідзе нават аб больш скептычным падыходзе ў параўнаньні з тым, які існаваў у Сярэднявеччы – напрыклад, у групе Куна—Фэерабэнда, дзе сёньня кажацца, што няма розьніцы паміж навукай і чарнакніжжам. Гэта, безумоўна, перабор, але да істы новай духоўнай сытуацыі належыць усьведамленьне таго, што навука ня можа даць нам адказаў на найважнейшыя пытаньні, а там, дзе яна дае такія адказы, яе вынікі нярэдка далёкія ад пэўнасьці.
У сувязі з гэтым дазволю сабе апавесьці аб адной узрушаючай зьяве. Колькі гадоў таму я ўзяў удзел у кангрэсе ў Ann Arbor (акруга Дэтройт) разам з каля 500 навукоўцамі і гэткім жа лікам філёзафаў. На зьдзіўленьне апошніх, зьнявераньне навукоўцаў у вартасьці іх навукі было такім вялікім, што прысутныя філёзафы стараліся іх пераканаць, што яна ўсё ж такі мае пэўны пажытак і тэарэтычную вартасьць. Сучасная духоўная сытуацыя адмаўляе навуцы права адказваць на ўсе пытаньні, яе безумоўную пэўнасьць і ролю фактару праўдзівага прагрэсу. У гэтым яна пагражае нават поўным скептыцызмам.
Такім чынам, мы тут назіраем разрыў ня толькі з Асьветніцтвам, але ў досыць значнай меры і зь Сярэднявеччам, якое не стаўляла пад сумнеў вартасьці навукі ў яе ўласнай галіне.
А калі так, то няма сэнсу зьдзіўляцца, што духоўная сытуацыя не дае ніякай падставы для прамэтэйскай канцэпцыі, для веры ўва ўсемагутнасьць чалавека. Праўда, сучасная тэхніка адкрывае перад людзьмі магчымасьці, аб якіх нашы папярэднікі не маглі нават летуцець, але таксама вядома, што кіруючыя сьветам сілы непараўнальна магутнейшыя, як сабе ўяўлялі ня толькі ў Сярэднявеччы, але нават у XIX стагодзьдзі. Адной з найважнейшых рэакцыяў на сучасную духоўную сытуацыю зьяўляецца пачуцьцё бясьсільнасьці чалавека.
У гэтым сэнсе мы далёкія ад Асьветніцтва. Але і ад Сярэднявечча духоўная сытуацыя сёньня адрозная, прынамсі, у тых, хто страціў веру ў Празорнасьць. Для іх разрыў з асноўнай ідэяй Асьветніцтва нясе з сабой пачуцьцё трагічнай бессэнсоўнасьці і бясьсільнасьці. Бессэнсоўнасьці, бо сучасная сытуацыя не дазваляе шукаць сэнсу жыцьця ў прагрэсе чалавецтва, пагатоў калі гэтага прагрэсу няма. Трагічнай бясьсільнасьці, спрычыненай адрыненьнем прамэтэйскага міту.
VII
Цяпер аб сытуацыі. Адзін з найважнейшых маральных прынцыпаў вучыць, што якім бы ні было палажэньне, чалавек існуе, а калі ён доўга і вольна існуе, у яго ўзьнікаюць пэўныя заданьні, абавязкі, штось такое, што трэба зрабіць. Калі мы не памыляемся, найважнейшыя сярод тых патрэбаў, што датычаць нашай галіны, можна абагульніць у наступнай формуле: перад абліччам пералому ў духоўнай сытуацыі існуе відавочны абавязак здаць сабе зь яго лічбы і прадумаць у яго сьвятле ўсе галіны нашага жыцьця.
У якой меры мы сёньня спаўняем гэты абавязак? Трэба сьцьвердзіць, што ў дужа невялікай. Народныя масы, а зь імі нават бальшыня людзей, што атрымалі адукацыю ў Эўропе, яшчэ ўсьцяж жывуць памерлымі сьветапоглядамі. Акпіваюць сучасную навуку, з надзвычайнай зацятасьцю бароняць веру ў цэнтральнае становішча чалавека і іншыя складнікі даўніх асноўных ідэяў.
Там, дзе паўстаюць дыскусіі, спрэчкі найчасьцей разгортваюцца паміж прыхільнікамі Сярэднявечча і заўзятарамі Асьветніцтва, прычым мы найчасьцей зьяўляемся сьведкамі думкі, што сягае XIX стагодзьдзя. Папулярнасьць, якой карыстаюцца нямецкія ідэалісты накшталт Шэлінга і Гегеля, фантазіі Тэяра дэ Шардэна і сучасная палеміка ў тэалёгіі сьведчаць аб гэтым занадта выразна.
Зьява пашырылася нават так далёка, асабліва на эўрапейскім кантынэнце, што насоўваецца пытаньне, скуль бярэцца гэтая закасьцянеласьць, гэтая няздатнасьць да зразуменьня сытуацыі? Але адказ на гэта знайсьці лёгка. Прычыны, пэўна, дзьве. З аднаго боку – звычайная для масаў інэртнасьць, супраціў новаму, прынцыповы кансэрватызм думкі, з другога – трагічныя пэрспэктывы бясьсільнасьці і бессэнсоўнасьці, што, як падаецца многім людзям, прынясе з сабой новая духоўная сытуацыя.
Але, каб жыцьцё ня страціла сэнсу, мы павінны нанава прадумаць наш сьветапогляд. Вось урыўкі каталёгу заданьняў, якія неабходна выканаць:
– рэлігія павінна быць асэнсаваная нанова – фундамэнтальныя паняцьці ня могуць заставацца такімі, якімі яны былі цягам апошніх стагодзьдзяў. Наколькі нам вядома, нічога ў гэтым кірунку ня зроблена;
– патрабуецца новая філязофія, якая б урэшце сур’ёзна паставілася да адрозьненьня паміж сьветапоглядам і навукай. Яе пачаткі назіраюцца сёньня ў выглядзе аналітычнай філязофіі, але і ёй яшчэ далёка да поўнага адрыненьня самых розных філязофіяў мінуўшчыны, якія, калі ўвогуле не зьяўляюцца звычайнай балбатнёй, знаходзяцца ў супярэчнасьці з сучаснай духоўнай сытуацыяй;
– нашы погляды на навуку трэба асэнсаваць нанова. У гэтым сэнсе шмат зроблена, але яшчэ далёка да зразуменьня масамі нават найпрасьцейшых вынікаў сучасных дасьледаваньняў. Пры гэтым шмат трэба зрабіць нават на ўзроўні філязафічнага аналізу навукі;
– калі мы не памыляемся, тое ж самае можна казаць аб грамадзкіх навуках, дзе, прыкладам, цяперашняе супрацьстаўленьне сацыялізму і капіталізму падаецца цалкам састарэлым і аджылым.
Гэты пералік найважнейшых заданьняў, безумоўна, яшчэ можна значна падоўжыць.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 3 (510), 1990.
* Юзаф Бахеньскі (поўнае імя – Інацэнты Мар’я Юзаф Бахеньскі), польскі філёзаф, манах-дамініканін, пэдагог, прафэсар унівэрсытэту Фрыбургу ў Швайцарыі, памёр 8 лютага 1995 году, пражыўшы доўгае і плённае жыцьцё. Яго апошнія выдадзеныя ў Польшчы кнігі і артыкулы – «Zarys historii filozofii» (Wydawnictwo Philed, 1993), «Wspomnienia», «Podręcznik mądrości tego świata» (Wydawnictwo Philed, 1994), «Sto zabobonów (krótki filozoficzny słownik zabobonów)», «O filozofii analitycznej» (Ruch Filozoficzny, t. XLVII № 1, s. 35–41, 1993). У перадмове да свайго твору «Сто забабонаў» Бахеньскі пісаў: « (...) Такім чынам, гаворка ідзе перадусім пра забабоны. Я ня ўпэўнены, што гэтае слова было выбрана ўдала – можа, больш правільна гаварыць аб перакручваньнях або аблудах, бо слова «забабон» як бы мае прысмак нечага магічнага: не дарма «забабонным» называецца чалавек, перакананы, што ён нечага можа дасягчы, прамаўляючы таямнічыя словы альбо працінаючы голкай ляльку з воску. Таму гаворка зазвычай ідзе аб нечым практычным, аб відзе абсурднай тэхнікі. Дзеля гэтага і шмат якія абгавораныя тут меркаваньні – можа, нават бальшыня – маюць тэарэтычны, а не практычны, а таму і не магічны характар. Калі, нягледзячы на гэта, я ўжываю гэтае слова, то толькі таму, што яно часам азначае ў нашай мове таксама тэарэтычныя памылкі, a таксама таму, што ў ім чуецца нутраная моц, што яно дае больш поўнае выражэньне майму стаўленьню да дурнотаў, якімі і ёсьць забабоны. У кожным выпадку я вызначаю «забабон» наступным чынам: вераньне, якое (1) безумоўна ў вялікай меры памылковае, але нягледзячы на гэта (2) лічыцца за безумоўна праўдзівае. Так, напрыклад, астралёгія ёсьць забабонам у маім значэньні слова, бо яна відавочна памылковая, але, нягледзячы на гэта, лічыцца сукупнасьцю аксыёмаў (...)». Юзаф Бахеньскі пэўны час жыў і працаваў у кляштары пры валынскім мястэчку Падкамень (сам ён нарадзіўся паблізу – у селішчы Паніква). Перад наступам савецкіх войскаў выехаў на Захад. Як сьцьвярджаюць польскія крыніцы, у кляштары заставалася каля 500 палякаў, калі 12 сакавіка 1944 году вялікі аддзел украінскіх нацыяналістаў, узмоцнены сіламі «Ukrainische Hilfpolizei», ажыцьцявіў «зачыстку» гэтага аб’екта. У выніку крывавага гвалту загінулі старыя, дзеці, жанчыны, манахі. У выдадзеных у 1994 годзе «Spomnieniach» Бахеньскі пісаў: «Эўропа, наша Эўропа – канчаецца ў Падкамені. Думаю, што кожны, хто перажыў гэтыя падзеі, ніколі не спакусіцца на байкі пра Эўропу ажно да Ўралу». Рэцэпцыі філязофіі Бахеньскага ў Польшчы прысьвечаны артыкул – «Józef Maria Bocheński w Polsce» (Ruch Filozoficzny, t. XLVI, № 2, s. 227a–228a, 1990).
Паслоўе перакладніка
Уплыў, які аказаў на філязофію і тэалёгію XX ст. гэты мысьліцель, цяжка пераацаніць. Гэтаму паспрыяла ў тым ліку і шырыня зацікаўленьняў філёзафа, у сфэры якіх апынуліся гісторыя, тэорыя і сучасны стан, асноўныя праблемы і тэндэнцыі разьвіцьця лёгікі (гэтай тэме прысьвечаны цэлы шэраг працаў, сярод якіх выразьнім наступныя: «La Logique de Theophaste» (1939), «Precis de la logique mathematique» (1948), «Ancient Formal Logic» (1951), «Formale Logik» (разам з А. Мэнэ, 1956), «The Logic of religion» (1956, польскі пераклад – «Logika religii» – быў апублікаваны ў 1990 г.), «Grundriss der Logistik» (1973), гісторыя і актуальныя пытаньні філязофіі («Europische Philosophie der Gegenwart» (1947), «Wege zum philosophischen Denken» (1959, польскі пераклад – «Ku filozoficznemy myśleniu» – зьявіўся ў 1986 г.), «Zarys historii filozofii» (1993), мэтадалёгія філязофіі і навукі («Die zeitgenцssene Denkmethoden» (1954), «Contributions оf Logic and Methodologic» (1965, у кнізе зьмешчана найпаўнейшая бібліяграфія твораў Бахеньскага).
Бахеньскі праводзіў дасьледаваньні антычнай і сярэднявечнай лёгікі, у якіх ужываў мэтады і фармальныя сродкі, распрацаваныя Янам Лукасевічам. Але ў якасьці найважнейшага заданьня філязаф разглядаў стварэньне «сынтэтычнага» мэтаду філязафаваньня, у працэсе чаго трэба зьвярнуцца да элемэнтаў дактрыны нэапазытывізму, фэнамэналёгіі і аналітычнай філязофіі.
Нельга, мабыць, адназначна сьцьвярджаць, што мысьліцель заўсёды адчуваў сваё філязафічнае пакліканьне. Так, у 1920–1926 гг. ён вывучае права і эканоміку ўва ўнівэрсытэтах Альбава і Познані. У 1927 г. Бахеньскі ўступае ў закон дамініканаў і толькі годам пазьней пачынае вывучаць філязофію ў Фрыбургу (Швайцарыя). У 1931 г. Бахеньскі атрымлівае ступень доктара ў галіне філязофіі і наступныя чатыры гады прысьвячае вывучэньню тэалёгіі ў Папскім унівэрсытэце «Collegium Angelicum», скончыўшы яго напісаньнем доктарскай дысэртацыі. У 1935–1940 гг. ён робіць прафэсарам лёгікі ў «Collegium Angelicum», а таксама часова выкладае ў Кракаўскім унівэрсытэце (1938). Падчас падзеяў другой сусьветнай вайны Бахеньскі – капэлян польскага войска на фронце. Пасьля ўстанаўленьня на бацькаўшчыне прарасійскага сталінскага рэжыму філёзаф быў прымушаны застацца на Захадзе: ён выконвае функцыі прафэсара ўва ўнівэрсытэце Фрыбургу, у 1950–1952 гг. – абавязкі дэкана аддзяленьня філязофіі, а ў 1964–1966 гг. – рэктара. У 1966 г. унівэрсытэт Notre Dame (Індыяна) надае вучонаму дактарат honoris causa правазнаўчых навук. Бахеньскі актыўна супрацоўнічае з унівэрсытэтамі Notre Dame, Каліфорніі, Канзаса, Эдмантана. У 1961–1962 гг. – дырэктар Усходняга коледжу ў Кёльне. Творы Бахеньскага перакладзены на бальшыню эўрапейскіх моваў.
І апошняе, на што немагчыма не зьвярнуць увагі. На працягу ўсяго свайго творчага шляху філёзаф рэзка выступаў супраць філязафічных падставаў марксізму, разгляданага ім як пазбаўленая навуковага ўгрунтаваньня вера. Бахеньскі выступіў укладальнікам сэрыі выданьняў, прысьвечаных гэтай праблематыцы («Bibliographie der sowjetischen Philosophie» (1959), «Studies in Soviet thought» (1958), а таксама аўтарам фундамэнтальных дасьледаваньняў («Die dogmatischen Grundlagen der sowjetischen Philosophie» (1959), «Diamat» (1961), «Marksismus-Leninismus» (1976).
У прапанаваным чытачовай увазе тэксьце Бахеньскі разглядае пытаньні, якія павінна ізноў паставіць сёньняшняя тэалёгія. Ён аналізуе дзьве так званыя «асноўныя ідэі», сярэднявечную і асьветніцкую, а таксама актуальныя сёньня сьветапоглядныя канцэпцыі, што існуюць у нашым культурным колe. Абедзьве яны, на думку аўтара, састарэлыя і не адпавядаюць рэальнасьці. Такім чынам, на парадку дня зьяўляюцца заданьні «прадуманьня нанова» нашага сьветапогляду, што і неабходна неадкладна зрабіць.