Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 30 (всего у книги 31 страниц)
В.А.: Цi можна хаця б прыблiзна акрэсьлiць тое эстэтычнае i iнтэлектуальнае поле, дзе Вы сфармавалiся як культуроляг (фiлёзаф)?
К.Ч.: Адказваючы, я мушу прывесьцi некалькi ўзаемазвязаных узьдзеяньняў, якiя коратка я б назваў так:
• выхад з гораду – з часоў Жан-Жака Русо i Анры Тато у нашай культуры важнае значэньне мае пазыцыя, альтэрнатыўная да дамiнацыi гарадзкой цывiлiзацыi, якая шукае новых вытокаў i магчымасьцяў у сельскiм асяродзьдзi або ў малым мястэчку, у блiзiнi прыроды; невыпадкова Русо лiчыцца патронам новай навукi – культурнай антрапалёгii, якой я вельмi цiкаўлюся;
• антрапалягiчнае вандраваньне – гэтае вызначэньне я ўжыў ужо раней у дачыненьнi да таго, што рабiў у сваiм жыцьцi, і разумею пад гэтым вандраваньне да вытокаў пэўных культураў i традыцыяў, часта вельмi старых, не закранутых яшчэ пячаткай сучаснасьцi; цiкавыя вынiкi гэтых досьледаў найчасьцей давалi штуршок да вельмi сучасных фiлязофскiх або навуковых сыстэм, а таксама авангарднага мастацтва; такiя вандроўкi праводзiў i сацыёляг Клёд Левi-Строс, i мастакi Пiкаса або Гаген, i пiсьменьнiкi An-sky* (каб напiсаць «Дыбука») або Вiнчэнз (каб напiсаць «На высакагорнай пашы»), i рэжысэр Вэрнэр Герцаг i г.д. Для мяне гэтае антрапалягiчнае вандраваньне было зьвязана спачатку з тэатрам – побач з «Гардзянiцамi» былi таксама Ежы Гратоўскi, Пэтэр Брук або Эўжэнiа Барба, зь якiмi я пазнаёмiўся, зь якiмi падарожнiчаў i вёў гаворку. Гратоўскi вандраваў на астравы Балi, Брук у Афрыку, Барба скiроўваўся да паўднёва-амэрыканскiх iндзейцаў, мы на Палесьсе або Лемкаўшчыну – пазнаючы iншыя культуры, рытуалы i традыцыi, мы, такiм чынам, насамрэч шукалi праўду аб самiх сабе, жыхарах ХХ стагодзьдзя, якiя забылiся або згубiлi значэньне пэўных словаў, што дазваляюць расшыфраваць таямнiцу iснаваньня;
• Зямля Ульро – гэтае падарожжа сучасных шукальнiкаў страчанай зямлi, дзе пануе Фантазiя i духоўнасьць, вольная ад зьняволеньня рацыяналiстычна-навуковым сьветапоглядам, дзе чалавеку вернутае enracinement (так Сымона Вайль вызначыла ўкараненьне), дзе Блэйк перамагае Ньютана – гэтае падарожжа, апiсанае ў тым лiку i Мiлашам, ёсьць для мяне адной з найважнейшых сьветапоглядных iнсьпiрацыяў;
• этас паўзьмежжа – глыбока гуманiстычная пазыцыя, сфармаваная ў шматкультурных грамадзтвах, з далекасяжнымi экзыстэнцыяльнымi iмплiкацыямi (адкрытасьць для iншага, су-iснаваньне зь iншым – гэта парог, якi неабходна прайсьцi ў духоўным разьвiцьцi: да гэтага мы ўсьцяж застаемся паганцамi), якая можа iнсьпiраваць фiлязофiю (напрыклад, філязофія дыялёгу Марцiна Бубэра) або творчасьць (напрыклад, паэзiя Паўля Цэлана) i адначасна ўяўляе сабой бясцэнны жыцьцёвы praxis людзей, што жывуць у супольнасьцi;
• дзейная культура – гэтае паймо ўвёў Ежы Гратоўскi, калi адмовiўся ад падрыхтоўкi прадстаўленьняў для публiкi i запрасiў людзей да ўдзелу ў самiм творчым працэсе; я i дагэтуль маю падобнае стаўленьне да культурнай дзейнасьцi – я незадаволены падзелам на крэатара i спажыўца (гэта кашмар сучаснай культуры, якая з аграмадных масаў людзей робiць толькi спажыўцоў усё лепш прыпраўленых ласункаў), я шукаю сустрэчы, дыялёгу, адкрытага працэсу тварэньня.
В.А.: Мы збольшага ведаем кола тых праблем, якiя Вы раней асэнсоўвалi ў сваiх тэкстах. А над чым рэфлексуе Кшыштаф Чыжэўскi сёньня i што яго завабiць заўтра?
К.Ч.: Мы жывем у эпоху, калi заняпала цывiлiзацыя, якая ў нашай частцы Эўропы выявілася ў такiх наднацыянальных арганiзмах, як дынастыя Ягайлавічаў, Вялiкае Княства Лiтоўскае, габсбурская манархiя або асманская iмпэрыя. Цiкава, што мы амаль не заўважылi гэтага заняпаду, паколькi ў пэрыяд, калi ён канчаткова адбыўся, або падчас першай сусьветнай вайны, мы былi занятыя аднаўленьнем дзяржаўнасьцi i пабудовай нацыянальных дзяржаваў. Толькi сёньня мы пачынаем усьведамляць сабе, што адбылося тады i што мы страцiлi. Гаворка тут ня йдзе ні пра апатэоз таго, што было, нi пра адмаўленьне здабыткаў нацыянальных i незалежнiцкiх памкненьняў. Лёгка сьцьвярджаць, што занепадаючыя шматнацыянальныя арганiзмы былi хворыя i разьдзiраныя нутранымi слабасьцямi, а нацыянальныя рухi мелi на сваiм баку выбiтных асобаў, i iх дасягненьнi ў пытаньнi абароны нацыянальнай тоеснасьцi бессумнеўныя. Гаворка, аднак, iдзе аб пэўным цывiлiзацыйным выклiку, перад якiм мы iзноў цяпер стаiм i якi ня ў стане пераадолець нацыянальная дзяржава, i тым больш нацыянальная iдэалёгiя. Таму такой важнай стаецца сёньня тая спадчына, таму жывой застаецца iдэя Сярэдняй або Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, таму такiм важным цяпер зьяўляецца польска-беларускае або беларуска-ўкраiнскае паразуменьне. Мы жывем у вельмi цікавую эпоху, ужо не зьмярканьня, не згiбеньня, а стварэньня й будаваньня. Ад нас, хто жыве ў гэтую эпоху пералому, залежыць, цi адказ, якi мы даем на сытуацыю, узьнiклую ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе, будзе адно адаптацыяй узораў Захаду на нашым грунце, цi нашай уласнай, адмысловай прапановай.
В.А.: Наколькi нам уяўляецца, Беларусь як суб’ект эўрапейскай гiсторыi ня мае нейкага пэўнага месца ў кантэксьце Вашых развагаў над актуалiямi сучаснай эўрапейскай сытуацыi. Але цi iснуе ўвогуле для Вас Беларусь як суб’ект эўрапейскай гiсторыi? А калi iснуе, то якiм Вам гэты суб’ект бачыцца ў сэнсе яго значэньня, месца, ролi?
К.Ч.: Ужо з таго, што я сказаў дагэтуль, вынiкае, што «беларуская справа» для мяне надзвычай важная. Я зьвяртаюся да вас як да партнэра, неабходнага, каб адолець гэны цывiлiзацыйны выклiк. Як iнтэгральнай часткай «Дзядоў» Мiцкевiча ў «Гардзянiцах» былi беларускiя песьнi, так i «беларуская барва» будзе iнтэгральнай часткай вобразу супольнасьцi, якая фармуецца ў гэтай частцы Эўропы. На жаль, i цяпер няшмат людзей бачыць гэты вобраз ува ўсiм яго будучым патэнцыяле, кiруючыся хутчэй пякучай патрэбай – напрыклад, у Польшчы Беларусь пачалі згадваць толькi тады, калi iзноў рэальнай стала магчымасьць вяртаньня расiйскай армii на нашу ўсходнюю мяжу. Шмат карысьцi магло б прынесьцi ажыўленьне нашай супольнай культурнай спадчыны, якая ў вялiкай ступенi забытая або прысутнiчае ў сьвядомасьцi ў тэндэнцыйна ўцятай i сфальшаванай форме. Паралельна, аднак, трэба ствараць новую традыцыю нашых кантактаў i супрацоўнiцтва. Для мяне зразумела, што Беларусь цяпер знаходзiцца ў iншым моманце свайго разьвiцьця, чымся Польшча, што ў вас яшчэ ня скончылася барацьба за ўмацаваньне ўласнай тоеснасьцi, за сфармаваньне сучаснай нацыi, за незалежнае гаспадарства. Аднак зьяўляюцца шанцы, каб Польшча была хаўрусьнiкам у вашай справе, каб яна загладзiла тыя недаравальныя грахі, зьдзейсьненыя ў дачыненьнi да беларусаў на пачатку гэтага стагодзьдзя, такiя, як рыскi трактат i iншыя памылковыя рашэньнi. Бо такога хаўрусу памiж намi не было вельмi, вельмi даўно, i ў гэтым шанец на яго ажыцьцяўленьне.
Валерка БУЛГАКАЎ: Цi зьмянiлася Ваша ўяўленьне аб Беларусi пасьля наведваньня нашай краiны? Цi ўяўляе сабой вобраз Беларусi зблiзку i здалёк тое самае?
К.Ч.: Я ўжо некалькi разоў быў ў Беларусi, але ў Менску ў першы раз. Сам Менск зрабiў на мяне вялiкае ўражаньне, паколькi раней я ўяўляў яго як савецкi горад, накшталт – толькi ў меншым маштабе – Масквы, якая для мяне ёсьць антычалавечым горадам, гэта значыць, што ўсё там пабудаванае, увесь той аграмадны малох, вялiкiя шэрыя прасьцягi, вулiцы, якiя сягаюць проста i ня маюць канца, гiнучы ў нейкай неакрэсьленай неабсяжнасьцi, халодныя будынкi безь пячаткi асабістасьці i адметнасьцi – усё гэта скiравана супраць паасобнага чалавека. Тым часам сталiца Беларусi падалася мне горадам, пабудаваным на меру чалавека, чыстым i гарманiчным у архiтэктуры, у якой нават сацрэалiзм намагаецца быць вытанчаным. Апрача гэтага мяне ўразiла вялiкая колькасьць акцыдэнтальных элемэнтаў, так далёка высунутых на Ўсход, з чаго тут усюды адчуваецца якраз паўзьмежжа, i гэта ня толькi ў архiтэктуры, а таксама ў мэнтальнасьцi людзей, у завядзёнках. Да гэтага я дадаў бы яшчэ тое, што для мяне заўсёды зьяўляецца важным сымптомам грамадзкай кандыцыi – дужая колькасьць цiкавых кнiг i навуковых альбо культурных часопiсаў, якiя я мог купiць у менскiх кнiгарнях. Беручы пад увагу сытуацыю, у якой сёньня знаходзiцца Беларусь, палiтычную i эканамiчную сытуацыю, самаадданасьць i амбiцыi вашых элiт можа выклікаць адно пашану. Зрэшты, я сам быў запрошаны ў рэдакцыю часопiсу «Фрагмэнты», праграма якога вельмi амбiцыйная, i зычыць толькi трэба, каб удалося яе рэалiзаваць. Найбольш, аднак, добрых уражаньняў зь Менску я вынес з сустрэчаў i дыскусiяў з самiмi людзьмi. Я гэта ўжо падкрэсьлiваў, што ў адрозьненьне ад сустрэчаў на розных мiжнародных форумах Заходняй Эўропы, у якiх мне выпадала ўдзельнiчаць, дзе часта размаўляюць ні аб чым, прыводзяць мноства слоў, дзе не апэлююць нi да якой практыкi, у якiх на ўсё маецца шмат часу i г.д., – таму ў адрозьненьне ад гэтага прыезд у Менск – гэта сапраўдная радасьць, бо тут сустракаюцца людзi, якiя насамрэч нечым захоплены, якiя цiкавяцца сьветам i новымi iдэямi, якiя гатовыя да дзеяньня i ня маюць часу на пустое балбатаньне, зь якога не вынiкае нiчога. Сярод iх ёсьць людзi, заангажаваныя ў беларускае нацыянальнае адраджэньне, у iдэю Сярэдняй Эўропы, у пытаньне эўрапейскай iнтэграцыi. Цiкава, што гэта часта адны i тыя ж людзi, а нацыянальныя i ўнiвэрсальныя справы не знаходзяцца ў супярэчнасьцi, як гэта часта бывала ў мiнуўшчыне. Я мяркую, што гэта важны знак часу – пазыцыя людзей, якiя змагаюцца за сваё (лякальнае, нацыянальнае, дзяржаўнае) i адначасна iмкнуцца да адкрытасьцi, iнтэграцыi, пабудовы пэўнай вышэйшай, цывiлiзацыйнай супольнасьцi.
В.Б.: Цяжка пазбыцца перакананьня, што ўсе мы цяпер зьяўляемся сьведкамi ўзьнiкненьня так званага беларускага «цуду» (паводле аналёгii з паўднёва-карэйскiм цудам і г.д.), зразуметага хутчэй у нэгатыўным сэнсе. Цi не мяркуеце Вы, што Беларусь перабывае ў другім экзыстэнцыяльным вымеры, што Беларусь мае сваю ўласную вiзiю атачаючага сьвету i самой сябе ў гэтым сьвеце? Паспрабую сфармуляваць гэта яшчэ больш правакацыйна: цi не мяркуеце Вы, што цяпер беларуская культура з культуры адставаньня ператвараецца ў культуру адхiленьня?
К.Ч.: Беларусь – гэта краiна, у якой дагэтуль вёска – замкнёная, алергiчная на такiя вартасьцi, як свабода або ператварэньне, якая зацята баронiць статус-кво – перамагае горад, у якiм значна хутчэй прышчапляюцца зародкi трансфармацыi i разьвiцьця. У гэтым яна не адасобленая ў нашай частцы Эўропы. Прыклад Новай Югаславii, у якой дыктатарскi рэжым Мiлошавiча дагэтуль утрымлiвае ўладу дзякуючы падтрымцы сельскага электарату i церпiць усё большыя паразы ад жыхароў гарадоў, вельмi нагадвае сытуацыю Лукашэнкi, якi абапiраецца на савецка-калхозны электарат. У гэтым выпадку неадэкватным зьяўляецца нават само паймо вёскі, бо што супольнага зь вёскай мае савецкi калхоз? Мае толькi тое, што ён зусiм зьнiшчыў гэтую традыцыйную вёску. Таму паймо вёскі я ўжываю адно ўмоўна, адначасна ўсьведамляючы ўсю недасканаласьць майго параўнаньня – паколькi нямала прыхiльнiкаў i Мiлошавiча, i Лукашэнкi можна знайсьцi ў гарадох. Аднак гэта ў Бялградзе і Менску нараджаецца грамадзкi пратэст, i гэта з правiнцыi супраць яго накіроўваецца хваля атак, як яшчэ некалькi гадоў таму шахтары з правiнцыi атакавалi «згнiлых» студэнтаў i iнтэлiгентаў у Бухарэсце. У Румынii гэты бой ужо мiнуўся, а ў Югаславii i Беларусi дагэтуль яшчэ ня скончыўся. Я, аднак, мяркую, што перамога гораду – гэта толькi пытаньне часу, што гэта натуральны i немiнучы працэс. У гэтым сэнсе Беларусь ня будзе нiякiм выключэньнем, нiякай «культурай адхiленьня». Нават калi згадзiцца, што беларускае грамадзтва ў параўнаньнi зь iншымi больш памяркоўнае i рахманае, менш схiльнае да забурэньняў i рэвалюцыяў, гэта нiяк не запынiць натуральнага працэсу высоўваньня гарадзкой фармацыi на першы плян. I я тут надта не пераймаўся б, не ставiў бы на рэвалюцыйныя перамены, а хутчэй канцэнтраваўся на арганiчнай працы, якая б рыхтавала грунт пад немiнучыя ператварэньні.
В.Б.: На заканчэньне я хацеў бы запытацца, якое месца рэальна адводзiцца беларусам i Беларусi ў Вашай культурнай дзейнасьцi? Цi дачакаемся мы беларускага нумару часопiсу «Краснагруда»?
К.Ч.: Беларуская справа ад пачатку займае важнае месца ў дзейнасьцi «Паўзьмежжа». Я вельмi добра памятаю лiст, якi мы атрымалi неўзабаве пасля ўзьнiкненьня нашага Цэнтру ад Ежы Гедройца, аднаго з нашых лідэраў i апекуноў, у якiм ён горача заахвочваў да захадаў на карысьць польска-беларускага супрацоўнiцтва. Гэта не засталося без рэха. У нашых праектах часта ўдзельнiчаюць як беларускiя дзецi i моладзь, так i беларускiя мастакi i iнтэлектуалы. Мы маем вельмi добрыя кантакты зь беларусамi ў Польшчы – такiя людзi, як Сакрат Яновiч або Лявон Тарасэвiч частыя госьцi ў нас. У праводжанай намi эўрапейскай школе Паўзьмежжа ўдзельнiчае адносна шмат беларусаў. Беларускiя тэмы зьяўляюцца i ў нашай «Краснагрудзе». Пасля апошняга вiзыту ў Менск, калi я пераканаўся, што маю там вельмi добрых партнэраў для супрацоўнiцтва, я пачаў сур’ёзна думаць аб падрыхтоўцы спэцыяльнага нумару нашага часопiсу, прысьвечанага Беларусi. Гэта будзе нялёгка, бо я вельмi патрабавальны ў падрыхтоўцы матэрыялаў, да таго ж праблема палягае i ў добрых перакладчыках зь беларускай мовы на польскую, трэба сабраць разам вялiкую колькасьць вельмi разнароднага матэрыялу... i г.д. Я, аднак, не сумняюся, што гэты праект нам удасца рэалiзаваць. Зрэшты, гэта будзе вельмi добры жэст на карысьць польска-беларускага i беларуска-сярэднеэўрапейскага супрацоўнiцтва. Цiкава, што Беларусь скажа Сярэдняй Эўропе?
Лета 1997 г.
* Шыман Ан-скі (Szymon An-sky, спраўднае імя і прозьвішча Салямон Сэйнвіль Рапапорт, нарадзіўся ў 1863 годзе ў Віцебску) – пісьменьнік, этнограф, адзін з найбуйнешых дасьледнікаў культуры ідыш. Назапашваў этнаграфічныя матэрыялы падчас шматлікіх падарожжаў. Іх плёнам былі тысячы фатаздымкаў, апавяданьні, легенды, песьні, рукапісы, іншыя дакумэнты. Найбольшай вядомасьцю карысталася яго драма «Dybuk. Na pograniczu dwóch Światów» (1916). Памёр у 1920 годзе. – Зацем перакладніка.
* Кшыштаф Чыжэўскі – буйны польскі культурны дзеяч, эсэіст, перакладнік.
15–17 кастрычніка 1998 году выступіў на канфэрэнцыі «Культура Літвы і Польшчы ў гісторыі. Тоеснасьць і суіснаваньне», арганізаванай Міжнародным цэнтрам культуры ў Кракаве, са спавешчаньнем «Духоўнасьць Вільні».
12 лістапада – 3 сьнежня 1998 году на запрашэньне Remarque Institute наведаў ЗША і Канаду (Флорыду, Нью-Хавэн, Таронта), дзе правёў шэраг сустрэчаў і лекцый.
21 траўня 1999 году ўзяў удзел у канфэрэнцыі «Unity with Diversity – A Multicultural Europe», адбытай у Вене.
25 траўня 1999 году Кшыштаф Чыжэўскі на прапанову Ежага Гедройца атрымаў прэмію «Male Berщo Kultury Polskiej» («Малое жазло польскай культуры»).
10 траўня 2000 году прачытаў лекцыю «Параўнаньне: культурна-гістарычны дыялёг Польшчы зь Літвой» у Варшаўскім унівэрсытэце.
6 чэрвеня 2000 меў лекцыю «Грац і Сярэдняя Эўропа» ў Аўстрыйскім інстытуце ў Варшаве.
23 жніўня – 4 верасьня 2000 году наведваў Казахстан і Кіргістан.
21 верасьня 2000 году разам з жонкай прысутнічаў у Парыжы пры паховінах Ежага Гедройца.
Сакрат Яновiч*
Беларускi пiсьменьнiк у пасьляваеннай Польшчы
Iснуе правiла, што быць нацыянальнай мяншыняй азначае выбар горшай долi. Гэтае цьверджаньне датычыць перадусiм мабiльных iндывiдаў, якiя нечым вылучаюцца. А ў рэгiянальным, грамадзкім вымеры гэтая заўвага нярэдка бывае беспрадметнай, паколькi яна не выходзiць за межы звычайнай – таксама нярадаснай – канстатацыi, якая тычыцца арэалу, заселенага мяншыняй, зазвычай пэрыфэрыйнага ў дзяржаве i выяўна адсталага эканамiчна i культурна. Згэтуль узьнiкае выразьлiвы клопат з фармаваньнем элiт, якiя, натуральна, імкнуцца ў цэнтры краiны. Радыюс дзеяньня падобнай зьявы назiраецца i ў глябальным маштабе, вядомы пад скарочанай назвай дрэнажу мазгоў, напрыклад, пэўная правiнцыйнасьць Канады, ня кажучы ўжо аб Мэксыцы, у дачыненьнi да Злучаных Штатаў.
Нацыянальная мяншыня, калi яе агортваюць эманцыпацыйныя тэндэнцыi – агульнавядомыя пад назвай адраджэньня – немiнуча выпрацоўвае ў сабе псыхалягiчны абарончы iмунiтэт (да яго пасуе сацыялягiчнае паймо, вобразна сфармуляванае як псыхалёгiя абложанай цьвярдынi). Памкненьнi да ўласнага разьвiцьця заўсёды прыводзяць у рух законы дзеяньня й супрацьдзеяньня. Аднак, каб гэтае абуджэньне ўзьнiкла, павiнна паўстаць пэўная прынцыповая перадумова – збольшага значэнны матэрыяльны патэнцыял, якi валодае нейкай, не заблякаванай у сваёй дынамiцы iнфраструктурай. У адваротным выпадку, замiж iмкнёнасьцi да паглыбленай укарэненасьцi й росквiту, адбываецца зыход насельнiцтва на тэрыторыю, што лёгка ўбiрае ў сябе рабочую сiлу, а таксама ў індустрыйныя раёны. Гэта дае вядомы эфэкт стыхiйнай эмiграцыi, якая поўнiцай вычэрпвае людзкiя рэсурсы на дадзеным прасьцягу, ператвараючы яго ў мёртвыя эканамiчныя пустынi. На прыкладзе Польшчы мы бачым гэта ў зоне яе ўсходняга ўзьмежжа, што сягае ад Карпатаў i да паўночнага ўскрайку Аўгустоўскай Пушчы i якое атрымала зьдзеклiвую назву Ўсходняй Сьцяны. Калi шукаць ранейшыя заходнеэўрапейскiя аналёгii, то можна правесьцi паралель з францускай Брэтонiяй, Iрляндыяй, гiшпанскай Галiсіяй.
Я валодаю разуменьнем таго, што ёсьць нацыянальныя мяншынi, якiя iснуюць выключна ў дыяспары, зазвычай гарадзкой або ўрбанiстычнай. Калi яны не выкрышталiзоўваюць сваiх «удзельных» гетаў, што выконваюць функцыю этнiчнай тэрыторыi, адбываецца iх досыць хуткае зьнiкненьне, калi, зразумела, яны не падтрымваюцца прытокам сьвежай iмiграцыйнай крывi (vide: польскае Яцкова ў Чыкага або нью-ёрскiя гiшпанамоўныя кварталы). Таму я прашу разглядаць мае разважаньнi не ў кантэксьце мяншыняў наагул, а тых, якiя валодаюць сваёй спаконвечнай «малой радзiмай», вылучаючыся ў больш цi менш вiдавочны рэгiён з комплексам спэцыфiчных праблем ва ўсiх сфэрах жыцьця. Такой асаблiвасьцю, у гэтым выпадку беларускай, зьяўляецца Беласточчына – за выняткам яе заходняга шэрагу гмiнаў як ускрайку ўсходняй Мазовii – i ў пэўнай ступенi сам Беласток, горад зь пераважна польскай дамiнантай, хворы на «комплекс Парыжу», г.зн. якi несупынна паглынае ваколiцы (ужо цяпер у iм жыве больш як палавiна жыхароў ваяводзтва).
Стабiльная нацыянальная мяншыня, а гэткай лiчыцца i беларуская, паралельна з засваеньнем польскiх i сусветных вартасьцяў выпрацоўвае свае формы культуры. У вынiку гэтага яны паступова ўлучаюцца ў сукупнасьць атрыбутаў, што характарызуюць кожную сфармаваную нацыянальнасьць. Зь бяздоньня фальклёру i цывiлiзацыйнага адасабленьня найперш зьяўляецца лiтаратурная творчасьць, у другой або трэцяй генэрацыi аўтараў фiксуючыся ўжо на ўзроўнi прафэсiйнасьцi, дасягаючы паступова агульнаэўрапейскага кантэксту. Амаль адначасова вылучаюцца iншыя прыгожыя мастацтвы, напачатку жывапiс i графiка (напр. Лёнiк Тарасэвiч з?пад Беластоку, у дадзены момант iмя зь мiжнародным рэнамэ). Найцяжэй бывае з тэатрам, паколькi яго немагчыма разьвiваць у адрыве ад собскай публiкi; яго надзвычай абумоўлiвае адначасна ступень распаўсюджаньня высокай культуры ў самой нацыi. Напрыканцы голас атрымлiваюць навуковыя, тэхнiчныя таленты, якiя ствараюць арганiзацыйныя нацыянальныя структуры, хутчэй не ў акадэмiчным значэньнi, а ў спалучэньнi зь бiзнэсам. У фiнале гэнага дасьпяваньня да суб’ектыўнасьцi вылучаецца кiраўнiчая праслойка i прафэсiйныя палiтыкi. Канец пабудовы пiрамiды.
Беларуская нацыянальная мяншыня ў сёньняшняй Польшчы дарасла да гэтага. Аднак яе пiсьменьнiкi яшчэ доўга ня змогуць дазволiць сабе своеасаблiвы шык быць сьвятарамі слова. Хочучы таго цi не, яны наўпрост падштурхоўваюцца адрасатамi сваёй творчасьцi зьдзяйсьняць ролю лiдэраў нацыянальнасьцi, быць сумленьнем нацыi. Гэны маральны тэрор прымушае да этычнага цэлiбату, прынамсi вонкавага. Фанатызм дабрачыннасьцi, нейкай іконнай акуратнасьці, зразумела, дэфармуе талент, абмяжоўвае або дэгенэруе. Цьвярдыня беларусаў ў абкружэньнi палякаў накiдвае iндывiдуальнасьцi самадысцыплiну ў iмя адкрыта неартыкуляванага заклiку: «Не дамо сябе спалянiзаваць!» Гэта вельмi зразумелая пазыцыя i для iншых нацыянальных мяншыняў Эўропы, мяркуючы з уражаньняў, якiя я атрымаў падчас адной з сустрэч ПЭН-клюбу, адбытай на гэтую тэму некалькi гадоў таму у славінскім Блэдзе.
Праблему маргiнальнасьцi чытацкага рынку для пiсьменьнiка зь мяншынi на пэрыфэрыi краiны, натуральна, вырашаюць выдавецтвы адпаведнай дзяржавы за суседняй мяжой. У сытуацыi беларускага творцы i гэта не прыносiць належнага задавальненьня з прычыны блiзу поўнага выдаленьня з штодзённага жыцьця нашай роднай мовы падчас iмпэрскага камунiзму. Нават генiяльна добрая беларуская кнiга не разыходзiцца iмгненна ў Беларусi; дакладна тое ж будзе i з сэнсацыйным дэтэктывам. Бо гэтая мова ў грамадзкiм успрыманьнi перажыла адчужэньне. Патрэбны гады i пакаленьнi, а таксама агромнiстыя намаганьнi ў дзяржаўным маштабе, каб вярнуць ёй паўсюдную прысутнасьць. У адрозьненьне ад драмы кельцкага слова ў Iрляндыi цi Ўэльсе, беларушчыну можна рэсацыялiзаваць, паколькi яна была выцесьнена роднаснай i блiзказначнай мовай і ў пераважнай частцы яна зразумелая нават для прыроджаных расiйцаў.
Беларускi пiсьменьнiк у пасьляваеннай Польшчы, як правiла, – асоба з вышэйшай адукацыяй, не заўсёды гуманiтарнай. У лiтаратурных традыцыях гэтай нацыi, асаблiва ў першыя дзесяцiгодзьдзi нашага стагодзьдзя, мы назiраем, амаль без выключэньняў, вялiкiх самавукаў, якiя ўласным высiлкам набывалi неабходныя веды ў гэтай галiне. Сярод плеяды Маладой Беларусi i пазьней цяжка згадаць кагосьцi з унiвэрсытэцкiм дыплёмам. Нiзкi адукацыйны ўзровень i недастатковая iнтэлектуальная самасьвядомасьць нэгатыўна ўплывалi на якасьць твораў, нягледзячы на высокую iнтэнсіўнасьць таленту. Вядучыя паэты беластоцкай «Белавежы» не былі вымушаны самі змагацца з падобнымi заганамi i ахвотна дапамагалi сваiм слабасiльным калегам па пяры, якiя ледзь атрымалi сярэднюю адукацыю (такiх дагэтуль налiчваецца каля ста). Праблема палягала ў нечым iншым: цi асуджаны аўтар на родную мову? Некаторыя пайшлi ў польшчыну, мяркуючы, што тым самым пазьбягаюць прыкрага ім цяжару нейкай мiсii, якая расьцярушвае сiлы на пазалiтаратурныя справы, i таму неабавязковая для дасягненьня майстэрства. Счэзьлi, як сiвая ноч; нiхто зь iх ня вызначыўся ў лiтаратуры (хаця напачатку вялiкiя надзеi падавалi палякам Аляксей Казьбярук, Эдвард Ярашэвiч, Мiкалай Самойлiк).
Цiкавячыся эўрапейскай лiтаратурай, я зьвярнуў увагу на знамянальную для мяне дэталь: адсутнасьць у ёй заклiкаў да любосьцi да роднага слова; ня знойдзеш там, на Захадзе, фразаў, як маё: «Табе толькi, слова беларускае, кланяюся i веру. Божа мой! Ты мая рэлiгiя!». Паэту, якi пiша па-француску або па-ангельску, гэта падасца троху двухсэнсоўным, ня з гэтых часоў. Напэўна, доўга яму давядзецца тлумачыць, чаму кожны ў нас пачынае свой шлях у паэзiю абавязкова з дэклярацыi ў вершаванай форме аб сваёй бязьмежнай любосьцi да роднай мовы, заклiнаньняў аб якiх-любя ахвярах, каб баранiць яе да апошняга ўздыху, канчаючы i вось такой пагрозай, узятай з твору Юркi Трачука: «I прыйдзе велікан Белай Русi, I як здраднiкаў задушыць!»
Разьвязаўшы моўнае пытаньне на карысьць меншынi, новасьпечаны адэпт прыгожай пiсьменнасьцi адразу сутыкнецца зь неадчувальнымi раней дылемамi, зь якiмi ён па-рознаму дае сабе рады. Драбнiцай будуць словаўтваральныя i стылiстычныя палянiзмы, якiя прашмыгнулi ў напiсаны тэкст i якiх можна пазбыцца пры дапамозе пiльнага перачытаньня. Пагрозай стаецца iндывiдуальнасьць, сфармаваная дзякуючы – прыкладам кажучы – варшаўскай вучэльнi, на што пасьлей актыўна накладаецца псыха-пабытовая абалонка дзяржаўнасьцi, вядома ж, небеларускай. Наступае канфлiкт дзьвюхнацыянальнасьцi ў iндывiдзе, як я гэта вызначаю. Вельмi праўдападобна, дарма што я ня чуюся кампэтэнтным у дасьледаваньнi гэтага, што тут мной закранаюцца глыбiнныя прычыны творчай паразы тых паэтаў, якiя, застаючыся ўсiм сваiм iством беларусамi, намовiлi сабе, што iмi яны ня ёсьць. Можна сьцiсла адказаць: палякам трэба нарадзiцца...
Як зьмест, так i форма зьяўляюцца ў вялiкай меры традыцыямi нацыянальнай лiтаратуры, культурным кодам i ўсiмi знакамi, якiя абумоўлiваюць гэта, якраз з чаго i складаецца першасная адметнасьць, якою як бы зарастае ўся паверхня беларускай iндывiдуальнасьцi. Пагружэньне творцы ў яе прадоньнi стварае яму безумоўныя шанцы на неадкладны кантакт з уласным чытачом, але ў сытуацыi недастатковай падрыхтаванасьцi таго чытача i адсутнасьцi разьвiтых iнтэлектуальных элiт гэта пагражае яму, аўтару, своеасаблiвай разумовай лянотай, недалёкiм адыходам за рамкi графаманii. I таму зубожаньнем таленту, здрабненьнем яго ў плебэйскiх нiзiнах, замiрэньнем з мастацкiм мiнiмалiзмам. Не ўсюды гэта вылучаецца як самадастатковая зьява: напрыклад, паймо народнага пiсьменьнiка ў Польшчы i Расii, апрача блiзу iдэнтычнага прыняцьця станавай дзяржаўнасьцi, успрымаецца дыямэтральна па-рознаму: у Маскве як найвышэйшая пашана, i гэта пачынаючы з эпохi Уварава, а ў Варшаве ледзь не як сенцы ў храм мастацтва.
Не выпадкова польская крытыка залiчвае лiтаратурныя дасягненьнi беларускай нацыянальнай мяншынi у сялянскую плынь (iдэолягам гэтага стаў Гэнрык Бэрэза, найбольш поўна вызначаючы яе ў сваёй кнiзе «Związki naturalne»). Пiсьменьнiкаў «Белавежы» такая клясыфiкацыя раздражняе з цалкам iншых прычын, чымся, скажам, Веслава Мысьлiўскага або Станiслава Срокаўскага, якiх цiкавiць знаходжаньне ў пантэоне нацыянальнай лiтаратуры, а не на п’едэсталах занядбанай вёскi. Палякi безупынна ўзмацняюць у нас падазрон, што мы трактуемся iмi як сымпатычныя няўдачнiкi, якiя толькi акружным шляхам iмкнуцца да польшчыны, бы даўныя ўнiяты ў Лiтве, што летуцелi аб зьлiцьцi з рымскiмi каталiкамi... Гэтыя амаль-палякi неўмiнуча атрымаюць належную ацэнку. Але мы, загнаныя ў комплексы, вытвараем у свой ужытак масу меншых, якія надта даспадобы нам. Уздрыгваем перад спробамі называць нас лiтаратурнымi селакамi, мы ненавiдзiм пазаваньне a la mujic (мужык): надрыўна тлумачым, каму трэба i ня трэба, што мы народ, а ня нейкая групка па суседзтве. Урэшце мы пазьбягаем варшаўскiх салёнаў, гэнай абструкцыi; ладзiм свае «абеды па чацьвяргох».
Лiтаратура беларускай меншынi ў Польшчы ня ў стане наўпрост пазьбягаць прынамсі падтэкстаў антыпольскiх. Гэта не вынiкае зь нейкага невылечнага нацыяналiзму, бо гэтая паталёгiя сярод культурных людзей выклiкае пачуцьцё сораму, параўнальнае з «набыцьцём» сыфiлiсу. Аднак апавяданьне – гэта не артыкул у газэце, i калi ў iм закладзена iмкненьне перажыць свайго стваральнiка, яно павiнна зьмяшчаць нейкую праўду аб жыцьцi. А беларуская праўда не заўсёды супадае з польскай. Вось i чарговая дылема творчасьцi: даць ёй спакой i пашукаць субстытут? Але, у такiм выпадку, цi будзе гэта лiтаратурай? Або баржджэй сьпевамi арфэя, прысьвечанымi сабе i музам? Якая доля нацыi, такое i пiсьменства. Беларус замiнаў паляку, раптоўны жыхар у тым жа самым доме, што прэтэндуе на асобную кватэру.
Завяршаючы зьмешчаныя вышэй меркаваньнi, зьвернемся да тэзы маладога дасьледнiка з ЗША, Адама Замойскага: сучасная Беларусь зьявiлася на сьвет Божы як нацыя з нацыi. Яшчэ для дзекабрыстаў i на пакаленьне пазьней Польшча пачыналася расейцам недзе за Смаленскам, i ўжо напэўна ў Вiцебску i Магiлёве. Беларуская нацыянальная мяншыня ў сёньняшняй Беласточчыне часткова перабывае ў такiм застыглым анахранiчным часе, зь цяжкiм комплексам сірочасьці, якi нават мацуецца Рэспублiкай Беларусяй, дзяржавай чыста сацыяльнай, не нацыянальнай (такога няма ў суседняй зь ёй летувiскай мяншыні, якая адчувае апякунскi подых матухны-Летувы).
Таму ў нашай лiтаратурнай творчасьцi нячаста сустракаюцца ўсебеларускiя паралелi, нiбыта нiколi i не было пупавiны... Эмiграцыйныя лiтаратары на Захадзе – гэта хутчэй менска-гарадзенскія, чымся мы з тае самае некалі губэрні, паколькi яны вынесьлi з сабой важкi багаж сфармаванай i сягаючай усярэдзiну беларушчыны. У нас жа беларускi рух быў перапынены пасьля вайны, жменька iнтэлiгенцыi загiнула ў савецкiя дэпартацыi або ад куляў пасьляакоўскага падпольля, якое кiравалася стэрэатыпам: беларус—камунiст. Дастаткова сказаць, што, засноўваючы напрыканцы пяцьдзясятых гадоў гурток маладых лiтаратараў пры рэдакцыi беларускамоўнага тыднёвiку «Нiва» ў Беластоку, мы мелi досыць агульныя i цьмяныя ўяўленьнi аб iснаваньнi беларускай лiтаратуры, i толькi некалькi чалавек нешта ведалi аб ёй з падручнiкаў для лiцэяў. Нас чакалi штудыi i вельмi запозьненая прафэсiйная сьпеласьць; Беласток тады быў наагул культурнай пустыняй, i таму нас у пэўным сэнсе напаткала доля згаданых самавукаў нашаніўскай пары, дарма што мы менш марудна дабіліся адукаванасьці і хутчэй авалодвалi тайнiцамi мастацтва слова (асяродзьдзе, якое вырашала аб лiтаратурным працэсе, вырасьла ў нас толькi пасьля). Некаторыя ўбачылi ў гэтым няшчасьцi ўнiкальны шанец на ўзьнiкненьне дужа арыгiнальнай творчасьцi; вольнай ад абцяжарваньняў польскай традыцыяй, з аднаго боку, i, зразумела, беларускай, з другога. Iнакш кажучы, павiнна было выйсьцi нешта накшталт новай літаратуры або нацыi, уцiснутай памiж молатам i кавадлам. Вiдавочны iнфантылiзм гэных разьлiкаў, цi, хутчэй, здогадаў, ужо тады ўзбуджаў сьмех.
Урбанiстычны матыў, горад, адно зьяўляецца ў беларускай лiтаратуры, а ў яе беластоцкiм фрагмэнце пракiдаецца яшчэ менш, ледзь буяючы. Безумоўна, ён будзе дамiнуючым, але не ў такой ступенi, як на буржуазным Захадзе. Назiраныя тэндэнцыi зьменаў у грамадзкай структуры нашай нацыянальнай мяншынi выразна сьведчаць аб запавольваньнi працэсу аглямэрацыi ў буйныя гарады на карысьць хуткага разьвiцьця гарадоў-спадарожнiкаў i мястэчак. Праўда, Беласток лiчыцца беларускiм цэнтрам, адылi народжаныя ў iм, як правiла, вырастаюць палякамi, а iх сустраканая досыць часта беларускасьць дэкляратыўная, а не этнiчная. Прынамсi дагэтуль у «Белавежу» ўваходзiць ўсяго адзiн аўтар, якi нарадзiўся ў Беластоку, – ён, аднак, падтрымвае цесныя кантакты з бацькамi (Яраслаў Яновiч). Пiсьменьнiцкi талент шлiфуецца ў моўнай стыхii, калi не ў вымеры народу, то, прынамсi, у вымеры асяродзьдзя, аб чым i сьведчыць досыць вялiкая плеяда нашых паэтаў, што паходзяць з цэнтраў паветаў (напр. Надзея Артымовiч зь Бельску Падляскага). У разгляданай сытуацыi культуратворчую зьмярцьвеласьць можна параўнаць з эмiграцыяй як перамяшчэньнем у чужое абкружэньне. У гэтай роўнiцы тут не вiдаць адрозьненьняў.
Вясковасьць у нашай лiтаратурнай творчасьцi адчуваецца нават у тэкстах, даволi насычаных фiлязафiчнасьцю. Можна падумаць, што яна застанецца ў пiсьменстве беларускай мяншынi таксама i тады, калi зь сьвечкай давядзецца шукаць аўтара зь селавым паходжаньнем; бо мястэчкi ўзвышаюцца цывiлiзацыйным стандартам, а не адметным ад хутаранскага задзiры бачаньнем справаў гэтага сьвету. Але я не пэсымiст у гэтай матэрыi i адчуваю ўзрастаючае значэньне псыхiчнага скурчваньня зямной апукi, або, калi iнакш, узьнiкненьне т.зв. глябальнай вёскi. Гэта як бы на будучыню. Цяпершчына ж патроху сьпiхвае нас у тэматычны анахранiзм; параксізмы плачу па страчанай iдылiчна-анёльскай Аркадыi або туга па часах, калi хадзiлi басанож, араючы коньмi, стаецца нечым незразумелым i для нашых гарадзкiх дзяцей, ня кажучы аб блiжэйшай або далейшай Эўропе. Такая паэзiя патрабуе ўжо тлумачальных заўвагаў.