Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 31 страниц)
Няма сумневу, што ў закаханых у Захад палякаў быў выпрацаваны асабліва эфэктыўны імунітэт на панславізм. Гэта адбылося яшчэ і таму, што на пераломе стагодзьдзяў польская палітычная думка, польскае мастацтва, літаратура і навука былі болей як калі паглынутыя бурлівай плыняй эўрапейскага інтэлектуальнага жыцьця. За акцыдэнталізм – зрэшты, па-рознаму зразуметы – выказваліся выбітныя польскія палітычныя думаньнікі розных кірункаў, вядомыя пісьменьнікі, змагары за прагрэс цывілізацыі і прапагандысты нацыянальнай культуры. На парозе нашага стагодзьдзя падавалася, што альтэрнатывы няма: палякі або будуць разьвівацца ў кантэксьце заходняй культуры, або іх ня будзе ўвогуле. Або хоць у канцы прыпадобіцца да цывілізацыйна старшых нацыяў Эўропы і пачаць жыць так, як яны, або «сысьці з шляху» і быць паглынутымі Расіяй.
* * *
Тым часам пералом стагодзьдзяў, прынёсшы расійска-францускае збліжэньне, моцна замуціў і гэты ясны вобраз. Сымпатычная Францыя заключыла саюз зь ненавіднай Расіяй. Аўстрыя апынілася на другім баку. У Пецярбургу зноў дазваляецца ажыць расійскаму славянафільству, якое цяпер выкарыстоўваецца царызмам як фактар націску на Вену.
Да 1908 г., да басьнійскага крызысу, Расія рэдка зьвярталася да гэткай карты. Паступова гэта пачало адбывацца ўсё часьцей, дзеля чаго выкарыстоўвалася жангляваньне падтрымкай для харватаў, сэрбаў, славінцаў, а таксама славян з поўначы і ўсходу падвойнай манархіі: чэхаў і ўкраінцаў. Гэтая палітыка хутка пачала прыносіць посьпех. На расійскую прапаганду аказаліся падатлівымі амаль усе вышэйзгаданыя нацыі – перадусім, безумоўна, сэрбы, менш чэхі, для якіх русафілізм напару зьяўляўся жупелам, што быў пакліканы схіліць Вену да саступак. Апрача таго, чэхі мелі яшчэ канкуруючую ідэю супольнасьці ўсіх славян у абсягу Аўстрыі і даводзілі, што манархіі ў сапраўднасьці пагражае не панславізм, а пангерманізм. У барацьбе зь ім супольная назва аб’яднала б славян, але не – як даўней – пад кіраўніцтвам Расіі, а на дэмакратычных прынцыпах, у саюзе раўнапраўных нацыяў. Перашкодай у гэтых пекных плянах былі, аднак, зноў палякі, якіх – на думку Крамаржа – належала наўперад адцягнуць ад немцаў, а пасьля памірыць з расійцамі. Бо бяз згоды гэтых дзьвюх вялікіх славянскіх нацыяў ніякая супольнасьць ня ўдасца.
Калі ў 1905 годзе цар Мікалай ІІ выдаў маніфэст аб скліканьні Дзяржаўнай Думы, надзеі Крамаржа яшчэ больш узрасьлі. У Расіі зьявіліся нэаславісты (Шарапаў, Філевіч, Трубяцкой, Бабрынскі), якія дыстанцыяваліся ад панславізму і пагаворвалі на тэму наданьня Каралеўству Польскаму аўтаноміі. Крамарж, які ўважаў усё гэта за чыстую манэту, быў блізкі да эўфарыі. Недавер заставаўся толькі ў палякаў, якія да запалу чэхаў паставіліся без энтузіязму.
Ня выключана, што тэарэтычна гэта выглядала як нейкі польскі комплекс, аднак нэаславізм – у адрозьненьне ад панславізму з антыраманскім ухілам – меў антыгерманскае вастрыё і замест дамінаваньня расійцаў, заўсёды непажаданага для палякаў, абвясьціў братэрства славян. Менавіта таму найбольш прыхільнікаў гэтая ідэя знайшла на тых землях, якія пасьля Трэцяга разьдзелу Рэчы Паспалітай былі далучаныя да Прусіі і якія дазнавалі бязьлітасную германізацыю, а найменш у аўтаномнай Галіччыне, якая карысталася нацыянальнымі свабодамі і дзе выклікаць антынямецкія настроі было найцяжэй. У Познані аб Расіі пісалі лепей, чымся на астатніх польскіх тэрыторыях, бо маючы ў якасьці выбару два ўціскі, мы аддаем перавагу расійскаму, паколькі, як ні як, гэта нашы браты-славяне, а апрача гэтага, перасьлед зь іх боку не такі пасьлядоўны, як зь нямецкага боку. У Галіччыне, у сваю чаргу, мала хто верыў у добрыя інтэнцыі царызму, а ўвесь нэаславізм разглядаўся як новы варыянт панславізму, які можа прынесьці адмоўныя наступкі. У Каралеўстве ўрэшце ўзьнікла жаданьне выпрабаваць нэаславізм на практыцы – спадзяваліся на лібэралізацыю і адлігу. Кіраўнік нацыянальных дэмакратаў Роман Дмоўскі прызнаў, што нацыянальнай справе гэта дае нейкія шанцы, і апэляваў у сувязі з гэтым да палітыкі разумнай угоды з Расіяй і прылучэньня да нэаславісцкай дзейнасьці, зыніцыяванай Каралем Крамаржам. У 1908 г. у вядомай кнізе «Нямеччына, Расія і польская праблема» Дмоўскі пасунуўся яшчэ далей; ён раіў парваць з дыктатурай традыцыі паўстаньняў у палітычным мысьленьні палякаў, пераацаніць стаўленьне да Расіі і за галоўнага ворага прызнаць Нямеччыну. А нэаславізм трэба выкарыстоўваць тактычна, як поле, на якім польскія нацыянальныя памкненьні маглі б выявіцца больш свабодна.
Ці прывялі ідэі Дмоўскага да посьпеху? Цяжка сказаць. За ім пайшлі «познаньцы», кёнігсбэрскія нацыянальныя дэмакраты і некаторыя кансэрватары з Партыі Рэальнай Палітыкі. Бальшыня – у сілу сваёй пасіўнасьці – зь цяжкасьцю адрывалася ад думкі, што Расія не зьяўляецца галоўным ворагам. Не пайшлі таксама за ім асабліва ўплывовыя галічанскія нацыянальныя дэмакраты, тлумачачы, што нават калі Расія не зьяўляецца ворагам нумар адзін, то Аўстра-Вугоршчына, нягледзячы на яе саюз з Прусіяй, – нашмат больш надзейны бар’ер супраць прускай экспансіі, чымся Расія. Дазнаньні Галіччыны былі абсалютна іншай якасьці. І такімі моцнымі, што перад імі мусіў саступіць нават аўтарытэт Дмоўскага.
* * *
Найбольш пасьлядоўнымі ў крытыцы нэаславізму былі, аднак, кракаўскія кансэрватары. Для іх нэаславізм ад пачатку ня меў сэнсу, паколькі Расія не пераставала быць галоўным ворагам, таму што – падкрэсьлівалі яны – яна ня мае і ніколі ня мела нацыянальнай палітыкі, царызм як трымаўся, так і трымаецца абсалютызмам, а так званая Дзяржаўная Дума зьяўляецца хутчэй карыкатурай на парлямэнт і па-ранейшаму ставіцца да палякаў гэтак блага, што горш цяжка ўявіць. Таму рэальна нацыянальныя польскія інтарэсы можа адстойваць адно Аўстрыя; тая Аўстрыя, якая дазваляе нацыянальна разьвівацца ў кантэксьце заходняй культуры і зь якой Польшча спрадвеку жыла ў лучнасьці. Нэаславізм жа раней ці пазьней паддасьць палякаў пад загад расійцаў і рэкрутуе іх для ўсходняй культуры. Не гаворачы ўжо аб тым, што лёзунгі аб адзінстве славян ёсьць звычайнай шырмай, за якой крыюцца добра вядомыя, імпэрыялістычныя мэты Расіі.
Супраць гэтых мэтаў «станьчыкі» стараліся ў меру сваіх сілаў выступаць. У 1908 г. намесьнікам Галіччыны быў прызначаны несумненны лідэр «станьчыкаў», гісторык і правазнаўца Міхал Бабжыньскі. У кнігах, пакінутых пасьля, ён адкрыта пісаў, што як намесьнік манарха ён падрыхтоўваў край і яго адміністрацыю да вайны з Расіяй. Гэтая падрыхтоўка палягала ў тым ліку і ў пераадоленьні русафільскіх тэндэнцыяў на ўсходзе краю, і ў выкараненьні агентаў Масквы, што на практыцы азначала перадусім выкараненьне яўных і сукрытых прыхільнікаў нэаславізму. Калі летам 1908 г. у Галіччыне перабываў граф Георгі Бабрынскі, які агітаваў на карысьць Расіі, Бабжыньскі загадаў неадкладна выправіць яго з краю, дарма што расійскі граф вяртаўся якраз з нэаславісцкага зьезду ў Празе.
Аб гэтым зьезьдзе напісана досыць шмат. Ён адбыўся над Вэлтавай 12–18 ліпеня 1908 году. Агулам у ім узялі ўдзел прадстаўнікі сямёх славянскіх нацыяў, якія лічыліся «гістарычнымі» (расійцы, палякі, чэхі, сэрбы, харваты, славінцы, баўгары) пры адсутнасьці або байкоце пяцёх астатніх (украінцы, беларусы, лужыцкія сэрбы, славакі, македонцы). Такім чынам, ужо сам старт атрымаўся абы-якім. На прысутнасьць беларусаў і ўкраінцаў не пагаджаліся расійцы, баўгары трактавалі македонцаў за баўгараў, а сэрбы за сэрбаў, падданымі бязьлітаснай венгерызацыі славакамі ўвогуле пагардзілі, а на лужыцкіх сэрбаў – найменшы славянскі этнас – папросту забыліся.
Сытуацыя з «гістарычнымі» нацыямі абсалютна не была лепшай, і старыя канфлікты сапраўды віселі ў паветры. Найбольш было расійцаў, але толькі нешматлікія зь іх былі гатовыя да прадметных размоваў з палякамі. Тыя таксама – за малымі выняткамі – не рабілі ўражаньня людзей, што вераць у посьпех такіх размоваў. Харваты, у сваю чаргу, дэманстравалі халоднасьць да сэрбаў, сэрбы – да харватаў. І калі зьезд – нягледзячы на гэта – прайшоў у неблагой атмасфэры, гэта была несумненная заслуга Крамаржа, абранага на яго старшыню. Калі падчас зьезду некалькі разоў даходзіла да вострых сутыкненьняў паміж расійцамі і палякамі, Крамарж стараўся быць на месцы; ува ўласнай кватэры ён арганізаваў канфідэнцыяльныя спатканьні расійцаў і палякаў, завіхаўся паміж імі і выдыгаў. Недавер з абодвух бакоў быў, аднак, такі глыбокі, што дайшло нават да спробы выключэньня палякаў з нэаславянскага руху, зробленай ужо згаданым графам Бабрынскім і падтрыманай іншым нэаславістам Філевічам. Урэшце ўся справа была палагоджаная, але непрыемны асадак застаўся. Палякі, як і чэхі, яшчэ актыўней пратэставалі супраць антыаўстрыйскіх акцэнтаў у выступленьнях расійцаў, тыя, у сваю чаргу, з насьцярогай ставіліся да аўстраславісцкіх таноў, бо гэта магло паставіць іх па-за рамкі руху.
Восень 1908 г. азначылася канцом нэаславізму. Напачатку кастрычніка гэтага году Аўстра-Вугоршчына ажыцьцявіла анэксію Босьніі і Герцагавіны. Пятага кастрычніка князь Фэрдынанд Баўгарскі абвясьціў Баўгарыю незалежным царствам. Стасункі на лініі Вена—Пецярбург імкліва пагаршаліся. Славянскі сьвет падзяліўся. Украінцы-маскаляфілы, сэрбы, а таксама нэаславісцка настроеныя баўгары аказаліся на баку Расіі, галіцкія палякі, чэхі, харваты і славінцы – на баку Аўстра-Вугоршчыны. У выніку Расія ўзмацніла антыпольскі курс у Каралеўстве Польскім і вярнулася да традыцыйнага панславізму. Ідэя братэрства ўсіх славян збанкрутавала.
Недзе за паўгоду да пачатку другой сусьветнай вайны генэрал Люцыян Жэлігоўскі, заваёўнік Вільні і адзін з найстаршых пілсудчыкаў, выступіў з арыгінальным прароцтвам: «Я разгадаў загадку міцкевічавага 44; у 1944 годзе славянства абудзіцца». У 1945 г. састарэлы генэрал прымкнуў да ПКНВ (Польскага камітэту нацыянальнага вызваленьня, прарасійскай арганізацыі, створанай для спарнейшага ўстанаўленьня ў Польшчы сталінскага сацыялізму. – Зацем перакладніка.). Ён быў перакананы, што прароцтва споўнілася.
Пасьля другой сусьветнай вайны славяне калі і не абудзіліся, то былі аб’яднаныя, і дружба паміж імі была ўведзеная афіцыйна. Стары панславізм прыбраўся ў новыя строі. Таксама зьмяніўся колер, стыль і рыторыка новай гегемоніі. Нязьменнай, старой засталася толькі яе сутнасьць.
Палякі – як і некалі – былі няблага падрыхтаваныя да адпору расійскім уплывам. Як і даўней, яны вызнавалі сваю «заходнасьць» і да «ўсходнасьці» расійцаў, калі ўсё ж даходзіла да кантакту зь імі, ставіліся з арыстакратычнай пыхлівасьцю. Паступова гэтую пыхлівасьць яны перанесьлі і на іншыя славянскія нацыі, папракаючы іх тым, што ў стасунках з Расіяй яны «больш пакорныя», а «эўрапейскасьць» характэрная ім менш. Сымпатыю да чэхаў (гэтых – як пісаў Кусьневіч – адзіных славян, якія дасяглі такога ўзроўню) дэкляравалі толькі нямногія. Баўгараў разглядалі як напаўрасійцаў, славакаў пастаянна атаесамлялі з чэхамі, а аб расійцах публічна ўвогуле больш не хацелі гаварыць. Славянскасьць, зразуметая як сукупнасьць рысаў пэўнай групы нацыяў і як знак супольнасьці, палякаў ня вабіла.
І – шмат што на гэта ўказвае – ня вабіць сёньня і ня будзе вабіць заўтра. Дарэчы, у мінулым годзе адно кракаўскае выдавецтва апублікавала «Чытанку для трэцяклясьнікаў» з новай вэрсіяй спатканьня Леха, Чэха і Руса на вокладцы. Харошы з усёй тройцы толькі Лех, прыбраны ў кракавяніна, Чэх грубы, тупы і трымае ў лапе куфаль піва, Рус дзяржыць ППШ і мае выгляд зацятага разбойніка.
Тэкст перакладзены паводле: Czas Kultury, № 2 (44), 1993.
* Вальдэмар Лазуга – польскі гісторык, аўтар манаграфіі «Rządy polskie» w Austrii – gabinet Kazimierza hr[abiego] Badeniego, 1895–1897» (Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu, 1991), а таксама нядаўна выдадзенага падручніка для школаў «Historia czasów nowożytnych» (Polska Oficyna Wydawnicza BGW).
Станіслаў Лем*
Фэнамэналягічная тэорыя твору*
Цьверджаньне, паводле якога сувэрэннасьць моўнага тэксту, які прэтэндуе на ранг твору, не зьяўляецца яго іманэнтнай уласьцівасьцю, а залежыць ад адносінаў, што разгортваюцца на, так сказаць, вонкавай пэрыфэрыі тэксту ў выглядзе дачыненьняў паміж ім і культурнымі ўзорамі, паказвае, што нашае стаўленьне да фэнамэналягічнай тэорыі твору ня можа быць прыхільнае. Згодна з гэтай тэорыяй, якую, як ніхто, распрацаваў Роман Інгардэн, літаратурны твор заўсёды існуе ў адным выглядзе і яго нельга атаесамляць зь яго паасобнымі выкладамі як яго канкрэтызацыямі. Мы згаджаемся з тэзамі Інгардэна што да іх антыпсыхалягізму. Бо мы ня лічым, што твор – тое ж самае, што і мэнтальныя апэрацыі падчас яго прачытаньня. Мы нават не ўважаем, што псыхалягічны падыход слушны. Згодна зь ім, твор – гэта сукупнасьць супольных рысаў усяго пласта прачытаньняў, ажыцьцёўленых у пэўным грамадзтве. А калі сто тысяч чалавек прачытаюць пэўны твор, сукупнасьць рысаў гэтых прачытаньняў зусім не павінна супадаць нават часткова – калі гэты твор вызначаецца выключнай арыгінальнасьцю. Ён можа ўяўляць сабой асобныя і адлеглыя адна ад адной сукупнасьці ўласьцівасьцяў.
Дыскусія аб фэнамэналягічным падыходзе ня будзе мець філязофскага характару, а толькі такі, si parva magnis comparare licet, які паўстаў тады, калі з апрыёрнымі кантаўскімі катэгорыямі прасторы і часу сутыкнулася тэорыя адноснасьці. Раней не філязофія вызначала філязофію: гэта рабіла фізыка.
Калі мы ўсё ж згадалі аб ёй, заўважым, што фэнамэналягічная канцэпцыя можа быць выкарыстана і ў абсягу дэтэрмінісцкага мэханіцызму. Гэта, аднак, адмысловы мэханіцызм – таму што частку раскрывальных у зьявах парамэтраў ён перасоўвае за межы вывучанага сьвету. Канкрэтызацыі твору пачынаюцца «тут» і могуць адрозьнівацца паміж сабой. Сам твор, нязьменна адзін, зьяўляецца недасяжна складаным і перабывае ў сваёй дасканаласці «там». Таму твор – гэта надзвычай жорсткая структура, такая ж самая, як і сусьвет Ляпляса. Космас Ляпляса надзвычай жорсткі і для дэмана, які пазнаў усе яго ўзроўні і лякалізацыі яго атамаў, і дзеля гэтага авалодаў поўнай ведай аб усёй яго будучыні.
Вось жа «тут», як мы ўжо ведаем, канцэпцыя Ляпляса не вытрымлівае крытыкі. Аднак можна сьцьвердзіць, што нявызначанасьць матэрыяльных зьяваў лёгка прадухіліць і што яны валодаюць «сукрытымі парамэтрамі», такімі, што ўжо выявіліся ўва ўсіх сваіх вартасьцях – назіральніку, што стаіць «на тым баку». Для такога назіральніка сьвет зноў аказваецца поўнасьцю жорсткім, дэтэрмінаваным у сваім руху. Гэта, безумоўна, бяздоказная канцэпцыя і таму яна не падтрымліваецца навукай.
Галоўнай асаблівасьцю фэнамэналягічнага падыходу ёсьць ідэальнасьць таго тэксту, які і ўяўляе сабой твор. Асноўная тэза, што гаворка ідзе пра адзіны тэкст, прымушае зрабіць выснову, што адзінкі сказаў, элемэнтарныя цаглінкі тэксту, зьяўляюцца элемэнтамі акурат такімі ж самымі нязьменнымі і несьціскальнымі, як і атамы ў клясычнай фізыцы. Дасканалая ў сваёй аб’ектыўнасьці структура твору ў гэтай паралелі адпавядае дасканала жорсткаму стрыжню ньютонаўскага сьвету. Недасканаласьць, уласьцівая любым чалавечым паводзінам, спыняецца, як відаць з дадзенай гіпотэзы, на тэрыторыі мовы. На недарэчнасьць асуджаны вырабы нашых рук, нашы вынаходы, машыны, дамы, храмы, але ня сэнсы нашых словаў, фразаў, якія мы выказваем: іх ідэальна стабілізуе і фіксуе пакрыёмы край адноснай вечнасьці пазачасавых значэньняў. Вось жа яшчэ перад тым як скіравацца да той гіпотэзы крытычных твораў, належыць перш-наперш разьвітацца зь ёй прачулым і поўным жалю позіркам. Было б хораша, сапраўды, калі б так у сапраўднасьці стаяла справа. Аднак гэта было б надзвычай хораша – і таму гэтае меркаваньне не адпавядае праўдзе.
З таго, што мы штодзённа сустракаемся з жорсткімі целамі, не вынікае, што мы маглі б, адвольна падаўжаючы мэтрычныя меры, правесьці ідэальна простую, утвораную з гэтых мераў лінію, касьмічную прастору. Немагчымасьць вынікае з прычын не тэхнічнага, а прынцыповага характару. І дарма што трапляюцца сказы, якія мы можам зрабіць у іх сэнсах адназначнымі, мы не патрапім, на жаль, пабудаваць дзе-небудзь па-за матэматыкай, з накладаньнем на сябе сэнсаў паасобных сказаў, дасканала, інварыянтна зборных сукупнасьцяў.
Другім пытаньнем, што ўтрымліваецца ў фэнамэналягічным падыходзе, якому мы прысьвяцілі ўвагу, зьяўляецца справа так званай схематычнасьці літаратурнага твору. Пад «схемай» можна разумець разнастайныя рэчы. Найперш схему можна разглядаць як пэўную структуру, якая ўяўляе сабой інварыянт усёй клясы элемэнтаў (схема кровазвароту, схема радыёапарату, схема электронна-вылічальнай машыны). Можна, далей, палічыць за схему пэўны дасканалы ўзор («ідэйная схема», «ідэальная»), а пасьля – атаесамляць яго з падобнай зьявай, але досыць аддаленай і больш прымітыўнай (асабліва ў прыметнікавай форме: «схематычнае апісаньне» – гэта апісаньне фрагмэнтарнае, няпоўнае, яно ўтрымлівае прабелы). Пры такім дыяпазоне магчымых значэньняў толькі кантэкст вырашае, якое канкрэтна зь іх імплікавана аўтарам.
У сваёй фундамэнтальнай працы Інгардэн займаўся ў тым ліку і праблемамі пачуцьцёвага сузіраньня вонкавага сьвету, але гэтую справу мы абмінем. Найперш дзеля таго, што пераклад фэнамэналягічнай артыкуляцыі на мову адпаведнай строгай навукі, якая займаецца анталягічнымі пытаньнямі, выкліча значныя цяжкасьці. І звыш таго таму, што гэтая праблема не асабліва істотная для літаратуразнаўства.
У пытаньні твору фэнамэноляг заяўляе, што яно схематычнае як цэлае, так і ў сваіх пэўных «слаёх». Тое, што тычыцца слаёў, якія мы ўважаем за гіпастаз, будзе разгледжана праз пэўны час – пазьней. Абмяжуемся пастуляванымі Інгардэнам «выяўленымі схемамі» або «схематызаванымі выявамі» як рэальных аб’ектаў, так і ўнутрана псыхічных станаў. З «схемамі» (чаго заўгодна, а ня толькі прадметных, уяўленых або псыхічных станаў) можна было б пагадзіцца як з тэрмінам, што датычыць парадыгматычнай культурнай сыстэматыкі. Тады можна было б гаварыць, напрыклад, аб схеме любоўнай гульні паводле ўзору японскага сярэднявечча ці аб схеме прывітаньня на Барнэа, ці аб фабулярнай схеме раманаў Вальтэра Скота. Катэгарыяльна гэта былі б схемы розных узроўняў (дзьве першыя зьяўляюцца ў адносінах да літаратуры «вонкавымі», а трэцяя зьяўляецца «нутраной» характарыстыкай пэўнага адгалінаваньня раманічнай нарацыі).
Тэкст перакладзены паводле: Stanisław Lem. Filozofia wypadku. Literatura w świecie empirii. Warszawa, 1978.
* Разьдзел з кнігі «Філязофія выпадку. Літаратура ў сьвеце эмпірыі».
Сыльвічныя разважаньні XL*
1. Трэба гэта нарэшце сказаць. Лёс (цяпер званы генамі) мне прызначыў (надаў?) уменьне прадбачыць будучыню. Гэта ня здольнасьць, што вымагае адмысловага акту волі, напружаньня ці папросту жаданьня прагназаваць. Так было б няблага. Я прадбачу МІЖВОЛІ. Вось я напісаў нешта пару дзясяткаў гадоў таму, і цяпер гэта спраўджваецца. Я ніколі ня ведаю, ці спраўдзіцца гэта, і калі гэта наступіць: але факт тое, што так дзеецца. Усю «Тэхналягічную суму» я прысьвяціў па сутнасьці адной канцэпцыі: што ўвасобленыя ў эвалюцыі жыцьцёвыя працэсы стануць прыкладам і ўзорам, якім людзі часта будуць паслугавацца жудасным чынам. І я дажыў да таго, што «Artificial Life» і яго дэрываты цяпер модныя, абмяркоўваюцца і сынтэзуюцца ў сотнях унівэрсытэтаў. Ніхто, відавочна, пры гэтым не заўважыў і ня ведае, што 33 гады таму гэта абвясьціў я, але і гэта нармальна, і з такой мізэрнай прычыны ня варта злаваць. Наагул я ніколі не ўваходзіў ні ў якія плыні, і розныя Ф’ючэрэбул (Futurible) і Каны (Kanny) нічога аб маім падкракаўскім існаваньні ня ведалі і сышлі ў нябыт з гэтай няведай, але хіба ад гэтага некаму стала блага?
Я, безумоўна, ня маю на ўвазе нязначных прафэсіяў, нейкія там экстрапаляцыі, канечне, якраз наадварот. Зрэшты, заўсёды было так, бо я заўважыў і тое, што калі што-небудзь з прагназаванага мной неспадзеўкі станавілася сапраўднасьцю, то раней ці пазьней нехта, ня маючы абсалютна ніякага аўтарытэту, адзначаў гэта і пісаў аб гэтым, але так, што бальшыня гэтага не заўважала. Таму тое, што я таксама прадбачыў, але што яшчэ ня спраўдзілася, было паўсюль (я ня маю на ўвазе толькі Польшчу) трактавана так, што нібыта яно не існавала і ніколі не было выказана, паколькі ў такіх выпадках я ніколі нават не аспрэчваў падобных закідаў. Гэта было нормай, а ў апошні час зьмены зайшлі яшчэ далей: я не магу прадбачыць нават у грубым прыбліжэньні, калі нейкая інавацыя, асабліва вялікага калібру, наступіць. Аб тэрмінах, аб calendarium я не ведаю НІЧОГА. Але ўсё ж ГЭТА надыдзе, тады, калі некалькі расьцярушаных па сьвеце асобаў прачытае і зразумее, што акурат я аб гэтым некалі напісаў (безумоўна, не заўсёды).
2. Але ў такім выпадку нельга быць галаслоўным. Паколькі ўжо гэтулькі разоў спраўджвалася маё «першынство» што да «віртуальнай рэальнасьці», мяне запрашаюць на розныя вучоныя сымпозіюмы ў Нямеччыне (ніколі ня езьдзіў і не паеду), іншыя закранутыя мной прафэтычныя тэмы застаюцца закрытымі для ўсіх, як плод каштану ў лупіне, пакуль гэтая лупіна ня трэсьне пад нейкай навукова-тэхнічнай нагой. А таму, пераходзячы да канкрэтыкі, паўсюдны трыюмфальны лямант, які суправаджаў народзіны такіх сетак сувязі, як Інтэрнэт і іншыя Нэты, я неўзабаве пракамэнтараваў тут і там запэўненьнем, што гэта будзе вялікі правал, паколькі адкрыўся калясальны прасьцяг для новага тыпу COMPUTER CRIME, што гэта будзе тэрыторыя ашукаў, крадзяжоў, падрабленьняў, удаваньняў, перахопаў, рабаваньняў ІНФАРМАЦЫІ, але хоры, што пяялі ў гонар гэтай Супэрсеткі і маланкавасьці ўсіх магчымых апэрацыяў, майго мышынага сьпеву, натуральна, не заўважалі (і не заўважаюць, бо, як я адзначыў у першай сыльве, надрукаванай у часопісе «Одра», я буду пісаць праўду, якую ніхто ня ўцяміць. А тут множацца артыкулы накшталт надрукаванага ў «Іnternatonal Herald Tribune» ад 17 кастрычніка: «New Flaws undermine Security of Internet»).
Можна сказаць, што гэтыя злачынствы, плягіяты і ашукі, глябальнай тэрыторыяй якіх стаў ледзь эмбрыянальна пачаты Інтэрнэт, можна было б так жа лёгка прадугледзець, як і тое, што поўная даляраў валізка, пакінутая на лаўцы ў парку, хутка зьнікне. Я з такім дыягназам (відавочнасьці таго, што зьбіла з тропу і шакавала тых, хто ўжо павыкупляў акцыі разнастайных адгалінаваньняў Інтэрнэту) у цэлым згаджаюся, застаецца толькі пытаньне, чаму перад выпускам на рынак гэтых акцыяў і прадказаньнем імгненнай, маланкавай выгады, а таксама перад працягваньнем e-mail’у (электроннай пошты) ніхто аўтарытэтна не перасьцярог аб гэтым. Але куды там: меркаваньне аб тым, што кадаваньнем і шыфраваньнем можна прадухіліць любое злоўжываньне, адразу падалося мне папросту дзіцячым, паколькі Інтэрнэт яшчэ не функцыянуе ў небе сярод анёлаў, якія, як вядома, ня схільныя да парушэньня сёмага прыказаньня.
3. 9 верасьня 1995 г. у «New Scientist» (старонка 42) у артыкуле пад назвай «Losing yourself in the Net» нейкі Jon Wozencroft апісвае (і часткова рэцэнзуе) кнігу спадарыні Allacquere Stone «War of the Desire and Technology at the Close of the Mechanical Age». Я, рэч ясная, не магу скарочана пераказаць артыкулу, што як рэцэнзія сам ЁСЬЦЬ скарачэньнем кнігі, якой я ня ведаю, але цэнтральны тэзыс аўтар падае ў двукосьсі, і ён гучыць так: «Існуючы ўзор сувэрэннага індывіда (sovereign subject) будзе поўніцай падарваны дзякуючы нашай узрастаючай здольнасьці да прыстасаваньня (to adopt) разнастайных індывідуальнасьцяў у віртуальных грамадзтвах». Ну, а пасьля аўтар кажа, што такія тэзы – гэта шрапнэль, якая трапляе ў чытача. Хто мог бы падумаць, што гэтая «шрапнэль» была выстралена 33 гады таму ў вёсачцы ля кракаўскага прадгор’я, што я меў гэты гонар: вось цытата зь першага выданьня «Тэхналягічнай сумы» (с. 224): «Там, дзе зьдзяйсьняецца трансфармацыя індывідуальнасьці, асобасная тоеснасьць зь зьявы, прызначанай для дасьледаваньня, пераўтвараецца ў зьяву, прызначаную для вызначэньня». Пасьля ляціць цэлы разьдзел «індывідуальнасьць і інфармацыя». Урэшце шрапнэль даляцела. Гаворка ідзе аб тым, што адным хутчэй з парадаксальных насьледкаў, убачаных мной у 1963 годзе, мела быць зьнікненьне індывідуальнай тоеснасьці на карысьць «вызначэньня», г. зн. умоўнага ўстанаўленьня, хто і дзе зьяўляецца той ці іншай асобай.
Вы, праўдападобна, мяркуеце, што пытаньне, прыведзенае як цытата з «Сумы», зьяўляецца адным з дэрыватаў «фантаматыкі». Гэта азначае, што віртуальная рэальнасьць пачынае пагражаць пэўным своеасаблівым – апісаным мной – чынам індывідуальнай тоеснасьці пасьля адпаведнай фазы станаўленьня разьвіцьцёвай тэхнічнай базы. Паколькі я не зьбіраюся перарабляць гэтую пару заўвагаў у нешта накшталт хрэстаматыйных выказваньняў зь неіснуючага тому пад назвай «Прароцтвы Ст. Лема», я ня буду бавіцца і прывядзеньнем цытат на іншыя тэмы. Мяне заўсёды найбольш цікавілі анталягічныя праблемы, да якіх, безумоўна, належыць і індывідуальная тоеснасьць, таму што калі нехта – гэта нехта, ён таксама можа заняцца філязафаваньнем; а калі невядома, хто ёсьць кім, чаго можа быць вартая створаная «дзеля яго» анталёгія. Гэта не эпістэмалягічная праблема, паколькі эпістэма засноўвае (хутчэй implicite, чымся explicite) індывідуальнае чалавечае мысьленьне (кожны філосаф заўсёды Нехта, ён ня можа, як Паліфэм, быць «нікім»). З гэтай прычыны мяне захаплялі такія насьледкі чыста тэхналягічнага разьвіцьця, якія атакавалі нібыта адвечна нязьменную сфэру тыпова гермэнэўтычна-анталягічных зьяваў, якія ўтвараюць цэнтар, наўкола якога кружацца думкі філёзафаў. Аднак так глыбока, як у «Summa technologiae», ні зацытаваная кніга, ні іншыя артыкулы зь безьлічы кампутарна-інфармацыйных выданьняў НЕ здагадваюцца і аб тым, што ўзьнікае патэнцыяльнае судакраненьне, і нават пераціненьне «па гарызанталі» фантаматыкі з дактрынай, прапанаванай біскупам Бэрклі, – аб гэтым у такіх арыентаваных хутчэй пазафілязафічна тэкстах няма і гаворкі.
4. Як мне падаецца, я апісаў характэрны ўзор маіх прыватных клопатаў, зьвязаных з асабістым дарам «прадбачаньня». Ня трэба думаць, нібыта я сьцьвярджаю, што ўсё, што я скажу, адразу (альбо праз 30 гадоў) зматэрыялізуецца, таксама як ня варта меркаваць, нібыта я ўважаю, што мае прагнозы беспамылковыя. Гэта далёка ня так, паколькі як праз паасобныя пункты, экспэрымэнтальна вызначаныя каардынатамі (на восі ардынат і абцыс) на графіку можна правесьці несупынную лінію, якая будзе мець выгляд нейкай крывой (простая – гэта адмысловы варыянт «крывой», бо яна ёсьць простай), так праз мае розныя прагнозы можна правесьці арыентаваную ў часе і прасторы «крывую», якая ня што іншае, як толькі вэктар неспадзяваных прагрэсіяў, перанятых ад біятэхналёгіяў жыцьця. Разам з мысьленьнем, бо заўсёды бывае так, што НЕХТА думае, г. зн. індывідуальнасьць ужо дадзеная і залучана ўва ўсім гэтым думальным малоху, што асымптомна імкнецца авалодаць эвалюцыйна ўзьніклымі ведамі (і ў нас таксама зрэалізаванымі).
Можа, некалі некаму захочацца вылучыць з маіх тэкстаў гэтую дзіўную зьяву, якая палягае ў мультыправідэнцыялізьме; я, напэўна, ня буду выконваць гэтага заданьня, паколькі шмат што засталося б па-за ўвагай, як і ўсе яе паасобныя, рассыпаныя ў маіх тэкстах элемэнты. У Расіі некалькі гадоў таму выходзіла малатыражнае, непэрыядычнае выданьне «Тарантога», і там было досыць шмат абгрунтаваньняў маіх прагнозаў, але гэта было зьмешана з эфэктамі Sсiencе Fiction, якія варта было б адцадзіць. Аднак сам я займацца адцэджваньнем не зьбіраюся: зазначу толькі, што дар, які наканавала мне Прырода, можа зьлёгку раздражняць, паколькі надзвычай часта пры чытаньні навуковых выданьняў я перажываю пачуцьцё, якое называецца «le sentiment du dйja vu» і якое, бывае, зьлёгку цьвяліць.
Тэкст перакладзены паводле: Odra, № 2 (408), 1995.
* У апошнія часы Станіслаў Лем зьвярнуўся да своеасаблівай формы рэфлексіі, прыдуманай аўтарам адумысьля для часопісу «Одра», і якой ён надаў назву «сыльва». Карані гэтага слова сягаюць лацінскай мовы, у якой «silva» азначае як «лес», так і «парк», як «расьліны», так і «множнасьць», як «матэрыю», так і «чарнавыя запісы». Ад чытача ж патрабуецца актуалізаваць «слушнае», на ягоны погляд, значэньне гэтага слова. – Зацем перакладніка.
«Я нікуды не належу, бо я ніадкуль»
Са Станіславам Лемам размаўляе Станіслаў Бэрэсь
Станіслаў БЭРЭСЬ: Скажэце, калі ласка, у якіх галінах навукі Вы адчуваеце сваю кампэтэнтнасьць?
Станіслаў ЛЕМ: Перадусім я мог бы сказаць так: у мяне не найгоршыя веды з галіны біялёгіі, уключаючы сюды і мэдыцыну. Але гэтыя веды досыць агульныя, бо калі б Вы пачалі задаваць мне пытаньні з абсягу заалягічнай сыстэматыкі, то адразу б выявілася, што яны распадаюцца на таксаноміі, бо я ня памятаю ўсіх жгуцікавых і пазванковых. У агульных абрысах, аднак, я ведаю ўсё як трэба. Я досыць добра арыентуюся ў натуральнай эвалюцыі, паколькі маю ўяўленьне аб генэтычным кодзе, аб арганічнай і неарганічнай хіміі, а таксама аб біяхіміі. Я шмат ведаю аб фізыцы, хоць і мушу падкрэсьліць, што пакінуў займацца ёй з таго часу, калі яе канцэпцыі сталі такімі гермэтычнымі і супярэчнымі, а таксама калі наступіла яўная рэакцыя фізыкаў на «нялюдзкасьць матэрыі», бо яны нарэшце зразумелі, што тут нельга гаварыць аб нечым відавочным, што нельга пабудаваць ніякіх мэханічных мадэляў, а намэнклятура стаецца ўсё больш умоўнай (...).
Я досыць шмат чытаў з галіны касмалёгіі, астрафізыкі, астраноміі і плянэталёгіі. Што датычыць іншых дысцыплін, то я троху арыентуюся ў кібэрнэтыцы, тэорыі інфармацыі, лёгіцы, тэорыі рашэньняў, а таксама спасярод шматлікіх навуковых «дзяцей» кібэрнэтыкі. Але каля дзесяцёх гадоў таму я перастаў займацца імі сыстэматычна. Мяне вельмі цікавіць філязофія, але пра тое, што ёсьць нейкі Фэерабэнд і нейкі дадаісцкі анархізм у тэорыі пазнаньня, мне даводзіцца даведвацца ад сваіх кампэтэнтных знаёмых, якія часам падсоўваюць мне нейкія кнігі. Тое самае датычыць і іншых дысцыплін, напрыклад, псыхіятрыі, дзе адбылася вялікая рэвалюцыя, падобная да сэйсьмічнага зруху. Я няблага арыентуюся ў тэорыі літаратуры, але знаёмства зь ёй адбывалася дзякуючы структуралізму. Калі я наважыўся напісаць «Філязофію выпадку», я недзе год разьбіраўся ў структуралісцкіх канцэпцыях. Па сваёй наіўнасьці я меншую ўвагу зьвярнуў на старых структуралістаў Праскай школы і чытаў толькі навейшых. Ну і аказалася, што Праская школа структуралізму мела троху іншы кірунак і іншую тэрміналёгію, аб чым я меў цьмянае ўяўленьне – што і ўсьвядоміў падчас дыскусіі ў Інстытуце літаратурных дасьледаваньняў – бо шмат з гэтага мне было невядома, за выняткам, можа, Якабсона. Зрэшты, пазьней я забыўся на бальшыню тых рэчаў. І сёньня ня памятаю дзясятай часткі тых мудрасьцяў, якія я тады ўбіў сабе ў галаву. На шчасьце, у мяне ёсьць мілая здольнасьць забывацца...