355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 20)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 31 страниц)

«Я глыбока ўдзячны савецкаму дэпартамэнту прэсы за арганізацыю гэтай выправы. Гэта была (і застаецца) добрая навука савецкіх мэтадаў. Захапленьне выклікала раскоша гэтага цягніка, зь яго беласьнежнымі пасьцелямі, пярынкамі, духмяным мылам, з ахайна апраненымі афіцыянтамі, раскоша, як для цара».

«Зрэшты, гэта мог быць адзін зь цягнікоў, прызначаных спэцыяльна для цара. Сядзець у вагоне-рэстарацыі за сталом, поўным бутэлек, хрусталя і срэбра, талерак, на якіх нагрувасьціліся закуски, і з-за ўпрыгожаных карункамі фіранак назіраць побач, на суседняй каляіне, драўляныя таварныя цягнікі, скуль параненыя чырвонаармейцы з галовамі ў крывавых бінтох, рукамі ў гіпсе, ампутаванымі нагамі, прыглядаліся да нас, трасучыся наўкола сваіх печак, было амаль нязносна».

Аўтар гэтых успамінаў, як і іншыя журналістыя, ня быў перакананы тымі ўяўнымі довадамі, якія ім былі прадстаўленыя. Ён гэтаксама ўстрымаўся ад высновы, хто быў віноўнікам падзеяў у Катыні. Але амэрыканскі пасол у Маскве, Эвэрэл Гарыман, даў сябе пераканаць. А мець амэрыканскага пасла сваім ворагам, безумоўна, адно паглыбляла катастрафічную сытуацыю польскага ўраду ў Лёндане.

Юзаф Мацкевіч бачыў катынскія пахаваньні і напісаў, што ўгледзеў. Ён выпадкова таксама стаўся сьведкам, як адбывалася масавае вынішчэньне жыдоў немцамі ў Панарах, і таксама склаў падрабязны рапарт. І дакуль будзе існаваць польскае пісьменства, гэтыя два запісы жудасьці дваццатага стагодзьдзя трэба несупынна прыгадваць для таго, каб захоўваць меру тады, калі літаратура надта аддаляецца ад сапраўднасьці.

Мацкевіч быў пісьменьнікам-рэалістым, і ў параўнаньні зь ягонай зацятасьцяй у адлюстраваньні «як напраўду было» іншыя варыянты рэалізму выяўляюць сваю бледасьць або фальш. Яму была чужая ўся высокая сафістыка літаратурных дыскусій, і ён не задумваўся над непераадольнай дыстанцыяй паміж словам і сапраўднасьцяй. Як, зрэшты, і над заўсёды прадказальным канцом раману. Старасьвецкі да ўпорыстасьці, ён паслугаваўся мовай як інструмэнтам, не дазваляючы стылю набыць самастойнае існаваньне і атрымаць перамогу над пішучай рукой. Раман і надалей быў для яго «люстрам, пастаўленым на гасьцінцы», і ён дбаў пра абсалютную вернасьць дэталі.

«Дарога ў нікуды» і «Ня трэба гучна гаварыць» разам утвараюць эпас канца. Гэта канец Вялікага Княства Літоўскага ці ягоных рэштак, якія дажылі да 1939 году, канец гэтаксама Вільні як гораду з польскай і жыдоўскай люднасьцю. Іншай, чымся гэтыя раманы, хронікі няма. Далей, гэта карціна жыцьця пры савецкай уладзе з чэрвеня 1940 да чэрвеня 1941 гг., да нападу Нямеччыны на свайго папярэдняга хаўрусьніка, і пры нямецкай уладзе. Апошнія разьдзелы другога раману даюць карціну Варшавы 1944 году, дзе ён апыніўся тады як уцякач зь Вільні.

Твор Мацкевіча аб вайне – гэта абсалютнае выключэньне ў багатай польскай літаратуры на гэтую тэму. У ёй пануе патрыятычны ўзор, барацьба палякаў зь немцамі. Мацкевіч да гэтага ўзору заставаўся больш ці менш абыякавым, у чым можна ўгледзець ягоную ўласную нелюбосьць да зацяганых уяўленьняў і ўплыў шматнацыянальнай Вільні. Дзьве падставовыя польскія пазыцыі сутыкнуліся ў гэтым стагодзьдзі між сабой: незалежнасьць Польшчы як мэты ўсіх змаганьняў і высілкаў, і ахвяраваньне гэтай незалежнасьцяй у імя камуністычнага інтэрнацыяналізму. Ніводная зь іх не знайшла падтрымкі ў Мацкевіча, больш таго, ён ставіцца да іх варожа. Тыя, хто адкінуў незалежнасьць у імя камунізму, як у Вільні Дэмбіньскі або Ендрыхоўскі, для яго былі ня столькі зраднікамі Польшчы, колькі агентамі дзяржавы, якая несла няшчасьце людзям розных нацыянальнасьцяў. У сваю чаргу незалежнікі – адсюль ягоная нэгатыўная ацэнка АК – былі асьлепленыя сваёй канцэнтрацыяй на барацьбе зь нямецкімі захопнікамі і не здавалі сабе справы з таго, што, разьлічваючы на перамогу заходніх дэмакратый, яны рыхтавалі перамогу хаўрусьніка гэтых дэмакратый – Расіі. Мацкевіч у сваіх раманах і ў сваёй публіцыстыцы выступае як прыхільнік антысавецкага інтэрнацыяналізму ці, калі інакш, антыкамуністычнага інтэрнацыяналу. Адсюль вынікаюць спаважныя насьледкі, у тым ліку і мастацкія, бо ягоныя героі не падзеленыя паводле крытэру нацыянальнасьці. Сярод тых, каго ён абдорвае сымпатыяй, палякі, летувісы, беларусы, немцы, белыя расійцы, ублытаныя ў розныя падпольныя рухі, патэнцыйныя ўдзельнікі калектыўнага, міжнароднага супраціву сыстэме.

Ня варта падыходзіць спаважна да ўсяго, што пісаў Мацкевіч-антыкамуністы. Некаторыя ягоныя артыкулы сапраўды прасякнутыя абсэсіяй і мяжуюць з паранояй, паводле вядомага ўзору выкрыцьця паўсюль агентур, нават у Ватыкане. Таму, укладаючы зборнік ягоных публіцыстычных твораў, належыць памятаць, што фантазіямі і нават вар’яцтвам ён заплаціў за сталасьць сваіх паглядаў. Адсеў відавочных абмылак адбываецца пасьля сьмерці блізу ўсіх пісьменьнікаў, і думка аб гэтым павінна ўстрымаць ад выступаньня ў тозе суровых судзьдзяў.

* * *

Два атрыманыя ўчора лісты збудзілі ўва мне перажываньне, адзін ад Ю., другі ад М. Гэтыя мае равесьніцы і каляжанкі зь юрыдычнага факультэту ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры ў Вільні ня толькі сьцежкай сантымэнтаў скіроўваюць мяне ў мінуўшчыну. Яны існуюць як асобы нагэтулькі каштоўныя, што я лічу сябе шчасьлівым, могучы аб іх думаць. Бо ў нашым горадзе былі надзвычайныя дзяўчаты, і якімі ж беднымі павінны быць усе тыя, памяць якіх ня можа заапэляваць да такіх каштоўных чалавечых наўзораў. Кажучы гэта цяпер, калі яны сівыя і гадуюць унукі, я больш-менш ведаю іхнае жыцьцё, поўнае абмылак і трагедый.

З М. я ніколі ня быў блізка, але прыглядаўся да яе. У свой рахунак я запісваю тое, што ейныя пукатыя шклы нізкавокай асобы не перашкодзілі мне ацаніць ейнае прыгаство. Яна была пазаркой, з добрай фігурай, і, відавочна, у яе галаве не было капрызаў, бо яна заўзята перасьледавала вялікія мэты. Яна і ейная сястра належалі да нутранога кола Ендрыхоўскага і Дэмбіньскага, або «Po prostu» і «Karty», а потым у пасьляваеннай Польшчы да прыкметных фігур зь «віленскай групы». Яны паходзілі зь вельмі каталіцкай радзіны, а ў камунізьме знайшлі новую рэлігію, як і Зося Вэстфалевіч, жонка Дэмбіньскага, сястра якой была манашкай.

Ліст М., напісаны ў сьмелай і рашучай манэры, камэнтаруе перадусім мой верш пра парушэньне табу кідком каменя ў вужаку, які яна знайшла ў польскім выданьні «Сьведчаньня паэзіі». Далей каляжанка дадае: «Але калі мы ўжо затрымаліся на вужацы, напішу табе аб рыбах. У маленстве я ўвайшла ў кухню, дзе скакалі жыўцом абшкрэбленыя гаспадыняй рыбы. Мне заўсёды былі блізкімі гэтыя стварэньні. Таму я пачала забіваць іх (ад літасьці), пляжачы іх галовамі аб сьцяну. Я ўся была ў іхнай крыві. Гэта была сытуацыя, зь якой не было добрага выйсьця. Але я ўсё думаю, ці потым, ужо дарослай, я б не была, як тыя гадунцы Сарбоны».

У некалькіх словах М. (наш юрыдычны факультэт разьвіваў выдатны інтэлект) дае гісторыю сябе і сваёй групы. Літасьць над людзьмі прыводзіць да захадаў, якія не былі добрым выйсьцем. А гадунцы Сарбоны, узгадаваныя на філязофіі Сартра, практыкавалі генацыд у Камбоджы.

Далей М.:

«Каб было весялей, напішу, якім я цябе памятаю. Гэткі вісус з Залі Сьнядэцкіх, ты ляціш на чале групы работнікаў і студэнтаў, ганяючы эндэцкіх баевікоў, якія хацелі сарваць вечар паэзіі розных народаў. У цябе такая міна ваўкалака, якую ты ўмееш рабіць, зубы ашчэраныя, вочы вырачаныя, у руках трымаеш аскепкі крэсла. І выеш.

Другі абразок: мы стаім край стала ў клюбе юрыстых і пра нешта спрачаемся, ня памятаю пра што, відаць, пра палітыку, бо ты злосна кажаш мне: ты заўсёды была і застанешся ханжой. Ты, безумоўна, мяне зачапіў, калі я гэта памятаю. Я двойчы ставалася ханжой, і ў трэці раз мне ёй ужо ня стаць. Гэта насьледак ня толькі старасьці, але і літаратуры, якая суправаджае мяне ад маленства».

У іншай частцы ліста М. гаворыць аб прамоўленай Іосіфам Бродзкім у Стакгольме Нобэлеўскай лекцыі: «Іосіф Бродзкі пры прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі сказаў тое, што я хацела табе напісаць, толькі нашмат прыгажэй».

Маё мысьленьне пра іх, гэтых дзяўчатаў зь Вільні, а сёньня старых жанок, фактычна нельга пераказаць прозай, яно нагэтулькі напоўненае скаротамі і нагэтулькі шматузроўневае, што вымагала б нейкага адмысловага роду любаснай паэзіі. Час у ёй, відаць, не пасоўваўся з той пары, калі мы былі ў ніжэйшых клясах гімназіі, калі М. забівала рыбы на кухні, а Ю. насіла матроскі каўнерык мундзеру школы сясьцёр-назарэцянак. Праўдападобна, у гэтых упарта ўзьнікаючых абразох супольнасьці скрозь маленства выражаецца мая туга па вяртаньні, па apokatástasis[110]110
  apokatástasis (грэц.) – узнаўленьне, вяртаньне ў папярэдні стан, колазварот) – у нэатамісцкай філязофіі паймо, якое сымбалізуе адраджэньне ўсяго і ў пэўнай меры выступае хрысьціянскім адказам на пытаньне аб цярпеньні усяго жывога.


[Закрыть]
, па аднаўленьні і, значыцца, па часіне, калі нічога ня мусіла быць так, як пасьлей сталася, калі яшчэ (уяўляючы сабе нейкую зусім іншую эпоху, іншыя ўзвычаеньні etc.) мы ня мусілі быць падзеленыя. А хто ведае, ці не нараджаецца такая любасная паэзія зь летуценьня аб «анёльскай сэксуальнасьці» Свэдэнборга, з жаданьня абсалютнай ідэнтыфікацыі, амаль поўнага ператварэньня ў другога, не бяспола, а таксама з пранікненьнем у ягоную іншую плоць.

Пра ліст Ю., заклапочанай станам свайго здароўя, валей я б агулам не пісаў. Бо мне давялося б выцягнуць адразу шмат ніцяў. Мяне зьдзіўляе яе заўсёды мінорная схільнасьць прымяншаць сябе, аж да таго, што калі ёй верыць, то няпраўда, што ў яе сьветлы розум і характар. Заўжды пра сябе, пра сваю хваробу і верагодную хуткую сьмерць, зь нядбаласьцю, з пацісканьнем плячыма.

Вечар паэзіі розных народаў, пра які згадвае М. Супраціўляючыся «нацыянальнай» Вільні, мы мелі розныя кантакты, і я мяркую, што некаторыя іхныя сьляды прыгадаліся, напрыклад, у 1972 годзе ў цягніку Ротэрдам-Парыж, калі, вяртаючыся зь зьезду паэтаў, мы расьпілі наліўку з Абрамам Суцкевэрам, які перажыў віленскае гета і пасьля напісаў фундамэнтальную кнігу пра нямецкія злачынствы ў Вільні. Я гэтаксама мяркую, што гэтыя кантакты вытлумачвалі, прынамсі, часткова, сакрэт Уладыслава Рыньцы. Бо як стаць міліянэрам падчас вайны, заснаваўшы транспартную фірму? Рыньца (мянушка «Рэнка») паходзіў з Сылезіі. У Вільні апыніўся студэнтам – яшчэ адзін мой калега-юрысты. У палітыцы сымпатызаваў «Strzelcu»[111]111
  Strzelec – Związek Strzelecki (Стралецкі Зьвяз) – польская дзяржаўная грамадзка-выхаваўчая арганізацыя, створаная ў сьнежні 1919. Засяроджвала перадусім працоўную моладзь, рыхтуючы яе да войска.


[Закрыть]
, тым часам як іншыя (Ендрыхоўскі) – «Legionu Młodych»[112]112
  Legion Młodych – афіцыйны назоў Związek Pracy dla Państwa (Зьвяз працы для дзяржавы) – польская санацыйная маладзёвая арганізацыя, якая існавала ад 1930 па 1939 гг.


[Закрыть]
, бо гэта быў пэрыяд «палявеньня» гэтых санацыйных арганізацый. Ува ўнівэрсытэце ён быў адным з галоўных дзеячоў нашага антыэндэцкага блёку падчас выбараў да «Bratniej Pomocy»[113]113
  Bratnia pomoc (Братняя дапамога) – студэнцкая арганізацыя, што мела на мэце матэрыяльную ўзаемадапамогу і кіраваньне жыцьцём студэнцкага асяродзьдзя. Першая ў Польшчы Bratnia pomoc узьнікла ў 1889 г. пры Варшаўскім унівэрсытэце як напаўлегальная арганізацыя, заангажаваная ў палітыку. Яна змагалася з русіфікацыяй унівэрсытэту і вяла асьветную працу.


[Закрыть]
, дзе вылучыўся і як знакаміты прамоўца. Пасьлей ён апыніўся на ўскрайку групы і не наблізіўся да камунізму. Што ён рабіў у 1934–1939 гг., я не змагу сказаць (адвакатура?), і пагатове я, відаць, не дацямлю, як ён зь беднага сына шахтара зрабіўся фінансавым магнатам, апэруючы з 1941 году дзе? – на лініі Вільня—Менск—Варшава, на тэрыторыях, мяшаных нацыянальна, якраз тых, якія Юзаф Мацкевіч апісаў у рамане «Ня трэба гучна гаварыць». Мне здаецца, што адным зь ягоных вартых увагі рухальных матываў была велічэзная колькасьць наяўных грошай у Вільні, у золаце і далярах, якую можна было лёгка інвэставаць. Супольнік Рыньцы, Крывіцкі, быў жыдам з Рыгі і, мабыць, мабілізоўваў гэтыя капіталы. Крывіцкі працаваў у бюро фірмы ў Вільні і Менску, якія былі ліквідаваныя ў меру набліжэньня фронту, і ў 1944 годзе зьявіўся ў Варшаве, дзе я зь ім пазнаёміўся. Бясьпеку яму гарантавалі добрыя арыйскія паперы, наагул Вільня мела адну з найбольш дасканалых фабрык фальшывых дакумэнтаў. З Варшавы, не чакаючы, пакуль прыйдуць расійцы, ён выехаў у чэскую Прагу і там зьнік пры нявысьветленых абставінах. Іншым дзейнікам пасьпяховасьці Рыньцы быў, відаць, ягоны дыпляматычны гені і адсутнасьць нацыянальных забабонаў. Фірма мела прыкрыцьцё, бо, нібыта, яна займалася пастаўкамі для войска і, апрача таго, давала за «дах» грошы высокапастаўленым немцам. У існасьці яна праводзіла маштабныя валютныя апэрацыі на чорным рынку. І цяжарнікі ішлі, напоўненыя ўсім, толькі не пастаўкамі для войска, зброяй, рэч ясная, але не прызначанай для немцаў. Рыньца належаў да нашай сацыялістычнай «Wolności» (ён гэтаксама быў сувязным паміж Бундам у віленскім гета і Бундам у варшаўскім гета), і дзеля гэтага да «лёнданскага» падпольля, для якога магчымасьць карыстацца такой транспартнай сеткай была важнай. Ён вазіў грошы і зброю для аддзелаў АК, але, думаецца, шлях да Менску, які праходзіў церазь лясы, падкантрольныя савецкай партызанцы, быў адкрыты для яго дзякуючы адпаведным дамовам і таемным паслугам. Ягоныя цяжарнікі перавозілі таксама ўратаваных зь віленскага гета жыдоў, не за грошы, калі меркаваць па выпадку Севярына Троса. Трос папісваў перад вайной у газэту «Orka na ugorze», як і мой брат Анджэй, і апыніўся ў Вільні як уцякач з Варшавы. Мой брат хаваў гэтага свайго калегу пэўны час у кватэры нашых бацькоў у Вільні, на Зарэччы, на вуліцы Папоўскай. Пасьля Трос і ягоная жонка былі пасаджаныя ў цяжарнік Рыньцы і высаджаныя ўжо ў Варшаве, дзе я знайшоў для іх добры прытулак. На жаль, яны загінулі падчас варшаўскага паўстаньня, але не як жыды, а папросту як цывільнае насельніцтва. Уся дзейнасьць фірмы была, зь нямецкага пункту гледжаньня, крымінальнай, і цяжка скеміць, як не адбылося ніводнага правалу. Гені Рыньцы выявіўся і тут, бо ён стварыў калектыў (памятаю яго шафёраў), на які мог абсалютна пакладацца, сцэмэнтаваны на больш здаровых падставах, чымся стасункі шэфа з падначаленымі. «Сямейная» атмасфэра ўсярэдзіне гэтай групы «сваіх хлопцаў» зь Вільні выключала данос, найбольш частую прычыну катастрофы.

Я пісаў пра Ўладка Рыньцу ў «Роднай Эўропе», называючы яго літарай W., але ўзноў вяртаюся да яго, бо насамрэч ён мне імпанаваў, і я дагэтуль стараюся зразумець, як ён гэта ўсё рабіў. Пасьля вайны ён заснаваў, як і плянаваў, выдавецкую фірму і стаўся б напэўна лідэрам выдавецкага рынку, аднак неўзабаве прадпрыемства было згорнутае ў рамках барацьбы з прыватнай ініцыятывай. Тады ён стаў адвакатам і спэцыялізаваўся ў справах спадчын, у тым ліку і амэрыканскіх, карыстаючыся тым, што дзякуючы сувязям зь «віленскай групай» мог даставаць пашпарты на замежныя падарожжы.

* * *

Абвінавачваньне Мацкевіча паводле палітычных крытэраў не вядзе далёка. Так, ён быў маньякам, донкіхотам, утапістым, але, тым ня менш, гэтая палітычная пасія сілкавала ягоны пісьменьніцкі талент, які быў строга рэалістычным і адначасна хацеў служыць, ці, калі інакш, быць літаратурай на злобу дня. Апошняе паходзіла зь ягонай сумленнасьці і маральнага абурэньня. Ён пастаянна пытаўся: «як гэта магчыма?» і хацеў быць голасам гукаючага ў пустэльні, калі ўсе іншыя маўчалі. На шчасьце, ён ня быў палітыкам.

Апошнія разьдзелы «Ня трэба гучна гаварыць» даюць шанец параўнаць аўры Вільні і Варшавы, як іх адчуваў прыбылы зь Вільні ўлетку 1944 году Мацкевіч. І абраз Варшавы, павар’яцелай, легкадумнай, абыякавай да страляніны дзе-нідзе, пыхлівай ад свайго геройства, вясёлай, бо блізкая перамога, у яго праўдзівы. Для Мацкевіча гэта была бесклапотнасьць дзяцей, якія ня хочуць ведаць, што яшчэ хвіліна, і нічога не застанецца ад іхных забавак, як нічога не засталося ў Вільні.

Мацкевіч, прыехаўшы ў Варшаву, выразіў жаданьне спаткацца з мной і зь Янушам Мінкевічам. Мы правялі доўгую гутарку. Зь ягонага боку гэта было паўтаранае на розныя лады пытаньне «як гэта магчыма?». І цяпер, калі ясна для кожнага, што заходнія хаўрусьнікі далёка, нічога? Ніякай спробы дамовіцца, хаця б у апошні момант, зь немцамі, якія дазнаюць паразу і ўжо схіляюцца да саступак? Бо цяпер можна было б выдаваць газэту, каб гучна апавесьці праўду аб савецкай акупацыі, зацісканую польскім падпольлем на службе Лёндану, а ўскосна Масквы. Мы слухалі яго зь недаверам, як слухаюць разумова непаўнавартаснага чалавека. І высьмеялі яго. Мы сказалі яму, што ў яго няма ніякага ўяўленьня аб тутэйшых настроях, што ніхто б не супрацоўнічаў з такой газэтай, што калябарантам, Эмілю Скіўскаму і Фэліксу Рыбіцкаму, ніхто не падае рукі, і яго, калі б ён пачаў выдаваць такую газэту, абвінавацілі б у зрадзе. Мацкевіч нічога нам не сказаў аб газэтцы «Alarm», тры нумары якой былі, відаць, выдадзеныя вясной 1944 году ім супольна з жонкай.

Апавядаючы гэта, я не ўважаю, што павялічваю віну Мацкевіча, які ў гэтым выпадку выяўляўся калябарацыяністым, скуль магло б вынікаць, што такім ён быў і раней. Але не вынікае. Ён быў тады чалавекам, які перажываў роспач, і, можа, роспач яго была большая за Мінкевічавую ці маю, бо мы захоўвалі нейкія надзеі.

* * *

Добра, што я згадаў Уладыслава Рыньцу і яго акцыі ў трохкутніку Вільня—Менск—Варшава, бо яны даюць пэўнае паняцьце аб нечуванай гусьціні і заблытанасьці тамашніх людзкіх лёсаў падчас нямецкай акупацыі. Іхны абраз мусіць запярэчыць польскім уяўленьням, моцна перакручаным патрыятычнай канвэнцыяй. Сапраўднасьць гадоў вайны на гэных тэрыторыях таксама была цалкам прыхавана і перароблена афіцыйнымі гісторыкамі. Гэта факт, што немцы віталіся там як вызваляльнікі, і калі б ня іхнае шаленства, гэтыя народы былі б поўніцай на іхным баку. І абставіны склаліся так, што схема змагароў і калябарантаў ухоплівае ледзьве дробную частку праўды. Гэта была трохбаковая гульня, прычым вялізная бальшыня люднасьці лявіравала, шукаючы бясьпекі ў адных і другіх, а існавалі таксама незалежныя анклявы, нешта накшталт асобных дзяржавак, заснаваных узброенымі важакамі. Веда аб гэтым усім зьмяняла пэрспэктыву Мацкевіча, добра служачы ягонаму аб’ектывізму.

* * *

Раманы Мацкевіча схіляюць да скептыцызму што да літаратуры, несупынна гатаванай ува ўсё іншым соусе, у соусе абавязковай у дадзены момант моды, ідэалёгіі, палітыкі і так далей. Яны вылучаліся жвавай нарацыяй, зацікаўляючы так, што «нельга адарвацца», і такім чынам адпавядаючы ўсім умовам, неабходным тады, калі раман займаў месца, занятае пасьлей фільмам і тэлевізіяй. Відаць, заўсёды існавала прафэсійная і непрафэсійная літаратура. У любасьці да Мацкевіча ніхто не хацеў прызнавацца і таму, што ён такі літаратурна адсталы, і таму, што ён жудасны рэакцыянэр, але чыталі, ажно іх вушы трашчалі. І, на маю думку, ён пераўзышоў сваіх калегаў па пяры, якія пісалі больш вышуканую прозу. Пераўзышоў мастацкасьцю. Можна ўжыць да іх выказваньне савецкага жаўнерыка: «Французы в шелках, но войну проиграли» (Французы ў ядвабах, але вайну прайгралі). Ягоная проза сьціслая, ашчадная, бачыць тое, што апісвае, і пагатоў краявід ягоных ваколіц. Спасярод вядомых мне польскіх літаратараў ніхто так не пісаў. Але Прус і Жаромскі былі ў параўнаньні зь ім прафэсійнымі літаратарамі. Шарачковы шляхціц, як я яго назваў, з тых упорыстых, пыхлівых, заўзятых маўкліўцаў, пісаў на злосьць. На злосьць усяму сьвету, які чорнае называе белым, і няма нікога, хто наклаў бы вэта. Якраз у гэтай пасіі і сакрэт ягонага стылю.

Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 5 (500), 1989.


Знакi надыходзячых часоў

З Чэславам Мiлашам размаўляе Павал Лiсiцкi

Павал ЛIСIЦКI: У вашых выказваньнях часам зьяўляюцца супярэчлiвасьцi, якiя датычаць месца чалавека ў грамадзтве i значэньня чалавечай натуры. З аднаго боку, Вы залiчаеце сябе да левай традыцыi, а з другога – Вы гаворыце аб сваiм недаверы да чалавека i таксама да чалавечай натуры. Але якраз левае мысьленьне схiльнае да пераацэнкi вартасьцi чалавечай iстоты i да веры ў нашыя крэацыйныя магчымасьцi.

Чэслаў МIЛАШ: Калi я адказваю на такое пытаньне, я заўсёды адчуваю неадэкватнасьць адказу i чаканьняў, паколькi я даю адно часовы адказ. Грунтоўны адказ мусiў бы сягаць да глыбокiх пачуцьцёвых суплётаў, якiя i я сам магу толькi старацца разблытаць у сваёй творчасьцi. Як вядома, аднак, ёсьць рэчы, якiя выходзяць за ўзровень размовы. Нават калi гэта найбольш iнтэлiгентная размова. Зрэшты, я заўсёды прызнаваўся ў супярэчлiвасьцi i сам хацеў бы разумець гэтыя супярэчнасьцi. Але, мабыць, для гэтага не дастаткова нават эсэiстыкi.

Апрача гэтага, я мушу зрабiць пэўнае прызнаньне. Дык вось, я сам дзiвуюся супярэчнасьцям ува мне. Можа дзякуючы гэтаму выяўляецца тое, што датычыць увогуле чалавека, а менавiта, што раз ён бывае дурнаватым, а раз разумным. У адну часiну я разумны, а ў iншую дурны. Гэтае пачуцьцё зьмяняецца ў залежнасьцi ад асяродзьдзя, ад пачуцьцёвых рэакцыяў, якiя глыбейшыя, чымся нашы рацыянальныя меркаваньнi.

П.Л.: Пойдзем далей шляхам супярэчлiвасьцi. З аднаго боку, вы крытыкуеце польскi касьцёл за традыцыяналiзм, а з другога боку – падкрэсьлiваеце сваю прыхiльнасьць да традыцыяналiзму ў лiтургii, да пэўных старых узораў. Як суаднесьцi гэтыя пазыцыi памiж сабой?

Ч.М.: Гэта, пэўна, сьведчыць аб глыбокай кансэрватыўнасьцi маёй натуры. Гэты кансэрватызм набывае розныя формы. Напрыклад, такая дробязь, як купля новай кашулi, купля пiнжака або ботаў ствараюць пасьля для мяне цэлыя праблемы прысваеньня сабе гэтых рэчаў. Тое, што новае, падаецца мне невыгодным. Таму ў глыбiнi я на самой справе такi шляхцюк, якi сядзiць недзе вельмi далёка ад чыгуначнай станцыi, i традыцыянiст. Але вельмi часта бывае так, што мiнаюць гады, i ўся мая тая кансэрватыўная пазыцыя аказваецца правiльнай, спраўджваецца.

Што да прыхiльнасьцi да традыцыйнай лiтургii, то я ўжо ў iнтэрвiю для «Tygodnika Powszechnego» гаварыў, што нядаўна быў на iмшы, адпраўленай па-лацiнску. Гэта была традыцыянальная iмша, г.зн. ксёндз стаяў тылам да вернiкаў. I дарма што я дагэтуль зьяўляюся прыхiльнiкам лацiны ў лiтургii, мармытаньне сьвятара, якi стаяў тылам да вернiкаў, было для мяне тым, што вельмi цяжка прыняць. Тым ня менш, пастава сьвятара тылам да вернiкаў i тварам да алтара падаецца мне глыбока абгрунтаванай. Таму, што гэта правадыр хору, якi ад iмя ўсiх зьвяртаецца да Бога. А сьвятар, зьвернуты тварам да вернiкаў, паклiканы паказваць iснаваньне супольнасьцi. Гэтая супольнаснасьць (togetherness) шмат каго раздражняе ў Амэрыцы. Ёсьць такое новаўвядзеньне.

Вы спыталiся тут у мяне пра супярэчлiвасьць. Так, я напiсаў, што можа лепей было б, каб жа польскi касьцёл захоўваў лiтургiю i займаўся ёй больш, чымся прапагандай, скiраванай супраць ужываньня кантрацэпцыйных сродкаў. У гэтай справе, як вядома, маральная тэалёгiя падзялiлася. Iснуе кнiга прафэсара Нуны, якi зьяўляецца адным з найбольшых спэцыялiстаў у кананiчным праве i выкладае ў нас у Бэрклi, кнiга пад назвай «Contraception». Гэтая кнiга не выдавалася па-польску, ня ведаю, цi з прычыны вялiзнага памеру, цi далiкатнасцi тэмы. Нуна, безумоўна, не лiбэральны каталiк, яго хутчэй можна акрэсьлiць як кансэрватара. Гэта цiкавая кнiга, паколькi яна паказвае, якiм чынам мэтай шлюбу было прызнана першастварэньне. Першапачаткова гэта было выклiкана хрысьцiянскай рэакцыяй на вельмi магутныя манiхейскiя тэндэнцыi. Варта памятаць, што для манiхейцаў першастварэньне было злом. А ў сучасныя часы, у ХХ стагодзьдзi ўся кантравэрсiя, якая датычыла мэты шлюбу i мэты сэксуальнага акту, ужо даўно страцiла значэньне. Бальшыня спэцыяльнай царкоўнай камiсii, створанай з мэтай вызначэньня таго, што згодна з каталiцызмам уяўляе сабой мэту шлюбу, прызнала: ёй не зьяўляецца толькi першастварэньне. Iншай ня менш важнай мэтай ёсьць любосьць, умацаваньне любосьцi памiж сужэнцамi. Такая пазыцыя была ў пэўным сэнсе апраўданьнем ужываньня кантрацэпцыйных сродкаў. Павал VI адкiнуў такую пастанову камiсii, i з той пары прынялася – назавем гэта так – старасьвецкая пазыцыя.

П.Л.: Вы сказалi, што царква павiнна займацца кансэрвацыяй лiтургii i традыцыi. Аднак для шматлiкiх сучасных хрысьцiянскiх мысьляроў адзіным спосабам уратаваньня хрысьцiянства якраз i ёсьць адмаўленьне ад традыцыйных тэалягiчных i лiтургiчных формулаў. Напрыклад, на думку Тылiха або Бонгёфэра, чалавек ХХ стагодзьдзя – гэта дасьпелы чалавек. I таму ён не патрабуе падпорак для веры, якiя меў яго папярэднiк у ранейшыя вякi. На думку гэтых тэолягаў, для сучаснага чалавека няма вяртаньня да мiнуўшчыны, да ўспадкаванай тэалёгii i заснаванай на ёй лiтургii.

Ч.М.: Тут неабходна разрозьнiць тэалёгiю i лiтургiю. Вы спаслалiся на пратэстанцкiх тэолягаў, але яны папросту ня маюць лiтургii. Цi тэалёгiя выражаецца ў лiтургii – гэта значыць, па сутнасьцi, тэалёгiя Сьвятой Тройцы i боскасьцi Iсуса – цi гэта можа быць адмоўлена, таму што чалавек зьмянiўся? Вельмi сумнеўна. Але, натуральна, мова тэалёгii мусiць зьмяняцца. Як? Ня ведаю. Гэта несупыннае блуканьне навобмацак. З часу Сабору вядуцца несупынныя пошукi. Я некалi быў у кляштары Сан-Бэнойт i спытаўся ў законьнiка, якi займаецца навучаньнем новых законьнiкаў, на якiх фiлёзафах ён робiць акцэнт. А ён адказаў: на Арыстотэлю i Гайдэгеру. Абнаўленьне мовы тэалёгii – гэта справа, якая мяне асабiста глыбока кранае i цiкавiць. Якраз ёй у вялiкай ступенi прысьвечана перакладзеная мной кнiга Оскара Мiлаша «Пасланьне Сторжу». Гэтая кніга пра азначае любосьць да нашчадкаў, да дзяцей, да новых пакаленьняў. У гэтай кнiзе робiцца спроба прыстасаваньня тэалягiчных паняцьцяў да новай карцiны сьвету паводле новай пасьляайнштайнаўскай навукi. Як гэта зрабiць? Ня ведаю. Я знайшоў тую самую думку ў ксяндза Гелера, якi таксама пiсаў у часопiсе «Знак», што трэба ўзяць пад увагу зьмены ў касмалёгii, што тэалёгiя мусiць прыстасавацца да зьмененай касмалёгii. Адмаўленьне ад канцэпцыi Ньютона выклiкае велiзарныя наступствы. Адмаўленьне канцэпцыi Ньютона – гэта адмаўленьне паняцьця вечнай прасторы, у якой усё адбываецца i якая бясконца працяглая, i часу як рэзэрвуара, якi вечна працягаецца ўзад i ўперад.

Уся сыстэма, ці – скажам так – канцэпцыя Оскара Мiлаша заснавана на тым, што было зусiм незразумела ў 1916–1924 гг., калi ён пiсаў сваю кнiгу. Але цяпер, калi ўжо атрымала вядомасьць тэорыя Вялiкага Выбуху, гэта стала вiдавочным. Прастора i час не iснавалi, пакуль не было сусьвету.

П.Л.: Вы пастаянна жывяце ў Злучаных Штатах, у Калiфорнii, дзе зьмешваюцца памiж сабой розныя культурныя, рэлiгiйныя i цывiлiзацыйныя плынi. Цi не ўзьнiкае ў Вас часам уражаньня, што Вы нехта накшталт паганца, якi жыве ў апошнiя стагодзьдзi рымскай iмпэрыi? Некага, хто бачыць надыходзячы заняпад старой рэлiгii, якая выцясьняецца рознымi новымi плынямi i новымi багамi, напрыклад, рухам New Age, якi iмклiва разьвiваецца.

Ч.М.: Так, толькi што я не лiчу розныя рухi New Age сапраўдным прадвесьцем новых часоў. Наколькi я маю вельмi магутнае пачуцьцё заканчэньня нечага, настолькi ў гэтых рухах, дзе ўсё сплялося: Political Corectness, гноза, усходнiя мiстыцызмы – я бачу нешта накшталт храму Розэнкрайцэраў у Сан-Хасэ ў Калiфорнii, якi зьяўляецца пародыяй так званай таемнай веды. Вяртаючыся да пытаньня – я гляджу на гэта ўсё, паціскаючы плячыма. Але я адрозьнiваю пэўныя сапраўдныя знакi надыходзячых часоў, якiя ўсё ж такi iснуюць.

П.Л.: А якiя гэта знакi?

Ч.М.: Мне здаецца, што гэта спробы апафатычнай тэалёгii, якiя ў чымсьцi апэлююць да майстра Экгарта, спробы дыялёгу памiж будызмам i хрысьцiянствам i, няма сумневу (i што, мабыць, найбольш важнае), досьледы, ажыцьцёўленыя ў паэзii. У паэзii ХХ стагодзьдзя, якая наагул у сваёй вялiзнай масе поўніцца нонсэнсам. Гэта знаходзіць сваё адбіцьцё ў разнастайных паэтычных рухах. Асобны пункт – справа колькасьцi. Колькасьцi паэтаў, колькасьцi раманiстаў. Зрэшты, у Польшчы можна назiраць страшэнную колькасьць людзей, якiя пiшуць вершы. Да таго ж дысцыплiна пiсаньня вершаў, як дысцыплiна правiльнага малюнку ў жывапiсе, зьнiкла, i людзям падаецца, што гэта вельмi лёгка. Нягледзячы на ўсю гэту масу, iснуюць, аднак, вельмi грунтоўныя пошукi. Паэзiя як пошук. Гэта нешта iншае, чымся шуканьне выйсьця, шуканьне ратунку пры замене рэлiгii культам мастацтва. Мне здаецца, што мой калега Iосiф Бродзкi такiм чынам i прыхiнуўся да культу мастацтва, вартасьцi слова. Хаця ён i не зусiм ХIХ-стагоднi ў гэтым сэнсе. Быць можа, на яго тут мае ўплыў расiйская традыцыя, надзвычайны культ слова ў Расii.

Пошук, аб якiм я гавару, лепей, аднак, будзе паказаць на прыкладзе iншага паэта. Я нядаўна быў на прадстаўленьнi «Бясплоднай зямлi» ў Кракаве, у маiм перакладзе i ў выкананьнi вучняў Штура. Гэта вельмi мяне закранула. Гэта было дзьвюхмоўнае прадстаўленьне. Зь зьдзiўленьнем я пераканаўся, што мой пераклад, зроблены ў 1944 годзе, добры. Я ўспрымаю «Бясплодную зямлю» як клясычны твор ХХ стагодзьдзя. Таму я мяркую, што тут пачынаецца гэты пошук, i доўжыцца ён усё наша стагодзьдзе. Ён штосьцi прадвяшчае. Калi мы возьмем польскую паэзiю ХХ стагодзьдзя, то заўважым, што атэiзм або агнастыцызм прасякнуў яе значна больш i сягае глыбей як рэлiгiйна, так i мэтафiзычна – чымся вершы каталiцкiх паэтаў. Мне здаецца, што з гэтага пункту гледжаньня Ружэвiч вельмi праніклівы, калi кажа: «Жыцьцё бяз бога магчыма, жыцьцё бяз Бога немагчыма». Ружэвiч, а таксама Ганна Сьвiршчыньска, якая перакладае на ангельскую мову. У нявыдадзеным па-польску пасьляслоўi да ангельскага выданьня яе вершаў я задумаўся над мэтафiзычным словам паэткi, якая была атэiсткай, i нават матэрыялiсткай.

Што цiкава, значная частка амэрыканскай паэзii – будысцкая. Гэта азначае, што колькасьць будыстаў або навернутых у будызм сярод паэтаў досыць значная.

П.Л.: За адзiн са знакаў цяперашнiх часоў вы палiчылi дыялёг хрысьцiянства i будызму. Што будызм можа даць хрысьцiянству? Што Ўсход можа даць хрысьцiянству? Калi – як Вы кажаце – значная частка амэрыканскiх паэтаў – гэта будысты, з гэтага вынiкае, што будызм лепш адпавядае iх мэнтальнасьцi, чымся хрысьцiянства. Чаму?

Ч.М.: Як я ўжо казаў, я адрозьніваю ў New Age разнастайныя нонсэнсы ад спаважных справаў. Уплывы будызму ў Амэрыцы маюць таксама лiтаратурны аспэкт. Амэрыканская паэзiя з пачатку стагодзьдзя, з Эзры Паўнда, якi першы перакладаў кiтайскiх паэтаў, захоплена паэзiяй далёкага Ўсходу. Яна мае шмат добрых перакладчыкаў i таму можа аказваць моцны ўплыў. Я мяркую, што гэта наагул зьвязана зь «зьмяншэньнем» плянэты i зь немiнучым спатканьнем розных цывiлiзацыяў.

Апрача таго, будызм не ўступае ў супярэчнасьць з навуковым сьветапоглядам, нават традыцыйным, ХIХ-стагоднiм. Прычына ў тым, што будызм – гэта а-тэiстычная рэлiгiя. Буда нiколi не даваў адказаў на пытаньнi, якiя б датычылi боства, стварэньня сьвету i г.д. Сумысьля ня даў нiводнага адказу. I якраз тое, што ў будызьме не iснуе паняцьця асабовага Бога, падаецца мне найбольш выдатным. Гэта азначае, можна вызнаваць навуковы сьветапогляд i адначасна быць будыстам. Гэта па сутнасьцi рэлiгiя для навукоўцаў, якiя сёньня ўяўляюць такую сiлу. Сёньня нiводны чалавек ня можа пазьбегчы навуковага сьветапогляду, бо ён прышчапляецца не пры дапамозе паняцьцяў, а пры дапамозе ўсёй нашай сыстэмы адукацыi, усяго нашага стаўленьня да сьвету, сфармаванага тэхнiкай, якая ёсьць плёнам гэтага сьветапогляду. Я маю якраз гэта на ўвазе, калi кажу аб эрозii рэлiгiйных уяўленьняў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю