355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 21)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 31 страниц)

П.Л.: А што хрысьцiянства можа атрымаць ад дыялёгу з будызмам?

Ч.М.: Калi я выкладаў ува ўнiвэрсытэце ў Бэрклi, калi я гаварыў, што ёсьць дабро i зло, i што я рэакцыянэр, бо веру, што памiж iмi iснуе розьнiца, то мае студэнты сьмяялiся. Але вiдавочна, што для iх паняцьце зла i паняцьце грэху – нейкая абстракцыя. Калi, аднак, я гавару аб пакутах, то яны вельмi адкрытыя. Значыцца, катэгорыя пакутаў, якая вельмi моцная ў будызьме, трапiла ў сьвядомасьць сёньняшнiх людзей. Тут бы я хацеў згадаць аб яшчэ адным элемэнце, якi таксама прысутнiчае ў будызьме. У каталiцызьме iснавала паняцьце чалавека, зрэшты, дасканала абгрунтаванае ў Бiблii, якi ўжо ў раi рабiў агляд вiдаў жывёл, называў iх i г.д. Такiм чынам выражалася прынцыповае адасабленьне чалавека ад прыроды. Для Картэзiя жывёлы былi жывымi машынамi. Сёньня, у ХХ стагодзьдзi, адбылася велiзарная рэвалюцыя. Можа нават гэта сталася ў ХIХ стагодзьдзi, калi зьявiўся дарвiнiзм, тэорыя эвалюцыi. Раптам мяжа памiж чалавекам i iншымi жывымi iстотамi была падарвана. У каталiцызьме жывёлы ня мелi неўмiручай душы. Але ў будызьме сувязь пакутаў людзей i жывёл была вельмi моцная. Буда хацеў выбавiць чалавека з iнфэрнальнага кола пакутаў, вырваўшы яго адтуль. Тэалёгiя не дае нiводнага вырашэньня гэтай дылемы, каталiцкая тэалёгiя стаiць тут перад своеасаблiвай сьцяной. Яна ня можа вырашыць праблемы пакутаў усяго, што жывое. У сучаснай паэзii я назiраю пошук iншага выйсьця ў параўнаньнi з тым, якое замацавала падзел на сьмяротныя i несьмяротныя iстоты. Мы, людзi, зьяўляемся сьвядомасьцю. Мы маем сьвядомасьць – у адваротнасьць ад усёй несьвядомай прыроды. Ёсьць такi верш Шымборскай, якi я выкарыстаў на сэмiнары са старшымi студэнтамi англiстыкi ў Бэрклi, дзе яна кажа аб «чыстым сумленьнi пiраньi». Мяне гэта вельмi зацiкавiла як спроба новага ўстанаўленьня мяжы памiж жывымi iстотамi. Гэта, аднак, не дае канчатковага вырашэньня праблемы пакутаў.

П.Л.: Цi не зьяўляецца ў пэўнай меры хрысьцiянскім адказам на пытаньне пра пакуты ўсiх жывых iстот паняцьце apokatбstasis, адраджэньня ўсяго?

Ч.М.: Так, гэта спроба адшукаць выйсьце. Для ўсяго майго разумовага жыцьця вырашальнае значэньне мела бiялёгiя, лекцыі біялёгіі ў школе. Можа, я так моцна адчуваю некаторыя вершы Шымборскай таму, што ў iх гэтулькi развагаў над бiялёгiяй. Справа пакутаў у прыродзе была ключавой для маіх манiхейскiх схiльнасьцяў. Адсюль мне вельмi блiзкая канцэпцыя Оскара Мiлаша, для якога – як вiдаць у «Пасланьні Сторжу» – акт стварэньня раўназначны з укрыжаваньнем. Або сьвет як пакута Бога.

Вы спыталi мяне пра apokatбstasis. Можна i ў гэтым шукаць уцехi. Але як сабе гэта можна ўявiць, я ня ведаю.

П.Л.: Для Дантэ, Мiльтана або Свэдэнборга сфэра тагабочнага сьвету была нечым рэальным. Яны пранiкалi ў яе сваёй фантазiяй i апiсвалi яе так, нiбы яны апiсвалi любую iншую рэальнасьць.

Ч.М.: Свэдэнборг бачыў гэтыя сьветы, як ён сьцьвярджае. Таму гэта не было ўяўлена, але ўбачана. Пад вялiкiм уражаньнем ад твораў Свэдэнборга быў Оскар Мiлаш. Надзвычай цiкавымі зьяўляюцца тыя маргiналii, якiя Оскар Мiлаш рабiў на палёх яго твораў, на некалькiх мовах, па-француску, па-ангельску, па-польску. Ён вельмi шмат браў ад Свэдэнборга. Для яго гэта быў выхад зь цяжкасьцяў, якi палягаў у стварэньнi нематэрыяльнай матэрыi.

Вяртаючыся да Вашага пытаньня: зусiм iншай была справа Дантэ. Касмалёгiя Дантэ была такой, што выправа ў пекла ўяўлялася нечым вельмi рэальным, так што ў выпадку неабходнасьцi сваiх варагоў можна было зьмясьцiць у пекле. Прычым мяне найбольш уразiла, i я ўжо аб гэтым пiсаў, ненатуральнае спалучэньне старавечнай мiталёгii, тагачаснай касмалёгii i хрысьцiянства. Прынята лiчыць, што Дантэ – гэта сярэднявечны паэт. Наколькi ж моцнымi былi гэтыя элемэнты антычнасьці ў сярэднявеччы, калi ў такiм хрысьцiянскiм творы, як «Боская камэдыя», Адысэй зьяўляецца рэальнай постацьцю! Адысэй быў зьмешчаны ў пекла таму, што Дантэ ганарыўся сваiм рымскiм паходжаньнем, а Адысэй вынайшаў траянскага каня, дзякуючы якому была зьнiшчана Троя, паводле «Энэiды» папярэднiца Рыму. Далекасяжная помста.

П.Л.: Вы, аднак, у сваiх вершах пiшаце аб тагабочных сьветах. Цi рэальныя яны для Вас?

Ч.М.: Найлепш будзе ўстрымацца ад адказу на гэтае пытаньне. Таму што, i я мушу вельмi выразна гэта падкрэсьлiць, фантазiя наша, усiх нас, сучасных людзей, якiя вераць i ня вераць, такая ж самая. У гэтым i палягае ўся цяжкасьць. Таму што ў момант, калi зьнiк верх i нiз, калi зьнiкла неба i пекла, выяўнае, устаноўленае вэртыкальна, у сапраўднасьцi ўсё разбурылася. У гэтым i палягае досьлед, ажыцьцёўлены сёньняшняй паэзiяй. Якраз той атэiстычнай або агнастычнай. Гэты досьлед ажыцьцёўлены ня толькi людзьмi, якiя, як гаворыцца, ня вераць, чужы тым, хто верыць, але гэта супольны досьлед, якi можна падагульнiць у выразе Ружэвiча: «Жыцьцё бяз бога магчыма, жыцьцё бяз Бога немагчыма». Таму iснуе вымер, скажам так, вымер фантазii, iншы, чымся фармулёўкi explicite нават для чалавека, якi глыбока верыць.

П.Л.: Вы сказалi, што манера Вашага мысьленьня была сфармавана пад уплывам уражлiвасьцi на пакуты, на бязьлітаснасьць у прыродзе. З другога боку, у шмат якiх вашых вершах навiдавоку замiлаваньне. Як гэта спалучаецца: замiлаваньне да сьвету, асуджанага на пакуты?

Ч.М.: Баюся, што ў межах гэтай размовы я ня дам задавальняльнага адказу. Трэба прызнацца ў супярэчнасьцi. Некалькi разоў я нават вызначаў сябе як экстатычнага пэсымiста. Сымона Вайль, якая вельмi глыбока займалася праблемай пакутаў, сказала, што прырода поўнiцца болем i бязьлітаснасьцю, але зьяўляецца вельмi нявiннай. На ўзроўнi якраз гэтага дыскурсу можна сказаць, iдучы за Сымонай Вайль, што перш-наперш iснуе прырода, якая абсалютна нявiнная, вышэй iснуем мы, гэта значыць чалавечыя iстоты, дзе зьмешана жывёльнасьць, прырода, сьвядомасьць i думка, а вышэй iдуць iстоты, якiя зьяўляюцца чыстай думкай, гэта значыць анёлы. Для яе прырода была невымоўна бязьлiтасная i асуджаная на сьляпы дэтэрмiнiзм. Зрэшты, Сымона Вайль iшла ў дэтэрмiнiзьме вельмi далёка, далей, чымся сучасная фiзыка зычыла б сабе. У ёй ёсьць нешта ад Спiнозы. Але тая прырода, якая бязьлiтасная, адначасна невымоўна харошая. Для Сымоны Вайль харашыня была надзвычай важнай катэгорыяй.

Мае заняткi Сымонай Вайль былi данiнай, сплачанай Калiбанам эфэмэрнай iстоце, зь якой бы я, вiдаць, ня вытрымаў нават паўгадзiны. Яна была дэтэрмiнiсткай, гэта значыць, што для яе сьвет падлягаў уладзе Князя гэтага сьвету. Чаму Князь гэтага сьвету ёсьць валадаром неабходнасьці, валадаром ланцуга прычын i наступстваў? Гэта пытаньне надзвычай манiхейскае. Але гэта, безумоўна, вынiкае са спачуваньня. Для Сымоны Вайль адным вызваленьнем з гэтага ланцуга, у якiм адны жывёлы жаруць iншых, была ласка. Або гарчычнае зерне дабра ў гэтым сьляпым свеце. Паняцьце д’ябла, або Князя гэтага сьвету, тут, аднак, вельмi iстотнае.

Я тут паслугуюся, як вы бачыце, ня вельмi шляхотным прыёмам. Бо замест таго, каб гаварыць аб сабе, я спасылаюся на прачытанае. Так часта здараецца, што мы адыходзiм ад адказу i спасылаемся на нейкага фiлёзафа.

П.Л.: Але хто тады Бог, калi ён ня можа быць Празорнасьцю, бо прырода не была ахоплена яго ўладай?

Ч.М.: У Вайль няма пераадоленьня гэтай супярэчнасьцi, i яна сама гэта падкрэсьлiвае. Таму што трэба думаць аб сьвеце як аб асуджаным на сьляпую неабходнасьць i адначасна бачыць у iм Празорнасьць. На плятонаўскi капыл яна iнтэрпрэтавала яе як iнтэрвэнцыю той сiлы, якая незразумелым чынам патрапляе дзейнiчаць са свайго трону. Так што, у яе выпадку, неабходнасьць i iнтэрвэнцыя Празорнасьцi стаяць не як супярэчнасьцi, а вэртыкальна, адначасна. Яны не ўзаемадзейнiчаюць.

П.Л.: У шматлiкiх эсэ Вы крытыкуеце заходнюю цывiлiзацыю. Калi нешта крытыкуецца, то належыць мець пэўную мадэль, дзякуючы якой крытыка стаецца магчымай. Чым павiнен быць такi ўзор, лепшы, чымся прапанаваны Захадам?

Ч.М.: Я магу тут сказаць тое, аб чым я нiколi па сутнасьцi не гаварыў i амаль не пiсаў. Я, безумоўна, меў левыя погляды, i гэтаму былі вельмi эмацыйныя прычыны падчас маiх студэнцкiх гадоў у Вiльнi. Гэта факт, што сацыялiстычныя iнстынкты былi ўва мне моцныя, аднак перад вайной мяне ахапiлi жудасныя супярэчнасьцi. Таму што я адначасна сёе-тое ведаў аб савецкiм камунiзьме i гэтага ведаў больш, чымся мае калегi. У любым выпадку левыя схiльнасьцi былi ўва мне моцнымi, i я несупынна шукаў нейкай «новай зямлi i новага неба». Я з агiдай ставiўся як да капiталiзму, так i да савецкай сыстэмы. У 40?х гадах, ужо пасьля вайны, калi я апыніўся ў Вашынгтоне, я ўсьведамляў, што служу гэтай д’ябальскай i жудаснай сыстэме, але адначасна думка аб тым, каб жыць у Амэрыцы, была для мяне нязноснай. Што б я рабiў? Само фiзiялягiчнае жыцьцё не здавалася мне каштоўным i дастатковым. I тады я нейкi час песьцiў намер эмiграваць у Прыма Вэра. Прыма Вэра была камунай, калектывам гутэрытаў у Парагваi і, такiм чынам, хрысьцiянскай сэктай, якая мела старыя традыцыi. Сучасныя гутэрыты распачалi дзейнасьць ува Ўроцлаве ў 20?х гадох. Сэкта пры гэтым падкрэсьлiвала пераемнасьць са старымi гутэрытамi. Творцам гэтай сэкты быў у XVI стагодзьдзi нейкi Гутэр, якi быў як герэтык спалены ў Тыролi. Яны абвяшчалi вяртаньне да прынцыпаў першапачатковай хрысьцiянскай грамады. Спачатку яны мелi свае структуры ў Нямеччыне, але потым, перасьледаваныя Гiтлерам, уцяклi на Захад. Пасьля шматлiкiх прыгодаў яны адчынiлi вялiкую камуну ў Прыма Вэра. Гэта быў для мяне шанец на ўцёкi i ад камунiзму, i ад капіталізму.

П.Л.: Чаму Вы ўрэшце не наважылiся?

Ч.М.: Я б сам урэшце наважыўся, але мая жонка паставiлася да гэтай задумы абсалютна скептычна. Яна была цьвярозай i iранiчнай, i таму гэта не ўдалося. У любым выпадку, гэта больш-менш дае ўяўленьне аб маiм стаўленьнi да Захаду. Я жыву на Захадзе, ставячыся да яго амаль як да дому вар’ятаў.

Тэкст перакладзены паводле: Znak, № 3 (466), 1994.

* Чэслаў Мілаш – сусьветна вядомы польскі пісьменьнік, эсэісты, перакладчык «вялікалітоўскага» паходжаньня. Нарадзіўся ў 1911 годзе на Віленшчыне. У міжваенны пэрыяд быў адным зь вядучых паэтаў віленскага згуртаваньня «Żagary». Падчас гітлераўскай акупацыі браў чынны ўдзел у польскім падпольным культурным жыцьці. У 1945–1950 гг. – на польскай дыпляматычнай службе, з 1951 г. на Захадзе. Пачынаючы з 1960 г. – выкладчык польскай і расійскай літаратуры ўва ўнівэрсытэце Бэрклі (ЗША). У паэзіі перажыў эвалюцыю ад праграмнага катастрафізму (зборнік «Паэма аб застыглым часе» (1933) і сымбалічна-эстэтычнага бачаньня сьвету («Тры зімы» (1936) праз іранічна-трагічнае бачаньне чалавечых лёсаў у часе вайны («Ацаленьне» (1945) да гістарыязафічнай і культурнай праблематыкі, у якой дамінантнай тэмай ёсьць канфрантацыя ўнівэрсальных маральных вартасьцяў з досьведам гістарычнага чалавека ХХ ст.

У сваёй паэтычнай творчасьці, праграмна інтэлектуалізаванай, Мілаш апэлюе да розных традыцыяў (Т.С.Эліёт), а таксама польскай рамантычнай традыцыі (паэмы «Маральны трактат» (1948), «Паэтычны трактат» (1957); зборнікі вершаў «Горад без імя» (1969), «Дзе ўсходзіць сонца і куды яно заходзіць» (1974). Мілаш – аўтар шматлікіх эсэ: «Скуты розум» (1953), «Родная Эўропа» (1959), «Чалавек сярод скарпіёнаў» (1962, пра С. Бжазоўскага), «Зямля Ульра» (1977), «Сад навук» (1979). Напісаў раман-успамін «Даліна Ісы» (1959). Займаецца перакладамі эсэістыкі і паэзіі, асабліва англасаксонскай (ад Шэксьпіра ды Мільтана і да Эліёта і Р.Джэфэрса), кнігаў Сьвятога Пісьма, а таксама польскай паэзіі на ангельскую мову. У 1973 г. атрымаў прэмію польскага Пэн-Клюбу, у 1980 – Нобэлеўскую прэмію. Апрача гэта, Мілаш – ляўрэат прэміяў Guggenheim Fellowship (1976), Neustadt Prize (1978), National Medal for the Arts (1989). Яму была нададзена годнасьць ганаровага грамадзяніна Летувы і места Кракава.

У 1998 годзе Чэслаў Мілаш стаўся ляўрэатам прэстыжнай польскай літаратурнай прэміі «Nike» за томік «Прыдарожны сабачка» (урывак зь яе быў перакладзены Юрасём Бушляковым і апублікаваны ў 1998 годзе ў газэце «Наша Ніва»). Гэтая кніга таксама была прызнаная найлепшай у польскай літаратуры за 1997 год. Урачыстасьць уручэньня літаратурнай прэміі «Nike» Мілашу адбылася ў варшаўскіх Лазенках. Яе грашовая частка склала прыкладна 20 000 USD.

У апошнія гады выйшлі таксама кнігі Мілаша «Inne abecadło», «Widzenia nad Zatoką San Francisco», «Wyprawa w dwudziestolecie», «Abecadło Miłosza».

Шмат цікавай інфармацыі пра жыцьцё і творчасьць Мілаша можна знайсьці ў выданьнях: Aleksander Fiut, Czesław Miłosz: Rozmowy z Czesławem Miłoszem (Kraków, Wydawnictwo Literackie, 1981); Ewa Czarnecka, Czesław Miłosz: Podrуэny świata: rozmowy z Czesławem Miłoszem: komentarze (New York, Bicentential Publ. Corporation, 1983); Czesław Miłosz, Renata Gorczynska, Aleksander Fiut: Conversations With Czesław Miłosz / by Ewa Czarnecka and Aleksander Fiut; transl. by Richard Lourie (San Diego; London [etc.]: Harcourt Brace Jovanovich, 1987).

Поўную бібліяграфію твораў Чэслава Мілаша (паэзія, проза, эсэістыка, пераклады на асноўныя эўрапейскія мовы) можна знайсьці на інтэрнэтавай старонцы http://www.wbp.krakow.pl/bibliografie/milosz/

У колах польскай багемы лічыцца найлепшым сярод жывых польскіх пісьменьнікаў.

Беларускі пераклад кнігі роздумаў Мілаша над дэвальвацыяй этыка-маральных вартасьцяў у сучасным сьвеце – «Скуты розум» – выйшаў сёлета ў бібліятэцы «Фрагмэнтаў».

Антоні Падраза*
Гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры на землях колішняй Рэчы Паспалітай*

Каб правільна аналізаваць асобныя зьявы з абсягу культуры для пэўнай тэрыторыі, трэба вызначыцца, ці была гэтая тэрыторыя рэальнай структурай і ці можна яе акрэсьліць як рэгіён, што характарызуецца супольнай гісторыяй ужо працяглы пэрыяд часу. Толькі ў такім выпадку можна будзе ажыцьцявіць правільны аналіз і зрабіць пэўныя абагульненьні, што датычаць асобных культурных зьяваў у іх узаемасувязях, акрэсьліць іх месца ў характэрнай для дадзенага прасьцягу культурнай мадэлі.

Ці прасьцяг, які ёсьць прадметам зацікаўленьняў нашай канфэрэнцыі і які складаецца з чатырох краін: Польшчы, Летувы, Беларусі і Украіны, адпавядае вышэйзгаданым умовам, ці вызначаецца рэгіён пэўнымі супольнымі ўласьцівасьцямі, уласнай структурай, што адрозьнівае яго ад іншых суседніх прасьцягаў? На маю думку, так. Я пастараюся цягам гэтага спавешчаньня абгрунтаваць гэтае цьверджаньне.

Каб зразумець гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры ў цікавячых нас краінах, трэба скіравацца ў глыбокую мінуўшчыну. На маю думку – а я ў гэтым сэнсе не асабліва арыгінальны – момантам, які аказаў глыбокі і працяглы ўплыў на далейшае разьвіцьцё цікавячых нас тэрыторый, быў канец Х стагодзьдзя і хрысьціянізацыя Польшчы (966 г.) і Русі (988–989 гг.). Прыняцьцё хрысьціянства гэтымі суседнімі дзяржавамі з розных цэнтраў – з Рыму Польшчай, і з Бізантыі Русьсю – прывяло да таго, што дзьве гэтыя краіны пачалі розьніцца ня толькі ў рэлігійным пляне: іх пачаў падзяляць і іншы культурны кшталт, прыняты разам з новай рэлігіяй.

Прытым працэс гэтага падзелу ў наступныя стагодзьдзі пачаў паглыбляцца. Больш таго, існыя ўжо на момант хрысьціянізацыі Польшчы і Русі адрозьненьні паміж усходняй, праваслаўнай Царквой, і заходняй, каталіцкай Царквой, неўзабаве, у 1054 годзе, прывялі да поўнага разрыву сувязяў паміж абедзьвюма часткамі хрысьціянскага сьвету і да выразьлівай варажнечы паміж імі. Вельмі спаважны ўплыў на павелічэньне адрозьненьняў у цікавячым нас прасьцягу мела ХІІІ стагодзьдзе, і асабліва дзьве падзеі. Адна зь іх – гэта нашэсьце манголаў на Ўсходнюю і Цэнтральную Эўропу. Яно закранула як рускія землі, так і Польшчу, але ягоныя насьледкі былі рознымі для абедзьвюх краін. Русь ня толькі патрапіць пад палітычную дамінацыю Залатой Арды, але і – несупынна адчуваючы ўціск з боку татараў – перажыве выразьлівы культурны рэгрэс. Польшча, нягледзячы на зьнішчэньні, выкліканыя нашэсьцем, адносна хутка адновіць свае сілы, да чаго выдатна спрычыніўся працэс, вядомы пад назвай «калянізацыя на нямецкі ўзор». Гэтая зьява, добра вывучаная ў нашай гістарыяграфіі і часта разгляданая спрошчана, адыграла, на маю думку, вельмі вялікую ролю ў збліжэньні Польшчы з Захадам. Побач з хрысьціянізацыяй гэта быў чарговы інтэграцыйны працэс у межах Польшчы, а таксама Чэхіі і Вугоршчыны – у краінах ускрайку Заходняй Эўропы. Такім чынам, у пэрыяд сярэднявечча мяжа Польшчы і Русі адыгрывала ў тагачаснай падзеленай Эўропе асаблівую ролю. Гэта была ня толькі мяжа дзьвюх суседніх краін, але і мяжа двух вялікіх культурных рэгіёнаў сярэднявечнай Эўропы.

У сыстэме далейшых узаемінаў на цікавячым нас прасьцягу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы важную ролю адыграла XIV стагодзьдзе. Некалькі падзеяў, галоўным чынам палітычнай прыроды, якія мелі месца ў гэтым стагодзьдзі, паўплывалі на далейшыя лёсы ўсяго рэгіёну, і ня толькі на яго палітычную гісторыю, але і – і можа нават перадусім – на разьвіцьцё культуры.

Першая са згаданых падзеяў датычыць беспасярэдне тэрыторыі нашых зацікаўленьняў, а менавіта пазьнейшай Усходняй Галіччыны, якая ў той час мела назву Галіцка-Валынскага княства. Як вядома, пасьля сьмерці ў 1340 годзе Юр’я, апошняга галіцка-валынскага князя з дынастыі Рурыкавічаў (хоць ужо толькі фармальна), і пасьля працяглых войнаў, у якіх бралі ўдзел разам з русінамі таксама палякі, вугорцы, ліцьвіны і татары, Галіцкая Зямля апынілася пад польскім панаваньнем і ў прынцыпе знаходзілася ў польскай дзяржаве да першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе.

400 гадоў польскага панаваньня на тэрыторыі Галіцкай Русі, вядомай пазьней пад назвай рускага ваяводзтва, аказалі ўплыў як на структуру канфэсійных і нацыянальных дачыненьняў, так і на характар зьменаў у культурным разьвіцьці гэтага прасьцягу. Захоп Польшчай Галіцкай Русі ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя быў, тым ня менш, адно першым этапам вялікіх ператварэньняў у гэтай частцы Эўропы.

Чарговыя важныя падзеі – гэта унія Польшчы зь Літвой у Крэве ў 1385 годзе, пакліканьне на трон Польшчы вялікага князя літоўскага Ягайлы як мужа караліцы Ядвігі, і хрысьціянізацыя Літвы.

Праўда, хаўрус Польшчы зь Літвой не набыў такога характару, як тое прадугледжваў крэўскі акт, і Польшча і Літва яшчэ каля 200 гадоў захоўвалі далекасяжную адметнасьць, але факт, што яны заставаліся пад уладай адных і тых жа валадароў, што паходзілі з дынастыі Ягайлавічаў, спрычыніўся да ўсё больш магутных сувязяў паміж абедзьвюма дзяржавамі. Гэта датычыла як супольных акцый у галіне міжнароднай палітыкі, так і перайманьня Літвой польскіх узораў у абсягу палітычнай сыстэмы, грамадзкіх дачыненьняў і культуры. Гэтыя паступовыя інтэграцыйныя працэсы ў выніку прывялі да Люблінскай уніі 1569 году, якая ператварыла дагэтулешні дынастычны хаўрус паміж дзьвюма дзяржавамі ў рэальную унію, у супольную Рэч Паспалітую, дзе Карона і Вялікае Княства захоўвалі шэраг адметнасьцяў, але галоўныя органы ўлады, такія, як кароль і сойм, а таксама прынцыпы дзяржаўнага будаўніцтва меліся быць з таго часу супольнымі.

Не беручы пад увагу таго, што Польшча і Літва ў суме 400 гадоў знаходзіліся паміж сабой у хаўрусе – першыя 200 гадоў хутчэй уяўным, а наступныя 200 вельмі цесным – мы ня зможам належна ацаніць таго, што ў розных галінах жыцьця, у тым ліку і ў галіне культуры, адбывалася ў Рэчы Паспалітай, дзяржаве, у якую ўваходзіла Польшча, Летува, Беларусь і Ўкраіна.

Калі Літва ў 1385 годзе ўступала ў хаўрус з Польшчай, яна ў прынцыпе валодала ўсім у той час густа населеным прасьцягам Беларусі і Ўкраіны. Таму, кажучы аб хрысьціянізацыі Літвы, трэба памятаць, што справа тут тычылася хрысьціянізацыі летувіскага народу, а не насельнікаў усёй дзяржавы, паколькі апошнія ў сваёй бальшыні некалькі стагодзьдзяў ужо былі хрысьціянамі, толькі ў яго праваслаўнай вэрсіі.

Канчаткова сфармаваная актам Люблінскай уніі, польска-літоўская дзяржава ўяўляла сабой у тагачаснай Эўропе, падзеленай рэлігійна і культурна, асаблівы твор. У абсягу гэтай дзяржавы больш-менш у роўных прапорцыях апыніліся тэрыторыі, зьвязаныя з заходне– і ўсходнеэўрапейскім культурным узорам. Не было другой такой краіны ў Эўропе, дзе існаваў бы падобны стан рэчаў. Мяжа паміж заходне– і ўсходнеэўрапейскім культурным прасьцягам праходзіла цяпер ня ўздоўж дзяржаўных межаў, як гэта мела месца ў сярэднявеччы, а ў абсягу адзінай дзяржавы, заходняя частка якой традыцыйна мела культурную лучнасьць з лацінскай Эўропай (ужо з Х стагодзьдзя, а ў выпадку Летувы з XIV стагодзьдзя), а ўсходняя частка – зь бізантыйскай Эўропай, і таксама з Х стагодзьдзя. Гэта быў фактар, які бясспрэчна абцяжваў функцыяваньне дзяржавы і быў вытокам унутраных канфліктаў, але адначасна ён быў вельмі карысным для ўзаемнага культурнага збліжэньня падзеленай паводле гэтай адзнакі Эўропы. Узаемадзеяньне абедзьвюх культур тут было, безумоўна, больш лёгкім. На гэта ўплывала ня толькі дзяржаўнае адзінства, але і змяшэньне насельніцтва, зьвязанага з рознымі культурнымі ўзорамі. Пры гэтым варта памятаць, што ў Рэчы Паспалітай побач з двума асноўнымі культурнымі ўзорамі: заходнім – лацінскім і ўсходнім – бізантыйскім, існаваў шэраг меншых этнічных групаў з уласнай апрычонай культурай, не зьвязанай зь ніводнай са згаданых мадэляў. Побач зь невялікімі этнічнымі групамі – такімі, як татары, караімы, армяне – асаблівай увагі заслугоўваюць жыды. Яны складалі вельмі спаважны працэнт насельніцтва, найперш усходніх, рускіх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Жыдоўская культура – своеасаблівая, вынікаючая з апрычонай традыцыі – складала там надзвычай істотны кампанэнт гарадзкой культуры.

Падкрэсьлены мной факт каэкзыстэнцыі ў рамках адной дзяржавы насельніцтва з рознымі культурнымі традыцыямі, безумоўна, палягчаў узаемаўплывы, пагатоў што зь цягам часу пачаўся працэс зьмяшэньня насельніцтва розных нацыянальнасьцяў, рэлігій і культур. Гэта ізноў тычылася перадусім усходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Радзей заселеныя, яны прыцягвалі людзей са значна гусьцей населеных заходніх прасьцягаў. Але на міграцыю насельніцтва з захаду на ўсход аказвалі ўплыў і іншыя фактары. Для магнатаў і шляхты гэта была лёгчыня ў здабыцьці зямельных надзелаў, якіх там быў лішак у параўнаньні з заходняй часткай краіны. Для сялянаў усходнія землі былі жаданым месцам для пасяленьня на больш лагодных, больш спрыяльных, чымся на захадзе, умовах. Таксама перадусім на ўсход кіраваліся ўцёклыя сяляне, такія шматлікія ў пэрыяд, калі паншчынна-фальваркавая сыстэма ўсё болей вычэрпвала сябе. Шмат зь іх кіравалася таксама ў гарады і мястэчкі на ўсходзе, знаходзячы там больш спрыяльныя ўмовы жыцьця. У выніку мы назіраем усё больш разнастайную нацыянальную мазаіку на ўсходніх, рускіх тэрыторыях колішняй Рэчы Паспалітай. Пэўны ўплыў на яе характар аказвалі і палянізацыйныя працэсы з аднаго, і рутэнізацыйныя з другога боку. Агульная тэндэнцыя гэтых працэсаў добра вядомая. Палянізавалася перадусім руская і літоўская шляхта, а польскія сяляне, што асядалі на ўсходзе, у значнай ступені рутэнізаваліся.

Вынікам гэтага была спэцыфічная грамадзкая структура паасобных нацыянальных групаў. Тымчасам як пераважная бальшыня сельскага насельніцтва захоўвала свой першапачатковы, рускі характар – мала таго: колькасьць рускага сельскага насельніцтва нават расла, дзякуючы зрутэнізаваным польскім сялянам – то, наадварот, шляхта ставалася перадусім польскай, і ня толькі ў выніку наплыву шляхты з заходніх земляў, але і палянізацыі рускай і літоўскай шляхты. У гарадох сытуацыя была найбольш складанай. Тут, на ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай, найбольшую групу, як правіла, складала жыдоўскае насельніцтва. Гэта асабліва тычыцца малых мястэчак. Апрача гэтага, значныя групы ў гарадох складалі палякі і русіны (украінцы і беларусы), у розных, зрэшты, прапорцыях. Таму, калі мы закранём месца народнай культуры, то варта памятаць аб тых нацыянальных адрозьненьнях, якія былі ўласьцівыя для гораду і вёскі, паколькі яны аказвалі ўплыў на характар культуры абодвух гэтых асяродзьдзяў. Варта таксама памятаць, што важным кампанэнтам культуры ўсходніх тэрыторыяў колішняй Рэчы Паспалітай была і шляхецкая культура; безь яе ўліку мы поўніцай не зразумеем культурных працэсаў, якія адбываліся на гэтых прасьцягах.

Нацыянальнасьць адрозьнівала насельніцтва, якое жыхарыла на ўсходніх прасьцягах Рэчы Паспалітай, але я мяркую, што прынамсі пачынаючы з XIV стагодзьдзя ў яшчэ большай ступені адрозную ролю выконвала рэлігія. На бальшыні рускіх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай ня толькі падчас яе існаваньня, але і пасьля яе падзелаў нацыянальнасьць ідэнтыфікавалі з рэлігіяй. Рыма-каталік – гэта паляк, праваслаўны або грэка-каталік – гэта ўкраінец або беларус. Зрэшты, гэты стэрэатып функцыянуе да сёньняшняга дня.

Дыхатамічны падзел на каталікоў і праваслаўных быў на тэрыторыях Рэчы Паспалітай парушаны напрыканцы XVI стагодзьдзя ў выніку берасьцейскай уніі. Ацэнкі уніі і яе значэньня для ўкраінскай або беларускай нацыі зьмешчаны ў багатай літататуры, а выдадзеныя сёлета матэрыялы сэсіі, якая адбылася ў мінулым годзе ў Ягелонскім унівэрсытэце[114]114
  S.P.Hintington, Wojna cywilizacji? «Res Publica Nowa», 1994, № 2, s. 72 (першапублікацыя ў «Foreign Affairs», Summer, 1993).


[Закрыть]
, яшчэ больш узбагацілі нашую веду ў гэтым абсягу. Гэта звальняе мяне ад больш дэталёвага разгляду гэтай праблемы. Я хацеў бы толькі зазначыць, што калі мы цікавімся пытаньнем узаемапранікненьня культураў, то унія тут мела вельмі істотнае значэньне. Але дагэтуль недаацэнена значэньне уніі для нацыяўтваральных працэсаў. Некалькі стагодзьдзяў існаваньня шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што выразьлівы ў сярэднявеччы падзел на Польшчу – зьвязаную з заходнім культурным узорам, і Русь – якая прэзэнтуе ўсходні ўзор, у вялікай ступені страціў сваю вастрыню. У выніку ўзаемнага пранікненьня культур на прасьцягу адной дзяржавы адбылося збліжэньне, якое сьцірала выразьлівыя ўперад падзелы. Не падлягае сумлеву, што як і ў маштабе ўсёй Эўропы, так і ў выпадку нацыяў, што жылі ў Рэчы Паспалітай, уплыў заходняга культурнага ўзору быў больш магутны і спрычыніўся да выразьлівага набліжэньня рускіх земляў Рэчы Паспалітай да Захаду.

Такую ж ролю Польшча адыгрывала і ў дачыненьні да разьмешчанай далей на Усходзе Расіі. Перш як яна ў часы Пятра I навязала беспасярэдні кантакт з Заходняй Эўропай і наўпрост з такіх краінаў, як Прусія, Францыя, Англія або Галяндыя, пачала сіляць узоры культурных ператварэньняў, раней, у XVII стагодзьдзі, гэтую ролю адыгрывала Рэч Паспалітая. З аднаго боку, польская мова, польскія літаратурныя і культурныя здабыткі (якія, зрэшты, часта былі перакладамі на польскую мову заходняй літаратуры), адзеньне і польскія ўзвычаеньні былі распаўсюджаныя ў Расіі ў другой палове XVII стагодзьдзя, асабліва ў часы кіраваньня Сафіі і яе фаварыта Галіцына; з другога боку, культурныя ўзоры, выпрацаваныя ў кіеўскай Магілянскай Акадэміі, рэлігійныя канцэпцыі духавенства з Украіны і Беларусі ўплывалі на рэлігійныя, звычаёвыя і культурныя ператварэньні тагачаснай Расіі. Палітычны, эканамічны і культурны крызыс, які закране землі Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII і ў першай палавіне XVIII стагодзьдзя, прывядзе да таго, што зварот да польскіх або заходнярускіх узораў страціць значэньне, а Расія навяжа кантакты з Захадам ужо без пасярэдніцтва Рэчы Паспалітай.

Гаворачы аб падзелах Эўропы, аб вялікіх і старадаўных рэгіёнах, якія разрозьніваюць наш кантынэнт, мы найчасьцей здавальняемся разгледжаным намі культурным падзелам на заходнюю і ўсходнюю, лацінскую і бізантыйскую Эўропу.

Гісторыкі, і ўпаасобку гісторыкі грамадзка-эканамічных дачыненьняў, выдатна ведаюць яшчэ і аб іншым падзеле Эўропы, які ўзьнік на рубяжы сярэднявечча і навейшых часоў і існуе ў прынцыпе дагэтуль, у дадатак узмоцнены яшчэ і палітычным ды эканамічным падзелам Эўропы з 1917 і 1945 году. Я маю на ўвазе падзел уздоўж ракі Лабы на заходнюю Эўропу – якая з XVI стагодзьдзя эвалюцыянуе ў бок капіталістычнай эканомікі, з імкліва разьвіванымі гарадамі, гандлем, рамёствамі і прамысловасьцю, з чыншавай гаспадаркай на сяле, а таксама на ўсходнюю Эўропу – якая перажывае г.зв. другаснае аднаўленьне прыгону, зь перавагай гаспадаркі, у аснову якой былі пакладзеныя паншчына і фальваркавая залежнасьць, са слабым разьвіцьцём прамысловасьці і гандлю, з паволі ўзьнікаючым унутраным рынкам. Гэтыя адрозьненьні эканамічных мадэляў усходняй і заходняй Эўропы і прывялі да глыбокай адметнасьці грамадзкай структуры ў абедзьвюх частках Эўропы. Тымчасам калі ў Заходняй Эўропе хутка расла заможнасьць, а дзякуючы гэтаму і палітычнае ды культурнае значэньне буржуазіі, на ўсходзе Эўропы ўлучна да ХХ стагодзьдзя дамінуючую ролю адыгрывалі вялікія земляўласьнікі. Іншым быў і лёс у абодвух рэгіёнах найбольш шматлікага да ХХ стагодзьдзя грамадзкага слою, якім зьяўлялася сялянства.

Рэч Паспалітая ў цэлым была разьмешчана ў так зразуметай усходняй Эўропе побач з такімі дзяржавамі, як Прусія, габсбурская манархія і расійская імпэрыя. Мала таго, можна сьмела сказаць, што Рэч Паспалітая прэзэнтавала нават ідэальны ўзор гэткай тэндэнцыі разьвіцьця. Якраз тут найраней пачала разьвівацца заснаваная на прыгоне фальваркавая гаспадарка, якая дастаўляла вялікую колькасьць прадуктаў на заходнеэўрапейскія рынкі і дзякуючы гэтаму забясьпечвала ўзрост багацьця магнатаў і польскай шляхты, прынамсі так доўга, як доўга існавала выгадная для сельскагаспадарчай вытворчасьці кан’юнктура, г.зн. да сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Я мяркую, што паміж спэцыфічным рэспубліканскім ладам Рэчы Паспалітай, з дамінуючай роляй шляхты, абмежаванай манаршай уладай і заможнасьцю гэтага слою існавала беспасярэдняя сувязь.

Таму калі мы гаворым аб Эўропе і яе падзелах, аб месцы паасобных краін у гэтай Эўропе, мы павінны памятаць аб абодвух вялікіх гістарычных падзелах – і тым, які сфармаваўся ў раньнім сярэднявеччы ў выніку рэлігійнага падзелу, і тым, які пачаў функцыянаваць, пачынаючы з рубяжа сярэднявечча і навейшых часоў і сутнасьцю якога былі розныя шляхі эканамічнага і грамадзкага разьвіцьця.

Заняпад Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагодзьдзя прывёў да таго, што лёс паасобных земляў былой Рэчы Паспалітай склаўся па-рознаму. Гэта мела вялікі ўплыў як на далейшае разьвіцьцё грамадзка-гаспадарчых дачыненьняў, так і на разьвіцьцё культуры – у залежнасьці ад палітычнай кан’юнктуры дадзенай тэрыторыі. Ніводная з нацыяў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, не атрымала дзякуючы падзелам незалежнасьці, а дзьве найвялікшыя, г.зн. польская і ўкраінская, былі падзеленыя паміж некалькімі дзяржаўнымі арганізмамі.

Для разьвіцьця народаў, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, наступілі, прынамсі, ня лепшыя часы. Заняпад царскай імпэрыі ў 1917 годзе, распад габсбурскай манархіі і параза Нямеччыны ў 1918 годзе прынесьлі двум народам былой Рэчы Паспалітай свабоду амаль на 20 гадоў. Я маю на ўвазе Летуву і Польшчу. Украіна і Беларусь і надалей заставаліся несамастойнымі, перажываючы чужую дамінацыю. Пасьля ІІ сусьветнай вайны таксама не адбылося свабоднага разьвіцьця гэтага рэгіёну Эўропы. Толькі падзеі апошніх пяцёх гадоў і атрыманьне ўсімі чатырма народамі былой Рэчы Паспалітай незалежнасьці могуць, здаецца, стварыць новыя, лепшыя ўмовы для самастойнага культурнага разьвіцьця гэтых краін. Гэтага шанцу пасьля столькіх стагодзьдзяў надзвычай цяжкага досьведу нельга змарнаваць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю