355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 7)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 31 страниц)

Віктар Варашыльскі*
На малой радзіме Сакрата Яновіча

«Такога нападу на шаўцоў – у гісторыі Крынак – яшчэ не бывала! Таго дня паліцыя вывезла ў Саколку адзін грузавік, нагружаны скурамі, а таксама ботамі – гатовымі і негатовымі, а другі – шаўцамі. Каля сарака дзецюкоў. Гэта была ўдалая акцыя па ліквідацыі буржуазнай уласнасьці».

Так пачыналася кароткае апавяданьне пад назвай «Як Крынкі Саколку абулі», апублікаванае ў 73 нумары «Gromady Rolnika Polskiego», які выйшаў 18 чэрвеня 1972 г. Аўтарам быў тады трыццацішасьцігадовы Сакрат Яновіч, які жыў у Беластоку і пісаў па-беларуску, а яго перакладнікам – Ежы Літвінюк.

Мяне захапіў тэкст невядомага яшчэ шырэй пісьменьніка, створаны, безумоўна, не без уплыву бабелеўскай інсьпірацыі (аб узьдзеяньні гэтай добрай школы сучаснай прозы Яновіч, зрэшты, адкрыта казаў), насычаны рэаліямі ўласнай зямлі (уласнага кутка Эўропы, сваёй далейшай і бліжэйшай гісторыяй, сваімі мітрэнгамі, расчараваньнямі і цьвёрдымі законамі), і, апрача таго, спэцыфічнай іроніяй і адначасна лірызмам, што схіліла Літвінюка назваць Яновіча – можа парадаксальна, але не без падставаў – «вясковым паэтам».

Гэтае вызначэньне ўвайшло ў перадмову да першага польскага зборніку апавяданьняў «паэта» (двукосьсе азначае толькі тое, што гэта пазычанае слова, а не дыстанцыяваньне ад яго) пад назвай «Wielkie miasto Białystok» (Iskry, 1973). Заўважым, што і ў гэтай назьве, якая некалі была прызначана і для асобнай, даўжэйшай навэлі (у зборніку «Trzecia pora», KAW, 1983), закладзены і наіўны парыў дзецюка з правінцыі да вялікага сьвету, і кпіны, і своеасаблівы цывілізацыйны досьвед месца і часу.

У гэты пэрыяд і я, усьлед за Літвінюком, з прыемнасьцю шукаў у польскай літаратуры эквівалентаў для маляўнічага стылю Яновіча; я таксама займаўся перакладамі – разам з Гушчам, Рэдліньскім і іншымі – апавяданьняў, што ўвайшлі ў зборнік «Wielkie miasto Białystok». Дарэчы, цэнзура здагадалася тым часам, што аўтар гэты заслугуе і на пільнейшую ўвагу; у выніку да чытача памянёнай кнігі ўжо не дайшоў ні наэлектрызаваны пачатак абразка «Як Крынкі Саколку абулі», ні яго беспамылковы, бы цьвік, адным ударам малатка ўбіты ў падэшву, лейтматыў:

«Дзеялася гэта ўвесну сорак сёмага году. А ўвосень шаўцы пазнавалі свае боты на нагах тых, хто прыехаў зь лесу і рабаваў крамы. Бесцырымонна. У чацьвер, гандлёвы дзень».

Мінуліся гады, і сын шаўца з Крынак стаў сёньня постацьцю, вядомай у непараўнальна больш значным маштабе, чымся «вялікі горад», у які ён прыбыў у маладосьці, у агульнапольскім, і адначасна ў агульнабеларускім (яго выдаюць і зь ім лічацца ў Менску), і ўрэшце – дзякуючы перакладам на іншыя мовы, перадусім на ангельскую – у вачах прынамсі тых асяродзьдзяў на Захадзе, якія цікавяцца культурай памежных рэгіёнаў Усходняй Эўропы.

Але ён вядомы ня толькі і не абавязкова як пісьменьнік – бо хаця пазьней зьяўляліся і новыя апавяданьні Яновіча (гэта, мабыць, жанр, дзе ён чуецца найбольш пэўна), і раманы, і сцэнічныя творы, усё большы розгалас ішоў аб дзеячу, ініцыятару арганізацыяў і рухаў, нават аб палітыку, які ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, а гэтыя заангажаваньні спрыялі пяру не мастака, а публіцыста. Ня варта зьдзіўляцца: хіба ж мы ня ведаем з польскай літаратуры мадэлі творцы – яго апякае сам вялікі зямляк з Наваградку, – які галоўным сваім абавязкам лічыць напісаньне Кніг Нацыі, а таксама далучэньне да тайных і яўных таварыстваў, якія змагаюцца за шляхотныя мэты? Зьяўленьне гэтай мадэлі ў беларусаў, нацыі, стагодзьдзямі пазбытай самастойнага існаваньня, аточанай чатырма нацыямі, якія прыдушваюць сваёй магутнасьцю, калі не дзяржаўнай і вайсковай, то культурнай: Расіяй, Польшчай, Украінай і Летувой (якая нават пазбавіла іх імя, таму што гэта яны чуюцца гістарычнай Літвой), зьяўленьне ўва ўцягнутай у такія кляшчы нацыі падобнай мадэлі творцы падаецца натуральным, прычым, мусіць, якраз польскі ўзор адыграў тут ролю. Тады гэтая мадэль увасобілася ў постаць Сакрата Яновіча, найбольш таленавітага (і непакорнага) пісьменьніка беларускай меншыні ў Польшчы, які фантазіяй і гнуткасьцю роднай мовы не саступае ейным творцам, што жывуць на ўсход ад Буга і Нёмана. Нічога не прымяншаючы ў выбітнасьці гэтай мадэлі, трэба заўважыць, што ён, мабыць, меў меншыя клопаты, абраўшы за мэдыюм жыхара Беластока, чымся больш жорстка ўцісканых і кантраляваных пабрацімаў з савецкай Беларусі...

У гэтай сытуацыі часам маглі бязь лішніх засьцярогаў гучаць раздражняльныя фармулёўкі ў асыміляцыі, бо ў публіцыстыцы Яновіча, якая апэлюе да палякаў, напрыклад, у без малога двухсотстаронкавай кнізе «Białoruś, Białoruś» (Iskry, 1987), навідавоку прэтэнзіі якраз да Польшчы, да гістарычных зьдзяйсьненьняў, часам занадта аддаленых у мінуўшчыну, як да рэгіянальнай бюракратыі, так і да грамадзтва, настроі ў якім прывялі да таго, што перамяшчэньне сялянскіх сыноў і дачок у мэтраполію, якая інтэнсіўна разьвівалася і засмоктвала вёску, адначасна азначала адрыў ад беларускіх каранёў, разьвітаньне з нацыянальнай тоеснасьцю, «спольшчаньне» генэрацыі равесьнікаў аўтара. Нешта, аднак, адбывалася насамрэч – і зычліваму чытачу даводзілася аддзяляць прысутнае ў гэтых тэкстах палемічнае перабольшаньне, няспраўджаныя домыслы, бязадрасныя абвінавачаньні ад праніклівага назіраньня аўтэнтычных працэсаў і вартай асэнсаваньня праблемы сужыцьця з этнічнай меншынёй (якая ў некаторых раёнах Беласточчыны пераходзіць у бальшыню) такім чынам, які б ня толькі ня ўкрыўджваў яе, але і не расьпешчваў з забойчым для яе адметнасьці вынікам. У гэтыя гады знайшліся і польскія аўтары – на чале з Багданам Скарадзіньскім (Казімежам Падляскім пэрыяду самвыдату) – якія заняліся гэтай праблематыкай належным і кампэтэнтным чынам.

Катэгарычнае меркаваньне, ці ня шкодзіць таленту Яновіча такое падвоенае функцыяваньне, ці не павінен ён засяродзіцца хутчэй на сваіх чыста літаратурных магчымасьцях і не распыляцца на ўвогуле малаэфэктыўную грамадзкую дзейнасць, ня мае вялікага сэнсу, ня толькі таму, што ніколі не вядома, што акажацца плённым у будучыні, але і таму, што мы таксама ня можам знаць, ці змог бы гэты пісьменьнік наагул творча існаваць інакш, як у гэтым раздваеньні, ці ягоная душа мастака не дамагалася б суіснаваньня і, можа быць, бесьперапыннага сутыкненьня, нутраной спрэчкі з гэтай другой душой – народнага трыбуна.

У кожным разе так выглядае дагэтулешняя гісторыя прысутнасьці сярод нас гэтага арыгінальнага аўтара – і варта, мабыць, мець яе ў памяці, калі мы бярэм у рукі яго сьвежавыдадзеныя кнігі.

На рубяжы мінулага і гэтага году (артыкул быў напісаны ў 1994 г. – Зацем перакладніка.) у Беластоку былі апублікаваныя адначасна тры кнігі: адна беларуская – «Доўгая сьмерць Крынак» – і дзьве польскія «Terra incognita: Białoruś» ды «Dolina pełna losu». Яны працягваюць кірункі творчасьці Яновіча. «Доўгая сьмерць Крынак» – гэта зборнік настальгічных апавяданьняў, стрыжнем якіх ёсьць і імклівае назіраньне ўзвычаеньняў, і лірычнае занурэньне ў сябе, і ўспаміны, і рэфлексія аб чалавечай долі, аб складаных пэрыпэтыях узаемадачыненьняў паміж людзьмі, якія часта залежаць не ад іх саміх, а ад іншых сілаў, што кіруюць імі і шкумацяць іх. Усё гэта аб’яднана пругкай структурай сьціслай, набрынялай сокамі жыцьця думкі, сэрыі думак, што стварае выразьлівы рысунак «малой прозы» – такой жа самай, які і напачатку шляху – а чаму павінна быць іншая, калі ўжо тады ён адкрыў яе для сябе і выгодна асвойтаўся ў ёй? Адзінай заганай кароткіх апавяданьняў можа быць адно тое, што іх не стае на кнігу; таму да дваццаць шасьцёх, створаных, безумоўна, цягам шэрагу гадоў, аўтар далучыў адначасна, можа быць, зь імі напісаную (пад ёй фігуруе дата: 1977–1993) даўжэйшую аповесьць пад назвай «Сьцяна». Гэта таксама добрасумленная проза, але перад яе прафэсійнасьцю я аддаю перавагу зыркаму зіхценьню кароткіх апавяданьняў, якое на імгненьне асьвятляе знаёмыя, і кожны раз як бы ўбачаныя нанава краявіды.

«Terra incognita: Białoruś» – гэта чатыры гутаркі ці эсэ на польскай мове і пятае па-беларуску. Яны працягваюць і мэтады, і стыль вышэйпамянёнай кнігі «Białoruś, Białoruś» – разам зь яе палемічнай завостранасьцю, напружаньнем і палкай прагай сказаць сьвету (і перадусім Польшчы) праўду аб гэтым народзе, што перажыў красаваньне ў мінуўшчыне, быў так укрыўджаны гісторыяй, палітыкай, цывілізацыяй і так цяжка выкараскваецца на незалежнасьць, на культуру, на ўласную мову. Тут ёсьць і наноў сфармуляваныя аргумэнты за «беларускую справу», і ў чарговы раз паўтораныя старыя, таксама трапляюцца, як і раней, ня вельмі пераканальныя патрабаваньні вярнуць забранае. Новы – і дзякуючы ня спробам расчуліць, а выпрацаваны ў выніку глыбокіх разважаньняў – тон чуваць у чацьвертым з гэтых эсэ пад назвай «Мая малая бацькаўшчына». Гэтая малая бацькаўшчына аўтара, як вядома, Крынкі, і таму ня дзівіць дэклярацыя: «Ня палюбіўшы родных Крынак – не палюбіш і Польшчы». Але далейшую рэфлексію аб малой і вялікай радзіме ўскладняе трыяда нетыповых выкладак: «беларус – праваслаўны – плебей (або яшчэ горай – хлоп!)». Ад назіраньня на ўласным (але ня толькі) прыкладзе драматызму гэтай сытуацыі аўтар прыходзіць да жыцьцесьцьвярджальнай канстатацыі: «Мая малая радзіма – гэта адначасова сяліба той часткі майго народу і веравызнаньня, якая ўваходзіць у склад польскага грамадзтва і ўяўляе сабой галіну, што зраслася зь ім. Нешта накшталт аднаго камля яблыні, якая родзіць розныя плады...» І яшчэ пару важных урыўкаў – нашмат, рэч ясная, бяднейшых за сукупнасьць усіх разважаньняў Сакрата Яновіча на тэму ягонай малой радзімы (у іх ёсьць згадкі і пра покліч дэ Голя аб Эўропе радзім, і пра эўрарэгіёны, і пра пэрспэктывы капіталістычнай нармалізацыі ў Польшчы), цяжка, немагчыма іх выкласьці дэталёва – і таму прывядзем прынамсі гэткую цытату: «Мая малая радзіма ня ёсьць абавязковай умовай існаваньня Польшчы. Гэта Польшча неабходная для яе, каб не дапусьціць зарастаньня пушчай». І далей: «Мая малая радзіма мусіць хацець ёй быць, а вялікая – хацець яе мець». І ўрэшце, пад самы канец цьвярозая перасьцярога, што датычыць, як ёсьць, Крынак і зьвязаных зь імі пытаньняў, як канкрэтных, так і, важуся памеркаваць, абагульненых: «Мая малая радзіма – гэта ідэалёгія ўласнай працы і грошай. Умовы для яе адраджэньня ня будуць доўжыцца вечна». Калі іх ня выкарыстаць цяпер – «пра малую радзіму не застанецца нават і згадкі».

У трэцяй кнізе – «Dolinie pełnej losu» – абедзьве галоўныя лініі творчасьці Яновіча, акрэсьлім іх троху інакш, чымся дагэтуль, а менавіта: першую – як насьвятленьне драбніцаў сьвету імклівым здогадам і паэтычным словам, а другую – як парадкаваньне загубленага ў сьвеце пачуцьця супольнасьці шляхам дасьледаваньня яго гісторыі і пэрспэктываў, якое не абмяжоўваецца толькі слоўнай інтэрвэнцыяй у яго бытаваньне, дык вось, у «Dolinie pełnej losu» абедзьве гэтыя лініі зыходзяцца і пераплятаюцца. Да якога менавіта жанру належыць гэтая кніга – вызначыць даволі цяжка, як і досыць часта ў выпадку літаратурных гібрыдаў, якія выходзяць з-пад паслушэнства літаратурных дырэктываў якога-небудзь аднаго жанру, кіруючыся вышэйшым правам аўтарскай вернасьці сабе, сваім дазнаньням, роздумам, прыхамацям, свабодзе іх выяўленьня і спалучэньня ня толькі адвольным, але адважным і не патрабуючым у прынцыпе тлумачэньня чынам. Разьвітая аўтабіяграфія? Эсэ? Сацыялягічны запіс з элемэнтамі псыхааналітычнай інтраспэкцыі? (Апошняе прагучала надзвычай навукова, хаця ў «Dolinie pełnej losu» можна ўгледзець і гэткі зьмест, што, аднак, не адбіваецца ні ў якім разе ні на стылі, ні на прыродзе літаратурнай нарацыі.) У гэтай невялікай кнізе (134 старонак друку) сустракаюцца амаль усе фабулярныя рэаліі і звароты, вядомыя з дагэтулешняй творчасьці Яновіча (ад шаўцоў з Крынак і заваёвы «вялікага гораду Беластоку» паўзь юначыя эратычныя прыгоды да заблытанай праблематыкі рэвалюцыйных ці не рэвалюцыйных мэтамарфозаў ягонай «малой радзімы», намэнклятурных кар’ер, змаганьня за нацыянальную ідэнтычнасьць, супраць выкараненьня і духовай пустэчы), узьнікае спакуса трактаваць яе як выніковы твор гэтага аўтара, але адначасна адчуваецца пэўны супраціў – бо, мабыць, зарана, ужо не на паўдарозе, але, тым ня менш, яшчэ далёка да яе канца – і таму ў гэтым можна ўбачыць прымерваньне да выніковага твору, глыбокае, паглядна напісанае, багатае, але ў якім няма адмаўленьня таго, што пасьля яго ня ўзьнікне нешта яшчэ глыбейшае, багацейшае, што і яго выкарыстае, як яно выкарыстоўвала столькі ранейшых запісаў (якія адначасна былі скончанымі, замкнёнымі, самадастатковымі тэкстамі).

«Dolina pełna losu» была напісана, як я мяркую, па-польску, бо я ня бачыў адзнакаў таго, што яна была перакладзена, а ў ёй ёсьць такія шакуючыя рашэньні, як дыялёгі, дзе адзін удзельнік (вясковы разумнік і «прагматык») гаворыць па-беларуску, а другі (інструктар партыі, камандзір акоўскага партызанскага аддзелу) – па-польску. Гэткі захад абгрунтаваны і прадстаўленай сытуацыяй, і стварэньнем гумарыстычнага эфэкту, які распружвае яе. Але хіба «малой радзімай» пісьменьніка ня ёсьць зямля, дзе гэткі дыялёг, не заўсёды сьмешны, адбываецца непазьбежна? Ажыцьцяўляе і ён яго сам з сабой – на абедзьвюх мовах.

* Віктар Варашыльскі – польскі пісьменьнік, культурны дзеяч, перакладнік. Ужо ў 1965 годзе атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію «Nagroda im. Kościelskich».

У апошнія гады свайго жыцьця цесна супрацоўнічаў з варшаўскім часопісам «Więź», друкуючы ў ім «Zapiskі z kwartalnym opóźnieniem», своеасаблівую творчую аўтабіяграфію, у якую ўвайшлі думкі і падзеі, а таксама хроніка палітычнага і культурнага жыцьця Польшчы пэрыяду ваеннага становішча, змрочных восемдзясятых гадоў і першых гадоў пасьля распаду сацыялістычнай сыстэмы.

Яго апошнія кнігі – «W dżungli wolności», «Podmuch malowanego wiatru» (Wydawnictwo «Redakcja BIBLIOTEKI WIĘZI»), «Pozwólcie nam się cieszyć». Як перакладнік, у сярэдзіне 90-х падрыхтаваў да друку кнігі паэзіі Восіпа Мандэльштама на польскай мове («Poezje», Osip Mandelsztam, Państwowy Instytut Wydawniczy, 1997), а таксама Генадзя Айгі (Gennadij Ajgi: Tutaj. Eseje i wiersze. Wybór, przekład i posłowie Wiktor Woroszylski. Sejny: Fundacja «Pogranicze», 1995). За гэтае выданьне Варашыльскі атрымаў прэмію за 1995 год часопісу «Literaturа na świecie» ў намінацыі «паэтычны пераклад». У 1995 годзе ўклаў том паэзіі Ўладзіслава Бранеўскага (Władysław Broniewski. Wybór opracowań i szkicem o Poecie poprzedził Wiktor Woroszylski).

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

Ян Драўноўскі*
Улада й апазыцыя
Спроба інтэрпрэтацыі палітычнай гісторыі пасьляваеннай Польшчы
(Дыскусійны артыкул)

Студэнтам «Лётаючага ўнівэрсытэту» прысьвячаю

УСТУП

Дагэтуль няма належна апрацаванай гісторыі пасьляваеннай Польшчы. Шмат фактаў мы яшчэ і цяпер ня ведаем. Для пацьвярджэньня іншых не стае ймаверных крыніц. Да вялікай часткі існых матэрыялаў з розных прычын дасюль няма доступу. Шмат страчанага ўжо нельга вярнуць, бо матэрыялы гінуць або мэтаскіравана зьнішчаюцца. Гісторыкаў чакае вельмі цяжкая задача, якая з кожным годам стаецца ўсё цяжэйшай.

Існуе, аднак, і іншы бок гэтай праблемы. Гісторыя – гэта ня толькі назапашваньне фактаў, але і іх інтэрпрэтацыя. Паколькі гісторыя не была напісана, няма таксама і ейнай інтэрпрэтацыі. Агульнавядомыя факты часам разумеюць па-рознаму, вельмі часта скажона, а іх значэньне нярэдка нават мэтанакіравана прымяншаецца або фальшуецца. Памылковая інтэрпрэтацыя, якая некрытычна паўтараецца даўжэйшы час, прыціраецца да фактаў і з часам можа стаць «бясспрэчнай» ацэнкай асобных падзеяў, а пасьля і цэлых гістарычных эпохаў. Я мяркую, што гэткая небясьпека існуе вельмі выразна, калі гаворка йдзе аб гісторыі пасьляваеннай Польшчы.

Любая інтэрпрэтацыя гістарычных фактаў зьяўляецца дыскусійнай. Але каб гэтая дыскусія была магчымай, трэба сфармуляваць нейкую інтэрпрэтацыю і пакончыць зь недагаворваньнем. Толькі тады мы зможам зрабіць высновы для нашай палітыкі на будучыню.

Гэта якраз тая задача, якую я стаўляю сабе ў гэтым нарысе. Я хачу недвузначна сфармуляваць інтэрпрэтацыю тых некалькіх этапаў разьвіцьця, празь якія праходзіла пасьляваенная Польшча, і крызысаў, зьвязаных зь пераходам ад аднаго этапу да наступнага. У прыватнасьці, я пастараюся выявіць памылковасьць некаторых «агульнапрынятых» паглядаў, а калі пагляды не супадаюць, то паўтару тыя зь іх, якія мне падаюцца слушнымі.

Я ўсьведамляю, што мая інтэрпрэтацыя можа выклікаць розныя думкі. Але ў такім выпадку яна таксама можа даць пачатак дыскусіі, якая заўсёды бывае карыснай.


1. Сытуацыя ў Польшчы пасьля вайны: студзень–чэрвень 1945

Канец вайны засьпеў краіну ў роспачнай сытуацыі. Яе можна сьцісла вызначыць у некалькіх пунктах:

(1) Страты ў людзях. Ня толькі крывавыя страты палеглымі й забітымі, але й страты, выкліканыя адсутнасьцю ваеннапалонных, выселеных і ўцёклых, якія не вярнуліся ў краіну. Страты ўсіх гэтых катэгорый закранулі перадусім малодшае пакаленьне, інтэлігенцыю і мужчын. Найбольш пацярпела сталіца краіны Варшава. Нацыя была пазбаўлена значнай часткі свайго найбольш актыўнага элемэнту. (2) Псыхічная высіленасьць доўгатрывалай акупацыяй і жудасьцямі, якія яе суправаджалі. (3) Шок ад панесенай паразы. Пачуцьцё, што апрача беспрэцэдэнтных ахвяраў Польшча страціла незалежнасьць. (4) Скрайняе згаленьне насельніцтва. У стане скрайняй галечы апынілася насельніцтва Варшавы і высяленцы зь Нямеччыны й Савецкага Саюзу. Жыхары гарадоў былі ў горшай сытуацыі, чымся жыхары вёскі, а інтэлігенцыя ў горшай, чымся прамысловыя работнікі. (5) Адсутнасьць палітычнага кіраўніцтва[4]4
  Гл. Stefan Korboński: Polskie Państwo Podziemne, Instytut Literacki, Paryż, 1975. Разьдзел XXVI : «Апошнія месяцы Польскай Падпольнай дзяржавы».


[Закрыть]
. Функцыянуючы на працягу ўсёй акупацыі кіраўнічы асяродак перастаў існаваць разам з паразай варшаўскага паўстаньня. 19 студзеня 1945 году была распушчана АК. Адноўленае палітычнае кіраўніцтва было зноў абезгалоўлена арыштам «шаснаццаці». Намаганьні аднавіць кіраўніцтва Падпольнай Польшчы, зьдзейсьненыя з рашучасьцю й ахвярнасьцю, не маглі ўжо кампэнсаваць панесеныя страты. Праз пэўны час гэтыя спробы былі, зрэшты, спыненыя. Прадстаўніцтва лёнданскага ўраду было згорнутае 1 ліпеня 1945 году. Польскае грамадзтва, зьнясіленае, самотнае й безабароннае перад тэрорам савецкага НКВД і «польскай» UB*, пакладалася толькі на ўласны інстынкт.

Магло здавацца, што ў гэтых умовах аніякая апазыцыя навязанаму рэжыму не магчымая, што пасьля непазьбежнага зьліквідаваньня яшчэ дзейных лясных аддзелаў у Польшчы заваладарыць савецкі парадак. На гэта, безумоўна, разьлічвалі саветы й Польская рабочая партыя. Адбылося, аднак, інакш. Першы разьдзел гісторыі польскай апазыцыі савецкаму рэжыму быў адкрыты якраз тады.


2. Палітычныя альтэрнатывы

Пасьля заканчэньня вайны, ува ўмовах, створаных Ялцінскай дамовай, польская палітыка мела перад сабой у якасьці выбару тры шляхі:

(1) Узброены супраціў саветам і іх упаўнаважаным. (2) Пасіўная бязьдзейнасьць і чаканьне трэцяй сусьветнай вайны, якая б прынесла Польшчы вызваленьне звонку. (3) Арганізацыя палітычнай апазыцыі навязанаму Польшчы ладу.

Выбар паміж гэтымі трыма шляхамі мусіў, безумоўна, залежаць ад прынятай ацэнкі актуальнай сытуацыі і пэрспэктываў на будучыню.

Нягледзячы на тое, што аналіз гэтых канцэпцый трыццацігадовай даўніны не паверне хады падзяў назад, варта яго зьдзейсьніць, бо праўдзівы позірк на мінуўшчыну дазволіць нам лепей зразумець пытаньні, перад якімі мы стаім цяпер.

Выбар першай канцэпцыі азначаў скіроўваньне АК супраць Савецкага Саюзу і яго калябарантаў «люблінскіх» палякаў або стварэньне з гэтай мэтай новай новай арганізацыі, якая б пераняла традыцыю АК і пачала ўзброеную барацьбу з новым акупантам[5]5
  Падрыхтоўка да такой акцыі была, як вядома, распачата стварэньнем арганізацыі «NIE», а пазьней «WIN» (Stefan Korboński, op. cit., разьдзел XXVII, Эпілёг). «WIN»’у у былі падпарадкаваныя яшчэ існыя лясныя аддзелы, але шырокай дзейнасьці так і не ўдалося разгарнуць. «WIN» быў зьнішчаны UB напрыканцы 1945 году.


[Закрыть]
. Ён таксама азначаў заклік грамадзтва да татальнага байкоту новай «рэчаіснасьці» і, такім чынам, да заняцьця да саветаў такой пазыцыі, якую яно займала да Нямеччыны ў гады акупацыі.

Аднак існавалі вельмі спаважныя аргумэнты супраць такой палітыкі. Польскае грамадзтва пасьля гадоў акупацыі было надзвычай высілена і маральна, і фізычна. Яно чакала канца вайны як канца сваіх пакутаў. Заклік да далейшай барацьбы пры адначаснай немагчымасьці сказаць, як доўга яна будзе весьціся, быў бы злоўжываньнем маральных сілаў грамадзтва й мог бы пагражаць маральным надломам.

Узброеная барацьба пацягнула б за сабой далейшыя страты на полі бітвы і, безумоўна, таксама арышты й дэпартацыі. Пасьля стратаў, панесеных падчас акупацыі, гэта пагражала проста фізычнай ліквідацыяй усіх актыўных сілаў нацыі.

Нельга таксама было разьлічваць на якую-колечы падтрымку дагэтулешніх хаўрусьнікаў. Узброены супраціў саветам ня толькі не атрымаў бы прызнаньня ў ангельцаў і амэрыканцаў, але й немінуча сутыкнуўся бы з супрацьдзеяньнем і рэпрэсіямі як скіраваны супраць патэнцыйнага саюзьніка ў вайне зь Японіяй.

На практыцы палітыку ўзброенага супраціву пэўны час рэалізоўвалі «лясныя аддзелы». Аднак яны ня мелі падтрымкі звонку, і іхная барацьба лічылася безнадзейнай бальшынёй грамадзтва ў Польшчы. Пры гэткіх умовах узброенаму супраціву давялося згаснуць.

Гэта ўсё выдатна ўсьведамлялі як у Польшчы, так і ў польскіх асяродках у Лёндане, і таму палітыка ўзброенага супраціву саветам нідзе ня мела спаважных прыхільнікаў. Тады гэта была разважная і рэалістычная пазыцыя, і такой яе трэба прызнаць.

Другая канцэпцыя палягала ў прызнаньні існай сытуацыі нетрывалай у разьліку на пачатак трэцяй сусьветнай вайны паміж Савецкім Саюзам і яго нядаўнымі хаўрусьнікамі.

Практычная дзейнасьць бальшыні польскіх асяродкаў на Захадзе рэалізоўвала якраз гэтую канцэпцыю. Якраз зь яе вынікала імкненьне да затрыманьня на Захадзе пэўнага корпусу ўзброеных сілаў і павелічэньня яго палякамі, выселенымі ў заходнюю частку Нямеччыны, і надзвычай вялікай колькасьцю ўцекачоў. Лічылася, што лепей не вяртацца ў Польшчу, каб не памяншаць сілы, якія меліся арганізавацца на Захадзе для вызваленьня Бацькаўшчыны. З увагі на меркаваную кароткатрываласьць гэтай сытуацыі прызнавалася непатрэбнай арганізацыя якой-колечы апазыцыі ў Польшчы і падстаўляньне насельніцтва Польшчы пад рэпрэсіі з боку савецкага акупанта. Задача адтварэньня незалежнасьці аказвалася ў поўнай кампэтэнцыі палітычных асяродкаў, што існавалі на Захадзе, і рэгулярнай польскай арміі, якая б выступіла на баку заходніх дзяржаваў.

Пасьля столькіх гадоў ужо няма ніякага сумлеву, што канцэпцыя трэцяй сусьветнай вайны была абсалютна ўтапічнай, што гэта быў тыповы прыклад wishful thinking. Але трэба нагадаць, што й тады не было ніякіх перадумоваў для яе прыняцьця. Досыць было чытаць прэсу й размаўляць зь людзьмі на Захадзе, каб пераканацца, што ніводная з заходніх дзяржаваў не імкнецца да трэцяй вайны і не рыхтуецца да яе.

Аднак гэтая канцэпцыя прадвызначыла затрыманьне на Захадзе бальшыні тых палякаў, што знаходзіліся вонках Польшчы ў момант заканчэньня вайны. Яна дала пачатак масавай Незалежніцкай Эміграцыі, расьцярушанай па ўсім сьвеце. Уяўленьне, што якраз Эміграцыя павінна адыграць галоўную ролю ў некалі маючым адбыцца вызваленьні Польшчы, мела, аднак, адзін вельмі непажаданы насьледак: яно выклікала зьмяншэньне зацікаўленьня мэтраполіяй. Гэта неўзабаве прывяло да таго, што Эміграцыя перастала арыентавацца ў тым, што ў Польшчы дзяялася й дзеецца.

Трэцяя палітычная канцэпцыя палягала ў тым, каб прыступіць да легальнай апазыцыі пануючаму ў Польшчы рэжыму. З увагі на прынцыповае адмаўленьне ад шляху ўзброенай барацьбы і адсутнасьці шанцаў на трэцюю сусьветную вайну гэта быў адзіны шлях палітыкі, які даваў магчымасьці дзейнічаць на тэрыторыі Польшчы. Да яго прыняцьця схілялі й нашыя заходнія хаўрусьнікі. Спрэчкі й рознагалосьсі на гэты конт агульнавядомыя, і няма патрэбы да іх вяртацца. Зразумелыя таксама палітычныя й пачуцьцёвыя засьцярогі, якія трэба было пераадолець перад прыняцьцём рашэньня ў гэтай справе. Не беспрычынна існавалі таксама сумлевы ў дзейснасьці гэткай палітыкі. Таксама варта нагадаць, што па сутнасьці гаворка йшла аб рашэньні ці спрабаваць стварыць легальную апазыцыю, ці застацца ў бязьдзейнасьці. Ці выкарыстаць існуючы шанец, хоць няпэўны, ці адкінуць яго нават бяз спробы. Спробу гэтую, як вядома, зрабіў Мікалайчык.


3. Першая апазыцыя: ліпень 1945 – люты 1948

а) Пачатак апазыцыі й пачатак аднаўленьня

27 траўня 1945 году была выдадзеная адозва Ўпаўнаважанага Ўраду і Прадстаўніка Ўзброеных Сілаў у Польшчы, якая заклікала закончыць узброеную барацьбу і прыступіць да працы над аднаўленьнем краіны[6]6
  Тэкст адозвы: S.Korboński, W Imieniu Rzeczypospolitej, Londyn, 1964, str. 410–411.


[Закрыть]
. Аўтар адозвы адразу атрымаў спантанную і паўсюдную падтрымку ўсёй нацыі[7]7
  Трэба зразумець, што пачуцьцё ў Польшчы тады было такім: «Мы засталіся сам-насам зь лютым і хітрым захопнікам. Нам зусім не дапамаглі ні магутная Амэрыка, ні пераможная Англія, ні наша войска, ні ўрад і дыпляматы, што мелі доступ да ўсіх вялікіх гэтага сьвету. Яны пакінулі нас адных. Адзін Мікалайчык хоча разьдзяліць наш лёс і нам дапамагчы – можа нават атрымае для нас нейкую падтрымку Амэрыкі і Англіі». Нічога дзіўнага, што прыезд Мікалайчыка выклікаў выбух энтузіязму, што на ім засяродзіліся ўсе надзеі.


[Закрыть]
. Ён ня толькі стаў кіраўніком партыі (PSL*), якая ўзначаліла легальную апазыцыю, але зрабіўся сымбалем супраціву саветам. Зь яго ўваходам ува ўрад грамадзтва зьвязвала надзеі на падтрымку заходніх хаўрусьнікаў і на магчымасьць утрыманьня незалежнасьці, нягледзячы на прыналежнасьць Польшчы да савецкай зоны ўплываў.

Падтрымка Мікалайчыка была натуральным вынікам таго, што польскае грамадзтва ў цэлым было настроена супраць новай улады, устаноўленай саветамі і Польскай рабочай партыяй. Гэта гістарычны факт вялікага значэньня, які пануючы рэжым у Польшчы заўсёды стараўся стаіць і сфальшаваць.

Надзеі, абуджаныя прыездам Мікалайчыка, сталі імпульсам, каб паўсюдна распачаць працу над адбудовай. Зьявілася вера, што нягледзячы на ўсё можна будзе арганізаваць у Польшчы нейкае нармальнае жыцьцё. І сапраўды, у шмат якіх галінах неўзабаве адбыліся сур’ёзныя пазытыўныя зьмены, выкліканыя тым, што да працы прыступілі кваліфікаваныя работнікі.

Ня трэба, аднак, думаць, што гэтая стваральная праца азначала перамену грамадзкай думкі ў кірунку падтрымкі рэжыму (дарма што афіцыйная прапаганда якраз так намагалася гэта прадставіць). Настрой грамадзтва можна было б выказаць наступным чынам: «Нягледзячы на савецкі рэжым у Польшчы, яе трэба адбудаваць. Толькі мы можам гэта зрабіць. Трэба старацца, каб нам у гэтым найменш перашкаджалі».

Гэтую стваральную працу ў рамках «існуючай рэчаіснасьці» ўлада палічыла, безумоўна, за карысную для сябе зьмену. Яна, бясспрэчна, азначала, што польскае грамадзтва адышло ад альтэрнатывы ўзброенага супраціву. Зь іншага боку, яна мела для ўлады і нэгатыўныя насьледкі. Шмат галін жыцьця (адміністрацыя, эканоміка, культура) фактычна былі апанаваныя людзьмі з традыцыйна польскай пазыцыяй, якія, праўда, адкрыта не супрацьстаўлялі сябе ўладзе, але мелі сваю ўласную думку аб шмат якіх справах і на практыцы дзейнічалі па сваім сумленьні. З прычыны слабасьці ўласнага апарату партыя мусіла пакуль зносіць такі стан рэчаў.

б) Шматпартыйнасьць: уявы і сапраўднасьць

Лад, уведзены ў Польшчы саветамі, прадугледжваў існаваньне некалькіх палітычных партый. Гэта была ўяўная і часовая саступка саветаў перад заходнімі хаўрусьнікамі – яшчэ адзін спосаб схаваць сапраўдную сутнасьць накінутага Польшчы ладу. Аднак у момант абуджэньня апазыцыі ў Польшчы існаваньне партый набыло асаблівае значэньне. Як іх роля, так і матывы, дзеля якіх людзі ўступалі ў іх, заслугоўваюць увагі[8]8
  На гэтую тэму напісана вельмі мала. Я б вельмі хацеў, каб мая спроба палітычнай інтэрпрэтацыі гэтага істотнага пытаньня стала пачаткам дыскусій і зацікаўленьня гісторыкаў гэтым пэрыядам.


[Закрыть]
.

Сярод існуючых тады шасьці палітычных партый[9]9
  Не падаю тут генэзы гэтых партый, мяркуючы, што гэта ў прынцыпе вядомыя рэчы.


[Закрыть]
трэба вылучыць тры катэгорыі. Першая – гэта ПРП i SL*. У гэтых дзьвюх партыях сытуацыя была абсалютна ясная. ПРП была прадстаўніком саветаў у Польшчы, а НП – філіяй ПРП на абшары вёскі. Другая катэгорыя – гэта Польская сацыялістычная партыя, Дэмакратычная партыя і Партыя працы, усе тры ў прынцыпе супрацоўнічалі з ПРП. Трэцяя – гэта ПНП, яўна апазыцыйная партыя.

* * *

У ПНП уступалі тыя, хто наважваўся на яўную апазыцыйную дзейнасьць. Магло б здавацца, што ўдзел Мікалайчыка ўва ўрадзе азначаў, што яго партыя належыць да кіруючай бальшыні, а не да апазыцыі. Прынцыпы, абавязковыя для парлямэнтарнай сыстэмы, ня мелі, аднак, ніякага значэньня ў сытуацыі, якая існавала тады ў Польшчы. Мікалайчык сапраўды быў віцэ-прэм’ерам, але яго партыя стала асяродкам, вакол якога засяродзіліся ўсе сілы, скіраваныя супраць рэжыму, улучна нават з рэшткамі нелегальнага ўзброенага руху супраціву. З пачатку Мікалайчык паставіў сабе задачу стварыць і ачоліць палітычную апазыцыю. На рэфэрэндуме ў чэрвені 1946 году і выбарах у студзені 1947 г. ПНП заняла пазыцыю, адрозную ад Польскай рабочай партыі і іншых падпарадкаваных ёй партый. Мы ніколі не даведаемся пра сапраўдныя вынікі рэфэрэндуму і выбараў. Пануе, аднак, паўсюль перакананьне, што вынікі абодвух галасаваньняў былі сфальшаваныя і што па сутнасьці ПНП выйграла ў абодвух выпадках са значным адрывам.

* * *

Партыя працы была ўнутрана разьяднанай. Караль Попель, кіраўнік партыі, займаў блізкую да Мікалайчыка пазыцыю, але ў кіраўнічых структурах партыі меў стаўленікаў Польскай рабочай партыі, якія рабілі немагчымай палітычную дзейнасьць у адпаведнасьці з гэткай арыентацыяй. Попелю давялося саступіць, а пасьля яму дазволілі выехаць за мяжу. Партыя працы падпарадкавалася тады дырэктывам Польскай рабочай партыі і неўзабаве была ліквідаваная (зьяднана з Дэмакратычнай партыяй).

Апошняя, роўна як і Польская сацыялістычная партыя, ад пачатку абвясьцілі пра сваё супрацоўніцтва з Польскай рабочай партыяй, але для большай пэўнасьці Польская рабочая партыя забясьпечыла сабе ўва ўсіх гэтых партыях непасрэдны ўплыў шляхам засылкі на пэўную колькасьць ключавых пасадаў сваіх людзей. Або проста польскія камуністы «камандзіраваліся» на працу ў іншых партыях (т.зв. «wtyczki»), або дзеячаў гэтых партый нейкім чынам схілялі, каб яны інтарэсы камуністаў ставілі вышэй за інтарэсы сваёй партыі.

Матывы ўступленьня ў гэтыя партыі былі пераважна апартуністычныя. Людзі хацелі знайсьці паратунак ад нестабільнасьці, атрымаць працу, даброты, напрыклад, жытло або паўнавартую кватэру і магчымасьць дасягнуць якога-ніякога ўзроўню жыцьця для сябе і сям’і. Гэта была саступка маральна і фізычна вычарпаных людзей перад абліччам варункаў, у якіх людзі апыніліся, і імкненьне да нейкай нармалізацыі жыцьця пасьля жудасьцяў, якія давялося перажыць. Але трэба заўважыць яшчэ адно: у рашэньні ўступіць у адну з гэтых трох палітычных партый быў заключаны палітычны матыў: неўступленьне ў ПРП, хаця менавіта сяброўства ў ПРП давала ўсе гэтыя даброты яшчэ ў большай ступені. Уступаючы, гаварылі сабе: «Неяк трэба ўладзіцца ў гэтай «рэчаіснасьці», але ня хочацца ідэнтыфікавацца з стаўленікамі саветаў».

Неўзабаве палітычныя насьледкі разьвіцьця гэтых трох партый сталі відавочнымі. Партыйныя арганізацыі пачалі дужэць і дарма што супрацоўнічалі зь існымі на пэўнай тэрыторыі арганізацыямі камуністаў, у канкрэтных выпадках паміж імі і ПРП пачалі зьяўляцца адрозьненьні й спрэчкі.Тры партыі, якія стваралі ладу фасад шматпартыйнасьці і якія па сутнасьці былі задуманы як дзейныя пад рознымі назвамі філіі ПРП, хутка пачалі набываць непажаданы для рэжыму характар. Яны станавіліся свайго роду апазыцыйнымі партыямі. ПРП захавала над імі пэўны кантроль на цэнтральным узроўні, але ў арганізацыях ніжэйшага ўзроўню і тэрытарыяльных арганізацыях было шмат апазыцыйнага элемэнту, што прыводзіла да ўсё больш яўных і ўсё больш вострых канфліктаў з ПРП. Дзеля таго што гэтыя партыі часта валодалі лепшымі спэцыялістамі, чымся камуністы, у розных абсягах дзяржаўнай і эканамічнай адміністрацыі пачала вымалёўвацца іхная фактычная перавага над ПРП. Дайшло ўрэшце да таго, што некаторыя адзінкі адміністрацыі станавіліся сфэрай уплыву партый, якія былі схільныя праводзіць сваю ўласную палітыку, адрозную ад ПРП. Пры такіх умовах уступленьне ў гэтыя партыі станавілася сродкам рэалізацыі канцэпцыі адбудовы, супрацьлежнай савецкім канцэпцыям ПРП[10]10
  Безумоўна, вельмі цяжка зрабіць ацэнку для індывідуальных выпадкаў, ці нехта ўступаў у нейкую партыю ў апартуністычных мэтах, ці для таго, каб зьдзейсьніць нешта карыснае. Але ў гістарычных умовах гэнага пэрыяду ў Польшчы існуе беспамылковы мэтад зыдэнтыфікаваць тых, хто ўступіў у партыю, кіруючыся добрымі інтэнцыямі. Той, хто сапраўды хацеў нешта зрабіць, г.зн. дзейнічаць не па інструкцыі ПРП, той быў хутка выключаны з партыі ўжо на самым пачатку сталінізму.


[Закрыть]
.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю