355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 12)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 31 страниц)

Паказальна, што постмадэрнiсцкiя экзэмплiфiкацыi суадносяцца з разглядамi зьменаў сучаснасьцi, зьдзейсьненых без рацыяналiзуючых iх iдэалёгiяў. Дж.Нэйсьбiт паказаў тут дзесяць глябальных, скрыжаваных тэндэнцыяў[76]76
  J.Naisbitt, Megatrends, New Jork, 1984.


[Закрыть]
. Яны замыкаюцца ў ператварэньнi iндустрыйных грамадзтваў у грамадзтвы iнфармацыйныя, замене цьвярдой тэхналёгii на мяккую, трансфармацыi нацыянальна-дзяржаўных эканомiк у глябальную эканомiку, ператварэньнi, у абсягу бiзнэсу, тактычнага плянаваньня ў плянаваньне стратэгiчнае. Цэнтралiзацыя сёньня выцясьняецца дэцэнтралiзацыйнымi працэсамi. У галiне аховы здароўя вiдаць, паводле Нэйсьбiта, ператварэньне iнстытуцыяў аховы здароўя ва ўзаемадапамогу ды прафiляктыку, а таксама тарнаваньне неканвэнцыйнай мэдыцыны, а ў абсягу грамадзкiх узаемiнаў дагэтулешняя рэпрэзэнтатыўная дэмакратыя замяняецца дэмакратыяй удзельнiчаньня, тымчасам як гiерархiчныя сыстэмы адмяняюцца ў сетку раўнапраўных сеткаватых сувязяў, або, iнакш кажучы, у шматузроўневыя сыстэмы. Зьмене падлягае таксама i кiрунак цывiлiзацыйнага ўплыву. Дамiнуючая дагэтуль Поўнач саступае на карысьць Поўдню, а дачыненьнi тыпу: «або-або» замяняюцца разнароднасьцяй i плюралiзмам, дзе магчыма коэкзыстэнцыя ўзаемавыключальных дагэтуль станаў. Дагэтулешнiя, iнстытуцыялiзаваныя, не абапёртыя на пачуцьцi, мiжчалавечыя ўзаемiны замяняюцца эмацыйнай лучнасьцяй, дарма што часта нефармальнай (зьмяненьне дэфiнiцыi сям’i). Таму праца перастае быць сынонiмам этату, якi – замiж выкананьня канкрэтнага заданьня – патрабуе дысцыплiнаванага праводжаньня пэўнага лiку гадзiнаў на рабочым месцы.

Гэтыя магчымасьцi, выражаныя пры дапамозе перакананьняў, што ўтварае сфэру, названую мной прагматычна-жыцьцёвым блёкам, выразьлiва суадносяцца з тым, што Капра акрэсьлiваў як вынiкi палажэньняў агульнай канцэпцыi сапраўднасьцi, якая, паводле яго, фармуе рэальны сьвет iзноў i наноў. Змушае задумацца, аднак, тое, што Нэйсьбiт нават не наблiжаецца да канструкцыi падобнай анталёгii. Гэта, як я мяркую, адбываецца не з прычыны нейкай мэтадалягiчнай асьцярогi, а таму, што гэта яму папросту непатрэбна, паколькi ён карыстае, як i апiсаныя iм чалавечыя суб’екты, зь невэрбалiзаванай веды, канцэптуальна нелякалiзаванай. Тут непатрэбна iх «прыгадваньне» ў выглядзе «асьвяжальнай» iдэалёгii, паколькi яны ажыцьцяўляюцца звычайным чынам. Як i аўтэнтычна верачы каталiк не павiнен прыгадваць сабе асноваў веры, каб у штодзённым жыцьцi паводзiць сябе якраз як каталiк; сваю веру ён сьведчыць праз учынкi.

Загэтым узьнiкае ключавое пытаньне гэтага тэксту: скуль бярэцца месца на розныя iдэалягiчныя варыянты постмадэрнiзму, якiя вызначаюцца пэўнымi нязьменнымi элемэнтамi, дарма што рысы сапраўднасьцi, на якiя паклiкаюцца гэтыя iдэалёгii, можна выявiць незалежна ад iх? Таму падаецца, што праявай замацаваньня вартасьцяў у чалавечай сьвядомасьцi ёсьць не абвешчаныя сьветаглядныя дэклярацыi, а звычны штодзённы побыт. Дзеля гэтага неабавязкова iх несупынна прыгадваць. Iндывiд неяк з досьведу, у пэўным сэнсе безрэфлексійна, паводзiць сябе згодна з мадэляй лiбэральных вартасьцяў. У вынiку гэтага iдэалягiчная прастора стаецца нейкай «пустой». Яна можа напоўнiцца перакананьнямi, адрознымi ад тых, якiя вызначаюць мадэль iнтэрыязаваных i неўсьвядомленых вартасьцяў. Аднак не якiмi-небудзь, а такiмi, якiя апэлююць да гэтых «досьведных» паводзiнаў. У адносiнах да iх яны, аднак, не выконваюць тлумачальнай ролi. На самой рэчы гэтыя паводзiны вытлумачвае iхная практычная дзейснасьць. Гэта, iнакш кажучы, заграбаньне пад сябе «чужых» пладоў, якое павiнна служыць даацэнцы таго, хто заграбае. Дзейснасьць намовiнаў абумоўлiвае выкананьне пэўных «фармальных» варункаў. Злучаныя з практыкай iдэалёгii павiнны характарызавацца такой ступеньню агульнасьцi, каб немагчымым сталася, прынамсi ў беспасярэдняй часавай пэрспэктыве, выяўленьне iх неспалучальнасьцi з сфэрай, якая злучана зь iмi. Яны ня маюць – наўсуперак дэклярацыям – беспасярэдне анталягiчнага характару, i таму не становяць сабой выяўленьня ясна акрэсьленых канчальных вартасьцяў, за якiмi канчаецца поле рацыяналiзму. Яны становяць сабой, нягледзячы на пабытовыя стылiзацыi, злучво iнструмэнтальных (пад)вартасьцяў. Замаскаваньне iхнай фактычнай канцэпцыi сьвету паспрыяла таму, што iхнае канкрэтнае ўвасабленьне – постмадэрнiзм – выяўляецца на першы пагляд як плынь, якая ня мае нiчога супольнага зь левымi iдэалёгiямi. Адылi якраз на пабытовым роўнi назiраецца поўнае супадзеньне. Бо тут асноўным анталягiчным тыпам ёсьць т.зв. дыстрыбутыўная сукупнасьць (мова, грамадзтва, космас i г.д.). Ён утварае асновы схемы, зь якой паходзяць iнструмэнтальныя (пад)вартасьцi, што загадваюць разглядаць зьявы цi паводзiны ў пэрспэктыве цэлага або спасьцiгаць iндывiдуумаў ня ў пляне iхных своеасаблiвых, непаўторных рысаў, а ў пляне свомасьцяў, што паўтараюцца ў кожнага iндывiдуума. Крытэры «складваньня» ў сукупнасьцi – гэтыя iнструмэнтальныя вартасьцi – могуць быць разнароднымi i вызначанымi па-за элемэнтамi, што ўваходзяць у сукупнасьцi. Iх выражаюць правiлы канструкцыi, узьнiклыя дзякуючы рознага роду тэарэтычным праекцыям. Аднак, калi затрымацца толькi на фармальнай структуры палажэньняў, зь якiх павiнны вынiкаць трапна апiсаныя дабрадзействы сучаснасьцi, то аказваецца, што яна аналягiчная з кагнiтыўнымi схемамi, адпаведнiкам якiх ёсьць т.зв. гiстарычныя непазьбежнасьцi гiстарычна-дыялектычнага (а таксама папулярнага ў колах польскiх iнтэлектуалаў не-марксiцкага гiстарычнага матэрыялiзму). Я не хачу тут сказаць, што постмадэрнiсты – гэта марксiсты sensu stricto, але наадварот, што марксiзм – гэта постмадэрнiзм. Таму i канчальныя вынiкi постмадэрнiзму (ня толькi пазнавальныя, паколькi тэорыi не функцыянуюць у вакууме) могуць зыходзiцца з рэальна перажытымi эфэктамi рэалiзацыi левых утопiяў[77]77
  Роднаснасьць памiж марксiзмам i постмадэрнiзмам вiдавочная ня толькi ў iхных фармальных структурах, а назiраецца i наўпрост. Гэтыя дэклярацыi можна сустрэць у постмадэрнiстаў мiжволi, такiх як Эрых Фром, а таксама ў «чыстых» прадстаўнiкоў гэтай плынi. Напрыклад Ж.Ф.Льётар недвухзначна гаворыць наступнае: «Што да камунiстычных iдэалаў, заняпад iх вiдавочны [...] альтэрнатыва бясклясавага грамадзтва зьнiкла [...] з чым цяжка замiрыцца». Вынiкам такой пазыцыi ёсьць напаўненьне капiталiзму ўсiмi грахамi сучаснасьцi, паколькi «лiбэральны капiталiзм – творца нястачы ў сусьветным маштабе». Гэты ляпсус, свомы i для агульнапрынятага левага мысьленьня, трэба ня толькi падкрэсьлiць, але i зьняпраўдзiць. Нястача ўсюдых там, дзе лiбэралiзм выцесьнены ў вынiку «iмпарту» рэвалюцыi i камунiстычнай iдэалёгii. Этыёпiя, Самалi, Камбоджа – пералiчым толькi тыя прыклады заняпаду ў вынiку спробаў «пабудовы» новага тыпу грамадзтва, якiя адразу прыходзяць да галавы. Тэзы Льётара адваротныя фактычнаму стану. Каб неяк замаскаваць гэта, ён гаворыць, што ў канцавым выніку ўва ўсiм вiнаватыя цыклiсты, паколькi тое, «што прывяло сучаснасьць да згубы», – гэта «навукова-тэхнiчнае разьвiцьцё». (Ж.Ф. Льётар, «Вяртаньне да постсучаснасьцi».)


[Закрыть]
. Сыстэма мысьленьня, што складае аснову постмадэрнiзму, iдэнтычная з iдэалягiчным фундамэнтам марксiзму i ягонай спакмянёвай «эманацыi» – камунiстычнымi гаспадаркамi. Iхныя злавесныя насьледкi ня маюць нiчога супольнага з дабрадзействамi цывiлiзацыi, якiя постмадэрнiзм прыпiсвае сабе. Тут няважна, цi зьмешчаныя ў сукупнасьцi сапраўды iсныя элемэнты. Яна можа быць пустой i абстрактнай, маючы – у спакмянёва-грамадзкай iнтэрпрэтацыi – характар утопii. Вырашальным ёсьць нутранае i вышэйпаложанае, што да сукупнасьцi, правiла ягонай канструкцыi (што б там ні гаварылi пра дэканструкцыю, або пра немагчымасьць укладаньня элемэнтаў у сукупнасьцi).

У гэтым кантэксьце постмадэрнiзм падаецца ўвасабленьнем левых i ўтапiйных канцэпцыяў сьвету i датарнаваньнем iх да ўзьнiклых незалежна варункаў. Ён пагражае рэалiзацыi лiбэральнай мадэлi дзякуючы пастуляваньню анархii, дэканструкцыi, i ў iстоце сам ёсьць дэструкцыяй. Гэта цягне за сабой ня толькi ўзгляднасьць вартасьцяў, але i iхную роўнавялiкасьць. Такая дэвальвацыя прыводзiць да дэсакралiзацыi чалавечага жыцьця i да прымату сфэры profanum. Я мяркую, што нiжэйзьмешчаная прыпавесьць Мiлана Кундэры выяўляе дух i вынiкi постмадэрнiсцкiх канцэпцыяў. Бо ён апавёў наступнае: «Пэўнага дня адзiн вялiкi чалавек дайшоў да высновы, што цягам тысячаў гадоў мова музыкi вычарпала сябе i ня зможа ўжо нiчога больш, як толькi паўтараць адны i тыя ж камбiнацыi нотаў. Рэвалюцыйным дэкрэтам ён зьлiквiдаваў гiерархiю гукаў i зрабiў iх усiх роўнымi. Ён увёў для iх суровую дысцыплiну, каб нiводны не выступаў у творы часьцей, чымся iншыя, i каб такiм чынам не ўзурпаваў старых, фэўдальных прывiлеяў. Каралеўскiя двары былi раз i назаўсёды скасаваныя, а на iх месцы ўзьнiкла рэспублiка роўных пад назвай дадэкафонiя. [...] У часы, калi Арнольд Шонбэрг засноўваў сваё гаспадарства дадэкафонii, музыка была багацейшай, чымся раней, i ўпоеная собскай свабодай. Нiкому нават ня сьнiлася, што канец можа быць так блiзка. Нiякай стомленасьцi! Нiякага заняпаду! Шонбэрг дзеяў з надзвычай малайчыкаватым духам адвагi. Яго перапаўняла абгрунтаваная пыха, што адзiны сiг, якi вядзе наперад, выпала зрабiць якраз яму. Гiсторыя музыкi скончылася ў росквiце адвагi i прагненьня. [...]». Падобная дэканструкцыя, блiзкая постмадэрнiсцкiм пастулятам, прыводзiць да барбарства, таму што: «Iснуе нейкi спачатны стан музыкi, стан, папярэднi ейнай гiсторыi, стан перад першым стаўляньнем пытаньня, перад роздумам, перад пачаткам гульнi з матывам i тэмай. У гэтым першапачатковым стане музыкi (музыка бяз думкi) выяўляецца субстанцыянальная дурнота чалавечага быцьця. Толькi надзвычайным намаганьнем сэрца i духу музыка ўзьнеслася над гэтай субстанцыянальнай дурнотай. [...] Музыка павярнулася да сваёй першапачатковай стадыi. Гэта стан пасьля апошняга стаўляньня пытаньня, стан пасьля апошняга роздуму, стан пасьля гiсторыi»[78]78
  M.Kundera, Księgi śmiechu i zapomnienia. tłum. Andrzej Jagodziński, Warszawa, 1993, s. 181–183.


[Закрыть]
.

Мне падаецца, што дагэтулешнiя разважаньнi не дазваляюць гаварыць, што постмадэрнiзм збаёдаў свае шанцы, паколькi з сваёй прыроды, арганiчна, ён гэтымi шанцамi як не валодаў, так i не ўтвараў iх. Варта, мабыць, прыгадаць, што славуты лёзунг аб зьмене эпохi – зусiм ня выдумка постмадэрнiстаў, i «рэалiзоўваўся» ён, усьлед за «традыцыяй» Вялiкай францускай рэвалюцыi, ужо з 1917 г. Таму не выпадкова, што сёньня, разам з заняпадам камунiзму, постмадэрнiзм знаходзiць водгук у краiнах, дзе працэсы элiмiнацыi гэтага першага яшчэ ня скончылiся, а месца дэкляраванага i рэалiзаванага камунiзму ў iстоце займае квазi-капiталiзм. Таксама не выпадкова – у гэтым апошнiм кантэксьце – што Барт абвяшчае постмадэрнiзм як «аднову». Я спадзяюся, што ён мыляецца. Бо гэта б азначала кансэрвацыю тых падставаў мысьленьня, якiя былi ўгрунтаваныя камунiзмам. I замiж сапраўднай зьмены спосабу мысьленьня i новага вобразу сьвету мы затрымалiся б на зьмене фразэалёгii.

Тэкст перакладзены паводле: Arka, № 6 (48), 1993.

* Пётар Кавецкi – кансэрватыўны польскі думаньнік і тэарэтык, аўтар публікацыяў у польскай прэсе на тэмы дыялектыкі мастацтва.

У суаўтарстве з Рамуальдам Пякарскім напісаў кнігу «Zagadnienia estetyki współczesnej – sztuka, wartości, poznanie» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1994), а таксама з Юзафам Тарноўскім зрэдагаваў зборнік «Aksjologiczne spektrum sztuki, t. 2, Między poznaniem, odpowiedzialnościа i polityką» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996). Аўтар манаграфіі «Kulturowe pojmowanie sztuki» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996).

Падчас VI Польскага Філязафічнага Зьезду (Торунь, 5–9 верасьня 1995 г.) на сэкцыі эстэтыкі і філязофіі мастацтва выступіў з спавешчаньнем «Культурная дэфініцыя мастацтва і эстэтычныя вартасьці».

Пераклад зьдзейсьнены з ласкавага дазволу кракаўскага часопісу «Arcana», пераемніка часопісу «Arka».

Лешак Калакоўскі*

Што сёньня вытлумачвае марксізм?

103 гады таму памёр Карл Маркс, вельмі вучоны філёзаф, выдатны розум, знакаміты нямецкі пісьменьнік. Ён жыў у эпоху пары. Ён ніколі ня бачыў аўтамабіля, электрычнага сьвятла ці тэлефона, ня кажучы ўжо пра тысячу іншых рэчаў, што ўтвараюць наша тэхнічнае асяродзьдзе і да якіх мы ставімся амаль як да дару прыроды.

«Рэч ня ў гэтым», – кажуць яго прыхільнікі. – «Бо і надалей існуе капіталізм, і надалей Марксава тэорыя застаецца актуальнай. Зь яе дапамогай мы можам вытлумачыць прыроду капіталізму, навукова прадбачыць яго заняпад, а таксама спраектаваць дасканалае грамадзтва будучыні». Пра тое, што капіталізм існуе дагэтуль, сьведчыць хаця б той факт, што ня ўсё яшчэ нацыяналізавана.

І сапраўды, агульная нацыяналізацыя сродкаў вытворчасьці, сродкаў абмену, а таксама сродкаў камунікацыі і інфармацыі зьяўляецца для марксістаў унівэрсальным лекам супраць усялякага зла ды ўсіх сацыяльных праблем. Мы на ўласнай шкуры пераканаліся ў дзейснасьці гэтага леку; мы ведаем таксама, што яго немінучым вынікам ёсьць нацыяналізацыя чалавека, г.зн. рабаўласьніцтва. Пакінем, аднак, гэтую праблему, каб разгледзець іншае пытаньне: што Марксава тэорыя дае сучаснасьці?

Бясспрэчна, гэтая тэорыя можа быць карыснай; яна функцыянуе як акумулятар ідэалягічных лёзунгаў, што служаць самым разнастайным інтарэсам, у бальшыні такім, якія ня маюць нічога супольнага з Марксам. І ўсё ж, што можна вытлумачыць пры дапамозе гэтай тэорыі?

Фармулюючы так пытаньне, мы павінны зважаць на тое, што ў гэтай дактрыне ёсьць для яе найбольш паказальным. Ня трэба падымаць на сьмех Маркса, прыпісваючы яму адкрыцьцё клясаў, якія маюць супярэчныя інтарэсы. Ужо даўно пра гэта ведалі гісторыкі – тут няма нічога, што было б спэцыфічна марксісцкім. Маркс, безумоўна, усьведамляў гэта і ня меў прэтэнзіяў на адкрыцьцё. Ён падкрэсьліў, аднак, у вядомым лісьце да Вайдэмаера ад 1852 году, што ім даказана («даказана», а ня «сказана»): барацьба клясаў вядзе да дыктатуры пралетарыяту і, у выніку гэтага, да бясклясавага грамадзтва. Ніхто ня ведае, дзе ў працах Маркса (асабліва пасьля 1852 году) знаходзіцца доказ гэтай імпануючай панарамы зьменаў. Але мы абмінем і гэтую праблему.

Маркс верыў у «законы гісторыі». Але гэта былі законы не ў разуменьні прыродазнаўчых навук, а хутчэй у разуменьні гістарычных тэндэнцыяў; адсюль у Маркса няма выразнай розьніцы паміж тлумачэньнем і прадказаньнем. Сёньня відаць, што амаль усе Марксавы прароцтвы ня спраўдзіліся.

Абмяркуем найважнейшыя зь іх.

Па-першае: узрастаючае клясавае расслаеньне, а таксама паступовы заняпад сярэдняй клясы. – Меў рацыю Каўцкі, сьцьвярджаючы, што ўся тэорыя Маркса мусіла б абрынуцца, калі б гэтае прадказаньне аказалася фальшывым. Мы сёньня ведаем, што яно адназначна і відавочна аказалася фальшывым.

Па-другое: абсалютнае зьбядненьне рабочай клясы (гаворка тут ідзе менавіта пра абсалютнае, а ня толькі пра адноснае зьбядненьне); гэта апошняе, пра якое пісаў Маркс у пазьнейшых працах, нельга таксама пацьвердзіць. – Вера ў абсалютнае зьбядненьне ўжо падчас Марксавага жыцьця аказалася фальшывай.

Па-трэцяе: непазьбежнасьць пралетарскай рэвалюцыі. – Такой рэвалюцыі ніколі не было. Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не сіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лёзунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксісцкі (мір і зямля для сялянаў). Пралетарскую рэвалюцыю найбольш нагадвае ўзьнікненьне і барацьба «Салідарнасьці» ў Польшчы ў 1980–81 гадох. Гэтая адзіная, хаця і няўдалая, пралетарская рэвалюцыя была скіравана супраць сацыялістычнай дзяржавы – яна праходзіла пад сьцягам Хрыста і з блаславеньня Папы. Вось і ўсё пра навукова адкрытыя законы гісторыі.

Па-чацьвертае: тэндэнцыя да зьмяншэньня нормы прыбытку. – Маркс меркаваў, што тэхнічны прагрэс мусіць выклікаць зьніжэньне нормы прыбытку, таму што якраз сама маса прадуктаў будзе вымагаць усё менш «жывой працы»; калі прыбытак, паводле Маркса, паўстае з эксплюатацыі працы, то ён мусіць зьмяншацца ў адносінах да колькасьці ўжытага пастаяннага капіталу. Гэты працэс павінен быў прадвяшчаць немінучы крах капіталізму. Выходзіць, і гэты закон фальшывы, а яго памылковасьць можна выявіць пры дапамозе той жа Марксавай схемы: гэты самы тэхнічны прагрэс, што зьмяншае долю пераменнага капіталу (які прыпадае на заробкі для рабочых), выклікае зьмяншэньне вартасьці пастаяннага капіталу. Тым ня менш, калі б нават гэты закон сапраўды дзеяў, ён бы ніяк не абумоўліваў канца капіталізму, таму што мэханізм гэткага заняпаду – як заўважыла Роза Люксэмбург – неспасьцігальны, пагатоў, калі выяўляецца, што памяншэньне нормы прыбытку можа суправаджацца прыростам яго абсалютнай масы.

Па-пятае: узрастаючая няздатнасьць рынку спараджаць тэхнічны прагрэс. – Зразумела, што мы маем справу з зусім супрацьлежнай зьявай. Пачынаючы са сьмерці Маркса, і асабліва ў дваццатым стагодзьдзі, рынкавае ўладкаваньне эканомікі адназначна давяло, што нясе ў сабе велічэзны патэнцыял тэхнічнага прагрэсу, тым часам як сацыялістычнае ўладкаваньне эканомікі, заснаванае на дзяржаўным плянаваньні, адзначалася адсутнасьцю інавацыйных здольнасьцяў. Мы таксама ведаем, што гэтаму прычынай. Капіталістычны рынак стварыў найбольшую ў гісторыі масу тавараў, прызначаных для спажываньня ўсімі клясамі, дый жыцьцёвы ўзровень пры капіталізьме, нават бедных слаёў, нашмат вышэйшы, чымся вядомы чалавецтву калі-небудзь раней (ня кажучы ўжо пра дэмакратычныя формы жыцьця, магчымыя толькі пры рынкавай эканоміцы). Паказальна, што нэамарксісты, у адрозьненьне ад марксістаў першага пэрыяду, якія выкрывалі капіталізм як крыніцу зла, асуджаюць яго цяпер за празьмерную колькасьць спажывецкіх дабротаў, якія ён дае людзям. Таксама відавочна, што гаспадарчыя рэформы ў сацыялістычных дзяржавах, калі яны даюць якія-небудзь вынікі, заўсёды ідуць у гэткім жа кірунку: частковае аднаўленьне рынкавых мэханізмаў, г.зн. «капіталізму».

Усе гэтыя пяць прароцтваў, што складаюць касьцяк марксізму, – фальшывыя. Калі гаворка ідзе пра матэрыялістычнае разуменьне гісторыі, то марксізм, безумоўна, можа залічыць на сваю карысьць некалькі трапных назіраньняў, якія, аднак, немагчыма прыняць як вытлумачэньне сьвету. Калі разглядаць гістарычны матэрыялізм у яго застылай вэрсіі (для гэтага ёсьць падставы ў тэкстах) і верыць, што ўсё разьвіцьцё чалавечых супольнасьцяў вызначаецца барацьбой клясаў і тэхналягічнымі зьменамі, што ўся культура – гэта ня што іншае, як інструмэнт у гэтай барацьбе, а правазнаўства, рэлігія, філязофія і мастацтва ня маюць сваёй гісторыі, тады давядзецца паверыць абсурднаму, неабгрунтаванаму догмату.

Тым ня менш, гэтую самую тэорыю можна разумець больш вольна – у якасьці правіла, згодна зь якім у дасьледаваньнях гісторыі культуры трэба браць пад увагу агульныя сутыкненьні і канфлікты матэрыяльных інтарэсаў, а палітычныя інстытуцыі прызнаць часткова залежнымі ад дасягнутага ўзроўню разьвіцьця тэхнікі, а таксама ад барацьбы клясаў.

У гэтай зьмякчонай, скарочанай вэрсіі гістарычны матэрыялізм ёсьць трывіяльнай праўдай, якую ніхто не аспрэчвае. Такім чынам, ён зьяўляецца або нонсэнсам, або банальнасьцю. Трэба, безумоўна, дадаць, што марксізм у гэтым працэсе пераходу праўды ў банальнасьць адыграў вялікую ролю, хаця можна таксама сказаць, што гэтае – сёньня ўжо банальнае – назіраньне было вядомае да Маркса і незалежна ад яго.

Марксава тэорыя вартасьці, уважаная пазьней яе творцам за нарожны камень сваёй навукі, зьяўляецца ідэалягічным інструмэнтам, пазбаўленым вытлумачальнай сілы. У прыватнасьці, два яе пункты выходзяць з Рыкарда і Сьміта. Першы, дзе Маркс сьцьвярджаў, што работнік прадае капіталісту сваю рабочую сілу, а ня працу; другі, дзе ён зрабіў адрозьненьне паміж канкрэтнай і абстрактнай працай. Ніводзін з гэтых дадаткаў не патрэбны або не прыдатны для вытлумачэньня зьяваў канкурэнцыі, канфлікту інтарэсаў, крызысаў, эканамічных мэтаў і цэнаў: гэтыя і іншыя аспэкты рынкавай гаспадаркі становяцца зразумелымі дзякуючы аналізу руху цэнаў – бо тэорыя вартасьці ня ўносіць нічога для зразуменьня гэтых зьяваў.

Вартасьць у Марксавай тэорыі, г.зн., час працы, які крышталізуецца ў тавары, не падлягае вымярэньню; гэта прыхаваная якасьць, што ніяк не палягчае разуменьня эмпірычных эканамічных зьяваў. Сучасная палітычная эканомія – у адрозьненьне ад эканамічных ідэалёгіяў – мабыць, не адрозьнівалася б нашмат ад свайго сёньняшняга стану, калі б не было Маркса.

Такім чынам, Марксава тэорыя не дае адказу на найбольш пякучыя і найважнейшыя праблемы нашай сучаснасьці. Зразумела, ня трэба абвінавачваць у гэтым Маркса, таму што пры яго жыцьці стан рэчаў яшчэ ня быў такім. Калі гаворка ідзе пра эканамічныя пытаньні, то ў Маркса можна знайсьці некалькі выказваньняў на тэму адзінства чалавека і прыроды; выказваньняў, якія зусім ня маюць значэньня, калі гаворка ідзе пра супрацьстаяньне зьнішчэньню натуральнага асяродзьдзя, а праз гэта і чалавечага жыцьця. Калі разглядаюцца дэмаграфічныя катастрофы, Марксава тэорыя, апрача некалькіх агульных антымальтузіянскіх (Маlthuse) закідаў, не дае нам нічога. Таксама немагчыма пры дапамозе Марксавай тэорыі знайсьці тэарэтычнага вырашэньня праблемаў Трэцяга Сьвету. Маркс быў настроены эўрацэнтрычна; да неэўрапейскіх цывілізацыяў і традыцыяў ён ставіўся або з пагардай, або з абыякавасьцю. Каляніялізм і імпэрыялізм былі для яго натуральнай, нярэдка пажаданай, перамогай вышэйшай цывілізацыі над адсталымі культурамі. Лепей не цытаваць тут таго, што пісаў Энгельс пра прынцыпы нацыянальнага самавызначэньня, ці пра паўднёвых славян, ці пра балканскія народы.

Марксісцкая дактрына, бадай, ня мае шанцаў справіцца з праблемай сучасных таталітарных сацыялістычных сыстэм, якія сьцьвярджаюць, што якраз гэтая дактрына зьяўляецца іхнай ідэалягічнай асновай. Безумоўна, шмат хто з нэамарксістаў кажа, што гэтыя рэжымы ня маюць нічога супольнага з «праўдзівым» марксізмам, яго дыягназамі і прадказаньнямі. Варта, аднак, запытацца, чаму ж ужо ў ХІХ ст., задоўга да расійскай рэвалюцыі, многія (найперш анархісты) змаглі даволі падрабязна апісаць сацыялізм, пабудаваны на марксісцкай ідэі, як дзяржаўнае рабаўласьніцтва. Скуль узялася гэтая празорлівасьць, што прадбачыла ў выніку зьдзяйсьненьня марксісцкай тэорыі клясавы прыгнёт, эксплюатацыю і паліцэйскую дзяржаву?

Тое, што марксізм няздольны ні вытлумачыць сучаснага сьвету, ні прадбачыць будучыні, не азначае, што ня трэба чытаць твораў Карла Маркса. Ён, бясспрэчна, увайшоў у гісторыю эўрапейскай культуры. Цікавыя ня толькі яго – зь літаратурнага боку часта выдатныя – гістарычныя аналізы і філязофскія роздумы; цікавыя таксама яго фальшывыя прароцтвы. Трэба ведаць усіх мысьляроў, чые творы прычыніліся да наданьня сучаснаму сьвету яго кшталту. Трэба чытаць Картэзія, дарма што безразважна было б шукаць у яго «Прынцыпах» фізычнага вытлумачэньня сьвету. Гэтаксама і Маркс уяўляе сабой надзвычай важную частку нашага духоўнага сьвету, незалежна ад абгрунтаванасьці яго прэтэнзіяў на «навуковасьць».

Прычыны папулярнасьці Маркса ў акадэмічных колах трэба шукаць і ў тым, што яго навука ў схематызаванай форме прываблівае сваёй простасьцю. Сартр зазначыў калісь, што марксісты лянівыя; ім даволі аднаго ключа, каб адчыніць усе дзьверы. І сапраўды, дзякуючы гэтаму ключу, які заўсёды пад рукой, мы ведаем ня толькі ўсю гісторыю чалавецтва, яе не вывучаючы, але ведаем таксама ўсю будучыню сьвету, да таго ж маем рэцэпт для дасканалага ўладкаваньня сьвету, дзе ўсялякія людзкія праблемы і мітрэнгі вырашаныя.

Эфэктыўнасьць Марксавай дактрыны ў палітыцы – зусім іншая рэч. Калі ў прэсе нейкі рэжым Трэцяга Сьвету называецца «марксісцкім», гэта азначае, што дзяржавай кіруюць дэспатычна і што Савецкі Саюз або яго сатэліты пастаўляюць ёй зброю, а таксама вайсковых і паліцэйскіх «дарадцаў». Можна толькі пашкадаваць, што савецкі імпэрыялізм манапалізаваў марксізм як інструмэнт улады, цяжка, аднак, дапускаць, што гэтая дактрына была ў стане сыграць яшчэ нейкую іншую ролю ў сусьветнай палітыцы. Пакладацца на яе азначае – што, відавочна, не было намерам Маркса – падтрымліваць ідэю паняволеньня чалавека.

Марксава навука ня робіць сьвет больш зразумелым. Немагчыма, аднак, зразумець сучасны сьвет, не разумеючы ўплыву гэтай дактрыны на яго станаўленьне.

Тэкст перакладзены паводле: Pogląd, № 1 (153), 1989.


Наша вечная справа з Iсусам

Пра Iсуса можна прачытаць усё, што хочаш. Напрыклад, што ён нiколi не iснаваў;

або што ён, безумоўна, iснаваў, але ня быў укрыжаваны; хтосьцi iншы павiс на крыжы на яго месцы;

або што ён, безумоўна, быў укрыжаваны, але не памёр, а ачомаўся ў труне, скуль выйшаў, каб памерцi за некалькi дзён;

або што разам са сваёй жонкай, Марыяй Магдаленай, ён эмiграваў у Марсэль i меў там дзяцей, якiя запачаткавалi дынастыю Мэравiнгаў;

або што ён быў чарадзеем, якi рознымi штучкамi агаломшваў легкаверную публiку;

або што ён быў прыхаднем зь iншай галяктыкi;

або што ён быў звычайным габрэйскiм нацыяналiстам, антырымскiм кансьпiратарам;

або што ён быў бесьцялеснай iстотай;

або што ён быў гомасэксуалiстам, а Апостал Ян яго каханкам;

або што ён быў адначасна мужчынам i жанчынай;

або што ён належаў да рэвалюцыйнай групоўкi Новых Левых;

або што галоўная справа, пра якую вядзецца гаворка ў Эвангельлях, гэта як рабiць грошы (я чуў гэта на ўласныя вушы ад аднаго з амэрыканскiх тэлевiзiйных прапаведнiкаў).

Калi, аднак, адкласьцi ў бок домыслы i фантазii, гiстарычная, а таксама тэалягiчная лiтаратура на тэму Iсуса, вельмi шматстайная, ня толькi не адмiрае, але робіць уражаньне надзвычай жывучай. Ксёндз Дарэ ўжо некалькi гадоў публiкуе ў Францыi сэрыю кнiгаў пра Iсуса, кожная зь якiх асэнсоўвае нейкi iншы бок яго дзеяў i спадчыны, i тыя зь iх, якiя я ведаю, вельмi каштоўныя i павучальныя. Я чытаў дужа кнiгаў пра Iсуса – нязначную частку iснуючай лiтаратуры, безумоўна – пачынаючы, згодна з законам прыроды, з Рэнана, зь якiм я пазнаёмiўся як чатырнаццаці– або пятнаццацiгадовы мудрэц. Аўтарам працы, якую я хачу парэкамэндаваць, зьяўляецца Жак Дукен, а называецца яна «Iсус» (Flammarion, 1994). Аўтар не зьяўляецца насамрэч прафэсiйным бiблiстам, але ён начытаны ў навейшай лiтаратуры, прысьвечанай Новаму Запавету, i пiша не для навукоўцаў, а для звычайных людзей, толькi крышку азнаёмленых з тэмай, як i ваш пакорны слуга (якi таксама, безумоўна, бiблiстам не зьяўляецца i ня можа асэнсоўваць падзеi як знаўца-гiсторык). Аўтар зьяўляецца таксама веруючым каталiком, але гэта, тым ня менш, не азначае, што кожны з эвангелiчных аповедаў ён трактуе як дакладны i беспамылковы запiс фактаў i словаў (такiх, мабыць, ужо няма сярод гiсторыкаў), але, як кожны гiсторык, разважае над тым, што ў гэтым запiсе імавернае або не.

Нельга не зьвярнуць увагі – ня аўтар першы гэта падкрэсьлiвае – што чым болей вядома аб часох Iсуса, тым болей, а ня меней, імаверным становiцца Эвангельле. Во прыклады. Славуты фрагмэнт Язэпа Флявiя пра Iсуса лiчыўся зазвычай пазьнейшай вустаўкай хрысьцiянскага перапiсчыка, таму што габрэй ня мог пiсаць гэткiмi словамi аб Iсусу (пiсаў «Хрыстос», гаварыў аб уваскрошаньнi). Аднак аказваецца, што адзін iзраiльскi гiсторык адкрыў у сырыйскiх дакумэнтах тэкст Язэпа, якi не зьяўляецца iдэнтычным з агульнапрынятым, але гаворыць аб Iсусу – добрым мудрацу, аб яго укрыжаваньнi Пiлятам i аб тым, што вучнi апавядалi аб яго ўваскрошаньнi. Або: неверагодным здаваўся зварот, якi ўжыў Iсус, гаворачы пра Фарысэяў (Лука 18,11), бо габрэi такiх выразаў не ўжывалi; аказалася, што гэты зварот чатырнаццаць разоў паўтараецца ў Кумранскiх рукапiсах. Або: аповед аб емiне ў Левiя, якога Iсус спаткаў у мытнай каморы, падаваўся неверагодным, бо зь яго вынiкала, што была мяжа памiж Капэрнаумам i Бэтсаiдай; аказалася, што мяжа сапраўды iснавала, але была скасавана празь некалькi гадоў.

Гэткiх прыкладаў, што пацьвярджаюць iмавернасьць эвангелiчных аповедаў на подзе новых дасьледаваньняў, можна яшчэ болей знайсьці ў гэтай i iншых гiстарычных кнiгах. Аднак адсюль не вынiкае, што ўсё зьяўляецца імаверным. Разьбежкi памiж Эвангельлямi былi вядомыя заўсёды, пачынаючы з генэалёгii ў Мацьвея i Лукi. Зрэшты, верыць, што Эвангельлi зьяўляюцца беспамылковымi ў кожнай драбнiцы, – азначае верыць, што боская апека баранiла ня толькi аўтараў ад памылак, але i перапiсчыкаў, што ёсьць надта сьмелым дапушчэньнем у наш век. Можна таксама ўгледзець, без супярэчнасьцi, боскую волю ў гэтых тэкстах i не ўважаючы, што кожнае слова было наўпрост прадыктавана Богам.

Сынаптычныя Эвангельлi былi напiсаныя, на думку гiсторыкаў, у часы, калi павiнны былi яшчэ жыць сьведкi апiсаных падзеяў, а найранейшыя з захаваных рукапiсаў паходзяць з IV стагодзьдзя (пэўныя фрагмэнты нават з II), i таму яны зьяўляюцца значна ранейшымi за iншыя антычныя дакумэнты, iмавернасьць якiх не падлягае сумневу, i мала iснуе дакумэнтаў з тых часоў, гэтак жа добра пацьверджаных (апакрыфiчныя эвангельлi лiчацца недастаткова каштоўнай крынiцай, бо яны былi напiсаны пазьней i зьмяшчаюць вустаўкi, якiя паходзяць з усходнiх рэлiгiяў, дарма што часам яны падаюць зьвесткi, якiх кананiчныя тэксты ня знаюць i якiя могуць быць аўтэнтычнымi).

Але памiж гiстарычнымi драбнiцамi i тэалягiчнымi iнтэрпрэтацыямi (якiя датычаць Тройцы i Перамяненьня Гасподняга) ляжыць справа цудаў. Пры рацыяналiсцкiм падыходзе, што «цудаў няма», усе падзеi, зьвязаныя з цудамi, якiя мы ведаем у Эвангельлi, у сiлу дэдукцыi аўтаматычна прызнаюцца несапраўднымi. Але той, хто верыць у Бога хрысьцiян (у адрозьненьне, напрыклад, ад Бога Ньютона), хто неяк пераймаўся хадой людзкiх справаў, ня мае падставы ня верыць у цудоўныя здарэньнi, якiя па вызначэньнi адбываюцца па боскай волі i ня ёсьць папросту нязвычнымi або невытлумачальнымi зьявамi, якiх шмат. Жыцьцё Iсуса, як мы ведаем з Эвангельля, прадвызначылi два цуды – запачацьце Дзевы Марыi ад Духу Сьвятога i ўваскрошаньне. У сувязi з гэтым аўтар прызнае, што «гiсторыя ня можа сказаць, цi жыў Iсус, цi, наадварот, назаўсёды памёр 7 красавiка 30 году. Можна аднак сказаць, што нешта ў гэтыя днi адбылося, падзея, якая скаланула гэных людзей i скаланула сьвет». У iнтэрвiю, зробленым адначасна з выданьнем кнiгi, ён адкрыта кажа, што верыць ува ўваскрошаньне. Розныя ж слынныя драбнiцы, як разрыў плашчаніцы, усё ж зьяўляюцца, на яго думку, не гiстарычнымi падзеямi, а сымбалiчнымi апiсаньнямi. Iмаверна, што труна аказалася пустой, дарма што iснуюць разьбежкi памiж падрабязнасьцямі зьяўленьня ўваскрэслага вучням. Гэтаксама факт, што пустую труну адчынiлi кабеты, якiя традыцыйна не лiчылiся імавернымi сьведкамi i якiм спачатку вучнi ня верылi, пацьвярджае, што падзея не была прыдумана. Тое, што «нешта тымi днямi зьдзеялася», нешта вялiкае i надзвычайнае, – гэта меркаваньне многiх, хто скрупулёзна вывучаў тэксты, i да таго ж, ня толькi хрысьцiян. Я чытаў кнiгу аб уваскрошаньнi, аўтарам якой быў габрэйскi гiсторык Пінхас Ляпідэ («Auferstehung. Ein jьdisches Glaubenserlebnis», 1980). Ён прызнае факт уваскрошаньня i лiчыць яго габрэйскай падзеяй, разам з тым ён не прызнае Iсуса Мэсiям, а толькi тым, хто тараваў шлях Мэсiю.

Жак Дукен ня верыць, тым ня менш, у запачацьце ад Духу Святога, аб чым ня чуў аўтар найраней напiсаных хрысьцiянскiх тэкстаў, сьвяты Павал; ён уважае гэты аповед за «teologumen», за важную праўду, пераказаную ў мiстычнай форме: што Iсус зьявiўся на сьвеце ў вынiку ўмяшаньня Бога, што ён ёсьць дарам Бога i адкрыў новую эпоху ў гiсторыi; а сюжэт зь яго нараджэньнем фактычна без удзелу мужчыны тут ні пры чым.

Аўтар ня верыць таксама ў Паўлаву iнтэрпрэтацыю мiсii Хрыста, што яна палягала ў выкупленьнi першароднага грэху пакутамі Сына Божага. Iсус нiколi ня згадваў першароднага грэху (ён таксама не сьцьвярджаў, што роўны Богу, да якога ён малiўся, i цуды свае прыпiсваў Богу, ён ня ведаў, калi наступiць судны дзень) i таму немагчыма дапусьцiць, каб Бог зрабiў нешта такое, як ахвяраваньне ўласнага сына, каб той утаймаваў Яго гнеў на бязбожных людзей; пазыцыю Iсуса ў гэтай справе выражае хутчэй прыпавесьць аб блудным сыну, якога радасна прыймае бацька, замест таго, каб караць за даўнiя правiны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю