355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » авторов Коллектив » Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] » Текст книги (страница 15)
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"


Автор книги: авторов Коллектив



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 31 страниц)

«Усходняя Эўропа была, нібы іншы сьвет. У славянскіх краінах, асабліва ў Расіі, сыстэма паншчыны трымалася ў сваёй найгоршай форме. Бязьмежныя багацьці ў руках арыстакратыі азначалі нечуванае зьмяншэньне попыту на асноўныя прамысловыя тавары, попыту, які мог бы прывесьці да стварэньня масавай вытворчасьці... Насельніцтва было прызвычаенае да беднасьці і ня мела панятку пра вонкавы сьвет. Расія была дзяржавай зь вялікімі тэрытарыяльнымі амбіцыямі. Рана (з XVI стагодзьдзя) яна спрабавала вучыцца ў Захаду, хаця б для таго, каб здабыць самастойнасьць у вырабе зброі. Як дзяржаве, Расіі патрабавалася прамысловасьць, і царскі ўрад заахвочваў іншаземцаў адкрываць фабрыкі або працаваць на расійскіх фабрыках. Асобныя арыстакраты нават заахвочвалі прадпрымальных сялян ствараць майстэрні ў абмен на чынш. Але вынік прыводзіў толькі да ўзьнікненьня выспачак хірлявай прамысловасьці.

Расійскія прадпрыемствы ніколі ня дзеялі ў тым жа самым сьвеце, што заходнія прадпрыемствы».

Зьмяняюцца гістарычныя дэталі й дэкарацыі няўдалых гаспадарчых рэформаў, застаецца сама іста праблемы: прыдушаная ўласнымі элітамі свабода гандлю, станавая або каставая сыстэма, якую аберагаюць рэлігійныя структуры. Усё адно, апынімся мы ў Расіі ці ў Асманскай імпэрыі, у Індыі ці ў Лацінскай Амэрыцы, мы паўсюль бачым тыя ж самыя гераічныя намаганьні абараніць боскі грамадзкі парадак. І амаль усе наступствы ўчарашняга прыгоньніцтва дапаўняюцца барацьбой за захаваньне «традыцыйнага» месца жанчыны ў грамадзтве. Параўноўваючы іслам і Японію, Лэндз паказвае, якім падманлівым можа быць знадворны выгляд. Японская культура ёсьць нечувана macho, жанчын не відаць ні на палітычнай арэне, ні ў буйным бізнэсе. Аднак даволі зірнуць на адукацыйную статыстыку і троху больш уважліва прыгледзецца да японскай эканомікі, каб зразумець, што маем справу зь якаснымі адрозьненьнямі. Існуе дыскрымінацыя ў аплаце жанчын, жанчын вельмі часта звальняюць з працы дзеля іхнага замужжа, іх не відаць на палітычнай арэне, але ўсё гэта нельга нават параўнаць з становішчам жанчыны ў ісламскім сьвеце – у японскай сям’і і ў грамадзтве жанчына мае цалкам іншы статус. Лэндз захоплены Японіяй і іншымі краінамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У шмат якіх сфэрах Злучаныя Штаты прайгралі канкурэнцыю зь Японіяй, а самой Японіі ўсё часьцей даводзіцца напружвацца, каб ісьці ў нагу з сваімі суседзямі. Лэндз поўніцай згаджаецца з Вэбэрам, што кальвінісцкі варыянт пратэстантызму быў найлепшым рухавіком капіталізму. Аднак існуюць пэўныя падабенствы ў разьвіцьці Эўропы і Японіі. «У Японіі не было кальвінізму, – піша Лэндз, – але яе прадпрымальнікі практыкавалі аналягічную этыку працы. Ключавою тут была ўстаноўка на працу. Манах Судзукі Шосан (1579–1655), які спавядаў будызм, разглядаў сквапнасьць як духоўную атруту; але сама праца – штось зусім іншае. «Усе прафэсіі ёсьць формай практыкі будызму; праз працу мы спасьцігаем будысцкасьць». Ня трэба быць вэбэраўскім пратэстантам, каб дзеяць так жа, камэнтуе Лэндз.

Бясспрэчна, што ключом да азіяцкага посьпеху была этыка працы, а каапэрацыя зь іншымі краінамі разглядалася ў Азіі як гульня. Зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя японцы поўніцай усьведамлялі, што расклад сілаў няроўны і што яны мусяць змагацца зь невыгоднай кан’юнктурай. Адным з назіраньняў князя Акуба, калі ён у 1873 годзе вярнуўся з двухгадовага падарожжа ў Злучаныя Штаты і Эўропу, было тое, што брытанцы адмовіліся ад пратэкцыянізму на карысьць філязофіі laissez-faire адразу пасьля ўзмацненьня свайго эканамічнага першынства. Нават Адам Сьміт мусіў бы згадзіцца з гэтым назіраньнем, піша Дэвід Лэндз і дадае, што японцы навучыліся па-мастэрску абмінаць невыгодныя для іх пастановы, накінутыя сілай дамовы. Сёньня гэта ўжо не пытаньне беспасярэдняга прымусу, а баржджэй уціску і дыялёгу. Амэрыканскія і эўрапейскія эканамісты часта стаўляюць пытаньне: хіба японцы не разумеюць, што іх палітыка ізаляцыі ўласнага рынку ўдарае па іхных уласных спажыўцох? Хіба яны не разумеюць, што вольны гандаль адкрывае шлях да разьвіцьця і багацьця?

«На гэтыя рытарычныя пытаньні, – піша Лэндз, – японцы адказваюць, што мэтай эканамічнай палітыкі ёсьць нізкія цэны і таннае спажываньне. Мэтай ёсьць дамагчыся найбольшага ўдзелу ў рынку, узрастаньня патэнцыялу, прамысловай і вайсковай сілы. Вытворцы важнейшыя за спажыўцоў. Кожны ўмее купляць, але ня кожны ўмее вырабляць».

Дэвід Лэндз заканчвае сваю кнігу ў міленарным настроі. На працягу апошняй тысячы гадоў чалавецтва павялічылася зь некалькіх сотняў мільёнаў да шасьцёх мільярдаў. Адкінуўшы містыку і забабоны, мы перайшлі ад няпэўных, разумовых назіраньняў да магутнай і ўсё больш усеабсяжнай навуковай веды. Наша веда пра прыроду – адназначна вялікшая і больш надзейная, чымся наша веда пра чалавека. Мала хто хацеў бы павярнуць час назад, але нават тыя, хто адварочваецца ад сучаснасьці, паслугоўваюцца кнігай, акулярамі, езьдзяць аўтамабілямі, карыстаюцца найноўшымі дасягненьнямі мэдыцыны (часам для таго, каб пазбаўляць іншых празьмернай цікавасьці да матэрыяльнага сьвету). Сучасны сьвет падзяляецца на тых, хто траціць грошы, каб пазбыцца залішняй вагі, на тых, хто есьць і п’е дзеля таго, каб жыць, і на тых, хто не ўяўляе, дзе й калі ім паталаніць паесьці ў наступны раз. Калі мы можам нечага навучыцца з гісторыі эканамічнага разьвіцьця, піша Лэндз, – гэта таго, што перадусім культура ёсьць асноўнай крыніцай гэтых адметнасьцяў. Людзі, якія жывуць сваёй працай, – гэта невялікая і прывілеяваная эліта, але гэтая эліта адкрытая для ўсіх. Выснова, якую можна зрабіць з гэтай кнігі, палягае ў тым, што мы пастаянна мусім рабіць усё новыя і новыя спробы трапіць у яе. Тут няма надзеі на цуд, на дасканаласьць, на міленарны пералом. Мы мусім культываваць скептычную веру, піша Лэндз, – унікаць догмаў, умець слухаць і бачыць, спрабаваць удакладняць і фармуляваць свае мэты і шукаць усё лепшыя сродкі для іх рэалізацыі.

Эўрапейскі Зьвяз – гэта супольнасьць, дзе вядуцца прыземленыя спрэчкі пра цэны на селядцы і ялавічыну, пра мытныя тарыфы, пра магчымасьць паступовай адмовы ад межаў. Гэта супольнасьць, у якой людзі і нацыі вучацца адзін у аднаго, дзе ад самага пачатку існуе першынство эканамічных справаў перад палітычнымі, ня кажучы ўжо пра ідэйныя або рэлігійныя прынцыпы. Эўрапейскі парлямэнт не займаецца праблемай люстрацыі або нават хрысьціянскіх вартасьцяў. У краінах Зьвязу практычна ўжо няма людзей, якія ня ведаюць, што, дзе й калі яны змогуць паесьці ў наступны раз. Удзел у гэтай супольнасьці здаецца мне не найгоршай мэтай.

Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 6, 1999.

* Анджэй Карашэўскі – польскі публіцыст, пісьменьнік, журналіст, аўтар кніг з сацыялёгіі культуры. Займаў пасаду віцэ-дырэктара польскай службы Бі-Бі-Сі, з 1998 году стала жыве ў Польшчы. Ляўрэат публіцыстычнай прэміі імя Юліюша Мерашэўскага часопісу «Kultura» за 1999 год.

Вялікі розгалас спарадзіла яго кніга «Wielki poker», прысьвечаная сытуацыі на польскай вёсцы, асабліва з малазямельнымі сялянамі, напярэдадні ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Сярод апошніх публікацыяў адзначым кнігу «W grzechu poczęci – wiara i seks we współczesnym świecie» (Wydawnictwo Naukowe SCHOLAR, 1996).

Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды рэдакцыі часопісу «Kultura».

Ежы Клачоўскі*
Традыцыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы – досьвед, важны для нашых часоў

Спадар Старшыня, Рэктар, Шаноўнае Спадарства. Дарагія сябры!

Тэма згуртаваньня народаў, якую мы сёньня сабе ставім, зьяўляецца тэмай нялёгкай, але вартай рэфлексіі, тэмай нязвычна істотнай, тэмай, якая стаіць перад намі ўсімі, бо існуе або пэрспэктыва нейкай татальнай катастрофы, або пэрспэктыва згуртаваньня.

Важнай зьяўляецца часіна, аб якой мы гаворым, – канец ХХ стагодзьдзя. І калі мы думаем аб нас саміх, аб гісторыі, аб усім тым, што вызначыла, што мы беларусы, фіны, вугорцы, палякі, нам неабходна заўсёды ўсьведамляць, калі мы існуем, у які момант.

Трэба ясна сказаць, што мы стаім на аскепках ХХ стагодзьдзя. Зьбігнеў Бжазіньскі ў нядаўна выдадзенай кнізе падвёў вынікі ХХ стагодзьдзя, трапна назваўшы яго «стагодзьдзем звар’яценьня». Мы стаім на аскепках стагодзьдзя звар’яценьня. Рознымі былі формы гэтага вар’яцтва, але статыстыка, якую прыводзіць Бжазіньскі, гаворыць сама за сябе. Звар’яценьне людзей – 175 млн. чалавек былі з халодным сэрцам забітыя ў ХХ стагодзьдзі; падобных маштабаў забойстваў ня ведае гісторыя чалавецтва. Цяпер можна гэтыя дадзеныя разьмеркаваць: Гітлер – 17 млн., Сталін – 20–25 млн., Кітай – 29. Гэтыя падлікі хіба яшчэ няпоўныя.

Братазабойчыя войны, фанатызм, падмацаваны ідэолягамі рознага роду. І гэтае звар’яценьне ў вялікай меры закранула нас – бо два найжудасьнейшыя таталітарызмы ХХ стагодзьдзя, нацысцкі і камуністычна-бальшавіцкі, дзейнічалі якраз у нашых краінах – ад Нямеччыны да Расіі і ўва ўсіх краінах паміж Нямеччынай і Расіяй. Такім чынам, стагодзьдзе звар’яценьня – ХХ стагодзьдзе – пакінула сваё кляймо на нашых карках.

Наша гісторыя – гэта гісторыя звар’яценьня. Зірнем усе разам на вар’яцтвы, чыненыя ў гэтай частцы свету. І ці скончыліся яны? Напэўна, не, нягледзячы на ўсе зьмены, якія адбываюцца, на ўсе нашыя намаганьні.

Таталітарызмы вельмі глыбока закранулі нас усіх. Якраз у тых краінах, якія перажылі гэты жудасны досьвед, на кожным кроку відаць хваробы ХХ стагодзьдзя ў разнастайных нацыянальных эгаізмах, у розных формах нацыянал-камунізму; гэта адна з ідэалёгіяў ХХ стагодзьдзя – нацыяналізм, спалучаны з крайнім камунізмам ці таталітарызмам у розных прапорцыях, у розных формах. І дасюль сьляды яго існуюць часам у афіцыйных дактрынах, часам у нашым мысьленьні.

Мы вельмі ахвотна шукаем варагоў – гэта першы шлях мысьленьня, благі шлях – заўсёды нехта вінаваты, і гэта таксама спадчына стагодзьдзя звар’яценьня. Тут патрэбны «рахунак сумленьня» для ўсіх нас, і перадумовай любога дыялёгу зьяўляецца якраз такая рэфлексія, калі мы пачынаем усьведамляць, да чаго мы давялі сьвет і да чаго мы давялі нашы краіны. Гэта першы прынцып, дзякуючы якому я хацеў бы ўвыразьніць і падкрэсьліць, пра якія важныя справы ідзе гаворка.

А другі бок мэдалю ў гэтае жудаснае стагодзьдзе звар’яценьня, як і заўсёды ў гісторыі, – сьляды таго, што, аднак, людзі захавалі чалавечнасьць, што яны засталіся людзьмі і трэба цаніць гэта, бо застацца чалавекам у найцяжэйшых варунках – вельмі цяжкая справа; вельмі цяжка заставацца чалавекам, напрыклад, у канцэнтрацыйным лягеры або ў лягеры працы. Вядома, мала хто здаў гэты экзамэн, аднак усе людзі з нашых краін яго здавалі. Нягледзячы на нялюдзкія ўмовы, былі элемэнты захаванай чалавечнасьці і былі элемэнты пошуку міжчалавечай салідарнасьці.

У тое ж самае ХХ стагодзьдзе адбыліся вельмі важныя рэчы, напрыклад, на ўзроўні між Цэрквамі, дзе месца варожасьці паміж каталіцкай, пратэстанцкай і праваслаўнай царквой заняў надзвычай магутны рух другой палавіны ХХ стагодзьдзя – экумэнізм. Узьнікла абсалютна новая псыхалягічная атмасфэра, і гэта вялізны пералом. Для каталікоў, напрыклад, часы Яна ХХІІІ і ІІ Ватыканскага Сабору азначалі пералом, аснаватворнае прыняцьцё новых поглядаў. Можна прывесьці шмат прыкладаў новых адносінаў паміж народамі. Не хачу гаварыць аб нашай частцы Эўропы, бо ўжо некалькі гадоў мы тут зьдзяйсьняем спаважную працу ў гэтым абсягу, але прывяду вялікі эўрапейскі прыклад дачыненьняў паміж Нямеччынай і Францыяй. Гэта вялікае збліжэньне, заплянаванае элітамі, мудрымі людзьмі з аднаго і другога боку, прынесла надзвычай важныя вынікі. І тут можна множыць прыклады, і таму напрыканцы ХХ стагодзьдзя, гаворачы аб стагодзьдзі звар’яценьня, трэба памятаць, што былі людзі, якія захавалі гэтую чалавечнасьць і шукалі збліжэньня паміж нацыямі, расамі і рэлігіямі.

І ў гэтым кантэксьце наша сустрэча, сустрэча перадусім маладога пакаленьня, вельмі важная, паколькі гэтаму маладому пакаленьню давядзецца забясьпечыць разрыў з багажом жудаснага ХХ стагодзьдзя. Яно мусіць навучыцца думаць інакш, што вельмі нялёгка, паколькі кожны тут увасабляе пэўную фармацыю, школу, сям’ю і кожны нясе багаж гэтага жудаснага ХХ стагодзьдзя, і дзякуючы гэтаму для кожнага важны гэты разрыў, але ёсьць вялікая надзея, што наўперад маладыя людзі зробяць такога кшталту крок. І добра, што месцам нашага спатканьня быў абраны якраз унівэрсытэт, бо ў старой эўрапейскай традыцыі, пачынаючы з ХІІ, ХІІІ стагодзьдзя, можна сказаць, з пачатку Эўропы, унівэрсытэт як культурная зьява ў прынцыпе зьяўляецца месцам рэфлексіі, месцам мысьленьня аб сьвеце з пэўнай дыстанцыяй. Захоўваць дыстанцыю надзвычай важна. Жывучы дзень за днём сваім клопатам, тым, што сродкі масавай інфармацыі штодня паведамляюць нам, мы ня ўмеем абстрагоўвацца, а абстрагаваньне зьяўляецца неабходным для спаважнейшай рэфлексіі.

Добра, што гэты стары ўнівэрсытэт, гісторыя якога сягае да першых стагодзьдзяў сфармаваньня Эўропы, прыняў нас, і гэты горад, і гэтыя муры павінны спрыяць такому мысьленьню з дыстанцыяй да нас саміх, да дня сёньняшняга і да дня заўтрашняга. Рэфлексія аб нас саміх, бо гэта павінна быць рэфлексія аб адносінах паміж народамі, якую трэба зыніцыяваць нам. Гэта мы, па сутнасьці, пераймаем адказнасьць за нашы краіны, за тое, кім мы зьяўляемся сёньня, за нашы культуры, бо ўрэшце тое, што я ўкраінец, вугорац або славак, азначае, што я належу да пэўнай культуры – украінскай, вугорскай або славацкай.

Культура – гэта мова, гэта ўзвычаеньні, гэта погляды, гэта цэлы комплекс вартасьцяў. Дзякуючы культуры кожны з нас стаецца чалавекам, гэта культура творыць чалавека. І таму наша мысьленьне, апрача адносінаў паміж людзьмі, датычыць гэтых фундамэнтальных справаў, нас саміх, нашай культуры, пытаньня – кім мы ёсьць? З чым мы сябе ідэнтыфікуем? Сёньня будзе недастаткова сказаць – я ідэнтыфікую сябе з Украінай, Польшчай, Расіяй, Нямеччынай. Якой Украінай? Якой Польшчай? Якой Расіяй? Якой Нямеччынай? Гэта прынцыповае пытаньне.

Мы стаім перад пэўным выбарам, што нам належыць зьдзейсьніць, і вяртаемся да пытаньня, які я чалавек, прынцыповага пытаньня. Перадусім гэта найгалоўнае – які я чалавек. Перш-наперш – паляк, перш-наперш – немец, перш-наперш – украінец – і чалавек. Гэта найважнейшы элемэнт для любога кантакту, бо зь ім даводзіцца спатыкацца людзям ува ўзаемадачыненьнях. А могуць спатыкацца ня людзі, а фанатычныя бэстыі, якія думаюць толькі аб тым, каб адныя вынішчалі другіх, напрыклад, праз этнічныя чысткі і таму падобныя зьявы, што падтрымліваюць нянавісьць рознага тыпу: расавую, рэлігійную, нацыянальную. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба, няшчасны лёс былой Югаславіі павінен быць перасьцярогай для нас якраз у гэты момант.

У рэфлексіі аб культуры варта падкрэсьліць вагу гістарычнай рэфлексіі, але гісторыі, зразуметай так, што трэба выходзіць з саміх сябе, са сваёй гісторыі. Праз гісторыю сваёй сям’і мы трапляем у сапраўднасьць нашых краін, супольнасьцяў. І таму мы як людзі створаны гісторыяй, пэўнай гісторыяй ХХ стагодзьдзя. Але трэба дадаць, што ня толькі XX стагодзьдзя, ня толькі гісторыяй гэтага драматычнага пэрыяду. Нашу культуру ўтварае цэлы шэраг элемэнтаў, якія назапашваліся сотні гадоў. Гуманітарная веда другой палавіны ХХ стагодзьдзя ўвяла надзвычай важнае для сучаснай гуманістыкі паймо мысьленьня аб доўгай працягласьці. Доўгай працягласьці асабліва ў культуры. Элемэнты культуры – гэта элемэнты доўгай працягласьці, іх трэба заўважаць і трэба ўмець іх разрозьніваць, і мне падаецца, што падчас рэфлексіі якраз аб культуры нашых краін, нашай часткі Эўропы, мы павінны разважаць над тымі элемэнтамі культуры, якія абумовілі, што мы сталі людзьмі той нацыянальнай формы, той мовы, у традыцыях якой мы былі ўзгадаваныя.

Мне падаецца, што сёньняшні сьвет чакае вялікая праца. Гэтая праца вельмі выразьліва ўжо некалькі дзясяткаў гадоў ажыцьцяўляецца ў Заходняй Эўропе, калі Эўрапейская Супольнасьць будавалася з увагі на пэўныя традыцыі супрацоўніцтва, якія там існавалі. Мы сёньня ў нашай частцы Эўропы, у той Эўропе, якую звычайна называюць Цэнтральна-Ўсходняй Эўропай – гэта той рэгіён, які мы ўсе рэпрэзэнтуем у гэтай залі – мусім навучыцца прадумваць гісторыю нашага рэгіёну якраз з пункту гледжаньня культураў, якія тут узьніклі, і якія абумовілі тое, што нашым нацыям свомая жыцьцёвасьць. Аднак у ХІХ стагодзьдзі нашых краінаў яшчэ не было, а былі чатыры вялікія дзяржавы ў гэтай частцы Эўропы: Расія, Прусы, імпэрыя з цэнтрам у Вене і Турэччына. Былі моманты ў ХХ стагодзьдзі, калі існавала толькі Ўсходняя Эўропа і Заходняя Эўропа зь мяжой на Эльбе, а сёньня тут 19–20 дзяржаваў. І гэта прыклад таго, што на працягу гэтага доўгага часу сіла культуры, г.зн. людзі, якія ня мелі нават свайго гаспадарства, а мелі якраз сваю культуру, прывяла да таго, што ўзьнікла гэтулькі дзяржаваў на мапе Эўропы.

Мы павінны больш разважаць над нашымі культурамі і адначасова ўсьведамляць сабе адну рэч, што нашы культуры заўсёды ўзьнікалі ў цеснай сувязі з суседзямі і з усім цывілізацыйным колам, да якога мы належым. Гэтае цывілізацыйнае кола, да якога мы належым тысячу гадоў, – гэта Эўропа. Бо Эўропа – гэта цывілізацыя, якая якраз каля 1000 году, у Х стагодзьдзі расшырылася на нашыя краіны. Раней гэта быў Захад з Карлам Вялікім, гэта была Бізантыя, таксама эўрапейская традыцыя, а з Х стагодзьдзя (гэты пэрыяд вызначаюць такія, напрыклад, даты, як 966 г. – хрост Польшчы, 988 г. – хрост Русі) і мы зьяўляемся на мапе Эўропы. Узьнікла Эўропа з нашымі краінамі, узьнікла тое, што мы называем новым хрысьціянствам. Было заходняе хрысьціянства, бізантыйскае хрысьціянства і новае хрысьціянства, што сягала Скандынавіі і межаў Кіеўскай Русі.

І гэта выточны пункт нашай гісторыі, надзвычай істотны і важны, але толькі выточны пункт, бо толькі пасьлей, на працягу наступных стагодзьдзяў у выніку пераўтварэньняў і складаных зьяваў утварыліся нашыя культуры, падставы нашай вартасьці як людзей, нашых вартасьцяў як палякаў, украінцаў, чэхаў і г.д., і адначасна эўрапейцаў. Бо ўсё дзеялася ў цывілізацыйным эўрапейскім коле, якое тады атаясамлівалася з заходнім і ўсходнім хрысьціянствам. І тое, што пасьлей будзе асабліва важна для ўсіх эўрапейскіх краінаў, а таксама і для нас, гэта той досьвед, які мы атрымалі ў наступныя стагодзьдзі, калі з такіх нашых сутыкненьняў фармаваліся якраз падставы нашых нацыянальных культураў.

Польшча, Чэхі, Вугоршчына – якія з Х, ХІ стагодзьдзя пачалі навязваць інтэнсіўныя кантакты з эўрапейскім Захадам – перанялі гэтае дынамічнае разьвіцьцё Заходняй Эўропы, таму ХІ, ХІІ, ХІІІ стагодзьдзе – гэта вялікія стагодзьдзі Заходняй Эўропы. Польшча, Чэхі, Вугоршчына разам увайшлі ў Заходнюю Эўропу і прынялі ня толькі хрысьціянства зь яго культурай, але і пэўныя грамадзкія структуры гэтай Эўропы, што было надзвычай важна.

Гэтую Заходнюю Эўропу ў пэрыяд яе незьлічоных посьпехаў – у ХІ, ХІІ, ХІІІ стагодзьдзі – стваралі не дзяржавы і грамадзтвы. Гэта быў рух зьнізу, гэта былі тысячы супольнасьцяў. Гарады і сёлы як супольнасьці з уласнымі законамі. Можна сказаць, што малыя дэмакратыі гораду і сяла стварылі Эўропу. Нашыя краіны ў ХІ, ХІІ і перадусім у ХІІІ стагодзьдзі перанялі гэтыя ўзоры і фармавалі сваю культуру шляхам спалучэньня пэўных собскіх элемэнтаў з элемэнтамі, перанятымі з Захаду.

Адначасова вельмі выразьліва з ХІІІ, XIV стагодзьдзя хада гісторыі прывяла да таго, што Польшча злучылася цеснымі сувязямі з новымі краінамі – такімі, як Вялікае Княства Літоўскае, якое ўзьнікла ў XIV стагодзьдзі і абыймала Літву, Жмудзь і вялікія прасьцягі былой Кіеўскай Русі, якія пасьлей утварылі Ўкраіну і Беларусь. На гэтых вялікіх абшарах польска-літоўска-рускай дзяржавы, калі не зважаць на палітычны аспэкт, мелі месца культурныя зьявы, якія аказалі вялікі ўплыў на фармаваньне падставаў украінскай, беларускай, летувіскай, польскай культуры, але адначасова ў гэтым фармаваньні ўдзельнічалі іншыя групы. Гэта надзвычай цікавая зьява, што ўдзельнічалі немцы – з ХІІІ стагодзьдзя вельмі інтэнсіўна і працягла. Найбольшым горадам польска-літоўска-рускай Рэчы Паспалітай быў Гданьск, асноўную папуляцыю якога складалі немцы-лютэране. Згадаем жыдоў, якія гралі такую вялікую ролю ў гэтай частцы Эўропы з XV–XVI стагодзьдзя; некалькі стагодзьдзяў гэта быў галоўны ў сьвеце асяродак жыдоў. Мы можам доўга гаварыць аб фармаваньні нашых культураў, але важна, каб мы ўсе памяталі, што ўсё гэта адбывалася ў Эўропе, у кантакце паміж намі і ў кантакце з Эўропай. Так, вялікую ролю гралі немцы, але якую вялікую ролю гралі італьянцы, паўсюль відаць на нашай прасторы, відаць і ў Кракаве, і ў Нясьвіжы, і ў Кіеве, і ў Вільні. Важкую ролю адыгралі і іншыя эўрапейскія краіны.

Гэта, зрэшты, досьвед, які ў сярэднявеччы, у XIV і XV стагодзьдзі, пэўным чынам падзялялі з намі вугорцы, што ўтварылі тады шматнацыянальную супольнасьць – каралеўства сьв. Стафана, дзе побач з вугорцамі жылі таксама харваты, славакі, румыны, сэрбы і іншыя народы, складаючы своеасаблівую мазаіку, форму фэдэрацыі. Вельмі інтэнсіўнае разьвіцьцё Вугоршчыны ў гэтую вялікую эпоху, пры блізкіх сувязях з Польшчай, было вырашальным для станаўленьня вугорскай культуры. Пасьлей Вугоршчыну напаткала катастрофа; гэта была параза ў бітве пад Могачам (1526), у выніку якой краіна была захопленая і падзеленая Турэччынай. Хаця ад гэтай катастрофы вугорцы паступова ачомуюцца, падставы вугорскай культуры сфармаваліся якраз у тыя стагодзьдзі.

Драматычная і гісторыя Чэхаў. Гэтая краіна адыгрывала вялікую ролю ў ХІІІ і XIV стагодзьдзях у нашай частцы Эўропы. Пасьлей былі гусіцкія войны і пошук новых рашэньняў. Вялікім чэскім досьведам у XV, XVI стагодзьдзях быў рэлігійны плюралізм. XVI стагодзьдзе прынясе надзвычай цікавы досьвед ува ўсе нашыя краіны, сужыцьцё ўжо ня толькі русінаў, украінцаў, беларусаў, летувісаў, палякаў, немцаў, жыдоў, але таксама каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў розных галін. Гэтага шмат было ў Вугоршчыне і там, дзе заставалася пэўная свабода – у Трансыльваніі, і ў Чэхах – аж да катастрофы пры Белай гары (1620); было гэтага шмат і на прасьцягах шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.

А ў тагачаснай Эўропе з XVI стагодзьдзя вельмі выразьліва панаваў дзяржаўна-канфэсійны абсалютызм, які азначаў, што падданыя павінны былі ісьці за валадаром. У Расіі гэта быў праваслаўны абсалютызм, дзе-нідзе пратэстанцкі – як у Прусах, або каталіцкі – як у Аўстрыі. Усе сьцьвярджалі, што мусіць быць адна вера, а тут наўкола цябе жылі і суіснавалі розныя канфэсійныя групы. Гэта, безумоўна, не было ідэальным сужыцьцём, але ня трэба забывацца, што гэта быў свайго роду экспэрымэнт, адзіны ў сьвеце ў такім маштабе, зьдзейсьнены ўсёй Цэнтральна-Ўсходняй Эўропай.

Гэта гісторыя, на якую мы занадта мала зьвяртаем увагі ў школьных падручніках, забываючыся, што гэта наш супольны здабытак. Дагэтуль мы гаварылі аб гісторыі нашых краінаў як бы адасоблена, забываючыся аб супольных здабытках. Аднак гэта была вялікая эпоха, і таму ў нашых краінах існуе ўспамін аб гэтых стагодзьдзях.

І можа, гэта не выпадкова, што калі вольная Ўкраіна стварыла новы ўнівэрсытэт у Кіеве, то яго патронам быў абраны Пётра Магіла, які гэтаксама зьдзяйсьняў гэты экспэрымэнт. Гэта быў чалавек многіх культур, які патрапіў стварыць у Кіеве інтэлектуальны асяродак, вельмі важны для Ўкраіны. Калі ў Менску быў створаны асяродак рэфлексіі над Беларусьсю, яго патронам быў абраны Францішак Скарына – чалавек гэтай эпохі, зьвязаны з Кракавам, Вільняй, Менскам, Прагай. Прыклады можна было б множыць бясконца.

Мы не зьбіраемся займацца ідэалізацыяй, бо ў гэтым сужыцьці было мноства нэгатыўных зьяваў. Аднак мы не адмаўляем той вялікай традыцыі, у якой фармаваліся нашыя культуры. Бо няма польскай культуры без Украіны і Беларусі. Няма Ўкраіны ў культурным сэнсе – прыгадаем Ігара Шаўчэнку – безь Бізантыі і Польшчы. Тут фармаваліся элемэнты нашых культураў, тут дзейнічалі людзі, якія часам належалі да многіх традыцыяў. Гэты досьвед пэўнага нашага плюралізму адначасова зьяўляецца эўрапейскім досьведам, нашым пропускам у Эўропу. Гэта – эўрапейскія вымеры нашага досьведу. Калі сёньня мы гаворым аб гэтым прадстаўнікам Заходняй Эўропы, то яны кажуць, што мы апярэдзілі іх у гэтай дзейнасьці. Мы спадкаемцы вялікай эўрапейскай культуры, якую тут зь вялікімі цяжкасьцямі і мазалямі на працягу соцень гадоў спрабуюць рэалізаваць. Напару ў сьвеце нас уяўляюць як новыя дзяржавы, якія ўзьніклі некалькі гадоў таму. А ў нас жа ёсьць доўгае культурнае карэньне, аб чым мы павінны гучна гаварыць, як і аб тым, што кожная з нашых культураў разьвівалася ў супольнасьці іншых.

Мы стварылі цэлую сетку інстытутаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, якая займаецца працай у тым ліку над новымі сынтэзамі нашых краін. Мы павінны разьвіваць культурны турызм, а турыстам даць праводнікі, якія б прэзэнтавалі шматкультурную спадчыну нашых гарадоў. Мы прывязаны да нашай малой бацькаўшчыны, але трэба адначасова памятаць, што нашы культуры зьяўляюцца ўзаемазалежнымі.

Многія ў сьвеце ўяўляюць нас як няздольных да сужыцьця, падкрэсьліваючы, што мы ў змозе толькі біцца паміж сабой, і як прыклад прыводзячы цэлую пляяду войнаў паміж намі. Але ж у нашай культуры ёсьць глыбокая традыцыя сужыцьця, і мы рашуча хочам выбраць такую культуру, такую Ўкраіну, такую Польшчу, такую Расію, такую Нямеччыну, такую Чэхію, якая была б адкрытай для іншых і не замыкалася б у цесным нацыянальным шавінізьме. І гэта выбар, які стаіць перад намі, і інтэлектуальнае заданьне, якое нам трэба ажыцьцявіць. Пашчасьціў нам, пашчасьціў вам Божа як найхутчэй выканаць гэтую місію.

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

* Ежы Клачоўскі – буйны польскі навуковы, палітычны і культурны дзеяч. Жыве і працуе ў горадзе Любліне.

Зьмешчаны ніжэй тэкст быў пакладзены ў аснову прамовы, што прагучала ў ліпені 1994 году падчас першага сойміку моладзі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Кракаве.

Паслоўе перакладніка

Так склалася, што на гэты раз у цэнтар нашай увагі патрапіла постаць, даволі буйнамаштабная для нашай прасторы. Мы вядзем гаворку пра Ежы Клачоўскага, знакамітага польскага гісторыка рэлігіі, аўтара шматлікіх працаў зь мінуўшчыны Рэчы Паспалітай і лёсаў славянскай цывілізацыі ў Эўропе. Дасьледаваньні Клачоўскага ўжо даўно атрымалі шырокі розгалас у сьвеце, чаму не ў апошнюю чаргу паспрыяла іх даступнасьць і кампэтэнтнасьць, а таксама арыгінальныя гістарычныя канцэпцыі аўтара. Кнігі гэтага дасьледніка вызначаюцца глыбокай ступеньню пранікненьня ў сутнасьць разгляданых зьяваў, багацьцем прыводжаных фактаў, пошукам і генэралізацыяй новых, напару нават нечаканых ідэяў. Адметнай рысай дасьледаваньняў Клачоўскага выступае тое, што яны не замыкаюцца ў абсягу гісторыі як таковай, а апэлююць да гісторыі матэрыяльнай культуры, культурнай антрапалёгіі, этнаграфіі, сацыяльнай гісторыі, статыстыкі і картаграфіі.

Некаторыя працы Клачоўскага пабачылі сьвет і на Захадзе. Ён зьяўляецца аўтарам многіх разьдзелаў шматтомнай «Histoire du christianizme des origines a nos jours», якая друкуецца ў Парыжы сусьветна вядомым выдавецтвам «Foyard». Ужо будучы дырэктарам Інстытуту Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Любліне, Клачоўскі зыніцыяваў і ўзначаліў выданьне шматтомнага «Атлясу грамадзка-рэлігійнай гісторыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы».

Няпростым, аднак, быў лёс гэтага чалавека. Можна сказаць нават інакш: шмат чаго ў жыцьці ён дасягнуў насуперак волі лёсу.

Ежы Клачоўскі нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Багданы, што знаходзіцца ў Астралэнцкім ваяводзтве. У 1940 годзе ён быў выселены разам зь сям’ёй у Генэральную Губэрню і неўзабаве асеў у Варшаве, дзе пачаў навучаньне ў сярэдняй школе айцоў марыянаў. Адначасова – увосень 1941 г. – ён уступае ў полк «Бішта» Арміі Краёвай і ў 1943 годзе канчае тайную школу падхаружых. Ён бярэ чынны ўдзел у варшаўскім паўстаньні і ноччу з 24 на 25 верасьня падчас атакі атрымлівае цяжкае раненьне. На гэтым, аднак, злыбеды ня скончыліся: будучы прафэсар трапляе ў палон, адкуль яго вызваляюць толькі ў студзені 1945 году. У той жа самы год ён распачынае навучаньне на гістарычным факультэце Познаньскага ўнівэрсытэту, а пасьля пераводзіцца ў Торунь, дзе ў 1948 годзе стаецца спачатку магістрам, а праз два гады і доктарам гісторыі.

Увосень 1950 году Клачоўскі пачынае выкладаць гісторыю ў Каталіцкім Люблінскім унівэрсытэце, дзе і працуе дагэтуль. У гэтым унівэрсытэце ён праходзіць усе прыступкі навуковай кар’еры: у 1967 г. Клачоўскі стаецца экстраардынарным прафэсарам, у 1974 г. – ардынарным, а пазьней выконвае функцыю дэкана факультэту гуманітарных навук. Паралельна з гэтым Клачоўскі стварае Інстытут гістарычнай геаграфіі касьцёлу ў Польшчы, а потым кіруе ім. Адначасова ён працуе ў Камітэце гістарычных навук пры Польскай акадэміі і Міжнароднай камісіі параўнальнай гісторыі, у якой з 1980 году зьяўляецца віцэ-старшынём. Разам з шырокай навучальнай, навуковай і арганізацыйнай дзейнасьцю ў маштабе Польшчы, ён таксама займаецца – асабліва ў восемдзясятыя гады – актыўнай міжнароднай дзейнасьцю. Клачоўскі выкладае ў «Калеж дэ Франс», у парыскай Сарбоне, у ангельскім Оксфардзе і амэрыканскім Прынстане.

Адметную старонку жыцьцёвай актыўнасьці Е.Клачоўскага становіць яго грамадзкая і палітычная дзейнасьць. У 1956 г. ён быў адным з заснавальнікаў варшаўскага Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі. У 1981 годзе Клачоўскі кіруе працай Унівэрсытэту Цэнтральна-Ўсходняга рэгіёну «Салідарнасьці». Ён сябра Грамадзянскага камітэту пры Леху Валэнсу ў 1987–1990 гг., старшыня Грамадзянскага камітэту Любліншчыны ў 1989–1990 гг, з чэрвеня 1990 г. па лістапад 1991 г. – сэнатар ад люблінскага ваяводзтва, сябра Камісіі замежных справаў Сэнату. Зь вясны 1991 г. ён таксама выконвае функцыю старшыні Польскага камітэту ЮНЭСКА і зьяўляецца сябрам Выканаўчай Рады гэтай арганізацыі. У апошні час Клачоўскі шмат увагі прысьвячае і працы ў Польскім інстытуце хрысьціянскай культуры пры Фондзе Яна Паўла ІІ у Рыме.

У 1993 годзе Клачоўскаму была нададзеная годнасьць ганаровага доктара Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а ў 1998 – унівэрсытэту Paris IV (Сарбоны).

8 красавіка 2000 году Ежы Клачоўскі падпісаў калектыўны зварот польскай інтэлігенцыі супраць актаў вандалізму ў дачыненьні да жыдоўскай меншыні ў Польшчы.

Сярод апошніх публікацыяў вылучым кнігу «Młodsza Europa. Europa Środkowo-Wschodnia w kręgu cywilizacji chrześcijańskiej średniowiecza», выдадзеную выдавецтвам «Państwowy Instytut Wydawniczy» ў 1998 годзе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю