Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 31 страниц)
Найбольш імаверная магчымасьць – працяглы і нічым ня стрымліваны крызыс сыстэмы, які ў рэшце рэшт мог бы перайсьці ў чарговы пэрыяд застою, – яшчэ больш паглыбіла б усеагульны крызыс камунізму, спрычынілася б да ўзрастаньня адрозьненьняў паміж камуністычнымі дзяржавамі і паскорыла б працэс ідэалягічнага раскладаньня. Яна немінуча павялічвала б напружанасьць у міжнацыянальных дачыненьнях у самім Савецкім Саюзе, узмацняючы сэпаратысцкія тэндэнцыі. Так ці іначай, распальваючы грамадзкія жарсьці ў кантэксьце ідэалягічнага вакууму, выкліканага дыскрэдытацыяй афіцыйнай дактрыны, Гарбачоў стварыў умовы ня толькі для адраджэньня вялікарускага нацыяналізму, але перадусім для ўзмацненьня нярускіх нацыяналізмаў. У выніку Гарбачоў міжволі паставіў на парадак дня магчымасьць дэмантажу Савецкага Саюзу ў дадзены момант.
Чым даўжэй працягнецца перестройка, тым больш будуць узмацняцца нацыянальныя памкненьні не-расійцаў. Гэта толькі пытаньне часу – можа, нават адносна нядоўгага – калі нацыянальныя рухі, якія выступаюць за перадачу ўладных паўнамоцтваў ад Масквы сталіцам асобных рэспублік, ператворацца ў змагароў за поўны нацыянальны сувэрэнітэт. Гэта ўжо назіраецца ў нядаўна прылучаных рэспубліках Эстоніі, Латвіі і Летуве, тое самае пачынае назірацца ў самабытных рэлігійна і культурна краінах – Арменіі, Азэрбайджане і Грузіі. У недалёкай будучыні гэта можа назірацца ня толькі там, дзе пераважае іслам (у Таджыкістане, Туркменіі, Узбэкістане і Казахстане), але таксама – і гэта з пункту гледжаньня Масквы нясе нечуваную пагрозу – у славянскай Украіне і, нарэшце, у Беларусі (нягледзячы на яе далёкасяжную русіфікацыю). Зь іх Украіна – са сваім вялікім насельніцтвам і багатымі натуральнымі рэсурсамі – уяўляе сабой патэнцыйна найбольш сур’ёзную пагрозу для самога існаваньня Савецкага Саюзу. Таму цалкам верагодна, што ў першыя дзесяцігодзьдзі дваццаць першага стагодзьдзя найбольшым рэгіёнам на сьвеце, які будзе разьдзірацца сур’ёзнымі нацыянальнымі канфліктамі, стане Савецкі Саюз, – і гэта азначала б канчальную перамогу нацыяналізму над камунізмам.
Адзіным канструктыўным вырашэньнем пастаянна ўзрастаючай дэзынтэграцыі савецкіх народаў, якое адпавядае афіцыйна прагалошаным мэтам перестройки – г.зн. эканамічнай дэцэнтралізацыі і палітычнаму плюралізму – ёсьць не прымусовае вяртаньне да імпэрскага Савецкага Саюзу, а пабудова сапраўднай Савецкай Канфэдэрацыі. Аднак сапраўды добраахвотная канфэдэрацыя можа ўжо ня быць магчымай на практыцы дзякуючы абуджаным памкненьням не-расійцаў. Апрача гэтага, так ці йначай, перадача Масквой рэальнай улады, як у сфэры эканомікі, так і ў палітыцы, азначала б на практыцы канец маскоўскай імпэрыі – а такая пэрспэктыва, безумоўна, не падабаецца вялікарусам.
Вайскова-паліцыйны пераварот, пакліканы пакласьці канец працягламу крызысу і вярнуць дамінуючую пазыцыю цэнтру, таксама выклікаў заняпад камунізму ў сусьветным маштабе, або нават яго паскорыў. У сучасных умовах моцна рытуалізаванай ідэалёгіі і ўсё сьмялейшых нярускіх нацыяналізмаў перавароту з мэтай вяртаньня эфэктыўнай цэнтральнай улады давялося б шукаць палітычнай легітымацыі ў вялікарускім нацыяналізьме. Гэта магло б даць цэнтру масавую сацыяльную базу, патрэбную для згумленьня нярускіх нацыяналізмаў. Аднак выклікае сумлеў тое, каб – безь вяртаньня да сталінскіх мэтадаў – можна было такія нацыяналізмы поўніцай выкараніць. Нацыяналістычныя жарсьці вызваліліся з скрыні Пандоры. У эру нацыяналізму ўжо нельга замкнуць яе шчыльней.
У той самы час гласность ужо дала імпульс да крайніх, радыкальных праяваў вялікарускага нацыяналізму. Некаторыя зь іх мяжуюць зь яўным шавінізмам. «Память», надзвычай актыўнае грамадзкае аб’яднаньне, выкарыстоўвае факт, што паступовая кампрамэтацыя афіцыйнай ідэалёгіі стварыла вакуум, які нацыяналізм можа зь лёгкасьцю запоўніць. У выніку «Память» закранула за жывое вялікарусаў, якія ўсё больш абураюцца шкодамі, нанесенымі на працягу семдзесяцёх год іх нацыянальнай спадчыне камунізмам (што «Память» прыпісвае сіянісцкім і масонскім уплывам), а таксама ўсё больш баяцца, што працяглы крызыс можа паскорыць распад іх імпэрыі.
Хаця надпіс з кветак перад савецкім памежным пунктам на чыгуначнай лініі з Хэльсынак у Ленінград і надалей абвяшчае аптымістычны лёзунг «Мы жывем у эпоху, у якой усе шляхі вядуць да камунізму», любы варыянт будучай долі Савецкага Саюзу прадказвае адыход ад камунізму. Посьпех перестройки выклікаў істотнае размываньне практыкі камунізму. Падаўжэньне крызысу было б адзнакай, што сыстэма няздольная да перадачы ўлады больш дынамічнаму і аўтаномнаму грамадзтву на справе. Чарговы застой азначаў бы, што камунізм ня можа творча разьвівацца. Рэпрэсіўны пераварот, заснаваны на нацыяналізьме і ідэлёгіі, скампрамэтаваў бы Савецкі Саюз на міжнароднай арэне, а яго распад быў бы роўны гістарычнай паразе. Такім чынам, у няпэўнай будучыні Савецкага Саюзу крыецца грамадзка-палітычная дынаміка, несумяшчальная з прэстыжам камунізму і яго пэрспэктывамі ў глябальным маштабе.
Палітычныя і сацыяльныя зьмены ўва Ўсходняй Эўропе таксама ўзмоцняць, безумоўна, агульны крызыс камунізму. Гэтыя зьмены будуць рознымі ў розных дзяржавах, а іх рухальнай сілай будзе як нацыяналізм, так і новае пачуцьцё наднацыянальнай салідарнасьці. Гэты першы мог бы паглыбіць традыцыйныя канфлікты – напрыклад, вугорска-румынскую спрэчку аб Трансыльваніі – а імаверным вынікам гэтага другога была б замена дагэтуль яшчэ ня зьніклых рэштак камуністычнага інтэрнацыяналізму ўзрастаючай прыцягальнай сілай Эўропы, якая аб’ядноўваецца ўсё хутчэй. У меру таго, як Заходняя Эўропа будзе крочыць да больш аўтэнтычнага, арганічнага эканамічнага адзінства, і як усьлед за эканамічным аб’яднаньнем узьнікне палітычнае, гістарычнае і культурнае адзінства, прыцягальнасьць Эўропы для ўсходнеэўрапейскіх краін узрасьце яшчэ больш. Паступовае аб’яднаньне Эўропы будзе ствараць драматычны – магнэтычны – кантраст з Савецкім Саюзам, незалежна ад таго, будзе ён у стане хваляваньняў ці застою.
Такім чынам, як аб’яднальная ідэя і ўзор грамадзкага разьвіцьця камунізм ужо страціў сваё значэньне для Ўсходняй Эўропы. Ён перастаў быць інтэлектуальна прыцягальны як ідэя. Як узор ён дыскрэдытаваны нават сярод уладных элітаў. Гэтта насоўваюцца два істотныя пытаньні. Па-першае, як будзе адбывацца працэс дэмантажу існых камуністычных інстытуцыяў? Па-другое, ці прывядзе ён да ладу, роднаснага заходнім дэмакратыям, ці да нацыяналістычных дыктатураў?
Карціна, відаць, будзе вельмі неаднароднай. Амаль усе ўсходнеэўрапейскія дзяржавы будуць імкнуцца да больш цесных сувязяў з Заходняй Эўропай, прычым рэй у гэтым будуць весьці і надалей Вугоршчына і Польшча. Таксама выглядае праўдападобна, што гэтыя дзьве краіны захаваюць свой статус лідэраў у дэмантажы інстытуцыяў, накінутых Савецкім Саюзам. У абедзьвюх краінах узьнікненьне самастойнай грамадзянскай супольнасьці, якая здолее супрацьстаяць эфэктыўнаму кантролю камуністаў, будзе і надалей звужаць абсяг самадыі палітычнай улады і паскорыць аднаўленьне аўтэнтычнага палітычнага жыцьця. Таму абедзьве яны могуць дасягчы, перш як іншыя дзяржавы Ўсходняй Эўропы, прынцыповай памежнай лініі паміж абарончым, адступаючым, усё больш талерантным, аднак і надалей – у сэнсе палітычнай улады – манапалістычным камунізмам і аўтэнтычнай плюралістычнай дэмакратыяй і сапраўднай свабодай палітычнага выбару.
Пераступіць гэтую лінію будзе цяжка. Ніводны камуністычны рэжым ня здолеў мірна дагэтуль перайсьці гэтую нябачную мяжу. Вугоршчына – гэта найлепшы кандыдат да такога спакойнага пераходу. Яна невялікая і геапалітычна ня так істотная для Саветаў, а гэта, у сваю чаргу, азначае меншую імавернасьць таго, каб Масква наважылася на нейкае разбуральнае ўварваньне ў нутраное разьвіцьцё гэтай краіны. Яе палітычная эліта больш мудрая і пачуваецца троху больш бясьпечна, чымся ў Польшчы. Усё гэта магло б абумовіць паступовае ператварэньне ўзьнікаючай грамадзянскай супольнасьці ў Вугоршчыне ў палітычнае грамадзтва з выразна плюралістычнымі рысамі. У Польшчы, дарма што грамадзтва выяўляе там свае правы на палітычную свабоду з большай сілай, чымся ў Вугоршчыне, пэрспэктывы такога спакойнага пераходу такія ж імаверныя. Ужо само ўзмацненьне польскіх нацыянальных памкненьняў, а таксама аснавасяжная слабасьць камуністычнай улады дазваляе прыпушчаць, што пэўная фаза крызысу можа непарыўна суправаджаць агонію камунізму – хаця шмат што, відавочна, залежыць ад ціхай згоды Саветаў на гэты працэс.
Зь іншымі краінамі карціна можа быць больш складанай. Усходняя Нямеччына стала Прусіяй камунізму, дысцыплінаванай, не пазбаўленай матывацыі, прадуктыўнай. Такой яна можа заставацца досыць доўга, асабліва таму, што Заходняя Нямеччына шчодра прычыняецца да яе дабрабыту. Але іх посьпех будзе хутчэй абумоўлены самабытнай нацыянальнай і культурнай традыцыяй, чымся камунізмам як такім. Чэхаславаччына, напэўна, пойдзе за вугорска-польскім узорам, ліквідуючы інстытуцыі савецкага паходжаньня і навязваючы цясьнейшыя кантакты з Эўропай. Любыя працяглыя нутраныя закалоты ў Савецкім Саюзе выклікаюць ажыўленьне эмоцыяў, якія некалі далі штуршок Праскай Вясьне, запачаткоўваючы такім чынам новы пэрыяд палітычнага разьвіцьця. Румынія і Баўгарыя, напэўна, акажуцца аўтсайдэрамі, хаця і першая, і другая будуць ува ўсё большай ступені апэляваць да нацыяналістычных пасылаў пры вызначэньні сваёй нутраной палітыкі.
Характар савецкай рэакцыі на палітычныя перамены ўва Ўсходняй Эўропе сур’ёзна паўплывае на тэмпы і дыяпазон зьменаў у самім Савецкім Саюзе. Савецкі Саюз, які талерантна ставіцца да зьменаў ува Ўсходняй Эўропе, – гэта, найбольш верагодна, Савецкі Саюз, ублытаны ў доўгія, можа нават ілюзорныя, але напэўна бурлівыя пошукі сваёй уласнай перестройкі. Савецкі Саюз, які спрабуе сілай запыніць перамены ўва Ўсходняй Эўропе, можа быць Савецкім Саюзам, які прафануе і гамуе свае рэформы. Ня выключана, што фактычны канец гарбачоўскай перестройки можа аказацца цаной, якую давядзецца заплаціць за захаваньне нутраной імпэрыі. І ў выпадку актыўных захадаў для прылучэньня да большай Эўропы, і ў выпадку ўціску з боку Савецкага Саюзу Ўсходняя Эўропа будзе падрываць міжнародны прэстыж камунізму.
Адно ў Кітаі цяперашняе разьвіцьцё сытуацыі прадказвае аднаўленьне жыцьцёвай сілы камунізму. Але нават там справа ў рэшце рэшт можа аказацца не адназначнай. Як мы ўжо згадвалі, кітайскі рэжым мае большыя шанцы на посьпех, чымся на паразу пры сваіх цяперашніх намаганьнях, накіраваных на хуткае ўключэньне Кітаю ў квітнеючы рэгіён узьбярэжжа Ціхага Акіяну. Але гэтага ён дасягне дзякуючы палітычнай тактыцы, якая будзе мець усё менш супольнага з дактрынай марксізму-ленінізму і ўсё больш з эканамічна пасьпяховай палітыкай некаторых некамуністычных суседзяў Кітаю, якая прадугледжвае перанос націску на замежны гандаль як заруку разьвіцьця краіны. Гэты гандлёвы і тым самым неклясычны камунізм можа дасягаць высокіх паказьнікаў разьвіцьця, але на досыць нізкім узроўні ідэалягічнай артадоксіі. Любыя эканамічныя посьпехі Кітаю будуць аргумэнтам на карысьць далейшага адыходу ад дактрыны і паслужаць прыкладам іншым камуністычным дзяржавам, такім, як Віетнам або Паўночная Карэя – што яшчэ больш аслабіць вернасьць гэтай дактрыне.
З гэтага не вынікае, што няўдачы ў рэалізацыі кітайскіх эканамічных плянаў нейкім чынам ажывілі і зноў легітымізавалі б ідэалёгію. Наадварот, любая параза гэткага роду была б, безумоўна, ацэненая бальшынёй кітайцаў як чарговы довад, што эфэктыўныя вынікі ў эканоміцы немагчымыя пры квазікамуністычнай сыстэме і іх можна дасягчы адно дзякуючы поўнаму адыходу ад усіх традыцыйных марксісцка-ленінскіх абмежаваньняў палітычнай свабоды. Таму зь цягам часу палітычны вымер ператварэньняў будзе, відаць, адыгрываць усё большую ролю. Кітай амаль немінуча асуджаны на ўзрастаньне палітычнай напружанасьці.
У сутнасьці нельга ўявіць сабе доўгатрывалага разьвіцьця эканамічнага плюралізму безь зьяўленьня ў Кітаі грамадзянскай супольнасьці, якая ў рэшце рэшт пачне зьдзяйсьняць свае палітычныя заданьні. Гэта можа прывесьці да працяглай, патэнцыйна нават выбуханебясьпечнай канфрантацыі. Такім чынам, у пэўны момант эканамічны посьпех Кітаю мог бы стаць каталізатарам палітычнага крызысу, які, у сваю чаргу, нават паставіць пад пагрозу гэты посьпех. Кіраўнікі Кітаю ня могуць бясконца не лічыцца з фактам, што ў рэшце рэшт не існуе прамежкавага вязьма паміж цэнтралізаваным камунізмам і дэцэнтралізаваным, аўтаномным грамадзтвам.
Апрача існуючых камуністычных рэжымаў магчымасьці пашырэньня камунізму, ці то шляхам рэвалюцыі, ці то дзякуючы выбарам, падаюцца вельмі абмежаванымі. Разам з раздрабленьнем марксісцка-ленінскай ідэалёгіі ўзрастае магчымасьць таго, што рухаючай сілай рэвалюцыйнай дзейнасьці, асабліва ў Трэцім Сьвеце, будуць перадусім лякальныя пытаньні і дактрынальныя гібрыды, якія будуць аб’ядноўваць пэўныя элемэнты марксізму-ленінізму з больш лякалізаванымі крыніцамі ўзьдзеяньня на эмоцыі і інтэлекты. Зьзяючы шлях у Пэру і тэалёгія вызваленьня ў Лацінскай Амэрыцы даюць прыклады такога прыстасаваньня. Такія формы – асабліва прасякнутыя нейкім рэлігійным зьместам – могуць даць аб сабе знаць у тых частках сьвету, у якіх адчай і фрустрацыя прыводзяць да палітычных актаў гвалту.
Пэўныя элемэнты марксізму зь неабходнасьці будуць часткай усіх рудымэнтарных дактрын гвалтоўнай і прымусовай рэвалюцыі, а таксама хуткай перабудовы грамадзтва. Марксісцкі погляд на гісторыю – гэта частка інтэлектуальнай спадчыны нашага сьвету, і кожны радыкальны правадыр прысвойвае сабе, знарок або несьвядома, пэўныя марксісцкія ідэі ў сваім рэвалюцыйным маніфэсьце. Але гэтыя элемэнты ўжо ня будуць інтэгральнай сукупнасьцю, якая мусіць быць прынятай in toto. Марксізм-ленінізм страціў сваю гістарычную легітымацыю як усеабдымны догмат.
Больш за тое, нават у шэрагах камуністаў зьяўляецца выразная схільнасьць да пэўнага філязафічнага экумэнізму, што трошку нагадвае тое, што апошнімі часамі дзеецца ў рэлігійных арганізацыях. Добры прыклад такога «рэлятывізму» ў мысьленьні – узрастаючая тэндэнцыя савецкіх камэнтатараў да прызнаньня таго, што пабудова камунізму ў Савецкім Саюзе выклікала ідэалягічныя скрыўленьні, якія пазбаўляюць савецкі досьвед якой-колечы абавязковай для ўсіх сілы. Інтэлектуальны прагматызм і сынкрэтызм – гэта, можа, ахвотна прыманая прыкмета большай талерантнасьці, але ўвадначас гэта сыгнал узрастаючай дактрынальнай – або рэлігійнай – індыфэрэнтнасьці. Такая індыфэрэнтнасьць – першая фаза паступовага адмаўленьня ад найбольш істотных вераньняў. Яна немінуча цягне за сабой пераход ад абсалютызму да рэлятывізму, ад догматаў да звычных паглядаў. Гэты пераход і ёсьць агоніяй камунізму.
Разьдзел 24. Посткамунізм
Апошнім часам узьнікла новая зьява – посткамунізм. Дарма што дваццатае стагодзьдзе ня стала эрай перамогі камунізму, яно, аднак, было стагодзьдзем, у якім дамінавалі яго выклікі. Гэтыя выклікі хутка губляюць сілу, у меру таго як зьнікае сам камунізм. Гэта парадокс будучыні, што «перамога» камунізму ўсё часьцей вымяраецца яго здольнасьцю пераходу да большай эканамічнай свабоды і адмаўленьня ад беспасярэдняга кантролю над палітычным жыцьцём грамадзтва.
Такім чынам, посткамунізм будзе ладам, у якім адміраньне камунізму зойдзе так далёка, што ні марксісцкая тэорыя, ні ранейшая практыка камунізму ня будуць мець вялікага – ці ўвогуле ніякага ўплыву на далейшую палітыку дзяржавы. Посткамунізм стане папросту сыстэмай, пры якой людзі, якія самі дэкляруюць сябе як «камуністаў», ня ставяцца да камуністычнай дактрыны як да вызначальнага арыенціру грамадзкай палітыкі: ні тыя, хто абвяшчае, што яна санкцыянуе іх уладу, тымчасам як яна прыводзіць да стагнацыі ладу; ні тыя, хто сьцьвярджае, што ўжываюць яе на практыцы, тымчасам як з посьпехам прафануюць яе сутнасны зьмест; ні, нарэшце, тыя, хто яе адмаўляе, не баючыся ўжо рабіць гэта яўна. Можна сказаць, што Савецкі Саюз, Кітай і Ўсходняя Эўропа ў рознай ступені набліжаюцца да такой посткамуністычнай фазы.
Адбываны цяпер гістарычны працэс станаўленьня посткамунізму стаўляе ўпаасобку два прынцыповыя пытаньні:
1. Ці адыход ад марксісцка-ленінскіх дыктатураў паступова прывядзе да плюралістычнай дэмакратыі, ці ўсё ж да нейкай формы нацыяналістычнага аўтарытарызму?
2. Што будзе прызнана палітычнай і інтэлектуальнай спадчынай камунізму XX стагодзьдзя?
У сутнасьці праблема посткамуністычнай эвалюцыі, напэўна, стане інтэлектуальна найцікавейшым і палітычна цэнтральным пытаньнем узглядам таго, што мы сёньня называем камуністычным сьветам. Паводле бадай усіх прагнозаў, у найбліжэйшыя некалькі дзясяткаў гадоў гэта стане галоўнай дылемай гэтага сьвету, што будзе выклікаць ня толькі аналітычныя, але і практычныя праблемы. Абстрагуючыся ад чыстага прагназаваньня, гэтая дылема вымагае заходняй стратэгіі, разважліва сплянаванай з мэтай павелічэньня магчымасьцяў пераходу ад посткамунізму да дэмакратыі.
Агулам кажучы, у выніку фіяска камунізму камуністычныя рэжымы маюць перад сабой дзьве фундамэнтальныя, доўгатрывалыя альтэрнатывы. Першая – гэта ператварэньне ў грамадзтвы, у якіх усё больш і больш пашыраецца плюралізм. Гэта сьпярша запатрабавала б стварэньня зьмешаных, у розных прапорцыях, дзяржаўна-прыватных эканамічных сэктараў, легітымізаваных усё больш выразна сацыял-дэмакратычнай фразэалёгіяй, што дало б у некаторых выпадках выходны пункт для падтрыманага масамі звароту да збольшага рынкавай сыстэмы. Альтэрнатывай ёсьць стагнацыя ў існуючых інстытуцыянальных структурах, зь людзьмі ўва ўладзе, загрузлых у маргінальных справах, але захоўваючых дыктатарскую ўладу дзякуючы вайскова-палітычнай кааліцыі, якая ўва ўсё большай ступені робіць стаўку на нацыяналізм – а не рытуалізаваную ідэалёгію – як на галоўную крыніцу палітычнай легітымацыі. У абодвух выпадках дадатковае, але цесна зьвязанае з гэтым пытаньне гучыць так: ці рух у адным ці другім кірунку будзе мець эвалюцыйны характар, ці ўсё ж пацягне за сабой нейкія бурлівыя ўзрушэньні?
Выходзячы з дагэтулешняга досьведу, гісторыя не прадказвае вельмі пасьпяховай рэалізацыі першай альтэрнатывы. Стан рэчаў уяўляецца зусім інакш, чымся ў выпадку фашысцкіх рэжымаў у Гішпаніі і Партугаліі: яны пайшлі на эвалюцыйныя зьмены, дазваляючы ўзьнікаць аўтаномным аазысам грамадзкай і эканамічнай дзейнасьці, якія ў крытычны момант маглі ператварыцца ў плюралістычныя крыніцы палітычнай дзейнасьці. Аднак рэжымы тыпу савецкага стварылі таталітарную мадэль сацыяльнай арганізацыі, якая выключала гэткага роду патэнцыйны палітычны плюралізм. Нават ува ўзглядна нетаталітарнай Югаславіі манапалісцкая традыцыя камунізму – асабліва выразная ў ленінізьме – супрацьдзейнічала ўзьнікненьню альтэрнатыўных крыніцаў палітычнага кіраўніцтва і дагэтуль блякуе паступовае ператварэньне краіны ў нешта набліжанае да сацыял-дэмакратыі.
Апрача гэтага, як мы ўжо згадвалі, разам з размываньнем ідэалёгіі камуністычныя эліты ўсюды падлягаюць спакусе ўзмацненьня і зацьвярджэньня сваёй улады дзякуючы ўсё больш выразным апэляцыям да нацыяналізму. Гэта ўжо назіраецца ў камуністычнай Польшчы, дзе на партыйную ўладу накладзена вайсковая ўлада. Тое ж самае дзеецца, можа, троху менш выразна, у Савецкім Саюзе, але гэтая тэндэнцыя, напэўна, будзе набіраць сілу разам з узрастаючым ідэалягічным расчараваньнем. Моцны нацыяналізм чуецца, без сумлеву, у прамовах кітайскіх кіраўнікоў. Хаця гэта можа падарваць далейшую жыцьцёвасьць камуністычнай дактрыны, аднак распальваньне нацыяналізму, безумоўна, дадае сілы аўтарытарным імпульсам. Яно ўзмацняе тыя інстытуцыі ўлады, якія могуць найбольш эфэктыўна выкарыстаць нацыяналістычныя сымбалі для дыктатарскага рэжыму, гамуючы тым самым разьвіцьцё дэмакратыі.
Было б памылкай, аднак, цалкам выключаць, што постакамунізм пойдзе ў больш дэмакратычным кірунку. У некаторых камуністычных краінах грамадзкая самаэманцыпацыя, якая прыводзіць да ўзьнікненьня грамадзянскай супольнасьці, што суіснуе з палітычным ладам, а ня цалкам падкантрольная яму, стварыла магчымасьць паступовага ператварэньня ў больш аўтэнтычныя формы плюралізму. Асабліва важнае значэньне мае ўзьдзеяньне новых сродкаў масавай інфармацыі, паколькі яны парушаюць камуністычную манаполію ў палітычным дыялёгу грамадзтва, а таксама даюць магчымасьць артыкуляваць альтэрнатыўныя палітычныя пагляды.
Табліца на наступнай старонцы ня толькі паказвае меркаваныя стадыі адыходу ад камунізму, але й пазначае некаторыя сумляваньні што да патэнцыйнага парадку палітычных зьменаў у існуючых рэжымах. Як даводзіць дагэтулешні аналіз, крытычнай і разам з тым, магчыма, неабходнай стадыяй такога адыходу ёсьць другая фаза, зь якой можна эвалюцыянаваць у чатырох альтэрнатыўных кірунках. Як ужо было сказана, найбольш імавернай падаецца эвалюцыя ў кірунку трэцяй фазы – посткамуністычнага аўтарытарызму – зь менш праўдападобнымі опцыямі фрагмэнтацыі, спробаў вяртаньня да таталітарнай фазы або беспасярэдняга пераходу да плюралістычнай дэмакратыі.
Так ці іначай, пры гэтым працэсе зьменаў страта камуністычнай уладай манаполіі на сродкі масавай інфармацыі – гэта ключ да разбурэньня камуністычнага плюралізму. Ува ўмовах камунізму і ўпаасобку яго інтэнсіўнай і манапалісцкай індактрынацыі адбываецца наступны працэс: узьнікае ідэалягічна адчужаная маса, якая жадае прысвоіць сабе альтэрнатыўную інфармацыю і з гэтай мэтай прагна кідаецца на новыя тэхнікі сродкаў інфармацыі – замежныя радыёперадачы, відэакасэты, падпольную прэсу – каб сфармаваць іншы, хоць і няясна палітычны сьветагляд. Няўдачы ў эканамічнай галіне падштурхоўваюць палітычна заангажаваных інтэлектуалаў да ператварэньня гэтага сьветагляду ў патрабаваньне ня толькі соцыяэканамічнага, але й палітычнага плюралізму і вяршэнства права.
Запозьненыя камуністычныя эканамічныя рэформы, якія цягнуць за сабой розныя саступкі і дэцэнтралізацыю, міжволі прычыняюцца да паступовай інстытуцыяналізацыі такіх эканамічных і палітычных пераменаў, што можа прыводзіць да грамадзкага штурму таталітарнай дыктатуры.
Гэтыя працэсы, якія ўжо цяпер глыбока ўзьдзейнічаюць на некаторыя часткі камуністычнага сьвету, можа паскорыць дальнабачная стратэгія Захаду, накіраваная на падтрымку посткамуністычнай дэмакратыі. У гэтай стратэгіі нацыяналістычна-аўтарытарная фаза пераходу да посткамунізму можа разглядацца, нават у бальшыні выпадкаў, як неабходны этап у паступовай ліквідацыі марксісцка-ленінскіх сыстэмаў. Аднак, безумоўна, дэмакратыя зацікаўленая ў тым, каб гэты аўтарытарны этап быў кароткі, асабліва дзеля таго што – у кантэксьце эканамічных цяжкасьцяў і недаверу масаў да камуністычных уладаў – раздражненьне народу магло б выбухнуць у любы момант, прыводзячы да ўсеахопнага і гістарычна заўчаснага бунту, што, у сваю чаргу, выклікала б рэпрэсіўную і больш ападыктычную рэакцыю камуністаў. Таму падтрымка паступовай посткамуністычнай дэмакратызацыі ў гістарычным сэнсе – гэта справа, што стаіць на парадку дня.
Для паскарэньня працэсу згасаньня камунізму надзвычай важную ролю адыгрывае вельмі магутнае ўзьдзеяньне лёзунгу правоў чалавека. Правы чалавека – гэта найбольш захапляльная палітычная ідэя нашага часу. Яе абвяшчэньне Захадам ужо цяпер прымусіла абараняцца ўсе бяз вынятку камуністычныя рэжымы. Яе прыцягальнай сілай тлумачыцца станаўленьне ўсё больш разьвітых і палітычна сьвядомых масаў, якія ўжо немагчыма так лёгка трымаць у ізаляцыі і індактрынаваць. Посткамуністычныя аўтарытарныя рэжымы будуць асабліва падаўкія на дзеяньне лёзунгу правоў чалавека, што надзвычай істотна, у варунках адсутнасьці ўсеабсяжнай, прыцягальнай і непаўторнай ідэалёгіі. Таму яны будуць дактрынальна хісткімі і палітычна недаўгавечнымі.
Абвяшчэньне правоў чалавека ня толькі прымусіла абараняцца існуючыя камуністычныя рэжымы, але ў вачах сусьветнай грамадзкасьці паспрыяла адмежаваньню камунізму ад дэмакратыі. Дзякуючы прыцягненьню ўвагі сусьветнай грамадзкасьці да адсутнасьці права выбару пры камуністычным рэжыме, парушэньню правоў чалавека, беззаконьню і ўрэшце палітычнай манаполіі як у абсягу сродкаў масавой інфармацыі, так і ў эканамічным жыцьці – дзякуючы ўсяму гэтаму значна больш выразнай стала сувязь паміж шматпартыйнай сыстэмай і дэмакратыяй. Плюралізм цяпер усюды лічыцца адатрутай таталітарызму. Вынік гэтага ў распаўсюджаным цяпер нават у камуністычных дзяржавах прыняцьці тэзы, што дэмакратычны камунізм – гэта аксюмаран.
Актыўнае прапагандаваньне правоў чалавека дае й маральнае абгрунтаваньне для беспасярэдняй дэмакратычнай кампаніі, пакліканай сфармаваць яшчэ больш незалежную і палітычна адпорную грамадзянскую супольнасьць у існуючых цяпер камуністычных рэжымах. Нараджэньне аўтаномнай грамадзянскай супольнасьці – гэта выходны пункт для канчальнага вызваленьня ад улады камуністаў. Ужо цяпер у шмат якіх камуністычных дзяржавах, і нават у Савецкім Саюзе, спантанна ўзьнікаюць незалежныя групоўкі, якія выкарыстоўваюць новыя тэхнікі пашырэньня інфармацыі. Аўтаномны палітычны дыялёг, які дзякуючы гэтаму набывае голас, можа прычыніцца да ўзьнікненьня дэмакратычнай аднадушнасьці што да патрэбы правядзеньня соцыяэканамічных ператварэньняў, а пасьля і да трансфармацыі дысыдэнцкага руху ў сапраўдную палітычную апазыцыю; такая апазыцыя ў пэўны момант магла б або вытаргаваць мірную перадачу ўлады, або таксама палітычна выкарыстаць выраджэньне агрэсіўнага камуністычнага таталітарызму ў посткамуністычны аўтарытарызм, які ахвотна йдзе на саступкі.
Больш за тое, некаторыя з існуючых усходнеэўрапейскіх рэжымаў, прайшоўшы – магчыма, не бяз актаў гвалту падчас апошняй стадыі – посткамуністычную стадыю, найхутчэй пойдуць на поўную інтэграцыю з астатнім сьветам. Таму больш інтэнсіўныя навуковыя абмены, інтэлектуальныя кантакты і нават гандлёвыя дачыненьні з камуністычнымі дзяржавамі могуць таксама прычыніцца да працэсу дэмакратызацыі, асабліва калі будуць ісьці ўзапар са спробамі паскарэньня нараджэньня сапраўды аўтаномных грамадзянскіх супольнасьцяў у існуючых камуністычных рэжымах. Таму горкая, але шматабяцальная іронія гісторыі можа палягаць у тым, што для некаторых зь іх камунізм акажацца ў канцавым выніку неўнікнёным і каштоўным пераходным этапам ад даіндустрыйнага грамадзтва да разьвітай плюралістычнай дэмакратыі.
Гэткага роду канчальнае паглынаньне пэўных камуністычных дзяржаваў шырокай міжнароднай супольнасьцю можа набыць яшчэ большае значэньне дзякуючы таму факту, што ў гэтым стагодзьдзі плюралістычныя дэмакратыі ўкаранілі ў свае ўласныя сыстэмы некаторыя зь мякчэйшых, нават канструктыўных аспэктаў марксісцкіх ідэяў дасканалага грамадзтва. У меру таго як сацыял-дэмакратыя на Захадзе выступала з шматлікімі праектамі вялікіх праграмаў, накіраваных на ўзрастаньне агульнага дабрабыту, – нават у такіх дэмакратычных сыстэмах, якія найбольш цэняць вольную ініцыятыву, за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў былі зьдзейсьненыя ініцыяваныя дзяржавай захады ў такіх галінах, як сацыяльнае забесьпячэньне, роўныя магчымасьці для асабістай кар’еры, павелічэньне стаўкі падаходнага падатку дзеля зьмяншэньня грамадзкай няроўнасьці, пашырэньне асьветы сярод найбяднейшых слаёў і забесьпячэньне мінімальнага ўзроўню мэдычнай дапамогі шырокім масам насельніцтва. Дзякуючы гэтаму плюралістычная і абапёртая на індывідуальную ініцыятыву дэмакратыя дасягнула таксама вышэйшага ўзроўню грамадзкага ўсьведамленьня.
Гэтае ўключэньне грамадзкай сьвядомасьці ў працэсы палітычнай дэмакратызацыі яшчэ больш падкрэсьлівае слушнасьць тэзы, што камунізм больш ня ў стане ажыцьцявіць якую-небудзь гістарычную місію. Вызначальнае для дэмакратыі ўзрастаньне пачуцьця грамадзкай адказнасьці, зьвязанае з сапраўднай свабодай палітычнага выбару, – формула, пры якой дзяржаву ня ставяць на п’едэстале, а ўжываюць як інструмэнт з абмежаваным дзеяньнем, пакліканы памагчы грамадзтву і індывіду выражаць думкі і пачуцьці, – стварыла дасканалы мэханізм забесьпячэньня чалавечых патрэбаў, а таксама абароны правоў чалавека. Ува ўсім сьвеце ўсё большы акцэнт робіцца на ініцыятыву індывіда і палітычна незалежную грамадзкую салідарнасьць, і гэта адлюстраваньне лепшага разуменьня факту, што самыя ўзьнёслыя крозы чалавецтва могуць ператварыцца ў кашмар, калі дагматычная і ўсемагутная дзяржава стаецца прадметам пакланеньня як галоўны матор гісторыі.
Таму з катастрафічнага сутыкненьня чалавецтва з камунізмам, якое адбылося ў дваццатым стагодзьдзі, вынікае траўматычны, але надзвычай важны досьвед: утапічная грамадзкая інжынэрыя ў сутнасьці ідзе ўразрэз са складанасьцю чалавечай кандыцыі, а творчыя сілы грамадзтва дасягаюць найбольшага росквіту тады, калі палітычная ўлада абмежаваная. Дзякуючы гэтаму аснаватворнаму досьведу ўсё больш верагодна, што акурат дэмакратыя – а не камунізм – станецца дамінуючай сілай у дваццаць першым стагодзьдзі.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 5 (500), 1989.
* Зьбігнеў Бжазіньскі – сусьветна вядомы палітоляг. Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і польскага дыплямата, усё сьвядомае жыцьцё правёў у Амэрыцы. Піша пераважна на ангельскай мове.
Навучаньне пачаў у Канадзе, дзе вывучаў эканоміку і паліталёгію ўва ўнівэрсытэце Mc Gill. У 1950 годзе тамсама атрымаў дыплём з адзнакай («first class honors in economics and political science»). У 1953 годзе Бжазіньскі скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, атрымаў ступень доктара філязофіі і быў пакінуты пры вучэльні. У свае 25 гадоў Бжазіньскі стаецца адным з наймалодшых выкладнікаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 1958 годзе атрымлівае амэрыканскае грамадзянства. Свае навуковыя зацікаўленьні ён рэалізуе сьпярша
ў Цэнтры дасьледаваньняў Расіі (Russian Research Center), a пасьля, ужо ў якасьці выкладніка, у Цэнтры міжнародных стасункаў (Center for International Affairs). У 1960 годзе прызначаецца прафэсарам публічнага права і кіраваньня (public law and government) Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Адначасна стаецца дырэктарам Навуковага інстытуту міжнародных зьменаў (Institute of International Change).
У пэрыяд з 1977 і да 1981 году займаў пасаду дарадніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы (дзякуючы якой у 1980–1981 гадох рабіў усё магчымае, каб пазьбегчы савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчу). Прэзыдэнт Джымі Картэр напіша пасьля ў сваіх успамінах, што яго захаплялі праніклівыя аналізы дарадніка, глыбокія гістарычныя веды, шырокія гарызонты і канцэпцыі апошняга, якія зьдзіўлялі сваёй дальнабачнасьцю і арыгінальнасьцю.
Апрача гэтага, Бжазіньскі быў чальцом Рады нацыянальнай бясьпекі (камітэту Міністэрства абароны па комплескнай доўгатэрміновай стратэгіі) і чальцом Прэзыдэнцкай Рады па замежнай выведцы. У 1981 годзе за заслугі ў справе нармалізацыі амэрыканска-кітайскіх дачыненьняў і за ўнёсак у разьвіцьцё палітыкі па правах чалавека і па нацыянальнай бясьпецы ЗША ён уганараваны прэзыдэнцкім мэдалём свабоды. У цяперашні час працуе дараднікам у вашынгтонскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Center for Strategic and International Studies), а таксама выкладнікам амэрыканскай вонкавай палітыкі ў Школе паглыбленых міжнародных дасьледаваньняў імя Пола Нітцэ пры ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса.