Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 31 страниц)
БЫЦЬ (АБО НЯ БЫЦЬ) СЯРЭДНЕЭЎРАПЕЙЦАМ
Сучаснае польскае мысьленьне
Падрыхтаванае на падставе: Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне, – Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. – 471 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Перадмова перакладніка
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу).
Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага.
Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі – у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
«Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» дае зацікаўленаму беларускаму чытачу магчымасьць азнаёміцца з інтэлектуальным працэсам у суседняй Польшчы на ўзроўні максымальна прэзэнтацыйных у гэтым сэнсе аўтараў і іх тэкстаў. Найранейшыя з прадстаўленых у кнізе тэкстаў («Стэнаграма з мэтафізычнай прэс-канфэрэнцыі Дэмана ў Варшаве 20 сьнежня 1963 г.» з кнігі «Размовы з д’яблам», «Ключ нябесны, або Аповеды, пабудаваныя на сьвятой гісторыі і для навучаньня і перасьцярогі прызначаныя» Лешака Калакоўскага, «Фэнамэналягічная тэорыя твору» Станіслава Лема або «Ўлада і апазыцыя» Яна Драўноўскага) датуюцца шэсьцьдзясятымі або семдзясятымі гадамі, найпазьнейшыя («Паміж багацьцем і беднасьцю» Анджэя Карашэўскага, «Дастаеўскі Беларусі» Сакрата Яновіча) зьявіліся летась або сёлета, пры гэтым іх пераважная бальшыня была створана на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя.
Трэба сказаць, што ня ўсе тэксты перакладныя: асобныя пасажы Сакрата Яновіча з артыкулу «Думкі і разважаньні» ўжо ў арыгінале былі напісаныя па-беларуску. Яны важныя, таму іх і друкуем.
У кнізе пададзены творчы даробак двух дзясяткаў сучасных польскіх думаньнікаў: філёзафаў, культуразнаўцаў, тэарэтыкаў мастацтва, гісторыкаў. Кожнаму зь іх прысьвечана інфармацыйная нататка, памер якой можа вагацца ад пары радкоў да некалькіх старонак у залежнасьці ад аб’ектыўна наяўнай або суб’ектыўна ўспрынятай велічыні ці маштабнасьці той ці іншай постаці. У асобных выпадках у адным блёку з інфармацыяй што да пэўнага аўтара друкуюцца іншыя матэрыялы – інтэрвію або паслоўе перакладніка. У цэлым памер публікацыі, прысьвечанай аднаму польскаму аўтару, можа вагацца ад аднаго-двух і да шасьцёх-сямёх артыкулаў.
Выданьне разьлічана на гуманітарна падрыхтаванага чытача, і таму даведкава-камэнтатарская частка ў ім зьведзеная да мінімуму. Зьвяртаем увагу чытачоў на варыяцыйнасьць ужываньняў некаторых словаформаў, шырока прадстаўленую ў кнізе (мысьліцель—мысьляр—думаньнік, погляд—пагляд, расклад—разлажэньне, зрадзіць—здрадзіць, сумнеў—сумлеў, атокі—абтокі—астравы, камуністы—камуніст, дзеяч—дзяяч, абмыл—памылка, выпадак—прылучай, зраза—узор, Эўрапейскі Саюз—Эўрапейскі Зьвяз і інш.). Зроблена гэта для адлюстраваньня інтэнсіўнасьці пошукаў, якія вядуцца ў беларускай мове на працягу апошніх дзесяцёх гадоў.
Наапошку складаем шчырую падзяку асобам і ўстановам, без удзелу і падтрыманьня якіх гэтае выданьне не было б магчымае, а наймя Тадэвушу А. Альшаньскаму, старшыню Ўправы «Stowarzyszenia Literackiego “Kresy”» Aркадыюшу Баглаеўскаму, прафэсару Ўладзімежу Балецкаму, галоўнай рэдактарцы «Podkowiaсskiego Magazyna Kulturalnego» Зоф’і Бронек, галоўнаму рэдактару «Kultury» Ежаму Гедройцу, кіраўнічцы бюра Галоўнай управы «Stowarzyszenia Pisarzy Polskich» Ірэне Зеліньскай, прафэсару Лешаку Калакоўскаму, галоўнаму рэдактару «Krasnogrudy» Кшыштафу Чыжэўскаму, супрацоўніку «Fundacji Stefana Batorego» Пятру Касеўскаму, Роме Квецень і Яаньне Чудзец («Polski Fundusz Kultury»), прафэсару Ежаму Клачоўскаму («Instytut Europy Środkowo-Wschodniej»), прафэсару Марцэлію Косману, кіраўнічцы выдавецкай сэкцыі «Stowarzyszenia Autorów “ZAIKS”» Гражыне Кукоўскай, Станіславу Лему, галоўнаму рэдактару «Сzasa Kultury» Гжэгажу Лютэрэку, галоўнаму рэдактару часопіса «Arcana» Анджэю Новаку, галоўнаму рэдактару «Odry» Мечыславу Орскаму, прафэсару Антонію Падразу, Рышарду Радзіку, прафэсару Аляксандру Ф’юту, Сакрату Яновічу, а таксама супрацоўнікам менскага бюра «Instytutu Polskiego».
У Менску, верасень 2000 г.
Валерка Булгакаў
Тадэвуш Анджэй Альшаньскi*
Новая Эўропа перад новым мурам
Выходзячы з сумысьля падкрэсьленай пастаноўкi пытаньня, яго аўтар уважае традыцыю Рэчы Паспалiтай за пазытыўную, а яе так цi iнакш зразуметую спадчыну – за актуальную. Аднак нельга не заўважыць, што ў гэтым пытаньнi залучаны непаразуменьнi – гэта, вiдавочна, апрыёрны погляд, якi можа аказацца слушным, а можа i не. Паглядзiм. Таму, па-першае, колькi ўвагаў наконт уступу. «Пазытыўнасьць» або «нэгатыўнасьць» якой-колечы традыцыi залежыць не ад своеасаблiвасьцi гэтай традыцыi, а ад сьветагляду ацэньваючага. Дзеля гэтага кожнае гiстарычнае дазнаньне ў кожным часе ёсьць ня толькi годным, але й вартым аналiзу, таму што калi ня кожнаму пакаленьню, дык кожнай эпосе даводзiцца будаваць уласны вобраз мiнуўшчыны, якую мы заўсёды спасьцерагаем праз прызму ўласнага часу i, хутчэй за ўсё, iнакш абачыць яе ня можам. Зь iншага боку, аднак, такiя аналiзы не павiнны быць «пiльнымi» – гiстарыяграфiя i, асаблiва, гiстарыязофiя ня любяць пасьпеху. Урэшце, пастаўленае пытаньне было сфармулявана як прадстаўнiча-палiтычнае – i такога падыходу да яго мы будзем датрымлiвацца i надалей.
Рэч Паспалiтая колькiх нацыяў?
Па-другое i найважнейшае: нiколi не iснавала нiчога такога, як Рэч Паспалiтая многiх нацыяў. Гэтая фармулёўка ёсьць праявай аснаватворнага непаразуменьня i, адначасова, – крынiцай iлюзорнай надзеi, залучанай у разгляданым пытаньнi. Iснавала адно Рэч Паспалiтая Дзьвюх Нацыяў (nationes): польскай i лiтоўскай, г.зн. кароннай шляхты i лiтоўскай, грамадзянаў двух гаспадарстваў, што складалi Рэч Паспалiтую, незалежна ад iх нацыянальнасьцi (gens). Першая была польскай або рускай (украiнскай) нацыянальнасьцi, другая – галоўна рускай (беларускай), апрача iх была яшчэ пруская i iнфлянцкая шляхта, галоўна нямецкай нацыянальнасьцi. Паколькi ні мяшчане, ні сяляне да нацыi (natio) не належалi i не зьяўлялiся грамадзянамi, iх нацыянальнасьць ня мела значэньня, бо яны не былi «прыроджанымi». Падобным парадкам ня меў значэньня факт, што шляхецкi стан утварала шмат нацыянальнасьцяў (мы назвалi тут толькi галоўныя), у чым, зрэшты, Рэч Паспалiтая не была ў тым часе выняткам. Якраз таму якое-колечы вяртаньне да iдэi Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў сёньня немагчымае, незалежна ад таго, як ацэньваць гэтую iдэю i яе рэалiзацыю. Бо яе падставай была iдэя палiтычнай i этнiчнай нацыi (natio). Слыннае gente Ruthenus, natione Polonus не азначае, насуперак сёньняшнiм тлумачэньням, «паляк рускага паходжаньня», але «польскi грамадзянiн рускай нацыянальнасьцi». Гэтая iдэя дзяржаўнай нацыi, абапёртай на прававой аснове, а не этнiчнай, дагэтуль захавалася ў Заходняй Эўропе (Францыя, Гiшпанiя), але ў нашай частцы кантынэнту яна належыць да незваротнай мiнуўшчыны: тут паняцьце нацыянальнай прыналежнасьцi аддзялiлася ад дзяржаўнай прыналежнасьцi. Няшмат тут зьмянiла – як вядома – i ўзьнiкненьне этнiчна «чыстых»дзяржаваў. У вынiку i сужыцьцё этнiчных нацыяў ды арганiзуючых яго дзяржаваў мусiць абапiрацца на iншыя прынцыпы, чымся сужыцьцё дзяржаўных нацыяў. Таму вiдавочна, што тое, да чаго мы найбольш прывязаны ў традыцыi даўнай Польшчы, найбольш неактуальна падчас пералому XX i XXI стагодзьдзяў. Iснуюць, тым ня менш, iншыя элемэнты спадчыны даўнай Польшчы, вартыя сёньня ўвагi, да чаго мы неўзабаве зьвернемся.
Межы Эўропы
Калi гавораць аб Эўрапейскiх Супольнасьцях (бо аб «Супольнасьцi» гаварыць усё яшчэ не выпадае) i «далучэньнi» да яе краiн Цэнтральнай Эўропы, то падаецца, што нават у выпадку Польшчы гэтае «далучэньне» абапёртае хутчэй на мiтах i «багабойлiвых зычэньнях», чымся на цьвярозай ацэнцы наяўнай сытуацыi. Важнейшае, аднак, тое, што мы вельмi рэдка задумваемся над тым, што працэс задзiночаньня Эўропы разам з тэхнiчна-эканамiчнымi аспэктамi мае iдэйны i геапалiтычны аспэкт, якi абапiраецца на акрэсьленай канцэпцыi Эўропы. А ня ведаючы гэтага, мы нярэдка разглядаем Эўрапейскiя Супольнасьцi як штось адметнае ад таго, чым яны ў сапраўднасьцi ёсьць.
Iдэйным фундамэнтам Эўрапейскiх Супольнасьцяў ёсьць iдэя «Сьвятой Рымскай iмпэрыi» ў спрошчанай i зрацыяналiзаванай, асьветнiцка-пазытывiстычнай вэрсii. Да аснаватворных перакананьняў, што яго ўтвараюць, належыць культ мiнуўшчыны, а таксама касмапалiтызм, якi над вартасьцямi «племенi» ўзьнiмае «агульначалавечы», надзвычай пры гэтым элiтарны iдэал (я здаю сабе справу, што фармулюю тут грубыя спрашчэньнi, але толькi так можна сьцiсла й ясна выкласьцi заблытаныя справы). Iмпульс дзьвюх войнаў умацаваў на Захадзе гэты iдэал, узбагацiўшы яго пацыфiзмам, асновай адукацыi на дзесяцiгодзьдзi сталася перакананьне, што прычынай усяго лiха ёсьць «нацыяналiзм» (у заходнiм, аб’ектывуючым значэньнi, як любая прыхiльнасьць да нацыi, цi то этнiчнай, цi дзяржаўнай), а крытэрам культурнага разьвiцьця – адкрытае, талерантнае стаўленьне да «iншых».
Я ня меруся тут крытыкаваць тыя цi iншыя элемэнты гэтай iдэалёгii, бальшыня якiх у памяркоўнай форме здаецца слушнай, а ў крайнай – памылковай. Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што мы маем дачыненьнi з уласна iдэалёгiяй, добра сфармуляванай, хаця й слаба сфармалiзаванай. З iдэалёгiяй, вынiковасьць якой як выхавацелкi нацыяў аказалася невялiкай: падзеi апошнiх месяцаў яшчэ раз пацьвярджаюць гэта.
Што да геаграфiчна-палiтычных падставаў Супольнасьцяў, дык невыпадкова, што iх асяродак твораць Францыя, Нямеччына й Iталiя, краiны, якiя напрыканцы першага тысячагодзьдзя стварылi першую «Задзiночаную Эўропу» – iмпэрыю Карла Вялiкага. Таму Эўрапейскiя Супольнасьцi ёсьць спробай задзiночаньня не Эўропы, а таго, што ў Парыжы, Рыме, Лёндане або Боне ўважаецца за Эўропу: ад Атлянтыкi да Одры, Вены й Трыеста...Ну можа яшчэ да Бугу, можа да Дуброўнiка. Не далей.
Далей знаходзiцца barbaricum, натуральная сфэра ўплываў Расii, гаспадарства ўжо пазаэўрапейскага. Так разглядае справу Захад, i нават найвялiкшая прапагандысцкая кампанiя гэтага ня зьменiць – тут дзеюць стэрэатыпы, якiм шмат стагодзьдзяў. Эўропа – гэта, па сутнасьцi, не геаграфiчнае паняцьце, але геапалiтычнае, а ейныя ўсходнiя межы былi й бадай застаюцца прадметам спрэчак. З геаграфiчнага пункту гледжаньня можна – хоць не без дыскусii – пагадзiцца, што гэта Ўрал, аднак з геапалiтычнага i нават этнiчнага пункту гледжаньня гэта яўны нонсэнс, дарма што гэтую тэзу паўтаралi такiя знакамiтыя палiтыкi, як дэ Голь. Эўропа канчаецца цi дзесь у мiжрэччы Дняпра i Волгi (паблiзу межаў Украiны й Беларусi), цi сягае да Ахоцкага мора. У гэтым другiм выпадку, аднак, паняцьце Эўропы трацiць усякi ўцямны сэнс.
Вольныя з вольнымi
Што згэтуль для нас вынiкае, i як гэта закранае тэму даўнай Рэчы Паспалiтай? А тое, што калi – насуперак усiм дэклямацыям – Эўрапейскiя Супольнасьцi не адважацца дапяць да Дняпра, то пэўная форма рэгiянальнай арганiзацыi краiн Усходняй Эўропы (бо тэрмiн «Цэнтральная Эўропа» абапёрты на залiчэньнi да Эўропы якраз Расii), i перадусiм мiжморскiх краiн уздоўж восi Шчэцiн-Марыупаль i Талiн-Адэса, ня толькi патрэбная, але й неабходная. Бо ўжо ўборзьдзе мы будзем знаходзiцца памiж двума сусьветнымi гаспадарствамi: задзiночанай Эўропай i адроджанай Расiяй. У адваротным выпадку Польшча станецца памежнай ускраiнай Эўропы, а нашы ўсходнiя суседзi – сатэлiтамi Расii.
Такi зьвяз, грунтам для якога можа быць адно ўзаемадзеяньне Польшчы i Ўкраiны, безь якога нiчога сэнсоўнага тут ня можа ўдацца, быў бы вяртаньнем да геапалiтычнай (але – толькi геапалiтычнай!) iдэi i ролi шляхотнай Рэчы Паспалiтай. Iдэi, бо яна ахапiла б галоўна тую тэрыторыю, што ўваходзiла ў склад манархii Ягайлавічаў, ролi – бо ўзьнiк бы новы дзейнiк сiлы й раўнавагi ў нашай частцы сьвету, якога не стае з таго часу, калi Расiя апанавала Ўкраiну i Iнфлянты. Толькi гэта актуальнае са спадчыны Рэчы Паспалiтай (незалежна ад дыскусii аб актуальнасьцi тых цi iншых структурных разважаньняў): iдэя супольнай палiтычнай арганiзацыi дзяржаваў, разьмешчаных памiж Расiяй, Турэччынай i Аўстрыяй (сёньня – Расiяй i Нямеччынай), iдэя арганiзацыi палiтычнага прасьцягу ня шляхам заваёваў, але дзякуючы пактам i пагадненьням «вольных з вольнымi, роўных з роўнымi, шляхотных са шляхотнымi», бо варта не забывацца на iснаваньне ў палiтыцы маральных вартасьцяў. Толькi так – i адно так.
Гаворка, безумоўна, не iдзе пра зьвяз, фэдэрацыю або нават канфэдэрацыю – гэта тыя тэрмiны, на якiя нашы ўсходнiя суседзi яшчэ дзесяцiгодзьдзямi будуць рэагаваць з алергiяй. Новая лучнасьць дзяржаваў, разьмешчаных памiж Балтыкай, Карпатамi i Чорным морам, можа быць адно добраахвотным саюзам, зь ясна акрэсьленымi межамi забавязаньняў, а таксама трывалым гаспадарчым паразуменьнем, што схiляла да выбудовы ў аглядным – i не занадта кароткiм – часе паўнакроўнага зьвязу, а пасьля – i супольнага эканамiчнага абсягу паводле ўзораў, пададзеных Рымскай дамовай (але не Маастрыхтам, якi выклiкаў узрушэньне нават у тых нацыяў, якім не выпадае асьцерагацца наконт сваёй сувэрэннасьцi).
Але найгоршае, што можа зьдзеецца ўва Ўсходняй Эўропе, гэта хуткае прыняцьцё Польшчы ў Эўрапейскiя Супольнасьцi, i нават больш – прыняцьцё ў iх толькi Польшчы. Гэта было б фатальна для Польшчы. Бо такi акт стварыў бы на нашай усходняй мяжы новы мур ды раз i назаўсёды перакрэсьлiў бы шанцы «ўвойсьця ў Эўропу» Ўкраiны й Беларусi. Пакiнутыя самiм сабе, яны хутка будуць падпарадкаваныя, калi ня проста паглынутыя Расiяй, якая ўнутрана адродзiцца значна хутчэй за iх, дзякуючы як сваiм рэсурсам сыравiны, так i безразважлiваму захапленьню Расiяй колаў, што твораць грамадзкую думку Захаду. А тады наша краiна iзноў можа стаць полем бiтвы.
Ня будзем ашукваць сябе – мiр ня дадзены нам раз i назаўсёды.
Перастанем iлгаць сабе – заходняму сьвету не патрэбныя нi мы, нi латышы, нi нават чэхi й вугорцы. Заходнi сьвет мае досыць клопату з самiм сабой, i нас у найлепшым выпадку можа ўжываць як iнструмэнт для вырашэньня ўласных праблемаў. I ўжо гэта робiць. Нашы праблемы мы павiнны вырашаць самi, маючы на ўвазе нашы ўласныя, а ня iншыя iнтарэсы. I хоць мы ня можам быць упэўненыя, цi прадухiлiць узьнiкненьне ўсходнеэўрапейскага блёку пагражаючыя нам небясьпекi – адмова ад такога блёку не пазбавiць нас ад iх.
Так, насамрэч, пасьля Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў засталося толькi адно: iдэя, што дзякуючы сабе, а ня дзякуючы апiрышчу на ўсходзе або захадзе, на поўначы або поўднi мы можам быць i заставацца вольнымi. I заставацца сабой.
* Тадэвуш Анджэй Альшаньскi – польскі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнаўца, чалец рэдакцыі альманаху «Plaj. Almanach karpacki». Аўтар шматлікіх публікацыяў у польскім друку на гуманітарныя тэмы, пры гэтым спэцыялізуецца на гісторыі Прыкарпацьця і ўкраінска-польскіх дачыненьняў першай палавіны XX стагодзьдзя («O Nikiforze (krótka biografia malarza i esej na temat jego twórczości)», «Wojna polsko-ukraińska w Bieszczadach XI.1918-V.1919», «Geneza Łemków – teorie iwątpliwości», «Łemkowie na Ukrainie i Towarzystwo “Łemkowszczyzna”», «Szlachta zagrodowa na Podkarpaciu», «I wojna światowa w Karpatach» (1985), «Szlakiem żydowskich zabytków Podkarpacia», «Historia Rusi Halickiej i Karpackiej»). Напісаў і выдаў манаграфію «Bieszczady 1918–19» (1984).
Тэкст перакладзены паводле: Czas Kultury, № 1 (43), 1993.
Уладзiмеж Балецкi*
Вiткацы, Шульц, Гамбровiч
Ежаму Яжэмбскаму
1.
Як у гутарковай мове iснуюць крылатыя словы, так у гiсторыi лiтаратуры ўзьнiкаюць крылатыя прозьвiшчы. У польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя iмi без сумневу ёсьць прозьвiшчы Станiслава Iгната Вiткевiча (Вiткацага), Вiтальда Гамбровiча i Бруна Шульца. Цiкава, што яны суадносяцца нават з большай пэўнасьцю, чымся прозьвiшчы прыроджаных братоў цi чальцоў адной лiтаратурнай групы. Пiшучы аб Томасе Ману, нiхто не адчувае абавязку адразу ўзгадваць Гайнрыха або Гола Манаў, цi, пiшучы аб Iвашкевiчу, абавязкова супастаўляць яго з Тувiмам або Сланiмскiм, а Пшыбася з Пайпэрам – дарма што яны належалi да тых самых лiтаратурных групаў. А тымчасам Гамбровiч спалучаецца зь Вiткацым i Шульцам амаль аўтаматычна – так, нiбыта гаворка iдзе не аб асобных пiсьменьнiках, а аб братох Маркс.
Аднак чаму мы ўзгадалi разам Вiткацага, Шульца i Гамбровiча? Што супольнага памiж «Неспатольнасьцю» i «Фэрдыдуркай», «Шаўцамi» i «Цынамоннымi крамамi»? Што супольнага памiж Альбэртынкай i Адэляй, памiж Атаназы Базакбаль i Юзем Кавальскiм?
Без сумневу, Вiткацы, Шульц i Гамбровiч былi найвялiкшымi iндывiдуальнасьцямi мiжваеннай лiтаратуры. Цяжка, рэч ясная, прызнаць гэты адказ за дастатковы, бо хаця Мiцкевiч, Славацкi i Красiньскi былi вялiкiмi пiсьменьнiкамi эпохi рамантызму, нiхто не арганiзуе ў iх гонар супольных фэстываляў. Зь Вiткацым, Шульцам i Гамбровiчам справа стаiць зусiм iнакш. Зьмясьцiць iх разам кожнаму падасца больш вiдавочным i натуральным, чымся трактаваць iх асобна. Парадаксальнасьць, аднак, палягае ў тым, што калi ўсё ж узгадваюць разам вялiкiх рамантыкаў, то дзеля таго, каб растлумачыць, у чым замыкаецца так званая рамантычнасьць, або каб выявiць тое, што ў iхнай творчасьцi ёсьць надiндывiдуальным: эпоху, ейныя тэмы, матывы, стылi, выяўленчыя сродкi. Але супастаўляючы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча, нiхто не сьцьвярджае, што тым самым ён выяўляе нейкую гiстарычна-лiтаратурную супольнасьць. Творчасьцi Мiцкевiча, Славацкага, Красiньскага цi Норвiда досыць для ўяўленьня аб польскiм рамантызьме. Аднак цяжка было б ухарактарызаваць гэтыя дваццаць гадоў толькi пры дапамозе дасягненьняў Вiткацага, Гамбровiча i Шульца.
Па-другое, прозьвiшчы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ўзгадваюцца ва ўсiх гiстарычна-лiтаратурных тэкстах з нагоды адной з найважнейшых лiтаратурных легендаў мiжваеннага пэрыяду. Яна мае два вымеры.
Першы, адносна лёгкi для рэканструкцыi, зводзiцца да факту, што два першыя пiсьменьнiкi пiсалi аб сабе i для сябе, i гэта дагэтуль архiважныя гiстарычна-лiтаратурныя тэксты. Вiткацы пiсаў аб Шульцу, а Шульц ня столькi аб Вiткацым, колькi да Вiткацага. Гэта тэксты Вiткацага «Iнтэрвiю з Бруна Шульцам» i артыкул «Лiтаратурная творчасьць Бруна Шульца», а таксама два лiсты Шульца да Вiткацага – адзiн, будучы адказам на «Iнтэрвiю», быў апублiкаваны ў «Tygodniku Ilustrowanym» у 1935 годзе. Астатнiя лiсты Шульца да Вiткацага згарэлi ў Варшаве ў 1939 годзе.
Шульц, у сваю чаргу, пiсаў аб Гамбровiчу, а Гамбровiч аб Шульцу. Iхныя тэксты – гэта тры адкрытыя квазi-лiсты, апублiкаваныя ў варшаўскiм часопiсе «Studio» ў 1936 годзе, а таксама рэцэнзiя Гамбровiча на «Санаторыю пад Клепсыдрай» (Apel, 1938) i рэцэнзiя Шульца на «Фэрдыдурку» Гамбровiча (Skamander, 1938).
Зусiм iнакш выглядаюць лiтаратурныя сувязi Вiткацага з Гамбровiчам. Не прыгадаю сабе нiводнай друкаванай зацемкi Вiткацага аб Гамбровiчу. Адно на паштовай картцы, высланай Ежаму Памяноўскаму менш як за месяц да пачатку вайны, Вiткацы напiсаў, што ў «Фэрдыдурцы» «ёсьць генiяльныя кавалкi» («выў ад сьмеху»), але «IV разьдзел сьвiнскi». Вiткацага i Гамбровiча перад вайной адрозьнiвала стаўленьне да посьпеху ў чытачоў (Вiткацы ня дбаў, а Гамбровiч імкнуўся да гэтага) i ацэнка ролi iнтэлiгенцыi (Гамбровiч зь яе кпiў, а Вiткацы добра памятаў, што сталася з iнтэлiгенцыяй у бальшавiцкай Расii).
Гамбровiч перад вайной прысьвяцiў творчасьцi Вiткацага заледзьве колькi словаў. Чытаў у машынапiсе ягоныя драмы, чаму даў баржджэй канвэнцыйную ацэнку ў 1936 годзе. Гэтага ўсяго мала, можна сказаць, зусiм нiчога. Адно ў «Польскiх успамiнах» Гамбровiч прысьвяцiў Вiткацаму i ягонай «Неспатольнасьцi» некалькi заўвагаў.
З узаемных сувязяў трох пiсьменьнiкаў, з пэрспэктывы тэкстаў, якiя яны прысьвяцiлi сабе перад вайной, вымалёўваецца досыць дзiўная канструкцыя. Вiткацы, захапляючыся графiкамi i «Цынамоннымi крамамi» Шульца, паддаў крытыцы iнтэрпрэтацыю шульцаўскага мазахiзму i эратызму. У кнiгах Шульца Вiткацы знайшоў тое, чаго сам безвынiкова шукаў у мастацтве i жыцьцi: экзатычнае перажываньне, грунтоўную дэфармацыю сапраўднасьцi, а таксама iнтэсіўнасьць дазнаньняў, што паступаюць з дапяцьця да – як ён сам пiсаў – невыражальнай Тайнiцы Iснаваньня. Таму мы ня ведаем, як Шульц меркаваў аб творчасьцi Вiткацага i цi агулам ён грунтоўна выказваўся на гэтую тэму.
Шульц, у сваю чаргу, – аўтар аднаго з найглыбейшых выкладаў «Фэрдыдуркi» Гамбровiча, але i сам Гамбровiч напiсаў некалькi пранiклiвых заўвагаў аб сапраўднасьцi, адбітай у прозе Шульца (ён рэцэнзаваў «Санаторыю пад Клепсыдрай»). Гамбровiч, праўда, не захапляўся прозай Шульца так, як Шульц яго «Фэрдыдуркай», i нават далiкатна здыстанцыяваўся ад Шульца, даючы яму зразумець, што калi ён i патрапiць усё апiсаць, то зробiць гэта ў адной, манатоннай танальнасьцi, а таксама што ягоны стыль штучны, мiстыфiкаваны i яўна непраўдзiвы; i ўрэшце што Шульцу не стае дыстанцыi што да сябе або што да собскай манеры пiсаньня.
Двума гадамi раней Гамбровiч спрабаваў уцягчы Шульца ў дыскусiю на тэму пазыцыi пiсьменьнiка, але Шульц за гэтую тэму ня ўзяўся.
Такiм чынам, цяжка не заўважыць, што героi гэтай лiтаратурнай легенды мелi выразнае пачуцьцё сваёй апрычонасьцi. Пiсалi аб сабе з найвышэйшым зачараваньнем, складалi сабе акты найглыбейшага прызнаньня, але адначасна захоўвалi да сябе дыстанцыю. Адным словам, калi паглыбiцца ў падобнасьцi i роднаснасьцi, якiя лучылi ўсiх iх, акажацца, што ў сапраўднасьцi яны заўсёды кiравалiся навонкi – кожны ў iншы, собскi бок.
Другi вымер гэтай легенды складае – як заўсёды, нашмат больш калярытная за самi тэксты – пэрсанальная легенда. Гэта легенда супольных сустрэчаў, размоваў, таварыскiх забаваў (ад iх захавалiся здымкi) i дружбы гэтых пiсьменьнiкаў. Пэўны час яны мелi нават вельмi блiзкае знаёмства, асаблiва Шульц i Гамбровiч, i зь вялiкай ахвотай публiчна выказвалiся на гэтую тэму. Упаасобку Шульц аб Вiткацым, а Гамбровiч – аб Шульцу.
Дарма што iх усiх трох заўсёды ўважалi за экспэрымэнтатараў, аднак кожны з гэтых пiсьменьнiкаў экспэрымэнтаваў па-свойму. Шульц праводзiў мастацка-iнтэлектуальныя экспэрымэнты адно ў сваiх творах. Вiткацы i Гамбровiч экспэрымэнтавалi таксама i ў жыцьцi. Вiткацы экспэрымэнтаваў на сабе, прымаючы алькаголь i наркотыкi i назiраючы iхны ўплыў на сваю творчасьць. Гамбровiч, у сваю чаргу, падабаў экспэрымэнтаваньне на iншых – у форме iнтэлектуальна-таварыскай гульнi. I хаця ўзьнiкненьне гэтай легенды прыпадае на мiжваенны пэрыяд, аднак яна была сфармулявана i скадыфiкавана значна пазьней. Ейны кананiчны выгляд вызначыў у 1961 годзе сам Гамбровiч у двух сёньня добра вядомых тэкстах-успамiнах: у трэцiм томе «Дзёньнiка», а таксама ў «Польскiх успамiнах». Аднак фактычна беспасярэдняе супастаўленьне Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ажыцьцявiлi крытыкi, але – што цiкава – учынiлi гэта адно пасьляваенныя крытыкi.
Супастаўленьне Шульца i Гамбровiча перад 1939 годам зусiм не належала да руцінных крытычных штампаў, нават наадварот: крытыкi баржджэй супрацьстаўлялi гэтых пiсьменьнiкаў, чымся злучалi. У трыццатых гадох найвыдатнейшыя крытыкi мiжваеннага пэрыяду творчасьць Шульца зьмяшчалi блiжэй да прозы Хараманьскага, Брэзы, Анджаеўскага, Налкоўскай цi – у больш далёкай пэрспэктыве – Кадэна i Бэрэна. Дарма што Гамбровiч – як пiсаў Фiк – належаў да той жа самай генэрацыi «хвораманьякаў», ён на фоне творчасьцi сваiх калегаў быў – прыкладам для Фрыдэ – нечуванай i цалкам адмысловай неспадзеўкай.
А Вiткацы? Вiткацы ўвогуле ня браўся пад увагу. Проста лiчылася, што ён належыць да поўнiцай iншага – старэйшага пакаленьня пiсьменьнiкаў, якiя ня маюць нiчога супольнага з Шульцам i Гамбровiчам, г.зн. зь пiсьменьнiкамi, дэбют якiх прыпаў на трыццатыя гады.
Прозьвiшча Вiткацага да прозьвiшчаў Гамбровiча i Шульца настала было далучана адно пасьля вайны. Найперш у 1949 годзе гэта ўчынiлi Блоньскi, Фляшэн i Пузына, а празь некалькi гадоў, з 1956 году – пасьля паўтарэньняў у кнiгах i тэатральных iнсцэнаваньняў – супастаўленьне гэтых пiсьменьнiкаў сталася знакам часу.
Хваля гэтых траiстых супастаўленьняў узьнялася пад канец шэсьцьдзясятых i семдзясятых гадоў, упаасобку за мяжой, дзе таксама пачало выяўляцца зацiкаўленьне да твораў Вiткацага i Гамбровiча. Прозьвiшчы пiсьменьнiкаў, якiя раней у лiтаратурнай i тэатральнай рэцэпцыi баржджэй разьдзялялiся, цяпер пачалi зрастацца. Безумоўна, адной з прычынаў была замежная рэцэпцыя iхнай творчасьцi, што хутка заўважылi i польскiя дасьледнiкi. На пачатку семдзясятых гадоў, прыкладам, Лех Сокул зьдзейсьнiў супастаўленьне iнсцэнаваньняў п’есаў Вiткацага i Гамбровiча ў міжнародных тэатрах. Тады гэткае згадваньне – не пераводзячы подыху – Гамбровiча, Шульца i Вiткацага ўжо назаўсёды ўвайшло ў слоўнiк польскай i замежнай лiтаратурнай i тэатральнай крытыкi. «Своеасаблiвай тройцай» (Seltsame Dreieinigkeit) назваў гэтых пiсьменьнiкаў аўстрыйскi крытык В. Гэдэке, а амэрыканскi перакладнiк Вiткацага, Арыбан, напiсаў у гэтым жа самым часе параўнальнае дасьледаваньне аб рэвалюцыi ў тэатры Вiткацага i Гамбровiча.
Сёньня Вiткацы, Гамбровiч, Шульц прысутнiчаюць у кожным падручнiку i дапаможнiку з польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя як нешта неразлучнае. Такiм чынам, з трох розных iндывiдуалiстаў паўсталi трайняты. Таму дастаткова толькi загаварыць аб кожным зь iх, як адразу выявiцца, што кожны зь iх не iснуе ў адрыве ад двух другiх. Другi Мiжнародны Гамбровiцкi Фэстываль, формула якога была пашырана на прозьвiшчы Вiткацага i Шульца, – найлепшы прыклад гэтага.
2.
Для крытыкаў, дасьледнiкаў лiтаратуры або аўтараў разнастайных дапаможнiкаў супастаўленьне Вiткацага, Гамбровiча i Шульца мае, вiдавочна, найперш прагматычны i iнфармацыйны характар або, калi так можна сказаць, «фэстывальны», але гэта ўжо ня ёсьць – як раней – нiякiм адкрыцьцём. Гэта сталася папросту вiдавочнасьцю, а напару – зацяганым стэрэатыпам. Тым ня менш пазнавальныя вартасьцi, што вынiкаюць з супастаўленьня Вiткацага, Гамбровiча i Шульца – калi ўжыць фармулёўку Зандаэўра – рашуча «падаражэлi». Сёньня для такiх супастаўленьняў ужо не стае пэрсанальнай легенды, хаця якраз яна фармуе пашыраныя ўяўленьнi аб падобнасьцi i супольнасьцi гэтых трох вялiкiх мастакоў.
Легенду той самай супольнасьцi – як вядома – генiяльна скадыфiкаваў сам Гамбровiч, а крытыкi – што найчасьцей здараецца ў гамбровiчалёгii – пасьлей разьвiлi яго фармулёўкi i ацэнкi. Часьцей, аднак, тыя, якiя паказвалi на блiзiню, радзей тыя, якiя былi дэклярацыяй неперасягальнай апрычонасьцi.
У бальшынi супастаўленьняў Вiткацага, Шульца i Гамбровiча дамiнаваў пошук супольных эстэтычных, фiлязафiчных, мастацкiх прынцыпаў i супольнага месца на мапе польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя. Характарыстыкi гэтай супольнасьцi, праўда, несупынна ўзбагачаюцца, але яны нязьменна ўпiсваюцца ўва ўсё больш банальныя разважаньнi аб авангардным цi гратэскавым i парадыйным характары творчасьцi гэтых пiсьменьнiкаў. Рэч ясная, такая характарыстыка праўдзiвая, але яна павiнна баржджэй адасабляць, чымся злучаць, паколькi гратэск i пародыя ў сьвеце Вiткацага, Гамбровiча i Шульца зусiм розныя зьявы.
Трапна пiсаў у 1992 годзе Ежы Памяноўскi: «Прозьвiшчы Вiткевiча i Гамбровiча вымаўляюцца на адным дыханьні. I гэты i гэны гаворыць аб Вiткевiчу як аб папярэднiку Гамбровiча. Гэта цьверджаньне тыпу «post hoc, ergo propter hoc». У кожным разе яно досыць скарасьпелае. У iснасьцi iхныя сьветагляды былi супрацьлежныя, таксама як i тэмпэрамэнты. Што iх злучала, дык гэта супольныя ворагi, пачуцьцё гумару i сьвядомасьць адзiноты, каб не сказаць – адчужэньня, на якое пакутавалi вялікія розумы ў Польшчы. Таксама iх злучала надзвычай крытычнае стаўленьне да таго, што папулярна называецца нацыянальнай традыцыяй, [але] з гэтай крытыкi яны рабiлi [...] розныя высновы. [...] Гаворка iдзе адно аб разглядзе пiсьменьнiкаў пры дапамозе iхнага думальнага iнвэнтару, без упакаваньня iх у супольную чыстую шуфляду»*.
Тут я дазволю сабе адступленьне: супастаўленьнi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ўжо сталiся ў штодзённым пiсаньнi аб iх зьбiтым клiшэ, але шкоды нiкому не прынесьлi, нават наадварот – доказам чаго могуць быць школьныя падручнiкi. Улучэньне «трох вялiкiх наватараў» у абавязковы канон школьнай праграмы зь лiтаратуры паволi, але грунтоўна руйнуе былыя школьныя лiтаратурныя гiерархii, на верхавiне якiх яшчэ часта можна спаткаць творы Марыi Дамброўскай, Леана Кручкоўскага або Канстантына Iдэльфонса Галчыньскага. Карацей кажучы, на ўзроўнi сярэдняй школы супастаўленьне Вiткацага, Шульца i Гамбровiча – незалежна ад ступенi спрашчэньня – спрычыняецца да зьменаў у iнтэрпрэтацыi польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя.
А ахвярай гэтых супастаўленьняў паў тэатар. Тут я маю на ўвазе iнсцэнаваньнi прозы Шульца, выкананыя ў канвэнцыi тэатру Вiткацага, а таксама аб пошуку ключоў да драмаў Гамбровiча ў эсэiстыцы Вiткацага. I адна, i другая падумкi – а кожнаму, мабыць, даводзiлася хоць раз бачыць iх рэалiзацыю – ёсьць мастацкiм непаразуменьнем i калi нешта i даводзяць, дык поўнае неразуменьне абсалютнай апрычонасьцi эстэтык i мастацтва паасобных пiсьменьнiкаў. Таму колькi разоў бачачы экспрэсiянiсцкія крыкi, падаваныя з сцэны як мова Гамбровiча або Шульца, дзiкi вiскат як спасоб маўленьня героя Вiткацага або сцэнаграфiю цi iгру актораў, адзiная пазнавальная рыса якiх – запраграмаваная рэжысэрам бяссэнсiца, я прыгадаў выслоўе – не памятаю чыё: «Я ведаю, што тэатар можа ўсё, але чаму ты мяне так мучаеш, Божа!»
Адзiн толькi Тадэвуш Кантар зразумеў, што ў мастацтве вернасьць арыгiнальнасьцi выяўляецца толькi пры дапамозе новай арыгiнальнасьцi, словам, каб быць верным эстэтычным пошукам Вiткацага, Гамбровiча цi Шульца, трэба стварыць... супоўна новы тэатар.