Текст книги "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]"
Автор книги: авторов Коллектив
Жанр:
Культурология
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 31 страниц)
Я ня ведаю падрабязнасьцяў гэтага працэсу ў Партыі працы і ў Дэмакратычнай партыі, хаця і не сумняюся, што ў агульных рысах ён праходзіў акурат так. Але я ведаю іх у дачыненьні да Польскай сацыялістычнай партыі, якая сярод гэтых трох партый была найбольш шматлікай і з многіх прычын найважнейшай. У эміграцыйнай літаратуры гэтая партыя акрэсьлена як «канцэсійная ПСП». Гэты прыніжальны прыметнік мае на мэце падкрэсьліць, што гэта фракцыя ПСП, якая пайшла на супрацоўніцтва з ПРП, у адрозьненьне ад сапраўднай ПСП, існаваньне якой у сацыялістычнай Польшчы было забаронена. Можна згадзіцца з слушнасьцю такой тэрміналёгіі, але адначасна трэба памятаць, што пераход да палітыкі легальнай апазыцыі азначаў таксама выкарыстаньне магчымасьцяў, якія давала існаваньне шматпартыйнасьці. Дзейнічаючы пад шыльдай ПСП, можна было супрацьдзейнічаць уплывам ПРП. На цэнтральным узроўні найбольшым посьпехам ПСП было стварэньне і кіраваньне Цэнтральнай службай плянаваньня, якая засяродзіла экспэртаў, зусім чужых савецкім мэтадам кіраваньня эканомікай. ЦСП стварыла ўласную канцэпцыю эканамічнай мадэлі Польшчы, устанавіла ўласныя мэтады плянаваньня і ў адпаведнасьці зь імі падрыхтавала першы трохгадовы Плян эканамічнай адбудовы. На тэрытарыяльным узроўні ПСП дасягнула сур’ёзных уплываў, і таму можна сказаць, што яна функцыявала там як апазыцыйная партыя.
* * *
ПРП была носьбітам саветызацыі. НП была атожылкам ПРП у сельскай мясцовасьці і мела за адмысловую задачу выцясьненьне ПНП. Ніводная з гэтых партый апазыцыянэраў, безумоўна, не прыцягвала.
Таму той, хто уступаў у ПРП з жаданьнем актыўна дзейнічаць, дэкляраваў сябе як прыхільнік саветызацыі Польшчы. Гэта цяжкі закід, але, тым ня менш, апраўданы. Таму, даючы ацэнку тым часам, трэба сфармуляваць яго зусім выразна. Бо цяжка было б сабе ўявіць, што нехта ўступаў у ПРП таму, што шчыра верыў, што ПРП забясьпечыць Польшчы незалежнасьць, грамадзкую справядлівасьць і дабрабыт. Усе ведалі, што ПРП – гэта савецкая агентура, а мільёны сьведкаў гаварылі праўду аб тым, якая жудасная савецкая сыстэма і якая варожая яна Польшчы і палякам. Не выпадае таксама сур’ёзна ставіцца да цьверджаньняў, што ў ПРП уступалі, перасьледуючы валенродзкія мэты[11]11
Здаўна ведаем, якой ацэнкі заслугоўвае валенрадызм. Гэта нам сказаў ужо Славацкі («Бянёўскі», песьня ІІ, радкі 225–233), а таксама нагадаў перадрукаваны вельмі дарэчы артыкул Ст. Віткевіча, напісаны ў 1904 г. («Валенрадызм ці зьмізарненьне», Kultura, № 7 (358)–8 (359), ліпень–верасень 1977).
[Закрыть].
Трэба прызнаць, што бальшыня тых, хто ўступаў у ПРП, кіравалася не палітычнымі мэтамі, а звычайным апартунізмам. Яны не імкнуліся да саветызацыі Польшчы, але таксама не жадалі ёй супрацьстаяць. Ім рупіла «ўладкавацца» накшталт бальшыні з тых, хто ўступаў у іншыя партыі, з той толькі розьніцай, што ўступаючы ў ПРП, яны чакалі большых прывілеяў і ня мелі сумневаў, якія ўстрымлівалі іншых ад ідэнтыфікацыі з галоўнай сілай саветызацыі Польшчы.
Для некаторых катэгорый з тых, хто ўступаў у ПРП, існавалі зьмякчальныя акалічнасьці. Імкнучыся дайсьці да правільнай ацэнкі гэтай важнай справы, трэба прывесьці гэтыя акалічнасьці.
Найбольш пераконлівае апраўданьне мелі жаўнеры Арміі Людовай. Уступленьне ў баявую вайсковую арганізацыю ў час акупацыі часта бывае выпадковай справай: яно вынікала з магчымасьці навязаць кантакт зь першай-лепшай адзінкай, што вядзе барацьбу зь немцамі. Таму нельга асуджаць некага ў тым, што ён быў сябрам Арміі Людовай. Такім чынам, алоўцы амаль аўтаматычна ўступілі ў ПРП, і ім індывідуальна было цяжка парушыць такую завядзёнку.
Іншым магчымым апраўданьнем магло быць палітычнае невуцтва і недальнабачнасьць. Апраўданьне гэтае можа тычыцца вельмі маладых, прымітыўных людзей, якія не разумелі, што вакол іх дзеецца, і далі завэрбаваць сябе новай уладзе.
Але ў канцавым рахунку важна ня тое, ці застаўся нехта беспартыйным, ці ўступіў у партыю і ў якую, а тое, як ён сябе паводзіў. Ці выконваў свае абавязкі такім чынам, які быў карысны для польскага грамадзтва, для польскай культуры і эканомікі, ці ўсё ж стаў інструмэнтам паняволеньня палякаў і саветызацыі польскай культуры ды эканомікі. Падзел не праходзіў тут у адпаведнасьці з партыйнай прыналежнасьцю. Былі нават актывісты ПРП (праўда, вельмі нешматлікія), якія як палякі і як людзі паводзілі сябе прыстойна, і былі, у сваю чаргу, беспартыйныя, дзейнасьць якіх была нікчэмнай і надзвычай шкоднай. Паводле гэткай дзейнасьці трэба і ацэньваць людзей. Партыйная прыналежнасьць дае толькі зыходны пункт для ацэнкі.
в) Разгром апазыцыі
Стварэньне і ўзмацненьне апазыцыі не прайшло незаўважаным для савецкіх акупантаў і іх стаўленікаў у кіраўніцтве ПРП. Яны пастанавілі прыступіць да супрацьдзеяньня. Гэта ў часе супала са зьменай савецкай міжнароднай палітыкі. Савецкі Саюз перастаў захоўваць хоць якую бачнасьць, што ён паважае дамовы, заключаныя са сваімі ранейшымі хаўрусьнікамі, і прыступіў да канчатковай саветызацыі дзяржаваў т. зв. народнай дэмакратыі. Адмова ад пляну Маршала, ізаляцыя Бэрліна, ціск на Югаславію запачаткавалі новы этап. Усё гэта агульнавядома.
ПРП і кіраваная ёй служба бясьпекі UB абвастрылі перадусім сваю барацьбу з ПНП. Яна праводзілася ня толькі палітычнымі сродкамі, але і перадусім коштам паліцэйскіх рэпрэсій, а таксама калектыўнага і індывідуальнага тэрору. Ратуючы сабе жыцьцё, уцёк за мяжу Мікалайчык (у лістападзе 1947), што закончыла існаваньне ПНП як апазыцыйнай партыі. Стала ясна, што спроба правядзеньня легальнай апазыцыйнай дзейнасьці ў Польшчы пацярпела паразу. Але гэтага было недастаткова, каб не праводзіць яе зусім. Гэта была адзіная палітыка, якая мела пэўныя шанцы на посьпех, а ейнай альтэрнатывай была поўная пасіўнасьць. Мікалайчык праводзіў гэтую палітыку з усёй адвагай і рашучасьцю.
Зусім не выпадае меркаваць, што гэтая палітыка была зусім няплённай. Само ўзьнікненьне арганізаванай апазыцыі і яе дзейнасьць на працягу двух гадоў дазволіла агоўтацца пасьля панесенай паразы, прынесла кароткі пэрыяд адносна нармальнага жыцьця. Гэта павялічыла адпорнасьць на ўдары, якія пасьля нанёс сталінізм. Каб жа гэтага пэрыяду не было, ломка грамадзтва магла б быць яшчэ больш глыбокай і цяжкай для выпраўленьня[12]12
Самы час, каб гэты гістарычны пэрыяд добра зразумець і пачаць яго правільна інтэрпрэтаваць. І больш таго: трэба прызнаць, што вельмі вялікай памылкай эміграцыі было рашэньне не падтрымліваць апазыцыі, якая паўстала ў Польшчы пасьля вяртаньня Мікалайчыка. У пераломны момант свайго змаганьня за незалежнасьць Польшча была зусім самотная. Ня толькі здрадзілі яе хаўрусьнікі, але яна ня мела нават падтрымкі палякаў, аселых на Захадзе. Насьледкі гэтай памылкі да сёньняшняга дня цяжарам ляжаць на польскай палітыцы і выклікаюць вострыя спрэчкі ў польскай палітычнай думцы.
[Закрыть].
Пасьля разгрому ПНП, ПРП прыступіла да зьнішчэньня апазыцыі, якая вытварылася ў іншых партыях. Т. зв. «працэс Цэнтральнай службы плянаваньня» (люты 1948) паклаў канец уплывам ПСП у кіраваньні эканомікай і ліквідаваў польскую мадэль і канцэпцыю эканамічнага плянаваньня[13]13
Я пісаў аб гэтым у: «Proces Centralnego Urzędu Planawania. – Relacja o początku stalinizmu w Polsce», Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
[Закрыть]. Неўзабаве ПНП, ПСП і Партыя працы перасталі існаваць. Дэмакратычная партыя была паддадзена грунтоўнай ачыстцы і цалкам падпарадкаваная ПРП. Такі крок у дачыненьні да партый быў надзвычай важным, паколькі ліквідаваў цэнтры палітычнай думкі і дзейнасьці, незалежнай ад ПРП. Гэта закранула таксама моладзевыя арганізацыі, зьвязаныя ідэйна з партыямі, а таксама непалітычныя арганізацыі, напрыклад, гарцэрства, робячы немагчымым існаваньне якой-колечы ідэйнай або палітычнай арганізацыі, якая б не была пад строгім кантролем ПРП.
Наступ ПРП (са сьнежня 1948 г. называнай Польскай аб’яднанай рабочай партыяй – ПАРП) не абмежаваўся толькі ліквідацыяй арганізаванай палітычнай апазыцыі. Ён быў накіраваны таксама супраць усіх праяваў польскага жыцьця і перадусім супраць людзей, якія не захацелі быць інструмэнтам саветызацыі. У Польшчы распачаўся пэрыяд сталінізму.
4. Сталінізм: сакавік 1948 – чэрвень 1956
а) Сутнасьць і мэты саветызму-сталінізму
Мы называем саветызмам грамадзка-эканамічную фармацыю, якая ўзьнікла ў Савецкім Саюзе[14]14
Я ўвёў і абгрунтаваў гэты тэрмін у нарысе «Сацыялізм у Польшчы», Кultura, № 9 (276), wrzesień 1970. Перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
[Закрыть] як вынік выраджэньня сацыялізму. Сталінізм – гэта спэцыфічная форма саветызму, створаная пад кіраўніцтвам Сталіна. Гэта найвышэйшая, імпэрыялістычная форма саветызму, у якой рысы гэтай фармацыі выступаюць асабліва выразна. Роля, якую саветызм адыграў у Польшчы, многія гады ўтойвалася і фальшавалася. І таму часта нават яго праціўнікі не разумеюць яго цалкам. Дзеля гэтага трэба недвузначна вытлумачыць, чым гэты лад ёсьць і чым ня ёсьць, і якія былі вынікі навязваньня яго Польшчы.
Перадусім трэба ўсьвядоміць, што саветызм ёсьць таталітарным ладам, у якім дыктатарская ўлада ажыцьцяўляецца клясай партыйных апаратчыкаў згодна з уласнымі інтарэсамі. Камуністычная партыя ёсьць галоўным органам ажыцьцяўленьня гэтай улады.
Саветызм, апрача гэтага, ёсьць імпэрыялістычным ладам. Ён служыць расшырэньню дамінацыі Савецкага Саюзу на іншыя краіны. Аб’ектам яго экспансіі якраз і стала Польшча пад канец вайны.
Тым ня менш, саветызм ня ёсьць, насуперак таму, што гаворыць яго афіцыйная дактрына, ладам, які дзейнічае ў імя інтарэсаў людзей працы і супраць інтарэсаў капіталістаў. Капіталістаў, праўда, чакае нацыяналізацыя, але на людзей працы спадае ярмо эксплюатацыі, цяжэйшай, чымся пры капіталізьме, перад якой яны ня маюць абароны.
Каб устанавіць у Польшчы саветызм, савецкая ўлада пачала татальную атаку на ўсё, што польскае. Гэта была імпэрыялістычная палітыка, якая мела на мэце ўзалежніць Польшчу і зьнішчыць яе палітычную, культурную і эканамічную адметнасьць. Унутры краіны саветы далі ўладу і прывілеі сваім стаўленікам з ПРП і ўвесь польскі народ, усе яго клясы зрабілі аб’ектам уціску і эксплюатацыі.
Гэта – простая і відавочная праўда аб гэных часох. Дзіўна, як рэдка яна фармулюецца ў яснай і недвузначнай форме. Але ніхто, хто быў тады ў Польшчы, ня можа сьцьвярджаць, што гэтага не разумеў. Довадаў было ажно занадта, каб кожны адчуў гэта на ўласнай скуры.
Першая спроба саветызацыі Польшчы адбылася неўзабаве пасьля акупацыі краіны савецкай арміяй у студзені 1945, але пэрыяд гэты доўжыўся толькі да канца чэрвеня гэтага году. У пануючым тады хаосе і пры ўсё яшчэ ня скончанай вайне сыстэме не ўдалося адразу надаць усіх рысаў, уласьцівых саветызму. У выніку вяртаньня ў краіну Мікалайчыка ўзьнікла сытуацыя, пры якой савецкае ўварваньне набыло іншыя формы і нават троху было згорнута. Безумоўна, і надалей у Польшчы доўжылася савецкая дамінацыя, але існавала таксама апазыцыя і такія формы культурнага і эканамічнага жыцьця, якіх саветызм ня зносіў на дух.
Чарговы наступ саветызму, гэтым разам у яго клясычнай сталінскай іпастасі, пачаўся ў Польшчы з разгрому ПНП на пачатку 1948 году. Яго мэтай было ўзмацненьне ўлады Савецкага Саюзу над Польшчай і канчатковае ўстанаўленьне ў ёй савецкай сыстэмы.
Гэтую палітыку рэалізавала партыя, сьпярша ПРП, а пасьля ПАРП. Яна паставіла сабе дзьве папярэднія задачы, якія былі пакліканы ачысьціць поле для саветызацыі Польшчы.
Першая задача – гэта перапыненьне кантынуальнасьці нацыянальнай традыцыі, і перадусім яе найглыбейшай плыні: традыцыі барацьбы за незалежнасьць.
Другая – гэта ломка маральнай пазыцыі палякаў і прымушэньне іх да ляяльнасьці.
Кожная з гэтых задач заслугоўвае больш падрабязнага разгляду.
б) Зьнішчэньне нацыянальнай традыцыі
Палітыка пазбаўленьня кантынуальнасьці нацыянальнай традыцыі азначала фальшаваньне гісторыі і зьнішчэньне арганізацыйных інстытутаў і формаў, якія былі вырабамі і носьбітамі гэтай традыцыі.
Фальшаваньне гісторыі было распачата з найноўшых падзеяў. Нацыі, якая калектыўна адкінула якія-колечы змовы з акупантам, пачалі намаўляць, што яе гераічная падпольная барацьба ўяўляла сабой калябарацыю зь Нямеччынай. Зьневажальная мана ў дачыненьні да АК зьдзіўляла сваім нахабствам, бо паўтаралася мільёнам непасрэдных сьведкаў, якія бачылі дзейнасьць АК ці нават бралі ў ёй удзел. Слынны плякат з надпісам «АК – зацяты аплот рэакцыі» гаворыць больш аб стаўленьні ПРП да гісторыі і польскай традыцыі і да палякаў увогуле, чымся ўсё, што напісана на гэтую тэму[15]15
Цікава, ці ёсьць асобнік гэтага гістарычнага пляката ў гістарычных сховішчах у краіне ці на эміграцыі? Таксама цікава, хто афармляў гэты плякат. Калі гаварыць пра рашэньне наконт яго выданьня, то няма сумневу, што яно было прынята ці, прынамсі, ухвалена цэнтральным кіраўніцтвам ПРП.
[Закрыть].
Зьнеслаўлялася ці замоўчвалася барацьба польскіх узброеных сілаў на Захадзе. Кіраўнікі гэтых войскаў былі дэманстрацыйна пазбаўлены польскага грамадзянства. Іншым пэрыядам, гісторыю якога заўзята фальшавалі, былі два дзесяцігодзьдзі Незалежнай Польшчы. Паступова адбываўся таксама адкат далей у мінуўшчыну і фальшавалася гісторыя бітваў за незалежнасьць у XIX стагодзьдзі, а пасьля таксама і пэрыяду падзелаў і казацкіх ды швэдзкіх войнаў. Усё працавала для таго, каб маладыя палякі ня ведалі гістарычных фактаў, якія б маглі стаць зыходным пунктам для новага незалежніцкага руху.
Наступнай мэтай палітыкі спыненьня традыцыі было зьнішчэньне інстытуцыяў, якія рэпрэзэнтавалі польскую традыцыю. Паказальная як грунтоўнасьць, так і заўзятасьць гэтай акцыі: глуміліся ня толькі важныя і аснаватворныя элемэнты польскай традыцыі, але і зусім дробныя і другарадныя.
У першую чаргу сярод важных галін польскага жыцьця трэба назваць абсяг юстыцыі, саветызацыя якога распачалася вельмі рана. Пасады судзьдзяў пачалі займаць выпускнікі партыйных курсаў, якіх навучылі, што іх першы абавязак – дбаць пра партыйны інтарэс. Ранейшых судзьдзяў або пазбавілі працы, або прыстрашылі. Неўзабаве інстытут юстыцыі ў эўрапейскім значэньні гэтага тэрміну перастаў існаваць. Тое, што ёсьць, уяўляе сабой сумную карціну: за трыццаць гадоў існаваньня сацыялістычнай Польшчы мы часам бачылі сумленныя і адважныя выступы адвакатаў, але ня бачылі і дагэтуль ня бачым бесстароньніх і справядлівых судзьдзяў. Культура польскага грамадзкага жыцьця панесла страту, якую цяжка будзе выправіць.
Навуку і вышэйшую асьвету было таксама пастаноўлена пераўтварыць на савецкі капыл. Вядома, наколькі важная кантынуальнасьць унівэрсытэцкай традыцыі. Таму акцыя была скіравана на тое, каб перапыніць гэтую традыцыю. Унівэрсытэты Сьцяпана Батуры і Яна Казімера можна было б перанесьці ў новыя месцы, захаваўшы, аднак, іх назвы. Але было зроблена наадварот: абодва ўнівэрсытэты былі зьліквідаваны і пасьля ўтвораны новыя. Аднаму зь іх потым была нададзена назва, якую цяжка вымавіць без канфузу (імя Б.Берута).
Праца ўсіх ВНУ была дэзарганізавана, іх аўтаномія зьліквідавана, і ў масавым парадку ўведзена пасада «намесьнікаў прафэсара» і асыстэнтаў зь ліку палітычных вылучэнцаў, а ранейшых прафэсараў пазбавілі катадраў. Некаторыя дысцыпліны, напрыклад, сацыялёгія, былі зусім ліквідаваны. Іншыя, такія, як грамадзкія навукі[16]16
Аб саветызацыі эканомікі я пісаў у нарысе «Proces Centralnego Urzędu Planowania. – Relacja o początku stalinizmu w Polsce», Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
[Закрыть], былі абсалютна саветызаваныя. Паўсюль уведзены абавязковыя лекцыі марксізму-ленінізму ў яго вульгарнай савецкай форме.
Навуковыя таварыствы зь вялікімі традыцыямі – Польская акадэмія мастацтваў, Варшаўскае навуковае таварыства і Каса Мяноўскага – былі ліквідаваныя, а на іх месцы створана Польская Акадэмія Навук, арганізаваная і названая на савецкі ўзор. Не пашкадавалі нават сярэдніх школаў: шмат якія найбольш традыцыйныя сярэднія школы так і не былі адноўлены, каб немагчымай стала кантынуальнасьць іх традыцыі.
Надзвычай катэгарычна было парвана з традыцыяй польскай штодзённай прэсы. Калі зірнуць на прэсу сацыялістычнай Польшчы, то можна падумаць, што газэты пачалі выходзіць у Польшчы адно ў 1945 годзе. Выданьні, якія мелі традыцыю ў некалькі дзесяцігодзьдзяў ці нават большую за стагодзьдзе, не былі адноўленыя, і памяць аб іх зьнікае. Гэта можа падацца ня вельмі важнай справай, але гэта быў істотны элемэнт у адрыве Польшчы ад яе мінуўшчыны.
Іншым сымбалем традыцыі, вельмі дарагой палякам, былі назвы палкоў у Войску Польскім. У часе другой рэспублікі назвы палкоў пераважна вынікалі зь іх удзелу ў барацьбе за незалежнасьць у 1914–1920 гг., а некаторыя былі зьвязаныя з ранейшай традыцыяй, улучна з напалеонаўскімі войнамі. Усё гэта было адкінута, як ня згадвалася і пра ўдзел польскіх фармаваньняў у бітвах другой сусьветнай вайны на Захадзе. Патрабавалася, каб польская вайсковая традыцыя не сягала далей, чымся да бітвы пад Леніна.
Гэтая самая палітыка прадугледжвала ліквідацыю традыцыі польскага спорту. Назвы спартовых клюбаў, многія зь якіх існавалі ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, былі скасаваныя, а клюбы пераведзены на балянс розных галіновых прафсаюзаў і «адораныя» новымі дзіўнымі назвамі. Можна заўважыць, што ад гэтай якраз атакі на традыцыю ўлады ПНР пазьней адмовіліся. Відаць, таму, што лічылі гэтую галіну менш важнай за іншыя і што экзэкуцыя спартовых клюбаў выклікала ў лепшым выпадку ўсьмешку. Але ў іншых галінах вынікі палітыкі ломкі традыцыі так і не былі выпраўленыя.
Яшчэ адна галіна – гэта ліквідацыя ці недапушчэньне адраджэньня арганізацыйных формаў польскай эканомікі. Яна, вядома, вельмі пацярпела ў часе вайны, і ў новых умовах не магло быць і гаворкі пра вяртаньне да старых формаў. Але, напрыклад, каапэрацыя хутка адрадзілася і пачала эфэктыўна дзейнічаць. Былі таксама падрыхтаваныя новыя, уласныя канцэпцыі кіраваньня эканомікай. Усё гэта ПРП зьнішчыла, імкнучыся падпарадкаваць польскае жыцьцё савецкім узорам. Польскай эканоміцы была накінутая нядзейсная ў прынцыпе савецкая мадэль эканомікі, правакуючы яе неэфэктыўнасьць, якая мае месца дагэтуль. Троху пазьней была зроблена яшчэ спроба ажыцьцявіць палітыку калектывізацыі на вёсцы, шляхі якой добра вядомыя.
Асобнай увагі заслугоўвае палітыка ў дачыненьні да Царквы. Першапачаткова вельмі стрыманая, у меру прагрэсу саветызацыі яна станавілася ўсё больш ваяўнічай, прывёўшы ўрэшце да арышту кардынала Вышыньскага.
в) Ломка людзей
Не перастаючы зьнішчаць традыцыйныя формы польскага жыцьця, палітыка ПРП і ПАРП так жа бязьлітасна скіравалася супраць людзей, хочучы іх надламіць і змусіць да пакорлівасьці.
Некаторыя з захадаў гэтай палітыкі былі скіраваны супраць усяго насельніцтва Польшчы ці супраць вельмі вялікіх яго групаў. Іншыя былі спраставаныя на паасобныя, маргінальныя асяродкі ці нават на асобных людзей.
Вельмі шырокі дыяпазон набыла палітыка, якая мела на ўвазе пазбавіць людзей эканамічнай незалежнасьці. Гаворка тут не ідзе пра вялікія рэформы (сельскагаспадарчая рэформа 6 верасьня 1944 г. і нацыяналізацыя прамысловасьці 3 студзеня 1946 г.). Пры новым ладзе яны былі непазьбежнымі і тычыліся адносна невялікай колькасьці людзей. Але істотнае значэньне мелі самавольныя экспрапрыяцыі, якія на прыктыцы выйшлі далёка за межы адпаведных законаў. Дзякуючы гэтай практыцы сьвядома падрываліся падставы любой уласнасьці. Канфіскоўвалі фабрыкі і заводы, дзе працавала ўжо не пяцьдзясят, як прадугледжваў закон, а нават толькі пару работнікаў. Праўда, канфіскавалі ня ўсе прадпрыемствы. Гэта залежала ад таго, хто быў уласьнікам і як ён прыстасаваўся да «новай рэальнасьці». Такім чынам прышчапляўся страх і пакорлівасьць усім, хто хоць нечым валодаў.
Падобна было і з жылымі дамамі. Не было ўвогуле закону аб экспрапрыяцыі дамоў ці прыватных ды каапэратыўных кватэр. Але шмат зь іх было канфіскавана без магчымасьці апэляцыі. Уласьнікі дамоў, дзе арэндаваліся кватэры, страцілі сваю ўласнасьць іншым чынам. Жыхарам такіх дамоў дазволі жыць фактычна задарма, а ўласьніка абавязалі выплочваць вялікія падаткі за ўтрыманьне дому. Гэта прывяло да масавага адмаўленьня ад дамоў на карысьць дзяржавы.
Тыя, хто нечым валодаў, уяўлялі сабой меншыню насельніцтва. І таму каб давесьці ўсіх да ўзроўню галечы, была праведзена грашовая рэформа, якая пазбавіла вартасьці любыя ашчадкі. Узамен за ранейшыя «млынаркі» кожны атрымаў на галаву 500 новых злотых: гэтай сумай абмяжоўвалася яго маёмасьць. Адначасна быў устаноўлены вельмі нізкі ўзровень заробкаў, якія не адпавядалі рэальным выдаткам на жыцьцё. У дадатак на пачатку для ўсіх не было працы. Трэба яшчэ памятаць, што дзеелася ўсё гэта ў краіне, панішчанай немцамі і ваеннымі дзеяньнямі. Сьпіхваньне насельніцтва на дно галечы павінна было змусіць яго прасіць новую ўладу аб падтрымцы. Зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва ў першыя месяцы «народнай улады» было адным з эфэктыўнейшых спосабаў прымусіць яго да пакорлівасьці.
Спосаб функцыяваньня дзяржаўных органаў, якія ажыцьцяўлялі варожую да людзей палітыку, зьяўляўся яшчэ адным рычагом заняволеньня. Ніжэйшыя органы адміністрацыі былі ўкамплектаваныя проста пасьледкамі грамадзтва, фактычна звычайнымі жулікамі, якія паходзілі з самых маргінальных грамадзкіх слаёў, якія толькі можна было знайсьці ў Польшчы. Іх кіраваньне было адным шэрагам рабункаў і злоўжываньняў. Гэты досьвед ужо цяпер адыходзіць у забыцьцё, але варта яго прыгадаць, бо ён быў адным са сродкаў маральнага прыгнёту грамадзтва, і так цяжка змучанага вайной. Пасьля пэўнага часу сытуцыя пачала паступова выпраўляцца, бо ўлада зразумела, што гэта б скончылася ня толькі абрабаваньнем насельніцтва, але і раскраданьнем усёй дзяржаўнай маёмасьці. Аднак цалкам выкараніць злоўжываньні адміністрацыйнага апарату да сёньняшняга дня так і не ўдалося.
* * *
Апрача гэтых агульных сродкаў уціску, ужытых да ўсяго грамадзтва, некаторыя групы ды асобы сталі аб’ектам адмысловай увагі партыйных органаў, што праводзілі палітыку саветызацыі. Таму ўзяліся перадусім за тых, хто выяўляў патрыятызм і актыўнасьць, – за акоўцаў і жаўнераў узброеных сілаў на Захадзе, якія былі сымбалем барацьбы за незалежнасьць. Затым за людзей, якія першымі прыняліся за адбудоўчую працу. Ня толькі за дзеячаў разгромленых ужо партый, але і за беспартыйных, калі яны выяўлялі энэргію і самастойнасьць. І нарэшце за тых, хто некалі адзначыўся палітычнай заангажаванасьцю. Такім чынам, гэтыя катэгорыі людзей падазраваліся ў тым, што яны могуць распачаць нейкую дзейнасьць, супярэчную дырэктывам партыі.
Сярод сродкаў уціску трэба вылучыць фізычны тэрор і маральныя ды эканамічныя рэпрэсіі.
Фізычны тэрор – гэта тайныя і санкцыяваныя ўладай забойствы, катаваньні дзеячаў падпольных арганізацый, сябраў АК і лясных аддзелаў. У пэрыяд зь сярэдзіны 1945 і да канца 1947 гг. фізычны тэрор ужываўся супраць дзеячаў ПНП i WRN*. Падчас уласна сталінізму, г.зн. з 1948 г. – супраць рэштак рознага роду апазыцыі, супраць выдуманай апазыцыі, і нарэшце, у сапраўдным сталінскім стылі, – супраць людзей, чужых якой-небудзь апазыцыі, але якія мелі нейкія заганы ў біяграфіі, або такіх, што «трапіліся» выпадкова.
Такім чынам імкнуліся запалохаць усіх, каму якая-колечы думка аб апазыцыі магла б прыйсьці да галавы[17]17
Гісторыя сталінскага тэрору яшчэ дагэтуль не напісана. Назапашваньне крыніцаў па ёй, збор дакумэнтаў і г.д. – справа надзвычай актуальная. Спадзяюся, што хоць які асяродак на эміграцыі гэтым займаўся і што нейкія матэрыялы ўжо назапашаныя. Існуе каштоўная праца: A. Steinsbergerowa, Widziane z ławy obrończej, Paryż, але яна тычыцца толькі аднаго фрагмэнту гэтай гісторыі. Мы дагэтуль яшчэ ня маем ні цэльнага ўяўленьня, ні нават яснай ацэнкі шмат якіх справаў, якія даўно мусілі быць высьветленыя. Найважнейшая зь іх – гэта справа забойстваў згодна з рашэньнем суду вышэйшых афіцэраў арміі і ваенна-марскога флёту, якія вярнуліся ў краіну і ўступілі на службу ў «народнае» войска.
[Закрыть].
Маральныя і эканамічныя рэпрэсіі палягалі ў пазбаўленьні працы, пераводзе на ніжэйшую пасаду, забароне друкавацца для навукоўцаў, літаратараў і публіцыстаў, стварэньні нязносных жыльлёвых умоваў і нават права пражываць у некаторых мясцовасьцях ды выяжджаць за мяжу.
Гэтыя сродкі рэпрэсій ужываліся да розных людзей рэгулярна або аднаразова, у большай ці меншай ступені ў залежнасьці ад індывідуальных акалічнасьцяў. Мэтай заўсёды было прымусіць да пакоры: да такіх паводзін і сьцьвярджэньня таго, чаго жадала бліжэйшая партыйная ячэйка ПАРП.
Гэтая палітыка праводзілася зь вялікай энэргіяй. Яшчэ ня скончыўся 1949 год, а навуковая думка была задушаная, ВНУ поўныя недавучаных крыкуноў, прэса маніла і паўтарала бессэнсоўныя штампы, літаратура была закабалена, а мастацтва і архітэктура спынены ў разьвіцьці. Кіраўнічых пасадаў у эканоміцы былі пазбаўлены спэцыялісты, якія ў 1945 і 1946 гг. прыняліся за працу. Іх замянілі вылучэнцамі партыі зь нізкім інтэлектуальным, а часта і маральным узроўнем. Рабочыя адчулі цяжар бязьлітаснай эксплюатацыі, а сялянаў працягвалі запалохваць калектывізацыяй і нязноснымі падаткамі.
Кожнаму стала ясна, што палітыка ПАРП была палітыкай падпарадкаваньня Польшчы саветам без увагі ні на інтарэсы Польшчы ў цэлым, ні на інтарэсы якой-небудзь польскай грамадзкай клясы[18]18
На гэтыя трагічныя падзеі эміграцыя пазірала моўчкі. Прынамсі, у Польшчу не даходзілі яе пратэсты. Факт таксама, што сусьветная грамадзкая думка ня выказалася ў абарону парушаных у Польшчы правоў чалавека, а таксама не асудзіла палітычнага ўціску, парушэньня правоў чалавека і невыкананьня міжнародных дамоўленасьцяў. Аб тым, што дзеелася ў Польшчы, не было чуваць у прэсе, не гаварыла пра гэта радыё на Захадзе, славутыя інтэлектуалы не падпісвалі пратэстаў, палітычныя партыі і прафсаюзы не высылалі тэлеграм. Калі эміграцыя тады ўсё-ткі беспасьпяхова намагалася паказаць сусьветнай думцы праўду аб Польшчы, трэба было б выявіць адпаведныя дакумэнты. Гэта б ачысьціла эміграцыю ад закіду бязьдзейнасьці ў найцяжэйшыя моманты нашай гісторыі і было б яшчэ адным довадам капітулянцкай палітыкі Захаду перад саветамі. Магло б здавацца, што антысавецкія выступы маглі тады разьлічваць на зычлівае прыняцьце, бо ж пэрыяд сардэчных стасункаў паміж саветамі і Захадам тады ўжо скончыўся. Распачыналася т.зв. «халодная вайна», і таму існавалі сілы, якія былі схільныя выступаць супраць савецкай палітыкі. Сьведчаньнем гэтага ёсьць рэакцыя Захаду на падзеі ў Чэхаславаччыне. Дасюль помняцца акалічнасьці адхіленьня Вэнэша і сьмерці Яна Масарыка. Аб тым, што брутальная ліквідацыя апазыцыі мела месца і ў Польшчы, на Захадзе ня ведаюць, што дагэтуль прыносіць нам вялікую шкоду. Не зьбіраюся сьцьвярджаць, што актыўнасьць эміграцыі ў гэтай справе мела б нейкі ўплыў на савецкую палітыку ў Польшчы. Але б яна дадала маральнай падтрымкі апазыцыі ў Польшчы, а гэтага ніколі нельга недаацэньваць.
[Закрыть].
г) Пазыцыя грамадзтва
Каб цалкам зразумець насьледкі сталінізму ў Польшчы, трэба ўсьвядоміць, як польскае грамадзтва зрэагавала на ліквідацыю апазыцыі і татальную атаку ПАРП на ўсё, што польскае. Гэта важна таму, што пазыцыя, якая тады аформілася, трывае зь невялікімі толькі зьменамі дагэтуль і надалей вызначае стаўленьне грамадзтва да ўлады ў ПНР.
Пад уплывам сталінскай палітыкі партыі польскае грамадзтва падзялілася на чатыры катэгорыі.
На самым версе апынуліся апаратчыкі саветызму. Іх зазвычай атаясамліваюць з функцыянэрамі партыі, дарма што фармальна ня ўсе яны ўваходзяць у склад апарату ПАРП. Істотна тут тое, хто ажыцьцяўляе ўладу. Яны праніклі ня толькі ў апарат партыі, але таксама і ў органы адміністрацыі, сфэру юстыцыі, бясьпекі, а таксама сталі на чале эканомікі, ВНУ, творчых саюзаў і прэсы. Гэта яны праводзілі саветызацыю польскіх установаў і аказвалі націск на паасобныя асяродкі і людзей. Яны распараджаліся жыцьцём і сьмерцю, вязьніцай або свабодай, поступам або дэградацыяй, прывілеямі або зьдзекамі што да простых людзей. Яны вырашалі, хто будзе гаварыць, а хто маўчаць, а таксама, што трэба гаварыць. Для кожнай групы, такой, як літаратары, эканамісты, юрысты, і на кожным заводзе, вучэльні, установе і фабрыцы не існавала ніякіх сумневаў, у чыіх руках насамрэч знаходзіцца ўлада, і, такім чынам, з кім трэба быць асьцярожным. Адрыў «апаратчыкаў» ад грамадзтва, у якім яны дзейнічалі, быў поўным. Адрыў гэты ўзмацняўся сьвядома праводжанай палітыкай. Яны мелі права купляць у спэцыяльных, лепей забясьпечаных крамах «за жоўтымі фіранкамі». Яны езьдзілі ў спэцыяльныя дамы адпачынку, пасылалі сваіх дзяцей у спэцыяльныя элітныя школы і карысталіся спэцыяльнымі лячэльнямі. Надзвычай рэдка здаралася, каб «апаратчык» пазбаўляўся гэтых прывілеяў. Нават калі ён кепска спаўняў свае абавязкі, то пасьля «зьняцьця» з адной пасады яго перамяшчалі на іншую на такім жа ўзроўні. Нават калі ён адхіляўся ад партыйнай лініі, г.зн займаў унутры партыі апазыцыйную пазыцыю, то мог пазбавіцца сваёй функцыі, але захаваць прывілеі, якія яму прызначаліся як бы пажыцьцёва, калі не спадкаемна. Зразумела, яму прызначалася пэнсія, значна большая, чымся ў звычайных людзей.
Пры гэтых умовах «апаратчыкі» набылі ўсе рысы дамінуючай грамадзкай клясы. У іх паводзінах, як гэта звычайна бывае з чальцамі дамінуючай клясы, навідавоку была самаўпэўненасьць і, больш таго, пагарда да звычайных людзей. Іх назвалі «валадарамі сацыялістычнай Польшчы» ці папросту «ўбэкамі» (што не азначала, што ўсе яны служылі ў Міністэрстве Бясьпекі). Іх баяліся і ненавідзелі. Гэта доўжыцца дасюль. Таму што хоць гэтую клясу і стварыў сталінізм 1948–1956 гг., яна не перастала існаваць, калі сталінізм мінуўся. Яе кіраваньне сапраўды памякчэла, але яна надалей кіруе ў Польшчы і будзе кіраваць, дакуль у Польшчы будзе доўжыцца саветызм. Дзеля гэтага існаваньне гэтай клясы і яе дамінуючая роля ёсьць асноўнымі рысамі гэтай грамадзкай фармацыі.
Другая катэгорыя людзей, якую стварыў сталінізм у Польшчы, былі т.зв. актывісты. Яны былі пераважна партыйнымі, хаця і беспартыйных сярод іх было шмат.
«Актывісты» добраахвотна і беззасьцярожна падтрымлівалі рэжым. Гаварылі, пісалі і рабілі ўсё, чаго чакала ад іх улада, і нават больш. Старанна выконвалі функцыі, якія ім былі прызначаныя, і не адхіляліся ніколі ад лініі партыі. Карысталіся шмат якімі прывілеямі і даходзілі да высокіх пасадаў.
Ад «апаратчыкаў» яны, аднак, шмат у чым адрозьніваюцца. Перадусім яны не займалі пасадаў, што давалі сапраўдную ўладу. Або самі не імкнуліся да гэтага, або з розных прычын (часта палітычная мінуўшчына) не дапускаліся да іх. Паколькі яны не валодалі ўладай, то мелі значна меншую магчымасьць шкодзіць людзям у параўнаньні з «апаратчыкамі». Каб утрымліваць свае прывілеі, ім усьцяж даводзілася заігрываць з уладай, бо іх пазыцыя да канца не была стабільная. Свае прывілеі яны маглі лёгка страціць. Якраз у гэтым палягае найвялікшае адрозьненьне паміж «актывістамі» і «апаратчыкамі». Нягледзячы на карыстаньне шмат якімі прывілеямі, «актывісты» належалі да тых, хто баіцца, а не да тых, каго баяцца, да маральна надцятых, а не да тых, хто надломваў. «Актывістаў» нельга лічыць асобнай грамадзкай клясай. Гэта была хісткая і вельмі дыфэрэнцыяваная катэгорыя. Мяжа паміж «актывістамі» і іншымі катэгорыямі не заўсёды была выразнай.
Трэцюю катэгорыю можна вызначыць як добранадзейныя. У гэтую катэгорыю трэба залічыць масу партыйных, г.зн. усіх тых, хто ня быў «апаратчыкам» або «актывістам». У яе ўваходзілі, аднак, і беспартыйныя. «Добранадзейныя» беззасьцярожна падпарадкоўваліся рэжыму, але адрозьніваліся ад «актывістаў» тым, што гэта была пасіўная ляяльнасьць, а ня поўная ініцыятывы актыўнасьць. Яны без усялякага супраціву выконвалі ўсе распараджэньні «апаратчыкаў» і дазвалялі ўжываць сябе ў якасьці інструмэнту партыі, атрымліваючы за гэта мізэрныя ўзнагароды і жалюгодныя прывілеі. Нават у прыватных размовах яны не дазвалялі сабе крытыкаваць партыю. Таму падавалася, што яны цалкам замірыліся са сваёй прыніжальнай сытуацыяй. Але па сутнасьці іх дамінуючым пачуцьцём быў страх перад «апаратчыкамі».
Чацьвертая катэгорыя – гэта ўвесь астатні народ, усе звычайныя людзі. Залежныя ад улады адміністрацыйна і эканамічна, яны жывуць у галечы і на практыцы пазбаўленыя якіх-небудзь правоў. Часта запалоханыя і заўсёды дэзарыентаваныя, яны не маглі дзейсна супраціўляцца ўціску, які аказваўся «апаратчыкамі». І таму хадзілі на сходы, прымалі рэзалюцыі (аднадушна), бралі ўдзел у выбарах (бяз выбару), вырашалі свае справы ў розных інстанцыях кіруючай улады. Усё гэта было непазьбежна, бо жыцьцё мусіла ісьці. Спроба адкрытага непаслушэнства цяжка каралася і пры гэтым не прыводзіла да нічога.
Нягледзячы на гэты вонкавы канфармізм, «звычайныя людзі» ўнутрана ніколі не прызнавалі рэжым і ніколі яму цалкам не падпарадкоўваліся. Яны саступалі перад націскам, але толькі тады і толькі настолькі, наколькі да гэтага выразна змушала ўлада. Яны заўсёды мелі пачуцьцё, што гэтая ляяльнасьць прыніжае іх. Пра «апаратчыкаў» яны не гаварылі іначай, чымся «яны», лічачы іх чужой і варожай сілай. Сваім поглядам яны давалі вольнае выяўленьне ў прыватных размовах ува ўласным коле, а ня годных даверу «апаратчыкаў», «актывістаў» або «добранадзейных» маглі лёгка распазнаць. Яны неяк пераадольвалі цяжкасьці штодзённага існаваньня, часта кпілі зь бюракратычных нонсэнсаў, якія ўскладнялі ім жыцьцё[19]19
Пра гэтых звычайных людзей нядаўна з прызнаньнем пісаў Кісель («O humor krajowy», Kultura, № 5 (368), maj 1978, str. 102–106). Ён вельмі слушна сьцьвердзіў, што якраз яны вынесьлі «на сваёй скуры гэтую актуальную “польскую справу” і што якраз зь імі можна «дагаварыцца... на тэму таталітарызму, яго камізмаў, парадоксаў і абсурдаў».
[Закрыть].
Гэткая пазыцыя простых людзей стварыла ў Польшчы вялізную, маўклівую, але рашучую і ўпартую апазыцыю супраць пануючага ў Польшчы ладу[20]20
Гэты факт сьведчыць пра тое, што саветызм ня здолеў, аднак, прывесьці да такога разлажэньня і дэмаралізацыі грамадзтва, якое мела месца ў саветах (як гэта падае, напрыклад, Надзежда Мандэльштам у сваіх мэмуарах). У СССР, здаецца, толькі выняткі не былі «добранадзейнымі». У нас «добранадзейныя» зьяўляліся нязначнай меншынёй.
[Закрыть]. Гэта факт агромністага значэньня для зразуменьня сытуацыі, да якой у Польшчы прывёў саветызм.
Сярод удзельнікаў гэтай маўклівай апазыцыі трэба вылучыць тых, чыя саступлівасьць да ўлады была найменшай. Гэтыя «ўпартыя, маўклівыя апазыцыянэры» не ўяўлялі сабой выразна акрэсьленай групы, таму што зьменлівыя ўмовы ўплывалі на тое, хто да яе належаў, а хто адпадаў. Не падлягае, аднак, сумневу, што ўлада магла іх заўсёды выдатна распазнаць і тарнавала да іх дыскрымінацыю і забароны.
Упартых маўклівых апазыцыянэраў можна было знайсьці ўва ўсіх грамадзкіх групах. Сяляне ўва ўсёй сваёй масе былі нэгатыўна настроеныя да ўлады, як, зрэшты, рабочыя і інтэлігенцыя. Але ціск на сялянаў меў мэтанакіраваны характар, што прыводзіла да яшчэ большай салідарнасьці супраць рэжыму. Канцэпцыя т.зв. расслаеньня сялян паводле савецкага ўзору на «беднякоў», «сераднякоў» і «кулакоў» так і не дала вынікаў. Таму маўклівая апазыцыя сярод сялянаў была паўсюднай, а ў выглядзе супраціву калектывізацыі нават зьмянялася ў яўную і адкрытую апазыцыю.
Рабочыя былі ў цяжэйшай сытуацыі, бо інфільтрацыя «актывістаў» у фабрыках была больш дзейснай, чымся на вёсцы. У найцяжэйшай, аднак, сытуацыі апынуліся інтэлігенты і інтэлектуалы, бо іх апрацоўвалі індывідуальна.