355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Ад сяўбы да жніва » Текст книги (страница 41)
Ад сяўбы да жніва
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Ад сяўбы да жніва"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 41 (всего у книги 43 страниц)

ДВА СЛОВЫ

У чэрвені трыццаць першага года я быў у вялікім падарожных – ехаў аўтобусам у Наваградак, ажно за трыццаць дзевяць кіламетраў, здаваць экзамены ў гімназію. У Карэлічах пажылы, салідны шафёр (якая гэта была тады рэдкая прафесія, якая фігура – шафёр!), перакусваючы па прыпынку, гаварыў камусьці з дзвярэй адчыненай кабіны:

– Бочек – объядение…

Ён еў «бочэк» – сёння мы кажам: карэйка – з сітніцай; я гэта бачыў, стоячы за тым, каму гаварылася. Смачна!..

Позняй дажджлівай восенню ў тым самым годзе шафёрскі вучань Міша, таксама фігура ў нашай зачуханай вёсцы, прынёс з Баранавіч страшную вестку. Па прыгавору «дараванага», палявога суда пазаўчора там павесілі дзевяць падпольшчыкаў-камуністаў. Сярод іх – Шурку, таго пажылога, шаноўна-саліднага шафёра з чырвона-белага аўтобуса «Крэсавяпка».

Шурку я памятаю толькі праз тое, што бачыў і чуў. Аднак – памятаю.

Нядаўна ў аўтобусе Мінск – Вільнюс мне яго жыва нагадаў таксама пажылы і маўкліва салідны, культурны шафёр-літовец. Нагадаў і незвычайна ў тым далёкім заходнебеларускім асяроддзі «бочек – объядение», и жудасную вестку пра павешанне, прынесеную ў вёску з горада. Нагадаў і словы яго, Шуркавай, маленькай дачкі: «І сонейка будзе свяціць, і месячык, а татуся майго не будзе…» Гаварылася гэта па-польску, – і малая так гаварыла, і Міша так паўтараў, а ўсе мы слухалі і разумелі моўчкі. І суседзі, і маці Мішава, ціхая працавітая цётка Таццяна.

Яна вельмі доўга дамагалася пенсіі за мужа, забітага на «мікалаеўскай» вайне, а атрымаўшы яе ажно за ўсе чатырнаццаць гадоў адразу, паслала свайго сірату вучыцца ў Стоўбцах па шафёра.

Міша быў старэйшы за мяне на тры гады, але мы сябравалі і дома, і ў школе, і на пашы, пакуль ён не пайшоў у людзі, а з маёй гімназіі нічога не атрымалася. Празывалі Мішу Хвальком, з самага малку, і гэта праўда была, – ён і наручны гадзіннік усё правяраў, то да вачэй, то да вуха, і руку, танцуючы, так задзіраў, каб відаць быў гадзіннік. І пра вучобу сваю хваліўся нямала. Але тады, расказваючы, ён быў зусім не такі, як заўсёды, бо Шурку таго ён ведаў, пад кіраўніцтвам яго і вучыўся. Ён расказваў, а цётка Таццяна глядзела па хлопца свайго, слухала моўчкі і плакала…

Праз чвэртку веку пасля таго жахлівага вечара, светлым летнім адвячоркам Рафаіл Сяржант, мужны і светлы чалавек, расказваў мне ў нумары баранавіцкай гасцініцы аповесць свайго бурнага і цяяжага жыцця, што стала ў мяне нарысам «Партрэт старэйшага таварыша». Расказваў ён часцей за ўсё паасобнымі фрагментамі, як яно ўспаміналася яму, па пэўнай унутранай сувязі. А я запісваў тыя фрагменты, уважліва, а то і ўсхвалявана ідучы за плынню яго расказу. Польскія гарады называліся толькі як турмы, бо так ён іх бачыў, назвы іх значылі этапы яго пакутніцкага шляху.

– У Равічы сядзеў я з Паўлам Валошыным, членам ЦК стотысячнай Грамады, паслом польскага сейма ад рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла беларускай нацыянальнай фракцыі…– Гэта не я цяпер, а ён, расказчык, так гаварыў, няспешна чаканячы сваю дакладнасць. – Любіў я гэтага чалавека, мы сябравалі. Класічны тып беларуса. Гаварылі пра Тарашкевіча. Тарашкевічаў бацька, шкадуючы сына, пытаўся: «Броня, як ты думаеш, народ наш ужо дарос да таго, каб за яго галаву аддаваць?» А сып яму: «За яго заўсёды можна было і трэба было аддаваць галаву».

Другі фрагмент, пасля хвілін маўчання:

– Кожнага падпольшчыка пілсудчыкі намагаліся зрабіць шпіёнам, шпегам, паставіць яго па-за законам. «Нема венкшэго ўрога, ніж шпег». «Сонд доразьны», сто адзінаццаты артыкул яшчэ царскага кодэкса з тысяча дзевяцьсот трэцяга года. На гміне, на тэлеграфных слупах вывешваліся адозвы: хто выдасць шпіёна – тысяча злотых. А гектар зямлі быў тады дзвесце-трыста-чатырыста злотых. Увосень трыццаць першага года тут, у Баранавічах, было павешана дзевяць чалавек – за шпіянаж. Кат Мацееўскі атрымліваў чатырыста злотых у месяц і па сто злотых ад галавы. У Польшчы было тады дванаццаць чыноўных разрадаў, у ката – дзевяты разрад. Белыя пальчаткі, новыя для кожнага. Занятак па цэлы дзень. І фраза, што была крылатай: «Справедлівосці стало сень задосць» – справядлівасць задаволена.

Пра гэтае павешанне было ў газеце ІКЦ, «Ілюстраваны кур'ер цодзенны», адной з самых санацыйных. Чытаў я пра павешанне ва Ўронках.

Зноў паўза і роздум на высокім ілбе чалавека, якому так многа давялося думаць за чатырнаццаць гадоў турмы, з якіх дзесяць у адзіночцы. А пасля паўзы – зноў, як з Валошыным і Тарашкевічам, грунтоўна ўзважанае слова пра блізкага чалавека:

– Сярод тых дзевяці быў Аляксандр Скачко. Шафёр з аўтобуса «Крэсавянка», на трасе Стоўбцы – Наваградак.

Запісваў я гэта ўлетку пяцьдзесят восьмага, – з таго часу прайшла другая чвэртка стагоддзя. Запісы тыя, не ўсе выкарыстаныя ў маім нарысе, днямі я перачытваў: чытаюцца як штосьці новае, бо сёе-тое ўжо і забылася.

Аднак успамін пра шафёра, Мішаў расказ пра павешанне вярнуўся да мяне не ад запісаў,– ад незвычайнага польскага «бочек», які ў рускім акрэсленні, «объядение»…

1983

НЯСТОМНАСЦЬ

«Схіляю галаву перад сваёю вуліцай», – гаворыць стары чалавек, былы падпольшчык.

У гады акупацыі ён, у гэты бок вырваўшыся з акружэння, – маскоўскі апалчэнец, а перад гэтым даволі высокі адказны работнік, – дзеля легальнага існавання працаваў шаўцом, якім раней ніколі не быў. У бацькоўскім драўляным доміку, на ўскраіннай драўлянай мінскай вуліцы. Латку якую там прышываў, набойку набіваў, а як што больш, дык сувязная адносіла да сапраўднага шаўца, таксама свайго чалавека.

I людзі-суседзі не выдалі – амаль за тры гады. Можна i пакланіцца.

Расказвае таварыш i смяецца, што i сёння яшчэ, праз трыццаць шэсць год пасля вызвалення, калі яго часамі спыніць на пераездзе цягнік, ён, па прывычцы падпольшчыка, пачынае лічыць вагоны. Пасажырскія, таварныя, платформы… Нібы яшчэ ўсё трэба яму перадаваць звесткі пра варожы рух на гэтым чыгуначным вузле.

Юрыст на пенсіі, ён многа піша ва ўсе інстанцыі, да найвышэйшых уключна, сігналіць, стары камуніст, пра непаладкі i пагрозы нашаму ладу. Не ананімкі – адкрыта i смела. Яму найчасцей не адказваюць, а то адказваюць з вет: лівым вывертам i ўдзячнасцю, а ён усё піша. І кажа, што як толькі спыніць сваё змаганне – адразу памрэ. Бо ўжо i восьмы дзесятак канчаецца.

Сухаваты ад свае гарачыні, ён раней, як адвакат, напорыста i нястомна змагаўся за тых, каго лічыў несправядліва або залішне сурова пакаранымі. І цяпер яшчэ да яго звяртаюцца, просячы дапамогі, парады.

Неяк ён расказаў мне пра яшчэ адну сваю перамогу.

Хлопцу ў сорак чацвёртым годзе было шаснаццаць. Маці, баючыся, каб i яго не вывезлі ў Нямеччыну, «на работы», за два месяцы да вызвалення Беларусі ўладзіла сына працаваць у радыёкамітэце, нейкім там вучнем пры тэхніцы. Пасля яго судзілі за… супрацоўніцтва з ворагам. Колькі там маці ні даводзіла, колькі добрыя людзі ні сведчылі, што i за ім столькі тое віны, што i яна дапамагала падпольшчыкам. Пасля турмы сына не рэабілітавалі, проста выпусцілі дачасна. А потым, у канцы пяцідзесятых, ужо інжынера, чалавека сямейнага, раптам знялі з работы – усё з-за таго самага.

Стары адвакат узяўся за гэтую справу. Дамогся справядлівасці,– чалавека рэабілітавалі, вярнулі на працу.

– Адказ прыйшоў на яго імя, але на мой адрас, – расказваў ён мне пасля. – Так робіцца: каб я, абаронца, перадаў яму. Панёс я ім гэтую залатую паперку. Якраз было Восьмае сакавіка, як з падарункам пайшоў у сям'ю. І ён расплакаўся, хацеў мне руку пацалаваць. I я з ім таксама расплакаўся. З усімі імі. Так вось, мой дарагі…

Ён гаварыў гэта, зноў выціраючы слёзы. Першыя для мяне – за тры з палавінай дзесяцігоддзі нашага знаёмства.

1983

ГІПНОЗ

Каржакавата-тоўсценькі, сыта-загарэлы пад выцвілай ад сонца кепачкай, ён сядзіць на лаўцы каля зялёнага плоціка. На асфальце, побач з яго кірзачамі, стаіць пустое вядро, прымурзана-чырвонае ўсярэдзіне. Парэчкі толькі што прададзены недалёчка адгэтуль, на доўгім стале пад павеццю, дзе прадаецца сёе-тое з агарода, з саду, з лесу. Схіліла з паўдня, нягорача. Людзей тут, на пасялковай аўтобуснай станцыі, нямнога, і яго, і майго аўтобусаў яшчэ няма. Ёсць час пагаварыць, дый хочацца, бо бачыліся мы нячаста.

– Здароўя пытаеш. Якога ты хочаш, браце, у маіх гадах здароўя? Семдзесят шосты. Калі дзе трохі скокам, дык потым і бокам. Але ж не возьмеш, ліха яму, з капліцы старую пратэсу ды не пойдзеш, сам па сабе жывы галосячы. Трымаюся, пакуль трымаецца. Да доктара, можна сказаць, і зусім не хаджу. От, павітаемся на вуліцы. А да Чмута не пойдзеш – памёр. Які, кажаш, Чмут? Я і сам, браце, мог бы быць такім чмутам, як ён. Мой дзядзька быў у Амерыцы, у Канадзе. Яшчэ пры цару паехаў, лепшага хлеба шукаць. А пры Польшчы быў прыслаў мне кнігу пра гіпноз. Па-руску напячатана. Я яшчэ ў войску тады не служыў, толькі-толькі на кавалера браўся. Усю зіму тую кнігу чытаў. І сам пачаў практыкавацца. Тры пальцы во так настаўлю, ці так сабе, ці ў твар каму-небудзь, вочы натарапачу – гляджу, як ён міргае. А ўжо далей мне і самому смешна – засмяюся! І сарваў сеанс. Не ў кожнага яно і палучаецца.

А Чмут наш без кнігі, а нейкім таксама гіпнозам лячыў. Сам, можа, класаў са два і прайшоў, але разумных слоў нахапаецца і гаворыць, браце, так, што людзі і вераць, асобенна бабы. Часаслоў чытаў у царкве. Я кажу: «Ты ж тых цітлаў не ведаеш, як жа ты іх чытаеш?» – «Па памяці». Памяць у яго была. І ўсюды ён лез. «На ванне, – казаў,– і афіцэры мяне баяліся. Як гэта можна, – выступіў я раз у Германіі, ужо Берлін было ўзяўшы, – як гэта можна, каб нашы доблесныя воіны, не толькі радавыя славяне, але і камандны састаў, лібзалі вуста фашысцкім медхенам ды фравам? Што гэта за разурат!..» Во, браце, як.

А то прыходзіць раз да яго адна маладзіца. За дваццаць пяць, падлічыўшы, вёрст. Во куды погалас дайшоў! І гэта ж ужо не даўней, не пры папах, і не ў акупацыю, а гадоў нешта з дзесяць таму назад. Наша баба, калхозна-саўхозная. Просіць, каб даў ёй чаго такога, каб свякроў памерла. Чмут спачатку ўзяў яе на гіпноз, у вочы ёй паталопіўся, ці не правакацыя якая. А потым гэта бярэ канапель, шчопці зярнятак са свайго ўсялякага прыпасу. Расцёр тыя каноплі, вады імі ў бутэлечцы закрасіў і кажа: «Тры разы на дзень папырскай старой па пасцель – праз тры дні памрэ. Але глядзі, каб у дарозе ані разочку не азірнулася!» А дзе ж ты, браце, бачыў, каб гэта баба за дваццаць пяць вёрст ні разу не азірнулася? Ці машына якая ззаду, ці сабака, ліха яму, ці проста так, таму што няможна. Прыходзіць яна потым зноў. Лякарства – усё, а свякроў жыве. Чмут уталопіўся зноў ды як гаркне сваім гіпнозам: «Што, азіралася?!» Баба – у дрыжыкі. «Дзядзечка, толькі разочак адзін. Дайце лякарства, дзядзечка, што ні скажаце – не пашкадую». – «Маё срэдствія, – кажа ён, – за другім разам не дзействуя. Ідзі». Так яна і патэпала.

А то яшчэ раз было…

…Слухаць чужое, а думаць сваё – гэта можна. А запісаць такое адразу, падвойным цягам, нельга. А думаў я так… ці, лепш – успомнілася мне, слухаючы, такое.

Малога мяне маці наслала ў суседнюю вёску да бабы, што памагае. Нашай карове стала нядобра. А мама сама пайсці не магла. І брат старэйшы некуды паехаў. Ці, можа, і трэба было, каб пайшоў не сталы хто, а малы, так сказаць, з поўным даверам. Гэта ўжо сёння я так думаю. А помніцца яно прыемна, з пажылым цеплаватым сумам, – тое маё хлапечае адчуванне важнасці такога даручэння. Што гэта дрэнна нашай Кухарцы, і што гэта мама паслала мяне. А яшчэ ж і навіна, нечаканасць такая – не па пашу іду, як штораніцы, не па іржышчы, не па траве, а па гладкай сцежцы ўзбоччам гасцінца, у іншую вёску, у людзі!..

Была ў мяне з Кухаркаю віна… Праўда, і кара ды пакаянне адразу яе былі. Першага красавіка трэба было ашукаць каго-небудзь, з самай раніцы, а дома была адна мама. Яна паліла ў печы, а я ўбег з двара ды з парога, як найбольш спалохана: «Кухарка паша павалілася каля хлява, раве!..» Мама – на двор. Кухарка стаіць сабе, жвайку жуе, на першае сонейка жмурыцца. Мама яшчэ на хаду расперазала фартух, давай мяне ў хаце махрамі шалёстаць. Крычаў я, што гэта звычай такі і што болей пе буду, але сваё атрымаў. Махры не толькі пякліся, асабліва калі па вушах, па руках, але і няўмольна сведчылі, што ты яшчэ ўсё малы і дурны, хоць і перайшоў ужо ў пяты клас і кніжкі ўсякія дарослыя чытаеш.

Кухарка, калі яна добра наесца, калі яе так папасеш, што і клубоў не відно, ужо здалёк, да брамы падыходзячы, стане і зараве. Маму кліча з даёнкай. А мама, калі яна дома і чуе, адгукаецца: «Іду ўжо, іду!..» Сырадой быў, вядома, смачны і сам па сабе. Калі ж яго не з конаўкі, а ў міску наліць, накрышыць туды чорствага хлеба або палажыць тварагу, дык гэта ўжо будзе – ну!.. Біць масла ў бойцы-стаўбуне – работа была нудная і найчасцей мая. Толькі смятана, што выступае з бойкі, добра ліжацца з пальца. Спачатку густая, потым усё радчэйшая і, нарэшце, з крупінкамі масла. І смачна, і перамога – збілася! Добрая луста хлеба са свежым кіславаценька-мяккім па смак, зверху пасоленым маслам, які-небудзь Рабінзон або Чычыкаў – дачытваць іх жуючы, – плата па месцы і такая шчодрая!..

І вось Кухарцы нашай нядобра…

Прыйшоў я да тое бабы, пра хату яе дапытаўшыся, а баба стаіць каля печы. Я павітаўся і расказаў, як мне было загадана, што да чаго. У печы гарыць, а баба, старая ўяео, босая, ногі чарнейшыя, чым у мяне, аберуч абаперлася па гаршчэшпііе, рожкамі ўніз, і глядзіць мне ў самыя вочы. І пакуль гаварыў, і калі ўжо кончыў. Відаць, таксама гіпноз. Глядзела, глядзела, а потым правай рукой пацягнула-зачэрпала з носа і ляпнула перад сабой, на няроўны, нямецены ток. Ледзь не пад ногі мне – цэлым курыным зліўкам.

– Добра, – сказала пасля такое кропкі.– Я солі дам. Паможа.

Ці памагло або як памагло – не памятаю. Бо толькі тым ляпам мой паход у памяці і канчаецца.

І другое.

Тады я ўжо быў дзецюком, калі да старэйшага брата зноў прычапілася рожа і мне прыйшлося везці яго да шаптухі, у іншую вёску.

Там ужо баба была не старая, даволі гладкая. Вёскі нашы амаль суседнія, можна сказаць, што ведалі ўсе пра ўсіх калі не ўсё, дык вельмі многа. На мужыку сваім яна ездзіла, казалі, уссеўшы адразу пасля вяселля. У вочы яму, як быццам і не злуючы: «Усё ж сяло, усенечкія людзі ведаюць, што ты дурны!..» А то і пры некім: «Усё ж сяло пра яго…» А ў чалавека толькі і граху, што рахманы, маўчун. І работнік на ўсё, пры пані сваёй – і на бабскае. Натура ў бабы – не жыве, а толькі прыглядаецца, тапырыцца, чакаючы нападу немаведама ад каго, ад чаго, абараняецца, забягаючы без прычыны ды без патрэбы наперад.

Але гіпноз у яе быў лісліва-ласкавенькі. Шаптала, загаворвала яна не талопячыся, а з заплюшчанымі вачыма. І так, як заяц можа спаць з раскрытымі, яна з заплюшчанымі бачыла ўсё. Не толькі тое, як ты ўсміхаешся, але і што ты думаеш, і што ты будзеш думаць заўтра.

Спачатку яна пашаптала над хворым, тады пад кавалкам кужалю, які я прывёз, пасыпала кужаль жытняй мукой, знізу абвязала братаў чырвоны, распухлы твар тым палатном, зноў расчулена ды ўрачыста пашаптала, заплюшчыўшы вочы, і з той самай лісліва-хітранькай усмешкай, з якой сустрэла нас, не вытрымала, сказала мне па «вы»:

– Што ж вы прыехалі да мяне? Вы не у гэта не верыце.

– А я не прыехаў, я брата прывёз.

Ці толькі так я сказаў, ці яшчэ што – добра не помніцца. Бо ў памяці найлепш лато галоўнае, як я, малодшы, дома захутваў на сом год старэйшага ў доўгі кажух, як памагаў яму, амаль зусім бездапаможнаму, сесці, прылегчы ў санях-вазку, як спяшаўся па белай, ціхай дарозе, як рады быў, што дрэвы тады стаялі ў нейкай святочна-чысценькай шэрані…

Адно было вельмі даўно, другое таксама даўно.

А зусім нядаўна, не ў колішняй вёсцы, а ў сённяшнім горадзе, з «гіпнозам» трапілася і. такое.

Добры хлопец, замучаны яшчэ студэнцкай язвай, перабраўшы ўсялякі ратунак, апытаў подзе «дзіва-жанчыну», што таксама памагае. Прыляцела яна ажно з поўдня, ледзь не адтуль, дзе з'явілася легендарная Зора, што лечыць як быццам толькі па вельмі высокаму класу. Гэтая Зора, другая, нічога за лячэнне не бярэ. Нават мжна пакрыўдзіцца, калі памкнешся плаціць. Так папярэдзіў добры хлопец, спачатку па тэлефоне, а потым і пры сустрэчы.

Па дабраце сваёй ён запрасіў не толькі мяне. Калі я прыйшоў да яго, там ужо людзі былі. Хто знаёмы, з кім ён мяне цішком пазнаёміў, а каму я толькі кіўнуў, павітаўшыся, як у царкве якой, святочна-ўрачыста. У бакавым пакоі, за дзвярыма, лячэнне ўжо ішло.

Неўзабаве і я дачакаўся чаргі.

Жанчына тая была ўжо крыху ў гадах, аднак узяць гіпнозам, чаго добрага, яшчэ магла б. Чарнявая, паўнаватая, як гаворыцца, «аб сабе», з адкрытым дабрадушным тварам і чорнымі, вялікімі вачыма. Здалося, што цыганка, а потым яна пра сябе тое-сёе сказала. І што «зусім не цыганка», і што лячэнне яе – па дзеду, які многім дапамог, і што вучонаму брату не падабаецца яе новы занятак. А ў яе гэта – радасць, калі чалавеку паможа.

– І вам памагу. Пройдзе ўсё. Нават тут жа, адразу адчуеце, як палягчэе.

Гаварылася гэта ва ўтульным пакойчыку, з паліцаю кніг, пісьмовым сталом і вялікім светлым акном, за якім далёка ўнізе і яшчэ далей у тры бакі распасціралася стракатая панарама гарадской ускраіны.

Жанчына пачала лячыць. Я быў ласкава пасаджаны на крэсле, мне было сказана пра нічога не думаць. Яна стала перада мной, лёгкімі, плаўнымі жэстамі малых далоней з рухавымі пальцамі без манікюра зводдаль сілуэціла мяне ўсяго ад галавы да ног, ад ног да галавы, то адну хворую нагу, то зноў усяго, і шаптала, шаптала… Гледзячы сваімі чорнымі, вялікімі зусім упэўнена і вельмі ж неяк прастадушна ды прыязна.

Ад гэтай прыязнасці, да таго ж, як запэўніў мой малады сябар, поўнасцю шчырай, бескарыслівай, мне было… проста прыемна. І не шкада, што прыехаў сюды, згадзіўся на тэлефонную прапанову без веры, што гэта паможа, толькі з цікавасці і таму, што здалося няёмкім добраму хлопцу адмовіць.

Гэта – не ўсё, што я адчуў, успомніў за тыя хвіліны, калі я павінен быў пра нічога не думаць.

Згадаўся жнівень сорак чацвёртага, камандзіроўка ў Мінск, наогул першая ў маім жыцці службовая камандзіроўка. Прыехаў я са свайго гарадка не адзін, а з таварышам, я – часовы рэдактар, ён – сакратар раённай газеты. Час быў, пахадзілі па горадзе, зайшлі ў цырульню, што прытулілася ў нейкім бараку каля цагляных руінаў. Таварыш сеў першы і здзівіў мяне сваёю просьбай да маладой жанчыны: «Перш за ўсё, дарагая, памыем галаву». Ён быў старэйшы, гарадскі, бывалы, з акружэнцаў, а мне, вясковаму, галаву мылі толькі ў маленстве, маці, а то ўсё сам. Таварыша потым галілі, рабілі яму масаж. А я тым часам рыхтаваўся ў думках да такое ж поўнае раскошы. Гэта цяпер паняцце «камандзіроўка» звязана з другім паняццем – аўтобус, цягнік, самалёт. А тады мы доўга чапалі пешкі ў той бок, дзе сталіца, пакуль з пас не злітаваўся нейкі выпадковы: грузавік. Спачатку поту было па спёцы, потым пылу ў кузаве, і памыцца вельмі хацелася. Да таго ж яшчэ я быў малады, клопат жаночых рук, спрытных, пакуль яна мыла ды паласкала маю чупрыну, і пяшчотных, калі рабіла масаж, успрымаўся з затоеным хваляваннем.

Цяпер, у сябравым пакойчыку, рукі «дзіва-жанчыны» не дакраналіся да мяне, аднак яны і здалёк хвалявалі, наводзілі на ўспаміны. Не толькі інтымныя – больш, адпаведна ўзросту, бывала-мудрыя, ці што.

Згадалася маленькая, асобная палата ў далёкім чар паморскім санаторыі, скручаны радыкулітам… зноў жа друг, даўні, надзейны, нашмат старэйшы за мяне.

Два месяцы перад гэтым ён аўдавеў, цяжка, замкнута перажываў сваю адзіноту, і мы, бліжэйшыя сябры, угаварылі яго паехаць са мной. Бо і яму палячыцца таксама трэба было, хоць ён пра гэта спачатку і гаварыць не даваўся. Восем год панскай турмы, уся вайна ў пяхоце, разведчыкам, жонка доўга хварэла, самому ўжо зусім пад семдзесят, а ён: «Клін клінам трэба выбіваць». Пакупаўся халодным ранкам (хай сабе поўдзень, але ж канец кастрычніка), і аблажыў яго востры радыкуліт.

Санаторныя медсёстры – таксама ў белым, як і бальнічныя, аднак на курорце людзі менш лечацца, больш адпачываюць, да таго ж яшчэ не заўсёды па ўзросту молада. І сёстры гэтыя не вельмі ўмеюць і не надта любяць даглядаць таго, каму раптам заняможацца па-сапраўднаму. Мой друг быў чалавек вясёлы, любіў прыязна жартаваць, знаёміцца, пра гэта ўжо ведаў і медперсанал. А як скруціла яго, дык толькі сёй-той са знаёмых заходзіў, асабліва калі непагодлівы дзень. Сёстры мяняліся, аднак іх клопат пра хворага быў аднолькава лёгка-казённы, яны ўсё больш з паперкамі ды ледзь не з пазяханнем каля тэлефона. Разоў колькі заходзіў доктар, таксама па-дзяжурнаму канстатаваў наяўнае, пра сёе-тое пытаўся, сяк-так абнадзейваў. А чалавек ляжаў ды курчыўся ў старым спартыўным касцюме, ноччу адзін у сваёй адзіночцы, а перад усімі, хто заходзіў, паказваючы свой аптымізм, штодня ўсё з меншым падабенствам.

Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.

– Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.

Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:

– Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён… – Яна з дакорам пакруціла галавой. – Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.

З сябрам цуду, вядома, адразу не адбылося. Перада мною ён звычайна не лічыў патрэбным усміхацца, калі горка. А тут усміхнуўся сяк-так – чысты, у чыстай пасцелі – і скупа, але без натугі сказаў:

– Во чалавек… Прысядзь.

Можа, так яно і не вельмі тактоўна было, але праз тыдзень, калі мы ўжо збіраліся ад'язджаць, сябар, яшчэ ўсё лежачы, намогся, а я не змог не паслухаць, і – ад яго – прапанаваў ёй грошай… У вестыбюлі, сам-насам. Сказаць, што жанчына надта здзівілася, не скажу: відаць, такое бывала ўжо неаднойчы. Сказала, праўда, «навошта гэта?», а я сказаў, што ён вельмі прасіў не пакрыўдзіць яго, прыняць. «Што ж…» Яна ўзяла тыя ружовыя купюрынкі, палажыла ў кішэню халата, і мы пастаялі, пагаварылі.

Я не памыліўся – яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год наглядзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце, сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу я люблю».

На развітанне я працягнуў руку. Яна падала сваю – малую, цёплую і чыстую пасля ўсяго «нячыстага» і цяжкага, што ёй так часта, многа даводзілася і яшчэ давядзецца рабіць. Пацалаваўшы гэтую руку, я, каб схаваць шчаслівую збянтэжанасць, зманіў:

– І гэта па ягонай просьбе.

…Штосьці падобнае, трошкі падобнае я адчуваў і цяпер, седзячы перад «дзіва-жанчынай».

Калі яна пераставала шаптаць ды чараваць рукамі і пыталася: «Што, адчуваеце палёгку?» – я, затаіўшы ўсмешку як найглыбей, гаварыў: «Ага, адчуваю». Так паўтаралася разоў са тры. А потым мы з гэтай светлай дзівачкай ціха, прыязна рассталіся. Я і падзякаваў, сказаўшы, што гэта – за дабрату.

Нешта такое ж сказалася пасля і добраму хлопцу, гаспадару.

Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе засталася жанчына, быў запрошаны паступіш. Яшчэ адзін паважны таварыш, якога, дарэчы, раней не было. Наш агульны з гаспадаром знаёмы, ужо не толькі літаратар, але і вучоны, доктар ажно філасофскіх навук. З выгляду – дай бог кожнаму, але ж таксама з нейкай бядой ды з усмешкай, заўсёды ў яго поўнай веры ў бясхмарную бясконцасць, а цяпер – нібы крыху вінаватай, ці што, а больш дык такой, што і ён, разумеецца, трапіў сюды толькі з чыста прафесійнай цікаўнасці…

Успамінаю ўсё гэта, а маналог на лаўцы каля зялёнага плоціка яшчэ ўсё ідзе. І тэма тая самая – пра Чмута.

– …Сустрэў я раз яго, – расказвае таварыш весела, – гадоў са тры таму назад, дык ён гэта, браце, ледзьве ўжо хвост валачэ. «А дзе ж гіпноз? – пытаюся. – Што ж ты сам сябе не палечыш?..» Толькі рукою махнуў. Толькі пратэсу, ліха яму, бяры ды ідзі… Стой, браце, гэта ўжо мой аўтобус!

Маналог абарваўся. Расказчык амаль усхапіўся, узяў вядро, яшчэ ўсё моцна паціснуў маю руку, спешна падаўся да аўтобуса. Хоць ён толькі што спыніўся і як быццам адразу дваімі дзвярмі ўздыхнуў, адчыніўся з духаты ўсярэдзіне – па свежасць на дварэ. Пасажыры выходзяць, хто назусім, а хто праветрыцца ды размяцца. Новых сабралася няшмат. Нам яшчэ можна было б і пастаяць, бо і аўтобус жа пастаіць. Аднак таварыш ведае, што і пра месца трэба загадзя… Сеў ды махае мне рукой. І па развітанне, і каб я ўжо ішоў сабе, на лавачку, чакаць свайго.

Ну што ж, бывай! Мо і сустрэнемся яшчэ. Без пратэзаў, на самагіпнозе, не стогнучы.

1983


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю