355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Ад сяўбы да жніва » Текст книги (страница 29)
Ад сяўбы да жніва
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Ад сяўбы да жніва"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 29 (всего у книги 43 страниц)

ДАКОР

Слон быў бедны і сумны.

Пра волю ды пра гарачыя джунглі лепш проста не гаварыць: ён іх нават і ўспамінаць не можа, бо нарадзіўся ў звярыным канцлагеры.

Хапае і таго, што вось ён стаіць паміж аблезлых фанерных будак, цесных смярдзючых клетак, перад натоўпам людзей, тырчыць над іх святочным безладам вострым, згорбленым хрыбтом і толькі што не трасецца ад холаду. Скура яго, шэрая, як вясковы, добра-такі зацяганы шарачак, сям-там ажно папраціралася, а ў двух месцах раздзерлася закарэлымі, непрыкрытымі струпамі. Вушы звісаюць абдрыпана, а маленькія вочкі глядзяць на ўсё сумна – да безнадзейнасці…

Чалавек быў шчаслівы і трохі сентыментальны.

Па-свойму, па-чалавечы здаравенны, ён узвышаўся над натоўпам больш чым на галаву. Шэрай салдацкай вушанкай, маладым румянцам шчок, шырокімі плячыма даўгаполага, нядаўна і нарэшце набытага паліто. У вялікіх руках чалавека было па цёплай дзіцячай руцэ. Пацешныя, як важаняты, дзве маленькія кабеціны ў шэрых шубках тэпалі побач з высозным бацькам па мокрым, раскоўзаным снезе, а час ад часу, то на змену, то разам, прасіліся на рукі.

Бяда, дый годзе! І весці малых, і паднімаць іх было нязручна. Перашкаджаў пакунак…

Заапарк прыехаў у горад на гастролі больш за тыдзень таму назад. Увесь гэты час тата збіраўся сюды з дзяўчынкамі, на сон расказваў ім усялякія цуды пра тое, што будзе. І толькі тут, калі падышлі да білетнай касы, ён успомніў, што нічога не ўзяў – ні для мішкі, які за так, вядома, не патанцуе, ні для малпаў, што таксама прывучаны да ласункаў.

Што ж тут рабіць?

Заапарк размясціўся на пустыры, у гэтую восень расчышчаным ад ваенных руін. Паблізу быў толькі адзін ларок. А ў ларку не было цяпер нават якіх-небудзь марных, пазліпаных падушачак. Ашушканая прадаўшчыца параіла смешнаму тату купіць у яе сухафруктаў. Знайшлася газета, мяшэчак быў зроблены з цэлага нумара і ўвесь напоўнены ўшчэнт засушанымі, нават, здаецца, пыльнымі грушкамі і скрылікамі яблыкаў.

Не ўся бяда! Мала таго, што з пакункам і з дзецьмі хадзіць нязручна, дык яшчэ і частавацца з яго ніхто не хоча.

Самы вясёлы мішка, што ажно пысу ўшчэмлівае паміж жалезнымі прэнтамі, просячы цукру, што тупае-танцуе за яго і загадзя і пасля, тыя грушкі ды скрылікі толькі панюхаў.

Не захацелі іх есці і малпы. І малыя, што скрэкаюць ды гойсаюць, бессаромна пабліскваючы круглымі вясёлкамі нібы апараных азадкаў. І тая найбольшая, страшная, зусім падобная на чорнага, валасатага дзядзьку, які вось трымаецца ніколі не мытай рукой за прэнт і нешта ўсё злосна жуе ды сплёўвае, жуе ды сплёўвае, а потым адсоўваецца ў самы куток і, адвярнуўшыся, лаецца шэптам…

Так і дайшлі яны, тата з дзяўчынкамі, да слана. Шчаслівы бацька адчуў яшчэ большае шчасце. Вось ён пачне карміць гэтага здаравілу на радасць сваім «смачненькім». Нібы вялізнага каня з маленькага вядра.

– Тата, а дзе яго роцік?

Бацька смяецца.

І праўда – рот у слана такі, што ні зверху, ні знізу не ўбачыш.

– Затое, дачка, нос які!

– Гэта не нос, гэта хобат, – паправіла, зноў жа на радасць бацьку, яго другая, старэйшая разумніца.

Вясёлы чалавек падставіў мяшэчак слану.

Бацька ведаў, чаго не ведалі дочкі, – што сланоў нос не толькі называецца хобат. На канцы яго ёсць вельмі хітры і спрытны адростак-палец. Адзін, калі слон індыйскі, а два – калі афрыканскі. У гэтага, афрыканскага, два. Гэтымі пальцамі ён можа, кажуць, пакалупацца паміж плітамі тратуара і пліты гэтыя развярнуць, нібы ломікам. А што да спрыту пальцаў, дык, мусіць, і нітку ў іголку зацягне.

Ну, а цяпер ён пачне, на пацеху дзяўчаткам, браць з газеты па грушцы, па скрыліку. Хай бярэ, найдаўжэй, каб радасць расцягнулася.

Маленькія слановыя вочы глядзелі на чалавека не тое каб толькі з пагардай – у іх была яшчэ і паблажлівасць, і трохі здзеку сур'ёзнага над сентыментальным, а найбольш дык бяздоннага і нязбыўнага суму, пакуты, народжаных беспрасветнай няволяй…

Слон працягнуў хобат, цапнуў пальцамі за край газетнага мяшэчка і механічна-спрытным рухам кінуў яго сабе пад нос – туды, дзе быў яго малы, нібы запухлы, рот. Нават і сківіцы, здаецца, не паварушыліся, – проста паехаў пакунак, як па канвееры, у бяздонны рэзервуар невясёлага жывата.

І не маргнуў, не мармытнуў. Як быццам ён табе ласку зрабіў, памог пазбавіцца ад лішняй рэчы, ад няёмкага становішча. Стаіць, маўчыць. Нібыта не з яго гэта смяецца ўвесь натоўп.

…Тыя дзяўчаткі ў шубках сталі тым часам дарослымі. Глядзі, што неўзабаве і ім трэба будзе весці сваіх «смачненькіх» да замкнутых у клеткі звяроў. Тады, вядома, яны зноў успомняць пра той далёкі пасляваенны мяшэчак з нікчэмнымі сухафруктамі. Успомняць – трохі па-іншаму, чым дагэтуль.

Яны выраслі, а бацька адпаведна пастарэў і стаў, здаецца, менш сентыментальны. Можа, да ўнукаў, пакуль што.

Чалавеку ўспамінаюцца часамі маленькія слановыя вочы…

1966

ШЭРАНЬ

Іду – i хочацца сказаць: якая маладосць! Якое хараство!.. Хоць гэта проста першыя лістападаўскія прымаразісі, хоць гэта толькі парк у ранішняй шэрані.

Голыя ліпы i клёны, грабы i вязы; амаль што голыя лістоўніцы; касатыя бярозы. У дробную, густую сетку ix белага голля сям-там праціснуліся i красуюцца, нібы па-навагодняму прыбраныя ў бель, стройныя, кудлатыя яліны, серабрыстыя лапы соснаў, нешматлікіх тут, у нізіне, паблізу ад вялікіх сажалак i балот з нечапаным трыснягом.

За гушчаром, на блізкім даляглядзе, – яшчэ гушчар, далейшы, праз які прадзіраецца з бляскам чырвонае вогнішча ўсходу.

Вавёрка ўжо на прады. Здалёк заўважыў, як яна цыгае па зямлі, паміж рэдкімі стваламі ліп, i не спяшаецца ўцякаць. Здалёк нясу ёй нябрыдкую, несентиментальную пяшчотнасць зноў абуджанага ў душы маленства.

Зноў успамінаю адну з ix, што была маёй госцяй праз некалькі дзён. На акне перад пісьмовым сталом для яе была заўсёды насыпана горбачка сланечнікавых семак, ляжаў драбок цукру i цвёрды, знарок засушаны, пернік. Ужо на трэці дзень нашай знаёмасці яна садзілася на акне, брала ў лапкі чорную семечку, лушчыла яе, брала другую, трэцюю, – не спяшаючыся, – потым спынялася, аціхала, мы глядзелі адно на аднаго, i мне шчасліва, казачна здавалася, што вось яна – са складзенымі лапкамі – спытаецца: «А што вы, дзядзька, пішаце?..» Цукру яна не чапала. Пернікі знікалі з акна, калі я гэтага не бачыў; сядытады яна грымела імі за кніжнай шафай. Потым адзін з гэтых пернікаў я знайшоў паміж кніг. Ен быў пагрызены – упрыкуску з польска-беларускім слоўнікам. Відаць, на пробу толькі, бо i пернік i слоўнік былі не даедзены. Аднак сяброўства нашага гэта не разладзіла. Калі яна аднойчы шуснула з гардзіны ў фортачку i адтуль, па карнізе, на дах, – гэтага мы не бачылі, пра гэта мы здагадаліся па часе, – я бедаваў па ёй не вельмі менш за свайго хлапчука.

Тут ix, вавёрак, многа. Яны падпускаюць людзей так блізка, што мне самым сур'ёзным чынам здаецца: будзь мы яшчэ трохі лепшымі, культурнейшымі,– яны прыйшлі б на нашы працягнутыя далоні, пацерліся б рыжаю мордачкай аб нашы шорсткія шчокі.

Іду па асфальце дарожкі. Вавёрка бяжыць па прымазанай шэранню траве, шархаціць па жоўта-карычневым, ужо не залатым, насціле, прасмажанай марозікам лістоты, у якой вылучаюцца вялікія лапы кляновых лістоў. Мы, як быццам знарок, з двух бакоў набліжаемся трохкутнікам да адной з чорных ліп. Да гэтай? Тут яна, вавёрка, сігане ўгару? Не, яна падыгала далей. Тут, на гэтую? Не. І вось нарэшце гульня канчаецца, – вавёрка пабегла па тоўстым, шурпатым ствале, а я спыніўся за два крокі ад яго. Яна не вельмі спяшаецца, перабірае лапкамі – вышэй, вышэй, вышэй, – тады спыняецца на нейкі момант на галіне. У профіль мне добра відно, што рот яе заткнуты шышкай. Інакш яна, мусіць, зацокала б ад радасці:

«Ану, дастань мяне! Ану!..»

Зноў іду па асфальце вузкай алеі, пад высокім, на фоне яснага неба, срэбрам багатай шэрані. А навокал, па серабрыстай траве, па насціле нядаўна пагаслага золата гулліва шархаціць ужо цэлае мноства вавёрак. І тут, i там, i вунь дзе… Ашуканы – спыняюся, гляджу. Няма вавёрак. Ніводнай. Гэта з голля паціху, нібы спадцішка, асцярожна асыпаецца лішняе срэбра. Вось табе доказ – замёрзлая кропелька ўпала на край блекла-жоўтага, тонка-бляшанага ад марозіку кляновага ліста, i ён загойдаўся на тых травінах, дзе асеў ужо даволі многа дзён таму назад.

Чым бліжэй да балота i сажалак, тым гусцейшая шэрань на голлі, тым больш яе на траве, на асфальце дарожкі. Пахрустваючы гэтым першым, зноў новым, радасным сняжком, узыходжу на штучны ўзгорак, з якога так добра глядзець на ваду i трыснёг.

Вада яшчэ пазаўчора была сцягнута першым лядком. На тым баку, за вялікай сажалкай, сонца прабілася праз гушчар другой палавіны старога парку i – румянае, поўнае, маладое – спынілася над самым вершняком, нават падзіцячы падперла далонямі шчокі i глядзіць, любуецца. I я любуюся. Срэбрам на вербах, на трыснягу. Адценнямі срэбра на новенькім лёдзе. Учора яго цэлы дзень правяраў на мацунак «мальчишек радостный народ» – радасны i бясстрашны. Яны шумелі тут, ганялі каменныя «шайбы», а я стаяў на беразе, баяўся бояззю іхніх бацькоў, што тонкі лёд праломіцца i я не дабягу вунь да таго, найдурнейшага, які забег найдалей, дзе ўжо глыбока, i лёд пад нагамі або пад пушчаным каменем – чуваць – спявае, у падскоках, найзванчэй. Учора было свята. Сёння тыя цудоўныя неслухі сядзяць ужо недзе за партамі, i на возеры – цішыня. Воддаль, на быстрыні, дзе яшчэ не замерзла, плаваюць тры качкі. І не шманаюць на мой крык, – не верыцца, што дзікія…

Гляджу назад, адкуль прыйшоў,– на парк. Ад сонца, якое абліло ўсё шчодрым, роўным святлом, дробная сетка голага голля i бахматыя лапы хваін выглядаюць зноў інакш, зноў у іншай, невычарпальна багатай адменнасці вечнай красы.

На захадзе, за краем парку, хаваецца замак. Радзівілаўскі, што ганарыўся калісьці візітамі многіх манархаў. Учора ўвечары за яго вялікімі вокнамі, у багатым святле, пад плафонам! работы італьянскіх маэстра, задорна грымеў у медныя трубы кракавяк. Па паркеце чачоткамі шчабяталі модныя «шпількі» ткачых, машыністак, настаўніц, то лёгка, то цвёрда хадзілі туфлі экскаватаршчыкаў, аграномаў, бухгалтараў, асцярожна спраўлялі вялікую радасць ярасна наваксаваныя, a ўсё ж сарамлівыя кірзачы маладзенькіх ваякаў, мясцовых адпускнікоў. На мяккіх крэслах каля сцен, у якасці дабрадушнай камісіі, сядзелі пенсіянеры.

Вясёлы, хоць i нямоглы пасля інфаркту, прафесар-фізік, які ахвотна стамляецца штодня, молада ловячы на каляровую фотаплёнку сціплае хараство нізіннага наваколля.

Сівая маці двойчы героя, лётчыка, сын якой – хлопчык, юнак, мужчына, вечна i горка жывы для яе – даўно ўжо стыне ў бронзе i мармуры на плошчах многіх гарадоў, а тут мала хто ведае, што гэта яна яго нарадзіла.

Кульгавы дзед у самаробных бурках, халявы якіх дзеля форсу схаваны пад калошынамі штаноў,– заслужаны калгаснік, з назаўсёды карэлай жмені якога столькі калосся шумела хлебным хараством…

Добра, што ўжо не трэба паўтараць надзіва простых i не менш глыбокіх ісцін, – дом адпачынку працоўных у княжацкіх палацах, – што ісціны гэтыя ўжо i тут сталі самай звычайнай сапраўднасцю. Я ix проста прымаю да ведама, проста ўчарашні вечар махнуўся ў памяці светлым, звонкім, a ўсё ж… не вельмі звычайным успамінам.

Сонца, трохі палюбаваўшыся, узнялося над грэбенем парку за сажалкай. Аберуч адштурхнуўшыся ад гэтага грэбеня ўгару. Нават сказала: «Ну што ж, пачнём новы дзень».

I я пачну яго неўзабаве, у адным са шматлікіх пакояў высокага замка, – словам пра гэты заінелы ранак.

1966

СУМНЕЙШАЯ ЗА ЎСІХ

Дзяўчынка-сірата пасля вайны гадавалася ў дзіцячым доме, потым стала ткачыхай на камбінаце, дапрацавалася да добрай славы, выйшла замуж за таго, каго палюбіла, нарадзіла двух хлопцаў, i тут… па нейкаму няўмольнаму ды таямнічаму закону – цяжка захварэла… Сэрца. Не мода, а няшчасце нашага часу. Маладзіцы зрабілі аперацыю. А потым дадалося яшчэ i пашырэнне лёгкіх…

У светлым санаторыі яна, відаць, сумнейшая за ўсіх. Нават i плача пры людзях, у сталовай.

Усе шкадуюць яе.

За сталом, куды мяне прывялі на мой першы абед, сядзела трох – нізенькі сталявар, экскаватаршчык з новенькім ордэнам Леніна i прараб з будаўніцтва, які праз некалькі дзён, у свята, прыемна здзівіў мяне франтавою Зоркай Героя.

Калі да суседняга стала трошкі пазней за ўсіх прыйшла i прысела бялявая стройная малąцзiцa ў вясёла-зялёным плацці, мае суседзі заварушыліся. Перш азваўся найбольш гаваркі, сталявар:

– Валя, ты што!

Яму дапамаглі – i прасцецкі, востры на слова ардэнаносец, i ціхі, нават крыху пануры Герой:

– Біць няма каму!

– Ай, Валянціна, дарма…

Тады я ўпершыню заўважыў, што яна заплаканая, што яна, як малое, усміхаецца усім праз слёзы.

A пазаўчора – ужо на трэцім тыдні майго тут прабывання – я чуў, напрыклад, як моцна пажылы майстар з аўтамабільнага завода, амаль зусім па-бацькоўску натуральна не даў ёй устаць i пайсці да суседняга стала па чайнік:

– Сядзі, мамачка, сядзі. Я сам.

Сёння ў абед «мамачка» падышла да нашага стала i пачала развітвацца. Едзе дахаты. Падала ўсім руку, а мне сказала, пачырванеўшы:

– Я хачу з вамі трошкі пагаварыць.

Каля карычневай, пакрытай лакам радзівілаўскай сцяны яна пачырванела яшчэ больш, як дзяўчо – не вельмі прыгожае, проста прыемнае з выгляду трыццацігадовае дзяўчо – папрасіла нумар тэлефона, каб пазваніць мне ў Мінску, калі атрымае нарэшце кватэру. І яшчэ гаварыла, яшчэ чырванелася, а потым праз слёзы, што паслухмяна з'явіліся зноў, сказала:

– Я вас пацалавала б, каб тут не столькі людзей…

Ашаломлены гэтым, я, як юнец, шчаслівы i разгублены, пачаў адмармытвацца нейкімі словамі.

Мы вярнуліся да стала, яна яшчэ раз развіталася з усімі, яшчэ пагаварылі з ёю, i вось – пайшла.

Можа, надоўга, можа, i…Што ж, бывалі ў мяне падобныя развітанні: не думалася, што апошні раз.

Не, я не думаў пра гэта. Не.

А я ж быў з ёю толькі самім сабой – ні асаблівай увагі, ні асаблівых пачуццяў. Прайшліся некалькі разоў па парку, утрох з вясёлым сябрам маіх пасляабедзенных праходах па ваколіцы, пагаварылі з Валяй, паразважалі яе, пасмяяліся. Нешта з тыдзень таму назад, калі спатрэбілася тэрмінова, з-за непаладкаў з атрыманнем кватэры, паехаць у Мінск, мы чатырох, усім нашым сталом, хадзілі даставаць ёй білет на аўтобус.

А тут… Я ахвотна схаваўся б за некага, напісаў бы пра гэта ад трэцяй асобы. Можа, гэта было б i зручней, i глыбей. Ды мне чамусьці хочацца проста цяпер, неадкладна, расказаць камусьці добраму, разумнаму пра некалькі гэтых цудоўных хвілін…

ТЫ ЖЫВЕШ

…За вагонным акном залаціліся ў ранішнім чэрвеньскім сонцы тонкія, рэдкія сосны. Яны не стаялі на месцы, a беглі назад, туды, адкуль я вяртаўся, – беглі i яны, i ix доўгія цені.

Нашча мне добра спявалася – ціха, журботна. Штосьці блізкае да тых соснаў, да ранняга сонца, да найраднейшага вобраза на парозе старое хаты. Штосьці блізкае да малітвы ўсёй гэтай мудрай, неразгаданай прыгажосці.

Нашы мамы маліліся нашча.

Трыццаць гадоў – гэта была яшчэ маладосць. Яшчэ жыла мая маці, было каму назваць мяне сынам, ува мне яшчэ заставалася штосьці ад пачатку жыцця, я яшчэ не зусім адшурхнуўся ад берага – назаўсёды.

I я не ведаў, што гэта была яе апошняя раніца.

Потым мне расказалі, што i ў той дзень яна звычайна ўстала на свой пост, нямоглая бабуля, расчыніла ў цёрле i пачала пячы аладачкі для дзвюх мілых распусніц, трохгадовых унучат-блізнят. I раптам ёй зрабілася дрэнна.

Дрэнна бывала ёй апошнім часам даволі часта, а ўсё ж немач яшчэ адпускала, а тут – зусім. Яна прылегла i ўжо не ўстала больш, пачала паміраць.

Яна была – як быццам – даўно ўжо гатова да гэтага. Даўно была пашыта апошняя вопратка, i ў малітвах старая не раз ужо ціхім ды шчырым шэптам сведчыла сваю гатоўнасць да боскае вол i. A ўсё ж я не так сабе застрахаваўся словамі «як быццам».

Тры месяцы перад гэтым, калі яна жыла ў мяне, у горадзе, маці была ўжо на краечку. Стары прафесар, свяціла медыцыны, якому я даверыў яе самым шчырым, гранічным давер'ем, паглядзеў на хворую бабу, мацнуў за кончык вострага носа, махнуў рукой i адышоўся да іншага ложка. Я не дарую яму… не дараваў i дагэтуль, за васемнаццаць год, гэтага ўзмаху вялай рукі перад тварам найдаражэйшага мне чалавека. Няхай сабе нават i проста чалавека, які вельмі хоча жыць.

Яна хацела жыць. Яна глядзела на яго, прафесара, амаль зусім дзіцячымі вачыма, а потым, кал i ён махнуў перад носам, ціха, ужо не думаючы пра мяне, пра абавязак маці – быць заўсёды на вышыні,– заплакала. Слёзы самі, відаць, пакаціліся з вачэй па маршчынах.

Мне расказалі, што, паміраючы, яна хацела аднаго… Я не магу ні думаць, ні пісаць пра гэта спакойна. I мне не брыдка за слёзы ні перад тымі, хто будзе гэта чытаць, ні перад самім сабою, ужо таксама немаладым. Яна хацела, каб толькі паспеў прыехаць я, яе найменшае, дзесятае дзіця. Гаварыла пра гэта, усё правярала, ці паслалі ж хадя тэлеграму, а потым, калі адняло мову, толькі глядзела, i ёй паўтаралі, пазнаючы па вачах, што я прыеду, што хутка вось буду.

У горадзе, куды я прыехаў з сонечнага сасонніку, мне далі тэлеграму.

Горка хітрую, як i тая, якую я, тры месяцы перад гэтым, даваў з горада ў вёску: «Маме няможацца, прыязджай».

На тую маю тэлеграму яны, браты i сестры, з'явіліся да мяне, як салдаты па баявой трывозе. Зайшлі ў бальнічную палату, не ведаючы – ні малодшыя, ні старыя, – з чаго тут i як тут пачаць…

А яна нечакана ўсміхнулася i сказала:

– Рана, дзеткі, сабраліся.

I я цяпер учапіўся за гэта.

З надзеяй ляцеў у санітарным «кукурузніку», упершыню ў жыцці над палямі, лясамі ды рэкамі блізкіх, знаёмых мясцін, палахліва падскакваў на паветраных ямах, нават падумаў з хлапечай усмешкай, седзячы пад шкляным каўпаком, што вось лячу – як на сабаку верхам.

З надзеяй ішоў – спачатку па зялёным пералогу часовага аэрадрома каля нашага райцэнтра, потым – узбочынай гасцінца.

I толькі за два кіламетры ад свае вёскі – паверыў…

Наш могільнік прычапіўся на схіле гары, па другім, паўночным схіле якое спускалася ў даліну вёска.

З могілак у вёску ішло некалькі чалавек – невялікія сілуэты на зялёнай пукатасці гары. Зрабіўшы тую работу, што адабрала ў мяне – хоць я рыдлёвак здалёк не заўважыў – ужо апошнюю надзею.

…Яна вельмі любіла чай. Клала ў яго адну-дзве лыжачкі вішнёвага варэння або падлівала трошкі кагору, «царкоўнага віна». Я ўжо мог зарабіць i на гэта. Аднак не хацела доўга заседжвацца ў маім «скварэшніку», – у цеснай кватэры на пятым паверсе, – асабліва вясною, калі недзе дома, у вёсцы, зазелянеліся грады.

Вельмі ёй не хацелася памерці зімою. Часта – сама вясёлы, толькі з выгляду суровы чалавек – гаварыла пра мёрзлыя груды, што грукацяць па веку труны. Гаварыла i, жартам – не жартам, уздрыгвала.

Жаданне гэтае збылося: лета толькі што пачыналася, сама што ўсё цвіло.

Усё жыцдё яна, як нейкая падзвіжніца, многа i цяжка працавала. Збіралі з мужам для дзяцей, куплялі зямлю. Усё было строга i ясна падпарадкавана адной вялікай мэце. I з мужам, i пасля, як аўдавела. А потым у свеце пачалася такая ламаніна, што мэта яе перастала быць вялікай. Сыны пайшлі ў партызанскі лес, яна – з імі, усё пакінуўшы ворагу на разрыў. Толькі i засталося дабра, што самі яны, яе хлопцы, нявесткі ды ўнукі, ды тое з набытку, што пад табою, на возе, дзе яна сядзела з унукамі, едучы ў цёмную ды сцюдзёную невядомасць, вельмі мала прыстасаваную для хворай старасці i маленства. Ды яна ўжо ва ўсім згаджалася з сынамі,– трохі ад разумення, што цяпер да чаго, a трохі ад стомы.

Потым, кал i закончылася ліхалецце, было ў старой не толькі тое жаданне – памерці ўлетку, але i яшчэ адно. I было яно, гэтае жаданне, такое шчырае ды цвёрдае, што яна не пабаялася б, відаць, выказаць яго самаму старшаму з усіх старшых у нашым пасляваенным жыцці. Калі ўжо трэба, як кажуць сыны, каб рухнула ўся работа яе жыцця, каб набытае горкім потам поле пайшло ў калгас – няхай ідзе, няхай будзе тое, што павінна быць, але… Але – «дай, божа, каб я памерла трохі раней».

I гэтае яе жаданне таксама збылося: калгас у нашай вёсцы пачаўся праз год.

Ніколі – ні ў думках, ні словам, перад другімі – я не апраўдваў яе i не судзіў. I не таму, што яна – мая маці.

Для аднаго жыцця нагрузкі ў яе было аж залішне, а да такога рашэння – «няхай будзе тое, што павінна быць» – таксама трэба падняцца.

На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, дзесятак перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа i цэпа, трохі песняў ды смеху, куды больш думак, чакання i слёз. Абедзве дачісі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыпоў, што выжылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны у свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, двух былі ў варожым палоне, двух – праз памылку – сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з'еў трыццаць сёмы год…

Я ведаю – гэта яшчэ далека не найгорш. Я мог бы расказачь і, можа, раскажу пра пакуты іншых, знаёмых мне маці,– непараўнана большыя, чым выпалі на долю маёй.

Аднак жа хто такі мудры вымераў, хто бярэцца акрэсліць усю глыбіню мацярынскіх пакут наогул, i нават тых, што зведала за век мая?..

У сівай драўлянай капліцы, дзе на другім стагоддзі свайго самотнага вісення да нудоты пастарэлі цёмна-бяздарныя іконы, пад сцішнавата-ўзнёслую песню пра вечны спакой найбольш плакалі два чалавекі.

Адзін – малодшы брат мае мамы – старэнькі калека-кравец, «залатая іголачка», як казалі суседзі, i залатое сэрца, поўнае народнай мудрасці, свежасці, аптымізму, якімі ад яго не раз жывіўся i я. Яна, старэйшая на дзесяць год сястра, вывела яго, рана асірацелага, у людзі, дала яму ў рукі тую іголачку, калі ажаніўся – часта хадзіла мірыць ca сварлівай жонкай, i нават старога яго лічыла нібы малым, якога кожны можа пакрыўдзіць.

Адвярнуўшыся ад людзей у куток, дзе стаяла зацягнутая павуціннем старая пратэса, малы мой дзядзька, з вялікай, пад сівым «вожыкам» галавою, ціха, на ўсю душу – як ён умеў i смяяцца – заходзіўся плачам.

Я быў куды больш самастойны, i ўжо даўно, гадоў з пятнаццаці, кал i перастаў яе слухаць у самым, як мне здавалася, галоўным для чалавека. Мне было вельмі шкада, што я ўжо не змагу, i іменна цяпер, калі магу, акружыць яе старасць належнай апекай, зрабіць для маці тое, чаго не паспеў, не паспелі мы ўсе…

…Трыццаць гадоў – гэта была яшчэ маладосць. Наша жанатая пасляваенная маладосць.

Вясковаму хлопцу, які нядаўна, ужо не часткова, урыўкамі, спадцішка, a поўнасцю i адкрыта стаў пісьменнікам, няцяжка, нават прыемна было, па жартаўліваму загаду жонкі, устаць з-за рабочага стала, узяць мяшок i пайсці разам з ёю на рынак. У якасці проста насільшчыка. Бо ўжо ёсць бочка, трэба засаліць гуркі.

Гэта было, здаецца, у той жа год, калі памерла мая маці.

Гэта іменна там, у ранішняй мітусні Камароўскага рынку, я яшчэ раз адчуў «несказанную» сілу i веліч паэзіі.

Сляпы, пажылы інвалід. У заношанай пілотцы, што ніколі, відаць, не служыла яму дзеля форсу, а толькі скупа прыкрывала галаву. У вельмі бывалым i шэра-шурпатым, як няшчодрая ралля, шынялі, сцягнутым, без усякага маладзецтва, вузкай брызентавай папругай. У абмотках i зношаных грукачах-чаравіках. Ен спяваў, трымаючы каля боку далонь з манеткамі белай i жоўтай дробязі, a невідушчыя вочы яго гаварылі пра процьму салдацкага гора, якім нікога не здзівіш. Песня яго – i хрыплаватым, з гора пявучым голасам, i поўнай журботы душой – гаварыла пра найпрасцейшую, найвялікшую радасць жыцця, пра скарб, які не падлягае ніякім пераацэнкам. I для песнi гэтай, для ацэнкі гэтага скарбу яму, сляпому, былі дадзены іменна тыя патрэбныя, неабходныя словы, якіх вельмі многія людзі шукаюць i вельмі часта не могуць знайсці.

 
Пишут мне, что ты, тая тревогу,
загрустила шибко обо мне…
 

Шэры, чыста вымыты мяшок. Прышчатыя, веселазялёныя гуркі. Шумны, шматфарбны, заклапочаны натоўп. Вялае, добрае сонца жнівеньскай раніцы. Без звароту мінулая маладосць… I песня! – словы, што так шчасліва знойдзены адным на мільёны, што так непераймальна проста i ўзнёсла, так па-зямному, па-чалавечы, па-сыноўняму тужаць:

 
…и выходишь часто на дорогу
в старомодном ветхом шушуне.
 

Вось ужо хутка будзе дзевятнаццаць год, амаль што цэлае жыццё з той раніцы, калі я, заварожаны, стаяў перад аслепленым вайною чалавекам. На даўжыню ўсёй песні заварожаны, на паўзу пасля яе, зноў на пачатак, на палавіну… Не! – на ўсё жыццё.

I не таму толькі, што мой уласны боль быў яшчэ вельмі свежы.

I недакладна, няправільна гэта, – што я тады, іменна ў тую раніцу адчуў усю сілу i веліч гэтай простай песні. Калі? Ды як – якія нудныя i непатрэбныя пытанні!.. Высокае, прыгожае – яно заўсёды з намі.

За гэты час я неаднойчы схіляўся над рукамі маді маіх сяброў, пазнаў ix многа – i розных, i вельмі, як адна, падобных на маю.

Перад парогам белай мазанкі, што прымасцілася на бурым стэпавым узгорку, над ціхай рэчкай, аслоненай высокім трыснягом, мяне, як роднага, вітала старая, нямоглая маці-ўкраінка. Спатканне з ёю было, амаль чвэртку стагоддзя перад гэтым, падрыхтавана маёй дружбай з яе сынам. Больш! У той суровы ваенны час, калі яна знемагла ў няведанні пра свайго Тышу, жыла толькі надзеяй, што лес паспагадае ёй больш, чым іншым гарапашніцам, – тады яе сына, параненага ў партызанскім баі, лячыла, даглядала другая маці – мая.

За акіянам, за незлічонай армадай белых аблокаў, над якімі я ляцеў на Захад, у зялёным канадскім гарадку, за сталом у багатай, культурнай сям'і, я сядзеў побач са старэнькай лэдзі, важнай гаспадыняй дома. Сын яе, што прывёў мяне ў гэты дом, таленавіта ставіў спектаклі ў экзатычным шэкспіраўскім тэатры, дзе выступалі лепшыя акцёры з трох кантынентаў. Мы з ім абодва былі салдатамі, з двух бакоў пачыналі вайну з тым самым фашызмам. Ен быў таксама ў нямецкім палоне, дзе сустракаўся з нашымі. Ен прасіў нас, савецкіх гасцей, спяваць у яго доме нашы песні. A маці – цераз перакладчыка – сказала мне, што ёсць у яе яшчэ адзін сын, што ён цяпер якраз у Савецкім Саюзе. Яму, ён піша, добра там. Яна вельмі хоча, каб i мне, сыну другое маці, было добра тут, у ix доме. I мне, i ўсім іншым, каго запрасіў яе сын, i ўсім наогул сынам – каб усім было добра. Яна не была такой простай i грубавата ды сардэчна непасрэднай як маці майго данскога друга, a ўсё ж усміхалася мне мацярынскай усмешкай i міжволі, відаць, з бяды, па старасці парушаючы высокі, чапурысты этыкет, трэсла маршчыністай, белавалосай галавой. I хоць я адчуваў сябе ў іхняй раскошы трохі скавана, хоць прыкра было, што свае пачуцці я вымушаны быў перадаваць цераз рассеяна-стомленага грамацея, – мне было добра. A ўспамінаецца гэта – яшчэ лепш.

Так, гэта – праўда, i назаўсёды, i радасна, i праўда, што «ты жива еще, моя старушка», – я цябе часта i весела бачу, часта сумую па табе сумам маіх блізкіх i далёкіх сяброў, часта вяртаюся да слоў, да няхітрай мелодыі, упершыню пачутай калісьці на рынку, да гераіні той песні – ціхай разанскай матулі, да светлага, несмяротнага вобраза, што нарадзіўся ў душы бесшабашнага рускага хлопца – паэта, блізкага ўсім.

…Нядаўна ў адным польскім журнальчыку, папулярным i ў нас, я ўбачыў, нібы ясную прасветліну ў дробненькай моднай мітусні, некалькі шчырых слоў пра яго, таго рускага хлопца. Гэта быў рэпартаж пра сям'ю Ясеніных. Партрэт прыгажуна i ўдалы загаловак – проста «Siergiej» i радкі тае самае песні:

 
Żyjesz jeszcze, biedna stara matko?
I ja żyję
Pozdrowienia ślę…
 

Мне зноў захацелася плакаць ад шчасця i суму, мне зноў захацелася жыць.

Я ўдзячны той мілай польцы, што памагла мне злавіць маю думку, падштурхнула сказаць нарэшце слова, якое доўга нашу.

Слова пра тое, што многае ў нашым жыцці пераходзіць, многае мінаецца, a сапраўднасць пачуццяў, сапраўднасць паэзіі – застаюцца.

1966


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю