355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Ад сяўбы да жніва » Текст книги (страница 27)
Ад сяўбы да жніва
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Ад сяўбы да жніва"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 43 страниц)

ЦВІЦЕ ЧАРЭШНЯ

Міхайлаўскае я наведаў пазалетась, у канцы жніўня мокрым i яшчэ бязлюдным раннем.

Лена перачырыкваліся вераб'і. Голле яблыняў, каб не безліч падпорак, так i палегла б на траву. Пах флоксаў, якіх на сядзібе, абапал дарожак, было ненатуральна шмат, упіраўся ў пахмурнае неба. Густы, прытарны, нават нейкі нахабны…

Гэты бязлітасна шчодры, не вельмі прадуманы флёксавы пах успомніўся мне ў Пяцігорску, сёлета вясной, каля дома, у якім прайшлі апошнія дні нашай другой любві, другога друга, мудрага i сардэчнага.

Чаму ж успомніўся?

Бо там, каля белага нізкага доміка, у сонцы поўдня цвіла чарэшня.

Сціпла i вельмі патрэбна.

Шчасліва, ненаіўна верыцца, што яна – тая самая, адна з тых самых, пра якія калісьці тут, у гэтым доміку, было напісана:

«Галіны кветнеючых чарэшань глядзяць мне ў вокны, i вецер засыпае часамі мой пісьмовы стол ix белымі пялёсткамі».

Зноў дакранаешся душой да тых пачуццяў, якія ўздымалі i ачышчалі яе ў родным доме Тал стога, каля хаты, у якой нарадзіўся Купала, на тары, дзе магіла Шаўчэнкі, у лесе, нячутна напоўненым песняй Міцкевіча…

Пісьмовы стол, на зялёным сукне якога, як на траве, адпачывалі быстрыя i нястомныя рукі, што тут вось, пры дапамозе гусінага пяра, увекавечылі на паперы «Тамань» i «Выхожу один я на дорогу…».

Тут, каля гэтага стала, я задрыжаў душой, жыва, да слёз адчувальна ўспомніў аслонены мокрымі дрэвамі шэры домік Радзівонаўны i словы – золатам на мармуры:

 
Подруга дней моих суровых,
Голубка дряхлая моя!..
 

Словы – поўныя той высокай пяшчотнасці, на якую здольныя толькі сапраўдная сіла i мужнасць. Тая сіла i мужнасць, тая радасць жыцця i змагання за Чалавека, тая крыніца несмяротнасці, з якое непераможна струменіць i разліваецца морам сапраўды руская, сапраўды народная i сапраўды агульналюдская паэзія двух геніяў.

Пушкін i Лермантаў. Лермантаў i Пушкін. Толькі падумаеш пра аднаго – у памяці ўстае другі… Так яно i ідзе, бясконца паўтараецца з тых дзён, калі ты ўпершыню зазірнуў у казачна-дзівоснае царства ix слова.

Асабліва моцна i непаўторна адчуваецца гэта – i я нарэшце ведаю – на Каўказе. На тым Каўказе, што быў ix карай, ix натхненнем, што стаў для аднаго з ix магілай.

З вяршыні Машука, куды нас з сябрам узвіў на «Волзе» вясёлы таксіст, – проста арліны агляд. На маляўнічы Пяцігорск, што сотнямі белых дамоў i садзікаў разбегся па нізіне. На паасобныя горы – Змейку, Вярблюд, пяцігаловы Бештаў, Кінжал i іншыя, – што акружаюць горад зялёнымі пірамідамі. На горны хрыбет, што снежна бялее на прываблівым, радасным даляглядзе. Відаць i месца пад гарой, дзе варожая куля так дзіка, недаравальна абарвала жыццё таго мілага крываногага Мішанькі, што са слязьмі на вачах, з нажом у дзіцячай руцэ кідаўся абараняць дваровага мужыка, якога білі па гаспадарскаму загаду любай бабулі-прыгонніцы. Таго бясконца абаяльнага Міхаіла Юр'евіча, якому было дваццаць шэсць, калі i на ягоныя вусны лягла халодная пячаць.

Часта гаворыцца, што справу, пачатую Пушкіным, прадоўжыў Лермантаў. Адзін пісаў, што страту Лермантава лёс кампенсіраваў Расіі Львом Талстым, маладосць якога i пачатак творчага шляху таксама звязаны з Каўказам.

Гэта – перш за ўсё – слова пра несмяротнасць паэзіі, пра веліч народа, што нараджае паэтаў, пра хараство зямлі, што ix натхняе.

У Пяцігорску – i гэта зусім натуральна – найбольш i думаеш, i чуеш пра аднаго, пра наймалодшага з вялікай тройкі.

У Пяцігорску пачыналася вясна.

Я ўпэўнены, што не была б яна, мая першая каўказская вясна, такой раскошна сонечнай i прывольнай, не прымушала б яна так шчасліва, глыбока задумвацца, каб не Пячорын, не Бэла, не Максім Максімавіч, не паслушнік Мцыры, каб не песні пра тое, як плывуць па блакіце белыя хмаркі-выгнанніцы, як гавораць высокія зоры…

І яшчэ – каб не звычайны казацкі домік у белым гушчары другіх нізкіх, утульных дамоў, домік, праз вокны якога відаць i Машук, i Бештаў, i старая чарэшня.

Сціплая, вельмі патрэбная. З пяшчотнымі белымі кветкамі.

1964

СКРЫПКА ПЯЕ

Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ – колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці… ну, скажам, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..

Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі i шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі – адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш «По-2», a ўжо i садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават i «ногі» наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі. Ідзіце, нюхайце добра жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма!..

Давыд-Гарадок.

Можна злятаць на Марс, вярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як i стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку… Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, i нікому такое не дзіўна.

Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне. І вельмі любяць, здаецца, – не проста гандлююць. «Анюціны вочачкі», – расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.

Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.

Усё прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай i крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,– прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» – ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату. І мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка… Не, гэтым разам, – можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень, – «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі…

А зверху – раскошнае сонца i белыя воб: лакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. І высока, высока!..

Потым, пад вечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся. I полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам…

Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці – як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю – пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.

Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.

Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ i цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а «бэцька» адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.

Яна i спявала, i плакала, i рассыпалася смехам – ягоная скрыпка. І гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці – там, у глухім палескім лесе, на турботнай i пыльнай дарозе!..

Ды тут адзін з нас памыліўся… Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага, – узяў свой фотаапарат i зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз.

І скрыпка змоўкла.

Цыган i цыганка загаманілі па-свойму, гучна i незразумела. Пасля стары палажыў скрыпКУ Ў футарал, узяў мяшок, падышоў да шафера, азірнуўся на нас i пакратаў яго за плячо. Аўтобус спыніўся. Музыка выйшаў, проста ў лесе, i, выходзячы, зноў азірнуўся.

Цыганка расказала нам, што жонку гэтага чалавека ў вайну расстралялі фашысты. Сам ён хаваўся з маленькім сынам. Пасля вайны малога забралі ў дзіцячы дом. А бацька ходзіць. Не проста ходзіць, а вось ужо васемнаццаць гадоў уцякае ад тых, што забілі жонку, што i яго шукаюць, каб забіць… Па фотаапараце ён «здагадаўся», што i мы – таксама ад тых, што шукаюць яго, i таму вось уцёк…

– Няшчасны чалавек, начальнічкі… Ачулі, як ён іграе?.. А як ён танцуе нашы цыганскія танцы! Піша!.. Гарасім, не выхіляйся, дурніца, – зачэпіць галаву ды выцягне!..

У лесе – сонца i цені. Малы аўтобус трасецца па карэнні i па калдобінах.

А скрыпка спявае. Сардэчна i сумна. Хоць весела як быццам, але вельмі сумна!..

Хоць музыка, з мяшком за плячыма i з футаралам пад пахай, ідзе цяпер недзе далека за намі.

Такі беспрытульны ў сонечным свеце!..

1964

АПОЎНАЧЫ

За дваццаць пасляваенных гадоў я гэты хутар бачыў і вясной, і ўлетку, і ўвосені…

Вясной – калі трава асцярожненькай зелянінай пацягне даўно не араныя ўзгоркі, стракатыя ад сумных валуноў і рэдкіх кусцікаў ядлоўцу; калі ў лагчыне перад старою хатай зацвітуць вішні, а шматок зямлі разварушыцца шэрай свежасцю – на грады нейкія і трохі бульбы.

Улетку – калі бліжэй да гасцінца, па якім я іду або еду, амаль крынічна цурчыць сабе звілістая рачулка, супроць плыні якое трымаецца мужны мясцовы пячкур; калі дарогу пешаходу ці машыне перабягае, свідруючы пыл, па-інтэлігенцку сыценькі і па-хлапечы легкадумны суслік; калі я, не ўпершыню гледзячы на гэтыя запусцелыя, выпражаныя сонцам узгоркі, такія недарэчныя ў нашай, наогул хлебнай, мясцовасці, не ўпершыню чамусьці ўспамінаю палесцінскія пейзажы Паленава. Без Хрыста, без людзей, толькі з дзікай, спякотнай сумотай прыроды.

Увосені – калі на кірмашных вазах, зусім як быццам неасуджана, спакойна і сыта парохкваюць сальныя парсюкі, а ў кошыках дробнымі кветкамі чырванеюць грабеньчыкі курыных навабранцаў пеўнікаў; калі наш любы свет наскрозь прапахне антонаўкай, а маладзенькая, стрункая рабіна каля сцежкі стаіць, цнатліва абцяжараная першымі, румянымі ад шчасця гронкамі. Толькі зімой, у белай, лютай бездані, я памятаю яго, гэты хутар, з вайны. Нібыта я яго больш ніколі не бачыў – ні з саней, ні з машыны, ні з рыплівай сцежкі. Не з дзён вайны памятаю, а з начэй, яшчэ больш дакладна – з адной завірушнай поўначы…

Цяпер толькі адзін гэты ўпарты небарака ліпіць у лагчыне паміж узгоркамі, якім, на добры лад, найлепш было б зноў, як даўней, парасці сасоннікам. Усе іншыя хутары спакваля вярнуліся ў свой родны гарадок, адкуль іх калісьці, з цясноты вуліц ды завулкаў, выпрасілі каморнікі буржуазнай Польшчы.

У вайну ў гарадку былі нямецкі зондэрфюрэр і беларускі бургамістр, прыезджыя жандары і мясцовыя паліцаі. Апорны пункт фашызму, своеасаблівы маленькі гарнізон. Пад канец акупацыі, як гэта рабілася ў такіх гарнізонах, рэшце мужчын гітлераўцы, не пытаючыся згоды, выдалі зброю і назвалі іх самааховай. З адборных катарэзнікаў-паліцаяў арганізаваны быў карны эскадрон. На вышках, што тырчалі над дратамі ды бункерамі гарнізона, стаялі вартавыя з кулямётамі. Бліжэйшыя хутары былі, такім чынам, заўсёды на вачах ва ўлады, у арбіце амаль прыцэльнага агню.

Па-рознаму мы, партызаны, любілі іх, гэтыя хутары…

На адным з іх трох нашых хлопцаў, што асталіся перадняваць у знаёмага, хтосьці выдаў. Яны адстрэльваліся і згарэлі разам з гумном. А хутаранца з сям'ёю чамусьці не расстралялі, а толькі вывезлі ў Нямеччыну, адкуль ён, дарэчы, і не вярнуўся…

На другім хутары мяне з таварышам карміла неяк ноччу – небагата, але цёпла – ціхая, спрацаваная жанчына. Маці іншых дзяцей (у хаце былі яе муж, дарослая дачка і сын-падлетак), яна, вядома, і баялася за іх, і нас шкадавала – і самым звычайным, і самым святым шкадаваннем, якога мы бачылі многа ад нашых людзей.

На трэцім хутары, ледзь не найбліжэйшым да гарнізона, у нас быў сувязны. Такі сабе з выгляду малапрыкметны дзядзька Журавель, якому якраз больш пасавала быць незаможным хутаранцам, чым мешчанінам, бо тым і ў гэтым гарадку, згодна з нейкай дурной местачковай традыцыяй, належыцца лічыць вясковых хамамі. Дзядзькавы вока і вуха служылі нам штосьці з паўгода, а потым ён раз не з'явіўся на ўмоўленае месца, другі раз, трэці… І мы паехалі праверыць.

Ноч выбралі на гэта адпаведную, калі, як кажуць, добры гаспадар і сабаку на двор не выжане. Завея пачала пашкрэбваць ды пасвістваць звечара.

Пры конях, якіх мы паставілі ў зацішку за гумном, застаўся Ермакоў. Туды Журавель паслаў свайго сына, падкінуць «беднай скацінцы» сена. Самога дзядзьку Коля Шчэрба затрымаў для гутаркі ў сенцах. А я зайшоў у хату. Я быў усё-такі прастуджаны, у чым зусім упэўніўся ў дарозе. Цяжкая галава гула, то горача рабілася, то холадна. Сёння мне, дурню, не ехаць было, а выпіць чаго ды прапацець пад кажухом…

Вокны былі знадворку, для цяпла, пазавешваны саламянымі матамі. У хаце душна. Гаспадыня, мы ведалі гэта з даўніх скаргаў Жураўля, была нямоглая; яна ляжала на печы і толькі час ад часу шамацела за комінам – ці ад нямогласці сваёй, ці ў непакоі. Цьмяная, нібы таксама спалоханая, лямпа прымасцілася на століку каля шырокага нікеляванага ложка. На ложку, амаль прыціснуўшыся бокам да сцяны, ляжала чарнявая маладзічка, да самага рота накрыўшыся чырвонай ватняй коўдрай. Адгэтуль, з другое падушкі, устаў нядаўна, па зусім нечаканай трывозе, гаспадарскі сын.

Дзве думкі прамільгнулі ў маёй галаве, калі я першы раз зірнуў на гэты ложак. Адна – маладая, раўнівая – пра гэтых, што тут сабе папоцемку туляцца ды шэпчуцца ў цяпле, пакуль на свеце сцюжа і вайна; другая думка, прыкрая, – пра ложак: відаць, гэты нікель двухспальны, такі шыкарны ў беднай цясноце, з пасагу; відаць, яго тата нявесткі – мы ведалі ўжо, што яна з гарадка, – прыдбаў пасля ліквідацыі гета…

Я стаяў сярод хаты, даволі зблізку глядзеў на маладзічку, трохі любаваўся ёю, нават і праз грыпознае ачмурэнне, што бачачы, а што ўяўляючы, і ўжо ненавідзеў яе зусім непатрэбны, хоць, зрэшты, і зразумелы мне страх.

Яна не проста была высока, да самага рота, накрытая коўдрай, але за край яе, абапал пухкіх лялечных шчок, трымалася аберуч. Рукі («аголеныя, точаныя, цёплыя», – падумаў я) былі схаваныя, а наверсе – толькі сціснутыя пальчыкі, двойчы па чатыры, з нейкім дзіцячым і непрыемным адчаем трымалі адзіны ратунак – пасажную коўдру.

– Што ж вы такая бледная? Чаго?

Яна прыкметна сабралася з духам, каўтнула сліну і ціха, яшчэ не плачучы, спыталася:

– А куды павялі майго мужа?

Сюды, у такое блізкае суседства з гарнізонам, наш брат заглядваў вельмі рэдка. Можна думаць, што я быў першы партызан, якога ўбачыла гэтае дзяўчо, што прыйшло на хутар, як мы даведаліся сёння, тры тыдні таму назад. Там, дзе яна жыла раней, гітлераўцы для многіх мяшчан, – якіх, як і ўсю Заходнюю Беларусь, дваццаты век прызвычаіў да частых зменаў улады, – былі проста немцамі, яшчэ раз новымі панамі, страшнымі для «васточнікаў», для «жыдкоў» і для тых, хто не слухаўся. А такія цяпер, пасля расправы з камуністамі і савецкім актывам, каго ўдалося злавіць, пасля масавага знішчэння жыдоў, жылі далёка, у вёсках, або паўцякалі ў лясы. Для гэтай, відаць, вясёлай балбатункі і скакухі паліцаі былі не здраднікамі радзімы і нікчэмнымі паслугачамі ворага, не забойцамі і падпальшчыкамі, а перш за ўсё хлопцамі, кавалерамі, што ўвіхаліся ў клубе і каля яе.

А тут, за нейкі кіламетр ад таго клуба, – партызан!..

Зрэшты, у тым асяроддзі, дзе яна вырастала на дзеўку, пра нас не гаварылася «партызаны». Я не быў для яе адным з тых, каго па радыё, якое мы слухалі з Масквы, і ў газетах, якія нам дастаўлялі самалёты з Вялікай зямлі, ужо на ўвесь свет называлі народнымі мсціўцамі. Не лічыла яна мяне і салдатам шматмільённай, не толькі савецкай, але і міжнароднай арміі змагароў з найбольшай бядой чалавецтва – фашызмам. Я быў для яе… мала, што проста вясковы хам, але ж і бандыт, адзін з тых «сталінскіх бандытаў», пра якіх яна чула і, магчыма, чытала неверагодную процьму жахаў і агіднасцей…

І вось я, бандыт, стаю над ёю і ўжо, відаць, як ёй здаецца, гатовы… добра, калі толькі насмяяцца, а то дык потым і замардаваць… А мужа павялі!.. Куды?..

– Не бойцеся, ён зараз прыйдзе… Чуеце, вось ён ідзе.

Мне і самому стала як быццам прыемна, што ён нарэшце ўвайшоў з двара. Разгублены, не вельмі ўпэўнены, што зноў апынецца пад коўдрай…

– Вашы прасілі, таварыш, каб вы ўжо ішлі…

Я развітаўся і выйшаў з хаты не столькі злосны, як пакрыўджаны. Так, у маім абурэнні балюча ныла перш за ўсё крыўда. Можа, я трохі раскіс ад прастуды? Ды не, не тое!.. Я ж быў таксама малады, ненамнога старэйшы за таго… ледзь не «з душком» са страху мужа; я не адседжваўся, як ён, пад цёплым крылом гарнізона, мне было чым ганарыцца, і мне было горка, што на нас, на мяне… Ды ну іх к чорту! «Крывыя вочы крыва бачаць».

Крыўду і злосць прарвала лаянкай толькі тады, як мы ад'ехаліся ў завірушны змрок і Шчэрба расказаў, што Журавель наш напрамілы бог адпрошваецца, каб не быць сувязным. Нявесткі, кажа, баіцца: «У хаце, хлопцы, чужы чалавек». Можа, і праўду здрэйфіў, а можа, проста віляе – нейтральным быць захацелася, чыстым, як гаварылі, і для нямецкіх і для савецкіх…

Хто ездзіў верхам у завіруху, ды яшчэ ноччу, калі ні конь, ні сам дарогі не бачыш, той ведае, што гэта за смак. Ты прыўзняты над зямлёй, а тысяча тысяч вятроў, адзін за адным, з невычарпальным запасам з'едлівай весялосці пранізваюць цябе, безабароннага, наскрозь. І зноў, і зноў, і бясконца наскрозь!.. У твар сячэ, калені аж звіняць. А мала табе гэтага, мала яшчэ і прастуды, дык на і паганы настрой…

Хутарскою дарогай нам трэба было выбрацца на гасцінец, значна правей ад гарадка, каб па гасцінцы праскочыць да вёскі Мокрае, а там ужо дахаты павярнуць, у лес. Дарогі, уласна кажучы, не было, была замеценая, злосна раскудзеленая чыстаполіца. Чэрці дзяругамі б'юцца. Ды Шчэрбаў конь знаходзіў неяк дарогу. Коля прабіраўся першы, я за ім, а ззаду Ермакоў. Трымаліся адзін за адным бліжэй, чым звычайна, і, як заўсёды ў дарозе, маўчалі. Сёння нават і думаць холадна.

Я думаў пра адно. Гэта ўжо і не думка была, не жаданне такое, а нейкая фата маргана, прывід цяпла, утульнасці, – гарачага ў нутро і з галавою пад кажух! – у што я верыў, не верыў, зноў нібы верыў… Але яно вяло мяне, і, абапёршыся на каня, на двух таварышаў, я ехаў, плыў наперад, у сцюжу і шолам.

Конь мой наткнуўся на пярэдняга. Я таргануў яго повадам улева і, параўняўшыся са Шчэрбам, наблізіўся тварам да яго твару, нібы заглянуў, каб убачыць, чаго ён хоча.

– Ну, як ты? – гукнуў мне Коля, нібы з-пад падушкі.

– Хранова, – адказаў я з тэлеграфнай скупасцю, прыкрыўшы рот ад ветру.

– Га-ла-ма-ла-ба-ла! – зноў гукнуў ён.

– Што? Не чуваць ні…

– Хутар, кажу! Во, направа!..

Я зразумеў: да Мокрага яшчэ далёка, трэба зайсці сюды.

Праўда, нам і Журавель намякаў – перакусіць, ды там не захацелася: і не настрой быў, і не рассядацца ж пад самым бокам у паліцаяў. Ды і прасіў ён… Іменна – толькі намякаў.

Так мы заехалі тады на гэты, цяпер ужо самотны, хутар у лагчыне.

Цяпер – самотны… Тады ж, калі мы пад'язджалі да яго, ён быў адзін ва ўсім свеце. Як астравок, да якога мы падплылі, каб узабрацца нарэшце на коўзкі абрывісты бераг, адчуць нарэшце зямлю пад нагамі, уздыхнуць, азірнуцца, падумаць, што ж далей…

Так думаў я. А хлопцам, відаць, проста пагрэцца хацелася, перакусіць. Ды і мяне, вядома, было ім шкада.

Хоць я не настолькі раскіс. Злезшы з каня, я першы падышоў да цёмнага акна і пастукаў у шыбу.

Ні гуку, ні шолаху.

Можа, я не чую?..

Пастукаў зноў. Тут і Шчэрба мне дапамог, скалануўшы ўсю раму сваім кулачышчам.

– Ідзе! – гукнуў ён, нахіліўшыся да мяне. Гукнуў замоцна, бо тут, ад ветру, было зацішней.

Мы жылі ў сваім часе, думкі пра ветлівасць-няветлівасць вось так калаціць сярод ночы ў чужое акно – не было. Мы былі нават злосныя і мелі права на гэтую злосць. Можа, таксама адлежваецца тут які-небудзь цёпленькі, непалоханы муж або нейтральны, чысценькі свёкар… Падумаеш, парушылі яго спакой!.. Яшчэ і прыкідваецца, капцюх, што не чуе.

Я стаяў першы ад дзвярэй, чуў ужо, што за імі нехта шоргае рукой па дошках, шукаючы заскак. Я трымаў перад сабой… ды не, не аўтамат, а ліхтарык, яшчэ не ўключаны.

Заскак нарэшце лузгануў, ляснула клямка, і дзверы адчыніліся.

Ліхтарык засвяціў.

У гэтым моманце я прадбачыў, бо мне, па настроі, найбольш адпаведна было прадбачыць ужо не заспаны, ужо спалоханы твар хутаранца, які вось і аддасць тым часам сваю даніну, свой вялікі ўклад ва ўсёнароднае змаганне – адпусціць нам на нейкія паўгадзіны хатняга цяпла, чаго-небудзь пад'есці і, аднаму, чым-небудзь палячыцца. Прабачце, што мы палюбуемся вамі вось так, па-відному!..

Але ў святле ліхтарыка стаяла за парогам белая, у адной кашулі, дзяўчынка гадоў дзесяці. Удараная святлом, яна закрылася левай рукой, прылажыўшы яе запясцем да лба, і з-пад рукі глядзела, міргала на нас.

– Хто яшчэ ў хаце?

– Я і Толік. Мама да цёткі Ганны пайшла, бо яна хворая.

– Чаму не адчыняла?.. Бацька дзе?

Дзяўчынка адняла з ілба левую руку, адкрыла ўвесь твар, а правай, з дзіўнай на гэты ўзрост – не тое каб ад бабулі завучанай, але старэчай неяк самахоць – з найбольшай, можа, апошняй у жыцці сур'ёзнасцю перахрысцілася на ўвесь мах:

– Ваймяца і сына, і святога духа, амінь. Дзядзечкі, дальбог жа, не чула. А таты ў нас даўно няма. Яшчэ з польскай вайны.

Гэта было так страшна… не, так незвычайна і нечакана, і гэта так распранула мяне, што я… ледзь не ўсхліпнуў.

– Ты зачыняйся. Ну! Бяжы на печ. Да Толіка.

Ліхтарык згас.

Дзверы зачыніліся. Зноў лузгануў нарэзамі заскак.

Мы моўчкі селі і паехалі.

…Ужо неаднойчы за дваццаць гадоў мне можна было б збочыць з гасцінца на гэты хутар – зірнуць, што вырасла з яе, той маленькай жанчыны. Няўжо гэта яна, стаўшы жонкай ды гаспадыняй, так укаранілася тут, што аніяк не хоча выбрацца ці ў гарадок, ці ў Мокрае?

А можа, хтосьці даўно ўжо звёз яе, настаўніцу ці доктарку, у далёкі замуж – далёкі па-сучаснаму, не ў трэцюю вёску, а за тры тысячы кіламетраў…

Я мог бы, вядома, зайсці, паглядзець, а то і ўспомніць разам.

Ды не зайшоў. І не зайду. Бо не хачу.

Няхай яна стаіць у маёй памяці такою, як была, – у белай лютай бездані, у яркім крузе святла, у кароткай кужэльнай кашульцы…

Толькі няхай не баіцца нас, тых, што і ў завею не спім з-за яе, дзеля такіх, як яна.

Я не паспеў ёй гэтага сказаць: дзіцяці было холадна.

1966


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю