Текст книги "Ад сяўбы да жніва"
Автор книги: Янка Брыль
сообщить о нарушении
Текущая страница: 36 (всего у книги 43 страниц)
НА РАЗДАРОЖЖЫ
Напярэдадні было хмарна, ноччу ішоў дождж, а познім райкам распагодзілася вельмі светла. З акна машыны я любаваўся спелай жнівеньскай радасцю родных мясцін, потым спыніўся на ўзгорку і выйшаў, каб нават ціха не ехаць, а пастаяць.
З узгорка, дзе я стаю, відаць тры вёскі, у розных напрамках, бліжай і далей. У той вунь, далейшай, я ніколі не быў. Бывае так: ездзіш паблізу, нават і думаеш, каб заехаць, а ўсё не збярэшся. І цяпер не заеду. І не толькі таму, што я не сам еду, а мяне вязуць, што дарога наша не туды, – з гэтай вёскай звязаны ў мяне ўспамін, ужо тым часам і даўні, а яшчэ ўсё сумны…
Семнаццаць год таму назад мы ехалі аўтобусам з Мінска ў родную вёску. Мы – гэта я з сястрой, старэнькай вясковай бабуляй, што пагасціла ў мяне, пахадзіла па дактарах і сказала: «Ат, паеду дахаты, усе яны пра адно…» У апошнім аўтобусе было ўжо цемнавата, мы з сястрою сядзелі на розных месцах, яна спераду, а я далей, стары аўтобус дрыгацеў, і я больш бачыў, чым чуў, што сястра, жанчына даволі-такі гаваркая, прыязная да людзей, разгаманілася са сваёю выпадковай суседкай. Спачатку яны разоў колькі азірнуліся ў мой бок, а потым сястра кіўнула мне, паклікала туды, да іх. Я такога не вельмі люблю, ды што ты зробіш – яна настолькі старэйшая за мяне, што я прывык з маленства слухацца яе, амаль як маці. І цяпер вось, я здагадаўся: яна не вытрывала – пахвалілася незнаёмай жанчыне, што той вунь высокі, што ззаду сядзіць яе найменшы брат і ён у Мінску пісацель. «Ты сабе, калі ўжо такі далікатны, злуй, а мне прыемна» – такое адчуў я ў голасе сястры, калі нездаволена надыходзіў да іх.
Тая жанчына ехала дахаты з хлопцам, якога зноў дарма прывозіла да мінскіх дактароў. У хлопца яшчэ па дзесятым годзе адняліся ногі, не служаць зусім, і колькі дзе з ім не былі – нічога не памагае. Ужо ў восьмым класе, і вучыцца добра, а ў школу носіць яго то старэйшы брат, то сама яна – штогод, штомесяц то цяжэйшы крыж яе бясконцай Галгофы… Старэйшы брат – трактарыст, хлопец з рукамі, і ён зрабіў меншаму адмысловае сядзенне каля стала, і той сядзіць там, бедны, цэлымі днямі, чытае і піша. І вершыкі розныя састаўляе, сам, са свае галавы. З-за гэтых вершыкаў сястра і пахвалілася мною, паклікала.
У аўтобусе было ўжо ўключана святло. Не яркае. І я ў ім не вельмі разгледзеў хлопца, які сядзеў далей і цераз праход, займаючы наўпоперак два месцы. Я пастаяў пад ім, пагаварылі, а нешта праз месяц атрымаў пісьмо.
«…Вы мяне, мабыць, успомніце, гэта пішу я, каторы ехаў разам з Вамі з Мінска на аўтобусе. Гэта ў мяне Вы па вачах пазналі, што я пішу вершы. Хоць трохі са спазненнем сваё абяцанне выконваю. Пасылаю Вам свае вершы і буду прасіць, каб Вы мне растлумачылі, дзе, што нядобра, чаму нядобра і як палепшыць…»
Пісьмо цытую цяпер не па памяці: я яго захаваў. А тады, на дарозе, калі я ўбачыў здалёк яго вёску, пісьмо мне толькі прыгадаліся сваім нясмелым алоўкам і словамі: «Вы па вачах пазналі…»
Не трэба было так маніць: пра вершы я толькі ад маці пачуў, з вачэй іх не ўбачыў. Але спадзяваўся, хацеў, каб яны былі добрыя. Ён іх прыслаў. Яны былі зусім выразна дрэнныя, адчулася, што безнадзейныя. Аднак жа за імі стаяў не халтуршчык які, а бедны хлопец, з рук якога мне трэба было… няхай сабе не вырваць, дык асцярояша выцягнуць апошні матузок ягонай сувязі з жыццём, з надзеяй мець у ім сваё месца. Страшна было намыліцца, не адгадаць у ім гэтай здольнасці, але ж брыдка і маніць, упэўніваць у тым, чаго няма. Я паслаў хлопцу кнігу, напісаў яму, як толькі змог асцярожна, што ўсё яшчэ наперадзе, што трэба верыць, вучыцца, працаваць… Штосьці такое, балюча банальнае. І хлопец мне не адказаў. Ён такое пацелі паслухаўся ўжо – пра здароўе сваё…
Той, з кім я ехаў і з кім стаяў на дарозе, любуючыся роднымі мясцінамі, расказаў мне, што бедны хлопец жыве і нічога ў яго не змянілася. Толькі ўжо маці зусім пастарэла, не можа яго насіць, а брат па-ранейшаму дружны, добры, уважлівы, хоць ужо і жанаты, і дзеці ў яго свае. Можа, нават і вершы ён, той былы падлетак, піша ўсё яшчэ, нікуды іх не пасылаючы, нават у раённую газету.
Дык што ж мне заходзіць да яго? Па-свойму, чым мог бы, не дапаможаш, а іншай дапамогі ад цябе не патрабуюць: беднасці ў той хаце няма, а на здароўе ты не медык…
А можа, усе гэтыя разважанні – такая, больш-менш зручная, форма ўмывання рук?
Застаюся на раздарожяш. Як і тады, на сонечным узгорку.
…Інакш бывае яно, калі, прачытаўшы чужое, мояша сказаць зусім па шчырасці, што нешта ёсць, што нешта будзе!..
1976
ПОЗНІ АГЕНЬЧЫК
Вяселле ад маладое пераехала да маладога – гасцінцам, у суседнюю вёску, за два кіламетры. Адзін з гулякаў забавіўся дома, адстаў i пайшоў пехатою. Зіма, ноч, а ён, вядома, пад чаркай. Брыў насустрач ветру з макраватым снегам у твар. Вецер сарваў з яго шапку. Дзяцюк дагнаў яе, насунуў мацней, угрунтаваўся на нагах, пайшоў. Доўга ішоў, бясконца доўга – спачатку ўсё на сваю дарогу, на насып гасцінца выходзіў, а потым адчуў, што дарогі няма, што ў завірусе ён – проста кудысьці ідзе… Барозны, раўкі, зноў роўнае, зноў барозны…
Потым, нарэшце, у снежнай, шчымліва-сякучай муці яму паказаўся далёкі агеньчык. Яшчэ адзін роў… Не, тут ён, ужо амаль зусім не п'яны, зразумеў, што гэта не роў, a нізкае рэчышча… Праз нізкі ў снезе дрот агароджы, потым цераз штыкеты ён пералез i, нарэшце, пастукаў у жывое акно!..
Ён быў страшэнна стомлены, мокры, аднак ужо не спалоханы, без прыкметнай на твары няёмкасці – па праву чалавека, якому патрэбен ратунак. Мой брат, братавая i дзеці спалі, адзін я, месячны госць, чытаў у кухні за стадом. На нашу нягучную гаману, спачатку ў сенях, потым у кухні, ніхто не прачнуўся. Я прымусіў яго распрануцца, надзець сухое, паслаў яму на тапчане, знайшоў i наліў ад прастуды чарку, хлеба, сала, цыбуліну даў. І ён мне расказаў сяк-так, што здарылася. Я сказаў яму спаць, дый сам ужо больш не чытаў, лёг у хаце. Добра за поўнач.
Ен пайшоў, калі ўсе яшчэ спалі, адна толькі гаспадыня ўстала. Надзеў свае даспехі, якія мы ўчора развесілі каля гарачай грубы, i пайшоў, ужо зусім у цвярозай няёмкасці.
Калі б не мой позні агеньчык, хлопцу было б вельмі дрэнна. У сваёй упартай упэўненасці знайсці спачатку дарогу, а потым якое жыллё, ён брыў наслепа – якраз туды, у той бок, дзе за вёскай (братава хата наводшыбе) пачыналіся крутыя ўзгоркі, сярод якіх, наўпоперак – глыбокія, «воўчыя» яры…
Я не запомніў, чый ён у сваёй вёсцы, за шэсць кіламетраў ад нашай, а ён ні ў мяне, ні ў братавай не спытаўся, хто мы, хто тут жыве. I гэта яшчэ лепш. Проста помніцца. Вось ужо i шаснаццаць гадоў.
1977
РЭЧКІ
У любым месцы на Зямлі і на карце яе можа спыніцца пані Гісторыя, любую рэчку зробіць надоўга ці на нейкі час гістарычнай.
У адной з іх быў ахрышчаны Ісус, Ешуа бен Марыям, для адных сын божы і сам бог, для другіх – легенда. А ўсё ж імя гэтае, то верай, то мастацтвам звязана з невялікай палесцінскай рэчкай вось ужо хутка два тысячагоддзі.
На берагах другой, яшчэ меншай, дзевяць стагоддзяў таму назад, як сведчыць магутны ўсходнеславянскі эпас, адшумела адна з крывавай безлічы чалавечых бітваў, дзе галовы, як снапы па таку, малаціліся сталёвымі цапамі, а душу ад цела адвейвалі, як мякіну.
Першая рэчка жыве і цяпер. Іардан. Над ёю цяпер неспакойна…
Другая, Няміга, пайшла пад зямлю, жыць засталася толькі ў слове ды ў назве адной з мінскіх вуліц.
Рэчка, якую я ў маленстве пазнаваў ад саменькага нізу, ад самай яе сутнасці, ад той красы, якую можа, здольная бачыць толькі дзіцячая душа, рэчка гэтая – Буша – тады здавалася ракой, шырокай ды глыбокай.
Недзе далей быў, тады яшчэ не вядомы мне, Нёман, у які наша мілая Вуша ўпадала. А ў Вушу ўпадала зусім ужо маленькая, звілістая і аброслая кустамі Міранка, да якое я, уброд цераз Вушу, зрабіў калісьці вялікае, незабыўнае падарожжа. З братам, ужо дзецюком, старэйшым за мяне на цэлых сем гадоў. Ён там, пад берагамі, у падрэзах ды ў норах, лавіў рукамі плотак і нават ментузоў, выкідаў мне на бераг, у высокую траву, а я захоплена падбіраў іх у торбу.
Трэцяй рэчкай майго маленства была Сервач, якую я бачыў некалькі разоў толькі зверху, з воза, калі мы ехалі ў госці да маёй сястры, амаль неверагоднай, бо старэйшай ажно на дваццаць тры гады.
На гэтай рэчцы, таксама прытоку Нёмана, у першую сусветную вайну пані Гісторыя спынілася была больш як на два гады. Быстрая, звілістая Сервач цякла тады – у зеляніне заліўных лугоў або пад лёдам – паміж двух магутных франтоў, нямецкім і рускім, з іх артылерыяй, кулямётамі і штыхамі, з іх акопамі, бліндажамі, калючым дротам…
Сервач не стала для ўсяго свету Іарданам. Нават Нямігай не стала ў літаратуры. Вядомасць яе была часовай і засталася мясцовай. Але ж «у кроплі расы»… Многа можна і пра яе расказаць. Нават не быўшы там тады, у яе гістарычны час, з таго ці з іншага берага дурной чалавечай нянавісці. А колькі ж пайшло ў нябыт!.. Як і з-над іншых рэчак.
Вось я якраз прачытаў у газеце пра аднаго з герояў Вялікай Айчыннай вайны – генерала Яна Фогеля, латыша з чырвоных стралкоў, які ў незабыўным, і для мяне незабыўным ліпені сорак чацвёртага года кіраваў «над Серваччу ў Карэліцкім раёне» боем, выйграў яго, але сам быў смяротна паранены і пахаваны яшчэ далей на захад, у раённым Дзятлаве, дзе ўжо ягонай памяццю заняўся дырэктар добрага краязнаўчага музея, мой друг, заслужаны настаўнік Міхась Петрыкевіч.
Па-за тэмаю гэтага роздуму над газетнай старонкай хочацца яшчэ сказаць, што проста ў маім жыцці, у маёй працы пісьменніка Сервач была яшчэ і «Быстранкай» – паміж крынскім старым млыном і калядзінскім сонечным Нёманам…
1978
НАЦЮРМОРТ
Вясковыя суседзі. Былыя падпольшчыкі, пасля партызаны, якім было тады па дваццаць з нечым. Цяпер адзін з ix падпалкоўнік на пенсіі, a другі, пасля адыходных заробкаў, дома гаспадар, маладзейшы па стажы пенсіянер.
Сусед прынёс суседу кошык яблыкаў. Падпалкоўнік здзіўлена смяецца:
– А я занясу табе кошык сваіх!
Процьма сёлета гэтага дабра, людзі не ведаюць, што з імі рабіць. I ніхто ў гэтым не памагае.
Утрох мы гаворым пра такую безгаспадарчасць, а кошык стаіць на чыстай, охрыстай, асветленай сонцам падлозе. Звычайны кошык сваёй работы, з недалёкай надрэчнай л азы. Ужо спрацаваны, бо многа папанасіў, перш за ўсё бульбы, у розную пагоду-непагадзь. А яблыкі – я ем адно – такія свежыя, вялікія, чырванабокія, салодкія. І хочацца сказаць пра гэты кошык, повен яблыкаў. З увагі на таго, хто вырасціў ix, хто кошык сплёў, я гавару як найпрасцей:
– І паглядзець на такое добра.
А ён, сусед, з выгляду прасцецкі, малазнаёмы мне чалавек, дадае нечакана:
– Ага. Нацюрморт!
Гэта гучыць не як акрэсленне – як пахвала. Толькі ж не хочацца згадзіцца з тым, што гэта «натура мёртвая». Хай сабе рабачай-кошык – ён стары, безліч разоў то мокры, то сухі, хай сабе дошкі падлогі таксама сухія, а яшчэ i прыглушаныя фарбай. Але ж сонца, што свеціць так шчодра i весела, але ж яблыкі, што румяняцца ў сонцы – ну, як жывыя!
Пасля, кал i сусед пайшоў, гаспадар расказаў:
– Які цудоўны быў хлопец! Ыапрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў i так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, цераз перакладчыцу. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной i нешта, ліха яму, узарвалася. «Больш нічога, паночак, не памятаю…» Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён i ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала… У партизанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў толь выплаўляць сам прыдумаў, i такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам… А сталі яны дзве платформы спераду пускаць – ён i на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так, рабілі i ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы…
Падпалкоўнік расказвае, захапіўся.
A поўны кошык, асветлены сонцам, стаіць сярод хаты. Натура жывая.
1981
ПРОБЛІСКІ
У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку – добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, a ўверсе яшчэ чатыры пакоі.
Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго – маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што i ён хворы (паіхняму, пачэшску, немоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, «а я ўсё роўна ж дома сяджу».
Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго, – больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы, – малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку – яна з усмешкай чакала – дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым i яшчэ раз.
Гэта адно, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.
Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы, – зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё: i дрэннае i добрае, ідзе сабе паміж рознакалёрных магазінаў, у яшчэ раннім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых i разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках, – як нейкі выклік – нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.
«Малое – усюды малое. А маладому ўсё хораша», – скажам таксама па-бабску.
Малы i дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва i паасобна, i разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў i стаў паміж імі, чэшскімі, трэці i свой, з майго вяртання з Масквы дахаты.
У нашым купэ – глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.
Раней чым уведаць, што з малой такая бяда i куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самой вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, i змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.
Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк i неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:
– Маль-тшык!
І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць i што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.
A ўсё ж запаветнае – хоць i так яшчэ рана – сказала.
1980
ПРОЗА
Вызвалення мы, партызаны i нашы сем'і, чакалі тады, улетку сорак чацвёртага, з вялікім, адным такім на ўсё жыццё хваляваннем. Асабліва ў апошнія дні, на стыку чэрвеня i ліпеня.
Спачатку – дзень за днём, ноч за ноччу – чуўся далёкі гул кананады, i ўсё мацнеў ён, усё быў бліжэй ды бліжэй…
Пасля нямецкае адступленне за трое трывожных сутак грукатліва i пыльна схлынула па шырокай лясной дарозе на захад.
Пушча з доўгачаканай палёгкай уздыхнула.
Бо тут былі цяпер не толькі сем'і партызанскія, але амаль усё прылясное насельніцтва, – поўыа старых, жанчын, дзяцей, з вазам! ды з каровамі,– i партызанам было сурова загадана не зачапацца з ворагам, толькі стаяць на ўзлессі, ад дарогі, i чакаць. Тут i затоенасць, i трывога, i радасць, што хутка ўжо, што вось-вось…
Ужо i пачута было: недзе далей на паўночным усходзе нашы, з суседняй брыгады, сустрэліся з армейскай разведкай.
Усе два тыдні ад пачатку наступлення ў міжраённай падпольнай друкарні, дзе я выконваў абавязкі рэдактара адной з газет, часу рабіць тыя газеты не было. На старонках i паўстаронках ca сшыткаў мы паспявалі выпускаць толькі лістоўкі – ca зводкамі Саўінфармбюро i загадамі Вярхоўнага.
Уранні сёмага ліпеня я выпусціў сваю, апошнюю ў лесе, лістоўку, прынёс яе камісару, i ён, нарэшце, сказаў: «Ну, добра, валяй! Не напарыся толькі дзе-небудзь». Нібы сурова, аднак i ўсміхнуўся сваёй таўстагубай, прыязнай усмешкай.
Рэдактарам я працаваў па сумяшчальніцтву. Еалі здаралася зноў выехаць у раён, да разведчыкаў, адкуль я быў узяты ў рэдакцыю, каня прыходзілася браць, які трапляўся. Цяпер пад павеццю канюшні стаяў знаёмы гняды жарабец, адпачываў, заезджаны, у самоце i без усякай ужо фанабэрыі. Прыйшлося ўзяць яго. Сядло ў мяне, як i ў кожнага з коннікаў, было сваё, зробленае адным вясковым умельцам.
Спачатку Гнеды трохі нават рысіў, а потым зноў прачнулася ўся яго, грунтоўна назапашаная, стома, бядак прыстаў, i не было ўжо сэнсу ні злавацца, ні сядзець на ім. I мы пайшлі па лугавой дарозе, я спераду, а ён на повадзе. Смех i бяда, хоць i спяшацца ўжо лішне няма асабліва куды.
Мы браліся левым берагам рэчкі, супраць вады, да тае вёсачкі, дзе ўсю зіму стаяла наша разведка. Там ix, вядома, сёння не будзе. А можа, i будуць. Ці хоць пачую, можа, дзе яны.
І вось яно, наша Зарэчча.
Моста на рэчцы не было. На папярэчынах паляў ляжала кладка з акораных бярвенняў. Дзе два танчэйшыя, дзе тоўстае адно. Кладка доўгая, шэра-бліскучая, абутаму можна i паслізнуцца.
Па кладцы з майго берага на вясковы ішоў, нарэшце, ён – той першы для мяне баец. Наогул першы ў маім жыцці чырвонаармеец, бо ix жа мне перад вайной, у дні ўз'яднання, калі я быў з польскага войска ў нямецкім палоне, пабачыць не давялося.
Спалавелая гімнасцёрка, пілотка, абмоткі.
І доўгая, ад штыха – яшчэ даўжэйшая вінтоўка на рамяні.
– Эй, товарищ! – гукнуў я.
Ён азірнуўся з поўабарота, з павольнай асцярожнасцю, каб не зваліцца, i я ўбачыў, што гэта – пажылы, папрасцецку вусаты дзядзька.
– Здравствуйте, товарищ! – паўтарыў я свае прывітанне.
Ён павярнуўся поўнасцю, памалу пайшоў да мяне i ўжо зусім каля травы адхоннага берага сказаў з уздыхам:
– Братец, если бы ты знал, как я испугался!..
Мы павіталіся за руку. І тут да мяне дайшло, чаму ён спалохаўся. Дый сам стары растлумачыў:
– Подумал сразу, что фриц.
На мне была трафейная кашуля, з закасанымі рукавамі, я быў без шапкі, з нямецкім карабінам за плячыма, з іхняй даўбешкай-гранатай за поясам.
Мы пасмяяліся, закурылі.
А пра радасць спаткання не толькі крычаць, нават i гаварыць патрэбы не было. Хоць i здавалася, што мы даўно, даўно знаёмыя.
1981
ПОП
Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам i далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другім дзіцем была на пятым месяцы.
Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму i гаварыла ўсім, i ў дарозе, i тут, што яна – армянка. I далей не пайшла. Засталася ў той людcкай сям'і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.
За ўсіх яна старалася, усіх баялася, i так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы i беднасці.
Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.
Пойдзе на рэчку за гумнамі, пялёнкі памыць, стане над той палонкай i гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:
– Ма-ма-а!..
Цяпер, амаль праз сорак гадоў, успамінае пра тое i плача, а як жа было тады?..
Вясковая цемра, хоць i далека не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?..
I тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, i ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.
Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы i некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно ка руку, другое за руку, пайшла.
Ужо вясна была, свяціла сонца i спявалі жаўранкі. Загаласіць хацелася, калі ніхто не ішоў насустрач, а з кожным сустрэчным віталася, нібы i весела:
– Добры дзянёк!
А то i пагаворыць, прыпыніўшыся…
– Дитя мое, ты по вере или безопасности ради?
Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.
I яна адказала яму прастадушна:
– Безопасности… батюшка…
– Умница, – сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі i смешны, нават агідны ў яе… зусім яшчэ йедалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.
Ён ахрысціў яе дзяўчатак, i гэта дапамагло ёй адкрыта хавацца далей, пакуль не забралі ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла i стала жонкай.
Гадоў з дванадцаць пасля вайны, калі ўжо дзяўчат i сына пакідалі дома адных, наехала з мужам у той гарадок i ў тую вёску, дзе ратавалася.
У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята Спас, у царкве званілі, а па вуліцы ішоў i тут ужо нешматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні i з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў i ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку i песню святую нібы вядзе.
Яна стаяла з мужам на тратуары. Абое ўжо таксама пажылыя i святочныя. Яна глядзела i дзівілася, што гэта ж ён яшчэ – той самы, што «дитя мое»…
I ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая i не ў вялікім страху. Ён, парушаючы важнасць моманту i сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, i павітаўся:
– Здравствуйте!
– Добры дзянёк! – па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.
Таксама з усмешкай. Але ж i вымаючы з сумкі ху стачку…
1981