355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Ад сяўбы да жніва » Текст книги (страница 2)
Ад сяўбы да жніва
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Ад сяўбы да жніва"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 43 страниц)

ЯК НЕ ТАЯ

1

Дзед з бабай, як у той казцы, жылі ў старэнькай хатцы на курынай лапцы.

Стаяла хятка «без портак»: ніякіх, значыцца, за ёю прыбудовак не было, апроч плеценых, над колас крытых сенцаў, дзе стаяла Красуля i парасяты. Парослая куп'ём зялёнага моху, страха насунулася на аконцы, што паўпадалі, як выплаканыя вочы. Было ix тры: адно большае, ад вуліцы, а два ад падворку – малое i яшчэ меншае «проціўпечнае», толькі як цёрла паставіць. Паўпадалі аконцы даўно, нешта хутка пасля таго, як загінуў на вайне адзіны ў старых сынок Алісей. Дзед абабіў ix тады па шалёўках дошкамі, i ад вуліцы хатка стала падобнай да бабкі, калі яна падапрэ шчокі i тужыць.

На зіму абложаць хату бульбянікам, i стане ў ёй цёмна, як у яме. Пядзя ўздоўж, корх упоперак, i да столi рукой дастанеш. Кухні няма, i седала, i едала разам. З сяней, ад каровы i парасят, дыхціць, i з падпечка таксам а, бо курэй у бабкі – няма што грашыць.

Але старым i ў гэтай добра: сякая-такая ды свая, свой прытулак на старасць. Печ яшчэ добра грэла, быў ложак, палок. На покуці стол, а над сталом ад акна да акна – багоў штук з восем. На вокнах альвас у чаронках. Кот з кошкай. Скарынкі за старымі паядалi.

А ёсць жа хаты ў людзей! Хаця б вось у Змітрука, суседа насупраць. Нямецкі вугал, тры акны ад вуліцы, чатыры ад надворку. Авокны ж, вокны! – карову увёў бы. Ганачак пад бляхай i цымантовая, папярэшчаная скалачкамі i чарапкамі падмуроўка… Ды шмат у каго хаты хлёсткія ёсць – ну, у адных лепшыя, у іншых горшыя – але такое, як у дзеда з бабай, няма ні ў каго.

2

Куды, кажа, воўча, бяжыш? Па сірочае!

Трэба ж яшчэ было, каб стаўся зімой пажар.

Змітручыха сала пякла на прыпеку, i ўзялася ў коміне сажа. Выбегла сама, дзеці, Змітрук з гумна прыбег – давай тушыць. А гвалту не падымаюць – сораму баяцца, бо не раз ужо загаралася ў іхнім коміне, не раз лаялі нядбаліцаў. А вецер тады – як на злосць, i страха не на жарты ўзялася. Тады ўжо сталі крычаць i званіць у рэйку. Эх, бягуць людзі! I давай, хто ваду насіць, хто заліваць, хто суседнюю страху здзіраць, хто галасіць, хто набытак выносіць i выганяць з хлявоў жывёлу.

Вецер ірваў уздоўж вёскі, прэч ад хаткі старых, i яна не ўзялася. Бабка, як толькі ўбачыла вялікі агонь, зняла з покуцця багародзіцу i выбегла з ёй на загуменне.

– Заступніца… прасвятая багародзіца… адвярні вецер у чыстаполіцу… пашкадуй людцаў! – малілася яна, трымаючы ікону тварам да агню.

Агонь жа, як шалёны, ірваў, шумеў, трашчаў, а над ім чорнай хмарай клубіўся, валокся над вёскай дым. На загуменні раўлі на снезе каровы, гайсалі i храплі на агонь апуджаныя коні, скавыталі, нагорбіўшыся, пацэплыя свінні, бэкалі авечкі, i, б'ючы ў крыллі, насіліся над дымам галубы. Цераз палі, з усіх бакоў, беглі людзі, гразнучы ў глыбокім снезе. Дарогай імчаліся з мястэчка пажарнікі.

А бабка ўсё малілася за хатку, зарок давала ўсім святым, што прыме ў яе пагарэлых – колькі ўлезе, хай толькі яна не згарыць. А дзед працаваў як мог. Адразу, як толькі ўзялася Змітрукова страха, ён выгнаў на гарод Красулю i парасяты, вынес з бабамі бабчын купар, кубелец з мукой, стол, ложак, дзяжу, багоў… А тады залез на страху з вядром вады i трыма мокрымі дзяругамі, разаслаў ix ад агню i сядзеў, пакуль агонь перакінула далей. Тады ўжо людзям пабег памагаць.

Спынілі агонь ажно на дзесятым двары. Спачатку хлопцы, як вароны, населі на Піліпаў будынак, сарвалі страху, бусакамі звярнулі верх, кроквы i латы, адарвалі ад хаты гаручыя сені з каморкай, расцягнулі i залілі. Ведама, сіла! Стаялі два насосы ля студні, адны ганялі ваду, a іншыя – i бабы, i дзеўкі, i дзеці – насілі яе: са студняў астаткі i з раўка на вуліды, бо ад агню растала i пацякло. Насілі хто чым: вёдрамі, цабрамі, саганамі, місамі… Пажарнік, насунуўшы шапку i наставіўшы каўнер, стаяў крокаў пяць ад агню i кіраваў вужам. Вада з шумам біла па гаручым бярвенні i злізвала полымя.

– Так яго, так, Мітрапан, – крычалі пажарнікі,– вось, вось хіба атата!..

I перамаглі-такі, утушылі.

А на вуліцы – чыстае пекла! I кублы, i сталы, i сані, i ложкі, i аконныя рамы з пабітымі шыбамі, i багі, i вопратка, i лапці на багах… Затушылі,– раз'ехаліся пажарнікі, разышоўся чужы народ, а свае пачалі разбіраць з вуліцы набытак. У каго засталося гумно – вёз у гумно, у каго хлеў, хата, адрына – валок туды, у каго ж нічога не засталося – вёз да радні або да суседзяў.

3

Увайшоў дзед у сваю хатку – бачыць: сядзіць у ix на ложку хворы Аленін Натолік, у бацькавай калматай шапцы, i пазірае ў акно, як дагарае іхняя хата.

Натоліку дзесяць гадоў. Два тыдні ўжо, як яго раптам хапіла: адняло i памяць i мову, i глытаць нічога не можа. Думалі – дойдзе, а тут яму адпусціла крыху, стаў i разбірацца, i гаварыць, i глытаць рэдкае.

Як толькі пачаўся пажар, Рыгор, мужык цёткі Алены, ахінуў Натоліка ў кажух, прымчаў да дзеда ў хату i пасадзіў на ложку, ля акна.

– Ты тут, Натоль, не баішся адзін? – спытаўся Дзед.

Малы замармытаў нешта, закруціў галавою i ледзь-ледзь аказаўся:

– Не.

– Зараз мама прыйдзе, не бойся.

Натолік зноў закруціў галавой, цяжка глытаючы сліну, i шэптам, з перапынкамі, спытаў:

– А што… дзеду… нашая хата… згарэла?

– Згарэла, унучак, згарэла, – сказаў дзед i пагладзіў малога па шчацэ вялікай, каравай рукой.

– А дзе ж… мы… дзеду… жыць бу… дзем… га?

Дзеду падкаціла пад горла, зашчымела ў носе, i па маршчыністым, замурзаным гарай твары пакаціліся слёзы.

– A ў мяне, Натоль, чым не хата? – расставіў ён рукі.– Вельмі выгодная хата! Мама прыйдзе, тата, Верка, Раман – а-ёй! – хай багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. А вясной зробіце новую, лепшую, як гэтая была.

Натолік ледзь-ледзь усміхнуўся i прамармытаў:

– Але… зробіш… якраз… ого… зробіш…

4

I праўда – прыйшлі ўсе: мама, тата, Раман, Верка, Маня, Ніна – поўная хатка, як завязаць. Паставілі ложак уздоўж, другі ўпоперак, навешалі на печ мокрых каптаноў, спадніцаў, портак…

Увечар бабка з Аленай запалілі ў печы, зварылі саган бульбы з мундзірамі, насыпалі на стол солі, палажылі бохан хлеба, сталі вячэраць. Абселі стол навакол, разгутарыліся…

Пасля паляглі спаць, – хто на печы, хто на лаве, хто на ложку, хто на таку. Дзед лёг на лаве, пад багі галавой, а баба на яго любімым месцы, на печы, бо на яе ложку палажылі хворага Натоліка. Алена прылягла каля яго, не распратваючыся. Натолік кідаўся i енчыў на ўсю хату: зноў яго ўзяло за мазгі, бедака… Разоў колькі ён спіхаў Алену з ложка, ажно яна, урэшце, устала i села ў нагах.

За акном была шэрая, адліжная ноч. На іхнім котлішчы тырчала толькі, як злыдня, белая печ з палавінай разваленага коміна i валяліся асмалкі.

Бедная!.. Закруціла галавой, хапілася за твар аберуч i ціха, наўзрыд заплакала.

A ўсе спалі, саплі, храплі. У хатцы было душна, як у пекле, мляўка i кісла ў роце ад смуроду прэючай на печы мокрай вопраткі.

– Ах… ма-мач-ка… мая… да-ра-жэнь-кая-а-а!.. – мармытаў гарачы, як жар, Натолік.

– I дакуль будзе гэтак? I калі ж палепшае? Божа мой, божачка, аха-ха!..

На печы заварушылася бабка.

– Аленка, ты плачаш? Не плач, галубка мая, – аказалася яна. – Які бог намачыў, такі i высушыць. Табе i легчы недзе. Ідзі да мяне, рыбка, тут цёпла, прастора.

Алена, хліпаючы, палезла на печ, да старое. Бабка падсунулася да сцяны, пад пляцёнкі цыбулі, i Алена легла каля яе, падлажыўшы пад сябе далоні.

I бабка расказала ёй, як калісьці, гадоў сорак таму назад, у ix дома, калі яна яшчэ дзеўкай была, таксама вось пагарэлі.

– А потым, бог даў, пабудаваліся, абжыліся. Праўда, цяжка, але што ж – ці ты плач, ці галасі, то рады не дасі,– гаварыла яна.

Алена патрохі супакоілася, Натолік перастаў кідацца, i бабы паснулi.

5

Жылі разам доўга, да лета.

У Рыгора ад пажару засталося толькі гуменца. Вясной перайшлі ў яго спаць маладыя i сам, a ў хаце засталася Алена з Натолем, які надзіва ўсім паправіўся i пасвіў авечкі.

Каля акна стаяла, як патароча, ix вялікае ложка, на ўсю, здаецца, хату.

Хату Рыгор паставіў лепшую, як меў. Пакуль не было печы, варылі ў бабкі. Цесна, нядобра, а каму найгорш – бабцы: заўсёды трэба дзве печы адстаяць. Бабка любіла чыстату, – хатка ў яе тыя разы, як шклянка, – а тут яе ў цеснаце, чыстаты гэтай, не ўтрымаеш. Зімой, не тут кажучы, было нават, што i вошы пайшлі. Бабка была жанчына ціхая, талковая, а Раман з Аленай увесь век жылі як кот з сабакам, а тут, ведама, бяда, што дня грызуцца. I прыкра бабцы, хоць ты ўцякай.

Але яна памятала свой зарок на пажары, ды i шкадавала Аленіных – дзе ж ім дзецца? – i моўчкі цярпела.

Найгорш ёй надазоліла гэта вялікае ложка.

Пасля i Натолік з Аленай перайшлі ў сваю хату, а ложка ўсё стаяла, быццам аб ім зусім забыліся. I сказаць не скажаш, ды i не варта: колькі часу хораша пражылі, каб не пазлавацца. I цярпела.

Аднак прыйшоў i гэтаму канец. У жніўні ўжо, перад святам прыйшлі Аленіны дзеўкі i забралі ложка дахаты.

Адразу свет адчыніўся ў хатцы.

– Дзякуй богу міламу: ім свае, а нам свае, – усцешылася бабка, ды адразу за венік. Вымела чыста куток і, шчаміўшы дзясны з трыма апошнімі зубамі, прыцягнула сюды свой вялікі купар, на яго былое месца.

Сонейка глядзела ў хату, a ў сонейку варушыліся ўзнятыя венікам пылінкі. Села на купры шэрая кошачка, прыгрэлася на сонцы i задрамала.

Неўзабаве прыйшоў дахаты дзед, – ён Красулю пасвіў на повадзе, – азірнуўся па хатцы, расставіў рукі i засмяяўся:

– А ведаеш, Марта, як не тая хата зрабілася, дальбог!..

1937

ЦЮЦІК

1

Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў i ніяк не называўся, – жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам ca сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала i лізала, пяшчотна i многа. Было яшчэ нешта другое – маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне i, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком i ўсё мармытала, усё пахныквала…

Пасля цюцік стаў бачыць i ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом i соскамі – гэта яго мама, калматая сука Муха, a цёпленькі мармытун – брат, такі самы шчанюк, як i ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары i ў будзе на саломе.

I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.

Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы i глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, i не хацелася нават носа высаджваць на двор.

Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні i паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра ix, але ніхто не чапаў.

А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй i глядзіць на шчанят. Пасля гэта – шлэп, шлэп у лапцях – падышоў да буды.

– І-і,– кажа, – якія харошанькія!

Усадзіў у буду руку i пагладзіў ix, прыгаворваючы: «Цюценькі, цюцькі…» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.

З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.

– Я ж кажу, чалавеча, – гаварыў дзед, – бяры хоць абодвух, балазе i сукі няма.

– Дзе там, дзеду, абодвух, – адказаў дзядзька, – будзе мне i з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.

– Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.

– Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.

– Я ж i кажу – часцей нос падціраў бы.

– A ўжо ж неяк там будзе.

– Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?

– Мяшэчак вось…

I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.

– Дзяржы ж т’каля. Я ж кажу – ядуць усё, як старыя, i ў роце чорна: злосныя.

Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, i апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, i цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах i паехаў.

Была позняя, шэрая восень, гразка, i на звілістых лясных дарогах – глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала i трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно i жаласна пахныкваў.

Лесам, лесам, пералескамі – i дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі i заснуў.

2

Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, a ў другую – мяшок з цюцікам i пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, i дзеці яго, Міхась i Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..

– Што гэта, дзеці? – усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком. – Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!

I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.

– Сабачка! Мама, сабачка! – закрычалі Міхась i Волька. – Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, i лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы… Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!

– Яшчэ чаго не было, – аказалася маці.– Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, i гэтага звяду! Не бачыла смуроду!

– От ты сціхні,– адказаў ёй бацька. – Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!

Ён распрануўся i сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені i спытала, пазіраючы ў вочы:

– А што мы яму, тата, есці будзем даваць?

– От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? – адказаў тата i пагладзіў Вольку па галоўцы.

– Пэўна, – аказалася ад печы мама. – Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! – паставіла яна на стол капусту.

Але бацька ўстаў i пайшоў да паліцы, на якой стаял! збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.

– Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!

А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў i ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь i ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.

Міхась i Волька падскаквалі ад радасці i смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну i таксама емяяўся.

А той, за каго пасварыліся – галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,– хлябтаў, разгірачыўшыся, i толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам i ўвачавідкі таўсцеў.

3

Маму звал i цётка Алена.

I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна ix з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:

– А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!

Шэраму пеўню пападала па пер'і, i, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча – дурная баба…

– Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!

На «шчадра» цётка Алена накарміла ix куццёй у вялікім абручы з кадушкі, i неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву i на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.

– Ёсць! – крыкнуў Міхась. – У гэтым куточку яйцо, a ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!

Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі i цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой i кудахнула.

– Ну, вылазь, а то спудзіш яе! – гукнула маці пад печ, i Міхась вылез на хату.

– Мне зварыш, мама, мне! – затупала Волька.

A Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам i аблізаўся.

– Яшчэ чаго не было! – крыкнула мама. – Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!

Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў i лёг у сваім кутку.

Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання i лічы, што як дзядзькі дома няма, дык i паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка i панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях i дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй i яе пякучымі махрамі…

Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі знайшла.

Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля – нюх, нюх, нюх, – пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў – цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.

– О, гэта дык але! – стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух i давай яго сцябаць, прыгаворваючы: «А я табе! А я табе!» A цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор i шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.

Снегу было няшмат, i цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць – заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай… Плот быў новы i зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор – не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай… «Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!..» Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.

Чыкіляў, чыкіляў цюцік i апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы i пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу i палез на падворак. Пуста навокал, i сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў i палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх… Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам – шшух! – i паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся i ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, i ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк i прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай i сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.

«Ну, – падумаў цюцік, – прападу я тут за нішчымны квас…»

4

У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, a хатніх – няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма – i Сцяпан, i Настуля, i Рыгорка.

– А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.

Бабуля апранула кажушак, узяла кошык i патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык i ну ступаць на лесвічку.

– А-я-яй! – заенчыла нешта адтуль.

– Пан Бог з намі – што ж гэта? – Уздрыгнулася бабуля ды ходу. – Хай яго ліха, што ж гэта? – Пастаяла, падумала. – Пайду хіба газоўку вазьму.

Але старая i з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, i бабуля ім расказала.

– Хадзем! – сказаў Рыгорка.

Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.

– А мо не лезь, унучак, хай яго…

Шаркнула запалка, i ў жарале засвяцілася.

– Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!

З ямы пачулася пахныкванне.

Цюціка дасталі i панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.

– Бедненькі, цюцька, галодненькі,– шкадавала яна.

– Хай яго! Толькі напалохалася, – смяялася бабуля. – Дальмала: што за звер?..

– От, бедавалі па Лыску. От i сабака будзе. Бачыш, які ладны, – казаў тата, папыхваючы люлькай.

Налілі цюціку капусты.

– Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! – смяяўся тата.

– Нейкая ж зараза ножку перабіла, – гаварыў Рыгорка, прыглядаючыся.

Тата адкашляўся i плюнуў.

– Мала хіба дурняў на свеце, – сказаў ён i зноў зацягнуўся дымам.

– От дзе – буху, буху, як у бочку, a ўсё смокча махнушу гэтую, – сказала мама.

А бабуля Хвядося:

– Што ж ты, – кажа, – другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа…

A цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.

Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў i палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў i пайшоў.

Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем i аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала i, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што i яна ўжо ведае пра ягоную крыўду i шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць…

Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы i мляўкі!

Цюцік скурчыўся i шчасліва заснуў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю