Текст книги "Ад сяўбы да жніва"
Автор книги: Янка Брыль
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 43 страниц)
КАЗАЧОК
Самшэлы хутар Батракова Кудзерка закінуты ў самы глухі куток Налібоцкай пушчы.
Начамі дзікі ўзрывалі бульбу амаль пад вокнамі хаты, а днём, калі па хутар трапляў чужы чалавек, крамяная чырванашчокая Маня, адзіная дачка ўдавы Батрачыхі, хавалася ў каморку ці на печ.
Па пачатку вайны над паляпай гулі самалёты і чуўся, здаецца, зусім недалёкі грукат гармат. Аднак салдатаў па хутары так і не бачылі: не ішлі сюдой пі нашы, адыходзячы, ні немцы.
Цяпер жа, да другой зімы партызанскага царства, змянілася ўсё. Батрачыха то ваявала з вясёлымі хлопцамі за кожны ахапак доўгага шорсткага ляснога сена, то мірылася з імі, смакуючы прывезены з дзесятай вёскі самасад. А Маня настолькі прызвычаілася да людзей, што ўжо зусім прыкметна збіралася павялічыць сям'ю.
Партызаны спыняліся па хутары праездам ці праходам, найбольш падрыўнікі, ідучы на «жалезку» ці ў лагер. Батрачыха пазнала іх за гэты час так шмат, што кожнага незнаёмага лічыла навічком у пушчы, «свежаяіжім».
…Міша Спорык, яшчэ два хлопцы і Валя прыйшлі ў Батракову Кудзерку завідна.
– Здарова, цётка, жывеш! А ў нас якая кветка, паглядзі! Свежанькая! Казачок!
Батрачыха ажно рукі развяла.
– Ах, Мішачка! Ах, мая долечка! Зноў дзеўка ў портках! З вінтоўкаю! Ды што ж гэта за свет настаў!..
А «свежанькая» – хоць бы што, смяецца. Паставіла вінтоўку, села і глыбока, з палёгкай уздыхнула:
– Ой, каб яшчэ, здаецца, трошкі – не дайшла б.
Ды такое ні гэта з марозу румянае, спраўнае. Хлопец – ды годзе! Толькі як зняла кубанку і стала прычэсвацца – гэтыя пасмы дзявочыя, гэты грабеньчык… Ды як зияла рэмень і вышываны кажушок – гэтыя грудзі, і ўсё…
І таму, як збіраліся спаць, Батрачыха шапнула:
– Ты, галубка, са мною лажыся. Манька няхай на печы. Ды пад сцяну залазь, а я ад хаты. Мая дурніца таксама раней зухавала…
Ды «свежанькая» засмяялася ў адказ і лягла ад хаты сама.
Смех яе гаспадыня зразумела па-свойму.
– Не насмяецца, – шапнула збоку, на самае вуха, – не бойся. Абы жывы-здаровы быў…
Пытання «хто?» не дачакалася, дык растлумачыла:
– Харошы хлопец. Уткін. Разведчык. Слесар. І на гітары іграе. Божыцца: «Вазьму з сабою…» Ажно за Маскву.
Памаўчала яшчэ.
– Бо ў нас, відаць, трапёны, не захоча жыць…
«Свежанькая», здаецца, добра такі заснула.
Гэта – толькі здалося Батрачысе.
Для «казачка», як і ўчора, зноў пачалася бяссонніца.
Дык што ж гэта, нарэшце, за бяда! Ці брыдзеш цэлы дзень па снезе, ці сядзіш за сталом, – усюды адны толькі думкі, адно і на сэрцы. Ад самага рання чакаеш начной адзіноты, каб зноў бясконца марыць…
Марыць не так сабе, але аб ім, бо ён такі, нарэшце, ёсць.
«Ён» не з'яўляўся доўга. Спачатку нават думкі аб ім не было. Калісьці малая Валечка, прыбегшы з вуліцы, дзе верх заўсёды бралі хлопцы, з плачам пыталася ў мамы, чаму і яна не хлопец. Падлеткам білася з хлопцамі, ездзіла конна, хадзіла на лыяеах і часта думала пра тое, з якім шчасцем абула б боты са шпорамі. Падабацца яна пачала досыць рана. Рана магло б і каханне прыйсці, ды Валя нікога са знаёмых хлопцаў не любіла, і таму, калі бывала з кім-небудзь з іх сам-насам, амаль зусім не хвалявалася. Так і расла, быццам дзічка. Касіла, арала, па-мужчынску віталася моцнай, шурпатай ад мазалёў рукой.
Быць толькі сувязной ёй надакучыла. Хадзіць у разведку ў навакольныя гарнізоны, даставаць паперу і медыкаменты – гэтага было замала. Прыйшла ў атрад сама, супроць волі штаба, з якім была звязана. На кухню не захацела, у санчасць – таксама, засталася байцом.
Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Аднаму з малайцоў, што быў занадта ўпэўнены ў сваёй прывабнасці, прыйшлося нават дзеля прыкладу хропнуць ручкай нагана пад бараду.
І тады вось з'явіўся «ён».
«Так і трэба, – сказаў.– Цяпер, малец, аблізвайся. А мала будзе, – я папраўлю!..»
Гэта быў Міша Спорык, камандзір падрыўной групы.
Ён быў у атрадзе ўвесь час, дый так яна знала яго, да прыходу ў атрад. Аднак для Валі ён, здавалася, нібы наогул з'явіўся толькі ў той дзень.
На гэтым пачалося. Спачатку ў іх была проста дружба, а потым… потым адбыліся два выпадкі.
У першым выпадку, калі іхняя група наткнулася ноччу на засаду і з васьмі партызан толькі трое, разам з ёй, засталіся жывымі, Валя да болю спускалася смерці. Быццам толькі цяпер зразумела, што ёй дзевятнаццаты год…
Другім разам, на днёўцы, яна ўзяла на рукі сяброўчына дзіцянё і зусім нечакана, зусім небывала адчула, як хочацца яшць, і жыць – не адной…
З таго дня з'явіліся нават бяссонныя ночы, раздвоенасць: адна Валя, ранейшая, яшчэ ўсё не баялася заставацца з Мішам сам-насам; другая Валя, новая, улад і баялася іх адзіноты і марыла пра яе…
Яна законна чакала – то трывожна, то ўпэўнена, – што Міша нарэшце пачне: скажа ёй тое, што яна ўжо мо соты раз (ды дзе там соты!..) кажа яму ўсёй душой, так, як трэба дзяўчыне спачатку – без слоў. І ў гэтым чаканні бясконца мяняліся вобразы іх будучага шчасця.
А Міша як быццам не думаў пра гэта.
Вось і цяпер ён спакойна спіць, храпе сабе з хлопцамі на падлозе. А яна як лягла побач са старой, так і ляжыць на спіне, нават рукі злажыла, нібы трымаючы сэрца. Глядзіць у цемру і шэпча без слоў:
«Што ж, хіба мне самой падысці да цябе і сказаць: – Няўжо ты думаеш, што я і праўда „казачок“, што я і праўда „дзікая“? Ды гэта яе толькі для іншых такая, таму што я ўсё шукала цябе. Няўжо ты не ведаеш, Міша, чаму я сама перайшла ў тваю групу? Няўжо ты думаеш, толькі таму, што зайздросціла вам? Эх ты! Ты чакаеш, пакуль, можа, я…»
Але раптам спужалася гэтай думкі, у цемры заплюшчыла вочы і, павярнуўшыся да гаспадыні, уткнулася тварам у падушку.
– Ты што, ці не хворая, дзеўка, чаго ты? – шэптам азвалася Батрачыха. – Пакуль заснём з табою, дык людзі і ноч разбяруць.
«Свежанькая» хацела прамаўчаць, але, пачакаўшы, нібыта смехам, ціхенька папрасіла:
– А ты мяне, цётка, і праўда пусці пад сцяну…
Ізноў яны ідуць.
Па рыхлай адліжнай дарозе. Паміж нядошлага зарасніку. Палянамі ля шэрых хутарскіх будынкаў. У зацішку высокага лесу.
Спераду едзе фурманка. На ёй вінтоўкі, гранаты, тол. Дзядзька кленчыць у санях-развалах і нудна, як гэты хмарны, пануры дзень, маўчыць. Кабылка пляцецца абы-абы, а потым, калі яе сцёбаюць вераўчанымі лейцамі па сухім кантовым крыжы, трухціць і спатыкаецца, чапляючы падковай за падкову.
Міша расказвае нешта, а хлопцы смяюцца.
Ды Валя, бадай, не чуе яго. Яна і не слухае. Успамінаючы ноч з гэтым дзіўным сваім забыццём, яна нават рада, што ідзе ззаду і. Міша не бачыць яе. Да яе то зноў вяртаецца пастрой гэтых дзён – шчаслівае чаканне адзіноты, то сорам за тое, што ўчора раскісла.
«Няхай табе толькі не здасца, што буду сама набівацца», – думае Валя.
– Дзвіна, брат, не тое, што Нёман, – расказвае Міша. – Яна разліецца – мора! Ха-ха-ха! Успомнілася, хлопцы, ірундовіпа. Крыгі ідуць па Дзвіне – проста жах, а па крызе сядзіць, брат, чырвоны певень. Тут смерць на носе, а ён – ку-ка-рэ-ку!..
«Табе, голубе, бачыш, нічога, смяешся, а я…» – думае Валя.
– Пасмяяўся я з таго пеўня, а потым, хлопцы, аднойчы і сам…
Ды раптам ён спыняецца.
Перш чуваць збоку, зусім недалёка, ад дарогі, дзе хутар па ўзгорку, мяшаны вокліч: «гальт!» і «стой!»
Потым адтуль устаюць тры варожыя постаці: немец і два «бобікі»-паліцаі…
Дзядзька са зброяй ад'ехаў наперад пастолькі далёка, што ворагам значна бліжэй да яго. Зброя ў развалах, на шчасце, прыкрыла кажухом. Дзядзька, нібы азораны выратавальнаю думкай, бяжыць да немца і задыхана, часта гукае:
– Свой! Сво-ой!.. Мы з Лужы! З Лужы, паночку! Дальбог!..
Чорныя «бобікі» спакойна, упэўнена брыдуць па снезе амаль па калені і нават вінтовак сваіх не трымаюць напагатове.
Шэры немец – тропікі збоку і ззаду – цяжка набліжаецца да дзядзькі.
Насустрач паліцаям стаіць адзін Міша. Першы ішоў, а цяпер яшчэ выйшаў паперад. Рука ў кішэні кажушка, збялеў, толькі ноздрамі паварушвае, быццам гатовы да скоку.
Адзін паліцай адлучаецца, ідзе на яго. Другі – на Валодзьку. «Бобік» нешта крычыць, ужо гатовы заехаць прахожаму поўху. Калі ж ён падыходзіць зусім, Міша пытаецца, проста ў вочы:
– А ты, можа, і ўдарыць хочаш, сукін сын?
Паліцай перш бармоча, збялеўшы:
– Ды што вы, таварыш, завошта…
Потым адскоквае ўбок і хапаецца за рукаятку затвора. Міша выхоплівае з кішэні наган. Страляе. Паліцай, узняўшы рукі, валіцца назад.
За гэтым стрэлам, як водгук, грыміць паўнагучны вінтовачны стрэл: другі паліцай б'е па Мішу. Міша, здалося, хіснуўся, а потым страляе зноў, яшчэ, яшчэ раз. Другі паліцай перш асядае на снег, а потым лажыцца.
Немец строчыць з аўтамата па доўгім, зашмальцаваным канаусе дзядзькі і паварочвае наўцёкі.
Міша першы бяжыць да кабылкі, якая рада, што больш не сцёбаюць лейцамі, спакойна стаіць на дарозе. Міша бяяшць неяк дзіўна: улукаткі, бокам, задыханы. Ён цяжка падае ў развалы і крычыць:
– Гані!
Валя падае ззаду, якраз па яго, і пошта крычыць таксама.
Ды толькі Кастусь і Валодзька, дабегшы, паднімаюць кабылку на нейкі нядошлы галоп.
А тут з узгорка, з хутара – немец спыніўся, гад! – па іх лапоча аўтамат.
Валя не чуе, як блізка спяваюць кулі. Яна толькі адчувае «яго» і шчасліва, нарэшце шчасліва шэпча:
– Я не дам цябе больш, затулю…
На гэтым для Валі канчаецца ўсё.
…Зноў у лясную дзіч па дарозе пляцецца худая кабылка.
Цяпер ужо не дзядзька, а Кастусь кленчыць спераду.
На саломе пад доўгім кажухом ляжаць дзве маўклівыя постаці: Міша і Валя.
Дзядзька-падводчык і чацвёрты таварыш, Валодзя, засталіся ля хутара – назаўсёды…
За нізка навіслыя лапы ялін раз-поразу чапляе крывая вішнёвая дужка, і снег казытліва цярушыць на бледны твар «казачка». Вочы з чорнымі, доўгімі вейкамі заплюшчаны. Ды пад павекамі… жыве адчуванне жыцця. Праз боль у правым баку, няўмольны, перарывісты, туга зацягнуты кужэльным ручніком, яна часамі – вельмі здалёк – чуе ў хвіліну палёгкі высокую, белую песню палазоў і адчувае снег, быццам нечы гуллівы, пяшчотны дотык… Пасля яна нават расплюшчвае вочы і патроху з цяжкасцю пазнае, што шэра-зялёная сетка над ёю – гэта ельнік і неба…
На Валю шугае туманам, а потым побач з ёю родны голас кажа:
– Лепш табе трохі? Ну, вось і добра… Пашанцавала нам з табой нішто… Разам, дзеўка, і пакукуем…
Яна хацела б нешта адказаць. Але не можа.
Заплюшчыўшы вочы, толькі ўсміхаецца.
1946
АДЗІН ДЗЕНЬ
1
Пакуль Ліда Свірыд не спаткала ў пушчы трох партызан, маладзіцы здавалася, што ўжо загінула ўсё.
Гэтае «ўсё» пачыналася з хаты на хутары, свайго гнязда. Беднае было яе гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іх птушанё – дзевяцімесячная Берачка. Недалёка ад хутара была вёска Ляды, дзе Ліда таксама была калісьці птушанём, а потым вольнай птушкай. Там жылі цяпер – мама, якая спачатку прыходзіла вучыць Ліду купаць Верачку, і тата, які пасля смерці Андрэя памагаў… не памагаў, а проста ўрабляў, як сваю, і яе, удовіну, гаспадарку. Там быў Мікола, старэйшы, сямейны брат, былі сяброўкі і сябры маладосці, сваякі і суседзі. За Лядамі – Ямнае, Градкі, Зарэчча, Грачанікі – бліжэйшыя вёскі, у адну з якіх выйшла замуж Марыля, сястра, у другую – Зіна, найлепшая сяброўка, у трэцяй – дажывала веку добрая цётка Настуля…
Адным словам, – быў свой невялікі круг, родная частка вялікага свету, з сярэдзінай, сэрцам – Верачкай.
Перасякаючы гэты круг, з поўдня на поўнач плыў Нёман. Таксама родны, свой, аптаваны ўлетку, абкоўзаны зімой.
У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе, сяк-так накрытым бульбянікам, – застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Цяпер былі толькі зямлянкі, павеці, азяроды, пад колас крытыя пагрэбнікі, абгарэлыя платы і неяк асабліва аголеныя і самотныя ліпы, высокія грушы-дзічкі, бярозы і клёны. Паміж зямлянак, дрэў, платоў і чорных струп'яў котлішч заўсёды на вачах стаяў гэты незвычайны зруб. І, толькі паглядзеўшы на яго, на душы рабілася лягчэй і спакайней – і за дзіця, і за сябе, і за добрых людзей. Начамі з пушчы за Нёман выязджалі разведчыкі, выходзілі ўзводы, часам цэлы атрад ці брыгада. І толькі пачуўшы, як гаманілі вясёлыя хлопцы, як коні іх фыркалі і грукацелі па дошках парома або плюхацелі вадою ў бродзе, добра было ад думкі, што вось і сёння Верачка ціха засне і сама адпачнеш, а ўранні зноў устануць усе ды возьмуцца за працу, амаль што таксама спакойна, як да вайны.
Гэтак было датуль, пакуль не пайшла па людзях гаворка пра вялікую, нечуваную бяду, якая называецца зусім новым і вельмі страшным словам – блакада…
І вось яна, тая бяда, падкралася непрыкметна.
Гэта сталася перад самай касавіцай. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. У Дуброве за Градкамі, дзе быў мост насупраць лагера брыгады «Сокал», бой разгарэўся надоўга. А ў Лядах заставу – пятнаццаць хлопцаў – разграмілі аж надта раптоўна.
Ліда толькі паспела ўсхапіцца з пасцелі, зірнуць у акно і выбегчы на двор, а людзі ўжо беглі, уцякалі ў пушчу: старыя, дзяўчаты, дзеці… Схапіўшы адно, чаго ёй нідзе і ніяк немагчыма забыцца – сваю сонную, цёплую Верачку, – паляцела і Ліда.
Ззаду, на Нёмане і ў вёсцы, чуўся крык, страляніна, узнімаўся пажар. Над галовамі ўцекачоў, абганяючы іх, звінелі кулі, а міны цяжка гупалі то тут, то там, злосна брызгаючы вакол сябе вісклівымі асколкамі. Дарогай і полем, па зелені збожжа, бегла многа людзей. Ліда з дзіцем ніяк не магла іх дагнаць. І не таму, што цяжка было ці нязручна, а таму, што, як толькі яна кідалася бегчы хутчэй, малая прачыналася і зноў заходзілася плачам. Толькі з Верачкай дабегла яна да першых каля лесу кустоў – і там ужо нікога не было. Кустамі, калечачы босыя ногі (тут толькі ўспомніла пра боты пад ложкам), дабегла да бярэзніку. Пасля ўбілася ў росны гушчар і, ныраючы пад галлё, сарвала хустку, парвала сукенку і двойчы спатыкнулася. І толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла памалу, тулячы дачушку да задыханых грудзей.
– Ціха, ціха, галубка мая, – гаварыла яна. – Ну, не плач…
А сама ўжо гатова была і заплакаць.
Яна засталася адна. Спераду быў толькі лес, а на руках – дзіця, з якім не паспяшаешся, нікога не дагоніш.
Ды і як даганяць, куды бегчы? А тут, глядзі, дагоняць і цябе… Вунь як страляюць – бліжэй ды бліжэй…
Гэты жах нарадзіў недарэчную думку аб тым, што ўсё, што за ёй, – загінула. А цяпер… а цяпер і яна…
– Ціха, ціха, малая мая… Ну, не плач…
Вусны шапталі, прасілі, а вочы ўжо плакалі…
Сонца толькі што выбралася з-за дрэў у чыстае неба, калі маладзіца, усё ўцякаючы ад грукату гармат і страляніны, наткнулася ў гушчары па трох узброеных людзей, адзін з якіх трымаў за павады каня. Спачатку, не пазнаўшы іх, яна жахнулася, а потым радасна ўскрыкнула:
– Хлопчыкі!..
Там былі: Жэнька Саковіч, Тадорын Іван і Серада з Грачанікаў. З імі больш года партызаніў яе Андрэй.
2
Тры партызаны, адзін з іх паранены і толькі адзін з канём, – вось і ўсё, што засталося ад разведкі іх атрада.
…Гэта сталася так нечакана і хутка.
На досвітку яны вярталіся з задання. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Коннікі зноў пачалі гаварыць і закурваць.
Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, па поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Сонца, якое, здаецца, так нядаўна села амаль па паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выплываць наверх. Яно было яшчэ глыбока за пушчай, таму што над грэбенем лесу яшчэ ўсё нясмела займалася сапраўдная зара ўсходу. А па меры таго як яна разгаралася, рэшткі вячэрняй зары патухалі. Вось-вось павінен быў прачнуцца ў збожжы першы жаўранак і, атрасаючы свежыя кропелькі з шэрага, цёплага пер'я, узняцца пад полем, абвяшчаючы захопленым шчэбетам пачатак новага дня.
Шура Сучок ехаў сёння далёка спераду. Каштанка аднастайна тупала, нудна парыпвала сядло. Аўтамат, як заўсёды, вісеў перад грудзьмі. Нават і Шура, вельмі асцярожны і ўважлівы хлопец, глядзеў наперад спакойна. Вось толькі пераехаць гасцінец, праехаць каля гэтых вёсак, а там трохі лугам – і лес. Ды і вёсак, дакладна кажучы, няма: гэта адно Загароддзе, якое ляжыць па ўзгорках абапал звілістай рэчкі Вушанкі. Падаючы кірунак усёй групе, каля першай палавіны вёскі Шура павярнуў управа, пераехаў шырокі пясчаны гасцінец і патупаў з узгорка ў лагчыну, да мосціка…
Нядаўна з Шурам здарыўся адзін, здаецца, нязначны выпадак, які запомніўся хлопцам у атраднай разведцы. У тую ноч яны былі на заданні пад самым бокам фашысцкага гарнізона. Шура стаяў на пасту за апошнім будынкам вёсачкі. Калі ж па яго пасля паехалі, хлопца не знайшлі на ўмоўленым месцы… Устрывожаныя сябры кінуліся шукаць. Сучок стаяў за дрэвамі, не больш трохсот крокаў ад першых дамоў мястэчка, дзе пачыналіся гарнізонныя драты.
«Ну, і да чаго ж гэта? – крычаў пасля камандзір. – Каму гэта патрэбна было б, каб цябе раздушылі, як хрушча? Эх ты!..»
«Я, каб што-небудзь такое, – апраўдваўся Шура, – спачатку даў бы вам знак, каб вы змаглі спакойна адысці».
«А сам?»
«Сам? Чорт яго ведае», – засмяяўся збянтэжаны хлопец.
Ён быў, як аказалася, зусім не падрыхтаваны да такога пытання. «Сам, – сказаў ён на скорую руку, – таксама нешта рабіў бы…»
Гэты дробны выпадак яшчэ раз паказаў разведчыкам, пра што менш за ўсё задумваўся іх сціплы, маўклівы таварыш, якому толькі цяпер, на другім годзе прабывання ў атрадзе, пайшоў васемнаццаты год…
Як толькі Каштанка затупацела па дошках мастка, Шура ўмомант заўважыў, як у другой палавіне Загароддзя ад гумна да хлява мігнуўся, перабег, прыгнуўшыся, нехта чужы. Ззаду былі таварышы, і Шура даў ім знак, узмахнуўшы рукой, а сам ірвануўся туды, да гумна…
Пакуль юнак, прашыты чаргой кулямёта, паспеў асунуцца ў нейкую цёмную бездань, у лагчыне паміж дзвюма палавінамі вёскі з усіх бакоў затрашчаў перакрэсліш агонь. Разведка апынулася ў пастцы.
…Жэнька Саковіч падумаў спачатку, што ён апамятаўся першы і ад яго пачалося тое, што яны, чатырох з дзесяці, сабраліся на ўскраіне лесу. Таксама мог думаць і кожны: гэтак цяжка было зразумець, як яны змаглі вырвацца з кальца знішчальнага агню.
Каля рэчкі, на першай прагаліне лесу, яны зноў напароліся на кулямёты. Цяпер стралялі з танкаў, замаскіраваных у кустах. Тут застаўся яшчэ адзін таварыш, вясёлы Ляўко, тут пад раненым Жэнькам забілі каня, і тут ужо хлопцы дагадаліся, што справа – не так сабе, што гэта не звычайныя засады. Калі ж неўзабаве, як быццам па сігналу гэтых дзвюх засад, на поўначы, відаць, каля брыгаднай пераправы на Нёмане, разгарэлася кулямётная траскатня, узмоцненая выбухамі мін і грукатам гармат, – усё нарэшце зрабілася ясна…
3
– Дык што ж гэта робіцца, Ліда?!
Пытанне прагучала недарэчна. Злосны – то зноў нарастаючы, то крышку радчэйшы – трэск кулямётнага агню ўсё больш ды больш набліжаўся. Выбухі мін і снарадаў лажыліся недзе зусім недалёка. Хто з партызан мог звярнуцца з такім запытаннем да жанчыны, якая і так была амаль непрытомнай ад жаху? Хто яго ведае, – кожны, здаецца, гатоў быў спытаць. Яны стаялі навокал Ліды. Яна ж была адна з таго боку, ад Нёмана, адкуль пачалося. Аднак і яна не магла ім нічога сказаць, дзе брыгада, дзе іхні атрад, як далучыцца да сваіх… Яшчэ горш: вось яна, зусім не званчэючы на іх прысутнасць, вызваліла з-за станіка поўную, маладую грудзь. Дзіцёнак прагна ўткнуўся ў яе, прытуліўся і змоўк. Тады Жэнька, як быццам успомніўшы нешта, дастаў з сумкі пакецік бінта і, працягнуўшы яго Івану, папрасіў:
– Вазьмі, брат, падвяжы ты мне руку па шыю: пошта цяжкая стала.
– Дык ты паранены, Жэня?.. – спалохана спытала Ліда.
– Нават і перавязаны ўжо, – усміхнуўся Жэнька, неяк сарамліва гледзячы на Ліду…
Яе маленькая, сагнаўшы першую смагу, пакінула ссаць, смачна цмокнула губкамі, паглядзела на траву і працягнула ўніз смешна маленькую ручку з ружовымі, расстаўленымі пальчыкамі.
– Ня, – сказала яна.
Маці, якая адна ведала мову дзяўчынкі, прызвычаеным рухам зашпіліла станік і машынальна, як быццам між іншым, нагнуўшыся да высокай лясной травы, скубанула рукой. Выскубла цэлую жменю, але маленькая ручка з ружовымі пальчыкамі знайшла ў гэтай жмені патрэбнае ёй. Гэта быў белы, пушысты, нібы дзіцячая шапачка з трусінага пуху, дзьмухавец. Як толькі пальчыкі малой згарнуліся на кветцы ў кулачок, ад кветкі засталося трошкі пуху. Ды і той быў зусім нясмачны. Засліненыя ружовыя губкі пачалі яго нездаволена і па-дзіцячаму няўдала сплёўваць. У іншы час толькі б смяяцца на гэтае цудоўнае нездавальненне!.. Нават і цяпер нешта цёплае заварушылася ў душы, але тут…
Тут з прарэзлівым ровам над вершняком шуганула вялізная цёмна-срэбраная птушка. Хлопцы раптоўна прыселі, Ліда нават упала, з ускрыкам затуліўшы сабой Верачку. Жэнька паспеў заўважыць, як з-пад крылаў жалезнай птушкі, здаецца, проста пад імі аддзяліліся два прадаўгаватыя прадметы.
– Бомбы!..
Яны распіралі паветра і доўга, бясконца доўга сіпелі, вылі, спяшаючыся ўрэзацца ў зямлю. Гэта толькі здалося, што яны адарваліся з-пад крылаў над самай галавой: два страшныя выбухі, адзін за другім, скаланулі паветра воддаль ад іх. Што там людзі і конь, – нават зямля захадзіла ад выбуху! А потым пайшлі асколкі. Адны з іх тонка, як пчолы, звінелі па ворсе, збіваючы галінкі і лісцё, другія гулі таўсцей, як чмялі, і злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і камлі. Адзін – вялікі і зычны – дайшоў праз гушчар зусім блізка, да гэтай вось стромкай алешыны. Падсечаная, яна нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Зачапіўшыся верхавінай за верхавіну другой, малодшай алешыны, неяк дзіўна выкруцілася ўбок і, цярэбячы голле сяброўкі, гупнула на траву. Тады ўжо, вырываючы з рук павады, шарахнуўся зусім спалоханы конь.
Да Жэнькі страх прыйшоў пазней, калі, пакрываючы зумканне апошніх асколкаў, заплакала, задыхаючыся ад жаху, маленькая дзяўчынка.
– Пойдзем, Ліда, з намі,– сказаў ён. – Не плач.
Але куды ж ісці?
Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка…
Дык і яны пайшлі туды.
Праз некалькі хвілін даронага раптам здрадзіла. Абмінаючы мокрую лагчыну, яна павярнула крута ўлева, якраз туды, адкуль найбольш блізка чуваць быў агонь. На поўдні грымела таксама. Вольным пакуль што заставаўся толькі ўсход. А на ўсходзе, абыякава да гэтай жменькі людзей, распасцерлася парослае хмызняком балота.
– З канём сюдой не пройдзеш, – сказаў Серада.
Ён рассядлаў каня, сядло на ўсякі выпадак закінуў у кусты, пасля, нібы дома, на грачаніцкім выгане, зняў і аброць. Тады нават хлёстка, як гаспадар, закончыўшы сяўбу, сцебануў каня аброццю па хвасце і, ледзь што но весела, крыкнуў:
– Эн, Сівы!.. Усё, па вайне!..
Недарэчная думка аб тым, што за імі загінула ўсё, была вось гэтак выказана ўпершыню.
Відаць, для таго, каб яшчэ больш апраўдаць яе, Серада працягнуў да сяброў руку з акрываўленым пальцам.
– Перавяяшце каторы, – сказаў ён.
Жэнька здзіўлена паглядзеў на яго, памаўчаў, а потым левай, здаровай рукой выняў з кішэні хусцінку.
– Вазьмі. Яна яшчэ трохі чыстая.