Текст книги "Ад сяўбы да жніва"
Автор книги: Янка Брыль
сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 43 страниц)
Жэня ішла па сцежцы з пустымі рукамі, рэзгіны пакінуўшы ў гумне – для большай, як ёй здалося, асцярогі ад ліхога вока. Ішла, і ў душы яе варочаўся з месца на месца вялізны свет, у якім нішто ды ніяк не магло спыніцца, супакоіцца… Тут было і тое, іпто яна нечакана ўбачыла, і што ўспомніла, і што адчувала – і жах, і жаль, і крыўда!..
За думкай, што яны хаваюць партызана, сам паказаўся выскалены ў рогаце Тхорыкаў рот, і ў руках нелюдзя замест пугі была ўся ў крыві – шабля… Усе… Усе!.. I Любачка!.. Божа мой, тут разарвацца мала ад жалю і жаху!..
А потым з'явілася думка другая: не, не адны яны памагаюць такім, што пайшлі супроць нелюдзяў! Вось і валёнкі хтосьці даў… Дый не адзін жа ён такі, што ўжо і немцаў запыняе на дарогах, і паліцаяў трымае ў страху.
I ўсе ж яны па людзях хаваюцца, і нашы хлопцы з імі ходзяць…
Няхай, скажам, Шурка хавае яго, ён мужчына, а то ж і свякроў. I яна, відаць, нешта думае, калі не баіцца…
Тхорык з'явіўся перад вачыма зноў – ужо без шаблі, а з пугай… Няўжо ж усім такое трэба перамоўчваць? «А твой?..» – успомніла пра Шурку. Не, ён змаўчаў – цяпер ёй ясна, – каб вывесці іх, паліцаяў, з двара. А ён ім яшчэ не даруе!..
Загула, запыліла ў памяці тая палутарка… Хіхікнуў, усім пакуль што задаволены, Несын…
«Бо няўжо ж і нам быць з такімі заадно?.. Няўжо і табе было б не страшна, мамачка, як і ёй, маёй свякрові?.. Няўжо адна ты, Жэнька, такая палахлівая?.. Ой, не!..»
Яна ішла, звычайная наша вясковая маладзіца, па сцежцы, якую можна было б у той дзень убачыць на кожным гародзе, з хлява ды ў гумно, ішла, і нікому не відно было, што рабілася ў яіпчэ адной душы, бязлітасна ўдаранай жыццём.
Суровая, горкая, страшная, як ніколі дагэтуль і не бывала, да болю радасная, гордая сталасць сыхо-дзіла на душу маладзенькай маці. I разам з тым яна была яшчэ ў вялікім чалавечым утрапенні. Жэнька баялася, жудасна баялася нават думкі пра тое, да чаго ўсё гэта мояса іх давесці. Але яна ўжо ведала, што ўсё роўна будзе разам з мужам і свякроўю, разам з усімі добрымі людзьмі. I ўжо ёй крыўдна было, што і ён, яе Шурка, і маці – абое хаваліся ад яе, як ад малое ці, яшчэ горш, як ад чужое… Самім бы ім паспытаць, як гэта крыўдна!.. Але ж не, яна ім не скажа, што ўжо ведае ўсё! Не скажа, і выгляду нават не падасць. Няхай сабе шэпчуцца, няхай сабе думаюць, што яна. Ён, ён – асабліва той, што «любіць яе больш за ўвесь свет», што «толькі з ёю хоча дружыць»!..
I тут уся яе крыўда і злосць – ці то па-жаночы толькі, ці і па-дзіцячы яшчэ – пачала набліжацца на вочы слязою. Яна не шіакала, не. Але ж хапіла б, здаецца, каб хто-небудзь з іх, муж ці свякроў, сустрэў яе, дакрануўся да яе не то што словам, а нават позіркам – і сэрца Жэньчына не стрывала б…
Ніхто, аднак, не сустрэў яе ні на сцежцы, ні на двары. I яна вярталася ў хату з адною думкай: «Няхай жа свякроў, калі гэтак, не ведае, што я хадзіла ў гумно, што я хацела даць карове… I з ім, з Шуркам, таксама паглядзім…»
Старая і Любачка спалі.
Жэня распранулася і, пакуль зноў сесці на прасніцу, стала каля грубкі.
Смяюцца толькі з Лустача, падумала, што п'яніца, а грубку ён зрабіў ім добрую. Паўкоўшыка торфу – і вось яшчэ з учарашняга цёплая. Добранька так пастаяць, залажыўшы рукі, грэючыся ўся – і целам, як той казаў, і душою. Хоць замурлыч вазьмі, як кошка на комінку…
Маладзіца, відаць, усміхнулася б нават, каб не тое, што ёй вось толькі што, за парогам, хацелася плакаць. Нават і губу прыкусвала, пакуль распранулася ў кухні, і, ужо стоячы каля грубкі, вочы заплюшчвала, каб супакоіцца.
Яшчэ больш па-ранейшаму ціхім ды любым, звычайным – амаль як у тую зіму да вайны – здалося ёй усё на нейкі момант, калі на печы старая заварушылася, асцярожна кашлянула і села.
– Ах, мая долечка! – сказала яна. – Знайшла хіба свята!.. А карове – каторая пара – не давана… Жэнька!
– Ну!
– Карове не давала?
– Не.
Больш, відаць, маладзіца не змагла б сказаць. Але ўжо ад дотыку чужога слова да яе душы – не заплакала. Проста ўзяла ды села прасці.
– I добра, дзеткі, што не давала… Пайду я, ткаля, сама ёй дам. А ты глядзі—малая ўстане ды цыцкі папросіць…
«Гавары, гавары сабе, хітранькая, – думала ня вестка. – Лічыце сабе, і ты, і ён…»
Яна зноў прыкусіла губу, перастала нават і думаць. Не, яна не заплача, на злосць!..
Пакуль старая тупала ў кухні, ужо з дарэмнай, нават смешнай для Жэні асцярогай дастаючы з печы гаршчок, адліваючы капусты ў гаршчочак, укручваю-чы яго, лусту хлеба і лыжку ў тую дзяружку – больш ад чужога вока, чым дзеля таго, каб не астыла яда, – пакуль яна апранула кажушок, прачнулася Любачка.
А пакуль старая ішла па двары ды па сцежцы, пакуль яна корпалася ў гумне, прычыніўшы за сабою дзверы (таксама нібы незнарок!), малая паспела і нацешыцца ля маміных грудзей, і папрасіцца на лаву, глядзець у акно.
I вось – па сцежцы на першым снезе ідзе яна, суровая і ўжо нямоглая Іваніха, ідзе, накульгвае, нясе дзяругу сена і стараецца, каб нават і не паду-маў хто-небудзь, што ёй цяжка…
I няўжо ж ты, дурная Жэнька, думаеш, што гэта так сабе, а не ад жаласці да цябе яна вось так горбіцца – нясе яе, сваю мацярынскую таямніцу?..
Свякроў ідзе, а нявестка з малою глядзіць у акно.
Дзяўчынка ў ніцяных лапціках стаіць на лаве і, перавешвагочыся цераз маміну руку, час ад часу ўпіраецца лобікам у халаднаватую шыбу. I ўсё гудзе штосьці сваё, па-ранейшаму весела і заклапочана.
А мама слухае, як пад рукой яе квола тукае маленькае сэрца, і маме хочацца ёй сказаць: «А вунь дзе, бачыш, як яна, баба, ідзе?» I песня, просценькая, цёпленькая песня «са свае галавы», просіцца на язык. Там былі б словы пра белую сцежку, пра сонца і залаты каласок, за які пасварыліся два вераб'і, пра малую блакітнавокую Любачку, якую любяць усе – і мама, і тата, і наша бабуля…
Ды слоў не будзе, ніякіх, бо Жэня баіцца, што як толькі яна акажацца, дык і не вытрывае больш.
1961
«НЕ ХАЧУ І ГЛЯДЗЕЦЬ…»
Да гэтай тэмы цяжка знайсці падыход, цяжка падняць i перадаць другім той жах i боль ад неймавернай нізасці, да якое даходзіць – i гэта найстрашнейшае – звычайны чалавек…
Сядзеў на працэсе над былымі карнікамі, тымі з нашых людзей, што ў пачатку вайны папераходзілі на службу да фашыстаў. Сядзеў я ў першым радзе, з самага краю ад загародкі для пад судных. Глядзеў у іхнія твары з адлегласці трох-чатырох метраў. Калі адзін з ix, стоячы за трыбунай, сведчыў супраць другіх, мне было відно, як пад яго старым пінжаком дрыжэлі са страху худыя лапаткі. Углядаючыся ў твары, я асабліва здзіўляўся з румянага, лысаватага, паўнаватага спакойнай сытасцю мужчыны, найбольш як быццам прыстойнага ды пачцівага на выгляд. Пятнаццаць год пасля вайны ён прадаваў недзе на Паволжы настаўнікам пачатковай школы, тысячы дзён, мільёны мінут углядаўся ў дзіцячыя вочы за партамі i не выбухнуў, не разарваўся ад успамінаў пра тых дзяцей, якіх забіваў – днём i ноччу, улетку i зімой, пра лямант ix матак, таксама перадсмяротны!..
Той, у якога дрыжэлі лапаткі, сведчыў пакуль што свабодны, яго адкапалі найпазней, дзесьці ў нетрах Палтаўшчыны. Як ён ні намагаўся выгарадзіць сябе і, для сябе ж, прыглушыць віну свае кампаніі, ён, аднак, сведчыў супраць тых, за перагародкай. А яны агрызаліся. І вось, калі ў гэтай, агіднай па-звярынаму грызні, абмежаванай толькі страхам i асцярожнасцю, пачулася адзін раз хлёсткая рэпліка – мне стала страшна…
Страшна i горка ад таго, што сёння, восенню шэсцьдзесят першага года, у перапоўненым клубе многія з тых, што прыйшлі сюды па запрашальных білетах, – раптам весела запляскалі ў далоні…
Чаго тут больш – ідыятызму ці бяздумнасці?
Вось дзе старонкі жаху, што не маюць права адысці ў нябыт, словы тых, што цудам выжылі:
– Немцы нейкія, ці, ліха ix душу ведае, хто яны, укінулі мяне ў агонь, калі хата гарэла. Засланіла я твар рукамі i перабегла…
Гаворыць гэта ўжо старая сёння жанчына, з тварам, абпаленым у тым агні.
– Дзеці малыя цалавалі гэтым немцам ці паліцаям ногі: «Дзядзечка, татачка, не страляйце мяне!» А яны стралялі.
На прапанову старшыні суда – паглядзець на пад судных: можа, каторы ёй прыпомніцца, жанчына не павярнула нават у той бок галавы:
– Хай яны на свет не глядзяць! Не хачу я на ix i глядзець!..
На трыбуне другая жанчына.
– Усе мы ляжым, пастраляныя, а я – жывая – ляжу з усімі i чую ўсё. Хлопчык мой з-паміж трупаў устаў ды гукае: «Мамка, ідзі, ужо немцы пайшлі!..» Яны яго адтуль, дзе ўжо былі адышліся, застрэлілі з аўтамата… Устала я пасля, дзетак сваіх пазбірала на дзяругу, параўнялароўненька, абцерла кроў… Потым ужо, калі нашы прыйшлі, напісаў мне мой чалавек: «Ці жывыя вы там?» А я яму напісала пра ўсё: «Ці патрэбна я табе цяпер – адна ды такая?» А ён піша: «Я яшчэ i не такое бачыў. Я i сам інвалід, без нагі». Вярнуўся ён, i дзетак трое мы нажылі…
У зале воплескі.
Падбадзёраная гэтым, цётка павярнулася да тых, што за сталом – вяршыцеляў народнай справядлівасці:
– Вот, можа, таварышы дарагія, помач якую далі б на дзяцей… Самі ж ведаеце, як яно ў калхозе…
У зале тое, што ў стэнаграмах ды ў справаздачах называецца ажыўленнем.
Цётку пацешыў пракурор:
– Ідзіце, жывіце здаровы. Усё будзе добра.
Цётка пайшла ад трыбуны.
Ёй абяцалі i ад нашага імя.
1961
НАКІД ПАРТРЭТА
Школьніцай Ганя насіла пошту. З сельсавета, дзе была іх сямігодка, у родную вёску, за шэсць з палавінаю кіламетраў. Пісьмы, газеты, павесткі – часамі поўная торба. I ў мароз, і ў разводдзе – то адубелая наскрозь, то мокрая па калені.
Дома была яна гаспадыняй ледзь не з сямі гадоў: маці памерла, а бацька другі раз не ажаніўся. З-за яе і малодшай сястрычкі, каб не прывесці ў хату мачыху. Ганя пачула пра гэта рана, зразумела – таксама хутка.
Жыць было цяжка, вучыцца не вельмі лягчэй, аднак школу яна закончыла амаль з аднымі пяцёркамі.
Не быўшы ні разу ў сваім раённым палескім мястэчку, дзяўчына паехала адразу ў Мінск, дзе паступіла ў медыцынскі тэхнікум.
На пятнаццатым годзе была яна высокая, худзенькая і сарамлівая – аж занадта. Хадзіла ў брызентавых тапачках, у бумазеевай кофце і ў спадніцы, унізе абшытай істужкамі, а ў запасе была ў яе яшчэ адна даматканая кашуля, цётчынай работы, і ватоўка. Жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Стыпепдыі плацілі семдзесят рублёў, з чаго яна кожны месяц адну-дзве, а то і тры дзесяткі пасылала дахаты.
На другім курсе палепшала: знайшла работу, днём вучылася, увечары дзяжурыла ў вайсковай бальніцы пры тэлефоне; там і кармілі яе, і прыадзелася трохі. Але не змянілася Ганя, – памятала і тое, што трэба было памятаць пра самую сябе, і пра бацьку, і пра сястру ў далёкай, роднай і няшчодрай хаце.
Калі пачалася вайна – хто б мог падумаць пра гэта! – ціхая, непрыкметная студэнтачка… усцешылася ў душы, што вось і настаў ён, нарэшце, час подзвігаў. Аднак горад зусім нечакана, незразумела хутка занялі фашысты. А яна, таксама нечакана, пачала неўзабаве працаваць прыбіральшчыцай у адной з трох у горадзе клінік – якраз у той, дзе лячылі параненых немцаў.
I пачала рыхтавацца да подзвігу. Адна, без дружбы і кіраўніцтва. У сваю прахадную каморку ў мяшчанскім драўляным асабняку на ўскраіне, у свой, зроблены татам, куфэрачак яна насіла медыкаменты, якія – у парадку барацьбы – крала ў ворагаў. Знайшла гранату, чатыры абоймы патронаў… Каб перайсці з усім гэтым туды, да партызан. I не вельмі хавалася ад гаспадыні: свае ж людзі, савецкія!..
Арыштавалі Ганю напрадвесні.
У гестапа яна як сказала спачатку, што ўсё рабіла адна, так і стаяла на гэтым. Яе катавалі, як многіх з іх перапоўненай камеры, а пасля, разам з многімі, павезлі на расстрэл.
Але, у выніку гаспадарчых меркаванняў, не расстралялі разам са старымі ды нямоглымі, а ў групе маладых адправілі ў Нямеччыну.
Тысяча дзён яе вясны прайшла ў канцлагеры, з рыдлёўкай і кіркай, у голадзе, холадзе, нялюдскіх здзеках, у штогадзінным чаканні смерці…
Улетку першага мірнага года Ганя вярнулася ў разбураны Мінск. Яна не помсціла той, гаспадыні, нават і не шукала яе. I ўжо не марыла пра подзвігі. Час быў такі, што пра пакуты ў няволі – лепш было памаўчаць. Нават пра дзёрзкія спробы ўцякаць, нават пра мужнасць тых, што і на самым дне фашысцкага пекла – перад сабой і для другіх – былі і заставаліся сапраўднымі людзьмі. I яна маўчала, – не таму толькі, што ўсё ж такі баялася той блізарука-цьмянай, зацапанай усёмагутна-бруднымі пальцамі лупы, якая не сыходзіла з акупацыйных ды замежных старонак яе біяграфіі,– маўчала Ганя больш па той прычыне, што не было, на думку яе, чым хваліцца… Хоць і ў мінскай турме, і ў цэлы тыдзень забітым таварным вагоне, і за лагерным дротам імя яе вымаўлялася многімі з нейкай палёгкай у сэрцы. Пайшлі гады, яна стала студэнткай медінстытута, пасля – урачом…
Мусіць, я мала ведаю пра яе, каб пісаць?
Можа, я мала ліоблю цябе, мілы наш чалавек?
Ды і не мне, мусіць, пісаць яе партрэт…
Ну што ж, запісваю, што бачыў сам, адзін, чаго ніхто за мяне не запіша. Няхай гэта будзе пакуль што… ну, проста першы накід да яе партрэта.
…Румяная дваццацігадовая рагатушка, праводзячы госцю, пазнавата і нявопытна саскочыла з вагоннай паднолскі. Вагон быў апошні, яна засталася жывая, толькі без ног і правай рукі.
Гэта страшна наогул, асабліва ж – калі яно здараецца з малым або з жанчынай.
I многа сілы патрэбна, каб пацяшаць такога пакутніка, паднімаць яго з самага краю магілы пе толькі па абавязку прафесіі.
Ганя, цяпер ужо доктар і Ганна Пятроўна, умее рабіць гэта наўздзіў нястомна і натуральна. Белы колер халата і шапачкі – колер пяшчоты, палёгкі, надзеі – вельмі ж неяк ідзе да яе вялікіх, чорных, часамі лішне сумных вачэй, да яе прастадушна шырокай усмешкі, да слоў – такіх сардэчных і такіх звычайных, нават казённых у вуснах каго-небудзь іншага:
«Ну, як лса мы, хворая, сёння?..»
Казалі, што Ганна Пятроўна – да ўсіх уважлівая ласкавая – найбольш усё ж такі прысядала каля ложка няшчаснай дзяўчыны і гаварыла з ёю найцішэй…
Ведаю я гэта – як хворы з суседняй, мужчынскай палаты.
Як хворы… А як мужчына, як чалавек і старэйшы таварыш я часта думаў пра яшчэ адну таямнічую недарэчнасць жыцця: ну, дзе ён ходзіць і што ён мару-дзіць – той, каму трэба было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай?..
У палаце было нас дванаццаць. Нават больш, бо за месяц, пакуль я хварэў, людзі мяняліся, палата прапус ціла іх звыш дваццаці. Усе мы часта і, вядома, добра гаварылі пра Ганю. Ды я адчуваў, што ўсё гэта – далёка не тое… Не тымі, шэрымі былі і нашы, бясспрэчна шчырыя, падрыхтаваныя загадзя словы падзякі, якія мы гаварылі ёй пры выпадку кожны па-свойму.
I таму я, ужо выпісаны, ідучыдахаты, з асаблівым, шмат маладзейшым за мяне хваляваннем пастукаў у дзверы яе кабінета.
Ганя была адна, і я захваляваўся яшчэ больш… Здавалася – тут і скажу ёй штосьці сапраўднае, штосьці ад тых маіх думак…
– Вось бачыце, Павел Міхайлавіч, як ўсё добра? Як я рада за вас! – гаварыла яна, падаючы мне сваю вузкую моцную руку. I звычайныя словы яе былі, як заўсёды, сагрэты шчырасцю чорных, вялікіх вачэй і шырокай усмешкі.
Я ўжо гатовы быў пачаць… Ну, з самых простых слоў, як і яна, ды тут пачуўся стук у дзверы.
– Прашу!
Яны адчыніліся. Іх адчьгаіла цётка Лена, пажы лая нянька; па-свойму ціха і спрытна прапусціла на-перад каляску, сама адступіўшы за дзверы, на калідор.
На калясцы – адна, левай рукою калываючы рычажок – у кабінет уехала тая румяпая зноў, зноў рагатушка… без ног і правай рукі.
У бальніцу мяне прывезлі месяцы два ці больш пасля яе. Тады ўжо – бо і нашы і іхнія дзверы былі адчьгаены на калідор – мы часта чулі яе вясёлы, звонкі голас і сакавіты, здаецца, нават румяны смех. Гэтыя голас і смех прымалі самы звычайны, па-маладому бесклапотны ўдзел у дзявочых, не вельмі глыбокіх размовах. I гэта яшчэ больш, да немай і глыбокай жудасці падкрэслівала ўсю яе трагедыю.
– Ганна Пятроўна, добры вам дзянёк! – звонка прывіталася дляўчына. – Я на хвіліначку да вас. Каб толькі развітацца… і сказаць…
Левай рукою, яшчэ ўсё не вельмі спрытна, яна схапіла і сціснула правую Ганіну далонь – вузкую, моцную і бязлітасна добрую руку хірурга, вышэй, пад беллю халата памечаную пяцізначным лагерным ну-марам. I ў той жа момант, і для самой сябе, відаць, нечакана прыпала да рукі губамі і слязьмі…
Тут была цэлая бездань маладога, няўцешнага гора; тут было шмат, адразу вельмі шмат пачуццяў – тых, з якімі адгэтуль выходзілі многія…
Усё – не так!.. Тут было тое, што я ўбачыў на вяку сваім унершышо… У нашым свеце так цалуюць толькі рукі маці.
Уражаная Ганя – наша высокая, строгая Ганна Пятроўна – прысела, прыкленчыла побач з каляскай і парывіста абняла рагатушку.
У гэты момант я якраз адварочваўся да акна.
– Галубка… любая… Доктар!.. Вы мне вярнулі жыццё… Каб не вы…
– Ну, не трэба… Ну, ціха… Ну, вось і не трэба… Потым зашамацелі шыны каляскі. Гэта – амаль нячутна. Затое ў дзвярах каляска стукнула залінгае моцна. Зачыніліся, нібы ўздыхнуўшы, дзверы. Ганя лёгка зайшла за свой стол і прысела на крэсле.
А я не мог адразу адарвацца ад акна. Хоць за ім была проста восень, трохі дрэваў з апошнім лісцём і нізенькі зялёны плот, за якім – проста вуліца…
1961
ПАД ГОМАН ВОГНІШЧА
ЗВАНОЧКІ
Спачатку бывае разлука, сяды-тады намёкі ў пісьмах, асабліва бліжэй да вясны, ну, а потым нарэшце сустрэча. Вельмі грунтоўны, урачысты прагляд і ўсебаковае абмеркаванне блёснаў, жылак, кручкоў; нарыхтоўка прадуктаў і неабходных для юшкі спецыяў; перааблачэнне ў вопратку, што зробіць нас значна бліжэйшымі да прыроды… I вось – выходзім. З цэлымі калчанамі рознакаліберных, складных вудзільнаў, навярблюджаныя рукзакамі, з выгляду вельмі сур'ёзныя, нават важныя і заўсёды, вядома, з салодкай, амаль дзіцячай надзеяй у сэрцы…
Было ў маёй вёсцы калісьці такое, што самы, здаецца, неадпаведны для гэтай справы чалавек, падсухі і злосны бацька вялікай, беднай і працавітай сям'і, зусім нечакана, наўздзіў суседзям захапіўся вудамі. Хоць бы ўжо, на добры лад, шчупацкімі, а то возьме, як блазен, два дубцы, баначку чарвякоў, некалькі вараных бульбін ці лусту нячэрствага хлеба і – загуменнай дарогай – пашпарыў да рэчкі. Рыбы тае, вядома, мала хто бачыў, а вось як ён, дзядзька Ры-гор, апраўдваўся – старэйшыя памятаюць і сёння. Нават не толькі старэйшыя, але і ўсе рыбакі нашай вёскі гадоў ужо з трыццаць пацяшаюцца пры няўдачы:
– Не інцярэсна, як злапаеш, інцярэсна, як бяроцца!..
Так пацяшаюць сябе, зразумела, у канцы рыбалкі. Ну, а спачатку…
Ды, зрэшты, бліжэй да справы.
Пагодлівым чэрвеньскім адвячоркам, на старым рэйсавым кацеры «Партызан», прайшлі мы кіламетраў з трыццаць па Бярозе, уверх ад Бабруйска, і ка пітаны высадзілі нас на дзікім беразе – па нашай просьбе.
Тут яно, як казаў у дарозе Андрэй, і пачнецца.
Аднак сцямнела нам і напуста і вельмі хутка. Не толькі не злавіўшы нічога, але і не наляпаўшыся ў ахвоту блясной, мы ўспомнілі пра начлег. Усё – наперадзе!.. Пайшлі па росным лузе ў недалёкі лес. Неўзабаве весела гарэў сушняк, сквірчала і капала на ражончыках сала, была чарка і добрая гутарка, на ўзводзе той мужчынскай шчырасці, што бывае нячаста, хутчэй за ўсё – пад натхненнем… Потым Андрэй мой захроп, а я пачаў дзяжурыць.
Над лесам – поўны, таямнічы месяц. Смейцеся, калі смешна, а мне заўсёды хочацца спяваць, калі гляджу на месяц у самоце – я і ён… Цяпер я нават сігналю яму агнём. I вогнішча маё трашчыць жывым сасновым трэскам. Падкінеш галіну, другую, полымя нападзе на ігліцу, і шум ягонай прагнасці адразу нагадвае грукат далёкага грому. За цэнтрам свету – за вогнішчам – чуваць навокал іншыя гукі жыцця. На дальніх подступах бездапаможна ныюць камары – амаль што не чутно. Аднастайна, па-графаманску назойліва торгае драч. Самаздаволена, перакормлена крэкчуць жабы. Звечара за ракою даволі доўга чуваць было натужлівае, з перапынкамі, рохканне аўтамабільнага матора: грузавік змагаўся недзе з гразкаю лагчынай. Пасля, апоўначы, па рацэ прайшоў апошні параход, нястомна, мерна працуючы пліцамі, над самым берагам ведучы вясёлы пункцір аконных агеньчыкаў, якім таксама не спіцца…
Не спалася мне, прызнацца, трохі і ад таго, што я неяк дзіўна, бескантрольна пабойваўся, што і лес, чаго добрага, можа загарэцца, калі пакінуць вогнішча адно, што і надысці хто-небудзь можа на сонных ды насмяяцца… А больш дык не спаў я таму, што думаў.
Не глыбока. Я і наогул не ведаю, калі гэта іменна думкі бываюць глыбокія. Проста ўспаміналася тое самае не ўпершыню. Як гэта некаторыя кажуць: «Давай пагуляем у карты або хоць да Алеся сходзім, пабалакаем – усё час пройдзе хутчэй…» Ая вось канчаю чацвёрты дзесятак і ўсё адчуваю, што час ідзе, што ён бяжыць бязлітасна хутка. I страшнавата ўжо бывас, і шкада, што ўбачана і зроблена так мала!.. I хочацца спяваць пад ціхім, чыстым небам, у самоце. Хутчэй за ўсё – тую простую і глыбокую, як і само жыццё, песню пра адзіноту на крамяністым шляху…
На Бярозу пайшлі мы, вядома, да сонца.
Над лесам – той самы месяц, толькі збялелы, Па роснай траве, ад лесу – цёмная сцежка нашага следу. Барвяны вялізны круг сонца за дрэвамі. Прыгожая, ласкавая – і верыцца, што пе скупая, – рэчка…
Ды тут, як кажуць, жьшдё ўнесла папраўку ў наш паэтычны, амаль малітоўны настрой. Дзікую, вар варскую папраўку! Чортведама адкуль узяўшыся, спачатку пачулася тахканне матора, а потым глухія падводныя выбухі. Які там спінінг цяпер і які там настрой!.. Калі яны, гады, – шэсць чалавек на службовым кацеры з цынічнай тут назвай «Прагрэс», – параўняліся з намі, мы пачалі гаворку… Ды што ж, у нас было адно толькі снравядлівае грамадзянскае абурэнне, а ў браканьераў – грубая сіла, сучасная тэхніка і поўная, вызваленая ад усякіх там маральных тонкасцей, недасягальнасць на шырокай, глыбокай вадзе. Гыркануўшы нам напаследак штосьці накшталт «вось стаіце, дык стойце!», яны тут жа, за паваротам, вухнулі новы зарад. I далей… I зноў… Хочаш цяпер – ідзі ўгору, хочаш – уніз па плыні: шчасце будзе адно.
Так мы і прахадзілі да паўдня, злавіўшы на двух адну рыбіну.
Юшка, аднак, была. Гарэла сапраўднае вогнішча, на гаку, ствараючы ўражанне ўдачы, пахла смажанай цыбуляй, гарачым салам і, калі добра прынюхацца, нават і рыбай. У салдацкім Андрэевым кацялку, адзін на прасторы, то ныраў, то ўсплываў у кіпені, разам з кавалкамі бульбы, бяльмасты акунёк. У адчаі і смутку мы дапілі сваю «Белавежскую горкую», павесялеўшы, – пакупаліся, і я заснуў. Пад дубам, на густой, халаднаватай і духмянай аўчыне мурагу.
I сніўся мне, – нібы за думкі начныя і сумную раніцу, – радасны сон.
Вось я – той самы, што быў у дваццаць год. Учора забраў з сенажаці апошняе сепа, вечарам здорава пакупаўся, спаў на сене, але не заспаў, хоць і нядзеля. Бо я ўставаў пісаць, і, божа мой, як мне пісалася ўсю раніцу, якое гэта будзе добрае – ад самай залатой зямлі да самых белых воблакаў – апавяданне!..
Спёка стаіць над епелым жытам, над пакошамі паплавоў, над палосамі цёмна-зялёнай, папярэшчанай белымі кветкамі бульбы. А я, па гладкай сцежцы ў трыпутніку, еду на ціхім, гонкім веласіпедзе і ўжо цалую, заплюшчыўшы вочы, у думках цалую гарачыя губы маёй нядаўна знойдзенай, ні з кім, ні з чым не параўнанай радасці. I ўсё навокал – маё, і ўсё яшчэ наперадзе, і я зраблю так многа добрага, цудоўнага – о, я зраблю напэўна!..
I хоць нікога навокал няма, хоць ніхто не ідзе, не стаіць на маёй дарожцы, я націскаю на лапку бліскучага званка, і ён, як жаваранак, прачнуўшыся, сярэбрана цвірынькае ў спакойным, каласістым жыце. Яшчэ, і яшчэ, I яшчэ раз!.. I ўжо іх многа, такіх званочкаў навокал, нібыта нават яны лілова-сінія і пахнуць, як у казцы. I ўсё звіняць, шчасліва і настойліва звіняць!..
I я нарэшце расплюшчваю вочы.
Паварочваюся на спіну, гляджу на дубовае шэрае голле, у нерухомы лісцяны гушчар. Успамінаю, як маці мяне, яшчэ маладзейшага, чым у сне, пасылала на суседскі двор – папрасіць ды наабломваць з іхняга дуба лісту ў агуркі. Саліць іх будзем, дык трэба, каб былі аж да вясны крамяныя. Успамінаю Гогаля. Такога іменна, якім я жыў у тыя дні: з бясконцым, невычэршіым і, як спелыя яблыкі, сакавіта-смачным смехам.
«Прекрасные жита по дороге! восхитительные!.. Странно, что перепела до сих пор нейдут под дудочку…»
А потым успамінаецца і тое ў Гогаля, чаго я калісьці не мог зразумець так глыбока, так горка, як сёння, з дыстанцыі часу.
«О моя юность! О моя свежесть!..» – з уздыхам шапчу я, і словы гэтыя да самай глыбіні душы становяцца, як ніколі раней, маімі.
Ды што гэта – я ўжо не сплю, а званочкі яшчэ ўсё звіняць?
Саджуся. Заўважаю, што побач са мною спіць Андрэй; паходныя нашы манаткі ў поўным развале ляжаць на траве; сонца добра схіліла з паўдня; вогнішча на пяску даўно, відаць, асела попелам, а побач з ім – нямыты кацялок і костачкі ад марнага, па-брацку падзеленага ўлову…
Няхай жыве тым часам проза! Андрэй са смакам пахрапвае, лежачы на спіне. Кляплю яго па жываце і, разбудзіўшы, гавару:
– IIу што, «не інцярэсна, як злапаеш»? Уставай, брат, паслухай. I што за музыка! Андэрсенаўшчына наяве.
Мы закурваем, седзячы на траве, і смак духмянага, церпкага дыму вяртае нас яшчэ больш да сапраўднасці.
А яны ўсё звіняць!..
Ужо не толькі я, а і Андрэй іх чуе.
– Паіішлі на ўзгорак, – кажа ён. – Паглядзім. Узыходзім, і тут нам становіцца яснай уся тая музыка.
На цэлым табуне разнамасных конеіі, хто проста верхам, хто бокам, а хто і на мяшэчку з сенам – шырокім фронтам – едуць, едуць, едуць цыганы. Адны мужчыны. Кожны ў ботах, хоць сам усё роўна не паголены. А ў кожнага каня – пад шыяю званок…
Дык што ж гэта, калі падумаць, за праява?
Тут табе хутка сорак год пасля перамогі пралетарскай рэвалюцыі, тут табе навокал – «хоть трн года скачн» – калгасна-індустрыяльны сацыялізм, «хто не працуе – той не есць», а яны, лайдакі скалазубыя, нібы пазіруюць для самай шырокаэкраннай, самай каляровай і эпічнай кінакарціны з мінулага. На ўласных конях, добра-такі незаконна адпасвеных, топчуць сабе незаконна ды ў белы дзень грамадскую сенажаць і – хоць бы што! Чарнамазыя, барадатыя і безбародыя, кучаравыя і ў кепках, дай божа – кавалі, а то дык канакрады, карцёлснікі ці проста так сабе, свабодныя мастакі на ўтрыманні сваіх языкаста-рукастых варажбітак. Едуць вось, бесклапотна смяюцца і хмельна гамоняць. Сытыя коні то нагінаюцца раз-пораз да высокай травы, то туляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін на аднаго, то проста ідуць кудысьці, рупліва, нават весела ідуць… I небывала, можа, зусім небывала ў гэтых мясцінах таленькаюць, шчасліва перазвоньваюцца, гутараць маленькія званочкі…
– Коней, мусіць, паіць, – азваўся нарэшце Андрэй. – Там жа вунь брод за вербамі.
Ен нечакана засмяяўся.
– Ты чаго?
– Ходзяць немцы і абіваюць бераг лесу.
– Ну?
– А гэта, брат, у блакаду… Немцы і іх, цыганоў, ганялі па пушчы. Хацелі вынішчыць, нібыта – як партызанскіх памочнікаў. Мы тады неяк на «жалезку» прабіраліся, выкручваліся ад карнікаў, і напаткалі цэлы цыганскі табар. «Адкуль ідзяце?» – «З-пад Рудні», – кажа самы аброслы бэчка[19]19
Бэчка – бацька ў цыганскім вымаўленні.
[Закрыть], важак. «А што там чуваць?» – «Ходзяць немцы і абіваюць бераг лесу». I стаў гэты выраз у нашым атрадзе крылатым. Не прынясе, скажам, разведка талковых звестак, так і смяюцца з яе: «Што, абіваюць немцы бераг лесу?..» I тол мы з тых дзён называлі цыганскім мылам.
– Чаму?
– Дьміеяк яны былі да нас прыбіліся зноў. Абадраныя, галодныя – адно страхоцце! Барыс наш якраз баранчыка разбіраў, дык цыганяты накінуліся на трыбухі, давай ірваць рукамі ды глытаць. А рукі тыя, відаць, ад роду нямытыя. Барыс даў ім мяса. Кінуць кавалак у агонь ды, доўга не чакаючы, хапаюць – проста рукамі з прысаку – у рот!.. Накармілі мы іх і з сабою далі. А самі паехалі, здаецца, гарнізон у Тарычы граміць. Дык яны ў наш лагер падкраліся – там быў адзін вартавы, разявака, – ды ўсё пакралі. I тол. Бо думалі, што гэта мыла. Памочнікі! Недараслі яны, каб памагаць. Наогул, брат, каню цыганскаму пад хвост такая вольніца!..
– Ну, а цяпер – куды яны цяпер? Дзеля чаго ім гэты звон?..
Крыху пазней, ад сустрэчнага чалавека, мы даведаліся, што недалёка адгэтуль, на ўзлессі, другі ўжо дзень шумела цыганскае вяселле. I гэта мужчыны-вясельнікі проста ехалі да ракі.
Аднак і ад гэтага тлумачэння, і ад цвярозай Андрэевай праўды справа не стала звычайнай.
Вось ужо колькі гадоў мінула, і цыганы ўжо ні быта не валочацца, зноў прывыкаюць да аселага, пра-цоўнага жыцця, – а яно часамі возьме ды вернецца зноў…
Што – яно?
Ды луг у квецені, сыты табун і званочкі. Безліч маленькіх, сардэчных званочкаў!..
I такое табе (для скептыкаў – такі нават анахранізм) злагоджвае рыбацкую няўдачу.
Зрэшты, рыбак з мяне, нават і мякка кажучы, не вельмі ўдалы. Мне таксама куды больш «інцярэсна, як бяроцца». А не бярэцца, дык ёсць уражанні, думкі, сустрэчы. Іх заўсёды хапае.
I яны, калі праўду казаць, даражэй мне за ўсё. Бо ў мяне часамі нібы і зайздрасці рыбацкай няма. Вось і цяпер – магу нават прызнацца, што таго бярозаўскага акунька злавіў, вядома ж, не я…