355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Ад сяўбы да жніва » Текст книги (страница 40)
Ад сяўбы да жніва
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Ад сяўбы да жніва"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 40 (всего у книги 43 страниц)

СУМЛЕННІЦА

Новая хата, у якой мы часова жывём, чыстая i абстаўлена, як i ў многіх у гэтым пасёлку, «па-гарадскому»: з сервантам, канапай, тэлевізарам. На вялікіх вокнах – крухмальная пругкасць i снегавая бель гардзінаў, за якімі высока чырванеюць вяргіні, а далей відаць зялёнае – грады, яблыні, лес.

Туды, па чабор, пайшлі мае жанчыны, жонка з малою ўнучкай. А я сяджу, нарэшце, за сталом. Як быццам пішацца, нешта жывое пачаў… I не пачуў, як хтосьці за сцяною ўвайшоў, двойчы легка рыпнуўшы дзвярыма, з двара на ганак, а з ганка ў кухню. Пачуў я ўжо толькі го лас адтуль, жаночы:

– Ёсць тут хто ці нікога няма?

З прыкрасцю адарваўшыся ад работы, выходжу насустрач. Незнаемая цётка, хутчэй бабуля, з кошыкам яек. Вітаемся.

– Ваша хадзяйка да мяне, на мой хутар, заходзі ла. Заплаціла за чатыры дзесяткі, a толькі два ўзяла, бо якраз не было. Курачкі зноў наняслі, а яна не ідзе колькі дзён. Дык я во свежанькіх, яшчэ два дзесяткі.

Па цётцы відаць, што ёй не толькі трэба доўг аддаць, але ж i пагаварыць – i ёсць пра што, i хочацда. I праўда, не паспеў я запрасіць яе прысесці на белай табурэтцы каля кухоннага стала, накрытага вясёленькай цыратай, як цётка прысела сама i мне сказала, нібы гаспадыня:

– Сядзь, мой родны, ды паслухайце мяне.

Адразу так – i на «ты», i на «вы».

– Цяпер яно во як – вы чулі, відаць, – калі ў каго на фронце нехта загінуў, дык да пенсіі пяць рублёў дадаюць. Я ca сваім жыла за польскім часам тры гады нявенчаная. Тыя разы казалі пра мяне: «Вунь пайшла сумленніца». Мы з Іванам нейкія трохі сваякі былі, ужо далёкія, можна было павянчаць. А поп то вянчае, то не вянчае. Мы з дзедам жылі Іванавым, так! ўжо стары, што хоць запалкі ад яго хавай. Павязем таго дзеда да бацюшкі, а дзед усё лічыць i далічыцца не можа, трэцяя мы стрэча ці другая. I ўжо толькі тады… Не, перад гэтым яшчэ, як Саветы прыйшлі першы раз, улетку мы павянчаліся.

Гаворыць цётка – як сабе самой, пра сёе-тое трэба здагадвацца. I я, тутэйшы, здагадваюся. «Прыйшлі першы раз» – гэта верасень трыццаць дзевятага, другі раз – ліпень сорак чацвёртага, другое вызваленне.

Значыцца, павянчаліся.

– Дык на табе, – вядзе цётка далей, як загадзя падрыхтаваўшыся да гутаркі са мной, – цяпер тое кнігі царкоўнае ў загсе няма! Няма во, не знайшлі. Майго забілі не там, дзе на той Берлін ішлі, а збоку. Ён са шваграм Яўхімам быў, кулямётчыкі. Швагра пад вечар ранілі, сем месяцаў у госпіталі праляжаў. А мой яшчэ зранку крыкнуў яму: «Я ўжо гатоў!..» А звяшчэння я ніякага, мой родны, не палучыла. Сяджу ў таго ваянкома. Маёр такі. Харошы, відаць, чалавек. Колькі ж гэта во, кажу, пасля вайны ўжо? Трыццаць пяць гадоў, кажа ён. А божачка, кажу, я за гэты час зарабіла сабе пенсію, дваццаць восем рублёў, а ён колькі там зарабіў, мой Іван? Пяць рублёў мне прыслаў. Дый тыя я, тую дабаўку, паку ль палучаць буду, колькі яшчэ валакіты! А ён жа ў мяне во i ў грудку калісьці быў…

Тлумачэнне патрэбна зноў. «Быў у грудку» – значыцца, у гуртку стотысячнай Сялянска-работніцкай грамады. Дый потым, відаць, калі пілсудчыкі разграмілі яе, чалавек усё волі хацеў, жыцця чалавечага.

– Ён усе кнігі чытаў. I тоненькія, i таўсцейшыя. Араць паедзе, ляжа пад возам ды чытае. Або ноччу слепіцца, газоўку на акне паставіўшы. Колькі яго, мой родны, у тым пастарунку біла паліцыя! А цяпер я сказала б яму: «Во заслужыў, Іванка, – пяць рублёў. Ды яшчэ i хадзіць колькі трэба!..»

Дзве няўвязкі з гэтай дабаўкай: двух дакументаў няма. Аднаго – што не толькі яна жыла з мужам, як гаварылася ў той далёкі ўжо час «напавер», але ж i ўзаконіла потым сваю любоў, сваю дружбу вянцом. Пра такую ўзвышанасць – любоў ды дружба – яна не гаворыць. Не называв, не можа назваць i тую паперку, што так звычайна, калі яна ёсць, называецца: «Пасведчанне аб шлюбе». А тую страшную паперыну, якую цётка з фронту чамусьці не атрымала, як іншыя салдаткі, яна называв «звяшчэннем». Таксама не можа яе прад'явіць – няма i гэтага дакумента.

– Дурная баба, што вы хочаце, – з крывой усмешкай прыплачу кажа яна. Нават i торкае сябе пальцам у лоб, ужо ў баразёнках, пад белай хусцінай, завязанай «пад бараду». – Кажу во я таму суддзі: я ж у Карэлічах, колькі жыву, ні разочку раней не была. Хай сабе сорак кіламетраў, але ж аўтобусы цяпер. А тады ж, за польскім часам, толькі на возе ці пехам. Тыя разы не пра Карэлічы, а пра наш Мір, дзесяць тых кіламетраў, i то малому табе кажуць: «Чаго ты прэшся, чаго кавэнчышся на той кірмаш? Там жа, хто першы раз прыедзе, трэба, гэта ж во, пацалаваць старую, замурзаную Гнэсю, што каламазь прадае…» Кажу я так, а ён смяеццадой суддзя. Харошы, відаць, чалавек. А на дзевак тых накрычаў: «Чаго вы бабу гэтую валнуеце! Дайце ёй спраўку!» I далі, нябось. А то ж не давалі! Кожная ж хоча цяпер, каб ёй што даў, ці цукерак якіх, ці грошай сунуў…

Цётка змоўкла, як быццам сказаўшы ўсё. Здаецца, пойдзе ўжо. А яна памаўчала, сама сабе ўсміхнулася:

– Сяджу. I ты сабе думаеш: а чаго яна, гэтая баба, расселася? Там жа ж карова з ранак прыйдзе, на веснікі будзе раўці. I свінчо галоднае заскавычацца.

– А вы што – адна жывяце?

– Адна, мой родны.

Зноў памаўчала. А потым:

– Дачка ў мяне… Ужо ж i пра гэта вам раскажу. Гэта калі вайна пачалася, дык той дзіцячы дом, што быў тут у нас, дзе раней панаў маёнтак быў, увесь разбегся. Дзеткі сабе, i тыя, што ix даглядалі, сабе. А малая дзевачка адбілася ад усіх, адна хадзіла па хатах. Хто што дасць. I не просіць, а стане, беднае, i глядзіць, i маўчыць… Летам дык яно ж кожны кусцік начаваць пусціць, а пачалася восень – ніхто малую ўзяць не хоча. У каго i сваіх хапае, а хто i баіцца, каб немцы не прычапіліся. Яны ж, i самі вы, мой родны, можа, ведаеце, чапляліся да ўсяго. Hi за што ні пра што чалавека застрэляць або здароўе адбяруць. I яны, i тыя іхнія паліцаі. Мой таксама ж баяўся, можа, больш за каго. Усё праз тыя свае грудкі ды праз кнігі – што камуніст. Але ж ён будзе мне так казаць: «Як гэта – каб дзіця, ды так пакутавала!..» А я, не буду вам ілгаць, я браць чужое не хацела. Яшчэ ўсё думала, што будуць i свае. Бо колькі ж мы былі пражыўшы – толькі два гады.

А потым узялі. I ён наважыў, i я ўжо згадзілася. Стаіць бедная ўся ў лахманах, i вошы з яе капаюць… Божачка ж мой, пакуль я яе ад той нечысці, ад той каросты адмыла, адмазала!.. А такое ж, мой родны, дзіцятка было! «Папка» ды «мамка»… Усё паможа табе. Сама ніколі нічога не возьме. Маруся…

Цётка змаўкае, як не ўсё сказаўшы. То нібы ледзь не заплакала, то зноў вось усміхаецца. I я пытаюся:

– А дзе ж яна цяпер?

– Дзе, кажаце, цяпер? Дзе усе. Мая ж не горшая за ўсіх – у Мінску. Медсястрою! У той бальніцы робіць, што адразу, як з аўтобуса. Грэх, мой родны, сказаць што на яе. У каго дык i роднае не такое. Калі дома, са мною была, дык i ў хаце ўсё, i ў агародзе, i ў калхоз, калі трэба, хадзіла. Прыеду цяперака да ix, дык не ведае, дзе мяне пасадзіць, чым мяне частаваць. Целавізяр гляджу, дык яна мне талерку нясе або чай, каб я ўжо не адрывалася. I дзеткі да мяне, i Лёня, i Жаначка, i сам яе чалавек вельмі добры. Валодзя. Слесарам ён. Самастаяцельны такі, спакойны, i чарцы не жадзён, як гэта сённячы другія. Хораша жывуць.

– Вас да сябе не клічуць?

– Каб раз! Але сама я не хачу. Чаго мне там, у той скварэшні іхняй, пад саменькім небам? Ці ў вочарадзі той таўчыся? Не ведаю, можа, калі i паеду. А то ж, пакуль яшчэ трохі здаровіцца, я сама сабе пані.

– А да ўнукаў не хочацца?

– Яны ж да мяне прыязджаюць. Гэта во ўжо цяпер, як выраслі, дык Жаначка недзе ў той Крым. Студэнтка ўжо яна, дык разам з усімі, у нейкі там саўхоз. Вінаград, будзем ірваць, ды ў моры хоць накупаюся. A Лёнік на афіцэра ж вучыцца, курсант. Ён – калі пусцяць. Аж у Сібіры недзе. А як малыя былі, дык жа кожнае лецечка ў бабы. I поле тут, i лес, i па траўцы, i малако. Дый у вёску ж недалёка, i да Немана…

– А Маруся з Валодзем?

– Бываюць. Бываюць…

Памаўчала сумленніца. А тады:

– Маглі б i часцей прыязджаць. Не толькі ўлетку або раз ці два зімой. Але ж яно, мой родны, кожнаму сваё, свой клопат… Ну, я такі пайшла. Не шніце, дык я й сама. Напляла тут табе кашалёў. Бывайце здаровенькі!

1983

ЧЫТАЮЧЫ…

У жыцці – то звычайныя будні, то нейкае свята. Будняў непараўнана больш. Чалавек бывае то ў будзённым, рабочым адзенні, то зрэдку ў святочным.

Што да салдатаў, дык яны бываюць святочнымі не ў вайну. І толькі наіўна-недаросламу або даросла-недалёкаму чалавеку салдацкі шык можа здавацца выглядам заўсёдным, абавязковым. Непарадный будні вайны непрыгожыя, рэчаіснасць вайны агідна-жахлівая.

Тую вайну, што канчалася ў маім маленстве, першую сусветную, я ўяўляю па расказах і апісаннях.

Расказаў былых удзельнікаў паслухаўся я раней, чым начытацца апісанняў той вайны, мастацкіх і немастацкіх, раней, чым убачыць адлюстраванне яе ў фатаграфіях і малюнках, у дакументальным і мастацкім кіно.

З апісанняў, найпазнейшых па часе іх прачытання і наймацнейшых па нявыяўленым, падтэкставым, і выяўленым, адкрыта значным змесце кнігі двух, у ідэйным сэнсе полюсна супрацьлеглых, аўтараў. Поршы – Эрых фон Людэндорф, славуты генерал, што быў адной з наймацнейшых апораў кайзера Вільгельма, а потым яшчэ і падпоркай дэбютанта Гітлера. Другі – Яўген Віктаравіч Тарле, савецкі вучоны сусветнай вядомасці, гісторык і публіцыст з глыбокай эрудыцыяй і бліскучым літаратурным стылем. У першага аўтара – «Мои воспоминания о войне 1914–1918 гг.», у другога – «Европа в эпоху империализма. 1871–1919».

Фотасведчанні, зноў жа апошнія па часе майго з імі знаёмства, – у тагачасных часопісах, розныя па сваёй свядомай ці больш несвядомай адноснай аб'ектыўнасці. На пажаўцелых старонках – будні рускіх і саюзных салдатаў: французскіх, англійскіх, амерыканскіх, а таксама, хоць і ў меншай колькасці, салдатаў варожых: нямецкіх, аўстра-венгерскіх, турэцкіх. Тыя, каго прымушалі забіваць адны адных масава і адзін аднаго паасобку, чорнарабочыя вайны, людзі працоўных нізоў, раней ці пазней узятыя на вайну, усюды і ўсе, нягледзячы на намаганні фотакарэспандэнтаў прыгладзіць, упрыгожыць іх ненатуральны побыт, усюды і ўсе яны, дзеці розных народаў, выглядаюць па сваіх пазіцыях зусім непарадна, будзёпна, а ўсё ж не на ўсю сілу праўдзівасці рэальна.

Найбольш будзённасці ў параненых, інвалідах, палонных, – у людзей, вызваленых ад дурману дысцыпліны.

Як гэта лёгка было з кожнага будзённага салдата рабіць карыкатуру, нашым мастакам з варожых, а варожым з нашых!..

Рэальнасць іхніх цяжкасцей і пакут цяжка ўявіць, не паспытаўшы гэтага ў той ці іншай меры самому. Хіба толькі маці адчуе іх сэрцам. Згадаем міжнароднае, спрадвечнае: «І мой жа там…» Хіба толькі сапраўдны мастак, адораны сілай сардэчнага пранікнення ў глыбінную сутнасць жыцця, зможа ўявіць ці сваіх найбліжэйшых, ці самога сябе ў гразкіх, халодных, галодных, вашывых акопах, пад артагнём, пад кулямі ў чыстаполіцы, у пакутах раненняў, на подступах да смерці… І ў мастакоў слова зачаста бывае не поўнасцю тое, што трэба, каб па-сапраўднаму ўявіць жахлівую праўду вайны, далёка не кожны з іх мае права сказаць пра сябе, як у Міцкевіча: «Завуць мяне мільён, бо я за мільёны цярпець катаванні мушу». Аднак жа пра гэта трэба думаць і дбаць кожнаму з нас, бо інакш наша слова будзе і пустацветам і пустаколасам.

Нават калі вайна мае разумную мэту, калі яна справядлівая, салдату, простаму чалавеку, трэба гэта разумець. А дурная вайна? «Чаму я павінен пакутаваць, гінуць чортведама дзе і за што?!» Якое мужнасці молена тут ад яго, нявіннага, патрабаваць?..

…Людэндорф – пра турэцкі генацыд у Арменіі:

«Сваімі недаравальнымі адносінамі да армян Турцыя сама ў сябе адняла рабочыя сілы, так неабходныя ёй цяпер для пабудовы чыгунак і апрацоўкі зямлі».

Якая безгаспадарчасць! Так і ўспамінаюцца асвенцімы другой сусветнай.

Тады ўжо іншы фельдмаршал, іншы Эрых і фон – Манштэйн – гаварыў:

«У варожых гарадах значнай частцы насельніцтва даводзіцца галадаць. Не трэба, кіруючыся лжывым пачуццем гуманнасці, што-небудзь даваць ваеннапалонным або насельніцтву, калі яны не на службе нямецкага вермахта».

Толькі і розніцы, што гуманныя пачуцці Людэндорф называў фальшывымі, а Манштэйн ілжывымі.

Зноў Людэндорф:

«Рэйхстаг змякчыў дысцыплінарныя спагнанні. У адказных начальнікаў такім чынам быў адабраны самы дзейсны спосаб дысцыплінарнага спагнання, а іменна – замена строгага арышту падвешваннем. Гэтае пакаранне было, вядома, надзвычай цяяжім… аднак поўная адмена яго была згубнай».

Чытаючы гэта, я ўспомніў такі расказ пра катаванні ў польскай дэфензіве:

«Адзін чалавек падвешаны, а два, якія яго падвесілі, стаяць і глядзяць. І лічаць, што яны робяць святую справу. І калі гэта кончыцца? Відаць, ніколі: у чалавеку столькі зверства!..»

Гаварыў гэта адзін з маіх незабыўных сяброў, журналіст Якуб Міско, якога і білі рознымі спосабамі, і падвешвалі, падполынчык-камуніст, шматгадовы санацыйны вязень, чалавек, які потым быў добрым салдатам, абараняў Сталінград, браў Берлін.

Успомніўся мне таксама выпадак у Княжаводцах каля Мастоў, калі гэтую вялікую, прыгонную вёску пад Нёманам расстрэльвалі і палілі сонечным чэрвеньскім днём сорак трэцяга года. Толькі за тое, што гэтая вёска была найбліжай ад таго месца на чыгунцы, дзе партызаны падарвалі гітлераўскі цягнік. Ціхі стары, што цудам ацалеў тады, расказваў нам – для кнігі «Я з вогненнай вёскі…» – усё, што жыло ў яго памяці. Міне іншым, і такое, што ў кнігу не ўвайшло:

«Адзін немец, малады салдат, не захацеў страляць людзей, дык нейкі іхні старшы падвёў яго да сасны і паставіў ілбом у дрэва – стой так. І той стаяў да канца, пакуль яны ўсе не сабраліся ехаць. Я ляжаў у кустах і сам гэтага не бачыў, гэта мне потым падводчык з Луннай расказваў. Людзей жа гналі ў падводы, дабро пабітых забіраць».

У старога тады забілі жонку і дзяцей. З другою жонкай дзяцей няма. І душа яго поўніцца толькі ўспамінамі, горам па тых, што калісьці, ужо так даўно, былі. Мы не наводзілі чалавека на тэму міжнародную, агульналюдскую, – ён сам успомніў пра таго маладога немца, гаворачы пра жахлівае гора, сваё і чужое.

Нялёгка пранікнуць у душу таго салдата, юнака каля сасны, хоць я і ведаю трохі Германію 1939–1941 гг. Гэта павінны, перш за ўсё, зрабіць самі немцы, пісьменнікі, каму з іх дорага называцца сапраўднымі дзецьмі свайго народа.

Л я тут думаю больш за ўсё пра адно: як гэта цяжка – дыхаць супраць вялікай, бруднай вады, як гэта страшна – быць самотным у чорнай ночы вялікага, ледзь не агульнага азвярэння. Пра што ён думаў, той юнак, упёрты лбом у сасну?..

У Людэндорфа яшчэ і такое: «за ўхіленне ад работ» прывязвалі да дрэў, ці так сабе, ці ўніз галавою.

…Кайзер Вільгельм і цар Мікалай называлі адзін аднаго братам, зусім па-сямейнаму падпісваліся ў пісьмах «Віллі» і «Нікі». Якімі ж нікчэмнасцямі аказаліся гэтыя «браты», калі іх турнулі з вышак!.. Тарле, грунтуючыся на сведчаннях відавочцаў і дакументах, расказвае пра смярдзюча-баязлівыя ўцёкі ў Галандыю надзьмутага жэстыкулятара «Віллі», які пасля апраўдваўся кнігаю мемуараў – «непатрэбнай і нуднай, ілжывай ад першага да апошняга радка». А пра «Нікі» дастаткова пераканальна сведчыць ён сам, у сваім екацерынбургскім штодзённіку: «Адстаяў абедню… калоў дровы… у Петраградзе яшчэ ўсё непарадкі…»

Як гэта смачна – пасмяяцца з таго, хто ўчора быў богам, а сёння значыцца звычайнай шэрасцю ці нават поганню! І як гэта дрэнна, шкодна, што людзі смяюцца з гэтага потым і так, як быццам яны, хто смяецца, тут ні пры чым, што для іх усё роўна, – што было і што ёсць, і што будзе!..

…Дарэчы, – заўвага праз шэсць гадоў,– кнігу Людэндорфа (вялікафарматны таміна выдання дваццатых гадоў) прыслаў мне, «толькі прачытаць», Павел Нілін, з якім мы нямала пахадзілі ў гутарках па летнім юрмальскім узбярэжжы. Я адаслаў яе, з цікавасцю і карысцю прачытаўшы на подступах да аповесці «Золак, убачаны здалёк». А потым, калі ўжо Ніліна не стала, яго блізкія прыслалі мне гэтую кнігу на добры ўспамін пра Паўла Піліпавіча, выдатнага пісьменніка і душэўнага рускага чалавека.

У дакументальным тэлефільме «Формула гуманізму» Нілін выступіў публічна ці не апошні раз у жыцці, ужо безнадзейна хворы. Па-свойму проста, з усмешкай болю і мудрасці гаварыў ён пра тое, што і адыходзіць у нябыт не хочацца, і вельмі цяжка думаць пра тое, што не вядома, ці будзе пасля цябе «младая жизнь играть у гробового входа», ці дадуць ёй арганізатары новай вайны… Дэманстраваўся тэлефільм напрадвесні восемдзесят трэцяга, запісвалі Паўла Піліпавіча амаль на два гады раней. І ціхі голас яго, і жывая, мілая ўсмешка прыйшлі да нас, хто яго ведаў і ведае, ужо здалёк – з нейкім журботна-ўзвышаным дакрананнем да вечнасці…

1977; 1983

ДЫРЭКТАРКА

У кожнай вёсцы, у кожным куточку нашай зямлі, дзе ты быў ці не быў, возьме ды зноў, яшчэ i яшчэ раз вырасце падобнае да іншых i да нікога не падобнае дзяўчо.

Ірынка вырасла ў сваім Доўгім Сяле, там i школу закончыла, i не паехала адтуль нікуды. Старшыня калгаса ўгаварыў яе стаць дырэістаркай іхняга дома адпачынку, пабудаванага на раздольным узлессі над ПІчарай.

Смяяліся ca старшыні яго калегі, што фантазёр ён з гэтай сваёй «Шчарынкай», i нерэнтабельнай, i непатрэбнай, а ён спакойна, з прыязнай усмешкай адказваў, што кожны з яго калгаснікаў, які там заслужана адпачыў два тыдні, можа спакойна назначацца хоць нампалітам палка. I растлумачваў: «Па садыяльнай i палітычнай свядомасці». Сам ён з вайны вярнуўся капітанам з двума ордэнамі i трыма раненнямі, з роднай Віцебшчыны быў пасланы сюды, у адзін з заходніх раёнаў, на партыйную работу. На старшыню калгаса прыйшоў з райкома, дзе працаваў другім сакратаром. Знячэўку гэта атрымалася. Кал гас быў слабенькі, i, калі ён, сакратар, прывёз сюды выбіраць чарговага старшыню, людзі пажартавалі: «Нам каб, таварыш, такога, як вы!» – «А што вы думаеце – i пайду!» Яго адпусцілі, бо гэта было ў той час, калі на дапамогу сельскай гаспадарцы ішлі «трыццацітысячнікі». Пакуль да той «Шчарынкі», папрацаваць давялося многа, i людзі ад жарту «нам каб такога» дайшлі спакваля да пашаны, якое гэты, яшчэ раз новы, старшыня, та л ковы ў працы i прыемны ў абыходжанні, аказаўся вартым. Была яму пашана i ад кіраўніцтва. Сам сакратар абкома параіў мне паехаць з сям'ёй у «Шчарынку», назнаёміцца з тым калгасам i «са станоўчым, – як ён сказаў,– героем нашай сучаснасці».

«Шчарынка» нам спадабалася, на другое лета мы сагітавалі туды дзве пары сваіх сяброў, якіх на трэцяе лета агітаваць ужо не трэба было.

Улетку калгаснікам не да адпачынку, i туды прыязджалі бліжэйшыя i далейшыя гараджане. Інтэлігенцыя не ўся i не заўсёды бывае інтэлігентнай. Капрызы, гонар, неахайнасць, хамства, – калі не сам інтэлігент, дык жонка, дзеці, а то i ўсёю сям'ёй.

Дзяўчо-дырэктарка неяк прызналася мне:

– Калі ўжо што зусім-зусім не так, не вытрываць, дык я пайду сабе ў лес, там паплачу-паплачу, а потым зноў…

Я расказаў пра гэта старшыні, i ён сабраў адпачываючых на «невялічкі агульны сход». Спакойна, тактоўна, з гаспадарскай годнасцю ён папрасіў нас захоўваць парадак, паважаць персанал i дырэктара дома або, калі каму не даспадобы тут, «дык мы не будзем настойваць на тым, каб нам рабілі вялікую ласку…».

Пасля сходу, – а было гэта на першым годзе майго там з сям'ёй адпачынку, – Ірынка, здаецца, больш не хадзіла ў лес супакойвацца.

Пасмялела яна спакваля, пасталела.

Тады ж, на першым годзе, адзін з інтэлігентаў, з выгляду чалавек прыстойны, як аказалася, патаемна ўсё думаў пра хуткую пенсію. Не так сабе, a ў сувязі са «Шчарынкай». «От дзе каб стаць дырэктарам! Паветра, рыбка, грыбы, малачко… Перавесці б толькі дом на прафсаюзны, зняць гэтае дзяўчо!» Ажыццяўленне задумы пачаў ён з таго, што кожны дзень запісваў пра ўсе непаладкі ды непаладачкі, а потым, на развітанне, сшытак свой даў старшыні.

– Паглядзіце, падумайце, ці такі вам патрэбен дырэктар.

Старшыня пагартаў той сшытак, прачытаў дватры запісы, i як заўсёды стрымана, сказаў:

– Дзякую вам за пільнасць. У нас праўленне ёсць. Мы абмяркуем.

А сшытак потым паказаў Ірынцы.

Паісолькі першы спосаб «не спрацаваў», на другое лета пільны таварыш, яшчэ на год паразумнеўшы, пачаў капацца пад самога старшыню.

– Ты камсамолка? – неяк сам-насам спытаўся ён у Ірынкі.

– Ну, камсамолка.

– Дык давай пагаворым пра недахопы вашага старшыні.

– А вы што, ужо i на яго сшытачак завялі?

Бачу яе маладзенькі, усмешлівы твар. Бачу разгублена-злосную губу таго барацьбіта… Ірынка расказала мне пра тую ix размову.

Даўно гэта было, пятнаццаць год таму назад. Шаноўны Павел Фёдаравіч, старшыня, памёр. Пасля яго там ужо другі ці, можа, i трэці прыйшоў. Калі ў мяне летась узнікла пільная патрэба зноў звярнуцца ў «Шчарынку», я не падумаў, што дырэктарка там тая самая. Пазваніў як незнаемы, пачаў прадстаўляцца, тлумачыцца, паку ль у міжгароднім хрыпе ды трэску не распазнаў па-даўняму вясёлы гол ас. Яна адразу пазнала мяне, адразу назвалася тым даўнім, звычным імем, потым зрабіла ўсё, пра што я папрасіў, аднак, здаецца, найбольш прыемна было проста пачуць яе, нібы ўбачыць – праз столькі гадоў тую самую.

Днямі, яшчэ праз год, перабіраючы старыя запісы, я, ледзь не як штосьці чужое, перачытаў чарнавыя накіды да напісанага ў «Шчарынцы» апавядання-эсэ «Дажджлівы, сонечны жнівень». Я гавару там пра старшыню безымянна, а гэта быў ён, Павел Фёдаравіч. Ён прыехаў па мяне пахмурным ранкам і, моўчкі павітаўшыся, рука ў руку, ціха з усмешкай захаплення расказаў ажно пра трох ласёў, што запынілі яно на лясной дарозе.

– Яны стаяць, i я стаю. Проста цуд!..

А для мяне гэта, у тую раніцу, цуд быў не першы, а другі. Так i запісана было, што першы цуд – Ірынка.

Устаў я вельмі рана, выйшаў на двор, у хмарную, ледзь ледзь не зноў шапатліва мокрую ціхасць асцярожна, бо вокны на першым i другім паверхах былі яшчэ зусім сонна прыадчынены. Нідзе нікога, ні каля дома, ні трохі далей. I раптам з-за шаляванага вугла выйшла яна, гаспадыня. Павіталася, як заўсёды, з непрытворна прыязнай усмешкай.

– Толю да рэчкі правяла, – сказала прыцішана. – Можа, што-небудзь i возьме. Гароху наварыла вечарам. Такі ўжо рыбак, – усміхнулася, як пра малога, роднага. – Сёння ж во свята ў яго з учарашняга вечара: дождж.

У самое таксама ж свята. Толя прыехаў увечары на матацыкле i заначаваў. Яны пажаніліся гэтай вясной, да іхняй вёскі дзевяць кіламетраў, а ён жа механізатар – часамі па тыдню i болей не бачацца.

– А вам пісьмо, – успомніла яна. – Прабачце ўжо, што вечарам не аддала. Забылася. Я вынесу.

Я пайшоў следам за ёю, у пакойчык на другім паверсе, i спыніўся там на парозе.

На стале ў дырэктаркі – кветкі ў збанку, а на чысценькім, ужо засланым ложку стаіць вялікая лялька. Не вясельны галыш з аўтамабільнага капота, а светлая беларусачка ў народным, што i летась яшчэ стаяла каля падбітай, пухкай падушкі. Тады, калі ў гаспадыні пакоя была, відаць, толькі мара, надзея, загадка: хто ж сюды прыйдзе гаспадаром?..

Чарнявая, блакітнавокая, з вяснушкамі на загары, ад чаго яе… ну, зусім маладая, шчасцем адораная краса – цяпер, здалёк – бачыцда яшчэ больш сумнавата-соладка-прывабнай. У светла-стракатай сукенцы, з фігуркай яшчэ ўсё дзявочай.

Дзякуй, Ірынка, за мілы ўспамін.

1983


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю