355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 7)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 36 страниц)

Калі ласка, дзіцятка, адрас члена таварыства пані Курпёвай,– пасля абеду старая падала паперку.– Ёй патрэбна аднаразовая дапамога. За гэта ў нас плацяць злот...

Я пакіраваўся шукаць Курпёву. Што мне прыйдзецца рабіць? Пілаваць дровы, насіць з рынку бульбу?.. Падумаеш, можам прынесці, карона з галавы но спадзе!..

Але не ўгадаў...

Пані Курповай уздумалася перабірацца на іншуто кватэру. Я павінен быў на двухколцы перавезці яе рэчы – вядро пасуды, кардонныя карабкі ды рулон паперы. Паперы я знімаў са сцен – карту Польшчы 179З года, плакат-рэкламу аб карысці стравы з булёну ў канцэнтраце, адбітак павялічанага чалавечага вуха ў разрэзе і малюнак: святы Ёсіф з каровамі. Усё бруднае, заседжанае мухамі!..

Калі я з агідай ладкаваў рэчы, пані Курпёва трымала на павадку маленькага слязлівага сабачку і часта перабівала мяне недарэчнымі парадамі. Аднак я цярпліва слухаўся. Ліха цябе бяры. Затое праз гадзіну ў мяне будзе залатоўка. Так, іграючы, за пятнаццаць дзён зараблю на вучобу, замест таго каб цэлы месяц, высалапіўшы язык, бегаць па Вільні пасыльным. А яшчэ панікаваў! I ёсць жа дзівачкі. Рамізнік за прывоз яе з усім багаццем і сабакам узяў бы толькі шэсцьдзесят грошаў!

Прывязваючы карабкі да двухколкі, я пачуў, як старая хваліцца суседцы:

Ладны кавалер, не?

Нішто! – пацвердзіла тая.

Над ім, пані Васілеўская, нашае таварыства ўзяло шэфства! Ужо некалькі дзён ён не меў кавалка хлеба ў роце! Прыйшоў да нас у сталовую, то так еў, так еў, што не маглі надзівіцца! Аж чатыры талеркі супу, бедачыска, спаражніў адразу!

Езус Хрыстус!

Як бога кохам!

Колькі разоў я цвярдзіла ўсім пра ваша літасцівае сэрца!

Запісуйся, пані, у наша таварыства!

Трэба падумаць.

Над чым думаць?

Халера, вы нават падлічылі, колькі я з'еў! I недакладна! Чацвёртую мне вельмі хацелася наліць, але сарамлівасць заела!..

Старыя гулялі ў дабрачыннасць, ім трэба было, каб усе пра гэта ведалі, і ад няма чаго рабіць – гатовы былі падапечным заглянуць у рот.

Дык вось чаму ў вашай сталовай не было моладзі!.. Не кожны можа патураць здзяцінелым бабам! Цьфу, ну ж і ўліп у гісторыю, што нікому не расказвай. Яцкевіч жартаваў, калі раіў сталовую!..

Увесь настрой ад заробленай залатоўкі развеяўся. Але цяпер я не страціў надзеі. Нейкі зарад, атрыманы пару дзён таму назад, дадаваў упэўненасці: быць таго не можа, знайду работу!

6

Вы маеце крыху часу? – спыніў мяне на вуліцы Луцэвіч з краязнаўчага музея, калі я вяртаўся ад Курпёвай.

Го, чаго-чаго, а часу хапае, магу ім гандляваць нават. А вам падарую так!

Патрэбны вы мне. Вяду доследы, але не маю ўжо тое моцы, што вы, малады. Дапамажыце, буду вельмі ўдзячны!

У музеі я быў частым госцем, таму адмаўляцца не выпадала. Зрэшты, часу меў я і праўда шмат, а з Луцэвічам вадзіцца было цікава.

Беларускі краязнаўчы музей у Вільні быў бедны. Ад дзяржавы сродкаў не атрымліваў, існаваў фактычна на ўтрыманні гэтага дробнага памешчыка Луцэвіча, які пусціў на музей усю сваго гаспадарку. Хоць сам ён жыў як папала, але яшчэ вёў доследы, і яны забіралі яго аношнія грошы.

У навуковым свеце тады панавала думка, што старажытныя людзі з эпохі каменнага веку прылады вытворчасці рабілі надта марудна. Былі меркаванні, бытта наш продак, напрыклад, сякеру з граніту адшліфоўваў цэлых паўгода, а касцяны нож – некалькі месяцаў. Луцэвіч хацеў давесці свету, што гэта не так. Але сам ён быў ужо стары, і яму патрэбны былі маладыя рукі.

Ідэя захапіла мяне. Я адразу начаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё і стану славутасцю. Як-ніяк да камня я маю адносіны! Камень да жоран высякалі, бывала, мы з бацькам за паўдня; мала больш часу зойме гэтая работа. З усёй энергіяй узяўся я за справу.

Раніцой паступнага дня мы з Луцэвічам выбралі кавалак граніту і пустую, як трубачку, у сярэдзіне костку. Трубачку гэту я ўзяў паміж далоняў, паставіў адзін канец на камень і стаў вярцець, а Луцэвіч пачаў сыпаць на камень пясок і ліць ваду. Без асаблівага намагання, пакуль ісці на вячэрнія заняткі, навылет прасвідраваў у камені дзірку для чаранка сякеры!

Ты сабе не ўяўляеш, што натварыў! – паціху, бытта баючыся, каб нас хто не падслухаў, казаў стары.– Не ўяўляеш, праўда?

Усяго дзірку ў камені! – адказаў я, шчаслівы, залізваючы на далоні мазалі.

Праз пару дзён каменю з дзіркай я надаў выгляд сякеркі – абчасаў бакі. Тады ўзяўся за чаранок. На яго патраціў пару дзён. Чаранок ніяк не хацеў трымацца. Калі махну з усяе сілы, сякера злятала. Як нашыя продкі прымацоўвалі чаранок – таямніца. Дома я шмат пераплёў кошыкаў, і лазовыя дубцы ў маіх руках былі гнуткімі, як вяровачкі. Але нашыя продкі, відаць, умелі вязаць толькі ім вядомым вузлом.

Стары прынёс ад хірурга бычыныя жылы.

Спрабуй, Іване, гэтым. Цалкам, мажліва, яны маглі такія жылы вырабляць...

Чаранок я заклініў костачкамі, заліў смалой, прывязаў сухімі жыламі.

Залатыя ў цябе рукі, сынок! – ледзь не расцалаваў мяне Луцэвіч, параўноўваючы маю сякеру з той, якая ляжала ў экспазіцыі.– Ты і сам не разумееш, што зрабіў!

Сам-то я разумеў. Цяпер у кожным падручніку гісторыі трэба ўдакладняць, што зрабіць каменную прыладзіну – справа не лёгкая, але ўжо не такая і цяжкая, як лічылася дагэтуль.

Цікава, ніхто з вучоных не здагадаўся праверыць на практыцы такую простую рэч?!.– Стараўся я ўявіць сабе твары людзей, калі яны даведаюцца пра маё адкрыццё.

Вялікія адкрыцці заўсёды простыя! – паддаваў мне жару стары, праціраючы сваё старамоднае і вышчарбленае пенснэ.

Яшчэ Луцэвічу я зрабіў касцяны нож. Потым паехалі мы з ім у лес, там я выбраў сасну і пачаў яе сячы самаробным тапаром. Не раю нікому рабіць гэтага. То была дзятлава работа. З мяне выцекла сем патоў, пакуль я зваліў дрэва, а кожнай сваёй клетачкай адчуў, што азначае цывілізацыя.

Вынікі працы нас радавалі. Аднак Луцэвіч не мог надрукаваць артыкул у бліжайшы час, і са сваёй работы мы пакуль што карысці не мелі. Парадокс! Такое глупства, як развод артысткі Лясоцкай з адвакатам Руцелем надрукавала кожная з трынаццаці віленскіх газет – польскія і беларускія, яўрэйскія і літоўскія, руская і нямецкая, але ніводная не выказала цікавасці да Луцэвічавай інфармацыі.

Ну і парадкі на свеце гэтым!

Нацешыўшыся навізной факта, праз два тыдні я пакінуў музей і зноў пачаў шукаць работу, а пазіраючы на карабок цэментавага будынка за драцяной сеткай, усё нечага чакаў, чакаў і чакаў.

7

Блукаючы так па вуліцах, у сярэдзіне лістапада я ўбачыў аб'яву: «Віленская спартыўная школа запісвае ў секцыі футбола, тэніса, бокса...»

Далей ішоў яшчэ доўгі пералік розных відаў спорту, але мае вочы спыніліся па заманлівым і мужным слове «бокс».

А чаму б мне не стаць баксёрам?!

Я напружыў мускулы і адчуў у сабе вялікую сілу. Здаецца, каб развёў рукі і крутануў імі навокал, прахожыя ляцелі б ад мяне, як яблыкі, збітыя з галін. Нездарма Луцэвіч, вітаючыся, загадзя прысядаў і сыкаў, баючыся, што раздушу яму пальцы.

Аб'ява вісела на высокім і глухім плоце з тоўстых дошак. Я азірнуўся, ці няма каго блізка, тады садануў кулаком у сцяну – раз! другі! трэці!.. Дашчаная сцяна захісталася, за ёю трывожна загуль-дыкалі індыкі, а з даху ўспырхнулі галубы.

Сапраўды, як мне не прыходзіла ў галаву: я ж прыроджаны баксёр! Няма нічога больш простага, як прафесія баксёра!

Праз хвіліну я ўжо бачыў сябе героем рынга, якога ведае ўся Вільня. За пару мінут пакладзі праціўніка на брызент – і генералава дачка загаворыць з табой інакш! Усім вядома, як дзяўчаты любяць спартсменаў! Толькі такім шляхам можна да яе дабрацца!..

Я і сам не заўважыў, як апынуўся ў спартыўнай школе, і ў мяне ўжо мералі аб'ём лёгкіх.

О Езус коханы, пане Левандоўскі, глядзіце, аж сем літраў! – з непадробленым здзіўленнем закрычала лабарантка да трэнера, паказ-ваючы на шкалу спірометра.– Такога ў нас яшчэ і не было!

Я вінавата аддаў паненцы шланг, праз які дзьмуў паветра.

Нічога сабе!– ледзь стрымліваючы захапленне, прамовіў трэ-нер. Ён употай і прагна абмацаў вачыма мае ногі, грудзі, рукі і шыю.

А ты сур'ёзна вырашыў стаць баксёрам?

За абыякавасцю ў голасе трэнера я адчуў ноткі сімпатыі, добразычлівасці і лікавання.

Сур'ёзна...

А ведаеш, што бокс – перш за ўсё цяжкая праца на трэніроўках?

Да яе мне не прывыкаць!

Гм,—падумаў ён хвіліну.– Веру. Тады прыходзь займацца!

Калі?

Сёння вечарам зможаш?

Змагу!

I ў той самы вечар адбылося маё хрышчэнне. Яго варта апісаць падрабязна.

8

Тапачак і майкі я не меў. Выйсці на рынг давялося ў адных трусах і шкарпэтках.

Болек, прымі новенькага! – паклікаў трэнер нейкага рыжага дзецюка ў баксёрскай форме.

Той толькі дурнавата ўсміхнуўся.

Хутчэй, Барташэвіч, надзявай!– падаў мне трэнер пальчат-кі.– Пабачым, што ў цябе атрымаецца. Галоўны наш дэвіз – не трусіць!

Я паслухмяна пачаў нацягваць нязграбныя скураныя гамоліны. Хацеў іх зубамі зашнураваць, але ад таго, што на мяне глядзелі, я забыў, што маю рабіць.

Правільна, навошта завязваць? I так атрымаеш! – крыкнуў нехта.

– Ледзь панясеш! Чаго яны так?

Я разгубіўся да рэшты. Жадаючы дагадзіць публіцы, зноў узяўся зубамі за шнуркі, але зараз жа пакінуў.

Уздоўж канатаў выстраіліся хлопцы, якія чакалі трэніроўкі. Змоўніцкія позіркі, незвычайныя пальчаткі ды выстаўленае напаказ маё голае цела зусім збівалі мяне з панталыку. Чаго яны на мяне глядзяць гэтак? Я ж ім нічога дрэннага не зрабіў!.. Нібы я тут – галоўны герой здзекліва-ганебнай камедыі, якая вось-вось пачнецца.

Усё гэта рассейвала маю ўвагу, і я слаба разгледзеў праціўніка, хоць і бачыў, што менавіта да мяне ідзе рыжая істота: нехлямяжая, з вузкім ілбом і вогненна-жоўтым вожыкам.

Бокс! – чамусьці крыкнуў трэнер.

Здаецца, я не ступіў яшчэ і кроку, а ў маёй галаве ўжо памутне-ла, наплылі кругі, сцены і столь захісталіся, а нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Моцна балела сківіца. Толькі цяпер дайшло – гэта мне так садануў вузкалобы.

Дык я яшчэ не...– вырвалася з мяне скарга, калі я, здзіўлены, уставаў з брызенту.

Го, чулі?

Ён «яшчэ не»! – перадражнілі навакольныя і зарагаталі.

У затуманенай галаве пачало расці крыўднае ўсведамленне, што я гэтым зубаскалам дастаўляю вялікую радасць. Але чаму? Што я ім дрэннага зрабіў?!.

Уражаны сваім адкрыццём, я аж азірнуўся. Сур'ёзны трэнер нібы не бачыў майго позірку, ён бязлітасна закрычаў:

Ну, чаго пасталі? Пайшлі, бокс!

Вузкалобы вырас перада мной зноў. Я інстынктыўна засланіў кулакамі пабітае месца на твары, механічна прыпадняў локці, і баксёр садануў мне пад грудзі. Ад падзення на гэты раз уратавалі толькі канаты.

Пакуль я, ашаломлены, вісеў на вяроўках, вузкалобы са смакаваннем біў мяне і біў куды адно хацеў.

Пачакайце!– зноў вырвалася ў мяне ні то просьба, ні то абурэнне.

Навокал зарагаталі яшчэ мацней. Гледачы ўвайшлі ў экстаз:

Размалюй яго, Рыжы!

Так яму, во!

Давай, Рыжы, давай!

Бокса захацеў? То атрымаеш!

Няхай не вылазіць другі раз! – ляцелі выкрыкі з усіх бакоў.

На такі цынізм маглі быць здольныя толькі мяшчанскія абібокі.

Ага, папаўся! – цешыліся.

Адно цяпер дайшло, што спектакль падрыхтаваны, а для публікі я – кролік, якога заманілі да льва ў клетку – бессардэчнага, цынічнага і крыважаднага.

За нейкі міг я адчуў усю наіўнасць стаць праз бокс героем. Мне нават зрабілася шкада, што мары не споўняцца і ўсё застанецца па-ранейшаму і ўжо нічога, нічога не дасць ім здзейсніцца. Але і гэтыя пачуцці вузкалобы зараз жа ва мне згасіў.

Рыжы, не адпускай кацапа! – крычалі ў зале.

Трымай яго, не давай уцячы,– даходзіла да мяне нібы праз сон.

Толькі я ўзнімаўся на ногі, зноў гучала каманда – бокс! I я без-дапаможным кулём валіўся на брызент, ажно тупа грымела падлога ды выбухаў новы ўзрыў весялосці.

Я аслеп на адно вока. Пацёр яго і ўбачыў на руцэ кроў. Тады зірнуў сабе на грудзі. Яны былі ў чырвоных плямах: вузкалобы разнёс маю кроў па ўсім целе.

Салёны смак яе адчуваўся нават у роце.

«Заб'е!

Апісваліся ж выпадкі ў газетах, калі так, на рынгу, паміралі!»

Я раптам адчуў усю асалоду жыцця. Чакаць дапамогі не было адкуль. I мяне разабрала шалёная роспачлівая лютасць загнанага звера, які гатовы на ўсё. Я яшчэ ніколі ў жыцці не быў у такім стане. Ад злосці нават перастаў чуць боль.

Калі баксёр каторы раз кінуў мяне зноў на канаты, я адной нагой упёрся ў жалезную стойку, адпіхнуў нахабніка і з усяе моцы другой нагой ударыў яго ніжэй жывата.

Ах! – толькі жахнуліся ў зале, і адразу запанавала мёртвая цішыня.

М-м-м! – нема застагнаў мой вораг.

Шчасце яго, што на нагах былі адно шарсцяныя шкарпэткі, прысланыя з дому на зіму.

Калі ён хапіўся за пахвіну, я сарваў пальчаткі, адкінуў іх і па-вясковаму, з усяе сілы, жарнуў кулаком наводмаш у ненавісны рыжы вожык. Аглушаны баксёр павіс на вяроўках – аж скрыпнулі канаты, бытта з сілай хто кінуў на іх мяшок зерня. Тады я адважыў рыжаму аплявуху з левай, а пасля з правай рукі і стаў малаціць куды папала.

Во табе, маеш! На! Заменак, халерны, на! – чуў я ў цішыні свой раз'юшаны голас і дзікую асалоду, што мае рукі і ногі месяць цёплае і тугое ненавіснае цела.

Што гэта робіцца?– дзівіліся аслупянелыя юнакі навокал канатаў.

Барташэвіч, адыдзі! Звар'яцеў? – крыкнуў трэнер ды нырнуў да нас пад вяроўкі.


Раздзел шосты

1

У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў пальчаткі і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразрадні-кам. Той бязлітасна збіваў новенькага. Калі хлопец і ў наступны раз прыходзіў на трэніроўку, Левандоўскі лічыў, што з такім варта займацца, і запісваў у секцыю.

Такую штуку трэнер думаў разыграць і са мной, але я экзамены яму пабунтаваў. Баксёру-граміле давялося адпраўляцца са спартыў-най школы ў машыне з чырвонымі крыжамі на кузаве ў бальніцу.

Пасля славутага паядынку я надта пакрыўдзіўся і ў спартыўную школу вырашыў не паказвацца. Паненка таго не варта, каб з-за яе цярпець столькі здзеку, а Рыжы мяне запомніць!.. Яшчэ і закажа іншым!..

Праз пару дзён у хірурга я спаткаў Левандоўскага.

– Барташэвіч, дарагі, што тут робіш?– шчыра, як брату, узрадаваўся трэнер.

Непадроблены тон яго мяне раззброіў, і я забыўся на абразы.

Палец распух,– паказаў я нагу, абутую ў стары галёш ад прачкіных цёсанак.– Халера, чамусьці доўга не гоіцца!..

Едзем да нас у школу! Там палечаць цябе бясплатна! Ану, пакажы!.. Фю-у-у, як разнесла!.. А што? Голымі фалангамі так жарнуць – яны ж для гэтага не сканструяваны прыродай!.. Магло быць горш. Але ж і даў ты рыжаму капралу! Шчасце, што босы, быў бы ты абуты, і яму – капут!.. Давай, давай да нас, адкуль у цябе столькі гордасці? Не з князёў жа!..

Выяўляецца, вузкалобы – вайсковец.

Нядобразычлівасць трэнера да баксёра мяне купіла.

Левандоўскі наняў вазніцу, дапамог мне залезці ў фаэтон, і мы адправіліся.

У спартыўнай школе медсястра наставіла на месца вывіхнуты палец, пацерла нечым, моцна яго забінтавала і адпусціла. Праз тыдзень я з'явіўся па першую трэніроўку.

2

Левандоўскага я заўважыў у горадзе даўно. Не раз, сустрэўшы на вуліцы, захапляўся яго фігурай, энергічнай хадой і незалежнымі манерамі.

Яму было пад пяцьдзесят. Але гэты чалавек не ведаў смаку гарэлкі, не нюхаў табакі, хвіліны не правёў без цікавага занятку і выдатна захаваў сваё сэрца, лёгкія і здольнасць цвярозага мыслення. Яго дэвізам заўсёды былі: паветра, вада, добрае харчаванне і дзейнасць. Ён быў увесь напоўнены цікавасцю да жыцця, імкненнем быць карысным людзям.

Чалавек датуль малады, пакуль сам хоча ім быць! – навучаў ён нас.– Запомніце: маладосць чалавека ў яго руках!.. Не глушы ў сабе бадзёрасці, якая запраграмавана ў тваім арганізме, закладзена ў храмасомах; дапамагай сабе праяўляць свае здольнасці!.. Той не мужчына, хто баіцца скразняку. Адчыні, адчыні вокны шырэй!

Левандоўскі быў заўсёды чыста паголены, падцягнуты, жыцця-радасны, апранаўся ў светлыя клятчастыя і шырокія ў плячах пінжакі, насіў белую шапку. Гэта яго маладзіла, дадавала статнасці.

Прыемна было глядзець на такога чалавека. Ён і сам гэта адчуваў.

Такі ж акуратны трэнер быў і на сваёй рабоце.

Між іншым, польскія спартсмены тады славіліся. Палякі нават паклалі пачатак некаторым сусветным відам спорту, напрыклад, стральбе з лука. Польскія баксёры ўступалі толькі амерыканцам і немцам. I ўсё самае лепшае з айчыннага спорту ўвабраў у сябе наш трэнер. У горадзе яго прозвішча ведалі, як ведаюць прозвішча выдатнага ўрача, адваката або інжынера.

Нас у групе налічвалася чалавек дваццаць. У час трэніроўкі Левандоўскі трымаўся такога правіла: хочаш, каб цябе слухалі, многа не гавары і не крычы. Каманду падаваў скупа, коратка.

Гетро! – кіне, бывала, толькі адно слова, і мы, як механізмы, пачынаем бегаць.

Практыкаванні стараліся выконваць з усяе сілы, бо ведалі – ніякія фіглі не пройдуць незаўважанымі, а тое, да чаго ён нас змушае, нам неабходнае.

Давай! Давай! – яшчэ падганялі шэптам адзін аднаго.

Час! – зноў гучыць каманда, і мы ўжо моўчкі пачынаем лезці на шведскую сценку, на канат ці рабіць што іншае згодна з праграмай, якую ведалі назубок.

Баксёрам трэба нарадзіцца, Левандоўскі гэта добра ведаў і першым чынам шукаў «геніяльныя загатоўкі», як ён выражаўся. Трэніруючы іх, ён выхоўваў у будучых майстроў дысцыпліну, дапамагаў асвоіцца з рынгам – майстроў як бы выцесваў з грунтоўнай асновы. Каб даць нагрузку нашым мускулам, трэнер вывозіў нас за горад. Там прымушаў лазіць па дрэвах, саджаць на плечы таварыша і бегчы з ім па бездарожжы.

У нас няма месца для тых, у каго думкі ў небе, а ногі – у ложку! – заяўляў сваім: выхаванцам ён на кожным кроку.

I гэта была праўда.

Кулачны спорт, выяўляецца, цяжкі, яго нават нельга параўнаць з якім-небудзь іншым, найбольш напружаная трэніроўка – у баксё-раў. I мы кожны дзень працавалі як мае быць. Вольных ад заняткаў на курсах у мяне было толькі два вечары, калі не лічыць нядзелі, і таму чатыры разы на тыдзень я прыходзіў трэніравацца днём.

3

Баксёрства давалася мне нялёгка. Не хапала спрыту гарадскога юнака. У мяне, напрыклад, ніяк не ладзілася са скакалкай. Я доўга не мог навучыцца гэтай звычайнай дзіцячай гульні. Не было і хуткасці рэакцыі, пачуцця дыстанцыі...

Але я браў іншым.

Нярэдка ў гарадскім парку людзі апладзіруюць і захапляюцца тым, хто аберуч выцісне на манометры дзевяноста кілаграмаў. Часта апладысменты дастаюцца «парніковаму» рэкардсмену, які можа паўтарыць фокус толькі тры разы.

Мне даводзілася карчаваць лес, калоць тоўстыя бярвенні на дровы, спускаць на ваду і сплаўляць сосны, цягаць падоўжную пілу, у гэтых выпадках трэба было напінацца куды мацней, чым аматарам у парку, прычым з раніцы да вечара, кожны дзень.

У мяне была закалка, а гэта не тое самае, што ўмець гладка выпаўніць практыкаванне на турніку ці на брусах. Я быў вынослівы, і гэта цяпер мяне выручала.

На трэніроўцы маё сэрца набірала хутка адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе свабодна якраз тады, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі як мокрыя кураняты.

Цяжкавата выстаяць на рынгу пятнаццаць раундаў! – скардзіліся такія.– I навошта столькі? На практыцы спатрэбіцца ўсяго – пяць-шэсць!

Калі выжывеш пятнаццаць, то пяць выстаіш на адной назе! – непахісна вёў сваю тактыку Левандоўскі.

«Ага, ужо вам цяжка! А памятаеце, як з мяне смяяліся і здзекаваліся?..»

Праз два месяцы ў мяне ўжо з'явіліся прыкметы паставы, якой вылучаюцца штангісты, лыжнікі ды баксёры. Тыя самыя людзі, што так цешыліся тады, калі Рыжы мяне лупцаваў, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават са страхам і былі шчаслівыя, калі я з імі загавару.

– Ну і пары ў яго кулаках!– казалі яны з захапленнем, укладаючы ў слова «яго» ўсе свае надзеі. (У 19З8 годзе ў Вільні панаваў яшчэ век паравых машын.)

Але, прызнацца, сам я гэты від спорту не любіў. I наогул яшчэ ў вёсцы цярпець не мог боек, скандалаў, а калі бачыў кроў, то мяне прашываў мароз і пранізвала нейкім токам. Маці, бывала, не магла дапрасіцца мяне зарэзаць курыцу.

Я пайшоў у бокс не па прызванню, і захапленне хлопцаў мяне зусім не кранала. А яшчэ я не цярпеў людзей, якія ад варожасці і пагарды хутка пераходзяць да любві: яны могуць стаць ранейшымі, няхай ты толькі спатыкніся.

Левандоўскі «выціскаў» з мяне ўсё магчымае ды часта рабіў гэта бязлітасна. Яго мудрагелістыя практыкаванні я выконваў з дзікай упартасцю, абкружаны закаханымі позіркамі.

У палове студзеня я стаў выходзіць на рынг, і часамі маё сэрца замірала пры думцы, што набліжаецца ракавы дзень. Я прыдумваў спосаб, як на матч зацягнуць Данусю. Трэба кінуць генералу ў паштовую скрынку запрашальны білет. Або пакласці яго ў канверт, надпісаць адрас ліцэя, вывесці прозвішча «Янкоўскай Дануце» і паслаць. Так яшчэ лепш: падумае, што запрашэнне прыйшло ад настаўніка фізкультуры з ліцэя, і будзе на спаборніцтве баксёраў абавязкова.

Глыбокай зімой правялі адборачныя сустрэчы, і мяне дапусцілі змагацца за першынство горада.

4

А, зямляк! Сэрвус!.. Выгляд у пана нядрэнны. Я ведаю, пан ходзіць у спартыўную школу! – звярнуўся да мяне па-польску Станеўскі ў гарадской бібліятэцы.

Чаго ты такім шцілем загаварыў? Хто цябе прымушае крыўляцца? Я нават азірнуўся – паблізу знаёмых не было.

А мы таксама займаемся спортам! – пахваліўся ён.

Та-ак?..– працягнуў я разгублена, не разумеючы, каго ён мае на ўвазе яшчэ.

Толькі – шпагамі. Ходзім з князем у клуб карпарантаў «Баторыя»!

А!..

Сустрэліся мы ў бібліятэцы імя Тамаша Зана. Я зайшоў туды, каб даведацца ў энцыклапедыі, што азначае па-латыні слова «Дану-та», бо каталіцкія імёны пераважна ўзятыя з антычнай міфалогіі.

Што пан чытае? – пацікавіўся Станеўскі.

От, глупства!..– Я паспешліва закрыў кніжку і пачырванеў.

Што пішуць пану з дому?

Усё пра тое самае... Гэта памалацілі, гэта яшчэ не, авёс мышы пасеклі...

О! дакладна так пішуць і мне!..

Які табе, халера, я пан! Чаго ты выпендрываешся, чаму не можам гаварыць па-простаму!

Некалькі хвілін ён намагаўся яшчэ нешта спытацца. Аднак дарэмна. Размовы ў нас не атрымалася. Ужо мы на столькі адышлі адзін ад аднаго, што і натацыі чытаць яму было нязручна.

Любецкі і шпага! – запалі мне словы земляка.

Я адчуў зайздрасць і ўвось насцярожыўся, бытта баяўся, што Браніслаў мяне абгоніць. Захацелася некуды бегчы, нешта папярэдзіць.

А мо Генрых брэша, як не раз брахаў? Тытулы князёў у Польшчы ўжо даўно не ў модзе. Словам «князь» Станеўскі спекулюе, набівае сабе цану, і тут ён хлусіць.

Станеўскі і карпаранты? Яны фанабэрыстыя, гаварыць з ім не надта захочуць!

Памешчыцкія сынкі з-пад Вільні сядзелі ва універсітэце гадоў па дзесяць. У большасці сваёй яны паступалі на факультэт права, дзе паўгода можна было строіць дурня і на вучобу не хадзіць. У канцы семестра неслі прафесару свас «матрыкулы» – заліковыя кніжкі, і ён, не чытаючы прозвішча, ставіў адзнаку, што такі-та студэнт наведваў лекцыі.

«Залатой» моладзі экзаменаў здаваць не хацелася, і іх пераносілі з семестра на семестр. Ім не было куды дзяваць час, і такія студэнты аб'ядноўваліся ў карпарацыі.

Кожная карпарацыя мела свой клуб-шынок. Дні і ночы «залатая» моладзь праводзіла ў бестурботных п'янках і спрэчках – хто мае ў сабе больш блакітнай крыві. Часамі па прыкладу нямецкіх буршаў яны біліся на шпагах.

Ва ўрадавых колах лічылася, што карпаранты – носьбіты нацыянальных традыцый, і ім ствараліся ўсе ўмовы для вясёленькага жыцця. А гэтыя абібокі не ведалі, куды дзяваць татавы і дзяржаўныя грошы, за нацыянальныя звычкі выдавалі самыя горшыя звычкі і манеры колішняй шляхты.

Любецкі належаў да карпарацыі батораўцаў, бо наведваў клуб «Баторыя».

5

Міналі дні, а я не мог забыць слоў Станеўскага. Нейкая сіла цягнула ў шынок карпарантаў. Некалькі дзён я хадзіў каля «Баторыя» і заглядаў у вокны.

Нічога не мог даведацца!

Альбінас,– нарэшце не вытрымаў я і папрасіў Суткуса.– Дапамажы. Баюся, што мяне аднаго адлупцуюць там... Не пытайся ні пра што – таямніца. Твая справа будзе пастаяць па варце, а спатрэ-біцца – выручаць.

Магу! – адразу згадзіўся дружны літовец.

Вярнуўшыся з курсаў, я павячэраў, паклаў у кішэню наган і пайшоў. У скверы ля «Баторыя» мяне ўжо чакаў сябар.

Ну, давай работу. Вось мае рукі, вось я сам – і рабі, што хочаш з намі!..

Ясна. Так і сядзі. Спатрэбішся – буду крычаць! – накіраваўся я ў дзверы.

Але лёгка сказаць – накіраваўся.

У дзвярах мяне сустрэў барадаты волат з залатымі лампасамі. Ен паглядзеў з такой надменнай важнасцю, што ў мяне ёкнула сэрца. Бытта не сваей рукой я працягнуў старому манету – карпарантаў ён ведаў усіх з твару і мяне ўпускаць не меў права! Але швейцар са спрытам цыркавога фокусніка манетку перахапіў і, не збаўляючы важнасці, панёс на вешалку маё паўпальтка. Я пасмялеў і пакрочыў у залу.

У памяшканні стаяў страшэнны гармідар. Паветра так было напоўнена віннай парай, што не прадыхнуць. Карпаранты цягнулі «Gaudeamus igitur!». Усе былі незнаёмыя, і я адправіўся далей.

У суседняй зале карпаранты пілі, елі, а іншыя блукалі без мэты і задзіраліся як пеўні.

У адным месцы спойвалі хлапца. Яму падносілі піва. Хлапец перакульваў куфель, ставіў пустую пасудзіну на стол, пстрыкаў па ёй, і куфель са звонам ляцеў на падлогу.

Го-го-го-го! – выбухаў дружны рогат.

Давай яшчэ!

Яшчэ нясі! – загадвалі афіцыянту.

Каму сказана? Нясі, хлоп!..

Ля стала валялася горба бітага шкла.

Дарма я трымаўся ўвесь час бліжэй да дзвярэй і акон. Некаторыя былі п'яныя да такой ступені, што наўрад ці бачылі каго-небудзь у зале. А для тых, якія яшчэ трымаліся, я быў чалавекам, перад якім можна парысавацца. Ліха яго ведае, чаму ў п'яных такая прага парысавацца?.. Не падаючы і віду, што бачаць чужога, яны спецыяльна павышалі галасы, крыўляліся.

Непрыемна цвярозаму чалавеку глядзець на п'яных. I я паспеш-ліва пачаў шукаць вачыма таго, хто мяне цікавіў. Нарэшце знайшоў.

У канцы вялізнай залы быў памост. На ім двое студэнтаў са шпагамі рыхтаваліся да бою. Любецкі стаяў са шпагай побач. Я прабраўся бліжэй.

Белая, як у паненкі, рука Браніслава трымала бліскучы дубец, на канцы якога быў надзеты гузік. Калі студэнт дакранаўся металічным прутам да другой шпагі, непрыемна звякала, бытта шпагі былі бляшаныя. Дакладней, гэта было крыху падобна на звяканне кос. Усё тут нагадвала ігру статыстаў у тэатры. Куды ім з выхаленымі ру-камі да сапраўднага спорту. Ім патрэбны толькі драпіны на твары, каб потым хваліцца перад паненкамі.

Я выбраўся на вуліцу.

Ведаеш,– пачаў я хлусіць Суткусу,– таго чалавека, як на злосць, няма. Адно Станеўскага спаткаў...

О! рропужэ, дзе гэтага хлюста няма!

I пускаюць жа да сябе такога паны, глядзі?

Думаеш, за так? Ён там мае цвёрды абавязак: падаваць шпагі панічам і чапляць гузікі на вастрыё, каб сталь не калолася!

6

У другой палове студзеня пачаліся ўнутрышкольныя сустрэчы баксёраў. Я з такой лёгкасцю перамагаў сваіх праціўнікаў, што яны ў маёй памяці не пакінулі і следу.

I вось надышоў дзень, калі паміж нацягнутых канатаў я павінен быў зноў сустрэцца з вузкалобым – адзіным у Вільні праціўнікам, якога я баяўся.

Сапраўдная гарыла! – казалі аб ім тыя, хто першы раз баксёра бачыў.

Капрал пры сваім невялікім росце – сто семдзесят чатыры сан-тыметры – меў шырачэзныя грудзі – аж сто трыццаць у акружнасці! У гэтай скрыні, а не грудной клетцы, памяшчалася сэрца, якое не ве-дала стомы, а цела і мускулы здаваліся жалезнымі. I калі іншым лю-дзям такіх якасцей трэба было дабівацца трэніроўкай – яму гэта дала прырода. Доўгія рукі вайскоўца білі аднолькава моцна – і левая, і правая.

Думаеце, выпадкова, што ні адзін вулічны задзіра не стаў чэмпіёнам па боксе? На рынгу чалавек як на далоні. На агароджанай канатамі арэне рысоўка не паможа, бо там няма куды ўвільнуць, няма кім засланіцца. На брызенце вас двое: ты і твой праціўнік, і, для таго каб яго перамагчы, мусіш спадзявацца толькі на сябе. Па тым, як у такую хвіліну баксёр дае сабе рады, як сябе паводзіць, можна беспамылкова вызначыць характар чалавека.

У вайскоўца было штосьці бяздушнае, подлае і, бадай, звярынае. Пры дапамозе замаруджаных кіназдымкаў сучасным вучоным удало-ся ўстанавіць, што жаба робіць сківіцамі амаль чатыры тысячы жа-вальных рухаў ні то ў мінуту, ні то ў секунду! Іншыя вучоныя падлічылі сілу жабіных ног. Гэтая, так груба створаная прыродай, істота можа скочыць на адлегласць у дваццаць разоў большую за даўжыню свайго цела! Але якія б лічбы гэтыя ні былі вялікія, яны халоднай і барадаўчатай жабе ані крыху не прыбаўляюць інтэлекту і не выклікаюць у нас да яе сімпатыі. Таксама сіла і мускулы капрала не паднімалі ў нашых вачах яго аўтарытэту. Рыжага мы нават не лічылі за чалавека.

Не любіў капрала і трэнер.

– I носіць жа такога зямля на сабе! – бывала, у вочы яму гаварыў Левандоўскі ды ківаў галавой: – Скажы, Болек, няўжо і ў цябе была маці?

Але вочы капрала нічога не выражалі.

Іронія лёсу! Ён, як і я, паходзіў з беларускай вёскі, толькі з глухой, забітай. Трапіў у Вільню, да войска, і тут у яго адкрылі талент баксёра. Але гэта яму не пайшло на карысць. Рыжы зрабіўся выскач-кай, эгаістам і за хвіліну славы не палічыўся б нават з родным братам.

Былі ў яго і слабыя месцы. Некалі на рынгу капрала моцна стук-нулі па галаве, і ў ято наступіла зрушэнне мазгоў. Вось чаму ён быў неахайны, тупаваты, заікаўся, ды яшчэ да таго ж – не надта паваротлівы.

Асабістую асалоду для капрала прыносіў здзек з навічкоў. Ён спачатку прыкідваўся няўмекам, гуляў з ахвярай, як кот з мышшу, а потым «выпісваў» узоры на тварах тых, хто трапляў яму на «апрацоўку».

Чамусьці я мала памятаю, пра што гаварыў са мной Рыжы, але ніколі не забуду яго тактыкі, Бывала, гора, калі ты зазяваешся, і не дай бог табе спатыкнуцца! У гэты момант ёй абавязкова не праміне ўдарыць цябе кувалдай-рукавіцай (баксёр-цяжкавагавік б'е з сілай пяцьсот кілаграмаў!). А калі суддзя не бачыў, ён прымяняў фокусы і мудрэйшыя. То бытта ненарокам пырне табе пальцам у вока, то падставіць нагу, а схопіцця ўпрытык – націсне рукой на горла, каб заняло дыханне...

Памалу я навучыўся расшыфроўваць намеры Рыжага, прызвычаіўся да яго фокусаў і прымусіў лічыцца з сабой.

– Брава, Барташэвіч! – паціху, каб не чуў капрал, падбадзёр-валі мяне члены секцыі, жадаючы, каб я добра даў ненавіснаму рыжаму тыпу.

Я іх разумеў. Кожны чалавек з маёй групы прайшоў праз яго рукі. Але і я не забыўся, як яны пацяшаліся з мяне, а таму і не надта прыслухоўваўся, што яны гавораць.

Відаць, у кожнай вялікай справе патрэбны перш за ўсё сумлен-насць і вера, што ўсё будзе па-твойму. Гэта і вызначыла мае паводзіны ў той час.

Мая ўпэўненасць і ўпартасць збівалі праціўніка з панталыку. Адчуваючы, што яго песня спета, вузкалобы знарок пазбягаў сустрэ-чы. Распускаў пра мяне плёткі, абзываў яўрэйскім парабкам – ліобі-май мянушкай шавіністаў. Гэтым ён хацеў дыскрэдытаваць мяне і дабіцца, каб я не выйшаў у фінал. Але Левандоўскі не паддаваўся на правакацыі, і ад сустрэчы са мной капрал не мог ухіліцца – круці не круці!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю