355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 13)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 36 страниц)

Здзіўлены, я пастаяў, падумаў. Потым узяў падарунак пад паху і пайшоў на двор.

Якраз у гэты момант да генералавых дзвярэй набліжаліся Браніслаў і ксёндз, які некалі частаваў мяне слівай. Дануся трымала Гектара за аброжу і какетліва казала:

Прашу, праходзьце, ён не ўкусіць!

Калі ласка, айцец Валенты! – ветліва прапускаў Браніслаў госця ў чорнай сутане, нібы быў тут гаспадаром.

Дануся, упэўніўшыся, што я на яе гляджу, адпусціла сабаку, пабегла да Брэніслава і, як мне здалося, радасна праказала:

– Дзень добры, пане Бронэк!

Я вярнуўся на кватэру.

Вось і ўсё!– вымавіў я, цяжка ўздыхаючы. Азірнуўся навокал і ўпершышо ўбачыў, што мутна-зялёныя абоі на сценах з нейкімі тлустымі плямамі. Бр-р-р, якія агідныя!.. I як я тут жыў амаль цэлы год! Паўслухаўся. На кухні абедалі. Дзяўчынка карміла брата і павучала:

Чаму ты бульбу не абіраеш? З лушпайкамі толькі некалі дзікуны елі!

Ы-ы-ых!– са здзіўленнем уцягнуў у сябе паветра малы, робячы для сябе адкрыццё.– Тады хлеб людзі будуць есці калісь без скарынкі, так?!.

Не выдумвай, дурань!..

Малы з захапленнем ужо казаў:

А малако хало-однае, хало-однае, ну, проста нібы з-пад каровы! На, ты адно паспрабуй, Валя!

Ну і няхай, а ты еш!

Тут нешта стукнула, палілося, і дзяўчынка закрычала зноў:

О, разліў ужо! Выліжы, а то маме скажу!

Выліжу, Валечка! – вінавата і пакорна паабяцаў хлопчык.

Пачулася сапенне, потым стараннае сёрбанне. Праз хвіліну сястра накінулася на брата зноў:

Ты што бульбу раскідаеш?

Яна не ўпала, Валечка. Я затрымаў яе нагамі. Во, глядзі, калі не верыш...

Бедныя, нават не ведаюць, што малако з-пад каровы якраз цёплае, а старую жанчыну прызвычаіліся называць мамай!..

Калі, бывала, яны садзіліся сям'ёй абедаць, прачка ніколі не бра-ла ў рот цэлага кавалка хлеба. Ела толькі недаедкі. Распускала тлушч на страву, вылівала яго да кроплі дзецям у талеркі, а сабе налівала супу ў пустую патэльню – ёй даставаўся толькі пах ад тлушчу!..

Я ўстаў, пайшоў на кухню і аддаў дзецям каробку з шакаладам.

Назаўтра цётка Антося прынесла мне пісьмо.

Бярыце...

Не вазьму!

А то чаму? – спалохалася жанчына.– Вы ж не можаце жыць адно без аднаго!

Хто гэта вы?

Антося глядзела на мяне з жахам.

Яначка, чаго ж ты так?

Было, ды сплыло!

Чаму?

Індык свінні не таварыш!.. Адным словам, нясеце, цётко, назад!

Праз хвіліну я ўжо адумаўся: Дануся ні ў чым не вінавата. Гэта я ў апонші час стаў нястрыманым эгаістам. Але самалюбства не дазволіла паклікаць цётку назад.

Ролю абражанага цяпер трэба было іграць да канца.

Заставаўся яшчэ генеральскі кольт. Чамусьці да яго я не мог прызвычаіцца, як да падзёўбанага ржой Сцяпанавага нагана. Я за-гарнуў яго ў паперу і выйшаў на двор. Дзесьці ў душы таілася надзея, што рэвальвер – апошняя магчымасць пагаварыць і памірыцца з Данусяй. Але генералаў панадворак быў пусты.

Ля Залкіндавага дома старая ганялася за дзяўчынкай і прыму-шала ўнучку скінуць школьную форму. Калі Бэта засталася адна, я паклікаў яе да сеткі.

Аднясі Янкоўскай Дануце! Зараз жа!

А што тут?

Не твая справа!

Папера разгарнулася, і ў вялікіх вішнёвых вачах дзяўчынкі з'явіўся жах.

Нясі! – загадаў я.

А ён не выстраліць?..

Не бойся!

9

Надышоў дзень майго ад'езду.

Я доўга хадзіў па горадзе сам не свой і ўжо шкадаваў, што з-за празмернай крыўдлівасці і нейкай упартасці паспрачаўся з такім блізкім мне і дарагім чалавекам у Вільні. Навошта, хамут, ж пакрыўдзіў? Недзе, бедная, месца сабе не знаходзіць!..

Я выйшаў з дому з падзеяй на шчаслівы выпадак.

Прайшоўся ля Данусінага дома. Як на тое на панадворку – ні душы. Толькі ў зацененых дзікім вінаградам вокнах лёгка варушыліся гардзіны ды ля брамкі сядзеў пушысты кот. Убачыўшы мяне, ён раптам устрапянуўся і так хутка скочыў у кусты, нібы ў паветры хто правёў белую рысачку. Ва мне абудзіліся ўчарашнія крыўды.

«Няма чаго шкадаваць і мучыць сябе, трэба раз і назаўсёды адрэзаць і выкінуць усё з галавы ды збірацца дадому!»

Я рашуча накіраваўся ў краму. За апошнія грошы купіў падарунак маці – дошку для мыцця бялізны з гафрыраванай бляхі ў драўлянай рамцы.

Вяртаючыся з пакупкай дадому, я спаткаў Данусю з Любецкім. Калі ўбачыў яе з князем, ахвота закрануць паненку адпала адразу. Дануся зусім не нагадвала чалавека, які перажывае. Яна ўся аж квітнела, а я, дурань, бедаваў, што памірае з-за мяне...

Вось табе і на!

Зрабілася няёмка за сваю вопратку і за дошку пад пахай...– Мільганула зноў перад вачыма крапіва пад плотам, сярод панадворка – разбітая калодка з сякерай, заткнёнае анучай акенца хлеўчука... Ва мне ўжо загаварыла гордасць. Мінаючы пару, я нават не глянуў на Данусю. Мы параўняліся, і паненка голасна і паспешліва загаварыла, засмяялася.

Смейся, ліха цябе бяры, калі так табе весела!..

На вузенькай вулачцы я яшчэ раз сустрэў гэтую пару – нечакана апынуўся ў іх ззаду. У Браніслава з-пад маленькай кепкі звісаў лісіны хвост – адзнака, што Любецкі правінаваціўся ў нечым. Мо вызваўся выпіць літр гарэлкі, ды ад другой шклянкі зваліўся пад стол, а мо збрахаў не дастаткова гладка!.. Я падкраўся да пары і пачаў прыслухоўвацца.

Ой, і забіяка я быў у школе, панно Дануто! – хваліўся князь.– Пабачыла б мяне тады паненка! Нядаўна я наведаў прафесарку, пані Перагут...

З гімназіі Элізы Ажэшковай? Яшчэ майго тату гэтая пані вучыла!

О, цікава!.. Яна была ласкавая паказаць свае запіскі з таго часу. На кожнага з нас у спецыяльным сшытку пані Перагут заводзіла па старонцы. Пра мяне там напісана так: «I клас гімназіі. Кінуў яблык у прахожага і разбіў яму акуляры. IV клас гімназіі. Сеў у фаэтон, праехаў і не заплаціў фурману. VIII клас. Учора на Гандлёвай вуліцы спаткала Любецкага з маноклем у воку і ён са мной не павітаўся...» Эвалюцыя, не? Ха-ха-ха-ха!

Дануся таксама рассмяялася, але няшчыра, нервова. Я зразумеў яшчэ раней, што дзяўчына адчувае на сабе мой позірк. Інтымная размова з князем – дэманстрацыя.

Ліха вас бяры, радуйцеся сабой! – сказаў я сам сабе і ад іх адстаў.

Каб скараціць сабе час да раніцы, калі ішоў мой поезд, я крыху пахадзіў па горадзе. Засмечаныя тратуары без зялёных прысадаў наводзілі сум. Лета. На вёсцы зараз мужчыны не маюць часу лоб выцерці, жанчыны – накарміць дзіця. А тут усе млеюць ад ляноты. Эх, паперці бы іх на касьбу або на торф... Зрэшты, і я колькі часу блытаюся як гультай!..

Горад ужо так прыеўся, што я нават у твар пазнаваў некаторых гараджан. Я сябе ўгаварыў, што тут усё мне абрыдла, хочацца вельмі на чыстае паветра, да сваіх людзей, да працы, каб не адчуваць ні рук, ні ног. Аднак усё гэта было ва мне павярхоўнае.

10

Набліжаючыся да дома, убачыў я ля варот Янкоўскіх машыну з ад'ютантам і адразу пра ўсё забыў. «Значыць, вярнуўся яе бацька?!» – з жахам падумаў я, перамахнуў металічную сетку, забраўся ў бэз ды стаіўся пад акном.

...Дзе Данка, чаму ты не цікавішся дачкой, чаму ты такі раў-надушны да дзіцяці?– чуваць было выразна, як гаворыць генеральша.

Дарагая, пакінь яе ў спакоі, за ёю паглядзіць Антося! – супакойваў яе муж.– Раніцой вернемся, і ўсё будзе ў парадку!

Я ўвесь пераўтварыўся ў слых,

Пані Вацлава, гэта было ў бялізне! – пачуўся ўжо голас маладой служанкі.– Афішка!

Учора ў паштовай скрынцы ляжалі!..

Ну і што?

Хуліганы! – выбухнула генеральша.– Страляць іх трэба! Божа, калі ў Польшчы забароняць гэтую свабоду?!.

Нічога, нічога, Ваця, тут пішуць пра Гітлера!.. I маюць рацыю!

То няхай сабе пішуць!

Ён падцягвае войскі к «калідору» з танкамі, а мы супроць іх трымаем там кавалерыю з пікамі, усё тут напісана правільна!.. Замест таго каб прадухіліць катастрофу, чым мы занімаемся? Раутамі!..

Не задзірайся з імі, чуеш? Гэта к дабру не прывядзе! Хоча Гітлер нашае Балтыйскае ўзбярэжжа і няхай бярэ! Якую карысць ад Балтыкі мае польскі народ?

Вя-лі-ікую!..

Больш двух тыдняў на ёй не выседзіш, такая халадзіна! Забярыце лепш у бальшавікоў доступ к Чорнаму мору, там цяпло, кіпарысы, дыні!..

Ха-ха-ха!

Езус Хрыстус, гэтыя хваляванні разрываюць мне сэрца на кавалкі, яшчэ і палітыкай занімайся!..

Дарагая, мы на грані вайны!

Ну і што? Генералаў пад кулі хіба пасылаюць? I мяне не палохай, я перажыла ўжо адну вайну! Увойдуць у моду зноў высокія боты са шнуравадламі ды – во такія! – вайсковыя шапачкі! Яны мне да твару, а ног сваіх не маю чаго саромецца, хай перажывае жонка ваяводы – яны ў яе як у сланіхі!.. Бачыце, я памаладзела, бо прымаю масажыстку, а без яе бытта я – старая!.. Паручнік Казакевіч кіне – пабяжыш яшчэ і ты да масажысткі!..

Чуваць было, як у пакой эпергічна ўваходзіць ад'ютант і гаворыць:

Пане гэнэрале, машына падана!

Дзякуй, Куба, зараз мы з'явімся!

Слухам!..

Зноў азвалася гонеральша:

Антося, вернецца дзіця, накармі!

Добра, ласкавая пані!

Эрмітэй няхай адпрасуе ўсё, што ў Швейцарыю бярэм!

Адпрасуе, ласкавая пані!

Прасачы за ёй, Эрмітэй нічога не ўмее рабіць!

Прасачу, ласкавая пані!

Ды закрывай на ноч вокны, а дзверы – на засаўку!

Закрыю, ласкавая пані!

Гектара прывяжы на верандзе!..

Прывяжу, ласкавая пані!

Не трэба так на яе крычаць, гэтая дзеўка – бяскрыўдная істота! – заўважыў муж.

Мяне бы так пашкадаваў! – выбухнула жонка зноў.– Што ў цябе за выгляд?! Забыўся, што ідзём на баль да ваяводы, дзе будзе румынскі прынц? На, шаблю пачапі!..

Яшчэ і гэтае свінства? – бараніўся генерал.– До яснай холеры!.. Адслужылі сваё шаблі і эпалеты!

Рэспублік усюды нарабілі!.. Пры манархіях прынамсі цырымоніі былі! Не разумееце, як самі сябе абкрадваеце!

Во-во. Некаторыя прэзідэнты і зараз уводзяць прыдворны этыкет!..

Вярнуўся я на кватэру і ў сенях пачаў разбіраць скрынкі ад пасылак, каб фанеру завезці дамоў. Фанерныя квадраты былі падзіраўленыя цвікамі, спісаныя хімічным алоўкам і больш для пасылак не падыходзілі. Але пакінуць іх тут са слядамі бацькавых каракуль я не мог. Заняты справай, я ўспамінаў кожную, падслу-ханую ў генералавым доме, фразу ды ўсё ківаў галавой, а час цягнуўся вельмі памалу. Вестка пра тое, што хтосьці разносіць лістоўкі, прыглушыла раптам ва мне жаданне ад'язджаць.

Мяне ўжо падмывала пабегчы ў горад і пашукаць хлопцаў...

Міжволі давялося падслухаць яшчэ адзін дыялог.

Выйшла на ганак ды прысела на прыступкі мая гаспадыня. Да сеткі з другога боку падышла Антося з тазікам, пачала развешваць бялізну. З сяней мне выразна было чуваць іхнюю размову.

Дзень добры, суседачка! – павіталася мая гаспадыня.– Чулі? У горадзе людзі ў запас купляюць соль, газу, цукар!.. Кажуць, вайна хутка пачнецца!..

Езус Марыя!..– з глыбіні падворка адказала ёй служанка.– Што ж, грашылі людзі, грашылі і даграшыліся! Нельга без канца паспытваць цярпенне боскае!

Пачнецца катавасія, чым я дзяцей карміць буду, куды я іх дзену?!

Хоць жывым у яму лезь!

Яшчэ, кажуць, немец пускае бомбы проста на дамы!..

– Ад іхінх цыпілінаў і ў тую вайну не было ратунку!

Памятаю!..

...То на гэтую невядома што яны нарыхтавалі...

– А бомбы, кажуць, ён пускае найсамперш туды, дзе генералы жывуць!

Ну,– згадзілася Антося і з гэтым.– Генерал для іх – чалавек не просты!..

То ўся вуліца ганарылася, што на ёй стаіць генеральскі дом, то цяпер лаяць усе яго будуць!..

Людзям не дагодзіш, пані.

Людзі такія!

Усё, суседачка, у волі боскай! Нам трэба ўсім маліць багародзіцу!

Праўда, пані Антося!.. Хай нас крые найсвяцейшая мацер божая з Вострай Брамы!

Амін.

11

Пачало цямнець, і ў генералаву альтанку накіраваліся гепераль-ша, Дануся, панічы і паненкі. У цішы чэрвеньскага вечара доўга былі чуваць бестурботны смех, песні, нават – апладысменты, як у тэатры. Я стаіўся на ганку і слухаў.

Галасней за ўсіх гаварыла Дануся, і я ўпіваўся яе голасам, інтанацыяй.

Зрабілася шкада, што нельга нічога вярнуць, прынамсі да наступнага навучальнага года.

Генеральша, мабыць, прыехала забіраць дачку за граніцу...

Усе прасілі Браніслава пра нешта расказаць. Ён крыху паламаўся і пачаў:

У нашай сямейнай хроніцы запісана, што ў 1768 годзе, калі да майго прапрадзеда ў замак пад Лодзь прыехаў на вялікдзень князь Сапега са світай, на балі было з'едзена сорак валоў, дзвесце пяць-дзесят цялят, сорак бараноў, дзвесце свіней, васемнаццаць тысяч ку-рэй, дваццаць тысяч рыб, пятнаццаць корцаў ракаў. А венгрына вы-пілі столькі бочак, колькі дзён у годзе, а кварт мёду – колькі гадзін у годзе...

О Езус Марыя, куды гэта дзявалася ў іх!

Нашыя продкі мелі па тры страўнікі!

Абжорамі былі!

Хіба што!

«Нягоднікі.

Рамантыку бачыце ў колькасці прыслугі, у этыкетах, цырымо-ніях, балях... Дзеля яе можаце кідаць тысячы на карты, гонар... Забы-ваеце, што за гэтымі злотымі, корцамі, баранамі – людзі, якія хварэлі, іх здабываючы, паміралі нават...

Ведаем такіх рамантыкаў!»

Бестурботная весялосць панства пачала мяне раздражняць. Захацелася выкінуць які-небудзь фокус. Я нават падняў кій, каб запусціць ім у жалезную бочку ад генералавага душа, але перадумаў – кій можа адскочыць ад бочкі і трапіць каму ў галаву, яшчэ давядзецца справу мець з паліцыяй!

Ля ганка рос ясень. З'явілася жаданне залезці на дрэва. І я палез.

Магчыма, гэта было звычайнае блазенства, і калі я цяпер успамінаю, мне робіцца сорамна. А мо я зрабіў гэта, каб толькі звярнуць на сябе ўвагу Данусі?..

Я залез аж да тонкіх галінак і стаіўся. У альтанцы гаманілі і на мяне, дзівака, не звярталі ніякай увагі. Тады, гойдаючыся ў такт песні, пачаў я спяваць першае, што ўзбрыло ў галаву:

Стуку, груку, дзверцы,

Едуць кавалерцы!

А сучачка – цях-цях-цях!

А сардэчка – тах-тах-тах!

Ніякага эфекту. Я прадоўжыў:

Гуляй, дзеўка,

Красуйся!

Рана замуж —

Не сунься!

Бо замужам

Трэба знаць,—

Позна легчы,

Рана ўстаць!

А свякрусе —

Дагадзіць,

Як па брытвачцы

Хадзіць!

Спыніўся і паслухаў. Нарэшце ў альтанцы мяне пачулі і змоўклі.

Глядзіце, глядзіце туды, на прасвет! Вунь, на светлым фоне, на кроне дрэва – чалавек сядзіць! – пасля маўчання закрычаў незнаёмы голас.

У альтанцы зашморгалі хмелем, відаць, яго раздзіралі, каб лепш бачыць.

– О, і я бачу!

А-га!..

Дзе, дзе?

Некалькі хвілін у садку панавала цішыня. А калі здзіўленне прайшло, панства раптам пачало смяяцца. Смяяліся доўга, абразліва, як з дурня.

Нарэшце смех перакрыў Данусін голас:

Нічога тут няма смешнага! От залезце вы, рыцары, аж туды!

У альтанцы загрукатала.

О-ей, куды вы? Не разыходзьцеся, прашу! Пане Браніславе, не ідзіце, прашу!

А каторая гадзіна?

Ужо позні час!

У-у, як засядзеліся!

I мне пара!

Прабачце!

Дзякуем за прыемную кампанію!

Пара і нам!..

Адчуваючы злараднае здавальненне, што сапсаваў панству вечар, зноў пачаў я гойдацца і спяваць:

Сме-ла, та-ава-ры-шы, ў но-огу!..

Спяваў датуль, пакуль не зразумеў, што ў садзе – ні душы. I мне зрабілася так сорамна раптам, як бывае толькі ў сне, калі прысніцца, што ідзеш па вуліцы без нагавіц і на цябе ўзіраецца народ.

Я хутчэй злез на зямлю.

Ад'язджаючы з Вільні яшчэ ў тую ж ноч, я адчуў, як нешта назаўсёды тут пакідаю. Тады я яшчэ не ведаў, што ў гэты дзень скончылася маё юнацтва.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


Раздзел першы

1

Прыехаў я дахаты, а праз два месяцы пачаліся падзеі.

Першага верасня 19З9 года выбухнула вайна Германіі з Польшчай. Семнаццатага – у Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная Армія. I тут завярцелася. Парушылася вартасць грошай, паламаліся звычкі, погляды, паняцці; за адзін дзень іншы чалавек цяпер назіраў столькі, што дагэтуль не бачыў і за ўсё жыццё!

Доўга яшчэ я адчуваў сябе як пасажыр, які едзе поездам з хуткасцю сто кіламетраў у гадзіну: мільгалі вобразы, але не было магчымасці да іх прыгледзецца. Адчыніліся школы сярэднія і вышэйшыя, бясплатныя. Пачалося нябачанае будаўніцтва...

Вучыўся я ўжо ў другім горадзе. Але па-ранейшаму цягнула мяне да Данусі, хаця гордасць і не дазваляла паказацца ёй на вочы. Хацелася паглядзець на яе крадком – якая яна цяпер? Мо перажывае нястачу?..

У час летніх канікулаў 1940 года адправіўся я ў Вільню. Горад быў падобны на разварушаны мурашнік. Усё было там яшчэ не ўладжана, людзі ўзбуджаныя і жылі нібы на вакзале.

У генералавым доме незнаёмыя кватаранты сказалі, што цётка Антося перабралася ў сваю хату. Я падаўся да яе.

Як паехала генеральша з дачкой да вайны, так і не вярнулася! Можа дзе загінулі там: Гітлер, кажуць, лютуе цяпер надта на свеце! – паведаміла мне яна і параіла схадзіць да Левандоўскага, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі: – Левандоўскі павінен ведаць нешта пра іх! Я і сама збіраюся да яго, толькі агарод прапалю...

А Левандоўскі вярнуўся?

Залкінды мне гаварылі. Стары Залкінд хадзіў да яго распытваць. Усё яму тут не падабаецца. То ў сталовых чай падаюць без сподкаў, то за магазін прыдзіраюцца... Дастаў ужо нават загранічны пачпарт для сям'і. Але пагаварыў з Левандоўскім і абсеў. Той быццам сказаў, што і там не соладка. Учора спаткала яго ў кнігарні: рускія падручнікі шукаў для сваёй Бэты...

Калі год таму назад часці польскай арміі ўпарта супраціўляліся нямецкай навале, вышэйшыя чыноўнікі ўцяклі ў Румынію. Я падумаў, што туды мог уцячы і генерал. У такім выпадку ён за граніцай знай-шоў сваю сям'ю, чаго тады Дануце вяртацца ў СССР. А я, дурань, яшчэ дапамагаць ёй ехаў...

Ад Антосі я падаўся да былога трэнера.

2

На кватэры ў Левандоўскага было многа народу. Усе прагнулі даведацца пра лёс родных і знаёмых, паслухаць нешта цікавае.

Для многіх палякаў – асколкаў былога ладу – Англія тады была дзяржавай, якая, на іхнюю думку, мелася выратаваць Польшчу. Кожная вестка адтуль прагна ўспрымалася гэтымі людзьмі.

Тады, калі збіралася некалькі чалавек, то абавязкова яны гаварылі на палітычныя тэмы і з-за гэтага маглі не есці, не спаць. А ў Левандоўскага адбывалася ўжо цэлая прэс-канферэнцыя. У яго кватэру набілася столькі людзей, што мяне нават ніхто і не заўважыў.

– ...Сто пяцьдзесят гадоў з нас здзекаваліся, нас стралялі, гнаілі ў турмах. За намі шпіёнілі, забаранялі размаўляць на роднай мове, – з набалелай горыччу скардзіўся былы трэнер.– Незалежнасць мы выпакутавалі, як вандроўнікі пасля доўгай спякотнай дарогі ваду ў пустыні. Атрымаўшы яе ў 1918 годзе, мы ап'янелі ад радасці, не разабралі, дзе нашы ворагі, дзе сябры. Расія? А, тая, дзе Сібір, дзе звінелі кандаламі пакаленні нашых продкаў!.. Кажуць, у ёй штосьці новае? Гэта яшчэ паглядзім, а пакуль што мы не зрабілі з імі разлікаў!.. У Саветаў ёсць добрыя танкі? Няпраўда! Дык вось фатаграфіі!.. Хлусы, гэта пацёмкінскія вёскі, яны з фанеры!.. I мы сталі заігрываць з далёкай Францыяй, Англіяй. «Магутная, непераможная!» – фанабэрыліся мы, хвалячы сваю армію. А дайшло да справы, і давялося кідаць кавалерыйскія эскадроны на нямецкія танкавыя калоны!..

У гэтым стомленым і маральна зламаным чалавеку ледзь можна было пазнаць былога віленскага атлета і зухаватага мужчыну-прыгажуна.

– А потым?.. Прыехалі ў Румынію голыя, брудныя, абшарпаныя, прыбітыя – зноў, як дваццаць тры гады таму назад, бязродныя. Пашкадавалі нас суседзі, далі хлеба, мы наеліся і пачалі ўжо хадзіць гаспадарамі, пазіраць на румын звысоку, як каланізатары на туземцаў, абзываць іх «мамалыжнікамі»!..

У нас, палякаў, многа шляхецкага зазнайства... Пыха, самы сапраўдны эгаізм, прыкрыты таннымі патрыятычнымі лозунгамі, перамешваліся ў кожным з нас з уяўнай рамантыкай мінулага, сталі нашым характарам! – працягваў ён з болем.

Далей было яшчэ горш. З Румыніі паехалі ў Аўстралію. У Сіднеі, у гарадскім парку, гадуюць кенгуру. Да іх прыходзяць забаўляцца гарадскія лодыры. Хто на вайне ад смагі паміраў у пустынях Афрыкі, а хто не ведаў, куды падзець час... Кенгуру любяць баксіраваць. Для пацехі публікі я, трэнер першай катэгорыі, быў наняты за грошы ў партнёры смярдзючаму зверу!.. Надзеўшы баксёрскія рукавіцы, з раніцы да вечара я выходзіў на «рынг». Кенгуру намерваецца ўдарыць задняй нагой, а я не даюся. Аднойчы пана Кавальскага з Варшавы – ужэндніка пошты – звер на маіх вачах распаласаваў з галавы да ног, і кішкі вываліліся на пясок. Тады я адмовіўся ад такой работы...

У войска паслаць мяне не захацелі: стары. Прыставілі да коал. Гэта такія маленькія мядзведзі, харчуюцца лісцямі эўкаліпта, а ў іх шмат алкаголю, таму яны ўсё жыццё п'яныя. Цэлы дзень у парку з коал рагаталі людзі, а мне здавалася – з мяне!.. Абрыдла смяшыць народ, абрыдла чужына, захацелася дадому. Прыбыў савецкі гандлёвы карабель, і я на ім уцёк. Патрымалі крыху ў Лукішках, і вось – выпусцілі, жыві, сказалі...

Левандоўскі калісьці ведаў мае палітычныя перакананні. I мне вельмі ж не хацелася сустракацца з ім пры Савецкай уладзе нязначным чалавекам, ды яшчэ і ў беднай вопратцы. Таму я доўга вагаўся, пакуль нарэшце спытаўся пра генерала.

У стомленых вачах Левандоўскага адбіліся здзіўленне і радасць. Я прыкінуўся, што бачу яго першы раз, і жывыя іскрынкі ў трэнера згаслі.

Не, Янкоўскага там не бачыў,– адвёў ён ад мяне вочы.– I не чуў пра яго. Ён са старых кадраў польскіх патрыётаў, такія з бацькаў-шчыны не вельмі ўцякалі. Найхутчэй – у палоне або галаву злажыў...

Пайшоў я ні з чым.

3

Ніхто нічога не мог сказаць мне і пра князя. Толькі потым я даведаўся, што Браніславам Любецкім яшчэ мінулай восенню цікавіліся нашы органы, пасля гэтага ён некуды знік.

4

Канчаткова сапсаваў мне настрой пан Войцех.

Былы швейцар ліцэя паведаміў, што Альбінас Суткус да апошніх дзён лета 19З9 года працаваў у рэстаране, тады яго мабілізавалі ў польскую армію, і ён загінуў у баі з фашыстамі ў канцы верасня пры абароне польскай сталіцы.

– Мой зяць быў разам з ім у Варшаве,– уздыхнуў стары.– Зяць яго і пахаваў там на Макатове...

Бедны Альбінас!

Увесь час ён клапаціўся аб тым, каб забяспечыць сябе кавалкам хлеба. Мы не маглі нават замацаваць нашу дружбу. I вось назаўсёды сышоў з майго жыццёвага шляху яшчэ адзін блізкі мне чалавек.

Пан Войцех даў мне адрас дачкі старасты, Яніны. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі.

5

Мяне ўразіла запусценне і бязладнасць, якія панавалі ў кватэры былога мажнага чыноўніка.

У пакоі ляжала дачка-інвалід, якой пашкодзіла яшчэ асколкамі і пазваночнік, а яе маці лесціла мне і ўніжалася. Ад няёмкасці я не ведаў, куды падзець вочы. Гэтыя людзі, выхаваныя на легендах часоў Ягелы і Баторыя, на ідэі Польшчы «ад можа да можа», парабіліся бездапаможнымі авечкамі, калі гісторыя тыцнула іх насамі ў рэчаіснасць. Бацькі Яніны нават ва мне бачылі таго чалавека, у чыіх руках іхні лёс.

Нарэшце мне ўдалося пабыць адзін на адзін з Янінай. Яна ляжала на ложку з мноствам падушак. Дзяўчыну нельга было пазнаць. На худзенькім і бледным тварыку павыступалі вяснушкі. Такія самыя кропінкі былі на руках – худых і страшных, якія прасвечваліся як халадзец. Замест нястрымнай рагатухі і каравокай какетачкі я ўбачыў расчараваную няшчасную істоту.

Сядайце! – паказала яна на матрац.

Я ўсё тырчаў, аслупянелы, сярод пакоя.

Што, не пазнаеце?

Мала...

– Аднак гэта я! Некаторыя пазнаюць мяне толькі па зубах, калі засмяюся... Сядайце, ну!

Крэслы былі завалены вопраткай і рэчамі. Куды тут прыткнуцца?

На ложак давайце, я не заразная!

Каб не пакрыўдзіць паненку, я сеў. Сеў якраз там, дзе павінны знаходзіцца яе ногі. Толькі цяпер па-сапраўднаму да мяне дайшла трагедыя гэтага чалавека.

Агорнуты жаласцю, я маўчаў, разглядаючы пакой. Гэта было няветліва, але я меў такую звычку. На крэсле ляжаў альбом.

Калі ласка! – Яніна працягнула руку і падала яго.

Стаў я гартаць старонкі. На іх было шмат фатаграфій генеральскай сям'і. Яніна выняла адзін здымак і прачытала на адвароце Данусіны словы:

Gdy w życiu Cię kto zrani,

A w sercu pozostawi bliznę,

Pamiętaj, że więcej cierpiała

Polska – Twoja Ojczyzna.[18]

Прайшла мінута няёмкай цішыні.

Спаткаеце, перадайце, што перад смерцю пра яе думала і жадала вам абаім шчасця,– вымавіла Яніна скрозь слёзы.– О, як вас Данка кахала, як кахалі яе вы!.. Мяне ніхто ніколі не кахаў... Я вам так зайздрошчу...

Яніна, мы яшчэ разам з вамі...

Мяне вы бачыце апошні раз! – цяжка ўздыхнула яна.

У вачах дзяўчыны з'явілася нешта сталае, і я зноў перастаў яе пазнаваць.

Спаткаемся, няхай толькі ўсё ўляжацца...

Не. Я вырашыла не мучыць сябе і бацькоў. Толькі мама хавае ад мяне ўсё вострае...

Суцяшаў я паненку і адчуваў, што словы мае гучаць непераканаўча.

6

Бачыў я тады і Станеўскага.

Былога шпіка дэфензівы я спаткаў у кампаніі выфранчаных гультаёў. Яны хадзілі па горадзе і пасмейваліся над салдатамі з мангольскімі тварамі. Верхаводзіў імі Генрых. Зусім мажліва, што ён меў і цяпер у кішэні Сцяпанаў наган. От гісторыя!..

Я доўга ішоў за піжонамі, адыходзіў убок і ўсё хацеў сустрэцца са Станеўскім вачамі, але ён адварочваў галаву. Нарэшце, мне гэта абрыдла! «Ліха яго бяры, пабачым, што далей будзе!» – павярнуў я назад.

Камісар з абцёпканымі порткамі! – пачуў я за сабой.

Мяне апанавала бяссільная злосць. Ды не біцца ж з гэтымі тыпамі на вуліцы!.. Здаць яго ў рукі міліцыі! Ён загубіў не аднаго добрага хлопца!..

Я нерашуча патаптаўся і, бяссільны, пакрочыў да Зялёнага моста. Пры вызваленні горада паміж савецкімі войскамі і эндэкамі тут былі стычкі. Ад перастрэлкі засталіся прабоіны ў фермах моста. Тады гэта было яшчэ настолькі новае, што людзі ішлі глядзець на прастрэленае жалеза як на дзіва.

7

Дзень, пражыты ў Вільні, быў для мяне суцэльнай пакутай.

Прачка ўспомніла, што восенню ля студні ў яры знайшлі цела дзяўчыны:

– Той студэнткі, якая прыходзіла да вас! Уражаны навіной, я накіраваўся ў аддзяленне міліцыі. Давялося нямала пахадзіць з кабінета ў кабінет, пакуль паказалі здымкі. Сумненне адпала – Вольга! Забойца стрэліў ёй у скроню.

Пакуль што злачынца не выкрылі,– заявіў мне следчы, паказваючы тры шраціны.– Былі ў галаве...

Зірнуўшы на тры кавалачкі волава, я падумаў, што імі можна было стрэліць і са Сцяпанавага нагана. Шраціны трапілі ў скроню з вялікай кучнасцю. Значыць, забойца страляў зблізку. Работа Станеўскага!

Цяпер шукаць яго не было сэнсу – не такі дурань, каб другі раз спатыкацца са мной. А пра злачынства яго я толькі здагадваўся.

I каму гаварыць? Усюды панавалі сметанаўскія чыноўнікі, я па Зарэчнай нават баяўся хадзіць. У былым інтэрнаце езуітаў цяпер жылі не семінарысты. Туды пахаваліся літоўскія і польскія вайскоўцы чы-нам не ніжэй капітана. Інтэрнат для маладых ксяндзоў быў шырмай. Там памяшчаўся цэнтр польска-беларуска-літоўска-яўрэйскага нацы-яналізму, якому Сметана даў магчымасць аб'яднацца і чакаць пады-ходзячага моманту. «Выхаванцы» інтэрната гатовы былі на любое злачынства, абы толькі знішчыць сведкаў.

Некалькі гадзін я патаптаўся ля міліцыі, уздыхнуў і пайшоў прэч.


Раздзел другі

1

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны мяне не паспелі мабілізаваць у армію. I я не агледзеўся, калі апынуўся пад немцамі.

Абарваны, галодны і стомлены, давалокся я з тэхнікума дахаты: родны дом здаваўся адзінай крэпасцю, дзе нічога не пагражала.

Для маёй вёскі наступілі змрочныя дні нямецкай акупацыі.

Праз некалькі дзён ад матчыных харчоў у мяне з'явілася пругкасць у целе. Пад загоенымі ступнямі, як калісьці, зарыпелі дошкі падлогі. Прайшло атупенне.

Трэба было нешта рабіць.

Яшчэ перад вайной хлопцы раз'ехаліся па свеце, вёска апусцела. Старэйшыя людзі чакалі ад мяне якогасьці рашэння. А што ты можаш сказаць ім, калі ў цябе самога ў галаве ўсё ўверх дном. Якім жа наіўным і малазначным здалося цяпер тое, чым жыў я нядаўна: курсы, бокс, Дануся... Не хацелася нават выходзіць на двор, каб не сустракацца з суседзямі.

Ах, Яначка, ах, сыночак, што ж цяпер будзе? – падвартавала мяне на вуліцы маці Сцяпана Рамановіча.

Нічога, цётка Настуся. Толькі тут немцы прарваліся, а ў іншых месцах нашы ўжо да Берліна даходзяць! – праказаў я фальшыва-бадзёрым тонам легенду, якая тады бытавала.

Аднак доўга не мог забыцца папроку ў вачах старой... Чаму так здарылася? Няўжо давядзецца пачынаць усё спачатку, з гурткоў, як семдзесят год таму назад?.. Што рабіць у даным выпадку мне? Што на маім месцы рабіў бы Рамановіч? I ён бы тут разгубіўся.

А жыццё цякло.

У мястэчку стаяў гарнізон. З яго зачасцілі салдаты. Звярталіся да нашых жанчын – «матка», а да маладзіц – «паненка», атрымлівалі яйкі або масла, клалі сабе ў сумкі з зялёнага брызенту, усміхаліся, па-казваючы залатыя зубы... Не салдаты, а – дачнікі!

Выйдзеш у поле, дзе чыгунка,– на ўсход паўзуць і паўзуць цягнікі з авіябомбамі, танкамі і самалётамі!

Схаваешся ў лес. Вакол стаяць раўнадушныя сосны, елкі. У арэшніку самотна і тужліва цягне сваю бяду сінічка:

Пі-іць! Пі-іць!

Гур-р-р, гур-р-р! – буркуюць дзікія галубы. Усё як калісьці.

Толькі збярэшся з думкамі, пачынаюць раўці маторы самалётаў. Іхняе выццё падхоплівае стогалосае рэха. Над кронамі плывуць і плывуць шэрыя аграмадзіны транспартных «юнкерсаў» – спакойна, нізка, хоць лічы рубцы на гафрыраванай блясе абшыўкі з тонкімі лацінскімі літарамі, з ненавісным чорным крыжам.

Ляж на зямлю, прыкладзі да яе вуха, і ты пачуеш, як яна часта ўздрыгвае.

Ля вакзала ўсе платформы ўстаўлены савецкімі гарматамі са свежай зялёнай фарбай. Іх немцы дзелавіта ладуюць у вагоны, адпраўляюць на пераплаў.

Ля шашы аўтагенам рэжуць нашы танкі. Тоўстыя пліты сталёвай брані паддаюцца лёгка, як бручка, пакорна кладуцца ў кузавы крупаўскіх грузавікоў.

Каля мястэчка – агарожа з калючага дроту. За ёй – сотні палонных у шэрых шынялях: свае хлопцы – прыніжаныя, худыя,– адно скура ды косці!..

Родны лес палёгкі не дае – не можна загамаваць у чалавека думак і ўспамінаў. Усюды – немцы, упэўненыя, спакойныя, ад іх няма нідзе ратунку!

2

Раней, калі я прыязджаў дадому на канікулы, маці была проста шчаслівая, што мела магчымасць глядзець на мяне цэлымі днямі. Затое бацька чакаў, калі пачну апавядаць штосьці асаблівае. Цяпер жа маці праяўляла такую чуласць, якой я не памятаў з дзяцінства. Інакш паводзіў сябе і бацька:

Чуеш, маці? Учора прыехаў з мястэчка Васілёў Васіль і кажа мне: «Бачыў твайго сына ў горадзе. Перад жандарамі шапкі не здыме і не паклоніцца ім, не-е! А так ідзе перад немцамі, што хоць шклянку вады стаў на галаву!..»

Стары дурань, чым ты хвалішся?!. Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! – маліла маці.

А ты хацела, каб ён перад імі вытанцоўваў? Недачаканне іхняе!

Маці не згаджалася. Яна несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Ноччу падыходзіла да ложка і ўкрывала, нібы маленькага.

Я разумеў, чуллівасць у яе – ад блізкай небяспекі. Было сорамна, што нічога не магу зрабіць, а шыю быццам сціскаў абруч, не даваў дыхаць на поўныя грудзі.

Аднаго разу спаткала маці старую Станеўскую, тая пахвалілася:

Нас пасцігла такое шчасце, такое шчасце, што не магу надзякавацца богу!

Якое ж можа быць цяпер шчасце?

То ж мой мужык, выяўляецца, з немцаў!

Маці здзівілася.

Далібог! Яго дзед быў чыстакроўны германец. Мы цяпер фольксдойчы. Да нас пазаўчора прыязджаў сам амтскамісар са сваімі пісарамі, спісаў гэтую, як яе... геаграфію... Картачкі выдаў і аб'явіў, што цяпер мы не такія, як усе!

Няўжо ж...

Мы і вам дапаможам, бо нашы дзеці дружаць, разам вучыліся...

Цяпер усё такое няпэўнае, што не ведаеш, на якім свеце і жывеш...– асцярожна ўставіла маці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю