Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Аляксей Карпюк
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 27 (всего у книги 36 страниц)
Менавіта таму нашы вёскі амаль не ведаюць дэфіцыту рабочай сілы: з іх у горад не надта і выязджаюць, чаго не скажаш пра іншыя вобласці.
Вядома, і ў нас зніклі населеныя пункты з карт, але ж паўнакроўных вёсак не стала толькі дзвюх – Вялікай ды Малой Капліцы. Іх спляжыў хімкамбінат «Азот», пашыраючы свае цэхі А здарылася злачынства таму, што ўтой час, калібульдозеры руйнавалімураванкіабедзвюх Капліц, яшчэ не саспела грамадская свядомасць. Сёння, напэўна, адна «Паходня» гэтыя старажытныя вёскі, памянутыя ў дакументах XVI і XVII стагоддзяў, лёгка адстаяла б і знявечыць напэўна не дала б. Прыезджыя дзівяцца нашым поспехам. Не толькі сельска-гаспадарчым.
Будуюць у нас не так, як у Ленінакане.
На будаўнічых пляцоўках у нас наогул пануе лад, там нічога не марнуецца, усё ляжыць на сваім месцы.
Нават п’яніц у нас менш.
Пераважна ахайныя дамы ў вёсках і пасёлках.
Паміж сёламі, вёсачкамі заасфальтаваныя дарогі.
Захаваліся помнікі культуры, культавыя будынкі, як іх ні нявечыла вульгарная сталіншчына пры дапамозе сваіх апрычнікаў. І цяпер, напрыклад, калі ў Гародні ўдараць на Дабравешчанне званы ўсіх пяці храмаў, то цяплее на сэрцы, хочацца быць чысцейшым і дабрэйшым. І гэта – мне, атэісту са стажам, якому, здавалася б, не павінна было б быць ніякай справы да культавых атрыбутаў.
Наша моладзь не ведае нават, што такое талоны на малако, масла і мяса.
Ніхто не цкуе ўжо і нашых пісьменнікаў, усе мы з кватэрамі, тэлефонамі. Агорнуты гэтымі ілюзорнымі паказчыкамі, я не раз унушаў знаёмым і незнаёмым:
– Эх, хіба так наша рэчаіснасць выглядала б, калі б і прынёманскага краю не крануў катаклізм эпохі «Вялікага і Мудрага Правадыра ўсіх народаў ды Карыфея навук»?! На жаль, скуткі яго ўлады адчуваць будуць яшчэ і праўнукі.
Непрадбачаны кульбіт
Хацелася скончыць «Хроніку» на аптымістычнай ноце, ды не атрымліваецца.
Нядаўна ў нас змянілася абласное кіраўніцтва. Мудры і справядлівы Леанід Кляцкоў, які сваіх літаратараў апекаваў і ўсяляк ім дапамагаў, а на зграю сталіністаў адзеў наморднік, нечакана для ўсіх пайшоў на пенсію. Тыя, каго я калі-небудзь крытыкаваў, хто затаіў да мяне антыпатыю, адразу пачалі дзейнічаць. Як па камандзе!
У канцы лістапада 1989 года праходзіў пленум Гарадзенскага гаркама партыі па нацыянальным пытанні. Я – аўтар некалькіх дзесяткаў беларускіх кніжак з рознай тэматыкай, перакладзеных на розныя мовы, выдадзеных накладам больш за мільён. У іх мной апісаны кожны куточак горада і ўсе жыццёвыя яго перыпетыі. Як-ніяк, а ў афіцыйным бібліяграфічным даведніку для аднаго пераліку маіх твораў ды артыкулаў пра мяне вылучана цэлых трынаццаць старонак! Такім чынам, хочацца каму ці не, а я – менавіта той, хто ўнёс пэўны ўклад у галіну нацыянальнай культуры свайго рэгіёна. Таму, здавалася б, я павінен быць удзельнікам гэтага пленума ці, прынамсі, мяне павінны былі заклікаць да распрацоўкі яго рашэнняў. Але – дзе там!
Як бы радуючыся, што вярнулася магчымасць зноў ва ўсіх грахах абвінаваціць творчую інтэлігенцыю, першы сакратар гаркама А.Алёшын у сваім устаноўчым дакладзе з якойсьці бяздумнай лёгкасцю абвесціў, што сакратар аддзялення СП БССР у Гародні Карпюк са сваімі літаратарамі «спрабуе пазбавіць беларускі народ яго гістарычнага мінулага, пры кожным выпадку ўбівае клін паміж працоўнымі і прадстаўнікамі савецкай улады» (чытай: паміж працоўнымі і – Малочкам, Ульяновічам, Міцкевічам, «Генкам», Алёшыным!), чым, як сцвярджае дакладчык, «Карпюк наносіць шкоду жыхарам горада і ўсяму беларускаму народу».
За Алёшыным выступаючыя пачалі гаварыць у такім жа духу. Для мяне гэта было так нечакана, што я ўстаў, плюнуў і дэманстратыўна з пленума пайшоў.
Амаль адначасова орган абкама партыі газета «Гродзенская праўда» выступіла супраць мяне з падборкай тэндэнцыйных артыкулаў з-за таго, што летам я надрукаваў урывак з гэтай самай «Хронікі» пад назвай «Печальные были».
Першым на старонках абласной газеты абрынуўся на мяне ветэран вайны і працы, былы палітработнік МТС і райкамавец А. Талкачоў. Заўважыўшы, што я выхадзец з сям’і «кулака» (і не абрыдне ім без канца паўтараць гэты жупел!), ён абвясціў, што перад вайной я вучыўся ў Віленскай гімназіі, калі, маўляў, народ у Польшчы жыў так цяжка, што толькі ў Наваградскім раёне не магло вучыцца столькі-та тысяч дзяцей. «Свой матэрыял, надрукаваны ў двух нумарах газеты, – сцвярджаў гэты былы палітработнік МТС, – Карпюк пачаў з моднай сёння тэмы – крытыкі Сталіна і перыяду рэпрэсій (для А.Талкачова, бачыце, усё гэта толькі мода!). Але калі ўчытаешся, становіцца зразумелым, што гэта толькі шырма, за якой А.Карпюк імкнецца развянчаць усё добрае, што было дасягнута народам, ачарніць яго гістарычнае слаўнае 70-годдзе…»
З асабістых уражанняў пасля вызваленчага паходу ў Малдавію А.Талкачоў апісаў, як там спатыкалі нашы войскі са шклянымі пасудзінамі віна ў руках, як сяляне з радасцю і наперабой імкнуліся запісацца ў калгас.
Бытта і не было ачышчальнай дакументальнай аповесці такога самага ўдзельніка тых падзей Восіпа Герасімава «Стук у дзверы», якая паказала і жудасныя сцэны вывазу ў Сібір малдаван у той час, калі Талкачова частавалі віном. Але сумленне яго не мучыць нават цяпер, калі ўсё гэта абнародавана! Далей у артыкуле ён абураецца, што я ў непрывабным выглядзе паказаў работнікаў органаў, саратнікаў крывавага ката беларускага народа Л. Цанавы, якія, маўляў, у мірны час не ведалі спакою (чытай: пры арганізацыі рэпрэсій і ў вайне з уласным народам!). А яшчэ заклікаў чэкістаў не маўчаць.
Скончыў артыкул былы палітработнік МТС так: «Што тычыцца 10 ці100 тысяч вывезеных, рэпрэсаваных па нашай вобласціўчасы калектывізацыі, то гэта падобна на трызненне, калі не сумесны пасквіль».
Бытта і не публікавалася шмат адпаведных стотысячных даведак у сувязі з 50-годдзем уз’яднання Беларусі. Старшыня Савета ветэранаў органаў унутраных спраў вобласці падпалкоўнік у адстаўцы Н. Атаманаў услед за Талкачовым у другім артыкуле сказаў: «Так, прывабнай вонкавасцю тыя супрацоўнікі праваахоўных органаў не вылучаліся: не да таго было. Не вылучаліся і асаблівай інтэлігентнасцю ў тыя вогненныя мірныя гады, калі асабовы склад знаходзіўся ўвесь час у гатоўнасці нумар адзін (чытай: для барацьбы са сваім народам). I асаблівай вучонасці яны не выказвалі. Рэдка ў каго з іх была сямігадовая адукацыя, а пераважна – пачатковая школа».
Тут Н. Атаманаў Амерыкі не адкрывае. Ва ўсе часы ведаў і розуму ад цэрбераў не патрабавалася, людзі для гэтай службы падбіраліся не лепшага гатунку!
Ветэран вайны і працы Г.Шоўга ў трэцім артыкуле дадае: «Гаворачы аб стварэнні калгасаў у Сапоцкінскім раёне, аўтар груба, як невук, адгукаецца аб органах савецкай улады і аховы правапарадку ў той час, апраўдваючы асоб, якія аказвалі лютае супраціўленне органам і агітацыйна-прапагандысцкаму актыву».
І нарэшце, 23 снежня 1989 года з’явіўся матэрыял ледзь не на цэлую газетную паласу пад грыфам: «У БЮРО АБКАМА КПБ Аб звароце ў лістах ветэранаў вайны і працы ў абкам партыі з прычыны публікацыі «Печальные были» А. Карпюка ў газеце «Гродненская правда».
Ніжэй сказана, што ў Гарадзенскі абкам КПБ звярнуліся ветэраны вайны і працы домакіраўніцтва № 8, члены Савета ветэранаў вайны і працы (галоўным чынам, былыя работнікі МУС, якія ўсе тыя эксцэсы тварылі! – тлумачэнне маё, А. К.) з просьбай разабрацца з беспрынцыповай пазіцыяй рэдакцыі «Гродненская правда», якая «дапусціла публікацыю на сваіх старонках артыкулаў А. Карпюка, – яны ачарнілі гісторыю вобласці і яе людзей, сказілі ісціну».
Затым быў апублікаваны матэрыял спецыяльнай камісіі, якая разбіралася па гэтай справе.
Камісія прыйшла да высновы, што А. Карпюк суб’ектыўна і аднабакова адносіцца да вызваленчай місіі, вызваленчага паходу ў верасні 1939 года Чырвонай Арміі, бо ўдзельнік яго Г.Маскаленка якраз з захапленнем апавядае, як з хлебам-соллю, з незвычайнай радасцю (бытта і я не гаварыў аб той эйфарыі, якая агарнула просты народ, які яшчэ не ведаў усяго, што яго чакае неўзабаве!) сустракалі чырвонаармейцаў, стараючыся іх пачаставаць крынічнай вадой, свежым малачком і г. д.
Ніжэй у рэдакцыйным артыкуле зноў гаварылася аб падазронай ведамасці ў канцлагеры Штутгоф з маім подпісам на атрыманне тры разы па дваццаць марак, аб уцёках з яго і паклёпе на Грушэўскага.
У канцы абкамаўскага матэрыялу ў газеце сцвярджалася, што Бюро ЦК КПБ за грубыя палітычныя памылкі (за мае выступленні на форумах СП БССР, якія зараз публікуюцца ў кніжках, бо думкі, закладзеныя ў іх, супалі з тымі, што ляглі ў аснову нашай перабудовы) дало А.Карпюку суровую вымову з занясеннем ва ўліковую картку.
Выходзіць, усё паўтарылася з часоў пачатку 70-х гадоў. А калі быць дакладным, то штосьці падобнае ўжо было ў рэспубліканскім маштабе.
Гэта ж ужо ў разгар эпохі галоснасці Ульяновіч з сабе падобнымі сябрамі ў органе ЦК КПБ газеце «Звязда» ўдарыў па Граніну, Адамовічу, Бакланаву, Кандрацьеву і Балашову, крытыкуючы іх за «агульначалавечы гуманізм» у творах, за «акопную праўду», як ударылі і па мне праз «Гродненскую правду» ды бюро абкама партыібылыя супрацоўнікі органаў НКУС і МУС.
Як бы мне ні было непрыемна, але ў гэтым не знаходжу нічога ненатуральнага. Людзям гэтым зусім незнаёмы мукі пошуку ісціны, хвалявання, якія ідуць ад розуму і сэрца. Яны і цяпер здольны ўспрымаць толькі тое, што ім прадыктуюць старыя шаблоны.
У сваім артыкуле ў «Гродненской правде» А.Талкачоў высмейвае мае меркаванні, што ў сельскай гаспадарцы ў нас наступіў пералом толькі ў 1954 годзе ў сувязі з рэформамі Хрушчова і вяртаннем высланых у родныя мясціны, а Н.Атаманаў не прымае маёй думкі, што бандытызму ў нас садзейнічалі рэпрэсіі, што тэрор заўсёды спараджае тэрор. Але ж гэтыя ісціны банальныя, іх ніхто ўсур’ёз не можа аспрэчваць!
Уся бяда ў тым, што мае апаненты зусім няздольныя аналізаваць падзеі, удзельнікамі якіх былі. У эйфарыі перамогі ім было не да плачу невінаватых жанчын і дзяцей, не да выгляду тых аблезлых каровак і дохлых коней, разбураных хутароў і сяліб.
Яны ні ў чым не раскайваюцца, не грызе іх сумленне, і спяць яны спакойна.
Я не раз думаю: хоць бы кожны з гэтых ветэранаў праваахоўных органаў пацярпеў з месяц тое, што перажылі мільёны! Ды лёс іх ашчаджаў. Жылі бесклапотна на ўсім гатовым. Ад шматгадовага безагляднага падпарадкавання мазгі ў гэтай катэгорыі людзей пераўтварыліся ў свайго роду торф, які не здольны ўжо радзіць нічога жывога.
Ветэраны гэтыя, як бы ні было каму іх шкада, зацыкліліся на ўзроўні саракавых гадоў.
Прыгледзьцеся, як яны праводзяць вольны час. Якія між сабой вядуць размовы. Усё ў іх старое!
Яны нічога не чытаюць, ні пра што іншае не хочуць ведаць – усё ніяк не развітаюцца з эпохай, калі вырашалі лёсы людзей, калі мелі неабмежаваную ўладу, трафеі, выпіўку і, прыкрываючыся званнямі, пасадамі, высакапарнымі лозунгамі, рабілі, што хацелі.
Над імі ўсё носіцца дух Мудрага Настаўніка і Друга, без якога не ўяўляюць сабе жыцця. Калі загаварыць з каторым-небудзь з іх адзін на адзін аб рэпрэсіях, ён з упэўненасцю адкажа:
– Таму цяпер і кепска, што Сталін не ўсіх вывез, не перастраляў, не перадушыў! Быў бы ЁН цяпер – адразу навёў бы парадак!
Горш за ўсё, што між імі існуе моцная спайка і закаранелае пачуццё роднасці душ. Адчуўшы выпад супроць сябе ў выглядзе крытыкі таго, чаму аддалі лепшыя гады жыцця, паглядзіце, як гэтыя людзі аб’ядналіся! Як салідарны з ім гаркам, абкам, парткамісія гарадская, абласная і орган партыі «Гродненская правда»!
Нічога не зробіш, іх яшчэ многа надта, і яны дужыя, асабліва ў нас, на перыферыі, недарма ў народзе іх называюць вандэяй. Але справа не ў іх. Кожная палітыка збірае пад сваё крыло адпаведных людзей для здзяйснення сваёй мэты. За паслухмянай нашай вандэяй трэба бачыць цэлы пласт бюракратаў, якія ну ніяк не развітаюцца з уладай!
Дык што, паўтарыўся пачатак 70-х гадоў? Як бы не так! Змянілася штосьці грунтоўна і ў нас. Цяпер ніхто ад мяне на вуліцы не шарахаецца, хоць аж так ачарнілі. Наадварот! Паскудныя публікацыі выклікалі шквал пратэстаў. Не прайсці спакойна па вуліцы! Знаёмыя і незнаёмыя спыняюцца і ўсяляк выказваюць сімпатыю ды сваё тлумачэнне апублікаванага. Бесперапынна гавораць мне аб гэтым па тэлефоне.
Адным словам, разбуджаны ў народзе такія сілы, якія цяпер ужо ніякім ульяновічам, талкачовым, маскаленкам, алёшыным не ўтрымаць.
Усё гэта так.
Толькі ж ці мне з імі па дарозе? Я не з пакорных, я – з абалваненых. Усё жыццё не там шукаў ідэал. Я глыбока верыў у камунізм. Я нават верыў, што Сталін ні аб чым не ведае, і марыў, як да яго дабіраюся ў Крэмль ды раскрываю на ўсё яму вочы. Прачнуўся, дзякуй Богу, і зразумеў, што я аб’ект непрыстойнай гульні ў руках людзей, якія вадзілі мяне дзесяцігоддзямі за нос і спекулявалі на маёй наіўнай веры, як і веры мільёнаў такіх самых.
Хопіць кіснуць у якойсьці калдобіне!
КПСС – носьбіт чужой мне маралі, якая ўсю гэту хеўру банкротаў і сектантаў тыпу ульяновічаў, магільніцкіх, талкачовых, атаманавых, маскаленкаў, шоўдаў пры дапамозе сваіх магутных сродкаў прапаганды ды шматлікіх чыноўнікаў з высокімі зарплатамі абагравала і абагравае, сілкавала і сілкуе ды цкуе. Усё гэта ўвайшло ў непрымірымы канфлікт з мараллю, закладзенай ува мне.
Так і павінна было здарыцца.
Скажыце, што агульнага мае агульначалавечая мараль страшаўскіх бабак, дзядоў, якія мяне выхоўвалі, з той уломнай і аднабаковай мараллю, каторая хоць і навуковым камунізмам народжана, але ўзнікла ў галовах дагматыкаў, у сэрцах з халодным разлікам, у людзей часта карыслівых, аднабокіх і шкодных палітыканаў ды верхаглядаў?
Вы – як сабе хочаце, а я больш не хачу да гэтай партыі належаць! Упэўнены, каб жыў бацька, то і ён мне сказаў бы: «Правільна, сынок, робіш, мы абодва здорава памыліліся! Хутчэй скідвай з сябе чужую, цесную кашулю, выбірайся з глухой калдобіны, якую гісторыя падсунула людзям на іх шляху, і вяртайся да сваіх каранёў».
КАНЕЦ СВЕТУ
ПА МАТЫВАХ РАМАНА «ВЕРШАЛІНСКІРАЙ»
СЯЛЯНСКАЯ ДРАМА
АСОБЫ
А л ь я ш – Ілья Лаўрэнц'евіч Клімовіч, прарок, барадаты дзед.
Т э к л я – прыгожая маладзіца, потым – жонка Альяша.
В о л ь г а – дачка прарока.
В о л е с ь – зяць.
Банадык – селянін сярэдніх год.
Майсак Пётр – галоўны апостал.
Аўхімюк Васіль – стары селянін.
Фэлюсь Станкевіч – вартаўнік царквы.
Антанюк Іван – галоўны багамол з-пад Бельска.
Жонка Антанюка.
Нюрка з Забагоннікаў – дзеўка, 23 гады.
X і м к а – жана-міраносіца сярэдніх год, сястра Банадыка.
Д а н і л ю к.
П і л і п і х а – жана-міраносіца старая.
Б а е ц – малады хлапец.
П а л о с я – бабка.
Макарыха – бабка.
Божы жаніх – малады і здарозы.
В а р'я т – юнак, 17 гадоў.
М а ц і в а р'я т а.
Бацька ва р'я т а.
С л я п ы.
П і с а р.
Нямецкі афіцэр.
Два манахі. Яны ж – два нямецкія салдаты,два апрычніка Альяша. Ж а б р а к.
Два падпольшчыкі-камсамольцы.
Героі гутараць на мясцовым дыялекце: «наеўсо», «напіўсо», «файно», «егдзіць», «ніц», «дзісь», «вельмі»...
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
КАРЦІНА ПЕРШАЯ
Вясковая вуліца. Чуваць пераборы малаткоў у кузні. Уздоўж плота брыдзе А л ь я ш. Насустрач старому кідаецца дачка В о л ь г а.
В о л ь г а. Тату, як жывеце? Ой, якая ў вас чорная кашуля!.. Не могуць багамолкі пасціраць?!. Ну, забягу як-небудзь, пасціраю!.. (Сцішае голас.) Тату, мужыка завезла ў бальніцу – сляпую кішку выразаць. Дайце грошай.. Дахтары патрабуюць дзвесце злотых за аперацыю ды гавораць, калі не заплачу напярод, да Волеся нават не падступяцца. А дзе ж мне ўзяць такі маёнтак, гэта ж – дзве каровы! Богам малю, тату, дайце! Дахтарам – што? Памятаеце Балейку з Гарадка? Не заплаціў, так жонка і памерла ў калідоры бальніцы! Загіне Волесь, застануцца сіроты, што ж я з імі рабі-іціму, угу-гу-у!.. (Плача.) Вы мяне замуж выпіхнулі без пасагу, пашкадуйце хоць зара! Што для вас значаць дзве сотні?!
А л ь я ш. Званіцу трэ будаваць... (Уздыхае.) Дасць Бог – чалавек твой пе памрэ, не раві. Адзін Гасподзь уладыка жывата і смерці – влас не спадзе з галавы нашай без волі яго.
Вольга (ашамела). А-а, то вы ўсё такія самыя?! З-за сваёй царквы зусім з глузду з'ехалі!
А л ь я ш. Як са мной гаворыш?
В о л ь г а. Праз яе вы і маму ў магілу загналі! Нават Толік праз яе на вайну пайшоў! З-за яе і я пачынаю ў Бога не верыць, бо калі б ён быў там дзе-небудзь на небе, хоць бы самы дурны, то даўно паслаў бы пяруны на вашу паршыву царкву!
А л ь я ш. Шчэ і багахуліш? Як з родным бацькам гаворыш, заменак?!
В о л ь г а. Які вы мне бацько?! Ці вы мне, як была малой, казку расказалі, па галаве пагладзілі, булку якую купілі?
А л ь я ш. Ў, разбэсцілі вас гарады і вы сатане прадаліса! Ты павінна свайму бацьку рукі-ногі цалаваць, што на свет цябе пусціў! Мало цябе, заменак ты, я малую крапівой сёк, толькі цяпер бачу!
В о л ь г а. Ат, і праўду людзі кажуць – з якой лысінай жарабя родзіцца, з такой і здохне! Пагу-утарыла з родным таткам, фа-айно пагаварыла!.. Адно памятайце, тату: і ўнукам закажу, каб нават не глядзелі ў ваш бок! Заставайцеса тут са сваімі прыдуркамі, іграйце ў святых апосталаў! Цьфу на вас за Волеся, Толіка, за няшчасную маму, і будзьце вы праклятыя! (Выбягае.)
З матыкамі з'яўляецца п'янаваты А ў х і м ю к.
А л ь я ш. Паглядзі, Базыль, як маладыя абыходзяцца з бацькам – ніякай пашаны! Вольга мая, сука, прыбегла, каб я... Што, я – працэнтнік?! Не-е, канец свету і праўда настае!
А ў х і м ю к (ікае). За што некаторых шанаваць? Ты ж нават надзел бацькаў на цэркву прадаў, а дзяцей – з хаты прапёр! На свет мы іх пусцілі? I сабакі пацекаюць ды раджаюць, затое шчаняты, як падрастуць, бацькоў цураюццо! На! (Вымае самагонку.) А, ты – праведнік, не п'еш! (Хлябае з бутэлькі сам.)
А л ь я ш. Прадаў, бо так трэ. Я веру ў бога, а іншыя – у мяне.
А ў х і м ю к. Вераць, бы – муле?!. Няшчасныя, затузаныя людзі цягаюццо па белым свеце, праўды шукаюць, не ведаючы куды туліцца, а ты ім манну нябесную абяцаеш. Мулай стаць лёгка, цяжэй – чалавекам.
А л ь я ш. І мне жыць так, бы ты – абы дзе выпіць?
А ў х і м ю к (ікае). Ілья, з агнём іграеш! Загубіць цябе твая палітыка, памянеш маё слова! Чым мазгі ім засіраеш? Халера, які з цябе прарок?! Цяпер вучаным трэ быць на гэто, мы ж з табой толькі распісацца і можам! Ха, шчэ Біблію пра сябе загадаў сачыняць!.. Ой, насмяшыш вёску толькі!.. (Траціць раўнавагу, падае.)
А л ь я ш. А ты хочаш, каб я з вамі піў ды зубаскаліў? Ляжы – свінні цябе зара абліжуць тут! (Збіраецца ісці.)
А ў х і м ю к. Кажаш – любі бліжняго, а роднаго зяця не ратуеш!
А л ь я ш (крочыць далей). Затое ўсіх людзей шчаслівымі зраблю!
КАРЦІНА ДРУГАЯ
Падзея адбываецца ці то на цвінтары, ці то ў царкве. На прыступках храма
Банадык з Фэлюсем гуляюць у самаробныя шахматы. Вісіць іржавы лемех. Багамолы і прыёмшчык падарункаў. Людзі ў бочкі кладуць сушоныя грыбы, сыры, а побач – сувоі кужалю, ручнікі і дываны; перад іконы ў торбачкі – грошы.
Камсамолец першы. «Святы Альяш з хмары зваліўсо, упаў у Грыбоўшчыну ля нас! I чаго, каб хто спытаўсо, злез стуль боскі свінапас!..»
П і л і п і х а. Яко ізчэзне дым, яко тае воск ад ліца агня, тако да пагібнуць бесы ад ліца любяшчаго бога! Фу, фу, фу, сатана, згінь!
А н т а н ю к (прыёмшчыку). Карову прароку прывёў – унь прывязана да плота. Пабегала на вялікі пост. Баба падаіла, да вечара пацерпіць. Я – Аптанюк Іван з вёскі Ракітніца.
М а й с а к (запісвае). Рука даюшчая да не аскуднее. Храні цябе гасподзь, Іване, і тваю сям'ю, амін.
Ж а б р а к. Падайце, Хрыста радзі, інваліду з Брусілаўскаго прарыву, не забывайце сына ацечаства, воіна шматпакутнаго! (Звоніць цвіком у гільзу ад снарада.)
Камсамолец другі. Прасіце ў тых дзяўчат, дзеду, яны багатыя, а мы свае грошы прапілі!
Ж а б р а к. Калі быў молад, то і на дзевак я меў голад, а пры старасці такой не грэбую ніякой! (Шэпча хлопцу на вуха, рогат.)
Камсамолец першы. Дзеду, а праўда – жонка войта дала вам булку, а вы каменем шыбу войту пабілі?
Ж а б р а к. Не булкай!.. Ой, дзетачкі, ідзеце сабе, бо нічого не зараблю і старая з хаты папрэ! Сястрыцы міласэрныя, ныюць мае раны вецерану з-пад Мукдэпа, гвардзейцу яго ампіратарскаго высочаства, кавалеру георгіяўскіх крыжоў! Пад Сучапамя тры варожыя ланцугі адолеў: адзін рашпілем распілаваў, пад другі падлез, а трэці ланцуг пераскочыў!
Н ю р к а (падлятае). Майсак, з-пад Бельска акаваную Біблію прывалаклі – вялізную, бы пячная засланка!
М а й с а к. На цвінтар выстаў, хай людзі падзівяцца!
Камсамолец другі. Дзядзьку Пятрук, ахвота вам такім глупствам людзям мазгі забіваць?
М а й с а к. Біблію, сынок, пісалі вучаныя людзі. Думаеш, зра час трацілі, паперу марнавалі? Ведаю, што табе трэ. Ты знайшоў сваю праўду і гаворыш – Бога няма. Адкуль табе ведаць, што бог е, калі не перажыў яго? Е ў цябе свая праўда? То нясі яе высоко, дастойно, як нёс Хрыстос, а я буду сваю несці і не мяшаймо адзін аднаму!
Камсамолец другі. У вашай Бібліі гаворыцца, што першымі людзьмі былі Адам і Ева. Адамавы хлопцы пажаніліса і пабудавалі гарады?
М а й с а к. Ну, гаворыцца.
Камсамолец другі.Дзе ж яны набралі жонак і народу ў свае гарады, калі і людзей шчэ не было? Чаму такая брахня ў вашай Бібліі, якую выстаўляеце на цвінтар?
М а й с а к. Калі я ем панцаковую кашу і на зубы трапіць асцюк, то я ж не вывальваю цэлую міску ў цабэрак: выкідваю толькі асцюк. У святым пісанні сказано так і недаступнае нам не зразумець.
Камсамолец першы. А, няма чым крыць, пра кашу загаварылі?! Успомніце, дзядзьку, шчэ пра соль і перац!
М а й с а к. Ат, палітыкуй тут з вамі!.. Міраносіца Нюрка, праз Плянты валяць новыя багамолы, падушацца тут! Ляці і затрымай іх на выгане, покуль з гэтымі справімса! Прарок вось-вось прыйдзе!
Н ю р к а (какетліва). Зноў мне, эх!.. (Знікае.)
М а й с а к (бярэ ад пілігрымаў грошы, выдае паперку). Вам – квіт на тысячу злотых для апраўдання перад вобчаствам. Сам Гасподзь да прасвяціць вашы вумы і сэрцы ачысціць любоўю, амін!
Б а г а м о л ы. Амін! (Валяцца на траву, б'юць яйкі, вымаюць бутэлькі малака, закусваюць, паказваючы адно аднаму ікону божай маці.)
Ж о н к а А н т а н ю к а. О, яна аб'явіласа Альяшу ва сне, загадала, што і як рабіць!.. Хутко ежмо, бо зара і сам тут будзе!..
П і л і п і х а (лямантуе). Бадзюку сабе развялі тутака?! Прысмакі выядаць у святым месцы?! Цыбулькі, рэдзькі з хлебам не хочаце? (Людзі ежу вінавата хаваюць.) Во – так!.. Цяпер слухайце! Ісцяны Бог, чула, як Альяш ноччу гутарыў з Госпадам і дамаўляўсо, каб дождж выпаў! Раненько ўстаю, усё змочано, расце файно – аж буіць! Спатыкаю яго на вуліцы й кажу: «Ілья, я падслухала, падглядзела, усенько ведаю!» А ён хітра: «Хай людзі сабе добры ўраджай маюць!»
Б а н а д ы к (ківае галавой). Альяш пра людзей падумае? Калі спаткаю яго, заўша хачу сказаць добры вечар, бо ў вачах цямнее!
П і л і п і х а. I арэ, і косіць, і тое саме есць, што мы, адно мяса ў рот не бярэ – бы святыя старцы! Усё моліцца за народ!
Камсамолец першы. «Святы Альяш з гары зваліўсо, упаў у Грыбоўшчыну ля нас! I чаго, каб хто спытаўсо!..»
Д а н і л ю к. Зноў смяецеса, збыткуеце з альяшоўцаў? Разумныя надто! Шчэ й кажаце – зямля вакол сонца бегае!
Камсамолец другі. Верціцца, дзядзьку!
Д а н і л ю к. Калі ты такі вумны, то скажы – а на чым яна падвешана?
Камсамольцы (хорам). Як гэто – падвешана?!
Д а н і л ю к. На чым вісіць на небе – на вяроўках ці на які гак жалезны пачэплена?
Камсамолец першы. Нават канапляная вяроўка такі цяжар не вытрывае!
Д а н і л ю к. Тады – на чым? I ад чаго ўсё расце – збажына, ліпы унь? Пухне яно ці знізу яго так што прэ? (Глядзіць, бытта пайшоўшы з казырнога туза.) А, не ведаеце таксамо!
Камсамолец першы (ледзь не плача). Цемра!..
М а й с а к. Куды нам да вас, вучаных!.. Паглядзіце, колькі ў гарадскіх цэрквах моліцца і багатых, і адукаваных! Што, яны не ведаюць – сонцо вакол зямлі бегае ці – наадварот? Праўда стаіць у Бібліі, ці – не?.. Людзі заўша да цэрквы валілі і будуць валіць, бо ў іх патрэба такая! Людзі так свае душы ратуюць! А куды ты, разумнік, хацеў бы, каб гэтыя цяткі ды дзядзькі пайшлі – на папскія штыкі? Цяткі крыві баяцца! Чуў пад Кракавам колькі мужыкоў скасілі з кулямётаў?
Н а т о ў п. Прэч цацалістаў гэтых! У зубы ім!
Хлопцаў выштурхваюць за сцэну і людзей агортвас здавальненне ад перамогі. На хвіліпу ўсе забываюць, чаго сюды прыйшлі.
Б а н а д ы к (толькі цяпер бачыць сястру). Хімка?! Што чуваць?
X і м к а. Дзеці пісьмо з Расеі прыслалі. Маня доктарам у Ленінградзе, а Яшка – лётчыкам у Казані.
Б а н а д ы к. Ха! А ты – Альяшу молішса!.. (Ківае галавой.)
Станкевіч. Гэтых фанатыкаў хібо перагаворыш? Лепш хадзі! (Іграюць.)
Макарыха. Аі праўда, бабы, – Хімка... Твой агарод нашы абматыкавалі!.. Як табе тут, сяброўка?
X і м к а. Ліхо бяры той агарод!.. Тут – бліжэй Бога. Во так між людзей лётаю і думаю: ці не баліць там маёй Мані галава ад лякарстваў, каб хоць Яшка не лётаў на сваім вераплане надто высоко, не выхіляўсо праз акно над Казанню! А хор запяе – бы Яшкаў самалёт гудзе ў высі!.. Малюсо за дзетак, плачу салёнымі слязамі, а на душы робіцца добро-добро!
М а к а р ы х а. А мой Юляк колькі часу валяецца на цыменце ў Ваўкавыскай турме. Хаджу, хаджу ў Ваўкавыск – ногі да кален стаптала. Учора камендант: «Матко, ён горшы за бандыта. Той чалавека зарэжа, а твой сынок хоча кавалак Польшчы аддаць бальшавікам!» Білі яго і пальцы прышчамлялі ў дзверы... (Плача.) Кожную жылачку выпарала б з сябе, каб толькі яму палегчала, але што цёмная баба можа? Ноччу сон не бярэ – хоць плач. Кажуць, прарок бяссоніцу здымае...
X і м к а. О, наш Ілья столькі людзям дабра робіць, дапаможа і табе! (Уздыхае.) Доля мацярынская, не дай Бог!
Д а н і л ю к. У адным царстве пасадзілі ў цямніцу хлапца. Маці пайшла таксамо па начальству, а самы галоўны ёй: «Не дуры, бабо, галавы, ніц не дапаможа. Выйшаў царскі ўказ. Заўтра ў дванаццаць ударыць звон і сына тваго на пляцу казняць!» Маці плакала, ноччу галавы да падушкі не прытуліла, а тады думае – хоць пару хвілін сыну дарую. Узабраласа на званіцу, чакае. Калі кат занёс сякеру над галавой асуджанаго і званар тузануў вяроўку, каб падаць сігнал, яна падставіларукі пад язык. Жалезны шворан ударыў у мяккое і звон не прагучэў. Так маці і трымала рукі, покуль не адбіло.
М а к а р ы х а. Дзіво – рукі падставіла. Тваё дзіця здаволенае, яму добро, то і ўсе мацярынскія радасці!
М а й с ю к. I таму зара звернемса да чалавека божаго Альяша, які нас усцешыць і сагрэе ўсіх!.. А покуль што памолімса багародзіцы, покуль з'явіцца прарок, адудзячым словамі малітвы міласць яе!
X і м к а (у неба). Ах, пакутніца ты нашая, Багародзіца дзева Марыя, падзякуй Богаві за любоў святую да нас за сына адзінароднаго, пасланаго на збавенне грахоў нашых!.. Спасіцелька кажа, – уладу Бог даручае тут Альяшу – Лаўрэнаваму сыну! Наказувае, каб Альяша слухаліса, бо гэты чалавек перад канцом свету прывядзе нас да царства нябеснаго!.. Ах, будземо слухаць, царыца нябесная! Скажы Госпаду і яго сынаві – не пашкадуем ні сябе, ні вала, ні асла, ні дзетак, ні мужыкоў, каб...
Ж а н о ч ы в і с к. О-ой, сам ідзе-е!!!
С т а н к е в і ч. Прэцца ўжэ, старое падло!.. (Хапае прэнт, лупіць па лемеху: дзэнь! дзэнь! дзэнь!)
З'яўляецца А л ь я ш. Народ бухае на калені. Мужчыны зрываюць шапкі. Станкевіч запіхвае прэyт у дзірку лемеха, бярэ шахматную дошку і з сябрам знікае. Альяш з сумам азірае натоўп. У напружанай цішыні чуваць звон жаўрукоў, клёкат бусла, пераборы малаткоў у кузні.
А л ь я ш. Я не ўладыка! Надзеньце шапкі, бо прыпякае!
А н т а н ю к. Нічого, пабудзем і так! Бог, Альяш, нават травы ці жыта не зраўнаў, а ты – на прыкмеце ў Госпада!
П а л о с я (з перавязаным вокам). Правазнёс цябе Гасподзь над другімі, а такім заўша пашана! Прабач, што турбуем!
Н а т о ў п. Уваж, столькі мы валакліса, пабудзь з намі!
А л ь я ш. Ат, такая там турбота. Ранак правазіўсо са званарамі. Трэ замест біла бомы файныя павесіць, каб у абедню нават у Крынках было чуваць. Майстры за галоўны шэсць тысяч злотых запрасілі. Гарадскія жулікі – нашаго мужыка разумеюць? Дураць мяне, бытто рысуначкі на званах намалююць. Хто іхнія малюнкі разглядацьме? Трэ каб добро званілі.
М акарыха. А ты, Альяш, не шкадуй грошай на такое дзело, каб адію файныя былі! На ўсіх рысуначкі е! Не скупіса, дай у лапу!
А л ь я ш (чухае патыліцу). Я што думаю? Давядзецца махлярам плаціць – не кляпаць жа цёнгле ў біло!.. Ну, так чаго вы сюды прывалакліса, што хочаце сказаць?
П а л о с я (з перавязаным вокам). Долі няма, Альяшку!
Ж о н к а А п т а н ю к а. Гора такое, што не зальеш і золатам! Мелі адну дачку – бы сонцо, і... (Рыдае.)
А н т а н ю к. Дачку павёз хаваць. Бацюшко за тры злотых не захацеў ісці на могілкі. Няма ўправы на іх. Труну не паспееш у яму апусціць, а поп – мах-мах крапілам, прабумболіць і – дахаты! Толькі грошы злупіць!
М а к а р ы х а. Жызні і ад паноў няма! Апісалі за падаткі ўсенько ды пакінулі нас голымі: ні свіначкі, ні курачкі! Было пару вулляў і тыя на воз пакідалі, гы-гы-гы-ы!.. (Плача.)
П а л о с я. У пас пропаведзі чыталі па-польску. Хто патрабаваў ад бацюшкі чытаць па-руску, паліцыя забрала таго ў халодную, сядзіць!
Бацька в а р'я т а. А я на чыгунцы кастылі забіваў! Загадалі мне католікам стаць. «Хіба, – кажу, – веру, бы кашулю можна мяняць?» А яны – з работы праперлі! Ужэ пад татарынам лягчэй было – той хоць веры не чапаў!
Г а л а с ы. Цяжко, Ілья!!! (Бабкі рыдаюць.)
А л ь я ш (думае, цяжка ўздыхае). Мае вы бабы, мужчынкі, чадо мае! Туліцеса, бы бяздомныя авечкі, не ведаеце, якого Бога шукаці! Папы, кудлы, адно грошы з вас дзяруць! Няма ў іх ніякай веры – прапілі яе, прабалявалі! Аднаму мне верце! Я запалю кожнаму звязду ў сэрцы і агонь напоўніць вашыя душы! Я вас вывяду на дарогу, мяне ніхто не ўстрымае! Кіем удару па моры, вада расступіцца, і вы ўсе пройдзеце за мной па сухім!
Г а л а с ы. Вядзі нас, Ілья, у зямлю абетаваную! Столькі да цябе ішлі, не адганяй нас! Бяры душу і рабі з ёй, што хочаш! (Бабкі ў істэрыцы.)
П і с а р (падлятае да прарока). Айцец Ілья! Айцу Мікалаю для Бібліі пра вас ваша слово патрэбно! Вы ж абяцалі, я за вамі бегаю каторы дзень!..
А л ь я ш. Не перашкаджай, лодыр!.. (Ботам пісара адпіхвае.) Ну, хто чаго хоча ад мяне? (На каленях паўзе Макарыха.) Што табе, бабо, баліць?
М а к а р ы х а. Галава, Лаўренц'явіч! Як узялі майго Юлька – не засну!.. Усіх пеўняў на вёсцы галасы вывучыла! Памаліса за мяне, грэшную, твая малітва даходлівая да неба!
А л ь я ш (цісне цётцы скроні). Мусі, паганая кроў застыла пад чэрапам. О, тут, на макаўцы. Ідзі, выздараўлівай ды маліса Богаві. І я буду маліцца за цябе.
М а к ар ы х а. Ы-ы-ых, адразу палегчало!.. Як мне цяпер файно!.. Каб Гасподзь даў табе сілу і здароўе! Усім людзям раскажу! Дай залаценькую ручаньку, я яе – м-м!.. (Хоча пацалаваць.)