Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Аляксей Карпюк
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 36 страниц)
Ад радасці, што ўсё наперадзе, захацелася бегчы дахаты, легчы на ложак і праспаць увесь гэты час, абы толькі не пакутаваць ад чакання. Эх, каб які чараўнік зрабіў мяне на гэтыя дні нячулай скалой, як бывае ў казках!..
Позна ноччу, вяртаючыся дадому, я стаіўся каля генеральскай брамкі і зноў пачаў вартаваць.
Выйшлі дзве дамы, спыніліся на тратуары. Адна з іх была генеральша. Яна, мусіць, праводзіла сяброўку.
Дамы некалькі хвілін меркавалі, ці трапна апрануліся. Дзіўна. Пра гэта яны гаварылі сур'ёзна, нібы ў тым, якое адзета паліто, увесь сэнс чалавечага жыцця на зямлі.
Пані Вацлава,– спыталася незнаёмая,– колькі зарабляе цяпер ваш муж?
Геяеральша нешта прабумболіла.
I пані не мае даўгоў?
Не.
О Езус Коханы! Мой муж атрымлівае ў два разы больш, і я вечна ў даўгах!
Эканомлю, ласкава пані, і трымаю добрых служанак.
Толькі цяпер я здагадаўся, што незнаёмая – жонка ваяводы, пані Бацянская.
О, та-ак, добрая служанка – вялікае шчасце ў доме! – з перакананнем пацвердзіла яна, цяжка ўздыхаючы.– Але адкуль такіх узяць у наш час? Каралі і служанкі цяпер не ў модзе, кажа мой муж. Ваша Антося заўсёды дома, калі б я да пані ні зайшла! А сёння, на-прыклад, я сваіх служанак адпусціла з вечара да раніцы. I хоць ведала, што яны правалочацца з салдатамі, але падумала: няхай сабе выйдуць на волю...
Таму я і трымаю адну старую, другую ідыётку і нікуды кроку лішняга ступіць не дазваляю,– дзялілася вопытам генеральша.– Нявольнікі няўдзячныя. Няўдзячныя нават за волю!
Праўда, праўда, ласкава пані! – жыва падхапіла яе Бацянская.– Гэта і мой муж кажа! А яшчэ гаворыць, што праз некаторы час іх абавязкова трэба мяняць, бо надта хутка псуюцца. Ды я такая добрая – анёлам мне б толькі быць! Адгэтуль і грошай заўсёды не маю, даводзіцца пазычаць у вас...
Генеральша яе супакоіла:
Не трэба сябе так касціць, дарагая пані, вы тут ні пры чым! Варшаўскія вяльможы выязджаюць на нас!.. Пан Бэк, Славой-Складкоўскі за кошт дзяржавы трымаюць слуг, па тры лімузіны!.. Маюць вілы ў Закапанэ, яшчэ будуюць сабе і ў Жэневе, а ты заедзеш у Цурых і тулішся ў пансіянаце, бы жабрачка!..
Генеральша кранула ў Бацянскай набалелы мазоль.
Ой, пані Вацлава! – з жарам загаварыла яна.– Іхнія жанкі якіх толькі падарункаў не прывозяць з загранічных камандзіровак!.. Бэк узяў сваю кікімару ў Берлін, і Рыбентроп саболевае футра ёй падараваў!.. Мой гаворыць: «За што мы кроў пралівалі ў легіёнах?! А хто такі Славой? Такая самая выскачка!»
Бо жывуць ля залатога карыта,– растлумачыла генеральша. – Пахапалі сабе смачнейшыя кавалкі, а нашых мужыкоў, сапраўдных герояў «Цуду над Віслай», у глушыню спіхнулі слухаць злавеснае карканне гэтых варон!.. Здаецца, з торбай пайшла б па свеце, ды ніхто не заўважыць!..
Глушыня-а, пані Вацлава, страшэнная! Нікуды не вылезеш – пясок, камарыльня, хваробы, а з-за дзікунскага дыялекту ні з кім не абмяняешся на вёсцы і словам!.. Ужо лепш чалавек знаходзіўся б у якой-небудзь Афрыцы!.. Мой гаворыць, калі выдзяляць там Польшчы калоніі, напросіцца ў прэзідэнта губернатарам у Мадагаскар!.. Хопіць з-за камуністаў псаваць тут нервы! У Афрыцы брыльянтаў, кажуць, многа ў пясках!.. I дзеці прагнуць так экзотыкі!.. Сланы... Пальмы... Свежыя фрукты... Негры...
Ваяводзіха ўспомніла і ажывілася яшчэ больш:
На Капры адзін амерыканец запрасіў нас у госці, і яны нам прыслугоўвалі! Такія паслухмяныя!.. Пачуеш ад іх толькі і ўсяго: «Так, мадам!», «Так, монсер!» Дарагая пані, а што за цудоўная гармонія!.. Сі-няе-сіняе неба, галубое мора, белая віла, чорныя слугі і гувернанткі!.. I я, пані, скажу, іхняе цела зусім не пэцкаецца, я добра прыгледзе-лася!.. Іхняя чарната нейкая ўнутраная, нават на белым каўнерыку не пакідае следу!.. Калі ім павязаць яшчэ аранжавыя фартушкі—цуд шэдэўральны!.. Негры зусім мала ядуць, не тое што мае русінкі – адной бульбы ім не напасешся: як сядуць усе трое, як навернуць!.. Ад таго ім потым і да салдат хочацца!..
Генеральша яе мала слухала, у яе быў свой клопат:
«Сабаліную накідку!..» Праўду пані гаворыць!.. А хто такі Бэк? Усяго палкоўнік кавалерыі! Так мой жа генерал!.. Не-е, шаноўная пані Бацянская, я адгэтуль нікуды не паеду. Я сваё права ведаю, ад варшаўскіх магнатаў выдзяру, што нам належыць, хоць і будзе ўсё гэта мне каштаваць новых маршчын!
Нячутна пад'ехаў магутны кадзілак з адкрытым верхам, спыніў-ся. З яго вылез ад'ютант і, прытрымліваючы дзверцы, узяў пад казырок:
Машына падана!
– Дзякуй, Куба! – кіўнула генералына.
Дамы накіраваліся да лімузіна. Было чуваць, як генеральша абураецца:
Цяпер тут ціха. Днём на нашай вуліцы столькі мужыцкіх фурманак, што не праехаць!.. I чаму гэтыя мужыкі не працуюць, а толькі раз'язджаюць па гарадах, што ў іх за справы ў Вільні могуць быць?
Я пагавару з мужам, пані Вацлава, каб ён забараніў ездзіць фурманкамі па вашай вуліцы. Павесіць знак!.. Пані Вацлаве на маршчыны няма чаго скардзіцца. Пані гэтак молада выглядае! А ўсё таму, мабыць, што масажыстку прымае. А я кожны раз яе ад сябе адсылаю – не хапае часу з ёю вазіцца. Муж злуе, што дарма плацім шалёныя грошы...
Дамы развіталіся. Машына з Бацянскай паехала сабе, а гене-ральша вярнулася дадому. На верандзе адразу напала на служанку:
Эрмітэй, ты ў мяне сцягнула халат з карункамі?
Пачуўся голас маладой дзеўкі:
Агы!.. Бо вы яго выкінулі...
«Агы!..» – з нянавісцю перадражніла яе генеральша.– Бачыш ты, ужо запіхнула сабе ў торбу?!. Пяць злотых штрафу вылічу з палучкі!
З хітраватай наіўнасцю служанка праказала:
Пані Вацлава, а я ўжо казала, што мяне ў дзярэўні звалі Просія!.. I яшчэ Фруза!.. А то – Эмі... Эмры... Я і не вымаўлю так!..
Пакінь цябе, зладзейку, без нагляду на хвіліну!.. Марш да працы!
«Міраеды!» – з жахам падумаў я пра яе і Бацянскую.
Сцэнка мне яшчэ раз напомніла, з кім я звязваюся. Прыйшоў-шы на кватэру, я ніяк не мог заснуць. Мусіў устаць, запаліць святло. Пачаў прыводзіць да парадку абцёпканыя нагавіцы.
Заняты справай, каторы раз пытаўся ў сябе, ці правільна раблю? Паддаўся на вудачку якойсьці паненачцы з варожага лагера! Але штосьці ўжо грунтоўна перамянілася ў маіх поглядах. Я адкрыта глядзеў у твар таму, хто сарамаціў. Ну і што? Яна ж не вінавата, што нарадзілася дачкой польскага генерала! Я мог бы з такім жа поспехам нарадзіцца сынам султана Саудаўскай Аравіі!..
Дануся не генеральша і не жонка ваяводы. Ці мала было выпад-каў у грамадзянскую вайну, калі адзін брат у белых, а другі – у чыр-воных? Дачка – камуніст-камісарка, а бацька – палкоўнік у Дзянікіна?!. Урэшце, Данута мне падабаецца – і годзе.
Як яна абурылася на Залескага!.. I цяпер недзе перажывае за мяне!.. У генеральскай, буржуйскай кватэры ляжыць, мабыць, варочаецца ў ложку і перажывае!..
Стала адразу лягчэй.
Цяпер я клаўся спаць і думаў, што заўтра мяне зноў чакае нешта прыемнае. А ў наступны дзень яшчэ не прачнуўся, як успомніў – учора ў маім жыцці здарылася нешта надзвычай важнае. Я ўсхапіўся з ложка з цікавасцю да ўсяго свету, бадзёры і свежы.
7
Прайшоў цэлы тыдзень, але так нічога і не здарылася.
Настала зноў нядзеля. Як і ў мінулы раз, я пайшоў да студні, прасядзеў там з дзесяці гадзін раніцы да палудня, а Дануся па ваду так і не прыйшла. Настрой у мяне адразу сапсаваўся.
Генеральскі панадворак быў пусты, я пайшоў у горад. Надвор'е стаяла выдатнае: у небе – ні хмурынкі, моцна пякло сонца, пахла нагрэтымі мурамі. Паветра было сухое, крыху насычанае азонам ад быстрай рэчачкі Віленкі, таму дыхалася лёгка, і мяне настроіла на бадзёры лад зноў.
Выбіраючы пустыя вуліцы, дайшоў я да квартала з казармамі. Там стаялі прывязаныя кавалерыйскія коні і тапталі свежыя ды тугія яблыкі залацістага калу, якія пахлі моцна, як спірт. Мяне, сялянскага сына, так і пацягнула да коней. Я падышоў, ляпнуў крайняга па ла-патцы, конь адразу стаў на дыбы, ажно зазвякалі на ім жалязякі. От бы на такім пранесціся па полі! Агонь!
З брамы выйшаў элегантны афіцэр і стаў нацягваць скураныя пальтачкі.
– Ну, Фацэт, паедзем? – спытаўся ён, і той самы конь радасна пачаў грэбці капытам, паціху ржаць.
– Ах ты, мой хлопчыку, засумаваў так! – паспачуваў гаспадар і пагладзіў Фацэта па храпе.
Я з зайздрасцю паўзіраўся, як афіцэр адвязаў повад і скакун паслухмяна пайшоў за ім, змейкай выгінаючы тонкую шыю. Вайсковец, бадзяга, лёгка, іграючы, ускочыў у сядло, пагнаў рыссю, але ў каня моцна заквактала солязёнка, і коннік перавёў яго на спакойную хаду.
Я падаўся далей.
У вокнах шэрай і доўгай будыніны сядзелі з люстэркамі ў руках салдаты і пускалі сонечныя зайчыкі ў вочы паненкам, якія праходзілі міма; тыя жмурыліся, пішчалі, аднак адыходзіць не спяшаліся.
Пане капрал, закурыць дасі? – шматзначна і залётна пыталіся падазрона нафарбаваныя жанчыны ў вайсковых, якія выйшлі з адпускнымі білетамі і тоўпіліся ля варот.
Можам даць!
Яшчэ як!..– гагочучы, адказвалі салдаты з ліха насунутымі набакір пілоткамі.
Я павярнуў назад.
А вось і лазня літоўскай арганізацыі, яе паказаў мне Суткус. Цяпер я яе часта наведваў. Праз усю даўжыню агромністага памяшкання – трубы, з іх льецца гарачая вада. Заходзь адразу хоць тысячу чалавек і бясплатна сабе мыйся – рана, у абед, вечарам... «Літоўцы народ арганізаваны, дружны, клапоцяцца адзін аб другім, не тое што мы!» – з зайздрасцю падумалася мне.
Разважаючы гэтак, я непрыкметна апыпуўся ля дома, з чыйго панадворка сёння выносіў малако.
Раніцай, калі я заносіў на кухню пустыя бутэлькі, прыйшла мыцца дачка пана Матыкі і, сонная яшчэ, ледзь не налезла на мяне. Прыгледзелася, спалохана ўскрыкнула і пабегла назад, абдаючы мяне цяплом пасцелі і паказваючы з-пад стракатага халаціка белыя ногі. Я аж пачырванеў. З-за дзвярэй паненка з какецтвам і цікаўнасцю азірнулася, бліснуўшы зубкамі, і захінула халат.
Ля дома памешчыка я ўсё гэта ўспомніў з выразнай даклад-насцю. Зрабілася невыносна сорамна – хоць лезь пад зямлю!
Я зноў павярнуў да Віліі.
8
Па тратуары набярэжнай цяклі патокі людзей.
Раптам мяне насцярожыў нечы позірк і развеяў вобраз дачкі Матыкі. Я ўважліва прыгледзеўся ды падумаў, што вось гэтую смуглявую і чарнавокую студэнтку ўжо недзе спатыкаў. Напэўна спатыкаў. Толькі дзе?
Я не адводзіў ад яе вачэй, і студэнтка пасмялела, накіравалася да мяне.
– Дзень добры! – узрадавалася яна.– Нарэшце праз паўгода я вас спаткала!
Дзень добры...
Няўжо забылі? – з дакорам і расчараваннем паківала яна галавой.
Памята-аю...– схлусіў я, жмурачы вочы ад бліскучага казырка студэнткі.
Давайце пазнаёмімся. Тады не было часу. Вольга,– надала яна руку і сарамліва ўсміхнулася.
Толькі цяпер я пазнаў, хто гэта.
Ля універсітэта мінулай восенню яна памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў з кішэні. Успомніў я дзяўчыну па адной прыкмеце. Кідаўся ў вочы яе крывы пярэдні зуб. Таму, усміхаючыся, Вольга старалася не надта адкрываць рот, але я бессаромна ў яго заглядаў – мае вочы цягнула туды як магнітам.
Ну, як жывяце? – пацікавілася яна, чырванеючы.
От, сяк-так жыву...
Міжвольна я заўважыў трэшчынку на казырку, зацыраваны каўнерык кофты, якая ўжо добра такі выцвіла, старэнькія аблезлыя туфлі. Параўнаў з вопраткай Данусі – лёгкай, свежай, з тонкім араматам...
Калі сустрэнуцца два чалавекі, дастаткова аднаму пра нешта спытацца і адразу завяжацца гутарка. Але я да размовы ў кампаніі, ды яшчэ з дзяўчатамі, быў няздатны.
– Вы не прысутнічалі на канцэрце ў нас, калі спяваў Забэйда Суміцкі? Не? Шкада!.. Я была ўпэўнена, што будзеце, і ўсюды вас шукала!..
Мы хвіліну памаўчалі.
А на мітынгу антыфашыстаў? – успомніла студэнтка.– Таксама – не?.. Хутка ў нас адбудзецца сход беларусаў і ўкраінцаў, прыйдзеце?
Я ўсё цярпліва адказваў «ага», «не», «не ведаю», хоць і адчуваў да студэнткі ўдзячнасць за тое, што яна для мяне зрабіла, але думаў толькі, як адчапіцца.
Дзяўчына ўсё не адыходзіла.
Я была тады і ў спартыўнай школе, калі вы сустракаліся з вайсковым па рынгу.
Былі-і?!.
Вам пяршынства спрабавала адваяваць з іншымі, але дзе там!..
Даўно то было...
I на вуліцы вас часта бачыла. Вы прыкметны. Аднойчы сустрэла ў гарадскім парку. Ліў дождж – халодны, пранізлівы, а вы нічога не прыкмячалі і памалу пахаджвалі, думалі аб сваім. На вашым твары было такое багатае выражэнне, што стала шкада вас непакоіць, таму не павіталася...
Дарма.
Потым сустракала вас на Замкавай зімой,– спавядалася яна нібы з папрокам, бытта чакала ўзнагароды.– Вы былі з непакрытай галавой. Здаецца, вы прахадзілі ўсю зіму так...
Ага...
Кепка, якую збіў паручнік шабляй, засталася на вуліцы, а другой я не купіў – не толькі таму, што грошай шкадаваў. У Вільні нават у вялікія маразы хлопцы фарсілі з непакрытымі галовамі, фарсіў і я. Але навошта ёй пра гэта ведаць?..
I тут я раптам успомніў, як восенню хваляваўся ў натоўпе моладзі на Лукішках, пакуль у турме ішоў шлюб.
Праўда, што гэта вы тады вянчаліся ў турме?
А-а, вы пра тое!..—пасмутнела дзяўчына і ўздыхнула:– На жаль, я тады зрабіла глупства.
Глупства?..
Не было чалавека, які б мяне тады схапіў за руку, адзёрнуў.
Але ж чаму? – распальваўся я ад цікавасці.
Складаная справа...– уздыхнула яна зноў.– Давайце сыдзем з тратуара пад ліпу, раскажу...
Я падаўся за студэнткай.
З жаніхом да гэтага я нават добра і не бачылася,– пачала апавядаць яна на новым месцы.– От, перастукваліся ў турме праз сцены марзянкай, рабілі адзін другому знакі праз акно, калі каго з нас выводзілі на шпацыр. Мяне выпусцілі з Лукішак раней, і мы пачалі перапісвацца. Мне здалося, што я закахалася. Першы раз, горача, назаўсёды! Ён мне пісаў доўгія лісты, яшчэ даўжэйшыя пісала я. Дамовіліся мы пажаніцца. З фотакарэспандэнтамі і сведкамі ўвайшла я ў камеру і першы раз паціснула яму руку. Капелан нас павянчаў. Усе выйшлі, далі нам дзве гадзіны пабыць разам. Селі мы на лаву, узяліся за рукі. Сорамна. Наглядчык адвярнуўся, і муж мяне ўпершыню пацалаваў. Стала надта непрыемна. Я збаялася, каб ён не пацалаваў мяне другі раз, выняла з сумачкі шакаладку, піхаю яму ў рукі, але ён шакаладку адклаў ды пацалаваў усё ж такі зноў. I тут я зразумела, што яго не кахаю... Вось так! – уздыхнула яна і паглядзела, якое ўражанне зрабіла на мяне.
А-яй-яй!– не ўтрымаўся я і паківаў галавой.– Ну і... А цяпер?
Нашу рэгулярна ў Лукішкі перадачу, пішу акуратна ў турму пісьмы, падпісваю іх: «Твая Вольга!..», лічуся законнай жонкай, а яго не кахаю...
Гісторыя!
Я не ведаў, што гаварыць, як суцешыць дзяўчыну, адно спачу-вальна пазіраў і пераступаў з нагі на нагу. Гэтак мы стаялі даволі доўга. Нарэшце студэнтка ўздыхнула і стала пацяшаць ні то мяне, ні то сябе:
Не дзівіцеся! Мне сказаў наш віленскі пісьменнік: ёсць праўда жыцця і – праўда мараў, лозунга. У мяне праўда мараў і лозунга, якому мы ўсе служым, сутыкнулася з праўдай жыцця і атрымалася вялікая драма!
Гм!.. – нічога не зразумеў я з яе філасофіі.
Пакуль мы так гаварылі, да прыстані падышоў параходзік. З яго хлынула па бераг моладзь. Мы апынуліся сярод юнакоў і паненак. I тут я ўбачыў Данусю.
Яна была ў белай тэнісцы, якая прыгожа адцяняла смуглае, загарэлае цела. Побач ішоў Браніслаў і нёс кніжкі, тэнісныя ракеткі, партфель. У абаіх былі цёмныя акуляры, якія тады толькі ўваходзілі ў моду.
Убачыўшы яе з Браніславам, я ў момант забыўся пра тое, што расказала студэнтка, занепакоіўся і адразу ўпаў духам. Калі Дануся наблізілася, я адвярнуў галаву.
Добры дзень! – пачуўся яе голас.
Студэнтка здзіўлена зірнула на мяне, потым на Данусю, Браніслава.
Пакуль я што-небудзь скеміў, Дануся нас абмінула. Я пачаў ужо сумнявацца: сказала яна «дзень добры» мне ці каму іншаму. Мужыц-кая асцярожнасць не дазваляла паверыць. I тут я заўважыў, як Вольга перамянілася. Яна змерала нядобрымі вачыма генеральскую дачку, а тая таксама азірнулася і гэтак жа агледзела студэнтку.
Цяпер сумненняў, з кім Дануся віталася, не было.
Што ж, бывайце, калі так!..– холадна кінула Вольга.
Тое, што адбылося, яшчэ не паспела як належыць дайсці да маёй свядомасці. Разгублены да рэшты, я нічога не адказаў, хоць і ўлавіў у словах дзяўчыны папрок. Пра Вольгу адразу забыўся, увага была занята другім.
Тады ля студні мы з Данусяй, бытта баючыся дакрануцца, не падалі адно аднаму рукі і не называлі сваіх прозвішчаў. Я не зрабіў гэтага нершы, бо такая галантнасць была не ў маёй натуры, але Дануся?.. Потым я баяўся нават успамінаць, каб не расчаравацца, калі гэта была простая выпадковасць.
Цяпер жа, пасля таго, што адбылося ля ракі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку.
9
Многа яшчэ прахадзіў я па горадзе, спадзеючыся спаткацца з Данусяй. Хадзіў заўсёды адзін, каб зручней было загаварыць. Зачапіць яе цяпер было, здаецца, лёгка: Я ж маю права, як з кожным знаёмым, вітацца з ёю.
Цэлыя гадзіны прастойваў я ў яры над калодзежам. Не мог сабе дараваць, што яна мяне бачыла са студэнткай.
«Вось табе за тое, што такая булдавешка! Так табе і трэба!» – губляючы веру, што калі-небудзь зноў выпадзе такая сустрэча, дакараў я сябе.
Але вёдры стараўся трымаць лёгка, на выпадак, калі б Дануся сачыла за мной з кустоў.
Пане Янку, насячыце мне, калі ласка, дроў! – папрасіла прачка.
Магу! – абрадаваўся я: нашы дровы былі добра відочны з генералавых акон.
«На якую халеру ты ўзяў сабе тадьг частку той чаромхі? Ведаеш жа, што паненкі даражаць кветкамі! Не мог аддаць ёй усе? Пашкадаваў такога дабра? Усё роўна гаспадыня потым выкінула на сметнік, бо ёй галава ад паху баліць!»
Дзядзя Ваня! – перабіў мяне сын прачкі,– А чаму гэты дроў такі зілё-оны?
Гэта мох на палене, дурань!
А што такое мох?
Ну, заладзіў свае пытанні! Ведаю, ім канца не будзе!..
Прысутнасць «памагатара» перашкаджала выкананню майго плану. Я зазлаваў і папёр беднае дзіця:
Кідай дровы, панашу сам! Марш дадому!
«I навошта было гаварыць тады, што яе пасудзінка лёгкая? Паненкі ж любяць, каб іх падхвальвалі, яны – нібы дзеці!..»
Я браў палена і, як цыркач, падкінуўшы яго, спрытна лавіў за другі канец – на выпадак, калі б Дануся сачыла за мной праз адное з акон.
Раздзел другі
1
Усе мае пакуты хутка скончыліся. Нечакана мне дапамог наш швейцар, пан Войцех.
Аднойчы пад канец заняткаў я пранік у ліцэй і стаіўся ў калідоры. Больш паспешліва, чым звычайна, снавалі выкладчыкі, таропка прабягалі з класа ў клас ліцэісткі. Усе яны бытта і праўда былі заняты, а на самой справе прагаладаліся і паспяшалі дадому.
Мой план быў просты: Дануся будзе ісці, мы павітаемся, пачнём гутарыць, і я запрапаную схадзіць на гару. Так ёй аб гэтым і скажу – проста і без абінякаў. Ва мне ўжо настолькі паспела рашэнне, што яшчэ ўчора ніякай сілай я сябе не прымусіў бы гэта зрабіць, а цяпер мне здалося зусім простым і звычайным. Толькі выбраў нязручны момант, трэба было ісці вартаваць яе на вуліцу.
Калі я ўжо выходзіў, мяне перапыніў пан Войцех:
Янэк, ты што тут робіш?
Проста сабе зайшоў...
Ага, ішоў, ішоў і зайптоў! Проста!..
Ну...
Кунцэвіч вызываў чагосьці...
Зноў маніш!
Праўда, праўда, Кунцэвіч...
А чаму мне ў вочы не глядзіш?
Я вас, ухажораў, усіх па вачах пазнаю!.. Ладна. Хадзі са мной!– адзваніўшы на ўрок, пазваў мяне стары ўніз да дзяжурнага стала.
Я ведаў, чым магла скончыцца для швейцара мая прысутнасць у ліцэі, таму адчуў да старога ўдзячнасць.
Ну, кажы як на споведзі перад ксяндзом, каторая табе тут папала ў вока! Прызнавайся! – ні то жартам, ні то сур'ёзна спытаўся ён, заглядваючы мне ў вочы.
Ад хітрых, дабрадушных вачэй старога я паступова пачаў размякаць, але маўчаў.
Чаго раскіс? Паглядзі на сябе ў люстэрка! Ты ж увесь скрыў-лены, як серада на пятніцу, як пабітая баба! Яшчэ і не спіш недзе, уздыхаеш, а з-за чаго? Каб потым, калі даб'ешся, сказаць сабе: «Ну і дурань жа быў!»
Не даб'юся...– выдаў я сябе, і штосьці мяне сціснула за горла.
Не сумнявайся! – суцешыў стары як малога.– Я дапамагу!
Вы?
– Го, колькі вашага брата па свеце, каму памог!..
У калідоры з'явіўся настаўнік, і стары змоўк. Калі пагроза мінавала, ён загадаў:
Пішы запіску, перадам!
Запіску?
Пішы, пішы! Няма чаго з імі асабліва цырымоніцца, будзь мужчынам!
Запіску, гы?!.
А што, непісьменны?.. Глядзі, колькі мне іх перадаваць! – дзядзька адкрыў шуфляду і паказаў з дзесятак заклееных канвертаў без марак.
Я тады ўспомніў, як яшчэ мінулай восенню каля Войцеха заўсёды круціліся старэйшыя вучні ўсіх амаль віленскіх гімназіяў, а ліцэісткі часта да яго падбягалі і таямніча шапталі:
Для мяне нічога няма?..
Пане Войцех, ніхто мяне не пытаўся?..
I да чаго ж проста гэтую праблему вырашыць праз запіску!..
Закаханымі вачыма паглядзеў ужо я на шчупленькі тварык старога, які, каб дадаць сабе важнасці, фарбаваў вусы. Але і фарба-ванне яго не ратавала. Вусы былі рэдкія, тапырыліся, адно смяшылі. На акне ляжаў яго старэнькі капялюш. Шаўковая падкладка ў ім была такая зашмальцаваная, што нагадвала патэфонную пласцінку, пакладзеную на дно капелюша.
На табе аловак, паперу! – загадаў швейцар.
Што вы! – спалохаўся я, уяўляючы сабе, як я зараз дзе-небудзь закрыюся і з якой прыемнасцю і трапятаннем душы буду выконваць яго прапанову.– Пісаць пайду дадому!
Валяй!
Праз гадзіну я даручыў яму канверт. Прачытаўшы на ім прозвішча, пан Войцех перапалохаўся:
– Генералавай дачцэ?.. Э-гэ, як ты высока, братка, меціш!
Бо і сам не з нізкіх! – асцярожным жартам прыкрыў я трывогу: возьме дзядзька ці пабаіцца?
Ты ж з-за яе, здаецца, прошлай восенню пагарэў, мала табе аднаго скандалу?
Я ўсё таптаўся.
Што ж, трэба выручаць свайго брата, сам да дзевак быў яры...– Стары адной рукой задуменна чухаў пад пахай, а другой – хаваў маё пісьмо ў шуфляду.
2
Ішоў я да студні, а пара біла ў нос з-пад пінжака. Не было часу сушыць верхнюю кашулю, давялося апрануць мокрую.
Ля студні нікога не было. Я схаваўся за дрэва, пачаў вартаваць. Праходзілі хвіліны, а на сцежцы ніхто не з'яўляўся.
«Няўжо стары не перадаў?» – толькі паспеў я падумаць і ўбачыў Данусю.
Яна была ў лёгкім плашчы і ў шапачцы. Напускная вясёлая абыякавасць не маглі схаваць скаванасці і страху на яе твары. Мне трэба было выходзіць, ды ногі бытта прыраслі да зямлі ад няўпэўненасці.
Дануся тым часам мінула студню і завярнула назад. Усё выглядала так, бытта яна тут не па маёй запісцы. От, ішла сабе дарогай, ды раптам успомніла, што нешта важнае забылася дома.
«Пойдзе, трэба хутчэй затрымаць, больш хавацца нельга! I чаго мне баяцца? Па запісцы прыйшла, не святая!..»
Калі я вылез з кустоў, у мяне так замірала сэрца, бытта я ныраў з гары ў бездань.
Сэрвус! – з напускной зухаватасцю павітаўся я па-лацінску, як віталіся віленскія гімназісты.
Дзень добры...
Даўно чакаеце? – прамямліў я непаслухмянымі вуснамі, падыходзячы да студні.
Не-е...– Збялелая паненка часта дыхала, і голас яе дрыжаў. Ёй было сорамна.
Бо мяне затрымалі...
Ці не студэнтка? – узялася яна за цэментовы круг.
Студэнтка? – здзівіўся я, беручыся за бетон з другога боку.
Вядома, у пана ёсць цяпер цікавейшыя сябры!.. З універсі-тэта імя Стэфана Баторыя!..
У тоне яе голасу я са здзіўленнем адчуў дакор і нешта набалелае. Ну дакладна так сказала б вясковая дзяўчына, абразіўшыся, што яе хлапец пайшоў з другой!
Што было далей, памятаю дрэнна. Чамусьці памяць у нас адва-ротна прапарцыянальна напружанню нашых пачуццяў. Моцна ўсхва-ляваны чалавек заўсёды памятае падзеі горш. Вось і я тады знахо-дзіўся не на гэтым свеце. У памяці цьмяна захаваліся толькі некато-рыя эпізоды з той сустрэчы.
Помніцца, мы лезлі на гару. Перада мною – стройныя ногі, на якіх галінкі пакінулі белыя крэскі.
Добра запомнілася, як Дануся стаіць наверсе і з жаночай няз-грабнасцю – аднолькава левай і правай рукой – кідае ўніз каменьчыкі ды просіць:
Ану, цяпер пан!
Мяне ў гэты час апанавала жаданне парысавацца. Я скакаў з абрыву, кідаў вялікія каменні, пераскокваў яры. Як тады не скруціў сабе шыі, не зламаў нагі, не ведаю! Кажуць, п'яным і закаханым заўсёды шанцуе. Не ручаюся за п'яніц, бо п'яным ніколі не быў, а закаханым, відаць, праўда шанцуе, і яшчэ як.
Я нават не бачыла, каб мужчына так скакаў! – шчыра дзівілася Дануся, калі я, знайшоўшы кавалак тэлефоннага кабеля, паказваў сваё майстэрства.
З-за адной гэтай пахвалы варта было перацярпець кулакі рыжага капрала і нудныя практыкаванні педанта Левандоўскага.
Трымаліся мы зводдаль, стараючыся не сустракацца вачыма. Нібы займаліся кожны сваім, але гэта было няпраўда. I хоць Дануся часта вохкала, любуючыся краявідамі, я выразна чуў у яе голасе і нейкі страх, і заахвочванне, і дрыжанне, а мае паводзіны былі як бы часткай паводзін і яе.
Часамі яна нагадвала дзіця, якое вырвалася на волю і старалася нацешыцца, пакуль не пакліча маці.
Яшчэ перад спатканнем я добра абдумаў, куды і як пойдзем. Мы ўзабраліся на аблюбаваную гару, нікога не спаткаўшы. I на вяршыні нас ніхто бачыць не мог, затое мы бачылі ўсё.
Няёмкасць, якая была пры спатканні ля студні, прайшла. Абое мы нібы ап’янелі, нават пустая гаворка нам здавалася значнай. Я пра нешта выхваляўся, гаварыў рукамі, плячыма, выхадкамі. Дануся слухала, глядзела, смяялася.
У дзяцінстве я верыў у казкі пра рай. I цяпер у мяне было адчуванне, бытта знаходжуся ў гэтым самым раі. I не было курсаў.
Не было сотні праклятых паўлітровак, якія мне, соннаму, заўтра на світанні трэба разносіць па кватэрах.
Не было маёй вёскі, бацькоў і надзённых клопатаў.
Вакол ззяла вясна, існавалі Дануся і я. Гучалі цудоўныя мелодыі, зіхацела сонца, а час спыніўся, застыў.
Я некалі марыў, як прытулю яе да грудзей, сваімі вуснамі самну яе вусны, а на гары баяўся да яе нават дакрануцца. Як зачараваны таропіў на паненку вочы, маўчаў.
Ёсць нейкія амаль няўлоўныя рысы, па якіх можна адгадаць нацыянальнасць чалавека. Многім полькам была ўласціва некаторая сухасць, што ішла ад набожнасці. Але ў Данусі гэтага не было і следу.
У паненкі былі блакітныя вочы і гладкі лоб з выразнымі тонкімі бровамі, прывабныя вусны.
У яе яшчэ згадвалася парода, якую, відаць, выводзіла не адно пакаленне старажытнага роду. У пругкім целе аж кіпела здароўе. А зубы і валасы паненкі вылучалі лёгкі бляск.
Калі яна смяялася або гаварыла, смяялася і гаварыла ў ёй усё: пастава, твар, бровы, лоб, а найбольш – вочы. Яны мяняліся тысячу разоў і мелі неабмежаваны ўплыў на мяне. Узіраючыся ў іх, я бытта нешта піў, піў, піў і не мог ні напіцца, ні адарвацца.
А мы паляністу на ўроку зрабілі кацячую музыку!..– пахвалі-лася яна.– Такі наладзілі прыма апрыліс, што бегаў скардзіцца дырэктару!
Першага красавіка і нашы курсанты выкарысталі для звядзення рахункаў з нелюбімымі настаўнікамі.
Залескаму?!– узрадаваўся я вельмі, што яна ў зговары са мной.
Адзін апрыліс ужо прайноў, але я ўспомніла пра стары стыль. Ну, думаю, пачакай!.. А ўчора на гісторыі пан прафесар нам зачытваў дакументы Ягелы з Вавеля. На беларускай мове кароль пісаў...
Ведаю...
Я адчуў, што праз гэты факт вырастаю ў яе вачах яшчэ больш.
Беларуская – тады была прыдворнай мовай, побач з фран-цузскай і лацінскай!– выкладваў я ёй звесткі, атрыманыя ад Луцэвіча з музея...
Мы прабылі так разам мо гадзіны дзве, раптам Дануся спахапілася:
О-ей, трэба ісці...
Ужо-а? – прачнуўся я.
Мне час...
Гордасць ёй, відаць, не дазваляла прызнацца, як даводзіцца хітрыць, казаць дома няпраўду, калі трэба куды-небудзь схадзіць, вось як цяпер.
Мае старанні затрымаць яе былі дарэмныя. Аднак цяпер я быў смялейшы. Гледзячы ў зямлю, нязграбна, нібы герой рыцарскага рамана, я аб'явіў:
Каля студні пакладу камень. Пад ім будзе запіска...
Дануся нічога не адказала. Толькі ёй нібы раптам спатрэбілася сарваць травінку, і паненка нагнулася. Але па рухах яе я зразумеў, што ўсё будзе добра.
Вы яшчэ крыху пабудзеце тут, праўда? – Просьба Данусі прагучала як загад.
Я зразумеў, што павінен тут пачакаць, пакуль яна дойдзе дадому, і падумаў, якая яна далікатная і разумная!..
А-а, пабуду!.. Трэба дубцоў наламаць на венік гаспадыні!
Мы развіталіся.
Вярнуўся я на панадворак і не ведаў, што рабіць. На гару былі адчынены дзверы, прыстаўлена драбіна, прачка якраз туды насіла вешаць бялізну. Я ў момант апынуўся на гары. Асцярожна прыпадняў адну дахоўку і паглядзеў у генералава акно.
Я выразна ўбачыў, як у пакой уляцела Дануся і прыпала да люстэрка. Яна шчасліва ўсміхалася і паўтарала выражэнні твару, якія ў яе былі са мной. Гэта ёй лёгка ўдавалася, яна была яшчэ ўзбуджаная і распрамянёная.
Наглядзеўшыся на сябе, яна адчыніла шафу, павесіла туды плашчык. Тады зноў падышла да люстэрка і пачала вытвараць нейкія камбінацыі з шапачкай і смяяцца. Пачуўся скрып драбіны: прачка несла развешваць бялізну. Нічога не зробіш, давялося пакласці дахоўку на месца.
4
Пасля сустрэчы ля калодзежа я адразу перамяніўся. Я стаў багатым, валодаў таямніцай, якую не памяняў бы ні на якія мільёны! Я зрабіўся ўпэўнены, здаволены, шчаслівы – у мяне нават прачнулася пачуццё гумару, якога я ў сабе дагэтуль, бадай, і не заўважаў.
...Да парадных дзвярэй ліцэя прывалаклася з таварам гандлярка. Баязліва азіраючыся, каб не наляцела паліцыя, жанчына развязала кошык, выставіла тавар напаказ.
Мандарынкі ўнізе па пятнаццаць грошаў за штуку! – у час перапынку прагучала ў калідорах усіх пяці паверхаў.
У гэты дзень раніцой я паклаў пад камень ля студні пісьмо, і праз пару гадзін яго ўжо там не стала. Ці не дзеці выцягнулі часамі адтуль?.. Я пастараўся прыйсці ў ліцэй да канца заняткаў, каб спытаць Данусю, ці брала яна пісьмо.
Калі я заглянуў у будынак, паненкі атакоўвалі гандлярку з мандарынкамі. Толькі Дануся з сяброўкай стаялі ўбаку.
Убачыўшы мяне, дзяўчына ўзрадавалася:
Пане Янку, вольмі прашу, пазычце нам, калі ласка, трыццаць грошаў!
У мяне ад шчасця перахапіла дух. Дрыжачай рукой я дастаў тры апошнія манеткі па дзесяць грошаў і, як гэта рабіў ад'ютант Куба, стукнуў абцасамі:
Калі ласка, панна Янкоўская!
Дзякуем! – кінулася Дануся і ў момант апынулася ў гушчы сябровак.
Ліха яго бяры з пісьмом! – Я не стаў пытацца.
Вярнуўшыся дадому, пачаў прыдумваць, як адмовіцца ад грошай, калі Дануся будзе вяртаць доўг. Але ўсе мае выдумкі былі непрыдатныя.
Пасля абеду, калі я ішоў на курсы, да генералавай сеткі раптам падбегла паненка і працягнула на далоні дзве манеткі – дзесяці– і дваццаціграшовую:
Я пану вельмі ўдзячная...
Вінаваты і збянтэжаны выгляд паненкі дадаваў мне ўпэўненасці.
Гм!..– насупіў я бровы.– Што паненка з мяне дурня строіць?
Чаму? – спалохалася яна.
Хіба я вам даваў такія грошы?
Але ж, прашу вазьміце!– закрычала яна, смеючыся з майго жарту.
О-о,не-е, мяне не ашукаеце. Гэта не мае грошы! Падумайце самі, хіба я магу ўзяць іх? Бралі-то вы іншыя? – Катэгарычна накіраваўся я на вуліцу.
Для мяне трыццаць грошаў – цэлае багацце, а я радаваўся.
«Купіў! I дадумаўся ж, глядзі, вось табе і тупіца!.. Вось так і. далей будзем!..»
Я быў гэтак задаволены сабой, што нават забыўся, пра што хацеў спытацца ў яе.
5
Цяпер Дануся прыходзіла па маіх запісках. Калі ж яна не магла выйсці з дому, цётка Антося клала пад камень пісьмо.