355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 17)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 36 страниц)

Ляскаючы ад узбуджэння зубамі, я палічыў: немцаў і паліцаяў толькі восем. Сабакі прывязаныя. Ссунься з гары, падкрадзіся, дастань пісталеты... Следна, глыбокі снег. Пойдзе аблава, нікуды не дзенешся: тут ля аэрадрома іх цэлая зграя. Не маю права зрываць задання...

Пакуль я вагаўся і раздумваў, затрашчалі аўтаматы, і ўсё было скончана.

...Прыцемкамі падаўся я на ўскраіну да цёткі Антосі. Пераапрануты ў немца, я меўся нібы канваіраваць групу яўрэяў з Данусяй у поле, адтуль – у лес. Аднак апрануць мундзір яшчэ мала. Нашы хлопцы пападаліся фельджандармерыі толькі па тым, што ішлі ў горад няголенымі, са змучанымі тварамі і ў брудным абутку. Трэба было прывесці сябе ў парадак. Цётка Антося здавалася для гэтага больш надзейнай за сувязнога. Да яе цягнула як да роднай.

4

– Данута ў Вільні! – сказала мне цётка Антося тое, чаго я чакаў. Жыве адно з маці... Вы тут пасядзіце, я ўраз злётаю па яе!

Не, не з гэтага трэба пачынаць: неабходна набрацца сілы.

Значыць, ужо не Дануся, а – Данута. Як яна жыве тут?.. Каб не пачуць штосьці страшнае, пытанне адклаў на пасля.

Не трэба! – вярнуў я жанчыну з парога. – Заўтра вечарам схаджу сам.

У горадзе многа немцаў, паз'язджаліся яўрэяў вывозіць!

– Нічога, што многа. Як-небудзь знайду выйсце. Пагутарым лепш, у нас ёсць пра што, праўда?

Аб чым вам, маладому, з такой старой гаварыць?..

Перастаньце ўрэшце баяцца! Я падобны на пераапранутага прадажніка? Няўжо я такі кепскі чалавек быў, што нельга верыць?!

Такі час, кожнаму ў душу не заглянеш...

Зірніце на маю бараду, прыклеена? А рукі якія, бачыце? Паказаць кашулю?

Сама бачу...

Тады чаго вы?

Памалу яна супакоілася. Я ўдакладніў:

Вы ўпэўнены, што немцы паз'язджаліся з-за яўрэяў?

Вядома! Тыдні два таму назад немцы пазабіралі ў іх заказы: хто даваў адрамантаваць гадзіннік ці боты, так і забраў неадрамантаваныя. «Усім вам хутка капут!» – заявілі ім немцы. Людзі ў нас толькі і гавораць цяпер пра гэта...

Праз нейкі час Антося нагрэла вады. Пакуль я галіўся, яна з маімі грашамі схадзіла да спекулянта па харчы.

У чыстым, мяккім ложку я праваляўся цэлыя суткі.

Увесь наступны дзень слухаў я цётку і чакаў вечара. Яна ўспамінала маладосць, службу ў генерала. Дзяцей сваіх яна не мела і ўсё сваё душэўнае цяпло аддала Данусі.

Старая апавядала, як Данусі-падлетку аднойчы пашылі зімовае паліто і яна кожны ранак выбягала на двор выглядаць, ці не выпаў снег.

Дакладна як мая сястра! – здзівіўся я.– А мне здавалася, у генералаў інакш...

Вядома, у звычайных людзей не гэтак,– задумалася жанчына.– Бацькоўскага сэрца не заменіш сукенкамі і настаўнікамі, добра ведаю, хоць сваіх дзяцей і не мела... Бацька бываў дома наездамі. Вялікі чын! Для паўнаты чалавеку яшчэ патрэбна і бацькоў-скае шчасце. Калі ты з крамы не нёс малому першай булачкі, не ведаў паху пратаптаных падэшваў яго туфелькаў – бацькоўокага шчасця ты не бачыў, хоць і маеш дзіця.

А яна мудрая!

Я пацікавіўся пра знаёмых. Левандоўскага і нават ксяндза, айца Валентага з інтэрната езуітаў на Зарэчнай, немцы расстралялі як заложнікаў.

А жыла ля вас там яўрэйская сям'я. Яшчэ ў іх была Бэта, насіла пісьмы Данусі...

З Залкіндаў нікога няма ў жывых. Бэта, беднае дзіцятка, расквітнела не ў час прыгажуняй. Летась у гета камандаваў нейкі фашыст Візэ. Не дай бог, што за чалавек! Чаго ён толькі не вытвараў з людзьмі!.. У яўрэяў ёсць звычай: калі сустрэнеш нябожчыка, якога нясуць на могілкі, мусіш яго правесці. Бывае, нясуць каго і сустрэнуць Візэ. Паганец загадвае ўсім узяцца за рукі, скакаць вакол нябожчыка і спяваць «Ідл міт а фідл»[27] Сам стаіць, падганяе, а яны пяюць і скачуць. Хто адказваецца або не можа, забівае на месцы!

Гэты Візэ і прыкмеціў Залкіндаву дачку. Ён загадаў прывесці дзяўчыну да сябе. Усе багатыя яўрэі мелі атруту. Але сабраліся старыя і давай, бедную, пераконваць:

«Бэцы, калісьці наша Эстэра стала палюбоўніцай Казіміра Вялікага, то мы і праз чатырыста гадоў памятаем і дзякуем ёй за дабро, што кароль зрабіў!»

«Бэцы, мы ўсе ў тваіх руках! Не дай нам загінуць, ахвяруй сябе для нас!.. Выратуй нас, Бэцы!..»

Яна паплакала, паплакала і згадзілася. Не змагла адгаварыць яе і Данута. Бедная, тры месяцы пражыла з фашыстам, але нічога ад яго так і не дабілася.

Аднойчы Візэ наладзіў баль. Сабраліся афіцэры з жандармерыі, гестапаўцы, перакладчык-белагвардзеец... Жандары жылі з гестапаўцамі што каты з сабакамі. Падпілі і давай адны адных пад'юджваць:

«Ага, ты намі камандуеш, прапаведуеш чысціню расы, а сам з жыдоўкай жывеш!» «Купілі цябе яны!»

Бачыць Візэ, што бяруць над ім верх, паклікаў ён Бэту і загадаў раздзявацца. Тады разматаў шнур і закамандаваў прывязаць яе да крэсла. Перакладчык прывязаў голую Бэту і адцягнуў крэсла пад сцяну. Павымалі яны пісталеты і пачалі страляць. Хто ў левае вока цэліць, хто ў правае, хто ў грудзі, калена...

За дзвярамі ў той час стаялі на варце два яўрэі з «Орднунг-дынст» Калі, бедную, пастралялі на рэшата, Візэ паклікаў вартавых і загадаў завалачы яе разам з крэслам за баракі ў яр!.. Так і загубілі.

Назаўтра мы з Данутай выкупілі яе цела за гарэлку ў паліцая, абмылі як маглі і пахавалі ў гарах.

Цётка ўздыхнула і рагамі хусткі выцерла слёзы.

Раптам нясмела пастукалі ў акно, я скочыў за камоду.

З сенцаў на кухшо Антося ўвяла яўрэйскага хлопчыка, наліла яму ў банку стравы.

– Каб вашы дзеці і ўнукі, дарагая пані, ніколі не ведалі, што такое голад! – падзякаваў хлопчык на адным дыханні, як гавораць малітву.

Вывеўшы госця, жанчына вярнулася са слязьмі на вачах:

– Тут каменні заплачуць, гледзячы на гэта, не толькі чалавек!

5

Я паступова так разнежыўся, што не хацелася пакідаць цёплую хату. Ні хуткая сустрэча з Данутай, ні пачуццё абавязку мяне ўжо не краналі. Што я адзін значу ў гэтым моры падзей?!.

Я мусіў напружыць усю сілу волі, каб сабрацца ў дарогу.

Пачало цямнець. Я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны, развітаўся з цёткай і пакрочыў у адпрасаваным і вычышчаным адзенні на ўмоўленыя кватэры.

Дзесьці ў лясах мерзлі партызаны. На франтах лілася кроў. З голаду, холаду і ад хвароб гінулі тысячы людзей у нямецкіх турмах. Як прысмак грызлі сырую бульбу і варылі суп з рамянёў нашы ваеннапа-лонныя за калючымі дратамі канцлагераў. У смяртэльнай трывозе чакалі свайго канца даведзеныя да вар'яцтва дзесяткі тысяч яўрэяў гета. Недзе не зляжалася яшчэ зямля, не прамерзла на свежай магіле ў Парубанку. А тут, на віленскай вуліцы, спакойна цякло сабе мірнае жыццё.

Усюды гарэлі электрычныя лямпачкі. Здаецца, нават гарэла цяпер іх больш, чым да вайны, на вуліцах відна – як днём.

Працокаў кованымі капытамі конь вазніцы, правёз у даваенным фаэтоне пышную немку ў футры.

Пранёсся нямецкі матацыкліст з акулярамі на ўвесь лоб, ён нагадаў стварэнне не з гэтага свету – драпежнае, злое.

Праехала грузавая машына з крытым верхам і эмблемай бубновага туза на кабіне. Звычайна ў немцаў ваенныя машыны мелі на кабінах галовы зубраў, аленяў, куніц, зайцаў. Такі знак бачыў я ўпершыню. Ці ўпершыню?.. З Данусяй глядзелі амерыканскі фільм, дзе паказвалі разгром мечаносцаў пад Грунвальдам. Тады рыцары фон Ульбрыхта мелі такія ж знакі на сваіх шчытах...

Нібы з зялёнымі тэрмасамі, з прымацаванымі да боку проціва-газамі прайшоў узвод салдат. Разгадаваныя і здаволеныя фашысты ў дапасаваных шынялях і начышчаных да бляску ботах маршыравалі зладжана, раўненне трымалі лёгка. Ад іх павеяла чужой і ненавіснай сілай.

Я адчуў у сабе насцярожаную ўзбуджанасць і трывогу – стан, калі ў табе напружана кожная клетка і нерв. Каб не выдаў мяне бязладны крок партызана – прымусіў сябе ногі ставіць цвёрда і ўпэўнена.

Прайшла група літоўскіх «нацыянальных» войск, прывіталася са мной.

Вялікая перамога фюрэра! – раптам пракрычаў па-польску хлопчык гадоў адзінаццаці, прабягаючы ля мяне з сумкай газет.– Купляйце «Пройсішэ нахрыхтэн»! Нямецкія войскі планава пакінулі Вялікія Лукі! Новая перамога фюрэра!

Малы рассмяшыў мяне і падбадзёрыў. Я намерыўся купіць газету, ды спахапіўся: я ж не павінен разумець польскай мовы!..

На скразняку стаяла чарга. Сцюдзёны вецер сек жанчын дробным снегам. Апошняй у чарзе была дзяўчына гадоў трынаццаці. Яна наставіла тонкі каўнерык кароценькага асенняга паліто, мяшок звіла муфтай, засадзіла туды рукі і падскаквала то на адной, то на другой назе.

Жанчыны нечага спрачаліся ўсё на той жа помесі польска-беларуска-рускай моваў. Убачылі мяне і раптам сціхлі.

Ладны нямчыска! – пачуў я выразна.

Афіцэр!

А што яму?

У калейцы стаяць не трэба, як нам з табой за мёрзлай бульбай, чаму не быць ладным!

Аграбіў паўсвету... На людской крыві і ладны!

– Ты што балбочаш, хочаш у Панары?! Пасля гэтых слоў я пасмялеў яшчэ больш і ўвайшоў у ролю. Пасля добрага адпачынку я адчуў, што прамянею здароўем і бадзёрасцю.

Спаткаўшыся з патрулём, я зрабіў напышлівы выраз твару, надаў сваёй хадзе непаспешлівую важнасць і незалежнасць. Патрулі падцягнулі на плячах аўтаматы, паправілі рамяні і з прускай выпраўкай ды з тылавым шыкам павіталіся. Я адказаў нядбайна, на-ват не глянуўшы на іх: пакуль пайшоў у партызаны, на немцаў наглядзеўся.

На цэнтральнай вуліцы натрапіў на натоўп зявак.

Па бруку брылі сотні чалавечых істот з жоўтымі шасцікутнымі зоркамі на плячах. Мне, высокаму, было ўсё відаць праз галовы натоўпу, што адбываецца на слізкай брусчатцы.

Людзі з апошніх сіл валаклі свае пажыткі – пярыны, падушкі, клункі. Нейкая жанчына перавярнула стол, прывязала да ножкі вяроўку і цягнула яго нібы сані. Сярод трантаў і каструль, ушчаперыўшыся за ножку стала і напалохана азіраючыся, сядзеў уху-таны хусткай з застылымі слязінкамі на вачах хлопчык. Жанчына спатыкнулася і ўпала. У натоўпе зарагаталі. Яна наўмысна нязграбна ўзнімалася, каб пасмяяліся яшчэ: бедная маці хацела гэтак злагодзіць ворагаў.

– Ю-ды, да бу-ды! Ю-ды, да бу-ды! – скандавалі гарадскія хуліганы, а іхнія твары аж расплываліся ад задавальнення.

I жылі ж такія паміж намі!..

Пачыналася ўсё з «нявінных» надпісаў на платах: «Не купляй нічога ў жыда!» З бунтаў ва універсітэце под лозунгам: «Не будзем сядзець за аднымі партамі з жыдамі!» А скончылася вось чым... Ну, перастраляеце гэтых дахадзяг, Гітлер возьмецца за вас!

Раптам некалькі тыпаў кінуліся між радоў. Яны распаролі нажамі пярыны, і ў адзін момант вецер падхапіў хмару пуху і пагнаў на народ. Разявакі пачалі выплёўваць пер'е і лаяць яўрэяў, быццам вінаваты яны.

Побач са мной стаяў фельдфебель з чырвона-бела-чорнай істужкай жалезнага крыжа ў пятліцы шыняля. Ён смяяўся, што яўрэі яшчэ не здагадваюцца, куды іх вядуць. На станцыі іх прымусяць пакідаць рэчы, а саміх пазапіхваюць у вагон і – у Трэблінку, і капут! Ён павярнуўся, са здавальненнем пацёр рукі, нібы скончыў справу, якая даставіла яму вялікую радасць, і, быццам мы з ім даўно знаёмыя, з перакананнем дадаў:

Na, ist Wilna jetzt Judenfrei, nich wahr? [28]

Выходзячы з завулка ля колішніх атлантаў, я наткнуўся на вароты з калючага дроту. Там два немцы абмацвалі яўрэяў. У аднаго вартаўнік знайшоў бутэльку алею. Разгневаны фашыст біў бедака куды папала і загадаў:

– Trinie zugleich![29]

За гэтымі варотамі – гета.

...Вільня ў параўнанні з даваенным часам не змянілася, і я лёгка знайшоў на Антаколі патрэбную кватэру. Там жыў беларускі мастак, наш сувязны.

Мастак мяне чакаў ужо некалькі дзён. Ён адразу вызначыў мне спатканне з яўрэйскімі хлопцамі і дзяўчатамі. Яны меліся выбрацца па каналізацыйных трубах, схавацца ў кустах на татарскіх могілках і чакаць да поўначы, калі па іх прыйдуць. У мяне заставалася гадзіны чатыры, каб зайсці да Дануты.

6

Да генералавага дома я падышоў а гадзіне восьмай, што ў ваенны час лічылася даволі позна. Страху я ніякага не адчуваў: цёмна, дастаткова стаць за дрэва, і ніхто цябе не ўбачыць. Я толькі ўвесь калаціўся ад узбуджэння...

Вось і панадворак Янкоўскіх. Знаёмыя сілуэты. Нават вецер гэтак жа сама, як і раней, гудзіць у голых кронах яблынь.

Званок у парадных дзвярах не дзейнічаў. Дзверы не паддаваліся. Я звярнуў увагу, што снег пад нагамі не крануты: сюдой ніхто не ходзіць. Панадворкам, поўным ламачча, я абышоў дом ад вуліцы і накіраваўся на кухню.

Дзверы адчыніла стрыманая і акуратная, як і некалі, генеральша. Яна зусім не змянілася. Хіба стала толькі менш важная ды на губе, зморшчанай складкамі, больш, чым раней, кідаліся ў вочы рэдкія, сівыя і жорсткія вусікі.

Такія госці ў гэтым доме частыя – яна не здзівілася і адразу па-нямецку запрасіла:

– Калі ласка, заходзьце! Вы да Данкі?

Збіваючыся ад недарэчнай разгубленасці, я стаў тлумачыць адразу па-польску і па-нямецку.

З якіх курсаў? – Дама старалася мяне ўспомніць.– Мы з заграніцы вярнуліся паўтара года таму назад,– нічога так і не прыпомніўшы, паведаміла яна.– Але ж праходзьце, прашу, туды да яе. Там як-раз і таварыш сядзіць!.. Праходзьце, гэр лейтэнант, будзе кампанія!.. Калі ласка, здыміце шынель, я павешу!

Распрануся там...– нерашуча таптаўся я на месцы: мяне агарнула трывога і страх.

Як не сваімі нагамі прайшоў я праз калідор у залу і спыніўся як укапаны.

7

Першым кінуўся ў вочы Станеўскі. Узмужнелы, падстрыжаны, як стрыгліся нямецкія вайсковыя – пад высокую польку, з бліскучымі ад брыльянціну валасамі, з ваяўніча скрыжаванымі на грудзях рамя-нямі. На рукаве зялёнага фрэнча бялела павязка з чорным штампам і ненавіснымі гатычнымі літарамі: «Hilfopolizei».

З ім была Данута – чужая і незнаёмая.

Яна ўся аж квітнела ад прыгожасці. Цёмная сукенка з вялікім дэкальтэ ўвыдатняла акругласць грудзей, шыі і плеч, вочы яе пазіралі з гуллівым какецтвам і ўсведамленнем сваёй чароўнасці. Перада мной была раскошная красуня з прычоскай французскай кінаактрысы.

Яны сядзелі за столікам з веерамі новенькіх карт. Данута трымала іх з грацыяй і думала, з якой пахадзіць: на яе вуснах застыла какетлівая ўсмешка. Генрых другой рукой узяўся пад бок і спадылба дапытліва глядзеў на партнёршу. Калі я адчыніў дзверы, яны нават не павярнулі галоў.

У крытычных выпадках чалавек часта думае не словамі, а вобразамі. Ох, і шмат чаго можна ўспомніць у такую мінуту!

Хутка авалодаўшы сабой, я паглядзеў на гэтых людзей як на чужых. Асталася толькі крыўда за няшчасных, расстраляных на Парубанку, за жанчыну з дзецьмі ў незнаёмай вёсцы, за хлопцаў, якім з-за генералавай дачкі не дапамог вярнуцца ў лагер... Стася, даведаўшыся, што іду ў Вільню, прымусіла мяне ўзяць і яе пісталет. А Зіна Кварцёнак... Мне так захацелася да сваіх, як часамі малому ў чужой хаце раптам захочацца дадому. Трэба выблытвацца з гісторыі.

Нарэшце зрабілі ласку мяне заўважыць. Наступіла цішыня, на кухні пачуўся стук вядра.

Я-анэк, ты-ы?– шэптам спыталася Данута пасля разгубле-нага здзіўлення.

Яна выпусціла з рук карты і прыўзнялася. У вачах Данусі з'явілася светлая, трывожная і няўпэўненая радасць. Але не гэта мяне кранула. Штосьці назаўсёды адышло ад яе, і мне стала тужліва шкада.

А, гэр Барташэвіч! – здзівіўся і Станеўскі.

У яго голасе таксама пачулася трывога.

Ведаеш, што я ў партызанах? Калі не, мне лёгка цябе разыграць, нібы я на службе ў немцаў: мой бацька меў зямлі больш за твайго, фашысты з такімі цырымоніліся... Здагадваешся – справіцца з табой здолею заўсёды, твой пісталет яшчэ зашпілены ў кабуры, а я трымаю палец на спускавым кручку...

Янэк, але ж заходзь, прашу!

Данута авалодала сабой і памкнулася насустрач, але ці з-за Станеўскага, ці таму, што правай рукі я не вымаў з кішэні і быў злы, яна разгублена спынілася на паўдарозе.

Сядай, прашу, сюды...– прыставіла няўпэўнена крэсла.– Ты змерз?.. Можа, распранешся? Здымі шынель...

Я моўчкі сеў.

Дануся не ведала, што рабіць. Я не вымавіў ні слова, не выявіў ахвоты вітацца, быў насцярожаны і баяўся, каб мяне хто не цапнуў ззаду. Яна пра нешта здагадвалася і гублялася зусім.

Вось мы і спаткаліся... А я так чак...

Я сеў так, каб можна было адразу ўзняцца.

Го, але ж ты цяпер лейтэнант!.. Віншую! – У яе голасе і вачах з'яўляліся то бязмерная радасць, то бездапаможнасць і страх. Яна крадком зыркнула на Станеўскага. – Цябе пусцілі ў адпачынак? Надоўга? На якім фронце служыш?

«Ага, ведаеш, што афіцэры прыязджаюць з розных франтоў! З якой ты лёгкасцю мірышся, быццам я – у нямецкай арміі!..» Стала чагосьці шкада, і адначасова зрабілася лёгка, быццам раптам пазбыўся клопатаў і вырашыў пытанне, якое мучыла і даўно не давала спакою. Штосьці падобнае я перажыў чатыры гады таму назад, а цяпер яно паўтарылася зноў. Няўжо я ўвесь час займаўся самаашуканствам?

У пакоі ўжо не было колішняга лоску і пазалоты, якая мяне, дурня, калісьці вабіла. Генеральскія прадметы былі ўжо шэрыя, павыціраныя і непрыемныя.

Якія вы ўжываеце? Гэта «Экстра». Калі ласка, закурыце! – працягнуў мне Станеўскі сярэбраны партсігар і пстрыкнуў запальнічкай.

Нічога не здагадваецца. У яго на твары з'явілася ўпэўненая ўсмешка. Ці не Сцяпанаў наган у тваёй кабуры?.. Не, там пісталет. Была ўжо магчымасць замяніць яго на парабелум. Ты ж цяпер «фольксдойч», амаль што немец, валадар...

Дзякуй...– узяў я левай рукой папяросу і меркаваў, што рабіць далей.

Прыма сорт, не? – зусім супакоены, з франтоўскай элегантнасцю скрыпнуў ён новенькімі рамянямі і зацягнуўся.

Мы размаўлялі па-польску. «Не» паліцай вымаўляў на нямецкі лад, як «нэ».

У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны не могуць узняцца. Не перайшоў гэтай мяжы і Станеўскі. Такі самы, як чатыры гады таму назад. Адно змяніў гаспадароў. Такіх не пераканаеш, іх можна толькі паканаць.

Калі ласка, вось папяльнічка. I наогул, маглі б папрасіць дазволу на курэнне ў дамы, рыцары! – заўважыла Данута, кепска прыкрываючы трывогу какецтвам.

У яе голасе і выражэнні твару адчуваўся жаль аб мінулым.

Я – ад роду купаны ў гарачай вадзе – і быў вельмі хуткі на рашэнне. Мне здалося, што ў Дануты інтымныя адносіны з паліцаем. На тумбачцы каля люстэрка стаялі фатаграфіі. На ёй твары Дануты і Генрыха аж расплываліся ад шчасця. Рэўнасць паслужліва выдала здагадку за праўду, я сядзеў і аж закіпаў ад злосці.

Салдаты фюрэра не маюць звычкі прасіць дазволу нават у прыгожых жанчын,– адказаў Станеўскі Дануце і звярнуўся да мяне: – Я ў сваёй вёсцы не быў з ліпеня сорак першага... А вы былі ў сваёй?

Толькі цяпер ён заўважыў, што мы з Данусяй гаворым аб адным, а думаем пра другое. Ён, відаць, пра ўсё здагадаўся і пачаў бялець. Каўкнуў перасохлым горлам, а на лбе выступілі бліскучыя кропелькі. Трэба было канчаць.

Жадаючы штосьці папярэдзіць, не даць нам апамятацца, Данута часта загаварыла:

Ну, Янэк, расказвай нам, дзе ты цяпер? Чаго маўчыш!.. Ох, які ты ладны ў мундзіры!.. Ты прыродны вайсковы! Праўда, Генусь, яму вельмі да твару мундзір! Нават Генку так не ідзе яго адзенне, праўда, праўда...

Бачачы, што я ўстаю сам не свой і вымаю пісталет, яна кінулася да мяне:

– Янэчку, супакойся!

Я за руку адцягнуў яе ўбок, каб не перашкаджала: яе чамусьці аставіў на пасля. Вокны былі зачынены. на аканіцы, я адступіў да дзвярэй: паліцай трапіў у пастку, выняць з кабуры парабелум не меў калі.

Але Станеўскі не разгубіўся. Ён знізу штурхануў столік і з сілай кінуў яго на мяне. Я адбіў столік каленам, стрэліў, але не трапіў.

Барташэвіч, што ты! – узмаліўся ён з жахам і скочыў за вазон, перакуліўшы кадку ў мой бок.

Я лічыўся добрым стралком. Але тут прыйшлося левай рукой трымаць Дануту, якая тулілася да мяне і збівала прыцэл. З аднаго, з другога пісталета выпускаў я кулю за куляй – і ўсё дарэмна: толькі пырскалі кавалачкі адшчапанага паркету, тынку і каціліся па падлозе пустыя гільзы.

Herr Leutenant, was ist denn? [30] – заенчыў ён і мітусіўея па гасцінай.

Я табе не гер, а – партызан!..

Генрых ступіў на пустую гільзу, пакаўзнуўся і выцягнуўся на падлозе. Зразумеўшы, што ўсё скончана, ён закрыў галаву рукамі і ўзмаліўся:

Лёнгі-інус, тады я цябе не выдаў з пракламацыямі на Міцкевіча, памятаеш?.. Ты павінен...

Але я яго дабіў.

Нельга пакідаць і сведку. Бацькі жывуць на вёсцы, немцы ім адпомсцяць. Ап'янелы ад страляніны, я выпіхнуў на сярэдзіну пакоя Дануту і прахрыпеў:

А цяпер – ты!

Яна глядзела на мяне спалохана, пакорліва, на нейкі момант стала дакладна такой, якой я ведаў яе да вайны. I ў мяне пачала абуджацца літасць. Ці не прыгразіць, каб прыдумала немцам гісторыю смерці Станеўскага?

Янэчак, завошта? – часта дыхаючы, спыталася паціху яна.– Вось мы і спаткаліся...

Мяне агарнула новая хваля азвярэння.

Ах ты-ы, паліцыянтавая падсцілка, яшчэ будзеш папракаць?!

Калі я падымаў пісталет, яна ціха ўскрыкнула, быццам ёй заняло дыханне ад таго, што нехта піхаў у халодную ваду. Я націснуў спускавую скабу. На момант адчуў у правай руцэ добра знаёмую няважкасць пісталета і металічны стук гільзы аб сцяну, падлогу. На шчасце, Дануся адскочыла.

Не лічачы стрэлы, пачуццём, якое ішло ад вопыту, я з аблягчэннем адзначыў, што ў пісталеце выйшлі патроны. Але я працягваў іграць разгневанага: зноў прыцэліўся і націснуў спуск.

Цык! – шчоўкнуў баёк ухаластую...

Клацнуў затворам – пусты магазін! Другі пісталет я разрадзіў раней.

Пакуль мяняў магазіны, за плячамі пачуўся голас генеральшы – яшчэ адзін сведка, трэба і яе?.. Але страляць у жанчын я ўжо не мог.

Станеўскі ляжаў сярод пакоя. Яго вочы мутна глядзелі ў столь, а з-пад кіцеля цякла на паркет кроў і збіралася ў густую лужыну. Я зняў з паліцая рамень з парабелумам, павязаў яго сабе паверх шыняля і кі-нуў:

Мяне тут не было, разумееш?.. Хто яго забіў, прыдумай сама. Выдасі – тады...

Апошнія словы я намерваўся вымавіць унушальна і строга, але нечакана для мяне самога прагучала просьба, шэпт.

Добра, Янэчку...– прашаптала Дануся пакорна. – Прыдумаю...

Я накіраваўся да дзвярэй.

А я-а?.. Не ідзі, Янку...– узмалілася яна гэтаксама шэптам.– Куды ты?!.

Ледзь я не вярнуўся.

8

Праз тыдзень з групай віленцаў набліжаўся я да лагера. Варту мінулі яшчэ ўдзень, а калі падыходзілі да зямлянак, пачало ўжо цямнець.

Вось і родны дом партызана.

Ноздры зашчыкатаў дым. Пахла сушаным мясам, скурай. Пад нагамі блыталіся галінкі елак, што пападалі з нацягнутых дратоў – камуфляжа ад самалётаў. Тут можна спакойна сесці, сцягнуць боты з натруджаных ног, панежыцца ў цяпле, пад'есці гарачай стравы... Але цяпер мяне гэта не радавала. У лагер я вяртаўся неахвотна і нездаволены сабой.

Хтосьці прайшоў з мокрым венікам. Я ўздыхнуў і падумаў – першым чынам трэба будзе схадзіць у лазню. Стала на душы лягчэй.

Кухар вёз дровы, і конь на ўзгорак ніяк пе мог усцягнуць сані. Васіль упёрся плячом у бярвенні і натужліва закрычаў:

Но, мілы, яшчэ крыху!

Конь паспешліва перабіраў пярэднімі нагамі, але падковы былі сцёртыя, ён пакаўзнуўся – гоп! – і сеў на зад.

Здароў, Васіль! – павітаўся я.– Ты ўсе возіш і варыш?

А-а, вярнуўся на маю галаву! Жывы? Здароў, братка. Не здаецца Гітлер, каб на яго халера, трэба вазіць, нічога не зробіш,– разважыў кухар без злосці і пачаў цягаць каня за грыву:

Ну, Гняды, уставай, чаго рассеўся!

Я паказаў сваім людзям на сані, і мы ўраз выпхнулі іх на ўзгорак.

Дзякуй, Ваня!

Думаеш, гэтым адбудзеш? Прыйдзем да катла!

Знайду што-небудзь!

Ля зямлянак я ледзь не сутыкнуўся лоб у лоб з партызанам, які бег па вузенькай і глыбокай сцежачцы. Я саступіў у снег, і чалавек саступіў: мы зірнулі адзін на аднаго.

Ванечка, вярнуўся? – пачуўся шчыры і радасны голас Стасі.

Як бачыш...

Яна ўзняла рукі, памкнулася схапіць мяне ў абдымкі, але стрымалася і, выгаварваючы на польскі манер «ло», закрычала:

Хуопцы, Барташэвіч вярнуўся!

I не адзін, як бачыш! – паказаў я на групу аброслых і стомленых людзей, якія збегліся ў купу і з нейкай вінаватай цікавасцю пазіралі на нас.

Я толькі што напаліла печ, цяплынь – нібы ў лазні! – адводзячы ад мяне шчаслівыя вочы, паспешліва гаварыла дзяўчына.

Толькі цяпер мы ўбачылі, што віленцы плачуць ад шчасця.

Мы са Стасяй разгубіліся.

Для вас усё цяжкае ўжо мінула! – супакоіла яна.– Тут вам будзе добра! Вашы ўжо лагер сямейны будуюць!.. Вядзі людзей у зямлянку, грэй! Там і камбрыг! А я збегаю да сувораўцаў па акумулятары, будзем зводку з Масквы слухаць! Чуў, як нашыя на Да-ну ціснуць фашыстаў?

Вартаўнікі крыху расказвалі...

Ціснуць!.. Толькі аддай мой пісталет. Я ўвесь час рабіла выг-ляд, што ён у мяне, панапіхвала ў кабуру індывідуальных пакетаў...

Трэба яго пачысціць.

Ты з яго страляў?!. Ага, спатрэбіўся! – паскардзілася яна яўрэям: – А ён усё «не вазьму-у», «наво-ошта»! – дражніла яна мяне з лагодным папрокам.

Пакідаючы Дануту з мёртвым Станеўскім, я выбег на двор з пачуццём нейкай няўпэўненасці. Быць можа, Станеўскі зайшоў выпадкова?.. Пытаннё вісела нада мной як змора. I толькі шчаслівы бляск вачэй радысткі яго развеяў. Правільна я паступіў – так ёй і трэба, паліцаевай падсцілцы.


Раздзел шосты

1

Летам нечаканы выпадак зноў напомніў мне пра генералаву дачку.

Немцы павыскрэбвалі ўсе тылавыя рэзервы, нават скарацілі гарнізоны ў партызанскіх зонах да мінімуму і кінулі ўсё на Курскую дугу. Мы ўздыхнулі на поўныя грудзі. Вестка аб разгроме нямецкіх ар-мій патроіла нашы сілы, і мы пачалі дзейнічаць яшчэ больш дзёрзка.

Жнівеньскім днём выйшлі мы ўзводам на Беласток-Ваўкавыскую аўтастраду і стаіліся ў засадзе. Першым паказаўся вайсковы немец на веласіпедзе.

– Прапусціць! – загадаў я хлопцам.– З-за салдаціка не будзем пэцкацца!

I немец праехаў.

Праз мінут пяць выскачыла легкавая машына. Яе мы захапілі і разам з пасажырамі – двума афіцэрамі і салдатам-шафёрам – прыгналі ў лагер. Пры допыце палонных выявілася, што прапусцілі генерала, якому прыйшла ў галаву фантазія праехацца па чыстым паветры на веласіпедзе. Нічога не зробіш, давялося мірыцца. Легкавая машына з афіцэрамі таксама не абы-што.

Вечарам партызаны ўцяклі ад машкары да вогнішча, там чысцілі сваю зброю, зашывалі вопратку. Кухар памешваў у катлах, а яго Лёнік забаўляўся з нямецкімі медалямі.

– Салам! – зухавата прывітаў я кампанію, з'явіўшыся з цемры.

А, герой? Салют!

Выспаўся? – азваліся галасы з прыкметнай сімпатыяй.

Набраў мінут шэсцьсот, хлопцы яшчэ дабіраюць... На, Лёнік, табе яшчэ цацак! – падсыпаў я хлопчыку жменю нямецкіх медалёў.– Васіль, вячэру пакінуў?

Кухар наліў у кацялок гарохавага супу.

Чаму мяса так мала паклаў, скнара!

Я быў у тым узбуджаным стане самаўлюбёнага ап'янення, якое бывае пасля ўдала выкананага задання, калі ўсё табе дазволена і ты разам з сябрамі цешышся сваімі новымі якасцямі. Сёння мяне разбірала ненатуральная весялосць.

Каму беражэш яго, жмінда! – палез я з лыжкай у кацёл.

Куды! – замахнуўся кухар апалонікам.

А ну вас! – залямантаваў партызан: яму вар з апалоніка капнуў на шыю.– Не люблю мужчын-какетак! Ты яшчэ генерала не злавіў, а шуму – на цэлы лес!

Я ўлавіў у сабе трывогу.

На самай справе, чаго так разбрыкаўся? Гэта не к дабру, нешта здарыцца. Я нібы прачнуўся, пастараўся перавесці ўсё ў жарт:

А гарох у цябе, Васіль, зусім сыры! З'ясі такога, і ў жываце будзе бразгаць: немцы за кіламетр пачуюць!

Жарты да мяне не ішлі, і ніхто че рассмяяўся. Выручыла Стася. Яна пазвала з цемры:

Янка, калі ласка, пакруціце дынамку!

Мо я пакруціў бы?

А нельга мне?

О-ей-я, колькі ахвотнікаў! Хутчэй, Барташэвіч, якраз буду дакладваць пра вашае геройства, няўжо дазволіце, каб круціў хто іншы...

Я-асна!

Ясна, што справа цёмная!

А вы чаго плачаце, героі? – збівала ўвагу радыстка.

Вядома, не ад радасці за твайго Барташэвіча!

I не ад зайздрасці. Усяго ад камароў і дыму!

О-ей, бедненькія!..– пашкадавала дзяўчына і знікла.

Разгневаны на яе, што мяне скампраметавала перад сябрамі, я не ведаў, што рабіць. Пайсці адразу? Скажуць – во, пабег, адно паманіла!..

Маю разгубленасць выкарыстаў Трухан і перахапіў увагу слухачоў:

Дарэчы аб камарах. Нядаўна ў групу Сокалава прыходзіла паненка з Вільні. Камары яе пакусалі, дык апухла так, быццам на яе напалі пчолы! Слова гонару. Дзе толькі такая гадавалася!

З Вільні? – перапытаў я.

А-а, тая! – ускрыкнуў партызан ля вогнішча.– Шыкарная! Бачыў, як дэсантнікі яе вялі!

Між іншым, слухай, Барташэвіч, мне іхні ездавы, Волесь Сляпуха, гаварыў, што яна пра цябе пыталася.

Мне раптам захацелася прысесці. У Трухана твар быў шчыры.

Спытай Волеся, калі не верыш! Хацеў табе адразу сказаць, але не выпадала спаткацца, цябе ўсё носіць...

Куды ж ён падзене цяпер радыстку?

Было не да жартаў. Я ўстрывожыўся. Выглядала так, быццам я нашкодзіў, гэта хаваў нават ад сябе і вось – прыходзіць расплата.

Сляпуху месяцы два таму назад з нашай брыгады перавялі да дэсантнікаў. Ён у іх стаў за фурмана, але па старой памяці часта заходзіў у нашу брыгаду і апавядаў, што ў іх рабілася.

Няўжо тут была Данута?

Сябры не заўважылі маёй разгубленасці,– можа, таму, што ў гэты момант далёка пачуліся выбухі.

Ён і дзвюм дасць рады...

Ціха!..

Усе насцярожыліся. У напрамку, адкуль даносіліся выбухі, замільгала цьмянае зарыва ракет. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім хацелася пачуць у гэтых выбухах грукат нашай артылерыі.

– Чапаеўцы, відаць, поезд узарвалі ля Галынкі! Раніцай ішлі на чыгунку, калі мы вярталіся з задання.

– Мусіць...– з расчараваннем праказаў другі партызан.

Выбухі былі. Ракеты пускаюць. Мабыць – пашанцавала: поезд пусцілі! От недзе пад абломкамі вагонаў фашысцікі ўспамінаюць свайго фюрэра добрым словам!..

I зараз жа хлопцы пераключыліся на бадзёры тон.

Тым часам мне першы раз не захацелася ісці да Стасі ў зямлянку. «Што за ліха, якая паненка была ў сокалаўцаў?

А чаму б не быць і Дануце? У немцаў разведка наладжана выдатна, яны добра ведаюць нашы атрады і камандзіраў, месца размяшчэння – толькі не маюць сілы нас знішчыць. Даведацца пра партызан у немцаў і потым уцячы сюды для яе не так ужо і склада-на...

Яна ў партызанах?»

Мне зрабілася страшна ад думкі пра сустрэчу.

2

Разам з намі жыло некалькі груп дэсантнікаў. Кожная выконвала толькі ёй вядомае заданне і сваю работу трымала ў строгім сакрэце.

Дэсантнікі вылучаліся сваёй стрыманасцю, дысцыплінай і большай развагай у параўнанні з расхлябанымі, бесшабашнымі і ліхімі партызанамі. Называліся групы па псеўданімах камандзіраў.

Ад вогнішча я кустамі прабраўся да месца, дзе размясціліся дэсантнікі капітана Сокалава.

Між сосен – тры зямлянкі і будан-кухня. Другі будан – для коней, вазоў, фуражу. Усё спланавана кампактна, зручна – нічога лішняга, дарожкі пасыпаны жоўценькім пясочкам, і ноччу яны здаваліся белыя. Тут адчуваліся ахайнасць і казарменны парадак.

На бярвеннях – два сілуэты: мужчынскі і жаночы. Адзіная жанчына ў групе – радыстка – на мінулым тыдні загінула ў баі. Я насцярожыўся: няўжо Данута?!

Ваня, ты? – аклікнуў мяне голас лейтэнанта Трашкова.

Я, Пятро. Прывітанне...– Голас мой уздрыгануў, а ногі адмовіліся ісці.

Я адчуў, што твар яго звернуты да мяне.

Сляпуха твой дзе?

Паехаў яшчэ ўдзень па Мішу!

А... I капітана вашага няма? – Іхні камандзір мне быў не патрэбен, але нічога лепшага я не прыдумаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю