Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Аляксей Карпюк
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 36 страниц)
То вы баіцеся? – падхапіла добразычліва Станеўская.– Вам жа няма чаго баяцца, у вас зямля, немцы такіх любяць! Пры паляках ваш хлопец займаўся крыху палітыкай – немцы даруюць, мы вам дапаможам...
Маці скончыла апавядаць пра гэтую размову і лісліва ўсміхнулася.
Мам, пакіньце іх! – накрычаў я на яе.– Каб вы болей ні слова не гаварылі з гэтымі хрыстапрадаўцамі!
Дык я нічога і не сказала! – пакрыўдзілася яна.– Нават мяне заела: а скананне табе, не дачакаешся, каб у цябе прасіла дапамогі! I пайшла. А болей ёй нічога... Гэта ты ў мяне зрабіўся якісьці, што ўсю-ды лоб падстаўляеш...
Самі вучылі быць праўдзівым!
То і будзь сабе. Цяпер трэба быць яшчэ і асцярожным. Каму карысць, калі за няма што зложыш галаву? Як тады мы з бацькам...
Зноў пачалі сваё!
3
Аднойчы спаткаў я і самога Генрыха.
Ішоў я з мястэчка. Ля дарогі быў аэрадром. У першую ваенную раніцу немцы тут разбамбілі ўсе нашы самалёты. Цяпер фашысты збіраліся аднавіць аэрадром, ды баяліся, што ён замініраваны. I вось прыгналі палонных, загадалі ім прайсціся па ўзлётным полі, нібы для таго, каб сабраць паперкі, павырываць бадылі. Сотні згорбленых байцоў у шэрых шынялях брылі пад дуламі аўтаматаў па полі з пакарабачаным жалеззем і раз-пораз нагіналіся да зямлі.
Каля аэрадрома я і сустрэўся з ім.
Генрых ішоў у мястэчка – загарэлы, у адпрасаваным касцюме, каўнерык свежай кашулі вылажыў на пінжак і ў пальцах вярцеў разлапісты ліст клёну.
А, калега Барташэвіч, сэрвус!
Добры дзень...
Я спыніўся, паціснуў паданую руку і адчуў: ён аж кіпіць ад упэўненасці, здароўя і задавальнення жыццём.
Ну, як праводзім лета?– быццам не было ў нас з ім апошняга спаткання ў Вільні, загаварыў ён з падкрэсленай ветлівасцю.
...?!
А я вось адпачну крыху і паеду ў Вільню. Вы не збіраецеся?
Людзі абліваюцца крывёю, а ты канікулы сабе знайшоў?!
Не...
Калега быў у мястэчку?
Быў...
Яўрэяў там ужо аддзялілі ў гета?
Калі і аддзялілі, табе ад гэтага лягчэй?.. Яшчэ пару тыдняў таму назад ты нябось баяўся нават у родную вёску паказацца, а цяпер выпаўз, гад!
Не ведаю...
Я гатоў быў узарвацца ад крыўды і злосці.
Чаму так пабудаваны свет, што не магу даць яму ў морду, адказваю на ідыёцкія пытанні і вось наском бота, як малы, гладжу пясок?!.
Чаму я такі бяссільны?!.
З роспаччу я ўзняў вочы і зноў убачыў ланцуг смяротнікаў на мінным полі. Якім трэба быць зламаным фізічна і маральна, каб гэтак вось пакорна ісці, нібы збіраць паперкі і бадылі, ведаючы, што фашысты цябе прыгналі, каб сваім целам паўзрываў міны?!. Не адзін я такі.
Стала нібы лягчэй. Але я ўжо спахапіўся: з кім раўняюся? Яны ўсе параненыя, пакалечаныя, згаладалыя, у няволі, я ж – на свабодзе!
Ну і арганізатары немцы! – Генрых з захапленнем паказаў лістом на поле.– Хто б дадумаўся гэтак міны шукаць?!.
Арганізатары, па-твойму?– узарвала мяне.– Мы з табой маглі б быць сярод іх, каб трапілі да вайны ў армію, як бы ты тады гаварыў?
Генрых пачаў лепятаць, што немцы бяздушныя, але не адымеш ад іх дзелавітасці і арганізатарскага спрыту. Я не ўслухаўся. Не развітаўшыся, пайшоў.
4
Памалу мяне падбівала да дзеяння. А тут яшчэ і падганялі.
Аднаго разу, калі я стараўся скласці абрыўкі газеты, у хату ўвайшоў бацька. Стары сеў за стол насупраць, крэкнуў, адвёў вочы ўбок, памаўчаў. У яго быў такі выраз твару, што па маім целе прабеглі мурашкі. Я чакаў, што будзе далей, і механічна перабіраў старонкі нямецкага слоўніка.
Бацька нарэшце з'едліва спытаўся:
Чытаеш?
Чытаю...– адказаў я вінавата і няўпэўнена, не ведаючы, куды ён вядзе.
Та-ак, чытаеш! Абрыўкі?
«Фолькішэр беобахтар» знайшоў ля чыгункі... Гэта ў іх цэнтральная газета, партыйны орган...
Нямецкая! – Стары не хацеў і слухаць, з якой газеты паперкі.
Ну і што калі нямецкая...– слаба бараніўся я.– Хоць нейкую вестку можна пачуць, а то сядзім тут як у мяшку, нічога не ведаем...
Як гэта што? – аж падскочыў ён на лаве.– Там дзесьці іхніх абрыўкаў нашы не збіраюць, а лупяць фашыстаў пачым зра! – Аднекуль перанятае бацькам выражэнне «пачым зра» азначала ў яго вышэйшую ступень накалу.
Стары ўсхапіўся з лавы і, згорблены ад няшчасця, пайшоў. Каля дзвярэй яшчэ спыніўся, паглядзеў на мяне так, што захацелася залезці пад стол, тады махнуў безнадзейна рукой:
Значыць, не дарос! Э-эх!.. А я яшчэ траціўся, начэй недасы-паў, у самую Вільню сына вучыць пасылаў!.. Вывучыў, нічога не скажаш!..– уздрыгануў яго голас– Дзякуй табе, сынок, узрадаваў, нямецкія абрыўкі падбіраеш!..
З сілай ляснулі дзверы.
Слоўнік вываліўся ў мяне з рук.
Нешта падобнае адбывалася і ў іншых хатах.
I ўжо да першай восені ў нашых лясах арганізаваліся партызанскія групы. У іх, вядома, апынуўся і я. Першая партызанская зіма была цяжкай, тады мне было не да Данусі.
5
Мінула шмат часу пасля вайны.
Аднойчы ехаў я загарадным аўтобусам і звярнуў увагу на аднаго пасажыра. Ён сядзеў уперадзе.
У пасажыра кідалася ў вочы штосьці бутафорскае. На дварэ стаяла снежаньская сцюжа, а ён быў у канфедэратцы, пашытай са звычайнай цыраты, якой накрываюць сталы.
Яшчэ на ім было прыкметнае паліто – пераліцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна, а галіфэ – з салдацкай коўдры.
Насупраць яго вызвалілася месца, I я перасеў туды.
Старэчая зморшчаная шыя незнаёмага з упадзінамі за вушамі не пасавала да ружовенькага маладжавага тварыка з кароценькімі вусікамі і жвавымі карымі вочкамі. Твар гэтага чалавека напомніў штосьці знаёмае, крануў нейкую балючую струнку, і я пачаў уважліва да яго прыглядацца.
Каб на чалавеку не было ўсё такое чысценькае, акуратна зацы-раванае, каб суседка не выказвала яму такой пашаны, яго можна было б палічыць за вар'ята. Навокал нас – стомленыя камандзіра-ваныя, сялянкі з пустымі кошыкамі, бітонамі ад малака, вузламі і жоўтымі спружынамі абаранкаў.
Незнаёмы вельмі цікавіўся, што робіцца за акном, нібы яму доўга нельга было гэтага рабіць, а цяпер ён можа надзівіцца светам.
Недалёка сядзеў чужаземец з тых, якія да нас зачасцілі ў госці, калі стала з гэтым лягчэй. Што ён паляк, можна было зразумець па шапцы, як у пілота, па светлым паліто, туфлях на тоўстай каўчукавай падэшве, па апельсінавым партфелі-чамадане ды па элегантнасці, якую палякі так старанна ўмеюць захаваць у любых умовах.
Незнаёмы ў цыратовай канфедэратцы нахіліўся і спытаў чалавека ў пілотцы:
Адкуль пан?
З Варшавы!
О, выдатна!
Чалавек перайшоў на польскую мову:
А якія зараз папяросы кураць у Варшаве?
«Гевант», «Бельвэдэр», «Грунвальд»...
А «Пласке»?
Не!
Шкада!.. Мае любімыя, даваенныя... Я таксама паляк. I еду туды!
Ага!
Ну, як там жыццё?
Каб толькі было так да смерці!
– О-о, то выдатна!– Карыя вочкі згаслі. Побач з дзіўным паса-жырам сядзела жанчына.
Твар яе, пакрыты прыемным загарам, быў свежы, губы тонкія, а носік – з гарбінкай, але па аскетычнай сухасці вачэй, паводзін я адразу ўгадаў у ёй фанатычную каталічку.
Жанчына нешта сказала ці спыталася, і яе сусед гучна і маладжава загаварыў:
О-о, пані Гэлена! Многія мне там чапляліся на шыю, пані паглядзела б! I адукаваныя, і прыгожыя. Але я – польскі афіцэр з добрай сям'і. Што б сказалі таварышы, калі б такую ўзяў? I я ўзяў польку. Выбіраць з чаго не было... Яна зусім непісьменная. Неін-тэлігентная. Без сям'і... Завязу да Польскі, і няхай сабе жыве. У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Трэба дастаць ёй у Гродні пропуск за граніцу...
I толькі цяпер мне ўспомнілася Вільня. Я раптам здагадаўся: перада мной – былы сапернік, «князь» Браніслаў Любецкі! Няўжо ты, браце?!
Быццам памагаючы мне ўпэўніцца, ён дадаў:
Перад вайной, пані, у Вільні была ў мяне нявеста. Пекная. Маладая. I з добрай сям'і. Заручыны мы зрабілі. Немцы, холера, яе расстралялі...
«Расстралялі? Няўжо з-за майго візіту ў генералаў дом зімой 194З года?» Мне зрабілася нядобра.
...Што пан будзе рабіць у Варшаве?
– Го, пані Гэлена! Толькі зайду на Маршалкоўскую ў адну рэстарацыю, у другую, і знайду ўсё, што трэба – і кампанію, і занятак!
Колькі пану год?
Сорак сем. З іх чатырнаццаць пражыў у Казахстане сярод азіятаў. Цяпер буду даганяць. Будзьце ўпэўнены, пані, яшчэ ў Польшчы зраблю кар'еру. У Англіі ў гэтым веку мужчына адно пачынае рабіць кар'еру... Глядзі, пані, пабелены касцёл! – Браніслаў прыпаў да шыбы, але канфедэраткі не зняў, хоць, я ведаў, абавязкова зняў бы пятнаццаць гадоў таму назад.
Але ж вы яе муж!– упарта думаючы аб сваім, дзівілася жанчына.
Які я му-уж? Шлюбу ў касцёле не браў! У мяне сумленне чыстае, я спакойны.
Браніслаў закурыў. Грацыёзна трымаючы папяросу пальчыкамі, якія вылазілі з дзіравых замшавых пальчатак, ён казаў далей:
Інакш я не мог. Павінен быў ажаніцца. Я афіцэр, на мяне глядзелі жанчыны...
Яго чулі пасажыры. Мясцовы народ разумее польскую мову. Звычайна пасажыры дружна нападаюць на курцоў у аўтобусе, але Браніславу не казалі нічога. Цярпелі, як церпяць п'янага, вар'ята або вартага жалю чалавека.
Раптам шасцідзесяцімясцовы прыгажун «ЗІЛ» пшыхнуў паветра-нымі тармазамі і пасажыраў кінула ўперад. Адчыніліся дзверы.
А шафё-орчыку, ах сыно-очачку, вазьмі! Мне толькі паўтара кіламетра! Вазьмі, шафёрчыку! – чуваць было, як просіць бабка ля кабіны вадзіцеля.
У аўтобусе зарагаталі. Засмяяўся і «князь». Мне было не да смеху.
Няўжо з-за мяне загінула Дануся? Бо-ожа, што я натварыў! Патрэбна было чапаць гэтага Станеўскага, нікуды ён не дзеўся б ад расплаты!..
А мо Любецкі няпраўду кажа? Напомніць аб сабе?
Ад апошняга спаткання нас раздзяляе цэлая эпоха. Зараз мы нібы памяняліся р'олямі... Кім быў бы ён у часы акупацыі? Відным кіраўніком, ідэолагам руху за незалежнасць Польшчы? Рэдка ж трапляліся князі, як Яраслаў Дамброўскі...
Не! Стаць такім Браніславу перашкаджалі б упэўненасць у сваю выключнасць і клопаты аб сабе. Для кіраўніка Браніслаў не меў характару... Прадажнікам? Прадажнікаў немцы куплялі, як Станеў-скага, а чым маглі купіць яго? Ен меў цэлы маёнтак, перад ім і так танцавалі людзі. У часы акупацыі блытаўся б дзесьці пасяродку. Піў бы, распуснічаў, праклінаў бы вайну, што не дае пажыць у яго разуменні. Такімі ганьбавалі і немцы, і мы...
Зіна Кварцёнак, Пеця Трухан, Альбінас, трэнер Левандоўскі... Столькі сапраўдных людзей загінула за тыя гады, а гэты захаваўся, і навошта? Адно марочыць людзям галаву!..
Во, яшчэ загінула Данута!..
Злосная іронія лёсу!..
А пан мае спецыяльнасць? – распытвала яго суседка.
Вядома, пані! Я – інжынер з загранічным дыпломам. Да вайны ў нас панаваў парадак: хто скончыць вышэйшую школу за мяжой, мусіў яшчэ здаваць экзамен і абараняць дыплом у Польшчы. Для гэтага я паступіў у Віленскі універсітэт. На жаль, абараніць дыплом не паспеў, пачалася вайна. Бальшавікі вывезлі ў Казахстан. Там мой начальнік смяяўся: «Ну, які з цябе інжынер, калі ты нават электрычнага чайніка ці пробкі, калі перагарыць, не паправіш!..» А наогул, пані Гэлена, у Расіі працаваць навучаць! Цяпер ніякая цяжкая работа мне не страшная.
Сяляне пераглянуліся.
Вы ля Вільні ў сваіх маёнтках былі?
Няма чаго туды ездзіць, у вас усюды адно і тое ж. Але ж, пані, у мяне яшчэ ёсць тры маёнткі пад Лоддзю. Вялікія. Пані пыталася, што буду там рабіць? О-о, ручаюся галавой, як прыбуду да сваіх хло-паў і папрашу ў аднаго курыцу, то кожны прынясе па адной, і ў мяне адразу стане тры тысячы курэй!
Паляк з апельсінавым чамаданам шматзначна падміргнуў мне, быццам сказаў: «Хутчэй едзь, цябе там толькі і чакаюць, як жа!..»
А дзе будзе пан жыць?
Не прападу. Пад Лоддзю ў нашым доме толькі для гасцей з дзесяць пакояў... Адно Марысю трэба недзе ўладкаваць... Тады звярнуся да Гамулкі...
Напішаце?
Яму пішуць многія. Я паеду асабіста. Бо я – капітан і з вядомай польскай сям'і. Мне належыць добрая пенсія. Гамулка правільна робіць, што збірае палякаў да купы... Абы толькі дастаць у Гродні пропуск для Марысі. Але пані паможа, праўда? О, касцёл! – тыцнуў ён зноў нос у шыбу, але канфедэраткі не зняў і на гэты раз.
Любецкі гаварыў на ўвесь аўтобус, быццам у ім больш нікога не было. У аўтобусе запанавала нацягнутая атмасфера. У машыне ехалі амаль усе сяляне, якіх калісьці розныя Любецкія прымушалі нізка кла-няцца і цярпець. Але наш селянін чалавек асцярожны і нетаропкі. Ён табе абыдзе не пагарачыцца і дарма на ражон не палезе. Яны разумелі, што няма патрэбы пярэчыць і спрачацца з гэтай гнідай, таму маўчалі. Аднак балбатня яго хутка і ім надакучыла.
Мой сусед – вясковы дзядзька ў кажуху,– быццам нічога не чуў і быццам у аўтобусе і не было ніякага Любецкага, пачаў голасна расказваць гісторыю, як некалі ехаў чыгункай і разам з ім ехала нейкая цётка ў Пячэеўскую лаўру.
– «Грэх табе, цётка,– кажу я,– ехаць у лаўру поездам. Туды адно пешшу дабіраюцца, інакш бог намаганняў не залічвае... I што вы думаеце? Прачы-наюся ноччу – дзіва! Цётка з клункам за плячамі хо-дзіць узад-уперад па вагоне. «Зубы баляць»? – пы-таюся. «Не-е, у лаўру іду...»
У аўтобусе дружна зарагаталі. Дзядзька пачаў плясці іншае, а людзі панастаўлялі вушы зноў. Пра Любецкага ўжо забыліся. Не забыўся адзін я. Зрэшты, не ён займаў маю галаву.
У мяне расла і расла трывога. Ажылі здарэнні трынаццаціга-довай даўнасці. Я пачаў даводзіць сумленню, што не вінаваты, але нехта суровы мяне ўпікаў:
«Усё гэта так, а вось яе ўжо няма. I ніколі не будзе! А ты аддаў яе фашыстам і сабе жывеш, раз'язджаеш з нікчэмнасцю, смяешся...»
Раздзел трэці
1
Вось што адбылося са мной потым, калі я пайшоў у партызаны.
Пасля Дануты я доўга не мог зблізіцца ні з адной дзяўчынай.
«Не тое... Не тое!» – кожны раз гаварыў я сам сабе.
Не мог загадаць свайму сэрцу, каб яно пакахала і Зіну Кварцё-нак. Гэты чалавек шмат нацярпеўся і наплакаўся з-за мяне і генеральскай дачкі.
Пазнаёміліся мы з ёю выпадкова.
Аднаго разу з лесу я назіраў за гарнізонам у Крупках. Ужо зусім развіднела. Я пабаяўся, што мяне заўважаць, апусціў бінокль і накіраваў свайго каня ў гушчар.
Выбіраючыся з кустоў на бальшак, я раптам убачыў на дарозе ашалелага чорнага жарабца, які імчаў у бок Крупак. У санях цудам трымалася дзяўчына з перакошаным ад жаху тварам.
Каця-а!– чуўся бездапаможны крык, якім жанчыны выказ-ваюць бяссільную скаргу, каб выклікаць спачуванне.
I чорны каніска з дзікім храпам пранёсся міма як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў.
Жарабец мог з маху ўдарыць сані аб сасну, і тады дзяўчыне канец. Або мог завезці яе ў Крупкі немцам у лапы...
Я прышпорыў свайго каня і памчаў за зверам. Супакоіць жарабца і вызваліць з лейцаў незнаёмую ўдалося аж на полі, на віду ў гарнізона.
– Бзіх! Бзіх! – зазвінелі над намі кулі.
Аднак хутка мы былі ўжо ў лесе. Выплакаўшыся ад перапуду пасля шчаслівага ўратавання, дзяўчына паведаміла пра свае прыгоды.
Мінулай ноччу яны, дзве сяброўкі – Зіна і Каця – ішлі з групай на заданне. Неспадзявана наткнуліся на засаду. Партызаны разбег-ліся хто куды. Дзяўчаты апынуліся ў полі. Стаяла ноч, а раніцай па следу немцы маглі іх знайсці. Трэба было спяшацца ў лес. I партызанская зухаватасць падказала ім спосаб.
Да світання туды не дабяжым,– разважыла Зіна.– Хадзем у бліжэйшую вёску і возьмем каня!
Нічога не падазраючы, зайшлі яны ў самыя Крупкі. Вёска была вялікая, гарнізон стаяў з аднаго канца, а дзяўчаты трапілі ў другі.
Калі яны забраліся ў нечую стайню, з хаты выйшаў гаспадар. Партызанкам зноў пашанцавала, бо селянін не пабег у гарнізон з даносам. Але яму было шкада каня. Дзядзька пайшоў на хітрыкі:
Дарэмна, дзяўчаткі, яго бераце! Ён у мяне, халера, такі, што абы-каго і не павязе!
Як гэта не павязе?
А так – не павязе і годзе! Стане на дарозе і ні з месца, хоць ты яму ў лоб страляй!
I што тады робіце? – спыталася наіўна Каця.
Гм, што!.. Летам увязваю ў хвост камень... Але ж цяпер зіма, дзе вы знойдзеце тых каменняў? Пакіньце яго, дзеці, а то і самі загінеце, і каня мне змарнуеце. Мне яго не шкада, не думайце, я вам па-праўдзе... Ці мала ў вёсцы коней?..
Не загаварвай нам зубы! – абарвала дзядзьку Зіна.
Нічога, не прападзем. I камень знойдзем, не бойся! – запэўніла яго Каця.
Но-о! – ударыўшы лейчыной па баку, пагналі яны каня.
Адкормлены і застаялы ў хляве жарабец куляй вынес дзяўчат з Крупак.
Партызанкі праехалі кіламетры са тры, і, сапраўды, ужо ў лесе жарабец занаравіўся. Але дзяўчатам вельмі хацелася пахваліцца ў лагеры канём. Замест таго каб кінуць яго і дабірацца да зямлянак пешшу, Зіна пачала сцябаць яго лейчыной, а Каця – лупіць кіем. Конь ні з месца. Тады Зіна зрабіла з новых раменных лейцаў пятлю, надзела сабе на нагу, узялася за лейцы рукамі і пацягнула іх з усяе моцы. Зноў конь ні з месца!
– Раіў дзядзька ўзяць лепшага каня! – упікнула сяброўку Каця.– А цяпер во гуляй з ім тут!
Маўчы! – адмахнулася Зіна.– Шукай лепш камень!
Каця прыкладам разгрэбла снег, выкапала каменьчык і ўвязала яго каню ў хвост. Жарабец махнуў ім, пачуў нешта чужое ў хвасце і як ашалелы паляцеў у Крупкі. Бедная дзяўчына не магла выскачыць з саней, бо пятля з лейцаў заблытала ногі. Выблытваючы Зіну, я мусіў перарэзаць лейцы.
Каб не рабіць з дзяўчыны пасмешышча, я пра выпадак з жарабцом нікому не сказаў.
З саней выпала вінтоўка, трапіла пад полаз, і прыклад трэснуў. Я збіў яго Зіне бляшкамі. З той пары мы і сталі сябрамі.
2
Бліжэй з Зінай пазнаёміліся мы на заданні.
У пачатку красавіка 1942 года нам было загадана выбіць немцаў і паліцаяў з Крупак. Гарнізон гэты нам даўно ўеўся ў пячонку – немцы з яго рабілі засады, абстрэльвалі з гарматкі партызанскія сцежкі, ставілі міны.
На заданне накіраваліся групамі. Мой узвод выйшаў на суткі раней, нам трэба было абысці вёску.
У лесе яшчэ ляжаў пласт набрынялага вадой снегу, і вялікія кроплі з дрэваў папрабівалі яго да моху. Палі ўжо чарнелі. Стылі лужыны мутнай сцюдзёнай вады, адусюль цягнула такой сырасцю, што здавалася, нават твае косці прамоклі.
На зямлю апусціўся не то туман, не то хмара. Было такое ўражанне, быццам на небе зіма з вясной счапіліся загрудкі ў смяротным змаганні і часова пакінулі зямлю самой сабе, адчаго надвор'е не ведала, што рабіць, і чакала выніку гэтай барацьбы.
Хоць бы вецер, а то – як у мяшку! – уздыхалі старэйшыя партызаны.
– Нічога, хутка вясна сваё возьме,– абяцалі іншыя.
Дажыць бы...
А пакуль што даводзілася цярпець.
Лямкі з рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне, прапускалі ваду, яна струменілася скрозь пальцы ўверх і ўніз – у такт кроку. А ночы насталі цёмныя, так і глядзі, каб не напароцца на яловы сучок, не праваліцца па пахі ў ваду, а галаву ўвесь час трымай утуленай у плечы, каб не пасыпаліся за каўнер ледзяныя кроплі з дрэў.
Натруджанае цела пякло і ныла, а час цягнуўся нібы вечнасць.
Зіна таксама валакла цяжар, і яе боты хлюпалі рытмічна, але трымалася яна не горш за хлопцаў.
Да Зіны ўсё падлабуньваўся прыгажун нашага атрада кучаравы Колька, якога мы празвалі за ліхую язду на кані Казаком. А яна, ускінуўшы на плячо вінтоўку прыкладам угору і падсадзіўшы руку пад лямкі мяшка, каб не так муляла, залётна страляла ў мяне вачамі, не заўважаючы Казака. Я нават западозрыў, што і ў групу Зіна напрасілася з-за мяне.
Ноччу, калі прадзіраліся праз гушчар, я ёй сказаў:
У мяне, Зінка, дрэннае прадчуванне. Не напароцца б нам на міны!
Я не хацела табе гаварыць,– прызналася і яна,– але і ў мяне цяжка на сэрцы. Як тады, калі налезлі ў Воўчым балоце на засаду...
Загад ёсць загад, эх!– уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў злосны Казак, балюча сцебанула мяне па твары.
Кепска, пане Іване! – рассмяялася дзяўчына.
Далі ў морду, і не ведаеш, з кім нават пасварыцца! – перавёў я ўсё ў жарт.
А ты паплач, будзе лягчэй!
Толькі што...
Мы адсталі ад групы. Партызаны ў цемры пагубляліся і ззывалі адзін другога.
– Вяроўкай нам звязацца, як альпіністам, ці што?!
Парай хлопцам компасы панастаўляць! – запрапанавала Зіна.
Гм, ідэя...
Мы сабраліся, і я загадаў выканаць параду. Усе паклалі рукі сабе за спіну, і той, хто ішоў ззаду, цяпер бачыў фасфарычны агеньчык ад компаса таварыша.
I я на нешта прыдалася, бачыш!
Нічога не скажаш...– Мне было няёмка, што да такой простай рэчы не дадумаўся сам.
Без асаблівых прыгод прыбылі мы на месца.
Наступленне на Крупкі мелася адбыцца а дванаццатай гадзіне дня. Да гэтага часу людзям трэба было адпачыць. На світанні ля вёскі мы зашыліся ў кусты дзікіх вішань у яры, паслалі плашч-палаткі, леглі цесна адзін ля другога, я ўсіх прыкрыў, а сам стаў на варту.
Заданне небяспечнае, бо гарнізон быў добра ўмацаваны. I мала нам вядомы. Бадай, няма большай небяспекі, як тая, якую ты чакаеш, але памераў яе яшчэ не ведаеш. Якія толькі страхі не лезлі ў галаву.
Вось нешта зашлёпала па полі. Я ледзь не выпусціў чаргу з аўтамата па чорным сілуэце.
Гам! – брахнуў перапалоханы сабака, клацнуў зубамі і сігануў у цемру.
Каб не наклікаў ён сюды каго!..
Развіднела. Цішыня. Толькі ў вёсцы спявалі пеўні, скрыпелі жоравы. У яры, дзе ляжалі сябры, нейкі час чулася стрыманая мітусня, прыглушаны шэпт. Я азірнуўся. З-пад плашч-палаткі вылецеў Колька Казак з ускудлачанымі валасамі і чырвонай шчакой. А хлопцы прыкідваліся, што спяць.
Апёкся? – паспачуваў я.
А ну яе!.. Святошу з сябе выстаўляе, чалавечых жартаў не разумее!.. Дай закурыць, братка!
Справы дрэнь, калі ты ўжо нават забыўся, што я не куру!
«Аднак – баявая!» – першы раз звярнуў я ўвагу на характар дзяўчыны і адчуў да яе пашану.
3
Напад на Крупкі мы не прадумалі. Каб разграміць такі гарнізон, неабходны добрая сувязь, зладжанасць груп і гарматы. А гэтага ў 1942 годзе мы не мелі і за ўсё плацілі крывёй.
Ужо з гадзіну вялі мы рэдкі агонь па доце-бункеры, як яго ў нас называлі. Гэта быў высокі вал, за ім – жылы барак. Над валам віднеўся дах, а ў насыпе чарнелі амбразуры, з якіх пырскалі злосныя агеньчыкі. Ад куль вакол нас ажно разляталася зямля – мы ціснуліся ў мокрыя барозны.
Мая група павінна была адцягваць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці, хаваючыся за будынкамі, наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць на штурм. Адным словам, мы выконвалі ролю жывых мішэняў, загадзя ахвяраваных, абы толькі ўдалася аперацыя.
Ляжалі мы ў барознах сярод аслізлых колікаў, што засталіся ад агарожы, і леташніх бадылёў. Каб не даць праціўніку прыцэліцца, барозны мы часта мянялі. Не краталася са свайго месца толькі Зіна. Мо ранена?.. Мы з Казаком падпаўзлі бліжэй.
Чаго не пераходзіш у іншае месца?! – закрычаў я, убачыўшы, што дзяўчына заядла лупіць з вінтоўкі ў паліцаяў.
Лужыну нагрэла! – заўважыў Колька.
Ну і нагрэла, шкадую пакідаць! Не перашкаджайце!..
Паміж бункерам і намі стаяў мураваны дом. У ім заселі паліцаі з ручным кулямётам. Потым на такую службу немцы бралі і крывых і сляпых. У крупкінскі гарнізон яны паступілі па першаму набору. Усе мелі не ніжэй ста сямідзесяці шасці сантыметраў вышыні, былі дужыя, добра абучаныя – небяспечныя і смяротныя ворагі, з якімі справіцца было нялёгка.
Раптам з мураванкі перасталі страляць, відаць, скончыліся патроны. З бункера туды папаўзлі дзве жонкі паліцаяў. Яны валаклі торбы з дыскамі.
Куды прэце, сцервы! – раззлавалася дзяўчына і, пакуль мы агледзеліся, папаўзла наперад.
Зіна, пачакай! – закрычаў я.
Яна не паслухалася.
От баба дурная! – вылаяўся Колька і падаўся за ёю.
Ад бункера іх прыкрывалі сцены мураванкі, а паліцаі ўсё не стралялі. Колька з Зінай паўзлі па адкрытым месцы. Каб падтрымаць іх хоць як-небудзь, я не даваў магчымасці падняць галавы жонкам паліцаяў, выпускаючы раз-пораз кароткія чэргі.
Перад домам Колька прыпадняўся і адвёў назад руку, каб шпурнуць гранату ў пустое акно, але з глыбіні будынка раптам секанула чарга. Я выразна ўбачыў, як адначасова з гэтай чаргой на шырокіх плячах партызана выскачыў радочак з кавалачкаў кажуха: апошнімі патронамі паліцаі прашылі Казака навылет. Хлапец мякка асунуўся на мокры чарназём паміж леташніх пнёў капусты.
Коля! Казак! – ускрыкнула Зіна і пацягнула партызана за бот, але хлапец ужо не варушыўся.
Яна схапіла яго гранату, праверыла ўзрывальнік, кінула яе праз акно і стаілася за сцяной. Пасля выбуху адважна палезла на падаконнік.
Я паклікаў хлопцаў і таксама пабег да будынка. Там была добрая пазіцыя: моцныя сцены, а з даху можна было заглянуць за вал.
Калі мы забеглі ў будынак, Зіна праз задняе акно ўжо пастраляла паліцыянтавых жонак.
4
Аднак цешыцца «мясцовай перамогай» давялося нядоўга.
Партызаны, якія меліся перад атакай перарэзаць тэлефонную лінію з Крупак, не выканалі ў час задання. I гарнізон паведаміў суседзям пра небяспеку.
Калона бронемашын! – у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету – сігнал да агульнага адступлення.
Трэба было хутчэй дабрацца да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Мы зняліся з пазіцыі і пабеглі, хаваючыся за ўзгоркамі.
Але і гарнізон не драмаў. Пад прыкрыццём станкавых кулямётаў і дробнакалібернай гарматкі высыпалі з бункера немцы з паліцаямі. Браневікі пачалі разварочвацца на гасцінцы і заходзіць нам напе-рарэз.
I, як заўсёды ў такіх выпадках, бяда не прыходзіць адна.
У нас быў з сабой мінамёт з чатырма мінамі. Тры мы выпусцілі па гаршзоне ў час наступлення, чацвёртай нямецкая разрыўная куля трапіла ў стабілізатар.
Камандаваў намі капітан Фамін. У нашых лясах ён быў з першых дзён вайны: трапіў у акружэнне са сваім эскадронам. Гэты велізарнага росту адважны сібірак гаварыў нізкім густым басам такой сілы, што мы часта смяяліся:
З яго голасам толькі на плошчы стаяць замест радыёрупара!
Убачыўшы, як фашысты высыпалі з бункера, Фамін грымнуў:
Сто-ой, хлопцы! Я адгэтуль секану па іх з кулямёта, а вы ў самую гушчу кіньце апошнюю!
Яна ж з пасечаным стабілізатарам, таварыш камандзір, – узмаліліся мінаметчыкі.
– Даляціць, кідай!
Перакруціўшыся некалькі разоў у паветры, міна шлёпнулася якраз ля Фаміна і яго ад'ютанта і разарвала абодвух на кавалкі.
Вестка аб смерці камандзіра дайшла да нас у той час, калі мы ўбачылі браневікі. Узнялася паніка.
Партызаны пабеглі ўжо не азіраючыся. Уцякалі бяздумна, як цячэ вада з вышыні, і спыніць іх было ўжо немагчыма. Дарэмна камандзіры стараліся навесці парадак у сваіх узводах. Дарма і я крычаў на сваіх.
Толькі калі дабеглі да збавеннага алешніку на балоце, я здолеў авалодаць сваім узводам і загадаў хлопцам заняць кругавую абарону.
Задыханы і ўзбуджаны, я доўга не мог скеміць, каго ж такі ў мяне не хапае, чаму шаснаццаць чалавек, а не васемнаццаць?!. Нарэшце дайшоў да ладу. Не было Казака і Зіны.
5
Калі дзяўчына адстала, мы і не заўважылі. Немцы загналі яе ў балота, а яно месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся з галавой.
– Вось яна, красу-уня! – зларадна закрычаў паліцай.
Не страляць, бяры жывой! – пераможна загадаў камендант і, нагінаючы пад ногі сабе кусты і сухое трысцё, першы палез у дрыгву.
I паліцаі, і камендант былі мясцовыя людзі. Для мяне заўсёды была вялікай загадкай псіхалогія здрадніка. Ліха яго ведае, як можа чалавек дайсці да такой нізасці, каб вось так старанна і з упаеннем праследаваць сваіх, выслужвацца перад тым, хто не ставіў яго ні ў грош.
Заходзь ёй з тылу!– узбуджана, з азартам крычаў другі паліцай.
Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі рваныя шматкі – так яго пасекла кулямі і асколкамі. З усіх бакоў трашчалі кусты. Чвакала балота, цяжка дыхалі ворагі. Заставаўся апошні патрон, што рабіць?
Дзяўчына паставіла на купіну вінтоўку, прыклалася віском да канца ствала і наском паспрабавала наступіць на спускавы кручок. У гэтую хвіліну яна, канешне, не думала аб геройстве, яна ведала – зло-вяць жывой, будзе горш.
– Хутчэй, а то застрэліцца партызанская шкура! – падганяў паліцаяў камендант.
А от і не возьмеш! Паспрабуйце, бобікі чортавыя, паслужнікі Гітлеравы! – упарта цвярдзіла Зіна, паспешліва шукаючы нагой спускавы кручок.
Узрушаная, яна трапіла нагой на скабу. Прыклад залез аж па магазінную каробку ў твань, і вінтоўка не стрэліла.
Зіна вырвала прыклад і пашукала больш цвёрдае месца.
Якраз у гэты момант падаспеў я. Дыскі мае былі пустыя. Спыняючы на полі партызан, я да таго ахрып, што зусім страціў голас. Але маё з'яўленне было для паліцаяў вялікай нечаканасцю. Яны на хвіліну разгубіліся, гэта і вырашыла справу.
З маіх грудзей вырвалася дзікае рычанне. Я з усяе сілы замах-нуўся на крайняга паліцая і са здавальненнем адчуў, як пад маім дыскам хруснуў яго чэрап. Больш замахвацца не было часу. I тут ва мне прачнуўся баксёр. Наступнага я збіў магутным хукам з левай у сківіцу, трэцяга здзяліў пад грудзі, і яны абодва папаўзлі ў гушчар. Я нагнуўся, каб забраць у забітага вінтоўку і наган.
Зіна ўпала на купіну і заплакала.
Ты што, ачумела, нашла месца? – накрычаў я.– А ну, уставай і марш да сваіх хлопцаў!
I нікуды я не пайду-у,– выбухнула яна горкімі слязьмі.– Ідзі сабе, а я тут застану-уся... Я не магу, не хачу ўставаць...– Плечы яе ўздрыгвалі ад спазмаў.
Прыйшлося ўзваліць яе, расслабленую, сабе на плечы і валачы.
Памалу яна супакоілася. А потым я адчуў, што Зіна ўздрыгвае ад стрыманага смеху:
Ты чаго?
Ну і паўзлі яны па дрыгве ад цябе, як уюны! – рассмяялася яна ўголас– Ваня, а ты мяне зноў выратаваў. Каб не ты, мне – капут! Ну, пусці, пайду сама!
Падзякуй Янкоўскай, што навучыла боксу.
Каму-каму?
Жартую... Бачыла, які наган сабе здабыў?.. Марш уперад, а то згубішся яшчэ ў гушчары!
Не раз і Зіна ратавала мяне.
6
Летам пабылі ў нас дэсантнікі і пакінулі свайго разведчыка – Юзіка Савоську. Гэты чалавек папаў да дэсантнікаў выпадкова. Яны яго раскусілі і вырашылі часова камандзіраваць да нас, каб потым заняцца яго лёсам. Мы гэтага тады не ведалі і думалі, што ў яго важнае заданне.
Юзікава новенькая дэсантная вопратка і аўтамат, які аж пераліваўся сінявой варанёнай сталі, выклікаў у нас захапленне і зайздрасць. Савоська быў лавелас. Заміралі сэрцы нашых партызанак, калі ён, акампаніруючы сабе на гітары і млява закаціўшы вочы, спяваў:
Тё-ёмная но-очь!
Только пули свистят по степи,
Только ветер гудит в проводах,
Тускло звезды-ы ме-рца-ают...
Аж крыўда бярэ, калі ўспомніш, як гэты баязлівец і нікчэмнік у дзявочых сэрцах слыў героем.
Зіна выпрасіла для мяне ў Юзіка толу. З небяспекай для жыцця ўзрыўчатку мы дабывалі са снарадаў. Адшрубаваўшы ў іх узрывальнікі, выплаўлялі яго на вогнішчы. Пры васьмідзесяці градусах Цэльсія тол тапнеў, пры вышэйшай тэмпературы – выбухаў: зносіў бліжэйшыя сосны і елкі, ад вогнішча не пакідаў і следу!.. Паспрабуй, выплаві яго без тэрмометра!..
I вось у маіх руках – жоўценькія, спрасаваныя як мыла кавалачкі фабрычнага толу, атрыманага за так. Я адразу ж змайстраваў міну і сабраўся яе выкарыстаць.
Камандзір, вазьмі і мяне на «жалезку»! – папрасіўся Юзік: яму захацелася пахваліцца перад дэсантнікамі, калі тыя вернуцца.
Давай!
Паязды тады ўзрывалі яшчэ рэдка, немцы былі не напалоханыя і чыгунку ахоўвалі днём слаба.
Быў поўдзень, калі мы ўтраіх дабраліся да чыгункі. Недалёка пралягала шаша. Зіну я пакінуў вартаваць ля шашы, каб немцы не паявіліся з тылу, а Савоську на ўсякі выпадак аставіў на краі лесу прыкрываць мяне, калі з'явіцца хто на пуці. Сам папоўз да палатна.