Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Аляксей Карпюк
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 36 страниц)
Радыстка перад печчу пераабувала валёнак і строга па інструкцыі трымала аўтамат між каленяў. Цяпер можна было добра прыгледзецца да дзяўчыны: яна глыбока задумалася, не слухала ні хлопцаў, ні дзеда, не адчувала і майго позірку.
У яе і Данусі я знайшоў штосьці агульнае: аднолькавую манеру гаварыць намёкамі і трымаць сябе незалежна, з годнасцю... Стася нават прычоску і вопратку пры нашых умовах умела захаваць у такім парадку, на які, мабыць, здольны адно полькі.
Даўно я чакаў моманту для размовы. У мароз яшчэ не паспею прачнуцца, а падумаю, што з намі – Стася, устаю і з вечара да раніцы асцярожна і цярпліва вартую. Нарэшце хвіліна надышла... Трэба развеяць дзяўчыну.
Стася скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя кудзеркі і прыгаршчай правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым з другога – дакладна як некалі рабіла гэта Дануся над Віліяй. Яе аўтамат быў надта запацелы.
Вытрыце яго, бо адразу заржавее! – падаў я анучку.– Праўда, праўда, заржавее! – I спахапіўся, што выражэнне «праўда-праўда» – Данусіна.
Дзякуй,– узяла яна анучку і абыякава стала церці ёй аўтамат.
Я ўспомніў, што яе імя – Стася. Замест «малако» і «званіць» гаворыць «мооко» і «дзваніць». Дайшоў і да сэнсу дзедавага апавядання. Падумаў, што палякі ў часы небяспекі куды больш салідарныя, чым мы; яны майстры рабіць паўстанні, і наўрад ці хто лепш за іх умее канспіравацца. У падпольнай рабоце нам не хапае іхняй тонкасці. Нядаўна ў Варшаве фашысты знялі польскі надпіс з помніка Каперніку і замянілі яго нямецкім: «Дэм гросэн дойчэн астрономэн». Ноччу падпольшчыкі знялі шыльду і на цокалі зноў па-польску напісалі: «За тое, што вы хацелі мяне зрабіць фольксдойчам, я прадоўжваю зіму на шэсць тыдняў. Мікалай Капернік».
Палякі гордыя. Люблю гордых людзей. А яшчэ яны маюць цікавы звычай: жанчын называюць паняй, незамужніх дзяўчат – паненкамі, а мужчын усіх – і міністра, і столяра – пан; у ветлівай форме да чалавека звяртаюцца ў трэцяй асобе...
Кажуць, што з усіх жанчын полькі вылучаюцца вытанчанымі густамі, пачуццём прыгажосці, як немкі – акуратнасцю.
Калісьці мы, беларусы, непрыязна адносіліся да іх. Каб часамі павучыцца ў палякаў, колькі мы сказалі ў іх адрас абразлівых слоў? Я нават на Данусю глядзеў спачатку варожа з-за яе нацыянальнасці!
Вы полька? – спытаўся я з пашанай.
Але час для знаёмства выбраў няўдалы. Чацвёра сутак пераходу на такім холадзе для яе было занадта, і яна зрабілася запальчывай:
А вы ведаеце, што два генералы Парыжскай камуны і Фелікс Дзяржынскі былі таксама палякі?! Мой тата – член ЦК Польскай кампартыі і загінуў у Інтэрнацыянальнай брыгадзе ў Іспаніі. Гэта вас таксама здзівіць?
I Стася ад стомы і ад таго, відаць, што партызанскае жыццё не такое, якім сабе ўяўляла, расплакалася. Плакала, не хаваючы твару, з крыўдай, нібы я ўсяму віной.
5
У хату ўваліліся разведчыкі:
– Камандзір, крыніцы не замерзлі!
Хтосьці адпусціў вострае слова ў адрас Арміі Краёвай, але партызана зараз жа абрэзалі.
Трэба было вырашаць, як ісці. Я ўявіў сабе радыстку ў вадзе, убачыў нават, як яна вылазіць з ледзяной тоні ў прыліплай і пацямнелай гімнасцёрцы, як затым панцырам змярзаецца яе вопратка... Яна калі і пройдзе брод, дык потым наўрад ці вытрымае! Колькі яе? Кілаграмаў шэсцьдзесят з вопраткай!.. – Усё роўна пойдзем бродам! Пад'ём!
Пакуль прачыналіся партызаны, бразгалі зброяй і пазяхалі, Стася непрыкметна выцерла слёзы.
Ужо развіднела, але немцаў мы не баяліся: блізка партызанскі лагер. На балоце з крыніц узнімалася пара, нібы пад снег нехта закапаў катлы з варам.
Ну, хлопчыкі, рыхтуйцеся прымаць ванны!
Ад раматусу!
Ого, па-лаціне ўжо загаварыў!
Гэтае слова ведала нават мая маці!
Чаму валёнак не здымаеш?
Яны воданепранікальныя! – паддавалі сабе бадзёрасці партызаны і ішлі да вады.
Затрашчала альшына: хлопцы выламвалі сабе тычкі. Яны паздымалі кажухі, пінжакі, разам з аўтаматамі паднялі іх над галовамі і адчайна закрычалі:
Э-эх!.. Мама родная!
Да чаго вада халодная!
Каравул!
Ух-х!
I апынуліся па пахі ў ледзяной жыжцы. Адна Стася нерашуча тапталася на беразе, але і яна пачала расшпільваць кажух.
– Я вас перанясу! – аб'явіў я радыстцы.
У вачах дзяўчыны з'явіўся жах.
А я не хачу... Пайду, як усе...
Мяне не цікавіць, што ты хочаш, чаго не хочаш! – зазлаваў я.– Тут камандую я, а ты будзеш мяне слухаць! I не думай, што насіць цябе на руках вялікае шчасце!..
Стася паўзіралася на мяне з разгубленай паслухмянасцю.
Я аддаў рацыю партызану, узяў дзяўчыну на рукі і пайшоў.
Пякучая як агонь вада даходзіла да грудзей, але цяжар дадаваў мне ўстоўлівасці. Толькі часамі я правальваўся глыбей, і тады Стася інстынктыўна хапалася за маю шыю, але зараз жа аднімала рукі і ві-навата ўскрыквала:
О-ей, даруйце, я незнарок!
Гэтым яна толькі перашкаджала і адцягвала ўвагу.
– Сядзі і маўчы! А то кіну ў ваду і будзеш ведаць
Стася змоўкла.
Далей яна нават старалася мне дапамагчы. Сядзела нерухома, калі не дыхаў я, пераставала дыхаць і яна. Паміж намі ўстанавілася блізкасць. Стала яе шкада.
А ведаеш, я памыліўся. Цяпер бачу, што з-за цябе можна і памокнуць...
Та-ак? – разгублена працягнула яна.
Але зараз жа дайшоў да яе жарт, у вачах з'явілася ігрывасць, і яна стала яшчэ сімпатычней.
I тут, на марозе, брыдучы па пахі ў вадзе, якая пякла агнём, забівала дых, я ўспомніў, што і Дана ўскрыквала «О-ей!». Пырскі рэзалі твар і вочы, застывалі на каўняры, а мне хацелася верыць, што валасы, якія вылазілі з-пад яе вушанкі мне на лоб,– Данусіны.
Нарэшце мы выбраліся з ледзяной тоні.
Тут ужо суха, пусціце! – ускрыкнула дзяўчына і скочыла на зямлю.
Хлопцы нас ужо чакалі. Яны ляскалі зубамі і скакалі, што вар'яты. З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам вопратку абліў хто варам. Стася глядзела на ўсё гэта з вінаватым спачуваннем. Я яе разумеў. Яна хацела падзякаваць, але ёй, відаць, здавалася – вельмі мала аднаго слова.
Нарэшце я праламаў лёд між намі.
Не бойся, нічога са мной не здарыцца. Праз гадзіну высахну! – супакоіў я дзяўчыну.
Камандзір-р-р, ведаеш, што я пр-р-рыдумаў? – ляскаючы зубамі, ледзь вымавіў Трухан. Яго язык нібы спатыкаўся на «р».
Што?
Калі зловім Гітлер-р-ра, халер-р-ру, пакуль адсылаць у Маскву на р-р-расстр-р-рэл, давай пр-р-ратр-рымаем зіму фюр-р-рэ-р-ра ў кр-р-рыніцах!
Толькі злаві! – дазволіў я пад рогат сяброў.
Першы раз шчыра і непасрэдна ўсміхнулася радыстка.
Ну, пайшлі! – прыязна паказаў я дзяўчыне ісці першай.
I мы падаліся далей ужо сябрамі. Стася часта і заклапочана азіралася на мяне, быццам хацела ўпэўніцца, ці жывы яшчэ, а мне зноў здавалася, што гэта Дануся.
Заныла сэрца.
6
Вярнуліся мы ў лагер апоўначы. Сябры разышліся па сваіх зямлянках адсыпацца. Я далажыў камандзіру, здаў радыстку і таксама пайшоў да сябе.
У зямлянцы – здаровы партызанскі храп. Вобмацкам знайшоў я свабоднае месца і ўціснуўся на нары. Прыемная цяплынь агарнула мяне ўсяго, і я адразу заснуў каменным сном змардаванага чалавека.
Прачнуўшыся, пачаў даходзіць да ладу, дзе я і што са мной. Панаваў паўзмрок. Падала толькі святло ад печкі, у ёй весела патрэсквалі сухія дровы. Побач на саломе – таварышы. Партызан – хадзячая энцыклапедыя – кагосьці павучаў:
– ...Назва «рэвальвер» паходзіць ад англійскага слова «ту рэвольв», што па-нашаму азначае – «круціцца». Рэвальвер адпавядае нашаму нагану, бо ў ім круціцца барабан...
Я здагадаўся, што ўжо вечар, а я праспаў канец ночы і цэлы дзень. Цела маё абнавілася, стала свежае і моцнае. Толькі на душы была нейкая цяжкасць. Калі хлопцы ўбачаць, што не сплю, засыплюць пытаннямі: як садзіўся самалёт на возера, ці быў лётчык з пагонамі (якраз іх тады ўвялі), як прайшлі крыніцы, дзе стаяць немцы... А мне цяпер зусім не хацелася дзяліцца ўражаннямі, я прагнуў пабыць адзін. Таму я і не варушыўся. Пачаў успамінаць: што такое зда-рылася? Ага, Стася! I зараз жа – Дануся!
– ...А пісталеты маюць плоскую рукаятку і ў ёй – магазін. Могуць быць і браўнінгі, вальтары, парабелумы – усе маркі заводаў, бы наш ТТ...
От жа знайшоў тэму!
Гутарылі маладыя, неабстраляныя партызаны. Зброя для іх была яшчэ рамантыкай, як для мяне некалі ў Вільні. Цяпер мне яна здавалася ненавіспым і цяжкім кавалкам жалеззя, я з велізарнай прыемнасцю закінуў бы і свой пісталет, і аўтамат у кусты, калі б не трэба было ваяваць з немцамі.
Асцярожна, каб не шастаць саломай, я падняўся і вышмыгнуў з зямлянкі.
Мяне апанаваў нейкі неспакой... «Нават кольт украла ў бацькі. Узняла з-за мяне ліцэй супроць Залескага. Прызналася сама ў каханні. На якія толькі не ішла ахвяры!.. А я? Адно цалаваў».
Раптам я ўспомніў цёплы пах яе цела. Дануся выразна паўстала перад вачамі і выклікала тужлівы боль. Чамусьці я быў упэўнены, што яна цяпер у Вільні. Мне, мужчыне, як цяжка ў вайну, а ёй?.. Захаце-лася яе, слабую, абараніць, заступіцца, дапамагчы.
А-у-у-у! – апрытомніла мяне далёкае выццё ваўкоў.
Я прыслухаўся.
Адзін драпежнік выў нізка, гнусава, да жудасці паныла і тужліва. Потым да яго далучылася скавытанне, поўнае пакут і болю. Азваліся і іншыя. Лясное рэха падхапіла гэтыя гукі, памножыла іх, і праз хвіліну не стала чуваць асобных галасоў, гучала толькі адна жудасная сімфонія. У партызанскіх буданах з перапуду захраплі коні і жаласліва, у смяротнай і бездапаможнай трывозе забляяла авечка.
Я зусім апамятаўся і паглядзеў наўкола.
Стаяла месячная ноч без ветру. Перад маім носам пралунала алмазная сняжынка, збітая рэхам з галіны, і згубілася сярод мільярдаў іншых на іскрыстым снезе. Я быў ля вялізнага будана – партызан-скай кухні. Скрозь дубцы яго працэджвалася ніклае святло ад вогнішча.
Ваўкоў, мабыць, патрывожыў наш патруль, бо выццё раптоўна сціхла. На кухні нехта моцна дзьмуў, а заіклівы дзіцячы галасок пытаўся:
Т-т-татка, а ч-ч-чаму, каб агонь гарэў, на яго дзьмухаюць, і к-к-каб загасіць запалку, т-т-таксама т-трэба дзьмухаць?
Гэта наш кухар Васіль са сваім сынам. Васіль яшчэ толькі браўся за вячэру. Жонку яго гітлераўцы расстралялі. Фашыст, які забіў жанчыну, загадаў пяцігадоваму Лёніку пашукаць сякеру, каб раска-лоць палена. Хлопчык падумаў, што фашыст хоча яго засекчы, і з той пары стаў заікам. Ужо некалькі месяцаў кухар быў у лесе з Лёнікам, і сын не адыходзіў ад бацькі ні на крок.
Расклаўшы пад катлом агонь, яны грэлі рукі. Скрозь шчыліны будана я іх бачыў нібы праз рэшата. Бацька сядзеў на калодцы, між каленяў трымаў малога і быў заняты сваімі думамі. Вушаначка хлопчыка вісела на грудзях, зачапіўшыся матузкамі за гузік паліто.
Кухар пачухаў запэцканы ў сажу нос аб хлопчыкаў вожык, чыхнуў і смачна пацмокаў ротам. Не адказаўшы сыну, надзеў малому вушаначку, засадзіў за халяву нож, узяў Лёніка за руку:
Няхай сабе вада грэецца, а мы хадзем:
К-куды?
Завяду цябе ў зямлянку да дзядзькі Мікодыма.
А т-ты што б-будзеш рабіць?
Пайду рэзаць авечачку хлопцам на вячэру!
I я з табой!
Не трэба, сынок, каб ты на гэта глядзеў!
Ч-чаму?
Так...
Я схаваўся за густую елку.
Т-т-татка, а ч-чаму мы ідзём і м-месяц ідзе? I ч-чаму ён такі парэзаны?
Падгледжаная сцэнка мяне растрывожыла. Я адчуў пякучую зайздрасць да Васіля і цягу да малых, захацелася патрымацца за дзіцячыя рукі, падыхаць іхнім пахам...
7
Калі я вярнуўся ў зямлянку, адзін наш хлопец апавядаў, як летам трапіў у лапы немцам і як яго ўратавала невядомая дзяўчына. Расказ гэты я чуў мо дзесяць разоў, але не звяртаў на яго ўвагі. А цяпер з'явілася надзея і нават упэўненасць: Дануся недзе гэтаксама ратуе людзей, і мне трэба абавязкова ёй дапамагчы.
Я ўпаў на нары, лёг на спіну, падклаў рукі пад галаву і сціснуў губамі саломінку.
У Трухана засвярбела раненая спіна. Ён прачнуўся, падлажыў пад сябе аўтамат, паспрабаваў пацерціся аб дыск, ды было нязручна. Хлопец вылаяўся, устаў, падышоў да слупа, які падпіраў столь, і пачаў церціся аб сучок.
Здурэў?! – выбухнуў я.
А табе што? – агрызнуўся ён сонны.– Ляжы, калі ляжыш!
Пясок у вочы сыплецца, дубіна!
Ад яловага пня чую! – Ён спакойна працягваў занятак.
Гэта мяне яшчэ больш раззлавала.
Што вы, хлопцы! – мірылі нас партызаны.– Пеця, не чапай слупа, і праўда, сыплецца!..
Халерная рана зажывае, ведаеш, як свярбіць? Каб табе гэтак, ты на сцяну палез бы!
Ідзі на двор, патрыся аб сасну!
– Паны, маць вашу... пяску збаяліся, чорт вас бяры!..
Трухан упаў на салому і адразу захроп.
Што з табой, Ваня? Чаму ты такі стаў раздражнёны, змрочны? – звярнулі ўсе ўвагу на мяне.
Хіба няпраўда?!. Чухаецца як слон, а яшчэ агрызаецца! Во, нават на зубах трашчыць!..
Я ведаю, чаму ён такі,– у яго баліць сэрца! – пажартаваў нехта, нават і не падазраючы, як блізка да праўды.
Гэта іх усіх радыстка параніла, пакуль прывялі з возера!
– А нічога не скажаш, спрытная полечка! – Адна фігурка чаго варта!
Штосьці нездаровіцца...– прамовіў я.
Хлопцы, даць любоўных капель Барташэвічу!
Кладзіся ля печы! У маёй біклажцы малако ад шалёнай каровы – пяршак! Глынеш – да раніцы нібы рукой здыме!
Добра, толькі схаджу да начальства...
Усё раптам здалося мне малазначным, агарнула дзікае нецярпенне пабачыць Данусю: вось зараз, у гэтую хвіліну – я не мог чакаць ні мінуты!
Я накіраваўся ў зямлянку камандзіра брыгады. Не палена, зразумее і адпусціць з брыгады на два тыдні. Больш мне і не трэба... Эх, каб пусціў, панёсся б у Вільню як на крыллях!
У камандзірскай зямлянцы над рацыяй сядзела Стася. У яе пышных валасах блішчала нікеляваная палоска навушнікаў. Дзяўчына ўся ператварылася ў слых.
У вас работа сама...– замяўся я.
А, заходзь, Ваня, заходзь, чаго стаў на парозе?
Я думаў, што вы...
Ды заходзь і зачыняй дзверы, холаду напусціш! – зашаптаў камбрыг і паказаў вачамі на радыстку: – Не перашкаджай адно!..
Мо по-отым...– не выпускаў я дзвярэй.
Як ведаеш, упрошваць не буду. Хутчэй – туды або сюды!
Лепш у наступны раз, таварыш камандзір! – злосны на сябе за такое бязволле, вылецеў я з зямлянкі.
Цяпер толькі я зразумеў, што па асабістай справе ніхто ў такі час не пусціць мяне ў Вільню. Смешным выглядаў бы я, каб пачаў апавядаць камбрыгу, што калісьці там меў знаёмую генералаву дачку, што з-за яе яшчэ і цяпер сохну... Ці ж не дурань я?
Здзейсніць маё жаданне дапамог выпадак. Але цяпер раскажу, што здарылася, калі я вярнуўся ў зямлянку.
8
Калі я вярнуўся ад камбрыга, хлопцы сядзелі на нарах і моўчкі глядзелі на прамерзлага да касцей партызана, які ля печы здымаў боты.
Ваня, Зіны ўжо няма! – шапнуў нехта з цемры.
Як няма? – не зразумеў я.
А так, як бывае: сёння ты ёсць, заўтра цябе няма...– паясніў Трухан.
Здарылася якоесьці няшчасце, і ўсе хавалі вочы, нібы я ў ім вінаваты.
I раптам мяне прашыла здагадка. Чорт вазьмі, які я нікчэмнік – апошнія дні нават не ўспомніў пра Зіну!.. Дык гэта яе ўжо няма?!. Па спіне прабег холад, дайшоў да галавы, аж замарочыла мазгі.
Ты прынёс гэтую навіну? – сурова спытаўся я ў незнаёмага партызана.
Ён нічога не адказаў. Толькі раскруціў памалу сырыя анучы і падсунуў ногі да агню. Калі з іх паваліла пара, ён з асалодай крэкнуў:
Любата!
Ясна, ён. I Зіны сапраўды няма. I ніколі больш не будзе.
Вось як яна загінула.
Выканаўшы заданне, група вярталася ў лагер і заблудзілася. Партызаны вырашылі дачакацца світання, каб разгледзецца; ляглі яны і заснулі. Калі, нарэшце, развіднела, усе аслупянелі: перад імі былі амбразуры нямецкага бункера, а вакол – чысцюткае поле, толькі кіламетры за два цямнеў грэбень лесу. Што рабіць?
Не ўпусціце момант! – кінула Зіна.
Яна схапілася і пабегла па адкрытым месцы, адцягваючы на сябе ўвагу немцаў.
Іхні кулямётчык спачатку разгубіўся і доўга не мог пацэліць. Та-ды обер-яфрэйтар адпіхнуў нагой кулямётчыка і прыпаў да станкача сам. Обера гэтага мы ведалі. Прыбыў ён сюды пасля ранення на ўсходнім фронце. Першай жа чаргой скасіў ён фігурку, і яна нерухома застыла на загоне.
З бункера ў поле сыпанулі немцы. Перавярнуўшы кованым ботам Зініна цела, обер-яфрэйтар доўга ўглядаўся ў твар дзяўчыны. Тады нагнуўся і падняў тульскую вінтоўку. Павадзіўшы пальцам па бляшках, якімі быў абіты прыклад, здзіўлена паглядзеў на салдат. Тыя толькі паціснулі плячамі. Сапраўды, было незразумела, што дзяўчына з такой зброяй збіралася тут рабіць.
Guck mal![20] – закрычаў нехта.
I толькі тады немцы ўбачылі маленькія фігуркі партызан, якія ўжо дабягалі да лесу.
Чаму так сябе паводзіла партызанка, першы здагадаўся обер. Ён толькі кінуў:
Heldin![21]
Пра гэта расказаў нам сувязны з хутара, на вачах у якога адбыласа апісаная сцэна.
Потым паліцаі здзекаваліся над яе целам.
Калі я даведаўся, дзе Зіна засталася на полі, прымацаваў у наступны дзень да сядла лейцы і, калі сцямнела, ускочыў на каня. Мы былі навучаныя горкім вопытам: забітых партызанаў ворагі часта мініравалі.
Знайшоўшы цела, я асцярожна прывязаў канец лейцаў да яе рукі, сам лёг у баразну, тузануў повад і пацягнуў каня на сябе.
Бу-ум! – раздаўся страшэнны выбух, і каня з сілай кінула на зямлю.
Раздзел пяты
1
З віленскага гета ўцякло да нас некалькі хлопцаў.
– Ратуйце народ! – узмаліліся яны.– Чаго вы тут выграваеце-ся? Ведаеце, што там робіцца?!
Кожны з іх на свае вочы бачыў жудасную трагедыю дзесяткаў тысяч няшчасных людзей. Там заставаліся іхнія сем'і, а фашысты ўжо збіраліся прыступаць да ліквідацыі гета. З вялікай масы яўрэяў там не знайшлося сілы, каб па прыкладу беластоцкага ці варшаўскага гета арганізаваць супраціўленне.
Паступова немцы перастралялі маладых мужчын, а тысячы старых, жанчын і дзяцей загналі за мураваныя сцены ў старажытныя кварталы горада.
Віленская юдэнрада[22] складалася з прадстаўнікоў набожнай буржуазіі. Замест таго каб выводзіць людзей у лясы да партызанаў, яны прапаведавалі пасіўнасць.
Адна частка рады даводзіда: чым больш даваць гітлераўцам падарункаў, тым большая магчымасць перажыць вайну. I цяклі ад іх фашыстам каштоўнасці. Нават у выглядзе імянных свастык, зробленых выдатнымі майстрамі ювелірнай справы з чыстага золата.
Штурмбанфюрэры, оберротэнфюрэры і розныя ляйтары ахвотна бралі гэтыя каштоўнасці, прыязна ўсміхаліся і ў той жа час рыхтавалі эшалоны з пустымі вагонамі. Фашысты наносілі нават візіты членам юдэнрады, дзякавалі за дапамогу, а потым бралі і вывозілі іх на расстрэл, толькі не ў Трэблінку, разам з усімі, а за горад, у Панары.
Другая частка самаўрада была бедная і дарыць не мела чаго. Каб суцешыць людзей, гэтыя члены аднавілі запылены біблейскі лозунг. «Што ж,– гаварылі яны,– калі нам выпаў такі лёс, давайце замкнёмся духоўна, пакарымся, загінем як адзін, ляжам немцам на сумленне – нас жа яшчэ чакае загробнае жыццё!.. А тых, хто паддаўся немцам і дапамагае расстрэльваць сваіх, праклянём!..»
I пры ўпамінанні якога-небудзь здрадніка юдэнрада ўвяла звычай плявацца і дабаўляць: «Няхай імя яго будзе праклятае навекі!»
А рабіны ўнушалі пастве, што Гітлера паслаў бог для выпра-бавання яўрэяў, таму трэба цярпець, не гневаць Іяговы супраціўленнем і скаргамі.
Вось што адбывалася ў віленскім гета ў пачатку 194З года.
Трэба было папярэдзіць людзей. I нашае камандаванне вырашыла дапамагчы ім уцякаць у лес.
Ва ўсіх штабах абменьваліся разведданымі пра горад: удакладнялі адрасы сувязных, адзначалі на картах небяспечныя месцы. У атрадах рыхтавалі хлопцаў для паходу ў Вільню. Такое заданне выпала і мне.
Некалькі дзён я патраціў на падрыхтоўку: завучваў напамяць адрасы, знаёміўся з дакументамі са штаба злучэння: яны датычылі нямецкага гарнізона. З гэтых дакументаў я і даведаўся, што Данута Янкоўская цяпер там працуе ў камендатуры перакладчыцай.
У палове лютага я адправіўся ў дарогу.
...Яшчэ летам неяк выпаўзлі мы на аўтастраду Беласток – Ваўкавыск ставіць міны. Зірнуў я тады на асфальт і сваім вачам не паверыў. Цвёрды як граніт панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок: беленькі, далікатны... Дзяўбці асфальт, дзе ён прабіўся, было б лягчэй, але мы яго пашкадавалі і тол заклалі ў іншае месца.
Цяпер, нагадваючы паход у Вільню, успамінаю той грыб: яшчэ невядома, каму з нас было цяжэй.
Горад фашысты прызналі літоўскім, але, каб адных людзей нацкаваць на другіх, адміністратыўную ўладу аддалі былым злодзеям, шпікам і правакатарам з палякаў. Гэтыя падонкі выслугоўваліся перад акупантамі, і ашукаць іх было цяжэй, бо яны ведалі ўсе хады і выхады.
Выйшаў я з групай, якую штаб паслаў пад Новую Вілейку. Ішлі мы толькі ноччу, варылі сабе ежу, жартавалі, смяяліся; удзень зашываліся ў гушчар і заміралі.
2
На пятыя суткі пераднявалі мы ў лесе і завідна ўвайшлі ў незнаёмую вёску. Тут група мелася збочыць на ўсход да Новай Вілейкі, а я – на поўнач.
Трэба было распытаць дарогу. У незнаёмым месцы найлепш размаўляць з селянінам без сведкаў. Я аддзяліўся і падаўся да аблюбаванай хаты.
Пад сцяной капаўся ў снезе стары, з-за пояса ў яго тырчала сякера.
Дзень добры, бацька! Што робіце?
Дзень добры... Хаваю топаль ад марозу. Сабака, няма на яго сканання, выграб зноў!
Топаль?
Але. Яшчэ перад калядамі ездзіў у лес па дровы, то вырваў з мохам пару штук. Прывёз, кінуў у снег, падумаў: вясной пасаджу, а хто будзе жыць – дачакаецца дрэва. Дык сабака...
Яго агрубелыя рукі былі без рукавіц. На скуры паміж указальным і вялікім пальцам правай рукі была вялікая трэшчына, счэпленая суровай ніткай. Вусы дзеда парыжэлі ад цыгарак. Вайна, бяда, а ён яшчэ дрэвы садзіць збіраецца!..
Ад яго выгляду, мілай і роднай гаворкі павеяла такім мірным жыццём...
А гэта добрае дрэва? – уздыхнуў я, мяркуючы, з якога боку прыступіцца да чалавека.
– О-го, топаль, – цвярдзей за дуб! «Адкуль цвярдзей – не з той пароды!» Дзядзьку бачыў я наскрозь. Стары мяне непрыкметна разглядаў, слухаў, відаць, уяўляючы, як будзе апавядаць суседзям пра дзіўнага асілка з аўтаматам: партызана не партызана, паліцая не паліцая, бандыта не бандыта.
Мы хвіліну памаўчалі. З такой пароды вясковыя людзі ніколі не пакажуцца табе адразу. Трэба было неяк асвоіць яго з сабой. Але як гэта зрабіць за некалькі хвілін?
Фабрычная? – выцягнуў я ў старога сякеру і паспрабаваў вастрыё.
Кавальская!.. Фабрычную нават у рукі не вазьму. Гэта – агонь, а не сякера!
Цярплівасць мая скончылася. I я адкрыта спытаўся пра дарогу да вёскі, ад якой недалёка Вільня.
Вёрст трыццаць з гакам,– паказаў дзядзька рукой.– Туды, на Сыраежкі, Гліняны...
Даведаўся...
Вярста ў кожнай вёсцы розная, а «гак» – паняцце шырокае. Ад старога больш, відаць, нічога не вывуджу. Дзе па дарозе стаяць немцы, наўрад ці скажа.Прызнацца, што я партызан, не паверыць. Паліцаі пераапранаюцца пад нас, правакуюць людзей, а потым на месцы іх і расстрэльваюць. Ды невядома – «чырвоны» ты, дзеду, ці «белы»...
Я развітаўся з ім і пайшоў да хаты, ля якой на плоце круціўся ветрачок.
Бедна жылі ў той хаце. Гнілая падлога. Нізкая столь. Паўзмрок. Сырасць. Холад. У куце на саломе – цяля з засохлым кончыкам пупавіны. Ля печы насцярожаная кабеціна.
Дзень добры, цётка! – пераступіў я парог, нагінаючы галаву.
О, зноў нанесла! – буркнула кабета.
Дзяўчына, якая падмятала хату, аж села ад страху на табурэтку.
Вось дык прыём.
Я закінуў рамень аўтамата на шыю, сеў ля стала на лаве, дастаў хлеб і каўбасу, пачаў есці: не бурчы, цётка, мне нічога ад цябе не трэба! Супакоішся – пагаворым.
Раззлаваная жанчына мітусілася ўжо па хаце. З-за печы пака-залася ўскудлачаная галоўка з цікаўнымі вачаняткамі, пачуўся шэпт:
Мам, гэта партызан?
– А ну іх!.. Немец бацьку твайго забіў праз іх і нас яшчэ падушыць, што рудых мышэй! – Цётка ўдарыла цяля апоркам.– Выцягнулася сярод хаты, каб ты акалела!.. Данута, чаго расселася як пані! Бяры вядро, ідзі конскага калу назбірай свінням!
Паспею яшчэ...
Мне адразу расхацелася есці.
Але злавацца на жанчыну не было прычыны. Забітая і цёмная кабеціна была далёка ад таго, што адбывалася вакол, і па-свойму мела рацыю. Ды і мужык мог злажыць галаву за нашага брата выпадкова... Дарэмна сюды ішоў. Кепска, калі трапіш у вёску, дзе няма ні адной знаёмай душы.
Я паглядзеў на дзяўчынку на табурэтцы. Світэр на ёй вісеў нібы на пудзіле. Бледна-сіні твар. Гнойныя павекі і тлустыя валасы, быццам абсыпаныя попелам, а называецца, як у насмешку... Дану-тай. Бедная, нават ад роднай маці не чуе ветлівага слова. У хаце, мабыць, ад пачатку вайны не было і кавалка мыла, ва ўсім адчувалася запусценне і адзічэнне, якое прынесла вайна. Няёмка – гаротную і няшчасную сям'ю стаўлю пад небяспеку.
Побач на лаве ляжаў брусок. Я схаваў ежу, паклаў брусок на падаконнік і пачаў вастрыць фінку. Па замураваных марозам шыбах мільганулі цені – за акном прайшлі людзі. Відаць, нашы хлопцы...
Раптам знадворку нехта рвануў дзверы, і ў хату бухнуў клуб пары. На парозе вырас паліцай!
Ці я не казала?!. – з варожым і роспачлівым абурэннем віскнула цётка.
Па яго паставе я зразумеў, што паліцаяў тут многа, і адчуў, як ад страху агортвае і мяне хваля холаду і здранцвення. Спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях і зрабілася млосна.
Але ў такім стане быў я з секунду.
«Спакойна, толькі без панікі!» – цвярдзіў я, беручы сябе ў рукі, і заставаўся сядзець спіной да дзвярэй.
А-а, папалася птушачка, рукі ўверх! – пераможна і зларадна закрычаў паліцай, убачыўшы мяне ў паўзмроку.
Мама! – кінулася дзяўчына да маці.
Магіла нам, дзеці!..
Гм, навошта ўверх? Папаўся – бяры, нічога не зробіш, здаюся,– знарок расцягваў я словы.
О-о, хоць адзін разумны трапіў, хо-оле-ера! – паліцай прыспусціў аўтамат і ступіў да мяне.
Я ўстаў.
Паліцай не чакаў, што я такі высокі. Толькі цяпер ён убачыў маю фінку і на долю секунды сумеўся. Я маланкава садануў яму правым хукам у сківіцу, і ён асунуўся ў накдаўне, моцна стукнуўшыся галавой аб падлогу. Для ўпэўненасці я яшчэ прашыў яго чаргой з аўтамата і кінуўся на вуліцу.
А каб ты свету не бачыў, каб ты сканаў на месцы, як ты маіх дзяцей загубіў, мала з вас было іхняга бацькі?! – бегучы за мной, кляла няшчасная жанчына.
Але было не да яе.
Вёска аж кішэла жоўтымі шынялямі жандараў і чорнай вопраткай паліцаяў. Траскацелі аўтаматы, нібы хто сыпаў на патэльню гарох, ірваліся гранаты.
Дзе была наша варта? – прыстаў да мяне ўзбуджаны партызан, быццам гэта яшчэ мела нейкае значэнне.
Я кінуўся выручаць хлопцаў.
Сабралася нас у лесе менш. Трое назаўсёды засталіся ў вёсцы. Стаялі мы і маўчалі. Вецер даносіў пах гарэлай саломы. Месцамі снег аж пачарнеў ад сажы. На ноч бралася завіруха. Праз завейку пажар быў відзён ледзь-ледзь.
Паляць,– з бяссіллем, якое ішло ад адчування непапраўнай бяды, цвярдзіў партызан, трымаючыся за раненую руку.
Другі ад узрушанасці ляскаў зубамі, але спрабаваў жартаваць:
Эх і холадна! Каб не дрыжаў – замёрз бы...
Ідзі ў вёску, настаў плечы да вогнішча, пагрэйся!
Калі я бег сюды, крайняя хата згарэла ўжо зусім, а ветрачок на плоце сабе круціцца!.. Ля плота ляжаў дзед з сякерай за поясам, відаць, мёртвы...
Ты глядзі, дзірка! – паказваў здзіўлены хлопец полы прастрэленага кажуха.– Зблізку, гад, секануў, нібы прасмалена калёным жалезам!..
Усе гаварылі паспешліва і бязладна, як у стане трызнення. Паступова ўзбуджэнне прайшло, мы аддыхаліся і пачалі прыходзіць да памяці.
Фашысты сурова расправіліся з жыхарамі дома, дзе загінуў іхні чалавек. Узнік перад вачамі хлопчык на печы і ветрачок. Успомніў і дзеда з сякерай...
Паход у Новую Вілейку адмяняўся: трэба было завезці ў лагер параненых.
Адзін партызан прыбег У лес без аўтамата, я аддаў яму свой і пайшоў далей адзін з клункам нямецкай вопраткі. Мне часта вдаводзілася пераапранацца ў немца: яўрэі з гродзенскага гета пашылі дакладна на мой рост мундзір нямецкага лентэнанта.
3
Задняваў я на балоце У стозе сена.
Сена трапілася сухое. Я хутка сагрэўся і моцна заснуў. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Я з жалем зняў компас і шпурнуў яго ў снег.
Далей мусіў арыентавацца па зорках і ветры. Нават успомніў вычытанае з кніжак правіла для падарожнікаў пустыняў Казахстана – не забывай, што ў цябе правая нага робіць даўжэйшы крок за левую. Але што рабіць у такіх выпадках, каб не кружыць на адным месцы, не ведаў. I я пачаў блукаць. Хаця і стараўся не апускацца, абы-чаго не есці, мыцца снегам, але аброс, як дзікун, схуднеў і страшэнна прамёрз.
Нарэшце, на чацвёртыя суткі, перад раніцай падышоў я да Парубанка – былога віленскага аэрадрома. Калісьці не раз прыходзіў сюды я глядзець на самалёты, лазіў з Данусяй па маляўшчых узгорках... Цяпер я нават не стараўся ўспомніць пра той час, холад і голад адцягвалі маю ўвагу.
Да горада адсюль кіламетраў восем. За вайну на гэтай тэрыторыі немцы маглі што-небудзь пабудаваць. Рэшткамі волі змусіў я сябе не бегчы адразу ў горад да сувязных, а дачакацца дня, разгледзецца і дабірацца вечарам. Узлез я на гару, зашыўся ў кусты, развязаў клунак і накрыўся нямецкай вопраткай.
Моцна хіліла спаць. Але засынаць нельга, зімовыя кусты – не летнія, скрозь іх чалавека відаць здалёк. Выразаў кароценькі патык, падставіў пад бараду. Калі засынаў, далоні расслабдяліся, кіёк калоў у бараду, і я прачынаўся. Гэтак і дачакаўся дня.
Ужо зусім развіднела. Унізе праехалі машыны: адна, другая, трэцяя. Пачуліся нямецкая лаянка, плач, брэх сабак. Праз хвіліну застукалі ламы аб мёрзлую зямлю. Я падпоўз на край гары.
Унізе стаялі тры машыны з брызентавымі будамі. Да іх былі прывязаны аўчаркі. На снезе чарнела свежая зямля. Некалькі чалавек капалі яму. Засланіўшыся каўнярамі ад ветру, іх вартавалі паліцаі. За машынамі ў зацішку вясёлая кампанія немцаў нешта распівала з бутэлек. Вецер даносіў да мяне ўрыўкі гартаннай размовы, нібы там некалькі чалавек адразу паласкалі горлы. Я забыўся на холад.
Доўгі і нехлямяжы немец адлучыўся ад кампаніі і захмялелым голасам прывітаў паліцаяў:
Na, Tolen, heil Ridz Schmigly![23]
I зарагатаў. Тады заглянуў у яму, ударыў аднаго, другога арыштаванага ботам і вісклівым істэрычным голасам залямантаваў:
Los, los! Abev schnell, verfluchte![24]
Калі цыбаты адышоў, паліцаі замітусіліся і пачалі гэтаксама пінаць людзей. Найбольш вылучаўся адзін. У бінокль быў добра відзён яго твар. Я доўга думаў, каго ён нагадвае, і ўспомніў: рыжага капрала, з якім я сустракаўся на рынгу! Такія самыя запалыя вочы, каржакаватая фігура гарылы...
Мой знаёмы крыкнуў немцам:
Ferfig![25]
Усё было відаць як на далоні. Рэдка траплялася такая выгадная пазіцыя. Можна было адной аўтаматнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. А каб быў аўтамат і я іх напраўду разагнаў?.. Адыдуць ад страху і зловяць!.. Мне стала душна, на лбе выступіў пот.
Немцы вывалаклі з будаў чалавек з дваццаць арыштаваных і загадалі ім раздзявацца. Жанчыны лямантавалі, крычалі нешта і мужчыны, але раздзяваліся ўсе. Цыбаты заглянуў у кузаў і за адзежыну вывалак яшчэ адтуль дзяўчынку, кінуў яе на снег як ку-лёк:
– Mitnehmen diese Schei Be! [26]
Людзі паспешна пачалі раздзяваць і яе.
Нейкі голы дзядзька, сціскаючы ад холаду ногі, акуратна склаў на снезе вопратку і, паказваючы на яе рукой, папрасіў нешта ў паліцая. Рыжы яго здзяліў ботам. Тады бядак звярнуўся да бліжэйшага немца. Фашыст кіўнуў галавой. Чалавек нагнуўся, узяў шапку, надзеў. Мне быў добра відаць кожны пазванок на худой спіне, калі чалавек, згорблены, стаў тварам да ямы.