Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Аляксей Карпюк
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 36 страниц)
– Пакуль няма!.. Садзіся на лаўку, пачакай! Я сеў.
Трашкоў адразу ж забыўся пра мяне і загаварыў з дзяўчынай. Я ператварыўся ў слых. Голас лейтэнанта быў надтрэснуты і сіплаваты, але не ад перапою, а проста – ад расы, прастуды і недасыпання. Малады голас яго суседкі звінеў меладычна, міла, але быў незнаёмы, а ў слове «няхай» дзяўчына вымаўляла «я» глыбока, гэтак можа сказаць толькі беларус з-пад Мінска.
На сэрцы адлягло.
На самай справе, чаму не дачакацца Сокалава і не спытацца ў капітана проста і адкрыта?
Я рассеўся на лаўцы надоўга.
Гм, няйнакш іхні чалавек з Вільні. Зусім магчыма, што яна ведае і Дануту. Магчыма, яны сябруюць?.. Не надта стане яна ўдавацца з табой у падрабязнасці сваёй біяграфіі – разведчыца.
Сокалаўцы лічылі мяне сваім чалавекам, таму Пеця гаварыў у поўны голас. Па абрыўках фраз і тону я зразумеў, што абое чакаюць важнай весткі, а яе ўсё няма.
А вы, Пятро Змітравіч, навучылі мяне так як трэба? – пыталася дзяўчына.
Падумай жа сама. Пад галаву класці міну нельга, выбухам толькі падкіне падушку – і ўсё. Ты так не клала?
Не!
У ложак пад траверс пакласці – сяннік уратуе!
А я пад пярыну яму сунула...
Правільна! А перад гэтым дэтанатар засадзіла ў міну?
Засадзіла. Яшчэ не ўлазіў, то шчоткай пастукала...
От гэта дарэмна! Дзякуй богу, што не ўзарвалася ў руках. Няважна, калі да канца не ўлазіў. Усё роўна здэтаніраваў бы!.. Такім чынам, дэтанатар шчоткай загнала і дзірачкі сышліся?
Што-о?
Калі загнала, дзірачкі ў дэтанатары і міне сышліся?
Ой, дайце атруты!
Сілуэт дзяўчыны захістаўся ў бакі ад роспачы.
Марусь!
Вы мне пра дзірачкі нічога не гаварылі, ой!
Маруся, пачакай!
Ой, атруты мне!.. Забіце мяне, задушыце!..
Дай слова сказаць!
Столькі падрыхтоўкі, столькі ахвяр з-за гэтага праклятага ляйтэра, і ўсё прапала з-за дурных дзірачак! Ой, не выжыву!
Дурніца, пачакай, не лямантуй! Пры чым тут дзіркі? Міна ўсё роўна здэтаніруе, абы толькі...
Ма-аманька-а!
...Абы толькі ўзрывальнік прыткнуўся да толу!
I слухаць не хачу нічога! Вы мне пра іх не ўспаміналі. Ніякіх там дзірачак не было! I пра іх я нічога не ведала! Я ж вам гаварыла, да гэтай справы не па-ды-хо-джу! Ой, я такая дурная, навошта я зга-дзілася!
Ну супакойся. Вось табе другі ўзрывальнік. На, і ўзвядзі таксама.
Я на яго і глядзець не хачу!
Яшчэ. Яшчэ цягні, не бойся. Так. Цяпер мы пакладзём яго пад сасну. Праз паўгадзіны – пабачыш сама, узарвецца!
3
Охкаючы і трымаючыся за галаву, дзяўчына паплялася ў зямлянку. Пятро падышоў да мяне. У дэсантнікаў хлопцы як на падбор, а Трашкоў – ростам з мяне. Ён хвіліну прагна курыў. Вочы яго нічога не бачылі. Тады ціхім, падабрэлым ад узрушэння, віна-ватым голасам праказаў:
Адважная дзяўчына! Самому чорту галаву зверне!
Што ў вас з ёй?
Служыла ў немцаў афіцыянткай, папрасіла заданне, мы і далі. Учора заклала аднаму тыпу міну ў ложак. Не было як зматацца, дык на кухні цяпнула цесаком сябе па пальцы і выбегла на двор нібы да доктара. Адтуль – да нас, у лес. Ехала на нямецкіх спадарожных машынах... Але штосьці вестак няма: узарвалася ці не? Міна англійская, чорт яе ведае, мо... Вось і чакаем звестак цэлыя суткі. Сокалаў пайшоў да суседзяў, каб спытацца па рацыі ў Масквы, магчыма там што вядома. Дрэнна без свайго радыста...
На якую халеру вы займаецеся гэтым? Ну, лупанеце, выляціць у паветра яшчэ адзін генерал – і што? Гітлер заменіць яго новым! А колькі потым немцы нявінных за яго пастраляюць?.. Так добра наладзілася сувязь з горадам, а пасля выбуху ўсё паляціць дагары нагамі, тады пачынай усё спачатку...
Эх, Барташэвіч, камандзір разведкі брыгады!
Бо нам, разведчыкам, з-за вас потым найбольш дастаецца!
Затое калі лупанём такога ляйтэра, кожны салдат падумае: э-ге, швах нашы справы, калі да такіх дабіраюцца! I будзе зямля ў іх гарэць пад нагамі! Ведаеш, як гэта Маральна на армію дзейнічае, як разлагае яе?!
Гэтаксама тлумачыў сваім хлопцам і я. Але сам спрачаўся з Трашковым таму, што няёмка было сядзець у дэсантнікаў проста так.
– Добра! Што яшчэ ў вас новага?
Ат, не шанцуе! То радыстка напаролася на паліцаяў, то Варонін на чыгунцы трапіў пад абстрэл... Ліха яго ведае, што за бяда на нас навалілася!..– засмучана прамовіў Трашкоў і ўспомніў:– Чуў? Мы, нарэшце, наладзілі адносіны з Арміяй Краёвай!
О-го, гэта штосьці новае! – насцярожыўся я.
Тр-р-р, халера, воўчая шкура, стой, кажу! – перабіў нас голас Сляпухі.
Дзядзька з фурманкай пад'ехаў да будана. Хоць цёмна, але я смутна распазнаў на возе на фоне саломы дзве нерухомыя чалавечыя нагі. Вось па якога Мішку ездзіў дзядзька Сляпуха!..
Трашкоў адразу забыўся на мяне і падаўся да воза. Было чуваць, як ён шоргае брызентам, адхіляе палотнішча, як кажа ездавому:
Пакінем, Волесь, яго на ноч на двары?
Ну! – з-за каня кінуў дзядзька.
Яму тут будзе лепш на паветры!..– апраўдваўся лейтэнант.– Заўтра ўдзень Вароніна пахаваем...
Сляпуха панёс у зямлянку хамут і лейцы. Праходзячы блізка, як і належыць у жалобную хвіліну пры мёртвым, ён не павітаўся, толькі паківаў галавой і ўздыхнуў:
– I калі, Ваня, усё гэта скончыцца, скажы мне? З'явіўся капітан і пазваў бадзёрым голасам:
Трашкоў, Маруся, на выхад!.. А, вось вы дзе! Чулі? Разарвала вашага хросніка на кавалкі!.. Жалобныя сцягі ва ўсім горадзе... Чорны з горада перадаў!
Вось табе і дзірачкі! – Трашкоў ударыў дзяўчыну па плячы.– Ведаеш, як ты сапсавала імі настрой? Ледзь сабе кулю ў лоб не пусціў!
А ў мяне, думаеце, было на сэрцы лепш?
Хопіць, дзеці, зводзіць разлікі, радуйцеся!.. Сляпуха, шукай паўлітра, памянём фашыста, царства яму нямецкае! I Барташэвіч да кампаніі прыстане!
Таварыш камандзір...—вінавата перабіў ездавы. – Я Мішу прывёз...
Прывё-оз?
Вунь, на фурманцы.
Мы накіраваліся да воза. Сокалаў засвяціў ліхтарыкам, і мы паглядзелі на дэсантніка.
I трэба ж было яму якраз налезці! – са спагадай праказаў Сляпуха.– Эх, Міша, Міша...
Разрыўной, сволач, у самы вісок трапіў! – Капітан разглядваў рану.– Што цяпер бацьку напісаць на Урал? Прафесару даваў слова глядзець за ім як за сваім сынам...
Занізка ляжыць! – не слухаў капітана Трашкоў і падсунуў пад галаву брызент.
Раптам побач з намі як бы выбухнула граната – бліснула магніевая ўспышка, і засмярдзела серай. Мы ўздрыгануліся і схапіліся за пісталеты.
Адбой! – апрытомнеў я першы.– Пятро, ты клаў пад сасну ўзрывацель на праверку!
У чым справа? – пацікавіўся капітан.
Усё ў парадку, камандзір. Узрывальнікі не нашы, загра-нічныя. Думаў – папсутыя ў іх хімікаты. Ажно не, малайцы саюзніч-кі, узарваўся дакладна праз трыццаць мінут. Што я табе казаў, Маня?!
Будзе вам ужо прыдзірацца!
I зноў ніхто не звяртаў на мяне ўвагі.
Я пранікся пашанай да невялічкага калектыву герояў-прафе-сіяналаў. Сваёй маленькай групкай яны рабілі больш за нашу брыгаду.
Барташэвіч, калі ідзеш у разведку? – спытаўся капітан.
Трэба ісці. Па чыгунцы ў бок фронту немцы пачалі вазіць нейкія бутлі. Неабходна праверыць, ці не рыхтуюцца да хімічнай вайны.
Маня з табой пойдзе. Табе на віленскую чыгунку? I ёй у той бок. Возьмеш яе з сабой!
Я ўзрадаваўся, што будзе магчымасць пагаварыць з ёю пра Вільню:
Да пабачэння!
4
Ішлі мы з Марусяй першымі, а за намі – хлопцы. Яна крочыла бойка, як дзяўчынка, але ўвесь час заставалася сур'ёзнай.
Ля дарогі стаяў дзікі казёл і аглядаў нас цікаўнымі вачамі. Раптам штосьці яму не спадабалася, ён гнеўна тупнуў нагой і брахнуў:
Таф!
Не пазнаеш? – закрычаў я.– Прывітанне!
Казёл брыкнуў цераз елачку і знік так, што не зварухнулася ніводная галінка.
Дзяўчыну не развесяліла і гэта.
Тады я заглянуў у карзінку суседкі. Тыповая карзінка спекулянт-кі: ніткі, іголкі, сахарын, нямецкае мыла з гліны, кавалачак худога сала. А пад усім пабліскваў чорны лак на магнітных мінах. З-за Дануты я быў уважлівы да разведчыцы.
Паказаліся дзяўчаты з абвязанымі дзеразой кошыкамі. Губы і пальцы ў іх – нібы ў сінім чарніле.
Прыгажуні, дайце ягад! – спыніў я іх. Дзяўчаты часта дыхалі ад перапуду.
Дародныя, а скупыя, каб вас памор пакараў!
– Ой, дзядзечку, настаўляйце шапку, толькі здыміце праклён!
З цябе здымаю, а з іх не!
Усе зарагаталі і пачалі вытрасаць свае кошыкі. Дзяўчаты пайшлі, а я спыніў Марусю і прысыпаў яшчэ міны ягадамі.
Так лепш? – спытаўся.
Ага...
Дзяўчына ніяк не давала ўцягнуць сябе ў размову.
Перад вачамі паўстала пакрыўджаная, з дакорлівым позіркам Стася. Праз хвіліну я зноў падумаў аб Дануце і стараўся дагадзіць разведчыцы.
Маруся была невысокая, шчуплая, на бледным яе твары выдзяляліся тонкія вусны, чорныя вочы глядзелі спадылба. Але на свежым паветры, разгарачаная хадзьбой, яна паружавела. Коратка падстрыжаныя валасы яе вецер бязладна збіў на адзін бок, і яна Іх не папраўляла, бо ведала, што так ёй да твару. Каўнер шэрага плашча прыпадняла і цесна зашпіліла пад барадой. Калі трэба было звярнуцца да мяне, яка схіляла галаву на плячо і паднімала вочы. Не ведаю, бачыла так яна мяне ці не, але выходзіла гэта ў яе міла. Безабаронная і слабая, яна ішла ў самую зяпу ворага, ёй было не да мяне. Лезці да яе з малазначнымі пытаннямі не выпадала. Разведчыцы нічога не каштавала абрэзаць мяне, малазнаёмага: «Ці не залішне ты цікавы, з кім я знаёмая ў Вільні?»
Потым я асвоіўся з разведчыцай і мог ужо пачаць свае роспыты, але заела самалюбства. Успомніў фатаграфію Дануты са Станеўскім. Успомніў самаўпэўненага Генрыха на кватэры Янкоўскіх... I ва мне загаварыла гордасць. Ні адзін чалавек мяне так не пакрыўдзіў...
У Марусі я нічога не спытаў. Аднак ва мне таілася кволая надзея, што яна вернецца ў Вільню і Данута распытае яе сама.
5
Мая маці, каб сабрацца з думкамі, звычайна садзілася вязаць панчоху. Бацька ў такіх выпадках браў сякеру і да цямна ўпарта сек дровы. А чым заняцца партызану ў такім стане?
Пайшоў я ў лес, адкалоў фінкай вялізны кавалак кары ад сасны, сеў на пень і пачаў нешта майстраваць. Думкі паплылі без сістэмы і сувязі. Паступова галоўнае, што ляжала на сэрцы, выцесніла часовае.
Ганяюся за Данутай, як Дон Кіхот за Дульцынеяй, і не бачу, што адбываецца пад самым носам. Які я няўважлівы да радысткі – з першага знаёмства і да сённяшняга дня. Для хлопцаў жа яна была чараўніцай, якая валодае рацыяй і гаворыць з Масквой.
Стрыманая і валявая, Стася, згледзеўшы мяне, тушавалася і пачынала гаварыць з людзьмі амаль шэптам. Яна гатова была рабіць усім вымову за няўвагу да мяне. Я ж паводжу сябе з ёю як некалі з Данусяй. Колькі можа гэта цягнуцца? Што я за прынц? Хіба мала ў нас добрых хлопцаў? Чым горшы, напрыклад, Віктар Кучэрын?..
Група партызан прывяла з-пад Вільні аднарукага лётчыка. Яго вылечылі польскія сяляне. Відаць, не было ў свеце чалавека, які б не адчуваў да лётчыка сімпатыі. Віктар адразу стаў агульным любімцам.
Мяне пякла рэўнасць, што ён лётчык, што ў яго сіні камбінезон і планшэт авіятара са стракатай картай за цэлулоідам. Кучэрын не спускаў са Стасі вачэй...
Узвінчаны, я ўстаў і падаўся ў лагер.
Па дарозе глянуў на тое, што трымаў у руцэ. Выструганы з кары караблік з мачтамі і якарам на баку – нібы ў параходзікаў, якія плавалі некалі па Віліі.
Чорт! – шчыра здзівіўся.
Аглянуўся, куды кінуць цацку, і пашкадаваў. Вырашыў падарыць яе Лёніку.
Ля ядлоўца раслі фіялетавыя званочкі, я збочыў з дарогі.
...Каля зямлянкі радысткі ні душы. Замест дзвярэй ад камароў вісела сетка з марлі. Яна нечым напамінала родную, мілую Стасю. Я адчуў сардэчную ўдзячнасць за яе ўпартую дабрату, і мне захацелася зрабіць для яе штосьці добрае.
Асцярожна расхіліўшы марлю, я нырнуў у зямлянку, паставіў на рацыю караблік і паклаў званочкі.
6
Ад зямлянкі я накіраваўся на кухню. У шалашы – вясёлая кампанія. Я ведаў, хлопцы з паходу прынеслі чайнік самагонкі і цяпер, відаць, «запраўляліся» перад абедам. Кучэрын, чуваць, быў у цэнтры ўвагі.
Стася, за тваё здароўе, дзетачка! – крычаў Віктар.
Усё роўна атрымаеце толькі адну місу! – смяялася яна, падаючы праз галовы ежу.
Згодзен, толькі з тваіх рук! I налівай ужо такую, з якой пояць коней!
Пашукаю!
Палундра, начальства з'явілася!
Што мне яно? Мы заданне выканалі і зараз самі сабе начальства!
Янка, падсаджвайся, нацэдзім і табе!
Паспрабуй чайку!
Лепш грашамі маю порцыю выдайце!
Рублямі, маркамі?
Усё роўна, Стася. Прывітанне!
Ажыўленая, яна толькі бліснула ў адказ шчасліва вачамі і лёгка панеслася да катла, ані крыху не саромеючыся свайго не зусім складнага выгляду: на ёй была шаўковая сукенка і кірзавыя боты. Сёння яе быццам падмянілі. Смелая і ўпэўненая, дзяўчына аж ззяла. Я насцярожыўся і з зайздрасцю зыркнуў на залатыя пагоны капітана пад новенькім камбінезонам.
Кубак быў адзін, і хадзіў ён па кругу, напаўняў яго Кучэрын:
Хочацца і яму, але начальству трэба захоўваць фасон, паказваць прыклад. Эх, доля камандзірская!.. Не хацеў бы я тае славы, абы толькі... Стася, тваё, дзетачка!..
Здалося, што яго нападкі на мяне дзяўчыне не спадабаліся.
Штосьці вы надта часта п'еце за маё здароўе,– упікнула яна ад катла.– Так і сваё можна прапіць!
Яе вочы свяціліся ціхай радасцю, і яна была пад уражаннем толькі ёй вядомага прыемнага сакрэту. Значыць, гэта не з-за Кучэрына! – адлягло ў мяне на душы.
От дае!..– захапіўся лётчык. Хлопцы няўпэўнена засмяяліся.
Ох, як я ненавіджу гэтае выражэнне!..
Мяне ты, урэшце, накорміш? – спытаўся я.
Перахапіўшы мой позірк, Стася быццам заглянула ў душу. I мне здалося, што ўсё навакольнае знікла, у шалашы мы толькі двое. Знікла мая самотнасць.
Падаючы міску, яна ўбачыла ў ёй сасновую шышачку і вінавата ўскрыкнула:
Ой, я налью другую!
Нічога, будзе смачней! – хапіў я за край посуд.
Стася рассмяялася.
Праўда, праўда, смачней,– не ведаеш? А сама ўжо абедала?
Не...
То давай разам. Бяры лыжку!
Я зараз!
Радыстка вярнулася, падсела і ціха прашаптала:
А я ведаю адну таямніцу!
Ну-у? – Я адчуў, як ад яе шчаслівага позірку і мяне агортвае хваля радасці.
Пайшла сёння паласкаць гімнасцёрку на возера, а мяне ўсё цягне вярнуцца дамоў. Уляцела я ў зямлянку і са свету нічога не бачу ў паўзмроку. Толькі па інтуіцыі зразумела, што тут былі вы.
Дакуль будзеш выкаць?!
Быў ты... Гляджу – на рацыі...
Здаволеная?
Вельмі!
I добра!
– А мне ў апошні час так цяжка было на сэрцы, што вырашыла прасіць штаб перавесці ў другое злучэнне...
Я ўявіў сабе жыццё без Стасі і аж страпянуўся.
У другое?
Аг...– Горла яе перахапіла спазма, а вочы напоўніліся слязьмі.
Даруй, Стась...
Я адчуў, як мяне распірае ад шчасця, і так мне стала хораша, як бывала толькі некалі ў Вільні.
7
Па нейкім часе я адправіўся да дэсантнікаў з намерам распытаць у Сокалава пра Дануту. Але знайшоў толькі пустыя зямлянкі: група накіравалася ў Прусію.
Засталася толькі Іхняя кухарка. У сямейным лагеры цяпер! – падказалі суседзі.
Я знайшоў гэтую цётку.
Сапраўды, дэсантнікі прыводзілі з Вільні нейкую паненку. Яна размаўляла на мяшанай рускай і польскай мове, а ў лагеры пабыла толькі з раніцы да вечара.
Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература і медсястра мусіла даць ёй уколы.
Колькі жыву, не бачыла, каб чалавек гэтак баяўся камароў! – дзівілася кухарка.
Гутарыць не даводзілася?
Ой, не! Колькі людзей да дэсантнікаў прыходзіла, я ні разу ні з кім не гаварыла. Не мела права. Нельга мне і вам пра гэта расказваць, але ўжо ладна, свайму чалавеку...
Значыць, не гутарылі з ёй,– уздыхнуў я.
У яе з Сокалавым былі ўсё нейкія сакрэты, абмяркоўвалі нешта доўга, дзяўчына амаль не паказвалася з зямлянкі...
Б'ольш я нічога не даведаўся. Адыходзячы ад старой, цешыў сябе: Сокалаў сказаў бы, каб мной хто цікавіўся...
Раздзел сёмы
1
Я ўжо даўно жанаты на былой радыстцы Станіславе Эдвардаўне Дварэцкай. Жывём мы ў Гродне.
Настаў зусім іншы час. Я – чалавек, пра якога людзі гавораць, што ён шчаслівы. Мяне цэняць на рабоце. Зарабляю нямала грошай. Маю выгодную кватэру. Наладзіў добрую сям'ю. У мяне два сыны. Але не толькі таму я спакойны. Я не з тых людзей, для якіх добрая зарплата, выгодная кватэра і ўдалая жаніцьба – мэта ўсяго жыцця. Гэта прыйшло неяк само сабой!
Галоўнае – мая ідэя дасягнула мэты.
Я заўважаю, што пасталеў. Ужо не так хутка скачу да неба ад радасці і не выходжу з раўнавагі з-за кожнага глупства.
Цяпер мне не ўсё роўна, спаць на правым баку ці на левым, ісці па лесвіцы ўверх ці ўніз, не бегаю ўжо я цераз тры ступенькі, і калі ў полі напаткаю плот, то не стану яго пералазіць, а лепш абыду. Але ўвогуле, мабыць, я застаўся такі самы.
Я ўпэўнены – выдарыся якое-небудзь няшчасце, скажам, вайна, хоць і з болем у сэрцы, але без разважанняў пакіну і свой дастатак, і сям'ю, каб зноў пайсці змагацца за справу, якая з дзяцінства стала маім сумленнем, законам жыцця, нормай паводзін.
Адным словам, я – адзін з мільёнаў таго пакалення, якому давялося гартавацца ў гарніле гістарычных падзей.
Ёсць у мяне і асабістыя слабасці. Адна з іх – генералава дачка.
Прайшло столькі часу, а Дануту я не забыў. Ці можа забыць інвалід адрэзаную нагу? Яна яму сніцца, «свярбіць» і «баліць». Што ж, праўду кажуць, першае каханне – разьба па камені.
Я жартаваў сам з сабой не раз: не адкрый Паўлаў тэорыі ўмоўных рэфлексаў, адкрыў бы яе я. Трэба толькі каму-небудзь прамовіць «Данута», як я ўвесь і ўстрапянуся. А на нашай Гродзеншчыне гэтае імя вельмі распаўсюджанае.
Да апошняга часу я стараўся сябе не выдаць. Сяджу, напрыклад, з жонкай у пакоі, і раптам у мяне вырываецца гэтае імя, тады я хуценька выпальваю сказ на нямецкай мове, каб гэтае слова патанула ў патоку замежных, і прыкідваюся:
Глядзі ты, ужо забыўся, як правільна вымаўляецца простая фраза!
Але,– спачувае мая Станіслава Эдвардаўна.– Замежная мова, калі не практыкавацца, забываецца хутка!
– Трэ было б узяцца за яе, успомніць, мо яшчэ прыдасца!
Не лянуйся, хто табе перашкаджае?
Асабліва ўспамінаю Данусю, калі пасваруся з жонкай.
Насуперак фактам і логіцы вобраз Данкі вырас у маім уяўленні ў ідэал дасканаласці і прыгажосці. Гэта стала ў мяне нават нейкай хранічнай хваробай. Я ўжо не раз думаў, ці не схадзіць да псіхіятра, ды баяўся, каб людзі не даведаліся пра таямніцу.
Праўда, усё гэта не перашкаджае мне па-свойму любіць жонку. З ёю жывём мы душа ў душу. Калі не лічыць генералавай дачкі, я не маю сакрэтаў ад яе. Ці гэта сапраўднае каханне, ці мая любоў прыстасавалася, як можа прыстасавацца чалавек хадзіць на адной назе, не ведаю.
Сустрэча з князем у аўтобусе мяне растрывожыла. «Няўжо Дануту расстралялі з-за мяне?» – пытаўся я ў сябе тысячу разоў і не знаходзіў месца.
2
Днямі – я забыўся сказаць, што працую інспектарам абласнога аддзела народнай асветы,– паехаў я ў раён правяраць, як рыхтуюцца школы да новага навучальнага года. Набліжаўся час летніх экзаменаў, і бедным дырэктарам было не да мяне. За некалькі дзён я аб'ездзіў усе школы, менш-больш усё высветліў і мог вяртацца ў Гродна.
Пабыў я ў раённага начальства, паабедаў у сталовай перад дарогай і накіраваўся на вакзал.
Стаяў канец мая, навокал была такая прыгажосць, што, здавалася, не нагледзішся і не надыхаешся ўволю. Пабыўшы некалькі дзён на свежым паветры, я адчуў сябе дужым і бадзёрым, а ў сэрцы было столькі дабраты, што хоць ты раздавай яе ўсім прыгаршчамі. Я быў увесь нібы добра настроены раяль, здаецца – крані мяне толькі – і зайграю!
– Эй, начальнік, пачакай! – раптам паклікаў мяне хтосьці ззаду.
Здзіўлены, я азірнуўся. Мяне даганяў Віктар Кучэрын.
Не той Кучэрын – з залатымі пагонамі, у бляску славы. Гэты здаваўся меншы ростам, а па яго выгляду можна было зразумець – ён толькі што прачнуўся пасля п'янкі. Валасы ўзлахмачаныя, твар – стомлены і шэры, зашмальцаваны пінжак з пустым рукавом вісіць нібы на чучале.
Віця, ты-ы? – шчыра ўзрадаваўся я таварышу.
Як бачыш. Здароў! – падаў ён мне левую руку.
Прывітанне, Віцька! – усё яшчэ не мог я прыйсці ў сябе ад прыемнай нечаканасці і нязграбна паціснуў яго руку сваёй левай.
Падбадзёраны, ён ужо з папрокам і скептычна аглядаў мяне з ног да галавы:
– Прывітанне, прывітанне, абласны начальнік! Зрабілася няём-ка адтаго, што я паголены, падцягнуты і жыццярадасны. Але толькі на хвіліну. Я зараз жа зазлаваў: а хто табе перашкаджае быць такім жа? Колькі за пасляваенныя гады я ўніжаўся, замальваў твае грахі ў начальства, паручаўся, што возьмешся за розум, перастанеш піць!
У капелюшы, з новенькім партфелем – мі-ні-істр! – дабавіў ён і плюнуў.
Адкуль у алкаголікаў такая дзіўная філасофія: іх чамусьці заўсёды раздражняе прыстойны выгляд чалавека. Яны быццам выхваляюцца сваім «пралетарскім» выглядам і ўвесь свет, відаць, хацелі 6 бачыць вялізным сметнікам!
– Ну, як жывеш? – адчуваючы жаласць, спытаў гэтым: моў, сядзіце там сабе на цёплых месцах, а пра таварыша забылі!
Віця, Віця, слаўны сокал, як ты адхіліўся ад свайго курсу!
Было яго так шкада, што я не ведаў, што і гаварыць.
Гэтым часам Кучэрын адной рукой спрытна прыкурыў, шпурнуў пусты пачак на тратуар і з выклікам спытаўся:
Ну што, будзем так стаяць і маўчаць?..
Грамадзянін! – з дакорам упікнуў Віктара нейкі стары.– Вось жа урна побач, ай-ай-яй, нядобра!
Скажыце, калі ласка, а я і не ведаў, што вы тут лакеем служыце!
Віця! – узмаліўся я і позіркам папрасіў у старога прабачэння. Затым падняў пачак і апусціў яго ў урну.
Кампраметую?.. Што ж, мы людзі цёмныя, жывём у правінцыі...
Па горкаму вопыту я добра ведаў, што ў такіх выпадках ніякія разумныя довады не дапамогуць.
Перастань крыўляцца! – Пачаў ён мяне злаваць.
Віктар адразу панік. З алкаголікамі, на жаль, размаўляць можна толькі так.
Абедаў?– спытаўся я мякчэй.– Давай лепш пойдзем і паабедаем!
Чорт з табой, ты начальнік, грошай маеш багата,– ажывіуся ен.
Жывём, хлеб жуём...– дастаў ён пачак папярос і кісла ўсміхнуўся.
Расказвай, дзе ты цяпер, што робіш? – цягнуў я, хоць ведаў пра яго ўсё. Спачатку ён працаваў намеснікам старшыні райвы-канкома, потым пачаў запіваць, каціўся ўсё ніжэй і ніжэй. За гэтыя гады паспеў некалькі разоў ажаніцца.
Дзе? Вось ужо трэці месяц качагарам у бальніцы! – кінуў ён з раздражненнем, быццам кажучы: сядзіце там сабе на цёпленькіх месцах, а пра таварыша забылі!
3
Мы сядзелі ў рэстаране, і Віктар усё пасмейваўся з мяне, што я нічога не ем, бо не выпіў. А хто не п'е, на яго думку,– непаўнацэнны чалавек, ён не ведае сапраўднага жыцця.
Цуд! Гэта ён яго ведае?..
Цяжка было слухаць яго разважанні і адначасова было шкада чалавека, які па дурасці так нявечыць сваё жыццё.
Ну, а твая палячка як пажывае? – не надта выбіраў ён словы.– Адхапіў кавалак, лаўкач!
Нічога, жыве,– прапусціў я міма вушэй грубаватасць.
Тады вып'ем за яе!
Прабач, ужо выпіў сёння сваю порцыю, больш не магу...
Усё хітрыш, выслужваешся перад начальствам, баішся, каб плямкі на біяграфіі не было, каб не данеслі на цябе што-небудзь!
Я і гэта сцярпеў.
Ну як хочаш, мне будзе больш... Дык хоць еш!.. Ах, праўда, у вас інтэлігентныя страўнікі, розныя дыэты, рэжымы, пячонкі...
«Дзе ён жыве? Хто яму мые бялізну?.. Аднак хтосьці ж церпіць яго!.. А можа, ён вечарамі нават гуляе з дзецьмі – сваімі ці чужымі?!.»
Захацелася даведацца пра сябра больш падрабязна, але я не стаў мучыць Віктара. Толькі паказаў на пусты рукаў:
Віця, ты ніколі не расказваў мне. Дзе цябе стукнула. У самалёце? Раскажы, калі ласка!
Вось і крыўдна, што на зямлі! – неахвотна кінуў ён.
Ну-у? – здзівіўся я больш чым трэба, выклікаючы яго тым самым на шчырасць.
У лесе натрапіў на леснікоў-гадаў, – уздыхнуў ён.—Вырата-вала адна полька – нямецкая перакладчыца з Вільні...– Вочы яго зацяпліліся, і ён здаўся мне ўжо добрым хлопцам.
Курносая! – крыкнуў ён афіцыянтцы.– Падай, дзетачка, папярос!
Перакладчыца?
Ага...
«Ці мала было тады ў Вільні перакладчыц-полек, якія ратавалі нашых людзей?» – супакоіў я сябе.
Збілі мяне пад Беластокам,– закурыўшы і прагна наглытаў-шыся дыму, пачаў ён апавядаць.– Прызямліўся я на агародзе, адчапіў парашут і – ходу. З сабой меў толькі пісталет. Зайшоў на нейкі хутар. Дзядзька даў на дарогу сала, торбу квашанай капусты, салдацкую коўдру, запалак, табакі, і я падаўся на ўсход. Прабіраўся ноччу. Днём вылежваўся ў гушчары і дрыжаў: макрэнь, холад, доўгія дні – мае ворагі. Ежа хутка скончылася. Вопратка каторы дзень не прасыхала. Вылеціць птушка – уздрыгваю, з-за кожнага куста так і чакаю ворага. Адным словам, становішча – хоць ты плач!
На другі тыдзень схапіла мяне яшчэ і ліхаманка. Аслабеў зусім: думаў – капут! Хоць бы на партызан патрапіць!.. I вось нехта мяне штурхае руляй вінтоўкі пад бок. Прачнуўся і доўга не магу дайсці да ладу. Ляжу зусім блізка ля шашы, між свежых сажняў дроў. Як сюды забраўся, не магу ўспомніць. Бачу над сабой двух з вінтоўкамі. Партызаны!.. Прашу: «Вады!» – «А ну, хопіць вылежвацца! – злуюцца і зноў поруць вінтоўкамі:– Уставай!» I тут бачу – леснікі!
Аднаго з іх я палажыў адразу. Другі стрэліў у мяне, перабіў косць правай рукі і скочыў, падлюга, за дрэва. Пачалася дуэль. Ён – з вінтоўкі, я – з пісталета. Абодва гарачымся. Я з левай не магу пацэ-ліць. Ён, гад, прастрэліў яшчэ мне грудзі.
Нарэшце выйшлі ў мяне патроны. Але скончыліся яны і ў лесніка. Ён схапіў вінтоўку і пабег. Я не знайшоў сілы перазарадзіць пісталет, самлеў.
Калі вярнулася прытомнасць, гляджу – я ў вясковай хаце. Нада мной схіліўся доктар і робіць уліванне крыві. Я ж трасуся, спатнеў увесь. Правай рукі – няма! Пальцы, далонь, локаць адчуваю, а самой рукі няма, от фокус!.. Ну... А праз месяц праходзіла ваша група, і мяне падабралі хлопцы. Віктар зноў прагна зацягнуўся.
Ну, а далей? – падагнаў я лётчыка.
Віктар тыцнуў акурак у талерку:
– Ачуняўшы, пацікавіўся, як жа я апынуўся ў дзядзькі. I людзі мне расказалі. На шашы ляснік спыніў нямецкую машыну і пачаў тлумачыць, што ў лесе ляжыць савецкі дэсантнік. З немцам ехала перакладчыца. Яна пераклала, быццам у лесе сасной прыдушыла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога.
Лясьнік, вядома, нічога не зразумеў. Немец пасадзіў яго ў машыну, і яны паехалі. А праз гадзіну дзяўчына вярнулася ў лес з доктарам-палякам. Дзе падзеўся ляснік – таямніца. Мяне прывезлі ў вёску, адрэзалі руку, перавязалі грудзі...
А перакладчыца якая з сябе? – замёр я.
Не бачыў. Быў непрытомны, калі прыязджала. Доктар не-калькі разоў наведваўся. Ён сказаў, што дзяўчына – дачка польскага афіцэра і што я павінен усё жыццё за яе маліцца. Я спытаўся, як зваць. «Канспірацыя!» – засмяяўся ён. Дзядзька гаварыў, прыго-жая...
Не дачка генерала?
Магчыма.
А калі гэта здарылася?
У красавіку сорак трэцяга.
Ты добра памятаеш? – не пытаўся я, а прасіў з іскрай надзеі, хоць добра ведаў і сам, што Кучэрын прыйшоў да нас праз паўгода пасля таго, як я страляў у Дануту.
Такія рэчы не забываюцца, будзь спакойны!
У якой вёсцы жыве дзядзька, дзе ты хаваўся?
Пад Вільняй. Ездзіў я да яго пасля вайны, але ўжо не застаў. У Польшчу выехаў з сям'ёй.
Не можа быць!
Чаму цябе ўсё гэта так цікавіць? Ты што-небудзь ведаеш?
4
Вярнуўся я з камандзіроўкі.
Падала жонка абед, сеў я есці, і нічога не лезе ў горла. Уключыў тэлевізар. Ішоў новы фільм з Таццянай Самойлавай, а ў мяне перад вачамі другое. Выключыў тэлевізар. Прычапіліся з нейкім пытаннем дзеці, і іх прагнаў. Жонка купіла новую пласцінку «Авэ Марыя» Баха (калісьці не любіў класічнай музыкі, не любіў з-за ўзросту), паклаў пласцінку, запусціў, але і класічная музыка не супакоіла, апарат выключыў.
Што з табой, Янка, нездаровы ты? – устрывожылася Стася.– Мо на рабоце што здарылася?
Выдумай!
Дык чаму ж ты такі?!
Я пераказаў ёй усё, што чуў ад Кучэрына. Стася прамаўчала. Толькі потым неяк занадта падазрона паведаміла:
Цяпер у мяне тры ўрокі ў восьмым і дзевятым класах. Іду ў школу. А сёмай спаткаеш мяне перад магазінам «Колас» і дапаможаш несці сёе-тое...
Добра, спаткаю...
Вечарам са Стасяй выходзілі мы з магазіна. Я нёс пакункі, кулёчкі і чакаў буры за сваё прызнанне.
Калі ласка, праходзьце! – у дзвярах прапусціў я нейкую жанчыну, высцерагаючыся, каб яна чаго-небудзь не выбіла ў мяне.
Я не памыліўся ў прадчуванні, бура хутка пачалася. На вуліцы жонка пацягнула мяне за пінжак:
Ты куды гэтак спяшаешся?
За мной не так будуць цябе штурхаць, Стась!
Вельмі ты ўжо стаў аба мне клапаціцца, што і казаць! – з хваравітым раздражненнем заўважыла яна.– Чакай, чакай яго пад магазінам, тырчы ва ўсіх на віду...
Дык не ты ж мяне, а я цябе чакаў, Стася! Ты ж прыйшла ў палове восьмай, спазнілася на цэлыя паўгадзіны!
А-га, ты мяне чакаў таму, што я цябе мелася чакаць, якая розніца!
Ну і логіка ў цябе, не дай бог! – паціснуў я плячамі.
Папрацаваў бы ў школе, тады пабачыў бы, якая ў цябе была б логіка. Падумаеш, пачакаў крыху... ногі яму адпалі!..
Я прамаўчаў.
У апошні час Стася стала занадта нервовай. Найменшае глупства можа вывесці яе з раўнавагі. Што ж, на гэта былі прычыны. Пасля вайны нам з ёю шмат давялося перажыць. Амаль на адной стыпендыі канчалі інстытут. Пажаніліся – ні кватэры, ні вопраткі, ні лыжкі. А тут пайшлі дзеці. Фактычна мы сталі на ногі за апошпія гады. На мне мінулае амаль не пакінула следу, а ёй, беднай, дасталося! Адны дзеці колькі забралі сілы і здароўя.
Я разумеў жонку і стараўся не даваць прычын хвалявацца. Як на бяду, трэба было мне кучэрынскім расказам разварушыць старую рану!..
Замкнёныя дома сыны-дашкольнікі абрадаваліся нашаму прыходу і кінуліся насустрач:
Што купілі? Семкі, ура-а!
Не лезце! – абрэзала маці і іх.
Справы дрэнь.
Я ўдзень слаба паабедаў, і мне захацелася есці. Паклікаў на кухню сыноў, разагрэў на пліце суп, заслаў стол чыстай паперай, паставіў на яго міску.
А ну, хлопцы, давайце падрубаем. З адной пасудзіны, па-партызанску, добра? Стась, хадзі перакусім да вячэры!
Садзімся за стол.
Што ты мне ўсё тыцкаеш кулаком у твар? Не мог разліць кожнаму ў талеркі? Да чужых ты клапатлівы, што і казаць...
Я хацеў, каб табе было менш пасуды мыць! I да каго чужога я клапатлівы больш, як да цябе?!
– Бачыла, з якой галантнасцю ты расшаркваўся перад прыгажуняй ля магазіна: «Калі ласка, праходзьце!»
Ну, ведаеш!..
Гэта было ўжо занадта. Я кінуў лыжку, лёг на канапу, падлажыў пад галаву рукі і ўтаропіў вочы ў столь.
Кажуць, мужык і жонка – самыя блізкія людзі. Гэта так. Але чамусьці ніхто не скажа, што яны могуць быць і самымі далёкімі. Пра некаторыя рэчы, напрыклад, скажаш чужому чалавеку, але ніколі не скажаш жонцы. Цьфу!..
Падышоў старэйшы сын, працягнуў мне жменьку семак і спачувальна запрапанаваў:
На, татка...
Я залускаў.
Ты чаму на падлогу кідаеш? – убачыла Стася.
Добра, буду на столь!
Я паклаў семкі і павярнуўся да сцяны. Не, хопіць з мяне!.. Чым я вінаваты, што на свеце была такая Данута Янкоўская, што я закахаўся?
5
Праз некалькі мінут жонка апамяталася:
Янка, і не сорамна табе так валяцца без работы?
Вельмі. Вазьмуся за сон.
Хлопцы, сцягніце з таты туфлі!
Ляжу і не звяртаю ўвагі на тое, што хлопцы робяць з маімі нагамі.
Сцягнулі? Малайцы! Цяпер бяжыце на двор, пагуляйце сабе крыху!