355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 19)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 36 страниц)

Дзеці выбеглі, і яна паведаміла:

Сёння выхавацелька расказала, што старэйшы прыходзіць у дзіцячы сад з засаджанай за пазуху рукой. Быццам яна ў яго зламаная...

Я ўсхапіўся з канапы і зарагатаў.

О, ён яшчэ смяецца!

– А чаго ж не смяяцца? Фантазіі багата! Сам быў такі! Калісьці ў школе, каб стаць героем, выбіваў патыліцай дошкі ў ганку!

Жонка цяжка ўздыхнула. Затым без ніякага пераходу, з падазроным спакоем заявіла:

Пасля вайны, Янка, ты яшчэ ні разу не быў у Вільні. З'ездзіў бы...

Чаго там не бачыў?! – разгубіўся я.

Не-е, ты з'ездзіш! Трэба, Ваня, каб тваё сумленне супакоілася. Ты павінен дакладна даведацца, што з Данусяй. Мо яна жыве яшчэ...

Знайшла важнасць...

Важна!.. Ды... хопіць, наслухалася я тваіх практыкаванняў у нямецкай мове – думаеш, дурная і глухая, нічога не бачу і не чую?!

Я нібы ў рот вады набраў.

Добра! Ідзі да загадчыка аблана, папрасі водпуск на пару дзён, з'ездзі і высветлі ўсё. Горад жа ад нас недалёка.

Пустое гаворыш...

Я добра ведаю, ты хочаш гэтага, толькі хаваешся. Магчыма, Данута яшчэ жыве там! Няўжо, думаеш, я бусурманка?

Тады чаго ж ты пілавала мяне цэлы дзень?

Мужчына, вытрываеш! А перад кім яшчэ я магла выказаць свой настрой, перад вучнямі? Сынамі?.. На тое ты мне і муж!

Я прамаўчаў.

Не мучай сябе, Ваня, едзь. Не ведаю, як цябе раней не выпх-нула ў Вільнюс. Але і цяпер не позна. Між іншым, дзецям што-небудзь купіш, хутка ж у школу старэйшаму...

Жонку апанавалі старыя крыўды. Але супроць таго, што цягнула мяне ў Вільнюс, мы абое былі бяссільныя.


Раздзел восьмы

1

Быў пачатак чэрвеня.

Поезд спыніўся, я вылез з вагона.

– Паднесці? – спытаўся насільшчык.

Не люблю, каб мне прыслужвалі. Го, цяпер і я тут нібы пан!..

Спускаючыся з перона ў тунель, я аж пакратаў рукой белыя кафлі на сцяне – знаёмыя, родныя. I ўцалелі ж у вайну!..

Наверсе я анямеў: замест цеснага і змрочнага будынка вакзала – гмах! – У агромністай зале з манументальнымі калонамі я адчуў сябе маленькім, кволым, старамодным.

З прывакзальнай плошчы адкрылася мне незнаёмая панарама дамоў з прыязным бляскам новенькіх шыбаў. Над жылымі блокамі дзесьці ў раёне Пагулянкі неба падпіралі тонкія ажурныя мачты, і ўжо яны, а не цэрквы і касцёлы, стваралі сілуэт горада. Кінуліся ў вочы густое перапляценне правадоў і незвычайныя для Вільнюса тралейбусы. Але мне хацелася прайсціся па горадзе пешшу. Для цікавасці я спытаўся ў нейкага хлопчыка:

Слухай, братка, і на Антаколь яны таксама ходзяць?

Малы ад здзіўлення паціснуў плячамі, як зрабіў бы некалі я, калі б у мяне спыталі, ці кожны дзень цячэ Вілія.

Я ніяк не мог прызвычаіцца да новага горада.

Проста з вакзала накіраваўся на старую кватэру, да прачкі. У двары пад плотам – той самы лопух. Той самы дом. Тая самая бардовая шалёўка прыкрывала спарахнелыя сцены. Толькі цяпер жылі тут ужо незнаёмыя людзі. I я накіраваўся да генералавага дома.

Па развешанай на вяроўках бялізне на панадворку зразумеў, што ў доме цяпер жывуць некалькі сем'яў і прытым не надта багатых.

Брамкі не было.

Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Выйшла маладая жанчына, на хаду захінаючы квяцісты халат,– відаць, толькі што карміла дзіця. Яна квітнела маладосцю і здароўем.

Янкоўскіх? – здзівілася.– Такіх тут няма.

Яны тут жылі!

Не-е, не жылі ніколі!

Убачыўшы маё расчараванне, жанчына захацела дапамагчы:

Быць можа, не тут? А які нумар дома вы шукаеце?

Нумар гэты. I дом напэўна гэты. Я-то ведаю!..

Усе трынаццаць год мы жывём тут, я тут і вырасла, замуж выйшла, а такога прозвішча не чула...

Я хвіліну пастаяў. Добразычлівасць у вачах маладзіцы паступова змянілася разгубленасцю:

То, можа, у дом зойдзеце...

Жанчына, відаць, думала, што на яе ветлівасць я адкажу таксама ветлівасцю і пайду сабе туды, адкуль прыйшоў. Але я злавіў яе на слове і пераступіў парог.

Разгубленая да рэшты, маладзіца павяла мяне, не ведаючы куды і нашто.

У калідоры, які некалі быў прасторны і блішчаў лакам, цяпер тырчалі звычайныя скрыні, клункі, веласіпеды, жалезныя карыты: гэта быў калідор рабочых людзей.

Каб крыху супакоіць жанчыну, я вымавіў:

Калісьці тут я...

Ах, дык вы тут, няйначай, самі жылі!

Амаль...

– Так бы і сказалі адразу! – падхапіла яна з палёгкай.– Калі ласка, праходзьце сюды... Толькі ў мяне яшчэ не прыбрана...

Нічога, я трошкі...

Увайшоў у былую генеральскую гасціную, дзе я страляў у Станеўскага і Данусю. Малое дзіця з соскай спала ў калысцы пад адчыненым акном.

О-го, чалавек, нічога не скажаш! – палесціў я жанчыне.

Тры месяцы ўжо!

Маладзіца была шчаслівая і добрая, як усе маладыя маці. Я адчуў яе прыхільнасць, і мне зрабілася так па-свойску хораша, нібы зайшоў я ў хату да родных або даўно знаёмых людзей.

На дубовым паркеце ў ёлачку яшчэ віднеліся чорныя ямкі, выбітыя кулямі. Маладзіца, убачыўшы, што я нагнуўся і ўважліва прыглядаюся да іх, асуджальна заявіла:

– У вайну тут, кажуць, нямецкія салдаты жылі, дровы калолі ў пакоі, ленаваліся вынесці на двор нават...

От бадзягі!..

Навошта засмучаць яе светлую, нібы сонца, душу цяжкімі ўспамінамі? Я развітаўся і пайшоў.

2

Ідучы па Вільнюсе ад генералавага дома, падумаў сабе: і да чаго ж усё на свеце не вечнае! Здаецца, толькі ўчора тут лазіў, нечага хацеў, кудысьці імкнуўся, змагаўся, а як гэта было ўжо даўно?!

На вежы Гедыміна ветрык гуляў вялізным чырвоным палотнішчам. Сцяг гэты нібы лунаў над горадам.

На Зарэчн, ля моста – помнік. Той самы, польскаму хлопчыку Мечыславу Додзіку, які ўтануў, ратуючы яўрэйскага – Хацкеля Харцмеца. Зімой 1943 года каля яго праходзіў і не заўважыў. Мабыць, мне засланілі ўсё падзеі, а помнік і тады сабе стаяў, як сімвал неўміручай Чалавечнасці ды пераможна глядзеў на выхадкі фашыстаў.

Як цяпер выглядае ўсё ясней, выразней!..

Вуліцы запоўнены моладдзю – рослымі хлопцамі і дзяўчатамі. Калісьці законныя гаспадары – літоўцы – былі тут яшчэ ў большым загоне, чым беларусы. Затое цяпер гучыць усюды літоўская мова.

I ва ўсіх гэтых пераменах прымаў удзел і я.

Памятаю, некалі зайздросціў я балгарам за іхняга Дзімітрава, а датчанам за Андэрсена і перажываў за беларускую беднасць. А цяпер і я магу ганарыцца.

У вайну фашысты з беларусаў не маглі стварыць ні адной вайсковай часці, затое ў нашых лясах было чатырыста тысяч партызан! Нідзе іх столькі не было!.

Што і як зрабіць, каб тое, што адбылося, не абразіла памяці загінуўшых?!

Вось набліжаецца ваенны патруль. Вайсковыя – свае, блізкія. Толькі ў салдат незвычайныя аўтаматы-карабіны – новенькія і пераліваюць матавай сінявой варанёнай сталі. У капітана на рамяні – пісталет незнаёмай мне сістэмы ў драўлянай кабуры, падобнай да той, у якой нашы партызанскія камандзіры насілі маўзеры. Патрулі так ходзяць, нібы хадзілі па гэтых вуліцах век. На грудзях – камсамольскія і гвардзейскія значкі, хлопцы імі фарсяць, як мы некалі медалямі і ордэнамі...

Пройдуць гады. Ва ўсім свеце запануе мір і лад. Будуць лятаць на другія планеты. Тады людзі нашы ордэны, аўтаматы і пісталеты будуць разглядаць у музеях з цікаўнасцю і спачуваннем да нас, як мы, разглядаючы лукі і прашчы...

Перад кінатэатрам стаяла неспакойная чарга вучняў за білетамі на партызанскі фільм. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі праз хвіліну будуць у крэслах ціхутка лізаць марожанае ды з павагай і страхам сачыць за кадрамі. Яны пра вайну ведаюць столькі, колькі мае сыны. «Тата, а што гэта такое ў яго руцэ, нібы эскімо на палачцы?» – «Нямецкая граната, дурненькі...» Тое, што на экране,—для іх поўная заманлівай рамантыкі гісторыя. Скажы ім, што па тратуары ідзе ўдзельнік тых падзей, яны вельмі здзівяцца: вось гэты? Такі звычайны?..

Шмат чаго змянілася. Няважна, што вунь, у скверыку, сядзіць стары інтэлігент і чытае газету так, як мелі звычай чытаць яе людзі старэйшага ўзросту дваццаць год таму назад: склаўшы паперу ўдоўж. З таго часу прайшла цэлая эпоха. А я прыехаў сюды шукаць учарашні дзень.

Грамадзянін, прабачце! – перарвала мае думкі прадаўшчы-ца, выглянуўшы з-пад брызентавага тэнда.– Дапамажыце!

Што ў вас?

Зашрубуйце, калі ласка, помпу на бочцы. Забылася, у які бок трэба круціць, і не магу прадаваць піва!

Зашрубоўваюць заўсёды ўправа, а адшрубоўваюць – улева. Як можна забыць такія простыя рэчы?..– падумаў я ўголас, устаўляючы помпу.

Гы?! – здзівілася прадаўшчыца той лёгкасці, з якой я выканаў яе просьбу.– Дзякуй!

Калі ласка...

Пакінуў я яе са смешным пачуццём: нарэшце, зрабіў нешта карыснае ў Вільнюсе, значыць, недарма прыехаў!..

Ну, а што рабіць далей?

3

Не памятаю, як я апынуўся над Віліяй.

У гэтым месцы павінен ляжаць вялізны камень. Вось ён. Такі самы. Магутныя яго бакі вылізалі хвалі, а той самы пушок моху надаваў яму зялёнкавы колер.

Аднойчы мы з Данусяй паспрачаліся: я хацеў на гэтым камені пасядзець, яна адмаўлялася. Цяпер яго абляпілі дзяўчаты, якія паводзілі сябе так, быццам толькі яны адкрылі гэтае месца і наогул далі пачатак жыццю. Відаць, яны толькі што здалі экзамены: на-строй у іх быў святочны, канспекты валяліся на беразе бязладна, як непатрэбныя паперы.

Ой, дзяўчаткі, караву-ул! – паскардзілася адна з іх звонка і меладычна.– Ногі набраклі, туфлі не магу абуць! Што рабіць?

А навошта іх так размачыла? Цяпер босая ідзі па горадзе!

Да кампаніі падыходзіў хлопец. Ён суцешыў:

Ото ж будзеш мець поспех! Кожны на цябе азірнецца!.. Эй, курскія салаўі, чаму ўжо не спяваеце?

– Спазніўся, наспяваліся!

Давайце зноў, я ішоў падцягваць!

– Нічога не атрымаецца, семак панаядаліся, і пяршыць у горле!

От бяда! – паспачуваў жартаўнік, падлабуньваючыся да крайняй дзяўчыны.

А няўжо ж, бяда! Не падлазь, а то ў ваду піхну!.. Уй, чаму ты не паголішся!

Бо няма грошай. От не зачапі, яшчэ і брыкаецца!.. Эх, несвядомы ты, Люська, элемент, хоць і вельмі вучоная, атрымліваеш павышаную стыпендыю і носіш акуляры!

Вучоная!

От, каб была яшчэ і добранькая-а!

То што?

То дала б трыццаць капеек!

I што?

I я пайшоў бы, пагаліўся б!

I што?

– I пацалаваў бы цябе!

Узняўся смех, шум. Замільгалі загарэлыя рукі, узляцелі фантаны пырскаў і заблішчалі на сонцы жывым серабром.

У мяне ёсць пяць капеек,– азвалася дзяўчына, калі ўсе супакоіліся.

– А ў мяне сем!..

Сабраўшы патрэбную суму, адправілі жартаўніка ў цырульню. Потым засумавалі.

Бр-р-р, мне холадна! – азвалася адна ўстаючы.– Мая, ты ўжо можаш абуцца?

Паспрабую...

Хутчэй!

А куды цяпер пойдзеш, яшчэ рана! – уздыхнуўшы, разважыла другая.

Во, дзяўчаткі, ідэя! – закрычала трэцяя, таксама ўзнімаючыся.– Давайце паходзім па кандытарскіх магазінах!

Няма грошай.

Проста так паходзім, для цікавасці. Паглядзім, якія ёсць новыя цукеркі!

Эўрыка!

Я і старых не бачыла, цэлы год не вылазіла з інтэрната!

Хадзем! Ён вернецца, а наш і след прастыў!

Піхайце сшыткі мне ў чамадан і айда!

Нібы чародка шпакоў, дзяўчаты ўзняліся з каменя, і ўраз іх не стала.

У гэтай бяздумнай бадзёрасці сучаснай моладзі і светлым аптымізме было нешта новае, народжанае эпохай. Калісьці хлопцы і дзяўчаты былі больш замкнутыя, насцярожаныя.

I ў той жа час у іхніх паводзінах я знайшоў нешта такое, што радніла іх са мной і Данутай.

Я падумаў аб дзяўчатах: «I маеце да каго заляцацца! Гэта ж яшчэ мамін сынок...» Як на злосць, ніводная з іх на мяне і вокам не павяла, нібы мяне тут і не было!..

Я ўздыхнуў. Зрабілася сумна. Нічога не зробіш, маё юнацтва прайшло. А ўсё ж такі цікава пабудавана жыццё! Яго, нібы бясконцую эстафету, перадаюць з пакалення ў пакаленне. Што ж, мы сваю эстафету не так ужо і дрэнна неслі...

Калі на камені нікога не стала, я накіраваўся ў горад. Адчуваў цяпер сябе няёмка – будні дзень, а я блукаю тут, як валацуга, падглядваю за маладымі, быццам сам не быў такі.

Вельмі не люблю хадзіць па магазінах. Стася наказвала нешта купіць. Заглянуў у адзін, другі: ля прылаўкаў тоўпіліся людзі. Не штурхацца ж і мне тут?!. Быццам у нашым Гродне не тое самае?.. А чаго маім хлопцам не хапае? Жанчын толькі слухай!..

I я накіраваўся на ўскраіну, дзе некалі жыла цётка Антося.

4

Па дарозе да былой служанкі я ўбачыў бабульку. Яна пасвіла коз. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Старая каза з падвязаным вымем спакойна пасвілася ля тратуара, а маладая – паставіла пярэднія ногі на дрэўца ды зграбна, як гэта могуць рабіць толькі козы, аб'ядала лісточкі.

А ну, артыстка, пайшла! – шпурнуў я ў яе каменьчыкам.

Бабулька вінавата падхапілася і з залішне клапатлівай старэчай паспешнасцю пагналася за шкодніцай, нібы рабіць расправу.

Божа мілы!

Толькі цяпер я пазнаў у гэтай дачасна пастарэлай кабеціне цётку Антосю!

Ідзіце да майго дома, зараз туды прыйду і я! – калі мы павіталіся, сказала старая, трымаючыся як мага далей, каб я не разгледзеў яе трантаў.

Нельга было паверыць, што гэтая сухая бабуля ў падраным і нейкім іржавым, нібы кальчуга з музея Луцэвіча, світэры – разважлівая і некалі цвёрдая характарам цётка Антося. Сэрца маё сціснулася ад жалю.

Давялося вярнуцца ў магазін за падарункамі.

Праз гадзіну я знайшоў панадворак цёткі. Крапіва, старая салома, іржавае жалеззе – ногі можна паламаць!

Старая ўжо мітусілася дома. У хаце поўна катоў. Чорныя і шэрыя, малыя і вялікія, чыстыя і брудныя, гладкія і струпастыя – яны ўсюды лазілі, горда задраўшы хвасты, пацягваліся, выпускаючы кіпцюры, пазяхалі ружовеыькімі роцікамі або ў незалежных позах афрыканскіх львоў ляжалі на зашмальцаваных падушках, на падлозе, табурэтках, нават на стале і ложку. Паветра было цяжкае.

Што гэта ў вас, цётка Антося?! – асцярожна, каб не наступіць на каторага звера, здзівіўся я, прабіраючыся ў пакой.

Мае дзеткі...– сарамліва і вінавата адказала старая, не паднімаючы вачэй.

Навошта ж яны вам?

Падабрала, бедных, на вуліцы... Калі ж адной так жыць вельмі сумна!

Дык лепш узялі б сабе дзіця з дзетдома на выхаванне, а не гэтую дрэнь!

Чалавек сам дасць сабе рады, а беднаму зверу і пан Езус загадаў дапамагаць...

Старая здзяцінела.

Ну, раскажыце, як жывяце!

Вось так і жыву,– адказала жанчына на той мешанай, але мілай майму вуху польскай і беларускай мове, на якой размаўлялі да вайны віленскія служанкі, гандляркі рынкаў, вазніцы.– Нікому, дзенькі богу, не вінавата, і сама сабе гаспадыня!

5

Узяўшы ад мяне пакункі, цётка Антося ўпусціла іх на стол і ўспляснула рукамі:

Матко боско! Езус Хрыстус!.. Я ж вам галоўнага – перадачы ад нашай Дануські – не дала! Чаго ж я, старая, маўчу!.. Псік, не лезьце пад ногі, пачакайце! – старая кінулася да шуфляды ў чорнай і паточанай шашалем шафе.

Мяне працяло балючае прадчуванне нечага новага і надзвычай важнага.

Езус Хрыстус! Пан Ян не быў аж пятнаццаць гадоў у нас. Божа свенты!

Прыціскаючы да грудзей добра вядомую мне скрыначку са сла-новай косці, у якой Дануся трымала свае стужкі і шпількі, жанчына не ведала, што рабіць. Яна баялася, каб вестка мяне не забіла.

– Ну, не цягніце, цётка Антося! – узмаліўся я. У часы нямецкай акупацыі ў Вільні сярод палякаў развіўся падпольны рух. Кіравала ім нацыяналістычная арганізацыя Арміі Краёвай. Дануся служыла ў камендатуры і была звязана з гэтай арганізацыяй.

Пасля забойства Станеўскага Данута яшчэ служыла амаль паўтара года ў камендатуры і ратавала людзей, якія пападалі немцам у лапы. Затым яна наладзіла сувязь з савецкімі дэсантнікамі і нават пабывала ў іх.

– Я яе збірала тады ў лес,– расказвала цётка.– Яна выходзіла ўпэўненая, што вас убачыць, а вярнулася сумная – слова нельга было выдабыць.

Вясной 1944 года фашысты западозрылі Дануту. Пачалі сачыць за ёй, потым арыштавалі. Пасадзілі і мачаху.

Па дзіўнаму непаразуменню фашысты перш за ўсё расстралялі чалавека, менш вінаватага,– пані Вацлаву! А Дануту доўга пратрымалі ў Лукішках.

Тым часам польская адміністрацыя, якая была на службе ў немцаў, пачала за яе, дачку генерала, клапатаць. Немцы пайшлі на ўступкі: Дануту судзілі па ўсіх законах, нават дазволілі наняць адваката.

На працэсе суддзі і пракурор заявілі: «Яна – сапраўдная поль-ская патрыётка, небяспечная для Трэцяга Рэйху, і яе перавыхаваць, на жаль, немагчыма, а таму яна падлягае знішчэнню!»

Перад смерцю ёй удалося напісаць пісьмо для мяне. Яго і падала Антося ў скрыначцы.

Я пайшоў на двор і сеў на нейкую бочку.

«Веру, ты маё пісьмо атрымаеш,– чытаў я на пажоўклым ад часу і вільгаці лісточку паперы, спісанай звычайным алоўкам.– Янэчак, я не толькі не злую на цябе, але тваім учынкам ганаруся. Тысячу разоў думала, што так і павінна было стацца. За гэта цябе і люблю. Ты мяне нібы ўстрасянуў, і я прачнулася. Пасля таго вечара я зразумела, што калі расстрэльваюць чалавека, мала яму толькі спачуваць і крадком перад смерцю падаць кубак вады. Успомніла, што мяне вучылі быць ахвярнай, сумленнай і адважнай, ад мяне нечага асаблівага чакаў тата...

Я прыйшла да сваіх і пачала дзейнічаць. Пастаралася ўгаварыць наша панства лічыцца з вамі, пераканала шукаць сувязі з беларускімі партызанамі. Нават сама вызвалася пайсці на сустрэчу...

I вось я ў лагеры Сокалава. Пра ўсё дамовілася з ім і толькі ў адным спазнілася: капітан мне паказаў цябе з іншай, і я вырашыла, што лішняя. Пра гэта, думаю, расказаў табе сам Сокалаў.

Якая ж потым была мука адчуваць твой локаць і адначасова разумець, што ты ўжо не для мяне!.. Ты, мабыць, і не падазраеш – я табе разведала, што пад цюкамі прасаванага сена немцы вазілі танкі, а ў бутлях не газы, а – кісларод для запраўкі самалётаў?!.

Жыць засталося лічаныя гадзіны. Я слабая. Паміраць страшна. Пан Адам, які вынесе пісьмо, сёння шапнуў: фронт ля Мінска! Я ведаю розумам, што жыву ў гістарычныя дні, а гісторыя чалавецтва пішацца слязьмі і крывёю, я – толькі адна з мільёнаў ахвяр, але бунтуюся: чаму менавіта я павінна быць гэтай ахвярай?

Часамі ўгаварваю сябе, што не можа быць, каб я зусім знікла з гэтага свету, каб нічога не чула і не бачыла. Мне лёгка сябе ўгава-рыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і заб'юць. Ведаю, Янку, ты або мой тата смерць сустрэлі б горда і спакойна, як сапраўдныя мужчыны. За гэтую сілу я цябе і кахала... Адно пэўна – каб цяпер хто вярнуў жыццё, рабіла б зноў тое самае!

Якая я была калісьці наіўная! Дзеля бацькоў вырашыла стаць Марыляй Верашчакай, і мне здавалася: у гэтым маё найбольшае геройства! Я марыла, што аб маім учынку даведаецца пісьменнік, напіша раман, і тады я стану несмяротнай.

А магло стацца, што, скончыўшы школу, выйшла б замуж за самаўлюбёнага маньяка і прыдурка Любецкага і існавала б, як тое дрэва без верхавіны. Самай большай падзеяй за дзень для мяне было б тое, што муж зламаў ногаць, а ўжо трагедыяй – калі б у час не атрымала моднай сукенкі з Парыжа або на аперэту з артысткай Янінай Кульчыцкай дастала б білет не ў першы рад, а ў пяты!..

Звіняць ключы! Гэта па мяне!..

...Не ведаю, ці доўга была без свядомасці. Апрытомнела разбітая і мокрая на ложку ў сваёй камеры. О праклятыя нарманы! Вы толькі спачатку маглі мець поспех, пакуль культурны свет апамятаўся! Вы не можаце перамагчы, бо вяртаеце гісторыю да гунскага перыяду!.. Будзе, Янэк, час, паспрабую апісаць табе ўсё, што было са мной на допыце. А цяпер прадоўжу пісьмо.

Цётка Антося дасць табе фатаграфіі. Ёсць адна, дзе стаю над Віліяй. Калісьці ты прасіў мяне пасядзець на камені, а я капрыз-нічала. Перад арыштам зрабіла гэты здымак. Пазнаеш камень?

Зняла і нашу студню. Туды ўпала бомба. Убачыш кавалачак бетоннага круга на здымку – гэта!

Я табе, Янку, удзячная. Калі пазнала цябе, мне стала душна... Захацелася большага. Толькі пачала пазнаваць яго і...

У мяне сумленне чыстае. Ад крывавай банды арыйскіх нарманаў я ўратавала не адзін дзесятак герояў. Кідалася ратаваць іх не толькі таму, што ў кожным арыштаваным уяўляла цябе. Потым гэта зрабі-лася маім сумленнем.

Даруй, што пішу бессістэмна, няма часу перапісваць. Але хоць не магу дыхаць на поўныя грудзі ад страху, думкі мае чыстыя і вострыя. Кажуць, у людзей перад смерцю заўсёды так...

Аб'явілі, што споўняць апошнія мае жаданні: магу заказаць абед, напісаць пісьмо (о тэўтонская гуманнасць!..).

Яшчэ аб'явілі, што робяць ласку, не будуць вешаць, а – гілья-цінаваць. Нібы французскую каралеву. Прыйшоў турэмны цырульнік, падрэзаў валасы на шыі, каб не перашкаджалі. Пацешыў, што гэта працягваецца ўсяго пяць – сем секунд і адбываецца на світанні, але гільяціна цяпер загружана і могуць выклікаць у другі час.

Падумала, што б табе яшчэ паслаць на памяць. Локан! Успомніла, як пасылалі яго ў такіх выпадках сваім каханым гераіні раманаў. Падняла з падлогі пасму, але валасы трапіліся зусім сівыя, і я не адважылася іх табе паслаць – не хачу ў тваёй памяці заставацца бабуляй...

Абавязкова пагавары з капітанам Сокалавым.

Бывай. Цалую. Твая Дануся. Апошні раз бьсвай!» На гэтым пісьмо канчалася. «...Пагавары з капітанам Сокалавым...» «Эх, каб ён застаўся жывы!..»

6

Акрамя пісьма ў скрыначцы было зробленае рукой Данусі апісанне допыту. На паперках польскія сказы перамешваліся з нямецкімі, а побач з падрабязным пералікам усіх дэталей часамі сустракаліся няясныя абрыўкі думак. Чалавеку, які не ведае ня-мецкай мовы і гітлераўцаў, паперкі гэтыя былі б незразумелыя. Усё гэта будзе лепш пераказаць сваімі словамі.

Ледзь яна паспела сунуць пад сяннік незакончанае да мяне пісьмо, як у камеры з'явіўся эсэсавец і загадаў збірацца.

«Вось і смерць мая прыйшла!» – падумала Дануся. Яна ўся амярцвела, ногі сталі нібы чужыя. Агледзела ў апошні раз сцены, нары – дзіва, цяпер ёй стала нават шкада развітвацца з гэтым усім!

Выйшлі яны на двор. Убачыўшы, што гітлеравец вядзе яе не да брамы, а ў канцылярыю, Дануся пачала на нешта спадзявацца.

Увайшлі ў калідор. Злева і справа – дзве шарэнгі арыштаваных з узнятымі над галавой рукамі чакалі сваёй чаргі. Як добра ёй вядома гэтая поза! Цяпер людзі стаяць тварамі да сцяны – здаровыя, чыстыя, нармальныя, а хутка будуць акрываўленымі шматкамі целаў з пераламанымі касцямі... У ёй зноў усё амярцвела: лепш бы скончылі адразу!

Увайшлі ў кабінет.

За сталом знаёмы эсэсавец Меклембург, а насупраць яго – незнаёмы штурмбанфюрэр. Ля іхніх ног – вялікі аўчар. На стале пад белай палатнінай контуры нейкай пасудзіны.

Перакладчык стаяў збоку і трымаў доўгі карычневы бізун з рэменя. Акінуўшы Данусю дзелавым позіркам, ён пачаў біць сябе бізуном па далоні, быццам набіраючы разгон.

Меклембург заўважыў, што Дануся баіцца. Гітлеравец любіў, каб пры яго паяўленні ў людзей ад жаху лезлі на лоб вочы. У такіх выпадках ён нават станавіўся ў позу літасцівага. I цяпер ён з пачуццём бязмежнай улады дазволіў сабе прыязна ўсміхнуцца да ахвяры, а перакладчыку загадаў:

WEG![31]

Калі за перакладчыкам зачыніліся дзверы, Меклембург паказаў на пусты стул. Дануся села.

Эсэсаўцы завялі размову, быццам і не было ў пакоі арышта-ванай. Дануся аддыхалася. Крадком падцягнула панчохі, пастаралася расправіць сукенку – дарма. Тры тыдні яна ўжо не бачыла жалязка. «Ат, ці не ўсё роўна?! Што ім вядома? Як адказваць на пытанні, як сябе паводзіць?» Вось яны сядзяць перад ёю. Старанна паголеныя твары. Надушаныя. Акуратна падстрыжаныя патыліцы. Прычасаныя валасы свежа блішчалі брыльянцінам. З новенькага сукна мундзіры ладна сядзелі на фігурах. Маляўнічыя позы. Самаўпэўненыя рухі. За-ваявацелі!

Яе заела. Толькі б расстрэльвалі на віду ў людзей, а не душылі ў камеры!..

У яе зарадзілася гордасць і жаданне настырыцца гэтым тыпам. Не, нічога яны не даведаюцца, нават, каб рэзалі на кавалкі!.. Толькі зрабілася прыкра адтаго, што вось зараз будзе ім супраціўляцца. Няў-жо адважацца мучыць? Яшчэ зусім нядаўна кожны з гэтых тыпаў дамагаўся яе ўсмешкі, рысаваўся, іграў у высакароднасць і шчыгаляў сваёй эрудыцыяй і ўладай. Зрэшты, яны і цяпер рысаваліся.

...Разбамбілі рускі параход на Чорным Моры,– апавядаў сябар Меклембурга.– На ім везлі медсясцёр у Севастопаль. Над вадой – разбітая карма. На карме – медсёстры. Угледзелі нас, абняліся і – у ваду! Абняўшыся і пайшлі на дно вянком. Рускія – не палякі, іх так хутка не пераможаш!

«Палякаў перамог ужо! Ведаеш ты, невук, што нас вы толькі разбілі? Разбіць палякаў можна, перамагчы – ніколі! Уяўляеш сабе, як мы арганізаваны? Ведаеш, што ў падполлі працуюць універсітэт, школы афіцэраў? Мы нават зарплату выплачваем сваім вайсковым».

Зазваніў тэлефон. Меклембург узяў трубку. Чуваць было, што на другім канцы провада нехта аж захлёбваўся. Меклембург зморшчыў лоб, закрычаў у тэлефон:

Вы ўяўляеце, дарагі штурмбанфюрэр, як аслабла дысцыпліна сярод насельніцтва? Людзі не толькі не вітаюцца часамі са мной і з вамі, а раўнадушна праходзяць міма нашых машын! Сёння шофер грузавіка на Вільгельмштрасэ зачапіў бортам мой «опель»...

Голас у трубцы пачаў апраўдвацца. Меклембург яго абарваў:

Мой штурмбанфюрэр, лад і парадак мажлівы толькі тады, ка-лі мы расстраляем кожнага, хто нават коса на нас паглядзіць! Мы та-му маем столькі ворагаў, што адносімся да людзей залішне мякка, за-мест таго каб выкінуць з сябе гэтае мяшчанства і ўзяцца за іх сурова!

Меклембург з сілай бразнуў трубкай па апараце. Дануся была ўпэўнена: без яе ён паводзіў бы сябе інакш.

Эрых Вульф! – паясніў ён сябру.– Яму было загадана сёння да вечара вывезці на Парубанак сотню заложнікаў. У яго ўзводзе новенькія, не прызвычаеныя да расстрэлаў салдаты. Дык просіць адкласці экзекуцыю або аддзяліць ад заложнікаў жанчын і дзяцей.

Я разумею Эрыха! – праказаў штурмбанфюрэр,– Лягчэй весці роту ў атаку, чым з яе дапамогай канваіраваць на расстрял агідны патоуп, слухаць плач і выццё баб. А яшчэ рабіць гэта ў спякоту або трыццаціградуспы мароз, як бывае тут на ўсходзе...

Яны хвіліну памаўчалі. Выло чуваць, як пад сталом пазяхае аучар, а ў калідоры адрывіста крычыць на арыштаваных салдат: пакоі для допытаў былі ізаляваны, і енкаў сцены не прапускалі.

Служба войск СС нялёгкая і няўдзячная! – згадзіўся Мекле-мбург.– Але нашы хлопцы павінны сціснуць зубы і рабіць сваю справу. Затое, калі пераадолеем усе цяжкасці, нас ніхто не пераможа. Нардыцкая кроў – найлепшая ў свеце, а Германія – вышэй за ўсё! Шмат трупаў? Чынгіз-хан асудзіў на смерць мільёны жанчын і дзяцей свядома, з вясёлым сэрцам, а гісторыя бачыць у ім толькі вялікага заснавальніка дзяржавы і геніяльнага палкаводца. Хто сёння ўспомніць пра мільёны яго ахвяр?.. А хто ўспомніць горы трупаў, астаўленых Напалеонам? Усе ведаюць геніяльнага палкаводца і кіраўніка дзяржавы, хоць ён апошнюю бітву і прайграў. Зрабілі б яго святым, калі б ён яе выйграў! Святым – за новыя горы трупаў!

Фанатычны гітлеравец гаварыў з пафасам.

Разам з целамі расстраляных нам трэба закопваць бронзавыя табліцы з надпісамі: «Гэта зрабілі мы, тыя, што знайшлі ў сабе сілу і адвагу давесці цяжкую гістарычную справу да канца!» Літасць да ахвяр – мяшчанства!

Эсэсаўцы спадзяваліся маральна зламаць арыштаваную. Яны хацелі, каб Дануся паверыла, што няма ніякай сілы на свеце, якая б магла яе ўратаваць, і Данусі застаецца толькі адно: здацца на ласку фашыстаў.

Нарэшце Меклембург загадаў ёй падсунуцца з крэслам. Дануся каленьмі ўперлася ў стол. Паміж ёю і эсэсаўцамі была толькі пасудзіна, пакрытая прасціной.

Ну, панна Данута, ведаеце, чаго мы вас запрасілі? – спытаўся ён.

Не...– Голас у яе быў разбіты, чужы, хрыплы. Яна кашлянула, паправілася: – Завошта мяне трымаеце ў гэтай агіднай кануры трэці тыдзень?!

Яна добра ведала гітлераўцаў, але пасля ветлівых слоў Меклембурга закралася надзея, што, можа, выпусцяць.

Вам тут не падабаецца? – са здзеклівым спачуваннем развеяў ён надзею.

Прашу з мяне не кпіць! – нібы абурылася яна.

Мы занадта занятыя людзі, каб займацца кпінамі, – зазлаваў эсэсавец. – Гавары адразу: будзеш апавядаць добраахвотна ці прымушаць цябе?

Не маю пра што гаварыць...

Сюды глядзець! – закрычаў ён, чырванеючы ад злосці.– Сюды, не адварочваць галавы!

Паддаючыся яго ўладарнаму голасу, Дануся глядзела як загіпнатызаваная.

Меклембург раптоўна сцягнуў палатніну, I дзяўчына ўбачыла вялікі шкляны слоік з вадкасцю.

У вадкасці плавала... галава Марусі – той, якая калісьці прыходзіла да дэсантнікаў. Рот у дзяўчыны быў залеплены гіпсам. Сіні твар быў страшны, увесь у падцёках і драпінах. Верхняя губа так распухла, што даходзіла да носа, а дзе знаходзіліся вочы, можна было здагадацца толькі па радочках веек.

Што ты пра яе можаш сказаць? – не даваў апамятацца Меклембург, свідруючы вачамі арыштаваную.– Ты яе ведаеш? Прызнавайся! Будзеш маўчаць, знойдзем банку і на тваю галаву!

Гавары! – падганяў збоку і штурмбанфюрэр.

Ах... Ах...– цяжка дыхала Дануся.

Каты на гэты раз недаацанілі эфекту на слабы арганізм.

Бедыня Дануся не паспела вымавіць і слова, пачаліся рвоты, разабрала млявасць, закружылася галава. Апошняе, што яна чула,– стук уласнага лба аб падлогу; апошняе, што бачыла,– насцярожаныя вочы аўчара над ёю. Потым наступілі змрок і цішыня.

Апрытомнела ўжо ў сваёй камеры.

7

Супакоіўшыся крыху, узяў я бясцэнную скрыначку і пакрочыў у цётчын дом. «Трэба недзе прыстроіць старую!» – падумаў я і пачаў успамінаць тутэйшых знаёмых партызан. Былы прадстаўнік злучэння, які некалі раздаваў на аэрадроме брызентавыя цюкі, Шымкас, цяпер – важная фігура ў Савеце Міністраў Літвы. Памятае мяне? Успомніць! Літоўцы – народ дружны, дапаможа ўладкаваць старую...

Я адчыніў дзверы ў тую хвіліну, калі цётка Антося ўжо канчала раздаваць катам маю каўбасу. Старая была так занятая справай, што, не заўважаючы мяне, прасіла:

Ешце, прэндзэй, дзеткі, пакуль ён не прыйшоў!

Мне стала ясна, што ёй ужо нічым не дапаможаш.

Скажыце, а больш ніхто не чытаў гэтых пісем?

Жанчына аж здрыганулася ўся.

Ах, бо-о... то ці я дала б?

I ніхто не прыходзіў па гэтыя паперы?

Былі калісьці паны ў капелюшах... Надта хацелі пачытаць, прапанавалі і грошы, але ж ці я ім дам?.. Не малая, ведаю, каму гэта...

А каб я да вас не прыйшоў, паперы загінулі б?

Як гэта? – старая не дапускала нават такой думкі.

Цётка Антося,– пачаў я далікатна,– едзем да мяне ў Гродна! Будзеце жыць пры нас... Мая жонка – настаўніца, добрая кабета, яе ўсе хваляць...

У вачах старой з'явіўся такі жах, што я адразу змоўк.

Выходзіў я ад Антосі сам не свой. Раптам штосьці падступіла да горла, і толькі прысутнасць людзей на вуліцы стрымлівала, каб не выбухнуў плачам.

8

Праз увесь Вільнюс, не спяшаючыся, накіраваўся я зноў да генералавага дома. Стараўся не ўспамінаць Дануту. Думаў пра горад.

Штосьці чароўнае ёсць у старажытнай суровасці і прастаце гэтага горада. Колькі праз яго пераваліла народу! Муры дамоў, пабудаваныя з запасам на вечную трываласць, гэтак аблашчылі, здаецца, не дажджы і буры на працягу стагоддзяў, а мільёны вачэй шматлікіх пакаленняў. Як тыя людзі жылі? Калі меркаваць па колькасці цэркваў і касцёлаў, жыхары Вільнюса толькі і рабілі, што маліліся, а вядома, што людзі моляцца не ад добрага жыцця...

Або гэтыя тратуары. Колькі тысяч ног мусіла прайсці па іх, каб сваімі падэшвамі аж выслізгаць у каменных плітах жалабкі?!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю