355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 28)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 36 страниц)

I л ь я ш (вырывае далонь). Як смала прыклеіласа!.. Хто яшчэ?

П а л о с я. Ілья, то ж падумай, сыноў я так гадавала, начэй не дасыпаючы, а яны – пабілі нас з мужыком! Каб так грызлі родныя дзеці, дзе калі хто чуў?

А л ь я ш. Зямлі не апісала ім, таму і грызуцца.

П а л о с я. Так жа мы з бацькам шчэ жывыя! Як памрэм, завалакуць нас у яму, хай тады...

А л ь я ш. Не выкручувайса!.. А дачцы прыданаго не даеш? На голую костку і сабака не брэша!

Л ю д з і (хорам). Вядомо, не брэша!!!

А л ь я ш. Няма чаго тут плакацца, Макаліха, не дуры мне галаву – унь людзей колькі чакае! Ну, цяпер хто?

Натоўп дзівіцца, які Альяш мудры. Паміж пацыентаў хвіліну ідзе зацятая спрэчка за чаргу.

С л я п ы. Язэп-грэшны! Невідомы я! (Кладзе галаву прароку на жывот.) Яві цуд, святы старчэ, вылечы – табе слово такое дано!

А л ь я ш (Хімка падае паднос, прарок плюе ў яго ды макае пальцы, каб лячыць сляпога, але спахопліваецца). Э, у цябе, бачу, усё зарасло, я тут ужо не дапамагу! Замного ты грашыў, Язэпе!

С л я п ы (у жахлівай паніцы). Ілья, пачакай, я ж буду маліцца за цябе, усе ночы на каленях выстаю!

А л ь я ш. Я не Хрыстос. Толькі ён мог і такое вылечваць.

С л я п ы. Ой, людзі, я – бачу!.. Не... (Плача.)

А л ь я ш. Нічого ты ўжэ не ўбачыш, не трэ было грашыць.

Н а т о ў п. Ілью не правядзе-еш!!!

Трымаючы сына за рукі, бацька з маці вядуць юнака. Хлапец упіраецца ды смяецца, бытта яго ззаду казычуць.

М а ц і в а р'я т а. Не брыкайса, Пятрук, дзядзько добры, цукерак дасць!

В а р'я т. А от не пайду-у, ха-ха-ха-ха!..

М а ц і в а р'я т а. Ідзі, ідзі, слухайса гэтаго дзядзьку!..

А л ь я ш (хапае з падноса медны крыж). Ва айца, і сына, і духа святаго, амін! Сатана, зыдзі, дай месца чыстаму духаві! (З сілай апускае плашмя цяжкі крыж на галаву хворага. Вар'ят тузаецца, стары апускае крыж зноў.) Сатана, у яму ідзі, там тваё месцо!

В а р'я т. Ха!.. Ха!.. (Ловіць паветра, бытта кінулі яго ў вар.)

А л ь я ш (людзям). А вы не ў ціятры папрыходзілі на туманныя карцінкі! I не дрыжыце так! Лепш сцісніце моцно рукі і ногі, каб нячысты і ў вас не залез, і дапамагайце! Паўтарайце за мной! Ну, – сатана, выйдзі!

Н а т о ў п (ацапянелымі вуснамі). Выйдзі...

А л ь я ш. Смялей!.. Ну – сатана, выйдзі!

Н а т о ў п (ужо мацней). Сатана, выйдзі!..

В а р'я т (перасохлым горлам). А куд... Куд-дой?!

А л ь я ш (з пагрозай). Якое мне дзело? Кудой зайшоў!

В а р'я т (плаксіва). Не вылезу тудой, дзядзьку!

Н а т о ў п (зларадна). Выйдзі!

В а р'я т. Іэ!.. Іэ!.. Я праз галаву залез!

А л ь я ш (замахваецца крыжам). Цацкацца з табой буду?

В а р'я т (вішчыць). Не-е, дзядзечку, не-е! Я выйшаў ужэ увесь, болей мяне не трэ! (Ужо рахманы піхае галаву ў мацерыну кофту.)

М а ц і в а р'я т а. Ты – цаца, Пятручок, сціхні, родненькі!

Людзі з палёгкай уздыхаюць ды з падзівам глядзяць на прарока.

Г а л а с ы. А дым з вушэй як паваліў у дурного, бачылі? Клубамі! I серай засмярдзело! Шчэ і загрымело штось, заляскатало! I ў маёй галаве звон стаяў! А я нічого не бачыла і не чула! Бо калі сказаў так зрабіць, то я з усяе сілы сціснула рукі і ногі, каб нічого ў мяне не ўлезло, так і прастаяла!

С л я п ы. I на гэты раз сатана яго паслухаў!.. (У роспачы.) Альяш, ты толькі прыбядняешса, што не ўсё можаш! Сілу маеш велькую, памалі-іса за мяне!..

М а ц і в а р'я т а. Ой, дзякуй табе, святы айцец, за выздараўленне сына! Ён жа адзіны ў нас, так было цяжко!..

А л ь я ш. Богаві дзякуй.

М а ц і в а р'я т а. Як табе з мужыком каня пакінем за гэто!..

Вар'ята выводзяць. Да прарока паўзе з сарамлівай усмешкай маладзіца ў расхлыстанай кофце.

А л ь я ш. Ну, а табе чаго?

Т э к л я. Адпусці мне, грэшнуй, віны!.. Закінь слоўцо перад Богам за распусніцу, божы чалавек, пашкадуй!

А л ь я ш (хапае яе за нос і водзіць). Прыперласа, шлюха, хвастом круціць і тут? Марш з маёй цэрквы! Няма табе дарогі да Госпада, праклятая ты ім!

Т э к л я (да распяцця). Госпадзі, не слухай яго!..

А л ь я ш. Ну, пачакай жа, сука!.. (Выбягае.)

Т э к л я (вые на каленях). Я нікуды адгэтуль не пайду-у! Чарвяком буду поўзаць, як сабака рукі-ногі яму лізаць, а за віны ачышчэнне склапачу-у!

X і м к а. Склапочаш, Тэклечка, не адступай, Бог літасцівы!

А л ь я ш (улятае з вяроўкай). Цыцкі свае выставіла і думае – купіла мяне?!. У горадзе цябе саўрацілі?

Т э к л я (бухае на калені). У Гродне! У грэх увялі, бы чатырмя коламі пераехалі!

А л ь я ш. Афіцэры?

Т э к л я. Жорж Дэлясі з Фолюша! (Нагінаецца да ступакоў прарока, водзіць галавой.) На-бі мя-не, свя-ты стар-ча, як пар-шы-ву са-ба-ку! На-бі, мне ляг-чэй бу-дзе!

А л ь я ш (не сваім голасам). І раздзявацца прымушалі, на стол танцаваць паднімалі?

Т э к л я. Было-о!

Н а т о ў п. Ах-х!..

А л ь я ш (з нездаровай цікаўнасцю). Пакажы пароду зара, як гэто было!

Уносяць стол, засцілаюць сурвэтай. Тэкля ўзбіраецца на яго.

А л ь я ш. Ну, ну, шлюха, паказвай! (Бярэ вяроўку ямчэй.)

Т э к л я. Грошы во сюды, на сурвэту клалі, а я во так па іх хадзіла, скідвала і гэтак танцавала... (Паказвае.) Жорж грошы сабе забіраў. (Зыркае з-пад ілба на прарока.)

А л ь я ш. Аднак – грашыла з ім?

Т э к л я (падае на стол, закрывае вочы, з надрывам). Ой, грашы-ыла!.. Ну, лупі, чаго стаіш?! Толькі не шкадуй, з усяе моцы, як гето ты ўме-еш, каб балело!

А л ь я ш (са свістам апускае на плечы маладзіцы лейцы). Гах!

Т э к л я (нецерпяліва, адымаючы ад вачэй рукі). Не чуго, мацней! (Са страшным крыкам.) Хлопчык у мяне нарадзіўсо!

А л ь я ш (лупцуе). Гах-х!

Т э к л я. Ох, запякло, запякло! (Зларадна.) Ох, так табе, нягодніца, і трэ!.. Здаровенькі малы!..

А л ь я ш. Га-ах!.. (Лупцуе раз за разам.)

X і м к а. Ну і разышоўсо наш гаспадар! Калі я расказала пра свой грэх, Альяш і мяне бэсціў! Ой жа і бэсціў, хай Бог крые-ратуе! Затое пасля так мне стало до-обро!

Н ю р к а. А я прасіла, каб пабіў за блуд! То як пачаў мяне свянціць (з вясёлым захапленнем) – аж пераняло і зайшласа слязамі! Адразу забыла пра мінулае, толькі пісягі доўго залечувала!..

X і м к а (слухае). Маладая, слёз много! Гето добро, калі выцячэ з цябе ўвесь урэдны сок, хай выплачацца, Нюрка!

Т э к л я. Жорж малое ў мяна забраў! О, забалело, забалело!.. У Нёмане ўтапіў, бы кацяня!

А л ь я ш. Га-ах!

Т э к л я. Ох, дальбух, вартая, добро мне так!.. (Прарок вяроўку кідае.) Прыйшоў вучастковы, пытае – твой? Я ад роднаго дзіцяці адракласа! Ну, лупі, каб я выянчыла сваё гора! Бі мяне, святы айцец! (Стукае то ілбом, то кулаком у стол, плача.) І ты не жадаеш пэцкаць аб мяне рукі, гы-гы-гы!

Нікім не заўважапыя з'яўляюцца два манахі. Яны паблажліва азіраюць натоўп, мераюць храм, мяркуюць.

Т э к л я. Ратуй мяне малітвай! Ты слово ведаеш, табе яно богам дано! О, недарэзаная я ракіта, вішня з падсечанымі карэнцамі, як цяпер мне жы-ыць! (З плачам валіцца на падлогу.)

А л ь я ш. Сука, дзіця загубіла? Закінуць табе на шыю пастронак – і то мало! (Штурхае яе нагой.) Цэлую ноч будзеш маліцца на маіх вачах, а жыці будзеш на кухні ў мяне ля цабэрка!..

Т э к л я. Хоць – у сабачай будзе!..

Манах першы (да прарока). Фіні ля комэді! Клімовіч, рашэннем гродзенскай кансісторыі ў царкве адкрываецца манастыр! Архірэй вызначыў мяне за начальніка! (Мёртвая цішыня.) Цябе, Клімовіч, пастрыгаем у манахі! Прымерай падраснік, бо праз тры дні пастрыжэнне! (Падае скрутак вопраткі.) Сам уладыка для гэтаго прыедзе! (Людзям.) А вы – прачніцеся, хопіць тут забабоны разводзіць! (Верціць пальцам каля скроні.)

Народ ацапянела маўчыць. Бы не сваімі рукамі прарок спрабуе напяліць падраснік і клабук. Манахі па-ранейшаму бесцырымонна азіраюць куткі царквы.

Манах першы. Тут паставім металёвыя скарбонкі на грошы! Сюды пасадзім паслужнікаў свечкі прадаваць!.. (Альяшу паказвае самую маленькую горбачку грошай.) Адгэтуль зможаш, Клімовіч, браць сабе на расходы!

М а н а х д р у г і. Трэ перапісаць усе падарункі, якімі цвінтар завалены: зерне, кароў, курэй, сыры, дываны і сёння ж фурманкай адправіць у кансісторыю, брат Серафім! (Бачыць, што ў прарока нічога не выходзіць з адзяваннем.) Не туды грэбзы свае садзіш, недалэнга!.. (Дапамагае.) А смярдзіць!.. (Моршчыць нос.)

Г а л а с ы. Вось і скончыласа наша радасць! Ого, паны з папамі дазволяць табе пацешыцца!

Манах першы (ногцем спрабуе іканастас). Шашаль паеў! Новы з Гродна прывязём! I клірасы перафарбуем!.. (Моршчыцца.) Безгустоўнасць!..

Т э к л я. Альяшку ты наш лю-убы, галубок ненагля-адны, чаму ж ты паддаешса іхняй ула-адзе?! Якую на цябе чорную адзяжыну архірэі напя-алілі, бы таму Самсону ручанькі-ножанькі павяза-алі!

Як па камандзе, бабы пачынаюць выць і скрозь енк чуваць голас маладзіцы.

А л ь я ш (бытта прасыпаецца). Што, апранулі, падлы, мяне ў лахманы і думаюць – купілі? У сваёй царкве я ўжэ не гаспадар? (Манаху.) Іканастас табе, шмэндрык, не падабаецца? А ты ведаеш, гіцлю, што я ўсю бульбу з хаты павазіў на яго ў Гродно?! Дзе вы былі, калі я ўсё гэто сваім гарбом будаваў? У Гродне чаі з коржыкамі распівалі! (Зрывае вопратку з сябе.) Бярэце гэтыя лахманы ды перадайце свайму архірэю, што мяне сам Іаан Кранштацкі вучыў, як не паддавацца вам!

Н а т о ў п. Прагані іх! (Абкружаныя варожасцю манахі бездапаможна топчуцца.)

А л ь я ш. Я ж вас зара!.. (Шукае вяроўку.) П'янкі, гіцлі, блуд тут хочаце развесці, як у Гродне? (Лупцуе манахаў.) Са сваім архірэем прадалі веру і мяне падбіваеце? Скажыце пузатаму ўладыку – няма тут дурняў, забабонам яго патураць не буду!

Манах першы (пакорна). Скажам, дзядзьку Альяш...

А л ь я ш. I лахманы гэтыя валачэце!

Манах другі (ловіць адзенне). Аддамо, пане Клі-мовіч!..

А л ь я ш (лупцуе іх вяроўкай). Вон, гунцвоты! Цуцыкі архірэявыя! Зляцеліса сюды, як вераб'і на свежыя конскія яблыкі!.. Вон!

Народ выштурхвае прадстаўнікоў манастыра, з захапленнем узіраецца на прарока.

А л ь я ш. Адныне аб'яўляю новую веру – ільінцаў! О на чым яна будзе трымацца! Для кантакту чалавечай душы з Госпадам мітрапаліты, архірэі і папы – лішнія дармаеды! (Народ падтаквае, Альяш распаляецца.) У Бібліі гаворыцца аб стварэнні Богам чэлавека па вобразу і падобію свайму! Гасподзь змяшчаецца ў кожным чалавеку, таму нам не трэ пасрэднікаў! Мужыкі і самі могуць сабе даць рады ў храме!

Н а т о ў п. Могуць!!!

А л ь я ш. Кансісторыяў ды прыходаў не ведалі за Ісусам Хрыстом, дармаеды потым узлезлі народу на шыі! Мужыкі бедныя? Затое праведныя, бо не жывуць чужым коштам, не ведаюць распусты, таму вышэйшыя над панамі ды бацюшкамі, бо пакланяюцца Госпаду духам, а не багацтвам!

Н а т о ў п. Ой, добра!

А л ь я ш. Каму дзіця хрысціць – прынось! Багач награшыць, добро заплаціць, абедню купіць і – без граха пойдзе чысценькі, а бядак? Спавядаць будзем кагалам, як рабіў Іаан Кранштацкі! Паставім людзей на калені, а Гасподзь разбярэ сам, каму дараваць віны! А то гавары аднаму папу на вухо пра грэх: што, ён – Бог?! Гэтыя кудлы, духоўныя дзікуны, прыдумалі так зумысно, каб грошы ў людзей выдзіраць! За споведзі, мярліны – ніякай платы, хіба сам чалавек пакладзе на храм, – яго дзело!

М а й с а к. Правільно наш прарок прапёр манахаў! Як дом стары патрабуе адновы, так і вера наша за дзве тысячы гадоў састарылася! У цэрквах загняздзіліса клубы змеяў, усю кроў з яе высмакталі! Наш айцец, усемагутны Ілья, з простаго народу! Брацця і сёстры, радуйцеса – наша вера ўваскрасае!

А н т а н ю к. Выкурым ладанам царкву, каб у ёй і духу папоўскага не стало! Віншуем цябе, сястрыца! (Чмоканне пацалункаў.) Хрыстос уваскрэс!

X і м к а. Ваісціну ўваскрэс! Кланяймосо Альяшу!

Людзі выконваюць загад.

М і р а н о с і ц ы (з радасцю спяваюць).

Быў у Кранштаце добры пастыр,

Праўду людзям гаварыў

I на подзвіг твой вялікі

Ён цябе благаславіў!

Ты лішыўсо ўсяго крова,

Цэркву божую-саздаў

І што маеш дарагого

На алтар святы аддаў!

Людзі зблізку і здалёку

К табе йдуць, і йдуць, і йдуць.

Няма таго чалавека,

Які б не быў ужэ тут!

Твая цэрква – незямная,

Ў ёй кіруе херувім,

Твая цэрква – залатая,

Гэта наш – Ерусалім!!!


КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Пад цэрквай самотныя гандляркі вяжуць ля палатак панчохі. Жабрак на прыступках выпрастоўвае каменем мядзяк. За сталом – Альяшоў сінедрыён. Вісяць партрэты прарока з надпісамі: «Айцец Альяш», «Пасланец божы Альяш і яго Ерусалім», «Прарок Ілья». Партрэты ў запусценні, месцамі іх паабрываў вецер, размачыў дождж. Людзі не ў настроі. Сядзяць і тыя самыя [...].

А н т а н ю к. Паўпуда царскаго золата ўкрасць! Не трэ было Яноху, Ілья Лаўрэнц'явіч, давяраць такое багацтво!

М а й с а к. I Хрыстос пе прадбачыў, што сярод апосталаў Іюда знойдзецца! Гіцлю Яноху – анафема!

X і м к а. Каб ён у сваім доме, на падворку і ў полі быў пракляты! Каб у яго ад макаўкі да пят ні адной здаровай костачкі не стало! Каб яго вымазалі з кніжкі жывата і ён зажыў з чарвякамі!

X о р а м. Анафема! (Цяжка ўздыхаюць.)

А н т а н ю к. Перастаў да нас народ ісці, усё пайшло сікось-накось! У горадзе чуў– пад Кракавам мужыкі баставалі і паліцыя іх расстраляла зноў з кулямётаў. У Гішпаніі брат ваюе з братам – рэкі крыві пацяклі! Немец туды сваіх салдат папёр, самалёты, а Саветы —танкі! На Усходзе японецу Кітай лезе! У газетах здымкі – шабля ў японца, бы цясак, ля ног галовы навалак – бы качаны капусты. Бо няма такого Саламона, каб сказаў народу – людзі, якого ражна хочаце?

X і м к а. Жах! Калісь Майсею Гасподзь даў дзесяць запавядзей, і з таго часу хоць бы на адну паменшало? Той самы разбой, войны, п'янкі, ашуканство, грахі ды распуста! А камуністам ужэ мало запавядзей!

А л ь я ш. Зноў настае Садом і Гамора ды канец свету!

М а й с а к. А папы разводы ўжэ пачалі раздаваць за грошы! Бацюшкі залатыя зубы паўстаўлялі! Грамаадводы проці неба ўкапалі, радзівы пакуплялі і слухаюць тое, што адно Госпаду дазволено!

X і м к а. Знойдуцца рызыканты – паспрабуюць гаварыць шчэ з небам, думаеш – не?

А л ь я ш. Кара страшная чакае людзей за гардыню. У святым пісанні так і сказано: перад канцом свету брат пойдзе на брата, дачка – проці маці, і тады жоўтая чума свет залье, зямля разверзнецца, а на тым месцы застануцца чорная ноч і сем слупоў дыму!

М а й с а к. У календары пісано пра зацьменне месяца і я сабе падумаў – дай праверу. Прыйшоў вызначаны дзень – точно! Ведалі, што і ў святое пісанне ўпісаць!

X і м к а. Пятрук, як ты можаш спакойна гаварыць пра гэто – канец жа свету ідзе! Белыя пальчаткі папоўны панадзявалі, капялюшы і так пруццо да цэрквы! Дзеўкі ды маладзіцы ліфчыкі панашывалі! У гарадах замест дзяцей багачкі сабачак заводзяць і цванцыкуюць з імі па тратуарах! Іншая адкрыто жыве з палюбоўнікам, а мужык маўчыць! У горадзе ніхто не паважае бабу без каханка!

М а й с а к. Паступово, памаленьку і агорне людзей бяда, факт!

X і м к а. А не шкада табе? Карова здохне і то жаласць бярэ, а тут – свет ідзе прахам!

А н т а н ю к. I звяры выміраюць! Шчэ з бежанства вярнуліса– ласі бегалі, а зара і зайца дзецям не пакажаш! А дрэвы цяпер якія? Рэчкі высыхаюць, то і лясы гінуць! А маладыя якія цяпер? Нос усюды сунуць, рагочуць – бо чортавай пячаткай кляймёныя!

А л ь я ш. Канец усяму ідзе. Я меў відзенне. Ноччу бачу: выскачыў на белым кані архангел Гаўрыіл, затрубіў, небо адразу і распаўзлосо, а людзі, хаты, каровы – зніклі. Застаўсо толькі Вершалін – горад такі, пабудаваны мной на пагорку пад Лешчыной.

Цяжкое маўчанне. Чуваць шахматыстаў.

С т а н к е в і ч. От напалохаў! А гэто – што? (Совае фігуру)

Б а н а д ы к. Ха!.. Хоць ты шышка важная – царкоўны стораж, а мы твайму слану – сякір-башка!.. Ага, язык у цябе адразу дратвай перавязалі? Пагарэў, бы Заблоцкі на мыле!

X і м к а. Ілья, ратуй нас! Ты і відзенне ўжэ меў! Думаеш, Бог зра намякаў? Дальбо, настаў момант, каб ты зноў сваю моц праявіў! Пра цябе ж айцец Рэгіс Мікалай Біблію друкуе, усе моляцца на твае іконы, а па вёсках імя тваё гэтак славяць!

Г а л а с ы. Даўно чакаем святы знак!

А л ь я ш (уздыхае). Сам чую гэто. Намякало даўно... Цяпер, калі людзі сталі рэдко сюды прыходзіць, пачало намякаць часто.

X і м к а. То чаго марудзіш, покуль д'ябельская сіла пачне намі правіць? Толькі страшнае знаменне пакажы!

А л ь я ш. Найперш трэ радзіць Хрыста. Мусім знайсці дзеўчыну на мацер божую...

X і м к а. А – Нюрка з Забагоннікаў, дзеўка – бы ружа!

А л ь я ш. I трэ знайсці мужыка, ад каго яна панясе. (Думае, уздыхае.) Для гэтаго я – застары ўжэ.

Г а л а с ы. Не-е, шчэ не стары-ы, змо-ожаш і гэта... Паспрабуй і пабачыш, што змо-ожаш!..


КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Злева – домік Альяша, справа – Хімчын. Далей – царква са званіцай. Вакол домікаў бушуюць бабы. Хімка рыхтуе маці божую да святога зачацця. Стыне ў балейцы вада. На лаве – Нюрчына вопратка. Божая маці нацягвае гарадскі ліфчык, шаўковую кашулю з мярэжкамі. Кашулька ўвыдатняе поўныя, бы палавінкі футбольнага мяча, грудзі, такія ж габарытныя бёдры ды крутыя плечы.

Б а б ы (пяюць «Вершалінскі гімн»).

Наша цэрква – незямная!

Тут ўпраўляе херувім!

Гэта цэрква – залатая!

Гэта наш – Ерусалім!..

Г а л а с ы. То дзе яны там, чаму не ідуць, хопіць прыхарашувацца! Няхай, няхай! Прыйшлі, то пачакаем!

Н ю р к а. Слізкая, як вужака! А халодная, бы бляшаная! (З трывожнай радасцю.) Як дурныя жанкі паноў такую бялізну носяць?!

X і м к а. I я лічу – самая лепшая льняная: у гарачыню не парыць, зімой лепш грэе. Але ніц не зробіш, цяпер мода на шоўк! (Падае сукенку з малінавага аксаміту.) Нацягвай!.. (З-за Нюрчынага жывата ў сукенцы перад карацейшы, жанчына хвіліну мяркуе: счапіць на жывую нітку і падкараціць зад, адрэзаць лішняе?) Ат, не будзем псаваць, Нюрка, файны матарыял!

Н ю р к а. Такого нават і ў паноў не бачыла!

X і м к а. Дарагі! Калі будзеш, Нюрачка, ісці, то не надто напінайса, тады краі вісецімуць роўно!

Н ю р к а. Каб не забыць адно!

X і м к а. Толькі той бяды, як і забудзеш!

Н ю р к а. Ой, выпало чысто з галавы, што ў мяне там! (Вымае з пліты шчыпцы, слінявіць палец і правярае гарачыню жалеза. Падвівае перад люстэркам валасы і суне прыладу ў агонь назад.) Стынуць падто хутко. Перад адыходам шчэ папраўлю! (Спрабуе нацягнуць панчохі на тоўстую лытку.)

X і м к а. Абыдзешса без панчох, цалейшыя будуць!

Н ю р к а. Летам пават і паненкі так ходзяць па гарадах, сама ў Гродне бачыла, калі з татам бульбу вазілі!

X і м к а. Толькі ног не мачы, бо набрыняюць і туфель не нацягнеш. Вытры насухо, калі ўжэ ўсадзіла, на! (Кідае анучу.)

Н ю р к а (не слухае). Цётко, а ён, кажуць, надто велькі, праўда?.. Каб не задушыў шчэ, чаго добраго, мяне!..

X і м к а. Мой быў таксамо мажны мужчына, царство яму нябеснае. (Хрысціцца.) I мне здалосо – такі здаравяка ўзлезе на цябе ў ложку ды яшчэ задушыць. Ажно ён надто лёгкі аказаўсо, ой, лёгкі, бы хлопчык!

Н ю р к а (праз хвіліну). Гадко ўсё гэто, праўда?

X і м к а. Мо першы раз толькі. А потым, бывало, пасля работы дзеці ноччу пазасынаюць, надыдзе той час, і ўжэ не можаш аніяк без гэтаго... Ай, то калі мужык з жонкай жывуць, а ў цябе ж – іншае, грэх пра гэто і думаць нам!

Н ю р к а (паслухаўшы, як на двары збягаюцца жанчыны). Уй, што скажуць бабы з Забагоннікаў, калі даведаюццо, што мама скажуць, сёстры што пачнуць гаварыць?!. Я то, дурная, хоць і згадзіласа на гэто, але ж не знаю, не ведаю, цётачку, што шчэ будзе!

X і м к а. Маліцімосо за цябе, от што! Жартанькі, столькі дасі людзям, – боскае дзіця прывядзеш! Пра такое адно ў бібліях ды святых евангеллях пішуць, з паперці бацюшкі расказваюць!

Н ю р к а (уздыхае). Шчэ я так козыткі баюсо – не дакраніса! Як яно ссаці ў мяне будзе?!

X і м к а. Так бывае, калі цябе казыча хто другі. Як сваё дзіця – не пачуеш!

Н ю р к а (недаверліва). Вы думаеце?!

X і м к а. Вядомо! Тваё цело, твая крывінка дзіця – сама ж ты сябе не баішса, казычы, не казычы!

Н ю р к а. Дальбо, мусіць, праўда!.. (З Хімкай апускаюцца на калені, моляцца.)

X і м к а (устае). Амант! То пойдземо! Як ужэ яно будзе, Нюрачко! Чакаюць, мусі, яны з Альяшом нас...

Н ю р к а (у паніцы). О, што ж гэто я нарабіла, дурная, не пайду, цётачку, хібо я здурэла?!

X і м к а. Будзе табе, не маленькая! Вытрыса, на!

Н ю р к а. Я баюсо вельмі! (Уся калоціцца.) Я – грэшніца! Хібо мне радзіць божаго сына?

X і м к а. Бог безупынно ўвасабляецца ў народ, таму і Хрысты, Нюрачко, могуць раджацца ў многіх бабаў!

Нюрка (ад стрэсу зявае). Ы-ы-ыэах!.. Вы так думаеце?

X і м к а. Пра што тут думаць? Паглядзі, колькі Багародзіц ведаем: і Казанская, і Журовіцкая, і Чанстахоўская, і ў яўрэяў, мусіць, свая!.. Шчэ Яшка, бывало, пытаўсо: «Мам, колькі Багародзіц, столькі і Хрыстоў было?»

Н ю р к а. Страшно як!.. Ай, куды мне, цётачку, учыніць такое, грэшнуй?! Ой, цёточко, сутарга рукі-ногі зводзіць, баюсо!.. Што мне рабі-іць, мамо-о, падскажэце?!.

У істэрыцы падае на падлогу. Хімка б'е яе па твары і вядзе на двор. Натоўп бабаў неахвотна расступаецца. Зайздросныя жанчыны бесцырымонна разглядаюць яе, каб да чаго-небудзь прычапіцца. Нюрка ідзе, бы па дроце.

Г а л а с ы. Замаладая! Дзева Марыя павінна быць файная баба ды высокая, а гэта– як пянёк! – У самы раз. Дваццаць тры ёй! – Кажуць, ніхто не згаджаўсо! – Было ахвотніц шмат, Альяшоў крыж на гэту паказваў! – Адзначана святым духам! I пасціласа, і моліцца, як трэ, яе бацькі таксамо бедныя! – Гляньце, сукенка тапыршчыцца! Шчэ і ніткі тырчаць якіясь!.. – I лякеркі абула, бы на вялікдзень! – Не чапляймосо, бабы, ёй і так страшно, спатнела ўся, бач! – Каб толькі ўсё добро было! – Паслухае нас Гасподзь! Аднаго Альяша слово што значыць! – Грэх языкі распускаць! Не кудзелю папрыходзілі прасці! – Дзе той хлопец, чаму не ідзе ўжэ! – Унь, а малыя, а малыя, – як плот абляпілі! Шчэ і на ліпу ўзлезлі! Дзеці, марш дахаты! Ну, што сказано? – Ага, так яны цябе і паслухаліса – не тыя цяпер дзеці! Сабак каб нацкаваў, хібо!..

Хімка з Нюркай знікаюць у доміку. З'яўляецца прарок з божым жаніхом. Апонші – з кепкай набакір і цыгарэтай, якую перакатвае паміж вуснаў. Ён дзёрзка азірае бабаў. Жанчын раптам бытта падмяніў хто. Прысмірнелыя, глядзяць з захапленнем і звычайнай бабскай цікаўнасцю.

Г а л а с ы. Вядуць! – Гэ-эны, дачака-аліса! – Мой мужык шчэ ўчора паказваў мне на вёсцы, я пазнаю! – Бач, і папяроску курыць! – Казалі ўсе, што файны, аж ён такі і е! – Ах, як валасы кучаравяцца! – А стройны – бы таполь! – I дужы надто, кажуць! Мажны мужчына! – А вачыма, а вачыма – так і стрыжэ!

Альяш вядзе малойца па калідоры, утвораным бабамі. Са звар'яцелымі вачыма ад прыступу ўзбуджанасці некалькі бабак рынуліся да божага жаніха, пачынаюць хапаць яго.

Г а л а с ы. Ой, пусціце мяне гэтыя святыя ножанькі пацалаваць! Дайце мне святыя ру-учанькі!..

Божы жаніх (выплёўваючы цыгарку і з усмешкай, бытта ад козыткі). На, дурная, патрымайса, думаеш, пашкадую такой крале?!

Жанчыны змаўкаюць. Альяш з хлапцом заходзяць у дом, куды зайшла божая нявеста. Станкевіч-званар наматаў вяроўкі на руку, чакае сігналу. Напруджаная цішыня.

П і л і п і х а. З Госпадам яны там якраз дамаўляюццо!

Выходзіць Альяш з Хімкай, спыняюцца на ганку. Хімка трымае запаленую свечку. На твары старога – усмешка дабрадзея.

А л ь я ш. Браты і сёстры! То пастаньмо на калені, памолімсо Богаві, хай Гасподзь праявіць міласць і сатварыць сваё таінство!

Усе бухаюць каленьмі ў пясок, шэпчуць малітвы. Затым цягнуць да неба рукі, лямантуюць.

Г а л а с ы. Ісусе Хрысце, сыдзі ў Нюрку Сабэсючку! – Спашлі сваё знаменне, выслухай лішне смелыя малітвы сірот сваіх, унемлі просьбам нашым, Госпадзі! – Дай сілу Адама, спашлі яму цярпенне, каб ён мог зрабіць сваё, Госпадзі! – Усемагутны пане неба, які ўтварыў цуд і даў магчымасць нарадзіць дзіця Саары, калі ёй было сто гадоў, уваж і нашы малітвы, пашлі цуд на зямлю шчэ раз! – Дай ім лёгкае зачацце, госпадзі, явісь благадаць божая! – Блаславі святое чэрава, у якім будзе другі сын твой расці!

X і м к а. Блаславі і сасцы дараженькія, што стануць яго карміці! Блаславі і вусны анёльскія, вочы серафімскія, што яго песціць будуць! Блаславі і рукі, якія насіць яго будуць! Блаславі голас яе чысты, што лашчыць дзіця стане! Блаславі рабыню божую Нюрку Сабасючку з Забагоннікаў– новую мацер божую!

Людзей разбірае дрыготка. Яны агорнуты гэткай жа ўзнёслай радасцю ды адчуваюць сябе часткай маці-прыроды, бы далёкія нашыя продкі ў «ночы кахання» на Купалу.

Жаночы віск(зхаціны). А-а!..

З грудзей у баб вырываецца ўздых палёгкі. Б'е звон.

Б а б ы (крычаць яму ўрытм). Госпадзі, дзякуй табе, што нас уважыў!

Бом!

Хвала табе, Госпадзі!

Бом!..

Звон змаўкае. Альяш узнімаецца з кален, ідзе ў домік, за ім, прыкрываючы ад ветру свечку, тэпае Хімка. Бабы шчыльным натоўпам ціснуцца да ганка, на тварах – цікаўнасць і бессаромныя ўхмылкі.

Б а н а д ы к. Ото ж смеху будзе, калі Нюрка дзеўку родзіць, куды Альяш яе дзене? Пагарыць, бы Заблоцкі на мыле!

Станкевіч. Ужэ не раз гарэў – жывучы, зараза!

Б а н а д ы к (рагоча). А то шчэ тройню родзіць!

Станкевіч. Жарты – жарабец такі!..

Б а н а д ы к. Ну, родзіцца малое і які ж з яго Хрыстос, з малого?

Станкевіч. Стары дурань сам не разумее, куды яго заносіць, хочаш зразумець ты? Пайшлі іграць!... (Абодва знікаюць.)

Жонка Антанюка. Куды маладыя падзяваліса?!

П а л о с я. Канчалі б мілавацца, выходзілі б!

П і л і п і х а. Не для распусты пайшлі якой!..

М а й с а к. Ха, іншым толькі дай волю!..

У дзвярах – хлапец без шапкі.

М а й с а к. О, жаніх паказаўсо, глядзіце!

Ж о н к а А н т а н ю к а. Чаму адзін?! Трэ і яе вывесці!

А л ь я ш. Нюрка хай ачуняе. А вы, брацця і сёстры, цяпер слухайце, што вам скажу. Аб'яўляю вам найдрошчую ва ўсім свеце весць! Бо дрошчай весці за гэту быць не можа! Аб'яўляю ўсімі народам другое прышэсце Госпада і канец свету! (Бярэ тоўсты фаліянт, водзіць пальцам па пергаменце, чытае.) «..Калі паўстане царство на царство, настануць глады і землетрасенні! Палі і лясы ўсцелюць трупы, збяруцца арлы і глытаць іх стануць! Звёзды з небі спадуць, сілы нябесныя пакалеблюцца, зямля расколецца, як арбуз, дымы і агні з яе паваляць, а ўсё жывое праваліцца ў агонь, згарыць! (Жах. Енк. Крык. Плач. Завыванні.) Але раней на ўзгорку пад Ляшчыной я пабудую горад Вершалін. Хто верыць у мяне, пасля туды пераселіцца, бо гасподзь бог Вершалін не кране, а заменіць яго ў рай! I будзем, брацця і сёстры, жыць у Вершалінскім раі ва векі вякоў, амін!

Н а т о ў п (хорам). Амін!

Г а л а с ы (скрозь плач і завыванні). Ратуй нас, Ілья! – Вядзі ў зямлю абетаваную! – Бяры нашыя душы, бяры сэрцы, грошы бяры, кароў і коней ды гаспадаркі забірай, адно ратуй нас, Альяш! – Не аддавай нас арлам! Не хачу ў аго-онь!!!

ЧАСТКА ДРУГАЯ


КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Хата Альяша. Стол, пад лавай кошык з бульбай. На сцяне рэшаты, хамут, збруя. Над сталом іконы, каляровыя партрэты «Айца Альяша», лампады. У кутку – жабрак з Хімкай – поўныя набожнай пашаны да свайго ідала. Прарок з пугай за халявай кленчыць перад іконамі. Ля стала пісар з тоўстым блакнотам збіраецца абмакнуць пяро ў чарнільніцу. Ля ног прарока – конская торба, з якой вылазяць камы грошай.

А л ь я ш (б'е паклоны). Ангел божы, храніцель святы, жывот мой саблюдзі ва страсе Хрыста, разум зацвярдзі ва ісціным пуці...

П і с а р. Айцу Мікалаю Рагісу для новай Бібліі пра вас патрэбно слово ваша! Усё абяцаеце, а не кажаце яго! Бо хоць і канец свету настае, але ж Біблія і тады, мусіць, патребна будзе!...

А л ь я ш. Шчэ і ты са сваім!.. Біблія, вядомо, патрэбна, заўша. Ладно, пытайса, пра што хочаш ведаць.

П і с а р. Хто, па-вашаму, дастойны ў Бога?

А л ь я ш (шкрэбае пад пахай). Ва сне ікона мне казала: той дастойны Усявышняго, хто зніме шапку перад крыжам.

П і с а р. Так і пісаць? (Макае пяро.) А яшчэ – на пропаведзях вы гаворыце заўша, што пасля смерці людзі ў сабак пераходзяць. Як гэто разумець?

А л ь я ш. Не датумкаеш? Шчэ і вучаны! Што такое, па-твойму, сабака? Цело чалавека пасля канчыны ў магіле на пыл рассыпаецца, вадой сцякае, а душа на сёмым небе чакае страшнаго суда. Гэто ў такіх, бы мы з табой, у каго іскра божая. А грэшнікі – тыя без іскры, таму бобікамі робяцца. Потым лётаюць па вёсцы ды золато за хлявамі збіраюць, покуль да пекла! (Пісар з недаверам ківае галавой.) А як ты хочаш? За добро было б ім інакш!.. А машкары, гусеніц розных, лярваў чаму так развялосо? Таксамо з-за грахоў! Сяджу раз пад хатай на прызьбе, а Гасподзь мне шэпча: «Альяш, хай людзі сэрцы свае аслабаняць ад грахоў, то свет ад паскудства я ачышчу!»

X і м к а. Не любіць Альяш гаварыць, надто не любіць. Калі ж пачне – бы вузялкі вяжа!

Ж а б р а к. I міністар другі такое не прыдумаў бы!

А л ь я ш. Ат, вазіса тут з вамі! Трэ Вершалін канчаць, – канец усяму хутко і тады ўсе з мёртвых паўстануць страшнаго суда чакаць!.. (Збіраецца ісці.)

Уваходзіць Данілюк.

Д а н і л ю к. Пачакай, Ілья! Рабіць штось трэбо з (паказвае на пісара) яго Рэгісам! Айцец Мікалай так напіваецца, што без нагавіц па вуліцы лётае!

А л ь я ш. Бо ён – бас, а такія мусяць піць! Думаеш, адкуль голас бярэцца? Ад гарэлкі. Усе басы п'юць! Ат, мало нам тут засталосо, на тым свеце рассудзяць нас усіх!..

П і л і п і х а (улятае). Ілья, ты тут таўчэшса, а там унь – Хрыстос ходзіць па полі! Пастухі бачылі, як раненько апускаўсо па воздусі з хмары на зямлю! Дарожкай сабе гэтак ідзе ды жытам кланяецца, птушачак бласлаўляе!..

Д а н і л ю к. Цьфу, дурная баба – ёй толькі адны забабоны! Гэта – Іван Мурашка з Валыні.

А л ь я ш. Чаго той мурашцы тут трэ?

Д а н і л ю к. Адзінаверцаў пад Сарнамі сабраў ён шчэ больш, чым ты! Ды абшчына яго ўзняла бунт і распаласа, а самому прароку бабы морду расцарапалі – у струпах увесь. Іван ходзіць па тваім Вершаліне, на ветракі дзівіцца, у ставы тычку садзіць, глыбіню вымярае.

П і л і п і х а. Зайздросцяць цяпер табе яны, Альяш!.. Бо надто ж ладныя дамы атрымаліса, з ганачкамі, у ставах чырвоная дахоўка файно так глядзіцца – вачэй не адарваць!..

А л ь я ш. Буду яднацца з хахлом – от шчэ!.. Усе выйшлі на работу з раніцы?

Д а н і л ю к. Каменшчыкаў з Крэва – трыццаць шэсць. Пільшчыкаў з Ліды – восемдзесят чатыры. Шаснаццаць сталяроў і цесляроў з-пад Слоніма. Дваццаць два бляхары і восем шкляроў з Беластоку.

А л ь я ш (паказвае торбу). У Крынках палічу грошы і ў Гродна скокну. У заапарку куплю лебедзяў, а тады ў Бярозаўцы – каляровае шкло на ганкі". Да канца свету пяць тыдняў, зашкліць паспеем.

П і л і п і х а. I станем мы жыць у Вершаліне, бы птушкі нябесныя, што не сеюць, не жнуць, а ўсё маюць!..

Ж а б р а к (не адводзіць вачэй ад торбы з грашыма). А лічыць возіць іх рэстараншчыку ў Крынкі, сваім не давярае!.. О-о, нашым толькі такое давер – так і аббяруць цябе!

X і м к а. Ілья надто гаспадарлівы!

А л ь я ш (ідзе па хамут, але спахопліваецца). Ха!.. У беластоцкіх шкляроў дзісь палучка!.. Сколькі ім плаціць?.. Трэ падлічыць... Восем чалавек та-ак!.. (Бярэ восем бульбін і выкладвае іх на лаву.) За днёўку кожнаму – два злотых. (Каля кожнай бульбіны кладзе па дзве залатоўкі.) А за тыдзень – па шэсць разоў яшчэ... (Грошы раскладвае, як карты пры раздачы.) Ра-аз, два-а, тры-ы, чаты-ыры, пя-аць, ше-эсць, хопіць!.. (Бульбіны кідае ў кошык, адлічаныя купюры згортвае ў кулак, глядзіць на пісара.) Паслаць цябе, каб ты ім раздаў палучку?.. (Хвіліну думае.) Шчэ ўцячэш з капіталам, бы Янох, я вас ведаю, лепш аддам сам! (Бярэ хамут, збрую і торбу з грашыма.) Ну, так я паехаў!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю