355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 2)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 36 страниц)

Але «Альпійская балада» – усё ж не галоўная кніга Быкава. А «Данута» для Карпюка – галоўная. Такой яе прызналі чытачы. Вось, напрыклад, што напісаў аўтару Міхась Забэйда-Суміцкі, прачытаўшы падараваную яму аповесць: «Вялікую радасць зрабілі Вы мне сваім падарункам: «Данута», ды яшчэ з такім надпісам, якім чалавек можа ганарыцца. Кніжку чытаў, мала сказаць, з зацікаўленнем, – чытаў з захапленнем! У Вільні і сам бываў, і ўсё тое, аб чым Вы пішаце, мне вельмі блізка. I думак, і пачуццяў супольных там знайшоў столькі, што аж здзівіўся. Да Вашае кніжкі яшчэ не раз вярнуся!.. Шчыры Вам за яе дзякуй».

Потым, пасля «Дануты» было яшчэ многа напісана. Была «Пуш-чанская адысея» (1964). Уладзімір Калеснік,тонкі і сумленны крытык, ставіць яе ў агульны шэраг беларускай рэалістычнай прозы пра вайну, які ён пачынае творамі Кузьмы Чорнага, чыім пераемнікам, поруч з Карпюком, становяцца Васіль Быкаў, Янка Брыль і Алесь Адамовіч.

Гэта справядліва. «Пушчанская адысея» – сумленная кніга, як і ўсё, напісанае Карпюком, таму і робіць яна свой унёсак у «дэміфа-лагізацыю» вайны. Але трэба прызнаць: нягледзячы на дакладнасць назіранпяў, яскравасць вобразаў, у гэтай аповесці Карпюк не дасягае тае філасофскае глыбіні абагульнення, якая характэрная, прыкладам, для ваеннай прозы Быкава ці Брыля. У яго іншы талент. Гэта было відаць ужо ў «Дануце», дзе трагічны сэнс існаваў не таму, што яго выводзілі з прыпавесці (бо што ёсць «Сотнікаў» ці «Memento mori», як не прыпавесці?), а таму што абставіны ператваралі ў трагедыю тое, што спачатку здавалася сацыяльна-побытавай драмай. Маральны і фактычны подзвіг Дануты асабліва ўражваў на асноведзі таго пустога жыцця, якое вяло яе атачэнне ў мірнай буржуазнай Вільні.

Побыт – вось тое, што ўдавалася паказаць Карпюку, можа быць, як нікому з сучаснікаў. Цагляныя сцены гімназіі, нагрэтыя за дзень сонцам, край белай сукенкі гераіні, які быццам выслізгвае з тваіх рук, – гэтыя амаль фізічныя адчуванні няўлоўныя, іх амаль немагчыма перадаць.

І – мова герояў. Карпюк– бясспрэчны майстра моўнай індыві-дуалізацыі. Яго персанажаў пазнаеш па дыялекце. Паляк – нават у беларускай моўнай інтэрпрэтацыі – застаецца ў яго палякам, літовец – літоўцам, беларус – беларусам.

Грымучая сумесь «трасянкі» выбухнула ў ягоным рамане «Вер-шалінскі рай» (1970-1973).

Аляксей Карпюк з дакладнасцю прыгадаў усё, што чуў у маленстве і юнацтве, і прымусіў сваіх герояў размаўляць на той мове, на якой яны толькі і маглі думаць, спрачацца і нават прызнавацца ў каханні.

Хоць у «Вершалінскім раі» месца для кахання не застаецца. Гэтая суворая, недаацэненая крытыкамі кніга – гістарычны раман. Дзеянне яго адбываецца практычна ў той самы час, што і ў «Дануце» – магчыма, трохі раней.

У вёсцы Грыбоўшчына, што паблізу роднага карпюкоўскага Страшава, з'явіўся свой прарок – Ілля, ці, як яго называюць аднавяскоўцы, Гальяш Клімовіч (персанаж, дарэчы, рэальны – Карпюк вывучыў яго гісторыю задоўга да таго, як стаў працаваць дырэктарам Музея атэізму і гісторыі рэлігіі). Прарок абвясціў святароў дармаедамі, якія набіваюцца ў пасярэднікі паміж Богам і вернікамі, і так уразіў народ, што людзі пайшлі ў створаную ім секту «гальяшоўцаў». I верылі Гальяшу – ажно да той пары, пакуль ён не паведаміў дату незабаўнага канца свету.

I ў канец свету паверылі! Пачалі тэрмінова прадаваць хаты, нажыты скарб – з сабою ж на неба ўсё роўна нічога не возьмеш. Але канец свету так і не настаў. I вырашылі вернікі распяць свайго самазванага прарока, якога яшчэ нядаўна багомілі.

Агулам, як сказаў бы адзін сучасны філосаф, «старая праблема – правадыр і натоўп, які позна ці рана выступае супраць свайго правадыра».

Цікава, што першае выданне «Вершалінскага раю» пабачыла свет у 1974 годзе з паказальнай анатацыяй: «Новая аповесць А. Карпюка – мастацка-гістарычнае даследаванне эпідэміі сектанцтва, якая была захліснула Заходнюю Беларусь на пачатку 20-х гадоў». Нават сябра і крытык-добразычлівец Уладзімір Калеснік папракнуў Карпюка: «Патуранне «антыопіумнай» праграме супрацьпаказана мастаку, шкодзіць творчасці чужая стандартная ацэнка, бо замыкае яна творчую фантазію і звужае пісьменніцкую здольнасць ужывацца ў душы і лёсы розных людзей, ставіць сябе на іх месца». Хоць відавочна, што справа зусім не ў сектанцтве і не ў спробе будучага дырэктара Музея атэізму і гісторыі рэлігіі – гэтую пасаду ўрэшце зойме Карпюк і будзе захоплена збіраць экспанаты для свайго музея – развеяць «опіумны дым» рэлігійных перакананняў.

У «Вершалінскім раі» Карпюк па-майстэрску даследуе прыроду таталітарызму. Правадыр-харызматык (а Гальяшу не адмовіш у ха-рызме) умела карыстаецца слабасцямі народа, яго неадукаванасцю, недалёкасцю. Яго асабісты дабрабыт магчымы толькі да тае пары, пакуль людзі не задумваюцца над тым, наколькі горай стала жыць пад «мудрым кіраўніцтвам» правадыра, пакуль не губляюць апошняе. I толькі тады робяцца відушчымі.

Але і відушчыя, яны не прыходзяць да святла. Хутчэй, расчараваныя ва ўчорашнім правадыры, яны помсцяць яму як махляру. Хоць – і гэта Карпюк паказвае па-майстэрску – яны падманваюцца самі, таму што вераць Гальяшу толькі тыя, хто не гатовы паверыць ва ўласныя сілы, хто імкнецца апраўдаць сваю бездапаможнасць і бяздзеянне верай у моцнага і добрага заступніка, у шчасце, якое прыйдзе без працы – само, у якасці ўзнагароды за перажытыя пакуты.

Тэнгіз Абуладзэ яшчэ не зняў сваё славутае «Пакаянне». А ў Аляксея Карпюка старая Піліпіха здае ўчорашняга куміра немцам – маўляў, усыпце яму, антыхрысту. Тыя – чаму не зрабіць прыемнае пажылой фрау? – расстрэльваюць «антыхрыста», толькі россып куляў палохае вераб'ёў і вясковую дзятву.

Варлама ў фільме Абуладзэ выкідвае з магілы ўласны сын – з горыччу, расчараваны, даведаўшыся пра злачынствы бацькі. Гальяша аддае на пагібель тая, што яшчэ ўчора малілася на яго – аддае ў пры-падку раздражнення. Для героя Абуладзэ такое развітанне з мінулым (нават калі яно асацыюецца з яго ўласным бацькам) – крок наперад па дарозе да Храма. Злосць і бяссілле вернікаў становяцца прычынай смерці Гальяша – але яго нядаўнія паслядоўнікі ні на пакаянне, ні на ачышчэнне не здольныя. Цемра моцна трымае іх у сваіх жорсткіх лапах – ды і самі яны зусім не імкнуцца вырвацца з яе да святла, да храма.

Ды і да якога храма? Да таго, што будаваў Гальяш? Хіба ж гэта – Храм?! Хіба здольны чалавек з таталітарным светапоглядам прывесці люд – хай сабе і той, які яму безаглядна верыць, – да Храма?!

Цэнзура адчула сілу карпюкоўскай кнігі з большай дакладнасцю, чым крытыкі. Невыпадкова ніводзін тэатр не прыняў да пастаноўкі п'есу «Канец свету», напісаную аўтарам паводле «Вершалінскага раю».

Хіба толькі ў Польшчы паставілі «Вершалінскі рай» – з купюрамі і не паводле аўтарскай п'есы, а паводле сцэнічнай версіі драматурга Тадэвуша Слабадзянека. У нашым выданні п'еса «Канец свету» дру-куецца ўпершыню.

Прачытаўшы «Вершалінскі рай», пачынаеш разумець: збліжанасць з дысідэнцкім рухам для Карпюка была абсалютна натуральнай. Ён ненавідзеў любы духоўны гвалт, ненавідзеў шчыра.

Гэта не азначае, што пісьменнік жыў, як гаворыцца, «з дуляй у кішэні». Наадварот, да канца перабудовы, да яе ідэалагічнага краху, азначанага штурмам у студзені 1991 года тэлевежы ў Вільні, Аляксей Нічыпаравіч, наколькі можна меркаваць, шчыра верыў у магчымасць пабудовы новай грамадскай фармацыі, якая б грунтавалася на прын-цыпе ўсеагульнай роўнасці. Але ён бачыў, як рэалізуецца гэтая ідэя ў Савецкім Саюзе, як не адпавядае савецкае грамадства дэклараваным высокім ідэалам. І не змагацца з гэтымі «скрыўленнямі», «адхіленнямі ад ідэалаў» Карпюк не мог – папросту таму, што звык абараняць справядлівасць.

Так ён стаў членам невялікага інтэлігенцкага гуртка. У які, апрача яго самога, уваходзілі яшчэ два вядомыя гарадзенцы – Васіль Быкаў і выдатны гісторык, доктар навук Барыс Клейн. Гэтая «гарадзенская тройка» зусім не займалася арганізацыяй антыўрадавых пікетаў і дэманстрацый. Як сведчыць Іна Карпюк, «хто б дазволіў у тыя часы нейкія гурткі? Проста тры мужчыны збіраліся і размаўлялі, без гэтага асоба немагчымая».

Але наўрад ці справа выглядала так проста. Гэтыя «тры мужчыны збіраліся і размаўлялі» ў памежнай Гародні, за трыццаць кіламетраў ад традыцыйна гатовай да бунту Польшчы. У «правільнасці» той мадэлі сацыялізму, якую будавалі тагачасныя «верныя ленінцы», на той час публічна ўсумніліся і ў Будапешце, і ў Празе. Ды і сам па сабе інтэлектуальны патэнцыял гэтых трох людзей, звыклых думаць і аналізаваць рэчаіснасць, быў надзвычай вялікі. Тым больш, што ўсе трое ўмелі пісаць (Барыс Клейн быў аўтарам некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, таленавітым гістарычным публіцыстам), да іх хінулася моладзь.

Карпюк не звык прыхоўваць свае перакананні. Ягоны выступ на V з'ездзе Саюза пісьменнікаў БССР 13 траўня 1966 года быў рэзка крытычным у адносінах не толькі да літаратурных нораваў, але і да многіх рэалій савецкага жыцця, якія ён як сумленны чалавек не мог не крытыкаваць.

«Толькі раўнадушны чалавек, якому не дарагія нашы заваяванні, што дасталіся такім дарагім коштам, можа праходзіць міма адмоўных бакоў нашага жыцця, не ўзнімаць іх у творах.

Ці ж у нашай краіне так усё ўжо гладка?»

Пэўна ж, не ўсё было гладка. I ў сваім выступе з высокай трыбуны з'езда пісьменнік крытыкаваў і кампартыю, і ўсемагутны КДБ, заступаўся за апальнага сябра Быкава, які нядаўна падпаў пад аглабельную партыйную крытыку за аповесць «Мёртвым не баліць»:

«Эх, каб усе артыкулы пра Быкава мелі адно тыя скуткі, што людзі па бібліятэках рынуліся чытаць яшчэ раз нашага і так шырокавядомага і таленавітага гарадзенца. Бяда ў тым, што сігналы зверху, покуль дойдуць да нізу, у нас часамі становяцца вульгаршчынай.

Па гарадзенскіх школах работнікі КДБ адразу пачалі чытаць лекцыі пра пільнасць, црыводзіць прыклады, што побач з Сіняўскім, Даніэлем і наш Быкаў, бачыце, пісаў творы, якія накіраваны на падрыў Савецкай улады і разлагаюць моладзь. Уявіце сабе, як было слухаць такую лекцыю дзецям-школьнікам і яго жонцы-настаўніцы!

На партактыве першы сакратар абкама таварыш Міцкевіч I. Ф. аб'явіў усім, што Быкава ўжо апрацоўваюць італьянскія фашысты, а нейкая фашысцкая газета ўзяла яго на ўзбраенне. Дзіва, і як той Быкаў, халера, пасля ўсяго таго зачасаўся ў прэзідыум V з'езда беларускіх пісьменнікаў і сядзіць побач вунь з першым сакратаром ЦК КПБ т. Машэравым? Глядзіце, ці не з якой мэтай!..»

Такія выступы вымагалі немалой мужнасці. Калі Быкаў, якога своечасова ацаніў лідэр беларускіх камуністаў Пятро Машэраў, меў, да таго ж, магутную падтрымку ў Маскве ў асобе рэдактара часопіса «Новый мир» Аляксандра Твардоўскага (аўтару «Василия Теркина» на той час дазвалялася многае), то Карпюк цалкам знаходзіўся ў руках мясцовай улады. Тым больш нечаканым быў ягоны публічны выступ у падтрымку сябра. У «Литературной газете» нашмат пазней Быкаў напіша: «Думаў, ніхто не заступіцца. Але заступіўся А. Карпюк».

Аднак не толькі мясцовыя ўлады цікавіліся «негатыўным» уплывам Карпюка. 16 кастрычніка 1992 года, а затым і 16 лютага 1993 года ў газеце «Комсомольская правда» журналіст Дзмітры Бабіч апублікаваў фрагменты дакладных запісак у ЦК КПСС самога Юрыя Андропава – усемагутнага шэфа саюзнага КДБ: «Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых разнастайныя пасквілі ў выглядзе кнігі Аксёнавай-Гінзбург «Круты маршрут» ды іншыя. Адмоўна ўплывае на моладзь. Пад ягоным уплывам студэнт Гарадзенскага педінстытута Малашэнка піша вершы, прасякнутыя песімізмам і ўпадніцтвам, некаторыя з іх утрымлівалі шкодны палітычны сэнс».

Андропаў мог бы многае дадаць да гэтай характарыстыкі. Акурат ён павінен быў добра ведаць, што Карпюк ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, Ленартам Мэры, Віктарам Астаф'евым ды іншымі далёка не добранадзейнымі дзеячамі культуры. Ён актыўна падтрымліваў Ларысу Геніюш, якая пасля вызвалення з лагера жыла ў Зэльве, так і не прыняўшы савецкага грамадзянства. Былі ў кіраўніка абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў і міжнародныя кантакты – з людзьмі, што таксама знаходзіліся пад падазрэннем, з эмігрантамі (прыкладам, са спеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім).

20 красавіка 1972 года бюро Гарадзенскага абкама КПБ выключыла Аляксея Карпюка з партыі. Яшчэ раней – у 1971 годзе – з партыі быў выключаны і Барыс Клейн.

У сваіх успамінах, фрагменты якіх мы публікуем у раздзеле «Да-датак», Барыс Самуілавіч Клейн пераканальна паказвае задушлівую атмасферу правінцыйнага горада, калі ты жывы – але не можаш уладкавацца на працу, і нават сябры твае радзей сустракаюцца з табой. Клейн перадае сваю размову з другім сакратаром абкама кампартыі Рыгорам Фамічовым, які гэтак патлумачыў, чаму абкам не дае апальнаму гісторыку выехаць з Гародні і ўладкавацца на працу ў другім горадзе:

– Не, вы нам патрэбныя тут. Нам трэба, каб, калі вы ідзяце па горадзе, людзі глядзелі на вас і разумелі, што мы можам зрабіць з імі, калі яны будуць паводзіць сябе так, як вы.

Карпюк не захацеў адмовіцца ад сябра, пазбаўленага навуковай ступені і другіх навуковых рэгалій. Прайшоўшы праз жахі канцлагера, ён не мог спалохацца пагрозаў камуністычнага чыноўніка, які з насалодай думаў пра маральныя экзекуцыі, наладжаныя сумленным людзям, уся віна якіх – у іншадумстве. Аляксей Карпюк працягваў сустракацца з апальным гісторыкам і публічна абараняць ягоную рацыю. Тым больш, што кампетэнтныя органы займаліся і ім самім.

Карпюка таксама пазбавілі працы. Вось як прыгадвае тыя часы яго жонка, Іна Анатолеўна:

Як мы выжылі фізічна і матэрыяльна, цяжка зразумець. Білі па самых балючых вітальных «кропках».

Іна Карпюк мае на ўвазе элементарнае: пасля таго, як галава сям'і пазбавіўся працы, у сям'і з трыма дзяцьмі настала безграшоўе. Пяць чалавек жылі на яе настаўніцкі заробак:

Я працавала ў школе, дзе мяне ўзнагародзілі 32 гадзінамі тыд-нёвай нагрузкі, што дапамагала неяк выжыць. I гэта быў сапраўдны подзвіг для тых, хто кіраваў школай. Нормай было іншае: «И кто-то камень положил в его протянутую руку...»

У дзвюх школах адначасова працавала і старэйшая дачка – Алена. Дзве жанчыны, жонка і дачка, неслі цяжар адказнасці за сям'ю, – і ад гэтага мужу і бацьку было яшчэ цяжэй. Менавіта тады Аляксей Карпюк і напісаў свой «Вершалінскі рай» – пра утопію, што падманула надзеі даверлівых людзей. Як гаварыў гарадзенскі партыйны чыноўнік Ульяновіч, пісьменнік «ударился в религию». Хоць, як мы ўжо бачылі, чыноўнік памыляўся.

Што ж было нагодай для такой страшнай экзекуцыі над франтавіком і партызанам, вядомым пісьменнікам, ардэнаносцам? Фальсіфікацыя – звычайнае пакаранне, якое ўлада выкарыстоўвае ў барацьбе з іншадумцамі. Супраць Карпюка выкарыстоўвалася скрайне цынічная фальшыўка: яго звінавацілі ў тым, што ён супрацоўнічаў з немцамі ў канцлагеры Штутгаф.

У нарысе «Варашылаўскія стралкі», апублікаваным увосень 1989 года, Карпюк так апісаў калізію: «Падпалкоўнік КДБ Ф. заехаў у Штутгаф і прывёз адтуль фотакопію ведамасці, паводле якой я атрымаў тры разы па дваццаць марак. «Карпюк у лагеры быў на службе!» – зрабіў ён вывад ды пачаў супраць мяне заводзіць крымінальную справу. ...Даведаўшыся пра ўсё, мой даўні сябар, аўтар шматлікіх кніжак Аляксандр Амільяновіч тэрмінова з'ездзіў у той самы Штутгаф, з лагернага музея дабыў тлумачэнне, што грошы атрыманы мной ад бацькі, цераз іншых польскіх пісьменнікаў пераправіў мне яго праз граніцу, і Ф. застаўся з носам. Аднак з партыі мяне з трэскам папёрлі».

Звінавацілі не проста былога вязня канцлагера. Звінавацілі, нагадаем, чалавека, які змог уцячы з яго ў 1943 годзе, працягваў барацьбу ў ім самім арганізаваным партызанскім атрадзе, а потым добраахвотнікам пайшоў на фронт, дзе быў двойчы паранены – апошнім разам цяжка, ля сценаў рэйхстага. Звінавацілі і ў тым, што ён прыхаваў ад партыі сваё сацыяльнае паходжанне: Карпюк нібыта паходзіў з кулацкай сям'і. Як адзначыў сам пісьменнік у лісце на імя Пятра Машэрава, «усё гэта пацвярджалася строгімі праверкамі ў тыя гады, калі правяралі па свежых слядах».

Горка і балюча чытаць гэты і другія лісты Карпюка, напісаныя пасля выключэння з партыі. Жонка пісьменніка, Іна Анатолеўна, характарызуе гэтыя паводзіны словам «замітусіўся». Справа была не ў мітусні, для якой не існавала падстаў: віны за сабою аўтар «Пушчанскай адысеі» не адчуваў ніякай. Але ў яго было трое дзяцей, і выключэнне з партыі – «воўчы білет» у тых умовах – асуджала іх на жабрацкае жыццё.

Больш дакладна ахарактарызаваў сітуацыю вядомы архівіст Віталь Скалабан, які па нашай просьбе вывучаў «справу Карпюка» і звязаныя з ёю дакументы, што зберагаюцца ў фондах былога архіва ЦК КПБ. Па словах Віталя Уладзіміравіча, з дакументаў відно, як улада ламала моцнага і мужнага чалавека, змушаючы яго гуляць па сваіх правілах: партыя не магла «памыляцца», і нават дапамагчы чалавеку маглі толькі ў тым выпадку, калі ён «каяўся» і «прызнаваў свае памылкі». Мы адмовіліся ад ідэі публікацыі лістоў Карпюка ў партыйныя інстанцыі таму, што яны не адлюстроўваюць ягоных сапраўдных думак і перажыванняў, яны – вымушаныя, вымучаныя. Час для навуковай публікацыі такіх дакументаў пакуль не прыйшоў.

А «ненавуковая» публікацыя адбылася ўжо на зыходзе камуністычнага ўсёўладдзя, у сумна вядомым часопісе ЦК КПБ «Политнческий собеседник». Палкоўнік у адстаўцы Якаў Ледзянёў паставіў свой подпіс пад артыкулам, дзе Карпюк звінавачваўся ў двурушніцтве. Пры гэтым аўтар выкарыстаў у сваім «артыкуле» тэксты тых самых змушана пакаянных лістоў Аляксея Нічыпаравіча – як быццам меў копіі дакументаў з партархіваў проста ў сябе дома. Цені «органаў» стаялі за аўтарам гэтага «твора», змест якога пазней быў аспрэчаны судом.

А тады Карпюку ўдалося дастукацца да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Ён прарваўся да Машэрава праз нешматлікую ў параўнанні з нашымі часамі ахову ў перапынку аднаго з урачыстых пасяджэнняў у Оперным тэатры. I дамогся, каб на наступны дзень яго прынялі і выслухалі.

Машэраў, сам партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны, вельмі добра павінен быў уяўляць сабе, што ж адчувае пазбаўлены ўласнага гераічнага мінулага ўдзельнік вайны. Але і фармальны гаспадар Беларусі Машэраў заставаўся палоннікам уласнага статусу і мусіў выконваць пэўныя правілы партыйнага этыкету.

Партыя не магла памыляцца. А значыць, без «пакаяння» «вінава-тага» не магло адбыцца і яго наступнае «дараванне».

Існуе прыгожая легенда. Пасля таго, як «справа Карпюка» была разгледжана на бюро ЦК КПБ, Машэраў, які на ім старшыняваў, паставіў пытанне на галасаванне: пацвердзіць выключэнне Карпюка з партыі, альбо абмежавацца строгай вымовай за «нявартыя камуніста» паводзіны. Галасы падзяліліся: трое за выключэнне, трое – за вымову.

Машэраў, які галасаваў апошнім, нібыта заявіў: першы сакратар ЦК, улічваючы складанасць пытання, не можа фактычна адзін пазбавіць камуніста партбілета, – і далучыўся да тых, хто прагаласаваў за вымову.

Гэта легенда, якой нам не ўдалося знайсці пацверджання. Але партбілет Карпюку вярнулі.

Верагодна, таму, што Машэраў сапраўды заступіўся.

Аналагічную сітуацыю апісаў у сваіх успамінах сябра Карпюка Барыс Клейн. Ён распавёў пра свой візіт да новапрызначанага першага сакратара Гарадзенскага абкама кампартыі Леаніда Кляцкова. Кляцкоў выслухаў Клейна, пазбаўленага навуковай ступені і магчымасці выкладаць, паабяцаў разабрацца і дапамагчы з працай. Пасля чаго дадаў: «Майце на ўвазе, я не з крыважэрных».

Такую фразу не прыдумаеш. Водападзел унутры партыйнай эліты СССР – і БССР у тым ліку – праходзіў менавіта так: крыважэрныя верныя ленінцы, і тыя, хто крыважэрнасцю не адрозніваўся і спадзяваўся, што сацыялізм можа быць гуманным нават у адносінах да сваіх апанентаў.

«Гуманны сацыялізм»! У 1993 годзе часопіс «Нёман» пасмяротна ўжо апублікаваў успаміны Карпюка «Развітанне з ілюзіямі» – горкую і сумленную кнігу, працяг той самай «Маёй Джамалунгмы», пасля якой пачалося цкаванне пісьменніка. Аляксей Нічыпаравіч распавёў ва ўспамінах, як цяжка даваўся яму перагляд уласных – шчырых – пе-ракананняў, як прайшоў ён шлях ад веры ў камуністычныя ідэалы да расчаравання ў іх. Пісьменнік-партызан стаў адным з нямногіх прадстаўнікоў свайго пакалення, хто знайшоў у сабе сілы перагледзець уласнае мінулае і абраць – праўду.

Гэтага яму і не схацела дараваць камуністычная ўлада. Чым болей адчувала яна ў Карпюку разумнага і сумленнага апанента, тым болей цкавала і пераследавала. Як напіша ў лісце да складальніка гэтай кнігі Барыс Клейн, «ёсць дастаткова матэрыялаў для доказу таго, што ў Гародні ў 1971-1972 гадах была рэалізаваная схема дэзарыентацыі грамадства адносна нашай групы. Быкава ўзялі пад пільны кантроль як «ачарніцеля слаўнага мінулага», які паддаўся варожаму ўплыву, Карпюка «выкрылі» як агента гестапа, а мяне залічылі да сіянісцкай агентуры. Гэтая схема спрацавала і ў другі раз, напачатку 1990-х, калі нам давялося распачаць два судовыя працэсы: адзін перад смерцю Карпюк выйграў, другі ж – па нашым з Міхасём Ткачовым зыску – да суду не дапусцілі».

Усе гэтыя фальшывыя, надуманыя, неаднаразова абвергнутыя звінавачванні зноў спатрэбяцца ўжо ў часы перабудовы, калі партыйныя органы зноў захочуць скампраметаваць Карпюка – занадта відавочным быў ягоны аўтарытэт у вачах інтэлігенцыі

Але ж Карпюк шчыра прыняў перабудову і імкнуўся рэальнымі справамі даказаць, што час змяніўся, што «крыважэрныя» больш ніколі не будуць кіраваць ягонай краінай і дыктаваць ягонаму народу, што і як рабіць, думаць, на якой мове размаўляць.

Падчас перабудовы патэнцыял грамадскага дзеяча Карпюка праявіўся цалкам. Аляксей Нічыпаравіч стаяў ля вытокаў усіх знач-ных грамадзянскіх ініцыятываў на Гарадзеншчыне. Ён выступаў за з'яўленне польскіх школаў, развіццё габрэйскай культуры, і натуральна, што галоўным клопатам для яго стала адраджэнне беларускай мовы і культуры.

Дом Карпюка заўсёды быў цэнтрам прыцягнення для інтэліген-цыі – прычым не толькі гарадзенскай. Тут гасцяваў, прыехаўшы на радзіму, Міхась Забэйда-Суміцкі. Праз утульны кабінет Аляксея Нічыпаравіча прайшлі многія значныя беларускія пісьменнікі – Воль-га Іпатава, Данута Бічэль ды іншыя. Прызнаны лідэр гарадзенскіх літаратараў, шматгадовы кіраўнік Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Карпюк па-бацькоўску апекаваўся пачаткоўцамі, стараўся дапамагчы ім. Шчыльна кантактавалі з Карпюком і менскія вучоныя-фізікі, якія пад кіраўніцтвам Юрыя Хадыкі стварылі пры Інстытуце фізікі Акадэміі Навук Беларусі Музей старажытнай беларускай культуры. Працягвалі абмяркоўваць з пісьменнікам самыя актуальныя пытанні старыя сябры-гісторыкі – Барыс Клейн і Міхась Ткачоў.

У які момант Карпюк пачаў пераглядаць свае перакананні – цяжка сказаць. Відавочна, што гэта давалася яму нялёгка. Ён шчыра верыў у магчымасць пабудовы грамадства сацыяльнай справядлівасці, а таму, як і Ткачоў з Клейнам, ішоў ад камуністычнай ідэі да ідэі сацыял-дэмакратычнай. Магчыма, меў месца ўплыў новага генеральнага сакратара ЦК КПСС – Міхаіла Гарбачова, які публічна загаварыў пра «сацыялізм з чалавечым тварам». I Карпюк цяпер абараняў – як яму здавалася, разам з новым кіраўніком краіны – менавіта чалавечнасць, права кожнага заставацца самім сабой.

Але ён апынуўся далёка наперадзе – і новай улады, і новай апазіцыі. Гэты стары чалавек, які шмат перажыў і перадумаў, застаў-ся верным самому сабе ў галоўным: ён змагаўся за справядлівасць! Прынцып справядлівасці здаваўся Карпюку галоўным – вышэйшым за ўсе астатпія.

Пісьменнік і свой гонар пайшоў абараняць у суд, дамагаючыся, каб закон дзейнічаў. Ён зноў і зноў хадзіў на паседжанні, адпрэчваючы ўжо не аднойчы адпрэчаныя сфальсіфікаваныя абвінавачванні на свой адрас, выстаўленыя то ветэранамі савецкіх спецслужбаў, то партыйнымі функцыянерамі. Карпюк ізноў супрацьстаяў уладзе.

I калі ў студзені 1991 года, калі Аляксей Нічыпаравіч выйшаў на мітынг, каб пратэставаць супраць захопу віленскай тэлевежы АМАПам пад кіраўніцтвам будучага намесніка міністра абароны Беларусі Уладзіміра Усхопчыка, супраць гібелі ні ў чым невінаватых людзей, якія абаранялі сваю краіну і сваё права на свабоду слова, ён даказаў, што застаўся самім сабой – тым самым Карпюком, які звык адстойваць праўду.

Сёння аўтару гэтых радкоў сорамна: тады я знаходзіўся з ім па розныя бакі барыкадаў. Я быў карэспандэнтам гарадской партыйнай газеты і напісаў рэпартаж з таго мітынгу. I калі мы сустрэліся праз два тыдні на той самай плошчы, я адчуў на сабе цяжкі і тужлівы погляд Аляксея Нічыпаравіча: ён ведаў, што я – вучань ягонай жонкі. Больш за тое, ён рэкамендаваў мяне яшчэ ў студэнцкія гады на семінар маладых пісьменнікаў (праўда, даведаўся я пра гэта толькі ў 2006 годзе). Але тады, на плошчы, ён не сказаў мне ні слова...

Ён цяжка хварэў у апошнія гады жыцця. Працягваў працаваць, дапісваў успаміны, рабіў нататкі ў запісных кніжках, спадзяваўся, што паспее рэалізаваць свае задумы. У адрозненне ад героя свайго раману «Карані», дзеда Лаўрэна, ён не быў адзінокі – пры ім была яго сям'я, якая любіла яго і імкнулася прыняць на сябе частку ягонага болю, дапамагчы яму. Але дапамагчы было ўжо немагчыма...

Новая ўлада суверэннай Беларусі – і цэнтральная, і мясцовая, гарадзенская – і пасля смерці не змяніла сваіх незычлівых адносінаў да пісьменніка-франтавіка. Пасмяротная кніга з «нёманскімі» ўспамі-намі, што рыхтавалася да друку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», пабачыла свет толькі ў некалькіх сігнальных асобніках. Адзін з іх быў перададзены ўдаве Карпюка, Іне Анатольеўне. На памяць?

Верагодна, як стрэмка, каб балела, прымушаючы памятаць пра нявыдадзеную кнігу, як пра нявыкананы абавязак.

Перасталі выдавацца кнігі. Не здымаюцца фільмы па ягоных творах – хоць і «Данута», і гістарычная аповесць «Белая Дама» так і просяцца ў серыялы. I вуліцу ў Гародні, дзе ён пражыў цэлае жыццё, не назвалі ягоным імем, і мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў, не павесілі.

Ён заўсёды быў западта нязручным для любой улады. Магчыма, таму, што і па сёння кіруюць Гарадзеншчынай многія з тых, хто калісьці выключаў яго з кампартыі ці арганізоўваў супраць яго пак-лёпы, чамусьці лічачы сябе, а не Карпюка, сапраўднымі камуністамі. А магчыма, таму, што справядлівасць яны разумеюць не так, як разумеў яе бескампрамісны франтавік Аляксей Карпюк.

I – не толькі для ўлады. Хоць пісьменнік і не дажыў да эпохі «рынкавага сацыялізму», але нават гады перабудовы паказалі, што і для апазіцыі ён заставаўся «не зусім сваім» – занадта «левым» паводле перакананняў, занадта «інтэрнацыяналістам». Магчыма, таму што не ўкладваўся ў схемы, быў недастаткова гнуткім для тых, хто перабягаў з лагера ў лагер у пошуках больш цёплага месца. А сапраўдныя зма-гары за справядлівасць – такія, як сам Аляксей Нічыпаравіч – зноў засталіся незапатрабаванымі.

Але старыя гарадзенскія брукаванкі да гэтай пары добра памятаюць яго цяжкія крокі – крокі стомленага чалавека, які прысвяціў жыццё пошуку справядлівасці і адышоў непераможаным – у Вечнасць.

Аляксандр Фядута

Данута

Аповесць

НЕ ХОЧУ Я ГНИТЬ КАК ИВА,

НА БОЛОТНЫХ КОЧКАХ ГДЕ-ТО, А ХОЧУ СГОРЕТЬ ОТ МОЛНИЙ, СЛОВНО ДУБ В РАЗГАРЕ ЛЕТА!..

Шандар Пецёфі

Пра ўсё гэта расказаў мне ў санаторыі адзін чалавек. Ад яго я пачуў, бадай, не новае: як сустракаліся закаханыя, рвалі кветкі, пісалі лісты, спрачаліся... Адным словам, выслухаў яшчэ адну гісторыю на «вечную тэму». Але гісторыя гэта – пра каханне ў бурлівы час вялікіх падзей, і таму яна мне здалася значнай.

Перада мной была аповесць – пра каханне, барацьбу і геройства. I вось перадаю яе на суд чытача такой, як пачуў, нічога не дадаючы і не адымаючы.

А ў т а р

ЧАСТКА ПЕРШАЯ


Раздзел першы

1

У пачатку восені 19З8 года я прыехаў у Вільню і паступіў на вячэрнія курсы пры жаночым ліцэі.

На курсы ішоў той, хто не мог трапіць у гімназію або быў пераростак, як я.

Мы не бывалі ў памяшканні ў час заняткаў дзённай змены, і з гімназісткамі, як мы звалі вучаніц ліцэя, курсанты не бачыліся.

У ліцэі і на курсах канцылярыя была адна, ёй спатрэбіўся пасыльны. Узялі мяне. Так я займеў доступ да дзённай змены.

У першы дзень работы даручылі разносіць па Вільні пісьмы.

Выканаўшы заданне, я вярнуўся ў ліцэй. У зале ішоў канцэрт. Я наблізіўся да зашклёных дзвярэй і крадком паглядзеў. Такога бачыць яшчэ не даводзілася. Як зачарананы, я доўга ўзіраўся.

У зале выступаў хор. На сцэне выстраіліся, адна ў адну, прыгожыя паненкі ў новенькіх уніформах. Дастаткова было зірнуць, каб пераканацца, што жыццё гэтых паненак праходзіла ў такім дастатку і радасці, пра якія мне і не снілася.

Скончыўшы песню, пяюхі сціскалі вусны, крывілі іх, усё перажывалі: будуць ім апладзіраваць ці не; у вачах былі такі спалох і чаканне, што стала нават шкада харыстак.

Але я зараз жа адагнаў ад сябе добразычлівасць. Вось такім мая маці заносіла ў горад усё да каплі малако. Такія абыходзілі мяне ў пачатковай школе здалёк, не хацелі сядзець за адной партай, бытта я заразны! У маёй вёсцы ад цяжкай работы дваццацігадовая дзяўчына – старая дзеўка, у трыццаць пяць бабуля, аў горадзе ўсё – паненкі, каб вы паздыхалі!

Адну харыстку я пазнаў.

Гэта была мая суседка – дачка генерела. Паненка бянтэжылася больш за ўсіх. Яе разгубленасць была нявіннай і мілай. Калі паненка заспявала, вочы яе зрабіліся натхнёныя, яна пасмялела, поўны пачуцця голас, паліўся роўна і так кранаў за душу, нібы ішоў не з яе, а з маіх грудзей.

Яшчэ дзяўчына мела зграбную постаць. Каб не прадузятасць, я мог бы адразу сказаць, што яна – рэдкая прыгажуня. Але я пачаў выдумляць на суседку тое, чаго не было.

Мы, курсанты, адчувалі сябе пакрыўджанымі лесам і зай-здросцілі дзённай змене – недасяжнай мары. Наглядзеўшыся на выпеставаных, гадаваных на масле і смятане паненак, я толькі ўздыхнуў, паціху вылаяўся – халера! – ды адправіўся ў канцылярыю рабіць справаздачу.

Сёння насіў я пісьмы ў мужчынскую гімназію і праз адчыненыя вокны бачыў гімназістаў. Гэта былі не нашыя курсанты – нжмелыя, стомленыя ад працы, апранутыя хто ў што.

Асабліва запомніліся іх разбэшчаныя твары, бессаромныя вочы. Гімназісцікі ў новенькіх мундзірчыках не маглі спакойна ўседзець і некалькі хвілін за партай. Хіхікалі, крывілі морды, перакідваліся паперкамі...

Ідучы з ліцэя, я ніяк не мог забыцца на харыстак. Тады паста-раўся ўспомніць нахабныя вочы гімназістаў і, нібы перада мною стаяла дачка генерала, упікнуў яе:

– Спявай з імі, яны табе падпяюць!..

Толькі так падумаў і надышоў на саміх харыстак. Мая суседка была ў цэнтры ўвагі. Яна з натхненнем апавядала:

– О-ей, калежанкі! Вы сабе не ўяўляеце, як цяжка выйсці перад хорам і запяваць! Як падумала, што на мяне будуць глядзець, ногі так і прыраслі да падлогі! Глянула прафесару[1] ў вочы, а ён прыязна ўсміхаецца, і я адразу пасмялела. Потым ужо нічога не бачыла, толькі яго вочы!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю