Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Аляксей Карпюк
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 36 страниц)
Annotation
У кнігу ўвайшлі самыя значныя творы выдатнага беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка (1920-1992), бясстрашнага змагара за праўду і справядлівасць.
Сорак першы том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».
Аляксей Карпюк
У ЗМАГАННІ ЗА ПРАЎДУ
Данута
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ЧАСТКА ДРУГАЯ
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Развітанне з ілюзіямі
Частка першая
Частка другая
КАНЕЦ СВЕТУ
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ЧАСТКА ДРУГАЯ
ПУБЛІЦЫСТЫКА, ЛІСТЫ
ВЫСТУПЛЕННЕ НА V З'ЕЗДЗЕ ПІСЬМЕННІКАУ БССР У МІНСКУ 1З мая 1966 года
ПЕРЫПЕТЫІ ПОШУКАЎ
Лісты
ДАДАТАК
КАМЕНТАР
notes
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
47
48
49
50
51
Аляксей Карпюк
Выбраныя творы
Серыя 1. Мастацкая літаратура
БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР
Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Заснавана ў 1996 годзе
Укладанне, прадмова, каментар Аляксандра Фядуты
Выдавецтва выказвае шчырую падзяку родным і блізкім Аляксея Карпюка за важкі ўклад у выданне гэтай кнігі.
© Карпюк А., 2007
Выбраныя творы / Аляксей Карпюк; Уклад., прадм., камент А. Фядута. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – 600 с. [8] с: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
ІSВN 978-985-6852-15-5.
© OCR: Камунікат.org, 2011 год
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год
У ЗМАГАННІ ЗА ПРАЎДУ
За значнымі пісьменнікамі ў чытацкай свядомасці замацоўваецца слава «песняроў роднага краю». Кожны чытач пацвердзіць, што месца дзеяння раманаў Міхаіла Шолахава – родная станіца Вёшанская, што колькі б ні апісваў Іван Тургенеў рускую вёску – усё роўна выходзіў на Спаскае-Лутавінава і ваколіцы; нарэшце, зразумела, які яскравы матэрыял далі Палтаўшчына маладому Мікалаю Гогалю, а Стаўбцоўшчына – Якубу Коласу. Не варта гаварыць пра сусветна вядомых пісьменнікаў-«рэгіяналаў» – прыкладам, пра шатландцаў Роберта Бёрнса і Вальтара Скота ці пра жыхара Праванса Альфонса Дадэ.
Асаблівы выпадак – Уільям Фолкнэр. Ён прыдумаў свой рэгіён, падобны і непадобны адначасова на яго радзіму, але ў любым выпад-ку абсалютна пазнавальны. Ёкнапатофа Фолкнэра – гэта маленькі амерыканскі гарадок, які адсутнічае на геаграфічных картах, але існуе на старонках фолкнараўскіх кніг – са сваёй тапаграфіяй, са сваімі вуліцамі і дамамі ды іх насельнікамі.
Аляксею Карпюку не трэба было нічога выдумляць. Большую частку свайго жыцця ён пражыў у Гародні, сталіцы Заходняй Беларусі, і пераўтварыў гэты горад у сваю Ёкнапатофу – цэнтр сваёй літаратурнай карты. I калі чытаеш яго кнігі, адчуваеш сябе экскурсантам, якога вядзе па Гародні разумны і ўважлівы гаспадар гэтай зямлі, які ведае ўсё і ўсіх навакол.
Аднак Аляксей Карпюк нарадзіўся не ў Гародні. Яго «малой радзімай» была вёска Страшава Беластоцкага ваяводства ў Польшчы (паводле польскіх дакументаў – Ваўкавыскі павет). Беласточчына спрадвеку заселеная этнічнымі беларусамі, і бацька будучага пісьмен-ніка, Нічыпар Аляксеевіч Карпюк, быў адным з іх. У хаце гаварылі на той характэрнай для Заходняй Беларусі сумесі пераважна беларускай і польскай моваў, на якой загавораць пазней героі аднаго з лепшых раманаў Карпюка – «Вершалінскага раю».
Сям'я была не вельмі заможная, працаваць даводзілася многа. Сам пісьменнік у аўтабіяграфічным нарысе «Мая Джамалунгма» прыгадваў: «Мы мелі 18 гектараў зямлі і 13 – балота. Зямля была пясчаная, камяністая, – каб невядома якая ліла навальніца, а лужаў не бывала нават у барознах. I балота – суцэльны тарфянік. Наколькі я памятаю, мы заўсёды трымалі аднаго каня, дзве-тры каровы, пяць-шэсць авечак і некалькі свіней. Зямлю абраблялі сваёй сям'ёй. Толькі часамі ў дажджлівую восень наймалі жанчын капаць бульбу.
Успамінаючы дзяцінства, я сябе амаль не бачу сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі запомнілася, як у спякотнае лета ные спіна, салёны пот засцілае вочы, а ты з перавяслам у руках з сумам і надзеяй пазіраеш на неба: калі ж, урэшце, пойдзе той дождж, каб можна было залезці ў бабкі, паляжаць... А то, памятаю, хацелася захварэць, каб адпачыць, выспацца».
Паводле ўспамінаў брата пісьменніка, Уладзіміра Нічыпаравіча, з маленства Аляксей імкнуўся да друкаванага слова. Сем кіламетраў ішоў штораніцы ў школу, сем – назад. Па дарозе чытаў.
Вучыўся Аляксей яшчэ ў польскай сямігодцы (закончыў у 1934 годзе). Прычым разумеў, чаго гэта каштавала бацькам: «Ішлі ў школу толькі тады, калі напасвім кароў. I ішлі не з аднымі кніжкамі. Кожны дзень мы неслі ў горад па 6-7 літраў малака. А з бутэлькамі гэта – паўпуда! Насілі дзень у дзень, зімой і восенню, і гэтак да сёмага класа.
У маім класе з сялянскіх дзяцей вучыліся толькі я ды Сашка Кандрусік з Гарадка, а рэшта былі сынкі польскіх чыноўнікаў, габрэйскіх фабрыкантаў, крамнікаў і іншай дробнай буржуазіі. Зрэбная кашуля, розныя гузікі на ёй, босыя ногі ці не так вымаўленае польскае слова выклікалі ў маіх аднакласнікаў насмешку.
Мною ў класе ганьбавалі. Настаўнікі глядзелі на мяне з цікавай варожасцю, як на выхадца са славутай вёскі, якую паліцыя называла «чырвоным гняздом». Я ўзненавідзеў і школу, і настаўнікаў, і тое, чаму яны вучылі».
Карпюк не перабольшвае. Навука для беларуса ў міжваеннай Польшчы была справай цяжкай – прычым не толькі ў матэрыяльных адносінах. Адзінкі – такія, як вядомы ў будучым на Гарадзеншчыне педагог Уладзімір Іванавіч Баран, – змаглі дамагчыся адукацыі і прызнання сваіх здольнасцяў. Я памятаю расповеды сваёй маці, па словах якой «пані навучыцелька» даймала яе ў школе: «Як то беларускае быдла можа ведаць польскую мову?!» Гэта не азначае, што падобных настаўнікаў была большасць, але падлетку, часам, хапае і аднаго, каб адчуць дыскамфорт ад навучання.
Карпюк апісаў падобны выпадак у аўтабіяграфічным апавяданні «Першы дзень у школе».
Але ж дыскамфорт адчувалі не толькі дзеці. 1930-я – гады найвышэйшага ўзроўню нацыянальнай напружанасці ў польскай дзяржаве. Беларуская меншыня, прадстаўленая ў Сойме групай дэпутатаў з фракцыі Грамады, якія ўсведамлялі свой абавязак, рабілася ўсё больш актыўнай. Польшча, якая сама толькі нядаўна атрымала незалежнасць на хвалі нацыянальнага руху і з цяжкасцю абараніла сваю цэласць пад націскам савецкіх войск (памятны «цуд на Вісле»), успрымала ідэалогію беларускага нацыяналізму як ідэалогію сепаратысцкую, якая магла прывесці да расколу польскай дзяржавы. Натуральна, што змірацца з гэтым ніхто не збіраўся.
Але нацыянальны рух – імкненне знішчыць кожны зародак «сепаратызму» – меў і свой адваротны бок – ён пераўтвараўся ў рух сацыяльны. Таму натуральна, што пры падтрымцы з усходу актывізаваўся і камуністычны рух – насамперш, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Актывістам КПЗБ стаў і бацька будучага пісьменніка. «Вера людзей была святой да наіўнасці, упартай да смерці, часамі гранічыла з сектанцтвам. I мой бацька ў сваёй веры быў цвёрды да слепаты, – піша Карпюк. – Ён рэвалюцыйны дух прынёс яшчэ з арміі, у вёсцы арганізаваў ячэйку кампартыі, потым – камсамола».
«Мая Джамалунгма» напісана Аляксеем Карпюком у 1964 годзе. Але нават пасля ўсіх непрыемнасцяў, якія напаткалі яго пасля публікацыі гэтага нарыса, ён яшчэ доўга будзе заставацца і ў гэтых адносінах вартым сынам свайго бацькі і верыць у справядлівасць камуністычнай ідэі, перакручанай кар'ерыстамі і чынадраламі.
А тады, падчас вучобы, абвостранае пачуццё несправядлівасці і ўласнай годнасці выхоўвала ваярскія якасці характару, прымушала шукаць праўду. Невыпадкова ўлюбёнай кнігай, паводле ўспамінаў брата, яшчэ са школьных гадоў для Карпюка стаў раман Джэка Лондана «Марцін Ідэн». Герой Лондана, дужы, валявы, быў для яго ўзорам, з якога варта было «ляпіць» уласнае жыццё.
У 1934 годзе Аляксей закончыў сямігодку. Разам з ёю закончылася маленства. Пачалося юнацтва.
Будучы пісьменнік пасля агульнаадукацыйнай школы працягнуў навучанне – на падрыхтоўчых курсах для паступлення ў польскую гімназію ў Вільні (1938-1939). Вільня – адзін з цэнтраў польскай культуры і адначасова Мекка для беларусаў першай трэці XIX стагод-дзя, была на той час месцам бясконцых палітычных баталій, месцам сутыкнення партый разнастайнай ідэалагічнай і нацыянальнай ары-ентацыі. Уінстан Чэрчыль у свой час сказаў: «Вільня – горад, за які спрачаюцца палякі і літоўцы, але ў якім жывуць беларусы і габрэі». Гэта быў кацёл, у якім выплаўлялася нацыянальная свядомасць і стваралася нацыянальная культура, насамперш беларуская.
Калі ідзеш па вуліцах сучаснай Вільні, погляд звыкла выхоплівае мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя Францішку Скарыну, Рыгору Шырму, Браніславу Тарашкевічу, Янку Купалу, Наталлі Арсенневай.
Малады Карпюк апынуўся ў самай гушчыні віленскіх ідэйных спрэчак. Без сумневу, гэтую частку ўласнай біяграфіі ён «перадаверыць» герою ці не галоўнай кнігі свайго жыцця – аповесці «Данута» – Янку Барташэвічу. Вандруючы ўслед за Барташэвічам па міжваеннай Вільні, мы можам узнавіць і тыя сцежкі – і рэальныя брукаванкі, і сцежкі духоўнага сталення, – па якіх даводзілася хадзіць пісьменніку. Тут, у Вільні, Карпюк наведваўся ў бібліятэку імя Тамаша Зана. Тут сістэматычным робіцца для яго знаёмства з новымі творамі беларускай літаратуры. У кожным выпадку, не выклікае сумневу, што падобна да таго, як Барташэвіч захоплена слухаў чытанне вершаў рэвалюцыйнага беларускага паэта Міхася Граніта, так і Карпюк слухаў вершы Максіма Танка. Паводле ўспамінаў Іны Анатольеўны Карпюк, удавы пісьменніка, ён любіў прыгадваць «вечарыны, на якіх Танк чытаў свае вершы». I «класавыя згрызоты» Янкі, які закахаўся ў генеральскую дачку Дануту, напэўна, маглі быць і адлюстраваннем пакутаў самога Карпюка альбо каго-небудзь з віленскіх знаёмцаў – нягледзячы на тое, што пісьменнік адмаўляў біяграфічны характар «любоўнай лініі» ў сваёй аповесці.
Заканчэнне вучобы ў гімназіі супала з радыкальнай перакройкай карты Еўропы. Савецкая і фашысцкая імперыі, дамовіўшыся пра падзел свету, падзялілі Польшчу. Уз'яднанне беларускага народа, як называўся гэты працэс пазней у савецкіх падручніках па гісторыі, адбылося. Працягваць адукацыю Аляксею давялося ўжо ў Наваградку – спачатку ў беларускай гімназіі, што пераехала з Вільні, а затым у Наваградскай педагагічнай навучальні.
У Наваградку Карпюк не толькі выбраў прафесію – стаў педа-гогам, але і адшукаў сябра на ўсё жыццё. Ім стаў вядомы ў будучым беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік. Вось як ён успамінаў пра сябра: «У Еўропе ішла вайна, маладыя галовы кружыліся ад палітыкі, а пары паддаваў старэйшы за астатніх на пару гадоў Аляксей. Ён устанавіў сабе спартанскі рэжым: схопліваўся з ложка на світанні, хутка апранаўся для спортзарадкі, пакуль астатнія «чухаліся», аббягаў газетныя кіёскі, купляў цікавейшыя газеты, прачытваў на бягу і прыносіў у пакой прыгаршчы сенсацый. Соваў газету ў рукі і раіў прачытаць, што цікавейшае, калі ж некаторыя з нас пасля начнога карпення над кнігамі ці над афармленнем сценгазеты або малявання святочных плакатаў спалі, прыкідваліся хворымі, Алякссй бег на кухню, выпрошваў колькі трэба порцый супу на вынас, прыносіў у пакой і, стукаючы лыжкай па вядры, прамаўляў да галодных страўнікаў, заклікаў умывацца, падмацавацца ды ісці на заняткі, веды нашы патрэбны краіне – гэта зброя! ...Аляксей набыў у нас правы рупара грамадскіх ідэй, інфарматара і напамінальніка. Імпанавала ў ім упартая самастойнасць, незалежнасць меркаванняў, ацэнак і паводзін, пацяшала бяскрыўднае дзівацтва».
Да тых рысаў характару, які адзначае ў сваім мемуарным нарысе Калеснік, дадамо яшчэ адну: адказнасць. Вельмі рана Аляксей Карпюк адчуў ступень сваей асабістай адказнасці – як і адказнасці кожнага – за ўсё, што адбывалася ў краіне і навакол.
Як правіла, такое ранняе пачуццё адказнасці з'яўляецца прыкметай сфармаванай асобы: юнак адчувае сябе сапраўдным мужчынам.
А сталення патрабаваў час. Другая Сусветная ўжо ішла, і праз паўтара года яна стала для Карпюка – як і для бальшыні беларусаў – Вялікай Айчыннай вайной.
Паводле ўспамінаў Калесніка, Карпюк быў ці не адзіным з яго знаёмцаў, хто не толькі не разгубіўся, пабачыўшы масавае адступленне савецкіх жаўнераў з Гародні, але сам знайшоў ваенкама і запатрабаваў залічыць яго добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Ваенкаму, верагодна, было не да добраахвотнікаў: на самым пачатку бальшыня камандзіраў, улучна з Вярхоўным Галоўнакамандуючым, перабывала ў поўнай прастрацыі. Не быў ажыццёўлены і першапачатковы сумесны план двух сяброў: пайсці на ўсход, атрымаць ваенную падрыхтоўку і далей змагацца ўжо ў якасці сапраўдных жаўнераў. Папросту нікога з Заходняй Беларусі, баючыся шпегаў, далей за былую мяжу не пускалі. I Аляксей Карпюк пайшоў адзін – дахаты, у роднае Страшава, на Беласточчыну.
Гэтага высокага каржакаватага дзецюка, якога ніхто не рыхтаваў да вайны, чакаў цяжкі шлях – шлях партызана, вязня канцлагера, жаўнера, які дайшоў да Берліну.
Карпюк пачынаў партызанскім сувязным. У 1942 годзе ён удзельнічаў у групе, якая павінна была арганізаваць дыверсію на чыгунцы непадалёк ад Ваўкавыску. Тут ён разам з братам Уладзімірам і трапіў у палон.
Да партызанаў фашысты спачатку ставіліся значна горш, чым да жаўнераў, – як да бандытаў. Як «бандыты-партызаны» Аляксей з братам былі адпраўленыя ў канцлагер.
Пра жахі канцлагера Штутгаф, у якім яму давялося правесці больш за паўтара года, стрымана распавёў брат будучага пісьменніка Уладзімір, які напоўніцу выпіў горкую чару лагерных пакутаў: «У 1943 годзе за ўцёкі з канцлагера было ўведзенае гэткае пакаранне. Калі ўцякаў (ці спрабаваў уцячы) вязень, а яго сваяк, таксама вязень, ведаў і не паведаміў пра гэта лагерным уладам, яго паказальна забівалі. У нас вешалі. Калі ж высвятлялася, што сваяк нічога не ведаў пра запланаваныя ўцёкі, то атрымліваў фізічнае пакаранне– 100 кіёў і карцэр. Трэба было ўлічваць пры планаванні ўцёкаў гэтыя «правілы». Мы з Аляксеем унеслі карэктывы ў наша лагернае жыццё на выпадак паспяховых уцёкаў аднаго з нас. Перайшлі жыць у розныя «штубы» бараку. Стараліся на вочы адзін другому не трапляцца. Але ўцячы можна было толькі з «аўскаманды», гэта значыць, з каманды, якая працавала за межамі лагеру. Штонядзелі набіралася «аўскаманда» на чыгуначную станцыю для загрузкі вагонаў. Яна звычайна складалася з 17 вязняў. Ахоўвалі дзевяць эсэсаўцаў, у тым ліку афіцэр. Праца вялася дзвюма брыгадамі па 8 чалавек у кожнай. Адна працуе 30 хвілінаў, другая адпачывае. Мы з Аляксеем трапілі ў розныя брыгады. Праца зацягнулася дапазна. Уключылі пражэктары. Гэта было нам на карысць. Аляксей спусціўся з вагона паміж буферамі і коламі і папоўз у бок паравоза —за межы бачнасці ахоўнікаў, а там бегам навонкі і праз плот гароду.
Сабраліся разам дзве брыгады. Афіцэр аховы пералічыў вязняў. Не хапае аднаго. Адразу ўсіх зачынілі ў вагоне. Раптам адчыняюцца дзверы, і эсэсавец на нумар 22585 выклікае мяне. Хапаюць пад рукі і валакуць у залу чакання вакзала. Гляджу – начальнік лагера гаўпт-штурмфюрэр СС Маер, рапартфюрэр Хэмніц і яшчэ два афіцэры СС. Прыводзяць жанчыну, якая паведаміла, што праз яе гарод прабег нейкі вязень у паласатым адзенні. Начальнік лагера даў каманду дагнаць вязня. «Загіне Аляксей», – падумаў я.
Пачаўся допыт. Адзін з афіцэраў нацягвае пальчаткі, а Маер пытаецца, ці я брат уцекача? Адказваю: «Так». Патлумачыў, што быў з братам у кепскіх адносінах і жыў з ім паасобку. Але гэта не задавальняла іх. Афіцэр ударыў мяне па твары. Я не ўстояў на нагах. I тут на мяне градам пасыпаліся ўдары. Потым зноў допыт і збіццё. Апрытомнеў на падлозе ў вагоне. I тут мяне пачалі збіваць ужо вязні. Яны ведалі, што ў падобных выпадках паводле лагерных законаў атрымаюць па 10-15 кіёў кожны. Капо спыніў іх. Нарэшце вярнуліся ў канцлагер. Мяне адразу пацягнулі ў блок для допытаў.
Зноў сталі пытацца, ці ведаў я пра намер брата? Я стаяў на сваім: «Не ведаў». Чую каманду: «Вешай!» Мяне падцягнулі да шыбеніцы. «Апошні раз пытаюся!» – крычыць Маер. – Куды накіраваўся твой брат?» Я адказаць ужо нічога не мог. Да такога стану быў збіты. Раптам чую: «Здымай!», а потым каманду: «Усыпаць пяцьдзесят кіёў!»
Я налічыў адзінаццаць удараў, пасля страціў прытомнасць. Апрытомнеў ад вострага болю. Навобмацак вызначыў: вакол бетонныя сцены. Раптам чую крокі ў калідоры. Адчыняюцца дзверы, мяне ўзнімаюць з падлогі і ставяць на ногі. «Ідзі наперад!» – крычыць Хэмніц і б'е ботам. Мы прыйшлі ў лагер, дзе адбываецца «апэль». Усе вязні пашыхтаваныя. Маёр па гучнагаварыльніку зачытвае: «Вязню № 22585 за ўцёкі з лагера ягонага брата вязня № 22584 ўсыпаць 100 кіёў і адправіць на штрафную працу на лагерную цагельню».
Прыкладна праз тры тыдні мяне наведаў знаёмы вязень – паляк, які добра ведаў Аляксея. Распытаўся пра стан здароўя, падсунуў пад коўдру аркушык паперы і сышоў. Гляджу, гэта ліст ад Аляксея. Ён ужо ў беларускіх лясах, у партызанах, паблізу ад роднай мясцовасці. Якая радасць!»
Так Аляксей Карпюк апынуўся на волі.
Зрэшты, «воляй» яго становішча можна было назваць толькі ў параўнанні са штутгафскім пеклам. Вайна і палітыка кіраўніцтва краіны, звыклага паўсюль шукаць ворагаў, паставілі былых палонных, якія змаглі вырвацца з рук фашыстаў, у становішча падазраваных. А быць падазраваным на той час – амаль тое самае, што загадзя атрымаць прысуд.
Іна Карпюк, жонка Аляксея Нічыпаравіча, згадваючы пра гэта, успамінае вобраз Сахно з памятнай аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць»: «Гатовыя былі ўсіх правяраць, не давяраць, знішчаць». Не абмінула гэтая чара і Карпюка – ён апынуўся ў ліку падазраваных.
Вось як апісвае становішча, у якім апынуўся ўцякач з лагера Аляксей Карпюк, каб працягваць змаганне, яго сябра – Васіль Быкаў. «Пасля ўцёкаў з канцлагера Штутгаф, разлеглага ў панізоўі Віслы, і доўгіх блуканняў па тэрыторыі Польшчы Карпюк познім восеньскім вечарам дабраўся нарэшце да роднага хутара каля чыгункі пад Беластокам. Але здарылася так, што, перш чым пабачыць маці (бацька з братам у гэты час таксама знаходзіліся ў канцлагеры), уцякач натыкнуўся на нямецкіх жаўнераў, раскватараваных у сядзібе. Як заўсёды ў падобнай сітуацыі, уратавалі ногі і лес, дзе паўгода таму базаваліся партызанскія групы, з якімі Карпюк супрацоўнічаў. Менавіта пасля адной сумеснай дыверсіі на чыгунцы ён, брат і бацька былі арыштаваныя гестапа і кінутыя ў канцлагер. Але за час ягонай адсутнасці ў лесе сёе-тое змянілася, знаёмых партызанаў там не аказалася, на іх месцы знаходзіліся прышлая партызанская брыгада, паблізу якой і быў затрыманы Карпюк. На першым жа допыце яго расповед пра Штутгаф выклікаў здзіўленне асабістаў («груба працуюць вашы шэфы» – было резюмэ «знаўцаў»), і Карпюка пасадзілі пад арышт у зямлянку. Штоночы яго вадзілі на допыты з патрабаваннем прызнацца, якое заданне атрымаў ад гестапа. Так працягвалася немалы час, і аднойчы Карпюк зразумеў, што хутка ўсё закончыцца. І зноў уцёк.
Напэўна, зрабіць гэта было лягчэй, чым уцячы са Штутгафа, і пад раніцу тае начы ён апынуўся ў раёне дзеяння другой партызан-скай брыгады, якою камандаваў малады камбрыг, былы ленінградскі інжынер Вайцяхоўскі. Хутчэй за ўсё, у яго былі іншыя ўяўленні пра пільнасць, чым у суседзяў. Выслухаўшы ўцекача, камбрыг без лішніх словаў накіраваў яго ў выведку – пад нагляд надзейных хлопцаў, якім належала выпрабаваць новенькага боем. Забягаючы наперад, адзначу, што гэтае выпрабаванне цягнулася нядоўга, Вайцяхоўскі зразумеў, з якім хлопцам мае справу, і ўжо праз паўгода прызначыў Карпюка камандзірам новастворанага атрада імя Каліноўскага. Гэтым атрадам Карпюк і пракамандаваў да вызвалення Беларусі ўлетку 1944 года».
Не здзіўляюся гэтай гісторыі не толькі таму, што безумоўна давяраю Быкаву, які не хавае сваіх крыніц: Васіль Уладзіміравіч, на яго словах, «ведаў аб падрабязнасцях карпюкоўскіх прыгод не толькі з яго асабістых расповедаў, але таксама з расповедаў і ўспамінаў самога камбрыга Вайцяхоўскага, які прыязджаў у Гародню, дзе мы сустракаліся ўтрох». Проста мая маці, якую дзяўчынкай вывозілі ў Нямеччыну на працу, таксама ўхітрылася вярнуцца дамоў, уцёкшы ад гаспадара. I яе, як і Карпюка, ледзь не штомесяц дапытвалі гарадзенскія «органы»; як яна, шаснаццацігадовы падлетак, засталася жывая і нават вярнулася дахаты, калі «ўсе сумленныя людзі загінулі ў палоне». Праўда, дапытвалі яе значна пазней – з 1949 года, калі яна падала заяву ў партыю, да 1956 года – да XX з'езда КПСС, які, як тады хацелася верыць, скончыў са сталіншчынай і з пошукам «ворагаў народа». Выпіць чару людскога недаверу да дна давядзецца яшчэ і Аляксею Карпюку.
Але тады, пад час вайны, будучы аўтар «Пушчанскай Адысеі» не мог прадбачыць, што праз дзесяцігоддзі яму давядзецца, адбіваючы-ся ад незычліўцаў, што накіроўваліся доўгай рукой «кампетэнтных органаў», даказваць сваё гераічнае мінулае. Карпюк змагаўся, як і належыць сапраўднаму мужчыну, сумленна, рызыкуючы жыццём. Яго вялікае дужае цела вынесла з той вайны мноства ран. Сваё апошняе раненне бясстрашны камандзір партызанскага атрада імя Каліноўскага, а затым наводчык артылерыйскага разліку Аляксей Карпюк атрымаў у красавіку 1945 года ўжо на вуліцах захопленага савецкімі войскамі Берліна – напярэдадні афіцыйнага заканчэння вайны. Немудрагелістыя радкі з ліста яго франтавых сяброў бацьку – Нічыпару Аляксеевічу– сведчаць: «Ваш сын Аляксей Нічыпаравіч біў фашысцкіх гадаў бязлітасна, за што камандаванне нашай часці прадставіла яго да прысваення звання «Герой Савецкага Саюза». Але за гады вайны Карпюк быў узнагароджаны толькі медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені і ордэнам «Айчыннай вайны» II ступені. I адразу пасля вайны – хаця будуць потым, у сваю чаргу, і «юбілейныя» ўзнагароды – Ордэн Чырвонага Сцяга, за вызваленне Варшавы, за перамогу над Германіяй.
Праявіўшы ў баях мужнасць і вытрымку, Карпюк пазней невы-падкова стане адным з першых – і самых удзячных – чытачоў ран-няй быкаўскай прозы: каму, як не Карпюку, які ведаў вайну ў самых страшных яе дэталях (канцлагер, будні партызанскага жыцця, трагедыя франтавой батарэі), было пад сілу даць сапраўдную ацэнку «акопнай праўдзе» Васіля Уладзіміравіча?
Пасля вайны Карпюку давялося лекавацца: раны напаміналі пра сябе ўсё астатняе жыццё. Але цяга да ведаў перамагла боль. I Аляксей Нічыпаравіч працягнуў навучанне – на факультэце замежных моваў Гарадзенскага педагагічнага інстытута.
I Карпюк вучыўся. Хоць у «Маёй Джамалунгме» шчыра прызнаўся: «Мабыць, больш за вучобу я палюбіў грамадскую работу. Спачатку я быў камсоргам, потым старшынёй прафкама. Тут мне ніхто ні разу не напомніў аб мінулым»
А напамінаць было пра што. I насамперш – пра даваеннае міну-лае. Бацька Карпюка быў актывістам распушчанай Камінтэрнам пад націскам Сталіна Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Сам Аляксей быў сябрам КСМЗБ. Лічылася, што гэта – таксама «пляма». Аляксей Нічыпаравіч ніколі не хаваў, у адрозненне ад многіх, свайго мінулага, і ўсе, «каму трэба», ведалі пра гэта. Але гэта не перашкодзіла Аляксею ў 1947 годзе паступіць у камсамол.
Тут, у інстытуце, камсамольскі актывіст Аляксей Карпюк сустрэў адзінае каханне ўсяго свайго жыцця – Іну Цыгельніцкую. «Бацька і маці яе былі віднымі кіраўнікамі кампартыі ў часы буржуазнай Польшчы. Бацьку яе, сакратара ЦК Польскай кампартыі (насамрэч – КПЗБ. —А. Ф.) Анатоля Адамавіча Альшэўскага ў 1937 годзе берыеўцы арыштавалі, і ён з лагера не вярнуўся. Іна ўсё жыццё правяла ў дзіцячых дамах. Шмат чаго перажыла і пабачыла».
Гэтатаксама патрабавала мужнасці – пакахаць, а потым ажаніцца з дачкою рэпрэсаванага палітыка, расстралянага на Бутаўскім палігоне ў Маскве. Але высокі, дужы, звыклы глядзець у вочы ўсім людзям Карпюк ніколі ў жыцці не адмовіўся б ад кахання толькі таму, што хтосьці мог скоса паглядзець. Ён увогуле не мог здраджваць – ён быў надзейным.
Пасля заканчэння інстытута Карпюк працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана. Тут, у Сапоцкіне, сустрэўся ён з вядомым Лаўрэнціем Цанавам – сустрэчу гэтую апіша пазней у сваіх успамінах.
Затым перайшоў працаваць дырэктарам вясковай школы-сямігодкі і адначасова парторгам калгаса, і, нарэшце, вярнуўся ў аlmа mater на кафедру педагогікі. Але за гэты час адбылася ці не самая галоўная сустрэча ў яго літаратурным жыцці: стары сябра Уладзімір Калеснік пазнаёміў яго з Янкам Брылём. Сам Карпюк так напіша пра гэтае знаёмства: «Янка Брыль, як некалі Вайцяхоўскі, даваў штуршок майму ўяўленню, стаў эталонам, на які трэба раўняцца, у каго вучыцца, і быў тым, хто ў мяне паверыў, шчыра і бескарысна памог. Успамінаючы цяпер непісьменныя рукапісы, якімі я завальваў Івана Антонавіча і ў якіх ён умудраўся нават знаходзіць яшчэ штосьці каштоўнае, я не перастаю захапляцца душэўнай шчодрасцю гэтага чалавека, яго педагагічным талентам».
Нягледзячы на вонкавае падабенства – абодва, Карпюк і Брыль – нараджэнцы Заходняй Беларусі, былі высокімі, статнымі, дужымі – яны, як справядліва зазначыў Калеснік, моцна адрозніваліся адзін ад аднаго – і характарамі, і літаратурнымі талентамі. Бліскучы стыліст, схільны да філасафічнасці, Брыль непазбежна кантраставаў у сваёй прозе з Карпюком, чыя творчасць была перанасычаная дыялектызмамі, у каго жыццёвая філасофія выяўлялася не так у аўтарскіх развагах, як у сюжэтах. Але Карпюк і не збіраўся стаць «другім Брылём» – ён шукаў уласны шлях у літаратуры, хацеў распавесці людзям пра тое, што набалела яму самому.
Пачынаў Карпюк з таго, што, здавалася, павінна было давацца яму лёгка, – з побытавых замалёвак, празаічных мініяцюр, змест якіх аўтару падказвала жыццё. Напісаў аповесць «У адным інстытуце» – звычайную аповесць, у духу іншых шасцідзесятнікаў. Выказаў у ёй свае ўражанні ад працы на кафедры педагогікі Гарадзенскага педінстытута. Аповесць прайшла не тое каб незаўважанай – але падзеяй не стала. I стаць не магла. Такіх аповесцяў у савецкую эпоху з'яўлялася безліч.
Трэба было, каб у кнізе прагучала іншае. Каб чытач пабачыў у ёй чужы жыццёвы досвед – але паверыў у яго, прыняў, як свой. Чаго хацелася чытачу 50-х гадоў? Чым ён жыў?
Так, нядаўна закончылася вайна. І людзі памяталі пра яе, смуткавалі па загінулых. Але яны і пад час вайны заставаліся людзьмі – кахалі, пакутавалі, губляючы каханых, кахалі нанова. Буры гісторыі калечаць жыццё, але не адбіраюць маладосці. Каханне на асноведзі гісторыі – вечная тэма.
Так у 1959 годзе з'явілася «Данута».
Гэта не быў раман. Гэта была вялікая аповесць пра каханне. Але менавіта яна на доўгія гады стала для чытачоў візітоўкай пісьменніка Карпюка.
Фабула аповесці простая і знаёмая ўсім з часоў старадаўняга ра-манса пра тытулярнага саветніка і генеральскую дачку. Толькі ў «Да-нуце» распавядалася пра юнака-беларуса, навучэнца вячэрняй школы і дачку польскага генерала.
Дзеянне адбываецца ў Вільні. Карпюк добра памятаў гэты горад. З тэкстам «Дануты» ў руках можна прайсці гістарычнымі вуліцамі сучаснай Вільні, як з турыстычным даведнікам 30-х гадоў. Вось – Беларускі музей (імя Луцкевічаў аўтар назваць не можа – забаронена цэнзурай). Вось – універсітэт, дзе чытаў свае вершы паэт Міхась Граніт. А вось тут, падобна, тая самая жаночая гімназія, у якой магла вучыцца Данута і ля сцен якой чакаў яе закаханы Янка.
Карпюк уклаў у гэтую аповесць усяго сябе. Янку Барташэвіча, героя «Дануты», чытачы – паколькі расповед вёўся і ад яго імя – і прымалі за аўтара. Невыпадкова нават лісты яму пісалі – на выдуманае месца працы, у абласны аддзел адукацыі. У нарысе «Перыпетыі пошукаў» (1977) Аляксей Карпюк прывядзе фрагменты некалькіх такіх лістоў:
«Калі ласка, прышліце, дарагі Янка Барташэвіч (даруйце, не ведаю, як Вас па бацьку!), мне фота сваёй Дануты. Я павешу яго над ложкам і буду заўсёды глядзець на яе вобраз – устаючы і кладучыся...»
«Вырашылі мы зрабіць экскурсію ў Вільнюс ды пакласці на Да-нуціну магілку кветкі. Выязджаем сваім аўтобусам 5 ліпеня ў 6 гадзін раніцы. Просім Вас, дарагі таварыш Барташэвіч, к нам далучыцца. Калі ўжо не зможаце з намі паехаць, то тэрмінова напішыце нам, прынамсі, дзе яе магіла...»
«Кончив читать, я вслух кричала: Сволочь! Сволочь! Идиот! Хуже того Рыжего, что лўпил тебя на сцене! Мало он тебя лупил! Ведь ты коварнее его! Любил ты Дануту, когда она тебе была недоступна, ког-да же она тебе стала доступной – ты стрелял ее! За что, фриц ты?! А Дануту, свою любовь, не удалось самому удушить, и ты оставнл ее на растерзание немцам, зверюга ты!»
Нічога дзіўнага: чытачам 60-х гадоў мінулага стагоддзя хацелася верыць у тое, што існавалі і гэтая дзяўчына, і гэты хлопец, і гэтае каханне. Карпюку ўдалося стварыць тыповую біяграфію для свайго Янкі. Хлопец з Заходняй Беларусі прыходзіць у Вільню, каб атрымаць адукацыю. Ён з беднай сям'і – і цягнецца да радыкалаў з віленскага камуністычнага падполля. Генеральская дачка для яго – «класавы вораг», так што адзін уплывовы літаратар (імя Карпюк у «Перыпеты-ях пошуку» з ветлівасці не называе) папракае Аляксея Нічыпаравіча: «Што, дзяўчыны сваёй не мог яму падабраць, ці якая халера?!» Але каханне павінна ж перамагчы ўсе перашкоды? Вядома ж, павінна. Хочацца чытачу, каб яно перамагло. I калі аўтар наўслед за гістарычнай праўдай кідае сваіх герояў у пекла Другой Сусветнай вайны, заканчвае сваю аповесць смерцю Дануты, – гэта ўспрымалася ўжо як жорсткая несправядлівасць. Адны чытачы былі гатовыя аплакаць Дануту разам з Янкам, другія – выдрапаць яму вочы.
Карпюк апраўдваўся: «Каб ажаніў Леў Мікалаевіч свайго Врон-скага з Ганнай Карэнінай, каб паслаў гэтую пару на цёплыя воды ў Неапаль, каб скончыў на гэтым раман, – твор людзі забылі б яшчэ ў мінулым стагоддзі. I каб Шолахаў выдаў Аксінню замуж за Грышку Мелехава, зрабіў яе старшынёй сельсавета, а яе казака – кіраўніком Вёшанскага валвыканкама і на гэтым скончыў твор, – не было б «Ціхага Дона»...»
Але Карпюк тут відавочна хітруе, не хлусіць, але і ўсю праўду сказаць не можа. Невыпадкова пісьменнік і паралелі праводзіць з такімі класічнымі творамі, якія не маглі закончыцца шчасліва. Ня той час у іх апісваецца, калі шчасце магчымае. З тэксту «Дануты» не вынікае, ці ведаў яе аўтар пра трагедыю Катыні – але пра трагедыю сям'і ўласнай жонкі, бацька якой быў абвешчаны ворагам народа і рэпрэсаваны, Карпюк ведаў добра. Бо і адно з выданняў аповесці падараваў ён – паводле сямейнай традыцыі надпісаўшы першы асобнік – «галоўнаму герою – жонцы Іне». I напішы ён пра шчасце інспектара абласнога аддзела адукацыі і дачкі генерала з буржуазнай Польшчы – гэта было б хлуснёй. А хлусіць Карпюк не мог і не хацеў ніколі. Прасцей было б завершыць аповесць трагічным фіналам – такім, у які паверылі б чытачы, што прайшлі вайну.
I яны паверылі.
«Дануту» Карпюк, паводле яго ўласнага прызнання, перапісаў трыццаць два разы. Аповесць была таго вартая. Нягледзячы на трагічны фінал, «Данута», магчыма, – лепшы празаічны твор пра каханне, напісаны па-беларуску. Хоць бы таму, што гэта сапраўды «аповесць пра каханне», а не пра рэвалюцыю, не пра вайну, не пра калекгывізацыю. Хіба толькі «Альпійская балада» Васіля Быкава вартая стаць з ёю на адну паліцу.