355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Карпюк » Выбраныя творы » Текст книги (страница 15)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 7 апреля 2017, 06:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Аляксей Карпюк



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 36 страниц)

Мне ў гэты раз не пашанцавала. Паўгадзіны таму назад трое салдат з чыгуначнай аховы пайшлі на хутар піць малако. Трэба ж было ім вяртацца да чыгункі якраз у той момант!

Я ўжо замацаваў пад рэйку торбачку з толам, заклінаваў яе каменнямі, калі за чатырыста крокаў ад мяне на пуць вылезлі гэтыя немцы. Салдаты здагадаліся, чаго я тут, і з калена пальнулі ў мяне з вінтовак.

Усё прапала!

Стала шкада Зінінага толу, і я пачаў хутчэй выдзіраць міну! Надта хацелася азірнуцца, але я падумаў: убачу, як немцы цэляцца, не вытрымаю, кіну тол і пабягу...

– Ціў-у! Ціў-у! – прапелі ля мяне кулі. Было страшна. Грэбаючыся ў зямлі, я сябе пад-бадзёрваў: «Абы выцерпець, абы выцерпець!.. Ну, яшчэ хвілінку, зараз Юзік цябе падтрымае з новень-кага аўтамата!..»

Я паспеў вырваць з-пад рэйкі тол і толькі тады пачуў стрэлы ззаду. Але страляла Зіна. Немцы пабеглі ў кусты, і я быў уратаваны.

Дзе Савоська? – здзівіўся я, убачыўшы Зіну на яго месцы.

Застрэлю гэтую сволач! Няхай толькі з'явіцца ў лагеры! – выбухнула дзяўчына.

Потым, калі мы беглі па лесе, расказала:

Як немцы па табе стрэльнулі, ён і ўцёк. Я – «Юзік! Юзік!» – а ён нават і не азірнуўся! Мусіла пакінуць шашу і бегчы выручаць цябе. Ты ж немцам быў відзён як на далоні, падбілі б што зайца!

7

У палове мая фашысты блакіравалі пушчу. На гэтую аперацыю адцягнулі з фронту тры дывізіі.

Я ўжо гаварыў, што добрай зладжанасці паміж групамі мы тады яшчэ не мелі. Амаль увесь запас патронаў і гранат выкарысталі ў пачатку вясны, калі прабавалі ўзяць праклятыя Крупкі. Супраць загартаваных у баях фашыстаў, супраць іхніх танкаў, бронемашын, гармат і авіяцыі мы са сваімі ржавымі вінтоўкамі і кулямётамі, якія часта давалі асечку, былі бяссільныя.

Штаб склікаў нас, камандзіраў груп, на нараду:

Што будзем, хлопцы, рабіць?

Сабярэмся ў кулак, ударым з усяе моцы і – або галава ў кустах, або грудзі ў крыжах! – закрычалі мы.

Але тут узнялі голас старыя, яшчэ з часоў буржуазнай Польшчы, камуністы:

Толькі збярыцеся – немец даўно чакае! Абкружыць, на крупу пакрышыць, з балотам змяшае!

Для гэтага ў яго – рацыі, самалёты, матарызаваныя часці!

«...Або галава ў кустах, або грудзі ў крыжах!» Усім вядома, што паміраць вы ўмееце па-геройску.

Наша задача – застацца жывымі, выйсці з блакады з найменшымі стратамі, захаваць сябе для будучых баёў. Няхай кожная група ратуецца як можа!

I сталі мы «ратавацца хто як можа!»

Адзін камандзір выкапаў вялізную зямлянку ў гушчары, добра яе замаскіраваў, схаваў туды цэлае аддзяленне ў надзеі, што немцы пройдуць і зямлянкі не заўважаць.

Другія ноччу паспрабавалі прасачыцца на стыку нямецкіх бата-льёнаў і ўцячы ў суседнія лясы. З такой групай пайшла і Зіна. А я з хлопцамі залез у балота і крытычны момант вырашыў перачакаць там.

Ежы ў нас было мала. Камплекцыя майго цела патрабавала больш калорый, чым іх трэба было сябрам, а пасада камандзіра прымушала часта адмаўляцца і ад сваёй порцыі. У цяжкія дні блакады мяне, аслабленага, больш за іншых мучыў голад.

Бывала, збяруцца ноччу партызаны ў круг, і пачынаецца:

Эх, закурыць бы!

А-га! Глытнуць бы папяроснага дымку, а там хай сабе хоць цэлы полк танкаў!

За дробку табакі не шкада і жыцця!

I раптам хто-небудзь са старэйшых, які пабываў днём у разведцы, дастае капшук і, не спяшаючыся, пачынае яго развязваць.

Ах!– толькі вырвецца з прагных вуснаў прыемнае здзіўленне.

Цур, адну зацяжку!

Цур, я другі!

Трэці!

А гаспадар капшука пры месячным святле асцярожна, быццам крупінкі смярдзючай махоркі з чыстага золата, робіць самакрутку. I пойдзе цыгарка па кругу – па адной зацяжцы на брата. Настрой у таварышаў адразу ўзнімаецца, аднекуль з'яўляюцца і сілы.

Не прымаю ўдзелу ў курэнні толькі я.

Жалезны ты чалавек, Ваня,– хваляць мяне хлопцы і зацягваюцца дымам.– Мы хоць курым, нам лягчэй. А ты не курыш і не ясі...

Нічога. Хутка немцам абрыдне бадзяцца па лесе, здымуць блакаду. Як-небудзь вытрымаю...– суцяшаю больш сябе, чым таварышаў.

Ніхто, вядома, не ведаў, што было ў той момант у мяне на душы. Кружылася галава ад голаду. Па целе прабягалі вядомыя яшчэ з віленскага жыцця дрыготкі, разлівалася слабасць, засцілала вочы імглой. Прыходзіла абыякавасць. Расслаблялася воля. Першы раз у жыцці я шкадаваў, што не навучыўся курыць.

Братцы, вядро вады замяняе сто грамаў хлеба: даказана партызанскай навукай! – накурыўшыся да ап'янення, жартаваў хто-небудзь з хлопцаў і прыгаршчамі зачэрпваў тлустую балотную ваду.

Глядзі ты, пасля вайны яшчэ дысертацыю абароніш на гэтую тэму! – гучалі павесялелыя галасы.

Толькі ў мяне аднаго няма настрою.

Яшчэ са школьнай парты я ведаў, колькі ў такой вадзе плавае мікраарганізмаў. Агідна глытаць казявак і слімакоў, але калі стаіш перад галоднай смерцю і няма выбару...

А вы не смейцеся! Піце, хлопцы, гэтую ваду, яна пажыўная! – заахвочваю я таварышаў і пераконваю сябе, што мяне таксама мучыць смага, і я цаджу праз зубы рудую вадкасць.

Удзень сонца пячэ бязлітасна, пот коціцца градам, і я п'ю зноў – якраз раблю тое, чаго рабіць нельга. Празмернае паценне прывяло да абяднення клетак солямі, парушыла іх здольнасць трымаць вадкасць, разладзіла ўзаемасувязь працэсаў у арганізме. Праз ты-дзень я зрабіўся такі бязвольны і слабы, што не мог сагнаць з носа камара. А пусцяць немцы ракету, дык не здужваў нават прасачыць за яе палётам. Але ў роце адчуваў смагу і піў яшчэ і яшчэ. Даходзіла да таго, што сцісну пальцамі цела на грудзях – на скуры выступаюць кроплі вады, быццам я сціснуў мокрую губку.

Трэба ж было залазіць да ведзьмы ў дрыгву, каб загінуць тут за нішто ад камароў і голаду! – нібы праз сон чуў я дакорлівыя словы.

– Што мелеш? Ён табе свой хлеб аддаваў, прыкідваўся, што не галодны, а цяпер, бачыш, як дайшоў? – баранілі мяне некаторыя.

– Мо няпраўда? Загінуць, дык у баі! А то запёр сюды ў магілу! Вялікая радасць, што і ён разам тут здохне!..

Але паправіць што-небудзь было позна – усе паслабелі так, што не маглі нават трымаць вінтовак. Калі б у той час надышоў на групу адзін немец, ён, мабыць, пабраў бы нас голымі рукамі.

I ўсё ж я знайшоў у сабе сілы арганізаваць вылазку. Ноччу ўзяў двух сяброў, і папаўзлі мы да немцаў.

Белая палатка. Калі мы ўскочылі ў яе, тры чалавекі на сене не паспелі нават прачнуцца. Патэфон. Стол з газетамі, кацялкамі. Вядро... Мы шукалі ежу. У кутку нейкі мяшок. Намацалі – сухары! Схапілі яго і прэч з палаткі!

Адпаўзлі ў дрыгву, развязалі мяшок, а там – скура на падэшвы! Здаецца, гэта і быў той адзіны выпадак за вайну, калі я заплакаў.

На дзевяты дзень я пачаў траціць прытомнасць, мяне ўсё часцей апаноўвала дрымота. Але і скрозь затуманеныя вочы бачыў, як блішчыць вада, а губы самі цягнуліся да яе.

...Апрытомнеў я на сухім месцы. Нада мной схілілася Зіна і ліла ў рот з бутэлькі малако.

Ты-ы? – хацеў я спытацца і захлынуўся.

Ванечка, золатца, не разлівай, пі!

Дзе хлопцы? – спытаўся я слаба.

Яшчэ спяць!

Спяць?

Давай я цябе падніму. Божа, які ты ў мяне лёгкі стаў!.. А цяпер паглядзі туды!

Я сеў, абапёрся спіной аб сасну і азірнуўся.

I праўда. Мае партызаны, разваліўшыся на паляне, храплі на розныя галасы. Паразвешваная на кустах вопратка сушылася на сонцы. Ад яе, нібы дымок, ляніва ўздымалася пара.

За палянай на балоце мірна пахаджваў бусел, пакідаючы цёмны след на траве. Там, дзе ляжаў я, быў прыемны халадок, дзе-нідзе сарамліва чырванелі першыя ў гэтым годзе бусінкі суніц, гойдалася ўсыпанае расінкамі павуцінне – па ім бегаў павук. А над усім гэтым стаяў такі птушыны шчэбет, што, здавалася, лісце і галіны дрэў аж варушыліся ад птушак. Я ўдыхнуў п'яны пах ляснога паветра і так па-цягнуўся, што аж затрашчалі мае косці, а па целе разлілася асалода.

Усе жывыя, не бойся! – суцешыла дзяўчына.

А астатнія групы?

У кожнай засталося па некалькі чалавек. Нават у зямлянцы немцы атруцілі ўсіх газамі. I з нашай палова не вярнулася. А твае – усе. Малайчына, камандзір! Хлопцы цябе хваляць... Толькі сам паддаўся, ледзь адратавала. А каб я вас не знайшла, то і памёр бы?.. Пі, спецыяльна з хутара свежага прынесла...

А блакада? – успомнілася раптам мінулае, нібы цяжкі сон.

Ужо два дні, як немцы адышлі!

8

Апрача ўсяго мы з Зінай мелі адну таямніцу.

Раздабылі з ёю толу і ўзрывальнік. Механіка ўзрывальніка была даволі простая. Ад батарэйкі кішэннага ліхтарыка ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін плюс, другі – мінус. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Колы цягніка націснуць на дроцікі, зробяць замыканне, і міна здэтаніруе.

Пайшлі мы ўдваіх на пуць. Я заклаў міну, уставіў батарэйку, і мы схаваліся ў кусты.

Поезд праехаў, а міна не ўзарвалася.

Па інструкцыі міны ў такім выпадку кранаць нельга: замыканне можа наступіць нечакана. Але мы з Зінай пашкадавалі толу і вырашылі яго забраць.

Мы яшчэ поркаліся ля рэйкі, як здалёк пачуўся гудок цягніка. Я ўспомніў: у гэтую пару праходзіць пасажырскі.

– Давай паспрабуем зноў! – шапнуў я дрыжачым ад хвалявання голасам.

– Толькі хутчэй! – падхапіла Зіна.

Частку дроцікаў колы аддавілі, яны зрабіліся надта кароценькія і не хацелі ляжаць на рэйцы. Я знайшоў кіёк, лёг на насып і пачаў ім падтрымліваць дроцікі. Выцягнутая мая рука хутка самлела.

– Цяпер я! – шапнула Зіна.– Будзем на змену!

Так мы і мяняліся, пакуль пад'язджаў поезд.

Калі цяпер колы зробяць замыканне, ад мяне і Зіны не застанецца і следу. Але нас ахапіў азарт. Мы думалі толькі аб адным: едзе поезд, у ім поўныя пульманы гітлераўцаў – упэўненых, здаволеных, з туга набітымі нарабаваным дабром чамаданамі... Мы гатовы былі яшчэ дапамагчы міне і падштурхнуць вагоны, каб яны лепш ляцелі пад ахон!

Па рэйках пакаціўся грукат, потым паказаліся фары. Яны раслі на вачах, пакуль не пранесліся над намі, і тады мы зноў апынуліся ў цемры. Поезд толькі выбіў з маіх рук кіёк, абдаў мяне ветрам, ашпарыў кроплямі гарачай пары, а пясчынкі балюча секанулі па твары.

Забралі мы з Зінай тол і моўчкі папляліся ў лес.

Каб зрабіў гэта іншы партызан, я аддаў бы яго пад суд: бяздумная ліхасць нікому не была патрэбнай, і ў нас існавалі строгія на гэта законы.

9

Восенню 19З9 года пасля ўз'яднання ў Заходняй Беларусі адчувалася няхватка кадраў. I на Міншчыне абвясцілі камсамольскі прызыў. Па гэтаму прызыву прыехала ў Заходнюю Беларусь і Зіна Кварцёнак.

Зіма ў тым годзе стаяла лютая. Зіна прыехала ў тоўстых, падшытых шмат разоў і зноў растаптаных валёнках, у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец кіраваўся толькі адным прынцыпам: як найбольш усадзіць у яго ваты – так прасіла Зініна маці.

Гарады Заходняй Беларусі мелі бедную прамысловасць, іх засялялі пераважна былыя чыноўнікі, гандляры і ўладальнікі крам. Не па душы была многім з іх Савецкая ўлада, не даспадобы былі і людзі, якія з ёй прыехалі.

– Глядзіце, яшчэ адна ўсходніца-калода! – смяяліся з Зіны ў Гродне модніцы ў фетравых боціках, у расшытых адмысловымі ўзорамі кракаўскіх кажушках.

Саромеючыся сваёй вопраткі, Зіна з кватэры прабіралася завулкамі ў «Загатзерне», дзе працавала лабаранткай-прыёмшчыцай.

Разам з ёю працавалі і заўзятыя прыхільнікі былога рэжыму. Сыходзіліся яны раніцай, садзіліся і пачыналі шаптацца. Той такую плётку прынёс, гэты іншую.

Яшчэ напрацуемся, дзень вялікі! – абяцалі яны, калі Зіна глядзела на іх з дакорам.

А пасля полудня склаўшы рукі чакалі вечара.

Хіба мы коні, каб цэлы дзень рабіць? – заяўлялі яны з цынічным спакоем і адводзілі душу на беднай дзяўчыне: – Камсамолка, што ў вас за ўлада! Вось ты стараешся цэлы дзень, а на табе і сукенкі добрай няма!

Нічога, яе за гэта на сходзе ў прэзідыум пасадзяць!

Яшчэ ў загадзе адзначаць перад святам і вывесяць на сцяну!

Як жа можна не працаваць? – дзяўчына аж кіпела ад іхняй нагласці.

А я, быць можа, сёння якраз хачу спаць! Затое заўтра заду-маю выйсці на работу і зраблю ўсё адразу. А мне гэтага твае парадкі не дазваляюць! Дзе ж тут асабістая свабода, калі я сам сабе не гаспадар? – прыставалі да Зіны пакрыўджаныя былыя ўладальнікі крамаў, майстэрняў, дробныя дзялкі. Прыставалі часамі так, быццам усяму віной – яна.

Дзяўчына не ведала, што і адказваць, толькі глядзела шырока адкрытымі вачамі: вось тыя людзі, пра якіх яна дагэтуль толькі чы-тала. Нездарма ў іх стралялі ў рэвалюцыю! I Зіна мацней сціскала зубы.

Неспадзявана выбухнула вайна.

Фашысты Зіне ў Гродне нічым не пагражалі – яна была ўсяго звычайнай лабаранткай. Яны не забілі нікога і з яе радні. Адным словам, у яе не было прычын для асабістых разрахункаў з ворагам.

Дзяўчына не паспела атрымаць ні інструкцыі ў райкоме, ні парады ад таварышаў, 6о іх раптам пагубляла. Аднак з самага пачатку вайны шлях сабе абрала правільны. Калі чалавек у душы сумленны, мае сваю мэту, ён па наказу сэрца зробіць тое, што трэба. Па закліку сумлення Зіна і пайшла ў партызаны.

10

Пасля блакады мінуў месяц. Я ўжо ад'еўся і паправіўся.

Зіна цэлы тыдзень была з групай у паходзе, а цяпер вярнулася.

Бо-ожа, якая ў цябе кашуля! – першае, што яна сказала, калі мяне ўбачыла.

Што ты, яшчэ зусім нармальная!..

Скідай, скідай хутчэй! На, апрані чыстую. Несла спецыяльна дзвесце кіламетраў, з-пад самага Беластока!

Пасля вайны будзем у крухмаленых хадзіць...

Не лянуйся, апранай!

Жывецца чалавеку як у мамкі за пазухай... Э-эх! – уздыхнуў малады партызан.

Соль табе ў вочы! – агрызнулася задаволеная дзяўчына.

Заслужы, будуць насіць і табе!

Барташэвіч, навучы, браток!

Мы спаткаліся на вачах у людзей. Побач на возе ляжаў паранены і чакаў аперацыі. Хлараформу не было і медсястра дала яму спірту. За возам доктар тачыў нажоўку. Ля яго двое партызанскіх дзетак прабавалі, у каго мацнейшы лоб. Дзве дзеўкі круцілі жорны, малолі на хлеб муку і не спускалі з нас вачэй.

– Хадзем адсюль! – шапнула Зіна, калі я нацягнуў чыстую кашулю.

Агорнутыя ўзбуджаным хваляваннем, мы, хаваючыся за фурманкі і буданы, падаліся ад зямлянак у лес.

Сама адцвітаў ландыш. Паветра п'яніла пахамі разапрэлай на сонцы зеляніны. Шасталі па халявах сухія былінкі, пахрустваў пад падэшвамі мох, усланы сетачкай ігліцы, утыканы шышкамі. Ад балота цягнула прахалодай. Але мы нічога гэтага не бачылі, адно адчувалі, што адышлі яшчэ мала. Нешта дрыжачымі галасамі гаварылі. Абаім хацелася бегчы, і толькі стрымлівала сарамлівасць.

З дрэва капнула Зіне на твар расінка.

Дождж! – схлусіла яна.

Гэтае прытворства якраз было патрэбна і мне. Я пабег за ёю.

Мы апынуліся ля густога сасонніку. Зіна стала плячамі да дрэўца, нібы схавалася ад дажджу, выдыхнула:

Стань побач!

Яе кароткія пальцы з мужчынскімі пазногцямі пачалі нервова і бязладна рваць зялёныя іголкі, быццам іголкі гэтыя – мяккія лісточкі мяты. Сама яна аж задыхалася.

Ваня, ну! – папрасіла з тугой пабялелымі вуснамі.

Але я ўжо паспеў астынуць і нібы прачнуўся. Раптам адчуў, што ў адносінах з Зінай даўно перайшоў граніцу і што трэба з гэтым канчаць, пакуль не позна. Паглядзеў на ўсё цвярозымі вачамі.

Ніякая сіла не магла цяпер прымусіць мяне зноў дакрануцца да Зіны. Вось ужо і забыўся, што на мне яе кашуля. А тую кашулю, што калісьці мне памыла над Віліяй Дануся, дык і цяпер памятаю, нават ведаю, дзе яна дома ляжыць. Калі бываю дома, абавязкова на яе пагляджу...

Я паспрабаваў успомніць, колькі дабра зрабіла мне Зіна, пераламаць сябе, каб не крыўдзіць дзяўчыны, хоць пацалаваць яе: не адсыхалі ж мае вусны раней?!.

Не. Гэта было б падвоенае ашуканства. Трэба з гэтым канчаць раз і назаўсёды. Зіна для мяне была як сястра і маці, ці можна без канца яе ашукваць, абнадзейваць, выкарыстоўваць яе пачуцці?

I яшчэ. Адзін крок – і, мне здаецца, я страчу сваю незалежнасць. Ва мне абудзіўся інстынкт самаабароны.

Ну, што ты?! – шаптала яна.

Не трэба, Зіначка! – папрасіў я і далікатна адпіхнуў яе.

Чаму? – выдыхнула яна горача.

Я табе даўно збіраюся прызнацца...

У чым?

Ведаеш... Некалькі год я закаханы ў аднаго чалавека... Толькі не крыўдуй на мяне,– узмаліўся я, не ведаючы, як мякчэй зрабіць прызнанне, каб не было ёй так балюча.

Здалося, што на момант усё на свеце замерла, такая наступіла цішыня.

Раптам у гэтай цішыні пачуўся зычны трэск, а ў мяне перад вачамі ўсё захісталася – Зіна з усяе моцы пляснула мяне па твары.

Хвіліну я стаяў як ачмурэлы.

Так. Першы раз у жыцці атрымаў я па фізіяноміі. I дзіўна. Не раззлаваўся, не пакрыўдзіўся. А гатоў быў падставіць шчаку яшчэ і сказаць: бі, Зіначка, калі табе ад гэтага лягчэй, на, бі, бі!

Зіна закрыла твар рукамі і захісталася ад роспачы.

Ох, якая я дурная!.. А я ду-умала!..– застагнала яна цяжка.

Я ж ні ў чым не вінаваты, усё гэта адбылося міжволі...

Гэтым я яшчэ больш распаліў дзяўчыну.

Змоўкні, ты... не чалавек!.. Бо-ожа... Я ўся аддавалася яму і не ведала, што ў гэты час ён думае аб другой! Бо-ожа, завошта на мяне такая кара!.. Каб ты... Каб цябе...

Я зазлаваў. А ў чым я вінаваты? Выходзіць, каб прамаўчаў, было б лепш?!.

Каб супакоіцца, адышоў крыху ў лес.

Калі я вярнуўся, Зіна ляжала на траве і плакала, як толькі можа плакаць чалавек у вялікім горы. Яна ўся аж уздрыгвала ад болю і бяссілля:

I навошта я такая нешчаслівая нарадзілася на свет?..

Я бездапаможна таптаўся на месцы.

Хто яна? – насцярожана прыпаднялася Зіна.

Ах, ты не ведаеш!

Не, скажы!

Што табе за карысць з гэтага?

Не, ты скажы!

Яшчэ невядома, ці засталася яна жывая пасля ўсяго, што здарылася за тры гады...

Хто?

Разумееш, яшчэ да вайны я вучыўся ў Вільні і закахаўся там у адну...

Ну?

I з той пары не магу нікога пакахаць. Хачу, а не магу. Не дам сабе рады...– паскардзіўся я, як заўсёды шукаючы ў яе спачування і падтрымкі.

Яна мяне не слухала.

Прыгожая? – у яе голасе пачулася варожая зайздрасць да незнаёмай саперніцы.

Вядома, не такая брыдота, як я! – Зіна прамовіла гэта з нейкай нянавісцю да сябе.

Толькі цяпер я зразумеў, што вельмі вялікае гора ў дзяўчыны, каб яшчэ спачуваць мне.

У лагер вярталіся мы не разам. Я быў злосны і нездаволены сабой. Наўрад ці ўдасца яшчэ калі мне спаткацца з Данусяй. Дык што, так і бадзяцца да старасці аднаму?


Раздзел чацвёрты

1

У наступную зіму стаялі мы кіламетраў за семдзесят на поўнач ад Гродна, у Друскенікскім лесе. Узрыўчаткай нас ужо забяспечвалі з Вялікай зямлі. Партызанскі аэрадром быў тады далёка, аж у Літве, на возеры.

Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўнікі Штаба партызанскага руху. Яны арганізавалі падпольныя райкомы, абкомы, рэдакцыі газет. З асобных груп стварылі стройную сістэму партызанскіх атрадаў, брыгад, злучэнняў. Цяпер мы сталі грознай арганізаванай сілай.

Я тады быў камандзірам узвода разведчыкаў.

У пачатку лютага паслалі мяне на аэрадром за грузам, што прыслалі нам з Масквы. Са сваімі хлопцамі накіраваўся я на возера.

За лагерам нас дагналі некалькі саней – гэта адпраўляўся на заданне атрад. Хлопцы ехалі па-партызанску, са свістам і гіканнем, трымаючыся за дручкі, за кажухі сяброў, стоячы на адным калене, на полазе...

Раз-вед-чы-кі-і, даро-огу-у!

Мае хлопцы не разгубіліся і на хаду пачалі ўскакваць у сані.

Я таксама схапіўся за сані і ўпаў некаму на галаву, балюча ўдарыўшыся аб чужы дыск брывом.

З крыкам і жартамі партызаны пацясніліся, і я сяк-так прымасціўся і стаў церці пабітае месца. Тут я толькі ўбачыў, што сяджу разам з Зінай. Заражаная агульнай весялосцю, яна мяне таксама спачатку не заўважыла. Пасля лета мы яшчэ ні разу з ёй не размаўлялі.

– Гэта ты-ы? – міжволі вырвалася ў мяне.

Зіна прамаўчала. Толькі твар яе пасур'ёзнеў.

Ехалі мы на нізкіх драўляных развалках. На іх і ад звычайнай язды кружыцца галава. А цяпер сані проста ляцелі, і ад гэтага ўсе былі як п'яныя і на нас з Зінай не звярталі ўвагі. Я дакрануўся да яе рукі, якая трымалася за дручок. Зіна не адказала. Тады я асцярожна адарваў яе руку, пераплёў яе пальцы сваімі і ціха сказаў на вуха:

На тым скрыжаванні буду злазіць... Зіна, давай памірымся! Няўжо не даруеш? Прабач...

Яна крадком азірнулася, тады паднесла маю руку да грудзей і мякка, далікатна паціснула мае пальцы.

Дзякуй, Зінка!

Шчасліва...

Узрадаваны, вылецеў я з саней да сваіх хлопцаў, якія ўжо абтрасаліся ад снегу.

А намяло-о, браткі ж вы мае-е! – закрычаў адзін партызан. – Пратупай па такіх гурбах сто кіламетраў – ногі адваляцца.

Дзе ты бачыш гурбы! Гэта ж паркет – першай клясы! – заразіў я хлопцаў добрым настроем.

Даёш паркет!

2

Дзён праз пяць прыбылі мы на месца. З «дугласа» ўжо выгрузілі запакаванае ў брызент партызанскае дабро. Да прадстаўніка злучэння – вялізнага літоўца Шымкаса – падыходзілі па чарзе камандзіры груп, і ён надзяляў іх брызентавымі цюкамі.

Я таксама прымасціўся ў чаргу і ад няма чаго рабіць пачаў разглядаць дзяўчыну.

Яна стаяла збоку і зграбным носікам выдыхала ў настылае паветра струменьчыкі пары. Ад марозу і балотнай сырасці барты яе новага кажушка, вушанка заінелі, а белыя валёнкі і вопратка былі без ніводнай плямкі, як з іголачкі. Яны нагадвалі тылавы дастатак і спакой. У дзіцячым тварыку прабіваліся пашана і наіўнае захапленне ўвішнымі партызанамі. А хлопцы падхоплівалі брызентавыя цюкі і неслі іх да саней.

Адзін цюк партызаны разрэзалі і заглянулі ў яго:

Э-э, зноў «сюрпрызныя» міны!

Такія міны ў нас карысталіся дрэннай славай, на іх узарваўся не адзін партызан.

Казімір Вітольдавіч! – узмаліліся хлопцы да Шымкаса. – Лепш будзем паравозы за колы сцягваць з рэек, толькі не давайце гэтай дрэні!

Геро-оі!.. Не ўмееце карыстацца ўзрывальнікамі. Глядзіце сюды, пакажу вам без толу... Во, гэтую чаку трэба выцягнуць, гэтыя вусікі загнуць...

– Ага, без толу яна не ўзарвецца! Дзяўчына на ўсё гэта глядзела з уміленнем. Новенькі аўтамат яе – заінелы, хоць пішы на ім пальцам,– быў сістэмы ППШ апошняга выпуску. Дзяўчына, мабыць, з Вялікай зямлі. Відаць, са службы аховы самалёта.

У той дзень я дрэнна сябе адчуваў.

Хвароба яшчэ толькі пачыналася: мяне ўсё раздражняла, я сам не ведаў, чаго хацеў. Раздражняла гутарка людзей, смех, нават іхняя вопратка. I чамусьці зусім злавала мяне прысутнасць гэтай дзяў-чыны.

«Партызанскай рамантыкі шукаеш, начыталася кніжачак! – падумаў я непрыязна.– Добра, што хутка вернешся ў цёплую кватэру з водаправодам і цэнтральным ацяпленнем!..»

Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Данута, каб пераапрануць яе ў вайсковае і даць аўтамат.

Я ўздыхнуў.

Ад чэрвеньскага вечара, калі лазіў на ясень, мінула амаль чатыры гады. Столькі падзей адбылося! Але каханне – дрэўца, якое расце, калі на яго мы і не глядзім. Я часамі не знаходзіў сабе месца.

– Вам – радыстка! – перарваў мае думкі прадстаўнік злучэння і паказаў на аўтаматчыцу: – За-бірайце!

Адну-у?

А колькі б ты хацеў, дзесяць?

Было з-за чаго валачыся!

Я ўжо вельмі шкадаваў, чаму замест бездапаможнай дзяўчынкі не далі мяшок толу або патронаў ці нават «сюрпрызных» мінаў, у іх хоць узрыўчатка добрая. З гэтай адно клопатаў набярэшся. Яна – не Зіна Кварцёнак.

Маё расчараванне заўважыў прадстаўнік. Ён вылаяўся на мароз, парыпаў нагамі, быццам у яго пад валёнкамі быў не снег, а сухі крухмал, нязграбна пагартаў паперы чырвонай набрынялай рукой і яшчэ раз зірнуў у спісы.

Атрад Чапаева?.. Зараз, дзе ён тут у мяне... Э-ээ...– пацягнуў ён угару...

Шымкас прыціснуў рукой адну ноздру, чхнуў з сілай праз другую і паскардзіўся:

Прастудзіўся дзесьці, маць яго за нагу!.. Ага, вось атрад Чапаева. Ну, чаго ты хочаш? Вам тут выпісана: радыстка – адна! Рацыя – таксама адна. Вунь яны стаяць!

Бачу сам...

Даць яму яшчэ што-небудзь!

Не крыўдзіце маленькага!

Падкі-інуць! – крычалі адвакаты за маёй спіной.

Барташэвіч, збірай сваіх хлопцаў і марш адсюль! Трэба адпраўляць самалёт ды разыходзіцца ўсім, пакуль нас не засеклі і не накрылі тут фрыцы!..

Я ўлавіў пакрыўджаны позірк дзяўчыны, але мне было не да сантыментаў.

Ну, айда, бярыце рацыю! – злосны на скупога літоўца, загадаў я сваім хлопцам.

Я сама! – неспадзявана цвёрда запярэчыла радыстка і закінула бляшаную скрынку ў зялёным футляры за плечы.

О-го! – здзівіліся партызаны.

На яе глядзелі дзесяткі пар мужчынскіх вачэй. Дзяўчына паспешна зашпільвала на грудзях рамяні. Далоні яе былі маленькія, а пальцы – тонкія, з чыстымі і старанна паабразанымі пазногцямі – дакладна як у Данусі!

Я адчуў сябе вінаватым і падышоў да радысткі:

Давайце, дзяўчынка, пазнаёмімся насамперш!

Не дзяўчынка, а дзяўчына! – падала яна кончыкі пальцаў.

Ух ты-ы!

Прытым у мяне ёсць імя – Станіслава Эдвардаўна Дварэцкая. Запамятайце сабе: Ста-ніс-ла-ва Эд-вар-даў-на Два-рэцкая! – паўтарыла яна. Узнімаючы шэрыя з заінелымі вейкамі вачаняты, з'едліва дадала: – А можна і таварыш Дварэцкая!

Ну і нарваўся наш Барташэвіч! – паспачувалі мне хлопцы.

Пагарэ-эў!..

Але ніхто не засмяяўся, Усім зрабілася няёмка перад гэтай сімпатычнай госцяй. Хлопцы ўжо з дакорам глядзелі на мяне.

3

Незвычайная была дарога ў лагер.

Нібы маім хлопцам хто ўвёў цудоўнае ўзбуджальнае лякарства, яно памаладзіла і дадало ім сілы.

Ніколі яшчэ так па-заліхвацку не сядзелі на галовах аблезлыя кубанкі з чырвонымі стужкамі. I ніколі ў партызан так не былі расхрыстаны грудзі. Кожны нібы казаў гэтым: а ну, каторы з нас най-больш не баіцца холаду, выбірай!

Усе вярцеліся перад Стасінымі вачамі. Нават перасталі лаяцца. А калі прыходзілі ў вёску, адзін перад другім галантна прапаноўвалі ёй немаведама як і дзе дабытае малако, масла, сыр.

Я сваіх хлопцаў добра ведаў. Раней калелі да смерці, а буданоў сабе не рабілі. То не было з чаго, то не было чым – проста валіліся ў снег, падцягвалі калені пад бараду і дрыжалі ў дрымоце. Затое для ра-дысткі на кожную днёўку ў момант спляталі буданчык – люба глянуць.

Толькі што скончылася Сталінградская бітва, і з Масквы перадавалі прыемныя весткі. На ўзбярэжжы Міжземнага мора саюзнікі таксама грамілі немцаў. Гэта яшчэ больш заражала хлопцаў энергіяй. Калі дзяўчына выказвала жаданне ставіць рацыю, кожны з партызан лічыў за шчасце круціць дынамку. Адзін перад адным лазілі яны па дрэвах, развешвалі антэну.

Не туды цягнеш! – спрачаліся.– Бачыш, якая тут густая елка!

Ну і што?

Што, што-о!.. Ведаеш, колькі ў яе іголках жалеза – магнітныя хвалі не будуць даходзіць у антэну! Стася не зможа прыняць радыёграмы!

Выдумвай!

Дубіна, слухай! Яна сама ўчора нам апавядала. Ты быў на варце якраз!

Ну-у?

Не нукай, не запрог!

То ў які бок цягнуць?

Так бы і спытаўся адразу! Бярэцца яшчэ за такую справу, ні шыша не разумеючы!

Даўно ты пачаў шмат ведаць!

Больш за цябе!..

Іншым разам радыстка, прачнуўшыся, расчырванелая ад цеплыні ва ўхутаным плашч-палаткамі буданчыку, нападала на партызана:

Таварыш Трухан, чаму мяне не пабудзілі на пост, калі падышла змена!

Стасенька, родная, далібог, забыўся! – захлынаючыся ад шчасця, што ўдалося ашукаць дзяўчыну, па партызанскай звычцы хлопец ужо называў яе на «ты».

Заўтра дзяжуру і за сябе і за вас!

Вядома, аддзяжурыш! Назаўтра паўтаралася тое ж самае.

Аднаго дня Стася яшчэ спала. А хлопцы ад холаду ўсхапіліся са снегу і стараліся сагрэцца: штурхаліся, тупалі, скакалі... Раптам Трухан закрычаў:

Глядзіце, што я ў кустах знайшоў! Партызаны абступілі яго, разглядаючы скураную рукавічку.

Чыя, ніхто не прызнаецца!

Добра ведалі, чыя рэч, і хлопцы, але не спяшаліся адказваць. Нібы гэта была не звычайная рукавіца з труса, толькі да смешнага малая, пашытая поўсцю ўсярэдзіну, а – сонца, якое ўсіх абагрэла.

Гляджу, штосьці ляжыць. Падымаю, ажно...– Шчаслівы Трухан трымаў рукавічку так асцярожна, быццам яна была з павуціння.

Кожны хацеў бы патрымаць яе таксама. А Трухан, бадзяга, на зайздрасць усім, яшчэ ўсадзіў свае брудныя і струпастыя пальцы ў шаўкавістую воўну:

А цё-оплая, кхэ!

Ну, ты! – закрычалі на яго адразу.– Гэта Стасіна!

Стасіна?

Не ведаеш!.. Пакладзі ў будан!

Хлопцы адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Яшчэ доўга я заўважаў, як стараліся яны пабыць адзін на адзін з сабой, як свяціліся іхнія вочы.

У групе былі бывалыя сэрцаеды, і кожны з іх меў яшчэ свайго балельшчыка. I як балельшчыкі ні стараліся падгледзець які-небудзь поспех свайго аўтарытэту, Стася была з усімі аднолькава ветлівая. А гэта вельмі інтрыгавала.

Яшчэ інакш радыстка ставілася да мяне. Яна ўмудралася гадзі-намі быць са мной і маўчаць, гледзячы на мяне нібы на пустое месца.

Стася была прыгожая, перад ёй так і хацелася парысавацца, паказаць сябе з найлепшага боку. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка і мяне заінтрыгавала. Толькі я быў у горшых умовах.

Гордасць не дазваляла набівацца са сваімі паслугамі, бо гэта выглядала б так, нібы выкарыстоўваю службовае становішча. I пасля сцэны на аэрадроме было брыдка. А прасіць прабачэння не прывучылі мяне змалку. I са Стасяй я не гаварыў. Толькі зайздросціў сябрам, што могуць адкрыта ёй зрабіць паслугу, і крадком пазіраў, як радыстка з жаночай нязграбнасцю ў ватных штанах месіць снег. Моўчкі ішоў я следам і лаяў сябе за нетактоўнасць.

Так мы і брылі чатыры дні.

4

Падыходзілі мы да крыніц. Праклятыя, іх нават не адзначылі на картах-кіламетроўках, а ў прыродзе яны існавалі.

Крыніцы гэтыя перасякалі балота ў некалькіх мясцінах. Іх зімой не скоўваў лёд. У вялікі мароз з іх толькі валіла пара, і народнае павер'е сцвярджала, што там зімуюць лебедзі.

У наш лагер вялі тры дарогі. Адна – каля стаянкі атрада Арміі Краёвай[19], яна адпадала зусім. Заставалася другая, далёкая, або трэцяя – праз гэтыя балоты.

Калі б крыніцы замерзлі, у лагер мы прыйшлі б на суткі раней. Так апрыкраў холад, што мы згадзіліся б ісці і скрозь агонь, абы хутчэй дабрацца да цёплых зямлянак. Чамусьці апошнія метры здаюцца найцяжэйшымі.

Я адправіў на балота разведчыкаў, а групу павёў на знаёмы хутар. Праз нейкі час мы апынуліся ў хаце.

I тут мае хлопцы рысаваліся перад Стасяй. Удыхнуўшы цёплага паветра, партызаны напоўнілі памяшканне маладымі бадзёрымі галасамі: глядзі, якія мы тут свае, як мы хутка дамаўляемся.

Цётачка, нам бы крыху вады, а то есці ахвота і пераначаваць няма дзе!..

Ах, божа, то што ж я вам дам, саколікі мае!..

Кіслая капуста е?

То е-е-е...

А хлеб?

Чаму ж і яму не быць!

Нясіце місу, толькі поўную!

I кола хлеба самае большае!

Сала кавалачак...

I пачаліся бразганне, смачнае хрумстанне і жарты, пасля якіх ад рогату аж уздрыгваў кволы агеньчык лямпы.

Добра наеўшыся мёрзлага сала з квашанай капустай, апаражніўшы цётцы ўсе збаны з кіслым і салодкім малаком, хлопцы як сядзелі, так і пазасыналі. Толькі ў куце капашыліся яшчэ двое.

А братка ты мой, ну і брудная ж у мяне кашуля! – паскардзіўся адзін партызан.

Глядзі толькі, каб сумленне было чыстае! – параіў другі.

Будзь спакойны за маё сумленне!

У гаворку ўмяшаўся дзед – гаспадар хаты. Ён расказаў, як у 1863 годзе адзін польскі паўстанец уцякаў ад царскіх войск і залез у дупло. Там казакі яго і застрэлілі.

...Я быў яшчэ хлопцам,– правіў стары. – Спілавалі мы з бацькам дуб, а ў дупле – заржавелая стрэльба, чалавечыя косці, гузікі, спражка. Селі мы і думаем: што з гэтым рабіць? Закапалі ля трубы, на капец крыж паставілі...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю