Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 25 страниц)
Хлопец у гэтым баі выратаваў машыну Гогабярыдзе. Ні Сандро, ні вадзіцель не бачылі небяспекі. Толькі Колышаў прыкмеціў, што з боку танка, які толькі што прыпыніўся, узняўся гітлеравец з гранатай.
Не паспеў гітлеравец размахнуцца, як чарга Колышава пранізала яго. Усё гэта адбылося так хутка, што ніхто, акрамя аўтаматчыкаў, якія сядзелі з Колышавым, не заўважыў нічога...
Неўзабаве Колышаў з аўтаматчыкамі гаспадарыў ужо на зямлі. На дарозе і ў полі бязладна стаялі, ляжалі на баку грузавікі, гарматы, патрушчаныя і цэлыя. Некалькі машын у розных краях поля гарэлі. Адзін грузавічок, нагружаны скрынкамі, раптам успыхнуў зыркім полымем, і наваколле задрыжала ад моцных выбухаў – пачалі ірвацца снарады. Яны з пагрозным сіпеннем узляталі ўгару.
Колышаў з аўтаматчыкамі лавіў у жыце гітлераўцаў і абяззбройваў.
– Эй ты, вылазь! Ну, хутчэй! – скамандаваў лейтэнант зялёнай постаці, што ціснулася да зямлі пад кузавам машыны.
Гітлеравец марудзіў. Насцярожана выставіўшы аўтамат, Колышаў з пагрозай падагнаў:
– Давай, давай! Шнэль!..
4...
Пакуль Аляксей са сваёй ротай граміў «галаву» калоны, дзесяткі іншых танкаў з двух батальёнаў імчаліся наперад. Са страшэннай сілай, з грукатам наляталі на неадчэпленыя гарматы, на гружаныя машыны, давілі іх сваім многатонным цяжарам, ламалі, секлі з кулямётаў...
Ад'ехаўшы кіламетраў з дваццаць, зрабілі прыпынак, каб падцягнуць батальён. Сюды, у лясок, поблізу ад дарогі, хутка падышоў са сваімі танкамі і Аляксей Лагуновіч.
Замаскіраваўшы машыны, танкісты пачалі збірацца ў групкі. Усюды запальна і весела гаварылі пра нядаўнія падзеі. Настрой амаль у кожнага, нягледзячы на бяссонную ноч, быў узняты. Хто ж можа думаць пра спачын пасля такога ўдалага бою?
Убачыўшы Гогабярыдзе, Аляксей, якому хацелася смяяцца, дакорліва паківаў галавою:
– Сандро, якія ў цябе сёння хромавыя боты! Быццам і не твае гэта, усё роўна як падмянілі іх табе. Проста пазнаць нельга... Дзе гэта ты іх так размаляваў?
Гогабярыдзе паглядзеў на свае акуратныя, ладна прыгнаныя, але нячышчаныя боты, аблепленыя закарэлай граззю, і сказаў без усмешкі, што выпацкаў уночы, калі выцягваў з рэчкі танк. Хоць Аляксей жартаваў, ведаючы празмерную прыхільнасць лейтэнанта да акуратнасці і чыстаты, Гогабярыдзе прыняў яго словы ўсур'ёз.
Ён забраўся ў машыну і, вылезшы адтуль са шчоткай ды нейкім чорным мяшэчкам, стаў люта аддзіраць гразь ад ботаў. Сандро ўсюды вазіў шчотку, гуталін і нават шматок аксамітнай тканіны, якім наводзіў на хром люстраны бляск.
Пачысціўшыся і ўважліва агледзеўшы сябе, Гогабярыдзе заспяшаўся да бліжэйшай групкі. Ён любіў паслухаць другіх, а яшчэ больш, каб яго слухалі. Неўзабаве ён, горача размахваючы рукамі, гаварыў:
– Колышаў сягоння, будзьце пэўны, – папрацаваў. Раскажы, Толя, як ты фрыца даставаў з-пад «усюдыхода»,– і, ведаючы, што сціплы Колышаў не стане гаварыць пра гэта, пачаў з захапленнем расказваць сам. Сандро перадаў гэтае здарэнне так, быццам быў пры гэтым, і нават дадаў тое-сёе для «эфекту».
Колышаў хацеў быў паправіць Сандро, але той не даў яму сказаць і слова.
– Што і казаць: пехацінец добры, – адгукнуўся Быстроў. – Невядома толькі, чаму таварыш лейтэнант парыцца ў гэтым танкісцкім камбінезоне...
Ён заўважыў, што між сосен набліжаецца «газік».
– Зампаліт прыехаў! – пазнаў Касцючэнка.
Сонцаў прамовіў:
– Навіны, мусіць, прывёз...
Падпалкоўнік Семіжон, лёгка ступаючы, накіраваўся да танкістаў. Ідучы, ён амаль не размахваў рукамі, быццам знарок трымаў іх «па швах». Да таго, як ён прывітаўся з танкістамі, усе, хто сядзеў, паўсхопліваліся. На прывітанне адказалі весела: начальнік палітаддзела быў жаданым госцем.
Але тут з-за дрэваў, глушачы рэвам, страляючы, вырваліся нямецкія штурмавікі. Амаль адразу блізка, звонка затупалі выбухі. Недзе побач моцна затутукаў запознены зенітны кулямёт. Стала неспакойна.
– Якія навіны прывезлі, таварыш падпалкоўнік? – запытаўся Гогабярыдзе.
Семіжон зняў фуражку, выцер хусцінкай белы лоб і паголеную галаву.
– Ая, прызнацца, чакаў навін ад вас.
– Ну, што ў нас, вы ўжо, мусіць, ведаеце, – адгукнуўся Аляксей Лагуновіч.
– Бачыў, Лагуновіч, сваімі вачыма. Праехаў цяпер там – малайцы, папрацавалі добра. Палкоўнік за гэта падзяку перадае! А што да агульных навін, то іх, таварышы, столькі, што пераказаць усё цяжка...
Асабліва ўзрадаваліся ўсе, пачуўшы, што пяхота і танкі, якія ўсю ноч вялі баі ў Оршы, выбілі немцаў з апошніх кварталаў. Орша вызвалена. Гэта толькі што перадаў камбрыгу камандзір корпуса. У той час, як іншыя, перабіваючы адзін аднаго, абмяркоўвалі пачутыя навіны, Быстроў запытаўся насцярожана:
– А як там, таварыш гвардыі падпалкоўнік, амерыканцы, на гэтым другім фронце?
– У камюніке саюзнікаў гаворыцца, што яны, нарэшце, надзейна аселі на прадмосным умацаванні, якое займае паўвостраў Катантэн... Вечарам перадавалі, што перасеклі адну чыгунку, каля горада Муана. Наступленне праходзіла ў цяжкіх умовах, – у вачах падпалкоўніка мільганулі іскаркі, – ішоў вялікі дождж...
– І не зважаючы на дождж, яны наступалі?! – з насмешлівым захапленнем прамовіў Гогабярыдзе.
– Яны зрабілі такую высадку, учапіліся ў зямлю... – адгукнуўся Аляксей. – Гэта табе, брат, не рэчачка. Акіянская пратока!
Гогабярыдзе перабіў яго:
– Каб не мы, то бачыць бы ім толькі гэты бераг з таго боку!..
Быстроў, які звычайна сачыў за іншымі так, нібы старэйшы чалавек, які пабачыў усяго і прывык не здзіўляцца, прамовіў гнеўна:
– Усё-ткі, як яны паступілі, гэтыя паны. Калі мы біліся пад Сталінградам і Курскам, – усё абяцалі нам, адседжваліся!
З замежных навін, якія перадаў Семіжон у гэтую раніцу, найбольш усхвалявала паведамленне швейцарскай газеты «Газет дэ Лазан» аб тым, што Мусаліні ўцёк у Германію.
– Збег дучэ, ратуючы шкуру... як пацук!..
– А цікава – куды «фюрэр» будзе ўцякаць, калі мы падступім да Берліна? Як ён тады, гадзючына сухарукая, закруціцца?..
Невядома, колькі б гадалі пра гэта, але тут з зарасніку выпаўз танк. Гэта прыехаў лейтэнант Якавенка. Як толькі лейтэнант вылез з машыны і саскочыў на зямлю, да яго падбег Гогабярыдзе.
Гогабярыдзе адразу заўважыў, што Якавенка нечым узрушаны.
– Што такое, дарагі? Што здарылася?!
Лейтэнант стомлена махнуў рукой, зняў шлем і прысеў каля танка. Падышло яшчэ некалькі чалавек.
– Таке було, шчо і казаць нэ хочацца.– Ён наогул не любіў гаварыць пра непрыемныя справы.
– Ну, што ж усё-ткі?
– А такое, шчо трохі нэ попаў на той свет!.. Як одыйшлы вы, я выліз, корпаюся біля машыны. Нэ одын я, а шчэ троіх – водзіцель, стралок, башнёр... А тут раптам – фрыцы! Блызько, у жыці! Як пабачылы, шчо мы іх заўважылы, з аўтаматаў па нас. Ледзьве мы ўправіліся пад машыну схавацца. Добрэ, шчо зараджаючы быў у машыне – він одразу до кулямёта. Чаргу! Воны і остылы. Але нэ зовсім – бачу, почалы обыходзіць. Ну тут я вжэ з пісталета попужаў. А радыст і башнёр ляжаць моўчкі, у іх голі рукі. Про вадзіцеля нічога нэ знаю шчо з ным, можа, і вбілы...
– А што з ім?!
– Пачакай. Нэ спішы попэрэд бацька!.. Ну, цераз аварыйны ў танк влізлы, а там – вадзіцель. Кроў з рукава тэчэ, лежыць білы. Він кінуўся ў люк свій, та яго куля догнала... Я яго вжэ ў шпіталь перадаў... Пілы бой далы! Добрэ, шчо ў ных гарматы нэ було, а то б зовсім копэць... Одным словом – ухо трэба остро трымаць, – закончыў Якавенка павучальна.
– Сёння забілі камандзіра ўзвода ў трэцім батальёне, – загаварыў падпалкоўнік Семіжон, які дагэтуль моўчкі слухаў. – З жыта забілі, на ціхай дарозе.
– Без бою загінуў чалавек...
– Глупая смерць...
– Глупая! У кожнага можа быць такая... З любога куста можа прыспі...
– Так, можа з любога куста, – сказаў рэзка Семіжон, з той рэзкасцю, якую ад яго не прывыклі чуць. – З любога! Таму што той-сёй перастаў заўважаць зямлю пад нагамі. Галава закружылася з першых поспехаў.
– Одным словам, ухо трэба остро трымаць...
– Тут так – хто першы ўправіцца...
5...
Два танкі стаялі ўскрай невысокага ельніку, цэлячыся гарматамі на дарогу і ў поле. Яны ахоўвалі роту. Побач з лесам, зусім блізка ад машын, віднелася некалькі хат. Ледзь толькі танкісты асталяваліся, туды падаўся Рыбакоў. Ён ішоў непаспешліва і спакойна, хаваючы ў руцэ нейкі скрутак.
За той час, як Рыбакоў застаўся без машыны, ён павёў сябе яшчэ вальней. Машыны сваёй у яго не было, а чужую, на якой ехаў, ён не думаў даглядаць. Так што Рыбакоў апынуўся нібы ў адпачынку.
У яго цяпер быццам і не было камандзіра. Праўда, ён звычайна ехаў пры Колышаве, – аднак лейтэнант перастаў быць цяпер для яго начальнікам. Хіба Колышаў не такі ж «бясконнік», як і сам ён?
І Рыбакоў рабіў усё так, як яму хацелася, не звяртаючы ўвагі на лейтэнанта. А Колышаў стараўся не бачыць гэтага...
Хвілін праз дзесяць Рыбакоў задаволены вярнуўся назад, са скруткам таксама, але з меншым. Ён адразу забраўся ў машыну. Хоць Рыбакоў лічыў гэту машыну чужой, ён уладжваўся тут, калі яму выгадна было, нараўне з іншымі членамі экіпажа.
Вылезшы з танка, ён стаў, насвістваючы, разбіраць аўтамат, каб пачысціць яго. Тут да Рыбакова падышоў Колышаў, запытаў, куды ён адлучаўся.
– Вады напіцца захацелася... Надакучыла гэтая смярдзючка з бачка, прападзі яна. Ды я ж толькі на хвілінку і адышоў...
– Ну, калі на хвіліну, то няхай сабе. Але каб у другі раз не было гэтага. – Колышаў не стаў распякаць сержанта: навошта прыдзірацца? Тым больш, танкісты не любяць прыдзір-афіцэраў. А яму, вядома, хацелася, каб яго любілі.
Сонца пачало ўжо спадаць на захад, але было яшчэ вельмі спякотна. Спякота гэта асабліва адчувалася ў ельніку, які дыхаў гарачым, млосным настоем смалы, нагрэтаю травою і суніцамі. Паветра ў ельніку здавалася незвычайна густым і нерухомым.
Танкісты пачалі развязваць рэчавыя мяшкі, беручы адтуль памяты хлеб, сухія каўбасы. Рыбакоў таксама сеў перакусіць. Ён выняў буханку свежага хлеба і кавалак жоўтага сала. Яго мяшок быў заўсёды напоўнены.
Ён адрэзаў кавалак сала камандзіру гарматы Светліку, потым, як бы падумаўшы, і радысту, які сядзеў поруч. Рыбакоў стараўся быць у добрых адносінах з экіпажам.
– Вазьмі яго назад, сваё дабро... – Светлік нечакана кінуў кавалак сала назад Рыбакову. – Выцягнуў у чалавека, – можа, апошні кавалак выменяў. Ды яшчэ частуе!..
– Мяняла. Купец свіны!..
– Ну, ну, вы паасцярожней!.. Падумаеш, злачынства знайшлі!
Рыбакоў азірнуўся: ці не чуе ўсё гэта Колышаў? Не, лейтэнанта тут не было.
Яшчэ адзін танкіст таксама ўмяшаўся ў спрэчку. Усе падтрымлівалі Светліка.
– Слухай, купец, ты даўно гэтым займаешся?.. – пацікавіўся Светлік. Аказалася, Рыбакоў пачаў «гандляваць» не сёння. Радыст успомніў, што, яшчэ калі стаялі на адпачынку, Рыбакоў прыносіў раз ці два з вёскі сала, а неяк нават пляшку самагону. Сёння ён падабраў недзе ў трафейным грузавіку адзенне і вось «рэалізаваў».
Рыбакоў асцярожліва адступіў, пастараўся патушыць спрэчку.
– Вось што запомні: каб не пэцкаў маю машыну, ясна? – не хацеў уціхамірвацца Светлік. – Ты, праўда, не з майго экіпажа, але на маёй машыне едзеш. Дык не пэцкай... А то скіну з машыны...
– Ясна, ясна... Хопіць ужо... – прабурчаў прымірэнча Рыбакоў.
Тады ж гэтая спрэчка дайшла да Быстрова, а потым нейкім чынам і да старшага лейтэнанта. Камандзір роты выклікаў Рыбакова і Колышава да сябе.
– Ну, Рыбакоў, адыходнымі промысламі заняўся?– Аляксей запытаў спакойна, але ў гэтым спакоі Рыбакоў адчуў нядобрае. «Усё-ткі, хтосьці ж перадаў!»
Рыбакоў пачаў хітрыць. Якія там промыслы? Адзін раз паспрабаваў, і за кавалачак сала столькі прыкрасці. Каб ён ведаў гэтае, то ні за што б не пайшоў бы ў тую хату...
– Мне гаварылі, што гэта не ў першы раз... Дарэчы, пытанне: у цябе яшчэ засталося гэтае... як бы сказаць, трафейны «набытак»?
Рыбакоў сказаў, што няма. Ён насцярожана зірнуў на старшага лейтэнанта і адразу адвёў вочы ўбок.
– А ты, Рыбакоў, смялей! Чаго ж саромецца? Бачылі вочы, што бралі... Будзь жа, чорт пабяры, хоць мужным...
Старшы лейтэнант, насупіўшы ламаныя густыя бровы, непрыязна зірнуў на сержанта.
– Няёмка, значыцца? Ды і мне, прызнацца, таксама не вельмі радасна. У маёй роце такіх «спецыялістаў», здаецца, раней не было... – Ён памаўчаў. – Ты думаў сам, для чаго мы сюды прабіваліся... на захад ідзем?
Рыбакоў маўчаў, але старшы лейтэнант упартым позіркам моўчкі настойваў. Рыбакоў адказаў: – Ну, думаў, канешне!..
– Значыцца, кепска думаў... Тут – зірнеш, пабачыш, як спакутаваліся людзі, сэрца крывёю сыходзіць... Убачыш, як іх абадрала гэтае звяр'ё ненаеднае, – і як бы матчын дакор чуеш. А ён – «ну, думаў, канешне...» Не чалавек, а... ліха ведае што! – старшы лейтэнант пачаў хвалявацца. І Рыбакоў, чуючы гэты ўзрушаны голас, стаў раптам – чаго з ім даўно не здаралася – баяцца камандзіра. Яму захацелася адступіцца далей.
– Ды што вы на мяне так, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? – прамармытаў Рыбакоў.
– Што ён за чалавек?! Як яго магло, брат, не крануць тое, як сустракаюць нас? Не разумею.
Аляксей запытальна і здзіўлена зірнуў на Колышава, нібы просячы яго дапамагчы разгадаць гэта.
– Я – чалавек не злы, але памятлівы, Рыбакоў... – Аляксей, не чакаючы адказу Колышава, зноў загаварыў да сержанта, але цяпер спакойна, і Рыбакоў адчуў, што гэта, відаць, апошнія словы.– Запомніце, гэтага выпадку я не забуду ніколі і не дарую... Вы паказалі сябе нікчэмным чалавекам, і калі вы не перайначыце сябе, не апраўдаецеся ў будучым, кепска будзе вам...
Рыбакоў хацеў штосьці сказаць, але старшы лейтэнант папярэдзіў:
– Не трэба... Вас лейтэнант не адпускаў? – Колышаў кіўнуў галавою: «не адпускаў». – За самавольную адлучку – пяць нарадаў без чаргі. Ідзіце.
6...
Ніколі яшчэ Колышаў не бачыў камандзіра роты такім суровым. Проста дзіўна, што, звычайна добры і ветлівы да Колышава, старшы лейтэнант сёння гаварыў гэтак непрыязна.
Яны крыху адышлі ад роты. Адсюль, дзе яны сталі, віднеліся палоскі жыта, сярод яго дробныя кусты, а на ўзлессі – прыкрытыя галлём рамонтныя лятучкі. Зямля пад нагамі была густа засыпана рудою ігліцаю.
– Я буду гаварыць коратка, бо няма часу больш займацца гэтым. – Аляксей пераступіў з нагі на нагу, пад якімі затрашчалі сухія галінкі. – Калі вы даведаліся, што Рыбакоў пакінуў узвод і падаўся «гандляваць», што вы зрабілі?
Колышаў сказаў, як і было, што Рыбакоў ашукаў яго. Але галоўнае не мянялася: вадзіцель зрабіў «самаволку». Ён, Колышаў, загадаў Рыбакову, каб больш гэтага не паўтарылася.
– І ўсё? Чаму гэтак мякка?.. Не хацелі, мусіць, заядацца? Баяліся, каб не палічылі прыдзірам?..
Колышаў здзівіўся, як старшы лейтэнант здагадаўся. Хлопец шчыра прызнаўся, што так ён і думаў.
– Вось што, Колышаў. Каб гэта было не ўпершыню, я гаварыў бы з вамі больш строга. Але і цяпер я лічу вас вінаватым. Я не мог і падумаць, што вы будзеце заваёўваць сабе аўтарытэт, адступаючы ад сваіх абавязкаў... Гэта несумленна...
Больш моцнага папроку, чым папрок у несумленнасці, для Колышава быць не магло. Яго далікатны твар густа пачырванеў. Аляксею стала шкада Колышава, і ён ужо мякчэй, нібы апраўдваючыся, што даводзіцца гаварыць непрыемнае, працягваў:
– І не арыгінальна гэта, брат... Былі ўжо такія афіцэры, якія хацелі здавацца «добрымі дзядзькамі» – думалі, салдаты будуць больш любіць... Толькі гэта, Колышаў, самаашуканства. Я ведаю добра, павер. Можа, і будуць паважаць салдаты, але толькі такія, як вось Рыбакоў. У «добрых дзядзек» канец адзін – яны, нарэшце, Колышаў, трацяць павагу...
Там, дзе стаялі танкі, пачулася: «Старшага лейтэнанта Лагуновіча – да камандзіра батальёна!»
– Іду... З «гандлярствам» таксама трэба скончыць! Я не дазволю ганьбіць роту... – Ён ужо намерыўся ісці да роты, калі запытаў, тоячы на добрых губах усмешку: – Ну, дык як, запісаць у «добрыя дзядзькі»?
– Не, не трэба...
Раздзел ІІ
1...
Чэрвеньская спёка. Хмары пылу над дарогай...
Няспынная плынь машын, павозак.
Спяшаюцца адна за адной, стараючыся перагнаць усіх, «кацюшы», на якіх, нібы ветразі, лапоча брызент. Важка ляскочуць непаваротлівыя цягачы з гарматамі. Натужна туркочуць грузавікі. На іх віднеюцца то штабелі скрынак боепрыпасаў, то мяшкі з сухарамі ці з мукою, то запыленыя загарэлыя салдаты. Часта на машынах трапечуць засохлыя галінкі маскіроўкі.
Павозкі сціпла і асцярожна ціснуцца па баках. Коні, прывыклыя да грукату, да ўсяго на свеце, ідуць спакойна, абыякава пазіраючы перад сабой на вытаптаную гарачую зямлю.
Між гэтых фурманак у тыя дні можна было бачыць старыя скрыпучыя сялянскія калёсы, якія ляніва цягнуў худы, размаляваны ў нейкія жаўтаватыя яблыкі, каняка, што адмахваўся і хвастом і галавою ад нахабных аваднёў. У яго былі худыя маслакаватыя ногі, якія, здавалася, чапляліся адна за другую. На павозцы, на свежым сене, ляжаў немалы мяшок, да якога былі прымацаваны дзве вяровачкі, каб насіць яго за плячыма; мяшок быў для пэўнасці адной з іх прывязаны да драбінкі.
На павозцы калі-ні-калі трэсліся тры чалавекі. Трэба сказаць, адпачываць на павозцы ім даводзілася мала: больш за ўсё трое крочылі побач з ёю. Адзін з трох, пажылы, высокі, малагаваркі, быў у вайсковым касцюме, але без пагонаў, другі – нясмелы хлапчук, гадоў шаснаццаці, трэці – старэйшы з іх, дробны і жвавы, ішоў кульгаючы, абапіраючыся на кіёк, На плячах яго вісела ватная мятая паддзёвачка. Невядома, чаму ён у такую спёку не хацеў скідаць яе з. сваіх плеч.
– Ты ж самлееш у ёй – скінь! – неяк сказаў яму, пасміхваючыся, чалавек у вайсковым адзенні.
– Самлела адна баба, калі муж яе засціг з другім... – адгаварыўся жартам мужчына ў паддзёўцы. Гэта быў той самы старшыня з Міншчыны Жывіца, якога некалі затрымалі на перадавой танкісты Лагуновіча.
Яны ішлі разам ужо трэці дзень і цяпер адчувалі сябе так, нібы знаёмы былі ўсё жыццё. Жывіца аказаўся вельмі гаваркім і цікаўным чалавекам, ён бясконца распытваўся: а куды вы ідзеце, а што вы будзеце рабіць, а дзе ваша сям'я, а дзе вы жылі да гэтага?
Хлопчык, даведаўся Жывіца, ішоў з лагера, з якога немцы ганялі яго капаць акопы, – днямі хлопчыка вызвалілі нашы разведчыкі, і цяпер ён вяртаўся дамоў.
Пажылы, апрануты ў вайсковы шарсцяны касцюм, па прозвішчу Міхалап, дабіраўся ў Мінск, куды яго прызначылі дырэктарам завода. Міхалап ішоў павольца і разваліста, з хітраватай усмешкай пазіраючы на наваколле і слухаючы гаваркога старшыню.
– Дырэктар завода! – разважаў Жывіца.– Які ж гэта дырэктар, калі завод, невядома, ці застанецца яшчэ? А можа там – барані бог! – адно ламачча будзе?
– Ёсць дырэктар, значыцца будзе і завод!..
– Э, гэта яшчэ... як сказаць. Час цяпер такі, што ўсяго чакай... Каб гэта чутае ды бачыць... – ён раптам успомніў: – У нас каля Паплавоў, не дайце зманіць, перад вайной арганізавалі нейкую вопытную станцыю,– дык туды прыязджаў таксама дырэктар. Чалавек з выгляду вельмі важны і вучоны – у капялюшы, з акулярамі. Дык ён усё нешта мітусіўся, арганізоўваў, арганізоўваў, ды так і нічога і не арганізаваў... Глеба там, ці што, казалі, не падышла... Адным словам, з чым прыехаў, з тым і паехаў. Арганізаваў! Вось вам і дырэктар!.. Я вам лепш на вашы словы адкажу, што быў бы завод, а дырэктара знойдуць!
Ён разважаў і гаварыў ледзь не бесперапынку. Амаль ніколі яго не бачылі спакойным – Жывіца то радаваўся, то гараваў. Убачыў патоптанае жыта, падбег туды, пахадзіў, паглядзеў, а пасля паўгадзіны айкаў:
– Ай-ай, колькі жыта здрасавана! Колькі дабра на глум пушчана!.. То ж расло пад пяшчотным сонейкам такое багацце, цягнулася ўгару, налівалася сабе сокамі, кланялася каласкамі зямлі – і вось раптам палягло, памерла... Бывала, да вайны, кожнае сцябельца, як дзіця тое, беражэш, каб ніводнае зярнятка не прапала ў полі, а тут – цэлая паласа стаптана – і быццам так і трэба!..
Амаль на кожным полі Жывіца прыглядаўся да збажыны – як наліваецца. Яна стаяла яшчэ шыза-зеленаватая, але з кожным днём спела. Жывіца ўсхвалявана разважаў, ці засеялі палі там, дома, ці не патаптаны яны і як іх прыдзецца прыбіраць...
Калёсы, на якіх Жывіца ехаў, або правільней, каля якіх ён ішоў, падабаліся яму тым, што былі лёгкія, але яны ўжо дажывалі свой век. Колы амаль увесь час надакучліва скрыпелі.
Жывіцу даводзілася з калёсамі многа валаводзіцца.
Ледзь не кожныя паўдзесятка кіламетраў спыняў ён каня і гаварыў жвава:
– Шына, няма на яе ўправы, спаўзае!
– Атоса зноў спала!.. Цьфу, каб ты згарэла, такое прыладдзе!
Ён адразу пачынаў борзда завіхацца.
– Строй, няма чаго сказаць! Эх, у нас, у «Сусветнай рэвалюцыі», рабілі, бывала, павозкі. Коціцца – ні скрыпу, ні рыпу, а паклажу, як на грузавік, можаш нагрузіць, усё вытрымае! Самі ж павозкі – лёгкія, не то што конь, а дзіця можа пакаціць.
Каняку ён вельмі бярог і шкадаваў. Адганяў бясконца аваднёў, якія плоймай круціліся над ім і ўпіваліся ў бакі і шыю. Жывіца не злаваў, што ён ідзе паволі. Толькі калі-ні-калі памахваў пужкаю ды дабрадушна пасвістваў, як бы для таго, каб падахвоціць.
Жывіца запэўніў сваіх спадарожнікаў, якія па міласці гэтага стварэння вымушаны былі амаль увесь час тупаць пеша:
– Падкарміць бы крыху, і можна хоць на іпадроме скакаць наперагонкі. Усіх бы, ручаюся галавой, перагнаў!
І раптам прамовіў задуменна і трывожна:
– А можа, там ніводнага канякі цяпер не засталося. Адзін гэты будзе... На яго, можа, там будуць усе нашы надзеі... Да вайны на гэтага каня, напэўна, мала хто і глядзець захацеў бы, а цяпер – калі ён адзін – за ім трэба, як за самым дарагім стаеннікам, хадзіць.
І Жывіца на ўсіх прывалах старанна падкармліваў каня.
Спыніліся на начлег у Талачыне.
Гарадок быў увесь запоўнены войскамі. Не было такога двара, дзе б не віднеліся ці грузавікі, ці гарматы, ці групкі байцоў. На некалькіх дварах стаялі крытыя машыны з чырвонымі крыжамі, і Жывіца здагадаўся, што гэта вайсковы шпіталь.
Толькі аб'ехаўшы з паўсотні двароў, убачылі нарэшце адзін пусты.
Жывіца заехаў на двор, каля сцяны пустога хлява распрог каня, даў яму з воза пахучага сена. Двор быў шырокі, зарослы рамонкам і травою, ён аддзяляў дом ад невялікага саду, які падступаў да вуліцы.
Міхалап і хлапчук пайшлі ў хату, а старшыня застаўся назіраць за канём. Спаць Жывіца збіраўся тут, на павозцы, каб каняка, крый бог, не прапаў – час неспакойны, многа ўсякага народу бадзяецца, вуха трэба трымаць востра.
Амаль адразу за ім на двор зайшло некалькі жанчын і дзяўчат. Жывіца заўважыў, што яны вельмі стаміліся, і параіў ім спыніцца тут: ён заўсёды спачуваў людзям. Жанчыны пачалі размяшчацца, некалькі з іх пайшло на суседнія двары, а чалавекі чатыры засталіся тут. Жывіца, вядома, пацікавіўся, хто яны і адкуль, і даведаўся, што іх учора гітлераўцы гналі ў Германію, але танкісты насціглі немцаў і вызвалілі палонных.
«Можа, гэта тыя танкісты?» – падумаў раўніва, з зайздрасцю, Жывіца.
– Ці не бачылі вы, скажыце, якія знакі нарысаваны на танках?
– Хто ж прыглядаўся да знакаў! Хіба нам было да таго! Як падляцелі да нас танкі, як выскачылі адтуль свае людзі ды пачаліся абдымкі– дык і зямлі пад сабою не бачылі!.. Не тое, што знакаў!..
– Усё роўна знак трэба было запомніць... Таму што без знака вы не будзеце ведаць, хто вас выратаваў!
– Божа, а я і не падумала пра той знак!..
Тут адазвалася праворная жвавая дзяўчынка:
– Збоку на тых танках была белая стрэлка і «Б»!
– Стрэлка і «Б»? Вось цяпер ясна, каму трэба дзякаваць!.. То – спрытныя, баявыя хлопцы! Я іх добра ведаю...
Ну так, гэта яны! Глядзі ты, як далёка апярэдзілі – напэўна, на цэлую сотню ці больш кіламетраў. Дзе там за імі ўгнацца! Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца...
2...
Па вуліцы ішло ды ішло войска. Гуркаталі цягачы з важкімі гарматамі і прычэпамі, ад поступу якіх уздрыгвала зямля. Цягнуліся адна за адной павозкі, дымілі на хаду палявыя кухні. Нецярпліва сігналілі легкавікі, патрабуючы сабе дарогу.
На гарматах, на павозках, на прычэпах – усюды віднеліся стомленыя, але бадзёрыя постаці салдат. Яны, не спыняючыся, ехалі на захад...
Пачало ўжо змяркацца, калі да двара, на якім быў Жывіца, і да суседніх падышла доўгая калона запыленых салдат. Адразу, як толькі яна спынілася, між байцоў пачулася вясёлая гамонка.
– Прывал... Эх, завалюся я на гадзінку... Спіну выпраўлю на траўцы...
– Яно гэта вельмі не шкодна!
– Насып і мне табачку...
– Першы ўзвод, за мной! – пачуў Жывіца сярод іншых слоў.
Байцы са сваімі камандзірамі часткаю пайшлі ў хату цераз вуліцу, а іншыя павярнулі сюды на двор. Між іх быў малады, чарнявы сержант, які, увайшоўшы на двор, адразу накіраваўся да Жывіцы.
– Вы што, гаспадар тут? Не... Праезджы?– сержант хутка, але ўважліва акінуў позіркам Жывіцу. Па тым, як сержант гаварыў, Як азіраў незнаёмага быстрымі, жвавымі вачыма, было відаць, што ён энергічны і рашучы чалавек. Не сказаўшы больш нічога, сержант адразу пайшоў у хату. Неўзабаве ён з'явіўся на ганку і ўладна крыкнуў салдатам:
– Размяшчацца на двары, у садку!..
Сержанта звалі Юрый Туравец.
Салдаты, большасць, падаліся ў садок, у якім расло некалькі нізкіх маладых яблынь з раскідзістым галлём. Між лісця віднеліся няспелыя зеленаватыя яблыкі.
Жывіцу вельмі хацелася запытацца, адкуль прышлі байцы, але ён стрымліваўся. Старшыня адносіўся да вайсковых з некаторай асцярогай пасля таго, як танкісты яго ледзь не арыштавалі. Хто яго ведае, можа, гэта ваенная тайна, – запытаешся, а потым зноў прыдзецца ісці выкладваць душу перад іх начальнікам.
Усё-ткі Жывіца не ўтрываў. Падышоўшы да аднаго байца, ён спачатку пакурыў, пагаварыў аб розных дробязях і, нарэшце, як бы выпадкова, запытаўся:
– Здалёк, калі не сакрэт, едзеце?
– Цяпер ужо не сакрэт... З Оршы, бацька. Проста з горада,– адказаў весела і голасна салдат.
– Значыцца, Оршу занялі?!
– Занялі, бацька, занялі!
Паўз іх прайшоў лёгкай хадою малодшы лейтэнант з карымі вясёлымі вачыма, загарэлы да чарнаты. Неўзабаве яго постаць паявілася каля невялічкага агню, што расклалі салдаты.
– Глядзіце, не нарабіце пажару! – не камандзірскім, а таварыскім тонам прамовіў афіцэр.
– Не наробім... Будзьце спакойны...
Малодшы лейтэнант прысеў каля агню, на траве, паправіў доўгую галіну, што гарэла пасярэдзіне. Гэта быў Праворны, які зноў камандаваў тым самым узводам.
З вуліцы ў гэты час пачулася: «Сержанта Тураўца – да камандзіра ро-оты!» Сержант, які гаварыў наводдаль ад агню з байцом, адразу падаўся на вуліцу. Міхалап падышоў да аднаго з салдат, да Шарыфутдзінава – запытаўся:
– Не ведаеш, адкуль сержант родам?
– Туравец? Здаецца, з Мінска... Эй, Цішын,– крыкнуў ён да таварыша, які разуты і без сарочкі паліваў з кацялка на рукі байца, што ўмываўся,– тут пытаюцца, адкуль наш камандзір родам. Не з Мінска?
Той, каго звалі Цішыным, адказаў:
– У яго бацька ў партызанах.
– «У партызанах»! Не з Мінска, пытаюцца – ясна? Чалавек– галава, два вухі! – закончыў Шарыфутдзінаў прымаўкай, якую ён чамусьці любіў гаварыць і якая ў розныя выпадкі мела розныя адценні: то пагарды, то насмешкі, то таварыскага жарту.
– З Мінска, казаў...
– Ну так, Нічыпара Паўлавіча сын! – задаволена прагаварыў Міхалап. Ён ні то ўспамінаючы, ні то тлумачачы, сказаў байцу, які стаяў побач: – Я ў іх гады чатыры назад гасцяваў некалькі разоў. Тады ж ён, сержант ваш, быў хлапчуком. А цяпер – глядзі ты, мужчына!
– Сталы хлопец і баявы!..– адгукнуўся з павагай пехацінец.
Увечары Міхалап, Праворны і Юрый Туравец сядзелі разам з салдатамі каля агню. Сюды падышлі паслухаць людзей і некалькі жанчын і, вядома, Жывіца.
На вуліцы плынь войск амаль не спынялася. Гулі працавіта машыны, дробна стукацелі фурманкі.
Юрый і Міхалап гаварылі пра Мінск. Разважалі, што ім давядзецца ўбачыць у горадзе, як лепш жыццё там наладжваць.
Неспадзявана да кастра падышоў высокі чарнявы чалавек у афіцэрскім кіцелі, на якім ад святла полымя бліснула залатая зорачка. На плячах яго былі палявыя генеральскія пагоны. Генерал уважлівымі вачыма, у якіх заігралі водсветы агню, паглядзеў на людзей, што сядзелі наўкруг, прывітаўся:
– Добры вечар, таварышы!
Усе вайсковыя, і нават Міхалап, ускочылі, уразнабой адказалі на прывітанне.
– Камандуючы,– пачуў Жывіца ўсхваляваны шэпт.– Чарняхоўскі...
Туравец падаў генералу чурбачок, на якім сам сядзеў. Чарняхоўскі сеў, зняў фуражку і звыкла пагладзіў рукою валасы, якія непаслухмянаю хваляю ўздымаліся над высокім чыстым ілбом.
– Чужы самалёт не наклічаце на сябе?
– Не... Агонь – дробненькі, таварыш камандуючы...
– Пацягнула да вогнішча, таварыш генерал? – адгукнуўся Міхалап.
Генерал зірнуў на яго:
– Дзе вогнішча, там свае людзі. Салдаты...
– Ясна! Салдат без кастра, як без кацялка...– дадаў нехта з байцоў.
– Прывычка, таварыш генерал...
– У каго ж гэта так любяць кастры? Вы якой...– Чарняхоўскі, відаць, хацеў запытацца «часці», але, абвёўшы позіркам усіх, хто сядзеў навокал, спыніўся: – Дык мы ж знаёмыя, аказваецца!
– Так точна, таварыш генерал,– адказаў малодшы лейтэнант Праворны.– Вы былі ў нас на пярэднім краі каля вышыні 186.
– Помню, таварыш гвардыі малодшы лейтэнант... Праворны,– на хвіліну запнуўшыся, каб прыпомніць, назваў камандуючы.
– Непакоіўся я тады за вас,– прыгадаў генерал-палкоўнік,– ці справіцеся з задачай...
Стала вельмі ціха. Усе байцы цяпер сачылі за генералам, чакалі: ну і як, хіба падвялі?
– Так, непакоіўся... Але – паверыў вам... І – не памыліўся.
– Можаце заўсёды спадзявацца, таварыш генерал,– адгукнуўся нечы задаволены голас.– Не сумнявайцеся ў нас!
– Гвардзейцы Шчарбацюка, таварыш камандуючы,– будзьце пэўны!
– Я цяпер і не сумняваюся. Думаю, што вам можна даверыцца... Калі будзе асабліва цяжкая задача – пашлю гвардзейскую Шчарбацюка! Улічыце!
– Будзем помніць, таварыш генерал!..
Чарняхоўскі адразу перавёў гаворку на нядаўнія
падзеі – баі за Оршу. Камандуючага цікавіла, што давялося салдатам убачыць і зазнаць у вулічных схватках.
Салдаты пачувалі сябе ў прысутнасці камандуючага ўсё яшчэ крыху напружана і абмяжоўваліся толькі тым, што адказвалі коратка на запытанні. Генерал-палкоўнік стараўся непрыкметна прыцішыць гэтую напружанасць, зрабіць размову больш вольнай.
– Ну, а сустрэчы цікавыя былі?– пабліскваючы вачыма з-пад чорных прыўзнятых брывей, ён дапытліва зірнуў на Юрыя.– У вулічных баях часта здараюцца цікавыя сустрэчы!
– Былі. Вядома, былі, таварыш генерал...– твар Юрыя раптам ажывіўся: – Вось на ўскраіне... Ідзем мы і ідзем напагатове... Адзін дом абышлі, другі. Як на ўзводзе баявым, ступаем... Потым пачынаем прабірацца паўз вялікі хлеў... І тут раптам, таварыш генерал,– перада мною тварам да твару два фашысты... Адзін вылупіўся на мяне, пабялеў, другі – за аўтамат... Каб секунду я спазніўся – каюк мне. Але я апярэдзіў! І вось чаму – у іх аўтаматы былі на рамянях. А ў мяне – у руках!.. Я аднаго – адразу чаргою ва ўпор. А другі,– а другі ўзняў рукі...
– Добра! – прамовіў Чарняхоўскі.– Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў... А ўсё з-за нейкай долі секунды. Вось што значыць секунда ў вулічным баі... Тут зброю заўсёды трымай напагатове, патрон – у патронніку! Гэта асноўнае правіла. Адзін міг прамарудзіш – і загубіш сябе...








