412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 19)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 25 страниц)

– Божа мой, як жа гэта яны так пайшлі? Яны ж зараз падарвуцца?.. Скажыце, каб беглі назад. Хай уцякаюць адтуль хутчэй!..

– Нічога кепскага не здарыцца, – супакоіў яе Колышаў.

Сапраўды, мост быў хутка размініраваны. Колышаў развітаўся з жанчынаю і, пераправіўшы танк па грымотных масніцах на другі бок, перадаў Аляксею:

– Пераправа ёсць, таварыш гвардыі капітан.

Калі да моста наблізіўся са сваімі машынамі

Аляксей, тут ужо быў цэлы натоўп. Людзі, якія стаялі абапал бруку і на дарозе, – жанчыны, дзеці, старыя, падлеткі, хлопцы, – убачыўшы грукатлівыя машыны, не толькі не сышлі з дарогі, а, цягнучыся да танкаў, якім прышлося адразу замарудзіць хуткасць, падступаючы да самых гусеніц, штосьці радасна крычалі, размахвалі рукамі, ускідвалі шапкі. Аляксей спыніў машыну, і натоўп адразу нахлынуў яшчэ бліжэй з. усіх бакоў. Хтосьці кінуў да Аляксея жмут кветак, якія рассыпаліся на вежы.

Не паспеў капітан, саскочыўшы з машыны, прывітацца, як яго схапілі, сціснулі ў моцным абдымку. Ён убачыў перад сабою шчаслівыя, бліскучыя вочы пажылой жанчыны, пачуў гарачы шэпт: «Сонейка ты маё!» Яго замурзаны пылам твар апаліў пацалунак.

Ён, стараючыся не павярэдзіць раненую руку, аберагаючы яе, папрасіўся:

– Асцярожна... Чакайце!.. Чакайце...

Але дзе там – хіба яны маглі чакаць! І так колькі чакалі.

Ён апынуўся ў другім абдымку, трэцім, пятым. Усе цягнуліся, усе, колькі тут поблізу было, ірваліся да яго. Адна маленькая, бялявая жанчына, як абняла яго за шыю, дык усё цалавала і цалавала, – нібы забыўшыся на ўсіх, на ўсё на свеце, аніяк не хацела адпускаць. Другая, што стаяла каля яе, не ўтрывала:

– Ну, хопіць, хопіць ужо! Дай і другім падступіцца!.. вось жа захапіла – як свайго мужа!

– А што! Ён мне, можа, даражэй за мужа...

Вакол засмяяліся. Засмяяўся і Аляксей. Пад гэты смех яна пацалавала Аляксея яшчэ раз і выпусціла, сказаўшы штосьці жартаўліва-незадаволенае суседцы, папраўляючы бялявыя валасы, што выбіліся на лоб. Радасць сустрэчы, якой жылі людзі, перапаўняла і Аляксея. Ён з захапленнем пазіраў у твары незнаёмых людзей, якіх, здавалася, ведаў даўно, помніў, чакаў бачыць. Вось яны, мінчане, землякі дарагія.

Сам, напэўна, таго не заўважаючы, ён шукаў вачыма кагосьці ў натоўпе. Каго? Нініну маці з яго сынам. Ён нецярпліва шукаў іх, хоць і думаў, што іх, напэўна, тут не ўбачыць, бо ён жыў да вайны далёка ад гэтага месца.

– Каго вы выглядаеце? – запыталася адна жанчына.

– Пра што вы? А-а, каго шукаю? Сына свайго... Ці дачку.

– Як сына ці дачку?

– Я ж мінчанін. Я цяпер – дома...

– Дома? Вось шчасце будзе малым! – пазайздросціў і парадаваўся хтосьці.

Аляксей устрывожана падумаў, ці ўдасца пабачыцца з Нінаю. А можа, яна затрымаецца ў атрадзе? Ды і наогул ён не ведае, што з ёю. Чаму ад яе не прышло ніводнай весткі? Калі б з ёю было ўсё добра, няўжо яна не напісала б...

Хутка ён пра ўсё даведаецца... Вось ужо злева пайшлі першыя, перажыўшыя многа вякоў і многа войн, асеўшыя ў зямлю камяніцы вузенькай Нямігі,– адсюль Аляксей павярнуў на вуліцу Астроўскага. Танкі пачалі ўзбірацца ўгару, на Юбілейны пляц.

...На пляцы Аляксея дагнаў хуткі газік, з якога раптам саскочыў, апрануты ў камбінезон, чарнявы танкіст, вельмі падобны да Гогабярыдзе. Неспакойна махаючы рукой – спыніся, кульгаючы, ён подбегам падаўся да Аляксеевага танка.

– Ты? Сандро?– здзівіўся і ўзрадаваўся Аляксей, падаўшы Гогабярыдзе здаровую руку і дапамагаючы ўзабрацца на машыну. – Значыцца, жывы?

– Эх! Не пашанцавала, – расчаравана выпаліў Сандро.– Перад самым горадам – трах! Узарваўся!.. Скажы, куды пайшлі разведчыкі? І загадай, каб мяне туды хутчэй падкінулі. Будзь другам, Аляксей, загадай!..

Праз хвіліну ён ужо ляцеў на Апанскую...

Раздзел VII


1...

Неўзабаве пасля таго, як танкісты і пехацінцы ўварваліся ў горад з боку Маскоўскай магістралі, да Мінска падышлі нашы часці і з поўначы.

На паўночнай ускраіне таксама пачаліся баі. Выбіваючы ворага з дотаў і дамоў, нашы салдаты пачалі ачышчаць і гэтыя кварталы горада.

З поўначы ж за горадам танкавае злучэнне маршала Ротмістрава, якое заняло Лагойск, абыходзіла нямецкія пазіцыі, пераразаючы апошнія шляхі адыходу ворага з Мінска.

Амаль тады ж танкі ўвайшлі і на паўднёва-ўсходнюю ўскраіну. Разам з пехацінцамі яны рушылі па вузкіх вуліцах, расстрэльваючы нямецкія заслоны і агнявыя кропкі.

Пад ударамі з трох кірункаў нямецкі гарнізон вымушан быў кідаць адну пазіцыю за другой. Варожыя салдаты разбягаліся або здаваліся ў палон. Многія з іх спрабавалі хавацца ў руінах і сутарэннях.

Не зважаючы на страляніну немцаў з парку, Юрый Туравец разам з другімі пехацінцамі з дывізіі Шчарбацюка пераправіўся ўброд цераз Свіслач.

Узняўся на круты, высокі адхон...

Вось і цэнтр Савецкай. Горы камення і пустыя каробкі. Юрый мімаволі сціснуўся і нахмурыўся, нібы ад болю. Яму адразу прыпомніўся далёкі чэрвеньскі дзень, блакітны дзень, у які першы раз бамбілі горад. Юрыя бамбёжка застала ў прыяцеля. Вяртаючыся дахаты, ён убачыў на месцы дома высокую дзікую строму сцяны і гару камення.

Адтуль, з-пад абломкаў, адкапалі нежывую маці...

Адсюль зусім недалёка тое месца... Тут думкі Юрыя ўраз перамяніліся, бо, як толькі ён і іншыя пехацінцы вышлі з-за будынка, што побач з Домам Чырвонай Арміі, і падаліся паўз скверык і між дрэваў далей, спераду аднекуль ударыла кулямётная чарга.

Прынікшы да дрэва, сержант стаў узірацца ў прагаліну, у якую віднеліся руіны дома на рагу Энгельса і Савецкай і прамавугольныя абрысы кінотэатра «Чырвоная зорка». Кулямёт біў, відаць, адтуль, ад кінотэатра.

Ад гэтага кулямёта затрымліваўся не толькі ўзвод Праворнага, а, напэўна, увесь батальён, усе, хто ішоў па абодва бакі Савецкай.

Пяхоты было тут многа, і ледзь толькі здарылася затрымка, увесь скверык стаў вельмі хутка запаўняцца байцамі. Падышоў сюды і Паўлоўскі, які адразу, разабраўшыся ў чым справа, загадаў Праворнаму з узводам абыйсці кінотэатр злева і «вымесці» кулямётчыкаў...

Юрый адным з першых прабіраўся між гор камення, паўз абломкі сцен. Ён цяпер тут амаль нічога не пазнаваў, такім гэта было непадобным на тое, што ён помніў.

Усё-ткі да кінотэатра ён падвёў добра.

Будынак «Чырвонай зоркі» гітлераўцы спалілі, але каменная лесвіца і бетонныя столі, якія выгнуліся ўніз, былі цэлыя. Юрый, нарыхтаваўшы аўтамат, разам з Шарыфутдзінавым і іншымі стаў уздымацца па лесвіцы.

У калідоры яны сустрэліся з трыма гітлераўцамі, якія беглі насустрач. Адзін з іх, маленькі, шыракатвары, адхіснуўшыся назад, раптам выхапіў з-за пояса гранату і замахнуўся.

Але яго папярэдзіла аўтаматная чарга – спрытны, быстры Шарыфутдзінаў, амаль не цэлячыся, выпусціў некалькі патронаў. Гітлеравец пераламаўся ў поясе і асеў на пачарнелы, патрэсканы бетон. Яшчэ адзін гітлеравец узняў рукі, а трэці кінуўся наўцёкі, але не паспеў прабегчы і дзесятка крокаў, як упаў мёртвы.

Калі рабаваты сібірак Пятых высунуўся ў пакой, з якога толькі што чулася кулямётная страляніна, яму адразу ж прышлося адскочыць.

Адтуль некалькі разоў запар стрэлілі з пісталета.

Маленькі чарнавокі Шарыфутдзінаў прамармытаў на сваёй мове нешта пагрознае, уставіў у гранату запал, улучыў зручную хвіліну і шыбнуў гранату ў пакой.

Услед за імі Юрый зазірнуў у пакой: адзін кулямётчык ляжаў нерухома і ціха на бетоне, падвярнуўшы пад сябе рукі, другі, што быў з пісталетам, знік.

– Чорт, дзе ж ён мог падзецца?

Але шукаць яго не сталі, спяшаючыся хутчэй выбрацца адсюль, каб не адстаць ад сваіх. Справа і злева мноства пехацінцаў прайшлі ўжо наперад.

На Ленінскай вуліцы Юрый убачыў тую сцяну, якая засталася ад дома, дзе была калісьці іх кватэра.

Сцяна стаяла, як і тады, тры гады назад. Як яна выстаяла? Што гэта там, на другім паверсе, на іх балкончыку? Вазон! Той, які маці вынесла з пакоя ў свой апошні дзень? Няўжо той самы?!.

Кожны куток тут што-небудь прыгадвае... Але мацней усяго быў успамін пра гібель маці. Быццам яна загінула толькі некалькі хвілін таму...

Мінуўшы Ленінскую, Юрый перайшоў на другі бок Савецкай. Па вуліцы, па руінах ланцужкамі, россыпам ішло многа пехацінцаў.

Іх бачыў Юрый і на пляцы Волі, які быў добра відаць адсюль цераз руіны. Адтуль, з пляца Волі, на Савецкую выпаўзлі дзве «трыццацьчацвёркі», якія ўпэўнена і непаспешліва пасунуліся ў бок універмага.

Калі пехацінцы падышлі да высачэзнага сіняватага будынка ўнівермага, ва ўзводзе Праворнага паявілася некалькі незнаёмых. У іх былі чорныя пагоны. Па мінашукальніках, якія неслі два з іх, Юрый здагадаўся, што гэта сапёры.

– Мы да Дома Урада... Спецыяльнае заданне...– растлумачыў сваю місію адзін з іх, старшына з вострымі вусамі.

Яны перайшлі з другой роты, якой, аказалася, давядзецца наступаць крыху лявей Дома Урада.

Неўзабаве пехацінцы падышлі да вастраверхай цаглянай будыніны касцёла. Абабегшы паўз агароджу, паўз каштаны, касцёл і драўляную хатку, якая стаяла побач з касцёлам на ўзвышшы, Юрый і Праворны з двума байцамі апынуліся перад Домам Урада.

Юрыю да гэтага прыходзілася па ўсёй Савецкай бегчы адно паўз руіны. Гмах Дома Урада, велічны і стройны, паўстаў перад ім, нібы добры, даўно чаканы прыяцель.

«Цэлы!»

Насупраць Дома Урада, цераз вуліцу, пачынаў гарэць будынак. З ніжніх паверхаў, дзе раней размяшчаліся магазіны, клубамі шыбаў дым...

Юрый, трымаючыся на ўсякі выпадак бліжэй да сцяны хаткі, каля якой яны стаялі з Праворным, не вытыркаючыся вельмі, акінуў вачыма частку плошчы, што трэба было ім зараз перабегчы: перад Домам цягнулася высокая, густа пераплеценая дротавая агарожа.

Наперад прайшло два танкі, лязгаючы па бруку і пыхкаючы сінім дымком.

Праворны загадаў урывацца ў Дом. Але як толькі некалькі пехацінцаў выткнулася на плошчу, з-за Дома Урада – зблізку – разанула доўгая кулямётная чарга. Байцы адбеглі назад.


2...

Праворны, каб не губіць марна людзей, парашыў абыйсці Дом Урада з тыльнага боку, з двара. Байцы па-за касцёлам хутка і непрыкметна падабраліся да высокіх стромкіх сцен. Старшына з адным сапёрам узбеглі на круты ганак прыбудовы. Яны пачалі аглядаць дзверы, правяраючы, відаць, ці не мініраваны.

Следам за імі ўзняўся дужы, рабаваты Пятых. Прыкладам аўтамата ён высадзіў аконную раму побач з дзвярамі і кінуўся ў сярэдзіну пакоя. За ім ускочыла яшчэ некалькі чалавек, Між якіх быў і Юрый.

Ён падаўся ў дзверы, сарваныя з верхніх петляў, гатовыя, здаецца, упасці, і апынуўся на вузкай лесвіцы, што падымалася ўгару. Некалькі байцоў кінуліся па лесвіцы, але Юрый спыніў іх. Ён загадаў павярнуць у дзверы, што былі насупраць на пляцоўцы. Дзверы былі прыадчынены.

Перад Юрыем адкрылася вялікая паўкруглая зала з мармуровымі калонамі і радамі драўляных крэслаў, якія стаялі таксама паўкругам. Гэта была зала пасяджэнняў.

Мінуўшы ружовыя калоны, – там, дзе ідуць лесвіцы ўгару і ўніз, пехацінцы неспадзеўкі наткнуліся на чалавека ў цывільнай вопратцы, які бег з цокальнага паверха.

Байцы пагрозна ўзнялі аўтаматы. Чалавек жа невядома чаму з палёгкай шумна ўздыхнуў,– было відаць, як з яго хударлявага, жаўтаватага твару, з запалых строга-шэрых вачэй адразу спаў цень насцярожанасці.

– Ну, нарэшце! Дачакаўся!

– Вы хто?

– Я? Электраманцёр... – і дадаў, што ён падпольшчык, прабраўся сюды па заданню камандзіра партызанскага злучэння. – Адным словам, маю загад ахоўваць Дом...

– Дом мініраваны? – коратка кінуў старшына-сапёр не так тонам запытання, як допыту.

– Мініраваны.

– Чым?

– Авіябомбы. Тол.

– Ведаеце сістэму праводкі?

– Так, але не ўсю. Частку правадоў я толькі што перарэзаў.

– Пакажыце, дзе яны, – сапёр, махнуўшы сваім, каб ішлі следам, падаўся разам з манцёрам. На хвілінку затрымаўся: – Лейтэнант, загадай ачысціць паверхі!.. Можа гітлераўцы дзе зашыліся. Ды скажы сваім, каб хадзілі асцярожна, калі хочуць быць цэлымі!

Ціха і мёртва было на лесвіцах і ў калідорах, па якіх ішлі за сапёрамі насцярожаныя, незвычайна маўклівыя пехацінцы.

Усе сачылі з надзеяй і трывогай за кожным рухам якога-небудзь сапёра, які тупае тут жа. А раптам не ўдасца там размініраваць? І зараз, праз момант... Не, не – не трэба думаць пра гэта. Ім удасца, удасца.

Гулка тупаюць боты па дубовым паркеце, у пустых калідорах. Эх, якая даўкая, важкая гэтая цішыня! Ідзеш нібы не па калідоры, а па мінным полі.

Доўга ішлі яны так, правяраючы пустыя калідоры, лесвіцы, аглядаючы незлічоныя пакоі, то са сталамі, з канторскімі шафамі, то з радамі нар і ложкаў. Па-ранейшаму панавала цішыня, і па-ранейшаму не адыходзіла ад людзей трывога.

Толькі на сёмым ці на восьмым паверсе прышло заспакаенне: прыбег знізу сапёр і сказаў, што Дом будзе жыць, што правады ўсе перарэзаны і міны цяпер не ўзарвуцца...

Як тут узрадаваліся гэтай вестцы! Некалькі байцоў падхапілі сапёра і ўскінулі ўгару. Радаваліся і за сябе, за сваё шчасце, і за тое, што Дом – цэлы.

– Ну, цяпер стаяць яму, стаяць. Мільён гадоў!

– Выжыў, прыгажун!..

Агледзеўшы іншыя пакоі, яны апынуліся на даху будынка.

Тут, убачыўшы перад сабою вялікае неабсяжнае мора нябеснага блакіту, лагоднага, празрыстага, з рэдкімі, лёгкімі воблачкамі, Юрый спыніўся, як зачараваны.

Горад ляжаў унізе, быццам на рэльефнай карце. Дзе-ні-дзе ўзнімаліся ўгару дымы – адны заспакоена, на зыходзе, другія густымі панурымі вірамі. За горадам Юрыю віднеліся зялёныя і жаўтаватыя ўзгорчатыя палі, сіняваты лес, далёкая воданапорная вежа, агорнутая гарачай смугою.

Грудзі яго захлыналіся ад шырыні, ад прастору

«Нашае!..» – падумаў ён задаволена.

Пазіраючы адсюль на горад, Юрый можа ўпершыню ў гэты дзень адчуў радасць новай, вялікай перамогі. Радасць яго была шырокая, як гэтая залітая сонцам неаглядная пространь, што адбірае вочы.

Поруч затрашчалі аўтаматы, якія прымусілі яго азірнуцца, – ён убачыў узрушаных сваіх салдат з узнятымі ў руках аўтаматамі.

«За наш Мінск!» – сказаў, усміхаючыся, чарнавокі Шарыфутдзінаў. Юрый таксама падняў свой аўтамат.

На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі.

Яны ішлі адна за адной на адлегласці, спакойна і ўпэўнена...


3...

Калі больш за палову горада было ўжо ў нашых руках, да Мінска падыходзіла група немцаў, чалавек трыста. Яны рушылі не па шасэ, а цераз поле – па дарожцы, абапал якой ціха варушылася жыта.

У іх быў загад заняць акопы і падрыхтавацца да абароны горада.

Немцы ішлі спакойна. То адзін, то другі паглядаў на сонца, якое пачынала паліць усё мацней, і думаў, напэўна, аб адным: каб хутчэй дабрацца да месца! Гугнела спакойная гаворка... Толькі, падышоўшы блізка да Мінска, з якога ўсё ясней даходзілі гукі бою, пачалі насцярожвацца; потым яны ўбачылі на шасэ, што было ўжо недалёка, войска, якое таксама набліжалася да горада.

– Хто гэта?– зацікавіўся обер-лейтэнант, камандзір групы. Ён загадаў паслаць разведку...

Калі разведчыкі падаліся жытамі ў кірунку шасэ, обер-лейтэнант загадаў групе спыніцца. Стоячы на дарозе, немцы сачылі за невядомым войскам,– некаторыя зморана садзіліся на гарачую зямлю.

Там наводдаль раптам пачулася страляніна. Потым адтуль са свістам прыляцеў снарад і выбухнуў за дарогай. За ім – другі, бліжэй.

– Рускія, рускія!– усе адразу заварушыліся, захваляваліся, забегалі. Над ціхімі жытамі загаркалі каманды,– гітлераўцы сталі хутка займаць абарону...

Ад савецкай часці павярнулі сюды чатыры бронетранспарцёры і тры грузавыя машыны з салдатамі. Падышоўшы бліжэй, грузавікі проста сярод поля спыніліся, і з іх пачалі саскокваць байцы. Адзін бронетранспарцёр, на якім было, напэўна, не менш за дзесятак байцоў, пачаў абыходзіць левы фланг. За бронетранспарцёрам падскоквала гарматка. Другая група з трыма бронетранспарцёрамі пайшла проста на гітлераўцаў.

Прагучала некалькі стрэлаў, і бронетранспарцёры спыніліся.

Байцы сталі штосьці крычаць. Страляніна на нейкі час сціхла.

– А-а-я... ы-ы... – паплыло адтуль неразборлівае. Потым павеў гарачага ветру данёс:– Здавайся-а-а!.. Здава-айся, гітлерцы!

Зноў залескаталі, захлопалі стрэлы. Байцы пачалі жвава саскокваць з бронетранспарцёраў,– яны спрытна адчапілі гарматы і сталі біць прамой наводкай. Між тым правей іх, подбегам, прыгінаючыся, сюды набліжаліся пехацінцы...

Гадзіны праз дзве аўтаматы і вінтоўкі зноў сціхлі, але цяпер было чуваць, як у жыце стогнуць параненыя. Тыя з гітлераўцаў, што засталіся жывыя, уставалі і, кідаючы зброю, мармычучы – «Гітлер капут!», здаваліся; іх зводзілі на дарогу, блізка ад месца, дзе яны пачыналі бой.

– Што гэта – засляпіла ім: горад мы занялі, а яны – ідуць, быццам дадому... – прамовіў адзін з байцоў, што ахоўвалі палонных, – малы, белабровы, з наіўнымі вачыма.

– Куды павядзем? – запытаўся ён, памаўчаўшы, у камандзіра роты.

– Куды яны хацелі, – у Мінск.

Салдат засмяяўся:– Усё-ткі пападуць у Мінск, хоць палоннымі!..

Калі гэты натоўп палонных падышоў да гарадской ускраіны, у Мінску было ўжо ціха. Разрозненыя групкі варожых аўтаматчыкаў, кулямётчыкаў, артылерыстаў, страціўшы сувязь, надзею, здаваліся...

Нашы пехацінцы выцягвалі з сутарэнняў, з розных сховішчаў тых, хто спрабаваў схавацца.

Тым часам да Мінска падыходзілі войскі Першага Беларускага фронта. Наперадзе былі танкісты Бахарава і Панова, якія дзень назад занялі Пухавічы.

З ліпеня яны падышлі да паўднёвай ускраіны Мінска. Тут генерал-маёр Шчарбацюк спаткаўся з чарнявым усмешлівым палкоўнікам-танкістам.

– Адкуль?– запытаўся генерал-маёр.

– Ад Пухавіч, простым кірункам...

– Першы Беларускі... – генерал-маёр парывіста і моцна абняў танкіста.

– А мы – ад Барысава.

Байцы і камандзіры з многіх палкоў, брыгад і дывізій Трэцяга Беларускага святкавалі сустрэчу з войскамі Ракасоўскага.

Гэта была вялікая падзея. Два франты закрылі круг вакол нямецкіх часцей, што былі ў Беларусі, адрэзалі ім апошнія шляхі адступлення...

Так утварыўся «Мінскі кацёл».


4...

Дзень гэты быў адным з самых шчаслівых у жыцці Чарняхоўскага.

Са сціплай сялянскай, хацінкі ён пільна сачыў за тым, як ідуць баі ў горадзе, мімаволі ўспамінаючы тыя дні, калі даводзілася праездам быць у Мінску.

Генералу арміі было мала скупых ваенных данясенняў,– ён звязаўся з камандзірам стралковага злучэння, які быў ужо ў горадзе.

– Якое ваша ўражанне ад Мінска? Што – балюча? Адны руіны? А што выратавалі? Дом Урада размерваюць? Праверце. І ўсе іншыя будынкі – праверце,– каб былі размініраваны...

Яму не цярпелася: хутчэй бы ў Мінск самому. Пабачыць бы горад сваімі вачыма...

Вельмі ўзрадаваўся ён, атрымаўшы вестку, што яго войскі і войскі Ракасоўскага сышліся. Тое, чаго ён чакаў, пра што непакоіўся, спраўджана. Гітлераўцы акружаны, – цяпер толькі пастарацца не выпусціць ніводнага адсюль.

Адразу пасля гэтай падзеі Чарняхоўскі выклікаў паручэнца:

– Высветлілі гатоўнасць новага ВПУ?

– Так точна. ВНУ гатова, таварыш камандуючы.

Чарняхоўскі пазваніў члену Ваеннага Савета:

– Васіль Макаравіч, збіраюся ў Мінск. Як вы – паедзеце цяпер са мной? Едзеце? Ну, вельмі добра!.. Тады я чакаю вас.

Неўзабаве машына ўжо імчала іх у Мінск. Камандуючы сядзеў з членам Ваеннага Савета на заднім сядзенні. Камароў, які быў поруч з шафёрам, трымаў на каленях два тэлефоны.

Дзень зіхацеў яркім святлом, дыхаў летняю спёкаю.

– Якое супадзенне: Мінск вызвалілі амаль у тыя ж дні, калі і пакідалі,– сказаў ён да Емяльянава.– Роўна праз тры гады...

– Супадзенне цікавае, – адгукнуўся генерал-лейтэнант.– Такое ж, здаецца, лета, такая ж спякота, тыя ж людзі, толькі абстаноўка, паветра зусім іншыя.

– Гэта цудоўна. У чацвёрты год вайны мы не толькі не паслабелі, а сталі ў многа разоў мацней! І армія стала мацней, і народ як бы памацнеў, узмужнеў.

– Так,– задуменна прамовіў Емяльянаў.– Памацнелі, мужнейшыя сталі. Адпакутаваўшы, вытрымаўшы, выстаяўшы. Узмужнелі ў бядзе і ў пакутах...

Чарняхоўскі змяніў размову:

– Мінск ужо наш! Цяпер хутка – Вільнюс, Нёман, Гродна...

Хвіліну памаўчаўшы, ён дадаў з пагрозай:

– А там – і Прусія, бярлога разбойнікаў...

– Вось мы, Іван Данілавіч, і на парозе новага этапа – хутка пачнём вызваляць Еўропу. Прыдзем у Польшчу...

– Што мне здаецца асабліва значным і цікавым, Васіль Макаравіч, дык гэта тое, што мы, толькі мы, можам прынесці і прынясем вызваленне і немцам. Амаль парадокс. Не няволю, як было б у любой іншай арміі, а волю, жыццё!

– Мы – гуманісты, і гуманізм наш стаў душою і арміі, створанай і выпеставанай камуністамі... Толькі такая армія і можа несці сапраўднае вызваленне.

– Савецкая армія!..– Чарняхоўскі запытаўся:– Што сёння перадавалі з другога фронта? Чулі?

– Чуў...

Паслухаўшы зводку, якую перадаваў член Ваеннага Савета, Чарняхоўскі прамовіў:

– Яны яўна нервуюцца! Іх вельмі трывожыць лёс Еўропы. Баяцца яны за старую Еўропу!..

– Бясспрэчна...

– Невыпадкова яны адкрылі другі фронт іменна цяпер, – калі пачынае вырашацца лёс Еўропы! Калі б Чырвоная Армія вызваліла ўсю Еўропу і перад народамі стаў свабодны выбар – куды і як ісці, я ўпэўнены; – песенька буржуазіі была б спета!

– Еўропу, я таксама думаю – можна вярнуць на ранейшы шлях толькі гвалтам...

– Іменна – толькі гвалтам! Або ашуканствам... Але ж, гэта значыць, – павяртаючыся ўсім целам да Емяльянава, прамовіў Чарняхоўскі,– гэта значыць, што тыя «вызваліцелі» могуць у будучым засядзецца... уссесці, на карак вызваленых!

– Ну, я думаю, народы не прымірацца з гэтым...

– Добра, калі яны добраахвотна вернуцца туды, адкуль прышлі, – а калі не захочуць?

– Пажывем-пабачым!.. Абстаноўка, вядома, можа ўскладніцца...

– Не, усё-такі вайна не пройдзе дарма і там! – памаўчаўшы ў роздуме, узрушана сказаў камандуючы.– Многае-многае, відаць, пераменіцца ў Еўропе. Цікава, Васіль Макаравіч, паглядзець, як яна будзе выглядаць, Еўропа!

Ён змоўк, пазіраючы наперад, дзе тоўпіліся машыны, гарматы,– дарога была забіта. Шафёр увесь час сігналіў.

Яны пад'язджалі к Мінску.

Раздзел VIII


1...

Пасля таго як батальён Аляксея выбіў гітлераўцаў з Кальварыі, брыгада зрабіла прыпынак. Горад ляжаў ззаду. Стрэлы і выбухі заціхлі, але чорныя злавесныя хмары дыму віселі над кварталамі.

Вуліцы, нядаўна пустыя, цяпер віравалі, шумелі, спявалі.

Па Пушкінскай, па Савецкай, праз плошчу Леніна, па Маскоўскай безупынна рушылі войскі. У кузавах зялёных машын плылі па гораду загарэлыя пехацінцы з аўтаматамі і букетамі кветак. За машынамі, падскокваючы, каціліся прыземістыя доўгія працітанкавыя гарматы. Праходзілі крытыя брызентамі славутыя гвардзейскія мінамёты, якія, як заўсёды, выклікалі да сябе асаблівую ўвагу. Ішлі «зісы» з завялым галлём маскіроўкі, нагружаныя боепрыпасамі і мяшкамі з мукою. Важка несучы выносістыя ствалы з тоўстымі надульнікамі, грымелі самаходкі...

Мінчане, якія стракатымі радамі тоўпіліся ўсцяж тратуараў, з абодвух бакоў гэтай плыні, глядзелі на ўсё з гордасцю і захапленнем.

Дзяўчаты выбягалі да машын, працягвалі байцам кветкі. Калі падступіцца да машын не было як, кветкі кідалі ў кузавы ці на вежы, – салдаты на ляту лавілі іх... Кабінкі многіх грузавікоў і гарматы былі цяпер упрыгожаны вяргінямі і ружамі. Кветкі трымалі ў руках байцы, кветкі чырванелі на кішэнях гімнасцёрак, каля ордэнаў, кветкі віднеліся ўсюды. Нельга было не здзівіцца, як у гэтым знявечаным горадзе магла знайсціся такая безліч кветак, – напэўна, усе кветкі, што раслі на дворыках, на агародчыках, у той дзень былі сарваны і раздораны...

Усе, хто застаўся ў Мінску, хто дажыў да гэтага дня, былі цяпер у кіпучым, захмялелым ад шчасця людскім віры. Радыёруп ары з ваенных агітмашын разносілі перадачы з Масквы, – каля іх збіраліся цэлыя натоўпы, прагна ловячы кожнае слова, кожную мелодыю.

На адной з вуліц, абняўшыся, брылі трое падвыпілых смуглявых італьянцаў. Іх прывезлі сюды салдатамі. Пасля капітуляцыі Італіі большасць іх сяброў, з якімі яны папалі ў нямецкія душагубкі-лагеры, загінулі. А гэтым тром пашанцавала: сёння нашы пехацінцы іх вызвалілі.

Яны ішлі, трошкі хістаючыся з боку на бок, у абшарпанай адзежы, схуднелыя, змарнелыя, але таксама без меры шчаслівыя. Яны спявалі, – старанна вымаўляючы словы, заўзята, на ўвесь голас:

Смьело ми в бой пойдьём

За власть Совьетов

И как один умрём

В борьбе за это!

Дзе і калі яны перанялі гэту песню? Хто навучыў іх спяваць яе? Па тым, як яны спявалі, было відаць, што яна ім вельмі падабалася...

Танкі Бяссонава стаялі каля агародчыкаў і хатак ускраіны, прыціснуўшыся да платоў, выстаўляючы гарматы, выглядвалі з-пад цёмнага запыленага галля вішняку і клёнаў. Многія танкісты корпаліся каля «трыццацьчацвёрак» – чысцілі машыны, перацягвалі гусеніцы, запраўлялі бакі гаручым з бензацыстэрн. Бяссонаў загадзя наказаў камандзірам, што хутка будзе загад выступаць. Нямала каго з танкістаў можна было бачыць і дзе-небудзь каля веснічак з дзяўчатамі. Тут размова ішла вясёлая, з жартамі, звінеў малады смех. Некаторыя паважна гаманілі з пажылымі людзьмі, слухалі іх горкія апавяданні аб трох страшных гадах няволі, расказвалі самі – пра Маскву, пра свае ваенныя прыгоды.

Было ўжо каля поўдня. Сонца зіхацела, здавалася, проста над горадам. Высока ўздымалася яснае блакітнае неба, на якім толькі дзе-ні-дзе бялелі недасяжныя воблачкі.


2...

Аляксей увайшоў у светлы, з пафарбаванымі охраю аканіцамі дамок, у якім пасяліўся цяпер камандзір брыгады. Палкоўнік быў без кіцеля, у нябеснага колеру шаўковай сподняй сарочцы з кароткімі рукавамі, якая шчыльна абліпала поўныя моцныя плечы, круглыя, крутыя грудзі. У выразе над каўняром віднелася белая, тонкая, як у жанчыны, скура. Яна рэзка адрознівалася ад тоўстай, барвовай, загарэлай і абветранай скуры твару.

– Заходзь, заходзь, капітан,– сказаў Бяссонаў Аляксею, які, парыўна казырнуўшы, запыніўся на парозе. Палкоўнік крыкнуў у бок акна:

– Гатовы?

– Гатовы, таварыш гвардыі палкоўнік, – пачуўся са двара голас ардзінарца.

Бяссонаў зняў сарочку, узяў салдацкі вафельны ручнік, што ляжаў на стале, закінуў яго на плячо і вышаў. На двары ён доўга мыўся, расплёскваў ваду, са смакам пырхаючы. Калі палкоўнік вярнуўся, то выціраў ручніком грудзі. Скура на яго целе паружавела. Дужы, без гімнасцёркі, з ручніком, ён здаваўся ў тую хвіліну падобным да нейкага барца ці цяжкаатлета, які рыхтуецца да блізкага выступлення.

– Прыемна. Вада – што лёд. Як нованароджаны адчуваю сябе,– гурчаў яго голас.– Сядай. Чаго стаіш!

Усцягнуўшы на поўнае цела нябеснага колеру сарочку, запытаўся:

– Як рана? Дапякае?

– Трываць можна, таварыш гвардыі палкоўнік...

– А ваяваць – не воін ты цяпер, капітан... Не падабаецца мне – яшчэ аднаго камбата трачу. А ў мяне вас, камбатаў, сам ведаеш, лішніх няма. Няма – ніводнага... Глядзі, каб хутчэй паправіўся! Ваяваць трэба!– раптам сказаў ён так, нібы рабіў вымову капітану.

Лагуновіч выпрастаўся.

– Колькі будзеш лячыцца?

– Дзён шэсць, сем...

Ардінарац, жвавы, быстры хлопец з Чарнігаўшчыны, унёс на талерцы закуску, алюмініевы корчык і фляжку ў чахле.

– Сем дзён мала. Інваліды мне не патрэбны... У санбаце камісія колькі табе дала – тры тыдні? Ну, вот, так бы і казаў. Пакажы іх заключэнне, што яны там напісалі?.. М-да-а, менш як двума тыднямі гэта, ясна, не абыдзецца. Пападзешся ў рукі якому-небудзь фармалісту, дык ён цябе на два месяцы затрымае. Глядзі, каб не залежваўся вельмі, ну і не ехаў назад інвалідам! Ясна?.. Добра папраўляйся, уладзь справы. – Палкоўнік загадаў ардзінарцу, які пры словах камбрыга адразу ўстрапянуўся:

– Яшчэ шклянку прынясі. Давай сюды, капітан.

Ардзінарац адразу шмыгнуў у дзверы.

Бяссонаў чокнуўся з капітанам, які сеў побач з ім, прамовіў:

– За наш Мінск! І за тваю блізкую сустрэчу, Лагуновіч, таксама. – І, выпіўшы, дадаў: – Я тут пад Мінскам хрысціўся ў сорак першым. Толькі што з-пад Смаленска, з лагераў, прывёў батальён. Землякі, выходзіць.

Аляксей, заўсёды нецярплівы, быў цяпер думкаю далёка, – палкоўнік хутка адчуў, што Лагуновічу не сядзіцца.

– Ну, што-ж, капітан, не затрымліваю. Ідзі. Скажы ў штабе, няхай аформяць усё. Батальён перадасі Аліеву... Пачакай,– успомніў ён раптам. Вышаў з пакоя і неўзабаве вярнуўся з пакункам, загорнутым у газету. – Вот, жонцы ад мяне. Калі быў у Маскве, купіў на плацце – думаў Ірыне, дачцы, пашлю... Вазьмі. Нельга вяртацца дадому пасля такой разлукі без падарунка.

– Дзякую. Перадам... Хоць яна і так будзе рада, таварыш гвардыі палкоўнік.

– Рада, то рада, але ёй прыемна будзе падарунак атрымаць. Жанчыны любяць, каб ім на справе даводзілі пашану. Я ведаю іх.

Працягнуў шырокую шурпатую далонь. На вуліцы Аляксей спаткаў Гогабярыдзе, які чакаў капітана каля веснічак. Гогабярыдзе быў чыста паголены, у новай, недзе ўжо выпрасаванай чысценькай гімнасцёрцы.

– Значыцца, развітанне? Ах, Аляксей, як я рады, што ты будзеш дома! Дома, пасля такіх баёў, пасля такой вялікай дарогі!.. Помніш, як ты чакаў пісьмо ад Ніны, а яго ўсё не было. А цяпер яно і не патрэбна... Шкадую, што мне не прыдзецца ўбачыць гэтую сустрэчу...

– Я – каб ты не шкадаваў – пастараюся ўявіць тады, быццам ты стаіш поруч з намі. Добра?

– Ты, Аляксей, забудзеш пра гэта... Ты, як усе вельмі шчаслівыя людзі, станеш на той час эгаістам. Я толькі адно папрашу – не забудзь перадаць ад мяне прывітанне Ніне і малому. Не забудзеш? І наогул пра нас ўсіх не забывай!..

– Буду помніць, Сандро, – жартаўліва-ўрачыста пакляўся Аляксей.


3...

Дом, у якім некалі жыў Аляксей, быў недалёка ад таго месца, дзе спыніліся танкі. Здаўшы камандаванне, развітаўшыся хутка з афіцэрамі і байцамі, Лагуновіч накіраваўся дадому. Гогабярыдзе. праводзіў яго да канца вуліцы, штосьці гаварыў, але ўсё, што ён казаў, амаль не даходзіла да Аляксея. Ён і слухаў, і нешта адказваў, але не ведаў і не помніў што. Ён цяпер жыў адным – будучаю сустрэчаю, – пачуццём, у якім перамешваліся чаканне радасці і халодная трывога, няўрымслівая нецярплівасць і стрыманасць. Думкі блыталіся і былі нібы агорнуты туманам.

– Я разумею цябе, Аляксей. Табе не да таго, каб слухаць маю пустую балбатню, – схамянуўся Гогабярыдзе. – Калі ў сэрцы поўна, хочацца маўчаць... Не буду перашкаджаць табе, вярнуся назад. Мы будзем цябе, дружа, помніць і чакаць! Дамовіліся? Бывай, Аляксей!.. Жадаю, каб дома ўсё шчасліва было!..

Ён па-братэрску абняў капітана.

Аляксей кепска заўважаў тое, што акружала яго. Дамы, узрушаныя шумлівыя людзі, аўтамашыны, панурыя натоўпы палонных – усё гэта праходзіла перад ім, нібы ў сне...

Ён не заўважаў, што ўвесь час паскарае хаду. Павярнуўшы на «сваю» вуліцу, пайшоў амаль уподбег. «Цэлая»,– бліснула ў галаве заспакойлівая думка, калі перад вачыма ўзніклі два рады дамочкаў. Ён нецярпліва глядзеў наперад, дзе з-за павароту павінен вось-вось з'явіцца знаёмы абрыс яго дома.

Дом быў таксама цэлы! Аляксей убачыў гэта здалёк, яшчэ крыху не дайшоўшы да павароту. Праз некалькі крокаў ён заўважыў, што плот і веснічкі ляжаць на зямлі. Аляксей цяпер нічога не думаў. Ён толькі глядзеў нязводна, пільна і ляцеў, не заўважаючы перад сабою ні бруку, ні ям.

Пераступіў праз слупок ад веснічак, зірнуў на дзверы і раптам разгублена спыніўся. Замок! Як бы не верачы, Аляксей падышоў да дзвярэй і пакратаў яго. Замок быў замкнуты.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю